A R C H E П а ч а т а к № 2 (31) - 2004
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


2-2004
" да Зьместу "

 



аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі

 


літаратура

  МІЛАН КУНДЭРА

Вокладка ARCHE 2-2004.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (1'2004)
   Эўропа на ўсход ад    Эўропы
   Віленская Анталёгія
   Чэскі Альбом
   Pax Americana
   Туманнасьці
   беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6'2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4'2001)
   Скарына
(3'2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1'2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8'2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6'2000)
   Глёбус
   Скарына
(4'2000)
   Габрэі
   Скарына
(2'2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Мілан Кундэра
Эдуард і Бог

1

Эдуардаву гісторыю зручна будзе распачаць у вясковай хаце яго старэйшага брата.

Брат ляжаў на канапе і казаў Эдуарду: «Ты зьвярніся да гэтай цёткі. Хоць яна й сьвіньня, але я ўсё ж такі веру, што нават такія маюць нейкае сумленьне. Якраз таму, што яна мне некалі напаскудзіла, цяпер яна, можа, будзе радая, калі ты дасі ёй магчымасьць выкупіць сваю віну».

Эдуардаў брат быў такі самы, што і раней: дабрак і гультай. Пэўна, гэтаксама ён валяўся на канапе ў сваім студэнцкім пакоі, калі шмат гадоў таму (Эдуард тады яшчэ быў маленькім хлопчыкам) пралайдачыў і прахроп дзень сьмерці Сталіна. На наступны дзень брат, нічога не падазраючы, прыйшоў на заняткі і сустрэў cваю аднагрупніцу Чэхачкаву, якая ў паказушнай здранцьвеласьці тырчала пасярод вэстыбюлю, як статуя жалобы. Ён тройчы абышоў вакол яе і дзіка разрагатаўся. Пакрыўджаная дзяўчына ўспрыняла сьмех аднагрупніка як палітычную правакацыю, і ў выніку брат мусіў сысьці з інстытуту і зьехаць працаваць у вёску, дзе зь цягам часу прыдбаў сабе хату, сабаку, жонку, дваіх дзяцей і, нарэшце, лецішча.

Менавіта ў той вясковай хаце ён цяпер і ляжаў на канапе, прамаўляючы да Эдуарда: «Мы яе называлі карным бізуном працоўнай клясы. Але цябе гэта, урэшце, хваляваць не павінна. Сёньня гэта ўжо баба ня першай сьвежасьці, але на маладых хлапцоў яна заўжды была ласая, так што табе пойдзе насустрач».

Эдуард тады быў яшчэ вельмі малады. Ён толькі што скончыў пэдагагічны факультэт (той, на якім недавучыўся брат) і шукаў працу. Паслухаўшыся братавых парадаў, на наступны дзень ён пагрукаў у дзьверы дырэктарскага кабінэту. Унутры ён убачыў цыбатую кашчавую жанчыну з па-цыганску бліскучымі чорнымі валасамі, чорнымі вачыма і чорным пушком пад носам. Яе агідны выгляд пазбавіў Эдуарда хваляваньня, якое ён у сваім маладым узросьце яшчэ адчуваў пры сустрэчы з жаночаю прыгажосьцю. Таму ён здолеў размаўляць свабодна, з усёй сваёй абаяльнасьцю і нават галянтнасьцю. Дырэктарка ўспрыняла ягоны тон зь відавочным задавальненьнем і некалькі разоў паўтарыла, прыкметна ўзрушаная: «Нам моладзь патрэбная». Ягонае пытаньне яна паабяцала вырашыць.

2

Так Эдуард зрабіўся настаўнікам у невялікім чэскім мястэчку. З гэтага ён ня меў ані радасьці, ані жалю. Ён заўжды намагаўся адрозьніваць сур'ёзнае ад несур'ёзнага, і свой настаўніцкі шлях Эдуард аднёс да катэгорыі несур'ёзнага. Ня тое каб ён лічыў несур'ёзнай справай настаўніцтва само па сабе (наадварот, ён вельмі трымаўся за сваё месца, бо ведаў, што інакш на жыцьцё не заробіць), але ён лічыў настаўніцтва несур'ёзным, беручы пад увагу сутнасьць сваёй асобы. Ён не выбіраў працы. Яе яму абралі грамадзкі попыт, кадравыя характарыстыкі, школьны атэстат, уступныя іспыты. Мэханізм, які спалучыў дзеяньне ўсіх гэтых сілаў, урэшце перакінуў яго (як элеватар перакідвае збожжа на грузавікі) зь сярэдняй школы на пэдагагічны факультэт. Ён ішоў туды без ахвоты (братава няўдача наклала тут сваю пячатку), але ўрэшце скарыўся. Эдуард зразумеў, што праца ў ягоным жыцьці зойме месца сярод выпадковых рэчаў, што яна будзе прылепленая да яго, як фальшывая барада, проста для сьмеху.

Калі, аднак, абавязак - гэта нешта несур'ёзнае (для сьмеху), то верагодна, што сур'ёзным, наадварот, зробіцца неабавязковае. На новым месцы Эдуард хутка знайшоў сабе маладую дзяўчыну, якая яму падалася прыгожай, і амаль сур'ёзна пачаў да яе заляцацца. Дзяўчыну звалі Аліцыя, і - як ён, на свой жаль, высьветліў на першых спатканьнях - была яна даволі стрыманая і цнатлівая.

Шмат разоў на вечаровых шпацырах, ідучы побач, ён спрабаваў абняць Аліцыю за талію так, каб кончыкамі пальцаў дакрануцца да ейных грудзей, а яна штораз хапала яго за руку і адпіхвала яе. Неяк, калі ён зноў паўтарыў гэтую спробу, яна (зноў) адпіхнула яго руку, спынілася і спытала:

- Ты верыш у Бога?

Сваім далікатным слыхам Эдуард пачуў у гэтым пытаньні прыхаваны націск і вокамгненна забыўся пра грудзі.

- Верыш? - паўтарыла Аліцыя пытаньне, але Эдуард не адважваўся адказаць. Ня будзем яго вінаваціць за гэтую боязь шчырасьці. На новым месцы ён адчуваў сябе вельмі самотна, а Аліцыя яму занадта падабалася, каб адштурхнуць яе ад сябе адным-адзінюткім адказам.

- А ты? - спытаў ён, каб выйграць крыху часу.

- Я веру, - сказала Аліцыя і зноў запатрабавала адказу.

Да таго часу яму ніколі не прыходзіла да галавы верыць у Бога. Аднак ён зразумеў, што ў гэтым прызнавацца нельга, нават наадварот, менавіта цяпер варта было б скарыстацца з магчымасьці ды змайстраваць зь веры ў Бога прыгожага драўлянага каня, унутры якога, паводле антычнага прыкладу, ён мог бы незаўважна прабрацца ў душу дзяўчыны. Аднак жа Эдуард ня мог вось так проста сказаць Аліцыі: «Так, я веру ў Бога»; ён зусім ня быў цынічны і саромеўся хлусіць; нахабная адкрытасьць хлусьні яго бянтэжыла; калі ўжо хлусьня была непазьбежная, то і ў ёй ён хацеў застацца як мага бліжэйшым да праўды. Таму ён прамовіў надзвычай задуменным тонам:

- Нават ня ведаю, што табе на гэта сказаць. Натуральна, я веру ў Бога. Але… - тут ён зрабіў паўзу, і Аліцыя паглядзела на яго зь зьдзіўленьнем, - …але я хачу быць з табой цалкам шчыры. Магу я быць з табой шчыры?

- Ты мусіш быць шчыры, - сказала Аліцыя. - Бо інакш які нам сэнс быць разам.

- Праўда?

- Праўда, - сказала Аліцыя.

- Часам да мяне прыходзяць сумневы, - сказаў Эдуард ціхім голасам. - Часам я сумняюся, што ён сапраўды існуе.

- Але як можна ў гэтым сумнявацца? - амаль выкрыкнула Аліцыя.

Эдуард маўчаў, але па нядоўгім роздуме яму на розум прыйшла вядомая думка:

- Калі я бачу вакол столькі зла, я часта пытаю ў сябе: няўжо магчыма, каб быў Бог, які ўсё гэта дапусьціў?

Гэта прагучала так сумна, што Аліцыя схапіла яго за руку:

- Так, сьвет сапраўды поўны зла. Я гэта ведаю нават вельмі добра. Але менавіта таму ты мусіш верыць у Бога. Безь яго ўсе гэтыя пакуты былі б дарэмныя. Нішто ня мела б сэнсу. Тады я зусім не магла б жыць.

- Можа, ты й маеш рацыю, - сказаў Эдуард задуменна і ў нядзелю пайшоў разам зь ёй у касьцёл. Ён памачыў пальцы ў крапільніцы й перахрысьціўся. Потым была імша і сьпевы, і ён сьпяваў разам з усімі рэлігійны гімн, мэлёдыя якога была яму знаёмая, але словы невядомыя. Замест патрэбных словаў ён цягнуў толькі галосныя гукі і пачынаў праз долю сэкунды пасьля астатніх, бо й мэлёдыю ведаў цьмяна. Затое ў момант, калі ён упэўніваўся ў правільнасьці ноты, ён даваў свайму голасу загучаць на поўную моц і гэтак упершыню ў жыцьці зразумеў, што мае прыгожы бас. Потым усе пачалі чытаць «Войча наш», а некаторыя старыя жанчыны ўкленчылі. Ён ня здолеў запярэчыць нейкаму поклічу і таксама ўкленчыў на каменнай падлозе. Ён жагнаўся, шырока махаючы рукой, і перажываў пры гэтым цудоўнае пачуцьцё, што можа рабіць нешта, чаго не рабіў ніколі ў жыцьці, чаго ня можа рабіць ані ў клясе, ані на вуліцы, нідзе. Ён адчуваў сябе фантастычна свабодным.

Калі ўсё скончылася, Аліцыя паглядзела на яго; ейныя вочы зіхацелі:

- Ці ты можаш яшчэ казаць, што сумняешся ў Ім?

- Не, - адказаў Эдуард.

А Аліцыя сказала:

- Я хацела б навучыць цябе любіць Яго так, як люблю Яго я.

Яны стаялі на шырокіх сходах на выхадзе з касьцёлу, і Эдуардава душа поўнілася сьмехам. На бяду, якраз у гэты момант міма ішла дырэктарка школы і ўбачыла іх.

3

Гэта было кепска. Мы мусім тут нагадаць (для тых, хто, магчыма, не зьвярнуў увагі на гістарычны фон гэтай гісторыі), што хаця ў той час людзям і не забаранялася хадзіць у касьцёл, але ўсё ж рабіць гэта было небясьпечна.

Гэта ня так цяжка зразумець. Тыя, хто ажыцьцявіў так званую рэвалюцыю, выпесцілі ў сабе вялікую пыху, якая называецца «стаяць на правільным баку фронту» . Калі з тых часоў прайшло гадоў дзесяць-дванаццаць (а прыкладна столькі й мінула на час нашай гісторыі), лінія фронту пачала зацірацца, а зь ёй - і той правільны бок. Ня дзіва, што колішнія змагары рэвалюцыі пачалі пачувацца падманутымі, а таму неўзабаве кінуліся шукаць запасныя франты; менавіта дзякуючы рэлігіі яны (у іпастасі атэістаў, што змагаюцца супраць вернікаў) ізноў змаглі паўстаць ува ўсёй славе на правільным баку і захаваць такі звыклы й значэнны патас сваёй вышэйшасьці.

Але, напраўду, і для тых другіх запасны фронт прыйшоўся дарэчы; і, напэўна, ужо ня будзе заўчасна, калі мы скажам, што менавіта да тых другіх належала Аліцыя. Так, як дырэктарка хацела стаяць на правільным баку, Аліцыя хацела стаяць на супрацьлеглым. Рэч у тым, што ў дні рэвалюцыі была нацыяналізаваная крама ейнага бацькі, і Аліцыя ненавідзела тых, хто гэта зрабіў. Але як яна магла праявіць сваю нянавісьць? Узяць нож ды пайсьці помсьціць за бацьку? Гэта ня ў звычаях чэхаў. Аліцыя мела лепшую магчымасьць прадэманстраваць сваю супрацьлегласьць: яна пачала верыць у Бога.

Так Госпад Бог прыйшоў на дапамогу адразу абодвум бакам, і Эдуард праз гэта апынуўся між двух агнёў.

Калі ў панядзелак ранкам у настаўніцкім пакоі да яго падышла дырэктарка, ён адчуў сябе вельмі няўпэўнена. Ён ніяк ня мог узнавіць сяброўскай атмасфэры іх першай гутаркі, бо з таго часу (ці то праз сваю наіўнасьць, ці то праз сваю нядбайнасьць) ніколі не заводзіў зь ёй галянтных размоваў. Таму дырэктарка магла з поўным правам зьвярнуцца да яго з дэманстратыўна халоднай усьмешкай:

- Мы ўчора бачыліся, праўда?

- Так, бачыліся, - адказаў Эдуард.

Дырэктарка працягвала:

- Не разумею, як можа малады чалавек хадзіць у касьцёл.

Эдуард разгублена паціснуў плячыма, а дырэктарка заківала галавой:

- Малады чалавек.

- Я хацеў паглядзець барочны інтэр'ер храму, - сказаў Эдуард, нібы просячы прабачэньня.

- Вось як! - іранічна сказала дырэктарка. - Я й ня ведала, што Вас так цікавіць мастацтва.

Гэтая размова была Эдуарду зусім непрыемная. Ён успомніў, як ягоны брат некалі тройчы абышоў вакол сваёй аднагрупніцы, а потым дзіка разрагатаўся. Яму здалося, што сямейныя гісторыі паўтараюцца, і ён спалохаўся. У суботу ён патэлефанаваў Аліцыі і папрасіў прабачэньня за тое, што ня пойдзе ў касьцёл, бо прастудзіўся.

- Нейкі ты дужа кволы, - папракнула яго за гэта Аліцыя на наступным тыдні, і Эдуарду здалося, што яе словы гучаць абыякава. Таму ён пачаў распавядаць (загадкава і цьмяна, бо саромеўся прызнацца ў сваім страху і ў ягоных сапраўдных прычынах) пра крыўды, якія яму даводзіцца цярпець у школе, і пра страшную дырэктарку, якая яго беспрычынна ўціскае. Ён хацеў выклікаць у ёй спачуваньне, чульлівую спагаду, але Аліцыя сказала:

- А ў мяне начальніца нішто сабе, - і з усьмешкамі пачала апавядаць нейкія байкі з сваёй працы. Эдуард слухаў яе вясёлы голас і ўсё больш і больш пахмурнеў.

4

Шаноўнае спадарства, гэта былі тыдні пакутаў! Эдуард проста пякельна прагнуў Аліцыі. Яе цела распальвала ў ім жарсьці, але менавіта гэтае цела было для яго зусім недаступным. Пакутлівым быў і фон, на якім праходзілі іх спатканьні; яны альбо блукалі гадзіну-другую па сьцямнелых вуліцах, альбо йшлі ў кіно; аднастайнасьць і нязначныя эратычныя мажлівасьці абодвух гэтых варыянтаў (іншых не было) падказалі Эдуарду, што, магчыма, ён меў бы з Аліцыяй большы посьпех, калі б яны маглі спаткацца ў іншым асяродзьдзі. Неяк, прыняўшы прастадушны выраз, ён сказаў ёй, што яны маглі б на выходныя зьезьдзіць да ягонага брата, які мае лецішча ў лясістай даліне каля ракі. Зь нявінным захапленьнем ён апавядаў ёй пра хараство тамтэйшай прыроды, аднак Аліцыя (ува ўсім іншым наіўная і даверлівая) адразу яго раскусіла й рашуча адмовілася. І адмова гэтая зыходзіла ня толькі ад Аліцыі. Яму адмаўляў (вечна пільны і асьцярожны) сам Аліцыін Бог.

Гэты Бог быў створаны з адной-адзінюткай ідэі (іншых жаданьняў і думак у яго не было): ён забараняў пазашлюбнае каханьне. Такім чынам, гэта быў даволі забаўны Бог, але ня сьмеймася з Аліцыі. Зь дзесяці запаведзяў, якія перадаў чалавецтву Майсей, дзевяці ў яе душы нічога не пагражала, бо ёй не хацелася ані забіваць, ані пазбаўляць шанаваньня бацькі свайго, ані прагнуць жонкі блізкага свайго; толькі адну-адзінюткую запаведзь яна адчувала не як само сабой зразумелую, а як сапраўдны цяжар і выпрабаваньне, гэта была знакамітая сёмая не чыні пералюбу. Каб давесьці, паказаць і ўсапраўдніць сваю рэлігійную веру, Аліцыя мусіла засяродзіцца менавіта на гэтай адзінай запаведзі, і такім чынам зь цьмянага, расплывістага, абстрактнага Бога яна зрабіла для сябе Бога цалкам выразнага, зразумелага і канкрэтнага: Бога Непералюбу.

Прабачце, а дзе, уласна, пачынаецца пералюб? Кожная жанчына вызначае для сябе гэтыя межы паводле сваіх таямнічых крытэраў. Аліцыя з ахвотай дазваляла Эдуарду цалаваць яе, а пасьля ягоных шматлікіх спробаў урэшце зьмірылася і з тым, што ён лашчыў ёй грудзі. Аднак пасярэдзіне свайго цела, недзе на роўні пупка, яна правяла выразную і цалкам бескампрамісную рысу, пад якой распасьціралася тэрыторыя сьвятых заказаў, тэрыторыя Майсеевай забароны і гневу Гасподняга.

Эдуард пачаў чытаць Біблію і вывучаць базавую тэалягічную літаратуру; ён вырашыў змагацца з Аліцыяй яе ўласнай зброяй.

- Аліцыянка, - сказаў ён ёй, - калі мы любім Бога, дык для нас няма нічога забароненага. Калі мы нечага прагнем, гэта адбываецца зь Ягонага дазволу. Хрыстос жадаў толькі таго, каб усе мы кіраваліся любоўю.

- Так, - адказала Аліцыя, - але ня той, пра якую думаеш ты.

- Любоў ёсьць толькі адна, - сказаў Эдуард.

- Табе б хацелася, каб так было, - адказала Аліцыя. - Але Бог даў нам дакладныя запаведзі, якімі мы мусім кіравацца.

- Так, Бог Старога Запавету, - сказаў Эдуард, - але ж зусім ня Бог хрысьціянаў.

- Як гэта? Бог толькі адзін, - запярэчыла Аліцыя.

- Так, - сказаў Эдуард, - але ж старазапаветныя жыды ўспрымалі яго крыху інакш, чым мы. Да прыходу Хрыста чалавек найперш мусіў прытрымлівацца дакладнай сыстэмы Божых загадаў і законаў. Які ён у душы - было ня так важна. Калі чалавек будзе кіравацца сваім палкім, поўным веры ўнутраным сьветам, усё, што ён зробіць, будзе добра і даспадобы Госпаду. Менавіта таму сьвяты Павал сказаў: для чыстага ўсё чыстае.

- Вось толькі ці сапраўды ты - той чысты, - сказала Аліцыя.

- А сьвяты Аўгустын, - працягваў Эдуард, - сказаў так: «Любі Бога і рабі тое, што табе даспадобы». Разумееш, Аліцыя? Любі Бога і рабі тое, што табе даспадобы.

- Толькі вось тое, што даспадобы табе, ніколі ня будзе даспадобы мне, - адказала Аліцыя, і Эдуард зразумеў, што ягоная тэалягічная атака гэтым разам з трэскам правалілася; таму ён сказаў:

- Ты проста мяне ня кахаеш.

- Кахаю, - адказала Аліцыя з жахлівай нэўтральнасьцю ў голасе. - А таму не хачу, каб мы рабілі нешта, чаго рабіць нельга.

Як мы ўжо казалі, гэта былі тыдні пакутаў. І пакуты былі яшчэ мацнейшыя ад таго, што Эдуардава прага Аліцыі зусім не была выключна цягай аднаго цела да другога. Наадварот, чым даўжэй ён ня мог дамагчыся цела, тым больш яго ахоплівала туга і боль і тым больш ён жадаў і ейнага сэрца; аднак ані ейнае цела, ані сэрца нічога не хацелі ведаць пра гэта; і адно і другое былі халодныя, аднолькава заглыбленыя ў сябе і дзёрзка самадастатковыя.

Больш за ўсё Эдуарда ў Аліцыі раздражняла менавіта гэтая непарушная стрыманасьць у эмоцыях. Хоць у астатнім Эдуард быў даволі цьвярозы малады чалавек, ён пачаў прагнуць нейкага экстрэмальнага ўчынку, які б парушыў гэтую Аліцыіну непарушнасьць. А паколькі было занадта рызыкоўна правакаваць яе крайнасьцямі цынічнымі ці блюзьнерскімі (да якіх ён быў схільны паводле натуры), ён мусіў выбраць крайнасьці якраз супрацьлеглыя (а таму шмат цяжэйшыя) - вывесьці іх з Аліцыіных поглядаў і гіпэрбалізаваць так, каб яна адчула сорам. Калі папросту, Эдуард пачаў перабольшваць сваю рэлігійнасьць. Ён не прапускаў аніводнай імшы (цяга да Аліцыі была большая за страх непрыемнасьцяў) і паводзіў сябе там з эксцэнтрычнай пакорай: кленчыў пры кожнай магчымасьці, між тым як Аліцыя малілася і хрысьцілася стоячы, бо баялася за панчохі.

Неяк ён папракнуў яе за рэлігійную стрыманасьць. Ён нагадаў ёй Ісусавы словы: «Ня кожны, хто кажа мне: «Госпадзе! Госпадзе!», - увойдзе ў Царства Нябеснае». Ён сказаў, што яе вера фармальная, вонкавая, плыткая. Папракнуў яе за бестурботнасьць. Папракнуў яе за залішнюю самазадаволенасьць. Папракнуў яе за тое, што яна, акрамя сябе, нікога навокал ня бачыць.

І якраз у той момант, калі ён ёй гэтак вымаўляў (Аліцыя не была гатовая да такога нападу і баранілася слаба), ён раптам убачыў перад сабой на рагу вуліцы крыж - стары занядбаны мэталёвы крыж з заржавелым бляшаным Хрыстом. Эдуард дэманстрацыйна адпусьціў Аліцыяніну руку, спыніўся і (пратэстуючы супраць яе абыякавага сэрца ды на знак сваёй новай атакі) з паказной рашучасьцю перахрысьціўся. Аднак даведацца, якое ўражаньне гэта зрабіла на Аліцыю, ён ужо ня змог, бо ў тое імгненьне заўважыў на другім баку вуліцы загадчыцу школьнай гаспадаркі. Тая глядзела на яго, і Эдуард зразумеў, што яму гамон.

5

Ягонае прадчуваньне пацьвердзілася, калі праз два дні загадчыца спыніла яго на калідоры і гучна паведаміла, што на наступны дзень а дванаццатай гадзіне ён мусіць быць у дырэктарскім кабінэце: «Нам трэба з табой пагаварыць, таварыш».

Эдуарда ахапіла трывога. Увечары ён сустрэўся з Аліцыяй, і яны разам, як заўжды, праблукалі пару гадзінаў па вуліцы. Гаворкі пра рэлігійную заўзятасьць Эдуард больш не заводзіў. Ён быў прыгнечаны, і яму карцела расказаць Аліцыі, што зь ім здарылася, аднак ён не адважваўся, бо ведаў, што, каб захаваць нялюбую (але непазьбежную) працу, ён быў гатовы назаўтра без ваганьняў здрадзіць Госпаду Богу. Таму ён палічыў за лепшае не казаць ані слова пра выклік на непрыемную размову і не атрымаў ніякага суцяшэньня. На наступны дзень ён увайшоў у дырэктарскі кабінэт, адчуваючы ў душы абсалютную пустэчу.

Там яго чакалі чацьвёра судзьдзяў: дырэктарка, загадчыца, адзін з Эдуардавых калегаў (дробненькі акулярык) і незнаёмы мужчына (сівавалосы), якога астатнія называлі «таварыш інспэктар». Дырэктарка запрасіла Эдуарда сесьці і сказала, што яго выклікалі на цалкам сяброўскую неафіцыйную размову, бо іх усіх вельмі турбуе, як Эдуард паводзіць сябе па-за школай. Пры гэтых словах яна паглядзела на інспэктара, і той згодна паківаў галавой; потым яна перавяла позірк на настаўніка ў акулярах, які ўвесь гэты час уважліва глядзеў на яе і цяпер, злавіўшы ейны погляд, адразу ж пачаў складна гаварыць пра тое, што мы хочам выхаваць моладзь здаровай і непрымхлівай, што нясём за яе поўную адказнасьць, бо служым ёй (мы, настаўнікі) прыкладам і менавіта таму ня можам цярпець у нашых шэрагах цемрашалаў; ён доўга разьвіваў гэтую думку і ўрэшце заявіў, што Эдуардавы паводзіны ганьбяць увесь калектыў.

Яшчэ колькі хвілінаў таму Эдуард быў упэўнены, што вырачацца свайго нядаўна знойдзенага Бога і прызнаецца, што наведваньне касьцёлу й публічнае жагнаньне былі звычайным камэдыянцтвам. Аднак цяпер, сам-насам з рэальнай сытуацыяй, ён адчуў, што ня можа гэтага зрабіць; ня можа вось гэтым чатыром людзям, сур'ёзным і перадузятым, сказаць, што іх разуменьне сытуацыі - проста нейкая недарэчнасьць, нейкае глупства. Эдуард зразумеў, што такім чынам ён бы хіба міжволі пасьмяяўся зь іхнай сур'ёзнасьці; і таксама ён усьвядоміў, што ўсе прысутныя толькі й чакаюць ад яго хітрыкаў ды адгаворак і загадзя гатовыя іх адкінуць. Ён зразумеў (вокамгненна, бо на доўгі роздум не было часу), што ў гэты момант найбольш важна захаваць праўдападобнасьць, а дакладней кажучы, падобнасьць да меркаваньняў, якія ў іх склаліся пра яго. Калі ж ён хоча гэтыя меркаваньні хоць трохі зьмяніць, яму трэба ў нейкай ступені пайсьці ім насустрач. Таму ён сказаў:

- Таварышы, я магу быць з вамі шчыры?

- Безумоўна, - сказала дырэктарка. - Вас для таго сюды й запрасілі.

- А вы ня будзеце злавацца?

- Гаварыце, ня бойцеся, - сказала дырэктарка.

- Добра, я вам прызнаюся, - сказаў Эдуард. - Я сапраўды веру ў Бога.

Ён паглядзеў на сваіх судзьдзяў, і яму здалося, што ўсе яны ўздыхнулі супакоена; толькі загадчыца ўзьелася на яго:

- У наш час, таварыш? У наш час?

Эдуард працягваў:

- Я ведаў, што вы будзеце злавацца, калі я скажу праўду. Але я ня ўмею хлусіць. Вы ж ня хочаце, каб я вас падманваў?

Дырэктарка сказала (памяркоўна):

- Ніхто ня хоча, каб вы хлусілі. Добра, што вы гаворыце праўду. Толькі скажыце мне, калі ласка, як можаце вы - малады чалавек - верыць у Бога?

- Сёньня, калі чалавецтва лятае на Месяц! - усхвалявана прамовіў настаўнік у акулярах.

- Я нічога не магу з сабой зрабіць, - сказаў Эдуард. - Я не хачу ў Яго верыць. Праўда. Не хачу.

- Як так ня хочаце, калі верыце? - далучыўся да размовы (надзвычай ласкавым тонам) сівавалосы мужчына.

- Не хачу верыць, але веру, - ціха паўтарыў сваё прызнаньне Эдуард.

Настаўнік засьмяяўся:

- Але гэта адно другому супярэчыць.

- Таварышы, усё менавіта так, як я кажу, - сказаў Эдуард. - Я цудоўна разумею, што вера ў Бога адцягвае нашую ўвагу ад рэчаіснасьці. Куды б зайшоў сацыялізм, калі б усе верылі, што сьвет у Божых руках? Тады б ніхто нічога не рабіў, і кожны толькі б спадзяваўся на Бога.

- Вось-вось, - пагадзілася дырэктарка.

- Яшчэ ніхто не давёў, што Бог існуе, - заявіў настаўнік у акулярах.

Эдуард працягваў:

- Гісторыя чалавецтва адрозьніваецца ад яго перадгісторыі тым, што людзі самі ўзялі свой лёс ува ўласныя рукі і Бог ім не патрэбны.

- Вера ў Бога вядзе да фаталізму, - сказала дырэктарка.

- Вера ў Бога - адзнака сярэднявечча, - сказаў Эдуард, потым ізноў нешта сказала дырэктарка, нешта - настаўнік, нешта - Эдуард, нешта - інспэктар, і ўсе дапаўнялі адно аднаго ў гарманічнай згодзе, пакуль нарэшце настаўнік у акулярах ня выбухнуў, перарваўшы Эдуарда:

- Дык чаго ж ты хрысьцішся на вуліцы, калі ўсё гэта ведаеш?

Эдуард паглядзеў на яго зь бязьмежным смуткам і сказаў:

- Таму што веру ў Бога.

- Але гэта адно аднаму супярэчыць, - паўтарыў настаўнік радасна.

- Так, - прызнаў Эдуард, - супярэчыць. І гэтая супярэчнасьць - паміж ведамі і верай. Веды - гэта адно, а вера - іншае. Я ведаю, што вера ў Бога вядзе нас да цемрашальства. Я ведаю, што было б лепш, калі б Яго не было. Але ж тут, унутры... - ён паказаў пальцам на сэрца, - я адчуваю, што Ён існуе. Прабачце мне, таварышы, але я вам кажу так, як яно ёсьць; лепш, калі я вам прызнаюся, бо не хачу крывадушнічаць; я хачу, каб вы ведалі, які я ёсьць насамрэч, - тут ён схіліў галаву.

Настаўнік у акулярах меў небагата розуму; праз сваю абмежаванасьць ён ня мог зразумець, што нават самы зацяты рэвалюцыянэр лічыць гвалт толькі неабходным злом, тым часам як сапраўднае дабро рэвалюцыі для яго - перавыхаваньне. Сам ён ператварыўся ў перакананага рэвалюцыянэра за адну ноч і за гэта не карыстаўся вялікай павагай у дырэктаркі. І вось цяпер ён нават не здагадваўся, што ў гэты момант Эдуард, які паказаў сябе сваім судзьдзям як складаны, але падатлівы аб'ект для перавыхаваньня, мае ў тысячу разоў большую вартасьць, чым ён. Гэты прафан жорстка абрынуўся на Эдуарда і заявіў, што такім людзям, якія ня ў стане разьвітацца зь сярэднявечнай верай, месца ў сярэднявеччы, а з сучаснай школы іх трэба гнаць.

Дырэктарка дала яму дагаварыць, а потым зрабіла заўвагу:

- Нядобра вось так адразу сячы з-за пляча галовы. Таварыш быў з намі шчыры і сказаў нам усё, як яно ёсьць. І гэта варта павагі.

Потым яна зьвярнулася да Эдуарда:

- Таварышы, вядома, маюць рацыю, калі кажуць, што цемрашалы ня могуць выхоўваць нашую моладзь. Дык скажыце самі, што б вы прапанавалі зрабіць?

- Я ня ведаю, таварышы, - сказаў Эдуард зь няшчасным выглядам.

- Я думаю так, - сказаў інспэктар. - Змаганьне паміж старым і новым адбываецца ня толькі паміж клясамі, але і ў кожным асобным чалавеку. Такое змаганьне адбываецца і ўнутры таварыша. Розумам ён ведае, але пачуцьцё цягне яго назад. Вы павінны дапамагчы таварышу ў ягоным змаганьні, каб у ім перамог розум.

Дырэктарка ківала галавой. Урэшце яна сказала:

- Я сама вазьму над ім шэфства.

6

Такім чынам Эдуард адвёў самую непасрэдную небясьпеку; лёс яго настаўніцкага існаваньня апынуўся выключна ў дырэктарчыных руках. Ён успрыняў гэта цалкам спакойна: узгадаў колішнюю братаву заўвагу, што дырэктарка заўжды была ласая на маладых хлопцаў, і з усёй неўраўнаважанасьцю сваёй маладой веры ў сябе (тая вера ў ім то згасала, то шугала зноў) вырашыў перамагчы ў сваёй барацьбе, заваяваўшы прыхільнасьць сваёй уладаркі як мужчына.

Калі Эдуард, паводле дамоўленасьці, у адзін з наступных дзён прыйшоў да яе ў кабінэт, ён паспрабаваў завязаць легкаважную размову і карыстаўся кожнай магчымасьцю, каб зрабіць інтымны намёк, далікатны камплімэнт ці каб зь някідкай двухсэнсоўнасьцю падкрэсьліць сваё ўласнае становішча мужчыны ў жаночых руках. Аднак дырэктарка не дала яму вызначыць тон размовы. Яна гаварыла зь ім ветліва, але абсалютна стрымана; распытвала яго, што ён чытае, потым сама назвала некалькі кніг і парэкамэндавала яму іх прачытаць - яна відавочна хацела распачаць доўгатэрміновую працу над ягонымі думкамі. Іх кароткая сустрэча скончылася тым, што яна запрасіла яго да сябе ў госьці.

Дырэктарчына стрыманасьць зноўку прыгасіла Эдуардаву самаўпэўненасьць, таму ён увайшоў у яе кватэрку пакорліва і без намеру перамагаць яе сваёй мужчынскай прывабнасьцю. Яна запрасіла Эдуарда прысесьці ў фатэль і задала вельмі сяброўскі тон: запыталася, чаго б ён выпіў, мо кавы? Ён адказаў, што не. Тады мо чаго мацнейшага? Ён крыху зьбянтэжыўся: «Калі ў Вас ёсьць каньяк...» - і адразу ж спалохаўся, ці не зашмат ён сабе дазваляе. Але дырэктарка сказала ласкава: «Не, каньяку няма, але ёсьць трохі віна», - і прынесла паўпустую бутэльку, зь якой атрымалася напоўніць толькі два келіхі.

Потым яна сказала, каб Эдуард ня думаў пра яе, як пра нейкую інквізытарку: усё ж кожны мае поўнае права верыць у сваім жыцьці ў тое, што лічыць правільным. Натуральна, іншае пытаньне (дадала яна адразу ж) - што дазволена ці не дазволена настаўніку; таму яны, маўляў, мусілі (хоць і без ахвоты) выклікаць Эдуарда і пагутарыць зь ім і былі вельмі (прынамсі яна ды інспэктар) задаволеныя тым, як шчыра ён зь імі гаварыў і нічога не адмаўляў. Потым яна, маўляў, яшчэ доўга гутарыла з інспэктарам пра Эдуарда і яны вырашылі, што праз паўгоду зноў выклічуць яго на размову; а да таго часу дырэктарка мусіць на яго паўплываць, каб скіраваць ягонае разьвіцьцё правільным шляхам. Тут яна зноўку падкрэсьліла, што толькі хоча па-сяброўску дапамагчы і што яна зусім не інквізытар і не паліцыянт. Яна прыгадала настаўніка, які так жорстка абрынуўся на Эдуарда, і сказала: «У самога сьмятанка на вусах, а бач ты, на іншых кідаецца. Загадчыца таксама паўсюль гаворыць, што вы, маўляў, паводзілі сябе нахабна і ўпарта стаялі на сваім. Яна па-ранейшаму лічыць, што вас варта выгнаць з школы. Я зь ёй, вядома, нязгодная, але і яе можна зразумець. Мне б таксама не спадабалася, калі б маіх дзяцей вучыў нехта, хто адкрыта хрысьціцца на вуліцы».

Такім чынам дырэктарка ў некалькіх сказах прадэманстравала Эдуарду як прывабныя магчымасьці сваёй міласэрнасьці, так і пагрозьлівыя магчымасьці сваёй суворасьці, а потым, каб паказаць, што іх спатканьне ў сутнасьці сяброўскае, перайшла на іншыя тэмы: загаварыла пра кнігі, падвяла Эдуарда да кніжнай шафы і дробным макам рассыпалася наконт Ралянавай «Зачараванай душы», а даведаўшыся, што гэтай кнігі ён не чытаў, нават яго паўшчувала. Потым яна спытала, як яму наагул працуецца ў школе, а пасьля ягонага няўцямнага адказу сама пусьцілася ў доўгі аповед: сказала, што ўдзячная лёсу за сваю прафэсію, што любіць працу ў школе, бо дзякуючы дзецям, якіх выхоўвае, яна мае ў сутнасьці сталы і канкрэтны кантакт з будучыняй, і што толькі будучыня можа ўрэшце апраўдаць усе тыя пакуты, якіх, маўляў («так, мы мусім гэта прызнаць»), поўна навокал.

- Калі б я ня верыла, што жыву дзеля нечага большага, чым сваё ўласнае жыцьцё, я, пэўна, зусім не змагла б жыць.

Гэтыя словы раптам прагучалі вельмі сур'ёзна, і было няясна, ці то дырэктарка хоча паспавядацца, ці то распачаць чаканую ідэалягічную палеміку пра сэнс жыцьця. Эдуарду захацелася зразумець іх у інтымным сьвятле, і таму ён спытаўся ціхім, далікатным голасам:

- А вашае жыцьцё само па сабе?

- Маё жыцьцё?

- Так, проста жыцьцё само па сабе вас бы не задаволіла?

На яе твары зьявілася горкая ўсьмешка, і ў гэты момант Эдуард амаль шкадаваў дырэктарку. Яна выглядала брыдка: чорныя валасы адцянялі прадаўгаваты кашчавы твар, а чорны пушок пад носам набываў выразнасьць вусоў. Ён ураз уявіў сабе ўвесь смутак яе жыцьця; убачыў яе цыганскія рысы, якія выдавалі гарачую пачуцьцёвасьць, і ўбачыў яе агіднасьць, якая казала пра немагчымасьць зьдзяйсьненьня гэтае пачуцьцёвасьці; ён уявіў сабе, зь якой адданасьцю яна некалі, па сьмерці Сталіна, ператварылася ў жывую статую жалобы, зь якой адданасьцю адседзела на ста тысячах сходаў, зь якой адданасьцю змагалася супраць беднага Ісуса, і зразумеў, што ўсё гэта было проста сумнае запасное рэчышча яе жаданьня, якое не магло цячы туды, куды ёй хацелася. Эдуард быў малады, і яго спагадлівасьць яшчэ не знасілася. Ён глядзеў на дырэктарку з разуменьнем. Яна, аднак, нібыта засаромеўшыся за імгненьні свайго міжвольнага маўчаньня, цяпер надала свайму голасу нязмушаную інтанацыю і працягвала:

- А гэта, Эдуардзе, ня мае ніякага значэньня. Бо чалавек не жыве ў гэтым сьвеце толькі дзеля сябе. Ён заўжды жыве дзеля нечага. - Яна ўважліва паглядзела яму ў вочы. - Тут, аднак, галоўнае - дзеля чаго. Дзеля нечага сапраўднага ці дзеля нечага выдуманага? Бог - гэта прыгожая выдумка. Але будучыня людзей, Эдуардзе, гэта рэальнасьць. І дзеля яе я жыла, дзеля яе я ўсім ахвяравала.

І гэтыя сказы яна прамаўляла з такім унутраным перакананьнем, што Эдуард па-ранейшаму адчуваў да яе толькі раптоўнае чалавечае разуменьне, якое ў ім перад тым прачнулася. Яму падалося недарэчным, што ён тут хлусіць іншаму чалавеку (блізкі блізкаму) у вочы. Яму здалося, што момант даверу ў іх размове дае яму магчымасьць нарэшце адкінуць ганебную (зрэшты, яшчэ й цяжкую) гульню ў верніка:

- Але ж я з Вамі цалкам згодны, - хутка запэўніў ён яе, - я таксама стаўлю рэальнасьць на першае месца. Ня стаўцеся так сур'ёзна да гэтай маёй рэлігійнасьці.

Ён адразу ж пабачыў, што чалавек ніколі не павінен кіравацца неразважлівым рухам пачуцьцяў. Дырэктарка зьдзіўлена паглядзела на яго і сказала з заўважным холадам:

- Не прыкідвайцеся. Вы мне падабаліся, калі былі шчыры. А цяпер вы робіце зь сябе нешта, чым вы ня ёсьць.

Не, Эдуарду не было дазволена зьняць зь сябе рэлігійную вопратку, якую ён аднойчы на сябе нацягнуў; ён адразу з гэтым зьмірыўся і паспрабаваў выправіць кепскае ўражаньне:

- Але ж не, я тут не зьбіраўся круціць. Натуральна, я веру ў Бога, гэтага я б ніколі не адмаўляў. Я проста хацеў сказаць, што таксама веру ў будучыню чалавецтва, у прагрэс і ўсё такое. Бо калі б я ў гэта ня верыў, навошта была б мая праца настаўніка, навошта б нараджаліся дзеці і навошта б мы ўвогуле жылі? Я якраз думаў, што гэта воля Божая, каб грамадзтва йшло ўсё далей і далей да лепшага. Я думаў, што чалавек можа верыць і ў Бога, і ў камунізм, што гэта можна спалучыць.

- Не, - усьміхнулася дырэктарка з мацярынскай аўтарытэтнасьцю, - гэтыя дзьве рэчы неспалучальныя.

- Я ведаю, - сказаў Эдуард сумна. - Ня злуйцеся на мяне.

- Я не злуюся. Вы яшчэ малады чалавек і ўпарта трымаецеся за тое, у што верыце. Ніхто вас не разумее гэтак, як я. Бо я ж таксама была такой маладой, як вы. І вашая маладосьць мне падабаецца. Вы мне сымпатычны.

Вось яно нарэшце прыйшло! Не раней і не пазьней, а менавіта цяпер, рыхтык у патрэбны момант (якога, як бачым, Эдуард не выбіраў, хутчэй наадварот - гэты момант выбраў Эдуарда дзеля сваіх мэтаў). Калі дырэктарка сказала, што ён ёй сымпатычны, Эдуард прамовіў ня дужа ўпэўнена:

- Вы мне таксама.

- Праўда?

- Праўда.

- Ня трэба так, калі ласка. Я старая жанчына... - запярэчыла дырэктарка.

- Гэта няпраўда, - мусіў сказаць Эдуард.

- Але ж гэта так, - сказала дырэктарка.

- Вы зусім не старая, гэта глупства, - ізноў мусіў сказаць Эдуард, гэтым разам вельмі рашуча.

- Вы так лічыце?

- Дарэчы, Вы мне вельмі падабаецеся.

- Не хлусіце. Вы ж ведаеце, што Вам нельга хлусіць.

- Я не хлушу. Вы прыгожая.

- Прыгожая? - дырэктарка зрабіла выгляд, што не паверыла.

- Так, прыгожая, - сказаў Эдуард і, спалохаўшыся неверагоднасьці свайго сьцьверджаньня, адразу ж паспрабаваў яго нечым падмацаваць. - Такая брунэтка. Мне гэта жудасна падабаецца.

- Вам падабаюцца брунэткі? - спытала дырэктарка.

- Жудасна, - адказаў Эдуард.

- А чаму вы за ўвесь гэты час у школе ніводнага разу да мяне не зайшлі? Мне здавалася, што вы мяне ўнікаеце.

- Я саромеўся, - сказаў Эдуард. - Усе б пачалі казаць, што я да вас падлізваюся. Ніхто б не паверыў, што я да вас хаджу проста таму, што вы мне падабаецеся.

- Але цяпер вы можаце не саромецца, - сказала дырэктарка. - Бо цяпер ёсьць афіцыйная пастанова, што вы са мной абавязаны час ад часу сустракацца.

Яна паглядзела на Эдуарда сваімі вялікімі карымі вачыма (прызнаймася, што самі па сабе яны былі гожыя), а калі госьць сыходзіў, лёгенька пагладзіла яго па руцэ, так што ў ім забуяла радаснае пачуцьцё пераможцы.

7

Эдуард быў упэўнены, што непрыемная афера разьвязалася на ягоную карысьць, і з нахабнаю бестурботнасьцю пайшоў на наступным тыдні ў касьцёл; пагатоў ён зноўку йшоў туды з поўнай упэўненасьцю ў сабе, бо (якой бы спагадлівай усьмешкі гэта ў нас ні выклікала) тое, як прайшлі адведзіны дырэктаркі, ён прыгадваў як бліскучы доказ сваёй мужчынскай прывабнасьці.

Зрэшты, якраз у тую нядзелю ў касьцёле ён заўважыў, што Аліцыя неяк зьмянілася: адразу ж, як яны сустрэліся, яна ўзяла яго пад руку і не адпусьціла яго нават у касьцёле; калі раней яна паводзіла сябе сьціпла й някідка, дык гэтым разам усё аглядалася вакол і павіталася, усьмешліва ківаючы, прынамсі зь дзесяцьцю знаёмымі.

Гэта было незвычайна, і Эдуард нічога не разумеў.

Калі праз два дні яны прагульваліся па сьцямнелых вулках, Эдуард зь зьдзіўленьнем зазначыў, што яе пацалункі, некалі так непрыемна абыякавыя, павільгатнелі, пацяплелі ды набылі жарсьці. А калі яны ненадоўга спыніліся пад ліхтаром, ён заўважыў, што на яго глядзіць пара закаханых вачэй.

- Каб ты толькі ведаў, як я цябе кахаю, - сказала яму Аліцыя бяз дай прычыны і адразу ж прыкрыла яму рукой вусны. - Не, не, нічога не кажы, я саромеюся, я не хачу нічога чуць.

Яны зноў трохі прайшлі, ізноў спыніліся, і Аліцыя сказала:

- Цяпер я ўжо ўсё разумею. Я ўжо разумею, чаму ты мяне папікаў, што я ў сваёй веры надта бестурботная.

Эдуард, аднак, не разумеў нічога, а таму нічога й не казаў; калі яны прайшлі яшчэ трохі, Аліцыя прамовіла:

- А ты мне нічога не гаварыў. Чаму ты мне нічога не сказаў?

- А што мне было табе казаць? - спытаў Эдуард.

- Так, ты такі, - сказала яна ў ціхім захапленьні. - Іншыя б выхваляліся, а ты маўчыш. Але якраз за гэта я й кахаю цябе.

Эдуард пачаў падазраваць, аб чым ідзе гаворка, але ўсё ж такі спытаўся:

- Пра што ты гаворыш?

- Пра тое, што з табой здарылася.

- Але ад каго ты даведалася?

- Не сьмяшы! Усе пра гэта ведаюць. Цябе выклікалі, табе пагражалі, а ты іх высьмеяў проста ў вочы. Ні ад чога не адмаўляўся. Усе зь цябе дзівяцца.

- Але ж я пра гэта нікому не казаў.

- Ня будзь наіўны. Такія навіны разьлятаюцца хутка. Гэта ж ня жартачкі. Дзе цяпер знойдзеш кагосьці, хто б меў крыху мужнасьці?

Эдуард ведаў, што ў маленькім мястэчку кожная падзея ператвараецца ў легенду, але ж ён не падазраваў, што і яго малаважныя прыгоды, значэньня якіх ён ніколі не пераацэньваў, маюць у сабе такую легендатворную моц; ён недастаткова разумеў, наколькі дарэчы прыйшоўся сваім землякам, якія, як вядома, захапляюцца не драматычнымі героямі (тымі, хто змагаецца й перамагае), а менавіта пакутнікамі, бо апошнія іх усьцешліва зацьвярджаюць у іхнай ляяльнай бязьдзейнасьці, запэўніваючы, што жыцьцё прапануе толькі два варыянты: быць зьнішчаным ці быць паслухмяным. Ніхто ня меў сумневу, што Эдуард будзе зьнішчаны, і ўсе з захапленьнем пераказвалі гэта іншым, пакуль цяпер Эдуард - дзякуючы Аліцыі - не спаткаўся з цудоўным вобразам уласнага ўкрыжаваньня. Ён прыняў гэта спакойна і сказаў:

- Але тое, што я ні ад чога не адмаўляўся, - гэта ж натуральна. Так бы кожны зрабіў.

- Кожны? - выпаліла Аліцыя. - Паглядзі навокал, паглядзі, што ўсе робяць! Якія ўсе баязьліўцы! Выракліся б уласнае маці!

Эдуард маўчаў, маўчала і Аліцыя. Яны йшлі і трымаліся за рукі. Потым Аліцыя прашаптала:

- Я б усё для цябе зрабіла.

Такога Эдуарду яшчэ ніхто не казаў; гэтыя словы былі нечаканым дарункам. Эдуард, натуральна, ведаў, што гэты дарунак незаслужаны, але ён сказаў сабе, што, калі лёс адмаўляе яму ў заслужаных дарунках, ён мае поўнае права прымаць незаслужаныя, таму ён сказаў:

- Для мяне ўжо ніхто нічога зрабіць ня можа.

- Як гэта? - прашаптала Аліцыя.

- Са школы мяне выкінуць, а тыя, хто цяпер гаворыць пра мяне, як пра героя, дзеля мяне палец на палец не пакладуць. Я ўпэўнены толькі ў тым, што зноў застануся адзін.

- Не застанешся, - пакруціла галавой Аліцыя.

- Застануся, - сказаў Эдуард.

- Не застанешся! - амаль крычала Аліцыя.

- Усе мяне выракліся.

- Я цябе ніколі ня выракуся, - сказала Аліцыя.

- Вырачашся, - сказаў Эдуард сумна.

- Ня выракуся, - паўтарыла Аліцыя.

- Не, Аліцыя, - сказаў Эдуард, - ты мяне не кахаеш. Ты мяне ніколі не кахала.

- Гэта няпраўда, - шаптала Аліцыя, і Эдуард з задавальненьнем заўважыў, што вочы ў яе змакрэлі.

- Не кахаеш, Аліцыя, гэта ж відаць. Ты заўжды была са мной халодная. Закаханая жанчына так сябе не паводзіць. Я гэта вельмі добра ведаю. А цяпер ты мне спачуваеш, бо мяне хочуць зьнішчыць. Але ж ты мяне не кахаеш, і я не хачу, каб ты прыкідвалася.

Яны ўсё йшлі, трымаючыся за рукі. Аліцыя ціхенька паплаквала, а потым раптам спынілася і, усхліпваючы, загаварыла:

- Не, гэта няпраўда, ты не павінен так думаць, гэта няпраўда.

- Гэта так, - сказаў Эдуард і, пакуль Аліцыя безупынку плакала, прапанаваў ёй зьезьдзіць у суботу ў вёску. У прыгожай даліне каля ракі стаіць братава лецішча, дзе яны змогуць пабыць адны.

Аліцыін твар быў мокры ад сьлёз, і яна моўчкі ківала.

8

Тое было ў аўторак, а ў чацьвер, калі Эдуард ізноў быў запрошаны да дырэктаркі ў госьці, ён пайшоў да яе зь вясёлаю зухаватасьцю, бо зусім не сумняваўся, што ягоная абаяльнасьць разьвеяла касьцельны скандал проста ў воблачка дыму, у нішто. Але так у жыцьці бывае: чалавек думае, што грае ролю ў нейкай п'есе, і нават не здагадваецца, што на сцэне тым часам незаўважна зьмяніліся дэкарацыі і ён, ні пра што не падазраючы, апынуўся пасярод іншага спэктаклю.

Ён зноўку сядзеў у фатэлі насупраць дырэктаркі; паміж імі стаяў столік, а на ім - бутэлька каньяку ў атачэньні двух кілішкаў. Менавіта гэтая бутэлька каньяку і была той самай новай дэкарацыяй, паводле якой кемлівы мужчына ў цьвярозым розуме вокамгненна вызначыў бы, што ход ужо зусім не пра касьцельную аферу.

Але нявінны Эдуард быў настолькі захоплены сабой, што спачатку гэтага нават не ўсьведамляў. Ён уключыўся ў даволі вясёлую ўступную размову (зьмест якой быў няпэўны й агульны), выпіў прапанаваны кілішак і неяк зусім прастадушна засумаваў. Праз паўгадзіны або гадзіну дырэктарка незаўважна перайшла да больш асабістых тэмаў і загаварыла пра сябе; зь яе словаў перад Эдуардам мелася паўстаць тая, якой яна хацела здавацца: разумная жанчына сярэдняга веку, ня надта шчасьлівая, якая, аднак, з годнасьцю прымае сваю долю, жанчына, якая ні пра што не шкадуе і нават радуецца, што яна незамужняя, бо толькі гэтак можна напоўніцу адчуць сьпелы смак сваёй самастойнасьці і радасьць прыватнага жыцьця, маючы прыгожую кватэру, дзе добра сябе адчуваеш і дзе, пэўна, Эдуарду таксама не непрыемна.

«Не, мне тут файна», - сказаў Эдуард, сказаў сьцішана, бо якраз у гэты момант перастаў адчуваць сябе файна. Бутэлька каньяку (якога ён так неабачліва пажадаў у час мінулых адведзінаў і які дырэктарка цяпер з такой пагрозьлівай гатовасьцю пасьпяшалася паставіць на стол), чатыры сьцяны пакою (якія стваралі прастору нібыта ўсё больш зачыненую і цесную), дырэктарчын маналёг (які засяроджваўся на ўсё больш асабістых тэмах), яе погляд (небясьпечна пільны) - усё гэта паспрыяла таму, што зьмена спэктаклю нарэшце пачала да яго даходзіць; ён зразумеў, што патрапіў у сытуацыю, разгортваньне якой канчаткова перадвызначана; ён усьвядоміў, што яго існаваньню ў школе пагражае не непрыязнасьць дырэктаркі да яго, а якраз наадварот - яго фізычнае нежаданьне худой жанчыны з пушком пад носам, якая заахвочвае яго піць. Трывога сьцяла яму горла.

Ён паслухаўся дырэктаркі й выпіў, але ягоная трывога была настолькі моцная, што алькаголь на яго зусім не падзейнічаў. Затое дырэктарка пасьля пары кілішкаў абсалютна пазбылася звычайнай цьвярозасьці, і яе словы набылі амаль пагрозьлівую экзальтаванасьць.

- У адным я вам зайздрошчу, - казала яна. - Што вы такі малады. Вы яшчэ ня можаце ведаць, што такое расчараваньне, што такое страта ілюзіяў. Вы яшчэ бачыце сьвет, поўны надзеі і прыгажосьці.

Яна цераз столік нахілілася да Эдуарда і ў тужлівым маўчаньні (з застылай сутаргавай усьмешкай) утаропіла ў яго жахліва вялікія вочы. Ён зразумеў, што калі ня здолее трохі набрацца, дык гэты вечар скончыцца для яго вялікай ганьбай; таму ён наліў сабе яшчэ чарачку каньяку і хуценька выпіў.

А дырэктарка працягвала:

- Але ж і я хачу яго бачыць такім! Так, як вы! - Яна ўстала з фатэля і выпнула грудзі. - Я ж ня нейкая там нудная баба! Праўда ж, не? - Яна абышла столік і схапіла Эдуарда за руку. - Не?

- Не, - сказаў Эдуард.

- Хадземце, будзем танчыць, - сказала яна, пусьціла Эдуардаву руку і падбегла да радыё. Яна доўга круціла ручку наладкі, пакуль не знайшла нейкай танцавальнай музыкі. Потым з усьмешкай стала над Эдуардам.

Эдуард падняўся, схапіў дырэктарку і пачаў вадзіць яе па пакоі ў рытм музыцы. Дырэктарка раз-пораз пяшчотна клала сваю галаву яму на плячо, але праз імгненьне рэзка адводзіла яе назад, каб зазірнуць яму ў вочы, а потым пачынала напаўголасу напяваць мэлёдыю, што гучала з радыё.

Эдуард пачуваўся ніякавата і колькі разоў перапыняў танец, каб выпіць. Цяпер ён прагнуў толькі аднаго - скончыць няёмкасьць гэтага бясконцага хаджэньня, але ў той самы час яго гэта вельмі палохала, бо няёмкасьць таго, што мелася адбыцца пасьля танцу, здавалася яму яшчэ больш невыноснай. Зьбянтэжаны, ён надалей кружыў зь пяюхай па цесным пакоі і пры гэтым няспынна (і прыгнечана) прыслухоўваўся, ці робіць на яго алькаголь жаданае ўзьдзеяньне. Калі яму ўрэшце здалося, што ягоны розум ужо досыць затуманены каньяком, правай рукой ён моцна прыціснуў дырэктарку да сябе, а левую далонь паклаў ёй на грудзі.

Так, ён зрабіў менавіта тое, што ўвесь вечар наганяла на яго жах; ён бы аддаў што заўгодна, каб гэтага не рабіць, і калі ён гэта зрабіў, то - паверце - толькі таму, што зрабіць сапраўды мусіў: сытуацыя, у якой ён апынуўся ўжо на пачатку вечару, была настолькі аўтарытарная, што яе разгортваньне можна было запаволіць, але ніяк немагчыма было спыніць. Таму, паклаўшы далонь на дырэктарчыны грудзі, Эдуард проста падпарадкаваўся загаду цалкам непазьбежнае неабходнасьці.

Наступствы ягонага ўчынку, аднак, перасягнулі ўсялякія чаканьні. Як на чарадзейны загад, дырэктарка ў ягоных абдымках пачала выгінацца, а праз імгненьне яе валасатая верхняя губа дакранулася да ягоных вуснаў. Яна паваліла яго на канапу і, дзіка выгінаючыся ды гучна стогнучы, пачала кусаць яго за вусны, а ўрэшце й за кончык языка, ад чаго Эдуарда працяў востры боль. Потым яна вызвалілася зь ягоных абдымкаў, сказала: «Пачакай!» - і пабегла ў ванны пакой.

Эдуард лізнуў палец і пераканаўся, што язык трохі крывавіць. Укус гэтак балеў, што цяжка здабытае ап'яненьне сышло і ягонае горла зноўку сьцяла трывога, калі ён падумаў пра тое, што яго чакае. З ваннай было чуваць магутнае цурчаньне і плёскат вады. Ён узяў пляшку каньяку, прыклаўся і добра каўтануў.

Але тут ужо ў празрыстай нэйлёнавай начнушцы (на грудзях густа аздобленай карункамі) у дзьвярох зьявілася дырэктарка і павольна падышла да Эдуарда. Яна абняла яго, потым крыху адступіла назад і сказала з дакорам: «Чаму ты адзеты?»

Эдуард зьняў пінжак і, гледзячы на дырэктарку (тая ўтаропілася ў яго сваімі вялікімі вачыма), ня мог думаць ні пра што іншае, як толькі пра тое, што ягонае цела, хутчэй за ўсё, будзе сабатаваць яго старанную волю. Жадаючы неяк узбудзіць сваё цела, ён сказаў няўпэўненым голасам: «Здымеце зь сябе ўсё».

Хуткім, заўзята паслухмяным рухам яна скінула зь сябе начнушку і агаліла тонкую белую паставу, пасярэдзіне якой з маркотнай сіратлівасьцю вылучалася густая чарната. Яна павольна набліжалася да яго, і Эдуард з жахам пераканаўся ў тым, што ўжо ведаў і раней: ягонае цела было дарэшты скаванае страхам.

Я ведаю, спадарства, што з гадамі вы звыкліся з пэрыядычнай непаслухмянасьцю ўласнага цела і вас гэта ўжо ня можа вывесьці з раўнавагі. Але зразумейце: Эдуард быў тады яшчэ малады! Сабатаж з боку ягонага цела штораз наганяў на яго надзвычайную паніку і здаваўся яму нязмыўнай ганьбай, незалежна ад таго, быў гэтаму сьведкам твар прыгожы або такі брыдкі й камічны, як твар дырэктаркі. А тая была ўжо за крок ад яго, і спалоханы Эдуард, ня ведаючы, што рабіць, сказаў раптам, сам не разумеючы як (гэта быў хутчэй плён натхненьня, чым сьвядомага роздуму):

- Не, не, Богам прашу, не! Не, гэта грэх, гэта быў бы грэх! - і адскочыў.

Дырэктарка надалей набліжалася да яго і мармытала глухім голасам:

- Які грэх! Ніякага граху няма!

Эдуард адступіў за круглы столік, абапал якога яны нядаўна сядзелі:

- Не, я так не магу! Я не магу!

Дырэктарка адпіхнула фатэль, што стаяў у яе на шляху, і працягвала свой наступ на Эдуарда, не спускаючы зь яго вялікіх чорных вачэй:

- Ніякага граху няма! Ніякага граху няма!

Эдуард абышоў столік, за ім стаяла ўжо толькі канапа; дырэктарка была ўсяго за крок ад яго. Далей адступаць не было куды, і, пэўна, сама роспач у гэты безвыходны момант раптам падказала яму, каб ён загадаў:

- Укленчы!

Яна паглядзела на яго зь неразуменьнем, але калі ён зноўку паўтарыў цьвёрдым (хоць і роспачным) голасам: «Укленчы!», яна экзальтавана ўпала перад ім на калені і абняла яго за ногі.

- Прыбяры рукі, - крыкнуў ён. - Самкні далоні!

Яна зноў паглядзела на яго зь неразуменьнем.

- Самкні іх! Ты чула?

Яна самкнула рукі.

- Маліся, - загадаў ён.

З самкнутымі далонямі яна аддана глядзела на яго зьнізу ўверх.

- Маліся, каб Бог нам дараваў, - сыкнуў ён.

Трымаючы рукі самкнутымі, яна глядзела на яго вялікімі вачыма. Дзякуючы ўдалай ідэі, Эдуард ня толькі выйграў такі патрэбны час, але і - гледзячы на дырэктарку зьверху - пачаў пазбаўляцца гнятлівага пачуцьця, што ён чужая здабыча, і набыў упэўненасьці ў сабе. Ён крыху адступіў, каб бачыць яе цалкам, і зноў загадаў:

- Маліся!

Яна па-ранейшаму маўчала, і ён крыкнуў:

- Уголас!

І сапраўды: худая голая жанчына на каленях пачала чытаць:

- Войча наш нябесны! Хай сьвяціцца імя Тваё, хай прыйдзе валадарства Тваё...

Прамаўляючы словы малітвы, яна глядзела на яго так, нібыта ён быў сам Бог. А ён пазіраў на яе з усё большай уцехай: перад ім на каленях стаяла дырэктарка, зьняважаная падначаленым, перад ім была голая камуністка, зьняважаная малітвай, перад ім была жанчына за малітвай, зьняважаная галізной.

Гэты патройны вобраз зьнявагі яго ап'яніў, і раптам адбылося нешта нечаканае: ягонае цела адмовілася ад свайго пасіўнага супраціву; Эдуард быў узрушаны!

У момант, калі дырэктарка казала: «...І ня ўводзь нас у спакусу», ён хуценька скінуў зь сябе ўсё адзеньне, а як толькі яна прамовіла «Амін», ён рэзка падняў яе з падлогі і пацягнуў на канапу.

9

Такім чынам, гэта было ў чацьвер, а ў суботу Эдуард з Аліцыяй паехалі ў вёску да ягонага брата. Брат сустрэў іх гасьцінна і даў ім ключ ад лецішча, якое было непадалёк. Каханкі пайшлі і цэлы дзень блукалі па лясох і лугох. Яны цалаваліся, і Эдуард усьцешанымі рукамі пераканаўся, што праведзеная на роўні пупка ўяўная рыса, якая аддзяляла сфэру нявіннасьці ад сфэры пералюбу, страціла сваю сілу. У першы момант яму закарцела пракамэнтаваць гэтую доўгачаканую падзею, але потым ён зразумеў, што лепей маўчаць.

Ён цалкам слушна меркаваў, што нечаканы паварот у Аліцыіных паводзінах адбыўся незалежна ад яго шматтыднёвага ўгаворваньня, незалежна ад ягонай аргумэнтацыі, незалежна ад нейкай лягічнай высновы; наадварот, паварот гэты грунтаваўся выключна на зьвестках пра Эдуардава пакутніцтва, то бок на памылцы, але і з гэтай памылкі ён вынікаў цалкам нелягічна; бо разважма: з чаго б гэта Эдуардава пакутніцкая вернасьць веры мусіла мець наступствам тое, што Аліцыя сама цяпер ня будзе верная Боскаму закону? Калі Эдуард ня здрадзіў Богу перад сьледчай камісіяй, то чаму яна мелася б здрадзіць Богу перад Эдуардам?

У такой сытуацыі кожнае выказанае ўголас меркаваньне магло б міжвольна адкрыць Аліцыі нелягічнасьць яе пазыцыі. Таму Эдуард разумна маўчаў, што, аднак, ніяк ня кідалася ў вочы, бо Аліцыя сама размаўляла досыць, была вясёлая, і нішто ня сьведчыла пра тое, што паварот, які адбыўся ў яе душы, быў драматычны або балючы.

Калі сьцямнела, яны пайшлі на лецішча, запалілі сьвятло, паслалі ложак, пачалі цалавацца, а потым Аліцыя папрасіла Эдуарда, каб той выключыў лямпу. Праз акно, аднак, надалей тачылася сьвятло зорак, таму Эдуард на Аліцыіну просьбу мусіў яшчэ й зачыніць аканіцы. Потым у поўнай цемры Аліцыя разьдзелася і аддалася яму.

Столькі тыдняў Эдуард прагнуў гэтых хвілінаў, але цяпер, калі яны прыйшлі, ён, на дзіва, папросту не адчуваў той іх значнасьці, пра якую мелася б сьведчыць працягласьць ягонага чаканьня; яны здаліся яму настолькі простымі й банальнымі, што, кахаючыся, ён быў амаль няўважлівы і марна адганяў думкі, якія лезьлі яму ў галаву: яму прыгадваліся тыя даўгія змарнаваныя тыдні, калі Аліцыя катавала яго сваёй халоднасьцю, яму прыгадваліся ўсе тыя пакуты ў школе, да якіх яна спрычынілася, таму замест удзячнасьці за тое, што яна яму аддалася, Эдуард пачаў адчуваць нейкую помсьлівасьць і разьюшанасьць. Яго злавала, як лёгка і без згрызотаў сумленьня яна здраджвае свайму Богу Непералюбу, якому некалі гэтак фанатычна пакланялася; яго злавала, што яе нішто ня можа вывесьці з ураўнаважанасьці, ніякае жаданьне, ніякая падзея, ніякі паварот; яго злавала, як яна пражывае ўсё без унутранага разладу, упэўнена і лёгка. І калі гэтая злосьць моцна ім авалодала, ён паспрабаваў любіцца зь ёй дзіка й шалёна, каб выцягнуць зь яе нейкі гук, стогн, слова, просьбу, але ў яго не атрымалася. Дзяўчына ляжала бязгучна, і, нягледзячы на ўсе яго намаганьні, іхныя любошчы скончыліся таксама даволі ціха і недраматычна.

Яна прытулілся да ягоных грудзей і хутка заснула, тым часам як Эдуард доўга ня спаў і ўсьвядоміў, што зусім не адчувае ніякай радасьці. Ён паспрабаваў уявіць сабе Аліцыю (не яе фізычнае аблічча, а па магчымасьці ўсю яе істоту напоўніцу), і адразу ж яму прыйшло да галавы, што ён бачыць яе расплывіста.

Прыпынімся на гэтым слове: Аліцыя, якой яе бачыў дагэтуль Эдуард, была, пры ўсёй сваёй наіўнасьці, істота пэўная і ясная, - прыгожая прастата яе выгляду, здавалася, адпавядала гранічнай прастаце яе веры, а яе просты лёс здаваўся абгрунтаваньнем яе пазыцыі. Эдуард яе дагэтуль бачыў цэльнай і зладжанай; ён мог зь яе сьмяяцца, мог яе праклінаць, мог строіць супраць яе хітрыкі, але мусіў яе (міжволі) паважаць.

Цяпер, аднак, ненаўмысная пастка фальшывых зьвестак разбурыла цэльнасьць яе істоты, і Эдуарду здалося, што ейныя погляды былі, уласна кажучы, нечым прыклееным да ейнага лёсу, а яе лёс - толькі нечым прыклееным да ейнага цела. Ён пабачыў яе як выпадковае спалучэньне цела, думак і жыцьцёвага шляху, спалучэньне неарганічнае, адвольнае і няўстойлівае. Ён уяўляў Аліцыю (якая глыбока дыхала ў яго на плячы) і бачыў яе цела асобна, а думкі асобна. Ейнае цела яму падабалася, ейныя думкі здаваліся яму сьмешнымі, а ўсё разам не ўтварала ніякай істоты; ён бачыў яе як рысу, што расплылася на прамакатцы: без абрысаў, бяз твару.

Гэтае цела яму сапраўды падабалася. Калі Аліцыя ранкам паднялася, ён прымусіў яе застацца голай, і яна, хоць яшчэ ўчора ўпарта настойвала на зачыненых аканіцах, бо ёй замінала нават бляклае зорнае сьвятло, цяпер зусім забылася пра сваю сарамлівасьць. Эдуард разглядаў яе (яна весела скакала, шукаючы пачак гарбаты і печыва на сьняданак), а калі Аліцыя праз імгненьне таксама падняла на яго вочы, то заўважыла, што ў яго задуменны выгляд. Яна запыталася, што зь ім. Эдуард адказаў, што пасьля сьняданку мусіць зайсьці да брата.

Брат распытваў Эдуарда, як той маецца ў школе. Эдуард адказаў, што цалкам добра, а брат сказаў:

- Тая Чэхачкава - сьвіньня, але я ёй даўно ўжо дараваў. Дараваў, бо яна ня ведала, што робіць. Яна хацела мне нашкодзіць, але замест таго паспрыяла майму дабрабыту. Як земляроб я зарабляю болей, а сувязь з прыродай ратуе мяне ад скепсысу, які ахоплівае гарадзкіх жыхароў.

- Ведаеш, у нейкім сэнсе і мне гэтая баба прынесла шчасьце, - задуменна сказаў Эдуард і расказаў брату, як закахаўся ў Аліцыю, як сымуляваў веру ў Бога, як яго судзілі, як Чэхачкава хацела яго перавыхаваць, а Аліцыя ўрэшце аддалася яму, як пакутніку. Толькі пра тое, як ён прымусіў дырэктарку чытаць «Ойча наш», Эдуард не сказаў, бо ўбачыў у братавых вачох нязгоду. Эдуард змоўк, а брат сказаў:

- Я, пэўна, маю пару-тройку заганаў, але толькі ня гэтую. Ніколі не прыкідваўся і кожнаму гаварыў проста ў вочы, што думаю.

Эдуард любіў брата, і братава нязгода яго балюча кранула; ён паспрабаваў апраўдацца, і яны пачалі спрачацца. Нарэшце Эдуард сказаў:

- Я ведаю, браце, што ты шчыры чалавек і гэтым ганарышся. Але задай сабе адно пытаньне: « Навошта, уласна, гаварыць праўду?» Што нас да яе абавязвае? І чаму мы ўвогуле лічым праўдзівасьць цнотай? Уяві сабе, што ты сустрэнешся з вар'ятам, які будзе цьвердзіць, што ён - рыба і ўвогуле ўсе мы - рыбы. Ты будзеш зь ім спрачацца? Будзеш перад ім распранацца і паказваць, што ў цябе няма плаўнікоў? Будзеш яму казаць у вочы, што думаеш? Ну скажы!

Брат маўчаў, а Эдуард працягваў:

- Калі б ты яму гаварыў толькі чыстую праўду, толькі тое, што ты пра яго сапраўды думаеш, ты б пайшоў на сур'ёзную размову з вар'ятам і сам зрабіўся б вар'ятам. Гэтаксама зь сьветам вакол нас. Калі б я яму ўпарта гаварыў праўду ў вочы, гэта б значыла, што я стаўлюся да яго сур'ёзна. А ставіцца сур'ёзна да нечага настолькі несур'ёзнага - значыць самому стаць несур'ёзным. Я, браце, мушу маніць, калі не хачу сур'ёзна ставіцца да вар'ятаў і зрабіцца адным зь іх.

10

У нядзелю па абедзе каханкі паехалі назад у горад; яны былі адны ў купэ (дзяўчына ўжо зноўку весела шчабятала), і Эдуард прыгадаў, як ён некалі спадзяваўся, што знойдзе ў неабавязковай Аліцыі тую жыцьцёвую сур'ёзнасьць, якой яму не даюць ягоныя працоўныя абавязкі; цяпер ён з шкадаваньнем усьвядоміў (цягнік ідылічна грукатаў на стыках рэек), што любоўная гісторыя, якую ён з Аліцыяй перажыў, цалкам пазбаўленая якой-колечы сур'ёзнасьці й сэнсу, што яна абсалютна нікчэмная, склееная з выпадковасьцяў і памылак; ён чуў Аліцыіны словы, бачыў ейныя жэсты (яна сьціскала яму руку), і яму прыйшло да галавы, што гэта знакі, пазбаўленыя сэнсу, манэткі без грашовай вартасьці, папяровыя гіры, на якія ён можа зьвяртаць увагі ня болей, чым Бог на малітву голай дырэктаркі; і яму раптам здалося, што ў прынцыпе ўсе людзі, якіх ён спаткаў на новым месцы, былі толькі рысамі, якія распаўзьліся па прамакатцы, істотамі зь лёгка зьмяняльнай пазыцыяй, істотамі бяз пэўнай сутнасьці; але што яшчэ горш, нашмат горш (здалося яму тады), ён сам быў толькі ценем гэтых ценепадобных людзей, заўжды выдаткоўваў увесь свой розум на тое, каб да іх прыстасавацца і прыпадобніцца, і няважна, што ён прыпадабняўся да іх з унутраным сьмехам, несур'ёзна, з жаданьнем употай зь іх пасьмяяцца (і гэтак апраўдаць сваё прыстасаванства), - гэта нічога не зьмяняла, бо і зламысная імітацыя застаецца імітацыяй, а цень, які зьдзекуецца, застаецца ценем, падпарадкаваным і другасным, мізэрным і пустым.

Гэта была ганьба, гэта была страшэнная ганьба. Цягнік ідылічна грукатаў на стыках рэек (дзяўчына шчабятала), і Эдуард спытаў:

- Аліцыя, ты шчасьлівая?

- Так, - адказала Аліцыя.

- А я ў роспачы, - сказаў Эдуард.

- Што ты вярзеш? - сказала Аліцыя.

- Мы ня мелі права гэтага рабіць. Гэтага не павінна было здарыцца.

- Што табе дало ў галаву? Ты ж сам гэтага хацеў!

- Так, хацеў, - сказаў Эдуард. - Але гэта была мая найвялікшая памылка, якой мне Бог ніколі не даруе. Гэта быў грэх, Аліцыя.

- Слухай, што з табой? - сказала дзяўчына спакойна. - Ты ж сам увесь час казаў, што Бог хоча ад нас найперш любові.

Калі Эдуард пачуў, як Аліцыя спакойна прыўлашчыла ягоны тэалягічны сафізм, які ён некалі гэтак беспасьпяхова выкарыстаў у змаганьні, яго ахапіла шаленства:

- Я гэта казаў, каб цябе выпрабаваць! Цяпер я даведаўся, як ты можаш быць верная Богу! Але той, хто можа здрадзіць Богу, можа здрадзіць чалавеку ў сто разоў лягчэй!

Аліцыя ўсё яшчэ знаходзіла трапныя пярэчаньні, аднак лепей бы яна іх не знаходзіла, бо яны толькі разьдзімалі ў Эдуардзе помсьлівае шаленства. Эдуард гаварыў так бясконца доўга (ён нават ужыў словы брыдота і фізычная агіда), што нарэшце выціснуў з гэтага спакойнага й пяшчотнага твару ўсхліпы, сьлёзы і лямант.

- Бывай, з Богам, - сказаў ён Аліцыі на вакзале і пакінуў яе ў сьлязах. Толькі дома, праз колькі гадзінаў, калі ў ім суцішыўся гэты дзіўны гнеў, да яго напоўніцу дайшло, што ён нарабіў; ён уявіў сабе ейнае цела, якое ў галізьне паскоквала перад ім ранкам таго самага дня, і калі ён асэнсаваў, што гэтае прыгожае цела пакідае яго, бо ён сам добраахвотна яго адштурхнуў, Эдуард злосна аблаяў сябе ідыётам і ў яго зьявілася жаданьне адвесіць сабе поўху.

Але што адбылося, тое адбылося, і нічога ўжо нельга было выправіць.

Зрэшты, трэба сказаць напраўду, што хоць вобраз згубленага прыгожага цела і прынёс Эдуарду бясспрэчны боль, аднак зьмірыўся ён з гэтай стратай адносна хутка. Калі раней ён пакутаваў і прыходзіў у адчай ад нястачы фізычнага каханьня, дык гэта была часовая нястача прыбыша. Ад гэтага Эдуард ужо не цярпеў. Раз на тыдзень ён наведваў дырэктарку (звычка пазбавіла яго пачатковых страхаў) - ён вырашыў хадзіць да яе, пакуль ягонае становішча ў школе цалкам ня высьветліцца. Да таго ж ён спрабаваў, з усё большым посьпехам, паляваць на шмат якіх іншых жанчын і дзяўчат. У выніку ён пачаў нашмат больш цаніць моманты, калі заставаўся адзін, і палюбіў самотныя шпацыры, якія часам спалучаў (калі ласка, зьвярніце сваю ўвагу на гэтую апошнюю дэталь) з наведваньнем касьцёлу.

Не, не палохайцеся, Эдуард не пачаў верыць у Бога. Мой расповед ня меў намеру ўвянчацца эфэктам гэткага паказнога парадоксу. Але Эдуард, хоць ён амаль і ўпэўнены, што Бога няма, усё ж такі любіць з настальгіяй паразважаць над ідэяй Бога.

Бог - гэта сама сутнасьць, між тым як Эдуард так і не знайшоў (а з часу гісторыі з дырэктаркай і Аліцыяй сплыла ўжо чарада гадоў) нічога сутнаснага ані ў сваіх каханьнях, ані ў сваім настаўніцтве, ані ў сваіх думках. Ён занадта кемлівы, каб мог дапусьціць, нібыта бачыць сутнасьць у нечым, што яе ня мае, але занадта слабы, каб употай да сутнаснасьці не імкнуцца.

Эх, спадарства, сумна жывецца чалавеку, калі ён ня можа ні да чога і ні да кога ставіцца сур'ёзна!

І таму Эдуард прагне спазнаць Бога, бо адзін толькі Бог пазбаўлены гэтага пацешнага абавязку зьяўляцца, а можа проста быць; бо адзін толькі ён стварае (ён сам, адзіны й няісны) сутнасны бок гэтага нясутнаснага, неістотнага (затое тым больш існага) сьвету.

І вось Эдуард часам сядае ў касьцёле і задумліва пазірае на столь. Давайце зь ім разьвітаемся менавіта ў такое імгненьне: час па абедзе, касьцёл ціхі й пусты, Эдуард сядзіць на драўлянай лаўцы і пакутуе ад шкадаваньня, што Бога няма. І якраз у гэты момант ягонае шкадаваньне настолькі моцнае, што раптам з глыбіні гэтага пачуцьця перад ім вынырвае сапраўднае, жывое Божае аблічча. Глядзеце! Так! Эдуард усьміхаецца! Ён усьміхаецца, і ягоная ўсьмешка шчасьлівая...

Калі ласка, захавайце яго ў сваёй памяці з гэтай усьмешкай.

Пераклаў з чэскай Аляксей Знаткевіч паводле:
Milan Kundera. Smĕšné lásky. Brno: Atlantis, 1991

  (нар. у 1929) - сусьветна вядомы раманіст, паэт і драматург чэскага паходжаньня. Яго апошні раман («La Ignorancia», «Няведаньне», 2000) напісаны на францускай мове.
   
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (31) - 2004

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю,   Майстраваньне [mk], Абнаўленьне [czyk]
Copyright © 1998-2004 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2004/11/1