A R C H E П а ч а т а к № 3 (32) - 2004
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


3-2004
" да Зьместу "

 



аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі

 


эсэістыка

  АЛЕСЬ АРКУШ

Вокладка ARCHE 3-2004.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (2'2004)
   ARCHE (1'2004)
   Эўропа на ўсход ад    Эўропы
   Віленская Анталёгія
   Чэскі Альбом
   Pax Americana
   Туманнасьці
   беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6'2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4'2001)
   Скарына
(3'2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1'2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8'2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6'2000)
   Глёбус
   Скарына
(4'2000)
   Габрэі
   Скарына
(2'2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Алесь Аркуш
Паэт і выбары

Роспач бывае розная. Дакладней, па-рознаму людзі тую роспач адужваюць. Адны пачынаюць зь ёю змагацца, нібы з шматгаловым цмокам. Другія зачыняюцца ў сваім сьвеце. Трэція бязвольна апускаюць рукі, спадзеючыся на шчасьлівае наканаваньне.

Пры канцы ХХ стагодзьдзя, бадай, найбольш роспачным надарыўся 95-ы, год рэфэрэндуму Лукашэнкі, калі на агульнанароднае абмеркаваньне, якое ладзілася на савецкі ўзор, выносіліся пытаньні нацыянальнай сымболікі й дзяржаўнай мовы. Гартаючы газэты Полаччыны сярэдзіны 90-х, дзіву даешся, наколькі сур'ёзныя пазыцыі мела беларушчына на гэтай зямлі. Вось, напрыклад, трымаю ў руках «Новую газету», орган Наваполацкага гарадзкога Савету дэпутатаў (ці ня самага дэмакратычнага ў тагачаснай Беларусі). У нумары за 26 красавіка 1995 году на першай старонцы надрукаваныя вынікі апытаньня, якое выканаў сацыялягічны цэнтар Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Цытую:

У тым, што дзяржаўным сьцягам Беларусі павінен быць бела-чырвона-белы сьцяг, перакананы 66,4 % навапалачан (па стане на красавік 1995 году). Прычым, калі з гэтым згодныя толькі 54,7 % пэнсіянэраў, дык сярод рабочых - 71,5 %, а студэнтаў - 85,2 %.

Сваю падтрымку дзяржаўнаму гербу «Пагоня» выказалі 56,8 % рэспандэнтаў (пэнсіянэры - 50,4 %, беспрацоўныя - 53,1 %, рабочыя - 64,9 %, прадпрымальнікі - 67,9 %).

Што датычыць магчымасьці зьмены нацыянальнай сымболікі, дык па стане на 15-18 красавіка з гэтым згодныя толькі 27,3 % жыхароў нашага гораду (пэнсіянэры - 34,2 %, студэнты - 18,5 %, рабочыя - 25,0 %, спэцыялісты й службоўцы - 30,0 %).

А вось надаць расейскай мове роўны статус зь беларускай згодныя 87,5 % навапалачан (рабочыя - 86,5 %, студэнты - 88,9 %, пэнсіянэры - 91,5 %).

Калі не лічыць нігілістычнага стаўленьня да беларускай мовы, вынікі гэтага сацыялягічнага дасьледаваньня не давалі падставаў для пэсымізму. Вядома, ніхто не чакаў лёгкай перамогі «вершніка зь мячом», але ж надзея на ўдалы зыход гэтай «баталіі» існавала.

Правядзеньне рэфэрэндуму было прымеркавана да чарговых выбараў у Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусі. У самы апошні дзень рэгістрацыі ініцыятыўных групаў па вылучэньні кандыдатаў у дэпутаты была зарэгістравана й мая невялічкая каманда. Выбары мы вырашылі выкарыстаць для правядзеньня легальнай перадрэфэрэндумнай агітацыі.

Мастак Сяргей Цімохаў, які на той час жыў у Полацку, зрабіў эскіз выбарчага плякату. Зьверху ён зьмясьціў выяву старажытнай вялікалітоўскай «Пагоні», пасярэдзіне - краявід старога Полацку з касьцёлам Сьв. Стэфана ў цэнтры (касьцёл быў зруйнаваны ў 1963 годзе). Надпіс патасна заклікаў: «Галасуйма за незалежную Беларусь! Галасуйма за…» З такім плякатам наўрад ці можна было разьлічваць на перамогу ў выбарах у постсавецкай Беларусі. Але для нас важна было іншае: афіцыйна надрукаваныя ў наваполацкай друкарні і расклееныя па ўсёй тэрыторыі выбарчай акругі плякаты, як мы меркавалі, мусілі нагадваць жыхарам Полаччыны пра веліч нашай гісторыі.

Асноўны цяжар агітацыйнай працы ў маёй камандзе лёг на плечы самага маладога яе чальца - Алеся Т. Гэты нядаўні выпускнік школы заўжды, акрамя асабліва сьпякотных летніх дзён, хадзіў у «байкерскай» скуранцы, а даўгія валасы зьбіраў у піжонскую касіцу. У полацка-наваполацкай «нацдэмаўскай» тусоўцы ён вонкава выглядаў на «белую варону», гэткі ўзорны прадстаўнік «залатой моладзі», для якой справы нацыянальнай культуры або дзяржаўнай незалежнасьці, як правіла, былі няўцямнымі і далёкімі. Аднак Алесева скуранка не замінала яму быць ці ня самым актыўным удзельнікам дэмакратычнага руху Полаччыны: «нефармал» пасьпяваў браць удзел у працы практычна ўсіх мясцовых дэмакратычных суполак - ТБМ, БНФ, Дэмфоруму, экалягічнага руху. Нас зь ім зьвяла любоў да кнігі й літаратуры. Досьвед грамадзкай дзейнасьці Алеся і стаўся ці не галоўным рэсурсам нашай каманды. Ён і подпісаў за вылучэньне сабраў больш за ўсіх, і ўлётак найбольш раскідаў, а плякатаў расклеіў столькі, колькі ўсе астатнія разам узятыя.

Мясцовыя газэты без купюраў надрукавалі мае «перадвыбарныя тэзысы». Ува ўжо згаданай «Новай газеце» (26.04.1995) я палымяна зьвяртаўся да землякоў:

Выбары ў Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусі будуць мець выключнае значэньне для далейшага лёсу Бацькаўшчыны. Антыбеларускія сілы ў рэспубліцы ўсё вышэй паднімаюць галаву. Яны адкрыта гавораць аб тым, што Беларусь павінна далучыцца да Расеі, што ніякіх беларусаў у прыродзе няма, а ёсьць толькі рускі народ і што беларуская мова - гэта толькі дыялект расейскай. Яны хочуць аддаць нашу зямлю маскоўскім багацеям, нашых хлопцаў накіраваць на вайну ў Чачню й Таджыкістан, забараніць нацыянальны сьцяг, герб, беларускую мову і ліквідаваць незалежнасьць нашай дзяржавы.

У газэце «Знамя новостройки» за 14 красавіка 1995 году я з абурэньнем разважаў:

Неверагодна, але прэзыдэнцкая «задума» наконт рэспубліканскага рэфэрэндуму пачала раскручвацца. Нягледзячы на ўсе перасьцярогі й занепакоенасьць, якую выказалі многія беларускія палітыкі і нават эканамісты. Толькі зьмена сымболікі будзе каштаваць Беларусі вялізных грошай (ужо надрукаваны беларускія пашпарты, трэба будзе мяняць разьліковыя білеты, шыльды, дакумэнты і г. д.).

На той час падобныя выказваньні гучалі досыць радыкальна. Сёньня ж імпэрскія норавы Расеі дазваляе сабе крытыкаваць нават «Советская Белоруссия».

Мае перадвыбарныя матэрыялы акрамя названых пэрыёдыкаў надрукавалі наваполацкія газэты «Химик», «Наша трибуна» (амаль на ўсю першую старонку), а таксама «Полацкі веснік». Кабэльны наваполацкі тэлеканал «Лайнер» запісаў мой агітацыйны ролік і, згодна з тагачасным выбарчым заканадаўствам, спраўна паказваў яго. Сёньня дзіву даешся дэмакратычнасьці тагачасных полацкіх СМІ. Ды й людзі былі сьмялейшыя: у лік маіх давераных асобаў уваходзіў начальнік аддзелу капітальнага будаўніцтва наваполацкага будтрэсту № 16 «Нафтабуд» Герольд Зінкевіч.

У маёй Наваполацка-Расонскай 71-й выбарчай акрузе зарэгістравалі 9 кандыдатаў у дэпутаты. Сярод іх быў яшчэ адзін дэмкандыдат - стваральнік наваполацкіх незалежных прафсаюзаў Міхаіл Путро. Шчыра кажучы, у мяне не было аніякага сумневу адносна пераможцы: яўным фаварытам быў былы першы сакратар Расонскага райкаму КПБ Міхаіл Сасонка (дарэчы, ён і сёньня дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ, ачольвае Камісію па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраваньні і рэглямэнце). Але ў сярэдзіне 90-х шмат якія беларускія дэмакраты былі перакананыя, што перамагчы можна проста ідэямі. На жаль, перамагалі людзі, надзеленыя ўладай.

Ані Путро, ані я не патрапілі ў другі тур выбараў (гэтага ня здарылася б нават у тым выпадку, калі б пададзеныя за нас галасы аб'ядналі ў адзін вынік). Але зусім іншае выклікала маю бязьмежную роспач. Жахлівыя лічбы плебісцыту. Яны агаломшылі. Я некалькі дзён ні з кім не сустракаўся, не было ніякага жаданьня нават патэлефанаваць сябрам.

Праз тыдзень, крыху ачуняўшы, я набраў тэлефонны нумар Алеся. У слухаўцы пачуў жаночыя ўсхліпы і незразумелае мармытаньне-жальбу. Адзінае, што ўцяміў: з Алесем нешта здарылася. Зрабіўшы яшчэ некалькі званкоў, высьветліў, што мой сябар… сышоў у полацкі грэка-каталіцкі манастыр Барыса і Глеба. Спачатку мне думалася, што на гэты крок яго падштурхнула роспач. Я ведаў, што Алесь хадзіў да тутэйшых уніятаў і дапамагаў будаваць царкву Сьвятой Параскевы. З уніятамі ўвогуле цікавая гісторыя. У 1994 годзе ў Полацак, каб наладзіць сталае рэлігійнае жыцьцё ў тутэйшай грэка-каталіцкай парафіі, прыехаў айцец Валеры (Валеры Алексійчук). Было яму тады 26 гадоў. Гэты малады сьвятар-місіянэр з манаскай супольнасьці айцоў-студытаў разгарнуў на Полаччыне надзвычайна актыўную дзейнасьць. У выніку літаральна праз год пасьля ягонага прыезду ў раёне прыватнай забудовы Кароўнікі зьявілася драўляная царква, што сталася сапраўдным сюрпрызам для мясцовай улады. Тады ж і пачаліся цкаваньні айца Валер'я: чыноўнікі ўльтыматыўна запатрабавалі, каб украінец Алексійчук пакінуў тэрыторыю Беларусі. У 1997 годзе «крамольны» манах быў вымушаны зьехаць з Полацку (студыты накіравалі яго ўва ўніяцкі манастыр у Канадзе). А ў 1999 годзе іераманах Бэнэдыкт (гэтае імя айцец Валеры атрымаў яшчэ ў Полацку) зрабіўся ігуменам манахаў студытаў (гэта значыць - кіраўніком усіх супольнасьцяў Студыцкага закону). Відавочна, менавіта пад уплывам айца Валер'я мой сябар Алесь прыняў няпростае рашэньне. Пазьней ён прызнаўся мне, што зьдзейсьніць гэты учынак ён вырашыў яшчэ да рэфэрэндуму, маўляў, сказаў сабе: вось выканаю да канца грамадзянскі абавязак - і цалкам аддамся духоўнаму слугаваньню. Неўзабаве Алесь зьехаў на Галіччыну, скончыў сэмінарыю, стаўся айцом Лявонціем і вярнуўся ў Беларусь.

У 1997 годзе на «Эўрапейскіх днёх у Самары» сустрэў свайго старога знаёмага, пісьменьніка зь Львова Івана Лучука. Ён распавёў, што ў Львоўскай духоўнай сэмінарыі, дзе ён выкладае, зьявіўся сэмінарыст, які вучыцца і здае іспыты па-беларуску. «А я ведаю, хто гэта», - перапыніў я аповед. І не памыліўся.

У інтэрвію каталіцкаму часопісу «Наша вера» (№ 1, 1998) Алесь прызнаўся:

Ішоў травень 1995-га… Рэфэрэндум… Многія з маіх аднадумцаў моцна перажывалі тыя падзеі: адны глыталі валяр'янку, другія ня спалі начамі, трэція ня ведалі, куды сябе падзець ад роспачы. Я ж успрыняў усё гэта… не, не скажу, што цалкам абыякава, але… Разумееце, у душы ўсё адно была радасьць, радасьць з прычыны Божае прысутнасьці ў маім жыцьці. Яго прысутнасьць запоўніла сабою ўсю прастору маёй душы. Розумам я ўспрымаў трагічнасьць таго, што адбылося, але сэрца маё заставалася шчасьлівым. Нават, памятаю, было пачуцьцё сораму ці то віны за тое, што душа не балела ў тыя дні…

Алесеў выбар не назавеш учынкам слабога. Часам мне падаецца, што ўсім нам, беларусам, не стае духоўнае моцы, нейкага рашучага чыну, нязломнасьці. А роспач закрадаецца ў душы тады, калі людзі ня маюць Веры або губляюць яе. Менавіта пасьля рэфэрэндуму 95-га роспач незаўважна пачала закрадацца ў душы людзкія.

У 1998 годзе перад будынкам Наваполацкага гарадзкога суду праваабаронца Аляксей Філіпчанка, пратэстуючы супраць беззаконьня лукашэнкаўскай юстыцыі, выліў на сябе тры літры бэнзыну й падпаліў. Праз 23 дні ён памёр у Віцебскім абласным апёкавым цэнтры. Хавала Аляксея Іванавіча летнім сонечным днём невялікая купка мясцовых дэмакратаў. Хаўтуры здымаў апэратар у цывільным. Калі невядомы «дакумэнталіст» старанна фільмаваў, як пясок укрывае века труны, адзін з удзельнікаў паховінаў ня вытрымаў і ледзь ня гвалтам адцягнуў яго ад магільнай ямы.

У лютым 1999 году ня стала й Міхаіла Путра. Самагубства ён учыніў у сваім уласным пад'езьдзе. Сёй-той казаў, што на адчайны крок яго штурхнулі сямейныя акалічнасьці. Але хто цяпер можа дакладна вызначыць: што больш, а што менш паўплывала на гэткі трагічны зыход? Роспач - гэта губка, якая імкліва набрыньвае крыўдамі, болем, паразамі, крушэньнем надзеяў. І толькі Вера здольная ператварыць яе ў кавалак каменнага вугалю для жыцьцёвага гарэньня.

Памяці пра гэтага чалавека мы не згубілі. Штогод на Полаччыне ладзіцца рэспубліканскі спартовы фэстываль дэмакратычных прафсаюзаў, прысьвечаны памяці Міхаіла Путра.

Тут прыгадваецца лёс Янкі Журбы. Свой першы верш ён надрукаваў у «Нашай Ніве» ў 1909 годзе - і стаўся чужым у савецкай Беларусі. Ці пра такую Беларусь ён марыў, калі пісаў на старонках «НН» (№ 7, 1908): «Кожны народ розьніцца ад другіх сваёй моваю, жыцьцём, звычаямі і г. д.; і ён мае права жыць як асобная нацыя, разьвіваць сваю мову, сваю літаратуру, мае права пазнаваць навукі ў сваёй роднай мове, разьвіваць сваю культуру. З гэтага права народ пачынае карыстаць толькі тады, як усе сыны яго добра знаюць, хто яны, да якой нацыі належаць».

У 1944 годзе, калі паэту было ўжо шэсьцьдзесят тры, ён згубіў зрок і апошнія свае гады правёў у Полацку, дзе ў маладосьці скончыў настаўніцкую сэмінарыю. Жыў, ці, дакладней, існаваў дзякуючы клопату добрых людзей. Ці наведвалі яго думкі пра самагубства? Гэтае пытаньне застанецца без адказу. Паэт забраў яго з сабой у магілу. Пражыў Журба амаль 83 гады, зь іх дваццаць - сьляпым, у атачэньні людзей, якія ня ведалі і не імкнуліся даведацца, «хто яны, да якой нацыі належаць». Ці наведвала роспач паэта? Ці меў хвіліны шчасьця? Ці не губляў надзеі?

Сёлета 7 студзеня на полацкіх Ксавэр'еўскіх могілках ля магілы Янкі Журбы адбыўся малебен з нагоды 40-х угодкаў сьмерці паэта. Адслужыў яго айцец Лявонці.

Наўрад ці ў сваім часе Янка Журба мог стаць дэпутатам. Затое іншы культурны герой Полацку - Пятрусь Броўка - быў дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР і нават СССР неаднойчы. Менавіта ў Полацку Броўка пачаў сваю літаратурную кар'еру - у тамтэйшай філіі «Маладняку», і палітычную - у акруговым камітэце ЛКСМБ. Ці варта яго ў гэтым абвінавачваць? Для сялянскіх сыноў у 20-я гады зьявіўся шанец разьвітацца зь беспрасьветнай нэндзай. Не было б кастрычніцкага закалоту - не было б Народнага паэта, Акадэміка АН Беларусі, Героя Сацыялістычнай Працы Петруся Броўкі. Беларускія паэты цэлымі зямляцкімі хаўрусамі пачалі прыходзіць у літаратуру зь вёсак і мястэчак.

Броўка пасьля другой сусьветнай вайны пэрыядычна прыяжджаў у Полацак на сустрэчы з выбарцамі, нярэдка з прадстаўнічай сьвітай, часам нават зь вядомымі расейскімі пісьменьнікамі. Мясцовая ўлада сардэчна вітала дарагога госьця. Вуліца Петруся Броўкі ў Полацку - адна з найдаўжэйшых. Менавіта ёй кіруешся ў цэнтар гораду, калі ўяжджаеш у Полацак на аўто зь менскага кірунку. Вуліца ж Янкі Журбы знаходзіцца на самым ускрайку места ў раёне Кароўнікі, дзе стаяць прыватныя хаткі. Амаль нежывая, маўклівая, яна фаталістычна ўпіраецца ў засьмечанае балота.

Свае і чужыя. Паводле якіх крытэраў паўставаў і, што надзвычай крыўдна, захоўваецца той падзел? Улічваюцца маральныя якасьці людзей? Вінаваты лёс? Наканаваньне? Зьбег акалічнасьцяў? Ці заўсёды быў выбар? Раней я думаў, што выбар ёсьць заўсёды - сьмерць. Цяпер я так ня думаю.

У 1989 годзе полацкі краязнавец Міхась Баўтовіч даслаў у тыднёвік «Літаратура і мастацтва» нататачку пра стан помніка на магіле Янкі Журбы й фатаздымак. Менавіта пра той «абэліск» з зоркай напісаў у «Таямніцах Полацкай гісторыі» Ўладзімер Арлоў: «На ўбогім помнічку з мармуровай крошкі на полацкіх Ксавэр'еўскіх могілках напішуць з памылкаю: «Янко».

На пачатку 1990-х на магіле Журбы зьявіўся новы, зроблены з чырвонай мармуровай пліты, сьціплы помнік. Але й тут не абышлося без памылкі, гэтым разам у лічбах - памыліліся з годам сьмерці, замест 1964-га выбілі 1969-ы.

...А ў самім Полацку на парлямэнцкіх выбарах у тым далёкім віхурным 95-м перамог камуніст Валеры Шчукін. Журналісты «Новай газеты» апавядалі, што Шчукін моцна абураўся, калі на старонках гэтага пэрыёдыка яго называлі «спадаром». Нават судом пагражаў. Сёньня дзядзька Валеры ці не галоўны полацкі змагар за дэмакратыю і на «спадара» не крыўдуе. Пэрыядычна яго дастаўляюць у міліцэйскі пастарунак, дзе на сівагаловага «хулігана» складаюць пратаколы, а затым прысуджаюць розныя адміністрацыйныя пакараньні. Шчукін не здаецца. Ува што ён верыць, я ня ведаю. Мабыць, у рэвалюцыю.

студзень, 2004

  нарадзіўся ў 1960 годзе ў Жодзіне. Паэт, эсэіст, выдавец. Скончыў інстытут народнай гаспадаркі. Аўтар словаў гімну Полацку.
   
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 3 (32) - 2004

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю,   Майстраваньне [mk], Абнаўленьне [czyk]
Copyright © 1998-2004 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2004/11/5