A R C H E | П а ч а т а к | № 3 (32) - 2004 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
||||
ЛЕНА ГЛАГОЎСКАЯ | ||||||
|
Лена Глагоўская
|
(нар. у 1959 у вёсцы Явылаўка Падляскага ваводства, Польшча) - гісторык. Скончыла Варшаўскі ўнівэрсытэт (1983). Апошняя кніжка - «Białorusini na wybrzeżu Gdańska» (Торунь, 2001). |
Як адзначае аўтар, паход абранага шляхтай караля супраць Маскоўшчыны першым апісаў расейскі гісторык М. Карамзін яшчэ на пачатку ХІХ стагодзьдзя, а ўжо пры канцы ХІХ стагодзьдзя гэты паход быў даволі глыбока дасьледаваны. У часы СССР згаданай тэмай цікавіліся нямногія, затое апошнія 10-15 гадоў да яе пачалі актыўна зьвяртацца гісторыкі Польшчы і Беларусі. Гэта й зразумела, бо полацкая вайна была пераможнай для беларусаў і палякаў. Пры напісаньні кнігі Дар'юш Купіш улічыў апошнія польскія і беларускія дасьледаваньні, напрыклад картаграфічныя крыніцы па гісторыі Полацкай вайны, апрацаваныя прафэсарам Торуньскага ўнівэрсытэту Станіславам Александровічам2 , або навукова-папулярную працу Лешака Падгарадэцкага «Славутыя бітвы палякаў»3 , дзе сярод 28 найважнейшых бітваў у гісторыі Польшчы аўтар апісвае і змаганьне за Полацак. Зь беларускіх дасьледчыкаў Дар'юш Купіш спасылаецца на Д. Аляксандрава і Д. Валохіна4 , Генадзя Сагановіча5, Алеся Белага6. У бібліяграфіі прыводзіцца й кніга Ўладзімера Арлова «Тайны полоцкай истории» (Менск, 1995), дзе ёсьць асобная частка, прысьвечаная Полацкай вайне.
На падставе даступных дакумэнтальных крыніцаў ды здабыткаў польскай, расейскай і беларускай гістарыяграфіі аўтар паставіў сабе мэту даць «досыць поўнае адлюстраваньне ходу аблогі Полацку ў 1579 годзе». Вынікам сталася кніга зь сямі разьдзелаў: Войска Івана IV, Войска польскае і літоўскае ў 2-й палове ХVI ст.; Генэзыс канфлікту. Страта Полацку ў 1563 г.; Змаганьне за Інфлянты ў 1575-1578 гг.; Падрыхтоўка да полацкай кампаніі; Паход на Полацак у 1579 г.; Аблога, штурм і капітуляцыя крэпасьці; Эпілёг кампаніі. Свае разважаньні пра Полацкую вайну аўтар пачынае з апісаньня арміі Івана ІV і войска польскага і літоўскага ў 2-й палове ХVІ стагодзьдзя. Пэрыяд полацкай вайны выпаў на рэформы ў маскоўскім войску, праведзеныя Іванам ІV, што спрычынілася да павышэньня яго дзеяздольнасьці і заняцьця Полацку ў 1563 годзе. Войскі Польшчы й Літвы да Люблінскага сойму 1569 году баранілі свае дзяржавы асобна. Да сьмерці караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта Аўгуста, апошняга зь Ягайлавічаў, ВКЛ было ня ў стане адваяваць Полацак. Адной з прычынаў Люблінскай уніі якраз і было супольнае змаганьне супраць Масквы, а адной з умоваў, пастаўленых пры абраньні Сьцяпана Батуры на караля, - адваёва старажытнай крывіцкай сталіцы. Зьмена на каралеўскім пасадзе паспрыяла росту вайсковай магутнасьці Рэчы Паспалітай. У другім разьдзеле аўтар распавядае пра генэзыс канфлікту паміж Рэччу Паспалітай (Літвой) і Вялікім Княствам Маскоўскім ад літоўска-маскоўскіх войнаў канца ХV стагодзьдзя, а дакладней - ад першай літоўска-маскоўскай вайны 1492 году - і да змаганьня за Інфлянты ў 1557-1562 гады, якое ўрэшце прынесла Літве страту Полацку ў 1563 годзе. Тут жа - вельмі маляўніча - апісаныя першыя няўдалыя спробы адваёвы гораду войскамі Жыгімонта Аўгуста, у тым ліку «радашкавіцкі паход» 1567-1568 гадоў: «Час бавілі весела, на балях і ігрышчах, пагатоў многія літоўскія паны, ідучы ў паход, не забылі ўзяць з сабой жонак і прыдворных дзевак». Больш падрабязна Дар'юш Купіш спыняецца на змаганьні за Інфлянты, якія войска Івана IV заняло на пачатку 1575 году. У сьнежні таго ж году каралём Рэчы Паспалітай быў абраны Сьцяпан Батура, які адразу ж пасьля каранацыі актыўна ўключыўся ў вайну. Аднак паход на Інфлянты вымагаў вялікай папярэдняй кампаніі для камплектаваньня войска, а таксама яго фінансавага і матэрыяльнага забесьпячэньня. Таму Батура да часу адмовіўся ад гэтых плянаў і вырашыў падрыхтаваць адваёву Полацку. Дзеля гэтага было сабрана каля 40 тыс. войска кароннага і літоўскага. Рушаньне на Полацак пачалося ў чэрвені 1579 году. Папярэдзіла яго вайсковая нарада і агляд войскаў у Сьвіры. Аўтар падрабязна апісвае ход полацкай кампаніі, пачынаючы з 11 жніўня, калі войска Рэчы Паспалітай на чале з каралём, узмоцненае вугорскімі і нямецкімі харугвамі, падышло да гораду. Атацы на крэпасьць папярэднічала нарада караля з ваеначальнікамі, на якой была вызначаная тактыка і разьмяшчэньне войскаў. Канчатковая ж перамога была здабытая 30 жніўня. На жаль, празь недахоп крыніцаў немагчыма дакладна, дзень за днём, адлюстраваць усе акалічнасьці аблогі гораду. Пасьля полацкай перамогі польска-літоўскае войска адваявала таксама замкі Сокал, Суша, Нешчарда, Сітна, Красны, Казян, Туроўля. Як ужо адзначалася з словаў аўтара, хаця Полацкая вайна ахапіла невялікую тэрыторыю, яна мела вялікае ваеннае і палітычнае значэньне. Галоўнае - Полацак вярнуўся ў межы Рэчы Паспалітай пасьля 16 гадоў маскоўскай акупацыі. Апрача таго, перамога Сьцяпана Батуры паказала, што з разумна арганізаваным войскам можна выйграць вайну з Масквой. Храналягічны падыход аўтара ў паказе гістарычнага змаганьня за Полацак у 1579 годзе дазваляе чытачу зарыентавацца ў асаблівасьцях вайны за гэты горад на фоне пэрыпэтыяў таго часу. Абапіраючыся на даступныя матэрыялы, аўтар падрабязна распавядае пра вайсковы патэнцыял абодвух варожых бакоў, бо ў кожнай вайне апрача камандаваньня вельмі істотныя колькасьць войска і яго ўзбраеньне. Хаця кніга Дар'юша Купіша мае навукова-папулярны характар, спасылкі на канкрэтныя крыніцы мы знаходзім амаль на кожнай старонцы. У кнізе багаты ілюстрацыйны матэрыял, дзякуючы якому лягчэй уявіць ваяроў і іх правадыроў з абедзьвюх армій. Карты і малюнкі замкаў паказваюць месцы, за якія змагаліся войскі Батуры. Кніга напісана ў даступнай форме, яна пераканаўча даводзіць, што свая добра падрыхтаваная армія мела, а мо й мае дагэтуль, надзвычай важнае значэньне для любой дзяржавы. А паколькі кніга расказвае пра змаганьне за Полацак паміж беларусамі (ліцьвінамі) і расейцамі (маскоўцамі), то гэта сьведчыць, што тагачасным беларусам было неабыякава, да якой дзяржавы належаць. |
1 Гл., напр.: M. Bobrzyński. Dzieje Polski w zarysie. Warszawa, 1974. S. 333; J. A. Gierowski. Historia Polski 1505-1764. Warszawa, 1979. S. 178; H. Samsonowicz. Historia Polski do roku 1795. Warszawa, 1990. S. 175; M. Kamiński, R. Śniegocki. Historia od Renesansu do czasów napoleońskich (падручнік для 11 клясы сярэдняй школы). Warszawa, 2003. S. 86 і інш. 2 S. Alexandrowicz. Nowe źródło ikonograficzne do oblężenia Połocka w 1579 r. // Kwartalnik Historii Kultury Materialnej. R. XIX. 1971. S. 3-29; S. Alexandrowicz. Źródła kartograficzne do wyprawy połockiej Stefana Batorego roku 1579. Od armii komputowej do narodowej (XVI-XX w.) / Pod red. Z. Karpusa i W. Rezmera. Toruń, 1998. S. 17-43. 3 L. Podgorodecki. Sławne bitwy Polaków. Warszawa, 1997. S. 123-138. 4 Борьба за Полоцк между Литвой и Московским государством в ХV-ХVІ веках // Полоцкий летописец. Историко-литературный журнал. 1993. № 2. 5 Полацкая вайна 1563-1579 // Адраджэнне. Гістарычны альманах. Вып. 1. Менск, 1995. С. 61-82. 6 Полацк у нямецкіх «лятучых лістках» ХVІ ст. Інфлянцкая вайна на старонках першых еўрапейскіх газет // Спадчына. 1997. № 6. С. 213-219. |
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 3 (32) - 2004 |
|
Ліст у рэдакцыю,
Майстраваньне [mk],
Абнаўленьне [czyk] |