Наваградак і Мір з руінамі іх замкаў я па-зямляцку ведаю зь дзён школьнага маленства. А ў Полацак зь яго Сафіяй упершыню прыехаў напрадвесьні 1965-га. Калі ў Наваградку мне і спачатку, і потым парэшткі руінаў здаваліся нават сьцішнаватымі ад сваёй старадаўнасьці, а ў Міры недаразбуранасьць замку даволі выразна захоўвала адзнакі сваёй велічы, то сымбаль Полацку красуня Сафія расчаравана ўбачылася заплямлена недагледжанай звонку і проста страшнай усярэдзіне…
Прыехаў я не адзін - у групе сяброў-пісьменьнікаў, па дзелавой прычыне. Ад віцебскага начальства ў ЦК партыі паступіў заклапочаны сыгнал пра тое, што ў вобласьці вельмі дрэнна разыходзяцца беларускія кнігі. І Саюз пісьменьнікаў, праз сваё бюро прапаганды мастацкай літаратуры, паслаў нас на сустрэчы з чытачамі. І трэба ж было так здарыцца, што перад тымі сустрэчамі гасьцінныя гаспадары паказалі нам гістарычную сьвятыню, ператвораную ў кніжны склад. Дах гэтага кашчуннага складу працякаў на грувасткія кубамэтры твораў марксізму-ленінізму, рускай і замежнай клясыкі, штосьці прыпадала й на кнігі беларускія, што моклі ды плесьнявелі не кубамэтрамі, а сьціплейшай колькасьцю, можа, толькі бярэмямі, а ўсё ж, калі верыць сыгналам зьверху, былі найбольш вінаватымі ў сваёй незапатрабаванасьці…
Праўда, кнігі меліся і ў кнігарні ды кіёсках, і яны даволі пасьпяхова раскупляліся чытачамі на нашых сустрэчах, пераважна моладзьдзю, і вельмі ўцешна было нам ад чэргаў па аўтографы.
Найвыразьней запомніліся дзьве сустрэчы. Адна - з навучэнцамі каапэратыўнага тэхнікуму, на якую нас запрасіла і хораша вяла яе маладая выкладчыца і паэтка Алена Ніякоўская. А другая сустрэча помніцца мне тым, што яна прыкра не адбылася. У беларускую школу ў Задзьвіньні мы не змаглі дабрацца з-за раптоўнага ледаходу, які, нібы й нечакана, абрынуўся на Дзьвіну: пераход па лёдзе ліквідаваўся, а на мост, у аб'езд - ня памятаю ўжо чаму - транспарту не знайшлося ні на адным, ні на другім беразе ўзьнятай паводкай ракі.
Паважаны дырэктар шырока вядомай кнігарні «Сьветач» Рыгор Аронавіч Міхаловіч, які забясьпечваў нашы сустрэчы кнігамі, суцяшаў нас пасьля такой няўдачы, што надарылася да таго ж у апошні, заключны дзень. Нават падкрэсьліў: «Калі я хачу прадаць кнігу - я яе прадам!..»
З той нашай пісьменьніцкай групы мне найжывей помніцца таварыскі Янка Скрыган, мой сусед па кватэры, намнога старэйшы сябар, які мне і дома, і ў дарозе, і там у Полацку нямала цікавага нагаварыў пра гэты блаславёны горад яго літаратурнай, дагулагаўскай маладосьці…
А калі я другі раз, ды неўзабаве, у маі таго ж 1965-га, зноў апынуўся там, дык гэта ўжо зь сябрамі маладзейшымі - Караткевічам і Барадуліным. Спыніліся мы ў Полацку праездам з Рагачова ў Вушачу. Была ў нас такая творчая задума: наведаць радзіму кожнага разам, а напісаць пра гэта паасобку і прапанаваць нашы нататкі ў часопіс ці на радыё. Усмак пагасьцяваўшы ў Валодзевага дзядзькі ў Рагачове і яго маляўнічых ваколіцах, мы накіраваліся да Рыгоравай мамы ў Вушачу. Да Полацку дабраліся мы на машыне, вядома ж, дажджлівым вечарам. А раніца ўставала сонечная. Аднак Сафія, да якое мы адразу пайшлі, ад гэтага ня стала прыгажэйшай… Заглянуць у яе кніжны могільнік не ўдалося. Пасумаваўшы, паабураўшыся, мы зайшлі ў «Светач». Рыгор Аронавіч, ветліва павітаўшыся, спытаўся ў мяне зь пераможнай усьмешкай: «Ну, пашукайце ў мяне вашы кнігі цяпер! Іх няма». І паўтарыў сваё ранейшае: «Калі я хачу прадаць кнігу - я яе прадам!..» Не скажу, што іменна тады - хутчэй ужо цяпер мне падумалася: во каго трэба было б перавесьці загадам на тыя адсырэлыя кніжныя кубамэтры! Толькі пры ўмове, каб па-сапраўднаму захацець іх прадаваць, - і яму захацець, і ўсім тым, што клапоцяцца ў кабінэтах - зьверху ды здалёк…
Трэці раз, улетку 1972-га, я быў у Полацку зноў жа не адзін - з Адамовічам і Калесьнікам, суаўтарамі па кнізе «Я з вогненнай вёскі…». Такія вёскі былі, вядома, і на Полаччыне. Ад змроку і болю новых сустрэчаў, спыніўшыся ў Полацку, мы адпачылі душамі ў назіраньні залітай сонцам усё яшчэ не адроджанай сьвятыні, седзячы то ў маўчаньні, то ў ціхай гутарцы. Толькі Калесьніку не сядзелася - рупіла як найлепш захапіць з сабой на фатастужцы паднебна ўрачысты, па-херувімску сьветлы вобраз непараўнальнага помніка нашай спрадвечнасьці…
Яшчэ раз я пабываў у Полацку ў верасьні 1988-га, заездам з Наваполацку. Літаратурнае аб'яднаньне «Крыніца» запрасіла мяне выступіць у іхным вячэрнім унівэрсытэце «Роднае слова». Прыемна помніцца й той вечар, і іншыя вечары, знаёмствы з новымі сябрамі… Была й паездка ў Полацак, у мілай кампаніі з Ірынай Жарнасек і Навумам Гальпяровічам, дарэчы, у ягонай машыне. Сафія была ўжо іншая, і звонку і ўсярэдзіне, абноўлена чыстая ў сваёй непераможнай сьвятасьці.
Хацелася б, старому ды нямогламу, пабываць там хоць бы яшчэ адзін раз!..
25.02.04