A R C H E П а ч а т а к № 3 (32) - 2004
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


3-2004
" да Зьместу "

 



аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі

 


прадмова

 

Вокладка ARCHE 3-2004.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (2'2004)
   ARCHE (1'2004)
   Эўропа на ўсход ад    Эўропы
   Віленская Анталёгія
   Чэскі Альбом
   Pax Americana
   Туманнасьці
   беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6'2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4'2001)
   Скарына
(3'2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1'2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8'2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6'2000)
   Глёбус
   Скарына
(4'2000)
   Габрэі
   Скарына
(2'2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 


Полацку трэба прадавацца

Сяргей Шыдлоўскі, аўтар эсэ «Зьбіраньне Полацку» ў гэтым нумары ARCHE, кажа, што гістарычна-духоўная спадчына Полацку бачыцца яму зручным месцам для дасягненьня нацыянальнага ідэалягічнага кампрамісу ў Беларусі. Я, на жаль, не падзяляю гэтага сьветлага аптымізму, не ў апошнюю чаргу таму, што ніяк не магу ўзгадаць, калі ж гэта было такое, каб у Беларусі дасягнулі - безь пісталета - хоць якога-колечы ідэалягічнага кампрамісу ў нацыянальным маштабе. Затое я без засьцярогаў пагаджаюся з аўтарам, калі ён цьвердзіць, што гістарычны аспэкт сёньняшняга Полацку можа паслужыць добрым фундамэнтам для збудаваньня турыстычнага бізнэсу.

Рэч тут ня толькі ў тым, што газ няўмольна даражэе або што грошай патрабуюць усе, а з ідэалёгіі няма ніякага наедку. Хутчэй за ўсё рэч у тым, што pecunia non olet - калі можна зарабіць на полацкай гісторыі, то хто будзе глядзець на тое, што гэтая гісторыя ня надта ўкладваецца ў рамкі нейкай ідэалёгіі, хай сабе й дзяржаўнай. Інакш кажучы, тое, што напісалі У. Арлоў і Г. Сагановіч пра полацкі пэрыяд дзесяцівяковай беларускай мінуўшчыны, можа яшчэ доўга чакаць афіцыйнага imprimatur , каб увайсьці ў школьную праграму, але пры спрыяльнай каньюнктуры - то бок пры яшчэ большай эканамічнай бязвыхаднасьці краіны - яно можа зусім хутка і беспраблемна апынуцца ў турыстычных буклетах і даведніках. Рэкляма - рухавік бізнэсу.

Лёс турыстычнага Полацку, праўда, залежыць ад лёсу турыстычнага Менску. Замежнікі прыедуць у Полацак пакінуць там свае грошы толькі тады, калі ім будзе рупіць прыехаць у Менск. Ну, але правінцыі нельга іначай: яна заўсёды залежыць ад сталіцы. Пакуль што Менск пасьпяхова праводзіць сваю прамоцыю як манумэнтальнага і - у эўрапейскім маштабе - унікальнага музэю рэальнага сацыялізму. Значыць, ёсьць шанец, што міжнародная цікавасьць да яго не аслабне, а зь цягам часу будзе нават узрастаць. Што да турыстычнай прамоцыі Полацку, дык яе б належала пачаць неадкладна. У Полацку няма, як у Менску, выразнага гандлёвага брэнду. Магчыма, у Полацку няма і больш элемэнтарных рэчаў - перш за ўсё рэстаранаў, гатэляў і турыстычных бюро, то бок турыстычнай інфраструктуры.

Я ніколі ў Полацку ня быў, а таму даволі моцна зьдзівіўся, калі Алесь Аркуш запрапанаваў мне напісаць нешта накшталт уводзінаў у «полацкі нумар» ARCHE. (Ну, але яму там відней. Мабыць, яму быў патрэбны погляд патэнцыйнага турыста, нават калі і не зусім 100-працэнтна замежнага.) Я марна спрабаваў знайсьці ў Інтэрнэце адрасы нейкіх гатэляў і рэстаранаў у Полацку, дзе я мог бы затрымацца й паесьці, калі б прыехаў туды пагаманіць з Аркушам, Шыдлоўскім ці Мудровым пра беларускую літаратуру й правінцыю. Я ведаю, што хлопцы знайшлі б мне начлег і далі б паесьці. Але рэч у тым, што гэта не вырашае агульнай праблемы - дзе затрымацца ў Полацку магчымаму натоўпу замежнікаў, які можа туды прыперціся, заваблены ўсімі тымі крывава-сур'ёзнымі гісторыямі Арлова-Сагановіча.

Сорамна прызнацца, але ў Інтэрнэце мне таксама не ўдалося знайсьці, колькі прыблізна людзей жыве ў сёньняшнім Полацку. Затое, калі я запускаў Google на пошук «Полац(а)к насельніцтва», я даставаў адрасы старонак, зь якіх мог падрабязна даведацца, як лік полацкага насельніцтва зьмяняўся пад узьдзеяньнем усіх тых сечаў і напасьцяў у X-XVIII стагодзьдзях. Дзеля параўнаньня, я ўпісаў у Google «Gniezno» - так палякі называюць свой «Полацак», адкуль пайшла іхная дзяржаўнасьць - і адразу ж дазнаўся як пра колькасьць сёньняшніх жыхароў гэтага гораду, гэтак і пра яго гатэлі ды рэстараны, што паказвае ня столькі на розьніцу ў эканамічным разьвіцьці гэтых двух гарадоў, колькі на розьніцу ў разьвіцьці нацыянальных мэнталітэтаў. Адзін народ усё яшчэ намагаецца палавіць лятучыя фантомы свае мінуўшчыны, а другі даўно ўжо намёртва папрышпільваў свае ў школьных падручніках і жыве з дывідэндаў ад сваіх нябожчыкаў.

У далейшай пэрспэктыве, усё ж, Полацку павінна пашанцаваць з рэальным жыцьцём. Ён павінен добра прадавацца. Я мяркую з чэскай правінцыі, куды заглядаю пару разоў на год. Хоць Празе і перападае несумненная бальшыня дывідэндаў ад чэскіх нацыянальных могільнікаў, але і правінцыя не крыўдуе. Дастаткова паехаць у любую пару году ў Кутну Гору, Чэскі Крумлаў або Карлштайн, каб пераканацца, што й там можна няблага жыць з продажу свае гістарычнае апрычонасьці. Прычым чэскія правінцыйныя гарадкі ня могуць пахваліцца й трацінай такіх жахаў і дзівосаў, якія можна закінуць у даведнік пра Полацак.

сакавік 2004, Прага

Ян Максімюк

Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 3 (32) - 2004

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю,   Майстраваньне [mk], Абнаўленьне [czyk]
Copyright © 1998-2004 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2004/11/5