A R C H E П а ч а т а к № 3 (32) - 2004
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


3-2004
" да Зьместу "

 



аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі

 


эсэістыка

  ГЕРМАН КІРЫЛАЎ

Вокладка ARCHE 3-2004.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (2'2004)
   ARCHE (1'2004)
   Эўропа на ўсход ад    Эўропы
   Віленская Анталёгія
   Чэскі Альбом
   Pax Americana
   Туманнасьці
   беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6'2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4'2001)
   Скарына
(3'2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1'2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8'2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6'2000)
   Глёбус
   Скарына
(4'2000)
   Габрэі
   Скарына
(2'2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Герман Кірылаў
Катакомбная Беларусь

Сёньня з подзівам згадваецца такое: правучыўся дзесяць гадоў у школе, пяць гадоў у Белдзяржунівэрсытэце - і такіх нават прадметаў не вывучаў, як гісторыя або геаграфія Беларусі. Не было іх наогул у навучальных праграмах. У першую клясу пайшоў у 1944 годзе, праз паўгоду зь нечым была Перамога, неўзабаве Беларусь разам зь іншымі краінамі заснавала Арганізацыю Аб'яднаных Нацыяў.

Хаця, праўду кажучы, яшчэ да школы мне ўжо выпала пачуць, што ў нас была свая адметная гісторыя, былі свой сьцяг, герб. Наша школа ў вёсцы Шкунцікі, гэта ў Шаркаўшчынскім раёне Віцебскай вобласьці (у 2002 годзе адзначалася 140-годзьдзе нашай школы), працягвала працаваць і пасьля акупацыі Беларусі немцамі. І мае старэйшыя за мяне сёстры вывучалі ня толькі мову, літаратуру, але й гісторыю ды геаграфію Беларусі. Бывала, седзячы на печы пры курадымцы, яны завучвалі на памяць вершы, сьпявалі песьні, а мне цікава было слухаць, і ў маёй памяці адкладвалася сёе-тое з «Тараса на Парнасе», зь вершаў Максіма Багдановіча, Купалы. Запомніў і колькі беларускіх песьняў.

На ўсё жыцьцё застаўся ў памяці сонечны, цёплы дзень раньняй вясны 1944-га году. Мы, малеча, не маглі нацешыцца, што нарэшце выйшлі на вуліцу пасьля доўгага, праз усю зіму, сядзеньня ў хаце, бо не было чаго ні абуць, ні апрануць. Раптам дазнаёмся, што аднаму з нас выпала такая ўдача: настаўнік нашай школы падараваў яму прыгожы, бліскучы, новенькі аловак, і за што - за тое толькі, што, падвучаны старэйшымі, павітаўся воклічам «Жыве Беларусь!». Загарэлася і ў нас жаданьне атрымаць такі ж спакусны дарунак. Падпільнавалі, калі настаўнік паказаўся на вуліцы, выбеглі напярэймы і наперабой адпалілі «Жыве Беларусь!», ускідваючы правую руку. Помніцца - малады, прыгожы настаўнік цёпла ўсьміхнуўся, пахваліў нас, кожнага пагладзіў па галаве, сказаў нешта прачулае. Напэўна ж, нешта пра нашу Радзіму-Беларусь. Але калі ён павярнуўся і пайшоў, мы былі расчараваныя: пра алоўкі забыўся. Яшчэ раз падпільнавалі, павіталіся, нехта з нас, сьмялейшы, нагадаў пра алоўкі, настаўнік вінавата разьвёў рукамі: ня меў болей такіх дарункаў. І зноў гаварыў штосьці ласкавае, павучальнае.

Калі ўлетку таго ж 1944-га году вайна была далёка ад нас і аднавілася савецкая ўлада, мы, малыя, бавячыся на вуліцы, прыдумалі гульню: віталіся адзін з адным воклічам «Жыве Беларусь!». Да нас падбег нехта з дарослых і, прыцішваючы голас, стаў сварыцца: «Што вы, жабнюкі, гарлаеце! Няможна так! Пачуюць - арыштуюць і вас, і вашых бацькоў! Гульні вам няма інакшай? Забудзьцеся гэта!»

Мы змоўклі. І цяпер яшчэ, вітаючыся ці разьвітваючыся зь сябрам гэтым традыцыйным клічам, міжволі паглядзіш па бакох. Можна злавіць косы зірк, а пад выпадак і злы вокрык пачуць. Здаралася, білі за такое дубінкай.

Першага верасьня 1944 году і я стаў вучнем нашай вясковай школы. Не было ў нас алоўкаў - настаўніца прыносіла з дому нейкія агрызкі і давала імі кожнаму папісаць. Яна ж недзе адшукала і акраўкі паперы. Не было кніг. Адзіны буквар выдалі настаўніцы ў раённым аддзеле народнай асьветы. Але пад канец першай клясы мы ўсе даволі прыстойна маглі чытаць, пісаць, рашаць задачкі.

Чытаць мне хацелася вельмі, а чытаць не было чаго. Ці дзіва, што, калі аднойчы хтосьці з маіх сясьцёр прынёс у хату кнігу, узятую ў аднаклясьніка, я зараз жа завалодаў ёю. Запомніў назву - «Крыўя-Беларусь у мінуласьці». Канечне, першым чынам пагартаў, разгледзеў малюнкі. Ваяры зь дзідамі, у шапках стажком, твары як на абразох. А адзін малюнак асабліва затрымаў увагу, уразіўшы як знак нечага страшнага: вялізная брыла, выламак мураванай сьцяны на доўгай, высокай насьпе і подпіс: «Руіны Наваградка». Так і адбілася ў памяці: «Наваградка», а не Навагрудка, як патрапіла чытаць гэтую назву пасьля і як чытаю і сёньня. Толькі прылажыўся чытаць (хаця адразу адчуў, што тэкст для майго веку не зусім адпаведны), як ужо сястра хапілася, дзе кніжка, якую ёй далі. На мяне яна насварылася з ужо чутым пострахам: «Няможна чытаць такіх кніжак».

А неўзабаве і другая такая ж забароненая кніжка апынулася ў нашай хаце. Пасьпеў толькі пагартаць: такія былі цікавыя малюнкі - рэкі, лясы, азёры, сітнягі, як на нашым стаўку, лясы, гарады, купы люду на вуліцы… Амаль праз паўвеку, набыўшы перавыданьне «Геаграфіі Беларусі» Аркадзя Смоліча, пагартаўшы, пазнаў - гэта была тая самая кніга. Чытаў яе - і шчымела сэрца: каго і што ад нас, беларусаў, хавалі ў спэцсховы, каго стараліся выкрасьліць з нашай памяці!

Калі затым у старэйшых клясах даводзілася вывучаць гісторыю старажытнай Русі, зь цікавасьцю вылучаў усё, што датычыла Полацку, Полацкага княства. Пра Полацак чуў з маленства. Да гэтага гораду ад нас было крыху больш за сто вёрстаў, многім з нашай вёскі даводзілася бываць у ім на кірмашы або па якіх іншых справах. Пэўны час наша мясцовасьць належала да Полацкай вобласьці.

Ужо недзе ў дзясятай клясе мне трапіла ў рукі кніга Львова і Садковіча «Георгий Скорина». Зь яе мала цікавага даведаўся. Наагул сумна было чытаць доўгія, нудныя апісаньні перавозу ў Полацку, другарадных падзеяў у горадзе. Сам галоўны герой нічым асаблівым і не запаў у памяць.

Згадваю, як ужо студэнтам БДУ разам са сваім курсам пабываў у Маскве на экскурсіі. Рэктарат даў грошы для нашай паездкі ў савецкую сталіцу падчас зімовых канікулаў. Канечне ж, нас звадзілі ў Крэмль, у маўзалей Леніна і Сталіна. Былі мы ў рэдакцыі газэты «Правда». Але найбольшае ўражаньне засталося ад наведваньня Трацякоўскай галерэі і Пушкінскага музэю. А мы з аднакурсьнікам Васілём Зуёнкам вырашылі пабываць ля помніка першадрукару Івану Фёдараву. Ну як жа - не аддаць даніны павагі слыннаму на ўвесь Саюз выдаўцу першай друкаванай кнігі ў славян. Кусьлівым марозам, на рэзкім ветры гадзіны дзьве блукалі па цэнтры Масквы, пакуль знайшлі помнік, каб сфатаграфавацца.

А на апошнім, пятым курсе пачуў на адным вучоным дыспуце як бы што крамольнае: першую кнігу ўва ўсходніх славянаў надрукаваў ня Фёдараў, а наш чалавек, палачанін Скарына. І яшчэ невядома, ці ня быў беларусам Іван Фёдараў, якога прозьвішча ў некаторых крыніцах пісалася Федаровіч, на беларускі манер. Ну, а наконт паплечніка гэтага друкара Пятра Мсьціслаўца і сумневу не магло быць - ён паходзіў з нашага старажытнага гораду Мсьціслава.

Не, ува мне не паменела пачуцьця павагі да Івана Фёдарава. Але неяк скрабанула ў душы - чаму ж нас, беларусаў, нібы стараюцца адпіхнуць у цень, як якіх нявартых.

Да нас даходзілі весткі, што на гістарычным факультэце БДУ вывучаецца гісторыя Беларусі. Галоўны спэцыяліст па ёй прафэсар Абэцэдарскі. Нават даводзілася трымаць у руках падручнік, рэдактарам і галоўным аўтарам якога ён быў. Усё дакастрычніцкае мінулае ў тым падручніку зьмяшчалася на лічаных старонках. Расказвалася, у якой галечы, забітасьці і цемрыве жыў працоўны беларускі люд. Для большай нагляднасьці былі зьмешчаны ілюстрацыі - згадваецца наступная: убогая майстэрня, у ёй завіхаюцца над нечым дэгенэратыўнага выгляду, брудныя пралетарыі. Галоўная ж гісторыя пачыналася ад Вялікага Кастрычніка. Салдаты-чырвонагвардзейцы, шчасьлівыя твары ўдарнікаў працы…

Засталося ў памяці, як урачыста адзначалася ў Менску 40-годзьдзе БССР: чакалі прыезду на сьвята самога генсека партыі Хрушчова для ўручэньня Беларусі другога ордэна Леніна. Яшчэ трывала «адліга», якая для нас пачалася з таго, што нам, выкладчыкам і студэнтам БДУ, як, відаць, і для некаторых іншых катэгорый насельніцтва, пачыталі даклад Хрушчова аб кульце асобы Сталіна з ХХ зьезду партыі. Гэта адбывалася пры зачыненых дзьвярах у самай вялікай аўдыторыі хімічнага корпусу, з папярэдняй строгай перасьцярогай - нікому ні слова пра пачутае. Выходзілі з тае аўдыторыі мы і прыціхлыя, і разам з тым акрыленыя - ну ўсё, з культам будзе пакончана назаўжды.

М. Хрушчоў выступіў з прамовай на ўрачыстым паседжаньні ў Менску, уручыў ордэн Леніна. А празь нейкі час па сталіцы папаўзьлі чуткі, нібыта генсек выказаў незадавальненьне тым, што лідэр кампартыі Беларусі Кірыла Мазураў зрабіў даклад да 40-годзьдзя БССР па-беларуску. Пераказваліся ягоныя словы: «Ни черта не понять было… Чем быстрее мы все заговорим по-русски, тем быстрее придем к коммунизму». Пра гэтыя пажаданьні памятаў, напэўна, і Машэраў.

Ужо недзе перад дзяржаўнымі іспытамі надарылася трымаць у руках толькі што выдадзены новы падручнік з гісторыі Беларусі Абэцэдарскага. Што ўразіла на гэты раз - на пяць-шэсьць старонак была цытата зь нядаўняй прамовы Хрушчова ў Менску. Ну як жа! Кожнае рашэньне партыі, кожнае слова правадыра абавязкова былі гістарычнымі, ня йначай! Хаця Гісторыя - такая дама, што не адгадаеш наперад, каго яна прызнае, а каго адпрэчыць.

Трэба аддаць належнае: да 450-годзьдзя беларускага кнігадрукаваньня ў нас рыхтаваліся як да вялікай падзеі. На той час школьнікі малодшых клясаў ужо маглі расказаць, хто такі Скарына і за што яго мы ўсхваляем. Імя Скарыны часта згадвалася ў газэтах, гучала на радыё. Бадай, ніколі раней не было такой увагі і пашаны нашаму першадрукару.

На тым гістарычным тле ўсяго толькі дробным, непрыкметным эпізодам сталася наданьне імя Скарыны адной вуліцы ў мястэчку Шаркаўшчына. Можна было б і ня згадваць пра тое, калі б праблема тапанімікі нашых гарадоў і мястэчак згубіла сваю актуальнасьць.

Ня толькі ў маёй сям'і, але і ў некаторых іншых жыхароў нашай вуліцы Лысенкі выклікаў раздражненьне яе назоў: здаецца ж, ужо на ўвесь Саюз разышлася слава пра гэтага «народнага акадэміка», пагромшчыка генэтыкі. А нашу сям'ю гэтае імя перасьледавала як нейкі знак бяды: зьехалі зь вёскі Шкунцікі, з утворанага там гвалтам калгасу імя Лысенкі, а ў мястэчку атрымалі пляцоўку для будаўніцтва на новай вуліцы імя Лысенкі.

Неяк, спаткаўшыся на вуліцы з добрым знаёмым, работнікам мясцовай мэтэастанцыі Аляксандрам Баговічам, які быў старшынём пасялковага савету і на той час увасабляў самую блізкую мясцовую ўладу, загаварыў зь ім наконт перайменаваньня нашай вуліцы. Якраз прайшла чарговая хрушчоўская рэарганізацыя, наш раён быў ліквідаваны, у Мёры, у райвыканкам, было далекавата. А тым болей - не ісьці ж было ў міжраённы парткам, які да часу разьмясьціўся ў нашым мястэчку. Аляксандар Баговіч горача разьдзяліў маю заклапочанасьць: ён вучыўся завочна на агранома і ведаў пра «ўклад» Лысенкі ў навуку. Неўзабаве ён паведаміў мне, каб напісаў адпаведную заяву. Мы разам зь ім дамовіліся, што было б добра назваць нашу вуліцу імем Скарыны, якое ў той час было на слыху. Так усё і рашылася.

А праз дваццаць зь лішкам гадоў, чытаючы энцыкляпэдычны даведнік «Скарына і яго час», знаходжу невялікую нататку - «Скарынаўскія найменьні». Выявілася, па Беларусі вельмі ж няшмат такіх найменьняў. Вуліцы яго імя - у Полацку (яшчэ й плошча, на якой стаіць помнік першадрукару), у Менску, вуліцы ў Віцебску, Воршы, Нясьвіжы, Слуцку і… у г. п. Шаркаўшчына. З той пары найменьняў мала дадалося. Хіба што ў Менску галоўны праспэкт быў названы імем Скарыны.

Пасьля я атрымаў накіраваньне на працу ў Полацак, у мясцовую газэту. Тут і асеў. Тут я стаў сьведкам, а часам і ўдзельнікам падзеяў, зь якіх складалася яго найноўшая гісторыя.

Памятаю тую ўзьнёслую атмасфэру, калі ў Полацку рыхтаваліся нарэшце паставіць помнік Скарыну! У гарадзкім музэі былі выстаўлены на суд гараджан дзьве гіпсавыя выявы першадрукара, аўтарам якіх быў скульптар Аляксей Глебаў. Многія палачане палічылі за гонар і за свой грамадзянскі абавязак узяць удзел у гэтым абмеркаваньні. Урэшце кампэтэнтнай камісіяй быў прыняты той узор, за які выказалася большасьць. І неўзабаве ў сонечны летні дзень пры вялікім наплыве палачан і шматлікіх гасьцей і зь Беларусі, і з замежжа помнік быў адкрыты. Бронзавы Скарына цяпер узвышаецца на пастамэнце на самай прыгожай плошчы свайго роднага гораду.

А празь дзесяць зь лішнім гадоў - ужо завяршалася «перабудова» - у Полацак прыйшло яшчэ адно вялікае сьвята, прысьвечанае першадрукару. Адзначалася пяцьсот гадоў з дня яго народзінаў. Хаця дакладных зьвестак, калі менавіта нарадзіўся ў сям'і полацкага месьціча Лукаша Скарыны першы сын, не дайшло да нас, была ўзята адна зь дзьвюх імаверных датаў. І зноў у Полацак зьехалася шмат гасьцей. Можна было бачыць на адной з плошчаў шчыты з гербамі Кракава, Прагі, Падуі, Вільні, Калінінграду (Каралеўца-Кёнігсбэргу), дзе давялося жыць, працаваць, проста бываць слыннаму палачаніну.

Быў на сьвяце і пра-пра-…праўнук Францішка Скарыны. З тым рослым, ладным зь сябе, ужо ў гадох чалавекам, Стэнлі Скарынам, пазнаёміў мяне Алег Лойка. Нашчадак першадрукара па прафэсіі доктар, прыехаў у Полацак з Канады. Спадар Скарына зьбіраў зьвесткі пра свой славуты род.

Мне часта трапляе бачыцца ў Полацку, гаварыць па тэлефоне з маімі добрымі сябрамі Марыяй і Лявом Бялевічамі. Ім ужо за семдзесят. Жывуць на вуліцы Скарыны ў цэнтры Полацку. Зь імі ў сярэдзіне дзевяностых мы пачалі працу над кнігай успамінаў пра Саюз беларускіх патрыётаў - нелегальную моладзевую суполку, якая існавала ў Глыбоцкай і Пастаўскай пэдвучэльнях у 1945-1947 гадах і была разгромлена МДБ. Успаміны былі надрукаваныя ў 1997 годзе ў часопісе «Полымя», які тады рэдагаваў Сяргей Законьнікаў, а літаральна празь месяц выйшлі асобнай кнігай пад назвай «Гарт» у кніжнай сэрыі «Архіў найноўшай гісторыі». Дазволю коратка нагадаць пра гэтую публікацыю, рэдактарам якой давялося быць мне асабіста.

Група навучэнцаў пэдвучэльняў у Глыбокім і Паставах (яны адчыніліся тут у верасьні 1944 году) аб'ядналіся ў нелегальную суполку, каб, насуперак гвалтоўнай русіфікацыі навучаньня, замоўчваньню і наўмыснаму скажэньню нашай гісторыі, трымацца сваёй беларускасьці. Ніякай іншай мэты, тым больш тэрарыстычнай, як пасьля ім прыпішуць сьледчыя МДБ, суполка ня ставіла. Яна, па сутнасьці, і не праводзіла нейкай актыўнай дзейнасьці. Не пасьпела. Зімой 1947 году СБП быў выкрыты, усе ўдзельнікі арыштаваныя і асуджаныя. Чатыром пагражала сьмяротная кара, якая, дзякуючы таму, што падчас суду ўжо дзейнічаў указ аб яе адмене, была замененая на 25 гадоў няволі. Астатнія атрымалі ад 10 да 15 гадоў лягераў, толькі некалькім быў тэрмін 5-6 гадоў.

Пасьля сьмерці Сталіна тэрміны ўсім былі перагледжаны. А зь цягам часу ўсім, хто дамагаўся, была дадзена поўная рэабілітацыя «за отсутствием состава преступления».

Мае добрыя сябры Бялевічы пасьля працы на шахтах Інты вярнуліся ў Беларусь.

Марыя Рыгораўна так казала:

Нам, як запалярнікам, была льгота - пасьля выхаду на пэнсію маглі сяліцца ў любой кропцы Саюзу. Я засталася бяздомнай пасьля няволі. Бацька загінуў падчас вайны, маці была асуджаная за мяне і за сына, майго брата, які таксама быў сябрам СБП, сядзеў, яго ўжо няма на гэтым сьвеце, хату нашу забралі. Не было куды вяртацца і майму мужу Лёву. Мы доўга не выбіралі, куды падамося на радзіме, дзе паселімся… У Полацку, толькі тут. Што такое Полацак для беларуса - лішне даводзіць. Пабудавалі тут каапэратыўную кватэру. Прыжыліся, горад стаў для нас родным.

У Полацку на кватэры Бялевічаў па вуліцы Скарыны праходзілі нашы сустрэчы зь сябрамі СБП, якія змаглі ўдзельнічаць у рабоце над кнігай успамінаў. І цяпер сюды час ад часу завітвае таксама палачанін Васіль Мядзелец, колішні кіраўнік глыбоцкай філіі СБП, яму толькі прыехаць аўтобусам з-за Дзьвіны, дзе ён жыве разам з жонкай. Часьцяком наведваюцца з Паставаў былыя сябры СПБ Алеся і Антось Фурсы, бывалі тут Мікола Конан і Станіслаў Савік зь мястэчка Лужкі Шаркаўшчынскага раёну. С. Савіка ўжо няма на сьвеце. Лідзія Мельнік (Несьцяровіч) прыяжджала ажно з Караганды. Праўда, апошнім часам сустрэч такіх усё меней. Гады бяруць сваё.

Але застаецца Полацак, застаецца вуліца Скарыны, застаецца памяць.

студзень 2004, Полацак

  Кірылаў нарадзіўся 15 сьнежня 1937 году. Скончыў журфак БДУ. У 1997 годзе за працу над кнігай успамінаў «Гарт. Саюз беларускіх патрыётаў» атрымаў прэмію імя Алеся Адамовіча Беларускага ПЭН-Цэнтру. Жыве ў Полацку.
   
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 3 (32) - 2004

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю,   Майстраваньне [mk], Абнаўленьне [czyk]
Copyright © 1998-2004 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2004/11/5