A R C H E   П а ч а т а к № 3 (32) - 2004
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


3-2004
" да Зьместу "

 



аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі

 


літаратура

  МЭРЫ ЭНЦІН

Вокладка ARCHE 3-2004.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (2'2004)
   ARCHE (1'2004)
   Эўропа на ўсход ад    Эўропы
   Віленская Анталёгія
   Чэскі Альбом
   Pax Americana
   Туманнасьці
   беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6'2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4'2001)
   Скарына
(3'2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1'2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8'2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6'2000)
   Глёбус
   Скарына
(4'2000)
   Габрэі
   Скарына
(2'2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Мэры Энцін
Зямля абяцаная

РАЗДЗЕЛ 1. У РЫСЕ АСЕЛАСЦІ

Калі я была маленькай дзяўчынкай, мой свет дзяліўся на дзве часткі: Полацак - месца, дзе я жыла, - і дзіўную зямлю, называную «Расія». Усе мае знаёмыя дзяўчынкі жылі ў Полацку, са сваімі татамі, мамамі і сябрамі. А Расія была месцам, куды чый-небудзь бацька ездзіў па справах. Гэта было так далёка, і столькі дрэннага там здаралася, што маці, бабуля і дарослыя цёткі дзяўчынкі плакалі на вакзале, калі бацька ад'язджаў у Расію, а сама яна да канца дня хадзіла сумная і маўклівая.

Праз нейкі час я даведалася пра існаванне іншага падзелу і пра тэрыторыю, якая пралягала паміж Полацкам і Расіяй. Здаецца, там было месца, якое звалася Віцебск, а таксама Вільня, і Рыга, і некаторыя іншыя. Адтуль прыходзілі фатаздымкі ніколі не бачаных дзядзькаў, стрыечных братоў ды сясцёр і лісты, а часам прыязджалі і самі дзядзькі. Гэтыя дзядзькі былі такія самыя, як і людзі ў Полацку; а людзі ў Расіі, як усе разумелі, былі зусім іншыя. У адказ на пытанні госці-дзядзькі казалі рознае глупства, каб усіх насмяшыць; і немагчыма было зразумець, чаму Віцебск і Вільня, хоць і не былі Полацкам, былі зусім не такімі тужлівымі, як Расія. Маці ніколі не плакала, калі дзядзькі ад'язджалі.

Аднойчы, калі мне было восем год, адна мая дарослая стрыечная сястра паехала ў Віцебск. Усе акрамя мяне пайшлі яе праводзіць. Я ж паехала разам з ёй. Мяне пасадзілі на цягнік, у руцэ я трымала сваю лепшую сукенку, завязаную ў хустку, і, праехаўшы ў цягніку некалькі гадзін, я прыбыла ў Віцебск. Калі мы імчаліся, я не магла сказаць, дзе канчаўся Полацак. Па дарозе было вельмі шмат месцаў з дзіўнымі назвамі, але ўсё гэта страціла цікавасць, калі мы прыехалі ў Віцебск.

Чыгуначны вакзал быў вялікі, нашмат большы за полацкі. Не адзін, а адразу некалькі цягнікоў стаялі на ім адначасова. На вакзале месціўся вялізны буфет з садавінай і ласункамі, у іншым месцы прадаваліся кніжкі. У натоўпе сястра трымала мяне за руку й не адпускала. Потым мы ўзялі рамізніка і ехалі вельмі доўга, і я бачыла вуліцы, магазіны і дамы, нашмат большыя і прыгажэйшыя за полацкія.

Мы пражылі ў Віцебску некалькі дзён, і я бачыла шмат прыгожых рэчаў, але тое, што найбольш здзівіла мяне, - не новае. Найбольш мяне здзівіла рака - рака Дзвіна. Дзвіна цячэ ў Полацку. Усё сваё жыццё я бачыла Дзвіну. Дык як тады Дзвіна можа цячы ў Віцебску? Мы з сястрой прыехалі цягніком, але ўсе ведалі, што цягнік можа ехаць куды хоча, нават у Расію. Мне стала зразумела, што і Дзвіна цягнулася як каляя, хоць раней я заўсёды лічыла, што яна спыняецца там, дзе канчаецца Полацак. Я ніколі не бачыла, дзе канчаецца Полацак; я схацела даведацца, калі падрасла. Але дзе ж мог быць край Полацку? Полацак быў абапал Дзвіны, і я ведала гэта ўсё жыццё; а Дзвіна, як гэта раптам высветлілася, зусім не абрывалася. Гэта было вельмі дзіўна, што Дзвіна засталася той самай, хоць навокал быў ужо не Полацак, а Віцебск!

Таямніца гэтага ператварэння стала прычынай доўгіх плённых разважанняў. Мяжа паміж Полацкам і астатнім светам не была матэрыяльнага кшталту, як я думала, як той плот, што адгароджваў наш сад ад вуліцы. Цяпер свет выглядаў так: Полацак - працяг Полацку - працяг Полацку - Віцебск! І Віцебск не так моцна адрозніваўся ад Полацку, толькі ён быў большы, прыгажэйшы і больш людны. І на Віцебску свет не сканчаўся. Дзвіна і чыгунка ішлі за межы Віцебску - ішлі ў Расію. Ці не была і Расія працягам Полацку? Можа, тут таксама не было раздзяляльнага плоту? Як я хацела ўбачыць Расію! Але вельмі мала людзей бывала ў Расіі. Калі людзі ехалі ў Расію, гэта азначала нейкія непрыемнасці: ці яны не маглі зарабіць на жыццё дома, ці іх прызывалі ў войска, ці яны недзе судзіліся. Не, ніхто не ехаў у Расію дзеля ўласнага задавальнення. Бо ў Расіі жыў цар, і мноства бязлітасных людзей; і ў Расіі былі жудасныя турмы, з якіх людзі ніколі не вярталіся.

Полацак і Віцебск былі цяпер звязаныя бесперапыннасцю зямлі, але паміж імі і Расіяй страшная мяжа па-ранейшаму існавала. Я даведалася, калі падрасла, што не толькі ў Полацку не любілі ездзіць у Расію, але Расія - нават у большай ступені - была супраць таго, каб туды прыязджалі з Полацку. Полацкіх людзей часам вярталі раней, чым яны канчалі свае справы, і часта па дарозе з імі жорстка абыходзіліся. Здаецца, у Расіі былі пэўныя месцы - Санкт-Пецярбург, Масква, Кіеў, - дзе мой бацька, ці дзядзька, ці сусед павінны былі ўвогуле ніколі не з'яўляцца, незалежна ад таго, якія важныя справы іх туды клікалі. Паліцыя злавіла б іх і адправіла б назад у Полацак, як страшных злачынцаў, хоць яны не зрабілі нічога дрэннага.

Мне было так дзіўна, што з маімі роднымі так абыходзіліся, але іх вяртанне ў Полацак можна было апраўдаць прынамсі тым, што яны там жылі. Але за што людзей выганялі з Санкт-Пецярбургу ці Масквы, калі ў гэтых гарадах быў іх дом і ім не было куды ехаць? Так шмат людзей - мужчын, жанчын і нават дзяцей - прыязджалі ў Полацак, дзе ў іх не было сяброў, і распавядалі аб жорсткім абыходжанні ў Расіі; і хоць яны не былі нікому раднёй, іх прымалі, і дапамагалі, і падтрымлівалі ў справах, як пагарэльцаў.

Мне было вельмі дзіўна, што цар і паліцыя хацелі мець усю Расію толькі для сябе. Гэта была велізарная краіна; праходзіла нямала дзён, перш чым ліст даходзіў да чыйго-небудзь бацькі ў Расіі. Чаму там не мог знаходзіцца кожны, хто хацеў?

Не ведаю, калі я стала дастаткова вялікай, каб зразумець гэта. Праўда адкрывалася мне па дзесяць разоў на дзень, з таго часу, калі я пачала адрозніваць словы ад пустых гукаў. Бабуля казала мне пра гэта, калі клала вечарам спаць. Бацькі казалі пра гэта, калі рабілі мне падарункі на святы. Сяброўкі казалі гэта, цягнучы мяне за вароты, калі праходзіў паліцэйскі. Ванька, бялявы хлопчык, мне ўсё пра гэта апавёў, калі выбягаў з мамінай пральні, каб кінуць у мяне гразёй, калі я праходзіла побач. Я чула пра гэта падчас малітвы і калі жанчыны сварыліся на базары; і часам, прачнуўшыся ноччу, я чула, як мае бацькі шэпчуцца пра гэта ў цемры. Не было такога часу ў маім жыцці, калі б я не чула, і не бачыла, і не адчувала праўды - прычыны, праз якую Полацак быў адрэзаны ад астатняй Расіі. Гэта была першая навука, якую прыйшлося засвоіць маленькай полацкай дзяўчынцы. Але я доўга не магла зразумець. Потым прыйшоў час, калі я даведалася, што Полацак, Віцебск, Вільня і некаторыя іншыя месцы былі аб'яднаныя ў «рысу аселасці» і на гэтай тэрыторыі цар загадаў мне заставацца, разам з бацькам, маці і сябрамі, і іншымі людзьмі, падобнымі да нас. Нас не павінны бачыць за мяжой аселасці дзеля таго, што мы габрэі.

Так што вакол Полацку ўсё-такі стаяў плот. Свет быў падзелены на габрэяў і негабрэяў, гояў. Гэтае веданне прыйшло так паступова, што яно не магло стаць для мяне шокам. Яно ўлілося ў маю свядомасць па кроплі. Да таго часу, калі я зразумела, што я ў вязніцы, маё цела прызвычаілася да кайданоў.

Першы раз, калі Ванька кінуў у мяне гразёй, я прыбегла дадому і наскардзілася маці; яна пачысціла маю сукенку і пакорліва сказала: «Чым я магу дапамагчы табе, маё беднае дзіцятка? Ванька - гой. Гоі робяць з габрэямі ўсё, што ім заманецца». У наступны раз, калі Ванька пакрыўдзіў мяне, я не заплакала, але пабегла хавацца, кажучы сабе: «Ванька - гой». У трэці раз, калі Ванька плюнуў на мяне, я выцерла твар і ўвогуле нічога не падумала. Я змірылася з дрэнным стаўленнем гояў, як чалавек прыміраецца з надвор'ем. Свет быў створаны пэўным чынам, і мне было ў ім жыць.

Але не ўсе гоі былі як Ванька. У суседстве з намі жыла сям'я, якая была да нас вельмі прыязная. Там была дзяўчынка маіх гадоў, якая ніколі не абзывала мяне і давала мне кветкі з бацькавага саду. А яшчэ былі Парфёны, у якіх мой дзядуля наймаў краму. Яны ставіліся да нас так, быццам бы мы зусім і не былі габрэямі. На нашы святы яны прыходзілі да нас і прыносілі падарункі, старанна выбіраючы такія рэчы, якія маглі жыдзянятам прыдацца; а яшчэ яны любілі, каб ім усё тлумачылі - пра віно, і садавіну, і свечкі, і яны нават стараліся гаварыць адпаведныя вітанні і блаславенні па-габрэйску. Мой бацька часта казаў: каб усе рускія былі як Парфёны, паміж гоямі і габрэямі не было б ніякіх праблем; і Хвядора Паўлаўна, уласніца дому, адказвала, што рускія людзі невінаватыя. Гэта святары, казала яна, падвучваюць людзей ненавідзець габрэяў. Вядома, ёй было лепш ведаць, яна ж была вельмі пабожная хрысціянка. Яна ніколі не праходзіла паўз царкву не перахрысціўшыся.

Гоі заўсёды хрысціліся: калі ўваходзілі ў царкву і калі з яе выходзілі, калі сустракалі святара ці калі праходзілі каля абраза на вуліцы. Брудныя жабракі на царкоўных прыступках жагналіся ўвесь час; нават калі яны стаялі на рагу габрэйскай вуліцы і ім падавалі габрэі, яны хрысціліся і мармыталі хрысціянскія малітвы. У кожным гойскім доме было тое, што яны называлі «абраз» - выява хрысціянскага бога. Абраз вісеў у куце, і перад ім увесь час гарэў агеньчык. Перад іконай гоі гаварылі малітвы, кленчачы і ўвесь час хрысцячыся.

Я старалася не глядзець у той кут, дзе была ікона, калі прыходзіла да гояў дахаты. Я баялася крыжа. Усе ў Полацку баяліся - я маю на ўвазе, усе габрэі. Бо гэта праз крыж з'явіліся святары, а праз святароў былі нашы нягоды, з чым нават некаторыя хрысціяне згаджаліся. Гоі казалі, што мы забілі іх Бога, што было поўнай лухтой, бо ў іх ніколі не было Бога - толькі карцінкі. Апроч таго, тое, у чым яны нас абвінавачвалі, здарылася вельмі даўно; гоі самі казалі, што гэта даўно было. Усе, хто мог да гэтага мець дачыненне, сотні гадоў праляжалі ў магілах. Тым не менш, яны скрозь ставілі крыжы і нават на шыі насілі крыжыкі, на напамін сабе; і яны лічылі праведным ненавідзець і зневажаць нас і настойвалі, што гэта мы забілі іх Бога. Услаўляць крыж і мучыць габрэя было для іх адно і тое ж. Вось чаму мы баяліся крыжа.

Яшчэ гоі казалі пра нас, што на Пасху мы выкарыстоўваем кроў забітых хрысціянскіх немаўлятаў. Вядома, гэта была брыдкая хлусня. Я з маленства ведала пра Пасху ўсё. Дом вычышчалі да бляску, нават у тых заканурках, куды ніхто ніколі не зазіраў. Посуд, якім карысталіся ўвесь год, хавалі на гарышча, а замест яго выймалі спецыяльны посуд на пасхальны тыдзень. Я дапамагала распакоўваць новы посуд і знаходзіла сярод яго свой уласны кубак. Пасля таго як вешалі свежыя фіранкі і адкрывалі белую падлогу, усе ў доме апраналіся ў новае, і я сядала да святочнага стала ў новай сукенцы, і ў гэты момант я адчувала сябе чыстай звонку і ўсярэдзіне. І калі я згаворвала Чатыры пытанні, пра прэсны хлеб, і горкія травы, і іншыя рэчы, а наша сям'я, чытаючы з кніжак, адказвала мне, хіба я не ведала пра Пасху ўсё, і пра тое, што было на стале, і чаму? Жахліва, што гоі так нагаворвалі на нас. Нават найменшае дзіця ў доме ведала, як святкуецца Пасха.

Якраз пад Пасху, калі мы святкавалі наша выбаўленне з егіпецкай зямлі і былі такія радыя і ўдзячныя, быццам гэта адбылося вось толькі што, нашы суседзі-гоі любілі напомніць нам, што Расія - гэта другі Егіпет. Я чула, як людзі гэта казалі, і гэта была праўда. У Полацку, у рысе аселасці, было яшчэ не так дрэнна, але ў расійскіх гарадах, а тым больш у вёсцы, дзе габрэйскіх сем'яў было няшмат - праз патрэбу мець спецыяльныя дазволы паліцыі, якая ўвесь час мяняла думку наконт іх, - гоі ператваралі Пасху ў жахлівыя для габрэяў дні. Хтосьці напляце пра забіццё хрысціянскіх дзяцей, а тупыя сяляне ашалеюць ад гэтага, набяруцца гарэлкі і выпраўляюцца забіваць габрэяў. Накідваюцца на іх з нажамі, дубінамі, сярпамі й сякерамі, забіваюць і мучаць іх, паляць іхныя дамы. Гэта называлася «пагром». Габрэі, што ўратаваліся ад пагрому, прыязджалі ў Полацак параненыя і апавядалі жудасныя гісторыі пра немаўлятак, разарваных на часткі на вачах у матак. Толькі ад таго, што пачуў такія рэчы, чалавек пачынаў плакаць наўзрыд і задыхацца ад болю. Людзі, якія гэта бачылі, болей ніколі не ўсміхаліся, як доўга яны б ні жылі; і часам іх валасы сівелі за адзін дзень, а некаторыя ўмомант рабіліся вар'ятамі.

Часта мы чулі, што пагромамі кіравалі святары, ідучы з крыжам паперадзе натоўпу. Нашы ворагі заўсёды выстаўлялі крыж як апраўданне сваёй жорсткасці ў адносінах да нас. Я ніколі не была сведкай пагрому, але быў час, калі такая пагроза была, нават у Полацку; і ўва ўсіх маіх кашмарных уяўленнях, калі я хавалася ў цёмных кутках і думала аб тых жахлівых рэчах, якія збіраліся зрабіць са мной гоі, я бачыла крыж, бязлітасны крыж.

Я памятаю, як аднойчы мне падалося, што на нашай вуліцы адбываецца пагром, і дзіўна, што я не памерла тады ад страху. Быў нейкі хрысціянскі фэст, і паліцыя папярэдзіла нас, каб мы сядзелі дома. Брама была замкнёная і аканіцы засуненыя. Калі раптам пачынала плакаць дзіця, нянька пагражала аддаць яго святару, які вось-вось мусіў праходзіць паблізу. Поўныя жаху, але і цікаўныя, мы падглядалі праз шчыліны ў аканіцах. Мы бачылі працэсію сялян і гараджан, на чале са святарамі, што неслі крыжы, сцягі і харугвы. На пачэсным месцы неслі раку, а ў ёй - мошчы з манастыра з прадмесця Полацку. Раз у год гоі рабілі шэсце з гэтымі мошчамі, і з гэтай прычыны вуліцы лічыліся занадта святымі, каб на іх магла ступаць нага габрэя; і мы сядзелі ў страху да ночы, ведаючы, што найменшая зачэпка можа выклікаць хваляванні, а хваляванні - перарасці ў пагром.

У той дзень, калі я назірала працэсію праз шчыліну ў аканіцы, на вуліцы былі салдаты і паліцыя. Так заўсёды было, але я гэтага не ведала. Я спытала няньку, якая таксама глядзела праз шчыліну, навошта салдаты. Тая вазьмі дый скажы: «От калі раптам пагром». Так, там былі і крыжы, і святары, і натоўп. Царкоўныя званы білі на ўсю моц. Усё было падрыхтавана. Гоі збіраліся разарваць мяне на часткі сваімі сякерамі, нажамі і вяроўкамі. Яны збіраліся спаліць мяне жыўцом. І крыж - крыж! Што яны зробяць мне спачатку?

Але гоі маглі не проста спаліць мяне ці разарваць на кавалкі, яны нават маглі зрабіць са мной нешта горшае. Маглі зрабіць і тое, што рабілі з безабароннымі габрэйскімі дзецьмі, калі яны траплялі ў рукі папоў і манашак. Яны маглі пахрысціць мяне. І гэта было б горш за катаванні. Няхай лепей я патану ў Дзвіне, чым кропля хрысцільнай вады кране мой лоб. Чым вымушана кленчыць перад жахлівымі выявамі, цалаваць крыж - ды я хутчэй выбегу ў натоўп і дазволю ім вырваць з мяне вантробы. Чым адрачыся ад Адзінага Бога і пакланіцца ідалам - няхай лепей на мяне спадзе чума ці з'ядуць мяне драпежныя звяры. Я была ўсяго толькі маленькай дзяўчынкай, і не вельмі смелай; нават ад невялікага болю мне рабілася млосна і я плакала. Але не было такога болю, якога б я не змагла сцярпець - не, не было, - толькі каб мяне не пахрысцілі.

Кожнае габрэйскае дзіцё жыло з такім пачуццём. Апавядалі гісторыі пра некалькіх габрэйскіх хлапчукоў, якіх царскія агенты выкрадалі і аддавалі на выхаванне ў сем'і гояў, дзе яны жылі, пакуль не вырасталі дастаткова, каб ісці ў войска, дзе ім даводзілася служыць да саракагадовага ўзросту; і ўсе тыя гады папы спрабавалі подкупам і штодзённымі здзекамі прымусіць іх прыняць хрост, але ўсё было марна. Гэта адбывалася ў часы Мікалая І, але калі я была маленькай, людзі, што прайшлі гэтую службу, былі не старэйшыя за майго дзеда; і я чула пра перажытае імі з іхных уласных вуснаў, і ясна было, што гэта праўда, і ад іх аповедаў сэрца перапаўнялася болем і гордасцю.

Некаторых з гэтых мікалаеўскіх салдатаў, як іх клікалі, забралі ва ўзросце сямі-васьмі гадоў - вырвалі з матчыных рук. Іх адвезлі ў аддаленыя вёскі, дзе іх ніколі не змаглі б знайсці сябры, і аддалі брудным, жорсткім сялянам, якія выкарыстоўвалі іх як рабоў і трымалі разам са свіннямі. Па два іх ніколі не пакідалі; і ім давалі новыя імёны, каб цалкам адарваць іх ад роднага асяроддзя. А потым самотнае дзіця аддавалася святарам, і яго сяклі, марылі голадам і запужвалі - маленькага бездапаможнага хлопчыка, які прасіўся да мамы; але ён усё роўна адмаўляўся хрысціцца. Святар абяцаў яму ўсякую смакату, і прыгожае адзенне, і вызваленне ад працы; але хлопчык адварочваўся і ўпотай казаў свае модлы - габрэйскія модлы.

Калі ён падрастаў, для яго прыдумвалі больш жорсткія катаванні, але ён усё роўна адмаўляўся ад хросту. Пад той час ён забываўся матчын твар, а з малітваў мо толькі «Шма» заставалася ў ягонай памяці; але ён заставаўся юдзеем і нішто не магло змусіць яго змяніць веру. Калі ён трапляў у войска, яго імкнуліся падкупіць абяцаннямі павышэнняў у званні і ўзнагародаў. Але ён заставаўся радавым і цярпеў самую жорсткую муштру. Калі ўва ўзросце сарака гадоў яго адпраўлялі ў адстаўку, гэта быў чалавек, у якога не было нічога - ні сям'і, ні ключа да свайго паходжання, і ён бавіў астатак свайго жыцця ў вандраваннях паміж габрэйскімі паселішчамі і пошуках сваіх родных; хаваючы пад лахманамі шнары ад катаванняў, ён хадзіў ад дзвярэй да дзвярэй і прасіў міласціну. Калі ж ён быў адным з тых, каго зламалі жорсткімі катаваннямі, і дазволіў сябе пахрысціць, дзеля таго каб атрымаць хоць якую палёгку, царква так і не дазваляла яму вярнуцца назад, нават калі ён пасля гучна даказваў сваё юдзейства. Калі ж выяўлялася, што ён выконвае юдзейскія рытуалы, яго чакала самае суровае пакаранне.

Мой бацька ведаў аднаго чалавека, якога забралі маленькім хлопчыкам і які так і не паддаўся папам пад самымі страшнымі катаваннямі. А паколькі ён быў вельмі кемлівым хлапчанём, папы асабліва моцна жадалі схіліць яго да хрысціянства. Яны спрабавалі падкупіць яго тым, што кранала ягонае самалюбства. Яны абяцалі, што ён стане вялікім чалавекам - генералам, дваранінам. Але хлопчык адвярнуўся і стаў маліцца па-свойму. Потым яны катавалі яго і кінулі ў камеру, а калі ён заснуў у знямозе, прыйшоў поп і пахрысціў яго. Калі ён прачнуўся, яму паведамілі, што ён стаў хрысціянінам, і паднеслі распяцце для пацалунку. Ён не згадзіўся і адкінуў крыж, але яны настойвалі, што ён выхрыст і цяпер належыць да Царквы; і астатак жыцця ён правёў паміж турмой і шпіталем, цвёрда трымаючыся сваёй веры, кажучы юдзейскія малітвы насуперак сваім катам і расплачваючыся за гэта сваім здароўем.

У Полацку былі людзі, ад аднаго погляду на чые твары можна было пастарэць за хвіліну. Яны служылі Мікалаю І і вярнуліся непахрышчанымі. Белая царква на плошчы - чым яна для іх здавалася? Я здагадвалася. Я праклінала царкву ў сваім сэрцы кожны раз, калі мне даводзілася праходзіць побач; і я баялася - вельмі баялася.

У базарныя дні, калі сяляне прыходзілі ў царкву і ў званы білі штогадзіны, у мяне на сэрцы быў вялікі цяжар і я не магла знайсці спакою. Нават у бацькавым доме я не адчувала сябе бяспечна. Царкоўныя званы гулі над дахамі дамоў і клікалі, клікалі, клікалі. Я заплюшчвала вочы і бачыла, як людзі заходзяць у царкву: вясковыя жанчыны ў вышываных фартухах і шкляных каралях, босыя дзяўчынкі ў каляровых хустках на галовах, хлопчыкі ў картузах, нізка нацягнутых на русыя валасы; грубыя мужыкі ў лапцях, падпярэзаныя вяроўкамі, - маса людзей, якая павольна рухаецца ўверх па прыступках, хрысціцца зноў і зноў, аж пакуль іх не заглыне чорны дзвярны праём і толькі жабракі застануцца сядзець на прыступках. Бум, бум! Што людзі робяць у цемры паміж змрочнымі выявамі і страшнымі крыжамі? Бум, бум, бум! Гэта яны звоняць па мне. Ці ў царкве яны будуць катаваць мяне, калі я адмоўлюся пацалаваць крыж?

Не трэба было мне слухаць тыя жудасныя гісторыі. Яны адбыліся даўно; мы жылі пры блаславёным «Новым рэжыме». Аляксандр ІІІ быў далёка не сябром для габрэяў; тым не менш, ён не загадваў адрываць хлопчыкаў у матак ды перарабляць іх у салдатаў і хрысціянаў. Кожны мужчына мусіў адслужыць у войску чатыры гады, і з рэкрутам-габрэем абыходзіліся жорстка, нават калі ён служыў бездакорна; але ўсё гэта было дробяззю ў параўнанні з жудаснымі ўмовамі старога рэжыму.

А што сапраўды было нядобра, дык гэта неабходнасць парушаць габрэйскія правілы штодзённага жыцця падчас службы. Салдату часта даводзілася есці трэфнае і працаваць у суботу. Ён быў змушаны галіць бараду і выказваць шанаванне хрысціянскаму богу. Ён не мог штодзённа наведваць сінагогу; выкананню яго прыватных рэлігійных абрадаў заміналі кпіны і абразы з боку ягоных таварышаў-гояў. На якія толькі хітрыкі ён не ішоў, але яму ўсё роўна даводзілася парушаць габрэйскі закон. Калі ён вяртаўся дадому па сканчэнні тэрміну службы, ён не мог змыць з сябе пляму тых змушаных грахоў. На працягу чатырох год ён вёў жыццё гоя.

Адной пабожнасці было дастаткова, каб габрэі страшыліся вайсковай службы, але былі і іншыя прычыны, якія выклікалі сур'ёзныя цяжкасці. Большасць мужчынаў ува ўзросце 21 году - узрост прызыву ў войска - былі ўжо жанатыя і мелі дзяцей. Падчас іх адсутнасці іхныя сем'і жылі ў нястачы, а справа часта банкрутавала. Пад канец службы яны ператвараліся ў жабракоў. Дадому з месца службы іх таксама адпраўлялі як жабракоў. Калі здаралася, што на час звальнення яны мелі добрую форму, то яе забіралі і замянялі на зношаную. Ім выдавалі бясплатны білет на дарогу дадому і некалькі капеек на штодзённыя выдаткі. Такім чынам іх падганялі з вяртаннем у рысу аселасці, быццам яны былі нейкімі збеглымі вязнямі. А калі пасля нейкага часу іх знаходзілі за мяжой аселасці, іх хапалі і адпраўлялі дамоў у ланцугах.

З правіла абавязковай службы былі пэўныя выключэнні. Адзінага сына ў сям'і вызвалялі ад службы, былі і іншыя прычыны. На медыцынскім аглядзе перад наборам у войска шмат каго прызнавалі нягодным з прычыны якой-небудзь хваробы. І гэта наводзіла людзей на ідэю наўмысна рабіць сабе нейкія калецтвы, каб учыніць часовыя знявечанні, дзякуючы якім можна не прайсці агляду. Мужчынам рабілі аперацыі на вачах, вушах, руках, нагах, ад чаго яны цярпелі жахлівыя пакуты, спадзеючыся пазбегнуць службы. Калі аперацыя праходзіла добра, камісія прызнавала яго непрыдатным, і ў хуткім часе ён зноў быў здаровым і свабодным чалавекам. Часта, аднак, здаралася, што пашкоджанні, якія мусілі быць часовымі, аказваліся непапраўнымі, таму ў Полацку было нямала людзей сляпых на адно вока, глухаватых, кульгавых у выніку такіх патаемных аперацый; але з такімі калецтвамі лягчэй было жыць, чым з успамінам пра чатырохгадовую царскую службу.

Сыны багатых бацькоў маглі пазбегнуць войска без неабходнасці рабіць сабе фізічную шкоду. Заўсёды можна было падкупіць членаў камісіі, якая праводзіла набор. Гэта была небяспечная справа: калі раптам праточвалася інфармацыя пра перамовы, найбольшыя праблемы звальваліся зусім не на чыноўнікаў, - але не было такой паважанай сям'і, якая б дазволіла забраць сына ў салдаты, не зрабіўшы ўсё магчымае для ягонага ўратавання. Мой дзед амаль што разарыўся, адкупаючы сваіх сыноў ад службы; а маці апавядала хвалюючыя гісторыі пра жыццё свайго меншага брата, які гадамі хаваўся пад чужымі імёнамі і ў розным абліччы, аж пакуль не мінуў узрост вайсковага абавязку.

Калі б гэта праз баязлівасць габрэі ўхіляліся ад вайсковай службы, яны б не рабілі сабе фізічных шкодаў, горшых за тыя, што пагражалі ім на службе, і праз якія яны часта заставаліся скалечанымі на ўсё жыццё. Калі б гэта была прагавітасць - страх страціць за чатыры гады даходы ад свайго занятку, - яны не выдаткоўвалі б усе грошы, не прадавалі б дамоў і не ўлазілі б у даўгі, каб толькі даць хабар царовым людзям. Габрэйскага рэкрута сапраўды страшыла жорсткасць і несправядлівасць з боку афіцэраў і таварышаў па службе; ён баяўся за сваю сям'ю, якую ў такім выпадку даволі часта пакідалі на ўтрыманне родных; але страх перад неабходнасцю весці грэшнае жыццё быў найбольшым з усіх. Я ведаю гэта, бо памятаю, як майго стрыечнага брата забралі ў салдаты. Усё было зроблена, каб уратаваць яго. Грошы трацілі не задумваючыся - дзядзька нават не спыніўся перад тым, каб узяць адкладзенае на пасаг дачцэ, калі ўсё астатняе было патрачана. Мой стрыечны брат таксама атрымаў таемнае «лячэнне» - ужываў нейкі моцны прэпарат на працягу некалькіх месяцаў да медыцынскага агляду, - але эфект ад яго аказаўся недастаткова моцны, і яго палічылі прыдатным. Першыя некалькі дзён яго часць была размешчана ў Полацку. Я бачыла, як брат займаўся страявой падрыхтоўкай на плошчы, трымаючы ружжо, у суботу. Я адчула сябе нячыстай, быццам бы гэта я сама зграшыла. Таму лёгка было зразумець, чаму маці прызваных у войска пасцілі, плакалі, маліліся і хваляваннямі даводзілі сябе да магілы.

У нашым горадзе быў чалавек, якога клікалі Давыд Замена, бо ён пайшоў у салдаты замест іншага, у той час як сам ён ад службы быў вызвалены. Ён зрабіў гэта за грошы. Думаю, ягоная сям'я галадала, і ён знайшоў у гэтым магчымасць забяспечыць яе на некалькі гадоў. Але гэта быў грэх - ісці ў салдаты па ўласнай волі. І Давыд ведаў, як дрэнна гэта было, бо ў душы ён быў пабожны чалавек. Калі ён вярнуўся са службы, ён быў ужо ў гадах і зламаным чалавекам, сагнутым пад цяжарам сваіх грахоў. І ён узяў сабе за пакуты штораніцу ў суботу праходзіць па вуліцах, заклікаючы людзей на малітву. Рабіць гэта было зусім не проста, бо Давыд цяжка працаваў на працягу ўсяго тыдня, у любое надвор'е, летам і зімой; і ў суботу раніцай не было іншага чалавека, такога ж стомленага, як Давыд; нядужы, ён ледзь чыкільгаў. Але ён прымушаў сябе паднімацца з ложка раней, чым развіднялася, і хадзіў ад вуліцы да вуліцы, праз увесь Полацак, заклікаючы людзей прачынацца і ісці на малітву. Не раз суботняй раніцай я прачыналася ад Давыдавага голасу і ляжала, слухаючы, як аддаляецца і аціхае ягоны голас; і ён быў такі сумны, што ажно сціскалася сэрца, як гэта бывае ад прыгожай музыкі. І я была радая, што сястра ляжыць побач са мной, бо так самотна было шэрым досвіткам, калі толькі Давыд і я не спім, ды Бог чакае людскіх малітваў.

Гоі звычайна здзіўляліся, што мы так шмат увагі аддаем пытанням веры - што тычылася ежы, шабасу і навучання дзяцей габрэйскай мове. Іх злавала наша ўпартасць - так яны гэта называлі, - яны кпілі з нас і высмейвалі самае святое. Сярод гояў былі разважныя людзі, якія нас разумелі. Былі людзі адукаваныя, як Хвядора Паўлаўна, якая сябравала са сваімі суседзямі-габрэямі. Яны заўсёды былі ветлівыя і адкрыта выказвалі захапленне некаторымі нашымі звычаямі. Але большасць гояў былі цёмныя, падазроныя і незычлівыя. Яны не верылі, што ў нашай рэлігіі магло быць хоць нешта добрае, і вядома ж, мы не адважваліся тлумачыць ім, бо нас абвінавацілі б у спробе навярнуць іх у сваю веру, і тады нам быў бы канец.

О, калі б яны толькі разумелі! Аднойчы Ванька злавіў мяне на вуліцы, і пацягнуў за валасы, і абазваў; і раптоўна я запыталася ў сябе: «Чаму? Чаму?» - гэтага пытання я не задавала сабе ўжо вельмі даўно. Я так злавалася, што магла даць яму здачы; былі моманты, калі я не баялася ўдарыць яго ў адказ. Але гэтае «Чаму? Чаму?» ўзнікла ў маёй душы - і я забылася адпомсціць за сябе. Гэта было так цудоўна - у мяне ў галаве не было словаў, каб выказаць гэта, але гэта азначала, што Ванька абразіў мяне таму, што ён не разумеў. Калі б ён мог вычуваць маім сэрцам, калі б ён на адзін дзень мог стаць жыдзянём, ён бы даведаўся. Калі б ён толькі разумеў пра Давыда Замену, так, без тлумачэнняў, як я гэта разумела. Калі б ён мог прачнуцца на маім месцы ў суботу ранкам і адчуць, як сэрца разрываецца ад болю праз тое, што габрэй парушыў закон Майсееў, і як Бог нахіляецца прабачыць яму. Ну чаму я не магла зрабіць так, каб Ванька зразумеў? Ад шкадавання мне забалела сэрца, і гэты боль быў мацнейшы за боль ад Ванькавых выспяткаў. Куды падзеліся і мая злосць, і мая смеласць. Ванька працягваў кідаць у мяне камянямі з-за дзвярэй сваёй хаты, а я далей патэпала па сваіх справах. Ад таго, што мне балела найбольш, немагчыма было ўцячы.

Была адна рэч, якую гоі разумелі заўсёды, - грошы. Яны былі гатовыя браць любы хабар у любы час. На падтрыманне міру ў Полацку кожны год ішло так шмат. Калі ты не быў у добрых адносінах са сваімі суседзямі-гоямі, яны мелі сотню спосабаў зрабіць табе прыкрасць. Калі ты прагнаў іхных свіней, што рылі ў тваім гародзе, ці наганіў іхных дзяцей за тое, што яны крыўдзілі тваіх, яны маглі паскардзіцца ў паліцыю, падмацоўваючы сваю справу хлуслівымі абвінавачаннямі і фальшывымі сведкамі. Калі ты не сябраваў з паліцыяй, справа магла пайсці ў суд; і там ты прайграваў справу раней, чым пачынаўся яе разгляд, калі толькі ў суддзі не было прычыны падтрымаць цябе. Самым танным спосабам жыцця ў Полацку было за ўсё плаціць. У Полацку гэта разумела нават маленькая дзяўчынка.

Магчыма, твае бацькі мелі ўласную справу - а звычайна так і было, бо амаль усе трымалі крамы, - і ты шмат чула пра начальніка паліцыі, акцызных чыноўнікаў і іншых царовых служак. Паміж царом, якога ты ніколі не бачыла, і паліцэйскімі, якіх ты ведала занадта добра, ты ўяўляла сабе доўгі рад усялякіх чыноўнікаў, і кожны з іх працягваў руку, каб атрымаць грошы твайго бацькі. Ты ведала, што бацька ненавідзіць іх усіх, але бачыла, як ён усміхаецца і кланяецца, напаўняючы тыя прагныя рукі. І ты рабіла тое самае ў сваіх дробных справах. Калі ты бачыла, што Ванька ідзе насустрач па бязлюднай вуліцы, ты працягвала яму недаедзены яблык, з усяе сілы прымушаючы вусны ўсміхацца. Было балюча ад той фальшывай усмешкі, ад яе ў душы рабілася чорна.

У гасцёўні твайго бацькі вісеў вялікі каляровы партрэт Аляксандра ІІІ. Цар быў жорсткі тыран - пра гэта гаварылі шэптам, пры замкнёных дзвярах і засуненых аканіцах, ноччу - ён быў Тыт, Аман, закляты вораг усіх габрэяў - і, тым не менш, ягоны партрэт можна было бачыць на ганаровым месцы ў доме твайго бацькі. Ты ведала чаму. Гэта добра выглядала, калі прыходзілі па справах паліцыя і ўрадоўцы.

Неяк раніцай ты выйшла пагуляць і ўбачыла грудок людзей вакол ліхтарні. На ёй вісела аб'ява - новы загад начальніка паліцыі. Ты праштурхнулася ў натоўп, угледзелася ў плакат, але не змагла расчытаць. Жанчына ў рванай хустцы паглядзела на цябе і сказала з горкай усмешкай: «Узрадуйся, узрадуйся, дзяўчынка! Начальнік паліцыі кажа табе ўзрадавацца. Сёння на даху кожнага дому будзе вісець прыгожы сцяг, бо сёння дзень нараджэння цара, і мы павінны святкаваць. Ідзі паглядзі, як бедныя людзі закладаюць свае самавары і падсвечнікі, каб сабраць грошы на прыгожы сцяг. Гэта свята, дзяўчынка. Узрадуйся!»

Ты ведаеш, што жанчына іранізуе - табе знаёмая такая ўсмешка, - але прымаеш гульню і ідзеш глядзець, як людзі купляюць сабе сцягі. Адзін з тваіх сваякоў трымае краму тканінаў, дзе можна добра паназіраць за ўсёй працэдурай. Вакол прылаўку тоўпяцца людзі, а гаспадар з памочнікам паспешна адмяраюць тканіну чырвоную, сінюю і белую.

«Колькі яе трэба?» - пытае нехта. «Каб мне ведаць пра грэх не болей, чым я ведаю пра сцягі», - адказвае іншы. «Як іх сшываць?» «Ці абавязкова трэба ўсе тры колеры?» Адзін з пакупнікоў кладзе на прылавак некалькі капеек, кажучы: «Дайце мне тканіны на сцяг. Гэта ўсе мае грошы. Дайце мне чырвонай і сіняй; на белую я парву сваю кашулю».

Ты ведаеш, што гэта не жарты. Сцяг мусіць быць на кожным доме, іначай яго гаспадара пацягнуць у пастарунак, дзе ён заплаціць дваццаць пяць рублёў штрафу. Ведаеце, што здарылася са старой, якая жыла ў халупе ля дарогі? Гэта адбылося ў той час, калі было загадана вывесіць сцягі, бо Полацак меў наведаць Вялікі Князь. У старой не было ні сцяга, ні грошай. Яна спадзявалася, што паліцэйскі не заўважыць яе ўбогай хацінкі. Але ён, такі пільны, заўважыў, падышоў, адчыніў дзверы ўдарам нагі ў сваім вялізным боце і забраў апошнюю падушку з пасцелі, прадаў яе і ўзняў сцяг над прагнілым дахам. Я добра ведала гэтую старую жанчыну з адным слязлівым вокам і зморшчанымі рукамі. Я часта прыносіла ёй з кухні міску супу. На яе пасцелі засталося адно рыззё, калі паліцэйскі забраў у яе падушку.

Цар заўсёды атрымліваў належнае сабе, нават калі гэта даводзіла цэлую сям'ю да галечы. Адзін бедны слесар быў вінен цару трыста рублёў за тое, што ягоны брат уцёк з Расіі, не адслужыўшы свайго тэрміну ў войску. Для гояў не было такога штрафу, толькі для габрэяў; і ўся сям'я несла адказнасць. У слесара не было такіх грошай, і не было каштоўнасцей, каб аддаць у заклад. Паліцыя прыйшла да яго і наклала арышт на ўсё хатняе дабро, на ўсё, што ён меў, нават пасаг ягонай маладой жонкі; і ад продажу ўсіх гэтых рэчаў атрымалі трыццаць пяць рублёў. Праз год паліцыя прыйшла зноў, па рэшту штрафу. Яны паставілі пячатку на ўсім, што толькі знайшлі. Жонка яго была ў ложку пасля нараджэння першага дзіцяці, хлопчыка. На наступны дзень павінна было адбыцца абразанне. Паліцыя не пакінула нават прасціны, куды можна было б укруціць дзіця, каб аддаць на аперацыю.

Нямала горкіх прыказак чулі твае вушы, калі ты была маленькай габрэйскай дзяўчынкай у Полацку. «Свет несправядлівы», - чула ты, і ты ведала, што так і было, гледзячы на партрэт цара і на сцягі. «Ніколі не кажы паліцэйскаму праўду», - гаварыла іншая прыказка, і ты ведала, што гэта добрая парада. Штраф трыста рублёў быў прысудам на пажыццёвае рабства для таго беднага слесара, калі б ён толькі не знайшоў якога-небудзь выкруту. Як толькі ён узаб'ецца на пару анучаў ды нейкі ложак, паліцыя прыйдзе па іх. Ён мог схавацца пад чужым імем, калі б яму ўдалося выехаць з Полацку з фальшывым пашпартам; ці ён мог падкупіць пэўных чыноўнікаў, каб тыя далі фальшывае пасведчанне аб смерці зніклага брата. Толькі шляхам падману ён мог забяспечыць спакой сябе і сваёй сям'і, калі цар хацеў атрымаць з яго грошы.

Можна было здзівіцца, пачуўшы, колькі розных мытаў і падаткаў мы вінны былі цару. Мы плацілі падаткі на нашы дамы, і падаткі на арэндную плату за дамы, падаткі на гандаль, і падаткі на прыбыткі. Я не ўпэўненая, ці не было падаткаў на страты. Горад збіраў падаткі, і губерня, і цэнтральны ўрад; і начальнік паліцыі быў з намі заўсёды. Былі падаткі, якія збіраліся на шарваркі, але прагнілыя тратуары працягвалі гніць гадамі; а калі трэба было пабудаваць мост, спаганялі дадатковы падатак. Мост, дарэчы, не абавязкова быў для агульнага карыстання. Чыгуначным мостам цераз Дзвіну, адкрытым для вайскоўцаў, іншыя людзі маглі карыстацца толькі з асабістым дазволам.

Мой дзядзька растлумачыў мне ўсё, што тычылася акцызных збораў на тытунь. Тытунь быў крыніцай дзяржаўных даходаў, таму на яго быў высокі падатак. Цыгарэты абкладаліся падаткам на кожным этапе іх вытворчасці. Тытунь абкладаўся асобна, і папера, і муштук, а канчатковы прадукт абкладаўся дадатковым падаткам. Не было падатку на дым. Напэўна, праз недагляд цара.

Справа не прыносіла даходаў, бо падаткі так уздымалі кошт тавараў, што людзі не маглі дазволіць сабе іх купіць. Адзіным спосабам зрабіць справу прыбытковай было хітраваць і не плаціць ураду часткі падаткаў. Але падманваць цара было небяспечна - пры такой колькасці агентаў, якія ахоўвалі ягоныя інтарэсы. Людзі, што гандлявалі цыгарэтамі без урадавага дазволу, атрымлівалі са свайго занятку болей сівых валасоў, чым асігнацый. Заўсёдная рызыка, турботы, боязь паліцэйскага налёту ўначы і вялізныя штрафы ў выпадку выяўлення праступку пакідалі вельмі мала прыбытку і спакою таму, хто займаўся незаконным продажам тавараў. «А што рабіць?» - казалі людзі, паціскаючы плячыма, і гэта азначала безвыходнасць, што панавала ў рысе аселасці. «Што рабіць? Жыць жа трэба».

Жыць, пры той жорсткай канкурэнцыі, непазбежнай пры такой колькасці насельніцтва, было няпроста. Крамаў было ў дзесяць разоў болей, чым трэба, у дзесяць разоў болей было краўцоў, шаўцоў, цырульнікаў, бляхароў. Калі гой банкрутаваў у Полацку, ён мог пераехаць у любое месца, дзе канкурэнцыя была меншая. Габрэй мог аб'ехаць усю рысу аселасці, але скрозь умовы былі тыя самыя, што й дома. За рысай аселасці ён мог накіроўвацца ў некаторыя вызначаныя мясцовасці, плаціць за гэта вялізныя грошы, бясконца даваць у лапу; і нават тады ён не быў у ласцы мясцовага начальніка паліцыі.

Рамеснікі мелі права жыць па-за мяжой аселасці пры выкананні пэўных умоў. Калі я была маленькая, для мяне гэта здавалася простай справай, пакуль я не зразумела, як гэта дзейнічала. Жыў сабе шапавал, меў належную кваліфікацыю, здаў экзамен і заплаціў за паперы на гандаль, каб жыць у пэўным горадзе. Начальніку паліцыі раптам стукнула ў галаву паставіць пад сумнеў сапраўднасць ягоных дакументаў. Яму давялося ехаць у Санкт-Пецярбург, дзе ён атрымаў кваліфікацыю ў першы раз, каб паўторна здаць экзамен. Ён выдаткаваў збіраныя гадамі грошы, каб даць усім хабар і такім чынам паскорыць працэс, але бюракратычная цяганіна ўсё роўна затрымала яго на дзесяць месяцаў. Калі ён нарэшце вярнуўся ў свой родны горад, начальнік паліцыі там ужо памяняўся, і прызначаны падчас ягонай адсутнасці новы начальнік знайшоў у толькі што атрыманых паперах нейкі іншы недахоп і не дазволіў яму жыць у горадзе. А ў Полацку тым часам жыло адзінаццаць шапавалаў, у той час як заробку на жыццё было толькі для аднаго.

З купцамі было тое самае, што і з рамеснікамі. Яны таксама маглі купіць права жыць за рысай аселасці, часова ці стала, на ўмовах, якія не гарантавалі ім рэальнай бяспекі. Я ганарылася тым, што мой дзядзька быў купцом першай гільдыі, але яму гэта вельмі дорага абыходзілася. У год ён мусіў плаціць вялікую суму за гэтую годнасць, а таксама нейкія працэнты з прыбытку ад свайго гандлю. Гэта давала яму права выязджаць па сваіх справах з мяжы аселасці два разы ў год, агульнай працягласцю не болей чым на шэсць месяцаў. Калі б яго знайшлі там пасля таго, як выйшаў дазвольны тэрмін, яму б давялося плаціць штраф, які, напэўна, перавышаў бы ўсё, што ён зарабіў за падарожжа. Звычайна я ўяўляла, як дзядзька падчас свайго падарожжа ў Расіі ўвесь час спяшаецца, каб скончыць свае справы ў вызначаны тэрмін, у той час як паліцэйскі ідзе за ім і адзначае дні і лічыць гадзіны. Гэта была бязглуздая фантазія, але ў Расіі рабіліся некаторыя рэчы, якія сапраўды былі вельмі смешнымі.

Было ў Полацку такое, ад чаго можна было смяяцца адным вокам і плакаць другім, як смяецца і плача клоун. Падчас эпідэміі халеры гарадскія чыноўнікі, якія раптоўна рабіліся вельмі актыўнымі, адкрывалі пункты, дзе людзям раздавалі сродкі дэзінфекцыі. Да таго часу чвэртка насельніцтва ўжо паспявала памерці, і большасць памерлых ужо былі пахаваныя, хоць некаторыя трупы заставаліся гніць у пакінутых дамах. Тыя, хто выжыў - некаторыя з іх ашалелыя ад страху, - краліся па бязлюдных вуліцах, пазбягаючы адно аднаго, каб патрапіць у вызначаныя пункты, дзе яны штурхаліся і тоўпіліся, каб атрымаць сабе пляшачку карболкі. Шмат хто паміраў ад страху ў тыя жахлівыя дні, але некаторыя, напэўна, паміралі ад смеху. Бо толькі гоям было дазволена атрымліваць сродкі для дэзінфекцыі. Бедных габрэяў, у якіх не было нічога акрамя свежых магіл, не пускалі на гэтыя пункты.

Магчыма, несправядліва было думаць пра нашых суседзяў-гояў, што яны стварэнні адрознага ад нас віду, але ад такіх вар'яцкіх дзеянняў яны больш не здаваліся нам падобнымі да людзей. Прасцей было пасябраваць з жывёлай у хляве, чым з некаторымі гоямі. Карова, каза і кот адказвалі на дабрыню і памяталі, якая са служанак была добрая, а якая - злая. Для гояў не было такіх паняццяў. Габрэй ёсць габрэй, і яго трэба ненавідзець, аплёўваць і зацята эксплуатаваць.

Адзіныя - акрамя тых нешматлікіх адукаваных людзей - гоі, якія звычайна не глядзелі на нас з нянавісцю і пагардай, былі цёмныя сяляне з вёскі, якія і самі былі мала падобныя да людзей. Яны жылі ў брудных хатах разам са свіньмі, і адзінае, што іх хвалявала, было - як знайсці нешта паесці. Гэта не была іх правіна. Зямельныя законы зрабілі іх такімі беднымі, што яны мусілі прадаваць сябе, каб толькі набіць жываты. Якую дапамогу маглі атрымаць мы ад гэтых вартых жалю рабоў? За бочку гарэлкі можна было купіць усю вёску. Яны дрыжалі перад самымі нікчэмнымі гараджанамі і на знак доўгавалосага папа павярнулі б супраць нас сякеры.

Гоі мелі апраўданне для сваёй жорсткасці. Яны казалі, што нашы купцы і ліхвяры падманваюць іх, а крамнікі абважваюць. Калі хто хоча абараніць габрэяў, ён ніколі не павінен адмаўляць гэта. Так, я кажу, мы падманваем гояў, калі толькі наважваемся, бо гэта адзінае, што мы можам зрабіць. Прыпомніце, як цар увесь час адсылаў нам загады: вам няможна рабіць таго і нельга гэтага, - і ў выніку заставалася мала таго, што мы мелі права рабіць. Мы мелі хіба што права плаціць падаткі і паміраць. Ён трымаў нас пад замком, нас былі тысячы на лапіку, дзе маглі жыць толькі сотні, і ўсе сродкі існавання максімальна абкладаліся падаткам. Калі ў стэпе зашмат ваўкоў, яны пачынаюць паляваць адзін на аднаго. І мы, галодныя нявольнікі рысы аселасці, мы рабілі тое самае, што і галодныя звяры. Але наша чалавечая прырода выяўлялася ў выбары ахвяры. Калі толькі было магчыма, мы бераглі сваіх, а супраць нашых расавых ворагаў накіроўвалі розныя хітрыкі, вынайдзеныя нашай вялікай нястачай. Ці гэта не закон вайны? Знаходзячыся сярод ворагаў, мы не маглі дзейнічаць іначай. Габрэй наўрад ці змог бы весці справу, калі б не меў дваістага сумлення, якое дазваляла яму рабіць гою тое, што ў адносінах да брата-габрэя ён палічыў бы за грэх. Няцяжка зразумець такое духоўнае калецтва ў пасынкаў царовых. Адзін погляд на законы рысы аселасці пакіне вас у здзіўленні - як расійскія габрэі ўвогуле не страцілі падабенства да людзей.

Любімым абвінавачаннем супраць нас было тое, што мы прагныя да золата. Ну чаму гоі не маглі бачыць усю праўду, калі яны бачылі палову? Мы сапраўды былі прагныя да прыбыткаў, любілі патаргавацца, зэканоміць, выціснуць як мага болей з кожнага гешэфту. Але чаму? Ці ведалі гоі прычыну? Ці ведалі, колькі каштавала нам паветра, якім мы дыхалі? Калі б габрэй і гой мелі побач свае крамы, гой мог бы задаволіцца меншымі прыбыткамі. Яму не трэба было купляць дазвол на паездкі па сваіх гандлёвых справах. Яму не трэба было плаціць трыста рублёў штрафу, калі ягоны сын ухіляўся ад службы ў войску. Яму не трэба было грашыма супакойваць завадатараў пагрому. Прыхільнасць паліцыі прадавалася яму за меншую цану, чым габрэю. Ягоная прырода не вымушала яго падтрымліваць школы і дабрачынныя справы. Быць хрысціянінам нічога не каштавала. Наадварот, гэта падтрымлівалася і давала прывілеі. Быць юдзеем было раскошай, якая каштавала грошай ці крыві. Што дзіўнага ў тым, што мы збіралі капейкі? Чым ёсць шчыт для салдата ў бітве, тым быў рубель для габрэя ў рысе аселасці.

Веданне таго, што я распавядаю, пакідае адзнакі на душы і целе. Я памятаю маленькіх полацкіх дзяцей са старымі-старымі тварамі і вачыма, шклянымі ад скрытнасці. Я навучылася падманваць, падлізвацца і прыкідвацца раней, чым даведалася назвы пораў году. І я мела процьму часу, каб гэта абдумваць, бо мне не было чым сябе заняць. Калі б мне хоць у школу можна было б хадзіць... Але вядома ж, мне было няможна.

Для дзяўчат не было грамадскіх школ, і нават твае дастаткова багатыя бацькі, паслаўшы цябе ў прыватную школу, не маглі вучыць цябе доўга. У вышэйшую школу, падкантрольную ўраду, габрэйскіх дзяцей прымалі ў абмежаванай колькасці - толькі дзесяць на сотню, і нават калі ты трапляла сярод гэтых шчасліўчыкаў, у цябе былі свае цяжкасці. Выкладчык, што рыхтаваў цябе, гаварыў увесь час пра экзамены, якія табе давядзецца здаваць, пакуль не наганяў на цябе страху. Ты чула з усіх бакоў, што самым здольным габрэйскім дзецям адмаўляюць у прыёме, калі экзаменатарам не падабаецца форма іх носа. Праз свой нос ты з цяжкім сэрцам ішла на экзамен разам з іншымі габрэйскімі дзецьмі. Для габрэяў, вядома, экзамен праводзіўся спецыяльны. Дзевяцігадоваму габрэю даводзілася адказваць на пытанні, якія лічыліся зацяжкімі для разумення трынаццацігадовага гоя. Але гэта было неістотна. Ты рыхтавалася да экзамену, разлічанага на трынаццацігадовых, і пытанні здаваліся табе лёгкімі. Ты радасна пісала адказы - і атрымлівала нізкую адзнаку, і ніякай апеляцыі не было.

Я часта стаяла ў дзвярах бацькавай крамы, грызла яблык, які мне зусім не смакаваў, і глядзела, як вучні ідуць дадому са школы па два ці па тры: дзяўчынкі ў ахайных карычневых сукенках, чорных фартушках і маленькіх шапачках, хлопчыкі ў акуратнай форме з мноствам гузікаў. У ранцах за спінай было заўсёды шмат кніжак. Дома яны дастануць іх, будуць чытаць і пісаць, і даведаюцца столькі ўсяго цікавага! Для мяне яны былі стварэннямі з зусім іншага свету. Але тыя, каму я зайздросціла, мелі свае ўласныя праблемы, як часта можна было пачуць. Іх школьнае жыццё было бясконцым змаганнем з несправядлівасцю з боку выкладчыкаў, са злобным стаўленнем аднакласнікаў і пастаяннымі абразамі. Тыя, хто, дзякуючы гераічным высілкам і неверагоднаму шанцаванню, паспяхова сканчалі курс і жадалі працягваць вучобу, знаходзілі перад сабой новую сцяну. Ім адмаўлялі ў прыёме ўва ўніверсітэт, куды прымалі толькі трох габрэяў на сто гояў; ахвотныя паступіць туды сутыкаліся з тымі самымі жорсткімі ўмовамі, што і ў вышэйшай школе, - асабліва складаныя экзамены, несправядлівыя адзнакі ці ўвогуле поўнае, нават і непрыкрытае самавольства. Не, цар не хацеў, каб мы вучыліся.

Але я чула ад мамы і пра іншую сітуацыю, у той час, калі яе браты былі маленькімі. У тагачаснага цара была выдатная ідэя. Ён сказаў сваім міністрам: «Давайце будзем адукоўваць людзей. Давайце пераможам гэтых габрэяў праз грамадскія школы, каб яны не ўпарціліся ў сваёй вузкай габрэйскай навуцы, якая не вучыць іх любіць свайго манарха. Сілай з імі не выйшла; прымусова навернутыя, калі толькі наважацца, вяртаюцца да сваіх старых звычаяў. Давайце паспрабуем дзейнічаць праз адукацыю».

Верагодна, мірнае навяртанне габрэяў не было адзіным матывам цара, калі ён паўсюль адкрыў грамадскія школы і прымусіў бацькоў пасылаць сваіх сыноў на вучобу. Магчыма, ён проста хацеў зрабіць дабро і прынесці карысць краіне. Але для габрэяў грамадскія школы сталі дзвярыма, што вялі ў бяздонне адступніцтва. Выкладчыкі заўсёды былі хрысціянамі, навучанне было хрысціянскім, і школьныя правілы адносна ўрокаў, адзення і паводзінаў часта супярэчылі габрэйскім звычаям. Праз грамадскую школу прыпынялася вучоба хлопчыкаў у хедэрах. Дзе вы знойдзеце набожнага габрэя праз тры пакаленні, выхаваныя хрысціянскімі настаўнікамі? Зразумела, што цар хацеў завалодаць душамі габрэйскіх дзяцей. У канцы школьнага курсу іх чакалі дзверы царквы. І таму ўсе прыстойныя габрэі ўзняліся супраць школ і любым спосабам, праўдамі і няпраўдамі, не пускалі туды сваіх дзяцей. Чыноўнік, прызначаны скласці спіс хлопчыкаў для прыёму ў школу, разбагацеў на тым хабары, што давалі яму заклапочаныя бацькі, каб схаваць сваіх дзяцей ад школы.

Праз нейкі час мудры цар перадумаў ці памёр - напэўна, і тое, і другое - і школы былі зачыненыя, а габрэйскія хлопчыкі змаглі спакойна вывучаць свае габрэйскія кніжкі, адкрыта носячы святарныя махры і ніколі не паганячы свой язык ніводным расійскім словам.

А потым перадумалі габрэі - некаторыя з іх. Яны схацелі паслаць сваіх дзяцей у школу, каб тыя вывучалі гісторыю і прыродазнаўчыя навукі, бо выявілі, што і ў гэтым была карысць, таксама як у Святым законе. Такіх людзей называлі прагрэсіўнымі, але ў іх не было магчымасці для прагрэсу. Усе наступныя цары трымаліся старога погляду, што для габрэяў не павінна быць адчыненых дзвярэй - ніякага выхаду з рысы аселасці, з іх сярэднявечча.

Пераклала з ангельскай Паўліна Вішнеўская паводле: Mary Аntin. The Promised Land. The Atlantic Monthly Company, 1912.

  (Mary Antin) - вядомая амэрыканская пісьменьніца, якая нарадзілася (1881) і жыла да трынаццаці гадоў у Полацку. У Амэрыку спачатку пераехаў бацька Марыі, а затым выклікаў у Бостан усю сям'ю: жонку, дзьвюх дачок і сына. У Марыі рана праявіліся здольнасьці да літаратуры: у 1896 г. газэта «Boston Herald» надрукавала першы верш яўрэйскай дзяўчыны-эмігранткі. Першая кніжка палачанкі выйшла ў 1899 г., называлася яна «З Полацку ў Бостан» - спачатку кніга была напісана па-габрэйску, а затым ужо перакладзена на ангельскую. У 1912-м Мэры Энцін выдала другую сваю кнігу «Зямля абяцаная», шэдэўр амэрыканскай літаратуры, які вывучаецца ў школе. Кніга аўтабіяграфічная, у ёй пісьменьніца апісвае сваё полацкае маленства, пераезд у Амэрыку і першыя гады жыцьця ў Бостане. Кніга праілюстравана фатаздымкамі: полацкія вуліцы, кірмаш, крамы, зімовая Дзьвіна, бабулін дом, заняткі ў хедэры і нават здымак полацкага далакопа. Памерла пісьменьніца ў 1949 г.

На радзіме яна абсалютна невядомая. Мы друкуем тутака першы падразьдзел з кнігі «Зямля абяцаная».

   
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 3 (32) - 2004

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю,   Майстраваньне [mk], Абнаўленьне [czyk]
Copyright © 1998-2004 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2004/11/5