A R C H E П а ч а т а к № 2 (31) - 2004
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


2-2004
" да Зьместу "

 



аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі

 


кароткія рэцэнзіі

  АЛЕСЬ ЛАГВІНЕЦ

Вокладка ARCHE 2-2004.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (1'2004)
   Эўропа на ўсход ад    Эўропы
   Віленская Анталёгія
   Чэскі Альбом
   Pax Americana
   Туманнасьці
   беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6'2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4'2001)
   Скарына
(3'2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1'2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8'2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6'2000)
   Глёбус
   Скарына
(4'2000)
   Габрэі
   Скарына
(2'2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Алесь Лагвінец
Францускія акуляры, расейскія вуткі і беларускае дзіва*

Le Bélarus: L'Etat de l'exception. Sous la direction de François Dépélteau et Aurélie Lacassagne. Les Presses de L'Université Laval, 2003.

У самой назьве гэтага зборніку, які складаецца з 11 артыкулаў, напісаных спэцыялістамі як зь Беларусі, так і з Францыі й Квэбэку (так у самой кнізе), закладзены падвойны сэнс, паколькі па-француску яе можна ўспрыняць як «Беларусь: дзяржава - вынятак» і як «Беларусь: надзвычайны стан». Яго ўкладальнікі паставілі сабе задачу апавесьці пра «дзіўную краіну, якая прадстаўляе такую ж дзіўную эпоху» і цікавіць Захад перш за ўсё дзякуючы свайму статусу «дзяржавы-ізгоя» разам з Іракам Садама Хусэйна (кніга ўбачыла сьвет да зрынаньня ірацкага дыктатара). Сярод аўтараў дамінуюць тыя, хто быў і/ці ёсьць выкладчыкам (шэсьць чалавек) або замежным студэнтам (чатыры) франка-беларускага факультэту палітычных навук і праблемаў эўрапейскай інтэграцыі ЭГУ. Усім ім выдаўцы кніжкі зычаць, каб будучыня Беларусі была іх вартая.

Як таго патрабуе жанр рэцэнзіі, мы паспрабуем крытычна ацаніць артыкулы кнігі, напісаныя вялікім і разнародным калектывам аўтараў1 пра вельмі шырокія аспэкты беларускага жыцьця. Прадмову да яе напісаў Станіслаў Шушкевіч, які сьцісла апавёў пра ўнутраныя ды вонкавыя прычыны аўтарытарызму ў Беларусі. На яго думку, сёньняшняе маладое пакаленьне беларусаў мае чым ганарыцца ў гісторыі сваёй краіны, а пабудове эўрапейскай Беларусі «спрыяюць у тым ліку і такія працы», як гэтая кніга.

Яе ўкладальнікі Франсуа Дэпэльто й Арэлі Лякасань ува ўводзінах аналізуюць працэсы ў постсавецкіх краінах у катэгорыях глябалізацыі ды трансфармацыі. З гэтага пункту гледжаньня Беларусь можна разглядаць як вынятак празь яе савецкасьць ды недаразьвітасьць нацыянальнай сьвядомасьці, а навуковы інтарэс да яе можа быць абумоўлены, згодна з фукальдыянскай лёгікай, неабходнасьцю дасьледаваньня анамальных выпадкаў, пазьбягаючы абагульняльных законаў ды ідэалягічных клішэ. Пасьля агульнай крытыкі сацыяльных наступстваў працэсаў глябалізацыі (ці макданалізацыі) у краінах СНД, вельмі далёкіх ад ідэалаў палітычнага лібэралізму ды вольнага рынку, аўтары ставяць пад сумнеў «эвалюцыянісцкую» канцэпцыю дэмакратычнай трансфармацыі. Яны адзначаюць, што заходнія дэмакратыі часьцяком праяўляюць абыякавасьць да праблемаў беднасьці ды карупцыі ў такіх краінах, калі тыя забясьпечваюць ім вольны доступ на свой унутраны рынак.

Артыкул Сяргея Панькоўскага ды Жана Марку прысьвечаны акрэсьленьню так званага «беларускага фэномэну». На іх думку, «Беларусь сутыкаецца з праблемай, уласьцівай усім постсавецкім краінам: як прызвычаіць насельніцтва да новай сытуацыі зь іншымі каштоўнасьцямі ды сацыяльна-эканамічнымі мэханізмамі, калі яно прызвычаілася жыць без свабоды і пад патранажам дзяржавы». Прычыны таго, што Беларусь стала выняткам у цэнтральнаэўрапейскім рэгіёне, ахопленым працэсамі дэмакратызацыі, яны бачаць у гісторыі, своеасаблівасьці хады трансфармацыйных працэсаў на пачатку 1990-х гадоў і ў асабовым складзе актораў беларускае палітычнае сцэны. На жаль, іх кароткі выклад беларускае гісторыі не пазбаўлены некаторых хібаў: тут паўтараецца тэза аб заваёве беларускіх земляў літоўскімі князямі і нават ня згадваецца БНР (маўляў, да стварэньня БССР, паміж 1917 і 1919-м, сытуацыя ў Беларусі была «заблытанай»). Блытаюцца і самі аўтары, калі кажуць, што беларускі парлямэнт «абвясьціў незалежнасьць Беларусі» 28 жніўня 1991 году (інакш кажучы, Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце набыла статус канстытуцыйнага закону) і зацьвердзіў бел-чырвона-белы сьцяг. Насамрэч першае адбылося 25 жніўня, а другое - 19 верасьня.

Асноўная ўвага ў артыкуле надаецца апісаньню зьменаў пачатку 1990-х, прыходу да ўлады Лукашэнкі, складнікам яго папулісцкага курсу, нарастаньню аўтарытарных тэндэнцыяў у функцыянаваньні палітычнае ўлады. Аналіз гэтых працэсаў улучае й даволі спрэчныя моманты. Напрыклад, сьцьвярджаецца, што, «даволі парадаксальным чынам, нацыяналістычны рух за мову хутка атрымаў падтрымку з боку намэнклятуры». Гэная «намэнклятурная» падтрымка палітыкі беларусізацыі 1992-93 гадоў - прымусовай ды нават брутальнай, на думку аўтараў, - падкрэсьліваецца ажно тройчы. Натуральна, ім бракуе канкрэтных прыкладаў таго, што тады выкладчыкі набірался на працу паводле моўных, а не прафэсійных крытэраў або што гучалі «пагрозы выключыць з працы дзяржаўных службоўцаў, якія не гавораць па-беларуску». Занадта пасьпешлівай падаецца заўвага, што лідэры апазыцыйнае кампартыі пасьля 1996 году «пачалі зацята гаварыць па-беларуску падчас дыскусіяў ды афіцыйных выступаў». У артыкуле таксама замоўчваецца кампанія 1992 году па зборы подпісаў за рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах і прычыны яе няўдачы.

З аналізам Віталя Сіліцкага чытачы «АRCHE» знаёмыя ў яго беларускамоўным і больш поўным перакладзе. Аўтар дае бліскучы (варты ўлучэньня ў хрэстаматыю з паліталёгіі для беларускіх студэнтаў!) аналіз палітычнага разьвіцьця Беларусі ў 1990-я гады. Адно трэба аспрэчыць цьверджаньне, якое аўтар робіць усьлед за Алегам Манаевым, што сярод беларускамоўных беларусаў больш прыхільнікаў Лукашэнкі, чымся сярод расейскамоўных, і што, маўляў, «беларуская мова і беларускі нацыяналізм суіснуюць паралельна ўнутры дзьвюх адрозных групаў». Аўтар не захацеў заўважыць паўсюдна, а не, як ён кажа, каньюнктурна («каб падацца дэмакратам альбо апазыцыянэрам») беларускамоўнай гарадзкой інтэлігенцыі, якая была ды застаецца ў нашым грамадзтве галоўным носьбітам дэмакратычных перакананьняў і асноўным рэсурсам структураў грамадзянскае супольнасьці.

Прафэсар паліталёгіі Манрэальскага ўнівэрсытэту Люк Дзюамэль засяродзіўся на дасьледаваньні асобы прэзыдэнта Беларусі з гледзішча мэтадалягічнага рацыяналізму, паводле якога мэта дзеяньняў палітыка - гэта атрыманьне доступу да грошай, прэстыжу ды панаваньня, што забясьпечваюцца ўладай.

Згодна зь Дзюамэлем, «рашэньні, якія прымаюцца Лукашэнкам, рацыянальныя, гэта значыць прадыктаваныя неабходнасьцю кансалідацыі ягонай асабістай улады, хоць і ідуць уразрэз з інтарэсамі Беларусі», а сама палітычная дзейнасьць беларускага прэзыдэнта абумоўленая жаданьнем перадусім заваяваць і захаваць уладу, выкарыстоўваючы пры гэтым усе наяўныя рэсурсы. Як «непераўзыдзены дэмагог» і «палітычны апартуніст» Лукашэнка грунтуе свой палітычны дыскурс на савецкім кансэрватызьме, прарасейскім панславізьме ды папулісцкім патэрналізьме і вылучаецца сярод усіх іншых кіраўнікоў краінаў СНД, якім таксама ўласьціва аўтарытарнасьць, сваімі глыбока прарасейскімі перакананьнямі. Параўноўваючы аўтарытарызм Лукашэнкі з аўтарытарызмам Ельцына, Люк Дзюамэль задавольваецца павярхоўнай высновай: маўляў, прычыны большай аўтарытарнасьці Лукашэнкі - неплюралістычная палітычная культура Беларусі і супрацьстаяньне, якое існуе паміж сталіцай і рэштай краіны.

Асобна трэба сказаць пра дапушчаныя ў гэтым аналізе фактычныя памылкі: аўтар тлумачыць нізкую культуру Лукашэнкі адсутнасьцю ў яго вышэйшай адукацыі, сьцьвярджае, што за выняткам афіцыйнай праваслаўнай усе іншыя канфэсіі ў Беларусі забароненыя, гаворыць пра Янку Купалу ды Якуба Коласа (у тэксьце Yan Kupaloits et Yakub Kolos) як пра вялікіх паэтаў, якія складаюць вершы ў гонар Лукашэнкі, блытаецца ў назвах міжнародных арганізацыяў АБСЭ/АЭСР (OSCE/OCDE), называе 1999-ы, а не 2000 год годам збайкатаваных апазыцыяй выбараў у «палатку», заяўляе пра падтрымку расейскімі СМІ кампаніі Ганчарыка падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году, а іх вынікі разглядае як адлюстраваньне стану грамадзкае думкі, нарэшце, даводзіць, што Пуцін, паводле прыкладу Лукашэнкі, вырашыў вярнуцца да савецкіх дзяржаўных эмблемаў. Але нягледзячы на гэтыя хібы, аналіз Люка Дзюамэля - даволі цікавая спроба напісаць палітычны партрэт ды акрэсьліць матывацыі паводзінаў асноўнага актора беларускай палітычнай сцэны.

Два наступныя аналізы, напісаныя Арэлі Лякасань і Віржыні Піранон, закранаюць адпаведна праблемы абароны правоў чалавека ў Беларусі і рэалізацыі свабоды слова. У іх Беларусь паўстае краінай з доўгай традыцыяй павагі да падставовых правоў чалавека, якая сягае ў сярэднія вякі. «Судзебнік Казімера» на два стагодзьдзі апярэдзіў брытанскі «Habeas Corpus»! Беларусь была вядомая сваёй талерантнасьцю і прыязнасьцю да прадстаўнікоў розных канфэсіяў, што перасьледаваліся ў іншых краінах, а ўніяцтва трэба лічыць сымбалем рэлігійнай цярпімасьці. Такая гістарычная традыцыя, пры адпаведным асэнсаваньні, можа паспрыяць усьведамленьню беларусамі неабходнасьці абароны правоў чалавека.

Аналізуючы тэкст Канстытуцыі ў рэдакцыі 1996 году, Арэлі Лякасань паказвае, што, нягледзячы на фармальнае замацаваньне асноўных правоў ды свабодаў асобы, мэханізмы іх абароны вельмі далёкія ад дэмакратычных нормаў, перадусім дзеля залежнасьці судовай улады ад прэзыдэнта. Спасылаючыся на справаздачы беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацыяў, а таксама на ўласны досьвед, яна апісвае абмежаваньні, якія існуюць у нашай краіне ў галіне асабістай бясьпекі, свабоды слова, сумленьня, перамяшчэньня, павагі да прыватнага жыцьця, а таксама права атрымліваць адукацыю і інфармацыю на роднай мове.

Парадокс беларускай сытуацыі ў тым, што пры вялікай колькасьці незадаволеных рэжымам апазыцыя застаецца малалікай. Адна з прычынаў гэтага палягае ў нізкай палітычнай культуры беларусаў, якія не давяраюць прадстаўнічым органам улады і такім пасярэднікам паміж уладай і грамадзянскай супольнасьцю, як палітычныя партыі ды грамадзкія арганізацыі. Міжнародная ж рэакцыя на парушэньні правоў чалавека ў Беларусі або недастаткова актыўная, або непасьлядоўная, асабліва з боку эўрапейскіх структураў. Прызнаючы пазытыўнае значэньне сталага ціску ЗША на беларускі рэжым, нават калі ён чыніцца з чыста «геастратэгічных» прычын, аўтарка падкрэсьлівае, што ізаляцыя наагул ня йдзе на карысьць беларусам.

У гэтым артыкуле не адпавядае праўдзе пасьпешлівае сьцьверджаньне, што трансьляцыя расейскіх тэлеканалаў ОРТ і НТВ, «адзіных крыніцаў праўдзівай інфармацыі», спынена беларускімі ўладамі і што траціну «сэнату», верхняе палаты парлямэнту, прызначае прэзыдэнт (насамрэч ён прызначае «ўсяго» адну восьмую яго чальцоў). Выклікае таксама зьдзіўленьне празьмернае захапленьне аўтаркай роляй «Хартыі'97» у абароне правоў чалавека. Зрэшты, яно ўласьцівае шмат якім замежнікам.

Віржыні Піранон у сваім артыкуле засяродзілася на незалежнай прэсе Беларусі, перасьлед якой сьведчыць пра парушэньне канстытуцыйнага права на свабоду слова. Улады, каб пазьбегчы абвінавачаньняў у таталітарызьме, дапускаюць існаваньне незалежных друкаваных СМІ, але ставяць іх у такія ўмовы, што яны ўвесь час знаходзяцца на мяжы закрыцьця. На матэрыяле інтэрвію з журналістамі незалежных выданьняў (Паўлюком Быкоўскім і Ірынай Халіп) даюцца канкрэтныя прыклады ўціску ўлады на прэсу, пачаткам якога можна лічыць скандал з публікацыяй дакладу дэпутата С. Антончыка, калі газэты выйшлі зь «белымі плямамі» замест яго. Пасьля выкарыстоўваліся самыя розныя мэханізмы наступу на свабоднае слова: перавод Беларускага Дому друку пад апеку Адміністрацыі прэзыдэнта, замена галоўных рэдактараў дзяржаўных выданьняў прэзыдэнцкімі стаўленікамі, забарона бюджэтным установам падпісвацца на незалежную прэсу, маральны ціск на беларускіх і замежных журналістаў, арышты і судовыя працэсы супраць іх, ускладненьне рэгістрацыі новых выданьняў і закрыцьцё старых, кампаніі перарэгістрацыі, надуманыя папярэджаньні з боку Дзяржкамдруку, дыскрымінацыйныя расцэнкі на друк і экспэдыцыю для незалежнай прэсы, забарона дзяржаўным службоўцам даваць ёй камэнтары, канфіскацыя накладаў ды абсталяваньня прыватных друкарняў.

Сярод хібаў артыкулу назавём няправільны пераклад на францускую назвы газэты «Наша Ніва» (як «Наша неба») і няправільнае напісаньне прозьвішча былога генпракурора Бажэлкі (як Bodelko)2.

  (нар. у 1972 г. у вёсцы Дворышча Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці) - дасьледнік вонкавай палітыкі Беларусі. Скончыў факультэт міжнародных дачыненьняў БДУ. Выкладчык франка-беларускага факультэту палітычных навук і праблемаў эўрапейскай інтэграцыі ЭГУ.

*Назва тэксту паходзіць ад рэакцыі























1 Натуральна, што я ня буду спыняцца на ўласным артыкуле «Захад ці Ўсход: хістаньні ды няпэўнасьці беларускае замежнае палітыкі».
   


Прыкладна роўныя памерам артыкулы Мальвіны Бакон-Жыбо ды Ранана Эрвуэта займаюць разам прыкладна траціну кнігі. У першым зь іх («Культура і пошук саматоеснасьці ў Беларусі») стан культуры ў нашай краіне называецца выняткавым. Будучы адасобленай як ад Захаду, так і ад Расеі, яна стала інструмэнтам змаганьня за сьцьвярджэньне альбо адмаўленьне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці. Мастацкія пошукі адыгрываюць у ёй другасную ролю, пагатоў што творцы дзеюць у цяжкіх матэрыяльных варунках.

Далей даецца агульны агляд беларускага фатаграфічнага мастацтва, кіно, тэлевізіі, жывапісу, танцаў, музыкі, моды, тэатру ды літаратуры. Асаблівасьць беларускае фатаграфіі, а таксама літаратуры ды жывапісу - у дамінаваньні букалічных ды рамантычных матываў і малой ступені аўтарскай суб'ектывізацыі, што выклікана неабходнасьцю пазытыўнае прэзэнтацыі краіны (гэтую тэзу можна аспрэчыць хаця б на прыкладзе «Глёрыі Патрыя» Зянона Пазьняка).

Культурнае супрацьстаяньне ўлады ды грамадзянскай супольнасьці ілюструецца на прыкладзе фільмаў «Нянавісьць: дзеці ілжы» Азаронка ды «Звычайны прэзыдэнт» Хашчавацкага. Артыкул пісаўся да зьяўленьня беларускіх «блякбастэраў» «У жніўні 44-га» ды «Настасьсі Слуцкай», таму ў ім даецца вельмі пэсымістычная ацэнка беларускага кінэматографу. Тэатар называецца сфэрай, дзе культура і палітыка асабліва зьнітаваныя, бо мадэрная тэатральная актыўнасьць беларусаў разьвілася задоўга да набыцьця імі палітычнай незалежнасьці, а значыць, можна гаварыць аб гістарычнай легітымацыі незалежнасьці дзякуючы творчасьці «Каганца, Купалы, Коласа, Буйло і Родзевіча». Мовай тэатру і музыкі вельмі часта застаецца беларуская, што можа таксама разглядацца як форма пратэсту.

Канчаецца аналіз высновай, што беларуская культура балянсуе паміж элітарнасьцю ды народнасьцю і адзначаецца поўнай адсутнасьцю снабізму. Паўнавартаснае культурнае разьвіцьцё будзе зарукаю лепшай будучыні нацыі, бо дазволіць пабудаваць нацыянальную сьвядомасьць на базе «супольнай культуры, а ня згадак пра супольныя пакуты ды войны».

Ранан Эрвуэт у артыкуле «Быць на дачы: аналітычныя заўвагі на падставе палявога дасьледаваньня» спыняецца на шырока распаўсюджаным фэномэне постсавецкага жыцьця - дачы (лецішчы): «Прадмет бясконцых размоваў у штодзённым жыцьці, тэма шматлікіх тэлевізійных перадачаў і асобных рубрык у газэтах і часопісах, фэномэн дачаў улічваецца нават уладамі, калі яны прызначаюць дату выбараў». Лецішча - гэта «дом гараджанаў, разьмешчаны за межамі гораду, дзе адпачываюць, але дзе найперш працуюць на агародзе». Дачная дзейнасьць ня зводзіцца толькі да догляду дачнага дому і працы на агародзе, але пашыраецца на сымбалічна зьвязаную з дачай прастору (збор ягадаў і грыбоў, рыбалка паблізу дачы, выраб у гарадзкой кватэры прыладаў, неабходных для дачы, спажываньне і абмен садавіны ды гародніны, вырашчаных на дачы, і г. д.).

У аналізе фармулююцца тры рабочыя гіпотэзы: 1) дача служыць сродкам выжываньня ў варунках эканамічнай крызы; 2) дача служыць месцам, дзе суб'ект можа канструяваць сябе праз «адбудову» сваёй тэрыторыі і свайго атачэньня (суседзяў, сяброў); 3) «дачная» гаспадарчая сыстэма стварае сетку кліенталісцкіх дачыненьняў, бо трымаецца на аказаньні паслугаў за неграшовыя формы падзякі (напрыклад, самагон). Яны спраўджваюцца пры дапамозе «палявога дасьледаваньня», якое палягала ў праведзеных на працягу двух гадоў інтэрвію зь людзьмі рознага ўзросту, розных сацыяльных групаў і ў розных мясьцінах Беларусі.

Аднак чыста эканамічнае вытлумачэньне дачнай актыўнасьці недастатковае, бо шматлікія рэспандэнты прызнавалі эканамічную нерэнтабэльнасьць працы на дачы і гаварылі пра іншыя стымулы, якія штурхаюць у яе абдымкі. Таму аўтар аддаў перавагу культуралісцкаму падыходу. Для пасьпешліва ўрбанізаванага позьнесавецкага і постсавецкага грамадзтва дача была і ёсьць уцёкамі ад шэрасьці ды чэрствасьці прамысловага гораду, які не дазваляе пачуваць сябе вольна. Толькі быцьцё за горадам, на дачы, дазваляе асобе падагнаць навакольную рэчаіснасьць пад сябе.

Дзеля гэтага дача адыгрывае дваістую ролю: вызваляючы ад гораду, яна адначасова і «заганяе» ў іншую залежнасьць, стварае новы сацыяльны прымус. Жыцьцё на дачы не пакідае часу і свабоды на палітычную дзейнасьць. Дачнікі ў масе сваёй падтрымліваюць уладу, калі яна гарантуе забесьпячэньне мінімальных матэрыяльных патрэбаў узамен за ўразаньне палітычных правоў.

Два наступныя артыкулы кнігі напісаныя Рышарам Русо - канадзкім сацыёлягам, які спэцыялізуецца на посткамуністычных грамадзтвах. Першы, больш кароткі, тычыцца вельмі актуальнага сёньня пытаньня - забесьпячэньня Беларусі энэрганосьбітамі («Беларускі энэргетычны сэктар: сталы расейскі ўплыў»). Наша краіна залежыць ад расейскіх энэрганосьбітаў, а энэргетычная палітыка беларускага ўраду пры нерэфармаванай структуры прамысловасьці зводзіцца да выбіваньня з Расеі нізкіх тарыфаў на газ, разьлік за пастаўкі якога яшчэ нядаўна ажыцьцяўляўся ў неграшовай форме. У доўгатэрміновай пэрспэктыве гэтая палітыка неэфэктыўная, паколькі спрыяе захаваньню нярынкавых мэханізмаў у эканоміцы і вядзе да марнаваньня рэсурсаў. Хоць Расея застаецца асноўным энэргетычным партнэрам Беларусі, беларускаму кіраўніцтву варта больш актыўна адстойваць нацыянальныя інтарэсы ў галіне энэргетычнай бясьпекі.

У другім артыкуле Рышар Русо аналізуе наступствы Чарнобыльскай катастрофы для Беларусі, а таксама палітыку беларускай дзяржавы што да насельніцтва, якое жыве на забруджаных тэрыторыях. Пасьля агульнага аповеду пра аварыю ды злачынную палітыку яе замоўчваньня камуністычным кіраўніцтвам у цэнтры ды на месцах, што яшчэ раз падкрэсьліла неэфэктыўнасьць савецкае сыстэмы3, аўтар засяроджваецца на характары радыеактыўных выкідаў ды іх узьдзеяньні на здароўе людзей. Аўтар падкрэсьлівае тэндэнцыю як савецкіх уладаў, так і чыноўнікаў МАГАТЭ заніжаць нэгатыўнае ўзьдзеяньне радыяцыі на здароўе людзей. Але якімі б ні былі ацэнкі наступстваў аварыі, відавочна, што Беларусь сутыкаецца з істотным павелічэньнем колькасьці такіх захворваньняў, як рак шчытападобнай залозы, лейкемія, сардэчныя паталёгіі, якое будзе доўжыцца, на думку спэцыялістаў, да 2010 году.

  2 Дарэчы, агульная заўвага да выданьня - гэта недасканалая перадача беларускіх прозьвішчаў ды назваў. Збольшага назва нашай краіны перадаецца як Беларусь (Bélarus), хаця часам сустракаецца і Белоруссія (Biélorussie). Назва ж Белавескае пушчы скача ў розных аўтараў ад Bélavège да Belovege, а бальшыня беларускіх прозьвішчаў даецца ў расейскім гучаньні: паўсюль Loukachenko і нават Zianon Pozniak, хаця на адной старонцы са спадарамі Viktor Gonchar i Dmitry Bulakhov сустракаецца Anatol Labiedźka. На адной і той жа старонцы чытаем Vassil Bykov i Ales Razanau, праз пару старонак - Gennady Buravkin i Ryhor Baradulin. У аднаго і таго ж аўтара можна знайсьці Olga Ipatava i Olga Ipatova, V. P. Néklaev i Vladimir Nekliaev.
    Дзяржава ж усё больш і больш «забываецца» пра Чарнобыль.
Дзяржаўная праграма аб ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай аварыі, прынятая ў 1989 годзе, не была выканана, а дзеяньне абодвух законаў 1991 году пра абарону ды кампэнсацыі для пацярпелых паступова згортвалася пасьля 1994 году. Аўтар падрабязна распавядае пра зьмену чарнобыльскай дзяржаўнай палітыкі Беларусі за Лукашэнкам: зьмяншэньне кантролю за забруджанымі рэгіёнамі, неспрыяльны клімат супрацоўніцтва зь міжнароднымі гуманітарнымі ды мэдычнымі арганізацыямі, паўторнае засяленьне тэрыторыяў, жыхары якіх раней былі адселеныя, перасьлед навукоўцаў, якія вывучаюць наступствы аварыі (напрыклад, Ю. Бандажэўскага).

У артыкуле выклікаюць зьдзіўленьне сьцьверджаньні, што на пераадольваньне наступстваў Чарнобыльскай катастрофы выдаткоўваецца 25 % ад гадавога бюджэту Беларусі4 і што прыярытэтамі абранага ў 1994 годзе прэзыдэнта Беларусі была «пабудова нацыі» (nation building) ды аднаўленьне сацыялістычнай палітыкі ў эканамічнай ды сацыяльнай галіне.

Канчаецца зборнік артыкулам «Сьведчаньні пра Чарнобыль: адлюстраваньне аварыі ў гуманітарных навуках і мастацтве», напісаным Гіёмам Грандазі і Фрэдэрыкам Лемаршанам5 з удзелам Віржыні Шыманец. Абапіраючыся на вынікі двухгадовага сацыяантрапалягічнага дасьледаваньня наступстваў аварыі ў Беларусі, аўтары паказваюць, якім чынам гэтая гісторыя «без герояў» («ліквідатары» моўчкі канаюць у шпіталях) падзейнічала на ўяўленьні і паводзіны беларусаў, а таксама як навука й мастацтва спрабуюць адлюстраваць гэтыя працэсы. Гісторыя «чарнобыльцаў» - гэта гісторыя пераможаных, а значыць, постмадэрновая гісторыя (мадэрновая гісторыя пішацца пераможцамі6), а таму перад намі паўстае радыкальна новае вымярэньне гісторыі чалавецтва/чалавечнасьці (l'humanité), для якога сьведчаньні «анямелых» насельнікаў забруджанай зоны маюць большую вартасьць, чымся зьвесткі навукоўцаў і палітыкаў.

Існуюць дзьве парадыгмы асэнсаваньня Чарнобылю: «рацыяналістычна-матэрыялістычная», паводле якой аварыя нічым не адрозьніваецца ад іншых і трэба шукаць практычныя шляхі ліквідацыі яе наступстваў (як гэта робяць В. Несьцярэнка або Ю. Бандажэўскі, які памылкова названы былым рэктарам гомельскай «Акадэміі навук»), і «мэтафізычная», якая вызначаецца адчуваньнем надыходу радыкальна новага сьвету, у якім руйнуюцца нашы ўяўленьні пра прастору і час (прадстаўлена, у прыватнасьці, творчасьцю С. Алексіевіч).

На думку аўтараў, тэхнакраты-навукоўцы спрыяюць «баналізацыі аварыі», а як толькі нехта зь іх выводзіць праблему на палітычны ўзровень, пачынаецца яго палітычны перасьлед. Каб пазьбегчы маштабных трагедыяў і ператварэньня грамадзтва ў сьвет суцэльных ахвяраў, такія падзеі варта «палітызаваць да скрайнасьці».

Пры канцы кнігі прыведзены сьпіс найноўшых выданьняў на ангельскай, францускай ды нямецкай мовах, так ці інакш прысьвечаных Беларусі.

Варта пагадзіцца з укладальнікамі кнігі, што іх выданьне зьмяшчае «сапраўдны заклік да эмпірычнага ды крытычнага дасьледаваньня Беларусі». А тое, што Беларусь усё часьцей робіцца самастойным аб'ектам навуковага дасьледаваньня, ня можа ня радаваць, да вялікае скрухі «державников-северозападников».

 

3 Дарэчы, тут жа маем арыгінальнае сьцьверджаньне, што быццам у 1990-м поруч з інтэлігенцыяй палітычнае кіраўніцтва БССР таксама выступала за поўны сувэрэнітэт Беларусі і што адзіным стрымліваючым чыньнікам быў народ, які нібыта баяўся застацца сам-насам з чарнобыльскай бядой, чым і тлумачыцца яго падтрымка гарбачоўскага варыянту новае саюзнае дамовы.

4 У бюджэце на 2004 год на «Пераадольваньне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» адводзіцца 431.468.804,1 рублёў з 13.913.542.964 рублёў, або 3,1 %.

5 Нядаўна яны ўклалі кнігу «Маўчаньне і замоўчваньне Чарнобылю. Забруджаная будучыня» (Les silences de Tchernobyl. L'avenir contaminé ), якая мае пабачыць сьвет у траўні 2004 году ў выдавецтве ўнівэрсытэту францускага гораду Кану (Caen).

6 Аўтары цытуюць Вальтэра Бэньяміна, для якога мадэрная гісторыя - гэта «аповед тых, хто, атрымаўшы перамогу, далучаецца да трыюмфальнага шэсьця, у якім сёньняшнія гаспадары крочаць па целах тых, хто сёньня быў скароны».

   
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (31) - 2004

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю,   Майстраваньне [mk], Абнаўленьне [czyk]
Copyright © 1998-2004 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2004/11/1