ВЕРАСЕНЬ НА ЗАЛАТОЙ ГОРЦЫБыў сонечны верасень 2002 году. Пасьля ПЭН-Цэнтраўскага сходу я і Андрэй Дынько пад нясьпешную гамонку ішлі ў бок вуліцы Залатая Горка. Дынька толькі што абралі на кіраўнічую пасаду ПЭН-Цэнтру і якраз была падстава пагаварыць пра літаратуру ды жыцьцё пісьменьнікаў. Неяк выпадкова мой суразмоўца заўважыў, дзей кепска тое, што нашыя літаратары, асабліва ў правінцыі, ізаляваныя ад сусьветнага літаратурнага кантэксту: «У Менску хоць нейкая лучнасьць ёсьць, ну, скажам, з украінцамі, а ў Гародні і таго няма».
Далей мы ўспомнілі пра тых ці іншых аўтараў: у таго больш «правінцыйнасьці»... у таго - менш... Не забыліся, ведама ж, на постмадэрнізм... І, не беручы да галавы існасьці праблем, перайшлі ўрэшце на нейкія прасьцейшыя тэмы.
Тады я пракаўтнуў зычлівую, але ўсё ж балючую заўвагу аб правінцыйнасьці. (Неістотна, падаў яе цень на мяне ці не.) А ўжо праз колькі дзён, у Гародні, ідучы па нашай славутай Дамініканскай, успомніў той выпадак Юр'ю Тарасевічу. Лагодна абурыўся на шавінізм менчукоў і, нечакана для самога сябе, расказаў, як менавіта Гародня была кагадзе «калыскаю» беларускага постмадэрнізму. І хто больш правінцыйна выглядаў, прынамсі ў даўнія 1980-я, Менск ці Гародня, яшчэ трэба разабрацца.
Мне нават спадабаўся ўласны аповед - так, што я надумаўся запісаць яго. Але ўсё ня меў на тое добрай нагоды. І вось нагода раз за разам пачала даваць аб сабе ведамасьць. Працяглая спрэчка Данілы Жукоўскага і Сяргея Балахонава ўзычвае мне такі шанец. Прызнаюся, у розныя моманты спрэчкі хацелася стаць то на бок свайго земляка Жукоўскага, то на бок гамельчука Балахонава. Але ўрэшце, як той рабін з анэкдоту, я пагадзіўся з абодвума.
Згодзен з Данілам, што пад выглядам навіны ды інтэлектуалізму вельмі часта ў нас (усё тая ж правінцыйнасьць!) чытачу падсоўваецца нешта нуднае, цьмянае ды пустое. І вельмі блізкае мне жаданьне Сяргея глянуць на беларускую літаратуру канцэптуальна. Урэшце, крыўдна будзе, калі наш горад з «калыскі постмадэрнізму» раптам стане «Вандэяй постмадэрнізму». І яшчэ я не хацеў бы, каб мае зацемкі ўспрымаліся ў рэчышчы палемікі. Гэта хутчэй спроба ўспамінаў пра недалёкую мінуласьць, чым палеміка.
Хто першы сказаў «гаў»?
Дыскусія аб постмадэрнізьме (а як інакш можна разумець спрэчку Жукоўскага з Балахонавым?!) запазьнілася ў нас гадоў гэтак на пятнаццаць. Хто ж першы пусьціў на цнатлівую беларускую ніву гэтую заморскую пошасьць? Калі не памыляюся, першымі ў тутэйшых літаратурных кулюарах, незалежна адзін ад другога, пра постмадэрнізм пачалі гаварыць Ігар Бабкоў і... (давядзецца і віну, і нясьціпласьць браць на сябе!) Юрась Пацюпа. Я спрабаваў да калектыўнае адказнасьці прыцягнуць яшчэ Валянціна Акудовіча, але той адмовіўся, пагадзіўшыся на ролю ўсяго толькі сьціплага сыстэматызатара.
Перадгісторыяў было шмат.
У ліпені 1988 году я павёз у часопіс «Маладосць» здымак для калектыўнага - першага - зборніку яго «Бібліятэчкі». Янішчыц разьвяла рукамі, маўляў, спазьніўся, але адразу супакоіла, паабяцала выдаць вершы асобнаю кнігай (што зрабіў ужо Камейша).
На калідоры шырокай усьмешкай перастрэў мяне Анатоль Сыс.
- А я ведаў, што ты тут.
- Адкуль?
- Выведка працуе!
Пасьля завёў у сталоўку Дому друку, дзе раптам прапанаваў:
- Пайшлі пакажу, як запраўдныя паэты жывуць.
У сталоўцы мы прыхапілі з сабою Сяргея Верацілу, Андрэя Гуцава і пайшлі ў госьці да Зьніча. Па дарозе Вераціла балбатаў, цытаваў свае вершы, пакуль ня выдаў гістарычную фразу:
- Сыса пусьці ў пустэльню - ён і там пазьбірае тушканчыкаў ды ўтворыць «Тутэйшых».
Гэтыя словы запомніў толькі я. Потым нагадаў іх Верацілу, і з таго часу «тушканчыкамі» мы сталі называць паэтаў-пачаткоўцаў.
Тады ж, пад шатамі Бембелевага саду, мы гаманілі, чыталі вершы (толькі па адным!). Потым карэянка Кені (адна з жонак гаспадара, будучага манаха) частавала нас варывам з капусты. Там я ўпершыню пачуў верш Алега Мінкіна «Прэлюдыя».
Далей мы пайшлі ў госьці да Андрэя Федарэнкі, добра заправіліся. Тады - да Сыса, страціўшы недзе па дарозе Верацілу і Гуцава, дзе зноў заправіліся і дзе мне чамусьці асабліва запомнілася дзяўчына ў кароткай скураной спаднічцы, няхудзенькая, але даўганогая. Урэшце я ледзь не спазьніўся на цягнік. А там ужо - дзяліўся ўражаньнямі з навучэнкамі гарадзенскага музвучылішча. І, зь цяжкою галавой, заваліўся на паліцу спаць. Ня помню, каб у той дзень нават пра мадэрнізм гаварылі. Праўда, Федарэнка наракаў: «Дай волю Сысу і Глёбусу - у паэзіі адны абстракцыі застануцца».
У сьнежні 1988 году я трапіў на традыцыйны літаратурны сэмінар у Іслачы. І сустрэў там Алеся Аркуша і Ігара Бабкова, Галіну Дубянецкую і Тацяну Сапач, Сяргея Сыса і Вітаўта Чаропку, Леру Сом і Алену Танану, Тацяну Зіненку і Алену Маеўскую, Міколу Шабовіча і Ігара Пракаповіча... Дыскутавалі пра ўсё на сьвеце. Пяялі народныя песьні. Чыталі свае творы, да якіх адзін з кіраўнікоў сэмінару, Браніслаў Спрынчан, даваў вусныя рэцэнзіі, кшталту: «Хорошие стихи. Нужно основательно прополоть». Пасьля мы зь Сяргеем Сысом пайшлі ў Ракаў па гарэлку. Маленькі дзядок Рыгор Няхай таксама даў грошай і ўдакладніў: «Будзе гарэлка - вазьмеце пару пляшак, а як віно - бярэце мора!» На беразе гэтага мора расейскі паэт Пётра Кошаль раз-пораз кампэтэнтна зазначаў: «Это полтинник!» Пад канец сэмінараўцы выдалі насьценную газэту «Масонская лажа». Слова «постмадэрнізм» тады не прагучала ні разу.
І вось вясною 1990 году мы зь Ігарам Бабковым, сустрэўшыся ў кавярні менскага Дому літаратара, нечакана ў адзін голас загаварылі пра постмадэрнізм. Кожны ўжо добра-такі зжыўся з гэтым паняткам. Пагаварылі. Трохі прайшліся па Дубаўцу, які, ведучы рэй у літаратурнай крытыцы, абмінаў такую «важную праблему», і... зноў надоўга разьбегліся. У кожнага была свая гісторыя літаратурных дачыненьняў. Менавіта тады пад канец Ігар сказаў фразу, якая надоўга мне запомнілася:
- На жаль, кантэкст у беларускай літаратуры дэбільны.
- Яго таксама можна скарыстоўваць... - запярэчыў я, на што атрымаў адказ:
- Гэта ён цябе скарыстоўвае!
Далей мы не ўдакладнялі сказанага. Падазраю, што кожны меў на ўвазе сваё. Я - сацрэалізм, ён - проста глуш і правінцыйнасьць.
А ў Гародні канца 80-х - пачатку 90-х бушавалі творчыя жарсьці.
ІНФАРМАЦЫЙНЫ БУМТак сталася, што беларускасьць і мадэрновасьць зрабіліся для мяне калі не сынонімамі, дык нечым надта блізкім. У 1986 годзе, адразу па войску, аднаклясьнік пазнаёміў мяне з сваім стрыечным братам - арыгінальным мастаком, паўдысыдэнтам, твораў якога не прымала ніводная савецкая выстава, Алесем Аўчыньнікавым. Я на той час ужо захапляўся паэзіяй Разанава. І ўсё, што чуў ад новага сябра, уцягваў, як губка. Алесь упершыню паказаў мне самвыдавецкі «Бурачок», які зьедліва чытаў услых. Ён жа зацікавіў эстонскім часопісам «Радуга» («Vikerkaar»), які я стаў рэгулярна выпісваць. Менавіта з тае пары ўсіх «нацыяналістаў» з традыцыйнымі мастацкімі густамі я ўспрымаю няйначай як перафарбаваных савецкіх дыназаўраў.
Інфармацыйны бум 80-х зацягнуў мяне ў свой вір з галавою. Шмат разоў абсьмеяная перабудова сёньня мне бачыцца гэтакім маленькім рэнэсансікам. Людзі толькі ў такія пэрыяды, калі мяняюцца сьветагляды, і бываюць шчасьлівыя.
(З такой нагоды мне хацелася б успомніць адну гісторыю. Пры назіраньні на выбарах у Вярхоўны Савет 13-га скліканьня я меў гутарку з камуністкай, таксама назіраньніцай. Гэта была недурная, прыгожая і элегантная жанчына сярэдняга веку. Яна запыталася:
- Калі было лепей: цяпер ці раней? - і ўжо прачувала гарантаваную перамогу.
Калі б я сказаў «раней» - яна перамагла б адразу. Калі б я сказаў «цяпер» - яна перамагла б, узяўшы пару другую адмоўных прыкладаў з жыцьця. Але я яе моцна расчараваў, сказаўшы, што найлепей было пры гарбачоўскай перабудове, якую камуністы ненавідзяць.)
Зялёнае сьвятло для «нетрадыцыйнае» паэзіі загарэлася пасьля таго, як расейская «Юность» адзін за другім зьмясьціла свае славутыя «Выпрабавальныя стэнды». Зрэшты, «Шлях-360» Алеся Разанава, выдадзены яшчэ ў «застойныя» гады, надоўга перакрываў усе мажлівыя і немажлівыя экспэрымэнты.
Рэнэсанс канца 80-х, апрача ўсяго іншага, вылучаўся вельмі жывым тэарэтызмам. Першым модным і папулярным падручнікам для паэтаў майго кола стала кніга расейскага крытыка Міхаіла Эпштэйна «Парадоксы навіны». Паралельна зь ёю выйшаў у сьвет «Космас паэзіі» Канстанціна Кедрава. Адзін з асобнікаў праз пошту Саюзу пісьменьнікаў атрымала Данута Бічэль і падаравала мне. А калі ўрэшце стаў засвойвацца францускі крытык Ралян Барт, быў адкрыты Борхес ды іншыя, менш даступныя, клясыкі.
Наколькі мог, я стараўся здабываць інфармацыю з усіх бакоў. Выпісаў часопісы «Литературное обозрение», «Вопросы литературы», «Литературная учёба», пазьней - «Вопросы философии». Пад канец 80-х пачаў атрымліваць яшчэ малдаўскія «Кодры», досыць эклектычныя супраць «эстонскага брата», і - узбэцкую «Звезду Востока», якая, схамянуўшыся ўжо ў першай палове 90-х, ня мела сабе роўных паводле насычанасьці рознымі культурнымі пластамі. З расейскіх выданьняў, апрача памянёных і традыцыйнае «Литературной газеты», я падпісаўся на ўраўнаважаны, цэнтрыстаўскі «Новый мир». Усё гэта і многае іншае, што выпадкова трапляла пад рукі, проста фізычна нельга было асягнуць. Але затое я быў заўжды «ў курсе».
І яшчэ, галоўнае: з 1989 году я пачаў рэгулярна атрымліваць інфармацыйны весьнік «Центр», які неўзабаве перайменаваўся ў газэту «Гуманитарный фонд». Сёньня ўжо ня помню, якім спосабам давялося адкрыць «ГФ», аднак да 1994 году я трываў сталым чытачом гэтага ці ня самага постмадэрновага на той час выданьня. Калі «ГФ» надумаўся ўрэшце зьмясьціць поўную мапу сваіх падпісваньнікаў, дык выявілася, што ў Гародні ён мае толькі аднаго. Значыць, ніхто іншы з гарадзенцаў «ГФ» не выпісваў. Дзякуючы гэтай газэце да мяне сьцякалася ўся асноўная інфармацыя пра найноўшыя, праўда, пераважна расейскія літаратурныя зьявы на абшарах былога СССР. Праз «ГФ» я здабываў альманахі «Вестник новой литературы», часопісы «Лабиринт-Эксцентр» і альманах-дайджэст «Индекс», кнігу Тацяны Горычавай «Православие и постмодернизм», вершы Ігара Холіна, Генрыха Сапгіра і г. д.
У дадатак, я рэгулярна наведваў «Дом народнае творчасьці», куды пасьля кінатэатру «Чырвоная зорка» перайшоў працаваць Алесь Аўчыньнікаў, і браў там чытаць (потым сам выпісаў) мастацтвазнаўчыя часопісы «Творчество» ды «Декоративное искусство СССР». Асабліва цікава выглядаў апошні, што рэгулярна зьмяшчаў укладак новага мастацтва «Ракурс». Аднак усутыч праблему постмадэрнізму перада мной паставілі выпадкова набытыя ў шапіку «Саюздруку» выданьні, якіх я амаль што не спажываў. Гэта былі «моладзевыя нумары» латыскага літаратурнага часопісу «Даугава» (1989, № 8, пазьней яшчэ адзін - 1990, № 10) і расейскага мастацтвазнаўчага часопісу «Искусство» (1989, № 10).
Тыя два (дакладней, тры) нумары часопісаў сталі маімі настольнымі кнігамі. Дагэтуль іх захоўваю і час ад часу пераглядваю з тае ці іншае нагоды. Яны для мяне неперасягненыя ўзоры таго, якім мусіць быць праўдзівы інтэлектуальны часопіс: у меру сучасны і ў меру акадэмічны, гранічна разнастайны і ўнутрана цэласны.
Іншыя гарадзенскія паэты спакайней ставіліся да кніг і прэсы. Гумянюк, як чалавек заходні, часьцей пазычаў, чым купляў кнігі. Раз ён зьлёгку зачытаў майго Эпштэйна. Я змоўчаў, але моцна нэрваваўся. Балазе, Едрусь Мазько супакоіў - майго зачытанага памяняў на свайго новага. Андрэй Пяткевіч, майстар крылатых выразаў, іранізуючы над тою кнігаманіяй, прыдумаў фразу: «Пацюпа за кнігу можа чалавека забіць». Сам Андрэй найболей шанаваў часопіс «Наука и религия». Пазьней падараваў мне сваю падпіску ды зацікавіў урэшце гэтым выданьнем. Едрусь Мазько для выпісваньня абраў надзвычай модны латыскі «Роднік», потым яшчэ - тую ж «Даугаву», моцна паўплывала на яго і прыяцельства з Надзеяй Артымовіч. Гумянюк рэгулярна слухаў літаратурныя радыёперадачы.
Валоданьне інфармацыяй заўжды дае істотныя перавагі. Аднак калі куратар літаб'яднаньня «Наднёманскія галасы» Мікола Мікуліч успамінаў мяне як, «відаць, аднаго зь лідэраў сучаснай маладой паэзіі», дык быў ня надта дакладны. У гарадзенскім коле, супраць «Тутэйшых», не было лідэраў. Тут кожны быў лідэрам у сваёй галіне. Гумянюк паказаў сябе неперасягненым майстрам экстравагантнасьці. Мазько вылучаўся загадкаваю эзатэрычнасьцю. Ну, а Пяткевіч, ведама ж, ня меў роўных як палітычны паэт.
Аднак далучанасьць да інфармацыі давала мне змогу выступаць у якасьці «тэарэтыка». Прызнаюся, каб захаваць за сабою гэтую ролю, не кранаючы самалюбства калег, я сьведама затушоўваў уласныя паэтычныя амбіцыі. Ствараў вакол сябе міт паэта, які піша без натхненьня, розумам, спакойна накіроўваючы свае дзеяньні:
Звычайна ўсе паэты п'юць...
........................................
Я ж не паэт - гандляр, або
дырэктар дзіўнага музэю.
- Калі ласка! Каля ўходу
душа анучаю на плоце...
Але ня ўсё так проста. Пэўна што ў кожнага здараюцца пэрыяды, калі запраўды ўсе шляхі адчыненыя. А калі - і радка зь сябе ня выцісьнеш.
ВЕРШ-ГУРТ «ДЫЯГЕН»За горадам вырас пустэльны квартал
На ніўцы балотлівай гэткай.
Жылі там паэты, і кожны вітаў
Сустрэчных пыхлівай усьмешкай.
Радкі расейскага паэта мне згадваюцца заўжды, калі я ўспамінаю другую палову 1989 і канец 1990 году.
Не залюбіўшы інтэрнацкага калгасу, я асеў на кватэрцы па вуліцы Болдзіна, у стогадовай бабулькі Юзэфы. На бульвары Ленінскага камсамолу, што ляжаў тут пэрпэндыкулярна, разам кватаравалі Андрэй Пяткевіч і Юры Карэйва. Яшчэ на адным баку квадрата, на праспэкце Будаўнікоў жыў Юрка Голуб. Побач, у прыватным сэктары вуліцы Веры Харужай, разам з сваімі бацькамі, пад шатамі садочка, пажываў Юры Гумянюк. Далей на поўдзень, у прэстыжным доме вуліцы Горкага, раскватараваўся Аляксей Карпюк. Непадалёк, крыху на ўсход, на пакручастай вуліцы Каліноўскага, у сярэдняй рукі хрушчоўцы, асялілася Данута Бічэль-Загнетава. І, нарэшце, яшчэ ніжэй на поўдзень, у інтэрнаце гістфаку, што на завулку Даватара, месьціўся Едрусь Мазько.
Гэта яшчэ далёка ня ўсе жыхары паэтычнага кварталу. Вось крыху ўбок па Горкага кватэра № 13 Аляксея Пяткевіча. На БЛК можна было адшукаць расейскамоўнага паэта Ігара Заўялава. І ці мала каго. Неяк, значна пазьней, ідучы праз бульвар, я сустрэў дабрадушнага Ўладзімера Шурпу, які прывітаў мяне:
- А ты чаго ходзіш па маім сьметніку!
Балотлівы грунт сьметніку як найлепей спрыяў стварэньню літаратурных суполак. І такая суполка ўзьнікла. Назвалася яна «Верш-гурт "Дыяген"».
Было так. Надумаліся мы зь Едрусем Мазьком зьезьдзіць да мяне ў госьці, у мястэчка Азёры. На пляцоўцы прыгараднага вакзалу і ўзьнікла ідэя:
- Слухай, Эдзік, а давай створым верш-гурт... «Дыяген»!
На тым і пагадзіліся, ужо ў аўтобусе дадумваючы сваю ідэю. Да «Дыягену» ахвотна далучыўся Гумянюк. І ня мог не далучыцца Андрэй Пяткевіч, які практыкаваў лад жыцьця кініка. Адно Карэйва абачліва і ганарліва не хацеў ублытвацца ў усялякія сумнеўныя суполкі. Зрэшты, ён неўзабаве зьехаў у сваю родную Ліду. А на яго месца пасяліўся Сяргей Богуш, які вершаў не пісаў, але гадзінамі мог гаварыць пра літаратуру і вёў паэтычны лад жыцьця. Анатоль Брусевіч, тады яшчэ школьнік, да агульных спраў далучаўся паступова. Пра старэйшых паэтаў - Бічэль, Голуба - і гутаркі не было. Адчувалася дыстанцыя пакаленьняў. Гэта былі сур'ёзныя людзі, з пасадамі. Ня мы, блазны-студэнты.
Што такое паэтычная суполка, вельмі добра ілюструе анэкдот пра ўкраінцаў (ён і беларусам ня згорш пасуе, асабліва ў трэцяй частцы): «Адзін украінец - гэта бандэравец. Два ўкраінцы - партызанскі атрад. А тры - партызанскі атрад з здраднікам...»
У літсуполцы роля здрадніка пераходзіць з рук у рукі, як пераможны Чырвоны сьцяг. І, можна дадаць, мяняецца ў залежнасьці ад таго, з чые пазыцыі глядзець. Раней я нават не здагадваўся, што найменшае чалавечае згуртаваньне можа штохвілінна пладзіць гэтулькі інтрыг. Але... з дрэннага мы сьмяёмся, а запамінаецца толькі добрае.
Верш-гурт ня быў клясычным дазволеным уладамі літаб'яднаньнем кшталту «Наднёманскіх галасоў» ці недазволеным - на ўзор «Тутэйшых». «Дыяген» - гэта вузкае кола літаратурных сяброў, далёка не аднадумцаў. У назове яго няўзброеным вокам згледжваецца стылістыка рок-гуртоў, якія тады паўсталі замест афіцыёзных савецкіх «ансамбляў» (ВІА) ды неафіцыёзных расейскамоўных «групаў». Слова ж «Дыяген», само сабою, адсылае да антычных кінікаў.
Для мяне кінізм быў сынонімам эстэтыкі нонканфармізму, гратэску, парадаксальнага сьветабачаньня, сьмехавога пачатку ў культуры. Ён пачынаўся з Антычнасьці, выплываў і набываў тутэйшы аблік у беларускай літаратуры XIX стагодзьдзя зь яе бурлескам ды травэстацыяй і, урэшце, ажываў у сучасным андэрграўндзе зь яго «кухоннымі рэвалюцыямі». Упершыню пасьля нашаніўскае пары ў Францішка Багушэвіча зьявіліся пасьлядоўнікі, якія ўбачылі ў яго творчасьці іншыя і, як мяркую, глыбейшыя, чым проста сацыяльныя, пласты традыцыі.
(Напомню, у 1988 годзе выйшла хрэстаматыя зь беларускай літаратуры XIX стагодзьдзя. Я зачытаў яе да адклейваньня карэньчыка вокладкі. У 80-х - пачатку 90-х - пераймаў адтуль стылістыку і жанры (надумаўся абнавіць і адрадзіць чыста тутэйшы жанр гутаркі), да канца 90-х - праймаўся натуральнымі ўзорамі мовы, а ад нядаўнага часу - спасьцігаю загадкавую рытміку сылябікі.)
Для Андрэя Пяткевіча кінізм быў пэрманэнтным палітычным бунтам супраць таталітарнае дзяржавы, патаптаньнем нормаў філістэрскага грамадзтва. Ён, пісьменьнік, не цаніў пісанага слова, калі трэба было выбіраць паміж словам і ўчынкам. Супраць майго кінізму, як парадаксальнага ладу мысьленьня, ягоны кінізм зьяўляў бунтарскі стыль паводзінаў і філязофскі лад жыцьця.
Іншыя ж сябры гурту, шануючы кінікаў, адумыснага «фанатызму» не праяўлялі...
«ЛіМ» яўна перабольшваў, калі ў 1995 годзе, аказваючы Бум-Бам-Літ, пісаў: «Падобнага яшчэ не было ...на абшарах Беларусі».
Было... Хоць і не падобнае. (Прабачце за сафізм!) Радыкалізм «Дыягену» і Бум-Бам-Літу - не палітычны, як у «Тутэйшых», не арганізацыйны, як у ТВЛ, а менавіта эстэтычны. Аднак многае іх адрозьнівала. І ня толькі пара ды ўмовы існаваньня. Бум-Бам-Літ заўсёды пакідаў у мяне адчуваньне больш авангарднасьці, чым постмадэрновасьці. Зрэшты, сярод «Дыягену» больш авангардным быў Мазько. Гумянюк, як ні дзіўна, балянсаваў паміж пост- і проста мадэрнізмам. Пяткевіч жа наагул быў, як ён сам сябе называў, літаратурным «нінзя».
Так, відаць, не адсьпяваў авангард сваіх песень на тутэйшых абшарах... І тут ёсьць вельмі важны момант! Пэўна што, і запозьнена і заўчасна пачаўшыся, наш постмадэрн ня ведаў, што з сабою рабіць. Нездарма Зьміцер Вішнёў, выступаючы нядаўна ў Гародні, заўважыў: «Ну, а постмадэрнізм... Па-мойму, ён проста здох».
Ня буду спрачацца. Дарэчы, варта было б і акрэсьліць абсягі нашага спакмяня.
КААРДЫНАТЫ ПОСТМАДЭРНІЗМУКажуць, неяк францускі пазытывіст Агюст Конт, дазнаўшыся пра дыялектыку Гегеля, запытаўся ў таго:
- А ці нельга ўсё гэта карацей, прасьцей і па-француску?
На што Гегель з гонарам адказаў:
- Мяне нельга пераказаць ні карацей, ні прасьцей, ні па-француску!
Во як! Яшчэ ня так даўно (пару стагодзьдзяў таму) згерманізаваны славянін Ляйбніц (Любеніч) пісаў пераважна па-француску. Нямецкая мова, відаць, выглядала занадта... правінцыйна. А тут маеш...
Кепская тая філязофія, якая «не канвэртуецца», якую нельга пераказаць. Бо «карацей, прасьцей і па-француску» - гэта здольнасьць быць пераказаным. Здольнасьць да пераказу - уласьцівасьць навукі, няздольнасьць - уласьцівасьць мастацтва. Чым ямчэй пераказваецца філязофія - тым бліжэйшая яна да навукі. А якая з Гегеля навука - ведама, такая ж, як і мастацтва... І, ужо наадварот, кепскі той філязофскі дыскурс, які пнецца выглядаць навукавата. Так што - філязофія гэта бесьперапыннае хаджэньне па лязе...
Але й ня ў гэтым рэч. Тэорыя мастацкага кірунку, калі яна нечага вартая, мусіць быць выкладзеная ў некалькіх простых ідэях. Іначай, будзьце пэўныя, вам дураць галаву! Тут я не зьбіраюся даваць дэфініцыі постмадэрнізму - дарэчы, на дэфініцыі Карл Попэр наклаў такое самае вэта, як Кант на мэтафізыку, - але сякія-такія тлумачэньні зраблю.
Адзін зь першых прапагандыстаў постмадэрнізму ў абсягах былога СССР, латыскі прафэсар Іўбуліс, лекцыі якога мне пашчасьціла слухаць, звычайна казаў так: «Постмадэрнізм - гэта працяг і, адначасна, адмаўленьне мадэрнізму». І адразу ўдакладняў: «Поўнае адмаўленьне!» Менавіта ў сутыкненьні з мадэрнізмам, з авангардам і можна разумець гэтага ідэйнага «сьфінкса».
Авангард замыкае сабою рэнэсансавую парадыгму, запачаткаваную Дантэ і вычарпаную яшчэ рамантызмам. (Забыты Богам і людзьмі Аляксандар Яўлахаў неяк зазначыў: «Калі Дантэ першы чалавек Новага часу, дык Ніцшэ - апошні».) Усё, на што была здатная асабовасьць, цяпер выліваецца ў апошніх канвульсіях. Авангард гранічна напружвае мастацкую мову (выкручвае ёй рукі) і - надломваецца, ня даўшы рады спраўдзіць сваіх утопій.
З расчараваньня ў «здольнасьці новага выраку» і пачынаецца постмадэрнізм.
Звычайна, калі ўзьнікае патрэба тлумачэньняў, я зьясьняю яго праз трыяду (недыялектычную):
1. Цытатнасьць, бо ўсё тоіць у сабе сьляды недзе некалі некім нечага сказанага і нічога новага сказаць нельга.
2. Эклектыка, бо якога яшчэ выніку можна дабіцца ад скразнога цытаваньня, як не ўраўнаваньня ўсіх сродкаў і прыймаў.
3. Іронія, бо хіба ж эклектычны набор цытат можна аказваць якім іншым спосабам.
Аднак тэарэтызаваньне - далёка не адзіны і не найлепшы спосаб зьясьняньня. А таму дазволю сабе неклясычныя дэфініцыі авангарду і постмадэрнізму пры дапамозе «вяршоідаў», невялікіх тэкстаў-практыкаваньняў.
Першы зь іх, «Восень», напісаны як жарт у час нуднаватае лекцыі з нэатамістаўскае тэалёгіі:
0000000000000
+
∞
=
...............................
Другі я ўклаў як рабочую ілюстрацыю да разваг у дзёньніку аб ролі асымэтрыі ў паэзіі:
Над зямлёй ляціць карова,
а платы пасе трава,
не хапайце зор рукамі,
бо у лесе зьвер раве.
А трэці вяршоід, «Мужыцкая праўда», узьнік выпадкова пры чытаньні Кастуся Каліноўскага і запраўды ёсьць даслоўным цытаваньнем (апрача другога радка, які належыць Старому Ўласу) слыннае газэты:
Нарабілі канцылярый -
аж нічога не відаць.
Не ўсёроўна браць у сраку
ці з судом ці без суда.
З трох разоў прашу адгадаць: які з гэтых тэкстаў «авангардны», а які «постмадэрновы»?..
Як па-дзеля мяне, дык першы - узор авангарду, другі, у залежнасьці ад кантэксту, пойдзе і туды і сюды, а трэці... няхай будзе ўжо «поц…», прабачце, «пост- (як там яго?) ...мадэрн».
Калі першы высільваецца да зьнямогі, дык апошні фармальна нічым ня розьніцца ад «клясыкі».
ЯК ГЭТА БЫЛО? А цяпер вернемся да сюжэту.
Тое, што ў «Дыягене» ці не штодня ішлі літаратурныя дыскусіі - у тым ліку і пра постмадэрнізм, - бясспрэчна. Але дзе ўпершыню пра «гэтую пошасьць» напісана?
Мне нават самому цікава стала - дзе ж я «прагаварыўся»? І што ж... Калі не памыляюся, дык першым беларускім друкаваным выданьнем, якое абвясьціла час постмадэрнізму, была... малатыражка (наклад: 2000!) «Гродзенскі універсітэт». Улічваючы маладаступнасьць выданьня, варта ўспомніць паасобныя дэталі. Тады, дарэчы, яшчэ не ўсталявалася адзіная традыцыя менаваньня. І мне больш падабаўся (і цяпер падабаецца) тэрмін «трансавангард», які тарнаваўся ў малярстве, чым «постмадэрнізм», ужываны ў літаратуры, архітэктуры і філязофіі. (Калі ў першым падкрэсьлівалася роля эклектыкі, то другі толькі фіксаваў часавую пасьлядоўнасьць.)
Гэтую новую зьяву я разглядаў як кантэкст, разважаючы пра вершы Андрэя Пяткевіча (1989):
Традыцыйны шлях небясьпечны банальнасьцямі, стэрэатыпамі, паўтарэньнямі. Праўда, што такое новае сёньня? У часы трансавангарду няма нічога новага пад сонцам, найадважнейшыя шуканьні - другасныя. І тэрмін «трансавангард» можна прымаць за сынонім «плюралізму». Тут усё дазваляецца, ад кічу да элітарнасьці.
А празь які час, спрабуючы задэкляраваць мэтафізычныя, эстэтычныя і гістарычныя вытокі свае ўласнае паэтыкі, я прытарнаваў іншы, больш папулярны тэрмін для таго самага панятку (1990):
Сёньня, у зьвязку з крызысам постмадэрнізму актуалізуецца гетэрагеннасьць этнаграфізму ў сынтэзе з эзатэрычнасьцю авангарду.
Тады мне вельмі падабалася гуляцца «заморскімі» словамі. Праўда, слову «эзатэрычнасьць» не пашанцавала, яго ў тэксьце малапісьменная студэнтачка-карэктарка перавярнула на «эратычнасьць», а заадно і знакі прыпынку, як умела, расставіла.
Вось яшчэ адно з тагачасных - рэцэнзійных - разважаньняў (1991):
Жыцьцёвая сталасьць і дабрадушны скептыцызм набліжаюць пазыцыю аўтара да постмадэрнісцкае, хоць Дранько-Майсюк ні пост-, ні мадэрністам ніколі ня быў. Гэта хутчэй адбітак часу. Яго вершы вельмі часта здаюцца свабоднаю нязмушанаю гульнёю ў словы, занатоўкамі для сябе, а вэрлібры - нават празаічнымі маргіналіямі.
У пляне іранічнага сьветаўспрыняцьця Гумянюк быў адзіным маім калегам, які сьледаваў «запаветам постмадэрнізму». Аднак ён ніколі не вылучаўся ні тэарэтычным пурызмам, ні асаблівым тэрміналягічным пэдантызмам - яго больш цікавіў «розгалас», абстрактная «альтэрнатыўнасьць», таму ў яго сумяшчаліся як бы розныя пазыцыі: і рамантызаваны дэкаданс, і газэтная дыдактыка.
У крытычных тэкстах Гуменюка, дарэчы, згледжваецца нейкае асаблівае замілаваньне мілітарнымі вобразамі і найменьнямі: «Рыфмаваная атака» (1990), «Постмадэрновы прарыў» (1994).
Толькі наперад! Па ўсім фронце! А фронт гэты цягнецца ад глыбока чалавечных абстрактна-рэлігійных імпрэсій (Едрусь Мазько) да сацартаўскіх канцэптаў (Юрась Пацюпа), ад вершаванай надзённай публіцыстыкі і стылізацыі пад народнае (Андрэй Пяткевіч, Юры Карэйва) да тонкае іроніі і адкрытага зьдзеку.
У часы, калі «рыфмаваная атака» ўсё ж учыніла «постмадэрновы прарыў», Гумянюк надумаўся заняцца тэорыяй і папрасіў пачытаць што пра постмадэрнізм. Тады частка маёй бібліятэкі перавандравала да яго.
Тэрмін «постмадэрнізм» паступова так глыбока ўкараніўся, што пачаў пладзіць сваіх двайнікоў. Прыкладам, у мяне (успомнім падобнае ў Аркуша): «І ўсё ж у каштоўнасным сьвеце аўтар застаецца рэалістам, ці, дакладней, пострамантыкам, у новай кнізе гэта вызначылася канчаткова».
Або ў Андрэя Пяткевіча (1993): «Я хаця лічу сябе поствернікам, але «Бог» заўсёды пішу зь вялікай літары».
«КОЛА» І МІКОЛА Асобнае гаворкі вымагае мэзальянс «Дыягену» з унівэрсытэцкаю матрыцаю «Наднёманскія галасы» (яна пэрыядычна ўзнаўляецца). Пад канец 1989 году новы куратар «Галасоў» Мікола Мікуліч стаў чынна адраджаць занядбанае Міхасём Губярнатаравым літаб'яднаньне. Туды ён запрасіў і ўсіх «дыягенаў» (былых «галасоў»). Мы павагаліся, павагаліся - і ўрэшце пагадзіліся. Мэзальянс атрымаўся плённы, але досыць трагічны. Калі б мы не вярнуліся ў «Галасы», яны так і засталіся б банальнаю, вялаю суполкаю паслухмяных студэнцікаў. Ніякая куратарская актыўнасьць не стварыла б зь нічога нешта. А так - упершыню за ўсю гісторыю ГрДУ - «Галасы» «загучалі».
Прыпісваць гэта ў заслугу Мікулічу, які прыйшоў на ўсё гатовае, проста сьмешна. Быць добрым выкладнікам унівэрсытэту - яшчэ ня значыць мець харызму літаратурнага лідэра. Што ён мог нам даць? Ад кіраўніка літаб'яднаньня патрабавалася толькі адно: арганізацыя выступаў у самых розных аўдыторыях і лабіяваньне ў рэктараце літаратурных праектаў.
Усім гэтым і апекаваўся Мікуліч, які, сваім парадкам, атрымліваў шанец заявіць пра сябе. Што б ён сёньня ні гаварыў пра сваю бескарыснасьць, гэта ня так. Сьведчаньнем таму - публікацыі ў газэце «Гродзенскі універсітэт», дзе ён строга пільнаваў «шапку» «Наднёманскія галасы» і калі-нікалі як падзагаловак да «шапкі» вялікімі літарамі падаваў сваё імя, а слова «Дыяген», як мог - адсейваў. Так ніхто не рабіў ні да яго, ні пасьля.
Мікуліч усе нашыя «грандыёзныя» праекты насычаў другараднымі вучнёўскімі творамі, а пры патрэбе - шукаў сабе апірышча сярод гэтых другарадных, залежных ад яго, часамі расейскамоўных аўтараў. Тактыка нашага куратара - яскравы прыклад паводзінаў улады: абапірацца на менш самастойных дзеля кантролю за больш самастойнымі. Ці ня тое самае сёньня робіцца ў дзяржаўным маштабе?
«Дыягены» ад мэзальянсу з «Наднёманскімі галасамі» прайгралі больш, чым Мікуліч: мы засталіся зь мінусам, а ён - толькі з нулём. Усе нашыя зборнікі - і «Шлях», і «Кола» - абярнуліся сьмецьцем. Ніхто з тых, каго цягнуў з усяе сілы куратар, так і ня стаў паэтам. Затое іх «вучнёўства», нібы тая лыжка дзёгцю, перакрэсьліла гэтыя выданьні. Доўгачаканае «Кола» выйшла яшчэ горшым за «Шлях», аформленае ў стылістыцы «Маладосці» 50-х гадоў і неахайна ўкладзенае. Гэта якраз была тая правінцыйнасьць, якая паглынула першую хвалю беларускага постмадэрнізму. Надрукаваўшыся ў «брацкай магіле», я ўжо ня мог тыя самыя вершы даваць у часопісы.
Аднак сьветлых момантаў было нашмат больш. Унівэрсытэцкае кола паэтаў (неістотна, як яго называць) грымела сваімі выступамі па ўсёй Гародні і пазбывала сну многіх партыйных кіраўнікоў. Асабліва «страшна» гучалі палітычныя вершы Андрэя Пяткевіча, ці - «баевікі», як ён іх сам называў. Раздражнялі і выклікалі крыўду эпатаж Гуменюка, цьмянасьць Мазько і іронія аўтара гэтага «мэмуару». Асабліва шмат гоману нарабіў выступ у Доме палітасьветы перад камсамольска-камуністычным актывам.
Даходзіла да сьмешнага. Помніцца, адна дама, што пісала лісты ў час выступу, асабліва абуралася, калі да яе Едрусь Мазько зьвярнуўся - «пані». А пра Андрэя Пяткевіча неўзабаве пусьцілі плётку, быццам гэта незаконна народжаны сын Аляксея Пяткевіча - відаць, не падумаўшы, што байструкі звычайна маюць іншыя прозьвішчы. Зрэшты, доля сярмяжнае праўды тут была, бо Андрэй вучыўся ў Аляксея Міхайлавіча і мог лічыцца яго духоўным сынам.
Але ці не найбольшым дасягненьнем «Дыягену» было выданьне «Кола», спэцвыпуску «ГУ» (ня блытаць з аднайменным зганеным зборнікам). Выхад «Кола» таксама меў сваю перадгісторыю.
У 1988 годзе ад папулярнага клюбу «Паходня» аддзялілася найрадыкальнейшая група моладзі і, разам з Данутай Бічэль-Загнетавай, стварыла суполку імя Максіма Багдановіча (пры ягоным жа музэі). Што б сёньня ні казалі пра «раскольнікаў», але менавіта суполка стала выдаваць першую ў Гародні незалежную газэту «Рэанімова». Зь сяброў «Дыягену» ў суполцы Багдановіча чыннымі ўдзельнікамі былі толькі мы з Эдзікам Мазьком. Гумянюк цураўся палітыкі, а Андрэй Пяткевіч жыў у Гародні нерэгулярна. «Рэанімову» мы і хацелі зрабіць рупарам новага мастацтва. Але перавагу ў суполцы мела чыста палітычнае крыло на чале з Данутай.
Пад канец 1989 году ўрэшце дамовіліся, каб зрабіць мастацкі выпуск газэты. Аднак перасварыліся дзеля дызайну. Я абразіўся і адышоў ад суполкі, дзе, зрэшты, ужо зьявіўся Алесь Чобат і стаў адыгрываць вызначальную ролю. Чобат, зорка тагачасных мітынгаў, ні зь сяго ні з таго стаў яшчэ і вершы папісваць. Мы ж яго ўспрымалі няйначай як нэафіта-адраджэнца і застарэлага пачаткоўца ў паэзіі, які лезе не ў сваю дзялку.
Вось жа, не прабіўшыся ў незалежнай газэце (асобныя публікацыі не ідуць у разьлік), мы, з дапамогаю Мікуліча, дабіліся неверагоднага - літаратурных спэцвыпускаў унівэрсытэцкай малатыражкі («Органу рэктарату, парткаму, прафкамаў, камітэту камсамолу»!). Балазе, за рэдактара тады стаў Сяргей Лаўнік, учорашні выпускнік журфаку і ўдзельнік менскіх літаратурных тусовак.
У мяне ўжо даўно сьпела абурэньне, што нашыя часопісы, супраць іншых саюзных, неахвотна публікуюць беларускую філязофскую спадчыну і мала ўзычваюць месца новай літаратуры. Спачатку мне ў «ГУ» ўдалося апублікаваць пастыча, скампіляванае з розных тэкстаў Максіма Багдановіча, потым - урыўкі зь дзёньніка Казімера Сваяка. Спэцвыпуск «Кола» я задумваў на ўзор памянёнага «Гуманитарного фонда». Аднак спраўдзіць задуму ўдалося толькі пасьля майго ад'езду ў Менск. Таму рэдагаваць «Кола» стаў Гумянюк, хоць удзел іншых сяброў быў ня меншы.
Мікуліч (хвала яму за «Кола») і тут пасьпеў нашкодзіць. Ён сілком стаў усоўваць у выданьне нейкія расейскамоўныя прэтэнцыёзныя вершы - як аказалася, свае жонкі. Потым распачаў вайну з Гуменюком за публікацыю нібыта «антыэстэтычнага» вершу «Кавалер». Мой тэлефон у Менску разрываўся ад званкоў Андрэя Пяткевіча. Давялося нават ехаць у Гародню ў якасьці трацейскага судзьдзі і, за падтрыманьне Гуменюка, назаўсёды нажыць нянавісьць Мікуліча.
Аўтэнтычнага «Кола» з арыгінальным шрыфтам загалоўку, зробленым Алесем Аўчыньнікавым, выйшлі толькі тры нумары. Далей Мікуліч адхіліў Гуменюка ад рэдагаваньня і даручыў справу расейскамоўнай паэтцы Кацярыне Канчэўскай. У чацьвертым выпуску зьявілася шапка «Наднёманскія галасы», псэўдагатычны загаловак і дарэшты памяняўся склад удзельнікаў. Але такое «Кола» нікому не было патрэбнае. І зусім перапынілася. Ну, чысты холдынг!
І ўсё ж, кароткае жыцьцё «Кола» - адно зь дзівосаў перабудовы. У ім апрача гарадзенцаў друкаваліся Мікола Касьцюкевіч, Сяржук Мінскевіч, Алесь Аркуш, Ігар Сідарук, Анжаліна Дабравольская, Вольга Акуліч, Вітаўт Чаропка, Зьміцер Санюк, Вера Бародзіч. Ня ведаю, ці чытаў хто з заснаваньнікаў укладкі «ЗНО» наш спэцвыпуск, але менавіта «Кола» было правобразам «ЗНО». Менавіта тады «завязваўся» зьвяз Полацку і Гародні, які даў беларускай літаратуры ТВЛ і часопіс «Калосьсе».
ІЗАЛЯЦЫЯ ЦІ ДЭЗІНФЭКЦЫЯ?З усіх эстэтычных дыскусіяў за апошнія пятнаццаць гадоў ці ня самымі цікавымі былі дзьве: распачатая ў 1988 годзе Леанідам Дранько-Майсюком - для сябе ці грамадзтва піша паэт - і ўчыненая ў 1998 годзе Сяргеем Дубаўцом наконт савецкае літаратуры.
У артыкуле «Ружовы туман» Дубавец разьвіў свой колішні тэзыс аб тым, дзей, чым больш савецкасьці ў літаратурным творы, тым менш беларускасьці, і наадварот. З грунту - лепш і ня скажаш, але ў прыватнасьцях усё значна складаней. Ня ведаю, наколькі дакладна я ператлумачваю аўтара, але мяркую, што ён паставіў чыста мэханічнае заданьне: аддзяліць авечак ад казлоў, сьвятло ад цемры, савецкіх пісьменьнікаў ад несавецкіх, камуністычныя творы ад некамуністычных. Ці можна гэтага дабіцца? І што мы мецімем у выніку?
Аўтар ілюстраваў свае высновы цытатамі з твораў, дзе гаварылася пра Леніна, Партыю, Кастрычнік. Але няўжо да тых моўных знакаў зводзіцца савецкасьць? Яна залягае значна глыбей і, да гэтае пары непераможаная, дасюль душыць усё беларускае.
Савецкасьць зьява шматаспэктавая. Гэта ня толькі суцэльны нэгатыў, гэта пэўны пазытыў з сваімі ўласнымі правіламі гульні. Прыкладам, твор Максіма Лужаніна «Права на верш» нічога ні пра Леніна, ні пра партыю ня ўтрымлівае, але ён больш савецкі, чым славутая ода Аркадзя Куляшова «Камуністы». «Права на верш» - гэта свайго роду эстэтычны маніфэст сацрэалізму, савецкая філязофія творчасьці, па-свойму цікавая, але для мяне непрымальная.
Пазыцыі ўдзельнікаў дыскусіі можна было б зьвесьці да аднае апазыцыі: ізаляцыя ці рэабілітацыя сацрэалізму. Апошняе, зразумела, не падлягае аспрэчваньню. Ізаляцыя ж як пэўная праграма вымагала б уперад сэлекцыі, што зьвяло б намарна ўсе стараньні «сэлекцыянэраў». Больш за тое, яна пагражала б утоенай, яшчэ небясьпечнейшай формай рэабілітацыі. Аднак прынцып tertium non datur у лёгіцы даўно ўжо ня лічыцца безумоўным. І было ў нашае літаратуры tertium quid - шлях, пра які я тады не знайшоў часу напісаць. Які імпліцытна прапаноўваўся стратэгіяй гарадзенскага сацарту, шлях дэзінфэкцыі.
Сацартаўская дэзінфэкцыя, наадварот, даўнімала папярэднюю хай сабе не рэабілітацыю, але ж - легітымацыю сацрэалізму, улучэньне яго ў традыцыю як аднаго з этапаў, і паступовае зьвядзеньне да абсурду. Абяртаньне ўнявеч - дустам, аршэнікам, фэнолам, хлёрам, іроніяй. Каб пра сацрэалізм калі і ўспаміналі, дык толькі як пра «сьмешнага дзядзьку», кулдыяша нейкага, «вусатага пая». Змагацца, урэшце, трэба ня з тэкстамі, а з ідэалёгіяй у галовах. Дурныя галовы / матляюць вушамі / матляюць вушамі / дурныя галовы (А. Пяткевіч).
На жаль, брак належнае інфармацыйнае прасторы, нашая адзінота, нявызначанасьць ды інэртнасьць не спрыялі расчышчэньню трэцяга шляху. Няйначай, бракавала ў нашым коле Андрэя Хадановіча.
Між іншым, неяк Адам Глёбус папрасіў у мяне вершы для «Крыніцы», я даў яму постмадэрновую падборку, дзе быў і сацарт. Аднак мой постмадэрнізм «зарэзаў» Сідарэвіч. І раптам дзіва, якога не магу растлумачыць дагэтуль: у «Крыніцы» зьяўляюцца мае больш раньнія, «авангардныя» вершы, а яшчэ празь які час сацартаўскае «Мы» з «зарэзанае» падборкі, з належнаю савецкай атрыбутыкай, усплывае ў «Навінах БНФ».
Гаворачы пра сацарт - я маю на ўвазе «нелінейны» сьцёбавы сацарт як пэўнае адгалінаваньне канцэптуалізму. Ня раз ужо выказвалася думка, што на постсавецкай прасторы, дзе ролю мадэрнізму адыгрываў сацрэалізм, іншае рэалізацыі постмадэрновае ідэі і быць не магло. А бяз пэўнае базы, без сацыяльнага мастацтва ці г. зв. «грамадзянскае паэзіі», сваім парадкам, які ж сьцёб? У Беларусі традыцыі лінейнага, часамі нават кінжальнага сацарту вялікія. Досыць толькі ўспомніць Цётку, вершы якой шырыліся як праклямацыі:
Трэ' зьлізаць усіх міністраў,
Бюракратаў, антыхрыстаў.
Чую яшчэ голас зь неба,
Што цара павесіць трэба!
За савецкаю ўладай сацыяльнымі матывамі насычаецца нават лірыка. Узьнікае такая адмысловая форма радковае кампазыцыі, як «слоены пірог», дзе чыста лірычныя радкі межаваліся зь лёзунгамі, як, прыкладам, у Дубоўкі:
У даліны зьвіваецца змрок,
быццам кужалем выслана поле.
Пазлацістай убраны зарой,
не зацьміцца штандар наш ніколі.
Пазьней у Александровіча лірычны «слой» зусім зьнікае, ад паэтычнае ўмоўнасьці застаецца толькі «авангардызаваная» графіка:
Лёзунгаў мітынг
у акопы
бег -
зь візай культпропу
ЦК КПБ.
................
А ў 10 год
закон -
3600 дзён.
................
І пяе наўсьцяж
наш
Сель-
маш.
(Ну чысты Вішнёў! Толькі не афрыканскі, а савецкі.)
І, нарэшце, у Броўкі рыторыка панэгірычна-канформнага сацарту выкшталтоўваецца і дасягае абсалютнае «празрыстасьці» формы як чыстае ідэалёгіі, ці, інакш, тае «рафінаванасьці» абазначальнага, пра якую так марыў Ралян Барт:
Зямлю асьвятляе праменны усход.
Непераможны савецкі народ
Выйшаў ў апошні рашучы паход,
У сэрцаў імклівы, высокі узьлёт -
Камуны жаданай ясьнее прыход...
Які непаўторны і радасны час -
Сталін наперадзе нас!
У часы перабудовы Пімен Панчанка адраджае традыцыі кінжальнага, толькі куды лагоднейшага як у Цёткі, сацарту:
Тармажэньне, тармажэньне
І чыноўніцкі разбой.
Быццам зноў мы ў акружэньні
І вядзем сьмяротны бой.
Старэйшае пакаленьне беларускіх пісьменьнікаў, выхаванае на эстэтыцы «казаць праўду», на эстэтыцы «шчырасьці», пайшло за Панчанкам, але ня мела такой адвагі і выглядала блякла і другасна. Яны не разумелі, што іх творы ад гэтае «праўды», «надзённасьці» толькі прайгравалі. Сталі менш паэтычнымі супраць застойных пэйзажных элегіяў і нікога не палохалі, не чаплялі на тле куды дзяйсьнейшае газэтнай публіцыстыкі. Адным словам, цэлыя гады марных высілак! Іх паэтыку адзін з аўтараў тае ж «Даугавы» называў «псэўдапазыцыяй нігілізму», калі сацрэалізм цьвічыць самога сябе.
Тут мог дабіцца дадатнага выніку толькі першы і самы адважны. Але нішу першага ўжо заняў Панчанка. Пра яго тады адныя гаварылі як пра вяршыню паэзіі. Іншыя, наадварот, казалі - маўляў, Панчанка сьпісаўся, але надумаў хоць гэтак скарыстаць свой аўтарытэт і прынесьці карысьць. Зрэшты, і Панчанку ў цытаваным вершы даводзілася тарнаваць эпіграф зь Леніна. Зьдзіўляцца ня варта, бо Ленінам як таранам карысталіся ці ня ўсе: і Зянон Пазьняк, і Міхась Ткачоў, і Ўладзімер Конан. Такі быў час. Хоць гэта аслабляла напругу. Нездарма канцоўка цытаванага вершу гучыць двухсэнсоўна, нагадваючы жанр «лістоў да правадыра»:
Дарагі наш Гарбачоў,
Трэба рэвалюцыя!
Але быў паэт, шчыры пераемца кінжальнага сацарту Цёткі, «баевікі» якога было слухаць страшна (і адразу ж - вельмі сьмешна). Гэта Андрэй Пяткевіч. Ніхто з мора тагачасных палітычных аўтараў ня ўмеў гэтак трапна знайсьці адзіна патрэбныя словы і ўбіваць іх, як цьвікі ў труну:
Над нашай краінаю свастыкай зорка.
Партыйнай маною паветра прагоркла.
Свабода у межах калючага дроту,
Хіба ж нам дадуць камуністы свабоду?
У Рыме сусьветным, у тым маўзалеі,
Шкляная труна, там вампір акалелы.
Або:
Сьвята, імпэрскае сьвята,
Танкі на пляцы равуць.
У лягер, у турмы, за краты
Вядзе нас «октябрьскій путь».
Вершы Панчанкі на тле Пяткевіча адразу бляклі. Мала таго, пісаць падобнае, прыкладам «Оду Сахараву», Андрэй пачаў яшчэ школьнікам, у часы застою, зыскаўшы заразом і права першасьці. Адно што адважылася надрукаваць «такога» Пяткевіча толькі «Рэанімова». Дарэчы, нават радкі пра мову ў абодвух паэтаў пераклікаюцца.
Панчанка (1987):
Мілей мне «кнігаўка», чым «чыбіс»,
Бо голас кнігаўкі ў душы.
Пяткевіч (1986):
Стала зязюля
Звычайнай «кукушкай»,
«Птицами» сталі
Прыгожыя птушкі.
Гартаю анталёгію «Краса і сіла», укладзеную Скоблам, і дзіўлюся: аказваецца, абодва паэты, і стары і малы, памерлі ў адзін год, год антымоўнага рэфэрэндуму. Ці спадзяваўся гэтага Панчанка, пішучы:
А мову ледзь не затапталі
І асьмяялі, як раней.
А вы ў народу запыталі,
Якая мова нам радней?
У Пяткевіча нават гэтая зьбітая тэма выбівае сьлёзы з вачэй:
Родная мова -
Як лёд напрадвесьні.
Што крыгі на Нёмне -
Народныя песьні.
Аднак калі нясьцёбавы сацарт Панчанкі гучаў так:
Мы кормім бульбай паў-Расіі,
Шлём сала, мяса і алей,
дык сьцёбавы, аўтара гэтых радкоў, гэтак:
Тут бульба гнілая
расла на балотах,
а зараз шчасьлівы
і радасны час.
Каб як мага яскравей праілюстраваць розьніцу паміж «лінейным» і «адваротным» выказваньнямі, прытачу два санэты. Першы зь іх, друкаваны ў «Кантролі» «Тутэйшых», належыць Алегу Мінкіну, другі, друкаваны ў «Рэанімове», - мне. Верш, каб быць паэтычным, мусіць замыкаць у сабе супярэчнасьць, несьці нейкі парадокс. Лінейнае выказваньне нясьцёбавага сацарту ўнутры бесканфліктнае, адсюль яго непаэтычнасьць. Аднак апошняга ня скажаш пра санэт Мінкіна. Ён не такі просты, як падаецца адразу. Канфлікт і парадокс тут вынікаюць з розьніцы паміж дэкадэнцкім і адраджэнскім дыскурсамі. Канфлікт жа сьцёбавага сацарту палягае ў яго іроніі, неадпаведным тарнаваньні таталітарнага дыскурсу.
Самота (1989)
Мне рэжа слых хлусьня прамоў траскотных,
Мне сьлепіць вока яркасьць кумача -
Даўно мне ўсё абрыдла, апрача
Маўклівай непрытомнасьці самоты.
Ды ўсё ж, калі б у цішыні дрымотнай
Турыны рог прызыўна загучаў
І на лязе узьнятага мяча
Запалымнелі водсьветы паходняў -
Я ўсе сумненьні адгарнуў бы разам
І стаў пад белы сьцяг з чырвоным пасам,
Пад бел-чырвона-белы вольны сьцяг...
Чырвоны пас на белым тле Радзімы,
Ты клічаш нас за волі міг адзіны
Узьняцца і загінуць без разваг!
Санэт майго шчасьлівага савецкага дзяцінства (1990)
Палае сон пра дальныя краіны,
і пяцікутнае сьвятло зьвязды
на подушку ліецца, паязды
злучаюць мары у саюз адзіны;
вось сацрэалістычная карціна:
цьвітуць, нібы працоўны май, сады,
на палатне сьмяецца праз гады
ў пракураныя вусы дзед Скарына.
Ах, мне і сорамна і страшна жыць,
бо я ня ўмею партыі любіць,
бо я нічога іншага ня ведаў;
а на гумовай трактарнай хадзе
праз стэпы атамная лодка едзе -
ад нас гасьцінцы ў камунізм вязе.
ДАРОГАЮ ПЕРАМОГ І РАСЧАРАВАНЬНЯЎУвосень 1990 году, пасьля шлюбу з Анжалінай Дабравольскай, на цэлыя два гады я стаў жыхаром беларускае сталіцы. На маім вясельлі, а потым яшчэ на чарговым іслачаўскім сэмінары, гарадзенская і менская літаратурныя тусоўкі добра перазнаёміліся, паклаўшы пачатак супрацы ў «Коле» і г. д. Прыехаў я поўны імпэту несьці постмадэрнізм «у народ». Аднак на той час чыннае і жорсткае літаб'яднаньне «Тутэйшыя» вытхлася. Заставалася неакрэсьленая тусоўка «Крыніцы» пры «Чырвонай змене».
Алесь Масарэнка не шкадаваў ні часу, ні сілаў на сваё стварэньне. Ён паказаў сябе добрым дыпляматам і здолеў у «Крыніцах» падначаліць сабе літаратурны працэс. Пра тактыку яго дзеяньняў (з пэўнаю доляю жарту) можна сказаць так: ён разбэшчваў маладых друкаваньнем. У выніку гэта дало цэлае пакаленьне літаратараў, але, як той казаў, моцна занізіла «планку» вартасьці літаратурных тэкстаў. Постмадэрновым праектам было сказана па-тутэйшаму: асадзі назад. А дакладней - «калі ласка, толькі на агульных пачатках. З пачаткоўцамі і аксакаламі». Але існавалі іншыя формы жыцьця ў літаратуры.
Неяк на беразе Сьвіслачы, каля дамка РСДРП, я сустрэў свайго калегу па гарадзенскай alma mater, літаратуразнаўцу Зьмітра Санюка. Ён быў зь нейкай асьпірантачкай з Акадэміі навук. Мы шпацыравалі ўздоўж бэтоннага парапэту і заўзята спрачаліся. Асьпірантачка з аплёмбам, уласьцівым толькі работнікам Акадэміі, і з правінцыйна-кансэрватыўным патасам, уласьцівым ня толькі работнікам гэтае ўстановы, даводзіла мне, што я моцна адстаў ад жыцьця. Што ад постмадэрнізму на Захадзе даўно ўжо адмовіліся.
- І што там цяпер у модзе? - зьедліва пытаўся я.
Асьпірантачка нічога выразнага сказаць не магла. Зь яе слоў выходзіла, дзей перамог, як заўсёды, рэалізм.
- Ну-у, гэта мы ўжо ведалі. У казках заўсёды перамагае дабро. У шчырых сяброў - дружба. А ў савецкай (і беларускай акадэмічнай) тэорыі літаратуры заўсёды перамагае рэалізм.
Тутэйшае «шапказакіданьне», скіраванае толькі на тое, каб нічога не мяняць, ды ўбіванае ў галовы такім асьпірантачкам і ўсякім іншым «маладым паэтам», раздражняла да скрыгату зубоў. Зрэшты, ня ўсё было так безнадзейна.
У «новай генэрацыі», як нас усіх ахрысьціў Алесь Аркуш, заўжды выразна адчувалася памкненьне да «абстрактнай авангарднасьці». А разуменьне постмадэрнізму прыжывалася нялёгка. А прыжыўшыся - не заўсёды адпавядала сваёй «генэральнай лініі».
Помніцца, на менскую кватэру, дзе мы жылі з Анжалінай Дабравольскай, завітаў у госьці Серж Мінскевіч. Пакуль Анжаліна бавілася на кухні, мы ў цесным пакойчыку, абстаўленым кнігамі, распачалі спрэчку. Хто хоць раз спрачаўся зь Сержам, ведае, якая гэта нялёгкая справа...
Я даводзіў, дзей авангардная пазыцыя страціла актуальнасьць.
- Ну добра, добра... - распаляўся Серж, - а чым твой постмадэрнізм прынцыпова розьніцца ад авангарду?
Даводзілася ўжо раз трэці паўтараць довады пра цытатнасьць, іронію, эклектыку, сымулякры, цэнтоны і іншую падобную біжутэрыю. Пра адмаўленьне ад устаноўкі на арыгінальнасьць і аўтарства... Пра патрэбу зважаць на сацрэалістычны кантэкст...
Ня ведаю, ці пераканаў я тады Сержа хоць у чым. Пэўна што не. Але праз чатыры гады, сустрэўшыся ў Полацку на тэвээлаўскай канфэрэнцыі, мы выявілі, што крыху памяняліся ролямі. Серж быў ужо заўзятым прыхільнікам постмадэрнізму, а я ўздумваў, як бы гэта пахіліць беларускую літаратуру ў бок Высокага Акадэмізму. Але пра гэта пазьней.
Вярнуўшыся ў 1992 годзе пасьля Менску ў Гародню і стаўшы на працу ў Гарадзенскі ўнівэрсытэт, я адразу ж прапанаваў, і вясною 1993 году прачытаў адумысны спэцкурс «Постмадэрнізм і беларуская культура». Хіба што гэта быў першы ў Беларусі спэцкурс з постмадэрнізму (і, адначасна, мой першы крок на ніве вышэйшае школы). Але праз год ад імпэту мала чаго засталося. Я зразумеў, што прыкладаў да тэмы мала, а прапагандаваць сумнеўныя ідэі ня варта. І вось толькі ўзімку 2003/04 году я вярнуўся да нашае тэмы і прачытаў спэцкурс «Мадэрнізм і постмадэрнізм у гісторыі беларускае культуры». Калі першы зь іх больш арыентаваўся на пашырэньне сусьветных дасягненьняў і прызначаўся для філёлягаў-беларусістаў, дык другі быў адрасаваны гісторыкам і абапіраўся на больш шырокі абсяг фактаў беларускае культуры. Гэта пэўным парадкам ход ад маніфэсту да падсумаваньня.
Постмадэрнізм «крыху памёр» для мяне як уласная практыка ўжо пасьля першага спэцкурсу, бо ўсё, што становіцца здабыткам акадэмічнага вывучэньня, «крыху памірае». Я ніколі тады ня думаў вось пра гэткае адраджэньне ў выглядзе дыскусіі. Але сьмерць яго не была канчальная.
У траўні 1993 году ў Гародні адбывалася канфэрэнцыя «Рым-IV». Паседжаньні канфэрэнцыі праходзілі ў памяшканьні тэатру Тызэнгаўза. А ў перапынках мы выходзілі на двор і адразу траплялі ў парк Жылібэра. Тады Ігар Бабкоў падпісаў мне свой зборнік: «Аднойчы ў Гародні ў доўгі-доўгі дзень». Ігар, я і Анжаліна Дабравольская блукалі ў парку і гутарылі пра ўсё, што нас хвалявала. У тым ліку і пра сучасную літаратуру. Ня раз загаворвалі пра постмадэрнізм. І тады Ігар прапанаваў цікавую рэч:
- Трэба ствараць міт Гародні як постмадэрновага гораду.
Пасьля дадаў:
- Толькі старацца не ўжываць слова «постмадэрнізм».
Сумняюся, ці помніць хто яшчэ з удзельнікаў гутаркі гэтыя словы... Але праз кароткі час усё памянялася.
Сумоўе з культураю ў чалавека такое самае, як і з асобамі. Суразмоўцы дзеляцца на два тыпы: згодлівыя і спрэчлівыя. Першыя, нават калі ня згодныя, падладжваюцца пад вас, шукаюць пункты паразуменьня. (Я, здаецца, пры ўсёй сваёй няўступлівасьці, адношуся да першых.) А спрэчлівыя, нават пры агульнай згодзе, нешта пярэчаць вам, нешта ўдакладняюць. Ігар Бабкоў адносіцца да другога тыпу. Ты пачнеш сьцьвярджаць гэта, а ён - тое, ты - тое, а ён - гэна, і г. д.
Дык вось, ці не праз год, у Менску, можа, на прэзэнтацыі часопісу «Калосьсе», можа, на ўшанаваньні «Гліняным Вялесам» Ігара Бабкова тэвээлаўцы, асабліва Юры Гумянюк, шмат гаварылі пра постмадэрнізм, пра супраціў СП ды сацрэалізму. Ігар выступіў ад імя «Нашае Нівы» і ў досыць катэгарычнай форме заявіў аб заўчаснасьці постмадэрнізму на беларускім абшары ды аб сваёй прыхільнасьці да авангарду. Заразом падкрэсьліў пазытыўнасьць, а не нэгатыўнасьць, нашаніўскае праграмы супраць тэвээлаўскае.
Такая мэтамарфоза мяне крыху зьдзівіла, але ня надта... Бо для запраўднага мастака падпяваць таму, што стала агульнапрынятым, як кажуць расейцы, «в падлу». Адно што нэгатывізм, гнаны Бабковым празь дзьверы, улез тут праз акно.
Прыкладна тады, у час «Рыму-IV», я выступіў з дыскусіяй у «ЛіМе» з тэкстам «Да традыцыі». Вусная рэакцыя калегаў-літаратараў на гэты артыкул была вельмі жывая. Для мяне ж той тэкст станавіў сабою пачатак пералому і першага публічнага разьмежаваньня з постмадэрнізмам. Залозка адразу згледзеў новы ўхіл і запытаўся неяк пры нагодзе:
- Па-мойму, гэты артыкул пост-постмадэрновы?
Я пагадзіўся, усьцешаны, што галоўнае не прамільгнула незаўважаным.
Чаму ж мне постмадэрнізм раптам так спракудзіў?
Калі адбываўся развал камунізму, дык увесь комплекс антыэстэтызму, які нёс з сабою «лагодны» постмадэрнізм - у большай ступені, чым «хуліганаваты» авангардызм, - быў дарэчы. А пазьней я заўважыў, што замест абяцанае «дэканструкцыі» постмадэрнізм нясе «дэструкцыю».
Расейскі «Гуманітарный фонд» усё больш і больш паўтараўся. Адзін зь яго аўтараў, Баніфацы, пісаў прыкладна гэткія тэксты: «Я вельмі люблю хезаць... Вось хезаў бы і хезаў!» Пазьней, на тэвээлаўскай канфэрэнцыі ў Полацку, я меў гонар пазнаёміцца з ствараньнікам маскі «Баніфацы». Тады аўтар пасьпеў разьвітацца з сваім героем і пачаў пісаць паліндромы. Але «ГФ» мяне ўжо не цікавіў.
Ня надта моцна адставаў ад Баніфацыя і гарадзенец Юры Гумянюк. Яшчэ ў легендарныя дыягенаўскія часы, нібы прачуваючы нешта такое, у прадмове да вершаў Гуменюка я гэтак асьцярожненька адмежаваўся ад яго эстэтычнае пазыцыі:
Пры татальным выраджэньні густаў дылема «падабаецца - не падабаецца» абсалютна нічога не выракуе. Таму я ўстрымаюся ад выказваньня свайго гледзішча, абмовіўшыся, што мае густы крыху кансэрватыўнейшыя, чым аўтаравы. Гэтыя вершы халодныя, як жыцьцё па сьмерці. Яны альтэрнатыўныя ўсебакова, нават у дачыненьні да лірызму. І такая якасьць зь цягам часу праяўляецца ўсё больш пасьлядоўна.
Ведама, ці варта зважаць на ўсе выдаткі кірунку. Але постмадэрнізм ня спраўдзіў галоўнага ўскладанага на яго спадзяваньня - наўзамен унівэрсалізму XVIII-XIX стагодзьдзяў пад сьцягам плюралізму пашырыць мультыкультуралізм XX-XXI стагодзьдзяў. І што ж, замест росквіту маргінальных культур мы атрымліваем росквіт культуры маргіналаў. Усе заганы ранейшых часоў глябалізацыя толькі абвастрыла, і постмадэрнізм дапамагае ім як хваробе кашаль, калі не сказаць горш.
Гэта я пачынаў разумець яшчэ ў 1994-1995 гадох, калі Алесь Аркуш ладзіў літаратурныя канфэрэнцыі. Я браў у іх адумысна пасіўны ўдзел, ехаў, пачуваючыся вэтэранам постмадэрнізму, які сьведама адышоў ад «школы»: няхай моладзь бавіцца! Ведама, у мяне была, як я ўжо казаў, ідэя глыбока вынашанага Высокага Акадэмізму. (Цяпер я гэта называю прасьцей - нэаклясыцызм, а тады проста не хацеў паўтараць ведамую плынь украінскае паэзіі.) Але выступіць зь ёю сярод удзельнікаў, якія прыехалі разбураць «старызну», дзяліцца «авангарднымі» і «постмадэрнымі» набыткамі, - было б сьмешна. Я выглядаў бы выпадковым рэтраградам. Апрача кулюарных гутарак зь Сержам Мінскевічам у шэрым калідоры полацкага гатэлю, я падзяліўся сваімі думкамі зь Ігарам Бабковым.
- Нешта ты ня тое гаворыш, дзядзьку! - заўважыў мне Ігар.
Я горача аргумэнтаваў сваю паставу, на што атрымаў адказ:
- Ну дык рабі, раз так мяркуеш.
Ня вабіла мяне там, дарэчы, і лінія літаратурнага «нацыяналізму», якая брала пачатак з «Тутэйшых» і якую працягваў Славамір Адамовіч, прыдумаўшы свой чыста дэкадэнцкі «Правы Рэванш».
Што да нацыяналізму, дык не абышлося тут без анэкдотаў. Выступіў я ў спрэчках супраць масквіча Дьмітрыя Кузьміна, дзей няслушна ў літаратуразнаўстве пэдаляваць сэксуальную арыентацыю, бо гэта рэч пазалітаратурная. І патлумачыў праз мэтафару. Маўляў, з дрэва ці цэглы можна пабудаваць і прыбіральню, і храм, але для нас важнейшы не матэрыял, а функцыянальнае прызначэньне і стылістыка збудаваньняў. Гаварыў я, як і бальшыня, па-беларуску. Кузьмін не зразумеў, што такое прыбіральня, і перапытаў. Потым мы паселі ў аўтобусы і рушылі на абед. На выхадзе з аўтобуса падходзіць да мяне Ігар Бондар-Тарэшчанка, што з Харкава, і кажа: «Во маскалі хамы! Прыехалі і паказваюць, што беларускае мовы не разумеюць».
Увечары вяртаемся тым самым аўтобусам з канфэрэнцыі ў гатэль. Ужо цёмна, і суседзяў не распазнаць. Сяджу і чую за плячыма голас Лявона Вольскага, да некага гаворыць: «Усё ж нам яшчэ бракуе выхаваньня. Вось Пацюпа. Бачыць, што чалавек з Масквы прыехаў. А не! Зьвяртаецца да яго па-беларуску». Во яны - украінскі «нацыяналізм» і беларуская «талерантнасьць»!
ВЕЧНАЕ ВЯРТАНЬНЕ І БЯСКОНЦЫ ТУПІККалі глянуць на рэчы глыбей, дык прыняцьце ці непрыняцьце постмадэрнізму залежыць ня толькі ад густаў, але і ад бачаньня гістарычнага працэсу. Першае некалі досыць яскрава выказаў Яўген Міклашэўскі, няўдольны куратар «Тутэйшых» (1989):
Будучыня нашай паэзіі схавана ў такім тумане, што разгледзець у ім што-небудзь проста немагчыма. Патрэбен нейкі новы сацыяльны зрух, бо ажыўленьне палітычна-грамадзкай актыўнасьці нефармальнага руху беларускай моладзі не паспрыяла ажыўленьню чытацкай цікавасьці да паэзіі.
Каб выжыць, паэзіі трэба зрабіць незвычайны скачок! Толькі ў чым? У адлюстраваньні духоўнага сьвету чалавека з адначасовым павышэньнем узроўню майстэрства і культуры мовы? Ці ў нечым іншым? Авангардызм - мастацтва для мастацтва, іншай альтэрнатывы няма.
А ў нас, здаецца, яшчэ не было «дзевятнаццатага стагодзьдзя» беларускай клясычнай паэзіі. Тады наперад - да клясычнай дасканаласьці.
Тыя самыя думкі, сказаныя тут пра літаратуру, праз чатыры гады выказвае тэарэтык філязофіі Мікола Крукоўскі (1992):
Асьцярожнымі нам трэба быць і з сучаснай заходняй філязофіяй, і, можа быць, нават у большай ступені, чым з расейскай... Філязофія гэта... знаходзіцца зараз на зусім іншай, процілеглай па сутнасьці, фазе свайго разьвіцьця, чым тая, у якую толькі-толькі ўваходзіць беларуская філязофская думка, беларускі сьветапогляд.
...Нам лепш выпадае арыентавацца на вяршыні эўрапейскай культуры, а не на пэрыяды яе ўпадку... Залаты век Скарыны, век Асьветніцтва зь яго найвышэйшым пікам, філязофія Гегеля - вось тыя вяршыні, на якія нам трэба раўняцца...
Для нас зараз шкодныя (не магу, на жаль, знайсьці іншых слоў) эпігонскія эскапады супраць розуму і рацыяналізму, што гучаць часам з вуснаў мясцовых адэптаў «неклясычнага» мысьленьня.
Супраціўны пагляд, каб далёка не хадзіць, праілюструю сваімі колішнімі разважаньнямі (1992):
На сёньняшні дзень цяжка знайсьці культуру, якая была б абсалютна адмежаваная ад культуры сусьветнае. Таму кожная нацыя зьяўляецца ўдзельніцаю і складнікам адзінага сусьветнага кантэксту. Сытуацыя постмадэрнізму, характэрная для разьвітых краін Заходняе Эўропы ды Амэрыкі, у той ці іншай меры, ня можа не трываць і на Беларусі.
Або (1994):
Параўнаньне культур зь біялягічным арганізмам ня больш чым мэтафара, таму гаварыць пра «старыя» і «новыя» этнасы трэба вельмі асьцярожна. Лепш казаць аб «старэньні» зямной цывілізацыі. Наяўнасьць сусьветнага кантэксту вымушае старэць усе культуры, на якой бы стадыі разьвіцьця яны ні знаходзіліся. Гэтак званае «паскоранае разьвіцьцё» ёсьць ня што іншае, як уплыў сучаснасьці на новага суб'екта гісторыі.
Абедзьве пазыцыі выходзяць з двух розных кшталтаў гісторыі: цыклічнага і лінейнага. Неяк Гачаў прытарнаваў да іх унутраныя формы абазначэньня часу: расейскае 'время' (ад 'вертеть') і нямецкае 'Zeit' (ад zien - 'цягнуцца'). Іншых кшталтаў, на першы пагляд, нельга прыдумаць. Тарнаваная ў савецкай дыялектыцы сьпіраль (здаецца, упершыню ў Леніна ў «Філязофскіх сшытках») - гэта толькі кантамінацыя лініі і кола. Але ўнутраная форма беларускага слова 'час' (ад 'часаць', 'касіць') падказвае, што ёсьць трэцяя мадэль руху - броўнаўская. Першыя дзьве схемы гістарыцыстаўскія - прыкладам, цыклічную як «вечнае вяртаньне» тарнаваў Ніцшэ, лінейную намяркоўваў у сваім бачаньні гісторыі Маркс. Трэцяя - антыгістарыцыстаўская, яе мы прачытваем у выраку Попэра: «Гісторыя ня мае законаў».
У мяне заўсёды выклікалі сумнеў рознага кшталту цыклічныя канцэпцыі. Калі «наўчоны муж» пачынае на поўным сур'ёзе разважаць, падганяючы факты, на якой стадыі трывае сёньня беларуская культура, дык узьнікае такое самае няёмкае пачуцьцё, як і пры навукаватых прытарноўваньнях экзальтаванаю дамаю асаблівасьцяў вашага характару да знаку задыяку. Аднак гістарыцызму пазбыцца нялёгка. І ўсе мае колішнія разважаньні, дзей беларуская культура мусіць упісацца ці там «дагнаць і перагнаць» сусьветны працэс, нічым ня лепшыя. Знаёмства з Карлам Попэрам і Джорджам Бэрклі ў сярэдзіне 90-х добра ачысьціла мае мазгі ад эсэнцыялістаўскага рамантызму і гістарыцыстаўскіх утопіяў. Ці інакш: вывела зь бясконцага тупіку вечнага вяртаньня.
Трэба баяцца быць модным. Бо быць модным - гэта значыць заўжды адставаць, ісьці за некім. Мы былі модныя ў XVII стагодзьдзі, калі перапявалі схалястыку і картэзіянства, мы былі модныя ў XX стагодзьдзі, калі перапявалі марксізм-ленінізм. І будзем модныя зноў, засвоіўшы постмадэрнізм. Але гэта ня значыць, што мы не павінны быць «у курсе», што дзе робіцца ў сьвеце. Бо ведама, «прастата, якая не прайшла стадыі складанасьці, - прымітыў». І не павінны вечна вынаходзіць ровар, як гэта робяць расейцы.
А вяртаючыся да правінцыйнасьці, мушу ўрэшце прызнацца, што з таго часу, як я стаў больш думаць пра, як казаў Ян Станкевіч, «нашыя заданьні» і пісаць менавіта пра іх, а рупіцца толькі пра беларускага чытача (бо француз найперш дбае пра францускага), я стаў адумысна культываваць правінцыялізм. У найлепшым сэнсе гэтага слова. Мару, каб увесь сьвет стаў адной (але не аднастайнай!) вялікай правінцыяй. І заразом асаблівае замілаваньне і цікавасьць маю да «кніг, якіх ніхто не чытае», кажучы словамі Платонава.
На тых тэвээлаўскіх канфэрэнцыях за столікам кавярні я з расчараваньнем даведаўся ад Ільлі Сіна, што Бум-Бам-Літ хоча ствараць гарадзкую літаратуру. І ня хоча сьледаваць традыцыі. Вось тут «мой постмадэрнізм» не супадае «па фазе» прынцыпова. Бо я, наадварот, усё жыцьцё зямлю (прабачце, кніжкі) грыз, каб быць больш традыцыйным, чым мае савецкія папярэднікі. А з горадам, думаў, пасьля «Тутэйшых» ужо разабраліся. Ажно не. Добра што хоць Купала не ствараў вясковае, а Багдановіч - гарадзкое літаратуры. Між іншым, гэта ня так цяжка. Магу даць пару рэцэптаў. Калі хочаце, каб у вас была гарадзкая літаратура, абавязкова пішэце пра ліхтары. А калі задумалі яе зрабіць у дадатак і інтэлектуальнаю, дык абавязкова напішэце, як вы п'яце каву. І чым меншымі глыточкамі вы будзеце піць каву, тым інтэлектуальней атрымаецца.
Заўжды ганаруся сваёю хутаранскасьцю і местачковасьцю. І мяне ніколі не пакідала мара зрабіць «вясковасьць» беларускай культуры яе «фірмовым знакам», якім можна ганарыцца, які служыў бы ўзорам для перайманьня (і будуць амэрыканцы // прыходзіць сакрэт пераймаць), а не «ганебным таўром». Як гэтага дабіцца? А вельмі проста: раз - навучыцца ганарыцца сваёю адметнасьцю, два - падмацаваць абраную пазыцыю інтэлектам. Наш сорам, і ня што іншае, ператварае вясковасьць у ганебнае таўро.
ЗЬВЯДЗЕНЬНЕ РАХУНКАЎ, АБО АПАЛЁГІЯЧаму сёньня мы так баімся казаць узвышаныя словы, пісаць узьнёслыя вершы? Усё патанула ў іроніі. Іронія ператварылася ў сьцёб. Паэты ня пішуць, а «сьцябаюцца». Бо няма вышэйшага аўтарытэту. Няма эліты як клясы. Няма вяршыні, да якой хацелася б імкнуцца. Няма каму несьці адказнасьць за вышыню пачуцьцяў. Адным словам, сучаснае грамадзтва ня можа спарадзіць нічога падобнага да ўзвышанага, бо ня мае клясавай гіерархіі. І тэрмін «узвышанае» стаў непатрэбны ў эстэтыцы.
Дзіўна, аднак марксісты, якія больш за ўсіх крычалі пра клясавасьць, не зразумелі клясавасьці ў эстэтыцы. Адмаўляючы клясавасьць ды Бога, яны мусілі б адмовіць узвышанае, а разам зь ім - і мараль, і этыку. Гіерархія клясаў, на вяршыні якой ёсьць Бог, мае ня толькі эканамічнае, але і маральна эстэтычнае значаньне. Марксістам нічога не заставалася, як узаконіць «анахранізм» тэорыі і заразом абвяшчаць «прагрэсізм» на практыцы. У сучасным мастацтве няма яднальнага стылю, бо няма гіерархіі і аўтарытарнае ідэалёгіі. У лепшым разе ёсьць стылізацыя. У горшым - і таго бракуе. Яшчэ ў XIX стагодзьдзі замест нормы прыйшоў гістарызм. Менавіта ён зьеў стылі. Стылізацыя - гэта законнае дзіцё гістарызму.
«Буржуазнае» мастацтва падзялілася на масавае і элітарнае. Усе жанры зьліліся ў нешта адно невыразнае. Тыповым узорам гэтай невыразнасьці ёсьць раман. У савецкім мастацтве наагул адмаўляўся стылёвы падзел, хоць кволенька культываваліся жанры. Настала пара Вялікага стылю і Вялікае шэрасьці.
Сацрэалізм, такім парадкам, меў адзінства, але ня меў гіерархіі, а «буржуазнае» мастацтва мела пэўную гіерархію, але ня мела адзінства. Насамрэч падзел на масавае і элітарнае ня ёсьць праўдзіваю гіерархіяй, а толькі квазігіерархіяй, якая нічога агульнага ня мае з жанравай гіерархіяй клясыцызму. Усё займальнае, але пустое сёньня адносіцца да масавага, а ўсё разумнае, але нуднае, - да элітарнага. Рана ці позна элітарнае ператворыцца і ў нуднае і ў пустое, саступіўшы месца масаваму. (Тут я сходжуся ў думках з Жукоўскім. А прымітыўна кажучы, вершы пажадана мусяць быць мэтрычныя, а проза - сюжэтная.)
Эліта і элітарнасьць у гэтым сьвеце выракаваныя на заняпад. А тое, што розныя сацыяльныя групы сёньня хацелі б назваць элітай, ёсьць самазванства. З гэтае прычыны і паэзія - від мастацтва, які адмірае. Яна - супраць песьні, якая і старэйшая, і даўгавечнейшая, - заўжды была элітарнаю. І адмірае не таму, што не выносіцца на стадыёны, як у 60-я гады, не таму, што ня можа перамагаць на рок-канцэртах, як некалі ў 1987 годзе на Рок-Кроку (найменьне далі камсамольцы, каб не ўжываць «Рок-Фэст») перамог Анатоль Сыс. («Мроя» заняла першае месца, Сыс - другое, а «Бонда» - толькі трэцяе, але Сыса не ўлічылі, бо не музыка.) А таму, што ня мае свае аўдыторыі, эліты.
Ня дзіва, філёзафы арыстакраты, ад Геракліта да Канстанціна Лявонцьева, ненавідзелі і ненавідзяць прагрэс. Не таму, што над імі ўладараць прагматычныя, «клясавыя», як сказалі б марксісты, інтарэсы. А таму, што яны - носьбіты той культуры, якая пры прагрэсе відочна разбураецца. Пралетар ня можа шкадаваць культуры, бо ён не валодае ёю. Арыстакраты, такія, як Плятон, ня могуць зжыцца з тым, што рэчы становяцца «працэсамі», што ўсё вартае вечнасьці бурыцца. Яны прыдумваюць для іх вечнае (хоць ілюзорнае) існаваньне - ідэі.
І АГЛАБЕЛЬНАЕ... Раз ужо я ўбіўся ў спрэчку, дык мушу разьвязаць пытаньне і наконт прыналежнасьці (ці непрыналежнасьці) мяне і маіх «Юрлівых санэтаў» да постмадэрнізму. Але спачатку стары анэкдот.
Даведаўся КДБ, што ў суседнім доме дворнік - выкапаны Карл Маркс. Выклікаюць дзядзьку і пытаюцца:
- Ведаеце да каго вы падобныя?
- Ведаю, - адказвае, - да Карла Маркса!
- Ну, дык няёмка ж неяк... Дворнік - і Карл Маркс! Вы б хоць бараду згалілі...
Той памаўчаў, пахітаў галавою і кажа:
- Бараду згаліць не праблема. А інтэлект куды дзенеш?
Так і мне. Калі пачынаў санэты - думаў пра нэаклясыцызм, а выйшла як заўсёды: што выйшла, тое выйшла!
Тут вось яшчэ Хадановіч і Балахонаў ходзяць зьвяртаюць увагу людзей, маўляў, я расшыфроўваю жаролы сваіх цэнтонаў. Ну, першае, ня ўсё я там да канца расшыфраваў, а другое, маю ўжо не адзін прыклад глуха-сьлепаты крытыкаў і да шмат прасьцейшых рэчаў. Нерасшыфраваныя цэнтоны, а лепш сказаць - цэнтонныя вершы, як, прыкладам, «Мы», я пісаў у 80-я. Такія тэксты будуюцца на клішаваных ды «крылатых» фразах і выклікаюць камічны эфэкт. А тут стаяла фармальнае (і сур'ёзнае) заданьне напісаць «беззаганны» цэнтон. Хоць без іроніі, толькі больш тонкай, не абышлося. Па-мойму, бяз рознага кшталту спасылак-падпорак зусім ня ўзьнікла бы патрэбнага стэрэаскапічнага эфэкту.
Аргумэнт Жукоўскага, дзей трэба адрозьніваць «прыймы» і «мэтад», вымагае асобнае, доўгае і досыць акадэмічнае, гутаркі. Тут жа я абмяжуюся толькі заўвагаю, што «мэтад» - адумыснае вынаходніцтва савецкага літаратуразнаўства. Цяпер гэты панятак выклікае сьмех у польскіх літаратуразнаўцаў, што прыяжджаюць на нашыя канфэрэнцыі. Мэтад мастака адзін - яго паэтыка, якая складаецца з прыймаў.
Магу прапанаваць наступную градацыю літаратуразнаўчых паняткаў паводле ўзрастаньня іх абагульненасьці: прыймо, школа, кірунак, мэтад. Пры асягненьні ж кірунку (усё ж ня мэтаду) і апалягетам і скептыкам трэба пільнавацца аднаго: не пайсьці дарогаю індукцыі стыляў, а строга сьледаваць шляхам дэдукцыі функцыянаваньня. Прасьцей кажучы, калі ад асобных прыймаў мы будзем ісьці да тэарэтычных абагульненьняў, дык у якой хочаш літаратуры знойдзем якія хочаш кірункі - ня толькі постмадэрнізм, але й авангард, і рамантызм, і рэалізм (што ўжо ня раз здаралася). Наадварот, мы мусім апрыёрна браць кірунак як часава-прасторавы інстытут і нудна апісваць яго прыймы. Іншага выйсьця няма. У часы мадэрнізму нават рэалісты - крыху мадэрністы, а ў часы постмадэрнізму, пэўна ж, усе мы крыху постмадэрністы...
А што да мяне... Для сябе я падзяліў сваё вершаваньне (менавіта вершаваньне) на пэрыяды: з 1986 да 1988 (кепска ўкладзены зборнік «Ноч») - авангардны; з 1988 да 1991 (віртуальны зборнік «Сабака») - постмадэрновы (ідэйна - да 1994); з 1989 да 2000 (недаўкладаны зборнік «Бэз») і з 2000 дагэтуль - нэаклясыцызм. (Пэрыяды крыху накладваюцца адзін на адзін.)
Разумею ўсю непрыстойнасьць маіх прэтэнзіяў на бацькоўства ў постмадэрнізьме. Спачатку, кінуўшы Літаратуру, я круціў раман з пурыстычнаю Лінгвістыкай, пасьля фліртаваў з тэарэтычнаю Эстэтыкай, потым надоўга пабраўся шлюбам з клясычнаю Паэтыкай... І тут - на табе! - вярнуўся да сучаснае Літаратуры і заяўляю свае правы на Постмадэрнізм. Зразумейце мяне па-добраму, шаноўныя прысяжныя... Шчыра прабачаюся! Дзіцятка ж маё - постмадэрнізм кляты, - хоць і гадкае, збрыдлае для бацькі, але ж свая крывіначка, родная... А калі кожны яе будзе крыўдзіць, казаць, дзей беларускага постмадэрнізму наагул не існуе, дык узьнікае пытаньне: што ж мы рабілі пятнаццаць гадоў таму? І няўжо ўсё пачынаць з нуля?
Небясьпечная рэтраспэкцыя
Зборнік «Сабака»
Зь нізкі «Незабыўныя вобразы»
НАВУКАДадзеныя два вэктары, адзін на поўнач, а другі на пяску.
Празь неба ў клетачку, дзе жоўтым алоўкам у куточку намаляванае Сонейка, лятуць вэктары буслоў, ці буслы вэктараў.
Я, Юрась Пацюпа, самотна ўзіраюся, сачу Млечныя пуцявіны ў вырай камунізму і рынкавага сацыялізму.
На зямлі восень перабудовы, ці перабудова восені, і нічога не засталося апрача гнілых, зьзелянелых платоў дзедаўскае сялібы.
Там, дзе Вялікая Мядзьведзіца жуе жуйку ды скубе срэбную траву нябёс, я чытаю свой гараскоп.
- Што ж... - як казаў мой сусед, - на хляве таксама было напісана «хрэн і гарчыца», а там дровы ляжалі!
1990 г.
Зь нізкі «Роднае слова»
ПАРТЫЙНАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ І ПАРТЫЙНЫ ВЕРШЫКВядуць дзіця на ланцугу,
ланцуг трымае за нагу,
ня мае, беднае, зубоў -
як трапна выбілі нагой!
У маці шчасьце. Прэ дамоў,
схаваўшы сала за губой,
А бацька ў возіку сядзіць,
кіруе, курывам сьмярдзіць.
На ўсіх чорт чхае з тэлевежы,
сярпасты месяц молат рэжа,
а там, дзе воблакі адны, -
дух Партыі, яе сыны,
з народам простым назаўжды,
яго ратуюць ад бяды
і ад касьмічных прамянёў,
і ад натоўпу камянёў.
Дзіця, аж зелена ўваччу,
крычыць: «Я Леніна хачу!»
О, натуральнае жаданьне!
Бо ўсім да зорачкі, што стане
і што было, што ёсьць, што будзе...
Памрэм - народ нас не забудзе!1989 г.
Зь нізкі «Дрэнныя вершы»
ЭЛЕГІЯ V...'бы музыка здалёку, з таго сьвету,
на кухне газ, як курыца худая,
сінее стальлю, п'янай ад крыві,
пралітае з бадзянкі, што камар
паўчаркі выпіў. Ініцыятыву
вось праяўляе плебс, з гадзіну недзе
бардзюры крышачы і парапэты
у вольны ад работы плённай час.
Мы зьменім дух, бо гэты верш яшчэ
ня скончаны, але пра што такое
не напісалі мы? У шыбе месяц
сынкрэтычны - макавым насеньнем
у ім Бэтховэн Людвіг Ван. Я вам
такое гэтым вечарам сказаць
хацеў. Даруйце за маўчаньне. Толькі
душа не пракаўтне густое пасты
неба і жывот яе бурчыць,
як батарэя ацяпленьня. Ціск,
тэмпэратура, быццам іншасьвет
у сьвет прыходзіць празь мяне. Было
відаць на месяцы абрысы Бэрклі
Джорджа, і дажджом сьцякла саната.
1990 г.
СЯКАЯ-ТАКАЯ Гутарка
Ой, дзевачкі-любачкі!
Янка Купала
- Як завуць! - а ў адказ:
- Такая-Сякая!
Ой, дзяўчатачкі, тугія
касьнічкі, каляровыя пёркі...
Ці ня з Вашых, спадарычна, сноў
беды сьвету усе?
Што ж вы прынцаў такіх нехлямяжых панавысьнілі
да аднаго?
Нават вы ім туды ж...
А наўзбоч пралятаюць таксі,
а наўпрэч нясуцца гады,
а наўсьцяж імкнуцца дажджы
і туманам бадзяюцца па завугольлях.
Вы паселі на правады,
можа, ў вырай провады?
Як адна, вараняты гожыя,
як адна, перапёлкі шэрыя,
ну, а я для вас - качанём
гадкім...
- Гэй! Варона!..
І прачнулася ты, як жа так -
шмат гадоў летуценіла, не пазнала
таго голасу любага...
- Люблю-люблю Вас,
спадарыня Сякая-Такая!
Не ўцякай на сваім памяле,
бо дажджом - далібог! - высеку...
1989 г.
РЫБА Гутарка«Рыбу ловіш, напэўна?» - «Не,
проста рыбу лаўлю». - «А я
думаў, рыбу ты ловіш...» Мы,
помню, неяк гаворку вось так
завялі, дзень, здаецца, тады
пачынаўся, а можа не,
мо' сканчаўся, а можа, мы
гаварылі і не пра рыбу, а
іншае што, я ня помню, пасьля
ці гаварылі, і з кім, але дзень
даўно ўжо пачаўся, а можа, зусім
іншы быў гэта дзень, або нават
дня таго не было, а толькі
круціцца нешта на языку, і
помню дакладна, як быццам
нешта пра рыбу ці не, а якую
рыбу - Партыю ў даміно або
рыбу - Словы да музыкі ці
рыбу - Тую, што ловяць у ложку
ў дзяцінстве пад сны салодкія...
- Знай - маўчы! Нібы рыба аб лёд -
месцы рыбныя не выдавай.
1990 г.
ГАРОДНЯКалі сугрэе мрок зноў фотаэлемэнт,
бляск эмануе свой ліхтар з высокім ціскам,
і, змучаныя ўшчэнт, фасфарыцуюць цыцкі
путанак - гераінь і вершаў, і газэт,
імкнуць тралейбусы ў тупым, зацятым цыкле,
і пакідаю я захарканы пад'езд
пад электрычны крык катоў, што tete a tete
зышліся на сваё адлюстраваньне цыкнуць.
О вуліца! - нібы прарвала зборню схізм,
алтар граху і зла з іканастасам твараў,
тваёю плыньню я дрэйфую ў камунізм:
скрыжалі лёзунгаў плывуць пад гром фанфараў,
і раптам - дзіва, ці які анахранізм -
на ўсіх, на ўсіх цень крыж кладзе сьвятая Фара.
1990 г.
Зборнік «Бэз»
НАВАГОДНІЯ СТРОФЫДзе ты, вандроўніца, дзе заблудзіла?
Плача тваё адзінокае «дзіва».
Цацка шкляная блукае па елцы,
грэецца ціха пры воскавай сьвечцы.
Бога няма, ён надоўга ў ад'езьдзе,
яйкам сьвятло разьлілося па лёдзе.
Не пасьлізьніся, дапіўшы уцеху,
ў гронках пунсовых зімовага сьмеху.
Сьвет, нібы дрэва, заснуў пад карою,
сьцены ад шэрані грубыя ўтрое -
пэўна ж цяплей... Ды кружэлка ня грае,
песьня ў паветры завісла старая.
Цацка ляціць - не ўтрывала на елцы.
Хто там? Сьнягурка ў кароткай сукенцы.
1997 г.
Зь вершаў апошніх гадоў
* * * Лашчаная матылькамі,
цёплымі, як пацалункі,
хуталася ты ў туманы
раніцаю сіне золкай.
Лотаценьню, малачаем
сыпаліся промні сонца,
водбліскамі незвычайнымі
плавіліся ў вуснах сонных.
Краскі дарагой усьмешкі
вабілі чмялёў і пчолаў.
Блыталіся нашы сьцежкі,
водарам кружылі голаў.
Дзе яны ўсе адляцелі
з восеннымі туманамі?
Звоніць у гародзе зельле
макаўкамі, як збанамі.
2003 г.
Апошні верш прапаноўваю чытачам як спробу «дыямэнтавага харэю». Насамрэч звычайны «графітавы харэй», у якім бытуе бальшыня прыпевак, ёсьць дзьвюхступовым пэонам трэцім, а «дыямэнтавы» - дзьвюхступовым шасьцідольнікам першым. Для стварэньня суцэльнага рытмовага «крышталя» шасьцідольніка, як і для дыямэнту, патрэбен «вершавальны ціск».