***У ляканічных
«Пятрогліфах і філялягемах» («Дзеяслоў» № 9/2004) пісьменьнік і крытык
Пятро Васючэнка знаходзіць месца і для культавага пісьменьніка Стывэна Кінга, амэрыканца, які ўжо чвэрць стагодзьдзя працуе ў жанры «horror». Не баючыся падацца вар’ятам у вачах сваіх старэйшых калег-акадэмікаў (празь цемрашальства афіцыйнай навукі вывучаць масавае мастацтва ў нашай краіне – тое самае, што ў сярэднявеччы апісваць мікробаў альбо даводзіць наяўнасьць радыяцыі), Васючэнка прама называе Кінга «напраўду вялікім пісьменьнікам», роўным… Умбэрта Эка, і цьвяроза заўважае, што ад ягоных кніг «ніхто не звар’яцее ды маньякам-забойцам ня станецца».
Напрыканцы крытык аналізуе раман Кінга «Яно». І вось што цікава: згодна з апытаньнем 7770 наведнікаў сайту www.stephenking.ru – адной з самых аўтарытэтных расейскамоўных крыніц, прысьвечаных гэтаму пісьменьніку, – найлепшай кнігай Кінга ёсьць менавіта «Яно» (530 галасоў). Выключны выпадак – прафэсійны крытык і шырокая чытацкая аўдыторыя абралі адно і тое ж.
***Калі я на ўласныя вочы пабачыў, як чырванеюць вушы Адама Глёбуса, як пачынаюць дрыжэць ягоныя пальцы – гэта адбывалася падчас публічнага выступу родных пісьменьніка, якія прыйшлі на прэзэнтацыю ягонага раману «Дом», – я моцна засумняваўся, што стасункі спадара Глёбуса і ягонай дачкі Ядзі сапраўды можна пазначыць ангельскім паняткам «cool», як сьцьвярджае гэта сам пісьменьнік на дванаццатай старонцы сваёй апошняй кнігі.
Хутчэй за ўсё, «прахалода і спакой» – дэкляратыўныя, вонкавыя, а ўнутры – гарачыя пачуцьці, нэрвовае суперажываньне, якое нашыя суайчыньнікі ня ўмеюць надзейна хаваць на дне душы, як ангельцы віктарыянскай эпохі.
***«Купідон» Сьвятланы Сьмірновай, якая жыве ў Менску, атрымаў першае месца на конкурсе апавяданьняў, што ладзіў часопіс «Cosmopolitan» (апавяданьне было надрукавана ў «Нашай Ніве» № 20/2004). Дзякуючы чаму перамог гэты твор?
«Cosmopolitan» прадукуе ўяўленьне пра жанчыну як гаспадыню свайго лёсу. Да таго ж, сутнасьць «глянцавай» жыцьцёвай устаноўкі, як цьвердзіць Вольга Рагінская ў артыкуле «Глянцавае «я»: жаночыя часопісы і крыза аўтабіяграфізму» («Критическая масса» № 1/2004), палягае ў прынцыповай адсутнасьці праблем, якія жанчына не магла б пераадолець. Вось і галоўная гераіня Сьмірновай ставіць мэтаю закахацца, бо ёй надакучыла адзінота. Купідон з гадзіньніка, што належаў прабабулі гераіні фантастычнага апавяданьня, спрабуе дапамагчы апошняй, але не пасьпявае пусьціць стралу, бо жанчына спыняе яго сваім воклічам. Дзеля чаго яна гэта зрабіла? Спрацавала псыхалягічная ўстаноўка – гераіня закахалася сама, без дапамогі. Абраны ёю мужчына знаходзіць яе, каб размаўляць з каханай некалькі гадзін запар, забыўшыся на правілы прыстойнасьці, ажно пакуль Купідон не пускае стрэлы ў сэрцы іх абаіх, але навошта цяпер тыя стрэлы? Гераіня сама ўладкавала сваё жыцьцё, знайшла каханьне, падпарадкавала сабе мужчыну. No problems.
Чытайце і выпісвайце «Cosmopolitan».
***Ці ёсьць у сьвеце больш рэалістычная кніга пра тыранію, барацьбу за ўладу, чым фэнтэзійны раман-эпапея «Ўладар пярсьцёнкаў»?
У кожнага беларуса на кніжнай паліцы мусіць стаяць гэты твор Джона Рональда Руэла Толкіена – чалавека, які бліскуча скончыў Оксфардзкі ўнівэрсытэт і добраахвотна пайшоў у войска, дзе ў званьні малодшага лейтэнанта сувязі адзінаццатага батальёну Ланкашырскіх стральцоў напоўніцу зьведаў жахі першай сусьветнай вайны, а потым, як сьведка крывавага супрацьстаяньня імпэрый, усё жыцьцё пісаў адну вялікую кнігу пра гэта.
***Пісьменьнік Уладзімер Арлоў у эсэ «Крыжы над Мантэнэгра» («Наша Ніва» № 48/2003) апісвае сюжэт свайго будучага мастацкага твору пра беларукіх вампіраў (!) – «сьвядомых прыхільнікаў дзяржаўнага сувэрэнітэту Бацькаўшчыны». Як было вынайдзена адным з вампіраў-беларусаў, што працуе ў НДІ гематалёгіі, іхны ўкус прышчапляе «паддосьледным» нацыянальную сьвядомасьць. Далей падзеі разгортваюцца зь неймавернай хуткасьцю: «Пасьля чарговае акцыі апазыцыі грацыёзная супрацоўніца станцыі пераліваньня крыві выбірае першы аб’ект – бамбізу-палкоўніка, што кіраваў жорсткім разгонам дэманстрантаў, і заваблівае яго ў ціхі менскі дворык, дзе ў альтанцы чакае ўся дружная суполка. Астатняе – справа тэхнікі…»
Ня ведаю, можа, каму і даспадобы такая літаратура і такі «неацэнны даробак у сьвятую справу вяртаньня роднае да болю краіны ў Эўропу» (выраз самога Арлова), але асабіста мяне перасмыкнула ад творчай задумы пісьменьніка. І не таму, што я не люблю мастацкіх тэкстаў Брэма Стокера, барона Олшэўры, Ганны Райс, Барбары Хемблі, Аляксея Талстоя, Сяргея Лук’яненкі і іншых аўтараў, якія пісалі пра вампіраў, – хутчэй наадварот. Вампіры Арлова нагадалі мне дактароў-фашыстаў, якія ставілі экспэрымэнты ў супэрсучасных клініках у Альпах, спрабуючы стварыць звышлюдзей і ўносячы тым самым свой «неацэнны даробак у сьвятую справу вяртаньня роднае краіны» да чыстых арыйскіх вытокаў.
***Кітайскі пісьменьнік Кан Фучан нядаўна стварыў незвычайны па форме раман «Знутры абложанай цытадэлі», у якім апавядаецца пра «поўную жарсьці гісторыю забароненага каханьня паміж жанатым мужчынам і замужняй жанчынай», – у выглядзе SMS. Тэкст, які, паводле слоў спэцыялістаў, валодае значнымі мастацкімі якасьцямі, падзелены на 60 невялікіх разьдзелаў, кожны зь якіх складаецца з 70 гіерогліфаў (максымальны памер SMS-паведамленьня).
Падобную форму для сваёй мастацкай творчасьці абраў малады беларускі паэт Глеб Лабадзенка, ляўрэат літаратурнай прэміі «Залаты апостраф» (у намінацыі «Дэбют»), заснаванай часопісам «Дзеяслоў». Свае паэтычныя творы Глеб спачатку дасылаў знаёмым праз пэйджэр, тым самым «падключаючы» да сучаснай беларускай літаратуры апэратарак пэйджынгавых кампаній. Замест так званых пагер-вершаў Глеб цяпер стварае мабіл-вершы, выкарыстоўваючы рэсурс SMS.
Разам з сусьветнымі тэхналёгіямі пашыраюцца магчымасьці ды аўдыторыя і нацыянальнай літаратуры. І гэта надае надзеі.
***Расейскае выдавецтва «Фортуна ЭЛ» на пачатку гэтага году прэзэнтавала ўнікальнае выданьне – «Мёртвыя душы» Гогаля з ілюстрацыямі Марка Шагала. У кнігу ўвайшлі 96 гравюр, выкананых знакамітым віцебчуком у 1923–1925 гадах для аднаго францускага выдавецтва, якое пажадала надрукаваць раман Гогаля ў Парыжы ды так і не рэалізавала праекту. Іншы беларускі мастак Міхаіл Башылаў (1821–1870) ілюстраваў кнігі Грыбаедава, Салтыкова-Шчадрына, Талстоя (апошні быў у захапленьні ад малюнкаў Башылава; работа аўтара «Вайны і міру» і мастака-ілюстратара, што цікава, ішла паралельна). Французы і расейцы, што казаць, заўсёды паважалі багата ілюстраваныя мастацкія выданьні.
Робіцца шкада беларускіх літаратараў і выдаўцоў, пераважная большасьць якіх, не камплексуючы, працуюць без мастакоў, свабодна абыходзяцца без ілюстрацый. Але ж кніга без малюнкаў – гэта як страва бяз солі.
А зьесьці такую страву вельмі няпроста.