A R C H E П а ч а т а к № 3 (32) - 2004
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


3-2004
" да Зьместу "

 



аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі

 


эсэістыка

  СЯРГЕЙ ШЫДЛОЎСКІ

Вокладка ARCHE 3-2004.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (2'2004)
   ARCHE (1'2004)
   Эўропа на ўсход ад    Эўропы
   Віленская Анталёгія
   Чэскі Альбом
   Pax Americana
   Туманнасьці
   беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6'2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4'2001)
   Скарына
(3'2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1'2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8'2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6'2000)
   Глёбус
   Скарына
(4'2000)
   Габрэі
   Скарына
(2'2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Сяргей Шыдлоўскі
Зьбіраньне Полацку

1

Ілюстрацыі з полацкімі бажніцамі прыдадуцца ў гістарычным падручніку любой ідэалягічнай фармацыі, яны прысутнічалі нават у кніжцы Абэцэдарскага. Полацкая тэма будзе захоўваць актуальнасьць, пакуль існуе патрэба глёрыфікацыі ўлады, незалежна ад яе цывілізацыйных арыентацыяў. Таму спадчына Полацку бачыцца спрыяльным полем для агульнабеларускага ідэалягічнага кампрамісу.

Полацак - Рэймс-на-Дзьвіне, цырыманіяльная заля ўсходнеэўрапейскай гісторыі. Адсюль - сьмяротныя закляцьці на крыжы Эўфрасіньні, урачыстыя клятвы Батуры… Авансцэна гісторыі вымагае высокага стылю. Адсюль - пышныя полацкія трыюмфаваньні маскоўскіх цароў, ілюмінацыі для імпэратрыцы, адсюль Сімяон… Жарсьць Полацку - каранаваць.

Каму належыць крывіцкая спадчына? Сучасныя палачане на вуліцах роднага гораду могуць падацца статыстамі: дзея скончылася, галоўныя героі сышлі пад воплескі са сцэны. Магчыма, гэтак жа пачуваюцца цяперашнія качканосыя жыхары Грэцыі, якія змушаны з годнасьцю несьці ўласныя комплексы ў атачэньні мармурова-бездакорных Вэнэр ды Апалёнаў.

Крывіцкая, як і старагрэцкая, Антычнасьць належыць агульнаэўрапейскай цывілізацыi, што ёсьць і гонарам, і адказнасьцю, і смуткам цяперашніх кватарантаў гэтых легендарных руінаў. У дзяржаўніцкіх дэкарацыях Полацку, на яго музэйных вуліцах па меры таго, як прасякаешся іх мэсыджамі, робіцца няўтульна. Нават любоўныя полацкія гісторыі, хрэстаматыйныя лёсы палачанак пераплецены з жарсьцю валадараньня ці служэньня вышэйшым рацыям. У крэпасьці, крамлі, манастыры вяршыцца дзея… У Полацку адраджэнскіх ілюстраваных кніжак нельга жыць. Гэтым Полацкам можна гандляваць, гэтаму Полацку можна служыць, трымаць тут аблогу.

У сучасных палачанаў, мяркую, няма настальгіі па Бельчыцах - зруйнаванай княскай рэзыдэнцыі, ім бракуе кавярняў. Але руіны, страты, прывіды, цені, двайнікі - абавязковая частка гульні, тыя 2/3 айсбэргу, под, на якім будуецца патас міталёгіі й пэрспэктывы турыстычнага бізнэсу. Ці засталося ў жыхароў сучаснага Полацку энэргіі, каб пазьбегнуць існаваньня ў засені легенды, манаролі музэйшчыкаў-гідаў і абжыць руіны наноў?

У Полацку нешматлікая інтэлігенцыя. Заробленае нафтахімічнымі монстрамі не асядае дывідэндамі ў кішэнях гараджанаў. Тут няма ўплывовых штаб-кватэраў, салёнаў, клюбаў - інфраструктуры лабіяваньня й фармаваньня рэгіянальнай рацыі. Адсутнічае адпрацаваны канвэер вырабу інтэлектуалаў ды палітыкаў. Але палачане, вымкнуўшы за муры роднага гораду, не губляюцца ў часе й чужых інтарэсах. Уласна, толькі за мурамі гораду яны і робяцца палачанамі - вандроўнікамі, піянерамі-варагамі, пакліканымі на княжаньне.

Полацкі герб - караблік. Яго гушкалі хвалі сусьветных цывілізацыйных плыняў. Гэты горад ня быў канцавым пунктам на шляху, якім калісьці выправіліся крывічы. Полацак - нацягненая цеціва, адпраўны пункт калянізацыі. На поўнач - для Бізантыі, на поўдзень - для скандынаваў. Маяк, сьвечка на акне хаты шляхціца Завальні ў завею. Полацак вядзе. На Поўнач, на Захад, на Ўсход… Усё залежыць ад таго, зь якога пункту вы заўважылі яго пробліскі.

Раскручваюцца ў Полацку, прадаюцца ў Менску. Як зоркам належна нараджацца на небе, так беларускае мастацтва ды гісторыя ствараюцца ў Полацку. Так было стагодзьдзямі, і цяпер спрацоўвае эфэкт самай даўгой у гісторыі гэтага народу рэклямнай кампаніі - імя Полацку на слыху ўжо тысячу год з каптуром у колькі стагодзьдзяў.

Полацак ня мае індустрыі штампаваньня пасьпяховасьці, гэта не канвэер, а хутчэй банк - масіў сымбалічнага капіталу, што назапашваўся пакаленьнямі. Ад яго нам усім нешта авансам і перападае.

Брэнд кшталтуецца стагодзьдзямі. У Полацку няма брэндаў піўных ці кілбасных. Піва ды кілбасу тут па-людзку так і не навучыліся рабіць дасюль. У гэтым горадзе прызвычаіліся ствараць нематэрыяльнае - краіць пурпур, а не кажухі. Полацкае імя маркіруе духовае - лёсы, а не кар'еры.

Значную частку сучаснага насельніцтва Полацку складаюць нашчадкі савецкіх вайскоўцаў. Але сын савецкага пракурора Ўладзімер Арлоў ды носьбіт ня менш «чужынскага» прозьвішча Вінцэсь Мудроў робяцца выказьнікамі тутэйшай рацыі. А каму прыйдзе да галавы аспрэчваць полацкасьць ураджэнца Жодзіна Алеся Аркуша? Празь дзяцей расейцаў, украінцаў, габрэяў прамаўляе полацкае. Як спрацоўвае мэханізм гістарычнай пераемнасьці? Хіба ў пакрывеленым штыкетніку - візуальная выява крывіцкай велічы? Ці цяперашні раённы статус гораду - зарука непарыўнасьці дзяржаўных традыцыяў палачанаў?

Полацкія архетыпы старэйшыя за нацыянальную ды сацыяльную каньюнктуру, народжаную ХІХ стагодзьдзем. Яны апэлююць да старажытных, падставовых інстынктаў, спрадвечнай жарсьці - волі да ўлады, славы, непарыўнасьці роду. Іх прымаюць без пасярэдніцтва граматычных ці канфэсійных упадабаньняў. Рагнеда, Рагвалод, Усяслаў, Эўфрасіньня таго ж веку, што і Фаўст, Трышчан, Іжота, Сьвяты Францішак ды кароль Артур. Яны - складнікі наднацыянальнай эўрапейскай ідэнтычнасьці. Таму праваднікамі полацкіх рацыяў так лёгка робяцца людзі рознай крыві ды розных канфэсіяў.

Спробы зьвесьці Полацак да рэзэрвацыі язычніцкага сьветапачуваньня ці прэзэнтаваць яго як апірышча нейкай адной хрысьціянскай канфэсіі азначае рэдукцыю яго месца ў гісторыі. Амбівалентнасьць Сьвятога гораду-ваўкалака зацеміў яшчэ Власт. Пад Полацкам - мэтафізычныя Лябірынты, падпольле, двайное дно, ён мае выхады-лёхі ўва ўсе бакі - да езуітаў, у Бізантыю ды ў пракаветныя паганскія лясы. Дзедам сьвятой Эўфрасіньні быў ваўкалак Усяслаў, што зьняў званы з наўгародзкай Сафійкі; Скарына вучыўся ў каталіцкіх унівэрсытэтах; Цяпінскі быў антытрынітарам; Сімяон Полацкі кім толькі ня быў. І ўсё гэта Сьвяты Полацак - горад-воўк, які - колькі яго ні прыкармлівай - пільнуе свой лес. Гэта купецкае прагматычнае места, і галоўная крыніца экспарту тут - легітымнасьць, міты, цырыманіял, прэстыж, генэалёгіі.

Полацак - культуралягічная, гістарычная, ідэалягічная велічыня, якая ня ставіцца пад пытаньне. Іншая рэч палачане. Уладзімера Арлова бачылі многія, але і Еці бачылі… Ёсьць полацкія архетыпы, іконы, героі, але што сабой уяўляюць сучасныя палачане? Ці можна адрозьніць палачаніна паводле спэцыфічнага маўленьня, стылю паводзінаў, поглядаў? Наўрад ці. А між тым палачане існуюць. Мусяць існаваць як канстанта беларускай рэчаіснасьці. Як мусяць быць магілеўцы, менчукі, гарадзенцы… У адваротным выпадку этнонімы ды палітычныя рэаліі гэтай краіны будуць мяняцца, як колеры хамэлеона.

2

Ёсьць недарэчнасьць у тым, што тэкст, годны мітаў, прывідаў, канцэнтраванага літаратурнага паветра Полацку дасюль не прад'яўлены. Гэтага тэксту ня можа ня быць. Магчыма, ім зьяўляюцца Полацкія летапісы, несфальшаваная рэдакцыя «Слова пра паход Ігаравы», чарнавік «Крывічоў» Зарэцкага, дзёньнікі Арлова або раскіданыя па інтэрнэцкіх форумах Аркушавы пасты. Ідзецца не пра тое, каб напісаць тэкст, а толькі выявіць яго. Патрэбна дасьледаваньне, выхад у поле, экспэдыцыя за Полацкім раманам… Дзея ў стылі рэал-шоў, з той розьніцай, што «бягучым па лязе» будзе сам рэжысэр такога пачынаньня.

Складаньні полацкіх літаратурных анталёгіяў, задумы гарадзкой энцыкляпэдыі могуць быць адным з магчымых шляхоў выяўленьня падобнага тэксту. Але тут мы ўжо маем пэўны нэгатыўны досьвед - хто б ні зьяўляўся складальнікам беларускіх хрэстаматыяў, якімі б правільнымі ідэалягемамі ён ні кіраваўся, усё адно гэтыя тэксты пакуль так і ня склаліся ў Вялікую беларускую літаратуру. Лірыка Крапівы замененая байкамі Геніюш (ці наадварот?), сіла на красу, краса на сілу, але выходзіць усё тая ж бел-літ, прылада для пазакляснага катаваньня вечных, калі можна так трохі мадэрнізаваць тэрмін Акудовіча, ліцэістаў тваіх, Беларусь…

А Раман пра Полацак ужо існуе, мы даведваемся пра гэта апошнімі, бо самі ёсьць яго пэрсанажамі.

3

Зямля Полацку на мэтры ўглыб угноена касьцямі князёў, манахаў і паэтаў. Княскага праху будзе замала, каб істотна палепшыць сельскагаспадарчую вартасьць тутэйшых суглінак, але міты на іх родзяць добра.

Наведваньне васьмі сотак лецішча пад Полацкам можа спарадзіць дэпрэсіўныя думкі. Ад жоўценькага прыдзьвінскага пясочку павявае хранічным недародам, голадам, безнадзеяй. Як патрапілі продкі збудаваць і падтрымліваць у балоцістай нізіне гэты горад, легенду, культуру, калі нават цяпер, з усімі калійнымі солямі, пэстыцыдамі, тэхнікай і парнікамі, змаганьне за ўраджай у тутэйшым краі выглядае мазахізмам?

Адказ просты. Продкі сучасных палачанаў не завіхаліся на палетках. У вёсках жылі аўтахтоны-балты, якія празь некалькі стагодзьдзяў, ужо асыміляваныя славянамі, былі абуджаны пад назовам «беларусы» да дзяржаўнага жыцьця ліраю Коласа ды Купалы. А крывічы бавіліся спрадвек вайной, гандлем, дойлідзтвам і малітвай.

Крывічы сеялі слова, а ня жыта. Ураблялі розум, а не суглінку. Пралівалі кроў, а ня пот.

Гэтая вузкая спэцыялізацыя вымагала строгай арганізацыі - наяўнасьці дзяржавы. Полацак і быў дзяржавай у чыстым выглядзе, квінтэсэнцыяй дзяржаўнасьці. І нават калі яго падпарадкавалі больш драпежныя суседзі, палачане й надалей працягвалі займацца тым, што лепш за ўсё ведалі - вырабам дзяржавы. Гэтае рамяство было заўжды запатрабаваным. Яно прыдалося ВКЛ і маскоўскім царам. Яно ня можа не спатрэбіцца і незалежнай Беларусі.

4

Полацак не аднаўлялі пасьля вайны 1941-1945-га піцерскія архітэктары. Пэўныя куткі гораду прымушаюць думаць, што іх не аднаўлялі ані пасьля вайны 1654-1667-га. Лёс памежнага краю. Мы здавалі ворагу гарады, крывіцкага лесу не здавалі. Дзеці паўднёвых стэпаў заклікалі да сумленнага бою ў чыстым полі. Але больш пачэсна для нас было рваць іх у ельніку, дзе змрачней.

Базар, Вакзал, Прамзона, штыкетнік выцьвілы… А Полацак дзе? «Падманулі, як падманвалі варагаў з грэкамі пятнаццаць стагодзьдзяў, прад'явіце Полацак зараз».

А горад пачатку ХХІ стагодзьдзя хаваецца за танаваным шклом патасных аўто, зачыняецца на кодавыя замкі… На самым вялікім беларускім сьметніку, які археолягі называюць культурным слоем Полацку, 2004-ы маглі б маркіраваць сінія пачкі «LM», калі б толькі папера не парахнела… Горад пераходзіць на лёгкія цыгарэты, завязвае з кавай, п'е зялёную гарбату, вяртае студэнтаў у езуіцкія муры.

І праўда, што такое Полацак? Міт, залатая легенда, «так было»?

Так будзе. Гэта оpen source, футурыстычны праект, створаны дзядамі, а праекцыя іх мараў і трызьненьня - намі. Гэта Полацак, наша…

Абяцаньне. Пазнаваньне-ўгадваньне сябе. Твой і мой імгненны адбітак на стужцы Дзьвіны. Такое кіно. Цягам паўтара тысячагодзьдзя.

Яно толькі пачынаецца. За павароткай гэтай вясны. Ёсьць ты і я, а Полацак будзе. Дзе сустрэнемся - будзе Полацак. Назавуць Полацкам месца нашай сустрэчы.

  выпускнік гістфаку БДУ. Выкладаў гісторыю культуры ў полацкім унівэрсытэце, цяпер робіць тэхнолягам на адным хімічным прадпрыемстве Наваполацку. Стваральнік рэсурсаў www.siver.net i www.epolotsk.com.
   
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 3 (32) - 2004

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю,   Майстраваньне [mk], Абнаўленьне [czyk]
Copyright © 1998-2004 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2004/11/5