ГІСТАРЫЧНЫЯ ПАРАЛЕЛІ
«Спорт фармуе культуру аптымізму, культуру бадзёрасьці», - сьцьвярджаў пралетарскі ідэоляг Анатоль Луначарскі. Мажліва, таму ў эпіцэнтры таталітарызму XX стагодзьдзя - Савецкім Саюзе - была створана шырока разгалінаваная сыстэма спартовых таварыстваў і клюбаў. Спаборніцтвы па розных відах спорту ладзілі дваровыя каманды і прафэсійныя майстры. Калі краіну-монстра ліхаманіла ад страшэнных рэпрэсіяў, «бацька ўсіх народаў» атрымліваў ні з чым не параўнальную асалоду, назіраючы за пампэзна-масавымі парадамі найлепшых у сьвеце савецкіх спартоўцаў. Пышнагрудыя маладзіцы-фізкультурніцы з букетамі папяровых кветак, шыракаплечыя атлеты з партрэтамі правадыроў, дасканалай роўнасьці шэрагі гвардзейцаў дывізіі імя Дзяржынскага, пераапранутых у бела-блакітныя кашулі зь фірмовай дынамаўскай літарай (усё гэта вам нічога не нагадвае?!)... Чорны 1937-ы адзначыўся ў гісторыі ці ня самай паказной дзеяй. Спартовы парад на Чырвонай плошчы ў Маскве, прымеркаваны да Дня фізкультурніка, увянчаўся футбольным матчам двух складоў «Спартака». Адмыслова для гэтага быў пашыты лямцавы дыван плошчай у 10 тысячаў квадратных мэтраў, які пасьля пафарбавалі ў зялёны колер і ў лічаныя хвіліны разгарнулі перад трыбунай Маўзалею. «Найлепшы сябра ўсіх фізкультурнікаў» зь вялікай цікавасьцю назіраў за спэктаклем - падарункам першага сакратара ЦК Камсамолу Аляксандра Косарава.
Гэта па-свойму перагукаецца з жыцьцём сучаснай Беларусі.
СПАРТОЎЦЫ-ДЫПЛЯМАТЫ
Мы даўно прызвычаіліся да ролі дзяржаўных СМІ як самага апэратыўнага рупару ідэяў Аляксандра Лукашэнкі. Прэзыдэнцкія выказваньні трывала ўвайшлі ў лексыкон «чэсных» журналістаў. Сёньня пасьля чарговае прыкметнае перамогі беларускіх атлетаў на міжнароднай арэне яны зноў і зноў паўтараюць: «Нашыя спартоўцы - найлепшыя дыпляматы!».
Доўгі шлях да сусьветных вяршыняў для большасьці спартоўцаў пачынаецца зь першых клясаў школы. Загубленае дзяцінства, дзесяцігодзьдзі штодзённых трэніровак, тоны пралітага поту - усё гэта кладзецца на алтар будучых перамогаў. Апранаючыся ў форму нацыянальнай зборнай, чалавек перш за ўсё бярэ на сябе вялікую адказнасьць, бо ён мусіць бараніць гонар сваёй Радзімы й выступаць пад дзяржаўным сьцягам. У сваю чаргу кожная перамога атлета - несумненная заслуга яго краіны, што здолела ўзгадаваць і падрыхтаваць чэмпіёна.
Шмат хто зь легендарных чэмпіёнаў стаўся сымбалем свайго пакаленьня і пасьля завяршэньня спартовай кар'еры плённа папрацаваў дзеля дабра і міру ў якасьці прадстаўнікоў дабрачынных і міратворчых арганізацыяў. Пэле, Джоні Вэйсьмюлер, Мухамад Алі, Джэсі Оўэнс - усе яны сталі нацыянальнымі героямі і сапраўднымі кумірамі мільёнаў жыхароў плянэты і ўвасабляюць пэўны пэрыяд сусьветнае гісторыі. У беларусаў гэта Аляксандар Мядзьведзь, Рамуальд Клім, Віктар Сідзяк, Віталь Шчэрба, Сьвятлана Багінская... Але ніхто ня кажа, што ЗША, Нямеччына, Бразылія, Францыя ды іншыя краіны, што ўзгадавалі вялікіх чэмпіёнаў, толькі тым і вядомыя ў сьвеце. Толькі ж менавіта ў гэтым імкнуцца нас пераканаць прыдворныя лёкаі. Ёсьць і іншы прыклад - Лібэрыя, якая ўжо не адно дзесяцігодзьдзе пакутуе ад грамадзянскіх войнаў. Нацыянальны герой краіны - футбаліст Джордж Вэа - ці не адзінае, што лучыць лібэрыйцаў з цывілізаваным сьветам. Але ці варта шукаць сабе гэткія арыенціры? Калі палітычны лідэр маладой сувэрэннай дзяржавы носіць званьне апошняга дыктатара Эўропы, калі айчынная гісторыя перапісваецца нанава ці ня кожныя два гады, а нацыянальная мова і культура народу сьвядома вынішчаюцца ўладай, калі ў людзей адсутнічае пачуцьцё нацыянальнага гонару і годнасьці - спартовая карта застаецца адзіным козырам у калодзе тых, хто трымае ўладу.
КАРАЛЕЎСКІ АПЭТЫТ - ЖАБРАЦКІЯ МАГЧЫМАСЬЦІ
Згодна з дадзенымі Міністэрства спорту і турызму, на падрыхтоўку беларускай каманды да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях у аўстралійскім Сыднэі было выдаткавана зь дзяржаўнага бюджэту каля 10 мільёнаў даляраў. Да сёлетніх Гульняў у Атэнах нашым спартоўцам вылучаная большая сума. І гэта толькі афіцыйная статыстыка, якая можа ў значнай ступені адрозьнівацца ад рэальных лічбаў. Далучыце яшчэ дзьве зімовыя Алімпіяды, а таксама процьму самых розных неалімпійскіх відаў спорту, што культывуюцца ў краіне на дзяржаўныя грошы, і вы атрымаеце надзвычайна вялікую лічбу. У столькі нам штогод абыходзяцца перамогі спартоўцаў.
На найбуйнейшых сусьветных і кантынэнтальных спаборніцтвах нікога не зьдзіўляюць традыцыйна лідэрскія пазыцыі багатых дзяржаваў - ЗША, Нямеччыны, Францыі і г. д. У той жа час нярэдка ў выніковай табэлі Беларусь займае месцы побач ці нават вышэйшыя за такія высакаразьвітыя эўрапейскія краіны, як Вялікабрытанія, Галяндыя, Швайцарыя. Ну і што, ім ад гэтай роўнасьці тамака, «за мяжой», горш жывецца?! Ці, мажліва, мы такія магутныя і багатыя, што здольныя дазволіць сабе цягнуць на ўласных плячах мноства летніх алімпійскіх відаў, паўтузіна зімніх і яшчэ торбу тых, што не ўваходзяць у алімпійскую праграму? У рэйтынгу «The Global Competitiveness Report 2002-2003», усебаковай міжнароднай крыніцы дадзеных, заснаванай на параўнальным дасьледаваньні эканамічнага росту 80 вядучых краінаў сьвету, Швайцарыя займае 6-ы радок, Вялікабрытанія - 11-ы, Нідэрлянды - 15-ы. Беларусі ў ім няма зусім.
Галоўныя аргумэнты дзяржаўных дзеячоў - падтрыманьне рэнамэ перадавой спартовай краіны і здаровага ладу жыцьця - ня маюць пад сабой падставаў. Сучасная Беларусь не валодае эканамічнымі магчымасьцямі для разьвіцьця ўсіх алімпійскіх відаў. А для прапагандаваньня здаровага ладу жыцьця дастаткова і некалькіх нацыянальных відаў спорту. Прыкладам, 3,5-мільённая Літва толькі ў апошнія некалькі гадоў стала пераможцай эўрапейскага першынства ды прызэрам Алімпійскіх гульняў у такой папулярнай гульні, як баскетбол. Латышы (іх 2,4 мільёна) летась трапілі ў фінальную частку чэмпіянату Эўропы па футболе, гульні № 1 у сьвеце. А іх хакейную зборную на сусьветным першынстве ў Фінляндыі прыляцела падтрымліваць 7-тысячнае (!) войска фанатаў.
Расьцярушваньне дзяржаўных грошай на велізарную колькасьць «беларускіх» і «небеларускіх» (ненатуральных для нас) відаў спорту тлумачыцца толькі прапагандысцкімі мэтамі. Таму перамогі беларускіх атлетаў нярэдка аказваюцца піравымі. Спартовая верхавіна (сябры нацыянальных камандаў, іх трэнэры, чынавенства) атрымлівае ўсё, на разьвіцьцё ж дзіцяча-юнацкага спорту не застаецца амаль нічога.
Пакуль спорт ня станецца хаця б напалову камэрцыйным і будзе існаваць на дзяржаўныя датацыі, трыюмфы беларускіх спартоўцаў на міжнародных спаборніцтвах будуць успрымацца не як нацыянальнае дасягненьне, а прапагандысцкія штучкі. Дарэчы, ужо цяпер ёсьць прапановы, накіраваныя на камэрцыялізацыю нацыянальнага спорту, напрыклад прапануецца ўвесьці яго льготнае падаткаабкладаньне. Летась былі падпісаныя два дэкрэты, згодна зь якімі наймацнейшыя хакейныя і футбольныя клюбы былі замацаваныя за буйнымі прамысловымі прадпрыемствамі.
ВАРАГІ-«ПАТРЫЁТЫ»
У апошні час спартоўцы масава зьмяняюць сваё грамадзянства. Бразыльскія футбалісты, на радзіме якіх існуе фантастычная канкурэнцыя за ўдзел у нацыянальнай зборнай, гуляюць за іншыя краіны. У адрозьненьне ад іх, афрыканцы мяняюць дзяржаўную прыналежнасьць пераважна з мэркантыльных прычынаў. Гляньце на зборную чэмпіёнаў плянэты-2002 - Францыі. У ёй зь цяжкасьцямі можна адшукаць 3-4 прозьвішчы карэнных французаў. Калі інтэрнацыянальная міграцыя ў футбольным супольніцтве набыла масавы характар, Міжнародная фэдэрацыя футболу ўхваліла выратавальны праект. Цяперака гулец мае права бараніць колеры іншае краіны толькі ў выпадку, калі не правёў аніводнага матчу ў складзе сваёй зборнай.
Міграцыя спартовых кадраў, якая мае месца ў сёньняшняй Беларусі, таксама перасягнула ўсе прымальныя памеры. Калі гэтая тэндэнцыя будзе мець свой працяг, мы рызыкуем страціць нацыянальны спорт і ўласную школу падрыхтоўкі будучых чэмпіёнаў. Як ні круці, але беларусы маюць свае слынныя спартовыя традыцыі і мусяць берагчы іх. Аднак міністэрскія чыноўнікі вынайшлі новы спосаб для набыцьця мэдалёў, такіх неабходных для справаздачаў перад прэзыдэнтам. Кіраўнік дзяржавы патрабуе на Алімпіядзе ў Атэнах 25 мэдалёў. Будзь ласкаў, спадар Чынадрал, выканаць гэта, інакш зьляціш з сваёй пасады.
У гэткіх экстрэмальных умовах і нараджаюцца згубныя для беларускага спорту ідэі. Разумеючы, што за два-тры гады майстра экстраклясы не ўзгадаваць, спартовыя начальнікі вырашаюць іх набыць па суседзтве - у Расеі ці ўва Ўкраіне. Біятлён, бокс, барацьба, дзюдо, мастацкая гімнастыка, ірты, скачкі ў ваду, фігурнае коўзаньне - ува ўсіх гэтых відах зімовае і летняе алімпійскае праграмы гонар сувэрэннае Беларусі бароніць вялікая колькасьць гасьцей з суседніх краінаў. Часам іх у нацыянальных камандах амаль 100 адсоткаў.
Найлепш ілюструе сучасныя тэндэнцыі ў айчынным спорце біятлён. Беларуская школа стральцоў-ірцяроў стала вядомай у сьвеце шмат у чым дзякуючы расейскім спартоўцам, якіх у маладосьці доля закінула ў Беларусь ці якія зьмянілі спартовае грамадзянства з прычыны высокай канкурэнцыі на радзіме. Пад беларускімі сьцягамі не адзін год выступалі і выступаюць сусьветна вядомыя расейскія атлеты Яўген Рэдзькін і Віктар Майгураў, Аляксандар Папоў і Вадзім Сашурын, Уладзімер Драчоў і Аляксей Айдараў...
Але адна справа, калі ў краіну едуць 16-18-гадовыя пэрспэктыўныя юніёры, зь якіх пасьля беларускія трэнэры «лепяць» (на роўных умовах з нашай моладзьдзю) чэмпіёнаў. І зусім іншая, калі месцы ў нацыянальнай зборнай займаюць дасьведчаныя 25- 35-гадовыя варагі, чыя кар'ера ідзе на спад. Як правіла, яны адразу атрымліваюць кватэры, ім ствараюць «цяплічныя» для жыцьця і трэніровак умовы, якія яны мусяць адпрацоўваць мэдалямі, заваяванымі на найбуйнейшых спаборніцтвах.
У выніку беларускія хлопцы і дзяўчаты апынаюцца ў сытуацыі няроўнай канкурэнцыі зь легіянэрамі і вымушаныя гадамі гібець за іх плячыма. Большасьць зь іх пакідае вялікі спорт, так і не праявіўшы сябе.
Што ж зь сябе ўяўляе сёньня беларускі біятлён, які кіраўніцтвам краіны быў ахрышчаны народным відам спорту? У асноўным складзе мужчынскай зборнай на апошніх чэмпіянатах сьвету і Эўропы толькі два выхаванцы айчыннай школы - Алег Рыжанкоў і Аляксандар Сыман. У жаночай камандзе толькі адна нашая - Людміла Ананька. Вось такі народны спорт! Хварэйце за сваіх!
Гледзячы на ўсю гэтую «братнюю» беларуска-расейска-ўкраінскую міграцыю спартоўцаў, падмацаваную пазыцыяй Лукашэнкі («Добра, што ёсьць ператок спартоўцаў… Галоўнае, каб ён меў цывілізаваны характар, каб мы дамовіліся»), міжволі задумваешся, а ці маюць і чыноўнікі, і спартоўцы-варагі якое-колечы ўяўленьне пра нацыянальную годнасьць і беларускі патрыятызм.
ЦІ СПАРТОВЕЦ НАШ ПРЭЗЫДЭНТ?!
Аляксандар Лукашэнка - самы спартовы прэзыдэнт у сьвеце. Нідзе на плянэце ня знойдзеш палітычнага лідэра краіны, які гуляе ў хакей, футбол, тэніс, езьдзіць на іртаролерах, на іртах і каўзачах. Акрамя таго, наш прэзыдэнт узначальвае Нацыянальны алімпійскі камітэт, выступае галоўным спартовым ідэолягам. Безь яго ўдзелу не абыходзіцца аніводнае буйное спартовае спаборніцтва. Пры ім спорт стварае «імідж дзяржавы», спартоўцы выконваюць функцыю «амбасадараў» Беларусі. Праўда, што і ўва ўсіх далёкіх ад дэмакратыі рэжымах спартовы сэктар займае асобнае месца ў дзяржаўнай палітыцы. Вызначым найбольш характэрныя рысы спартовай «хваробы» Лукашэнкі.
1. Яе карані бяруць свой пачатак з часоў ягонага юнацтва. Вядома, што ён пэўны час займаўся ў футбольнай сэкцыі і сёньня падчас нячастых футбольных сустрэчаў паміж палітыкамі Беларусі і Расеі дэманструе добрую тэхніку абыходжаньня зь мячом.
2. Некалькі разоў на тыдзень практыкаваньне Лукашэнкі на лёдзе малой зімовай арэны, прыбудаванай да менскага Палацу спорту, нязьменна зьбірае высокіх дзяржаўных чыноў і вядомых экс-спартоўцаў. Асабістым трэнэрам Лукашэнкі стаўся неблагі ў мінулым хакеіст, а цяпер - галоўны трэнэр нацыянальнай і моладзевай камандаў Беларусі Міхаіл Захараў, вядомы як адзін з найбольш адданых прыхільнікаў прэзыдэнта ў спартовай галіне. Любоў да хакею беларускага кіраўніцтва сталася ўжо байкай усіх языкоў. А ў ранейшых вэрсіях папулярнай кампутарнай гульні EA SPORTS «NHL» замест сапраўдных прозьвішчаў хакеістаў нацыянальная зборная Беларусі была ўкамплектаваная найлепшымі з найлепшых: Lunkashenko (менавіта такое напісаньне), Sheiman, Pastuhov...
Акрамя хакею, у нашай «верхавіны» ёсьць яшчэ адзін «абавязковы» від спорту - іртавыя гонкі. Напярэдадні апошняй «Менскай іртавіцы» тэлебачаньне амаль штодня апавядала пра тое, як, прыкладам, каманда прафсаюзаў Козіка рыхтуецца да спаборніцтваў у Раўбічах. Але найцікавейшае адбываецца на самой «іртавіцы». Там немалады ўжо прэзыдэнт (хай і ў цудоўнай фізычнай форме) зь лёгкасьцю абыходзіць на трасе маладых ірцяроў-прафэсіяналаў, а ягоная каманда раз за разам перамагае.
Яшчэ адзін сымбалічны факт: у Беларусі Лукашэнка нязьменна выходзіць на лёд пад першым нумарам. Праўда, на міжурадавай гульні ў Маскве беларускі прэзыдэнт, каб не зьняважыць прэзыдэнта расейскага, надзеў 99-ы нумар легендарнага канадзкага хакеіста Ўэйна Грэцкі. Выйшла ня надта дыпляматычна.
3. Вызначыўшы спорту асаблівае месца ў дзяржаўнай палітыцы і адзначыўшы рынак спартовых паслугаў як «адну з тых індустрыяў эканомікі, што разьвіваецца найбольш дынамічна», Лукашэнка перадаў кіраўніцтва мэдалёваздабывальнай галіной у рукі сілавікоў. Цяпер міністэрства спорту і турызму Беларусі ачольвае сумна вядомы ў сувязі з «эскадронамі сьмерці» і зьнікненьнем апазыцыйных палітыкаў экс-міністар унутраных справаў Юры Сівакоў. Кіраўнік Беларускай фэдэрацыі футболу - дзяржсакратар Савету Бясьпекі Генадзь Нявыглас, баскетболу - палкоўнік КДБ Леў Піменаў, акадэмічнага веславаньня - міліцэйскі генэрал Юры Тарабрын. Старшыня біятлённай фэдэрацыі - галоўны «кадэбіст» краіны Леанід Ерын, а хакейнай - міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў. Міністар абароны Леанід Мальцаў - кіраўнік фэдэрацыі кулявой стральбы. Пераканаўча, ці ня праўда?!
4. Аніводнае больш-менш важнае рашэньне што да спартовай палітыкі не прымаецца без удзелу Лукашэнкі. Ён вылучае стратэгічныя мэты, ставіць мэдалёвыя задачы напярэдадні Алімпіяды, узнагароджвае за посьпехі (прыкладам, беларускіх тэнісістаў пасьля перамогі над расейцамі ў спаборніцтвах на Кубак Дэвіса), ладзіць «разборкі» пасьля правалаў. Нават прызначэньне галоўных трэнэраў нацыянальных футбольнай і хакейнай зборных, Малафеева і Захарава, адбывалася пры ягоным непасрэдным удзеле, а будаўніцтва буйных спартовых комплексаў (хакейныя пляцоўкі, рэканструкцыя Палацаў спорту і воднага спорту, футбольнага манежу, гарнаіртавых трасаў) ажыцьцяўляецца пад яго нястомным кантролем.
5. Прэзыдэнт не прапускае зручнага моманту, каб выступіць перад народам на любых значных міжнародных спаборніцтвах, што ладзяцца ў Беларусі, і зарабіць дадатковыя палітычныя пункты ў сваёй несупыннай выбарчай кампаніі. Нядаўна Лукашэнка адкрываў у пераабсталяваным менскім футбольным манэжы матч сусьветнай групы Кубку Дэвіса Беларусь-Расея і скарыстаў на сваю палымяную прамову больш за рэкамэндаваныя Міжнароднай тэніснай асацыяцыяй 10 хвілінаў. У заключны дзень спатканьня, калі траўмаваны Ўладзімер Ваўчкоў па-геройску давёў гульню да перамогі, Лукашэнка «сарваўся» зь міжнароднага хакейнага турніру «Эўрапейскі выклік» і зьявіўся ў манэжы зноўку (на гэты раз у спартовай форме), каб празь якія дваццаць хвілінаў апынуцца на корце побач з тэнісістамі ў эпіцэнтры сьвяткаваньня нашае перамогі. Роўна празь дзесяць дзён на Кастрычніцкай плошчы сталіцы ён разам з прэзыдэнтам Міжнароднага зьвязу біятляністаў вітаў удзельнікаў і гледачоў 9-га першынства Эўропы па біятлёне, якое мелася адбыцца ў Раўбічах. Сапраўды, дзе яшчэ, як не на спаборніцтвах, можна выступіць перад сваімі ідэйнымі прыхільнікамі і апанэнтамі ды «сарваць» буру авацыяў. Мажліва, толькі на БТ.
6. Нельга не пазайдросьціць таму, як Лукашэнка ўсё пасьпявае. У сувязі з гэтым прыгадваецца рэзананснае інтэрвію былога кіраўніка спраў прэзыдэнта Лукашэнкі Івана Ціцянкова, якое ён даў газэце «День» у часе перадвыбарнай кампаніі 2001 году: «Амаль усе тыя пяць гадоў і пяць месяцаў, якія я быў побач зь ім, ён працаваў у суткі ня больш за тры-чатыры гадзіны. Ён прыяжджае - перш-наперш выслухоўвае службу бясьпекі, пасьля сустракаецца з прэсай. Выклікае кагосьці з справаздачай дзеля ацэнкі - і ўсё, на гэтым ягоная праца заканчваецца, прыкладна ў дзьве гадзіны дня. Пасьля ў Дразды... А там тэніс, хакей...»
КРАЙ ЛЯДОВЫХ ПАЛАЦАЎ
З пачаткам масавага будаўніцтва ўва ўсіх абласных цэнтрах краіны лядовых палацаў па тэлевізіі абвясьцілі хакейны бум і параўналі Беларусь з высокаразьвітымі скандынаўскімі краінамі: маўляў, мы наблізіліся да Швэцыі й Фінляндыі на шэсьць палацаў. Прыдворныя прапагандысты пры тым забыліся нагадаць, што ў пяцімільённым краі Суомі крытых хакейных пляцовак каля 300, а валавы нацыянальны прадукт на душу насельніцтва перавышае наш больш чым у 10 разоў. Чаму забыліся? Вядома чаму. Прэзыдэнт любіць гуляць у хакей. Прэзыдэнт любіць глядзець хакей. Пасьля аднаго з розыгрышаў юнацкага хакейнага турніру «Залатая шайба» на прызы прэзыдэнта Аляксандар Лукашэнка ўзгадваў, што ў маленстве шмат гуляў на зьледзянелым ставе, бо лепшых умоваў у вясковай дзятвы не было. Свае дзіцячыя захапленьні дзівоснай заакіянскай гульнёй ён пранёс праз усё жыцьцё. Калі ён прыйшоў да ўлады, яны сталі вызначаць дзяржаўную палітыку.
На канец XX - пачатак XXI стагодзьдзяў прыпалі найлепшыя дасягненьні нацыянальнай хакейнай зборнай: дасьведчаныя беларускія хакеісты, узгадаваныя яшчэ савецкай школай, апынуліся сярод наймацнейшых камандаў сьвету і сталі чацьвертымі на Белай Алімпіядзе-2002 у амэрыканскім Солт-Лэйк-Сыты. Гэты ўзьлёт стаўся для ўладаў цудоўнай падставай для апраўданьня затрачаных сродкаў (пабудова кожнага лядовага монстра каштавала дзясяткі мільёнаў даляраў, плюс трэба ўлічыць выдаткі на гадавое забесьпячэньне кожнага будынку). Колькасьць удзельнікаў нацыянальнага чэмпіянату павялічылі да 10. У Віцебск, Гомель, Берасьце дзясяткамі завозілі расейскіх хакеістаў. На лядовых пляцоўках распачалі трэніравацца фігурысты (зноўку масавы завоз з Расеі), шорт-трэкавікі і ўсе ахвотнікі, што маюць для гэтага грошы. Галоўная мэта будаўніцтва - разьвіцьцё і падтрымка ў Беларусі дзіцяча-юнацкага хакею - апынулася пад пагрозай.
Завяршаючы апісаньне хакейнай ліхаманкі, дадамо, што самы вялікі менскі палац спорту, які быў адрамантаваны адмыслова да красавіцкага моладзевага першынства сьвету па хакеі, мае ўсяго 3500 глядацкіх месцаў. Гэта, у сваю чаргу, не дазваляе праводзіць у краіне спаборніцтвы найвышэйшага міжнароднага ўзроўню і, як вынік, зарабляць грошы і аўтарытэт. Яшчэ раз вернемся да сямі тысячаў латыскіх фанатаў на хакейных пляцоўках Фінляндыі. У нас большасьць палацаў ня здольны зьмясьціць і паловы гэткай колькасьці гасьцей.
Здароўе нацыі - справа сьвятая. Але стаўка на разьвіцьцё ў краіне такога спэцыфічнага спорту, мякка кажучы, вельмі спрэчная, бо хакей - ня ірты і нават не футбол, ён вымагае куды больш высокіх інфраструктурных і матэрыяльных унёскаў. Каб экіпіраваць 10-гадовага хакеіста, патрэбная не адна сотня даляраў. Ці ў кожнай беларускай сям'і знойдуцца такія грошы?
Басэйнаў, тэнісных кортаў, спартовых заляў, якасных стадыёнаў - усяго таго, што так неабходна масаваму спорту, - у краіне па-ранейшаму не стае. Дагэтуль няма аніводнага ўнівэрсальнага комплексу для гульнявых відаў спорту (баскетбол, гандбол, валейбол), які б умяшчаў хаця б пяць тысячаў гледачоў. Для правядзеньня матчу Сусьветнай групы Кубку Дэвіса толькі што збудаваны крыты футбольны манэж давялося тэрмінова пераабсталёўваць у тэнісны корт, што, паводле падлікаў адмыслоўцаў, каштавала ня менш за тры мільёны даляраў.
ЦІ НЕ АДЗІНАЯ РАДАСЬЦЬ?
Хоць дзяржаўныя СМІ рапартуюць аб чарговым павелічэньні сярэдняга заробку грамадзян на 10 адсоткаў і надзвычай пасьпяховыя вынікі пасяўной кампані (па-нашаму - сяўбы), жыць так, як нашы заходнія суседзі, мы ня сталі. Да Эўропы мы не наблізіліся, рэканструяваць уласную гісторыю таксама ня здолелі. У лукашэнкаўцаў няма нацыянальнай ідэі, якая б зьяднала беларускі народ. Таму спартовыя посьпехі нашых суайчыньнікаў застаюцца ці не адзінай у Беларусі падзеяй, якую рэгулярна сьвяткуе ўся нацыя. Дзе яшчэ адчуваецца гэткая еднасьць беларусаў - правых і левых, бізнэсоўцаў і прыбіральнікаў, урадоўцаў і апазыцыянэраў, праваслаўных і каталікоў, - як пасьля гістарычных перамог футбольнай зборнай над легендарнымі галяндцамі, ці хакеістаў над швэдамі ў чвэрцьфінале Алімпійскіх гульняў, ці нашых тэнісістаў над расейцамі ў розыгрышы Кубку Дэвіса! Прэзыдэнт гэта цудоўна разумее, імкнучыся адыграць на гэтым сваю партыю. А правядзеньне ў краіне сякіх-такіх міжнародных спаборніцтваў толькі дадае ў яго калоду чарговую партыю козыраў.
Возьмем, напрыклад, апошні чэмпіянат Эўропы па біятлёне, што ў сярэдзіне лютага адбыўся ў Раўбічах. Насамрэч гэтае спаборніцтва другараднае ў міжнародным календары Міжнароднага зьвязу біятляністаў, якое да таго ж праходзіць адразу пасьля заканчэньня сусьветнага першынства. Нягледзячы на гэта, Беларусь актыўна ўзялася за падрыхтоўку і правядзеньне малапрэстыжнага турніру, выдаткаваўшы на яго вялізныя сумы і прымусіўшы выступаць перад Лукашэнкам сваіх наймацнейшых біятляністаў.
Ці патрэбны нам такі падыход? Наўрад ці. Ці патрэбныя нам спартовыя перамогі наагул? Безумоўна. Але яшчэ болей мы прагнем нармальнага чалавечага жыцьця ў цывілізаванай эўрапейскай краіне. Пакуль жа спартоўцы будуць нашымі найлепшымі дыпляматамі, да такога жыцьця будзе далёка.