A R C H E | П а ч а т а к | № 3 (32) - 2004 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
||||
ІМАНУІЛ ВАЛЕРСТАЙН | ||||||
|
Імануіл Валерстайн
|
Імануіл Валерстайн (нар. у 1930) - амэрыканскі гісторык, сацыёляг, прафэсар Ельскага ўнівэрсытэту, нязьменны з 1976 г. дырэктар Цэнтру дасьледаваньняў эканомікі, гістарычных сыстэмаў і цывілізацый імя Фэрнана Брадэля. Аўтар фундамэнтальнае працы «The Modern World-System. Capitalist Agriculture and the Origins of the European World-Economy in the Sixteenth Century» (1974). Ягоныя апошнія кнігі - «The Essential Wallerstein» (2001), «The Decline of American Power: the U.S. in a Chaotic World» (2003). Гэты тэкст друкуецца з ласкавае згоды аўтара. Copyright by Immanuel Wallerstein, 2004. |
У дачыненні да Еўропы галоўнай праблемай было тое, як зменшыць яе ўсё большае імкненне да палітычнай аўтаноміі. З мэтай дабіцца гэтага ЗША прапанавалі Еўропе геапалітычнае «партнёрства» (то бок пэўны ўзровень палітычных кансультацый) на двух франтах - «халоднай вайны», што вялася супраць Савецкага Саюзу, і палітычна-эканамічнага змагання Поўначы супраць Поўдню. Гэта меліся праводзіць у жыццё шматлікія інстытуты, у іх ліку - Трохбаковая камісія, сустрэчы Вялікай Сямёркі і Сусветны эканамічны форум у Давосе. Праграма адносна «халоднай вайны» вылілася ў Хельсінкскія пагадненні. Праграма, што датычыла дачыненняў Поўдню і Поўначы, вылілася ў супрацьдзеянне распаўсюджванню ядзернай зброі, «Вашынгтонскі кансенсус» (на карысць неалібералізму і супраць стратэгіі развіцця) і стварэнне Сусветнай гандлёвай арганізацыі.
У 1970-х і 1980-х гадах можна было сказаць, што скарэктаваная замежная палітыка Злучаных Штатаў часткова прыносіла плён. Хаця палітычная аўтаномія Еўропы і павялічылася - узгадайма пра Ostpolitik Нямеччыны* і газаправод, што злучыў Савецкі Саюз і Заходнюю Еўропу, - наагул Еўропа не надта далёка адышла ад Злучаных Штатаў у геапалітычным сэнсе. У прыватнасці, спробы стварэння еўрапейскіх узброеных сілаў былі паспяхова заблакаваныя супрацьстаяннем Злучаных Штатаў. На практыцы, хоць на словах гэтага не выяўлялася, ЗША на той момант ужо непрыхільна ставіліся да еўрапейскага адзінства.
|
* Мультылатэралізм - прынцып пабудовы стасункаў паміж дзяржавамі, што грунтуецца на механіўме шматбаковых пагадненняў, акцэнтуе калектыўнасць у прыняцці рашэнняў і дазваляе кожнай дзяржаве наладжваць стасункі з усімі партнёрамі. - Заўв. пер. |
Яшчэ больш паспяховай выглядала палітыка Злучаных Штатаў на паўднёва-паўночным фронце. Большасць краін Трэцяга Свету пагадзіліся з палітыкай дапасавання да структурных патрабаванняў МВФ, і нават сацыялістычныя краіны цэнтральна-ўсходняй Еўропы рушылі ў гэтым напрамку. Расчараванне людзей нацыянальна-вызваленчымі рухамі, што прыйшлі да ўлады ў развіццёвых краінах, і камуністычнымі рэжымамі сацыялістычнага блоку заглушыла рэшткі былое ваяўнічасці і спарадзіла ў асяроддзі левых ва ўсім свеце пачуццё змрочнага песімізму. І безумоўна, завяршальным «трыумфам» быў развал СССР.
Аднак жа гэты «трыумф» зусім не паспрыяў замежнапалітычным інтарэсам Злучаных Штатаў, і перадусім іх інтарэсам у Заходняй Еўропе. Бо ён ліквідаваў апошні важкі аргумент на карысць неабходнасці падпарадкавання Заходняй Еўропы сусветнаму геапалітычнаму «лідэру» ЗША. Садам Хусейн скарыстаўся гэтым момантам, каб кінуць адкрыты выклік Злучаным Штатам - крок, які ён нізавошта не здолеў бы зрабіць у папярэднія часы, у дні «халоднай вайны». Вайна ў Персідскім заліве скончылася замірэннем на той самай мяжы, дзе і пачалася, што па меры таго, як дзесяцігоддзе разгортвалася далей, здавалася Злучаным Штатам усё менш і менш дапушчальным. Тым не менш, Клінтан працягваў палітыку Ніксана - «мяккі мультылатэралізм» на Балканах, на Блізкім Усходзе і ўва Ўсходняй Азіі, а заходнееўрапейцы па-ранейшаму адмаўляліся адкрыта разрываць са Злучанымі Штатамі ў ключавых пытаннях. Тым часам, каб забяспечыць далейшую паслухмянасць Заходняй Еўропы, ЗША настойліва дамагаліся далучэння да еўрапейскіх арганізацый і NATO новых посткамуністычных краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, адчуваючы, што гэтыя дзяржавы будуць ахвотна падтрымліваць і ўмацоўваць сувязі з ЗША і такім чынам паслужаць супрацьвагай аўтанамісцкім настроям, што былі ўжо з'явіліліся ў Заходняй Еўропе. І тут на сцэну выйшаў Джордж Буш-малодшы і прыхільнікі жорсткай палітыкі. Яны лічылі ніксана-клінтанаўскую замежную палітыку надзвычайна слабай і бачылі ў ёй галоўны чыннік далейшага змяншэння моцы ЗША ў свеце. Выключна пагардліва яны ставіліся да структураў ААН і асабліва стараліся стрымаць імкненне Еўропы да палітычнай аўтаноміі. На іхную думку, спосабам дасягнуць гэтага з'яўлялася сцвярджэнне моцы ЗША з унілатэралісцкіх пазіцый і пры дапамозе вайсковай сілы, з відавочна пераканаўчай нагляднасцю. За мішэнь імі быў выбраны Ірак (загадзя заяўлены ў гэтай якасці ў 1990-я гады) - з трох прычынаў: 1) вайна ў Персідскім заліве была «ганебнай» для ЗША, бо Садам Хусейн ацалеў; 2) Ірак стаўся б цудоўным пунктам для размяшчэння пастаянных амерыканскіх вайсковых баз на Блізкім Усходзе; 3) з ваеннага пункту гледжання Ірак з'яўляўся лёгкай мішэнню менавіта таму, што не меў зброі масавага паражэння. Паводле тэорыі прыхільнікаў жорсткай лініі, заваяванне Іраку мелася паслужыць доказам абсалютнасці вайсковай перавагі Злучаных Штатаў і, такім чынам, прынесла б адразу тры вынікі. 1. Гэта застрашыла б Заходнюю Еўропу (і, ужо ў дадатак да яе, Усходнюю Азію) і спыніла б усе памкненні да палітычнай аўтаноміі. 2. Гэта застрашыла б усе краіны, што мелі намеры зрабіцца ядзернымі дзяржавамі, і вымусіла б іх адмовіцца ад любых спробаў атрымаць гэтыя віды зброі. 3. Гэта застрашыла б усе дзяржавы Блізкага Ўсходу і вымусіла б іх спыніць усе памкненні да таго, каб самасцвердзіцца ў геапалітычным сэнсе, і забяспечыла б прыняцце імі вырашэння ізраільска-палестынскага пытання на ўмовах, што адпавядалі б Ізраілю і ЗША. Гэтая палітыка абярнулася суцэльным фіяска. Уяўна лёгкая мішэнь - Ірак - аказалася не такой ужо і лёгкай мішэнню. На цяперашні момант акупацыя ЗША сутыкаецца з супрацівам усё большага размаху, і гэта скончыцца як мінімум тым, што іракскі ўрад будзе зусім не такім, як хацелі б ЗША, а як максімум - поўным вывадам амерыканскіх войск, як гэта адбылося ў В'етнаме. Спроба раскалоць Еўропу на два лагеры - г. зв. «старую Еўропу» і «новую Еўропу» - мела толькі хвілінны поспех. Пасля выбараў у Іспаніі сітуацыя перамянілася з дакладнасцю да наадварот, і Еўропа ўпершыню пасля 1945 году стаіць на парозе зацвярджэння ўласнай геапалітычнай аўтаноміі. Пашырэнне ядзернай зброі не было запаволена. Яго, калі ўжо на тое, хутчэй паскорылі. А краіны Блізкага Ўсходу адварочваюцца ад ЗША, а не хінуцца да іх (за выключэннем Лівіі, аднак і ў гэтым выпадку гэта можа быць не надоўга). А Ізраіль/Палестына застаюцца ў цалкам тупіковай сітуацыі, якая будзе захоўвацца, пакуль не выбухне так, што стрымаць ужо будзе немагчыма. Унілатэралізм мача, якога трымаліся прыхільнікі жорсткай лініі, не прынёс поспеху, і гэтая палітыка заўважна страціла падтрымку ўнутры ЗША, нават у асяроддзі кансерватыўных рэспубліканцаў. Аднак якая маецца альтэрнатыва? Памяркоўныя рэспубліканцы або ў яшчэ большай ступені - дэмакраты-цэнтрысты прапануюць вярнуцца да «мяккага мультылатэралізму» часоў Ніксана-Клінтана. Ці гэта можа спрацаваць цяпер? Даволі сумнеўна. Амаль пэўна, што ў наступнае дзесяцігоддзе спакуса абзавесціся ядзернай зброяй прывабіць сама мала тузін краінаў, а ў наступную чвэрць стагоддзя ў нас будзе ўжо не восем ядзерных дзяржаў, а дваццаць пяць. Гэта паслужыць сапраўдным абмежаваннем вайсковай магутнасці Злучаных Штатаў. Не падобна, каб сітуацыя на Блізкім Усходзе змянілася хоць у якім-небудзь кірунку, што быў бы даспадобы Злучаным Штатам. Асабліва гэта датычыць Ізраілю/Палестыны. Што наконт Еўропы? Еўропа на гэты момант уяўляе сабой найвялікшы пытальнік сусветнай геапалітыкі. Нават найбольш «праатлантычныя» еўрапейцы ўжо ставяцца насцярожана да амерыканскага дамінавання - і нават да «мультылатэралісцкай» Амерыкі. Аднак у Еўропы ўсё яшчэ застаецца адзін супольны інтэрас са Штатамі - супрацьстаянне Поўдню і Поўначы. Прыняцце сур'ёзнай агульнаеўрапейскай канстытуцыі ўсё яшчэ пад сумневам, асабліва калі ўлічыць, што аднаго адмоўнага галасавання ў любой асобна ўзятай краіне дастаткова, каб скасаваць любую дамоўленасць. У прыватнасці, еўрапейскія левыя яшчэ не пазбавіліся сваіх пасляваенных сумневаў адносна еўрапейскага адзінства і адпаведна не надта імкнуцца ад душы кінуцца ў стварэнне Еўраканстытуцыі. Гэта асабліва датычыць краін Скандынавіі і Францыі, аднак падобная насцярожанасць маецца амаль усюды. Моцная незалежная Еўропа - першая і абавязковая цаглінка ў падмурку шматполюснага свету. Незалежная Еўропа, гатовая працаваць на карысць фундаментальных пераўтварэнняў сусветнай эканомікі ў кірунках, што насамрэч пачалі б пераадольваць цяперашнюю палярызацыю Поўначы і Поўдню, мела б яшчэ большае значэнне на сусветнай арэне. Абодва варыянты як найбольш магчымыя. Ніводны з іх зусім не з'яўляецца безумоўным. 15 траўня 2004 году Пераклала з ангельскай Мілана Міхалевіч паводле http://fbc.binghamton.edu/137en.htm
|
* Палітыка Заходняй Нямеччыны, накіраваная на разрадку ў стасунках з усходнімі суседзямі. - Заўв. пер. |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 3 (32) - 2004 |
|
Ліст у рэдакцыю,
Майстраваньне [mk],
Абнаўленьне [czyk] |