Спадар Алесь Аркуш на параду Ўладзімера Арлова, зь якім мы сябруем і шмат падарожнічалі па Беларусі, зьвярнуўся з просьбай, ці не падзяліўся б я ўспамінамі-ўражаньнямі пра Полацак. Пытаньне прыйшло якраз у той час, калі я закончыў чытаць дзёньнікі в. пам. Зоры, мае сяброўкі-спадарожніцы жыцьцёвых шляхоў. Чытаючы-перажываючы Зорыны дзёньнікі, я і сам пачаў накідваць нататкі-ўспаміны, бо, на мой пагляд, некаторыя падзеі з нашага жыцьцёвага рэчышча варта было б занатаваць. Разам з тым, чытаючы дзёньнікі, я спасьцярог, што яны дакладней дакумэнтуюць бег часу, чым звычайныя ўспаміны. Ува ўспамінах дэталі часта скрадаюцца, забываюцца. Але ў такой канкрэтнай тэме - Полацак - дэталі адлюструюцца, таму, каб нечага не прапусьціць, паспрабую вылавіць з памяці некаторыя эпізоды аб Полацку, якія ўплывалі на маё нацыянальнае ўсьведамленьне.
* * *Здарылася ж гэтак, што пра Полацак я даведаўся, ці, дакладней, Полацак увайшоў у маю сьвядомасьць у горадзе Смаленску, калі мне было гадоў 10-11, у годзе 1937-1938. Не абысьціся тут безь невялікага экскурсу ў сямейную гісторыю. Савецкая ўлада выслала нашую сям'ю зь Беларусі ў Расею (бацька быў арыштаваны як нацдэм у 1930 годзе). Спачатку была высылка ў Вяцкі край, гарады Вятка, Налінск, а пазьней, ад году 1935-га, для нас з маці - мусовае пасяленьне ў горадзе Арле, а бацьку - дадатковых пяць гадоў Байкала-Амурскіх лягераў каля гораду «Свободный». Праўда, маці мая магла раз у год даяжджаць у Беларусь, у Менск, да ейнага бацькі, майго дзеда. У Беларусь мы езьдзілі звычайна праз Смаленск, хоць часам ехалі і праз Гомель. Расклады цягнікоў складаліся такім парадкам, што і ў Смаленску, і ў Гомелі заўсёды трэба было рабіць перасядкі і доўга чакаць: бывалі гады, што мы праседжвалі на станцыях амаль цэлыя суткі. Мама скарыстоўвала гэты час тым, што вадзіла мяне па горадзе, дык у дзяцінстве я няблага ведаў гэтыя два месты. Часьцей, як я сказаў, мы праяжджалі праз Смаленск. Горад мне вельмі падабаўся: прыгожыя магутныя будынкі, старажытнасьці, маляўнічасьць Дняпра ў дзіцячай сьвядомасьці стваралі рамантызм, заглыбленьне ў даўніну. А аднаго разу, памятаю, мама мне сказала, што некалі ў Смаленску бываў і тата, і ў мяне гэта выклікала нейкую аўтарытэтнасьць, зьвязала горад зь беларускасьцю.
І вось аднойчы ў Смаленску на вакзале, седзячы ў пачакальні адзін, бо мама выйшла штосьці купіць, я пачуў беларускую гаворку групы людзей, асобаў чатырох-пяці, ды пачуў, што яны ўспаміналі горад Полацак. Прабылі тыя людзі ў пачакальні нядоўга. Яны хутка выйшлі ды зьніклі з поля майго зроку. Калі ж вярнулася маці, я ёй сказаў, што чуў, як нейкія людзі голасна размаўлялі па-беларуску ды называлі горад Полацак. У мамы я адразу спытаў, што гэта за горад (новы для мяне) і чаму мы празь яго ніколі не праяжджалі. На маё пытаньне маці адказала прыблізна так: «Полацак - гэта стары беларускі горад, так як і Смаленск, а ты, Віта, добра ведаеш, што нам езьдзіць ня ўсюды можна. Але ты, сынок, не сумуй, калі вырасьцеш, напэўна пабудзеш у Полацку». Вось так падала мне вестку пра Полацак, злучыўшы яго ў маёй сьвядомасьці з Смаленскам, мая мама, добрая беларуская настаўніца!
Падарожжы нашыя ў Менск адбываліся далей. Яны былі для мяне з мамай вельмі радаснай і шчасьлівай падзеяй. Мама адведвала, прыпушчаю, паў-Менску сваіх сябровак, дзьвюх зь іх я добра ведаў: Жэня Перская і Ядзя Бяганская, а я меў поўную волю «лазіць» па Менску ад Вайсковых могілкаў і аж да Парку Чалюскінцаў з аднаго боку і да Віленскага вакзалу з другога. Нездарма перад вайной апошняе наша падарожжа ў Менск было ўзімку, каб забраць хворага, спаралізаванага дзеда ў Арол, дажываць век з намі разам у пакойчыку 10 кв. мэтраў, бо ў дзеда адабралі хату як у цесьця ворага народу. Затым прыйшла вайна. Нейкім цудам-шчасьцем ацалеў і вярнуўся бацька, і мы ў часе атрыманьня пры немцах новых дакумэнтаў у Арле сказалі, што мы бежанцы, а такім немцы давалі дазвол на вяртаньне ў свае мясцовасьці, для нас гэта азначала - у Беларусь.
У Менск мы вярнуліся ў чэрвені 1942 году. (Дзед памёр у Арле ў сакавіку 1942-га.) Увосень таго ж году я паступіў у 7-ю клясу народнай школы (здаецца, № 29, але я ня пэўны), якая месьцілася там, дзе цяпер Музэй Прыроды ў Траецкім прадмесьці. Дырэктарам школы быў Пётра Сямёнавіч Кісель, знаны ў Менску настаўнік беларускай мовы, аўтар падручнікаў, знаўца беларушчыны, патрыёт і… добры псыхоляг-пэдагог. (Лёг ён на алтар незьлічоных беларускіх ахвяраў: у 1943 годзе яго расстралялі немцы.) Ён хутка зразумеў, што хоць я і добра гаварыў па-беларуску (бо беларуская мова была заўсёды мовай сям'і, размоўнай), ведаў, патрэбных для вучня 7-е клясы беларускай школы, у мяне не было. Я ж да гэтага часу жыў у Расеі і вучыўся ў школе расейскай. Сп. Кісель ведаў, што мяне трэба было «падагнаць» для беларускай школы: прайсьці граматыку, літаратуру, наагул праграму беларускай школы. Дырэктар парадзіў бацькам, каб мне нанялі рэпэтытара. Бацькі мае на гэта пагадзіліся безь ніякага ваганьня, а я, хоць і безь вялікага энтузіязму, зразумеў, што так трэба! Бацька мой адразу знайшоў мне рэпэтытара, ён яго ведаў з дваццатых гадоў. Маім рэпэтытарам, я сказаў бы, маім першым беларускім настаўнікам стаўся Антон Лёсік. Ад кастрычніка 1942 і да лета 1943 году я двойчы на тыдзень хадзіў да Антона Лёсіка на заняткі. Жыў Лёсік у тым часе на рагу вуліцаў Рэвалюцыйнай і Камсамольскай на другім паверсе стараватага дому. Насупраць дому, памятаю, быў «зальдатэнгайм», а цяпер там, здаецца, кіно. У кватэры зь Лёсікам жыла яшчэ жанчына, відаць, жонка, і дзяўчына маіх гадоў, напэўна, дачка. Але іх я бачыў усяго пару разоў. Антон Лёсік прайшоў са мной беларускую граматыку, літаратуру ды найболей часу адвёў ён гісторыі, геаграфіі і грамадазнаўству. Лекцыі працягваліся пару гадзінаў, зімой крыху карацей, каб я пасьпеў дацямна на Берасьцянскую дахаты, а вясной лекцыі працягваліся даўгавата. Ды мне было цікава зь ім. Я яго называў толькі «спадар настаўнік». У яго была добрая бібліятэка, там я пабачыў упершыню і Сямёнава-Цян-Шанскага, і зборнік Полацка-Віцебскай старыны, шмат кніг «маладнякоўцаў», ды наагул азнаёміўся зь беларусаведнай калекцыяй. Настаўнік Антон Лёсік даў мне веды пра пачаткі беларускай дзяржаўнасьці, пра Полацак і значэньне гэтага гораду для Беларусі - канцэпт, устаўлены ў маю сьведамасьць вучня, застаўся са мной на ўсё жыцьцё: беларуская дзяржаўнасьць пачалася з Полацку.
Мае заняткі з Антонам Лёсікам скончыліся летам 1943 году, калі я зайшоў да яго ды паказаў свае чацьвяртныя і канчальныя школьныя адзнакі - адзнакі былі добрыя. Спадар Лёсік пахлопаў мяне па плячы ды сказаў: «Ну, працуй далей, хлапчына». Больш я Антона Лёсіка не сустракаў, але добры-добры ўспамін пра яго захоўваю і да цяпер.
Усплыло ў маёй памяці і іншае здарэньне зь Менску, якое таксама зьвязанае з Полацкам. Справа была такая. Па сканчэньні сямігодкі я паступіў вучыцца ў настаўніцкую сэмінарыю на вул. Цнянскай, дзе, дарэчы, я ўпершыню сустрэўся ды перакінуўся парай словаў з Зорай! У сэмінарыі я доўга не прабыў, перайшоў у прагімназію на Нямізе. У прагімназіі выкладалася лацінская мова, якое я да таго часу і ня нюхаў. Бацькі мае (хочучы, відаць, каб я вывучыўся!) і гэтым разам нанялі мне рэпэтытара, знанага ў Менску настаўніка лаціны сп. Чарняўскага (на жаль, ня памятаю ні імя, ні імя па бацьку). Сп. Чарняўскі жыў далекавата - за чыгуначным пераездам, каля нямецкіх могілак. Даючы мне асновы лаціны ды карыстаючыся нейкімі сапраўды старымі падручнікамі (былі ў падручніках «яці» і яшчэ нейкія, для мяне «дапатопныя», літары), сп. Чарняўскі аднойчы выказаўся так: «Трэба будзе пісаць беларускія падручнікі з лаціны і трэба будзе пераглядзець, як падавалася лаціна ў Полацку». Я перапытаў настаўніка, а што было ў Полацку, што там з лацінай? На што Чарняўскі досыць ляканічна (ён наагул быў негаваркі і часта бубнеў) сказаў: «Былі школы, былі настаўнікі, выкладалася лаціна», - гутарка з Чарняўскім далей не пайшла, але пра Полацак я нешта даведаўся, нешта запала.
Зь Менскам давялося разьвітацца на досыць даўгаваты адрэзак часу: ваенная завіруха - жыцьцё далёка ад Беларусі. Але веды пра Полацак паступова прыходзілі.
Найбольш сыстэматычныя й паглыбленыя веды пра Беларусь, улучна з Полацкам, я й мае сучасьнікі атрымалі на эміграцыі, калі вучыліся ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Нямеччыне, у горадзе Рэгенсбургу, пазьней Каме-Міхельсдорфе. Відавочна, што неабходна ў пары словаў прыпомніць аб тых часох і мясьцінах.
Сярэдзіна 1945 году. Толькі што закончылася другая сусьветная вайна. У Заходняй Нямеччыне мільёны ўцекачоў - перамешчаных асобаў: адных немцы прывезьлі на працы ў Нямеччыне, іншыя ўцяклі ад Саветаў, шмат былых вайскоўцаў-палонных. У зонах заходніх саюзьнікаў пачынаюць арганізоўвацца ўцекачы, якія не зьбіраюцца варочацца «на радзіму ў савецкі рай». Асяродкам беларускім робіцца горад Рэгенсбург, былы паўночны фарпост Рымскай імпэрыі на Дунаі. Горад не вялікі, 50-70 тысячаў жыхароў, але з блізу дзьвюхтысячагадовай гісторыяй, добра захаваны, вельмі старасьвецкі, зь дзясяткам касьцёлаў, кляштараў, старых будынкаў, рэшткамі замкаў, мноствам кнігарняў, антыкварыятаў. Летам 1945 году ў Рэгенсбургу паўстаў Беларускі Нацыянальны Камітэт, пачалі вакол яго гуртавацца беларусы, прыяжджаючы з блізкіх і далёкіх мясцовасьцяў. Даешся дзіву: як распаўсюджваецца навіна і бяз пошты, без электронікі! У адзін з раньневерасьнёўскіх дзён у Рэгенсбургу зьявілася, ацалелая па вайне, яшчэ адна пара беларускіх юнакоў - Вітаўт Кіпель і Зора Савёнак. Першы дабіраўся з поўдня Нямеччыны, а Зора зьявілася з паўночна-заходняй часткі разьбітае краіны. Відавочна, нашаму зьдзіўленьню не было межаў: перажыць вайну, нічога адно пра другога ня ведаць ад сярэдзіны 1944 году і зьявіцца ў Рэгенсбург у той самы дзень было нейкім знакам. Прынамсі, нам так здалося і, магчыма, тады перадвызначылася, што праз жыцьцё далей будзем ісьці разам. Ды мы нечым былі й падобныя: хутчэй за ўсё блізкім лёсам і любоўю да Беларусі.
Але вернемся да грамадзкіх успамінаў! На нас і падобных колькі дзясятках і пачалася гімназія пад канец 1945 году. Няма словаў, нам, той моладзі, дужа пашанцавала. Нашымі настаўнікамі былі выдатныя пэдагогі, адданыя беларускія патрыёты. Маторам гімназіі, дырэктарам і настаўнікам геаграфіі быў д-р Аляксандар Орса. Літаратуру выкладаў сп. Антон Адамовіч (ён, дарэчы, быў маім настаўнікам і ў прагімназіі ў Менску і ведаў мяне зь Вяткі), сп. Аўген Каханоўскі выкладаў старую беларускую літаратуру, сп. Гіпаліт Паланевіч - сучасную гісторыю, а д-р Янка Станкевіч - старую гісторыю: беларускія княствы, Полацак, Полаччына. Сп. Станкевіч гаварыў пра Полацак бясконца: сувязі Полацку з Псковам, мова полацкіх дакумэнтаў і г. д. Сп. Каханоўскі засяроджваўся на значэньні раньняй беларускай літаратуры і прыпушчаў, што ў Полацку былі добрыя бібліятэкі. Памятаю, што пад уплывам тых школьных ведаў мы па-вучнёўску хадзілі па Рэгенсбургу, думаючы знайсьці нешта й пра Полацак і Скарыну. Калі ж мы пазнаёміліся, паводле школьнае праграмы, зь беларускамоўнымі вытрымкамі з кнігі Гайдэнштайна «Пад Полацкам дажджы», дык мы лазілі па кнігарнях Рэгенсбургу, думаючы знайсьці Гайдэнштайнавы «Запіскі пра Маскоўскую вайну» - азнаямленьне з гэтай кнігай зрабіла на нас моцнае ўражаньне. Мы, вучні старэйшых клясаў, бачылі нейкія паралелі паміж Полацкам і Рэгенсбургам.
Параўнаньне паміж Рэгенсбургам і Полацкам у нас знайшло большую падтрымку, калі на пачатку 1946 году ў Рэгенсбургу была пабудаваная царква Сьв. Эўфрасіньні. Пару словаў аб пабудове тае царквы. Напрыканцы 1945 году ў Рэгенсбургу пачаліся праваслаўныя багаслужбы ў памяшканьні Беларускага Нацыянальнага Камітэту. Іх пачаў адпраўляць настаўнік рэлігіі гімназіі айцец Мікалай Лапіцкі. Айцец Лапіцкі быў заўзятым паклоньнікам Сьв. Эўфрасіньні і даўгія лекцыі нам чытаў пра гэтую Сьвятую. Нейкае дачыненьне да тых багаслужбаў меў і я, бо хадзіў з айцом Лапіцкім да бліжэйшага нямецкага «пфарэра» (сьвятара) у нейкай адміністрацыйнай справе як перакладчык! На адной з багаслужбаў (хорам кіраваў сп. Мікола Равенскі) айцец Лапіцкі паведаміў, што ў Рэгенсбургу пачынаецца пабудова праваслаўнай царквы імя Сьвятое Эўфрасіньні і ён заклікае грамадзтва дапамагаць у пабудове. Гэтая вестка як бы электрызавала беларускую калёнію: дапамагалі хто чым мог - маркамі, якіх амаль не было, працай, хто мог - матэрыяламі праз знаёмствы зь немцамі… Царква была збудаваная ў тры месяцы! Урачыстасьць у беларусаў была вялізарная: бясспрэчна, дух Сьвятой Эўфрасіньні дапамагаў! У часе высьвячэньня царквы Ўладыкам Апанасам скаўтам быў уручаны сьцяг з надпісамі: з аднаго боку «Беларусь», з другога боку «Крыўя» - як бы злучаючы гістарычную Полаччыну-Крывіччыну з сучаснай Беларусьсю. Пад уплывам тагачаснага настрою я напісаў адно школьнае ўкладаньне «Сьлядамі Францішка Скарыны», дзе па-вучнёўску пісаў: «Яшчэ ў пачатку XVI ст. праз Рэгенсбург праходзіў пехатой у Італію Францішак Скарына… Будзем гордыя сьведамасьці, што на чужыне вучыліся служыць свайму народу й Беларусі», - а настаўнік Каханоўскі ўзяў маё ўкладаньне за перадавіцу ў вучнёўскі часопіс «У выраі».
Бясспрэчна, жывучы ў Рэгенсбургу, мы адчувалі сябе нібы ў Полацку.
Этап жыцьця ў Нямеччыне скончыўся ў 1949 годзе. Бальшыня нашых людзей выехала за акіян, а я, Зора ды колькі тузінаў маладых энтузіястаў засталіся ў Эўропе вучыцца, думаючы самі сабе, што хутка ўсё ж вернемся на Беларусь, дык з Эўропы бліжэй!
Наступны напамінальны пра Полацак эпізод я перажыў у Бэльгіі, дзе я жыў і вучыўся ад сярэдзіны 1949 году і да самага канца году 1955-га. Было гэта так. Улетку 1950-га мне давялося жыць пару месяцаў у езуіцкім кляштары на поўначы Бэльгіі, каля гораду Гасэльту, у мястэчку Алькен. Рэч у тым, што я, як і сотні (а мо і шмат сотняў) студэнтаў Лювэнскага каталіцкага ўнівэрсытэту, калі не здавалі экзамэнаў, правальвалі іх у веснавой сэсіі, маглі пераздаваць экзамэны восеньню. Розьніца была такая: увесну (май-чэрвень) экзамэнацыйная сэсія працягвалася тры-чатыры тыдні, а ў верасьні экзамэны трэба было здаць за два-тры дні. Прычым у Лювэне сыстэма была своеасаблівая - пераздаваць у другой сэсіі трэба было ўсе дысцыпліны. Паўтараю: усе дысцыпліны! А здаць 10-12 прадметаў за два-тры дні ня так проста. Больш за тое! Пра зьмену сыстэмы экзамэнаў ніхто і гаварыць не гаварыў, бо ўнівэрсытэт існуе ад 1425 году! І так было, як гаворыцца, «спакон вякоў». Для нас здацьцё ці нездацьцё экзамэнаў азначала быцьцё ці небыцьцё ўва ўнівэрсытэце: стыпэндыі прызначаліся толькі тым, хто экзамэны здаваў. Бэльгійскія студэнты, каб рыхтавацца да другое сэсіі, на лета «зашываліся» па сваіх хатах - ехалі да бацькоў - і там «зубрылі», а нам, чужынцам, выбар быў адзін - ехаць у кляштар і там за пару гадзінаў працы (сымбалічная аплата за харчы) рыхтавацца да экзамэнаў. Праўда, беларускія студэнты такім станам рэчаў былі задаволеныя, бо жыцьцё два месяцы ў кляштары азначала інтэнсіўнае вучэньне, «зуброжку» без адрыву для грамадзкае працы, якая сярод году ў Лювэне была вельмі вялікая. У кляштары кантактаў з манахамі ці сьвятарамі амаль ніякіх не было, апрача пасьлявячэрніх пары хвілінаў, калі ўсе зьбіраліся ў чытальнях. Атмасфэра для навукі была выдатная, і мы да экзамэнаў падрыхтоўваліся. Вось там, у Алькене, празь дзень-другі майго побыту ў кляштары, у сваім пакойчыку я «адкрыў» на сьцянной іконцы (іконкі - стандартная зьява ў кляшторных пакойчыках) надпіс лацінкай «Полацак - Альба Рутэнія». Сумневу не магло быць: іконка паходзіла зь Беларусі. Аб гэтым я спытаў на вячэры ў аднаго зь сьвятароў, якога звалі «пэр Артц», айцец Артц. Пэр Артц нядрэнна гаварыў па-расейску, ведаў гісторыю Ўсходняй Эўропы. Майму пытаньню, як іконка зь Беларусі трапіла ў Алькен, пэр Артц не зьдзівіўся, а сказаў, што ў кляштары могуць быць і іншыя рэчы з Полацку, бо некалі бэльгійскія езуіты бывалі ў Полацку! Для мяне гэтая вестка была вялікай навіной. На жаль, пагутарыць з пэрам Артцам мне болей не давялося, яго іхныя ўлады паслалі на місіянэрскую працу ў Аўстралію. Ды, зрэшты, тады ў галаве было не да гісторыі, трэба было рыхтавацца да экзамэнаў, якія я восеньню здаваў. Скончыўшы навуку ў Бэльгіі, вяртацца ў Беларусь не давялося, паступова ўсе студэнты, ці амаль усе, накіраваліся ў ЗША: у пачатку сьнежня 1955 году ў Амэрыку паехала Зора Савёнак, а напрыканцы сьнежня таго ж году ў неаграваным самалёце разам з Алесем Міцкевічам прыляцеў і я.
У дасьледчай працы ў Злучаных Штатах з Полацкам, Полаччынай даводзілася сустракацца часта, бывалі пэрыяды, калі Полацак быў уваччу, як жывы. А аспэкты працы гэткія: дапамога д-ру Вітаўту Тумашу ў зьбіраньні Скарыніяны і дасьледаваньне пасяленьня беларусаў у ЗША, асабліва раньні пэрыяд.
Некалькі дзясяткаў гадоў мы сябравалі з д-рам Вітаўтам Тумашам. Кажу мы - гэта значыць Зора, Вітаўт К. і д-р Тумаш. Дзесяцігодзьдзі ён прыходзіў у бібліятэку, працаваў даўгія гадзіны, у выніку чаго зьявілася шмат працаў. Асноўным зацікаўленьнем д-ра Тумаша была Скарыніяна. Мы яму дапамагалі й шмат-шмат новага пазнавалі. Д-р Тумаш, сам будучы віленчуком (Вільня была ягоным улюбёным горадам), аддаваў пашану, а ў нейкім аспэкце і прыярытэт, Полацку, адкуль, як д-р Тумаш заўсёды казаў, «паходзіць Вялікі Палачанін» Францішак Скарына. Д-р Тумаш уважаў, што канчаткова высьветліцца біяграфія Скарыны толькі пасьля таго, як дасьледуюцца архівы Полацку, калі яны дзе захаваліся. Да Скарыніяны ў д-ра Тумаша была інтуіцыя: на пачатку 50-х гадоў ён парадзіў д-ру Янку Садоўскаму праехаць у Падую, дзе быў «адкрыты» для беларусікі партрэт Скарыны ў залі сарака. Д-р Тумаш фарсаваў думку вывучэньня дзейнасьці Скарыны як батаніка, выказваў патрэбу дасьледаваньня, ці былі ў Скарыны сувязі з Усходам, а ў Заходняй Эўропе, уважаў Тумаш, Скарына мог пабываць у шэрагу гарадоў. Вельмі часта ў нававыяўленых дакумэнтах Скарыніяны былі зьвесткі й пра Полацак. Часта з д-рам Тумашам мы жартавалі: за Скарыніянай прыйдзе бібліяграфія «Полацак і Полаччына часоў Скарыны». Але зрабілася тое, што было магчымае: праз Скарыніяну мы ўсе вельмі наблізіліся да Полацку.
Іншы аспэкт, дзе мне асабіста давялося мець дачыненьне з Полацкам, - гэта вывучэньне пасяленьня беларусаў у ЗША.
У пасяленьні беларусаў у Злучаных Штатах, як вядома, можна выдзеліць некалькі хваляў, як прыкладам: паасобныя эмігранты, невялікія групы ў першай палове і сярэдзіне XIX стагодзьдзя, масавая эміграцыя напрыканцы XIX - пачатку XX стагодзьдзяў, эміграцыя па першай сусьветнай вайне, міжваенная эміграцыя ды хваля па другой сусьветнай вайне і, нарэшце, эміграцыя сучасная. Што б там ні пісалася ў айчынным друку пра Амэрыку - а пра яе часта пішацца ў непрыязных фарбах-тонах, - факт застаецца фактам: беларусы ў Амэрыку едуць і едуць. Мы, беларусы, - бясспрэчна, нацыя-пастаўшчык працоўнае сілы і для ЗША, і для іншых краінаў.
Але ў разгляданай намі тэме - Полацак ува ўспамінах - у дачыненьні да Амэрыкі выдзяляецца асабліва адзін пэрыяд, калі Полацак даў Злучаным Штатам вельмі шмат эмігрантаў, пры гэтым эмігрантаў інтэлектуальнага кшталту. Гэта пэрыяд пачатку XIX стагодзьдзя. У першай чвэрці XIX стагодзьдзя, праз тое што ў кіраўніцтве Каталіцкай царквы адбываліся пераарганізацыі (канфлікт Папы зь езуітамі), езуіты, якія дзеялі ў Полацку, пачалі масава выяжджаць у Амэрыку. Тагачасная езуіцкая правінцыя Злучаных Штатаў пераназвалася ў «Беларускую Правінцыю» і фармальна падначальвалася Полацку. Кіраўніцтва Каталіцкае царквы ЗША пачало запрашаць езуітаў зь Беларусі ў ЗША. Прыехала вельмі шмат выдатных інтэлектуальных сілаў, а сярод іх айцец Францішак Дзеружынскі. Полацкія езуіты прарабілі ў ЗША вялікую працу ў галіне арганізацыі школьніцтва. На іх рахунку заснаваньне колькіх вядучых унівэрсытэтаў, сярэдніх вучэльняў ды школаў. Калі я спасьціг гэткую карціну, мы з Зорай пачалі езьдзіць у розныя цэнтры шукаць архівы. І архівы былі знойдзеныя ў Балтыморы, штаце Агаё, Нью-Ёрку. Асноўнае ў архівах, якія, бясспрэчна, будуць вывучацца, - перапіска амэрыканска-беларускіх езуітаў з Полацкам, Магілёвам, зь Беларусьсю. Я ўпэўнены, што ў будучыні дасьледнікі беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў знойдуць шмат цікавага й новага пра Полацак, бо архівы былых полацкіх езуітаў у ЗША яшчэ не дасьледаваныя.
Перабіраючы ў памяці дэталі-здарэньні, спалучаныя з Полацкам, мы з Зорай часта прыпаміналі адзін выпадак, які Зора не пасьпела накінуць на паперу, хоць яна й выдрукавала артыкул «Аб кульце Эўфрасіньні на эміграцыі» - такі сапраўды быў! А выпадак такі.
Жыла каля Нью-Ёрку адна беларуска, якая нарадзілася ў Полацку ды ў гадох 1915-1925 была там у сірочым доме. Была яна вельмі шчырая, ахвярная беларуска, вельмі набожная, праваслаўнага веравызнаньня. На жаль, жыцьцё ейнае склалася так, што яна мела толькі пачатковую асьвету. Прозьвішча яе з дому было Антаніна Сільвановіч, а самым вызначальным у ейным жыцьці была адданасьць-любоў да Эўфрасіньні Полацкай. Антаніна заўсёды казала: «Нашая Эўфрасіньня-заступніца будзе маліцца, абароніць нас». Каб маліцца ў царкве Эўфрасіньні, Антаніна Сільвановіч замовіла ў аднаго зь вядучых мастакоў-іканапісцаў у ЗША выяву Сьвятой. Мастак ікону намаляваў, а Антаніна панесла тую ікону ў праваслаўную царкву для высьвячэньня, каб падараваць яе той царкве. Царква належала да Расейскай Праваслаўнай зарубежнай юрысдыкцыі. І сталася, што Антаніна ледзь не самлела: праваслаўны «бацюшка», настаяцель прыходу, адмовіўся ікону высьвеціць, ня тое каб прыняць падарунак! Ён Антаніне заявіў: гэта ня нашая Сьвятая, я высьвячаць яе ня буду. Цяжка перажывала такую адмову палачанка Антаніна, але затое з расейскай царквой ейныя дачыненьні былі скончаныя.
Прыкінуўшы ў памяці эпізоды-здарэньні-разважаньні, зьвязаныя з Полацкам, набытыя ў часе жыцьцёвага шляху па-за Беларусьсю, неабходна падзяліцца ўражаньнямі-прыпамінамі аб нашых сустрэчах-перажываньнях у горадзе над Дзьвіной!
У пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя развалілася (хоць і не канчальна) нядрэнна скаваная імпэрыя, тады званая СССР. Эмігранты, улучна зь беларусамі, атрымалі магчымасьць адведаць радзіму, дзе-нідзе быў дадзены дазвол і на зваротнае перасяленьне. Мы на Бацькаўшчыну пачалі езьдзіць рэгулярна. І прыйшоў той час, пра які мне некалі ў Смаленску сказала маці: «Ты, Віта, пабудзеш у Полацку!» Незабыўны быў гэта час: пабыць у Полацку мы шчыра жадалі. Ехаць у Полацак турыстамі не хацелася, занадта глыбокія нацыянальныя пачуцьці-пагляды былі на гэты горад, а быць у такім важным месьце агледачом-разявакам ня ўкладвалася ў нашыя з Зорай жаданьні. Але ўсё ж давялося зьведаць Полацак, будучы турыстам, для дасьведчаньня, як кажуць землякі, «для вопыту» і гэткае патрэбна. Без сумневу можна сьцьвярджаць, што ў тым рэгіёне Полацак сёньня адзін з самых прывабных для турызму гарадоў. Па-над тысячагадовая гісторыя Полацку, бадай, ці не наймацнейшы магніт (улюбёнае слоўца амэрыканскае турыстыкі) для Прыбалтыкі, сталіцаў Скандынавіі, Санкт-Пецярбургу, якому ўсяго толькі трыста гадоў! Няма словаў, у беларускай дзяржаве і турыстычны Полацак будзе аднаўляць і прадстаўляць тысячагадовую гісторыю Беларусі.
Зьведаць Полацак найбольш хацелася як нашчадку грамадзяніна, якому Полацак стварыў дзяржаву. Зьведаць беларускі, дзяржаўніцкі Полацак мы змаглі з Зорай, дзякуючы Ўладзімеру Арлову. Пачуцьці-перажываньні ад наведаньня беларускага Полацку былі шматгранныя, і я імі падзялюся-прыпомню. (Пачаў ужываць я займеньне «мы», бо наведваньні былі яшчэ гэткія нядаўнія і заўсёды былі разам з Зорай.)
Мы зьведвалі, разглядалі й перажывалі Полацак гістарычны. Больш дэталёвага экскурсу ў мінулае наўрад ці можна мець, бо нашым гідам быў Уладзімер Арлоў, пісьменьнік, гісторык, які як ніхто іншы падае гістарычнасьць Полацку сёньняшнім беларусам, імкнецца раскатурхаць апатычнае, маласьвядомае грамадзтва. Часамі археалягічную-гістарычную мінуўшчыну Полацку даваў і Генадзь Сагановіч.
Полацак культурна-мастацкі мы аглядалі ў музэях, кнігарнях, былі ў захапленьні ад мадэрнага, заходнеэўрапейскага стандарту Музэю кнігадруку зь вельмі аўтарытэтным гідам, знаўцам Скарыны і беларускага друку сп-няй Галінай Ладзісавай.
Полацак грамадзкі, дзейны, адраджэнска-беларускі мы спазналі ў шматлікіх сустрэчах, гутарках у бібліятэках, унівэрсытэце, літаратурна-мастацкіх вечарах, дзе сп-ня Ірына Жарнасек і мастакі надарылі кніжак на цэлую бібліятэку.
Полацак сёньняшні, нялёгкі да пражыцьця, але цікавы і энэргічны, мы перажывалі, калі спыняліся-затрымліваліся ў Тані, сястры Ўладзімера.
І канечне, пакідаў сьлед Полацак духоўны. Мы перажывалі ўзьнёслыя, малітоўныя пачуцьці ў неаднойчы наведанай катэдры Сьвятой Сафіі, захапляліся яе ведамасьцю, дамінуючай магутнасьцю, ганаровым выглядам. У Сьвята-Эўфрасіньнеўскім храме мы кленчылі перад нацыянальным алтаром, аддаваліся малітвам, умысловаму перагляду свайго нацыянальнага шляху, адзінага, толькі табе ўласнага; была гэта свайго роду нацыянальная споведзь ды просьба мець энэргіі на прышласьць. У Полацку, на наш пагляд, гэтае месца і ёсьць нашым нацыянальным Араратам. Я ніколі не забуду моманту, калі першы раз мы выходзілі зь Сьвята-Эўфрасіньнеўскае царквы. Зора, асоба загартаваная ў грамадзкім жыцьці, змахвала пачуцьцёвую сьлязу і цьвёрда мне сказала: «Ведаеш, Віт, працаваць нам трэба і далей, пакуль над Эўфрасіньнеўскім Храмам ня будзе ўзносіцца ў вышыню Эўфрасіньнеўскі, наш беларускі крыж». Я з Зорай цалкам згадзіўся.
І маё заключнае разважаньне аб Полацку. Полацак - гэта пачатак беларускае дзяржавы, дзяржаўнасьці. Мы, Вітаўт і Зора Кіпелі, - дзяржаўнікі, а гэта значыць, мы і Палачане.