A R C H E | П а ч а т а к | № 3 (32) - 2004 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
||||
ВІКТАР ЖЫБУЛЬ | ||||||
|
Віктар Жыбуль
|
(нар. у 1978 г. у Менску) - паэт, літаратуразнавец. У 2000 годзе скончыў філфак БДУ. Дасьледуе беларускую літаратуру 20-х гадоў ХХ ст. Аўтар чатырох кніг паэзіі, напісаў некалькі паэмаў-паліндромаў.
|
Няма ніякай падставы для далейшага існаваньня Полацкай філіі, аб'яднаньня хлопцаў, якія зусім не цікавяцца і ня хочуць цікавіцца «Маладняком». Тыя адзінкі, якіх «Маладняк» будзе мець у Полаччыне, знойдзены лічна мною, а ня філіяй. Я настайваю на тым, каб філія альбо была распушчана, альбо на маё месца быў прысланы які-небудзь Пушча, які, не паказаўшы нічым сваёй працы, кідае папрокі мне. Лічу, што трэба зрабіць першае. Вядома, што ад другога не адмоўлюся. (Зь ліста ад 31 траўня 1925 году) У жніўні Дудар пераехаў з Полацку ў Менск, перадаўшы кіраўніцтва занядбанай філіяй аднаму са старэйшых і найбольш адказных яе сяброў Вал. Сянкевічу. Неўзабаве яго зьмяніў Сымон Хурсік, а затым - Алесь Звонак, якому даручылі працу адказнага сакратара ў газэце «Чырвоная Полаччына». Рэанімаваная Полацкая філія папоўнілася новымі творчымі сіламі: на старонках газэт і альманахаў пачалі зьяўляцца такія імёны, як Пятрусь Броўка, Рыгор Хвойка, Язэп Козік, Тарас Хадкевіч, Кастусь Пчалкоў, Станіслаў Мілевіч, Мікола Сямашка і інш. Вось менавіта ў гэты час і зьявіўся на Полаччыне другі вядомы скандаліст - Паўлюк Шукайла. У лютым 1926 году ён прыехаў у Расоны, куды яго перавялі на пасаду сакратара райкаму - пасьля таго, як зачынілася слуцкая акруговая газэта «Вясковы будаўнік», дзе Шукайла працаваў рэдактарам. Новае месца працы Шукайла аздобіў даволі кідка. У яго кабінэце віселі два партрэты: Маркса і Шукайлы, г. зн. яго самога, прыгадваюць відавочцы. У іншых падобных афіцыйных установах побач з Марксам звычайна вісеў Ленін, так што трэба аддаць належнае гэтаму сьмеламу ўчынку. Каб ня надта сумаваць на новым месцы, Шукайла запрасіў у Расоны свайго сябра і паплечніка па Слуцкай філіі «Маладняку» - Янку Скрыгана (апошні тады пісаў яшчэ пераважна вершы і быў больш вядомы як Пірат і Янка Відук), для якога знайшлася праца загадчыка нардому. Былыя «слуцкія песьняры» жылі ў Расонах, але часта бывалі ў Полацку. Менавіта тут Шукайла напісаў і апублікаваў у альманаху «Наддзьвіньне» ці не найвядомейшыя свае вершы - «На Беларусі» і «Марыльцы». Радкі першага зь іх («На Беларусі / вада з крыві, / палеткі / з курганоў і крыжоў») Міхась Зарэцкі хацеў паставіць эпіграфам да свайго раману «Крывічы». А вось крытыкі гэты верш, відавочна, не ўпадабалі. Адны папракалі паэта за «нацыянальна-дэмакратычны» ўхіл (ёсьць у вершы выпады супраць «русацяпаў»!), іншыя не зразумелі вобразаў кшталту «і мёртвыя ўсталі на барыкады». Янка Скрыган (пад псэўданімам Крушына) надрукаваў сяброўскі шарж-пародыю, у якой зьлёгку пакпіў з найбольш характэрных рысаў Шукайлавай паэзіі:
Шукайла браў чынны ўдзел у працы Полацкае філіі «Маладняку». Напрыклад, 15 студзеня 1927 году на сходзе філіі ў памяшканьні Полацкага пэдтэхнікуму ён прачытаў даклад на тэму «Літаратура і рэвалюцыя», у якім, мабыць, выклаў творчыя прынцыпы, сугучныя лефаўскім. А яшчэ ўвосень 1926 году «Чырвоная Полаччына» анансавала: «Маладнякоўцы П. Шукайла і Відук падрыхтавалі да друку зборнікі ўласных вершаў». Аднак гэтыя зборнікі так і ня выйшлі. Чым усё скончылася, можна меркаваць з успамінаў Янкі Скрыгана-Відука: З Расонаў паслаў сшытак вершаў у «Маладняк». Неўзабаве мне іх вярнулі. Алесь Дудар пісаў, што слабыя. Я іх спаліў, а Дудару напісаў паштоўку, не зусім згаджаючыся зь яго ацэнкай «новай плыні». Напісаў і задумаўся. Няўжо мае вершы такія благія? I, можа, папраўдзе было лепш, калі я пісаў пад Янку Купалу і Байрана? Але ж не, рэвалюцыйная паэзія павінна адкрываць нешта новае! Не заўважыў, як у такіх разважаньнях скрэмзаў усю паштоўку рознымі завітушкамі, жаночымі галоўкамі, чорцікамі. Але перапісваць ня стаў. I вельмі скора прыйшло паведамленьне, што за хуліганства з «Маладняка» я выключаны. Неўзабаве, пратэстуючы супраць неразуменьня «Маладняком» «новай плыні», арганізацыю пакінуў і Шукайла. Сябры так і не стварылі маладнякоўскага гуртка ў Расонах, хаця на іх ускладаліся ўсе спадзяваньні. Затое зьявілася нагода падумаць пра стварэньне новай, незалежнай ад «Маладняку» футурыстычнай суполкі - мара, якая даўно блукала ў гарачай галаве Шукайлы. Шукайла і Відук правялі на Полаччыне каля паўтара году. Тут яны пазнаёміліся з паэтам Петрусём Броўкам, крытыкам Макарам Шалаём і адказным сакратаром Акруговага краязнаўчага таварыства Сяргеем Мялешкам, якія пазьней увайшлі ў склад «Беларускай літаратурна-мастацкай камуны». Потым, калі ўсе будучыя «літкамунары» пераедуць у Менск, Мялешка застанецца ў Полацку - каб кіраваць Літаратурным гуртком прыхільнікаў «Беларускае літаратурна-мастацкае камуны» пры Полацкім пэдтэхнікуме. «Камуна» зарэгістравалася ў верасьні 1927 году, але ў газэце «Зьвязда» ўжо за 28 жніўня 1927 году чытаем: Ужо напалову афіцыйна існуе «Літаратурная камуна». Так і ёсьць: сабралася яна ўлетку і, магчыма, яшчэ на Полаччыне. Як піша Я. Скрыган, «Камуну» арганізавалі «ў асноўным полацкім літаратурным зямляцтвам» «на так званай мясцовай футурыстычнай плятформе». Але ў новую арганізацыю ўвайшлі і аршанец Уладзімер Прыбыткоўскі, і Юрка Лявонны з Магілёўшчыны, і случчакі Апанас Атава (Канановіч), Язэп Сукала, Рыгор Казак і Ўладзімер Варава. Паўгоду існаваньня Камуны, само зьяўленьне якой прымусіла тады загаварыць пра так і няспраўджаны беларускі футурызм, - тэма асобнай гутаркі і асобнага дасьледаваньня. Вернемся ж да нашых юбіляраў. Напэўна, камусьці будзе цікава: а як жа склаліся асабістыя ўзаемаадносіны паміж дзьвюма такімі неардынарнымі асобамі, як Алесь Дудар і Паўлюк Шукайла? Ёсьць усе падставы казаць, што паэты не былі сябрамі і заўсёды шукалі нагоды пусьціць вострую кпінку ў бок адно аднаго. А на літаратурных сходах у іх рэдка калі атрымлівалася абысьціся бяз лаянкі. Вось некалькі прыкладаў. Зь ліста Максіма Лужаніна Паўлюку Трусу (ад 18 кастрычніка 1927 году): На суботніку (літаратурным. - Аўт.) Шукайла - тяжёлый атлет лёгкого веса - так кройнуў па «Маладняку», што Дудар нават моргаць перастаў. Перад усімі крычыць: - Вы знаеце, хто такі Глыбоцкі? Гэта Дудар! Вядома ж, апошняму не было даспадобы такое выкрыцьцё - пэўна, не хацелася, каб усе ведалі, што пранікнёны лірык Алесь Дудар і задзірысты крытык Тодар Глыбоцкі - адна й тая ж асоба. Яшчэ больш красамоўнае, вобразнае апісаньне гэтага літаратурнага суботніку знаходзім у газэце «Зьвязда». Бачна, што аўтар, Міхаіл Гольдбэрг, пішучы артыкул-справаздачу, атрымаў вялікае задавальненьне: Гулка пранеслася рэха грымотаў - выступіў т. Сянкевіч, бліснула маланкай «сногсшибательное» выступленьне Паўлюка Шукайлы і ўсё пакрылася роўным шумам слоўнага дажджу М. Зарэцкага. І зноў маланка - Дудар, чырвоны, усхвалёваны, адказвае Шукайлу, па залі гуляе палемічны вецер, зрываючы лісты рэплік; зноў гром - Гародня выступіў у абарону Шукайлы, настойліва стукае алоўкам па графіне старшыня, заклікаючы да парадку прамоўцаў і, урэшце, калі пакрыху сьціхаюць пылкія «паэтычныя тэмпэрамэнты», рукі перастаюць нэрвова скакаць па лісткох блёкнотаў і ў паветры сірацеюць адзінокія заўвагі, тады тоненькім сонечным праменьнем прарываецца заключнае слова дакладчыка - т. Бабарэкі. <...> Самым «пампэзным» было выступленьне прадстаўніка «левага фронту» (Беларуская Літаратурная Камуна) Паўлюка Шукайлы. Устрахнуўшы грывай, ён кінуў сьмелы погляд у прыціхшую залю. - Літаратура - вытворчасьць клясы. Паэта - рабочы. Падмацаваўшы гэта бясспрэчнае палажэньне прыкладамі, Шукайла перайшоў у наступленьне: - На першых парах маладая літаратура замест трухлявага звону (!) старой літаратуры запела баявую песьню. Але хутка… (тут голас Шукайлы загучэў сумна) хутка зьявіліся людзі, якія сваё «я» пачалі ставіць вышэй усяго. Большая частка маладых пісьменьнікаў адарвалася ад мас, ад гэтай жывой крыніцы - і ў іх перасохла ў горле. І песьні атрымаліся хрыплыя. Затым Шукайла перайшоў да «перамываньня костачак». Папала многім. І Трусу за тое, што «згвалціў Шаўчэнку», і Дудару за «журбу» і «ўчарашняе», якое «за горла нас душыць» («і задушыць, тав. Дудар!» - зларадна падхоплівае Шукайла), і Вішнеўскай, і Бандары?не (націск шукайлаўскі), і «рыкаючаму» Пушчы, і «гітарыстаму» Кляшторнаму, і Маракову, і нашым крытыкам, якія хварэюць «гурткоўшчынай», - адным словам, нікому не было зьлітаваньня… Тры разы старшыня напамінаў Шукайлу, што час ужо скончыць, і тры разы аўдыторыя дазваляла прамоўцы працягваць сваю «крытыку». Гэта «крытыка» штохвіліну выклікала рогат. Праўда, многія адчувалі, што ў шукайлаўскіх довадах ёсьць шмат павярхоўнага, негрунтоўнага, але побач з гэтым прамоўца даваў і крупінкі вернага аналізу, а галоўнае - «запахла скандалам». Аднак скандалу так і ня выйшла. Вельмі спакойна і, тым ня менш, даволі едка адказалі Шукайлу Зарэцкі і Дудар. <…> Зарэцкі: <…> Толькі праз выяўленьне ўсёй глыбіні жыцьця. Ідэалёгія ж - гэта агульнае мэтаімкненьне, агульны напрамак, а не шукайлаўскія лёзунгі… Дудар: Аб таварышу Шукайлу як пісьменьніку я наогул не магу гаварыць, бо, на вялікі жаль, да гэтага часу не чытаў яго твораў ані ў воднай часопісі (у залі рогат, у Шукайлы раптоўна зрастаюцца бровы). Што ж, напэўна, творчасьць Шукайлы сапраўды не была шырока вядомай у літаратурных колах. І тады «выправіць сытуацыю» вырашыў паэт Сяргей Дарожны, які, напэўна, меў свае рахункі з Шукайлам. Як гэта адбылося і што з гэтага атрымалася - даведваемся з слоў самога Шукайлы: ПАВАЖАНЫЯ ЧЫТАЧЫ! Ужо вось два месяцы, як грамадзянін Сяргей Дарожны (Серада), які зьяўляецца сябрам літаратурнага згуртаваньня «Ўзвышша», носіць па рэдакцыях газэт і зачытвае пісьменьнікам, студэнтам і знаёмым рукапісы вершаў, якія, нібыта, напісаны мною і дадзены для распаўсюджваньня такім спосабам. Я б катэгарычна адмовіўся ад прыналежнасьці гэтых вершаў мне, каб не адно здарэньне, якое мела мейсца ў рэдакцыі газэты «Беларуская вёска», дзе таварышы, якія бачылі два вершы, прынесеныя С. Дарожным, сьцьвярджалі мне, што гэта ўласныя мае рукапісы. Ніякіх вершаў С. Дарожнаму, ды наогул нікому, для распаўсюджваньня я не даваў. Твораў, у якіх было-б такое месца (бяру са словаў сябра «Зьвеньняў» Зелянеўскае):
ды з нагана ў жабу - бац… - я ніколі не пісаў і пісаць не зьбіраюся. Той, хто распаўсюджвае іх, такім чынам, робіць справу агіднага правакатара. Налічча ж у яго маіх рукапісаў гаворыць за тое, што тут, апроч правакатарства, мы маем справу і са зладзействам. Пратэстуючы перад савецкім грамадзянствам супроць такіх дзеяньняў грамадзяніна, які прэтэндуе на званьне «пісьменьніка», у той жа час справу перадаю ў суд і іншыя належныя ўстановы. З прывітаньнем і пашанаю Паўлюк Шукайла Наколькі нам вядома, ніякага суду над С. Дарожным з гэтае нагоды не адбылося. А калі б нават і адбыўся, то гэта наўрад ці што зьмяніла б. Справа была зроблена, і з Шукайлы рагаталі ўжо ўсе, хто меў якое-кольвечы дачыненьне да літаратуры, а некаторыя нават шчыра паверылі, што вершык пра наган і жабу сапраўды належыць Шукайлу. «Беларускаму футурысту» даводзілася рабіць вялікія высілкі, каб давесьці, што гэтыя радкі не ягоныя. Асабліва ўпадабаў маленькую пародыю-эпіграму Глыбоцкі-Дудар. Крытыкуючы ў адным з артыкулаў наватарскую паэтыку Ўладзімера Дубоўкі, ён правёў паралелі з творчасьцю «другога паэта непрызнанага», які «за сваё літаратурнае жыцьцё найбольш удалымі зрабіў… наступныя радкі: Выйду я на сенажаць / Ды з нагана ў жабу - бац!» Аднак і Шукайла не прымушаў сябе доўга чакаць і ў артыкуле «Літаратурнае сёньня» таксама адмяцеліў Дудара, адзначыўшы яго ў ліку «гандляроў душой і целам, песьняроў пахмельля і віна».
…па завулках ганяў сабак, цытуе Шукайла верш Дудара і тут жа робіць выснову: Добрыя забавы, няма чаго сказаць… Любоў таксама… Бі вокны, ганяй сабак! - міліцыі работа патрэбна, дык чаму ж ня множыць хуліганства?! Тут Дудар скінуў маску і паказаў свой «літаратурны» твар, які ён ёсьць. Нягледзячы на падобныя абвінавачаньні, Дудар заставаўся ў літаратурных колах аўтарытэтам. Яго маглі крытыкаваць за «ўпадніцтва», але не за адсутнасьць мастацкіх вартасьцяў у творах. Шукайла ж на беларускім Парнасе зрабіўся чымсьці кшталту літаратурнага пудзіла, а ягоныя творы - узорам таго, як ня трэба пісаць, бо ўся творчая энэргія вылівалася ў скандалы, арганізацыйную мітусьню і публічныя выступы. Ён меў артыстычныя здольнасьці, як, дарэчы, і Дудар - былы ўдзельнік Першай беларускай тэатральнай групы пад кіраўніцтвам Уладзіслава Галубка. |
¹ Гэтыя характарыстыкі захоўваюцца ў ЦДАМЛіМ, ф. 225, воп. 1, спр. 13, лл. 54-61, 66-75. |
Невядома, колькі б яшчэ скандалаў адбылося паміж Шукайлам і Дударом, але неўзабаве лёс закінуў абодвух за межы Беларусі. У красавіку 1928 году «Літаратурная камуна» распалася, але вяртацца, як ягоныя паплечнікі, у «Маладняк», Шукайла не захацеў. «Пасьля гэтага Паўлюк Шукайла некаторы час быў незалежным, ці, як казалі тады, «дзікім» паэтам, не далучаўся да якіх-небудзь груповак», - прыгадваў Шукайлаў сябар, вядомы паэт-эмігрант Рыгор Крушына. Увосені Шукайла паехаў у Маскву на вучобу ў Камуністычную акадэмію, спадзеючыся зьвязаць далейнае жыцьцё з кінэматографам. Да Алеся Дудара лёс (які ў тыя часы часьцяком вырашаўся камуністычнымі ўладамі) выявіўся менш літасьцівым. Калі дагэтуль яго абвінавачвалі толькі пераважна ўва «ўпадніцтве» і «чыстым эратызьме», то цяпер на яго начапілі цэтлік «нацдэма». Гэтаму спрыяў цэлы шэраг «небясьпечных» учынкаў паэта: спачатку ён надрукаваў пад псэўданімам Т. Глыбоцкі артыкулы «Даволі анэкдотаў» і «Таптаньне на месцы: («Бронецягнік» - БДТ-1)», у якіх выступіў за нацыянальную самабытнасьць беларускага тэатру. Потым разам з Андрэем Александровічам і Міхасём Зарэцкім апублікаваў у газэце «Савецкая Беларусь» адкрыты ліст аб сваім выхадзе зь ліку студэнтаў БДУ ў знак пратэсту супраць абвінавачаньняў у «групаўшчыне» і «беларускім шавінізьме». І як апатэоз - верш «Пасеклі наш край папалам…». На допыце 20 сакавіка 1929 году паэт сказаў, што пісаў яго ў нецьвярозым стане - верш, які сёньня ўспрымаецца як знакавы твор беларускай паэзіі. Пазьней, у 30-я гады, зьявілася цэлае літаратурнае аб'яднаньне, замаскаванае пад суполку алькаголікаў, - Таварыства аматараў выпіць і закусіць (ТАВІЗ). На сходах ТАВІЗу, у коле сяброў, употай ад афіцыйнага пісьменьніцкага кіраўніцтва, чыталіся творы, не прызначаныя да друку. Уваходзіў у гэтае кола і Алесь Дудар. Пісаць і друкаваць ува ўмовах сталіншчыны нешта вартаснае было небясьпечна. Вярнуўшыся з высылкі, Дудар большую ўвагу скіраваў на пераклады. Шукайла, жывучы ў Маскве і Ленінградзе, заняўся кінакрытыкай і выкладчыцкай дзейнасьцю. У студэнтаў такі эксцэнтрычны выкладчык (да таго ж - прафэсар!) карыстаўся вялікай папулярнасьцю… Жыцьцё абодвух паэтаў-юбіляраў скончылася трагічна. Ізноў Дудара арыштавалі ў 1936 годзе, Шукайлу - у 1938. Гэтым разам прысуды «нацдэмам» былі сьмяротныя…
|
² У Менску Паўлюк Шукайла выдаў кнігу пад назовам «Акрываўленая зямля». «Гэта быў зборнік патрыятычных вершаў, пераважна аб Заходняй Беларусі. Аднак гэты агульны назоў абымаў вершы і аб савецкай краіне. І ў гэтым хавалася глыбокае прадбачаньне. У трыццатых гадох савецкая Беларусь сапраўды сталася акрываўленай зямлёй». (К. Рамановіч. Паўлюк Шукайла // Бацькаўшчына. 1961. 10 сьнежня). |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 3 (32) - 2004 |
|
Ліст у рэдакцыю,
Майстраваньне [mk],
Абнаўленьне [czyk] |