A R C H E П а ч а т а к № 2 (31) - 2004
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


2-2004
" да Зьместу "

 



аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі

 


літаратура

  АНІ ЖАЛІФ

Вокладка ARCHE 2-2004.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (1'2004)
   Эўропа на ўсход ад    Эўропы
   Віленская Анталёгія
   Чэскі Альбом
   Pax Americana
   Туманнасьці
   беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6'2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4'2001)
   Скарына
(3'2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1'2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8'2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6'2000)
   Глёбус
   Скарына
(4'2000)
   Габрэі
   Скарына
(2'2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Ані Жаліф
Беларуская прыгода

ЦУДОЎНАЕ ЛЕТА

1

[…]

У сьпякотны дзень 22 чэрвеня 1992 году за рулём службовага «Рэно-21», запоўненага разнамасным грузам - акрамя жонкі, сабакі й некаторых асабістых рэчаў, неабходных для спакойнага пераезду на сталае месца жыхарства, у машыне вандруе «джэнтэльмэнскі набор для выжываньня», якім майго мужа забясьпечыла роднае міністэрства, а менавіта: друкавальная машынка, два пачкі паперы і канвэртаў (непрыдатных для ўжываньня, бо на іх красуецца штамп «Ambassade de France en Bielorussie» - міністэрства яшчэ не прыстасавалася да новае назвы краіны - Belarus), факс (не аўтаматычны), сэйф, караткахвалевы прыймач (каб можна было праз шумы лавіць Міжнароднае францускае радыё), штандар Францускай Рэспублікі і торба з 10 000 даляраў дробнымі купюрамі, на якія пасольства мусіць пражыць да моманту пераходу на больш цывілізаваныя формы разьлікаў, што арганізуюцца па меры паўставаньня мясцовых банкаў (цяпер яны акурат ствараюцца), - Клёд трыюмфальна едзе ў Менск, дзе ён ужо пабываў для ўручэньня даверчых лістоў (30 траўня) і пражыў тры тыдні ў кампаніі партатыўнага кампутарчыка і пры падтрымцы гандлёвага дарадцы, які атабарыўся ў сталіцы Беларусі першы. (Дарэчы, Упраўленьне замежнага гандлю, якое зацікавілася Беларусяй першым, першае ж і спыніла сваю прысутнасьць у гэтай краіне пяцю гадамі пазьней.)

Мы радасна перасякаем Буг, потым Нёман, і марым, і летуценім, і мроім. Шаша Берасьце-Менск-Масква цягнецца за гарызонт, яшчэ не разьбітая фурамі, як гэта будзе пазьней. Вакол зелянеюць паплавы, нягледзячы на пякельную гарачыню, адхоны брыняюць дзікім лубінам, фіялетавыя разлогі якога падшываюць цёмную грамаду бароў, пранізаных сюд-туд промнямі бярозаў ці шнурамі дубочкаў або разлогімі галявінамі, на якіх раскіданыя калгасы.

Трэба сказаць, што пасьля перасячэньня польскай мяжы ўвесь пэйзаж раптам рэзка мяняе прапорцыі. Без сумневу - вынік калектывізацыі. Але можна цешыць сябе думкамі, што Гісторыя, якой бы трагічнай яна ні была, - гэта толькі эпіфэномэн геалёгіі, што стварыла гэтыя бяскрайнія раўніны далёкага эўрапейскага Ўсходу.

Урэшце мы выходзім з мэдытацыі, якой спрыяюць гэтыя шырокія абсягі, бо набліжаемся да Менску, сталіцы Беларусі і Садружнасьці незалежных дзяржаваў.

Першая прыкмета часу: пасты ДАІ, перад якімі мы паводле звычкі, якая засталася ў нас з часу Клёдавай працы ў Савецкім Саюзе, зьніжаем хуткасьць, амаль усе стаяць пазачыняныя; некаторыя нават ужо ператвораны ў гандлёвыя кропкі - гэтая тэндэнцыя ўзмоцніцца ў наступныя гады, а пасьля саступіць месца зваротнай з прычыны росту злачыннасьці на магістралях.

Нарэшце - Менск. Мы збочваем з Маскоўскае шашы, якая калісьці разразала горад на дзьве паловы вялізнай траншэяй Ленінскага праспэкту, а цяпер яго мінае.

Іншы знак часу: галоўная артэрыя гораду зьмяніла сваё імя на імя Францішка Скарыны, але бронзавы Ленін (як знак зь мінулага ці прароцтва на будучыню) па-ранейшаму вітае народ перад Домам Ураду. Мы ўяжджаем у Менск: пушча раптоўна пераходзіць у «горад Сонца» - савецкія панэльныя мікрараёны.

Прадмесьцяў няма. Прынамсі, тады іх не было. Празь некалькі месяцаў вырастуць першыя «катэджы»: готыка-маўрытанскія «паляўнічыя хаткі», баварскія замкі, уціснутыя на мікраскапічныя «дачныя ўчасткі», адзін на адным, абы-як, зь недабудаванымі пад'язнымі шляхамі й каналізацыяй, - і будуць тануць у брудзе дзевяць месяцаў у год. Для гаспадароў многіх зь іх такі будынак - мара жыцьця, а на мару не шкадуюць мармуру і пліткі. Потым, калі справы пойдуць горш, гэтыя людзі вымушаныя будуць, хоць сэрца рвецца, здаваць свае тварэньні ў арэнду Крэзам з іншаземных абласьцей, спрабуючы не спускаць з сваіх сядзібаў вачэй на падставе дапамогі новым жыхарам.

Дарожны рух не інтэнсіўны. Сям-там грузавікі, яшчэ менш прыватных аўтамабіляў - старых «Волгаў» ды «Жыгулятаў». Пакуль што. Бо неўзабаве пакоцяцца па Менску прыгожыя заходнія машыны, скрадзеныя на вуліцах нашых гарадоў і перапрададзеныя як патрыманыя, а потым ужо зьявяцца й навюткія «Мэрсэдэсы» апошняй мадэлі ды розныя іншыя «Фэрары». Праз тры ці чатыры гады праспэкт Скарыны ўжо будзе славіцца сваімі заторамі! Як і патынкаванымі ды падфарбаванымі ў шэрбэтавы колер фасадамі сваіх сталінскіх і пасьлясталінскіх будынкаў, не пазбаўленых архітэктурнай цікавасьці (што пацьвердзіць мне праежджы францускі архітэктар) для таго, хто здольны абстрагавацца ад іх пампэзнай манатоннасьці. Пакуль што фасады выглядаюць блякла і лупяцца. Ходнікі, абсаджаныя дрэвамі, лопаюцца пад ціскам каранёў; праезная частка - у выбоінах, што засталіся зь зімы.

Мала «цыбулінаў». Па-першае, таму, што Менск быў разбураны на 80 працэнтаў падчас вайны, - пра гэта нагадваюць усе даведнікі, - а Сталін выкарыстаў гэта, каб высадзіць у паветра ўсю рэшту. Па-другое, некалькі цэркваў, якім пашчасьціла захавацца, блізкія стылем да польскага барока (як амаль усе беларускія цэрквы ўвогуле).

Вось, дарэчы, адна зь іх - на схіле ўзгорка, у сэрцы старога Менску, што ўзвышаецца над велізарным зялёным масівам Парку Горкага, разьбітага пасьля вайны на месцы руінаў абапал рэчкі. Гэта праваслаўны Сьвятадухаў сабор, ён акурат рэстаўруецца. Празь пяць год мы пабачым, што гэтыя рэстаўраваныя, а хутчэй, старанна адбудаваныя з нуля цэрквы будуць расьці як грыбы пасьля дажджу…

Іншая спроба аднавіць мінуўшчыну - Траецкае прадмесьце ў падножжы катэдры, уздоўж якога мы цяпер крочым. Яго псэўдалітоўскія шчыпцы адбіваюцца ў луцэ Сьвіслачы, якую хітрамудрая запруда ператварыла ў возера.

І вось насупраць - на іншай гары - высіцца мэта нашага падарожжа: трохкрылая вежа гатэлю «Беларусь». На дванаццатым паверсе гэтага гмаху ёсьць пакой, дзе вусень амбасады будзе плесьці слой за слоем свой кокан і адкуль праз два гады трохкаляровы матылёк вылеціць на Пляц Волі.

2

[…]

[У гатэлі] Клёд цягне мяне да батарэі ліфтоў. Яму ня церпіцца прадэманстраваць мне нашае новае жытло. Часы мо і зьмяніліся, але няўхільная «дзяжурная», разьмеркавальніца бялізны, туалетнай паперы ды іншых жыцьцёвых выгодаў, па-ранейшаму стаіць на варце ключоў і маральнага аблічча кліентаў…

Рэзыдэнцыя пасла Францускай Рэспублікі аказваецца даволі прасторным нумарам-люкс з вокнамі на поўдзень, зь відам на Сьвіслач і з гарантаваным сонцам.

Вітальня зь сьценнай шафай і гардэробам, дзе я часова магу скласьці бялізну, пераходзіць у падвойны пакой, сталовая частка якога служыць кабінэтам. Спальні ў глыбіні апартамэнтаў наканавана стацца маім бярлогам, дзе я буду спрабаваць хавацца, пакуль я нікому не патрэбная. У нашай рэзыдэнцыі ёсьць таксама калхозная іржавая лазенка, а таксама каморка (якая спачатку будзе выкарыстоўвацца як істопка, а потым як шыфравальня!) і супэрлюксус - балькон.

Нахіляюся зь яго: пад мною лунае турэцкі сьцяг. Гатэль «Беларусь» стаўся дыпляматычным анклявам, дзе ўжо атабарыліся нашыя турэцкія і кітайскія калегі і, разам зь імі, эмбрыён дыпмісіі ЗША. У найбліжэйшым часе да нас далучацца італьянцы, у той час як немцы аддадуць перавагу «Кастрычніцкай». Трэба сказаць, што «Беларусь» - гэта таксама прыстанішча шматлікіх чорнавалосых, шумных і крыклівых «бізнэсоўцаў», хутка ахрышчаных намі як «каўкаская мафія». Мне часта будзе ніякавата, калі, выконваючы амаль штодзённую місію абмену пэўнай сумы нашых даляраў на расейскія рублі, што па-ранейшаму знаходзяцца ў абароце, альбо на «зайчыкі», я буду вымушаная езьдзіць у ліфце разам з гэтымі бамбізамі і прыціскаць да сэрца ёмісты поліэтыленавы пакет з купюрамі.

Але пакуль я шчэ й не здагадваюся аб тым, якія нялёгкія заданьні мяне чакаюць, і сьвяткую нашае прыбыцьцё разам з мужам і Бэрнарам, гандлёвым дарадцам, які з гэтай нагоды падняўся з свайго сёмага паверху з бутэлькаю мясцовага шампанскага…

[…]

4

Цымбалы, дудкі, віёлы, дуды ды іншыя сьвірэлі «Харошак» будуць гучаць пры канцы нашага побыту ў Беларусі, а пяцьцю гадамі раней яны суправаджалі нашае першае афіцыйнае мерапрыемства. 27 ліпеня [1992] Беларусь склікае зародкі дыпляматычнага корпусу на сваё першае нацыянальнае сьвята, якое ў найлепшых мясцовых традыцыях распачынаецца канцэртам. Сцэна тэатру, дзе мы сабраліся, упрыгожаная новымі бел-чырвона-белымі сьцягамі ды новым гербам краіны - «Пагоняй». Гэтую спадчыну Вялікага Княства Беларусь дзеліць зь Літвою. Шмат прамоваў. Яны прамаўляюцца па-беларуску, а я пакуль яшчэ слаба разумею гэтую мову, але іх нацыяналістычная скіраванасьць відавочная. Яна яшчэ больш падмацоўваецца пэрыядычнымі воклічамі «Жыве Беларусь!», што нясуцца з залі, у прыватнасьці ад групкі моладзі на галёрцы.

[…]

Толькі калі на сцэну вылецеў ансамбль «Харошкі», я трохі адчула сябе ў рытме сьвята. Адзін з шматлікіх фальклёрных гуртоў, кормленых і прапагандаваных савецкім рэжымам? Не, бо розьняцца ад гэтых апошніх сваёй маладосьцю, запалам, добрым кантактам з публікай, арыгінальнасьцю строяў - белыя кашулі зь лёну, па-сялянску вышытыя чырвоным, камзолы і футры, стылізаваныя пад эпоху Адраджэньня, - а таксама арыгінальнасьцю танцаў, старадаўніх інструмэнтаў і навукова рэканструяванага музычнага рэпэртуару. Іх песьні надзіва падобныя да нашых старафранцускіх - ці не прыйшлі яны з Захаду праз Польшчу?

Лепш за ўсе сьцягі й прамовы яны сьведчаць мне пра беларускую спэцыфіку, да разуменьня якой я яшчэ толькі набліжаюся.

Прыём пасьля канцэрту адбываецца на тэрасе вялікага салёну, сьцены якога ўпрыгожаныя выявамі блакітна-залатога Фэнікса (іншая эмблема Беларусі? Не бяз мудрасьці…). Гаспадароў хвалюе, ці падабаецца нам. «Вы ведаеце, Менск не сапраўдная сталіца, гэта ўсяго толькі правінцыйны горад», - паўтараюць нам раз-пораз зь нейкай двухсэнсоўнай настальгіяй. Цяжка зразумець, ці такім чынам выказваецца жаль па згубленай мэтраполіі, ці жаданьне атрымаць запэўніваньні ў сталічным статусе Менску. А можа, і адно, і другое адначасова?

Клёд знаёміць мяне з Станіславам Шушкевічам, старшынём Вярхоўнага Савету. Ён зьяўляецца кіраўніком дзяржавы згодна з Канстытуцыяй, атрыманай у спадчыну ад савецкіх часоў і толькі трохі пераробленай пад патрабаваньні моманту. Разам з Краўчуком і Ельцыным Шушкевіч - адзін зь «белавескіх зуброў», як іх называюць іхныя праціўнікі, якія ў пушчы пад назваю Белавеская паставілі крыж на Савецкім Саюзе.

Крыху зьбянтэжана набліжаюся я да яго. Але «зубр» аказваецца вельмі жывым, сардэчным і зычлівым чалавекам, у чым мы яшчэ часта будзем мець магчымасьць пераканацца, сустракаючыся зь ім і ягонай цудоўнай жонкай, і кожная сустрэча будзе вялізнай асалодай. Ён адразу разьвеяў маю няўпэўненасьць заўвагаю, што яму здаецца, быццам я, як і ён сам, аддаю перавагу гарэлцы перад мясцовым шампанскім. Пасьля высокадыпляматычных размоваў Шушкевіч аддаўся ўспамінам пра свой афіцыйны візыт у Парыж у красавіку гэтага году (Клёд тады яго суправаджаў) і пра чароўны начны шпацыр уздоўж Сэны…

[…]

[Дырэктар Нацыянальнага мастацкага музэю Юры Карачун] быў настолькі ласкавы, што ў хуткім часе пасьля майго прыбыцьця зладзіў мне экскурсію па «надземнай» частцы ягоных калекцыяў. Гэта было й нагодаю паскардзіцца на цеснасьць музэйнага будынку, якая асуджае дзевяць дзясятых збораў на марнаваньне ў сутарэньнях. Музэй выходзіць фасадам на вуліцу, якая дасюль называецца вуліцай Леніна. Яго залі разьмяшчаюцца вакол атрыюму з калёнамі, які, дзякуючы сваёй акустыцы, акажацца прыдатным для канцэртаў камэрнай музыкі. Малая заля на першым паверсе прызначаецца для часовых экспазыцыяў, таксама як і галерэя на другім паверсе, над атрыюмам. Сёньня там выстаўленыя беларускія пэйзажы. Так я знаёмлюся з тутэйшымі восеньскімі лясамі, засьнежанымі бярозамі, балотамі і палеткамі лёну… Месца ў залях сталай экспазыцыі, якія выходзяць на галерэю, пароўну падзеленае паміж творамі мясцовых і расейскіх мастакоў. Карцінаў замежных аўтараў няшмат. Сярод іх - пэйзаж Юбэра Рабэра, аўтапартрэт мадам Віжэ-Лёбрун і чароўны жаночы партрэт пэндзля Жэрара. Ёсьць тут таксама некалькі францускіх скульптураў, арыгінальных альбо ў копіях: фаўн Клядыёна, бюст Кановы, бакханка Карпо ды Ўдонаў Вальтэр.

Я буду часта вяртацца ў гэты музэй, дырэктар якога аплаквае яго «правінцыйнасьць» і наракае на маскоўскі цэнтралізм: расейская сталіца рэгулярна пазбаўляла яго найбольш цікавых экспанатаў. Я буду туды вяртацца, каб прайсьціся па беларускай сэкцыі. Яна чаруе мяне характэрным суседзтвам іконаў у руска-бізантыйскім стылі з абразамі, у якіх прасочваецца польскі ўплыў, больш рэалістычнымі й больш наіўнымі, падобнымі да абразоў з брэтонскіх касьцёлаў. Яна прыцягвае сьвежасьцю сармацкіх партрэтаў XVII стагодзьдзя, настальгічнай пяшчотнасьцю пэйзажаў XIX стагодзьдзя, пошукамі сучасных мастакоў, якія толькі дасьледуюць шляхі, ужо пройдзеныя ў нас. Асабліва мяне падкупляе Жукоўскі й ягоны «Інтэр'ер», дзе на сьветлай мэблі ў стылі Карла Х іграюць залатыя блікі сьвятла і адбіваюцца цені дрэваў з навакольнага саду. Ну й потым, чагосьці вартая й расейская сэкцыя. Сярод іншага тут можна знайсьці творы Брулова, Заранкі, Верашчагіна, Куінджы (у тым ліку й ягоныя бярозы), Сярова (лілеі), Левітана, Урубеля ды Рэпіна, які жыў пэўны час у Беларусі, каля Віцебску.

І вось у канцы жніўня, у апошні дзень гэтага цудоўнага вакацыйнага лета, мы выбіраемся ў Віцебск, дзе нас чакае малады мясцовы дэпутат Сяргей Навумчык, адзін з галоўных памочнікаў Зянона Пазьняка, лідэра Народнага фронту […].

Фігура Пазьняка, у якім ёсьць штосьці ад Саванаролы, не выклікае зь першага погляду інтэнцыяў да фамільярнасьці (праўда, потым акажацца, што ён нашмат больш чалавечны, нават прыемны, у асабістых адносінах). Затое мы вельмі хутка сышліся з Навумчыкам і ягонай чароўнай жонкай Галінай, таксама, як ён, журналісткай і актывісткай тае самае партыі.

[…]

Вечар у Віцебску мы канчаем у бацькоў Навумчыка фаршаваным гусаком і смажанай бульбай са шкваркамі. Нароўні з сардэчнасьцю і гасьціннасьцю беларусаў, нас уражвае вольнасьць іх размоваў. З нашага побыту ў СССР мы захавалі стары рэфлекс імкнуцца не дазволіць нашым суразмоўцам сябе скампрамэтаваць, і таму менавіта Клёд, напрыклад, абараняе былую сыстэму адукацыі, што, здаецца, не падабаецца маці Сяргея, старой настаўніцы. Мы таксама крыху зьдзіўленыя цікавасьцю, якую Сяргей праяўляе да асобы Напалеона. Але ён тлумачыць нам, што Пазьняк лічыць паразу кампаніі 1812 году няшчасьцем, якое больш чым на стагодзьдзе спазьніла незалежнасьць ягонай краіны.

Гаворка зь Бярэзінскага разгрому пераходзіць да Чарнобылю. Галіна апавядае мне, што шмат маладых жанчынаў пабойваюцца мець дзяцей, бо баяцца прыроджаных калецтваў… Гэта мой першы кантакт з жорсткімі наступствамі гэтае трагедыі й псыхозам, які яна выклікала ў грамадзтве.

[…]

5

Гляджу тэлевізар. Мясцовы канал трансьлюе свае перадачы ў асноўным і прынцыпова па-беларуску (што зусім не палягчае мне яго прагляд). Пустоты паміж перадачамі ён запаўняе з дапамогай фальклёрных пастановак і тэленарысаў зь вясковымі краявідамі. Танна ж гэта яму абыходзіцца, трэба думаць. Праграмы навінаў вельмі правінцыйныя і яшчэ савецкія па стылістыцы: весткі з палёў чаргуюцца з справаздачамі аб парлямэнцкіх дэбатах, да гэтага дадаецца жменька замежнай інфармацыі, праілюстраванай стоп-кадрамі, сьцягнутымі, верагодна, з CNN праз Маскву. Нясьмела пачынае пашырацца рэкляма, яна ўсхваляе «заходнюю мару»: вітамінізаваныя напоі, жавальныя гумкі, машынкі для лічэньня даляраў, кампутары і г. д. Фірма «OLMI», якая станецца адной з наймагутнейшых, пакуль толькі распачынае сваю дзейнасьць. У хуткім часе яна абсталюе большасьць прадпрыемстваў сваёй тэхнікай, і я хутка пабачу ў крамах электронныя касавыя апараты, але магазыншчыцы, нягледзячы на гэта, будуць спраўджваць рахункі на надзейных драўляных «счётах». Ідуць таксама расейскія каналы, навіны на іх нашмат больш інфарматыўныя, дый расейскую мову я разумею лепш. На вялікую радасьць, паказваюць сэрыю перадачаў пра Бальшой тэатар часоў яго росквіту. Акурат для мяне: вечары Плісецкай, Васільева і Максімавай!

[…]

Я люблю гатэльнае жыцьцё: ня трэба ні хадзіць па закупы, ні гатаваць, ні прыбіраць. «Дзяжурная» мяняе бялізну. Перакусваць можна ў «буфэце», вячэраем у «рэстарацыі».

Праўда, буфэт адчыняецца толькі а 9-й раніцы, дый «кілбаса» (тыпу сардэлек), вэнджаная рыба і нават ікра (асабліва на сьняданак) хутка надакучваюць.

Рэстарацыю, адносна спакойную ўдзень, немагчыма наведваць увечары, бо яна робіцца нязноснай праз аркестар і музыку, ад якой увушшу зьвініць. Дый мэню ўражвае толькі на першы погляд. У рэальнасьці прапануецца толькі дзьве-тры варыяцыі на тэму «філе» (зь ялавічыны ці сьвініны) і «птушкі» (з замарожанай курыцы), а таксама «бэф-строганаў» ды «катлеты па-кіеўску», слава пра якія нашмат пераўзыходзіць іх рэальную вартасьць. Пазьней я з расчараваньнем буду вымушаная сьцьвердзіць, што прыблізна тое самае мэню вам прапануюць усе менскія рэстараны - магчыма, з прычыны дэфіцыту інгрэдыентаў, але хутчэй - ініцыятывы.

Таму я купіла электрачайнік і ўранку гатую гарбату сама. Хлеб набыць не праблема, а вось на масла ў мяне ўжо няма патрэбнага талёну. Да таго ж, слоік памаранчавага сочыва й скрынка гарбаты, прывезеныя з сабою, хутка апусьцелі. І, натуральна, у горадзе нічога падобнага здабыць немагчыма. Я з шкадаваньнем мару пра моцную чорную краснадарскую гарбату, якой не бракавала ў добрыя старыя часы (і, бадай, не адна я па іх настальгую…). На шчасьце, ёсьць калегі. Я спускаюся на паверх ніжэй і знаёмлюся зь Леміс, чароўнай жонкай пасла Турцыі, ды яе белым ангорскім катом. Мы спадабаліся адна адной, і яна падказвае мне краму, дзе толькі што зьявілася ў продажы сёе-тое з італьянскіх прадуктаў. Пратакольны візыт да «дуаенкі» дыпляматычнага корпусу прыносіць мне скрынку кітайскай гарбаты - кітайцы былі першымі дыпляматамі, якія атабарыліся ў Менску.

Застаецца вырашыць праблему вячэраў. Прычым любой цаной! Бутэрбродам з ікрою знаходзіцца альтэрнатыва. Мы празь вечар будзем вымушаныя варыць у чайніку спагеці. Зрабеце экспэрымэнт! Шумоўкі ў мяне няма, таму працэдура патрабуе віртуознасьці. Дапаўняем рацыён бананамі, што купляюцца на вагу золата на вачах ашалелага Генадзя [кіроўцы амбасады] у першых капіталістаў, якія выставілі свае першыя драўляныя кіёскі на ходніках праспэкту Скарыны.

6

Мне падабаецца. Але Клёд, які ў прынцыпе ня любіць гатэляў, стаміўся ад гатэльнага жыцьця і марыць як найхутчэй разьмясьціцца ў цяністым халадку дачы. Што ж нам у гэтым перашкаджае? Дастаткова набыць трохі неабходнай мэблі, калі Ке д'Арсэ згодзіцца панесьці выдаткі на яе. О цуд: яны згадзіліся. Вельмі добра. Засталося знайсьці мэблю.

Што да прадуктаў харчаваньня, то, як мы ўжо пабачылі, знайсьці іх ня так проста. А Беларусь жа краіна традыцыйна самадастатковая. Жаданьне кантраляваць узровень цэнаў прывяло да паўстаньня разьмеркавальнай сыстэмы і, як непазьбежны вынік, да дэфіцыту прадуктаў. Куды йдзе калгасная прадукцыя? Бо ж няможна сказаць, каб калгасы разваліліся, як у Польшчы ці краінах Балтыі: ім тут не пагражае ніякая прыватызацыя. Магчыма, у іх праблемы з пастаўкамі, але я таксама падазраю, што яны ня маюць дастатковай матывацыі і папросту складуюць прадукцыю ў чаканьні лепшых часоў.

Вось жа, крамы стаяць пустыя. На прылаўках ГУМу і ЦУМу бясконца паўтараюцца тыя самыя састарэлыя ці нікому не патрэбныя тавары. Нічога больш не прывозіцца з былога СССР і нічога яшчэ не прывозіцца з-за мяжы.

Я накіроўваюся ў «Дом мэблі» на Камароўцы, побач з Цэнтральным рынкам. Гэты рынак - растрывожаны вулей, дзе снуюць калгасьніцы і вулічныя гандляры, дзе прадаюцца горы як мясцовых прадуктаў, так і дароў Каўказу, дзе пах кіслай капусты і сьмятаны мяшаецца з водарам цэнтральнаазіяцкіх спэцыяў… Так было і так будзе. Але ў дзень, калі мы наведваем «Дом мэблі», Камароўка - толькі бляклы цень таго, што тут было раней, і таго, што я пабачу пазьней. Толькі радочак «баб» прадае вёдрамі вішні ды ягады, дзеці збываюць шчанюкоў і кацянятаў, а хмуры натоўп чакае на пачатак гандлю, гатовы ўкладаць грошы ўва ўсё і немаведама ў што. Тым ня менш, мне яны ўсьміхаюцца: у мяне на твары напісана, што я замежніца. Адкуль? З Францыі! Дык што ж я тут раблю?!

Побач «Дом мэблі» прэзэнтуе бліскучыя, яркіх адценьняў гарнітуры. Я спачатку пераборліва іх разглядаю, потым спыняюся перад некалькімі больш сьціплымі мадэлямі. Гэты ложак мне добра падыдзе, гэты стол - таксама. Так, але яны не прадаюцца! Іх можна замовіць? А калі будуць дастаўленыя? Бог ведае… Гэта, сапраўды, сьвет падману і міражоў. Я праходжу паўз гэтыя дэкарацыі і заўважаю наборы крэслаў. А гэтае? Гэтыя чатыры крэслы - так. Генадзь выбірае іх, сядаючы для праверкі на кожнае па чарзе. А гэты невялікі сэрвант з хвоі? Невядома. Трэба запытацца ў дырэктара. Даводзіцца выцягваць дырэктара зь ягонага берлагу. Аказваецца, што за свае нават даволі сьціплыя пакупкі я не магу заплаціць наяўнымі; такая рэч, як чэкі, тут абсалютна невядомая; трэба рабіць пераказ з рахунку ў ашчаднай касе (якога я, натуральна, ня маю). Падупалая духам, я вяртаюся ў гатэль і распавядаю пра свае праблемы. На шчасьце, у нас ёсьць нашы Наташы [сакратаркі-перакладніцы]! Адна зь іх прапаноўвае мне свае паслугі ў якасьці «падстаўной асобы». Я згаджаюся. Доўгае чаканьне ў ашчаднай касе, каб атрымаць неабходныя паперы. Я сьціпла нуджуся ў аўтамабілі. Ізноў чаканьне, цяпер ужо ў краме. І вось нарэшце - перамога!

Той самы сцэнар пры пакупцы ўсіх іншых элемэнтаў абстаноўкі. Я лётаю па ўсім Менску, уздоўж і ўпоперак, у пошуках надзвычайных адрасоў, трасуся па разьбітых маставых і трамвайных рэйках разам з Генадзем, які лічыць сваім абавязкам прабачацца перад мною пасьля кожнай нашай няўдачы, а мне прыходзіцца яго суцяшаць, абяцаючы (лёгка ж мне абяцаць) надыход лепшых дзён. Здаецца, што ня я, а ён больш радуецца, калі нам удаецца знайсьці хоць што-небудзь: рондаль, настольную лямпу (нават з адпаведнымі лямпачкамі!)… І ягоная радасьць дасягае апагею, калі я прыходжу ў захапленьне ад кухоннай мэблі з хвоі (у вольным продажы!), якая не сапсавала б і каталёгу «IKEA».

Дарэчы, я даведваюся ад Бэрнара, што «IKEA» пачала пранікненьне на мясцовы рынак, дзе ёй ужо належаць некалькі невялікіх прадпрыемстваў. У адной з такіх сталярных майстэрняў, дзе, стаміўшыся ад непрыемнасьцяў зь дзяржаўнымі крамамі, я вырашаю замовіць ложкі, шафы і кніжныя паліцы для пакою, які будзе выкарыстоўвацца пад офіс, у мяне просяць прыслаць ім нейкі мэблевы каталёг, каб ажывіць іхную фантазію.

Я адчуваю сябе як маладуха, якая рыхтуе пасаг…

Чаго нам яшчэ бракуе з абстаноўкі? Хатняй бялізны. Я па-добраму зьдзіўленая, што яе якраз-такі ўдаецца знайсьці бязь цяжкасьцяў. Ваўняныя коўдры, прасьціны, вышытыя наўлечкі - не «дэфіцыт», таксама як і падклады, сурвэткі й абрусы зь лёну - мясцовы гонар. Каштуюць яны сьмешныя грошы, і я думаю, зь якім посьпехам гэты тавар мог бы прадавацца ў нас. Але пра гэта падумаем пазьней.

Чаго нам не стае яшчэ? Посуду й сталовых прыладаў. А гэта ўжо зусім іншая справа. Што да посуду, тут праблемаў няма. Шкляная вытворчасьць, як і льняное ткацтва, - аздоба традыцыйнага промыслу, і крамы, за нястачай лепшага, запаўняюць свае прылаўкі яе вырабамі. Я набываю прыгожы графін і некалькі шклянак у «Бярозцы» (крама з продажам за валюту для іншаземцаў, спадчына савецкай сыстэмы) і па вяртаньні дадому заўважаю, што адна шклянка надтрэснутая. Вяртаюся ў краму: нуль шанцаў, гэтую мадэль даўно спродалі. Але нічога страшнага: прадавачка мае ў сябе дома такі самы сэрвіз. «Прыходзьце заўтра, - кажа яна мне, - я Вам падарую адну з маіх шклянак». Ці ж магу я адмовіцца?! Потым я буду часта сустракацца з гэтай мілай жанчынкай, якая бярэ недасьведчаную францужанку пад сваю апеку і горда выконвае місію гіда па прылаўках, на якіх сувэніры для турыстаў паступова саступаюць месца імпартным таварам. Менавіта такім чынам я нарэшце здабываю шэсьць набораў сталовых прыбораў (італьянскіх), абабегаўшы ўвесь Менск і ўжо амаль прыгатаваўшыся есьці рукамі. Калі, натуральна, дапусьціць, што знойдуцца талеркі. Але тут я ўжо патрабую занадта: такія рэчы тут адшукаць абсалютна немагчыма. Закрануты за жывое Генадзь прапануе скарыстацца зь ягоных сувязяў: ён нібыта ведае некага на фабрыцы… Час ляціць, на календары ўжо пачатак жніўня, набліжаецца прадугледжаны дзень нашага пераезду на дачу, а мы па-ранейшаму ня маем ані званьня талерак. Ну нарэшце! За некалькі гадзінаў да першага «хатняга» абеду зьяўляецца пачырванелы ад гонару Генадзь з раскошным фарфоравым сэрвізам бэзавага з золатам колеру, ад якога я прыходжу ў належнае захапленьне, нягледзячы на яго безгустоўнасьць.

У той самай «Бярозцы» я знайду пралку, імпартаваную таксама з Італіі. (Асабліва дынамічныя італьянцы будуць першымі заходнікамі, якія рызыкнуць зьявіцца на тутэйшым рынку і адчыняць у наступныя гады свае крамы, кавярні і рэстарацыі.)

[…]

Усё ці амаль усё гатова да нашага засяленьня. З дапамогаю швейнай машынкі й адрэзаў тканіны, якія я, з прычыны свайго качавога досьведу, далучыла да пярэстага зьмесьціва нашага самаходу перад ад'ездам, пасьпешна ствараю падвойныя шторы, каб засланяць тры агромністыя аконныя праёмы нашае будучае спальні.

Нарэшце, яшчэ адна важная справа: я набіраю абслугу. Дакладней, яна набіраецца сама шляхам кааптацыі. Генадзь прапануе мне паслугі сваёй жонкі. Жанна, чароўная бляндыначка з завітымі валасамі, ружавашчокая, зь вялікімі блакітнымі лялечнымі вачыма, працуе настаўніцай і, як шмат хто іншы наўкола, пакутуе ад інфляцыі, што зводзіць яе зарплату на нішто. Сарамлівая, старанная і сьмяшлівая, яна станецца цудоўнай пакаёўкай, але таксама й найлепшай сяброўкай.

Да таго ж, у Генадзя ёсьць прыяцель, напаўбеспрацоўны-напаўмастак, якога ён добра ўяўляе ў якасьці садоўніка. Чаму б не? Хаця спачатку Ваня зусім не разьбіраецца ў сваім новым рамястве, ён усім сэрцам аддаецца працы. Выпытваючы дзе толькі магчыма парады, ён хутка дасягае найінтымнейшага веданьня расьлін і рассаджвае іх з фантазіяй паэта. Ён прыходзіць першы і сыходзіць апошні, незалежна ад надвор'я. Узімку ён не баіцца самага лютага марозу. Адагрэўшыся каля вогнішча, на якім ён паліць хмыз, ён шуфлюе сьнег ды прыводзіць мяне ў жах, караскаючыся на стромыя дахі, каб вызваліць іх ад лядовай шапкі. Увесну яго грызуць камары, улетку ён смажыцца на сонцы, прыкрыўшы галаву шапкай з газэты. Увосень Ваня цягае вялізны мех з апалым лісьцем (такая рэч, як тачка, яшчэ невядомая ў гэтых краёх, але ня пройдзе й трох гадоў, як ён дзесьці здабудзе-такі вазок - праўда, на чатырох колах…). Час ад часу ён, аднак, зьнікае да пары ў маленькай лазьні, зь якой ён зрабіў сабе бярлог, каб пагрузіцца ў мары… або маляваць (гэтага я ніколі не даведаюся). Але свайго працоўнага паста ён не пакідае ніколі, нават у выходныя і ў час вакацыяў ён часта выходзіць на працу, настолькі яму палюбіўся гэты сад.

Што датычыцца кухара, то мне яго рэкамэндавала асыстэнтка Бэрнара. Гэта сапраўдны прафэсіянал. Па сканчэньні гатэльнай школы ў Маскве Віктар дэманстраваў свае таленты амбасадару Савецкага Саюзу ў Банглядэшы, каб потым «пайсьці на спачынак» у рэстарацыю гатэлю «Плянэта». Такім чынам, ён мае пэўны досьвед «дыпляматычнай» кухні. Ён зусім нічога ня ведае пра францускую кухню, затое нашмат лепш за мяне арыентуецца ў нашых футбольных камандах, нашых фільмах і нашых акторах. А потым - хоць я цяпер замаўляю большасьць падставовых прадуктаў (якія ў звычайных крамах прадаюцца з абмежаваньнямі) у адмысловых магазынах для «намэнклятуры», - у шчасьліўца-Віктара ёсьць уласны аўтамабіль і ён можа займацца закупамі. Прыняты.

Ну вось і ўсе хатнія ў зборы - за выключэньнем дваіх кацянят, якіх мы прытулім некалькімі тыднямі пазьней, - і «Рэзыдэнцыя» гатовая да функцыянаваньня.

Цяпер - да працы!

ПІЯНЕРЫ

2

[…]

[Менскія] опэрныя пастаноўкі тояць для нас шмат сюрпрызаў: ад кепскіх - статычныя позы артыстаў, пыльныя касьцюмы й дэкарацыі - да прыемных - як, напрыклад, экспрэсіўная «Лэдзі Макбэт Мцэнскага павету» або сьціплая ў дэкарацыях і паэтычная «Травіята», дзе адзінае ўпрыгожаньне сцэны заключаецца ў вялікім непаліраваным куфры, у вечку якога адбіваецца ўся драма. Альбо як раскошны «Князь Ігар» у пастаноўцы пецярбуржца Юр'я Аляксандрава - спэктакль, які ілюструе зьяўленьне мясцовых мэцэнатаў і аднаўленьне абменаў зь вялікім расейскім братам. (Абменаў, на адсутнасьць якіх увесь час наракае менская публіка.)

Што да галасоў, то яны таксама няроўныя. Мала прыгожых сапрана, за выключэньнем хіба Натальлі Кастэнкі. Мала добрых тэнараў, але кантральта і барытоны ў расейскіх опэрах проста бліскучыя (што праўда, у італьянскіх опэрах яны гучаць менш пераканаўча). Ну, і натуральна - некалькі выдатных басоў.

Аднаго зь іх уладальнікаў, Пятрова, мы прымаем сёньня вечарам, і на заканчэньне нашых вельмі братэрскіх вячорак ён скаланае тонкія пярэгарадкі нашае дачы, сьпяваючы нам на разьвітаньне.

Але я, як і большасьць беларусаў, аддаю перавагу балету, якім тут шчыра ганарацца.

Менскім балетам кіруе Валянцін Елізар'еў (як кажуць - жалезнай рукой). Елізар'еў атрымаў адукацыю ў Санкт-Пецярбургу, дзе быў вучнем, а потым супернікам Грыгаровіча, былога гаспадара маскоўскага Бальшога, ад якога ён хоча дыстанцыявацца за кошт большай сучаснасьці падыходаў. Аднак калі наш дарадца па культуры прывязе ў Менск трупу «Плезір д'офрір» («Задавальненьне прапанаваць») Мішэля Келеменіса, накіраваную МЗС у краіны Ўсходняй Эўропы, Елізар'еў вельмі крытычна, амаль шакавана, будзе скардзіцца мне на «непрымальны» бок іхных пошукаў і на адсутнасьць у іх «душы» - тут гэта канчатковы прысуд, які абскарджаньню не падлягае. Рэакцыя Елізар'ева ня будзе ні на кроплю спрыяльнейшай ні для Карыны Сапатра, ні для цудоўных Шмід-Пэрнэт, якія, нягледзячы на думку мэтра, прывядуць публіку ў захапленьне. Тую самую публіку, якая спачатку палохалася ўсяго, што здавалася ёй «авангардам».

У Елізар'ева бліскучая балетная трупа для вялікіх масовак, якія ён гэтак любіць. Ягоныя па-дэ-дэ і варыяцыі, часта лірычныя, калі-нікалі акрабатычныя, выконваюцца добрымі салістамі, на жаль, вельмі нешматлікімі. Слабы бок менскага балету (і гэта прызнае сам кіраўнік) - адсутнасьць вялікіх танцоўшчыкаў. Ягоная зорка Захараў, на жаль, на маю думку, малавыразны, а таму яму цяжкавата дэманстраваць свой талент увесь час. Але на другі дзень па сваім прыбыцьці ў Менск я адкрыла для сябе ўва «Ўндзіне» «абсалютную прыма-балерыну» - Інэсу Душкевіч. Потым я буду адорваць яе аплядысмэнтамі ў ва ўсіх яе галоўных ролях - Адэты-Адылі зь «Лебядзінага возера», Джульеты й Жызэлі (увогуле, Душкевіч - найлепшая Жызэль з усіх, якія я калі-кольвек бачыла, такая пачуцьцёвая й крохка-грацыёзная).

Я мяркую, што свае найлепшыя пастаноўкі Елізар'еў ажыцьцявіў у 1980-х гадах у супрацоўніцтве з украінскім мастаком Лысікам, аўтарам арыгінальных і раскошных касьцюмаў і дэкарацыяў. Гэтымі пастаноўкамі былі «Стварэньне сьвету», «Тыль Уленшпігель», «Спартак» (які меўся пераўзысьці «Спартак» Грыгаровіча) і асабліва казачна чароўны «Шчаўкунок», у 1996 годзе паказаны ў Парыжы ў Палацы Кангрэсаў.

Аднак самымі амбітнымі елізар'еўскімі праектамі зьяўляюцца хіба «Карміна Бурана» (з удзелам опэрнага хору) і пастаўленая ў жніўні 1995 году «Рагнеда», дзеля экспартных патрэбаў пераназваная ў «Жарсьці». Апошняя прынесла свайму стваральніку атрыманы ў Парыжы прыз найлепшаму харэографу году - «Бэнуа дэ данс». Пад музыку Мдзівані, мясцовага кампазытара грузінскага паходжаньня, у спэктаклі апяваецца гераіня аднаго залежнага ад Кіева княства, якое стаяла ля вытокаў таго, што цяпер называецца Беларусьсю. Гэта надзвычай моцны й жорсткі твор, глядач якога бязьлітасна асуджаны на сцэны пажару, гвалту, разьні сярод бізантыйскага золата. Яму таксама прапануецца вобраз Хрыста з крыжам, здольнага абудзіць усіх старых няскораных дэманаў «славянскай душы» ды прапаведаваць прымірэньне паміж Кіевам і Масквою пад эгідай Менску. Паказальна, што прэзыдэнт Лукашэнка, чыёй запаветнай марай, як мы ўбачым пазьней, ёсьць усеславянскі саюз, уганаруе сваёй прысутнасьцю прэм'еру гэтай высакаякаснай дэманстрацыі беларускага нэамэсіянізму.

[…]

НАДВОР'Е ПСУЕЦЦА

4

[…]

Мы прымаем у сябе францускіх бізнэсоўцаў, якія прыяжджаюць вывучаць мясцовы рынак. Удаецца ім гэта калі лепш, калі горш. Вельмі частыя госьці - прадстаўнікі адной вялікай кампаніі, якая цікавіцца мясцовымі тэлекамунікацыямі («Алькатэль». - Заўв. рэд.). Але вынікам іхнай працы стаецца ўсяго толькі атрыманьне невялічкага «суцяшальнага» кантракту. А вось вядомы дом моды («Тэд Ляпідус». - Заўв. рэд.) прэзэнтуе ў Менску сваю калекцыю ды проста «фантануе» праектамі. Ён хоча займець тут фабрыку па перапрацоўцы лёну, адчыніць бутык «прэт-а-партэ», стварыць школу моды. Яго калекцыя, натхнёная садамі Парыжу, выглядае чароўна. Яе паказ праходзіць тым больш пасьпяхова, што мадэлі з заразьлівым энтузіязмам прэзэнтуюць манэкеншчыцы-аматаркі - юныя й прыгожыя беларускі. А што да рэшты, то з прычыны адсутнасьці кампэтэнтных мясцовых партнэраў працягу мы ня ўбачым.

Больш пашанцуе дэлегацыі, якая прыбудзе весьці перамовы пра супрацоўніцтва ў галіне аўтамабільнага транспарту. Яна пакіне беларускую сталіцу з падпісаным пагадненьнем. У якасьці карыстальніцы гэтага віду транспарту я правяла цэлы вечар, падбадзёрваючы то адзін, то другі бок. Цяпер я магу цешыцца думкаю, што менавіта мой удзел у перамовах «зрушыў зь месца гэты воз» (выраз, які першы прыходзіць да галавы ў гэтых абставінах).

5

Красавік [1994].

[…]

Клёд разам з усёй Беларусяй уваходзіць у выбарчую кампанію. Ён прымае і наведвае адзін за адным галоўных кандыдатаў і іхныя выбарчыя штабы.

Кожнай гародніне - свой час: у першую чаргу мы запрашаем на «інтымны» абед Шушкевіча, ягоную жонку і аднаго зь ягоных дарадцаў.

Пачатак аказваецца не найлепшы. Нашыя госьці прыбылі з добрым паўгадзінным спазьненьнем, бо былі спыненыя на дарозе міліцыяй, якая расчышчала шлях для афіцыйнага картэжу Бутраса Галі. У былога старшыні ВС кіслы твар. Але атмасфэра хутка распружваецца, і пасьля абеду, падчас якога ўсхваляваная Наташа падала нам дэсэрт… перш чым выставіць талеркі, дэгустацыя сьпіртных напояў - вытанчанага «Напалеону» і старога «Арманьяку» - яшчэ больш палягчае абмен думкамі й адчуваньнямі. Урэшце, наш сябра выказваецца ясна: ён разумее, што мае мала шанцаў на перамогу і шкадуе аб разьяднанасьці дэмакратаў, у выніку чаго яны няўзгоднена выставілі некалькі малапраходных кандыдатаў.

На наступным тыдні мы вячэраем у кампаніі лідэра Народнага фронту Зянона Пазьняка, які прыбыў да нас разам са сваёй падначаленай - спадарыняй Трыгубовіч, журналісткай і мастацкім крытыкам. Я была прыемна зьдзіўленая, пабачыўшы, як «ачалавечылася» за нашым сталом харызматычная постаць гэтага лідэра - асобы высокага росту з худым тварам і з ваяўнічым агнём у вачах. Раптам перад намі паўстаў зусім не палітычны лідэр, а палымяны гісторык - ветлівы, красамоўны, - які адчыніў нам вочы на спэцыфіку стылю беларускага барока, прымусіў адчуць шарм старых гарадоў і прапанаваў быць нашым гідам у будучым падарожжы ў Нясьвіж і Наваградак.

Як ён ацэньвае свае перадвыбарныя шанцы? Мяркуе, што за ім верны электарат на захадзе краіны, значная большасьць галасоў у Менску і падтрымка многіх інтэлектуалаў.

На пачатку чэрвеня, падчас нацыянальнага сьвята Італіі, ён нагадаў мне аб прапанаванай экскурсіі. Я разгубілася, бо мне не здавалася дарэчным для нас публічна зьяўляцца ў кампаніі аднаго з кандыдатаў у прэзыдэнты. Я сьціпла яму заўважыла, што час на такое падарожжа мне здаецца выбраным не найлепшым чынам, што ён мусіць быць перагружаны цяпер і што было б лепш перанесьці гэтую выправу на пасьля выбараў. Пазьняк бязь ценю ўсьмешкі адказвае мне, што тады ён будзе занадта заняты выбарам сваёй рэзыдэнцыі, падрыхтоўкаю законапраектаў і шматлікімі клопатамі, якія будуць вынікаць зь ягоных абавязкаў…

Ці жартаваў ён тады, ці ўсё яшчэ сам хацеў у гэта верыць? […]

Двухсэнсоўная цырымонія ў гонар 200-й гадавіны паўстаньня Касьцюшкі здалася мне тады досыць паказальнай для характарыстыкі настрояў, якія панавалі ў Менску за два месяцы да выбараў.

Падрыхтаваная Народным фронтам, імпрэза фінансавалася ўрадам. Перапоўненая заля, шмат моладзі. Перад канцэртам, у якім фігуравалі ўсюдыісныя «Харошкі», адзін аднаго зьмяняюць аратары (сярод іх і Клёд). Выбухам аплядысмэнтаў сустракаецца арганізатар імпрэзы, які падкрэсьлівае, што сёньня, як і ў 1794 годзе, Беларусь знаходзіцца на мяжы страты незалежнасьці. Нейкі паэт узбуджае залю пракляцьцямі на адрас тых, хто прадае краіну за пару рублёў. Прадстаўнікі ўлады, здаецца, пачуваюцца ніякавата. Краўчанка пляскае ў ладкі разам з заляй, але даволі млява.

Клёд працягвае свой агляд і запрашае на вячэру Антановіча. Гэты былы высокі чыноўнік ЮНЭСКА, які цудоўна гаворыць па-француску, на той момант працуе дарадцам Кебіча і кіраўніком ягонай выбарчай кампаніі. Я не дарэмна падкрэсьліваю - «на той момант», бо румяны, усьмешлівы, субтыльны чалавек з муркатлівым голасам, які мне неадольна нагадвае вялікага ката, ішоў і працягвае йсьці сваім уласным пакручастым шляхам.

[…]

На той момант ён сумняваецца ў посьпеху Лукашэнкі, які яму выразна «не да душы». Гэта, аднак, не перашкодзіць Антановічу пазьней далучыцца да прэзыдэнта і прабыць ягоным міністрам замежных справаў са студзеня 1997-га да студзеня 1999-га.

Але хто ж такі, нарэшце, гэты Лукашэнка, які гэтак непакоіць некаторых, але якога большасьць адмаўляецца прымаць усур'ёз?

Каб гэта высьвятліць, Клёд наносіць яму візыт 28 красавіка і вяртаецца… з вышываным абрусам (традыцыйны вясковы падарунак). Гаспадар прэзэнтаваў гэты абрус у знак падзякі, як ён сам сказаў, «першаму паслу, які выбраўся яго наведаць». Зь візыту муж вынес цьвёрдае перакананьне, што з гэтым чалавекам хутка трэ будзе лічыцца.

Якія ягоныя козыры? Пагалоскі зьмяняюцца вельмі хутка. Кажуць, што ён мае падтрымку найбольш кансэрватыўных колаў арміі. Альбо КДБ. Некаторыя сьцьвярджаюць, што яго фінансуе Жырыноўскі.

Лукашэнка лётае па краіне й спакушае натоўпы шырынёю сваіх плячэй, простасьцю мовы й шчырасьцю. Найлепей яго прымаюць сяляне, бо прызнаюць яго «сваім».

Затое яго рэдка пабачыш у тэлевізіі. БТ манапалізаванае Кебічам, прычым урэшце гэтая масіўная «апрацоўка» тэлегледачоў павернецца супраць самога прэм'ера. З дапамогаю Антановіча ён займае сваёй пэрсонай старонкі ўсіх штодзённых газэт. І гэтага яму яшчэ мала, бо тэлегледачы таксама маюць права на адмысловую перадачу (у прайм-тайм!), дзе яны могуць пабачыць Кебіча ў кароткіх штоніках побач з матуляй альбо на пляжы ў плаўках з сынам (хаця ў ім няма нічога ад Аданіса). Бедныя выбарцы! Як зрабіць выбар паміж галёнкамі Кебіча і, калі скарыстацца з азначэньняў, ужываных у прэсе, «сэмінарыстам-недавукам» Пазьняком ці «псыхапатам» Лукашэнкам?

А між тым 23 чэрвеня выбарцы прыходзяць да скрыняў і выбіраюць зь вялікім энтузіязмам (удзельнічаюць 78 % выбарцаў), з энтузіязмам… Лукашэнку. Папярэднія вынікі стаюцца вядомымі раніцай наступнага дня (з розьніцай у некалькі дзясятых пазьней яны пацьвярджаюцца). [...]

Ніводзін з кандыдатаў не атрымаў абсалютнай большасьці, і трэба чакаць на другі тур, які меўся адбыцца 10 ліпеня, каб Лукашэнка мог пацьвердзіць сваю нечаканую перамогу.

[…З вынікаў першага туру выбараў] сталася ясным, што дзьве крайнія прапазыцыі былі адкінутыя [выбарцамі]:

- адкрытыя камуністы пацярпелі поўнае фіяска;

- нацыяналісты дасягнулі пачэснага выніку, але чаканага прарыву ў іх ня выйшла.

Таксама сталася ясным, што больш няма месца і для сярэдзіннага шляху. Шушкевіч сувора паплаціўся за сваю палітыку кампрамісаў і няўпэўненасьці.

Праз чатыры дні мы запрашаем Шушкевіча на сяброўскі абед. Натуральна, ён расчараваны сваім вынікам, які прыпісвае маніпуляцыям Кебіча: згодна з назіральнікамі, менавіта ён альбо Пазьняк мусіў прайсьці ў другі тур…

Але асабліва Шушкевіч агаломшаны посьпехам Лукашэнкі. Ён ясна прадказвае, што кіраваньне апошняга, з прычыны адсутнасьці эканамічных рэформаў, рана ці позна скончыцца рэфэрэндумам аб саюзе з Расеяй. Перад абліччам гэткай пэрспэктывы Шушкевіч імкнецца згуртаваць вакол сябе пэўную колькасьць бізнэсоўцаў і як мага хутчэй навязаць кантакты з эўрапейскімі прадпрыемствамі, каб вага сувязяў з Захадам стрымлівала поўную інтэграцыю [з Расеяй]. Такім чынам, ён прызнае, што Расея ўжо больш, чым ягоная краіна, уключаная ў сусьветны рынак, і было б добра, каб Беларусь узяла зь яе прыклад.

Усе нашыя сябры больш-менш падзяляюць пэсымізм Шушкевіча - Навумчык, якога я сустрэла на амэрыканскім нацыянальным сьвяце, Грыб, што таксама ходзіць чорны як здань… Краўчанка прамаўляе як на пахаваньні, ён кажа мне, што паміж двух зол трэ было б ізноў выбіраць Кебіча: старая «намэнклятура» прынамсі мае пэўны досьвед у кіраваньні і некаторыя каштоўнасьці, пазасталыя з часоў вайны, тады як Лукашэнка, якога ён лічыць «паталягічным выпадкам», і ягоная каманда маладых кар'ерыстаў ня маюць «ні культуры, ні маралі». Тым ня менш Народны фронт заклікае сваіх выбарцаў праігнараваць другі тур у няпэўнай надзеі, што такім чынам неабходны кворум ня будзе дасягнуты.

Усе нашыя сябры… апрача Антановіча.

Гэты пачынае на мяккіх лапах паварочвацца ў бок пераможцы. Падчас тэлевізійных дэбатаў, на якіх Антановіч супрацьстаіць Лукашэнку, ён, праўда, пацьвярджае, што будзе верна падтрымліваць Кебіча ў другім туры, але адразу дадае, што ў краіне мусіць быць запатрабаваным маладое пакаленьне, прадстаўленае Лукашэнкам і ягонай камандай.

На наступны дзень Антановіч вячэрае ў нас і тут тлумачыцца адкрыта. «Як бы там ні было, - кажа ён, - мы абодва людзі левых поглядаў, і Лукашэнку будзе цяжка праводзіць палітыку, адрозную ад палітыкі Кебіча, нават калі саюз з Расеяй (галоўная тэма выбарчай кампаніі) - гэта толькі «цацка для электарату», бо самі расейцы ў нас ня надта зацікаўленыя». І дадае: «Калі не лічыць геаграфічнага становішча нашае краіны і нашых вайсковых базаў» (што, аднак, ужо само па сабе немалаважна).

8 ліпеня іншыя тэлевізійныя дэбаты ўпершыню зводзяць твар у твар двух канкурэнтаў.

У той час як ня надта абазнаны ў сваёй справе вядучы ня можа даць рады хронамэтражу, Лукашэнка, узброены стосам дакумэнтаў (што сьведчыць пра ягоны доступ да канфідэнцыйнай інфармацыі й добрую працу выбарчага штабу), прагна ўгрызаецца ў бакі свайму супраціўніку. Ён абвінавачвае яго ў некампэтэнтнасьці і раздае абяцанкі выправіць - без тлумачэньня, якім чынам, - тыя ці іншыя памылкі. Кебіч не дае рады адбіцца і мусіць задаволіцца жалю вартай абаронай, асабліва нікчэмнай у заключны момант, калі ён просіць прабачэньня ў народу за тыя памылкі, якія ён мог зрабіць.

З Кебічам пакончана.

[…]

ЛУКАШЭНКА ЗА ШТУРВАЛАМ

1

20 ліпеня Вярхоўны Савет абвяшчае Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку першым прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусі.

[…]

У той жа вечар у рэзыдэнцыі ў Заслаўі Лукашэнка дае прыём для парлямэнтароў і прадстаўнікоў дыпляматычнага корпусу, што дазваляе мне ўпершыню пабачыць яго на свае вочы.

«Малады», як ён любіць падкрэсьліваць, прэзыдэнт - высокі і масіўны, хоць трохі каратканогі. Апошні недахоп маскуецца бездакорным двухбортным гарнітурам, але будзе відавочны падчас шматлікіх тэлесюжэтаў, прысьвечаных ягоным спартовым практыкаваньням. […] Ён какетліва хавае раньнюю лысіну, зачэсваючы набок доўгую пасму (гэты макіяж, аднак, не трымаецца, калі ён у дэсантнай уніформе высаджваецца з свайго гелікоптэра). Шырокія скулы, драпежныя вочы і воўчыя зубы пад чорнымі вусамі, якія цалкам хаваюць верхнюю губу, - злыя языкі прыпісваюць яму цыганскае паходжаньне. Праўдай ёсьць тое, што Лукашэнка быў народжаны сялянкай з Магілёўшчыны ад невядомага бацькі. Сам ён жанаты, мае дваіх дзяцей, але мы ніколі ня ўбачым ягонай жонкі і толькі зрэдзьчасу - ягоных сыноў. […] Лукашэнка дакладна не належыць да інтэлігенцыі й ня цешыцца яе прыхільнасьцю: ён практычна не гаворыць па-беларуску (аднак на наступным тыдні зробіць выключную спробу зрабіць прамову на беларускай мове з нагоды Нацыянальнага сьвята) і кепска, паводле слоў ягоных крытыкаў, - затое шмат - гаворыць па-расейску. Але ён зважае на гэтую крытыку: незадоўга да нашага ад'езду зь Менску ён пахваліць мой прагрэс у расейскай мове і пасьля майго адказу «Я шмат чаму навучылася, слухаючы Вашыя доўгія прамовы па тэлебачаньні» абмяняецца хітрай усьмешкай з сваім тагачасным міністрам замежных справаў Антановічам - нечаканае сьведчаньне таго, што ён усё ж мае пачуцьце гумару.

Шматлікія грані й парадоксы ягонага характару будуць праяўляцца пакрысе: дабрадушнасьць і падазронасьць, нязграбнасьць і хітрамудрасьць, задзірлівасьць і зьменлівасьць, красамоўнасьць, якая заганяе яго ў пастку некантраляванай рэзкасьці, што выдае сталую супярэчнасьць паміж ягонай прагай улады і глыбокім пачуцьцём небясьпекі.

Прынамсі, гэткія ўражаньні я вынесу зь некалькіх спатканьняў з Лукашэнкам і зь ягоных незьлічоных публічных выступаў.

Але пакуль што ён увесь цукрова-мядовы. Ён хоча падабацца, і, верагодна, яму гэта ўдаецца, калі меркаваць з плеяды маладых пасьлядоўнікаў, якія яго атачаюць. А мы гуляем у адгадваньне, хто зь іх зойме міністэрскія пасады.

Чакаць ня прыйдзецца доўга. Сьпіс абвешчаны на наступны дзень, а праз тыдзень мы зноў спаткаем іх у тым самым месцы, з нагоды Нацыянальнага сьвята, і яны будуць стаяць гуртам вакол свайго патрона.

Прызначэньне Чыгіра прэм'ер-міністрам - неспадзяванка, прычым нядрэнна ўспрынятая: былы дырэктар Аграрнага банку не падобны да экстрэміста. І на самай справе ён будзе праяўляць сябе як цярплівы выканаўца, аж пакуль ня ўзбрыкне адстаўкай праз два з паловай гады. Старыя ваўкі Лінг і Мясьніковіч займаюць пасады віцэ-прэм'ераў, першы - па эканоміцы, другі - па прамысловасьці. Віцэ-прэм'еру па культуры і інфармацыі маладому дэмакрату Ганчару прадказваюць найлепшую будучыню, але мы ўбачым, што надоўга ён ува ўрадзе не забавіцца. Дыпляматы ў найвялікшай ступені задаволеныя прызначэньнем на пасаду міністра замежных справаў Уладзімера Сянька, кар'ернага дыплямата й амбасадара ў Лёндане. Уніклівы і чулы, ён будзе ўважлівым суразмоўцам і, наколькі гэта будзе магчымым, будзе змазваць алеем зубчасты мэханізм адносінаў паміж нашымі краінамі, аж пакуль яго не пазбавяць пасады. Ён і ягоная жонка, выхаваная ў тым самым сэралі (дачка савецкага пасла і сама выпускніца Маскоўскага інстытуту міжнародных адносінаў), стануцца для шмат каго з нас каштоўнымі сябрамі.

У гэты вечар Лукашэнка яшчэ выпрамяняе ўсьмешкі. Ён паставіў сабе за мэту прыручыць дыпляматычны корпус і лічыць сваім абавязкам супакойваць яго варыяцыямі на тэму: Беларусь - мірная краіна ў цэнтры Эўропы, якая хоча жыць у міры з усімі сваімі суседзямі; нягледзячы на асаблівыя стасункі з Расеяй, ён адкрыты на ўсе прапановы, як з Захаду, так і з Усходу, абы толькі яны адпавядалі інтарэсам ягонага народу. Ён унікліва паўтарае: «Ня трэба баяцца Беларусі», - і быццам на выпадак, калі мы яго не зразумелі: «Скажыце сваім урадам, што нас няма чаго баяцца»… Клёд і ягоныя калегі трохі сумеліся.

«Супакоіўшы» такім чынам дыпляматаў (выраз Лукашэнкаў), ён перайшоў да чараваньня МВФ, потым - Масквы. Пакуль няма дамовы аб эканамічным саюзе («Трэба спачатку здагнаць расейскую эканоміку, але пазьбегнуць пры гэтым памылак старэйшага брата», - дадае ён і па-сяброўску ляпае па сьпіне Чарнамырдзіна, які трохі моршчыцца), але пасьля кароткага перапынку Масква прапанавала новыя крэдыты і дала гарантыі захаваньня льготных цэнаў на энэрганосьбіты. Гэта ўжо ня так кепска. Як ён увесь час падкрэсьлівае, спадзяваньні ягоных супраціўнікаў на тое, што Масква яго не падтрымае, «рассыпаліся, як картачны дамок». Ён дае сабе восем месяцаў (да наступных парлямэнцкіх выбараў?), каб пакончыць з інфляцыяй. Народны фронт пагадзіўся на шэсьць месяцаў (што пацьвердзіла нам мілая пара Навумчыкаў, прыйшоўшы на вячэру), падчас якіх БНФ спыніць усе атакі на Лукашэнку і будзе займаць становішча канструктыўнай апазыцыі.

Адным словам - боская ласка.

3

У што верыць Лукашэнка? Хоць аднойчы ў парыве шчырасьці ён назаве сябе атэістам, ён усё ж дастаткова лоўкі палітык, каб не прапусьціць магчымасьці выкарыстаньня грамадзкіх настрояў і пошуку падтрымкі ў Праваслаўнай царквы. Яго ўсё часьцей і часьцей будуць бачыць у кампаніі мітрапаліта (якому толькі гэтага й трэба) на нацыянальных сьвятах. Гэтая ж пара будзе стала прысутнічаць на вялікіх рэлігійных мерапрыемствах. Дойдзе да таго, што Лукашэнка замест сьвятара будзе з амбону зьвяртацца да вернікаў у царкве… Нават заяўляючы пра сваю бесстароннасьць, ён ніяк гэтым не палегчыць місіі каталіцкага Касьцёлу, які, дарэчы, выяўляе нашмат менш вернападданасьці да ягонай асобы. […]

А што Пазьняк? Я не выключаю, што лідэр БНФ дасюль ушаноўвае «сьвятыя камяні». Прынамсі, так ён эмацыйна апавядае нам пра свае блуканьні ў месяцавым сьвятле ў парку [камянёў] Інстытуту геалёгіі!

Ён абедае ў нас разам з Навумчыкам і пры нагодзе пацьвярджае, што дамова з уладаю пачынае яго абцяжарваць. Меры, якія прымаюцца новым кіраўніцтвам, здаюцца Пазьняку хаатычнымі, недастатковымі й «малажыцьцёвымі», а прэзыдэнцкая каманда - бязладнай і некампэтэнтнай.

Мы гэта таксама добра бачым.

[…]

Францыя так і не адчыніць у Беларусі сваёй «крэдытнай лініі» дзеля забесьпячэньня інвэстыцыяў, таму наш прагрэс у галіне эканамічных стасункаў з гэтай краінай застанецца сапраўды вельмі нязначным у параўнаньні з дасягненьнямі нашых канкурэнтаў, такіх, як немцы ці нават палякі.

Тым ня менш Бэртран [гандлёвы прадстаўнік] бесьперапынна нарошчвае сваю актыўнасьць. Ён імкнецца зрабіць усё магчымае для палягчэньня кантактаў і ў гэтым сэнсе ўскладае вялікія надзеі на Франка-беларускі бізнэс-клюб, сяброў якога мы прымаем 8 лістапада [1994 году].

Апрача сымпатычнага буфэту, мы прапануем прадстаўнікам каля сарака францускіх фірмаў, што працуюць у Менску, прысутнасьць Марыніча. Гэты пранырлівы й непатапляльны пры кожным рэжыме міністар замежных эканамічных сувязяў знайшоў добрую нагоду, каб абвясьціць пра некаторыя новыя меры па заахвочваньні замежных інвэстыцыяў.

Я, натуральна, карыстаюся з нагоды, каб пабалакаць з прадстаўнікамі дамоў моды й парфумэрных кампаніяў. Але таксама знаходжу час для размовы зь беларусам - прадстаўніком фірмы «Матра» і ягоным францускім памочнікам. Гэтая фірма выкарыстоўвае мясцовых праграмістаў для стварэньня складаных кампутарных праграмаў. Наступны мой суразмоўца - прадстаўнік фармацэўтычнай кампаніі «Белфранс», які хваліцца неймавернымі аб'ёмамі вырабленай прадукцыі (але куды ж, у такім выпадку, дзяюцца ўсе гэтыя мэдыкамэнты?). І я ажно ўздрыгваю, калі адзін зь беларускіх гасьцей мне кажа: «Мы толькі што купілі 2 % акцыяў «Рэно». Наводжу даведкі: аказваецца, я размаўляла зь мясцовым прадстаўніком «Эльф-Санафі».

Бясспрэчна, усе гэтыя кампаніі вартыя павагі, адно толькі не адчуваецца прысмаку рызыкі прыватнай ініцыятывы. Гэты прысмак дае сябе адчуць празь некалькі дзён, калі мы прымаем уладальніка фабрыкі катлоў з Клермон-Фэрану. Спрабуючы пашырыць вытворчасьць, ён стаўся ахвярай поклічу славянскіх лясоў. Цяпер ён спрабуе стварыць у Гомелі сумеснае прадпрыемства з выкарыстаньнем у якасьці паліва шматлікіх адкідаў мясцовай лясной прамысловасьці. Увасабленьнем прыватнай ініцыятывы ёсьць і адстаўны афіцэр францускіх ВПС, які фрахтуе грузавы самалёт беларускай арміі для транспартаваньня розных тавараў ды ўдзелу ў гуманітарных акцыях. Празь некалькі месяцаў гэты самалёт вытрымае аварыйную пасадку ў Сараеве, што дазволіць яго арэндатару выйсьці непашкоджаным з гэтай непрыемнай прыгоды.

4

[…]

Пасьля колькітыднёвага побыту на беразе Чорнага мора, даўшы адпачынак змучанай спортам і палітыкай сьпіне, у сярэдзіне лістапада Лукашэнка вяртаецца ў Менск. Ён настолькі «прыйшоў у форму», што ў той самы вечар акупуе тэлевізійны канал, каб выкрыць:

- парлямэнт, які стрымлівае рэформы тым, што ставіць пад пытаньне стварэньне прэзыдэнцкай адміністрацыі, гэтае «вэртыкалі», якая, ад райвыканкаму да ўраду, дублюе ланцуг кіраваньня паводле колішняга партыйнага прыкладу;

- міністраў і старшыню Нацыянальнага банку, якія не жадаюць выконваць ягоныя дырэктывы і, у прыватнасьці, дапусьцілі рост цэнаў падчас ягонай адсутнасьці;

- журналістаў, якія распаўсюджваюць усялякія плёткі, і тэлебачаньне, што трансьлюе парлямэнцкія дэбаты цалкам у той час, як мусіла б перадаваць толькі «канструктыўныя» спрэчкі;

- апазыцыю, як правую, так і левую, якая аб'ядналася ў змове супраць яго;

- Расею, занадта нестабільную, каб ён мог на яе разьлічваць;

- Захад і МВФ, якія не даюць абяцанай дапамогі.

Ніхто яшчэ не прызвычаіўся да гэткіх сцэнаў, якія потым будуць паўтарацца пасьля кожнага Лукашэнкавага вяртаньня да працы. […] Усе чакаюць, калі «палятуць галовы».

І сапраўды, празь некалькі тыдняў адстаўка Ганчара ў знак пратэсту супраць стварэньня «прэзыдэнцкай вертыкалі» для многіх, а ў першую чаргу для заходніх дыпляматаў, прагучала як сыгнал трывогі.

У пачатку студзеня, запрошаны на абед разам з бляндынкаю-жонкаю, Ганчар растлумачыць нам, што ён прыняў пасаду віцэ-прэм'ера толькі на ўмовах захаваньня поўнай самастойнасьці і ў надзеі на стварэньне ўраду «прагматыкаў», якіх бы ён сам і рэкамэндаваў. Ён прызнаецца, што цяпер найбольш заклапочаны аб'яднаньнем цэнтрысцкіх партыяў напярэдадні вясновых парлямэнцкіх выбараў. Калі Лукашэнка будзе працягваць дзейнічаць, быццам наўмысна імкнучыся адпіхнуць ад сябе ўсіх, гэтая кааліцыя будзе мець шанцы вылучыць і правесьці зьмены ў Канстытуцыі. Гэтыя зьмены ня будуць азначаць вяртаньня да катастрафічнага калектыўнага кіраваньня, але павінны прынамсі абмежаваць паўнамоцтвы прэзыдэнта. (Хутка мы ўбачым, як Ганчар памыляўся, загадзя выключаючы зь сьпісу патэнцыйных хаўрусьнікаў Шушкевіча і БНФ, што пазбавіла ягоную кааліцыю значнай колькасьці галасоў.)

Клёд без прамаруджаньня спрабуе расшыфраваць намеры Лукашэнкі ў сфэры замежнай палітыкі й запрашае да нас маладога намесьніка міністра замежных справаў Цапкалу. Чыноўнік выказваецца гранічна ясна: распад СССР - працэс зусім не незваротны, хоць аднаўленьне Саюзу і азначала б «палітычнае харакіры» для кіраўнікоў маладых дзяржаваў. Беларусь у гэтым сэнсе - самае ўразьлівае зьвяно ў ланцугу. Калі абыякавасьць Захаду да справаў Беларусі выкліча абвастрэньне эканамічнага крызысу, беларускі народ не пасаромеецца аддацца ў рукі вялікага расейскага брата. Апошні ж прыме гэтую ахвяру тым больш ахвотна, што ўжо вымалёўваецца пагроза з боку NАТО, да якога імкнуцца далучыцца краіны Ўсходняй Эўропы аж да Берасьця.

Ну, вось мы ўжо й сталіся абвінавачанымі.

Дарэчы, 12 сьнежня мы запрошаны на сьвяткаваньне гадавіны ўтварэньня СНД у раскошную блакітную з золатам ратонду, пабудаваную калісьці для Менскага абкаму партыі. Перад намі прамаўляе Лукашэнка, які скардзіцца на нізкую выніковасьць працы Садружнасьці ды жадае павысіць яе шляхам двухбаковых пагадненьняў, у прыватнасьці з Узбэкістанам і Расеяй. Тут ён упершыню прамаўляе слова «інтэграцыя».

На наступным тыдні адбываецца цырымонія прыняцьця калядных зычэньняў ад дыпляматычнага корпусу, які мусіць праходзіць перад Лукашэнкам у пратакольным парадку (дзе ты, мілы беспарадак папярэдніх гадоў!). Ён тым часам імкнецца супакоіць жарсьці й запэўнівае, што арганізуе «круглы стол» з удзелам прадстаўнікоў асноўных партыяў, каб выпрацаваць узгодненую палітыку. Лукашэнка жадае ад дыпляматаў разуменьня тых цяжкасьцяў, якім мусіць супрацьстаяць ягоная маладая дзяржава. Ён просіць забясьпечыць ёй падтрымку з боку адпаведных урадаў, ня робячы гэтым разам падзелу на Ўсход і Захад.

[…]

5

[…]

[Пачатак 1995 году] Мы запрашаем да сябе Антановіча, які зьнік на некаторы час пасьля выбараў, але нядаўна зноў вярнуўся на арбіту вышэйшай улады.

Гэты хітры ліс ізноў выцягнуў на сьвет свой партбілет. Ён трымае нос па ветры й ставіць на посьпех камуністаў на наступных парлямэнцкіх выбарах.

Назаўтра я пераконваюся ў тым, што Антановіч добра інфармаваны: шматлікія чырвоныя сьцягі лунаюць над натоўпамі, якія на заклік прафсаюзаў маніфэстуюць па ўсёй краіне супраць уздаражаньня жыцьця ды супраць «рэформаў».

[…] Пасьля Антановіча Клёд запрашае да нас у дом таго, хто зьменіць яго пазьней на пасадзе міністра замежных справаў, - Урала Латыпава, новага дарадцу прэзыдэнта па міжнародных пытаньнях, на шчасьце - франкамоўнага. Чалавек з «красамоўным» імем (прынамсі для тых, хто ведае геаграфію) - татарын з Башкартастану. Ягоная высокая маладжавая постаць, шырокія скулы, блакітныя вочы, сьціплы й сарамлівы выгляд выклікаюць у мяне сымпатыю да таго часу, пакуль я не даведваюся, што гэты чароўны хлопец прайшоў школу КДБ і выкладаў у гэтай установе спосабы абыходжаньня з замежнікамі…

Пакуль што здаецца, што наш новы прыяцель ня надта ведае, якія ён мае функцыі, апрача забесьпячэньня прэзыдэнта замежнымі візытамі. Латыпаў верыць - альбо робіць выгляд, што верыць, - у афіцыйнае запрашэньне з Францыі. Клёд вымушаны яго расчараваць. Тым ня менш, абодва згодна прытрымліваюцца думкі, што было б някепска, каб пасьля былых «братніх краінаў», Кітаю ды Індыі, «малады прэзыдэнт» атрымаў магчымасьць папоўніць свой багаж ведаў на Захадзе.

Латыпаў бярэ на сябе клопат запэўніваць нас, што ў адносінах з Расеяй гаворка ідзе ўсяго толькі пра эканамічны хаўрус. Прынамсі, на сёньняшні момант. І што гэты хаўрус сутыкаецца з шматлікімі цяжкасьцямі… тэхнічнага характару.

[…Між тым] з Масквы адзін за адным прыбываюць міністар замежных справаў, прэм'ер-міністар, старшыня Думы.

Апазыцыя бушуе. У парлямэнце ідзе змаганьне. Грыб лявіруе. Ён часта зьяўляецца на экране тэлевізара і спрабуе апраўдаць фронду сваіх калег, пазьбягаючы пры гэтым нават згадваць імя прэзыдэнта. Ідзе дыскусія пра новыя дзяржаўныя сымбалі Беларусі. Натуральна, гэта - найважнейшае пытаньне, асабліва калі ўлічыць, што, нягледзячы на штучную стабілізацыю курсу «зайчыка», працягваецца інфляцыя, а з рынку цалкам зьніклі добрыя мясцовыя малочныя прадукты, на якія аказаўся занадта ласы старэйшы брат. Нягледзячы на ўсе пагадненьні аб мытным хаўрусе, даводзіцца аднавіць кантроль грузаў на мяжы.

Нарэшце 21 лютага чароўны прынц Ельцын уласнай пэрсонай прызямляецца ў аэрапорце «Менск-2», затрымліваючы на тры гадзіны вылет майго самалёта ў Францыю.

Два «мядовыя дні», трохі падпсаваныя маніфэстантамі з БНФ, - і два галубкі падпісваюць Дамову аб дружбе й супрацоўніцтве, дапоўненую новымі мытнымі й вайсковымі пагадненьнямі.

Па вяртаньні з вакацыяў у сярэдзіне сакавіка я знаходжу сытуацыю такой самай напружанай і даволі заблытанай.

Ад Лукашэнкі, як звычайна, вее то гарачынёй, то холадам. У вечар майго вяртаньня ў тэлевізійнай прамове ён абвяшчае, што, адчыніўшы сваю краіну на Ўсход, ён павернецца зараз тварам да Захаду.

Клёд ды ягоныя калегі вельмі хацелі б злавіць яго на слове. Дарэчы, беларускі прэзыдэнт запрошаны ў Францыю на сьвяткаваньне юбілейнай гадавіны 8 траўня 1945 году. Прыедзе ён ці не прыедзе?

Сянько, які наведаў Парыж для ўдзелу ў міжнароднай канфэрэнцыі, вяртаецца адтуль не ў найлепшым настроі. Ён мусіў там парафаваць нашую Дамову аб згодзе й супрацоўніцтве, што знаходзіцца ў працы ўжо больш за два гады, але ня здолеў спаткацца з Жупэ. Міністар замежных справаў Францыі спаслаўся на «тэхнічныя цяжкасьці» ды адклаў спатканьне зь беларускім калегам «да лепшых часоў».

[…]

З прычыны адсутнасьці ў Лукашэнкі партыі, якая б яго падтрымлівала, прэзыдэнт сумняваецца ў выніках галасаваньня і таму, разьлічваючы на сваю асабістую папулярнасьць, жадае ператварыць гэтыя выбары ў плебісцыт.

Такім адчуваньнем дзеліцца наш сёньняшні госьць. Лябедзька - высокі чуб, маленькія вусікі над прыемнай усьмешкай - старшыня Аб'яднаньня маладых палітыкаў. Пасьля таго як падтрымаў Лукашэнку, каб «насаліць» Кебічу, ён пачынае патроху дыстанцыявацца ад прэзыдэнта, аднак, паводле ўласнага прызнаньня, застаецца ўва ўладзе пэўнага захапленьня гэтым чалавекам. Для Лябедзькі незалежнасьць ягонай краіны - гэта справа яшчэ аднаго пакаленьня. Пакуль ён параўноўвае Беларусь зь вязьнем, які ў дзень свайго вызваленьня звар'яцеў ад думкі пра страту сваіх нараў і гарантаванай пайкі.

[…]

6

[…]

Навумчыкі, якія прыйшлі пакаштаваць разам з намі рагу зь белага мяса пад белым соўсам праз тыдзень пасьля гвалтоўна спыненай галадоўкі дэпутатаў, зьвярнулі нашую ўвагу на відавочную абсурднасьць распарадчых актаў, згодна зь якімі праводзіцца гэтая выбарчая кампанія і якія практычна забараняюць кандыдатам абапірацца на падтрымку партый, атрымліваць грошы на правядзеньне кампаніі і мець доступ да СМІ.

Сяргей спадзяецца, што БНФ атрымае 20 % месцаў у новым парлямэнце, хаця й згаджаецца, што апошнія падзеі пашкодзілі фронтаўскаму іміджу. Ён, аднак, баіцца, каб усе карты ня зблытаў рэфэрэндум і каб зьзяньне чырвоных сьцягоў, якія хутка будуць паўсюдна лунаць у гонар 50-годзьдзя Перамогі, не адбілася на зьмесьціве скрыняў для галасаваньня.

А Галіна першая ўслых выказвае мае ўласныя думкі: «А раптам Лукашэнку маніцца прымерыць «шапку Манамаха»? Злыя языкі ўжо пачынаюць аб гэтым шаптаць. Калі ён прынясе ў пасаг «Паўночна-Заходні край», то чаму б яму ня быць з энтузіязмам прынятым у Крамлі? У некаторых расейскіх колах у ім бачаць «моцную руку, якая выратуе Расею». Ягоная асабістая ахова ды Рада Бясьпекі ўжо запоўненыя старымі гэбістамі… Як мы пазьней убачым, гэтыя чуткі будуць патроху ўзмацняцца і, спачатку абвергнутыя атачэньнем прэзыдэнта, а потым моўчкі прызнаныя некаторымі зь ягоных найбліжэйшых супрацоўнікаў, стануцца ўрэшце рабочай гіпотэзай.

[…]

Сьвяткаваньні 50-годзьдзя Перамогі - дзеля якіх прэзыдэнт, рэч ясная, адмовіўся прыняць запрашэньне наведаць Францыю, накіраванае ўсім кіраўнікам краінаў - пераможцаў 1945 году (Беларусь на гэтых сьвяткаваньнях у Парыжы будзе прадстаўляць прэм'ер-міністар Чыгір), - маюць цягнуцца тры дні й мабілізаваць усю краіну.

Ёсьць нагода нашкадавацца, што гэтае сьвяткаваньне ня можа адбыцца ў Савецкім Саюзе, у чым вінаватыя палітычныя гульцы, якія штучна разьдзялілі савецкія рэспублікі.

На трэці дзень, падчас параду, увесь Менск выходзіць на вуліцы. Ад плошчы Незалежнасьці да плошчы Перамогі натоўп крочыць за сваім прэзыдэнтам. Тут і маладыя, і вэтэраны. Дзеці на плячах у дарослых размахваюць сьцягамі СССР і БССР. Паўсюль - партрэты Леніна і нават Сталіна.

Пазьняк, які вырашыў сьвяткаваць асобна, яшчэ крыху маргіналізаваў такім чынам свой рух.

А Лукашэнка можа сабе дазволіць адляцець зь Менску ў Маскву, каб прыгожа скончыць гэты дзень, прысягнуўшы на вернасьць Крамлю ад імя народу… больш царскага, чым сам цар.

[…]

7

[…]

Урал Латыпаў, якога я сустракаю ўбаку ад натоўпу ў садзе Дому дружбы на прыёме з нагоды нацыянальнага сьвята Італіі, відавочна кепска ператраўлівае эскапады свайго патрона - асабліва цяжка яму тлумачыць іх перад нашымі эўрапейскімі калегамі.

На ягоную прапанову мы гуртуемся вакол качкі з памаранчамі, каб «чыстасардэчна» абмяняцца поглядамі. Латыпаў прызнаецца, што прыбыў на гэтую вечарыну з згоды прэзыдэнта, фактычна - у якасьці ягонага прэс-сакратара. Сапраўды па-майстэрску ён пераконвае нас у тым, што трэба прыстасоўвацца да рэаліяў: Лукашэнка прыйшоў на пяць гадоў, можа, і на болей; ён вельмі папулярны - ня толькі ў сваёй краіне, але таксама і ў Расеі, і ўва Ўкраіне (іншымі словамі, рыхтуйцеся!). І ўрэшце, гэта ж ня ён расстрэльваў з гарматаў парлямэнт і ня ён увёў войскі ў Чачэнію!

Але яму трэба палепшыць свой імідж, які не ўспрымаецца на Захадзе, і навязаць кантакты з заходнімі палітыкамі ўсіх напрамкаў, а таксама зь бізнэсоўцамі й прамыслоўцамі. Апошнім ён гатовы прапанаваць нават зямлю, хаця ў прынцыпе ён супраць яе прыватызацыі.

З боку іншых чакаюцца сыгналы прыхільнасьці, як, напрыклад, падпісаньне ўмовы з МВФ, якое ўсё чакаецца і ўсё адтэрміноўваецца (дарэчы, гэта праўда, што МВФ заўжды дэманстраваў больш «разуменьня» ў адносінах да Ельцына, чым у адносінах да Лукашэнкі).

[…]

ПЕРШЫЯ ЗАНОСЫ

1

[…]

Але ж Лукашэнка вучыцца на ўласных памылках. Паступова ён усё больш ідзе на меры, якія супярэчліва і без асаблівага энтузіязму ўспрымаюцца краінай, што ўпарта трымаецца за старыя савецкія звычкі. Гэтак, прынамсі, нам 10 кастрычніка [1995] тлумачыць сытуацыю Аляксандар Фядута, якога мы ўпершыню прымаем у сваім доме.

[…]

На ягоную думку, у сытуацыі паглыбленьня эканамічнага крызысу прэзыдэнт спрабуе ажыцьцявіць «уцёкі наперад». Размахваючы сьцягам саюзу з Расеяй, ён зандуе глебу для канфэдэрацыі з чаргаваньнем прэзыдэнтаў. Але расейцы прымушаюць сябе ўгаворваць, у прыватнасьці «Газпром» ня надта схільны пастаўляць беларусам паліва па ўнутраных цэнах. Згодна зь Фядутам, Лукашэнка менш баіцца абраньня [у парлямэнт] некалькіх «бээнэфаўцаў», чым паўстаньня там большасьці ўпартых «цьвёрдакаменных» камуністаў. Але найбольш яго страшыць тое, каб Канстытуцыйны суд, які да яго кепска ставіцца і абсалютна яму не падкантрольны, не распачаў працэдуры імпічмэнту.

[…]

Наш наступны госьць, Лябедзька, прайшоў той самы шлях [што й Фядута] і толькі што далучыўся да апазыцыі, прынамсі той яе часткі, што групуецца вакол Багданкевіча, былога старшыні Нацыянальнага банку. Ён думае, што, пакуль стаўка расейскіх прэзыдэнцкіх выбараў ня будзе выкупленая, Лукашэнка застанецца паралізаваны сваёй вар'яцкай надзеяй стацца некалі богаабраным правадыром панславянскіх нацыяналістаў. Тым ня менш, Лябедзька спадзяецца на рэформы, бо ў новым парлямэнце, а менавіта сярод аграрнікаў, ёсьць маладыя прагматыкі, якія, калі авалодаюць сваім новым рамяством, могуць стацца добрымі заканадаўцамі.

Вымалёўваецца новы цэнтрысцкі саюз, а БНФ па-ранейшаму застаецца сам па сабе. Пазьняк, якога мне цяжка было ўявіць бацькам сям'і, сёлета ажаніўся, і ягоная цыбатая постаць маячыць на ўсіх кактэйлях, але, такое ўражаньне, выклікае толькі спачуваньні. Навумчык адмаўляецца ісьці на давыбары (трэба разумець, лічыць гэта беспэрспэктыўным). Ён хоча засяродзіцца на палітычнай агітацыі і паспрабаваць згуртаваць маладых прадпрымальнікаў, у той час як уплывовыя бізнэсоўцы павярнуліся да Лукашэнкі, які да таго ж, на спакусу дзелавым людзям, паклікаў кіраўніком сваёй адміністрацыі Мясьніковіча. Навумчык таксама задумляецца над аграрнікамі і марыць, што яны некалі далучацца да шырокае апазыцыі.

Хто ж яны, гэтыя новаабраныя [аграрнікі]? Каб пазнаёміцца зь імі бліжэй, Клёд запрашае на 17 лістапада іхнага старшыню ды двух іншых кіраўнікоў партыі… і затрымліваецца ў амбасадзе. Я на паўгадзіны пакінутая сам-насам зь імі. На шчасьце, пад белай шавялюрай старшыні Шарэцкага хаваецца просты й непасрэднны погляд на жыцьцё, характэрны для людзей ягонай камплекцыі. Але таксама яго характарызуе няўмольная дыялектычнасьць і манера размовы, якая не пакідае ягоным сябрам шанцу ўставіць хоць слова, няшмат такіх шанцаў зьяўляецца і ў Клёда. Усё гэта разам зробіць зь яго пазьней праціўніка Лукашэнкі, больш упартага, чым Грыб.

Ён кажа нам, што сёньня аграрнікі гатовыя падтрымаць прэзыдэнта ды ягоныя «рэформы». Яны падзяляюць прэзыдэнцкія інтэнцыі, але канчаткова будуць судзіць толькі паводле ягоных справаў. Але пра якія рэформы гаворка? Калектывізацыя й стварэньне вялікіх агракомплексаў былі неабходнымі мерамі ў тым стане, у якім апынулася Расея напярэдадні рэвалюцыі. Яны дазволілі ёй зрабіць вялікі скачок наперад, але адначасова закансэрвавалі сыстэму эксплюатацыі земляў й не дазволілі скарыстацца з прагрэсіўных тэхналёгіяў, распрацаваных за мяжою. Тое самае адбывалася і ў прамысловасьці. Такім чынам, аграрнікі добразычліва паставіліся б да больш гнуткай сыстэмы, якая можа базавацца на суіснаваньні калгасаў, каапэратываў і дробных фэрмэрскіх гаспадарак. Але пры гэтым ня мусіць закранацца галоўная догма: ня можа быць гаворкі пра перадачу ў прыватныя рукі сродкаў вытворчасьці. Тое, што можа й павінна быць прыватызавана, - гэта сыстэма кіраваньня імі.

Што датычыць адносінаў з Расеяй, то, натуральна, трэба аднавіць Саюз, які ніколі й не спыняў свайго існаваньня ў сьвядомасьці людзей. У той ці іншай форме, ён абавязкова патрэбны для вырашэньня якіх-кольвек праблемаў: ад ратаваньня трактарнага заводу да супрацьстаяньня пагрозе НАТО.

[…]

[Тым часам] Лукашэнка лаўчыцца палепшыць свае адносіны з Захадам.

Аднак спачатку гісторыя зь зьбіцьцём амэрыканскага паветранага шара, а потым вымушаная адстаўка Багданкевіча (у той самы момант, калі ўжо здавалася, што пагадненьне з МВФ нарэшце гатовае да падпісаньня) не спрыяюць паляпшэньню сытуацыі. Між тым у канцы кастрычніка прэзыдэнт запрошаны на ўрачыстасьці з нагоды 50-годзьдзя ААН і выпраўляецца ў ЗША. Адтуль ён вяртаецца як ніколі заклапочаны сваім іміджам. «Мы можам колькі хочам спрачацца ў гэтых сьценах, - канфідэнцыйна распавядае ён па вяртаньні свайму коснаму парлямэнту, - але перад замежнікамі трэба рабіць выгляд, што ўсё ў нас ідзе да лепшага». Тое ж, відаць, датычыць і народу. Кожны вечар мясцовае тэлебачаньне частуе нас Лукашэнкавымі размовамі з амэрыканскай «інтэлектуальнай элітай» ды ягонымі трыюмфальнымі выступамі перад «міжнароднымі» інвэстарамі. Мы бачым яго ў Чыкага, дзе з самахвальскім выглядам ён прымае паднесеныя яму ключы ад гораду!

Вецер пачынае зьмяняцца? Бо з нашага боку сытуацыя таксама разблякоўваецца. Нарэшце адбылася сустрэча паміж Сяньком й нашым новым міністрам замежных справаў Эрвэ дэ Шарэтам. Яны парафавалі стандартную Дамову аб дружбе й супрацоўніцтве ды адзначылі гэтую падзею шампанскім.

Сапраўды, наш урад знаходзіцца ў даволі казытлівай сытуацыі пасьля аднаўленьня выпрабаваньняў ядравай зброі ў Ціхім акіяне ды мусіць лічыцца з кожным патэнцыйным сябрам. Адсюль - гэтае ажыўленьне цікавасьці да Беларусі. Ці дойдзе яно да запрашэньня яе прэзыдэнта ў Парыж з афіцыйным візытам, пра які ён марыць? Над гэтым працуе Мясьніковіч, які прываблівае нашых бізнэсоўцаў магчымасьцямі, якія адкрые такі візыт. Над візытам таксама працуе Латыпаў. Ён прыходзіць да нас напярэдадні выбараў і тлумачыць думкі свайго гаспадара. Ён пацьвярджае, што гэты апошні вельмі жадае спадабацца заходнім сталіцам. Мімаходзь Латыпаў устаўляе з абяззбройвальнай непасрэднасьцю, што Францыя ня можа спадзявацца на разгортваньне тут масштабных праектаў, пакуль не накіруе ў Менск такога чаканага запрашэньня.

[…]

2

Сьнежань 1995 году пакуль што распачынаецца цудоўна.

Беларусь мае легітымна абраных прэзыдэнта й парлямэнт. Дзяржава можа нарэшце распачаць нармальнае функцыянаваньне згодна з Канстытуцыяй, прынятай паўтара году таму. Яна сталася рэспэктабэльнай і можа на роўных падтрымліваць сардэчныя адносіны як з Захадам, так і з Усходам. Дарэчы, усё часьцей гаворыцца пра афіцыйны дзяржаўны візыт у Францыю. Парыж плянуе яго на першы квартал наступнага году.

І менавіта гэты момант Лукашэнка абірае, каб ізноў пасьлізнуцца. Не, натуральна, ён робіць гэта незнарок. Але з прычыны празьмернай заклапочанасьці сваім іміджам прагне падабацца ўсім сваім суразмоўцам. У гарачлівым імкненьні да гэтае мэты ён заяўляе ў інтэрвію адной нямецкай газэце, што ня ўсё толькі кепскае зьвязанае зь імем Гітлера, бо яму Нямеччына абавязаная сваім эканамічным уздымам.

Страшэнная памылка. Спрытна падхопленая апазыцыяй і шматкроць падкрэсьленая заходняю прэсай, яна назаўжды запляміць ейнага аўтара.

Я лепш зразумею яе значэньне празь некалькі месяцаў, прымаючы чатыры дзясяткі францускіх журналістаў. Яны прыяжджаюць да нас у самую завею. Перад імі рухаецца бульдозэр, які пракладвае шлях да нашых дзьвярэй. Пасьля добрай гульні ў сьнежкі яны гуртам накідваюцца на наш адзіны тэлефон. Задаволіўшы гэткім чынам свае натуральныя патрэбы, журналісты могуць нарэшце перайсьці да менш сур'ёзных справаў і пацікавіцца мясцовай сытуацыяй. Іхныя ўяўленьні грашаць недакладнасьцю да такой ступені, што адзін зь іх (ня буду казаць хто) дзівіцца з самога факту існаваньня нашай амбасады, а амаль усе астатнія, падобна, чакалі, нібыта мы тут рыхтуемся да ўцёкаў.

Антураж будучага афіцыйнага візыту ўжо цяпер выглядае вельмі кепска!

Ну й дзе падзеўся той цудоўны аптымізм, зь якім я вітала прыход зімы?

[…]

Шушкевіч, які прыйшоў да нас на вячэру празь некалькі тыдняў, сувора судзіць новаабраных дэпутатаў. На ягоную думку, ім трэба яшчэ ўсяму вучыцца. Сытуацыя яшчэ больш ускладняецца тым, што:

- камуністы, як бы там ні было, усё адно застаюцца камуністамі;

- аграрнікі больш гнуткія, але Шарэцкі ня можа быць альтэрнатываю Лукашэнку;

- «балота» заўсёды падтрымае Лукашэнку, незалежна ад курсу, якім ён пойдзе;

- зьвяз цэнтрыстаў (да якога належыць наш суразмоўца) паралізаваны ўнутранымі спрэчкамі й абвінавачаньнямі на адрас Багданкевіча;

- адсутнасьць БНФ у парлямэнце вартая жалю, хоць дзякуючы гэтаму факту спрэчкі праходзяць спакайней.

[…]

5

[…Падзеі вясны 1996]. У гэтым кантэксьце пазыцыя Клёда нялёгкая. Ён запрашае на абед Латыпава, які выглядае вельмі ўстрывожаным і выказвае спадзяваньні, што нічога не перашкодзіць прэзыдэнцкаму візыту й не зацямніць яго бляску. «Якія дзеяньні ўладаў спрыялі б гэтаму?» - пытаецца ён у Клёда. Той раіць яму пачаць з вызваленьня двух арыштаваных БНФаўцаў [Хадыкі й Сіўчыка].
  жонка першага пасла Францыі ў Рэспубліцы Беларусі Клёда Жаліфа. Яе жывыя і шчырыя ўспаміны пераносяць нас у нядаўнія, але ўжо добра падзабытыя гады, калі Беларусь яшчэ толькі-толькі паўставала ў якасьці незалежнай дзяржавы, а ў сталіцы краіны толькі пачыналі сваю працу першыя замежныя дыпляматычныя місіі. Згадкі таксама цікавыя ракурсам, пад якім аўтарка разглядае Беларусь. Ані Жаліф была прыватна знаёмая з палітычным і культурным бамондам тых гадоў. Урывак з кнігі «Беларуская прыгода» друкуецца са скаротамі з ласкавае згоды аўтаркі і выдавецтва.
   


Клёд таксама запрашае віцэ-міністра замежных справаў Саньнікава* (вылучаецца юначай бародкай і красамоўнасьцю) на вячэру з Гі Сарманам [вядомы францускі публіцыст], якога мы госьцім у гэты дзень. Язык у Саньнікава «добра падвешаны», і здаецца, што кантакт паміж двума суразмоўцамі выходзіць добры. Гэтага акурат бракавала напярэдадні, на спатканьні зь пісьменьнікам Васілём Быкавым, чыя рыторыка была занадта чужой для Сармана. Навошта Сарман прыехаў у Менск? Між іншым, каб прапанаваць нам бліскучы выклад палітычнай эканоміі падчас сьняданку. Галоўным чынам - каб пашукаць у гэтай памежнай краіне матэрыялы для сваёй кнігі пра «ўскраіны» (яна выйдзе пад назвай «Цэлы сьвет - мой род», і пра Беларусь там будзе сказана няшмат). Але таксама, паводле ягоных словаў, ён тут дзеля таго, каб сабраць інфармацыю для свайго сябра Алена Жупэ, тагачаснага прэм'ер-міністра, напярэдадні візыту Лукашэнкі.

На наступным тыдні Клёд зьбіраецца з духам, каб паведаміць пра будучы візыт кіраўніцтву БНФ. Для гэтага запрашаецца адзін з намесьнікаў старшыні Фронту ды чароўная, з вачамі коткі, спадарыня Трыгубовіч. Абое выказваюць крайнюю заклапочанасьць сытуацыяй як тут, так і ў Расеі. Не сказаць, каб яны былі зусім зьдзіўленыя паведамленьнем Клёда: прымаецца гэтая навіна вельмі стрымана.

Што да нашых сяброў з парлямэнцкай апазыцыі, то яны ня могуць утрымацца ад таго, каб не прадэманстраваць Клёду сваё нездавальненьне.

[…]

Мы зноў прымаем Лябедзьку, які, у якасьці прадстаўніка Камісіі Вярхоўнага Савету па міжнародных справах, цяпер прадстаўляе свой парлямэнт у Радзе Эўропы ды ў Парлямэнцкай асамблеі ў Страсбургу. Ад ягоных высноваў патыхае чорным пэсымізмам. З словаў Лябедзькі, асабісты склад Міністэрства ўнутраных справаў ужо пераўзышоў склад арміі, з усімі небясьпекамі, якія з гэтага вынікаюць. Пра гэта сьведчыць нядаўняе здарэньне, калі менавіта МУСаўцы стралялі на золку па машыне Ганчара, які ледзь ня страціў у выніку жыцьцё. Перад абліччам гэтай пагрозы апазыцыя згуртавалася (нарэшце!) вакол парлямэнту.

Насамрэч з студзеня [1996] большасьць Вярхоўнага Савету незаўважна дрэйфуе ў бок апазыцыі.

Я заўважаю гэта ў пачатку чэрвеня, слухаючы Шарэцкага. З парлямэнцкай трыбуны ён заклікае да гуртаваньня людзей, усхваляе былую ўладу саветаў і, у чаканьні на яе аднаўленьне, прапануе калегам узяць у свае рукі ініцыятыву правядзеньня неабходных рэформаў.

Праўда, Лукашэнкі ў гэты момант у Менску няма: ён адпачывае ў Сочы. Але часу на чаканьне не губляе. Па вяртаньні прэзыдэнт дэманструе цудоўную форму (хаця хадзілі розныя чуткі пра стан ягонага здароўя) і, пазнаёміўшы публіку з ідэяй разьвядзеньня стронгі ў маёнтку, які выдзялілі для яго на беразе Чорнага мора расейцы, ён адразу пераходзіць у контратаку на Шарэцкага, абвясьціўшы, што на ягоным працоўным стале знаходзяцца «важныя праекты», якія датычаць магчымай рэвізіі Канстытуцыі. У найбліжэйшай будучыні ўсе будуць мець магчымасьць зь імі пазнаёміцца. Да ягонага візыту ў Францыю ці пасьля? У абодвух выпадках я не чакаю ад гэтай «прэзэнтацыі» нічога добрага.

[…]

Але фатальная дата набліжаецца. Клёд вылятае ў Францыю 9 ліпеня. У той самы дзень Лукашэнка праводзіць псэўда-прэс-канфэрэнцыю. Ён ганьбіць на ёй паводзіны апазыцыі, якая імкнецца падкапацца пад падваліны дзяржавы, дыскрэдытуе яе перад замежжам, спрабуе ўбіць клін паміж ім і Ельцыным і ўвогуле хацела б зашкодзіць ягонаму візыту ў Парыж. Затым Лукашэнка падводзіць вынікі двух год свайго караляваньня й віншуе сябе з посьпехам у выкананьні сваёй галоўнай місіі - «захаваньня краіны».

І раніцаю 11 ліпеня ў арэоле гэтай перакананасьці ён нарэшце адлятае ў Францыю.

Клёд вяртаецца ўвечары 13 ліпеня на прэзыдэнцкім самалёце з выглядам задавальненьня ад выкананага абавязку.

Гэты візыт быў ужо здавён настойліва патрабаваны беларускім бокам. Рашэньне аб яго правядзеньні было без энтузіязму прынятае ў выніку шматлікіх кансультацыяў у Парыжы. Ён некалькі разоў пераносіўся з розных прычынаў, і нарэшце яго тэрмін быў прызначаны на час, вельмі блізкі да Сьвята 14 ліпеня (з 11 па 13). Візыт не выглядаў найлепшым чынам, тым больш што апазыцыйныя колы (галоўным чынам, БНФ) здолелі мабілізаваць парыскіх карэспандэнтаў дзеля таго, каб суправадзіць яго прэсавай кампаніяй у выключна палемічным тоне («Прыхільнік Гітлера ў Парыжы» [загаловак артыкулу ў «Монд»]). Тым ня менш, ён прайшоў даволі прыстойна, у тым ліку й на вышэйшым узроўні, дарма што там адбываліся хутчэй абмены маналёгамі (асабліва зь беларускага боку), чым сапраўдны дыялёг. Кантакты, якія маглі мець працяг, былі навязаныя на ніве гаспадаркі. Лукашэнка, відаць, малападатны на чары сталіцы, быў відавочна ў захапленьні ад кароткага візыту ў Па-дэ-Кале ды ад прынагодных сустрэчаў з тамтэйшай адміністрацыяй і аграрнымі коламі. Таксама было спадзяваньне на тое, што візыт зможа адыграць пазытыўную, няхай і абмежаваную, ролю ў эвалюцыі беларускай палітыкі. Але папраўдзе ён адбыўся запозна для гэтага - у той час, калі ўсе рашэньні, якія ў хуткім часе прывядуць да зацьвярдзеньня рэжыму, былі ўжо прынятыя.

Але ўрэшце ўсё прайшло ня так ужо й кепска, калі ўлічыць халоднасьць афіцыйных колаў, варожы настрой прэсы й тэмпэрамэнт Лукашэнкі. Пасьля таго як беларускі прэзыдэнт весела пазабаўляўся на пікардыйскай фэрме, ён выглядае задаволеным сваім падарожжам і даверліва паведамляе пра тое, што француская Канстытуцыя натхніла яго на рэфармаваньне сваёй…

Але ж ня гэта, ня гэта было мэтай візыту!

На жаль, 19 ліпеня нашыя найгоршыя прадчуваньні спраўджваюцца: Лукашэнка абвяшчае будучы канстытуцыйны рэфэрэндум.

УЦЁКІ НАПЕРАД

3

[…]

[Пачатак 1997] Сініцын, які быў «шэрым кардыналам» Лукашэнкі, пакуль палюбоўна зь ім не разышоўся, не аспрэчвае факту, што мара ягонага былога гаспадара - вяршыць лёсы нарэшце зьяднаных «славянаў». Што да рэфэрэндуму [аб аб'яднаньні Расеі й Беларусі], прапанаванага Ельцыным, то наш госьць не сумняваецца, што вынік яго будзе пазытыўным, прынамсі ў Расеі.

Такой самай думкі прытрымліваецца і Ганчар, якога мы прымаем празь некалькі дзён і які, як і Сініцын, зарабляе цяпер на жыцьцё працаю на расейскую фірму (а Лукашэнка вінаваціць амэрыканцаў, што яны фінансуюць апазыцыю!). Насамрэч, заўважае Ганчар, прэзыдэнт трапіў у пастку: нягледзячы на асьцярожнасьць маскоўскіх фінансавых колаў, як Ельцын, так і ягоныя праціўнікі, левыя і правыя, падхапілі лёзунг інтэграцыі з мэтаю выбарчай прапаганды. Але і адны, і другія ня маюць чаго прапанаваць чалавеку, які недарэчна ўшчаміўся ў натоўп прэтэндэнтаў на трон і які выклікае падазрэньні сваёй харызмай і схільнасьцю да дэмагогіі.

[…]

4

[…]

Клёду нарэшце застаецца разьвітацца з Лукашэнкам. «Цёплая» размова, калі верыць афіцыйным СМІ, якія абыходзяць маўчаньнем Клёдавы зусім хіба дарэмныя пажаданьні. Праўду кажучы, прэзыдэнт не абцяжарвае разьвітаньне фармальнасьцямі й вельмі па-сяброўску запрашае мужа вяртацца ў Беларусь.

Ці мы калі-небудзь вернемся?

За пасажырамі ўжо зачыніліся краты мытні. За імі апошнім цьмяна відаць той самы твар, які першы мяне сустрэў пяць год таму, - твар Генадзя [кіроўцы] з нацягнутай усьмешкай.

Пад крыламі нашага самалёта ўжо множацца й зьмяншаюцца ў памерах стракатыя хаткі ды недабудаваныя катэджы. Застаецца ў доле грамада пушчаў, перасыпаных зіхоткімі лужынамі азярын.

У мяне на вачах сьлёзы. Бывайце, бывайце! Так, мая прыгода скончаная.

Але для тых, хто застаўся ўнізе, для тых, ад каго мы цяпер аддаляемся, тутэйшыя нягоды ня скончыліся. Ці вечна ім, забытым ахвярам свайго становішча ў цэнтры ўсё яшчэ падзеленай Эўропы, прыйдзецца заставацца закладнікамі яе супярэчнасьцяў?

Пераклаў з францускай Ігар Лялькоў паводле: Annie Jolif. L'equipee bielorussienne. Paris: L'Harmattan, 2001.

  * Андрэй Саньнікаў, адзін з намесьнікаў міністра замежных справаў (у краінах былога СССР віцэ-міністры зьяўляюцца функцыянэрамі высокага ўзроўню), адказваў у міністэрстве за адносіны з Эўропай і стратэгічныя пытаньні. У гэтым МЗС, дзе вельмі востра адчувалася нястача кваліфікаваных кадраў, ён быў несумненна адным з рэдкіх прыкладаў кіраўніка, які меў адначасова аўтарытэт і добры паслужны сьпіс. Як асоба Саньнікаў стрыманы, трохі нават суворы, ветлівы, але ў дыялёгу ахвотна прымае цьвёрды тон, ён перакананы прыхільнік адкрыцьця на Захад, але пры патрэбе здольны гуляць у ляяльнасьць у адносінах да ўлады. Ён быў галоўнай дзейнай асобай у арганізацыі й падрыхтоўцы візыту свайго прэзыдэнта ў Францыю. Замежныя назіральнікі ахвотна залічалі яго да таго тыпу чыноўнікаў, зрэшты шматлікіх у адміністрацыйнай эліце, якія пайшлі на службу рэжыму, унутрана да яго не далучаючыся. Такім чынам, не была вялікім сюрпрызам ягоная публічная заява аб адстаўцы на другі дзень па няшчасным рэфэрэндуме канца 1996 году. Потым Саньнікаў зрабіўся некім накшталт «міністра замежных справаў» апазыцыі, што каштавала яму нямала асабістых непрыемнасьцяў.
   
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (31) - 2004

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю,   Майстраваньне [mk], Абнаўленьне [czyk]
Copyright © 1998-2004 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2004/11/1