A R C H E | П а ч а т а к | № 2 (31) - 2004 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
||||
ТОМ ВУЛФ | ||||||
|
Том Вулф
|
дасьледчык папулярнай культуры Амэрыкі. Сярод ягоных бэстсэлераў такія кнігі, як «Электрапрахаладжальны кіслотны тэст», «Патрэбная рэч» і «Вогнішчы амбіцый». |
Уілсан стварыў новую галіну сацыябіялогіі, даў ёй назву і выказаў яе фундаментальную пасылку ў адным сказе. Мозг кожнага чалавека, кажа ён, пры нараджэнні з'яўляеццца не чыстай дошкай (tabula rasa), якая чакае таго, каб запоўніцца досведам, а «адзнятым негатывам, які чакае, каб яго паклалі ў праяўляльную вадкасць». Можна праявіць негатыў добра або кепска, але ў любым выпадку вы атрымаеце вельмі мала з таго, што дагэтуль не мела адбітку на стужцы. Гэты адбітак - генетычная гісторыя асобнага індывіда, што ўвабрала тысячы гадоў эвалюцыі, і з гэтым, бадай, нічога не зробіш. Больш за тое, паводле Ўілсана, генетыка вызначае не толькі рэчы кшталту тэмпераменту, ролевых схільнасцяў, эмацыйных рэакцый і ўзроўню агрэсіі, але і шмат што са сферы нашага глыбокашаноўнага маральнага права выбару, якое, як высвятляецца, зусім і не права выбару з гледзішча свабоды волі, а тэндэнцыі, што захоўваюцца ў гіпаталамусе і лімбічных частках галаўнога мозгу, - пра гэта гаворыцца ў канцэпцыі, больш шырока раскрытай у кнізе 1993 году, пра якую шмат гаварылі, - «Маральнае пачуццё» Джэймса К. Уілсана (яны не сваякі з Эдвардам О.).
Гэты самы нейранавуковы погляд на жыццё ўжо стаўся стратэгічнай вышынёй у акадэмічным свеце, і змаганне за яго даўно вылілася далёка за межы навуковых дысцыплінаў і, адпаведна, на шырокую публіку. Як лібералы, так і кансерватары без усялякіх навуковых схільнасцяў спрабуюць захапіць тэрыторыю. Напрыклад, рух за правы гомасексуалістаў ухапіўся за даследаванне, што было апублікаванае ў ліпені 1993 году шматпаважаным Дынам Хамэрам з Нацыянальнага інстытуту аховы здароўя і абвяшчала пра адкрыццё «гену гомасексуалізму». Відавочна, калі гомасексуальнасць з'яўляецца генетычна абгрунтаванай рысай, кшталту леварукасці або карых вачэй, любыя законы і санкцыі супраць яе - гэта спробы забараніць Прыроду.
Кансерватары тым часам трымаюцца за даследаванні, якія пацвярджаюць, што мужчынскі і жаночы мозг змайстраваныя, дзякуючы даўжэзнаму пакручастаму шляху эвалюцыі, нагэтулькі па-рознаму, што фемінісцкія спробы адкрыць для жанчын традыцыйна мужчынскія ролі - гэта тое самае: загадзя асуджанае парушэнне законаў Прыроды. Сам Уілсан у выніку апынуўся ў праблемах па самыя вушы... ён папаў пад добры халодны душ. У прыватным жыцці Ўілсан - звычайны ліберал, паліткарэктны, як кажуць, - заклапочаны рознымі экалагічнымі праблемамі і ўсякімі такімі рэчамі. Аднак ён сказаў, што «навязванне падобных ролевых рысаў» мужчынам і жанчынам кідае выклік тысячагоддзям, на працягу якіх сысуны выказвалі моцную тэндэнцыю да падзелу працы згодна з полавай прыналежнасцю. Паколькі такі падзел працы стала прасочваецца ад паляўніча-збіральніцкіх да сельскагаспадарчых і індустрыяльных грамадстваў, гэта гаворыць пра генетычнае паходжанне. Мы не ведаем, калі гэтая рыса развілася ў працэсе чалавечай эвалюцыі або наколькі ўстойлівай выявіцца яна перад працяглым і справядлівым націскам патрабаванняў забяспечыць правы чалавека. Пра «ўстойлівасць» казаў Дарвін ІІ, нейрадаследчык. «Справядлівым» націск называў паліткарэктны гарвардскі ліберал. Тым не менш, яму бракавала і ліберальнасці, і паліткарэктнасці. Абураныя феміністкі запаланілі канферэнц-залу, дзе выступаў Уілсан, шухнулі яму на галаву збан ледзяной вады, з кубікамі лёду і ўсім, чым трэба, і пачалі скандаваць: «Сеў у лужыну! Сеў у лужыну!» Найбольш уплывовая феміністка Амерыкі, Глорыя Стэйнэм, пайшла на тэлебачанне і ў інтэрв'ю Джону Стосэлу з Эй-Бі-Сі настойліва запатрабавала, каб даследаванні па вывучэнні генетычных адрозненняў у будове мужчынскай і жаночай нервовых сістэм былі зараз жа спыненыя. Аднак, як выявілася, гэта ўсё былі кветачкі ў параўнанні з палітычнай панікай, што ўсчалася з нагоды нейранавукі. У лютым 1992 году Фрэдэрык К. Гудвін, вядомы псіхіятр, старшыня федэральнае Ўправы па праблемах алкагалізму, злоўжывання наркотыкамі ды псіхічнага здароўя і спраўджаны мужлан у сферы public relations, зрабіў пагібельную памылку падчас публічнага выступу ў Вашынгтоне. Ён распавёў пра «Ініцыятыву па барацьбе з гвалтам», праграму Нацыянальнага інстытуту псіхічнага здароўя, якой на той час было дзесяць год. Гэта была эксперыментальная праграма, што мела на мэце пацвердзіць наступную гіпотэзу: як і сярод малпаў у джунглях (Гудвін адзначыўся сваімі даследаваннямі малпаў), здзяйсняльнікамі шмат якіх злачынстваў з нанясеннем цялесных пашкоджанняў у Злучаных Штатах была адносна невялікая колькасць маладых асобін мужчынскага полу, генетычна да гэтага схільных; карацей, запраграмаваных на злачынствы з ужываннем сілы. Тамака ў джунглях, сярод найбліжэйшых сваякоў чалавека ў жывёльным свеце - шымпанзэ, выглядала на тое, што практычна ўсе жорсткія забойствы і фізічныя здзекі з самак здзяйсняліся жменькай генетычна сапсаваных маладых самцоў. А што, калі б тое самае было справядліва ў дачыненні да людзей? Што, калі б высветлілася, што ў кожнай асобна ўзятай групе насельніцтва статыстыку крыміналу з ужываннем гвалту падымае на такі высокі ўзровень тая самая жменька маладых самцоў з атручанай ДНК? «Ініцыятыва па барацьбе з гвалтам» прадбачыла магчымасць, па-першае, выяўлення гэтых асобаў - калі-небудзь, як-небудзь, якім-небудзь чынам - яшчэ ў дзяцінстве і, па-другое, тэрапеўтычнага ўздзеяння на іх лекамі. Магчыма, зазначыў Гудвін, выраз «джунглі Амерыкі» ў дачыненні да краіны, што пакутуе ад злачыннасці, - больш чым зацёртая метафара. Гэта было ўсё. Верагодна, гэта было найвялікшае глупства, што зляцела з вуснаў амерыканскай афіцыйнай асобы ў 1992 годзе. Крык абурэння не прымусіў сябе чакаць. Эдвард Кенэдзі, сенатар ад штату Масачусэтс, і Джон Дынгел, кангрэсмен ад штату Мічыган (яго, як выявілася пазней, ахоплівала шаленства, калі справа датычыла навуковых праектаў), не толькі асудзілі выказванні Гудвіна, назваўшы іх расісцкімі, але таксама вынеслі свой навуковы вердыкт: вынікі даследавання прыматаў - «недарэчныя падставы» для аналізу чагосьці нагэтулькі складанага, як «злачыннасць і гвалт, што не даюць сёння спакою нашай краіне». (Гэта з'явілася нечаканай навіной для навукоўцаў NASA, якія першымі падрыхтавалі і адправілі ў субарбітальны касмічны палёт шымпанзэ па мянушцы Хэм на ракеце «Рэдстоўн», а потым падрыхтавалі і адправілі яшчэ аднаго, па мянушцы Энас («чалавек» у перакладзе з грэцкай), у арбітальны віток вакол Зямлі на ракеце «Атлас» і такім чынам дакладна і поўна прадказалі фізічныя, псіхалагічныя і праблемна-маторныя рэакцыі людзей-астранаўтаў - Алана Шэпарда і Джона Глена, якія паўтарылі палёты і заданні шымпанзэ некалькімі месяцаўмі пазней.) «Ініцыятыву па барацьбе з гвалтам» параўноўвалі з нацысцкімі еўгенічнымі2 праектамі па вынішчэнні непажаданых. Калега Дынгела па штаце Мічыган, кангрэсмен Джон Кон'ерз, на той час старшыня Камітэту па ўрадавай дзейнасці і заслужаны сябар фракцыі Кангрэсу, якая аб'ядноўвае афраамерыканцаў, запатрабаваў адстаўкі Гудвіна і праз два дні яе атрымаў, тым часам як урад у асобе Міністэрства аховы здароўя сцвердзіў, што «Ініцыятывы» ніколі нават не існавала. Карыстаючыся тэрмінам Оруэла, яна знікла ў дзірцы памяці. |
1Граматыка англійскай мовы дазваляе падкрэсліць, што маецца на ўвазе не адзін з магчымых сінтэзаў (a new synthesis), а адзіны ў сваім родзе новы сінтэз (the new synthesis). - Заўвага перакладчыцы. |
На май 1993 году ў Мэрылендскім універсітэце была запланаваная канферэнцыя крымінолагаў і навукоўцаў з іншых сфераў, зацікаўленых у нейралагічных даследаваннях, якія былі на той момант праведзеныя «Ініцыятывай па барацьбе з гвалтам», - канферэнцыя, што часткова мусіла пакрывацца грантам Нацыянальнага інстытуту аховы здароўя (НІАЗ). Канферэнцыя таксама пайшла на дно, Інстытут утапіў яе, што тое кацянё. Летась Дэвід Васэрман, навуковец-юрыст з Мэрылендскага ўніверсітэту, паспрабаваў зноўку склікаць рушэнне, хай сабе і ў амаль схаванай ад чалавечага вока пасялушцы пад назвай Квінстаўн, у смужна-балоцістай глухмені акругі Квін-Энз на ўсходнім узбярэжжы штату Мэрыленд. НІАЗ, пацвярджаючы, што ўрокі ён засвойвае з цяжкасцю, маўкліва выдаткаваў 133 тысячы даляраў на гэтае мерапрыемства, аднак толькі пасля таго, як Васэрман паабяцаў засцерагчыся ад магчымых нечаканасцяў, запрасіўшы і тых навукоўцаў, якія адмаўлялі магчымасць генетычнага паходжання злачыннасці, і паставіўшы ў расклад своеасаблівы сеанс халоднага душу - пасяджэнне, прысвечанае размове пра грахі, учыненыя еўгенічным рухам на пачатку ХХ стагоддзя. Усё дарма, хлопцы! Войска пратэстных адшукала перапалоханых бедакоў нават тут і ўварвалася ў залу, скандуючы: «Мэрылендская канферэнцыя, вам не схавацца - мы ведаем, вы дамагаецеся генацыду!» Прайшло дзве гадзіны, пакуль яны дастаткова знудзіліся, каб пакінуць залу, і канферэнцыя скончылася татальнай блытанінай, тым часам як вышэйзгаданая адмыслова мабілізаваная для падстрахоўкі фракцыя выдала заяву, дзе было сказана: «Даследчыкі з галінаў дакладных навук, гэтаксама як і гісторыкі ці сацыёлагі, не павінны дазваляць сабе надаваць акадэмічную рэспектабельнасць расысцкай псеўданавуцы». Сёння ў НІАЗ выраз «Ініцыятыва па барацьбе з гвалтам» - табу. Цяперашні момант нагадвае той час у Сярэднявеччы, калі каталіцкі касцёл забараніў анатаміраванне чалавечых целаў з боязі, што знойдзенае ўнутры можа выклікаць сумнеў у хрысціянскай дактрыне, што Бог стварыў чалавека на ўласны вобраз і падабенства.
Яшчэ больш радыеактыўна небяспечным з'яўляецца пытанне інтэлекту, што вымяраецца тэстамі IQ. Прыватна - мала хто хоча казаць пра гэта ўголас - пераважная большасць нейранавукоўцаў вераць, што генетычны складнік інтэлекту асобы надзвычайна высокі. Вашыя разумовыя здольнасці можна палепшыць з дапамогай дасведчаных і адданых сваёй справе настаўнікаў або затрымаць у развіцці праз кепскае выхаванне, то бок негатыў можна праявіць добра або кепска, але насамрэч найбольшае значэнне маюць гены. Нядаўні скандал з нагоды кнігі Чарлза Мюрэя і Рычарда Хернштэйна «Звонападобная крывая» - мабыць, толькі пачатак крыўдаў, якія яшчэ прынясе гэтае пытанне. Паводле нейранавукоўцаў, з якімі я размаўляў, не так даўно фірма «Neurometrics» знайшла інвестараў і паспрабавала правесці на рынак дзівосную і ў той самы час простую вынаходку, вядомую як «шапачка IQ». Задума была ў тым, каб стварыць такі спосаб праверкі інтэлекту, які быў бы вольны ад «культурнай прадузятасці», спосаб, які б не прымушаў нікога мець справу са словамі або паняццямі, якія могуць быць знаёмыя прадстаўнікам адной культуры, але незнаёмыя прадстаўнікам іншай. «Шапачка IQ» запісвала толькі хвалі галаўнога мозгу, тым часам як камп'ютэр (а не чалавек - арганізатар тэсту, магчыма, небесстаронні) аналізаваў вынікі. Падставай паслужыла праца нейранавукоўцаў, такіх, як Э. Роя Джона І, аднаго з галоўных піянераў электраэнцэфалаграфічных даследаванняў мозгу, Дуільё Джанітрапані, аўтара «Электрафізіялогіі інтэлектуальных функцый», і Дэвіда Робінсана, аўтара працы «Шкала інтэлекту Ўэкслера для дарослых: Да біялагічна абумоўленай тэорыі інтэлекту і пазнання», і шмат якія іншыя манаграфіі, вядомыя сярод нейранавукоўцаў. Я размаўляў з адным даследчыкам, які сам распрацаваў «шапачку IQ», паўтарыўшы эксперымент, апісаны Джанітрапані ў «Электрафізіялогіі інтэлектуальных функцый». Гэта быў нескладаны працэс. Вы прымацоўвалі шаснаццаць электродаў да скуры галавы таго, каго збіраліся тэставаць. Валасы пры гэтым даводзілася трохі ўскудлаціць, аднак іх не трэба было стрыгчы, ужо не кажучы пра тое, каб галіць. Потым чалавека прасілі некаторы час пільна ўглядацца ў метку на пустой сцяне. Канкрэтна гэты даследчык карыстаўся ў якасці меткі ярка-малінавай кнопкай. Потым вы паварочвалі тумблер. Праз шаснаццаць секунд камп'ютэр выдаваў дакладнае прадказанне (у межах 0,5 стандартнага адхілення) выніку, які дадзены суб'ект паказаў бы паводле шкалы інтэлекту Ўэкслера ці, у выпадку з дзецьмі, паводле шкалы інтэлекту Ўэкслера для дзяцей - усё коштам шаснаццацісекунднага вымярэння мазгавых імпульсаў. У тэсце не было аніякай культурнай прадузятасці. Што можа быць культурнага ў тым, каб пасядзець, утаропіўшыся ў кнопку? Эканомія ў грошах і часе была ашаламляльная. Выкананне традыцыйнага тэсту IQ займала дзве гадзіны, а накладныя выдаткі (аплата тых, хто рыхтаваў тэсты, праводзіў і падлічваў вынікі, ды арэнда памяшканняў) складалі найменш 100 даляраў за гадзіну. Для «шапачкі IQ» патрабавалася недзе пятнаццаць хвілін шаснаццаць секунд (пятнаццаць хвілін займала падлучэнне электродаў да галавы) і каля адной дзесятай пенса для аплаты электрычнасці. Інвестары «Neurometrics» паціралі рукі і аблізваліся. Яны вось-вось мусілі зарабіць процьму грошай. Аднак - ніхто не схацеў іхняй гнюснай шапачкі! Не тое каб ніхто не паверыў, што можна атрымаць вынік IQ з мазгавых імпульсаў, - ніхто не хацеў верыць, што гэта магчыма. Ніхто не хацеў верыць, што чалавечыя разумовыя здольнасці ажно нагэтулькі... запраграмаваныя. Ніхто не хацеў у вокамгненне даведацца, што... вынік гульні вядомы загадзя, што ўсё вырашае генетыка. Ніхто не хацеў даведацца, што ён... генетычна запраграмаваная пасрэднасць... і што найлепшае, на што ён можа спадзявацца ў гэтай Прорве Памылкі Прыроды, - гэта без стрэсу пражыць сваё пасрэднае жыццё ў якасці цьмянай лямпачкі. Бары Стэрман з Каліфарнійскага ўніверсітэту ў Лос-Анджэлесе, галоўны навуковы супрацоўнік фірмы пад назвай «Cognitive Neurometrics», які распрацаваў на падставе мазгавых імпульсаў уласную тэхналогію для даследавання рынку і фокус-групаў, лічыць тэставанне IQ праз мазгавыя імпульсы магчымым, аднак у святле цяперашняй сітуацыі «няма нават мізэрных шанцаў атрымаць грант» пад яго развіццё.
Тут пачынае адчувацца мароз, што ідзе па скуры ад рэзанансу вакол галіны, якая выклікае такую гарачую цікавасць у навуковым свеце. Нявыказаная і шмат у чым несвядомая падстава для жорсткіх сутычак вакол стратэгічных тэмаў нейралогіі наступная: мы жывём у эру, калі навука - гэта суд без права на абскарджанне. І праблема гэтым разам, пры канцы ХХ стагоддзя, - не эвалюцыя відаў, што падаецца справай далёкай, а прырода нашага дарагога ўнутранага «я». Старэйшыны галіны, такія, як Уілсан, добра гэта ўсведамляюць і паводзяць сябе асцярожна, прынамсі ў параўнанні з новым пакаленнем. Уілсан дагэтуль пакідае ў запасе магчымасць - як я мяркую, ён у гэтым сумняваецца, аднак усё ж пакідае ў запасе магчымасць, - што на нейкім этапе ў гісторыі эвалюцыі культура пачала ўплываць на развіццё чалавечага мозгу спосабам, які нельга патлумачыць, строга трымаючыся тэорыі Дарвіна. Але новае пакаленне нейранавукоўцаў не мае асцярожнасці ні на каліва. У прыватных размовах, шчырых гутарках «як мужчына з мужчынам», што ствараюць духоўную атмасферу любой папулярнай новай галіны навукі, - а я люблю гутарыць з такімі людзьмі - яны выказваюць бескампрамісны дэтэрмінізм. Яны пачынаюць з найбольш вядомага выказвання ў новай філасофіі, Дэкартавага «Cogito ergo sum» - «Я думаю, значыць, я існую», у якім бачаць сутнасць дуалізму, старамоднага ўяўлення аб тым, што сам дух (розум) з'яўляецца чымсьці адрозным ад яго апарату - мозгу і цела. (Да другога вельмі слыннага выказвання я дабяруся праз хвілінку.) Таксама гэта вядома ў якасці сафізму «прывід у машыне», своеасаблівага пераканання ў тым, што недзе ў мозгу знаходзіцца нейкая духоўная «ўнутраная сутнасць», якая тлумачыць яго аперацыі і імі кіруе. Нейролагі, што маюць справу з трохмернай электраэнцэфалаграфіяй, скажуць вам, што ў мозгу няма ніводнага месца, дзе размешчана свядомасць ці самасвядомасць («Cogito ergo sum»). Гэта ўсяго толькі ілюзія, створаная дапасаванымі міжсобку дзеяннямі мяшанкі неўралагічных сістэм. Аднак маладое пакаленне пасоўваецца яшчэ на крок далей. Паколькі свядомасць і мысленне - гэта ўсяго толькі прадукты вашага мозгу і нервовай сістэмы - і паколькі мозг з'яўляецца гатовым адбіткам пры нараджэнні, - з чаго гэта вы ўзялі, што існуе такая рэч, як свабода волі? Які «дух», які «розум», якая «асоба», якое «ўласнае «я», якая «душа», якое - што заўгодна, што не будзе адразу ж схопленае ў гэтае пагардлівае двукоссе, - раптам вынырне са ствала галаўнога мозгу, каб вам тую свабоду волі даць? Я чуў разважанні нейранавукоўцаў адносна таго, што пры наяўнасці камп'ютэраў адпаведнай моцы і складанасці было б магчыма прадказаць усё жыццё любой чалавечай істоты, момант за момантам, уключна з тым фактам, што бядак недаверліва пакруціць галавой пры адной думцы пра такое. Сумняваюся, што які-небудзь кальвініст XVI стагоддзя калі-небудзь верыў у наканаванне нагэтулькі моцна, як гэтыя гарачыя і глыбока рацыянальныя маладыя навукоўцы са Злучаных Штатаў канца ХХ-га. Пачынаючы з канца 70-х, у эру Ўілсана, студэнты гуртам кіруюцца ў нейранавуку. У 1970 годзе, калі было заснаванае Таварыства нейранавукі, яно налічвала 1 100 сяброў. Сёння, адным пакаленнем пазней, колькасць сяброў перавышае 26 000. Апошні з'езд таварыства ў Сан-Дыега сабраў 23 052 чалавекі, стаўшы адным з найвялікшых прафесійных з'ездаў у краіне. У паважанай і старажытнай галіне акадэмічнай філасофіі малады выкладчыцка-прафесарскі склад пакідае карабель у непрыстойнай колькасці і пераключаецца на нейранавуку. Яны скіроўваюцца ў лабараторыі. Навошта біцца з кантаўскім Богам, Свабодай і Несмяротнасцю, калі нейралогія вось-вось - гэта толькі справа часу, - магчыма, праз тэхналогіі атрымання выяваў мозгу, раскрые сапраўдны фізічны механізм, што дасылае гэтыя ментальныя канструкты, гэтыя ілюзіі, па нэйронных ланцужках у зоны Брока і Верніке? Гэта і прыводзіць нас да другога найбольш вядомага ў новай філасофіі выказвання: «Бог памёр» (Ніцшэ, 1882 год, з кнігі «Die Frohliche Wissenschaft» - «Вясёлая навука»). Ніцшэ казаў, што ягонае выказванне - не дэкларацыя атэізму - хоць ён-такі быў атэістам, - а проста навіна аб здарэнні. Ён назваў гэтую смерць Бога «надзвычайнай падзеяй», найвялікшай падзеяй новай гісторыі. Навіной было тое, што адукаваныя людзі болей не верылі ў Бога ў выніку пашырэння за папярэднія 250 год рацыяналізму і навуковага мыслення, з дарвінізмам уключна. Аднак вы, атэісты, сказаў ён, перш чым уздымаць трыумфальныя сцягі, падумайце пра наступствы. «Гісторыя, якую я збіраюся распавесці, - пісаў Ніцшэ, - гэта гісторыя наступных двух стагоддзяў». Ён прадказаў (у «Ecce Homo»), што ХХ стагоддзе будзе эпохай «такіх войнаў, якіх яшчэ не здаралася на зямлі», катастрафічнасць якіх не паддаецца ўяўленню. Але чаму? Таму што людзі больш не мецьмуць Бога, які б дараваў ім правіны, але будуць пакутаваць ад пачуцця віны, бо пачуццё віны выхоўваецца ў дзецях, калі яны яшчэ вельмі малыя, дасвядомага веку. У выніку людзі ўзненавідзяць не толькі адно аднаго, але і саміх сябе. Сляпая і суцяшальная вера, якую яны раней аддавалі Богу, сказаў Ніцшэ, цяпер будзе аддадзеная варварскім нацыяналістычным брацтвам. «Калі дактрыны... пра адсутнасць нейкіх кардынальных адрозненняў паміж чалавекам і жывёлай, дактрыны, якія я лічу праўдзівымі, але смяротна небяспечнымі, - кажа ён з алюзіяй на дарвінізм у «Нясвоечасовых разважаннях», - будуць шпурляць у людзей цягам яшчэ аднаго пакалення... то нікога не павінна дзівіць, калі ... на арэне будучыні з'явяцца ... брацтвы, што маюць сваёй мэтай рабаванне і эксплуатацыю тых, хто да іх не належыць». Ніцшэанскае разуменне віны, дарэчы, таксама супадае з нейралагічным разуменнем, што склалася стагоддзем пазней. Нейранавукоўцы разглядаюць пачуццё віны як адну з тэндэнцый, што маюць адбітак у мозгу ўжо пры нараджэнні. У выпадку з некаторымі людзьмі генетычная праца праробленая не да канца, і яны робяцца злачынцамі без ценю раскаяння - а потым імі цікавяцца крымінолагі, ствараюцца розныя «Ініцыятывы па барацьбе з гвалтам» ды ладзяцца канферэнцыі на гэтыя тэмы. Ніцшэ сказаў, што чалавецтва пракульгае праз ХХ стагоддзе «дзякуючы ўбогім рэшткам» старых і спарахнелых маральных прынцыпаў, што грунтаваліся на веры ў Бога. Аднак пасля, у ХХІ, настане час, страшнейшы за ўсе вялікія войны, час «поўнага зацьмення каштоўнасцяў» (у «Волі да ўлады»). Разам з тым той час мае зрабіцца шалёнай эпохай «пераацэнкі», калі людзі спрабавацьмуць адшукаць новыя сістэмы каштоўнасцяў, каб замяніць імі сатлелыя шкілеты старых. Аднак ім гэта не ўдасца, папярэдзіў ён, бо нельга верыць у маральныя законы, не верачы адначасова ў Бога, што скіроўвае на цябе свой пагрозлівы перст і кажа: «Рабі так» або «Не рабі гэтага». Нашто нам трывожыцца дзеля прыцягнутага за вушы жахлівага папярэджання пра «поўнае зацьменне ўсіх каштоўнасцяў»? Мяркую, дзеля паслужнога спісу чалавецтва. Урэшце, у Еўропе, у мірнае дзесяцігоддзе 1880-х, прадказанне аб сусветных войнах ХХ стагоддзя і варварскіх брацтвах нацызму і камунізму мусіла здавацца яшчэ больш ненатуральным. Ecce vates! Ecce vates! Вось яно, прадказанне! Колькі яшчэ доказаў прароцкай моцы чалавека вам патрэбна? Стагоддзе таму тыя, хто перажываў з-за смерці Бога, маглі суцяшаць адно аднаго тым, што яны па-ранейшаму маюць уласныя бліскучыя ўнутраныя «я» ды ўласныя недатыкальныя душы, дзякуючы якім захоўваецца маральная раўнавага, а цуды сучаснай ім навукі акрэсліваюць іхні шлях. Аднак як быць, калі высветліцца - а гэта выглядае цалкам праўдападобным, - што найвялікшым цудам сучаснай навукі з'яўляецца тэхналогія атрымання выяваў мозгу? І што калі праз дзесяць год гэтая тэхналогія давядзе, не пакідаючы ніякай магчымасці сумневу, што не толькі Эдвард Уілсан, але і маладое пакаленне мела рацыю? Старэйшыны кшталту самога Ўілсана і Дэніэла Дэнэта, аўтара кнігі «Небяспечная ідэя Дарвіна: эвалюцыя і значэнне жыцця», а таксама Рычарда Докінса, што напісаў «Эгаістычны ген», сцвярджаюць, што няма чаго баяцца праўды, няма чаго баяцца максімальнага пашырэння небяспечнай ідэі Дарвіна. Яны прыводзяць элегантныя аргументы адносна таго, што нейранавука ніякім чынам не зможа прынізіць багацця жыцця, чароўнасці мастацтва ці высакароднасці дзяржаўных інтарэсаў, уключна з паліткарэктнасцю ў Гарвардзе, Тафтсе, дзе Дэнэт з'яўляецца дырэктарам Цэнтру кагнітыўных даследаванняў, або Оксфардзе, дзе Докінс мае нейкую пасаду пад назвай «прафесар грамадскага разумення навукі». (Дэнэт і Докінс, не менш за Ўілсана, з'яўляюцца з галавы да ног, шчыра і аддана, паліткарэктнымі.) Тым не менш, нягледзячы на ўсе іхнія намаганні, нейранавука выплюхваецца ў народ не на хвалі навуковага падбадзёрвання. Выплюхваецца з вялікай хуткасцю. Выснова, якую робяць людзі па-за сценамі лабараторый: «Вынік вядомы загадзя! Мы ўсе запраграмаваныя!» Гэтая, і яшчэ адна: «Не вінаватая я! Мяне запраграмавалі з памылкай!» |
2Еўгеніка - тэорыя, згодна з якой грамадства павінна дазваляць станавіцца бацькамі толькі тым, хто здольны выхаваць здаровых і разумных дзяцей. |
Раптоўнае пераключэнне з веры ў Выхаванне ў выглядзе сацыяльнай абумоўленасці на веру ў Прыроду ў выглядзе генетыкі і фізіялогіі мозгу ёсць, карыстаючыся выразам Ніцшэ, велізарнай інтэлектуальнай падзеяй ХХ стагоддзя. Да цяперашняга моманту найбольш уплывовымі ідэямі стагоддзя былі тэорыі марксізму і фрайдызму. Абедзве грунтаваліся на пасылцы, якая сцвярджала, што чалавечыя істоты і іхнія «ідэалы» - Маркс і Фройд таксама ўмелі карыстацца двукоссямі - цалкам фармуюцца асяроддзем. Для Маркса ключавым асяроддзем быў сацыяльны клас асобы; «ідэалы» і «вераванні» былі паняткамі, якія вышэйшыя станы навязалі ніжэйшым у якасці інструментаў сацыяльнага кантролю. Для Фройда ключавым асяроддзем была Эдыпава драма, несвядомы сексуальны сюжэт, што разыгрываўся ў сям'і на раннім этапе жыцця дзіцяці. «Ідэалы» і «вераванні», што вы гэтак высока цэніце, - усяго толькі мэбля ў зале, якую ставяць, каб прымаць гасцей, сказаў Фройд; а я пакажу вам сутарэнні, печ, трубы, тое сексуальнае паліва, што насамрэч агравае гэты дом. У сярэдзіне 1950-х нават антымарксісты і антыфрайдысты прызналі цэнтральную ролю класавага дамінавання і абумоўленых эдыпавым комплексам сэксуальных жаданняў. Да гэтага ўсяго дадаваўся Паўлаў з ягонай сувяззю «стымул-рэакцыя» і Б. Ф. Скінэр з ягонай «аперантнай абумоўленасцю», што ператварыў прымат абумоўленасці ў нешта блізкае да дакладнага машынабудавання. Дык якім жа чынам гэтая бліскучая інтэлектуальная мода гэтак раптоўна і бясслаўна скончылася?
Прычына заняпаду фрайдызму хаваецца ў адным-адзіным слове: літый. У 1949 годзе аўстралійскі псіхіятр Джон Кейд прызначыў пяцідзённую тэрапію прэпаратамі літыю - з зусім іншых прычынаў - 50-гадоваму псіхічна хвораму, які быў нагэтулькі маніякальна-дэпрэсіўна настроены, гіперактыўны, незразумелы і непадкантрольны, што папярэднія дваццаць гадоў мусіў правесці ў вар'ятнях. На шосты дзень, дзякуючы назапашаным у ягонай крыві солям літыю, ён зрабіўся нармальным чалавекам. Яшчэ праз тры месяцы яго выпусцілі, і з таго часу ён жыў доўга і шчасліва ва ўласным доме. Гэта быў чалавек, якога два дзесяткі гадоў трымалі пад замком і дзяўблі фрайдысцкай балбатнёй без усялякай карысці. На працягу наступных дваццаці год антыдэпрэсанты і транквілізатары цалкам замянілі фрайдысцкую гаварыльню як сродак лячэння сур'ёзных разумовых расстройстваў. К сярэдзіне 1980-х нейролагі лічылі фройдаўскую псіхіятрыю нейкім дзіўным рэліктам, заснаваным збольшага на забабонах (гэткіх, як аналіз сноў - аналіз сноў!), кшталту фрэналогіі або месмерызму. Праўду кажучы, сярод нейранавукоўцаў фрэналогія цяперака мае вышэйшую рэпутацыю, чым фройдаўская псіхіятрыя, бо фрэналогія, у пэўным сэнсе, выявілася папярэдніцай электраэнцэфалаграфіі. Псіхіятры-фрайдысты ўспрымаюцца цяпер як старыя ашуканцы з шарлатанскімі дыпломамі, якіх людзі, што маюць больш грошай, чым здаровага сэнсу, наймаюць, каб апавядаць ім пра свае праблемы. Марксізм быў дабіты яшчэ больш раптоўна - за адзін год, у 1973-м, калі быў патаемна вывезены з Савецкага Саюзу і апублікаваны ў Францыі першы з трох тамоў «Архіпелагу ГУЛАГ» Аляксандра Салжаніцына. Іншыя пісьменнікі, асабліва брытанскі гісторык Робэрт Конквэст, ужо апавядалі пра вялізную сетку канцэнтрацыйных лагераў Савецкага Саюзу, аднак іхнія працы збольшага былі заснаваныя на сведчаннях палітычных уцекачоў, а ўцекачы традыцыйна не браліся пад увагу, бо лічыліся прадузятымі і ўзлаванымі сведкамі. Салжаніцын, з іншага боку, быў савецкім грамадзянінам, дагэтуль пражываў на савецкай тэрыторыі, сам адзінаццаць гадоў быў зэкам. За дакладнасць ягоных сведчанняў паручыўся не хто іншы, як Мікіта Хрушчоў, які ў 1962 годзе дазволіў публікацыю «Аднаго дня Івана Дзянісавіча», навелы пра ГУЛАГ, з мэтай зменшыць застрашальны цень свайго папярэдніка Сталіна. «Так, - напраўду сказаў Хрушчоў, - тое, што распавёў гэты дзядзька Салжаніцын, праўдзіва. Такія былі злачынствы Сталіна». Салжаніцынскае кароткае літаратурна-мастацкае апісанне савецкай сістэмы рабства рабіла ўражанне. Але «Архіпелаг ГУЛАГ», дакументальны аповед на дзве тысячы старонак пра сістэматычнае вынішчэнне савецкай камуністычнай партыяй сваіх ворагаў, сапраўдных і ўяўных, уласных грамадзянаў, дзесяткаў тысяч людзей, якіх спусцілі ў вялізную, адладжаную, бюракратычна кантраляваную «чалавечую каналізацыю», як яе назваў Салжаніцын, - «Архіпелаг ГУЛАГ» меў знішчальны эфект. Урэшце, гэта было стагоддзе, у якім болей не было месца для акружных ідэалагічных шляхоў, што праходзілі б праз канцлагеры. У еўрапейскім інтэлектуальным асяроддзі, нават у асяроддзі французскіх інтэлектуалаў, марксізм як духоўная сіла паў адразу. Іроніяй лёсу, ён праіснаваў даўжэй у Злучаных Штатах, пакуль не атрымаў апошняга, завяршальнага ўдару 9 лістапада 1989 году, калі пралом у Берлінскай сцяне беспамылкова сцвердзіў, якім разгромам абярнуўся савецкі пазалабараторны сацыялістычны эксперымент працягласцю ў 72 гады. (Марксізм, дэманструючы цуды акрабатыкі, дагэтуль ледзь-ледзь ліпее ў амерыканскіх універсітэтах у маньерыстычнай форме, вядомай пад назвай дэканструктывізму - літаратурнай дактрыны, якая паказвае мову як падступны сродак, што ўжываецца моцнымі гэтага свету, каб падманваць пралетарыят ды сялянства.) Фрайдызм і марксізм - а з імі і ўсялякі давер да сацыяльнай абумоўленасці - былі знішчаныя нагэтулькі імгненна, нагэтулькі раптоўна, што нейранавука хлынула на іх месца, нібыта ў інтэлектуальны вакуум. Не абавязкова быць навукоўцам, каб гэта адчуць. |
3Алюзія да англійскай прымаўкі «Выхаванне мацнейшае за прыроду». - Заўвага перакладчыцы. |
Кожны, хто мае дзяцей школьнага веку, цудоўна ведае ўсе прыкметы такога наплыву. Мае дзеці ходзяць у школу, і мяне здзіўляе вера, якой сённяшнія бацькі - гэтае вар'яцтва пачалося недзе ў 1990 годзе - адорваюць псіхолагаў, што ставяць іх дзецям дыягназ ADD або AD/HD - сіндром гіперактыўнасці і дэфіцыту ўвагі4. Не аспрэчваю: я зусім не ведаю, ці сапраўды гэты «сіндром» - аб'ектыўная, фізічная, неўралагічная характарыстыка стану здароўя, аднак на сённяшнім раннім этапе развіцця нейранавукі гэтага не ведае ніхто. Сімптомы гэтай уяўнай хваробы заўжды аднолькавыя. Дзіця - ці, хутчэй, хлопчык: у сарака дзевяці выпадках з пяцідзесяці гэта хлопчык - не можа засяродзіцца на занятках, ёрзае на сваім месцы, не слухае тлумачэнняў настаўніка, замінае аднакласнікам падчас урокаў і кепска вучыцца. Трохі раней яго прымушалі б слухаць тлумачэнні настаўніка, старанней працаваць, праяўляць самадысцыпліну. Бацькам, ахопленым інтэлектуальным кліматам 1990-х, такі падыход падаецца занадта жорсткім, бо праблема майго хлопчыка ў тым, што... яго кепска запраграмавалі! Няшчасненькае малое - вынік гульні быў вядомы ад нараджэння! Бацькі нязменна скардзяцца: «Усё, што ён хоча рабіць, - гэта сядзець перад тэлевізарам і глядзець мульцікі ды гуляць у камп'ютэрныя гульні!» Колькі часу? «Колькі часу? Ды гадзінамі запар!» Гадзінамі запар... як вам скажа нават малады нейранавуковец, так, хлопчык, магчыма, і мае праблему, аднак гэта яўна не дэфіцыт увагі.
Тым не менш, па ўсёй Амерыцы мы назіраем, як цэлае пакаленне маленькіх хлопчыкаў, дзесяткі тысяч, шпігуюць чароўнай зброяй супраць ADD - рыталінам (Ritalin - фірмовая назва кампаніі CIBA-Geneva для стымулятару метылфенідату). Упершыню я сутыкнуўся з рыталінам у 1966 годзе ў Сан-Францыска, робячы даследаванне для кніжкі пра псіхадэлічны рух, або рух хіпі. Пэўны падвід хіпі быў вядомы пад назвай «Speed Freak», «спідачудзікаў» (наркаманаў, што сядзелі на «спідзе», наркотыку з групы стымулятараў. - Заўвага перакладчыцы.), і пэўная варыяцыя спідачудзікаў была вядомая як «Ritalin Heads» - рыталінагаловыя. Рыталінагаловым вельмі падабаўся рыталін. Іх можна было пабачыць у спазмах абсалютнага рыталінавага экстазу. Ні ёрзання, ні піску... Яны сядзелі, засяроджаныя ні на чым... гледзячы на каналізацыйны люк, на лініі ўласнай далоні... прапускаючы сняданак, абед і вячэру... невыносна доўгая ноч без сну... поўная метылфенідатная нірвана... З 1990 да 1995 году продаж рыталіну вырас на 600 працэнтаў, і зусім не дзякуючы апетытам спідачудзікаў з Сан-Францыска, не. Гэта здарылася дзякуючы таму, што цэлае пакаленне амерыканскіх хлопчыкаў, ад найлепшых прыватных школ паўночнага ўсходу Амерыкі да найгоршых дзяржаўных школ-адстойнікаў Лос-Анджэлеса і Сан-Дыега, цяпер дурэла ад метылфенідату, які ім штодня старанна і дабрачынна выдавала прыватная наркадылерка - школьная медсястра. Цудоўная краіна Амерыка! Ніводны сумленны пісьменнік не стане гэтага аспрэчваць! Чалавечай камедыі ніколі не забракуе тут матэрыялу! Яна ніколі вас не падвядзе! Тым часам паняцце асобы як унутранай сутнасці - асобы, якая праяўляе самадысцыпліну, утаймоўвае полавыя жаданні, стрымлівае сябе ад агрэсіі і злачынства, - асобы, якая можа стаць разумнейшай і з лёгкасцю дайсці да вяршыняў жыцця, выцягнуць сябе за ўласныя шнуркі да вяршыняў жыцця праз навучанне, працу, настойлівасць, не адступаючы перад цяжкасцямі, - гэта старамоднае паняцце (божачкі, а што ж такое «шнуркі»?) ужо выслізгвае... выслізгвае... сыходзіць усё далей і далей... Тыпова амерыканская вера ў здольнасць індывіда перарабіць сябе з бездапаможнага нуля ў гіганта сярод чалавекаў, вера, што ідзе ад Эмэрсана («Давер да сябе»), ад раманаў Гарацыо Алджэра пра «амерыканскую мару», ад Дэйла Карнэгі («Як заваёўваць сяброў і ўплываць на людзей»), ад Нормана Вінсэнта Піла («Моц пазітыўнага мыслення»), ад Ога Мандзіна («Найвялікшы ў свеце гандляр»), - гэтая вера ўжо таксама аджывае свой век, як той бог, якому Ніцшэ склаў некралог у 1882 годзе. Яна яшчэ працягвае жыць толькі ў лядачай форме «матывацыйных выступаў», як іх называюць агенты па арганізацыі лекцый, што праводзяць зоркі амерыканскага футболу на пенсіі, кшталту Фрэна Таркентона, перад аўдыторыямі, што складаюцца з бізнесменаў, з большасці якіх атлетаў не выйшла (як і з аўтара гэтага артыкулу), размоваў пра тое, як жыццё падобна да гульні ў амерыканскі футбол. «Ужо канец чацвёртага перыяду, і вы адстаяце на трынаццаць ачкоў; «Каўбоі» прыціснулі вас да вашай аднаярдавай лініі, і пасля трэцяга перыяду мінула ўжо дваццаць тры хвіліны. Што вы будзеце рабіць?» Даруй, Фрэн, але цяпер мінула дваццаць тры хвіліны пасля трэцяга перыяду, і вынік вядомы загадзя, усё абумоўлена генетыкай. Новая ідэя нагнятаецца ў папулярнай прэсе і на тэлебачанні шалёнымі тэмпамі. Кім нагнятаецца? Гэткай новай пародай, што кліча сябе «эвалюцыйнымі псіхолагамі». Можна быць пэўнымі, што дваццаць гадоў таму гэтыя самыя людзі называлі б сябе фрайдыстамі; аднак цяпер яны - генетычныя дэтэрміністы, і прэса з воўчым апетытам накідваецца на ўсё, што толькі прыйдзе ім у галаву. Сёння найбольш папулярнае даследаванне - пра яго дагэтуль апавядаюць у навінах, праз месяцы пасля яго заканчэння, - гэта даследаванне Дэвіда Лікена і Оке Тэлеген з Мінэсоцкага ўніверсітэту дзвюх тысяч блізнят, якое, паводле гэтых двух псіхолагаў-эвалюцыяністаў, даводзіць, што шчасце асобы шмат у чым абумоўлена генетычна. Некаторыя людзі запраграмаваныя, каб быць шчаслівымі, а некаторыя - не. Удача (або няўдача) у справах кахання, грошай, рэпутацыі або ўлады - усё гэта мінае, вы ўсё адно хутка вернецеся да таго генетычнага ўзроўню шчасця, з якім нарадзіліся. Тры месяцы таму часопіс «Fortune» прысвяціў вялікі і старанна ілюстраваны аповед даследаванню псіхолагаў-эвалюцыяністаў з брытанскага ўніверсітэту Сэнт-Эндруз, якое паказвала, што прыгажосць твару ацэньваецца не паводле сацыяльных стандартаў эпохі, у якой вы жывяце, а паводле крытэраў, запраграмаваных у вашым мозгу на момант нараджэння. Ці, інакш кажучы, прыгажосць не ў вачох таго, хто глядзіць5, а ў ягоных генах. Папраўдзе, цяпер, у 1996 годзе, усяго за тры гады да канца міленіуму, калі вы дастаткова часу бавіце за праглядам газет, часопісаў і тэлебачання, то неўзабаве ў вас створыцца ўражанне, што ў вашым жыцці няма нічога, уключна з колькасцю тлушчу ў вашым арганізме, што не было б абумоўлена генетычна. Дазвольце мне прыгадаць усяго некалькі рэчаў, на якія пралілі для мяне святло эвалюцыйныя псіхолагі за апошнія пару месяцаў. |
4У нашай медыцынскай літаратуры гэтая хвароба звычайна прадстаўлена скарачэннем ММД, бо раней яе называлі мінімальнай дысфункцыяй галаўнога мозгу. - Заўвага перакладчыцы. |
Самцы чалавечага віду генетычна запраграмаваныя на палігамію, г. зн. нявернасць юрыдычнай жонцы. Любы самец, які чытае часопісы, даволі хутка прасякае сітуацыю. (Тры мільёны гадоў эвалюцыі штурхнулі мяне на гэта!) Жанчын фізічна цягне да мужчын-славутасцяў, бо яны - жанчыны - генетычна запраграмаваныя адчуваць, што першыя сярод лепшых змогуць лепш паклапаціцца пра нашчадкаў. (Я ўсяго толькі ратаўнічка ў генетычным моры, любы.) Дзяўчынкі-падлеткі генетычна запраграмаваныя спаць абы з кім, і яны гэтаксама не ў стане супрацьстаяць самім сабе, як сабачкі ў парку. (Школа забяспечвае прэзерватывамі.) Большасць забойстваў таксама з'яўляецца вынікам генетычна запраграмаванай неадольнай цягі. (Вязні таксама ўмеюць чытаць і потым паведамляюць турэмнаму псіхіятру: «Нешта мяне агарнула... і нож уторкнуўся».)
Якое ж месца тады адводзіцца самакантролю? Сапраўды, якое, калі людзі лічаць, што гэтае прывіднае «я», гэтая прывідная ўнутраная сутнасць увогуле не існуе, што і пацвярджаецца тэхналогіяй атрымання выяваў мозгу? Пакуль што нейранавука грунтуецца на ўскосных доказах, даследаваннях жывёлаў або таго, як змяняецца нармальны мозг, калі на яго нешта ўздзейнічае (няшчасныя выпадкі, хвароба, хірургічная аперацыя або іголка эксперыментатара). Сам Дарвін ІІ, Эдвард Уілсан, мае абмежаваныя непасрэдныя веды чалавечага мозгу. Ён заолаг, а не нейролаг, і ягоныя тэорыі - гэта экстрапаляцыя велізарнай працы, праробленай ім у сваёй асноўнай спецыялізацыі - даследаванні насякомых. Французскі хірург, Поль Брака, адкрыў зону Брока, адзін з двух моўных цэнтраў у левым мазгавым паўшар'і, толькі пасля таго, як адзін з ягоных пацыентаў перанёс інсульт. Нават PET-сканаванне і PET reporter gene/PET reporter probe па сутнасці з'яўляюцца медычнымі даследаваннямі, паколькі патрабуюць увядзення ў арганізм хімічных прэпаратаў або вірусаў. Аднак яны даюць магчымасць уявіць сабе, на што могуць быць падобныя неінвазіўныя тэхналогіі атрымання выяваў мозгу ў будучыні. Нейрарэнтгенолаг можа ўголас чытаць чалавеку, якому робіцца PET-сканаванне, спіс тэм са сфераў спорту, музыкі, бізнесу, гісторыі, чаго хочаце, і, калі ён закранае тэму, якой чалавек цікавіцца, на экране манітора сапраўды пачынае свяціцца пэўная зона кары галаўнога мозгу. У меру ўдасканалення тэхналогіі атрымання выяваў мозгу карцінка можа стаць нагэтулькі ж выразнай і поўнай, як тыя празрыстыя дэманстрацыі на аўташоў, дзе можна пабачыць знутры, як працуе рухавік унутранага згарання. І на гэтым этапе ўсім можа зрабіцца ясна, што ўсё, што мы бачым перад сабой, - усяго толькі машынка, апарат, функцыянальны аналаг хімічнага камп'ютэра, што пераўтварае звесткі навакольнага свету. «Усё» - бо можна глядзець і глядзець, і ўсё адно вы не знойдзеце там унутры ніякай прывіднай унутранай сутнасці, ніякай душы ці духу. Потым, у 2006 ці 2026 годзе, які-небудзь новы Ніцшэ выйдзе і абвесціць: «Унутраная сутнасць памерла», - толькі хіба што, будучы схільным да паэтычнасці, як і першы Ніцшэ, ён хутчэй скажа: «Душа сканала». Ён скажа, што ўсяго толькі паведаміў навіну, навіну пра найвялікшую падзею міленіуму: «Душа, гэты апошні прыстанак каштоўнасцяў, сканала, бо адукаваныя людзі больш не вераць у яе існаванне». І калі ў адказ не пасыплюцца запэўненні Ўілсанаў, Дэнэтаў і Докінсаў, пасля жудаснага карнавалу, у які гэта выльецца, фраза «поўнае зацьменне ўсіх каштоўнасцяў» можа падацца вельмі лагоднай.
Калі б я сёння вучыўся ў каледжы, я б наўрад ці змог устрымацца, каб не пайсці ў нейранавуку. Тут мы маем дзве самыя чароўныя загадкі ХХІ стагоддзя: галаваломка чалавечага духу і галаваломка таго, што здараецца з гэтым духам, калі ён дасягае абсалютнага самапазнання. У любым выпадку, мы жывём у час, калі не глядзець праўдзе ў вочы - немагчыма і бескарысна. Іроніяй лёсу, адзначыў Ніцшэ, гэты цвёрды позірк праўдзе ў вочы, гэтая схільнасць да скептыцызму - спадчына хрысціянства (з даволі складаных прычын, на якіх тут не варта затрымлівацца). Потым ён дадаў яшчэ адзін апошні і, магчыма, канчатковы іранізм - яго мы знаходзім у бязладным урыўку з нататніка, напісаным незадоўга перад тым, як Ніцшэ страціў розум (прайграўшы яго страшэннаму бічу юрлівасці канца ХІХ стагоддзя - сіфілісу). Ён прадказаў, што ўрэшце новая навука паверне сваю найбольш разбуральную зброю - калясніцу скептыцызму - супраць сябе самой, паставіць пад пытанне абгрунтаванасць уласных асноваў, разбурыць іх і самазнішчыцца. Я прыгадаў гэта ўлетку 1994 году, калі група матэматыкаў і інфарматыкаў ладзіла канферэнцыю ў Інстытуце Санта-Фэ на тэму «Межы навуковага пазнання». Яны сышліся на тым, што паколькі чалавечы розум з'яўляецца цалкам матэрыяльным апаратам, чымсьці накшталт камп'ютэра, прадуктам генетычнай гісторыі, то ён абмежаваны ў сваіх магчымасцях. Паколькі ён абмежаваны і запраграмаваны, то ён, хутчэй за ўсё, ніколі не здолее асэнсаваць чалавечае існаванне больш-менш поўна. Гэта было падобна да таго, калі б група сабак склікала канферэнцыю на тэму разумення Сабакі. Тыя маглі б шчыраваць колькі хочаце, але далёка б яны не зайшлі. Сабакі ў стане перадаваць толькі сорак паняццяў - усе прымітыўныя - і не могуць нічога запісаць. Праект быў бы загадзя асуджаны на няўдачу. Чалавечы мозг вышэйшы за сабачы, аднак і ён абмежаваны.Так што любая надзея на тое, што чалавечыя істоты калі-небудзь прыйдуць да нейкай канчатковай, поўнай і самадастатковай тэорыі аб чалавечым існаванні, таксама асуджаная з самага пачатку. З таго часу Крайні Скептыцызм у навуцы ўсё больш пашыраецца. Апошнія два гады дарвінізм, што заставаўся святым догматам амерыканскіх навукоўцаў на працягу апошніх сямідзесяці гадоў, знаходзіцца ў аблозе… сумневаў. Навукоўцы - а не святары, - у прыватнасці, матэматык Дэвід Берлінскі («Спрэчны Дарвін» // «Commentary» за ліпень 1996 году) і біяхімік Майкл Бэхе («Чорная скрынка Дарвіна», 1996), пачалі атаку на дарвінізм як на тэорыю - не як на навуковае адкрыццё, а менавіта як на жахліва неабгрунтаваную тэорыю, што абапіраецца на дапатопныя доказы і ў сутнасці сваёй логікі ўяўляе сабой поўную лухту. (Дэнэт і Докінс, для якіх Дарвін - Адзіны Ад Айца Народжаны, адзіны Месія, ужо крычаць ад абурэння. Яны ў бяспамяцтве і блізкія да інсульту. Уілсан, гігант думкі, захоўвае спакой і трымаецца вышэй за гэтую бойку.) Да 1990 году фізік Пэтр Бэкман з Каларадскага ўніверсітэту ўжо дачапіўся да Айнштайна. Ён глыбока захапляўся Айнштайнам за ягонае славутае раўнанне рэчыва і энергіі, E=mc2, аднак ягоную тэорыю адноснасці назваў збольшага абсурднай, бязглуздай і неправяральнай. Бэкман памёр у 1993-м. Ягоную Дубінку Забойцы Дурняў падабраў Говард Гейдэн з Канектыкуцкага ўніверсітэту, які мае шмат прыхільнікаў сярод шматабяцальнага новага пакалення Крайне Скептычных юных фізікаў. Здзекі, якімі новыя выхаванцы асыпаюць квантавую механіку («не мае ўжытку ў рэальным свеце»... «трымаецца адно на феях, што сыплюць вам у вочы дурноту раўнанняў»), тэорыю адзінага поля («Нобелеўская прынада на кручку») і тэорыю Вялікага Выбуху («крэацыянізм для крэтынаў»), усё проста спапяляюць. Шкада, што Ніцшэ няма ў жывых! Ён бы атрымаў асалоду ад кожнага моманту! Нядаўна я гутарыў з адной вядомай каліфарнійскай даследчыцай-геолагам, і яна мне сказала: Калі я толькі прыйшла ў геалогію, мы ўсе меркавалі, што ў навуцы ты ствараеш моцны слой знаходак - шляхам эксперыментаў і асцярожных доследаў, потым дадаеш другі слой, нібыта другую кладку цэглы - увесь час вельмі асцярожна, і гэтак далей. Час ад часу які-небудзь безразважна адчайны навуковец састаўляе цаглінкі адну на адну, у вежы, але потым выяўляецца, што гэтыя вежы няўстойлівыя, і ўрэшце яны абрынаюцца, а ты працягваеш далей рабіць акуратную кладку. Аднак цяпер мы разумеем, што нават самая першая кладка не трымаецца на цвёрдай глебе. Яны ўсе балансуюць на бурбалках, на паняццях, поўных паветра, і гэтыя бурбалкі сёння лопаюцца адна за адной. Раптоўна мне ўявілася, як цэлы аграмадны будынак абрынаецца і сучасны чалавек ляціць галавой уніз у першабытны змрок, у першапачатковае балота. Ён цялёпкаецца ў ім, хлюпае, спрабуе выбрацца, захлынаючыся без паветра, шалёна топчучы твань, і раптам адчувае, як нешта велізарнае і гладкае падплывае пад яго і выштурхоўвае на паверхню, нібыта нейкі ўсёмагутны дэльфін. Ён не можа гэтага пабачыць, аднак ён уражаны. Ён называе яго Богам. Пераклала з ангельскай Мілана Міхалевіч |
5«Прыгажосць у вачах таго, хто глядзіць» - англійская прымаўка (пар. бел.: «Не тое хораша, што хораша, а тое, што каму даспадобы».) |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 2 (31) - 2004 |
|
Ліст у рэдакцыю,
Майстраваньне [mk],
Абнаўленьне [czyk] |