A R C H E   П а ч а т а к № 3 (32) - 2004
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


3-2004
" да Зьместу "

 



аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі

 


палеміка

  ЮРЫ ДРАКАХРУСТ

Вокладка ARCHE 3-2004.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (2'2004)
   ARCHE (1'2004)
   Эўропа на ўсход ад    Эўропы
   Віленская Анталёгія
   Чэскі Альбом
   Pax Americana
   Туманнасьці
   беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6'2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4'2001)
   Скарына
(3'2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1'2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8'2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6'2000)
   Глёбус
   Скарына
(4'2000)
   Габрэі
   Скарына
(2'2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Юры Дракахруст
Жэнэўская канвэнцыя для вайны культураў

У 1998 годзе аўтар гэтых радкоў надрукаваў у «Белорусской деловой газете» артыкул «Беларускі нацыяналізм гаворыць па-расейску». У ім на падставе вынікаў апытаньня, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) у сьнежні 1997 году, было паказана, што некаторыя пашыраныя ўяўленьні пра сувязь моўных і палітычных паводзінаў у Беларусі не адпавядаюць рэчаіснасьці. У прыватнасьці, было прадэманстравана, што расейскамоўныя беларусы ў большай ступені прыхільныя да незалежнасьці сваёй краіны, у меншай ступені хочуць далучэньня яе да Расеі і, нарэшце, маюць меншыя сымпатыі да Аляксандра Лукашэнкі, чым іхныя беларускамоўныя суайчыньнікі.

З часу зьяўленьня таго артыкулу прайшло шэсьць гадоў. Няшмат, але й нямала - тагачасныя першакурсьнікі скончылі ВНУ, 55-гадовыя сышлі на пэнсію, у тагачасных вучняў пятай клясы прайшлі выпускныя балі. Падзеі прамінулых гадоў былі хутчэй неспрыяльнымі для беларушчыны - дастаткова прыгадаць і скарачэньне колькасьці беларускіх школаў, і выцісканьне беларускай мовы з электронных СМІ, і «халдынгізацыю» літаратурных часопісаў, і закрыцьцё Коласаўскага ліцэю. З другога боку, варта адзначыць і адваротную зьяву - зьяўленьне культурных праектаў, якія здолелі заваяваць дастаткова шырокую папулярнасьць. Сам па сабе працяг існаваньня беларускай незалежнай дзяржаўнасьці мацаваў нацыянальную самасьвядомасьць, якая па ідэі станоўчым чынам зьвязаная з моўнымі паводзінамі. Калі параўноўваць зьвесткі апытаньня НІСЭПД 1997 году з вынікамі апошняга, сакавіцкага 2004 году апытаньня, высьвятляецца, што «вага» моўных групаў за гэты час істотна не зьмянілася.

Табліца 1. Адказы на пытаньне «Якой мовай Вы карыстаецеся ў штодзённых зносінах?» (у %).
  Сьнежань 1997 Сакавік 2004
беларускай 5,7 7,1
беларускай 40,6 47,4
беларускай і расейскай 20,3 17,3
зьмяшанай 32,5 27,8
НА/ЦА 0,9 0,4

Але нашая задача - прааналізаваць не дынаміку зьменаў колькаснага складу моўных групаў, а прыроду сувязі моўных паводзінаў з палітычнымі.

Перш чым перайсьці да гэтага аналізу, варта адказаць на крытыку мэтадалёгіі дасьледаваньняў НІСЭПД, якая ўтрымліваецца ў зьмястоўным выступе Вінцука Вячоркі на Зьезьдзе ТБМ у 2003 годзе.

В. Вячорка прывёў зьвесткі адказаў на пытаньне пра моўныя паводзіны ў апытаньнях НІСЭПД, якія праводзіліся ў 1995-2003 гадох, і зьвярнуў увагу на ваганьні паказчыкаў на працягу пэрыяду дасьледаваньня: «З 1995 да сакавiка 2003 году фiксаваўся наступны дыяпазон лiчбаў: носьбiтаў беларускае мовы - ад 5,7 % (лiстапад 1997) да 1,7 % (кастрычнiк 2001); расейскае - ад 37,3 % (чэрвень 1995) да 46,3 % (кастрычнiк 2001); «мяшанай» - ад 50 % (чэрвень 1995) да 25,4 % (верасень 2002); абедзьвюх моваў - ад 7,8 % (чэрвень 1995) да 26,5 % (сакавiк 1999)».

Вячорка падкрэсьліў, што моўныя паводзіны масы людзей насамрэч вельмі кансэрватыўныя і не мяняюцца на працягу некалькіх гадоў. Адсюль ён зрабіў выснову, што адказы ў апытаньнях НІСЭПД вымяраюць хутчэй ступень атаесамленьня рэспандэнта з той ці іншай моўнай «пазыцыяй», чым сапраўдныя моўныя паводзіны. На адказы, на думку В. Вячоркі, моцна ўплываюць вонкавыя адносна ўласна моўных паводзінаў чыньнікі: неспрыяльная і нават грэблівая адносна беларускай мовы палітыка ўладаў, рэфэрэндумы і аб'яднаўчыя ініцыятывы.

Але насамрэч значныя ваганьні ў адказах назіраліся толькі ў прамежкавых, пераходных пазыцыях - у колькасьці тых, хто абірае адказы «і беларускай і расейскай» ці «зьмяшанай». Справа тут , як падаецца, не ў недакладнасьці мэтадалёгіі, а ў самім няпэўным, плыткім самаўсьведамленьні значнай часткі людзей, якія выбіраюць гэтыя опцыі: літаральна адзін і той жа чалавек сёньня можа сказаць, што гаворыць «трасянкай», заўтра - што гаворыць «і так, і гэдак», пасьлязаўтра - аднесьці сябе да беларуска- ці расейскамоўных. І гэтыя зьмены могуць адбывацца пад узьдзеяньнем самых розных, у тым ліку і цалкам выпадковых фактараў, нават самога факту неабходнасьці даваць адказ на пытаньне падобнай анкеты. У той жа час амплітуды ваганьняў у пэўных, «крайніх» пазыцыях - «беларускай» і «расейскай» - на працягу пэрыяду дасьледаваньня былі прыкладна ў межах патроенай памылкі рэпрэзэнтацыйнасьці (НІСЭПД звычайна апытвае каля 1500 чалавек - гранічная памылка рэпрэзэнтацыйнасьці ў гэтым выпадку складае 3 %). З пункту гледжаньня статыстыкі гэта сьведчыць якраз пра адносную стабільнасьць названых паказчыкаў, а дакладней - пра досыць абмежаваны ўплыў «вонкавых» фактараў на выбар гэтых опцыяў адказу.

У сваёй прамове на зьезьдзе ТБМ Вінцук Вячорка прапанаваў пашыраную інтэрпрэтацыю «беларускамоўнасьці». Беларускамоўныя паводле яго - гэта тыя, хто, адказваючы на пытаньне падобнай анкеты, выбіраюць опцыі «беларуская», «і беларуская і расейская» ці «зьмяшаная». З пэўнымі агаворкамі ён палічыў беларускамоўнымі і пэўную частку тых, хто ў анкеце аднёс сябе да расейскамоўных: «На мове маскоўскага і піцерскага ўзору ў Беларусі не гаворыць амаль ніхто… Носьбітаў «беларускага варыянту» расейскай літаратурнай мовы вельмі лёгка распазнаюць у Маскве».

Гэтыя цьверджаньні падаюцца ў значнай ступені вынікам ідэалягічнай пазыцыі, мэтафізычнымі развагамі пра паўпоўную й паўпустую шклянку. Чым аднясеньне да беларускамоўных усіх, хто хоць неяк і хоць калі гаворыць па-беларуску, больш абгрунтаванае, чым аднясеньне да расейскамоўных усіх тых, хто хоць неяк гаворыць па-расейску (а гэта ў нашым выпадку як тыя, хто ў адказе на пытаньне анкеты наўпрост аднёс сябе да расейскамоўных, гэтак і дзьве прамежкавыя групы)? На заўвагу, што ў Беларусі мовай маскоўскага і піцерскага (кананічна расейскага) узору не гаворыць амаль ніхто, варта адзначыць, што па-маскоўску не гавораць і на Валагодчыне, і ў Сібіры, і ў большасьці іншых рэгіёнаў Расеі. Што да таго, што расейскамоўных беларусаў беспамылкова пазнаюць у Маскве, то масквічы, прыяжджаючы ў Беларусь ці прынамсі ў Менск, пэўна сьцьвярджаюць: «Тут усе гавораць па-расейску». Для расейскага вуха беларуская расейская мова і нават «трасянка» - такая ж расейская, як мова пскавічоў, разанцаў, сібіракоў ці расейскамоўных каўказцаў. Пры гэтым, як паказвае досьвед, літаратурную беларускую мову расейцы разумеюць зь цяжкасьцю і ўжо пагатоў ня лічаць яе расейскай.

Мэта гэтага вялікага ўступу - зусім не ў працягу спрэчкі пра тое, паўпустая ці паўпоўная моўная «шклянка», а ў тым, каб даказаць, што пытаньне анкеты пра мову штодзённых зносінаў - цалкам карэктнае і адказы на яе даюць у цэлым адэкватнае апісаньне моўнай сытуацыі, адлюстроўваючы сапраўдныя моўныя паводзіны людзей.

Як жа гэтыя паводзіны цяпер, у 2004 годзе, карэлююць з сацыяльна-дэмаграфічнымі характарыстыкамі, з уяўленьнямі людзей пра месца Беларусі ў сьвеце і палітычнымі прэфэрэнцыямі?

Шэсьць гадоў таму я адзначаў вельмі шчыльную сувязь паміж моўнымі паводзінамі і сацыяльна-дэмаграфічнымі характарыстыкамі: доля моладзі, высокаадукаваных людзей, гараджанаў сярод расейскамоўных найвышэйшая, а сярод беларускамоўных - найніжэйшая сярод усіх моўных групаў.

Як бачым, за шэсьць гадоў сытуацыя практычна не зьмянілася. Бадай, адзіным выключэньнем з гэтых жорсткіх лінейных залежнасьцяў зьяўляецца доля менчукоў сярод беларускамоўных (25,2 %) - яна перавышае долю менчукоў у выбарцы ў цэлым. У апытаньні 1997 году доля менчукоў сярод беларускамоўных складала толькі 11,6 %.

  (нар. у 1960 годзе ў Хабараўску) - палітычны публіцыст і аналітык. З 1991 году працуе на беларускай службе радыё «Свабода». Кандыдат фізыка-матэматычных навук.
   
Табліца 2*. Сувязь паміж моваю штодзённых зносінаў і асноўнымі сацыяльна-дэмаграфічнымі характарыстыкамі
Якой мовай Вы карыстаецеся ў штодзённых зносінах?
  беларускай расейскай беларускай і расейскай зьмяшанай
Век        
16-19 (4,1 %)** 1,8 5,2 5,1 2,1
20-24 (9,3 %) 1,8 12,6 8,2 6,2
25-29 (8,9 %) 9,5 12,3 8,2 6,2
30-39 (20,2 %) 9,2 25,4 21,2 13,7
40-49 (19,6 %) 10,4 21,9 20,3 17,6
50-59 (12,6 %) 10,8 12,1 17,5 10,9
>59 (25,2 %) 56,4 10,5 20,5 45,3
Адукацыя
Пачатковая (12,0 %) 35,3 1,7 5,1 28,4
Няпоўная сярэдняя (13,9 %) 22,2 10,6 11,8 18,0
Сярэдняя (36,5 %) 21,0 42,0 37,8 30,1
Сярэдняя спэцыяльная (23,1 %) 12,3 26,4 25,9 18,7
Вышэйшая (14,5 %) 9,2 19,3 19,4 4,7
Месца жыхарства
Менск (16,7 %) 25,2 24,9 7,7 6,5
Абласныя цэнтры (17,6 %) 5,5 25,6 9,2 11,8
Вялікія гарады (13,0 %) 8,1 16,4 18,5 4,5
Малыя гарады (22,0 %) 10,3 17,5 25,7 30,7
Вёска (30,7 %) 50,9 15,6 38,9 46,4

Навідавоку рост больш чым удвая. Прычым масавымі міграцыямі зь вёскі ў сталіцу гэты фэномэн патлумачыць не выпадае: у адрозьненьне ад 1960-1970-х гадоў, найноўшая гісторыя Беларусі такіх міграцыяў ня ведае. Гэтае адхіленьне ад агульнай «тэндэнцыі» можна з пэўнай доляй імавернасьці аднесьці якраз на рахунак пашырэньня сталічных інтэлектуальных беларускамоўных асяродкаў. Але дадзеныя даюць уяўленьне і пра сапраўдны маштаб гэтай зьявы: беларускамоўныя менчукі складаюць менш за 2 % ад насельніцтва краіны.

Тып сувязі моўных паводзінаў і сацыяльна-дэмаграфічных характарыстыкаў робіць чаканымі і адрозьненьні ў поглядах, уласьцівых прадстаўнікам розных моўных групаў. Агульнавядома, што каштоўнасьці эканамічнай, палітычнай, нацыянальнай свабоды, захапленьне Эўропай уласьцівыя перш за ўсё моладзі, людзям з вышэйшай адукацыяй, гараджанам. Але можна выказаць гіпотэзу, што беларускамоўнасьць, прыналежнасьць да беларускай культуры «пераважвае», і нават старыя малаадукаваныя беларускамоўныя ўсё ж больш прыхільныя да нацыянальнай незалежнасьці, чым іх маладыя і адукаваныя суайчыньнікі, якія «здрадзілі роднай мове». Зьвесткі апытаньня сьнежня 1997 году гэтай гіпотэзы не пацьвярджалі. Магчыма, за шэсьць гадоў сытуацыя зьмянілася?

Табліца 3. Сувязь паміж моўнымі паводзінамі і геапалітычнымі прыхільнасьцямі
Якой мовай Вы карыстаецеся ў штодзённых зносінах?
  беларускай расейскай беларускай і расейскай зьмяшанай
Як бы Вы прагаласавалі на рэфэрэндуме пра будучыню Беларусі?
За аб'яднаньне з Расеяй (30,0 %) 52,5 28,2 27,2 29,3
За далучэньне да Эўразьвязу (25,1 %) 12,3 32,5 21,6 17,9
І за тое, і за другое (17,6 %) 13,8 19,4 16,2 16,7
Супраць і аднаго, і другога (13,4 %) 10,3 9,6 23,5 14,6
А калі б давялося выбіраць паміж аб'яднаньнем з РФ і далучэньнем да ЭЗ, што б Вы выбралі?
Аб'яднаньне з РФ (41,0 %) 62,1 39,4 36,9 41,5
Далучэньне да ЭЗ (36,5 %) 14,6 45,1 37,9 26,2

Парадаксальная сувязь, якую мы адзначалі ў 1998 годзе, захавалася нязьменнай: беларускамоўныя найменш прыхільныя да незалежнасьці, эўрапейскага шляху краіны і найбольш прыхільныя да аб'яднаньня з «матухнай Расеяй».

Сувязь, вызначаная Табліцай 3, пацьвярджаецца і іншымі дасьледаваньнямі. Летась у «АRCHE» быў надрукаваны артыкул шатляндзкага сацыёляга Стывэна Ўайта «Эўрапейскі ці славянскі выбар». У публікацыі аналізаваліся геапалітычныя погляды грамадзянаў Беларусі, Малдовы, Расеі і Ўкраіны, пры гэтым адносна Беларусі Ўайт карыстаўся зьвесткамі апытаньня, праведзенага ў 2000 годзе цэнтрам «Новак». У артыкуле былі прыведзеныя вынікі рэгрэсіўнага аналізу пераменнай, якая вымярала прыхільнасьць да праэўрапейскага ці праэўразійскага выбару, на шэраг сацыяльных паказчыкаў. Сярод пераменных рэгрэсіўнай мадэлі фігуравалі і адказы на пытаньне «Якой мовай Вы карыстаецеся дома?». З мадэляў, якія прыводзіць Уайт, вынікае, што адпаведныя каэфіцыенты рэгрэсіі для дадзеных па Малдове і Ўкраіне маюць адмоўны знак, а па Беларусі - станоўчы. Іншымі словамі, паводле кампаратыўнага дасьледаваньня, праведзенага Ўайтам, у Малдове і Ўкраіне ўжываньне ў сям'і роднай мовы зьвязана станоўча з праэўрапейскімі памкненьнямі і адмоўна - з праэўразійскімі, а ў Беларусі - наадварот.

У прыгаданым дасьледаваньні выкарыстоўваліся крытэры праэўрапейскасьці і праэўразійскасьці, адрозныя ад тых, якія ўжываліся ў сакавіцкім 2004 году апытаньні НІСЭПД, пытаньне пра моўныя паводзіны таксама адрозьнівалася ад ужыванага НІСЭПД. Тым ня менш, характар сувязі паміж моўнымі і геапалітычнымі прыхільнасьцямі, выяўлены ў дасьледаваньнях, - аднолькавы.

У шэрагу водгукаў на нашую публікацыю шасьцігадовай даўніны выказвалася думка, што хаця расейскамоўныя беларусы больш прыхільна ставяцца да незалежнасьці, чым іхныя беларускамоўныя суайчыньнікі, але незалежніцкія памкненьні расейскамоўных маюць, так бы мовіць, сытуацыйны, каньюнктурны характар. Расейскамоўныя, хаця б дзякуючы больш высокай адукаванасьці, больш выйгралі ад набыцьця Беларусяй незалежнасьці. Яны маюць больш высокі сацыяльны статус і ня хочуць яго згубіць пасьля далучэньня Беларусі да Расеі. У якасьці яскравага ўзору такога стаўленьня прыводзіўся прэзыдэнт Беларусі, які зьмяніў свае погляды на інтэграцыю са «старэйшым братам» зусім не таму, што прасякнуўся беларушчынай, а таму што зразумеў, што быць кіраўніком незалежнай краіны лепш, чым губэрнатарам расейскай правінцыі. Матывацыя «сувэрэнізацыі» Аляксандра Лукашэнкі, магчыма, і была менавіта такой, але матывацыя расейскамоўных беларусаў агулам не зусім такая, а дакладней - зусім не такая.

Табліца 4. Сувязь паміж моўнымі паводзінамі і адказамі на пытаньне «Якая, на Ваш погляд, была першая ў гісторыі беларуская дзяржава?»
Якой мовай Вы карыстаецеся ў штодзённых зносінах?
  беларускай расейскай беларускай і расейскай зьмяшанай
ВКЛ (34,6 %) 17,6 42,1 35,4 25,8
БНР (15,1 %) 20,9 13,7 18,2 14,1
БССР (17,0 %) 23,8 11,5 19,4 23,3
РБ (18,2 %) 15,9 17,6 19,6 18,6

Карціна тут у параўнаньні з папярэдняй табліцай больш складаная. Тым ня менш, і тут мы бачым, што расейскамоўныя ў найменшай ступені схільныя бачыць пачатак беларускай дзяржаўнасьці ў савецкай і постсавецкай гісторыі і менавіта яны ў найбольшай ступені адносяць гэты пачатак да сівой даўніны ВКЛ. Так што насамрэч стаўленьне расейскамоўных да беларускай дзяржаўнасьці тлумачыцца прынамсі ня толькі сытуацыйнымі перавагамі, але і ўпэўненасьцю, што гісторыя Беларусі, беларускай нацыі ня зь іх пачалася і не павінна імі скончыцца. І ўпэўненасьць гэтая ўласьцівая расейскамоўным ня ў меншай ступені, чым прадстаўнікам іншых моўных групаў.

Нарэшце, сувязь моўных паводзінаў і стаўленьня да некаторых актуальных сюжэтаў бягучай беларускай палітыкі адлюстроўвае Табліца 5.

Табліца 5. Сувязь паміж моўнымі паводзінамі і пытаньнямі пра галасаваньне на прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбарах
Якой мовай Вы карыстаецеся ў штодзённых зносінах?
  беларускай расейскай беларускай і расейскай зьмяшанай
Калі б заўтра былі выбары прэзыдэнта, за каго б Вы галасавалі?
За Аляксандра Лукашэнку (33,9 %) 55,5 25,1 33,6 43,6
Ці будзеце Вы на восеньскіх выбарах галасаваць за кандыдатаў кааліцыі «5+»?
Пэўна так / Хутчэй так (17,1 %) 16,5 21,3 12,4 12,7
Пэўна не / Хутчэй не (47,8 %) 58,1 46,1 56,0 43,7

Аўтар гэтых радкоў не спадзяецца, што прыведзеныя зьвесткі прымусяць прыхільнікаў «беларускай Беларусі» адмовіцца ад іх ідэалу. Урэшце, моцную веру ня могуць пахіснуць ніякія факты і аргумэнты. Але адэпты «беларускай Беларусі» адстойваюць сваю ідэю ня ў тэртуліянаўскім стылі «верую, бо абсурдна» - яны карыстаюцца ня толькі гістарычнымі і культуралягічнымі аргумэнтамі, але й пэўным чынам інтэрпрэтаванымі фактамі сёньняшняй беларускай рэчаіснасьці. Прыведзеныя намі зьвесткі, на наш погляд, пераканаўча абвяргаюць шмат якія з гэтых апэляцыяў. Пералічым іх па парадку.

Беларускамоўныя хай сабе і складаюць меншасьць у грамадзтве, але вызначаюцца больш высокай адукацыяй, маладосьцю, гэта найбольш «прасунутая», дынамічная група насельніцтва. Як вынікае з Табліцы 2, усё наадварот. Маладосьць, адукаванасьць уласьцівыя ў большай ступені якраз расейскамоўным. Беларускамоўныя вызначаюцца адваротнымі сацыяльна-дэмаграфічнымі характарыстыкамі. Гэтая сацыялягічная тэза зусім не супярэчыць цьверджаньням пра існаваньне і нават пашырэньне высокаінтэлектуальных асяродкаў гарадзкой (прынамсі, менскай) моладзі, якая гаворыць па-беларуску. Сацыялягічны факт вызначае межы гэтай зьявы: гэтыя асяродкі ў маштабе грамадзтва настолькі малалікія, а колькасьць прадстаўнікоў «слабых» сацыяльных групаў сярод беларускамоўных у цэлым настолькі вялікая, што гэтыя «прасунутыя» асяродкі ня робяць заўважнага ўплыву на параўнальныя сацыяльна-дэмаграфічныя характарыстыкі моўных групаў.

Сапраўдным апірышчам ідэі нацыянальнай дзяржаўнасьці ў грамадзкай сьвядомасьці можа быць толькі родная мова. У цяперашняй Беларусі - з дакладнасьцю да наадварот. Менавіта беларускамоўныя ў найбольшай ступені прыхільныя да аб'яднаньня Беларусі з Расеяй, а расейскамоўныя - у найменшай.

Прыхільнасьць расейскамоўных да беларускай незалежнасьці - уяўная, сытуацыйная, часовая. Зьменіцца іх становішча ў грамадзтве, зьменіцца стан беларускай эканомікі - і яны стануць «пятай калёнай» Масквы. Ізноў жа не зусім дакладна. Незалежніцтва расейскамоўных беларусаў мае больш трывалы падмурак, яно грунтуецца ня толькі на будзённых інтарэсах, але й на гістарычных каштоўнасьцях.

Прыналежнасьць да беларускай мовы абумоўлівае культурную повязь з Эўропаю. Тэарэтычна, магчыма, так яно й павінна быць, але ў сёньняшняй Беларусі беларускамоўнасьць спалучаецца зь нежаданьнем далучацца да Эўропы, а ў найбольшай ступені ў Эўропу імкнуцца расейскамоўныя.

Лукашэнка - прэзыдэнт усіх крэолаў. Менавіта такую тэзу адстойваў рэдактар «АRCHE» Валер Булгакаў у сваім артыкуле 2001 году, у якім ён аналізаваў вынікі другіх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Тэза, якая тычыцца грамадзтва і ўтрымлівае займеньнік «усе», - амаль заўсёды гіпэрбала, але калі ісьці за гэтай заганнай практыкай, то на падставе зьвестак Табліцы 5 куды больш абгрунтаваным выглядае сьцьвярджэньне «Лукашэнка - прэзыдэнт усіх беларускамоўных», а якраз «крэолы» схільныя падтрымліваць яго ў найменшай ступені.

Магчыма, неабходнасьць і прывабнасьць праекту «беларускай Беларусі» можна сфармуляваць і безь пералічанага набору ідэалягемаў. Але гэта - яшчэ ня вырашаная інтэлектуальная задача, бо цяпер бязь іх не абыходзіцца амаль ніводзін тэкст прыхільнікаў гэтага праекту. Аднак куды больш сур'ёзныя перашкоды давядзецца пераадолець пры жаданьні яго зрэалізаваць, прычым ня толькі ў чыста культурніцкай, але і ў палітычнай плашчыні. На практыцы ігнараваць рэчаіснасьць значна цяжэй, чым у інтэлектуальных студыях.

Часам ад сьвядомых беларусаў можна пачуць: «Беларусь - адзінае месца ў сьвеце, дзе можа жыць і выжыць беларуская мова. Ня будзе яе тут - ня будзе нідзе. Іншай зямлі няма ані ў яе, ані ў нас. І мы абаронім яе, даможамся, каб яна тут панавала і каб ёй нічога не пагражала». Некаторыя расейцы - грамадзяне Беларусі ўспрымаюць такія развагі як намёк на тое, што калі нейкім чужынцам нешта не падабаецца ці не спадабаецца ў будучыні, то варыянт «чамадан-вакзал-Расея» заўсёды актуальны. Аднак на самай справе сьвядомыя беларусы гатовыя забясьпечыць прынамсі беларускім расейцам самыя ўтульныя ўмовы існаваньня ў «геце» меншасьці, так бы мовіць, дазволіць і нават дапамагчы адкрыць менскую філію «Яру» з кулябякамі і расьцягаямі, як гэта вобразна сфармуляваў Сяргей Дубавец.

Але насамрэч справа зусім не ў беларускіх расейцах. Справа ў расейскамоўных беларусах, у якіх гэтак жа, як і ў іх беларускамоўных супляменьнікаў, «няма іншай зямлі». І ні ў якую Расею іх ня выпхнеш: яны туды, дарэчы, і не імкнуцца ані ў асабістай якасьці, ані разам з усёй Беларусяй (гл. Табліцу 3). І кулябякай у расейскім «геце» іх не задаволіш. Па-першае, яна ім непатрэбная - ім больш дранікі даспадобы, а па-другое, яны наагул ні ў якае «гета» ня хочуць і ня пойдуць, яны пачуваюць сябе такімі ж гаспадарамі Беларусі, як і беларускамоўныя беларусы. І сваю Беларусь (свой праект Беларусі) яны будуць абараняць жорстка, у тым ліку і ад сваіх беларускамоўных супляменьнікаў.

Тут, праўда, узьнікае пытаньне, што такое праект Беларусі расейскамоўных і што менавіта ў ім яны гатовыя абараняць. На думку «сьвядомых беларусаў», такі праект - гэта жаданьне зьліцца з Расеяй (што, як мы паказалі, няпраўда) ці такога праекту не існуе наагул, што расейскамоўнасьць у Беларусі пазбаўленая ўласнай сутнасьці, дакладней, яе сутнасьць - адмаўленьне беларускасьці і ня больш за тое.

Такое стаўленьне ў чымсьці падобнае да стаўленьня бальшавікоў да вернікаў. Тут гаворка не пра практыку, а пра ідэйны бок: паводле камуністычнай дактрыны вера ў Бога разглядалася як «перажытак капіталістычнай мінуўшчыны», як забабон, урэшце - ня больш чым спадчына невуцтва, у якім цары і буржуі трымалі просты люд. У сьветлай камуністычнай будучыні гэтая недарэчнасьць, зразумела, павінна зьнікнуць, ну, а ў нашым сацыялістычным сёньня гэтым забабонам, з аднаго боку, нельга патураць, але зь іншага - і зусім ужо рэзка забараняць ня варта. Дазволім ужо старым бабулькам дажыць іхны век зь іхным богам.

«Сумленьня ў Вас няма, - перапыніць мяне сьвядомы беларус. - Вы параўноўваеце нас з бальшавікамі, але сёньня разбураюць храмы нашай мовы, а ня мы разбураем чыесьці. І разбураюць, дарэчы, што б там ні паказвала Вашая сацыялёгія, людзі адной з вамі мовы. Дык хто ж бальшавікі ў гэтай сытуацыі? Ну нічога, прыйдзе пара…»

Але ж размова ідзе не пра практыку, а пра ідэалягічную ўстаноўку. Для большай яснасьці варта прывесьці прыклад з зусім іншай гісторыі.

Чаму ізраільцяне гэтак настойваюць, каб палестынцы адмовіліся ад сваёй канчатковай мэты - зьнішчыць Ізраіль, скінуць яго ў мора? Усе гады існаваньня Ізраілю, усе араба-ізраільскія войны паказалі, што зрабіць гэта палестынцы ня ў стане ані аднаасобна, ані нават разам з усім арабскім сьветам. Тады, здавалася, чаго ж пераймацца?

На самай справе падставы пераймацца ёсьць. Калі твой апанэнт, хай на сёньня і слабейшы, ставіць на мэце тваё зьнішчэньне, то ўся ягоная дзейнасьць, кожны прамежкавы крок падпарадкоўваецца гэтай мэце ці, прынамсі, успрымаецца табою як падпарадкаваны ёй. Але гэтая мэта слабейшага перадвызначае і паводзіны мацнейшага: ён будзе шукаць не кампрамісу, а пазбаўленьня апанэнта самой магчымасьці калі-небудзь дасягнуць падобнай мэты. Гэта ня тоеснасьць, а аналёгія, якая ўсё ж сёе-тое тлумачыць.

У цяперашняй сытуацыі на зачынены Коласаўскі ліцэй прыпадае непераатэставаны Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. Іншымі словамі, насамрэч улада нішчыць усё патэнцыйна ёй варожае, не зважаючы на яго моўную прыналежнасьць. Наўрад ці яна спадзяецца, скажам, закрыцьцём Ліцэю заваяваць сымпатыі расейскамоўных. Апошнім, як моўнай групе ў цэлым, гэта ні зь якага боку не патрэбна і падставай палюбіць уладу не зьяўляецца.

Цяперашняя ўлада - гэта бэтонная пліта, якая прыдушвае кожнае жывое жыцьцё, выціскаючы яго на кухні ці, прынамсі, на старонкі «АRCHE». Але й адыход гэтай улады будзе азначаць не суцэльнае і ўсеагульнае шчасьце, а проста зьнікненьне пліты і разьняволеньне жыцьця разам з усімі яго супярэчнасьцямі.

І спаборніцтва расейскамоўнага і беларускамоўнага праектаў тады, так выглядае, не сунімецца, а наадварот - абвострыцца. Пры гэтым самі па сабе палітычныя зьмены не прынясуць перавагі нікому: з улікам зьвестак Табліцы 5, сярод пераможцаў расейскамоўных будзе ня менш, чым сярод пераможаных. Цалкам прадухіліць гэтае спаборніцтва, выглядае, немагчыма, бо змаганьне ідзе і будзе ісьці за адну нацыю, за адну прастору. Тут немагчымы падзел накшталт бэльгійскага (вашай мове - поўнач, нашай - поўдзень). Беларусь, калі параўноўваць з Украінай, ня мае таксама ані свайго Крыму, ані сваёй Галіччыны, значыць, тылу гэтага змаганьня няма нідзе, а фронт - паўсюль.

За апошняе дзесяцігодзьдзе беларускасьць прадэманстравала выдатную здольнасьць да выжываньня і нават да пэўнага пашырэньня ў надзвычай неспрыяльных умовах. Але ня варта лічыць адзіным увасабленьнем энэргіі і здольнасьцяў расейскамоўных цяперашняга прэзыдэнта, які пры ўсіх сваіх талентах усё ж у гістарычнай пэрспэктыве - адыходзячая натура. Можна не заўважаць, напрыклад, што п'есы паводле твораў менавіта Сьвятланы Алексіевіч ставяць у Бэрліне і Парыжы, што прыгаданы Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт - адукацыйная зьява ня менш выбітная, чым Коласаўскі ліцэй, што беларускі бізнэс - падмурак вольнай нацыянальнай эканомікі - амаль спрэс расейскамоўны. У ідэалягічных практыкаваньнях можна не зважаць на гэтыя і іншыя падобныя да іх зьявы ці лічыць іх уяўнымі на падставе «сумнеўнай» беларускасьці. А сэнс? Палестынскія ідэолягі, дарэчы, таксама - часткова з прычынаў ідэалягічных, часткова са сьвядомай мэтаю мабілізацыі аднадумцаў - даводзілі, што габрэі насамрэч - баязьліўцы і нікчэмныя салдаты. Магчыма, гэтыя гіпотэзы мелі моцнае інтэлектуальнае абгрунтаваньне, але пры іх практычнай праверцы ўзьнікалі, скажам так, пэўныя нечаканасьці.

Часам можна пачуць, што ў цяперашняй Беларусі ідзе змаганьне паміж сіламі адначасна беларускамоўнымі, незалежніцкімі і праэўрапейскімі ды сіламі адначасна расейскамоўнымі, прарасейскімі і антызаходнімі. А больш, маўляў, і няма нікога - ані людзей, ані сілаў. У першай частцы нашага артыкулу мы паказалі, што гэта абсалютна ня так з сацыялягічнага пункту гледжаньня. Але гэта ня так і з пункту гледжаньня палітычнага. Палітычныя рэпрэзэнтанты расейскамоўных антылукашыстаў, незалежнікаў і праэўрапейцаў і цяпер прысутнічаюць на палітычнай арэне. Тое, што яны рэпрэзэнтуюць інтарэсы менавіта расейскамоўных, цяпер, магчыма, ня вельмі заўважна хаця б з тае прычыны, што неяк недарэчна змагацца за моўныя інтарэсы гэтай групы, калі ўлады нішчаць якраз беларускую мову і культуру. Але з гэтага зусім не вынікае, што ўва ўмовах свабоднага грамадзтва, калі цяперашняе барбарскае стаўленьне да беларускай мовы адыдзе ў мінулае, такое змаганьне не пачнецца, калі будзе зробленая спроба закрануць сапраўдныя інтарэсы расейскамоўных.

Прадухіліць такое змаганьне наўрад ці магчыма. Адзінае магчымае выйсьце - вызначыць для яго рамкі, заключыць, так бы мовіць, «жэнэўскую канвэнцыю вайны культураў». Пагаджаюцца ж удзельнікі нават жорсткіх войнаў не забіваць палонных, не абыходзіцца зь імі як са злачынцамі, не забіваць сьвядома некамбатантаў і г. д. У змаганьні культураў , галоўная вастрыня якога - яшчэ наперадзе, лепш было б мець такія правілы і варта было б выпрацаваць іх цяпер, бо калі давядзецца дзейнічаць, будзе не да выпрацоўкі правілаў дзеяньняў. Яны, зразумела, могуць скласьціся і самі сабою - як балянс, вынік балючых сутыкненьняў. Аднак гэты шлях выглядае не найлепшым. Пры гэтым «жэнэўская канвэнцыя» - гэта мінімальная перадумова таго, каб культурная вайна не ператваралася ў татальную вайну на зьнішчэньне.

Цяперашняе барбарскае стаўленьне ўлады да беларускай мовы і беларускамоўных зь неабходнасьцю спараджае прагу рэваншу, прагу, узмоцненую, акрамя прыніжэньняў і зьнявагаў, яшчэ й марай пра «беларускую Беларусь». Але гісторыя не канчаецца ані на Лукашэнку, ані на ягоным адыходзе. У пэўным сэнсе (хаця тут трэба шмат агаворак) сам ягоны прыход быў рэваншам за беларусізацыю пачатку 90-х гадоў. Якая ў сваю чаргу была рэваншам за камуністычную моўную палітыку. Можна прагназаваць, што імаверным вынікам чарговага (суб'ектыўна абсалютна абгрунтаванага) беларускамоўнага рэваншу пасьля Лукашэнкі стане не трыюмф беларушчыны, а контррэванш, новае выданьне рэфэрэндуму 1995 году. Прычым, паколькі мяркуецца, што пасьля сыходу цяперашняга прэзыдэнта Беларусь стане ўсё ж дэмакратычнай, то магчымасьць гайданьняў ківача «рэванш-контррэванш» будзе ўбудаваная ў саму палітычную сыстэму краіны, а частата гэтых гайданьняў будзе «ў ідэале» супадаць з частатой выбараў.

Здаецца, што кожны з бакоў атрымае ўрэшце больш, калі яны разам паспрабуюць разарваць гэтае замкнёнае кола, а менавіта дамовяцца пра формулу, якой цалкам ня будзе задаволены ніводзін з бакоў, але не настолькі, каб прагнуць рэваншу. Праўда, пры гэтым давядзецца разьвітацца зь некаторымі ўлюбёнымі ідэямі і нават ідэаламі, адмовіцца ад свайго права аднаасобна фармаваць праект нацыі, прызнаць неабходнасьць ствараць яго разам з апанэнтамі - непрыемнымі, дурнымі, якія нічога не разумеюць у Беларусі, вочы б іх ня бачылі.

 

* Табліца 2 , як і ўсе далейшыя, чытаецца па слупкох: у ёй паказана, як прадстаўнікі моўных групаў разьмяркоўваюцца паміж узроставымі, адукацыйнымі і геаграфічнымі опцыямі. Сума ў слупкох можа быць меншай за 100 %: для зручнасьці тут і далей мы не прыводзім дадзеных па опцыях «няма адказу/цяжка адказаць».

** Для зручнасьці аналізу ў крайнім левым слупку мы прыводзім значэньне доляў пэўных опцыяў па выбарцы ў цэлым, што дае магчымасьць параўноўваць адпаведныя паказчыкі ў моўных групах ня толькі паміжсобку, але і зь сярэднімі па выбарцы.

Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 3 (32) - 2004

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю,   Майстраваньне [mk], Абнаўленьне [czyk]
Copyright © 1998-2004 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2004/11/5