Мы - беларусы. Дакументальна-мастацкае выданне. Укладальнік Т. Бондар, мастак А. Варанішча. - Менск: Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Літаратура і мастацтва», 2003.
Кіраванне мудрага чалавека робіць сэрцы народу пустымі, а трыбух - поўным. Яно аслабляе волю народу, але мацуе косці. Яно імкнецца да таго, каб у народу не было ані ведаў, ані памкненняў, а тыя, хто маюць веду, не асмельваліся на дзеянні.
...Калі няма змагання, не будзе незадаволенасці.
Дао Дэ Цзін
Кожнаму іншы раз цікава, якім яго бачыць начальства. У беларусаў надарыўся асаблівы шанец пабачыць партрэт саміх сябе ў гэтакім ракурсе.
Здавалася б, загаловак кнігі звяртаецца да чытача ад першае асобы. Але «Мы - беларусы» не пра Т. Бондар і А. Варанішчу. Гэтае Мы мае наўвеце беларусаў увогуле; апошнія сумненні ў гэтым праганяе ўступнае слова кіраўніка дзяржавы. Можа, «мы - беларусы» - гэта знакамітае «We, the People», чарговая маніфестацыя непазбыўнага нацыянальнага жадання людзьмі звацца? Не, задума выразна іншая. Кніга знакавая ў сваёй непрыхаванай сервільнасці: задуманая як своеасаблівы парадны партрэт беларускага грамадства, яна паказвае нас такімі, якімі народ хацела б бачыць улада. Ці амаль такімі, бо жаданні кіраўніцтва ўвасабляюць у жыццё няўрымслівыя людзі з творчай жылкай, пра што ніжэй.
Угледзімся ў дэталі. Выглядае на тое, што ўлада марыць, каб беларус быў стрымана патрыятычны, паслухмяны, паслужлівы і працавіты, непатрабавальны да дабротаў матэрыяльных і непераборлівы - у духоўных. Але... Патрыятызм не павінен мець рысаў свабадалюбства, геніяльнасць - неакілзанасці незалежнага духу, «складаны» і «разнастайны» духоўны свет ды пачуцце асабістае і нацыянальнае годнасці не павінны надаваць чалавеку духоўную незалежнасць ад рэжыму. Гэтаксама й праца людзей ацэньваецца ці не выключна з прыкметы сваёй адпаведнасці мэтам уладаў. Усім праявам чалавечае асобы загадзя вызначаны дакладныя межы, якія нельга пераступаць. Усё, што ў гэтыя рамкі не змяшчаецца, пакідаецца па-за рамкамі, нават калі ад персанажа застаецца толькі рука ці нага без галавы і тулава. Нават калі гэты персанаж - Васіль Быкаў.
Натуральна, у кнізе такога тыпу няма месца згадванню памылак ды іншых прыкрасцяў. Але складальнікі пайшлі далей, нашмат далей за палітычна матываванае рэтушаванне. Паслядоўна выдаленыя ўсялякая бунтоўнасць, матывы актыўнага змагання людзей за сваю пазіцыю, за сваю праўду. Перамога ў баі, перамога на працоўным месцы ў шэрагах роднага калектыву - але не ў спрэчцы. Не праз канфлікт. Праслаўляюцца не задзірлівасць і прынцыповасць, а ўмелае і стараннае выкананне, не адстойванне сваёй, а правядзенне ў жыццё зададзенай лініі. Выняткі кшталту нататкі пра Масея Сяднёва толькі падкрэсліваюць асноўную думку, што адарваны ад Радзімы чалавек не здольны самарэалізавацца на адпаведным узроўні.
Ніякіх спрэчак - барані Божа, - адно цудоўнае выкананне рашэнняў. Улічваючы сціплую колькасць асобаў сусветнага маштабу - што ў кнізе, што ў жыцці, адсутнасць, скажам, беларусаў - лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі, хатні (збольшага) фармат паказаных дасягненняў, хочацца зрабіць падагульненне: беларусы працуюць не выдатна, а хутчэй добра, але беларусы спакойныя і задаволеныя. Несумненна, гэта народ, якім выдатна кіруюць.
Пасіўны стан тут невыпадковы. У кнізе вельмі сціпла паказаныя не толькі палітыкі, але й кіраўнікі. З найвышэйшага звяна гэта практычна толькі П. М. Машэраў. Прысутнасць дзейнага кіраўніка краіны абмежаваная стрыманым уступным словам і некалькімі фатаздымкамі, асобнай старонкі пра яго няма. І ўсё?
Не тое каб мне карцела пабачыць галерэю старшынь рай- і гарвыканкамаў, міністраў, дыпламатаў, дырэктараў прамгігантаў. Але іхняя амаль поўная непрысутнасць насцярожвае. Улада апынаецца нябачнаю - не толькі па-за крытыкай, але й нават па-за пахвалою. Ne sutor supra crepidam?
Для колькасці шмат старонак пра мастакоў - вось каму ў альбоме пашанцавала. Пра мастакоўскае шанцаванне лепш, аднак, было б напісаць з двукоссем, бо адказнасць за непазбыўны пакост правінцыйнасці кладзецца пароўну на тэксты з красамоўнымі падзагалоўкамі кшталту «Складаны ўнутраны свет», «Глыбокія нацыянальныя карані», «Споведзь дарог», «Мера чалавечага жыцця», «Акцёрская і чалавечая самабытнасць» ды на мастацкае афармленне з кідкімі, часам сусальнымі фотакалажамі. І калі тэксты, сціпла пазначаныя як дасланыя «для публікацыі ў беларускім друку», належаць розным аўтарам і неаднародныя нават жанрава (параўнаем «Дзядзьку Майсея» Святланы Явар і «Краіну здароўя» А. Грачова, змешчаныя на адным развароце: еднасці няма нават у напісанні імёнаў аўтараў: адно пададзена цалкам, іншае схавана за ініцыялам), то ў афармленні кнігі ўвасобілася ўяўленне аўтарскага калектыву пра начальскую задуму параднага партрэту беларускага грамадства. Рысы плакату і прымітыўнага лубка ў паводле азначэння велічна-стрыманым парадным партрэце відавочна з'явіліся з ініцыятывы стваральнікаў выдання, і цяжар гэтай памылкі наўрад ці ўдасца перакласці на плечы ініцыятараў.
Пазбегшы неадназначнага, неардынарнага ў персаналіях, закругліўшы ўсе вострыя вуглы, аўтары лагічна адшукалі гэткую ж, стрымана кажучы, незабруджаную вальнадумствам графічную абалонку, якая злосна насмяялася з самога жанру параднага партрэту. Набор слоўных штампаў і беззмястоўных клішэ менш рэжа вока, чымся штампаванасць і прымітывізм графічных рашэнняў, якія сустракаюць ужо на вокладцы дзяржаўным сцягам на фоне каласоў і ўсмешкай кабеты, якая прыціскае да сябе дзяўчынку і замілавана глядзіць у аб'ектыў. Хочаш ці не хочаш, як спяваюць у нейкай песні, а згадаеш славуты раяль у кустах.
Уражваюць партрэты мастакоў у самым, па-расейску кажучы, «затрапезным» выглядзе, напрыклад дырэктар Мастацкага музею са звышмастацкай чупрынай, чые падкрэсленыя ракурсам і фонам пасмы неўпрыкмет ператвараюць дырэктарскую багемную інтэлігентнасць у экстравагантнасць (дый у дадатак сфатаграфаваны ён на фоне экспазіцыі, якая супярэчыць зместу нататкі). Цяжкавата зразумець, якое дачыненне мае генерал Герчык да планеты Нептун, выява якой упрыгожвае калаж на ягонай старонцы. Калі б існавала прэмія за неарыгінальнасць, на яе безумоўна маглі б прэтэндаваць старонкі пра ваенныя падзеі і асабліва пра П. М. Машэрава. Парадны партрэт небяспечна прыпадабняецца да наіўна-крывадушных алегорый савецкага плакату - сялянкі з сярпом, рабочага з кувалдай, інжынера са штангелем, партыйца на кумачовай трыбуне.
Большая частка ілюстрацыйнага матэрыялу здзіўляе, аднак, не недарэчнасцю ці неадпаведнасцю, а безаблічнасцю і неабавязковасцю, не маючы ўласнага гучання і нічога не дадаючы да зместу. Выключна банальна выглядаюць старонкі, прысвечаныя Купалу, Дамейку, Сыракомлю, Багдановічу, не нясуць аніякае сэнсавае нагрузкі фотамантажы пра Быкава і Макаёнка.
Сервілізм стаў для стваральнікаў альбому цэментам, якім мантаваліся разнаякасныя тэксты, каб атрымалася замоўленае, а няўклюдна-пампезны стыль афармлення - сродкам самавыяўлення і самарэалізацыі, прасторай адноснай свабоды. Яны скарысталіся свабодай напоўніцу і не разлічылі, што выйдзе.
Мала што задума паказаць народу, якім яго бачыць у сваіх марах улада, досыць рызыкоўная (для ўлады, бо цяжка ўсцерагчыся, каб не нагаварыць лішняга). Ёсць яшчэ дадатковая небяспека, што служкі-выканаўцы выкарыстаюць уласныя ўяўленні пра тое, як іхняя ўлада бачыць іхні народ, і падвыправяць эскізы кіраўнікоў, каб зрабіць яшчэ лепш, - што непазбежна прынясе супрацьлеглы вынік.
На глянцавых старонках выдання на задумы моцных гэтага свету тлустым мазком накладаюцца плебейскія густы. Мара бачыць свой народ сціплым і працавітым спараджае нізку дагматычна-павучальных гісторый на матывы розных прафесій. Цалкам зразумелае імкненне кіраўніцтва ўшанаваць народныя таленты стварае нагоду прадэманстраваць неразуменне выканаўцамі праекту таго месца, якое мае прапанаваць мастаку эліта сучаснага грамадства (у выніку выйшла цэлая галерэя дзядзькоў у найдзіўнейшых апранахах), а крыху прыхаванае жаданне бачыць свой народ задаволеным увасабляецца ў нястрымным карагодзе адданых усмешак, скіраваных у аб'ектыў, - пачынаючы проста з вокладкі.
Уявім далёкае ...наццатае стагоддзе, княскі палац і трупу артыстаў-самавукаў. На загад гаспадара разыгрываецца перад мясцовай публікай п'еса «з жыцця сялян». Аўтарка п'есы, княгіня, грунтавалася на антычных, як ёй здавалася, узорах, а сялян сваіх аглядала пераважна праз акно палацу ці карэты. Артысты і мастакі яшчэ пазаўчора рабілі ў полі ці на кухні і свае меркаванні пра княскія густы вынеслі з народных гушчаў. Сярод гледачоў - купка суседзяў-шляхцюкоў, але з-за кулісаў ды з напаўпрычыненых дзвярэй глядзяць усе, хто можа, бо дзе ж пабачыш такое дзіва, каб нашы Саўка ды Грышка павамі па сцэне перад панамі хадзілі ды словы розныя незразумелыя прамаўлялі. І не тое важна, што крывіцца і хавае ўсмешку пан Францішак N, які тры гады пражыў у Варшаве, а як рэагуе ўвесь народ. Бо хто ж там глядзіць?
Мы... Беларусы.