- Ці не здаецца табе, што створаны, у тым ліку й табой, міт Полацку вельмі штучны? Шмат хто падчас першага візыту ў крыўскую сталіцу ня быў уражаны пабачаным. - У мяне ёсьць знаёмы, які сьвядома ня езьдзіць у Полацак, каб не разбурыць вобразу гораду, які збудаваў ува ўяўленьні. Але, я думаю, якраз стваральнік вобразу і ня быў бы расчараваны.
Каб уразіцца, трэба быць гатовым да гэтага, знаходзіцца на адпаведнай хвалі.
Японец можа выправіцца за сотні кілямэтраў, каб палюбавацца нават ня сымбалем сваёй краіны - Фудзіямай, а проста поўняю ў нейкім адметным месцы.
Параўноўваць вандроўку ў сталіцу нашай першай дзяржавы з падарожжам да поўні ў якой-небудзь горнай цясьніне на Хакайда, вядома, некарэктна. Для Беларусі Полацак (як для палякаў Гнезна або для гішпанцаў Таледа) мае, па сутнасьці, сакральнае значэньне. Таму, каб убачыць і адчуць тое, што неабходна там адчуць і ўбачыць, ты мусіш быць крыху вернікам і мець гістарычную памяць.
Кажуць, у прарокаў і ў самога Ісуса дрэнна пахла з чаравікаў, дый сёньня ў Сьвятой Зямлі сустракаюцца (нават без уліку палестынскіх тэрарыстаў) мясьціны, ня самыя бясьпечныя з гледзішча санітарыі, але ж гэта не спыняе паломнікаў…
- Часам можна пачуць скептычнае пытаньне: хіба Полацкае княства магло быць першай беларускай дзяржавай, калі яго тэрыторыя не займала й паловы сёньняшняй Беларусі?
- Па-першае, пытаньне «скептыкаў» проста недарэчнае. Сам па сабе памер тэрыторыі не зьяўляецца прыкметай, тым больш адзінай, існаваньня або неіснаваньня дзяржавы.
Па-другое, у «найлепшыя часы», за князем Усяславам Брачыславічам Чарадзеем, Полацкае княства займала абшар, большы за палову сучаснай Беларусі, і было сваёй тэрыторыяй прыкладна роўнае такім тагачасным эўрапейскім краінам, як герцагства Баварскае або каралеўства Партугальскае. Апрача сталіцы крыўская дзяржава налічвала ў ХІ-ХІІ стагодзьдзях яшчэ паўтара дзясятка гарадоў: Віцебск, Браслаў, Заслаўе, Усьвят, Копысь, Менск, Ворша, Лукомль, Лагойск, Барысаў… На землях продкаў сучасных латышоў стаялі гарады Герсіка і Кукенойс, дзе кіравалі полацкія васалы. Улада Рагвалодавічаў пашыралася на ніжняе Падзьвіньне з выхадам да Балтыйскага мора. Полацак разам з Кіевам і Ноўгарадам быў адным з трох найбуйнейшых палітычных, культурных і народаўтваральных цэнтраў Усходняй Эўропы, што сымбалізаваў узьведзены над Дзьвіной Сафійскі сабор. (Сапраўднай трагедыяй для ўсходніх славянаў сталася зьяўленьне празь некалькі стагодзьдзяў новага цэнтру - Масквы, якая падмяла пад сябе наўгародзкі этнас зь ягонымі дэмакратычнымі традыцыямі, а затым заявіла пра свае прэтэнзіі на беларускія і ўкраінскія землі.)
Любая спроба Кіева пасадзіць у крывіцкай сталіцы сваіх стаўленікаў нязьменна канчалася правалам. Камусьці можа здавацца, што тут усё адно былі «задворкі Эўропы», але, напрыклад, бізантыйскія базылеўсы з славутага дому Камнінаў чамусьці вырашылі парадніцца з Рагвалодавічамі, і Ўсяславава дачка стала жонкаю канстантынопальскага імпэратара Аляксея.
Асобнае месца незалежнай Полацкай зямлі ўва ўсходнеэўрапейскай геапалітыцы сталася невырашальнай праблемаю, «галаўным болем» для ўсіх «клясычных» расейскіх гісторыкаў пачынаючы ад Васіля Тацішчава, і застаецца такім дагэтуль. Наша першая дзяржава ня клалася ў схему «адзінай старажытнай Русі», таму й сёньня ў Расеі - і ў падручніках, і ў манаграфіях - Полацкае княства прыгадваецца ўскосна, а часам і наагул не ўспамінаецца. Памятаю, калі ў 1980-х шырока адзначалася 800-годзьдзе «Слова пра паход Ігаравы» (Усяслаў Чарадзей там, як вядома, адзін з галоўных герояў, прыклад дзяржаўнага дзеяча, якога так не хапала пры канцы ХІІ стагодзьдзя), акадэмік Дзьмітры Ліхачоў вырашыў у юбілейнай тэлеперадачы выказаць наконт гэтага сваю думку. Выявілася, што «вместо того, чтобы радеть о единстве Русской земли, Всеслав провел свою жизнь в беспутных походах». Калі імпэрскі стэрэатып мысьленьня, паводле якога незалежнасьць Полацку - абсалютнае зло, падзялялі вучоныя такога рангу, дык чаго патрабаваць ад гісторыкаў меншага калібру? Пагатоў ад аўтараў «скептычнага пытаньня»?
Заўважым пры гэтым, што жыхары Полацкага княства ня мелі і, натуральна, не маглі мець беларускай нацыянальнай сьвядомасьці ў сучасным разуменьні, як ня мелі ў тыя часы нямецкай сьвядомасьці баварцы або італьянскай - генуэзцы. Працэс фармаваньня эўрапейскіх нацыяў адбываўся ў ХІХ стагодзьдзі, а для нас ня скончыўся й сёньня.
- Прапаную ад старажытных герояў перайсьці да пэрсанажаў тваіх «Полацкіх апавяданьняў». Ці адгукаліся іх прататыпы?
- «Полацкія апавяданьні» пішуцца ад першай асобы, таму нярэдка прататыпам героя зьяўляецца сам аўтар, хоць толькі надзвычай наіўны чытач можа паставіць паміж імі знак роўнасьці. Напрыклад, калі спартыўная «зорка» школы Аня з апавяданьня «Малекула» аддаецца ўкрай разгубленаму «мне», гэта зусім ня значыць, што на месцы «мяне» быў менавіта я (або што я быў такі ўжо разгублены).
Я-прататып адгукаюся на тэксты згаданага цыклу наступным чынам: мне не надакучыла быць прататыпам.
Што да іншых… Часам з сумам думаю, што добрая палова маіх герояў-правобразаў ужо ніяк ня могуць адгукнуцца на новыя публікацыі, бо чакаюць мяне ў лепшым сьвеце. (Спадзяюся, расстаньне нашае зацягнецца.) Дзесьці там, у нябесным Полацку, нядаўна сустракалі Юрку Весялова, жыцьцё якога ў гэтай рэальнасьці, адрозна ад літаратурнай, склалася больш шчасьліва, чым у ягонага аднайменьніка з «Рэквіему для бэнзапілы», расьпілаванага на кавалкі аўганскімі маджахедамі.
А самы ўдзячны чытач «Полацкіх апавяданьняў» - мой сябар дзяцінства і ўжо даўні грамадзянін Ізраілю Вова Цымэрман. (Дарэчы, у ягоным пашпарце імя запісанае якраз так, як нас некалі клікалі мамы, - Vova.) Ён асабліва любіць перачытваць мае тэксты, калі там, у іхнай краіне, дзе-небудзь паблізу кінуць бомбу. Тады Вову агортвае туга, і ён ідзе ў краму ў стылі «настальжы», каб узяць пляшку «белай» і паўкілі каўбасы «Любительская» (цэны ў шэкелях такія самыя, як былі калісьці ў савецкіх рублях). Вова выпівае сваю пляшку і згадвае нашую ціхую ўтравелую полацкую вуліцу, на якой можна было адгуляць два таймы ў футбол, перш чым ня тое што выбухне бомба, а проста праедзе аўтамабіль. Потым Вова набірае мой тэлефон, і, слухаючы яго, я думаю, што ў цяперашнім Полацку мне не хапае габрэяў і ідышу, на якім гаварыла бальшыня нашых суседзяў.
Зрэшты, значна больш не стае мне беларускай мовы, на якой сёньня вучаць усяго ў адной гарадзкой школе. Аднак усё пазнаецца ў параўнаньні: у маім маленстве на ўвесь Полацак, як памятаецца, была ўсяго адна беларускамоўная шыльда - «Лазьня». Менавіта так, з дарэформавым мяккім знакам, бо насамрэч гэтае доўгі час загадкавае для мяне слова было не напісанае, а выкладзенае з цэглы (безумоўна, яшчэ да 1933 году) над уваходам у «баню».
Ну, а самы дзіўны водгук на «Полацкія апавяданьні» данёсься да мяне ад аднаго паэта, што прыйшоў на сьвет у той самай радзільні, дзе і я, і Вінцэсь Мудроў, і Лявон Баршчэўскі, і Пятро Васючэнка, і Іна Снарская… (Праўда, калі котка прывяла кацянятаў у печцы, гэта яшчэ не азначае, што ўсе яны - піражкі.) Дык вось, той паэт публічна заявіў, што нічога, падобнага напісанаму Арловым у полацкіх апавяданьнях, насамрэч не было.
Я чамусьці ўявіў якога-небудзь артадаксальнага ерусалімскага рабіна і ня менш артадаксальнага дзеяча ад літаратуры савецкага рэалізму, што, пазнаёміўшыся з «Майстрам і Маргарытай», абурана абвясьцілі: нічога такога ні ў Ерусаліме, ні, тым больш, у Маскве ніколі не адбывалася.
- Апавяданьне «Вова Цымэрман» ты канчаеш апісаньнем сну: табе прысьніўся Полацак, які «дужа выдаваў на Нью-Ёрк зь вядомага фільму «Аднойчы ў Амэрыцы». Ты можаш уявіць Полацак ультра-ўрбаністычным - з хмарачосамі, стракатымі вітрынамі, мнагалюдным і вірліва-мітусьлівым?
- Здаецца, у тым сьне мы былі гангстэрамі й кагосьці гвалцілі й мачылі. Хочацца спадзявацца, што дзеяньне сапраўды адбывалася ў Нью-Ёрку.
А калі сур'ёзна, дык Полацак з ультрасучаснымі вітрынамі, з размаітымі кавярнямі і рэстаранчыкамі на кожным кроку, шматмоўны, шматлюдна-вірлівы ад турыстаў (але не мітусьлівы: тут іншая атмасфэра) уяўляю бязь цяжкасьці. Такім ён у ХХІ стагодзьдзі і будзе.
Толькі ніякіх хмарачосаў у старадаўняй частцы гораду! Хопіць вусьцішнага «дому з вушамі», што зьнявечыў гістарычны сылюэт Полацку, паўстаўшы на месцы ўзарванага ў 1964-м сабору Сьвятога Стафана. Савецкі дысыдэнт генэрал Грыгарэнка ў мэмуарах пісаў, што на гэтым храме, велічным помніку віленскага барока, адпрацоўвалася новая, «прагрэсіўная» мэтодыка руйнаваньня «культавых будынкаў». У пэрспэктыве добра было б нейкую падобную мэтодыку выпрабаваць на самім «доме з вушамі». Я чуў, што праект аднаўленьня сабору ўжо існуе.
А хмарачосы няхай цягнуцца ў неба ў Наваполацку.
- Ці ты падтрымліваеш ідэю аб'яднаньня Полацку й Наваполацку? А таксама стварэньне Полацкай вобласьці?
- Для мяне Полацак і Наваполацак ужо сёньня адзіны 200-тысячны горад. Даехаць ад наваполацкага пляцу Будаўнікоў да пляцу Скарыны ў Полацку можна за пятнаццаць хвілінаў, а цяперашні нью-ёрскі жыхар Сяржук Сокалаў-Воюш калісьці давёз мяне за дзесяць. Аднак рэч ня столькі ў адлегласьцях і сучасных транспартных камунікацыях, як у тым, што аб'яднаньня вымагае і гістарычна-культурная, і эканамічная, і адміністрацыйная, і якая заўгодна іншая лёгіка, апроч лёгікі чынавенства, частцы якога давядзецца разьвітацца з пасадамі.
Полацкая вобласьць ужо існавала і ў сярэдзіне 40-х гадоў мінулага стагодзьдзя ледзьве не была «прырэзаная» да Расейскай Фэдэрацыі (уяўляеш - полацкі, браслаўскі і глыбоцкі спэцназ у Чачэніі?).
Ніякага сэнсу ў аднаўленьні Полацкай вобласьці, шчыра кажучы, ня бачу. Іншая рэч - перанос у Полацак сталіцы краіны, што колькі гадоў таму прадказаў астроляг Павал Глоба, грунтуючыся, дарэчы, на прароцтве свайго сярэднявечнага полацкага калегі, славутага «зьвяздара» Васіля Нямчына. У сьвятле ўзьніклай у ХХ стагодзьдзі ўсясьветнай тэндэнцыі зьмены сталіцаў прадбачаньне не выглядае такім ужо фантастычным.
- Ян Максімюк лічыць, што Полацак мусіць навучыцца прадавацца.
- Вядома. Дзесяць гадоў таму я сустракаў у нас на Верхнім замку і нямецкіх, і францускіх, і італьянскіх турыстаў, у храме Спаса гаварыў з паломнікамі з Грэцыі. Пасьля перамены палітычнай сытуацыі хутка надышоў «мёртвы сэзон».
Але прыцягненьне полацкай аўры, полацкага міту бярэ сваё. Апошнім часам каля Сафійкі можна за дзень убачыць ня толькі дзясяткі аўтобусаў зь беларускімі турыстамі, але й ізноў пачуць эўрапейскія мовы, спаткаць групы японцаў і карэйцаў.
Ты ж ня будзеш спрачацца - на пачатку новага стагодзьдзя горад зь яго Нацыянальным гістарычна-культурным запаведнікам, Сафійскім саборам, Спаса-Эўфрасіньнеўскім манастыром, дзясяткам музэяў, цудоўнай карціннай галерэяй, унівэрсытэтам няўхільна «набірае пункты». Практычна кожны год адчыняецца новы музэй або помнік. Полацак ператвараецца ў першы паводле значнасьці турыстычны цэнтар Беларусі, у адну з культурных і духоўных сталіцаў краіны.
- Якія помнікі мусяць зьявіцца на вуліцах крыўскай сталіцы?
- «Ад Полацку пачаўся сьвет», - напісаў аднойчы Рыгор Барадулін. Калі мець на ўвазе сьвет беларускай гісторыі і культуры, у гэтых радках няма ніякага перабольшваньня.
У краіне ня знойдзецца іншага гораду, які даў бы Беларусі і сьвету столькі выдатных асобаў. Але ня будзем стамляць чытача пералікам імёнаў, ужо вернутых у нацыянальную сьвядомасьць. Вернутых у тым ліку і дзякуючы помнікам, што зьявіліся нядаўна ў Полацку, - Эўфрасіньні, Сімяону… Бронзаваму Скарыну ўжо не самотна.
Я рады, што гарадзкімі кіраўнікамі на чале з мэрам Уладзімерам Тачылам (ты ведаеш, што мэр, натхняючыся гісторыяй, піша вершы?) авалодала ідэя стварэньня коннага помніка Ўсяславу Чарадзею. На маю думку, ён мусіць знайсьці сабе месца недзе паблізу Сафійскага сабору, збудаванага на загад гэтага князя.
Трэба падумаць, як тамсама, на Верхнім замку, увекавечыць памяць Усяслававых папярэднікаў - Рагвалода й Рагнеды, нашага першага асьветніка князя Ізяслава, ягонага сына - ваяра Брачыслава, што аднавіў незалежнасьць Полацкага княства ад Кіева. А магчыма, Рагвалод і Рагнеда пачуваліся б больш утульна на беразе Палаты, там, дзе стаяў іхны, найстаражытнейшы Полацак і дзе цяпер турысты не заўсёды й заўважаюць сьціпленькую стэлу з надпісам «Гарадзішча».
У Спаса-Эўфрасіньнеўскім манастыры або на шляху да яго мусяць зьявіцца помнікі дойліду Іаану і ягонаму сучасьніку, а верагодна, і блізкаму знаёмаму майстру-ювэліру Богшу, аўтару нашай нацыянальнай рэліквіі - крыжа сьвятой Эўфрасіньні. Мне ўяўляецца, што яны, Іаан і Богша, маглі б вярнуцца да нас у камені або бронзе разам, склаўшы супольную скульптурную кампазыцыю. Гэтаксама, як паплечніцы і спадкаеміцы Эўфрасіньні Полацкай - яе сёстры Гардзіслава і Зьвеніслава, у манастве Эўдакія і Эўпраксія.
Каля карпусоў былой Полацкай акадэміі, куды сёлета, спадзяюся, пераедуць гуманітарныя факультэты Полацкага ўнівэрсытэту (які, заўважым, пакуль застаецца без імя), - самае месца выбітным выкладчыкам і выхаванцам колішніх калегіюму й акадэміі. Ува ўнівэрсытэцкім двары хочацца бачыць, умоўна кажучы, «галерэю гонару» зь бюстамі філёзафа й паэта Мацея Казімера Сарбеўскага, «хрысьціянскага Гарацыя», чые кнігі ілюстраваў Рубэнс; славутага астранома, рэктара Віленскай акадэміі Марціна Пачобута-Адляніцкага; жывапісца Валентыя Ваньковіча, аўтара знакамітых партрэтаў Міцкевіча, Напалеона, Пушкіна; гісторыка, археоляга й этнографа Канстанціна Тышкевіча… Мару пра помнік вучонаму-энцыкляпэдысту Габрыелю Грубэру (гэта яму належала ідэя пераўтварэньня Полацкага калегіюму ў вышэйшую школу) і помнік выхаванцу Акадэміі Яну Баршчэўскаму. (А недзе ў зацішным кутку няхай прысядзе на лавачку ягоны неўміручы шляхціц Завальня.)
Гораду не стае мэмарыяльных дошак, дзе б згадваліся імёны вартых гэтага асобаў, што нарадзіліся або жылі тут. Ці не адзіны вынятак - дошка на доме, у якім спыняўся цар Пётар І, але ў дадзеным выпадку мы маем справу хутчэй з праяваю посткаляніяльнай сьвядомасьці, бо для Полацку расейскі цар - найперш злачынца, забойца ўніяцкіх сьвятароў у Сафійскім саборы. Сам храм на загад Пятра быў пасьля ператвораны ў вайсковае сховішча і ўрэшце зруйнаваны (паводле «дзіўнай выпадковасьці» якраз у дзень адыходу з гораду «саюзных» на той час расейскіх войскаў і выбухнулі іхныя парахавыя прыпасы ў саборных сутарэньнях).
Ушанаваньня мэмарыяльнымі дошкамі заслугоўваюць многія. Я згадаю толькі два імя: заснавальнік беларускага кінэматографу Юры Тарыч і таксама народжаная ў Полацку амэрыканская пісьменьніца Мэры Энцін, якая ў 13-гадовым веку пераехала разам з бацькамі ў ЗША. Яе аб'ёмістая, на 400 старонак, кніга «Зямля абяцаная» (The Promised Land. Boston-New York, 1912) - аўтабіяграфічная. Нядаўна зь велізарнай цікавасьцю пазнаёміўся з рукапісам беларускага перакладу «полацкіх» разьдзелаў. Даўно не чытаў нічога больш натхнёнага за апісаньне сырнага пірага, што пяклі прыдзьвінскія габрэі…
Калі трактаваць паняцьце «помнік» шырока, нельга не сказаць пра гарадзкую тапанімію. Сытуацыю зь ёю цяжка назваць іначай як ганебнай. Дзякуй Богу, што вуліца, якая вядзе ад Сафіі да Спасаўскага манастыра, нарэшце зьмяніла назву і цяпер мае імя не таварыша Фрунзэ, а сьвятой Эўфрасіньні. На жаль, гэта ледзь не адзіны прыклад. Багаяўленскі сабор, Музэй беларускага кнігадрукаваньня й некалькі іншых музэяў знаходзяцца на вуліцы Леніна (былая Ніжнепакроўская), помнік Сімяону Полацкаму - на праспэкце Карла Маркса, які, як вядома, разам з Уладзімерам Ільлічом ня раз бываў у Полацку ў суправаджэньні Дзяржынскага, Сьвярдлова, Войкава, Сака й Ванцэці ды іншых таварышаў, імёнамі якіх названыя вуліцы ў гістарычным сэрцы гораду.
- Ты ніколі не пісаў пра Полацак 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя - пары беларусізацыі. Адмоўна ставішся да нацыянал-камунізму?
- Нацыянал-камуністы, як сьведчыць прыклад Літвы, некаторых рэспублік былой Югаславіі або, у нейкай ступені, Украіны, здольныя ў пэрыяд пераходу да дэмакратыі адыграць надзвычай важную ролю. У Літоўскай ССР, як слушна заўважыў сучасны амэрыканскі гісторык Тыматы Снайдэр, нацыяналістычная ідэалёгія на афіцыйным узроўні мірна суіснавала з камуністычнай. Беларусі пры канцы 80-х - пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя востра бракавала асобаў кшталту Альгірдаса Бразаўскаса. У сваёй «Найноўшай гісторыі Беларусі» беларускі гісторык з Польшчы Яўген Мірановіч піша, што «сярод прадстаўнікоў кіраўнічых колаў КПБ знайшлося нямала людзей, сапраўды зацікаўленых беларусізацыяй партыйных і дзяржаўных структураў», а ў якасьці прыкладу называе Пётру Краўчанку. Іншых Мірановіч, відаць, ня ведае з той простай прычыны, што іх не існавала ў прыродзе. Апрача сакратара Віцебскага абкаму КПБ Іосіфа Навумчыка, які нават прыяжджаў на паседжаньне нашага літаб'яднаньня «Крыніца» і ўжо тады, у савецкія часы, пакінуў уражаньне зусім не партыйнага цэрбэра, а чалавека амаль нашага.
Калі вярнуцца ў 1920-я, то становішча выглядала несумненна лепей. Былі Чарвякоў, Жылуновіч, наркамы кшталту Антона Баліцкага ці Ўсевалада Ігнатоўскага…
У маіх «Таямніцах полацкай гісторыі», якія храналягічна завяршаюцца першай усясьветнай вайной, можна сустрэць экскурсы як у 20-я гады зь іх беларусізацыяй, так і ў 30-я, калі яе развой ужо стаў гісторыяй, а сябар «Маладняку» палачанін Макар Шалай знайшоў у сабе мужнасьць, седзячы ў менскай «амэрыканцы», даваць сьледчаму зьдзеклівыя паказаньні, нібыта разам зь сябрамі-пісьменьнікамі меў на мэце адарваць БССР ад Савецкага Саюзу й далучыць да Індыі…
Ня выключана, што калі-небудзь мае эпізадычныя вылазкі ў той час ператворацца ў доўгатэрміновую экспэдыцыю.
- Ці ёсьць такія полацкія гісторыі, якія просяцца на паперу?
- Полацкая даўніна прапануе сотні сюжэтаў. Мяне вабіць загадкавая асоба і поўнае прыгод і таямніцаў жыцьцё ўжо згаданага намі Габрыеля Грубэра - прафэсара Полацкага калегіюму, выдатнага вучонага, генэрала Ордэну езуітаў…
Кліё было заўгодна, каб ад 1772 да 1814 году Полацак быў сталіцаю Таварыства Ісуса, забароненага ў каталіцкім сьвеце булай папы рымскага Клімэнта XIV. Айцы-езуіты, што захавалі Ордэну вернасьць, рушылі на дзьвінскія берагі з блізкіх і далёкіх краінаў. Гэта былі не цемрашалы, як іх характарызавала савецкая гістарыяграфія, а высокаадукаваныя, дзейныя асобы, стваральнікі самай перадавой для свайго часу сыстэмы асьветы. У Полацак кіраваліся й знаходзілі тут прытулак і працу прафэсары Сарбоны, італьянскіх і нямецкіх унівэрсытэтаў. На полацкіх пляцах і вуліцах, у калідорах і аўдыторыях калегіюму гаварылі тады на добрым дзясятку эўрапейскіх моваў. На нейкі час горад зрабіўся адной з інтэлектуальных сталіцаў Эўропы.
Народжаны ў Вене славенец Грубэр займае ў гэтым сузор'і талентаў выключнае месца. Здаецца, нельга знайсьці галіны навукі ці мастацтва, у якіх Бог не надзяліў бы прафэсара ўнікальнымі здольнасьцямі. Матэматык, гісторык, хімік, мэдык, мовазнаўца, канструктар… Якраз Грубэр кіраваў тагачаснымі полацкімі мэханікамі, якія ў XVIII стагодзьдзі стваралі робатаў, што маглі ўразіць непадрыхтаванага наведніка калегіюму амаль да сьмерці. Вяршыняю іх творчасьці была славутая мэханічная галава (пра яе падрабязна гаворыцца ў ІІІ томе «Живописной России»), якая адказвала на любыя пытаньні на любой мове і натхніла Яна Баршчэўскага на фантастычную аповесьць «Драўляны дзядок і кабета Інсэкта».
Полацкі езуіт зрабіўся даверанай асобаю расейскага імпэратара Паўла І, з айцом Грубэрам меў таемнае ліставаньне Напалеон…
У 1805 годзе пецярбурская рэзыдэнцыя Таварыства Ісуса раптам загарэлася, і езуіцкі генэрал Грубэр ня здолеў выбавіцца з глыбіні сваіх пакояў. Такім чынам, налета споўніцца 200 гадоў, як завяршыўся зямны шлях айца Габрыеля, што пакінуў выразны сьлед у культуры некалькіх народаў, але найперш - нашага. З нагоды набліжэньня гэтае даты папскі нунцый у Беларусі славенец Іван Юркавіч днямі запрасіў мяне на аўдыенцыю. Было прыемна даведацца, што, «дзякуючы» Грубэру, маё эсэ «Alma mater Polocensis» перакладзенае на славенскую, а яшчэ прыемней, што ў Любляне (там ёсьць, дарэчы, канал імя Грубэра) 200-годзьдзе сьмерці выдатнага энцыкляпэдыста будзе адзначанае навуковымі імпрэзамі і выхадам манаграфіі. Зь яе аўтарам, доктарам Станіславам Юзьнічам, я цяпер актыўна лістуюся. Славенскіх калегаў - біёграфаў айца Габрыеля цікавіць, што ў 2005-м будзе адбывацца й выдавацца ў Полацку і Менску.
Увесну тэлежурналісты з кампаніі «Лад» запісалі са мной у полацкіх музэях і храмавых сутарэньнях інтэрвію на крыху нечаканую тэму: якія падзеі й героі нашай гісторыі маглі б стаць асноваю для беларускіх фільмаў жахаў, што прысутнічаюць у кожным разьвітым кінэматографе? У якасьці адной з кандыдатураў я прапанаваў Габрыеля Грубэра. Малады рэжысэр быў уражаны партрэтным апісаньнем знакамітага полацкага езуіта, якое пакінуў ягоны сучасьнік: «У гэтай прыгорбленай постаці зь вялізнай, зусім непрапарцыйнай малому целу і завостранай уверсе галавой зьмяшчаўся розум і талент дэмана і найзьлейшае сэрца; у заўсёды апушчаных долу вачах блішчэла нейкае злавеснае сьвятло; сьціплая і як быццам нясьмелая хада хавала самыя ганарлівыя й дзёрзкія пляны душы». Ну чым не герой, скажам, для нашага будучага Рамана Паланскага? Мэтра сучаснага кіно я згадаў невыпадкова: ён зьняў шыкоўны містычны трылер «Дзявятая брама» паводле раману гішпанца Артура Пэрэса Рэвэртэ «Клюб Дзюма, або Цень Рышэльё». У згаданых рамане й фільме дзейнічаюць героі, якім было б пра што пагаварыць з полацкімі езуітамі ды іхным генэралам.
Калі я вазьмуся пісаць пра Грубэра, то, найхутчэй, народзіцца не аповесьць ці апавяданьне, а эсэ. Мне ўжо ня раз даводзілася дзяліцца назіраньнем, што чытач, прынамсі той, якога цікавіць нацыянальная гісторыя, з большай нецярплівасьцю чакае цяпер ня чыста мастацкіх твораў, а добра ўдакумэнтаваных эсэ. Ён цалкам лягічна хоча ўпэўніцца, што ўсё, што ўжо прачытана ў бэлетрыстаў - ня плён іхнай фантазіі, а гістарычная рэальнасьць, пацьверджаная кронікамі, граматамі, прывілеямі etc.etc. Ні на адзін з сваіх зборнікаў гістарычнае прозы ад сярэдзіны 1990-х я не атрымліваў столькі водгукаў, колькі прыйшло на «Таямніцы…», што вытрымалі ўжо чатыры выданьні.
Чытач - і гэта вельмі здаровая зьява - імкнецца пераканацца, што ў нас сапраўды эўрапейскае мінулае, бо яно служыць своеасаблівым пропускам у эўрапейскую будучыню.
Але ў бліжэйшы час мне, прызнаюся, прагнецца засяродзіцца на тым, чаго не напіша ніхто іншы, - на працягу «Полацкіх апавяданьняў». Тут - мой асабісты досьвед, погляд, сьвет, і сваім багацьцем трэба пасьпець распарадзіцца.
Хочацца пісаць і падарожныя эсэ, а дзеля гэтага - вандраваць. Бо падарожжа, як заўважыў нехта з калегаў, адносіцца да прасторы, як тэкст да паперы, - запаўняе пустэчу. Апрача таго, перасоўваючыся па сьвеце, ты як бы пацьвярджаеш свой рух па жыцьці.
Вось летась перачытваў Борхеса - ягоныя аргентынскія навэлы, кожную зь якіх можна разгарнуць у раман: «Поўдзень», «Мужчына з Ружовай кавярні», «Хуан Муранья»… Перачытаў - і заманулася пабачыць Буэнас-Айрэс. Так, далекавата. Але ў той час, калі я адкрываў для сябе Борхеса, і сталіца Аргентыны, і Лёндан, і Парыж, і Амстэрдам, і дзівосная Барсэлёна, і Нью-Ёрк, і іншыя ўжо «мае» гарады былі ад Полацку на аднолькавай адлегласьці - абсалютна недасяжныя.
Упершыню я прачытаў славутага аргентынца ў 1978-м, мне тады было дваццаць пяць. Другі раз грунтоўна чытаў у пяцьдзясят. (Дагэтуль зьдзіўляюся, што пераадолеў гэтую дату.) Добра было б перачытваць Борхеса кожныя 25 гадоў.
- Ці будуць з часам адшуканыя і Крыж Эўфрасіньні, і Полацкі летапіс?
- Вяртаньне Крыжа выглядае, бясcпрэчна, больш верагодным. Хоць бы таму, што ён зьнік не ў XVIII стагодзьдзі, як Полацкі летапіс, а ў 1941 годзе - паводле гістарычных меркаў, ледзьве ня ўчора. Цяпер ужо дакладна вядома, што шэдэўр майстра Богшы быў ня выкрадзены нямецкімі захопнікамі з пакою-сэйфу ў будынку Магілёўскага абкаму партыі, як нас доўга пераконвалі, а вывезены на ўсход. У 1990-х пошукамі Крыжа сьвятой Эўфрасіньні не бяз посьпеху займаліся супрацоўнікі КДБ Беларусі. Па старонках дзяржаўнай прэсы пракацілася цэлая хваля публікацыяў, дзе называліся даволі канкрэтныя адрасы знаходжаньня нацыянальнай сьвятыні - фонды Эрмітажу або музэйныя сховішчы Ўфы й Самары, у якіх знайшлі ў час вайны прыстанак магілёўскія архівы й гістарычныя каштоўнасьці. Потым - як адрэзала, поўнае маўчаньне. Напэўна, сапраўды была адпаведная «просьба маскоўскіх таварышаў» не каламуціць вады.
У 1997 годзе, якраз у той час, калі Дзяржаўная дума Расеі абмяркоўвала прыняты пазьней Закон аб рэстытуцыі (паводле яго ўсе культурныя скарбы, якія цяпер знаходзяцца на тэрыторыі нашай усходняй «саюзьніцы», зьяўляюцца яе ўласнасьцю й вяртаньню іншым краінам не падлягаюць) у Менску пад эгідаю ЮНЭСКА адбывалася міжнародная канфэрэнцыя ў праблемах рэстытуцыі. На ёй беларускія навукоўцы агучылі вусьцішны факт: сёньня нашая краіна валодае прыблізна адным (!) працэнтам сваіх культурных і гістарычных каштоўнасьцяў, большая частка якіх у розны час была вывезеная ўва ўсходнім кірунку. У ліку гэтых стратаў і бібліятэка Полацкай акадэміі на 40 тысяч тамоў, і ўнікальныя зборы акадэмічнага музэю й карціннай галерэі, што ганарылася жывапіснымі творамі Рубэнса, выдатнай калекцыяй скульптуры, дзьвюма тысячамі гравюраў.
Наіўна чакаць у бліжэйшай будучыні перадачы Эўфрасіньнеўскага крыжа, калі гэтаму пярэчыць расейскае заканадаўства. Разьлічваць на акт добрай волі таксама не выпадае. Дзяржаўная бібліятэка РФ у Маскве, да прыкладу, мае 82 скарынаўскія выданьні, а роднай і братняй Беларусі, нягледзячы на шматлікія просьбы, у тым ліку і ад Музэю кнігадрукаваньня ў Полацку, не перадала ніводнага.
Можна, праўда, казаць пра сымбалічнае вяртаньне Крыжа, што адбылося дзякуючы сучаснаму майстру-ювэліру Міколу Кузьмічу. На падставе фатаздымкаў, малюнкаў і апісаньняў аўтэнтыка з тых самых матэрыялаў ён стварыў вобраз рэліквіі, аднавіўшы ў тэхнічных парамэтрах тэхніку перагародкавай эмалі, якой за часамі Эўфрасіньні карыстаўся Богша. (Заўважу, што гэта не мая дылетанцкая думка, а навуковае меркаваньне найбуйнейшай знаўцы бізантыйскіх эмаляў у СНД доктара гістарычных навук Тацяны Макаравай.)
Відаць, варта, найперш для вернікаў, зазначыць, што праца над вобразам Крыжа адбывалася з багаславеньня і з дапамогаю Царквы, у выніку чаго твор М. Кузьміча мае тыя самыя хрысьціянскія рэліквіі, што і Богшаў арыгінал. Іншымі словамі, апрача мастацкіх характарыстык новы Крыж зьяўляецца й сакральнай рэччу.
Адноўлены Крыж сьвятой Эўфрасіньні, які захоўваецца ў Спасаўскім манастыры, таксама прываблівае ў сёньняшні Полацак паломнікаў і турыстаў і, трэба спадзявацца, «прыцягвае» свой старажытны правобраз, спрыяючы яго вяртаньню на радзіму.
Што да Полацкага летапісу, якім яшчэ пасьпеў пакарыстацца В. Тацішчаў, дык, я мяркую, ён быў зьнішчаны пасьля інкарпарацыі Беларусі ў склад Расейскай імпэрыі. Зьнішчаны як сьведчаньне былой дзяржаўнай незалежнасьці нашых земляў, што ў расейскіх сталіцах цягам стагодзьдзяў менаваліся не іначай як «искони русскими». Але так верыцца ў цуд: раптам адзін са сьпісаў летапісу ацалеў і, як лічыў Вацлаў Ластоўскі, знойдзецца проста ў нас пад нагамі, у полацкіх падземных лябірынтах, якія сапраўды існуюць і могуць падараваць нам у ХХІ стагодзьдзі сэнсацыйныя адкрыцьці.
- Калі б табе трэба было выставіць адну ўласную (культавую) рэч у экспазыцыі полацкага Музэю беларускага кнігадрукаваньня - што б ты прапанаваў?
- Свой каваны срэбны пярсьцёнак з рачной пэрлінай і каменем-хрызапразам. У ім пры пэўнай долі ўяўленьня нескладана ўбачыць завяршэньне полацкай Спасаўскай царквы. Да гэтага падарунку Міколы Кузьміча (каб выкаваць яго, спатрэбілася, як сьцьвярджае аўтар, прыкладна 5000 удараў) ніякіх пярсьцёнкаў я ніколі не насіў. Ну, калі не лічыць тых, якія мы ў дзяцінстве куплялі ў газэтным шапіку за 80 капеек, каб выкінуць фарбаваны кавалачак шкла і, з адагнутымі вострымі лапкамі, надзець на палец перад бойкай з задзьвінскім непрыяцелем.
Пярсьцёнкі неяк не стасаваліся з маёй істотаю, ейнай энэргетычнай сыстэмаю. Таму да падарунку я паставіўся насьцярожана, але - вось дзіва! - ён вельмі хутка стаўся быццам бы часьцінкаю мяне самога. Гэта мой абярэг, безь якога я часам магу пачуцца безабаронным, як аднойчы, калі ў міжнародным цягніку яго спрабаваў украсьці расейскі праваднік (аднак пярсьцёнак паслаў мне зь ягонай кішэні сыгнал: я - тут).
На сустрэчах з чытачамі я часта атрымліваю пытаньні пра свой абярэг. Звычайна адказваю, што ён мае магічнае ўзьдзеяньне на жанчын (сапраўды), аднак дыяпазон яго «здольнасьцяў» значна шырэйшы.
А яшчэ адна юная чытачка нядаўна прэзэнтавала мне маленькую цацачную котку, якая ўжо пасьпела заваяваць маю прыхільнасьць. Відаць, з тае прычыны, што я наагул люблю котак. Каб не яны, гэтага інтэрвію, як і ўсяго іншага, проста не было б. У раньнім маленстве старая й мудрая бабуліна котка (яе так і звалі - Котка) уратавала мне жыцьцё, калі я, пакладзены спаць на печы, пачаў шукаць сабе месца ў халадку на краі.
- Ты сапраўды лічыш, што існуе адметны полацкі мэнталітэт?
- Іначай я й не прапанаваў бы калісьці ўвесьці гэты панятак.
Палачане маюць большую за іншых беларусаў схільнасьць да гумару, іроніі й самаіроніі, якія дзіўным чынам спалучаюцца ў іх з балцкай стрыманасьцю. У літаратуры гэтыя якасьці найбольш выяўляюцца ў творчасьці Вінцэся Мудрова і Пятра Васючэнкі. Спадзяюся, што мае тэксты таксама пазначаныя «пячаткаю» нашага мэнталітэту.
Яшчэ адна яго адметнасьць - тое, што душа жыхароў Прыдзьвіньня здавён і да сёньня шырока адкрытая, я сказаў бы, прагная да дзівосаў, што цудоўна даказаў сваім «Шляхціцам Завальнем» Ян Баршчэўскі.
Невыпадкова й тое, што ў блізкіх і далёкіх ваколіцах Полацку, як засьведчылі навуковыя экспэдыцыі, жыве нямала людзей, што валодаюць таямнічай энэргіяй і незвычайнымі здольнасьцямі. Гэты фэномэн дасьледуе малады гісторык-палачанін Уладзімер Лобач, працы якога ўжо прыцягнулі ўвагу замежных вучоных.
Скажы, ты не задумваўся аб тым, што калі ў Полацку зьявіцца помнік Усяславу Чарадзею, гэта будзе помнік ня толькі валадару й абаронцу крыўскай дзяржавы, але й чараўніку, найвядомейшаму зь беларускіх ваўкалакаў?
- Дык што для цябе Полацак? Малая радзіма? Скарбонка гістарычных сюжэтаў? Месца для паломніцтва?
- Мае альфа і амэга. Радзіма маёй душы. Будучы апошні прыстанак грэшнага цела.
- Вітаўт Кіпель назваў Спасаўскую царкву ў Полацку беларускім Араратам, а ты ў адным з апавяданьняў параўноўваеш родны горад над Дзьвіной зь Ерусалімам. Наколькі гэта асэнсавана?
- Ну вось мы й вярнуліся да таго, з чаго пачыналі гаворку. Калі не памыляюся, гэта ў эсэ «За што Авін забіў Кавэля» я цытую сучаснага ізраільскага пісьменьніка Амоса Оза, які гаворыць пра сваю любоў да Ерусаліму прыблізна так: тут можаш мыць шкарпэткі, смажыць яечню і ў той самы час адчуваць сябе на мяжы духоўнага аргазму. Гэты сутык, прызнаецца ерусалімскі калега, і зрабіў яго пісьменьнікам. Нешта падобнае я магу сказаць пра сябе і пра Полацак.
- У цябе ёсьць верш, у якім ты пішаш, што будзеш пахаваны (цьфу, цьфу, цьфу - жыві ня менш за сто гадоў) на полацкіх Ксавэр'еўскіх могілках. Гэта запавет?
- Так, запавет. Праўдзівей, толькі адна яго частка. А другая палягае ў тым, што пераведваць мяне ў той ціхай мясьцінцы трэба будзе абавязкова з пляшкай добрага чырвонага віна. Можна аргентынскага - з прысмакам прозы Борхеса й Картасара. Зрэшты, першы быў і цікавым паэтам, чые вершы, на жаль, на беларускую мову, здаецца, не перакладаліся. Калі не лічыць некалькіх строфаў, якія я спрабаваў перакласьці сам:
І брамка ў сад
адчыніцца сама,
як соньнік
на старонцы зачытанай…
Гутарыў Алесь Аркуш