Ёсьць дзьве кнігі, да якіх я вяртаюся зноў і зноў. З насалодаю зацятага курца, які доўга не ўдыхаў паху духмянага тытуню, паволі перачытваю «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях» Яна Баршчэўскага і «Лябірынты» Вацлава Ластоўскага. Асобныя радкі ведаю на памяць: «Мінаю пушчы і вось на шырокай раўніне бачу горад Полацак. Званы сьв. Стафана, на замкавай гары - царква сьв. Сафіі, якія, стоячы ў тумане, здаецца, імкнуцца да воблакаў; іх постаці-веліканы пануюць над горадам і над усёй ваколіцай». У гэтых творах кожная літара - пра любоў да старажытнага гораду, пра веру ў яго, пра таямніцы, якія чакаюць свайго раскрыцьця.
Рабіць-укладаць Полацкі нумар «ARCHE» было гэтак жа няпроста, як у грыбны год зьмясьціць у кошыку знойдзеныя баравікі. І ўзяць усё немагчыма, і пакідаць у лесе шкада. Шмат цікавых тэмаў і сюжэтаў засталося па-за часопісам.
Спадзяюся, наперадзе будуць новыя полацкія нумары.
Хачу выказаць падзяку за дапамогу ў працы над гэтым нумарам Уладзімеру Арлову, Лене Глагоўскай і Віктару Жыбулю.
* * *У Полацку шмат таямніцаў. Неяк мне прыйшла ідэя ўшанаваць імя Вацлава Ластоўскага, надаўшы аднаму з дубоў, што растуць у цэнтры Полацку, імя Власта. Грамадою зладзілі імпрэзу, а ўвечары таго ж дня я разгарнуў «Лябірынты» і прачытаў: «Кон-Прова-Тур ня меў стодаў: яму пасьвячаліся сьвятыя дубы і гаі».
Каб Правечны Кон паспрыяў беларускай справе - прыедзь у Полацак і павяжы на дубе Власта бел-чырвона-белую стужачку.
Алесь Аркуш