A R C H E | П а ч а т а к | № 2 (31) - 2004 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
||||
ЮРАСЬ ЛІХТАРОВІЧ | ||||||
|
Юрась Ліхтаровіч
|
палітоляг, дактарант Школы прыкладных гуманітарных навук пры Інстытуце сацыялёгіі і філязофіі АН Польшчы. Апошняя публікацыя ў «ARCHE» - аналіз «Ірацкі каталізатар» (3/2003). 1 Згодна з дасьледаваньнямі палітычных элітаў Польшчы, прыведзенымі ў агляданай кнізе, прыкладна палова прадстаўнікоў цяперашніх польскіх палітычных і гаспадарчых элітаў займала ў камуністычныя часы кіраўнічыя пасады, адна трэцяя - выконвала функцыі спэцыялістаў, і толькі 11 % паходзяць зь ніжэйшых прыступак сацыяльнай лесьвіцы. |
Падобныя заявы цяжка разглядаць інакш як ідэалягічнае афармленьне сучаснага палітычнагакурсу2, у прыватнасьці арыентацыі беларускага рэжыму на палітычны modus agendi савецкіх часоў 3.
У аналізах дэмакратычных пераўтварэньняў у былым сацыялістычным блёку заўсёды гаворыцца пра эскаляцыю нацыяналізму і слабасьць дэмакратычных інстытутаў. З такога гледзішча Беларусь часта трактуецца як прыклад непасьпяховай дэмакратызацыі і слабой нацыянальнай ідэнтычнасьці. Між іншым, падобныя ацэнкі не тлумачаць спэцыфікі палітычнага разьвіцьця Беларусі і тым больш не дазваляюць прагназаваць яго магчымыя шляхі. Сваё тлумачэньне зьменаў, што перажылі былыя камуністычныя краіны за апошнія 10-15 гадоў, дае Ядвіга Станішкіс 4. У сваёй кнізе яна спрабуе паказаць, што адбывалася за кулісамі «аксамітных рэвалюцыяў» - гэтых на першы погляд нечаканых і радыкальных зьменаў, якія перажылі народы Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы 15 гадоў таму. На яе думку, гэты працэс ня быў «неспадзяваным» і «раптоўным», прынамсі для партыйнай намэнклятуры і спэцслужбаў. «Раптоўнасьць зьменаў» была толькі адмыслова створаным для насельніцтва вобразам, пэўнай новай палітычнай рэчаіснасьцю, неабходнай партыйнаму апарату для пасьпяховай зьмены свайго ідэалягічнага аблічча бяз страты ўлады і кантролю над дзяржавай. Так, у Маскве падчас жнівеньскага путчу адбыўся «путч у путчы», мэтай якога было стварыць уяўленьне пра Ельцына як абаронца дэмакратыі5. Пачынаючы яшчэ з 1984-га ў колах польскай намэнклятуры пашыраліся чуткі, што саветы адмовяцца ад вайсковай прысутнасьці ў Сярэдняй Эўропе. Нескампрамэтаваныя працай у апараце партыі польскія моладзевыя лідэры, маладыя партыйныя эканамісты, пэрспэктыўныя афіцэры спэцыяльных службаў выяжджалі на Захад, дзе іх рыхтавалі кіраваць дзяржавай пасьля таго, як партыя падзеліцца ўладай (і адказнасьцю) з апазыцыяй. У той жа год было створанае першае намэнклятурнае акцыянэрнае таварыства «Агратэхніка»6. Перадумовы такога «рэвалюцыйнага падыходу» зьявіліся ня ў 1984-м і нават ня ў 1980-м. Усьведамленьне неабходнасьці зьменаў прыйшло раней. Яно не было выклікана жаданьнем правесьці дэмакратычныя пераўтварэньні ў краіне: яго прычыны ляжаць у сфэры палітычных уяўленьняў камуністычнага кіраўніцтва, зьвязаных з паняткамі «кантроль» і «бясьпека». У нейкі момант яно зразумела, што рэальная здольнасьць дзяржавы кантраляваць памяншаецца ўва ўмовах неабмежаванай улады, замкнутай ува ўнутраных стандартах рацыянальнасьці, правільнасьць якіх нельга праверыць вонкавымі крытэрамі. Умовай рэальнага кантролю ёсьць існаваньне пэўнай сфэры, незалежнай ад уладаў. Апрача гэтага, усьведамленьне таго, што тэхналягічны разрыў паміж СССР і Захадам павялічваецца і савецкая сыстэма ня ў стане забясьпечыць мадэрнізацыю войска, прывяло да падзелаў у апараце ўлады паміж вайсковымі і палітычнымі элітамі. Спаўзаньне сыстэмы да анархіі, узмацненьне эканамічнай залежнасьці і вайсковага адставаньня СССР ад разьвітых краінаў прымусіла Крэмль таксама зразумець, што без радыкальных палітычных зьменаў немагчыма гарантаваць бясьпеку СССР. Асноўныя праблемы кіраваньня ў СССР вынікалі з супярэчнасьцяў, якія ўтрымліваў камуністычны лад. Гэта тлумачэньне палітычных і сацыяльных працэсаў праз прызму абавязковай ідэалёгіі, якая не адпавядала рэчаіснасьці, а стварала свае штучныя ўяўленьні пра грамадзтва і дзяржаву. Адсутнасьць аднаго цэнтру ўлады, падзеленай паміж партыйнымі і дзяржаўнымі органамі, спрыяла карупцыі і непрафэсійнасьці апарату. У сыстэме без акрэсьленых правоў уласнасьці, інакш кажучы ў сыстэме калектыўнай уласнасьці, няма ні рынку, які б забясьпечваў сталую актуалізацыю цэнаў, ні асноўных эканамічных інтарэсаў, якія б спрыялі рэпрадукцыі капіталу і асноўных сродкаў вытворчасьці. Эканамічная дзейнасьць у такой сыстэме зводзіцца толькі да максымізацыі вытворчасьці, што не абавязкова дае пазытыўны эканамічны эфэкт. Галоўным мэханізмам кіраваньня стала адміністрацыйнае пераразьмеркаваньне, што ўва ўмовах монапартыйнасьці вяло да абрастаньня кіраўнічага апарату рознымі нефармальнымі сувязямі. Узьнікла патавая сытуацыя: сыстэма павольна ішла да анархіі, якая стрымлівалася за кошт павелічэньня шэрай сфэры эканомікі, аўтаркіі прадпрыемстваў і аўтаноміі грамадзтва (гэта рабіла магчымым далейшае існаваньне сыстэмы, таму што зьмяншала імкненьне да зьменаў). Монапартыйнасьць і татальны кантроль з боку партыйных органаў за ўсімі сфэрамі жыцьцядзейнасьці азначалі на самай справе непадкантрольнасьць рэальных працэсаў цэнтральнай уладзе. Пра гэта нагадваюць гісторыі з карпамі, якіх разводзілі ў супрацьпажарных рэзэрвуарах, і сьвіньнямі, якіх гадавалі ў складох заводзкіх сталовак, альбо формула «маўклівага страйку» (частковага невыкананьня спушчаных зьверху плянаў), якую аблюбаваў дырэктарскі корпус. Расьлі памеры безграшовых абменаў, адбывалася зрастаньне дырэктарату дзяржаўных прадпрыемстваў і мясцовых партыйных дзеячоў з «чорным рынкам». На думку Станішкіс, адзіным лягічным вынікам быў распад усяе камуністычнай сыстэмы. Каб прадухіліць гэта, партыйныя эліты пачалі шукаць выйсьце. Пры канцы 1980-х камуністычная намэнклятура ў краінах Цэнтральнай Эўропы не пабаялася падзяліцца ўладай (і адказнасьцю) з прадстаўнікамі канструктыўнай апазыцыі, бо формула «круглых сталоў» дазваляла ёй захаваць свае прывілеі і хутка знайсьці месца ў новым посткамуністычным палітычным парадку. Працэс падзелу ўласнасьці і перадачы яе ў прыватныя рукі (намэнклятурных работнікаў і супрацоўнікаў спэцслужбаў) пачаўся за некалькі гадоў да 1989 году. Пэрспэктыва ж вываду савецкіх войскаў зьнішчыла пудзіла савецкай вайсковай інтэрвэнцыі і толькі паскорыла працэс кантраляваных зьменаў. У выпадку СССР быў яшчэ адзін чыньнік, які паўплываў на рашэньне распачаць пераўтварэньні. Частка савецкага апарату адкінула «арыентацыю на камунізм» пад уплывам дынамікі «вайсковай рэвалюцыі» (гэты тэрмін азначае сувязь паміж мадэрнізацыяй вайсковай тэхнікі, дактрын і арганізацыі ўзброеных сілаў ды палітычнымі і эканамічнымі рэформамі ў імя гэтай мадэрнізацыі). У другой палове 1970-х гадоў для яе стала відавочна, што эканамічнае і тэхналягічнае адставаньне краіны ад Захаду павялічваецца, і гэта прывядзе да паразы ў выпадку ўзброенага канфлікту. Савецкі генэральны штаб прызнаў, што ЗША ў стане выканаць «абмежаваны атамны ўдар», і вырашыў, што Захад рыхтуецца да вайны. У адказ была распрацавана арыентаваная на атаку дактрына маршала Агаркова, якая рабіла стаўку на абмежаваную прэвэнтыўную вайну - нечаканы напад войскаў варшаўскага пакту на Заходнюю Эўропу, які б падарваў здольнасьць ЗША да ядравай атакі (разьлік быў такі, што амэрыканцы ня будуць гатовыя да пераносу канфлікту на падапечную сабе тэрыторыю і таму ня выкарыстаюць ядравай зброі) і забясьпечыў бы Маскве стратэгічную ініцыятыву. Гэты плян выклікаў пярэпалах у Крамлі і сярод партыйных эліт краінаў савецкага блёку (яны баяліся амэрыканскага ядравага ўдару па сваёй тэрыторыі ў выпадку вайны). У адказ Палітбюро ЦК КПСС паспрабавала ўзмацніць кантроль над войскам. Станішкіс дапускае, што яно сьвядома прыняло рашэньне ўвесьці войскі ў Аўганістан, каб не дапусьціць вайсковай інтэрвэнцыі ў Сярэднюю Эўропу. Іншым крокам, які гарантаваў бы стабільнасьць, была дэнансацыя Варшаўскай дамовы. (Маскоўскія стратэгі спадзяваліся, атрымаўшы заходнія крэдыты і тэхналёгіі, узмацніць «унутраную імпэрыю» за кошт ахвяраваньня яе «вонкавым колам» - Сярэдняй Эўропай.) Не выпадкова ў 1985 годзе Грамыка, выступаючы ў Вене, прапанаваў мадэль нэўтралітэту для сярэднеэўрапейскіх краінаў, пазьней Гарбачоў насіўся з ідэяй «супольнага эўрапейскага дому», спрабуючы за вывад войскаў зь Сярэдняй Эўропы і сваю згоду на аб'яднаньне Нямеччыны атрымаць фінансавую дапамогу. Аднак савецкія «рэфарматары» памыліліся ў сваіх прагнозах, бо не зразумелі да канца прыроды пераўтварэньняў, якія яны самі распачалі. У выніку адбылася не мадэрнізацыя СССР, як плянавалася, а яго распад і пачатак новай фазы - посткамунізму. Першай катэгорыяй памылак, на думку Станішкіс, была надзвычай аптымістычная інтэрпрэтацыя Гарбачовым і ягоным атачэньнем сыгналаў, што зыходзілі з Захаду. Заявы заходніх палітыкаў у падтрымку ідэі «супольнага эўрапейскага дому» інтэрпрэтаваліся як падтрымка палітыкі перабудовы і адкрытасьці. Савецкае кіраўніцтва не ўзяло пад увагу, што заходнія палітыкі маюць іншы спосаб мысьленьня. Яны не ўспрымалі гэтых лёзунгаў літаральна, да таго ж яны не разумелі іх канкрэтнага зьместу. Заявы аб падтрымцы засталіся толькі заявамі. Спадзяваньні на паўтарэньне югаслаўскага ці кітайскага сцэнару ня спраўдзіліся. Гэтым краінам Захад стаў дапамагаць толькі пасьля таго, як яны пасварыліся з Масквой, а не дзеля таго, што яны распачалі рэфармаваньне сацыялістычнай сыстэмы. Другая катэгорыя памылак - гэта неразуменьне камандай Гарбачова інстытуцыйных, культурных ды геапалітычных падставаў посьпеху кітайскіх рэформаў і вера ў тое, што СССР у стане пайсьці кітайскім шляхам. У Крамлі спадзяваліся, што рэвалюцыя зьверху прывядзе да таго самага выніку, як у Кітаі, і таму сьлепа пераймалі інстытуцыйныя рашэньні, узятыя зь іншага культурнага кантэксту, што толькі паскарала сыстэмны крызыс. Трэцяя катэгорыя памылак вынікае з погляду атачэньня Гарбачова на падзеі 1989 году ў Сярэдняй Эўропе праз прызму Праскай вясны. У ім не разумелі, што ў 1989 годзе рухавіком падзеяў было не жаданьне вырвацца з-пад савецкай вайсковай дамінацыі і рэфармаваць структуры камуністычнага апарату ўлады, а імкненьне адмовіцца ад камунізму наагул, якое віталася ўнутры самога апарату ўлады. Савецкае кіраўніцтва імкнулася зьдзейсьніць скачок ад камунізму да сацыял-дэмакратыі альбо посткапіталістычнай сыстэмы, ідучы на саступкі ў палітычнай і эканамічнай сфэры: павелічэньне ролі мясцовага самакіраваньня і прадстаўнічых інстытуцыяў, дапушчэньне да ўлады «канструктыўнай» часткі апазыцыі, частковую прыватызацыю і ўвядзеньне мяшанай формы ўласнасьці. У некаторых краінах - у Польшчы7 і Вугоршчыне - эліты пайшлі значна далей, у астатніх жа назіраўся супраціў і нязгода з рэформамі. Гэтая пазыцыя была ўспрынята як пагроза новай лініі СССР, і Крэмль змушаў сваіх сатэлітаў да рэформаў, што вяло да дэстабілізацыі сытуацыі. |
2 У сваёй працы «Формирование идеологии белорусской государственности» Мікалай Сташкевіч паказвае тры падыходы да шляхоў разьвіцьця Беларусі: першы - «паляпшэньне існай сувэрэннай беларускай дзяржаўнасьці ў межах саюзнага дзяржаўнага ўтварэньня, што адраджаецца ў новай форме», другі - «узаконіць нацыянальную дзяржаўнасьць беларускага народу ў так званай «адраджэнскай» інтэрпрэтацыі як адзіную сапраўдную», трэці - «пераўтварыць Беларусь у складовы кампанэнт Заходняй Эўропы, а менавіта ўзяць за прыклад дзяржаўнасьці якую-небудзь заходнеэўрапейскую краіну і стварыць уласьцівыя ёй дзяржаўныя структуры ў Беларусі». Такую інтэрпрэтацыю аўтар называе «лібэрал-радыкальнай». У сваю чаргу дазволім сабе назваць першы падыход, якому аўтар не дае назвы, намэнклятурным. Ён быў высунуты з падачы намэнклятурных колаў на пачатку 1990-х гадоў, а цяпер кіраўнічымі коламі абвяшчаецца дамінантным. Гл.: Сташкевич Николай. Формирование идеологии белорусской государственности // Беларуская думка. 2001. № 1. С. 144-145. 3 Палітычны лад, заснаваны на камуністычным мэсіянізьме, ад самага пачатку вызначаўся жорсткім дзяржаўным цэнтралізмам, рэпрэсіямі супраць сваіх апанэнтаў - як сапраўдных, так і ўяўных, інструмэнтальным трактаваньнем права, пастаяннай мабілізацыяй масаў у палітычных мэтах, стварэньнем клясы намэнклятуры, велізарным войскам і паліцыйным апаратам, сталай арыентацыяй на агрэсію супраць іншых дзяржаўных ладоў. 4 Ядвіга Станішкіс - прафэсарка сацыялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту. Асноўныя працы: «Польшча: самаабмежаваная рэвалюцыя» (1985) выдадзена па-ангельску, «Анталёгія сацыялізму» (1988) выйшла ў самвыдаце, «Дынаміка пераўтварэньняў ува Ўсходняй Эўропе» (1992) выдадзена па-ангельску, «Посткамунізм: нараджэньне загадкі» (2000) таксама зьявілася ў англамоўным варыянце. Удзельнічала ў польскім антыкамуністычным руху, у 1968 годзе была арыштаваная, у 1980 годзе была дарадцай «Салідарнасьці» падчас перамоваў з уладамі. 5 «Адсюль абарона Белага Дому перад атакай, якой не было… ці не таму, што гэты будынак відаць з вокнаў Амбасады ЗША і ён знаходзіцца ў сфэры дзеяньня камэраў CNN, якія ствараюць факты і палітычныя сымбалі - умовы пасьпяховасьці simulacrum» . 6 «Агратэхніка» была створана на базе «Саюзу сельскай моладзі» і Вайскова-тэхнічнай акадэміі, атрымала крэдыт Сусьветнага банку на разьвіцьцё малочнай прамысловасьці, які быў выкарыстаны на пастаўкі і продаж кампутарнай тэхнікі ў СССР. |
Чацьвертая, самая істотная катэгорыя памылак - гэта няздольнасьць Гарбачова зразумець сутнасьць і сілу нацыяналізму ў рэспубліках СССР. Гарбачоў быў так званым «дзяржаўнікам», то бок прызнаваў пачуцьцё ідэнтыфікацыі зь дзяржавай і не прызнаваў пачуцьця этнічнай прыналежнасьці. Ён не аддзяляў «расейскасьці» ад «савецкасьці» і чакаў падобных настрояў ад камуністычных элітаў у рэспубліках. Іхнюю пераарыентацыю на этнічны нацыяналізм ён угледзеў запозна і перажыў сапраўдны шок8. Ён аказаўся ня ў стане нешта супрацьпаставіць супольным нацыяналістычным плятформам рэспубліканскіх элітаў і грамадзтваў, бо спадзяваўся на адваротнае - што перабудова і дэмакратызацыя прывядуць да ізаляцыі рэспубліканскай намэнклятуры, якая будзе шчыльней гарнуцца да Масквы. Аднак насамрэч нацыяналізм стаў стратэгіяй, якая дапамагла мясцовым элітам забясьпечыць пераемнасьць улады, падзел дзяржаўнай маёмасьці і захаваньне сацыяльнай гіерархіі камуністычных часоў. Рэспубліканская намэнклятура проста падмяніла палітычныя асновы свайго прывілеяванага статусу эканамічнымі.
Пятая катэгорыя памылак тлумачыцца няправільным разуменьнем партыйным кіраўніцтвам раскладаў глябальнай палітыкі. Распад савецкага блёку на асобныя часткі з розным узроўнем разьвіцьця быў выгадны індустрыйна разьвітым краінам, бо мадэрнізацыя і паступовае далучэньне паасобных краінаў да сусьветнай капіталістычнай сыстэмы каштавала менш, чым мадэрнізацыя ўсяго блёку адначасна. Пры дасьледаваньні пераходу да посткамунізму аўтарка ўводзіць яшчэ адзін элемэнт - уплыў культурнай спэцыфікі і цывілізацыйных асаблівасьцяў розных рэгіёнаў на хаду трансфармацыі. На думку Станішкіс, «падчас правядзеньня рэформаў культурны кантэкст у вялікай ступені акрэсьлівае focus - цэнтар увагі элітаў, то бок прыярытэты і задачы, а таксама падзелы ўнутры камуністычнага апарату». Яна вызначае тры культурныя зоны: культуру парадоксу (Кітай), культуру антыноміі (Расея) і заснаваную на лёгіцы бінарных вартасьцяў (logika dwuwartościowa) культуру Сярэдняй Эўропы, дзе панятак «ідэнтычнасьць» шчыльна спалучаны з паняткам «адрозьненьне» (różnica). У азіяцкай культуры разуменьне элемэнту (інстытуту) залежыць ад характару яго сувязяў з асяродзьдзем, пад зьменай у гэтай культуры разумеюць перадусім зьмену сувязяў. Менавіта гэтая культурная традыцыя абумоўлівала прыярытэты кітайскіх рэформаў: значэньне інстытуту залежыць перадусім ад структуры і арганізацыйных прынцыпаў асяродзьдзя, а не ад яго канкрэтнай формы. Вынікам такога падыходу стала захаваньне шматлікіх традыцыйных эканамічных інстытутаў, напрыклад структуры кіраваньня гаспадаркай пры зьмене прынцыпаў яе арганізацыі. Так, пры калектывізацыі сельскай гаспадаркі ў Кітаі традыцыйныя лякальныя рынкі збыту яе прадукцыі зьнішчаныя не былі. У расейскай культурнай традыцыі значэньне пэўнага элемэнту вызначаецца адначасова і яго супрацьпастаўленьнем, і яго дапаўненьнем «сукупнасьцю» элемэнтаў і сувязяў пры дапамозе выпрацоўкі «звышідэі». У раньняй савецкай ідэалёгіі гэта выразілася ў імкненьні трансфармаваць міжнародны парадак праз прызму ідэі «сусьветнай рэвалюцыі», потым - у жорсткім супрацьпастаўленьні камунізму і капіталізму. Аслабленьне магутнасьці СССР і яго залежнасьць ад індустрыйна разьвітых краінаў прывялі да таго, што камуністычная ідэя пачала ўспрымацца як «фальшывая звышідэя». Не выпадкова перабудова пачалася з пошукаў новай звышідэі - гарбачоўскага «супольнага дому». Такое мысьленьне ў антынамічных катэгорыях прыводзіць да таго, што прастора для «сучаснасьці» заўсёды паўстае пры дапамозе радыкальнага адмаўленьня традыцыі. У выніку рэфарматары не адчуваюць грамадзкіх і палітычных абмежаваньняў для свайго валюнтарызму, а іхнія экспэрымэнты даводзяць да абсурду запазычаныя з Захаду праекты рэформаў. У іх ходзе разбураюцца традыцыйныя інстытуты, якія маглі б забясьпечыць эвалюцыйнасьць трансфармацыі і значна паменшыць яе кошт. Гэта адбываецца дзякуючы адсутнасьці ў палітычнай культуры сыстэмы стрымак і супрацьвагаў, а сярод палітыкаў - пачуцьця самаіроніі, скептыцызму і памяркоўнасьці. Менавіта гэтага не зразумеў Захад, які ня верыў у непацьверджаныя інстытуцыйнымі зьменамі дэклярацыі, тады як у расейскай традыцыі сьпярша адбываецца вызначэньне цэльнага бачаньня і толькі пасьля - канкрэтызацыя. Сярэднеэўрапейская культура выпрацавала ідэнтычнасьць, заснаваную на катэгорыях «адрозьненьня» і «ўзаемнага выключэньня». У гэтай культуры камуністычная ідэалёгія трактавалася як «бачнасьць» (pozór), нармальна ўспрымалася тое, што «рэальны» камунізм не адпавядае ідэалягічным канструкцыям. Тут хутчэй адбыўся крызыс ідэалёгіі, якая ўсё больш разыходзілася з рэчаіснасьцю, лягчэй пайшла эвалюцыя камуністычнай сыстэмы і найраней былі ўведзеныя элемэнты капіталізму. У такім культурным кантэксьце сымбалічны капітал нацыянальнай традыцыі выкарыстоўваўся ў палітычных мэтах, што выклікала зьяўленьне масавага руху пратэсту. Зьмены ў такой культуры азначаюць акрэсьленьне новага статусу (тоеснасьці) элемэнту, што прыводзіць да новага характару стасункаў. Таму выхад з камунізму тут адбыўся шляхам сымбалічнага і праўнага прызнаньня палітычных і эканамічных працэсаў, якія раней нефармальна вызначылі новыя сыстэмаўтваральныя арыентацыі ўсяго грамадзтва (формула «круглых сталоў»), пры дэманстратыўным вылучэньні самога моманту пераходу. Такім чынам, аўтарка паспрабавала рэканструяваць характар мысьленьня камуністычных элітаў, аналізуючы яго асноўныя дылемы (зьмена разуменьня паняткаў «кантроль» і «бясьпека»), памылкі і асаблівасьці, у прыватнасьці, рэакцыі на выклікі і шанцы глябалізацыі. Каб высьветліць перадумовы распаду камуністычнай сыстэмы, яна разгледзела таксама культурныя кантэксты і спэцыфіку рэгіянальнага разьвіцьця. Усё гэта дазволіла ёй вытлумачыць, чаму розныя грамадзтвы па-рознаму выйшлі з камунізму і па-рознаму разьвіваліся ў фазе посткамунізму. Посткамунізм, згодна зь Я. Станішкіс, - гэта фармаваньне капіталу ўва ўмовах глябалізацыі, перадачы дзяржаўнай маёмасьці ў прыватныя рукі і намэнклятурнага, а ня рынкавага тыпу стварэньня камэрцыйных структураў. Гэтая сыстэма характарызуецца ўнутранай супярэчнасьцю: яна спалучае высокаарганізаваны капіталізм, заснаваны на сеткавым варыянце адносінаў з посткапіталістычнымі краінамі і рэнце ўлады, з традыцыйным прыватным сэктарам, які існуе на мяжы шэрай сфэры эканомікі, ня мае магчымасьці да акумуляцыі капіталу і далейшага разьвіцьця, што пазбаўляе дзяржаву стабільнасьці. Аўтарка вылучае чатыры фазы посткамунізму (асновай для дадзенай тыпалёгіі стаў досьвед Польшчы). Іх зьмена адбывалася разам зь зьменамі макраэканамічных умоваў, пераходам «адаптаванай намэклятуры» (nomenklatura uwłaszczeniowa) да новых гарызонтаў экспансіі, вычарпаньнем адных рэсурсаў і спробамі знайсьці новыя. Першая фаза - пераразьмеркаваньне, г. зн. перавод сродкаў і капіталу зь дзяржаўнага сэктару ў прыватныя рукі (1984-1989). Характарызуецца стварэньнем камэрцыйных фірмаў пры дзяржпрадпрыемствах, прыватызацыяй маёмасьці грамадзкіх арганізацый, падрыхтоўкай да стварэньня прыватных фінансавых інстытутаў. Другая фаза прыпадае на 1990-1993 гады. Вызначаецца ўзмацненьнем ролі фінансавага капіталу (банкаў) дзякуючы павелічэньню даўгоў дзяржаўных прадпрыемстваў і нарастаньню іх банкруцтваў, выкарыстаньнем фінансавых інстытутаў з мэтай «мяккага фінансаваньня» намэнклятурных фірмаў (танныя крэдыты, завышаны курс пры куплі валюты ў фірмаў-эспартэраў), зьяўленьнем «арганізаваных рынкаў» (уваход на якія адміністрацыйна абмяжоўваецца і дзе навязваюцца «свае» правілы канкурэнцыі). |
7 Тут выйсьця за інстытуцыйныя межы камунізму асабліва дамагалася частка камуністычнага апарату, зьвязаная з спэцыяльнымі службамі, якая дэ-факта выйшла на рынак міжнародных фінансавых апэрацый яшчэ ў 1970-я. 8 Аб гэтым сьведчыць рэакцыя на падзеі ў Літве. Гл.: Постановление ЦК КПСС «О срочных мерах по противодействию выхода Литвы из состава СССР». 6 марта 1990 (секретно). Исторический Архив. 1991. № 1. С. 3-5. |
Трэцяя фаза (1993-1999) вылучаецца высокім узроўнем арганізацыі і канцэнтрацыі капіталу (ствараюцца фінансава-гандлёвыя і фінансава-прамысловыя групы, адбываецца зрастаньне дзяржаўнай адміністрацыі з прафсаюзнымі элітамі і бізнэс-элітамі9), разрывам паміж арганізаваным буйным капіталам і дробным ды сярэднім капіталам (узьнікненьне алігархіі). У гэтай фазе адбываецца першы крызыс посткамуністычнай эканомікі10 - банкрутуюць намэнклятурныя акцыянэрныя таварыствы, пасьля чаго паглыбляецца камэрцыялізацыя «дзяржаўнага сэктару».
Чацьвертая фаза - «капіталізм дзяржаўнага сэктару» - характарызуецца адміраньнем дзяржавы і дэпалітызацыяй працэсаў прыняцьця рашэньняў, аслабленьнем і зьнікненьнем алігархіі пад цяжарам унутраных канфліктаў і канкурэнцыі з замежным капіталам, а таксама ўсёабсяжнай камэрцыялізацыяй дзяржаўнага сэктару. Рэзка ўзрастае важнасьць палітычных чыньнікаў: да дзяржаўных грошай кіроўная партыя дапускае толькі сваіх прыхільнікаў. Посткамуністычную дзяржаву Станішкіс вызначае як «палітыку без рэальнай улады», паводле аналёгіі з камуністычнай дзяржавай, у якой «улада існуе без палітыкі». Гэта азначае, што хоць пры прыняцьці рашэньняў адбываецца гульня розных палітычных сілаў, але дзяржаўныя інстытуты ня маюць досыць улады, каб кантраляваць выкананьне прынятых рашэньняў. Аслабленьне клясычнай мадэлі «дзяржавы аўтарытэту» з акрэсьленым і адасобленым цэнтрам кіраваньня адбываецца, з аднаго боку, пад уплывам працэсаў глябалізацыі, калі памяншаецца сфэра сувэрэннай «улады» (rządzenia) і на першы плян выходзіць здольнасьць дамаўляцца і кіраваць (zarządzanie) у рамках міжнародных нормаў. Так, роля ўрадаў і парлямэнтаў у краінах, якія прэтэндуюць на далучэньне да эўрапейскай або эўраатлянтычнай сыстэмы супрацоўніцтва (НАТО, ЭЗ), зводзіцца да прыняцьця і гарманізацыі стандартаў і правілаў, распрацаваных наддзяржаўнымі органамі. На патрабаваньні такіх органаў урады гэтых краінаў часта вымушаныя праводзіць рэформы хуткімі тэмпамі і без уліку рэгіянальных асаблівасьцяў разьвіцьця. Зь іншага боку, посткамуністычная дзяржава сама пазбаўляе сябе легітымнасьці, камэрцыялізуючы дзяржаўны сэктар без стварэньня адпаведных мэханізмаў кантролю. Тым самым трыюмфуе камэрцыйная лёгіка, у межах якой няма месца грамадзкаму супрацоўніцтву і грамадзкай салідарнасьці. Зьвядзеньне дэмакратычных інстытутаў (выбараў) да інструмэнту легітымізацыі кіраўнічых колаў, зрастаньне дзяржаўнага апарату з намэнклятурнымі бізнэс-коламі і адлучэньне масаў ад удзелу ў дзяржаўным кіраваньні вядзе да стагнацыі. Неадпаведнасьць ужываных палітычных лёзунгаў (лібэральных - больш рынку, левых - больш дзяржавы і парадку) сутнасьці сучасных палітычных зьяваў і працэсаў стварае перакананьне ў адсутнасьці альтэрнатыўных магчымасьцяў разьвіцьця, што ў сваю чаргу стабілізуе і рэпрадукуе сыстэму. У той жа час ня можа паўстаць і моцная аўтарытарная ўлада. Глябалізацыя, што падточвае дэмакратыю, нішчыць эканамічны падмурак алігархій і аўтарытарных папулізмаў. Дадатковы выклік для эліт Сярэдняй Эўропы ўяўляе неабходнасьць пераасэнсаваць уласнае становішча «на памежжы». Памежжа ўспрымаецца ня толькі як геапалітычная рэальнасьць, але і як характарыстыка мысьленьня: паміж камунізмам і дэмакратычным капіталізмам, паміж сучаснасьцю і «новай традыцыйнасьцю». Існаваньне «на памежжы» нясе некалькі сур'ёзных пагрозаў. Па-першае, памежжа азначае сьцьвярджэньне пэрыфэрыйнасьці, дзе суіснуюць элемэнты шматлікіх традыцыяў і розных гістарычных эпохаў. Каб забясьпечыць такое суіснаваньне, трэба ствараць культурныя і інстытуцыйныя гібрыды, што, у сваю чаргу, прадукуе неакрэсьленую ідэнтычнасьць і страх яе страты. Зьменлівасьць культурных межаў прыводзіць альбо да гістэрычнай і агрэсіўнай прывязанасьці да ўласнай этнічнасьці ці рэлігійнасьці, альбо да зручнай формулы «лякальнасьці», «тутэйшасьці», якая насамрэч зьяўляецца натуральным абгрунтаваньнем прыстасаванства. На думку Станішкіс, посьпех пераменаў немагчымы без адмовы ад камуністычнай спадчыны і ад пачуцьця пэрыфэрыйнасьці. У сучасным сьвеце няма месца пэрыфэрыйнасьці: толькі якасьць інстытуцыяў і мэнэджмэнту, здольнасьць да інавацыйнасьці даюць краіне шанцы ў глябальнай канкурэнцыі. Шырыня абмеркаваных пытаньняў і сьмеласьць у высновах робяць гэтую кніжку крыніцай новых і цікавых поглядаў на падзеі апошніх дваццаці гадоў у нашай частцы Эўропы. Бальшыня высунутых тэзаў і высноваў можа падацца вельмі радыкальнымі і спрэчнымі, але ўсьлед за Г. Башлярам трэба сказаць, што «толькі спрэчныя факты зьяўляюцца патэнцыйна праўдзівымі». Назапашаны ў кнізе тэарэтычны матэрыял дазваляе распачаць дыскусію і наконт характару посткамунізму ў Беларусі. Беларуская мадэль разьвіцьця сьведчыць пакуль пра няздольнасьць намэнклятуры адказаць на сучасныя выклікі. Зварот да традыцыйных мэханізмаў кіраваньня, памятных з камуністычных часоў, - канцэнтрацыі ўлады за прынцыпам вэртыкалі, тэхналёгіі стварэньня штучных нэгатыўнасьцяў (вакол пытаньня мовы, культуры, апазыцыі) дзеля захаваньня ўлады і яе пераемнасьці, абмежаваньня зонаў палітычнай канкурэнцыі і публічнай дыскусіі пры прыняцьці рашэньняў («улады без палітыкі»), аднаўленьня ідэалёгіі як сродку кантролю за апаратам і грамадзтвам, арыентацыі на Маскву - дазволілі захаваць стабільнасьць у краіне. Але коштам гэтай стабільнасьці зьяўляецца стагнацыя, укараненьне пачуцьця беларускай пэрыфэрыйнасьці і «лякальнасьці». І ўсё ж Беларусь мае някепскія шанцы на разьвіцьцё ў глябальным сьвеце. У нас ёсьць магчымасьць уважліва прааналізаваць досьвед суседніх краінаў у выхадзе з посткамунізму (на думку Станішкіс, мэханічны перанос «заходняй мадэлі» прыводзіць да «ірэлевантнай дэмакратыі»), а адносную міжнародную ізаляцыю пры пасьлядоўнай палітыцы можна параўнальна лёгка замяніць на міжнароднае прызнаньне і супрацоўніцтва. Галоўнае, каб нашы эліты зьмянілі сваё мысьленьне, зразумелі, што мэты і спосабы кіраваньня дзяржавай павінны адпавядаць выклікам глябальнага сьвету. |
9 У найлепшым вырыянце дзяржава выконвае ролю пасярэдніка і адміністратара, які забясьпечвае льготныя ўмовы для разьвіцьця, стварае арганізаваныя рынкі і фінансуе рызыкі дзейнасьці камэрцыйных фірмаў (формула зьмешанай уласнасьці). Дазваляючы мабілізацыю і канцэнтрацыю невялікага і расьцярушанага мясцовага капіталу, павялічвае шанцы канкурэнцыі з замежным капіталам. У найгоршым варыянце - страчвае магчымасьці кантролю над капіталам пасьля зрастаньня мясцовага бізнэсу зь міжнароднымі карпарацыямі. 10 Першы крызыс посткамунізму здарыўся ў Расеі ў жніўні 1998 году. Спалучэньне рынкаў з рознай рацыянальнасьцю пасьля экспансіі алігархіі стварыла сьпіраль крызысу, паставіла дзяржаву на мяжу фінансавага банкруцтва. Праўда, расейскі крызыс спрычыніўся і да аслабленьня алігархаў, стварыў умовы для правядзеньня рэформаў і ўзмацненьня цэнтральнай улады. |
|