A R C H E П а ч а т а к № 3 (32) - 2004
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


3-2004
" да Зьместу "

 



аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі

 


эсэістыка

  ГЕНАДЗЬ СЕМЯНЧУК

Вокладка ARCHE 3-2004.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (2'2004)
   ARCHE (1'2004)
   Эўропа на ўсход ад    Эўропы
   Віленская Анталёгія
   Чэскі Альбом
   Pax Americana
   Туманнасьці
   беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6'2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4'2001)
   Скарына
(3'2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1'2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8'2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6'2000)
   Глёбус
   Скарына
(4'2000)
   Габрэі
   Скарына
(2'2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Генадзь Семянчук
Усяслаў Брачыславіч, князь Полацкі
(штрыхі да гістарычнага партрэту)*

«В лето 6609. Преставися Всеславъ, полоцкий князь, месяца априля въ 14 день, въ 9 часъ дне, въ среду». Трохі больш за тысячу год таму, 14 красавіка 1101 г., кіеўскі летапісец, аўтар «Аповесцi мiнулых гадоў», вельмі дакладна зафіксаваў смерць незвычайнай і ўнікальнай асобы сярэднявечнай гісторыі Ўсходняй Еўропы - полацкага князя Ўсяслава Брачыславіча. За ўвесь час ад смерці Яраслава Ўладзіміравіча ў 1054 г. да мангольскай навалы ў 30-40-я гады ХІІІ ст. ён быў адзіным князем, які заняў кіеўскі пасад, не будучы Яраславічам. Менавіта полацкі князь сваімі актыўнымі дзеяннямі парушыў раўнавагу ўлады паміж Яраславічамі. Усяслаў стаўся найбольш актыўным і паспяховым змагаром супраць стварэння адзінай феадальнай дзяржавы на тэрыторыі Ўсходняй Еўропы ў раннім сярэднявеччы, кінуўшы ўсю сваю моц на абарону незалежнасці Полацкага княства. Яшчэ большае значэнне гэтая постаць мае для беларускай гісторыі. У часы Ўсяслава быў створаны тэрытарыяльны, палітычны і этнакультурны грунт будучай Беларусі.

Адразу пасля смерці Ўсяслава ў 1101 г., а магчыма, нават пры ягоным жыцці, феномен полацкага князя патрабаваў вытлумачэння ў асяроддзі тагачасных палітыкаў і інтэлектуалаў. Гісторыя Ўсяслава, гэтаксама як забойства Барыса і Глеба, вельмі хутка на тэрыторыі Ўсходняй Еўропы атрымала характар хрэстаматыйнага прыкладу адхіленняў ад прынятых нормаў у тагачаснай палітыцы. Праўда, гісторыю полацкага князя адразу пачалі трактаваць дыяметральна супрацьлеглым чынам. Нядзіўна, што вобраз Усяслава Брачыславіча набыў дзве зусім розныя рэпутацыі і інтэрпрэтацыі.

З аднаго боку, для аўтара «Аповесці мінулых гадоў», які апісаў падзеі 1067-1069 гг., полацкі князь быў увасабленнем зняважанай набожнасці і маралі таго часу. Для кіеўскага летапісца Ўсяслаў - паганец ад нараджэння, які з часам робіцца ўзорным хрысціянінам. Ён - ахвяра, бо паверыў у ахоўную сілу крыжа, які цалавалі Яраславічы на знак замірэння, але, вераломна парушыўшы клятву, схапілі яго і пасадзілі ў Кіеве ў поруб. Седзячы ў вязніцы, ён шчыра звяртаўся да Божай сілы: «О кресте честный! Понеже в тобе веровах, избави мя от рва сего». Актам жа вызвалення полацкага князя «Богъ же показа силу крестную на показанье земле Русьстей, да не преступають честнаго креста, целовавше его; аще ли преступить кто, то и зде приметь казнь и на придущемъ веце казнь вечную».

Адначасова распаўсюдзіўся зусім супрацьлеглы погляд на Ўсяслава Брачыславіча. Для наўгародскіх летапісцаў ён зацяты паганец - і сваім нараджэннем, і нехрысціянскімі ўчынкамі, прадстаўнік паўпаганскіх, паўдэманічных сілаў зла. Менавіта з ім звязвалі першапрычыну ўсіх бедаў дынастыі Яраславічаў у другой палове ХІ ст. Адсюль правакацыйныя плёткі пра незвычайныя абставіны нараджэння Ўсяслава: быццам бы ён з'явіўся на свет Божы «от вълховованья», з адзнакай на галаве, пасля чаго «Рекоша бо волсви матери его: «Се язвено навяжи на нь, да носить е до живота своего», «еже носить Всеславъ и до сего дне на собе; сего ради немилостивъ есть на кровьпролитье». Загадкавасць асобы Ўсяслава для тагачаснага насельніцтва Кіева, Ноўгараду, Чарнігава спрыяла таму, што ён зрабіўся цэнтральным персанажам эпічных пародый, народных былін і казак, у вобразе Вольхі (ці Волка) Усяслаўевіча альбо Ўсяслава-Пярэваратня, прадстаўніка цёмных сілаў прыроды.

На фармаванне негатыўнага вобразу полацкага князя Ўсяслава ў большай ступені паўплывалі адносіны да яго і ягонай дзяржавы суседзяў-канкурэнтаў. 20 лютага 1054 г. памёр кіеўскі князь Яраслаў Уладзіміравіч, празваны Мудрым. Згодна з ягоным тастамантам, Руская зямля была падзелена ў канонах любові паміж ягонымі сынамі. Настаў доўгі міралюбівы перыяд паміж нашчадкамі Ўладзіміра і Яраслава. Усе, хто выступаў супраць Кіева і трох старэйшых сыноў Яраслава, ужо сучаснікамі (летапісцамі і палітычнымі ідэолагамі) залічваліся ў ворагі. Падобную тэндэнцыю падтрымалі і развіваюць большасць гісторыкаў на працягу ўжо некалькіх стагоддзяў. Кіевацэнтрызм і «імперскасць» - характэрныя рысы пераважнай большасці гістарычных даследаванняў, прысвечаных мінуламу Ўсходняй Еўропы Х - сярэдзіны ХІІІ ст. На думку англійскіх гісторыкаў Саймана Франкліна і Джанатана Шэпарда,

пашыранай памылкай з'яўляецца ўяўленне пра тое, што на Русі існавала пэўная палітычная «сістэма», ад якой некаторыя беспрынцыповыя князі часам альбо заўсёды імкнуліся адхіляцца. Палітычнай культуры, якая была б дастасаваная да разгалінаванай, моцна ўсталяванай дынастыі, за часоў Яраслава і ягоных папярэднікаў не існавала. Таму нашчадкам Яраслава даводзілася імправізаваць, прыстасоўваць звычаі, прэцэдэнты і ўсталяваныя ўяўленні да непрадбачаных сітуацый. Гэтак з'яўляліся дамоўленасці, выкліканыя бягучай неабходнасцю, няўдалыя пачынанні, кампрамісы і пагадненні, хітрыкі, пры дапамозе якіх навацыі выдаваліся за традыцыі.

Усё гэта як найлепей адносіцца да нашай гісторыі.

Шматлікія аспекты, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Ўсяслава Брачыславіча, неаднойчы разглядаліся ў навуковай і навукова-папулярнай літаратуры. Аднак новыя методыкі аналізу і інтэрпрэтацыі вядомых гістарычных крыніц, выкарыстанне звестак сумежных навук (археалогіі, гістарычнай геаграфіі, храналогіі, анамастыкі) дазваляюць пашырыць нашыя веды пра гэтую асобу і яго эпоху, пазбавіцца навуковых стэрэатыпаў і палітычных комплексаў.

Па-за «кампрамітуючай» інфармацыяй аб нараджэнні Ўсяслава летапісцы не падаюць нам больш ніякіх канкрэтных звестак пра пачатковы перыяд ягонага жыцця. У выніку арыгінальных разлікаў Сяргей Тарасаў прыйшоў да высновы, што полацкі князь нарадзіўся зімою 1028/1029 г. Ягоны бацька Брачыслаў, дзякуючы мудрай палітыцы, значна ўзмацніў сваё княства і эканамічна, і палітычна. У выніку ваенных дзеянняў і палітычных перамоваў у 1021 г. да Полацку далучаны Віцебск і Ўсвяты, важныя пункты на волаках гандлёвага шляху «з вараг у грэкі». Больш за тое, пэўны час (1021-1026 гг.) Брачыслаў быў разам з Яраславам суправіцелем у Кіеве. Будучы саюзнікам кіеўскага князя Яраслава, ён удзельнічаў у сумесных паходах на літоўскія плямёны ў 1038 і 1040 гг., у выніку якіх за Полацкам замацаваліся паўночна-заходнія тэрыторыі сучаснай Беларусі, дзе паўсталі памежныя крэпасці Дрысвяты і Браслаў. Не выключана, што полацкі князь са сваёй дружынай у якасці саюзніка ўдзельнічаў у вайсковай выправе Яраслава Ўладзіміравіча супраць мазавецкага князя Мецлава ў 1041 г. Менавіта дзякуючы дапамозе рускіх дружынаў новы польскі князь Казімір Аднавіцель змог зламаць сепаратызм мазаўшанаў.

Усяслаў Брачыславіч «седе на стол» свайго бацькі ў 1044 г., маючы 15-16 год. Цягам першых 16 год ягонага кіравання крыніцы нічога не паведамляюць пра Полаччыну і дзейнасць маладога полацкага князя. Найпраўдападобней, гэта тлумачыцца тым, што дзейнасць Усяслава не выходзіла за межы Полацкай зямлі, а Яраславічы былі занятыя сваімі ўласнымі справамі. Што ж да летапісаў суседніх дзяржаваў, яны звычайна ўзгадвалі Полацак толькі тады, калі ён сваімі дзеяннямі закранаў інтарэсы Кіева, Ноўгараду альбо падпарадкаваных ім земляў. Такім чынам, Усяслаў у гэтыя «нямыя» гады займаўся ўнутраным уладкаваннем сваёй дзяржавы. А праблемаў было шмат.

Археалагічныя даследаванні апошніх 10-15 год, праведзеныя С. Тарасавым у Полацку, пераканаўча сведчаць, што менавіта пры Ўсяславу ў сярэдзіне ХІ ст. заканчваецца працэс пераносу адміністрацыйнага цэнтру Полацку з «гарадзішча Рагвалода» на Верхні замак. Тут, на Верхнім замку, Усяслаў Брачыславіч пабудаваў велічны Сафійскі сабор (трэці ва Ўсходняй Еўропе пасля кіеўскага і наўгародскага), які зрабіўся не толькі духоўным сімвалам, але таксама цэнтрам засяроджання палітычнай і адміністрацыйнай улады Полацку і Полацкай зямлі. Час пабудовы Сафійскага сабору большасць даследчыкаў адносіць да сярэдзіны ХІ ст. (50-я - пачатак 60-х гг.).

Падчас свайго нязвыкла доўгага княжання Ўсяслаў Брачыславіч актыўна займаўся ўмацаваннем вонкавых межаў Полацкага княства і пашырэннем яго тэрыторыі. Полацкая зямля на гэты час ахоплівала плошчу каля 100 тыс. км2 і межавала на поўдні з Тураўскім княствам, якое знаходзілася пад уплывамі Кіева, на поўначы і паўночным усходзе - з Наўгародскай зямлёй, на ўсходзе - са Смаленскім княствам, на захадзе і паўночным захадзе - з літоўскімі і латышскімі народамі. Упарадкоўваліся старыя гарады і памежныя крэпасці, а таксама будаваліся новыя: Менск на Нямізе, Лагойск, Лоск, Герцыке і Кукенойс. Неабходна ўлічваць, што падпарадкаванне суседніх народаў і тэрыторый магло адбывацца толькі ў той час, калі дзяржаўныя сілы не адцягваліся на барацьбу з больш моцнымі супернікамі - Кіевам, Ноўгарадам, Чарнігавам і Смаленскам. Спакойных перыядаў для Полацкага княства ў другой палове ХІ ст. можна налічыць тры: з 1044 па 1065 г., з 1071 па 1077 г. і з 1085 па 1101 г.

Найбольш паспяхова дзяржаўная ўлада князя Ўсяслава Брачыславіча пашыралася на тэрыторыі, населеныя балцкімі і прыбалтыйска-фінскімі народамі, - на захад, паўночны і паўднёвы захад ад Полаччыны, уздоўж галоўнай жыццёвай артэрыі Полацку - Дзвіны. Таму ён імкнуўся кантраляваць раку ад вытокаў да вусця. Пры Брачыславу, з далучэннем у 1021 г. Віцебску і Ўсвятаў, улада Полацку пашырылася на Верхняе Падзвінне. Першачарговай задачай для Ўсяслава было авалоданне Ніжнім Падзвіннем, што ён паспяхова і выканаў. Лівы, якія жылі на Балтыйскім узбярэжжы, і суседнія з імі народы - земгалы і куршы - былі падначаленыя Полацкаму княству як даннікі і вайсковыя саюзнікі. Адносна бліжэйшых суседзяў Полацку - латгалаў і селаў, якія не ўзгадваюцца ў «Аповесці мінулых гадоў» як даннікі Полацку, можна гаварыць, што іх тэрыторыі ў другой палове ХІ ст. непасрэдна ўвайшлі ў склад Полацкага княства. Менавіта тут узніклі два полацкія гарады-фарпосты Герцыке і Кукенойс.

Актыўнасць Усяслава ў Ніжнім Падзвінні мела яшчэ адзін вынік - Полацак і яго князь зрабіліся актыўнымі ўдзельнікамі гандлёвага і палітычнага жыцця ў Балтыйскім рэгіёне. На думку польскага гісторыка Яна Паверскага, дзейнасць полацкага князя Ўсяслава была адным з магчымых чыннікаў палітычнай дэстабілізацыі на берагах Балтыкі ў 60-х гадах ХІ ст. Паганскія рэакцыі ў землях абадрытаў у 1066 г. і ў Швецыі ў 1067 г. былі нейкім чынам звязаныя з тагачаснай вайной Усяслава з Яраславічамі. Не выключана, што полацкі князь адыграў натхняльную ролю ў падзеях на ўзбярэжжы Балтыйскага мора. Больш за тое, ён лічыўся патэнцыйным саюзнікам паганскага руху ў Швецыі, а магчыма, і ў абадрытаў. У яго інтарэсах было ізаляваць Яраславічаў ад скандынаўскай дапамогі, якой вельмі шырока карыстаўся іх бацька. Барацьба з паўстанцамі адцягвала сілы магчымых саюзнікаў Яраславічаў - скандынаўскіх дынастый Гаральда Гардрадэ нарвежскага, Свена Естрыдсэна дацкага і нашчадкаў шведскага караля Стэнкіла, а таксама марграфа Паўночнай Мархіі Ўдона ІІ. У любым выпадку дакладна тое, што Ўсяслаў выкарыстаў паганскія рэакцыі ў Балтыйскім рэгіёне ў сваёй вайне з Яраславічамі.

Актыўнасць Усяслава на Балтыцы дазваляе нам таксама сцвярджаць пра статус Полацкага княства як марской дзяржавы і наяўнасць у яе флоту. Раней на гэта не звярталася ўвагі і традыцыйна Полацкая зямля ўяўлялася прымітыўнай сухаземнай краінай, перыферыяй Кіева. Ужо прадзед Усяслава, нарвежскі конунг Рагвалод, прыплыў на караблях «бе бо Рогволодъ пришёл и заморья, имяше власть свою в Полотьске». Натуральна, што камунікацыя паміж Полацкам і бліжэйшымі сваімі гарадамі па Дзвіне - Віцебскам на ўсходзе, Герцыке і Кукенойсам на поўначы - для хуткасці адбывалася водным шляхам. І ўжо напэўна, полацкія купцы накіроўваліся «па заморскія рэчы і стравы» ў Кіеў і Канстанцінопаль альбо Готланд і Памор'е на сваіх ладдзях з ветразямі.

У 1060 г. Ізяслаў, Святаслаў і Ўсевалад Яраславічы разам з Усяславам полацкім «совокупиша вои бещислены и поидоша на конихъ и в лодьяхъ, бещислены множьство, на торки». Паход у стэп быў удалым для саюзнікаў, торкаў перамаглі. За ўдзел у паходзе на торкаў полацкі князь атрымаў тэрыторыі на правым беразе Дняпра ў раёне Оршы і Копыся. Прыгадваецца сітуацыя 1021 году, калі Яраслаў аддаў полацкаму князю Брачыславу Віцебск і Ўсвяты ўзамен за саюзніцкія адносіны. Саюзніцкія адносіны паміж Полацкам і Кіевам цягнуліся да сярэдзіны 60-х гадоў ХІ ст., калі Ўсяслаў Брачыславіч быў вымушаны іх парушыць і ўступіць у 20-гадовую канфрантацыю з сынамі і ўнукамі Яраслава. Захаваная ў летапісах інфармацыя не высвятляе нам прычыны шматгадовага канфлікту паміж полацкім князем і сынамі Яраслава. Летапісныя паведамленні накшталт «В се же лето Всеславъ рать почалъ» альбо «Заратися Всеславъ сынъ Брячиславль, Полочьске, и зая Новъгородъ» для большасці даследчыкаў сталі падставай бачыць у асобе полацкага князя галоўнага парушальніка ўсталяваных нормаў і пачынальніка міжусобных войнаў 2-й паловы ХІ ст. на Русі. Прычыны, галоўным чынам, называюцца дзве - дынастычная (жаданне Ўсяслава панаваць у Кіеве) і дзяржаўная (жаданне Полацку ўзмацніць свае ўплывы на Ноўгарад і гандлёвую камунікацыю ў Сярэднім Падняпроўі). Аднак больш грунтоўны аналіз унутранай палітыкі сыноў Яраслава пасля ягонай смерці дазваляе зрабіць іншыя назіранні і высновы.

Пасля смерці ў 1054 г. кіеўскага князя Яраслава вядучай палітычнай сілай на Русі стаў саюз трох ягоных старэйшых сыноў - Ізяслава, Святаслава і Ўсевалада. Згодна з запаветам свайго бацькі, першы атрымаў Кіеў, што рабіла яго фармальна вядучай асобай у гэтым саюзе. Святаславу дастаўся Чарнігаў, а Ўсеваладу - Пераяслаўль. Два малодшыя сыны атрымалі ад Яраслава ва ўладанні Ўладзімір Валынскі (Ігар) і Смаленск (Вячаслаў). Як бачым, Полацак не быў часткай «імперыі» Яраслава Ўладзіміравіча. У 1044 г., пасля смерці Брачыслава Ізяславіча, Полацкае княства не было праглынутае ўладаннямі Яраслава, а перайшло як спадчыннае сыну Ўсяславу. Таму Полацак не ўзгадваецца ў тастаманце Яраслава і не ўваходзіць у лік тэрыторыяў, якімі валодалі альбо на якія прэтэндавалі Яраславічы.

Галоўнай мэтай унутранай палітыкі трыумвірату старэйшых сыноў Яраслава было ўмацаванне і пашырэнне кіеўскай улады на землях Усходняй Еўропы. Іх палітыка была падобна да той, якую праводзілі іхныя дзед Уладзімір і бацька ў канцы Х - першай палове ХІ ст. Калі ў 1057 г. памёр смаленскі князь Вячаслаў, то браты сваёй воляй, у парушэнне лесвічнага прынцыпу ўлады, «посадиша Игоря Смолиньске, изъ Володимеря выведше». Пры гэтым Валынь нікому не перадавалася, а, відавочна, засталася пад кіраваннем трыумвірату старэйшых Яраславічаў. Дадзенае меркаванне пацвярджаецца падзеямі, якія надышлі пасля смерці Ігара ў 1060 г. Ані Смаленск, ані які-небудзь іншы горад не дасталіся сыну апошняга Давіду, а «разделиша Смоленскъ собе на три части». У сярэдзіне 60-х гадоў ХІ ст. назіраецца барацьба за Цьмутаракань паміж Расціславам Уладзіміравічам, унукам Яраслава, і Святаславам Чарнігаўскім, прадстаўніком трыумвірату. У 1066 г. Расціслаў памірае, атручаны грэкамі. Пад уладай Кіева ў той час знаходзілася тэрыторыя Галіцкай зямлі, непасрэдна Кіеву падпарадкоўваўся і Ноўгарад, у якім больш за сто гадоў сядзелі альбо самі кіеўскія князі, альбо іх дзеці. Ноўгарад не ўзгадваецца ў тастаманце Яраслава, што сведчыць аб аўтаматычным уключэнні яго ва ўладанні Ізяслава Кіеўскага, у ім княжыў ягоны сын Мсціслаў.

Натуральна, што ў такой палітычнай сітуацыі раней альбо пазней Яраславічы мусілі звярнуць сваю ўвагу на Полацкае княства. Існаванне незалежнага і даволі багатага Полацку было сталай пагрозай ідэалогіі кіевацэнтрызму, якую актыўна ўсталёўвалі на поўдні Яраславічы. Больш за тое, полацкі князь Усяслаў Брачыславіч для Яраславічаў быў чужынцам з пункту гледжання ўнутрыкняскіх адносінаў. Так, ён належаў да ліку сваякоў, аднак не быў нашчадкам Яраслава. Таму Ўсяслаў не ўкладаўся ў схему сваяцкіх адносінаў, выпрацаваную паўднёварускімі князямі і прапагандыстамі іх імперскай ідэалогіі.

Ужо пасля сумеснага паходу старэйшых Яраславічаў з Усяславам у 1060 г. на торкаў кіеўскі князь Ізяслаў разам з наўгародцамі выправіўся на сасолаў - народ, які пражываў у паўднёва-заходняй Эстоніі, - і абклаў іх данінай. Сасолы былі найбліжэйшымі суседзямі ліваў, даннікаў Полацку. Пашырэнне кіеўска-наўгародскай улады на гэты прыбалтыйска-фінскі народ было ўспрынята ў Полацку як пагроза яго кантролю над дзвінскай гандлёвай камунікацыяй і падпарадкаванымі яму тэрыторыямі ліваў, куронаў, земгалаў. У той жа час Яраславічы ўзмацнілі свае пазіцыі на шляху «з вараг у грэкі», усталяваўшы кандамініум у Смаленскай зямлі. А гэта стварала небяспеку ўсходнім межам Полацкага княства.

Менавіта жаданне перашкодзіць памкненням стварэння адзінай дзяржавы і ўзмацнення пазіцый Яраславічаў у раёне паўночных і ўсходніх межаў Полацкага княства, а таксама ў Ніжнім Падзвінні - у раёне дзвінскай камунікацыі, якая ад пачатку існавання знаходзілася пад кантролем Полацку, - з'явілася галоўнай прычынай канфрантацыі Ўсяслава з кланам Яраславічаў. Гэтая барацьба полацкага князя з Яраславічамі падзяляецца на два этапы: першы - 1065-1071 гг. і другі - 1077-1085 гг. На першым актыўнейшы быў Усяслаў Брачыславіч. У 1065 г. ён напаў на Пскоў: «Всеслав рать почал», а зімою 1066-1067 гг. - на Ноўгарад: «Приде Всеславъ и възя Новъгородъ, съ женами и съ детми; и колоколы съима у святыя Софие. О, велика бяше беда въ час тыи; и понекадила съима». Як бачым, Усяслаў прайшоўся агнём і мячом па горадзе і абрабаваў святыню - Сафійскі сабор. Дадзены ўчынак полацкага князя сведчыць пра тое, што ён наважыўся на сур'ёзны канфлікт з Яраславічамі. Гэта быў ужо больш чым дробны лакальны міжкняскі канфлікт. На думку англійскіх гісторыкаў С. Франкліна і Дж. Шэпарда, у дзеяннях Усяслава заўважаецца спроба нейтралізацыі Ноўгараду, яго падпарадкавання Полацку, што дазваляла ўзмацніць кантроль над Балтыйскім узбярэжжам. Больш за тое, наўгародскі паход Усяслава распачаў цэлы ланцуг падзей, якія скончыліся найбуйнейшым за паўстагоддзя палітычным крызісам на Русі. Перыпетыі гэтай барацьбы вартыя асобнага даследавання. Адзначым толькі, што Ўсяславу супрацьстаялі аб'яднаныя сілы большасці Яраславічаў, а ён выкарыстоўваў толькі свае палачанскія магчымасці, а таксама суседнія балцкія і прыбалтыйска-фінскія народы.

Адказ Яраславічаў быў хуткім і жорсткім. Браты, аб'яднаўшы свае войскі, вырушылі ў кірунку паўднёва-заходніх межаў Полацкай зямлі. «И придоша ко Меньску, и меняне затворишася в граде. Си же братья взяша Менескъ, и исекоша муже, а жены и дети вдаша на щиты, и поидоша к Немизе, и Всеславъ поиде противу. И совокупишася обои на Немизе, месяца марта въ 3 день; и бяше снегъ великъ, и поидоша противу собе. И бысть сеча зля, и мнози падоша, и одолеша Изяславъ, Святославъ, Всеволодъ, Всеславъ же бежа». Непасрэдна бітва на Нямізе скончылася перамогай паўднёварускіх князёў, аднак пагроза з боку Ўсяслава не была ліквідавана. Праз чатыры месяцы, 10 ліпеня 1067 г., Яраславічы запрасілі полацкага князя на перамовы з мэтай заключыць перамір'е, пры гэтым «целовавше крестъ честный къ Всеславу, рекше ему: «Приди к намъ, яко не сотворимъ ти зла». Он же надеявъся целованью креста, перееха в лодьи чересъ Днепръ. Изяславу же в шатеръ предъидущю, и тако яшя Всеслава на Рши у Смолиньска, преступивше крестъ. Изяславъ же приведе Всеслава Кыеву, всади и в порубъ съ двема сынома».

Пад наступным, 1068 годам, у «Аповесцi мiнулых гадоў» паведамляецца пра напад на Рускую зямлю полаўцаў. Трое Яраславічаў спаткалі іх над ракой Альтай, у Пераяслаўскай зямлі Ўсевалада. Аднак, прайграўшы, адышлі: Ізяслаў з Усеваладам - у Кіеў, а Святаслаў - у Чарнігаў. Кіяўляне пажадалі ад князёў і ваяводы Каснячкі зброі і коней, каб выступіць супраць полаўцаў. Адмова іхнім жаданням спрычынілася да таго, што кіеўскія людзі (хутчэй за ўсё з намовы купцоў з полацкага двара ў Кіеве) вызвалілі з порубу Ўсяслава і абвясцілі яго сваім князем. Ізяслаў уцёк з Кіева ў Польшчу па дапамогу. Летапісец пракаментаваў гэта ўсё як «божую кару» за здраду Яраславічаў, дадаючы пры гэтым, што Ўсяслаў сядзеў на кіеўскім пасадзе сем месяцаў. Як бачым, кіеўскі перыяд жыцця Ўсяслава быў кароткім і не адлюстраваны ў летапісах. Толькі ці так безнадзейныя нашыя веды пра дзейнасць полацкага князя ў Кіеве? Ці не сутыкнуліся мы з сітуацыяй, калі кіеўскі летапісец свядома змаўчаў пра яе? Бо цяжка сабе ўявіць, каб такая актыўная асоба, як Усяслаў, сем месяцаў бяздзейнічаў. А ён, як можна здагадацца з падтэксту ці «маўчання» летапісу, выглядае хутчэй пакорлівым новаахрышчаным паганцам, які вельмі заняты пошукамі глыбіняў хрысціянскай духоўнасці.

На самай справе Ўсяслаў Брачыславіч, будучы кіеўскім князем, эфектыўна праводзіў сваю палітыку, накіраваную на перашкоджанне Яраславічам пабудаваць цэнтралізаваную сярэднявечную імперыю. Яму ўдалося зацікавіць Святаслава і, магчыма, Усевалада. Паміж Усяславам і астатнімі Яраславічамі была заключана выгадная для абодвух бакоў дамова за кошт інтарэсаў збеглага ў Польшчу Ізяслава. За сабою Ўсяслаў пакінуў Кіеў, натуральна, Полацак і дадаў Смаленск. Чарнігаўскаму князю Святаславу адышоў Ноўгарад, бо бачым там ягонага сына Глеба, а пераяслаўскаму князю Ўсеваладу дасталася Валынь, дзе сустракаем ягонага сына Ўладзіміра, будучага Манамаха. Такі падыход дазваляе па-іншаму паглядзець на шматлікія падзеі канца 60-х - пачатку 70-х гг. ХІ ст., звязаныя з Усяславам, якія вельмі фрагментарна зафіксаваныя на старонках летапісаў.

Наступныя падзеі паказалі, што кіеўскі княскі пасад быў навязаны Ўсяславу не ўласным жаданнем, а сілай абставінаў, якія ён максімальна выкарыстаў. У яго не было імкнення княжыць у Кіеве. Таму Ўсяслаў не надта жадаў абараняць горад у 1068 г. ад польска-рускага войска на чале з Ізяславам і Баляславам Харобрым. Уначы полацкі князь пакінуў кіеўскае войска і вярнуўся дадому на Полаччыну. Летапісец ніякім чынам не каментуе ўчынку Ўсяслава, не гаворыць і пра матывы ўцёкаў. Аднак іх няцяжка ўявіць, ведаючы ягоны характар і мэты ягонай новай палітыкі. Дакладнае прачытанне і цытаванне летапіснага паведамлення пра супрацьстаянне Ўсяслава і Ізяслава пад Белгарадам у 1068 г. зрабіла полацкага князя на старонках навуковых працаў пераважнай большасці гісторыкаў баязліўцам. Толькі ці так гэта? Усяслаў не пажадаў уцягвацца ў вайну за кіеўскі княскі пасад. Мэтай ягонай палітыкі было не авалоданне гэтым пасадам, а супрацьстаянне аб'яднальнай палітыцы Яраславічаў. Уцякаючы ў родны Полацак, ён ведаў, што за час свайго побыту ў Кіеве ён зрабіў усё, што яму патрэбна: пасварыў Яраславічаў, аслабіў іх і тым самым узмацніў сябе і сваё княства. Аддаючы кіеўскі пасад Ізяславу, Усяслаў спадзяваўся, што той, атрымаўшы зноў уладу, пажадае пазней вярнуць сабе і сваім сынам належнае ім паводле старшынства - менавіта ягоныя землі, атрыманыя Святаславам і Ўсеваладам ад Усяслава. Далейшыя падзеі пацвердзілі разлікі Ўсяслава.

У 1069 г. Ізяслаў Яраславіч, з дапамогай польскіх войскаў, выгнаў Усяслава з Полацку, і на беларускіх землях усталявалася акупацыйная ўлада сыноў Ізяслава Яраславіча і польскай князёўны Гертруды - дачкі Мешкі ІІ, цёткі Баляслава ІІ Харобрага. «В лето 6577 (1069 г.). ...и седе Изяславъ на столе своемъ, месяца мая въ 2 день. И распуща ляхы на покормъ, и избиваху ляхы отай; и възвратися в ляхы Болеславъ, в землю свою. Изяславъ же... прогна Всеслава ис Полотьска, посади сына своего Мъстислава Полотеске; он же вскоре умре ту. И посади в него место брата его Святополка, Всеславу же бежавшю». Але з Ізяславам мы не бачым ягоных родных братоў Святаслава і Ўсевалада. Яны хутчэй за ўсё выбралі тактыку чакання, дадзеных ім Усяславам земляў яны старэйшаму брату не вярталі і сваіх войскаў у дапамогу не пасылалі.

Полацкі князь не меў дастаткова сілаў, каб пазмагацца за родны горад, і ён быў вымушаны падацца на эміграцыю, да прыбалтыйскіх народаў. Ужо ўвосень 1069 г. Усяслаў Брачыславіч апынуўся пад сценамі Ноўгараду на чале фінскага племені водзь. Пра гэта ўзгадвае Наўгародскі летапіс старэйшага і малодшага зводу: «Въ то же лето, осень, месяця октября въ 23, на святого Якова брата господня, въ пятничи, въ чяс 6 дни, опять приде Всеслав къ Новугороду; новгородци же поставиша пълъкъ противу ихъ, у Зверинця на Къземли; и пособи богъ Глебу князю съ новгородци. О, велика бяше сеця Вожиномъ и паде ихъ бещисленое число; а самого князя отпустиша бога деля». Паход быў няўдалы. Горш падрыхтаванае і ўзброенае войска водзі атрымала паразу, а князь Усяслаў трапіў у палон. Летапіснае паведамленне ставіць перад даследчыкамі шэраг пытанняў. Чаму Ўсяслаў апынуўся на чале войска паганскага племені водзь? Чаму наўгародцы адпусцілі полацкага князя з Богам, а не адпомсцілі за жорсткі напад у 1066 г.? Відаць, энергічная натура полацкага князя не магла бяздзейнічаць. Выгнанне з Полацку супала з супрацьстаяннем фіна-вугорскіх народаў каланізацыйнай палітыцы Ноўгараду. І Ўсяслаў Брачыславіч, як спрактыкаваны ваяр, не адмовіўся ад кіравання сабраным войскам водзі. Складаней адказаць на другое пытанне.

Другі раз Усяслаў трапіў у палон да сваіх ворагаў, аднак наўгародскі князь Глеб, сын Святаслава Яраславіча, не перадаў яго ў рукі свайго дзядзькі Ізяслава, кіеўскага князя. Са шматлікіх версіяў найбольш пераканаўчай бачыцца думка А. Касарукава, што, вызваляючы Ўсяслава з палону, Глеб ведаў, што той абавязкова кінецца ў змаганне за свой Полацак. Гэтую мэту і пераследаваў наўгародскі князь, будучы зацікаўленым у аслабленні абодвух князёў-супернікаў. Не выключана, што была таксама заключана дамова паміж Ноўгарадам Вялікім, а канкрэтней - наўгародскім вечам, і полацкім князем Усяславам, аб ненападзе апошняга на Наўгародскую зямлю. І праўда, да сярэдзіны ХІІ ст. летапісы не паведамляюць нам аб полацкіх выправах на паўночна-ўсходняга суседа.

Пасля перамогі над полацкім князем Яраславічы спрабуюць узмацніць уладу Кіева. Акупаваны Полацак знаходзіўся ў руках сыноў Ізяслава. У гэты час Ізяслаў Яраславіч перадаў свайму трэцяму сыну Яраполку Валынь, да якой былі далучаны Тураўская зямля і полацкі Менск. Амаль адначасова з паразай і выгнаннем Усяслава з Полацку пад уладу Яраславічаў вяртаецца Смаленск, які мог быць захоплены полацкім князем. Пра гэта сведчыць другі паход Уладзіміра Манамаха на гэты горад разам з кіеўскім баярынам Стаўкам Гардзяцічам, зафіксаваны ў яго іtinerarium. З дадзенага моманту Смаленшчына трапіла пад апеку Ўсевалада, наймалодшага з братоў Яраславічаў. Ноўгарад быў замацаваны, са згоды кіеўскага князя, за Глебам Святаславічам, сынам сярэдняга з братоў Яраславічаў. Таксама Святаслаў атрымаў Растоў разам з Белавозерам, інфармацыя аб чым паходзіць з трохі пазнейшых паведамленняў летапісу.

Прыгожым жэстам адзінства і братэрскай любові сярод сыноў Яраслава была кананізацыя «першых рускіх святых» Барыса і Глеба ў траўні 1072 г., культ якіх павінен быў «асвяціць» уладу Яраславічаў і абараніць яе ад прэтэнзій іншых князёў. Праўда, ужо праз дзесяць месяцаў, у сакавіку 1073 г., Ізяслаў быў чарговы раз выгнаны з Кіева і не нейкім чужынцам, а сваімі роднымі братамі: «В лето 6582 (1073). Въздвиже дьяволъ котору въ братьи сей Ярославичихъ. Бывши распри межи ими, быста съ собе Святославъ со Всеволодамъ на Изяслава. Изиде Изяславъ ис Кыева, Святослав же и Всеволодъ внидоста в Кыевъ, месяца марта 22, и седоста на столе на Берестовомъ, преступивша заповедь отню». А далей летапісец папросту абвінавачвае ў гэтым Святаслава Чарнігаўскага, быцам ён «бе начало выгнанью братню, желая большее власти», таму падгаварыў нявіннага Ўсевалада, застрашыўшы таемным саюзам Ізяслава з Усяславам Полацкім супраць іх. Менавіта адназначная ацэнка і абвінавачанне Святаслава з боку летапісца і выклікае сумненні ў верагоднасці паведамлення.

Беларускі даследчык Юры Заяц звярнуў увагу на тое, што праціўнікі Ўсяслава, Яраславічы, на старонках летапісаў выступалі адзіным фронтам супраць полацкага князя, аднак пачуццё варожасці да яго было розным. Не без падстаў Ю. Заяц вылучае асобу Ўсевалада на месца «галоўнага ворага» Ўсяслава, трапна адзначаючы, што «скрозь вобраз сціплага, праўдалюбнага і трохі слабахарактарнага Ўсевалада, створанага і адрэдагаванага ягонымі нашчадкамі, праступаюць рысы падступнага ўладалюба, які імкнецца на вялікакняскі пасад, жадаючы замацаваць яго толькі за сваёй сямейнай галіной». Гэтае назіранне выразна падмацоўваецца паводзінамі Ўсевалада і далейшымі падзеямі. З ягонага асяроддзя выходзіць фальсіфікат «Запавет Яраслава», у якім ён як адзіны ўлюбёны сын атрымаў права быць пахаваным каля бацькі. Пазней рэдактар «Аповесці мінулых часоў» ігумен Выдубіцкага манастыра Св. Міхаіла, закладзенага Ўсеваладам як родавы, Сільвестр, свядома пакінуў у летапісе паведамленне, што Ўсевалад разам з Святаславам занялі кіеўскі пасад у 1073 г. У 1076 г. Усевалад загадаў пахаваць Святаслава ў Чарнігаве, а не ў Кіеве, падкрэсліўшы пэўную незаконнасць заняцця кіеўскага пасаду апошнім. Дарэчы, ён не спяшаўся вярнуць Кіеў свайму старэйшаму брату Ізяславу, нават выступіў супраць яго з войскам. Аднак, у рэшце рэшт саступіўшы, здабыў для сябе Чарнігаў, пазбавіўшы сыноў Святаслава бацькоўскага ўдзелу.

На два гады, з 1069 па 1071, Усяслаў знікае са старонак летапісаў. Недзе сярод прыбалтыйскіх народаў, адносна недалёка ад радзімы, ён назапашваў вайсковыя сілы, каб вярнуцца ў родны Полацак. Гэты шчаслівы момант настаў у 1071 годзе. «В се же лето выгна Всеславъ Святополка ис Полотьска». Першым захадам Усяслава пасля вяртання ў Полацак была спроба вярнуць паўднёвыя тэрыторыі свайго княства з цэнтрам у Менску, аднавіць і ўзмацніць полацка-кіеўскую мяжу. Гэта падштурхнула Ўсяслава ў 1071 г. выступіць супраць Яраполка. Праўда, паход быў няўдалы. Пад Галацічаскам (на паўднёвы ўсход ад Менску) полацкі князь быў пераможаны Яраполкам. Пасля гэтага для Полацкай зямлі настаў сямігадовы спакой.

Пасля асталявання ў Полацку Ўсяслаў Брачыславіч далей працягваў палітыку раз'яднання Яраславічаў, каб не даць ім чарговай магчымасці ўзмацніцца. Ад адкрытага ваеннага змагання ён перайшоў да дыпламатычных сродкаў. Усяслаў спрабаваў наладзіць адпаведныя кантакты з кіеўскім князем Ізяславам Яраславічам. На гэта ўскосна паказваюць словы, прыпісаныя летапісцам Святаславу Яраславічу пад 1073 годам. «Святослав же бе начало выгнанью братню, желая болшее власти; Всеволода бо прелсти, глаголя, яко «Изяславъ сватится со Всеславомъ, мысля на наю; да аще его не вариве, имать на прогнати». Полацка-кіеўскі саюз скончыўся няўдала перш за ўсё для Ізяслава. У тым жа 1073 г. браты выгналі яго з Кіева, і вялікім князем зрабіўся Святаслаў Яраславіч Чарнігаўскі. Не выключана, што саюз Усяслава з Ізяславам быў звяном вялікай гульні, з мэтай авалодання кіеўскім пасадам Святаславам і мірнага існавання Ўсяслава ў Полацку. Дзеля бяскроўнага адхілення старэйшага брата ад улады той звярнуўся да Ўсяслава. Полацкі князь прапанаваў дамову Ізяславу, пра якую паведаміў Святаславу. Выяўленне патаемнага паразумення з «галоўным ворагам» Яраславічаў стала прычынай змены ўлады ў Кіеве і чарговай значнай стратэгічнай перамогай Усяслава. І зноў на чатыры гады Полацкае княства знікае са старонак кіеўскага і наўгародскага летапісання. Гэта яскравае сведчанне таго, што ў гады княжання Святаслава не адбывалася ваенных канфліктаў паміж Полацкам і Кіевам, а ён не меў прэтэнзій да Ўсяслава.

Сітуацыя кардынальна змянілася на другім этапе (1077-1085 гг.) супрацьстаяння Полацкай зямлі на чале з Усяславам Кіеву. Пасля смерці ў 1076 г. Святаслава Яраславіча на першы план выйшаў ягоны малодшы брат Усевалад, які быў вялікім кіеўскім князем у 1077 і 1078-1093 гг. Нават кароткатэрміновая ўмова са старэйшым братам Ізяславам хутчэй пацвярджае дадзенае назіранне. Бо хто як не Ізяслаў столькі разоў нацярпеўся ад Усяслава. Менавіта Ўсевалад і ягоны сын Уладзімір Манамах былі ініцыятарамі новага абвастрэння адносінаў з Полацкам. Падпарадкаваць апошні Кіеву, за кошт яго пашырыць свае тэрыторыі, а калі не, дык сплюндраваць і аслабіць Полацкую зямлю і ейнага князя - вось мэты іхнае імперскае палітыкі. Кідаецца ў вочы, што вайсковыя выправы паўднёварускіх князёў на Полацкую зямлю вылучаліся лютасцю на фоне звычайных тагачасных ваенных кампаній. Улетку 1077 г. Усевалад разам з Уладзімірам Манамахам здзейснілі паход на Полацак; зімою 1077-1078 гг. - новы паход Манамаха разам з наўгародскім князем Святаполкам Ізяславічам на Полацкую зямлю: «Ожьгъше Полтескъ; онъ иде Новугороду, а я с половци на Одрьск, воюя». Гэтым разам Яраславічы ўпершыню выкарысталі ў міжусобнай барацьбе агульнаславянскіх ворагаў - полаўцаў. У 1078 г. адбыўся напад Усяслава на Смаленск і адказ Кіева, падчас якога былі знішчаны гарады Полаччыны ад Лукомлю да Лагойску і ад Лагойску да Друцку: «Пожегъ землю и повоевавъ до Лукамля и до Логожьска. Та на Дрьютьскъ воюя». Нарэшце, 1085 г. - поўнае знішчэнне Ўладзімірам Манамахам Менску: «И на ту осень идохом с черниговцы, и с половцы, с четеевичи к Менску; изъехахом город не оставихом у него ни челядина, ни скотины».

А што Ўсяслаў? Па магчымасці ён бараніў сваю зямлю, часам атакаваў суседнія варожыя тэрыторыі, як у 1078 г. Смаленск ці трэці раз Ноўгарад. Але больш увагі полацкі князь надаваў унутранай палітыцы: адбудоўванню знішчаных гарадоў, умацаванню ўлады над падпарадкаванымі суседнімі балцкімі і фінскімі народамі ды вонкавых межаў сваёй дзяржавы. Шмат увагі Ўсяслаў надаваў выхаванню сваіх сыноў, а было іх у яго шасцёра: Давыд, Барыс-Рагвалод, Глеб, Раман, Расціслаў і Святаслаў-Георгі. Нягледзячы на вялікія намаганні Ўсевалада, падпарадкавання Полацкага княства Кіеву не адбылося. Перашкодай сталі ўнутрыдынастычная барацьба сярод нашчадкаў Яраславічаў у Рускай зямлі, у першую чаргу паміж Усеваладам і пляменнікамі - дзецьмі Святаслава Алегам ды Раманам і сынам Ізяслава Яраполкам. Не трэба скідваць з рахункаў ваенны і гаспадарчы патэнцыял самога Полацкага княства. Вось жа, пасля менскага паходу 1085 г. інфармацыя пра Полацкае княства і ягонага князя зноў на доўгія гады знікае са старонак летапісаў.

Смерць Усевалада Яраславіча 13 красавіка 1093 г. азначала на тэрыторыі Русі змену генерацый у асяроддзі кіроўнага клану. Наперад выходзяць унукі Яраслава - Святаполк Ізяславіч, трое Святаславічаў - Давыд, Алег і Яраслаў, а таксама Ўладзімір Манамах. І зноў няма спакою на Русі. Нягледзячы на тое, што Ўладзімір Манамах свядома саступіў Кіеў пасля смерці свайго бацькі Святаполку Ізяславічу, паміж унукамі Яраслава пачалася вайна. Асабліва вострымі былі сутычкі Алега Святаславіча з Уладзімірам Манамахам і ягонымі сынамі спачатку за Чарнігаў, а пазней за Растоў, Суздаль і Мурам. Менавіта дадзены канфлікт паслужыў галоўнай прычынай склікання Любецкага з'езду ў 1097 годзе.

У ранейшай гістарыяграфіі, зыходзячы з пазіцый адзінай старажытнарускай дзяржавы і кіевацэнтрызму, дадзены з'езд разглядаўся як падзея, што юрыдычна замацавала падзел Русі на вотчыны паміж трыма галінамі Яраславічаў, змяніла папярэднюю сістэму родавага сюзэрэнітэту на васальна-бенефіцыяльную і паклала пачатак памяншэнню палітычнай ролі Кіева як сталіцы адзінай дзяржавы. На думку С. Франкліна і Дж. Шэпарда, Любецкае пагадненне, як і «Запавет Яраслава», было хутчэй дакументам, разлічаным на свой час, чым генеральным рашэннем. Яно ўяўляла сабою простую дамову, а не палітычны трактат. Больш за тое, Любецкі з'езд з'явіўся рэакцыяй на крывавае сутыкненне інтарэсаў і прэтэнзій унутры клану, а не руціннай ратыфікацыяй стандартных правілаў пераходу ў спадчыну пасаду. І яшчэ. Рашэнні Любецкага з'езду пашыраліся на тэрыторыі, ахопленыя ўладай нашчадкаў Яраслава Ўладзіміравіча, і не датычыліся толькі аднаго княства - Полацкага.

Полацкі князь Усяслаў Брачыславіч не пажадаў удзельнічаць у Любецкім княскім з'ездзе Яраславічаў. Па-першае, Полацкаму князю, у адрозненне ад іншых, не было неабходнасці што-небудзь дзяліць альбо з кім-небудзь дзяліцца, даўно будучы суверэнным у дачыненні да Кіева. Па-другое, Усяслаў не меў ніякіх дынастычных альбо палітычных прэтэнзій на кіеўскі пасад. Па-трэцяе, размова на Любецкім з'ездзе датычылася ўладальніцкіх праблемаў значна маладзейшых за Ўсяслава прадстаўнікоў «дынастыі Яраславічаў». Агучаны і замацаваны ў Любечы прынцып уладарання «каждо да держить отчину свою» быў навацыяй для нашчадкаў Яраслава Ўладзіміравіча. Бо традыцыя перадачы княскага пасаду ад бацькі сыну ў Полацкім княстве існавала ўжо ад 1001 г. - амаль сто гадоў. І гэта быў галоўны вынік шматгадовай і цяжкой палітычнай і ваеннай барацьбы Полацку супраць Дняпроўскай Русі з цэнтрам у Кіеве, якая на старонках летапісаў персаніфікавалася ў вайну паміж Усяславам Брачыславічам, з аднаго боку, і сынамі ды ўнукамі Яраслава Ўладзіміравіча - з другога.

Смерць Усяслава Брачыславіча ў 1101 г. прынесла палёгку варожым Полацку сілам - нашчадкам Яраслава, якія панавалі ў суседніх з ім княствах і Ноўгарадзе. Полацкая зямля, падзеленая паміж сынамі Ўсяслава на ўдзелы, уяўляла ўжо меншую пагрозу для Кіева і Ноўгараду. А канчаткова полацкая пагроза знікла ў перыяд ад захопу Ўладзімірам Манамахам Глеба Ўсяславіча Менскага і ягонай смерці ў 1119 г. да высылкі часткі полацкіх князёў у 1129 г. у Візантыю Мсціславам Уладзіміравічам.

Ліквідаваўшы Полацак як канкурэнта на палітычнай мапе Ўсходняй Еўропы, нашчадкі Яраслава не змаглі вынішчыць вобразу Ўсяслава Брачыславіча з памяці кіяўлянаў і наўгародцаў. Яшчэ ў 1147 г. падчас бунту ў Кіеве супраць князя Ўсевалада Алегавіча Чарнігаўскага «кияне же рекоша рад оже ны Богъ тебе избавилъ от великия льсти братю нашю идемъ по тобе и с детми акоже хощеши. И реч единъ человекъ по князи своемъ: рад идемъ, но первое о семъ промыслимы акоже и преж створиша при Изяславе Ярославличе высекше Всеслава ис пороуба злии они и поставили князя собе и много зла быс про то градоу нашему». У 1178 г. летапісец тлумачыць паход Мсціслава Расціславіча з наўгародцамі на Полацкага князя Ўсяслава тым, што «ходилъ бо бяше дедъ его на Новъгородъ и взялъ ерусалимъ церковныи и сосоуды слоужебные и погостъ одинъ завелъ».

Адзначаная намі на пачатку тэксту супярэчлівасць ацэнак учынкаў і дзейнасці полацкага князя Ўсяслава сярод сучаснікаў, зафіксаваная ў крыніцах, захавалася і нават замацавалася ў сучаснай гістарыяграфіі. З пункту гледжання існавання адзінай «Старажытнай Русі» альбо «ўсходнеславянскага братэрства», Усяслаў - сепаратыст, які імкнуўся зламаць усталяваную сацыяльна-палітычную і гаспадарчую сістэму гэтай дзяржавы і пашырыць свае тэрыторыі коштам захопу новых земляў у суседзяў. Такімі ж сепаратыстамі ў 2-й палове ХІ ст. выглядаюць Расціслаў Уладзіміравіч, унук Яраслава Мудрага, наўгародскі, а пазней цьмутараканскі князь; пасля смерці кіеўскага князя Святаслава Яраславіча ў 1076 г. - ягоныя дзеці Раман і Алег; смаленскі князь Барыс, сын Вячаслава Яраславіча; сын Ізяслава Яраполк, валынскі князь; Расціславічы - Васілька і Валадар. Аднак з пазіцый палачанаў, насельніцтва Полацкай зямлі, Усяслаў Брачыславіч быў адзіным гарантам іх самастойнасці і абаронцам ад ворагаў - як пазней, у ХІІ ст., былі Святаславічы для чарнігаўцаў, Юры Даўгарукі і ягоныя нашчадкі - для ўладзімірцаў і суздальцаў, а Расціслаў Мсціславіч - для Смаленскага княства.

За Ўсяслава Брачыславіча Полацкая зямля канчаткова ператварылася ў самастойную раннесярэднявечную дзяржаву, якая характарызавалася наяўнасцю ўсіх неабходных атрыбутаў і палітычных інструментаў: стабільнай тэрыторыі, найвышэйшай улады ў асобе князя, уласнай дынастычнай лініі, апаратаў прымусу і ідэалогіі, рэлігійнай арганізацыі і ўзброеных сіл. Гэта ўсё дазваляла Полацкаму князю праводзіць незалежную ад якога-небудзь цэнтру вонкавую і ўнутраную палітыку. Частыя і зацятыя ваенныя сутыкненні з суседзямі сведчылі пра магутны эканамічны і ваенны патэнцыял гэтай дзяржавы. І, мусіць, мелі рацыю тыя, хто пісаў, што галоўнай мэтай жыцця Ўсяслава было аб'яднанне вакол Полацку ўсіх крывічоў, якія пазней часткова трапілі пад уладу Ноўгараду (Пскоў) і Смаленску. На стварэнне крывіцкай дзяржавы былі накіраваны талент, энергія і жыццёвае прызначэнне Полацкага князя Ўсяслава Брачыславіча.

  (нар. у 1963 г. у Ваўкавыску) - археоляг, гісторык. Распрацоўвае праблемы гісторыі сярэднявечнай Беларусі. Дацэнт катэдры археалёгіі і этналёгіі Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы.

* Гэты артыкул уяўляе сабою аўтарскі сынтэз уласных двух тэкстаў, якія былі надрукаваныя па-за межамі Беларусі: «Усяслаў Брачыслававіч, князь полацкі (штрыхі да гістарычнага партрэту)» (Białoruskie zeszyty historyczne. 2002. №28) і «Ўсяслаў і Яраслававічы. Спецыфіка палітычных адносінаў Полацка і Кіева ў другой палове ХІ ст.» (Україна в центрально-східній Европі (з найдавнішніх часів да ХVІІІ ст. 2002. Вып. 2). У параўнанні з імі прапанаваны чытачам «ARCHE» тэкст значна менш абцяжараны спасылкамі на аўтарытэты і адсылам да крыніцаў. Шэраг момантаў падкарэктаваны і дапоўнены.

   
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 3 (32) - 2004

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю,   Майстраваньне [mk], Абнаўленьне [czyk]
Copyright © 1998-2004 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2004/11/5