Васiль Быкаў. Афганец // Дзеяслоў 2003. № 7
У гады майго расейскамоўнага школьнiцтва ў маёй сям'i былi шанаваныя дзве рэчы на беларускай мове: кружэлкі «Песняроў» i кнiгi Васiля Быкава. Быкава мы чыталі па-беларуску, бо былі ўпэўненыя, што пераклад непазбежна змяняе, скрыўляе арыгiнал, зрушвае ў ім акцэнты. Быкаў жа ўспрымаўся як пiсьменнiк надзвычай шчыры, пiсьменнiк, галоўнай рысай якога была яго здольнасць казаць праўду да канца.
Стаўленне да Быкава i яго твораў не змянiлася i пасля. Дзядзька Васiль заставаўся для мяне эталонам таго, да чаго трэба імкнуцца ў творчасцi. Не змянiлi гэтага стаўлення нi яго прыпавесцi, што ўспрымалiся як погляд чалавека яго пакалення, але погляд мудры, нi блiзкая да прыпавесцi «Труба», якую я чытаў крыху ўсмешлiва. Мне самому даводзiлася займацца мантажом газаправодаў, i я адчуваў перавагу прафесiянала над дылетантам. Але ў цэлым быкаўскі погляд пiльны. Быкаў цалкам заслужыў Нобелеўскую прэмiю, i кожны год заставалася пачуццё прыкрасці i нязгоды з чарговым выбарам Нобелеўскага камiтэта.
«Афганец» перасмыкнуў. Перасмыкнуў не галоўным героем, не развiццём яго характару, не пастаноўкай асноўнай праблемы - тут якраз усё дабротна па-быкаўску. Перасмыкнуў штучнасцю антуражу, фону, на якiм адбываюцца падзеi, разам з тым пасеяў i небяспечныя сумневы ў рэальнасцi, нелiтаратурнасцi, невiртуальнасцi свету Быкава на схіле яго гадоў. Пазней недзе ўнутры самога сябе я вырашыў, што гаворка пра падзеi, якiя пiсьменнiк перажываў асабiста (вайна, калектывiзацыя, сталiнiзм), заслугоўвае безумоўнага даверу, што жыццё больш аб'ектыўна бачыцца з адлегласцi ў дзесяткi гадоў, чым рэальная гiсторыя, якую ты сам меў магчымасць назiраць i прапускаць праз сваю свядомасць зусім нядаўна.
Пасля я пачуў кампетэнтную i абгрунтаваную думку, што нельга падыходзiць да мастацкага твору як да дакументальнай крыніцы i што нават студэнты-першакурснiкi гэта разумеюць. Разумею i я, але не варта тады было Быкаву прывязваць «Афганца» да канкрэтнай гiсторыi i канкрэтных персанажаў (арганiзатараў масавых вулiчных акцый - мяркуючы па маштабах, «Вясны-96» - ды затрыманых за пераход мяжы ўлетку 1997-га расейскiх журналiстаў). Гiсторыя гэтая занадта блiзкая да нас i занадта свежая, каб не адчуць i не пабачыць у аповесцi нейкага вiдазмянення рэальнасцi. Часам у бок гераiзацыі, а часам не. Летняя шматтысячная апазiцыйная дэманстрацыя канчаецца бязлiтасным разгонам. Яе мужны арганiзатар-навуковец спакойна выстаўляе на продаж уласны гараж, каб за тыя грошы заплацiць штраф. Iншы харызматычны арганiзатар iншай дэманстрацыi апазiцыi, з вельмi знаёмымi рысамi твару ды вядомым iмем, на час падзей у творы меў ужо сталы палiтычны прытулак на Захадзе, а не паспяхова кiраваў калонай са сцягамi ды супакойваў сваiх гарачых хлопцаў. Сцяг з бамбукавым дрэўкам разам з палотнiшчам «шаснуў», «мусiць, цаляючы ў амапаўца», бы «дэмакратызатар», ад удару iм галоўны герой ледзь паспявае ўхiлiцца… Амапавец, улетку капiтан, за месяц пасля атрымання «маёра» вырастае да падпалкоўнiка… «Хвалёныя качэргi АК, што адбiвалi плячо пры стральбе i нямала замiналi на маршы» (быццам АК, што iмперская «трохлiнейка», за дзесяцiгоддзi не змяняўся)… Аб'ёмная палiтапрацоўка… «Удзень i асаблiва ўвечары заўжды па адным кудысь выклiкалi, штось высвятлялi, з iншымi доўга гутарылi»… «Сказалi, што будзе добра, калi ён адновiцца ў кампартыi. У якой зь дзьвюх - то яго асабiстая справа» (у мяне няма адказу на пытанне, хто ж у рэальным жыццi такое мог прапанаваць сур'ёзна).
Больш за iншае ў творы ўразiла азначэнне «задушанага народу», якi «напалову складаўся з камунiстаў ды камсамольцаў, а другой паловай абслугоўваў КДБ». Сумнае сведчанне доўгiх пераследаў аўтара i яго жыццёвага вопыту, на шчасце, наўрад цi можа зыходзiць ад чалавека з майго пакалення (у якога градацый болей за дзве), тым больш што мы з галоўным героем Ступаком амаль равеснiкi. Таму гэта не можа быць праўдай, хiба што няўдалай гiпербалай.
«Афганец» часам набывае рысы фантасмагорыi цi прыпавесцi, i такое азначэнне пад назвай прымусiла б пагадзiцца з «законам жанру». Нават адсутнасць азначэння зняла б заўвагi: разумейце як хочаце. Але аповесць - гэта iншае, гэта - не фантастыка, не алегорыя, яна патрабуе праўды жыцця. Як «Сотнiкаў», як «Знак бяды». Цi не?
Усе другарадныя персанажы «Афганца» безумоўна адназначныя, iх паводзiны дэтэрмiнаваныя, як хады шахматных фiгур. Расейскi адстаўнiк-вайсковец, канечне ж, цвердалобы камунiст i вораг беларускасцi; гарадскi беларус з вясковымi каранямi i на «Запарожцы» - цiхмяны i памяркоўны нацыяналiст; дацэнт - на «сямёрцы», выхаваны, шляхетны i кампетэнтны дэмакрат; былы прапаршчык - «тылавiк» Афгану - паспяховы кар'ерыст на вiшнёвай iншамарцы. Жорстка кажучы, набор штампаў i клiшэ - як у галiвудскiх кiнастужках.
Аповесцю «Афганец» беларускi пiсьменнiк № 1 бы прадэманстраваў, што сам у многiм застаўся ў пары сваёй маладосцi, тады сцвердзіўшы самому сабе, што рэчы, навакольны свет i адносiны ў iм не змяняюцца, змяняюцца толькi пакаленнi выканаўцаў. «Не я участвую в войне - она участвует во мне», кажучы словамi яго равеснiка, паэта Аляксандра Межырава. Звернутасць назад раптоўна выявіла недакладнасць i няўважлiвасць да дробязей сучаснасцi. Вынiк? «Враг вступает в город, пленных не щадя, потому что в кузнице не было гвоздя» - памятаеце? Так яно ў значнай ступенi атрымалася з «Афганцам».
Аповесць расчаруе тых, хто пазнаваў «белыя плямы» гiсторыi Вялiкай айчыннай у быкаўскай «акопнай праўдзе», а цяпер хацеў бы такiм жа чынам пазнаваць i «белыя плямы» айчыннай найноўшай гiсторыi. Аповесць, можа, i будзе з прыемнасцю прачытана тымi, хто далёкi цi ад Беларусi, цi ад апазiцыi, цi ад рэальнасцi. Цi жадае быць чым далей. Iначай, як i ў сумнавядомым «Нашэсцi», можна пабачыць не столькi Беларусь, колькi палітычную кан'юнктуру і нізкапробныя мастацкiя прыёмы.
Добра, што «Афганец» не стаў апошняй кнiгай Пiсьменнiка. Напэўна, ён засведчыў пэўную крызу цi быў напiсаны з нечае просьбы, што рэальна, улiчваючы «гарачыню» пэўнай тэмы ў пэўны час. Добра, што ён не атрымаў працягу.
Добра, што апошняй кнiгай стала «Доўгая дарога дадому» - спроба працяглай споведзi, наколькi такая споведзь магчымая ў быкаўскiх творах.