У
панядзелак пасля майскага рэферэндуму 1995 году дачка запытала, як людзі прагаласавалі «пра бел-чырвона-белы сцяг і мову».
Яна толькі ўвайшла ў хату, стаяла нераспранутая з ранцам за плячыма (тады вучылася ў другім класе) і напята чакала майго адказу.
З радыё я ўжо ведаў смутныя вынікі рэферэндуму і сказаў праўду… З дзявочых вачэй пырснулі слёзкі.
Добра, што я быў апрануты на працу і меў усе падставы хуценька схавацца за дзвярыма, бо што б я ёй сказаў, чым бы суцешыў?!
Але яшчэ не паспеўшы схавацца за дзвярыма, я ўжо быў поўны, як звон, нянавісці, якая сама сабой загула словамі: гэтага яму я ніколі не дарую.
Натуральна, той даўні эпізод прыгадаўся не так сабе. Сваім эмацыйным успамінам я хацеў нагадаць, што бадай у хоць-каго з дэмакратычна (а тым болей яшчэ і нацыянальна) заангажаваных грамадзянаў нашай краіны здараўся момант, калі ён зацінаў у сабе нешта падобнае да «гэтага яму я ніколі не дарую». Інакш і быць не можа, бо за дзесяцігоддзе сваёй улады Аляксандр Лукашэнка стварыў столькі сітуацыяў, у якіх абражалася і рэпрэсавалася годнасць чалавека, што іх поўны пералік можна было б уціснуць хіба толькі ў бясконцасць стужкі Мёбіуса. Тут і бязлітаснае задушэнне страйку працаўнікоў метрапалітэну (скуль і набрала хаду рэпрэсіўная машына), і гвалт над дэпутатамі ў будынку парламенту, і «дзікае паляванне» на ўдзельнікаў мітынгаў ды шэсцяў, і хамавітае шальмаванне палітычных апанентаў (усімі магчымымі спосабамі), і вандалізм у дачыненні да нацыянальных святыняў (найперш сцяга ды гербу), і маўклівы пераслед беларускай мовы (ды яе носьбітаў), і публічнае абсцёбванне функцыянераў рознага гатунку, і запалохванне «дырэктарскага корпусу», і знікненне апазіцыйных палітыкаў...
Хопіць. Бо я зусім не маю на мэце ў чарговы раз даводзіць, які Аляксандр Лукашэнка нехарошы палітык. Хаця б таму, што харошых палітыкаў не бывае. Палітыкі бываюць вялікімі і нязначнымі, папулістамі і прагматыкамі, рэфарматарамі і кансерватарамі, агрэсарамі і міратворцамі… Але харошымі палітыкі a priori быць не могуць. І калі мы вымяраем Аляксандра Лукашэнку мерай той крыўды, што ён нам учыніў, то блытаем палітыка з начальнікам камунгасу, які не парупіўся завезці людзям торфу на зіму.
* * * У кожнай сферы дзейнасці ёсць свае параметры, якімі ацэньваюцца дасягненні таго ці іншага чалавека. У даяркі – гэта колькасць літраў малака ад адной каровы, у бізнесоўца – прыбытак за год, у альпініста – вышыня гары…
А вось дасягненні палітыка выяўляюць колькасць (у сэнсе працягласці) і якасць (у сэнсе паўнаты) улады. І тут неістотна, якімі сродкамі палітык атрымаў і ўтрымлівае ўладу: самачынным гвалтам, рэпрэсіямі, папулізмам ці наспелымі рэформамі ды разумнымі законамі. (У маштабах палітыкі Сталін і Брэжнеў – велічыні несувымерныя, хаця апошні, прынамсі да перыяду «старэчага маразму», па чалавечых мерках быў куды як больш людскім у параўнанні са Сталіным.)
Зыходзячы з гэткага падыходу, мы мусім канстатаваць, што Аляксандр Лукашэнка, які амаль адразу пасля свайго абрання на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь займеў, лічы, абсалютную ўладу над усёй краінай і трымае яе ўжо дзесяць год, – не абы-што сабе палітык.
Між іншым, заўважым, Аляксандр Лукашэнка адзіны, хто на еўрапейскай частцы былога посткамуністычнага блоку (а не толькі СССР) утрымаўся на прэзідэнцтве столькі часу. За гэтую пару Літва змяніла ўжо трох прэзідэнтаў, а «наш», відавочна, збіраецца і далей доўжыць свой марафон, і ніхто яму не можа даць рады: ні апазіцыя, ні Захад, ні Масква. Таму калі нехта ўсё яшчэ думае, што Лукашэнка ўсяго толькі прыкрая недарэчнасць аднаго з эпізодаў беларускай гісторыі, а ягонае палітычнае «доўгажыхарства» неяк само сабой атрымліваецца, дык ён радыкальна памыляецца. На палітычнай верхатуры выпадковыя людзі доўга не трымаюцца. Там заўсёды ёсць каму падштурхнуць у спіну, калі ў цябе дрыжаць каленкі.
Упершыню рэальна ўвесь свой палітычны патэнцыял Аляксандр Лукашэнка выявіў тады, калі негалосна аб’явіў рушанне на Крэмль…
Як пайшла пра тое пагалоска, то спачатку ад рогату ўсе (што тут, што ў Маскве) ледзь не панадрываліся (маўляў, калгаснік, палітрук, «Піліп з канапель» – і на імперскі трон). Але вельмі хутка смехачам сталася не да смеху. Рэйтынгі Аляксандра Лукашэнкі ў Расіі «зашкальвалі», самыя буйныя расійскія бізнесоўцы вешалі ягоныя партрэты на сценах сваіх кабінетаў, а расійскія губернатары прымалі Аляксандра Рыгоравіча ў сваіх «вотчинах», як быццам на ім ужо была шапка Манамаха.
Крэмль не на жартачкі затурбаваўся, аднак нічога лепшага не змог прыдумаць, як забараніць Аляксандру Лукашэнку самастойна гойсаць па расійскай частцы ім жа створанай Саюзнай дзяржавы…
Толькі яшчэ невядома, чым бы ўся гэтая гісторыя скончылася, каб Барыс Ельцын не прыняў рашэнне, сапраўды вартае вялікага палітыка. Сярод тысячаў расійскіх чыноўнікаў ён відушча ўчуў Уладзіміра Пуціна і перадаў яму ўладу над зняможанай Расіяй.
Аляксандр Лукашэнка калі не адразу, дык досыць хутка зразумеў, што ягоная гульня на расійскім полі скончана, і паспяшаўся перакінуцца з «вялікага інтэгратара» ў «нацыяналіста».
Аднак гэта ўжо іншы сюжэт.
* * *Палітык (прынамсі, маштабны) не столькі чалавек, колькі звер. У тым сэнсе, што ў яго, як у звера, мусяць быць гіпертрафавана выяўленыя (адносна чалавека) інтуіцыя ды розныя інстынкты (найперш інстынкт улады). Уласна чалавечыя якасці (сумленне, адукацыя, інтэлект) толькі замінаюць палітыку. Вось чаму сярод знаных палітыкаў мы амаль не знойдзем выбітных навукоўцаў, слынных філосафаў, вялікіх маралістаў…
Ёсць толькі адзіная чалавечая якасць, якой палітык мусіць валодаць лепей за чалавека. Гэта – умельства гаварыць (неабавязкова шмат).
Па ўсіх пералічаных параметрах (інтуіцыя, уладныя інстынкты, красамоўства) Аляксандр Лукашэнка мала якому іншаму прэзідэнту саступіць. Але асабіста мяне найбольш захапляе дэмагагічны складнік ягоных казаняў.
Аляксандр Лукашэнка – дэмагог ад Бога (калі пагадзіцца з хрысціянскім догматам, што ўся ўлада ад Бога). Проста дэмагог – хай сабе і таленавіты, – прамаўляючы, ведае, дзе ён праўдзівы, а дзе «займаецца дэмагогіяй». А вось дэмагог ад Бога (як Лукашэнка), што б ні казаў, свята верыць у тое, аб чым у кожны пэўны момант кажа. І з гэтага шмат хто яму дае веры…
Вышэй, пералічваючы «звярыны» набор якасцяў палітыка, я неабачліва прамінуў «інстынкт тэрыторыі». Для звера акрэслены ягонымі пахамі параметр падуладнай тэрыторыі – базавая велічыня яго існавання. Тое самае і ў палітыка, толькі ў апошняга «інстынкт тэрыторыі» трансфармуецца ў «інстынкт пазіцыі», рухомага модусу прысутнасці, які ўвесь час мадыфікуе прастору ягонай улады адпаведна зменам геапалітычнай рэальнасці.
Аляксандр Лукашэнка найлепей выявіў «інстынкт пазіцыі» тады, калі развітаўся з нацыянал-дэмакратамі (і сацыял-дэмакратамі, і лібераламі…) і пачаў пазіцыянаваць сябе як пераемніка каштоўнасцяў «вялікай імперыі» і савецкага ладу жыцця.
На тую пару (пачатак дзевяностых) гэтае рашэнне Аляксандра Лукашэнкі шмат каму магло падацца бязглуздым. Бо ўсё абуджанае перабудовай да жыцця імкнулася як надалей адсланіцца ад ушчэнт дыскрэдытаванай «імперыі зла». Палітычная перспектыва бачылася толькі за дэмакратыяй, незалежнасцю, рынкам, лібералізацыяй…
Усё як быццам правільна – за адзіным выключэннем. Згаданыя інавацыі (мабыць, тэарэтычна слушныя) не мелі тады ў Беларусі патэнцыялу рэальнай улады. І Аляксандр Лукашэнка пакінуў гэтыя пазіцыі (як бесперспектыўныя) іншым, з больш слабай палітычнай інтуіцыяй і з менш развітым інстынктам улады. І да гэтай пары ён спіхвае на тую «тэрыторыю няўдобіцы» ўсіх сваіх новых супраціўнікаў, добра разумеючы, што нічога палітычна вартага ўскаласіцца там пакуль не можа.
Для палітыка, пакліканага ў гэтым свеце рэалізоўваць волю ўлады як волю да ўлады, зусім неістотна, у якім палітычным дыскурсе (ліберальным, нацыянальным, сацыялістычным, камуністычным…) выяўляць сваё пакліканне. Засвоіў некалькі ліберальных ці нацыяналістычных лозунгаў (ды столькі ж прозвішчаў) – і маніпулюй імі, пакуль не наспее час мяняць пазіцыю. Але найбольш аптымальны варыянт атрымліваецца тады, калі сацыяльная канстанта палітыка хаця б збольшага тоесніцца з ягонай праграмай. І ў гэтым сэнсе Аляксандру Лукашэнку ў свой час моцна пашанцавала. Ён, наскрозь і завершана савецкі ды імперскі, ідэальна супаў з большай часткай такога ж самага беларускага электарату. Таму яны (Лукашэнка і электарат) вельмі хутка паразумеліся паміж сабой. Крэда гэтага паразумення беларускі прэзідэнт выказаў наступным чынам: «За цывілізаваным светам я сваю краіну не павяду».
Хто толькі не кпіў з гэтага шэдэўру красамоўства! А дарма. Бадай нідзе і ніколі Аляксандр Лукашэнка не фармуляваў феномену сваёй улады гэтак лапідарна, ёміста і кантрастна.
«Цывілізаваны свет» (дэмакратыя, рынак, розныя свабоды і г. д.) і пасля распаду СССР заставаўся глыбока варожым савецкаму чалавеку, якім пераважна і быў беларускі грамадзянін.
Савецкі чалавек марыў мець капіталістычныя даброты, не супраць быў з’ехаць жыць «на Захад» ці хаця б выправіць туды дзяцей на вучобу, але тут і цяпер, на сваіх палетках і гонях, у сваім мікрараёне і на сваёй фабрыцы, ён ні пра які «цывілізаваны свет» нават слухаць не хацеў. І, між іншым, меў рацыю ў сваіх засцярогах, бо, па сутнасці, раптоўнае і татальнае нашэсце капіталізму на Беларусь было б для яго не чым іншым, як чарговай акупацыяй. Натуральна, новы акупант змусіў бы тутэйшага савецкага чалавека жыць паводле чужых яму законаў ды правілаў і бязлітасна караў бы галечай, калі б той умомант не перавучыўся завіхацца на «цывілізаваны» капыл.
Дык вось, сваім знакамітым выслоўем Аляксандр Лукашэнка рашуча запэўніў пераляканых беларусаў: не пераймайцеся, пакуль мая ўлада, мы не аддамо нашай бацькаўшчыны пад акупацыю «цывілізаванаму свету».
На здаровы клёк прамова як бы бязглуздая, але акрэсленая ёю палітычная пазіцыя – пераможная. І хто з каго тут мае болей падставаў смяяцца?
* * *Неяк Вальтэр сказаў, што калі б Бога не было, то яго варта было б прыдумаць. Бадай, тое самае можна сказаць і пра Аляксандра Лукашэнку ў дачыненні да Беларусі…
Распад СССР не стаўся для нас катастрофай. Прынамсі, у адміністрацыйна-гаспадарчым плане краіна цалкам была падрыхтаваная да самастойнага жыцця. І хаця «разрыў эканамічных сувязяў» стварыў шэраг сур’ёзных сацыяльна-эканамічных нязручнасцяў, асноўная праблема незалежнага існавання палягала зусім не ў эканоміцы, а ў адсутнасці досведу палітычнай улады. Праўда, раней гэтага досведу трохі мелі беларускія камуністы, але ўсе іх уладныя інстытуцыі і структуры ляснулі яшчэ напярэдадні развалу СССР.
Лёгка было на мітынгах палымяна дэклараваць, што мы самі хочам і можам быць гаспадарамі на сваёй зямлі. Хацець як быццам сапраўды многія хацелі, а вось «магчы» – дык не надта каб у каго атрымлівалася. Што і паказаў пачатак незалежнасці, калі ўся ўлада ў краіне была згорнутая да памераў будынку Вярхоўнага Савету (добра, што пад «гарачую руку» хоць Вярхоўны Савет не згамавалі як інстытуцыю, створаную камуністамі).
Пазней Аляксандр Лукашэнка будзе казаць (і не аднойчы), што тады ўлада валялася пад нагамі, але ніхто не хацеў нават нахіліцца, каб яе падняць. Фармальна гэта як быццам і слушна, хаця па сутнасці ўсё выглядала інакш. Калі зірнуць на пачатак дзевяностых у цэлым, дык мы ўбачым: гістарычнага і практычнага досведу ўлады няма, ні дэмакратычных, ні камуністычных структураў ды інстытуцыяў улады няма, грамадзянскай супольнасці няма, канвенцыйнай нацыянальнай ідэі няма… З усяго гэтага татальнага «няма» і вынікала асноўная праблема: на чым (у адсутнасці грунту) паўставаць уладзе, дзе ёй сталець і множыцца?
Магчыма, гэта залішне радыкальна, але, з майго гледзішча, на зачын дзяржаўнай улады тады заставалася толькі адно месца – прастора персанальнага «я». У нас не было выбару нейкай яшчэ формы ўлады ў тым сэнсе, што альбо знойдзецца такіх амбіцыяў і здольнасцяў чалавек, які наважыцца рэалізаваць Беларусь як свой уласны праект, альбо Беларусь неўзабаве зноў апынецца ў сітуацыі нічыйнай зямлі, якую ў кожны момант можа прырэзаць да свайго надзелу не той, дык іншы сусед.
Карацей кажучы, як на сённяшні свой розум, дык я не бачу для Беларусі дзевяностых гадоў іншай формы ўлады, акрамя дыктатуры альбо, як мінімум, жорсткага аўтарытарнага рэжыму. Ні для чога іншага рэальных падставаў на тую пару тут не было. Таму нам нічога не заставалася, адно як прыдумаць (паводле Вальтэра) таго, хто стане «Аляксандрам Лукашэнкам», бо інакш будзе ўжо зусім нядобра.
Зрэшты, трудзіць глузды беларусам не спатрэбілася, паколькі гісторыя нарэшце злітасцівілася з нас і падрыхтавала на «дэмакратычны» выбар дзве роўнавялікія постаці: Зянона Пазняка і ўласна Аляксандра Лукашэнку.
Калі б беларусы, як прыбалты, выявіліся «нацыяналістамі», яны мелі б прэзідэнцкую дыктатуру Зянона Пазняка. На іншы выпадак у дублёрах чакаў Аляксандр Лукашэнка.
Як усе мы добра памятаем, доўга чакаць яму не давялося.
* * *Шчыра кажучы, у феномене Аляксандра Лукашэнкі мяне мала цікавіць і ён сам, і ягоны феномен. Аляксандр Лукашэнка ўсяго толькі адзін з агентаў волі ўлады (гісторыя чалавецтва падобных ведае мноства), якому было наканавана выявіцца і рэалізавацца ў Беларусі ў пару яе чарговага паўставання над роўняддзю быцця.
Мая абыякавасць да Аляксандра Лукашэнкі абумоўленая яшчэ і тым, што Беларусь сама па сабе (без персанальнай улады над Беларуссю) яго, здаецца, мала абыходзіць. Калі б яму ўволю хапіла той самай волі да ўлады, дык ён ужо даўно сядзеў бы ў Крамлі і пра занядбаную «малую радзіму» публічна нават не згадваў бы – каб не псаваць бляску свайго іміджу.
Вось чаму ў феномене Аляксандра Лукашэнкі мяне ніколькі не цікавіць ён сам, а толькі мы – кожны паасобку і ўвесь беларускі люд разам.
Неяк мне прыдумаўся немудрагелісты афарызмік: паглядзі на сябе ў люстэрка – і там убачыш Лукашэнку. Але той афарызмік мне адразу не спадабаўся (і зусім не таму, што яго недарэчы заканцавала рыфма). Я адчуваў, што недзе ў спратах прыпадабнення ўсяго беларускага народу да першага прэзідэнта крыецца вялікая хіба. І толькі нядаўна нарэшце зразумеў, чаму беларускі прэзідэнт ніякае не люстэрка: бо ён – наша вялікая паўза.
Аляксандр Лукашэнка – наша вялікая паўза ў тым сэнсе, што, каб асягнуць вышэйшай улады і трымаць яе цягам столькіх гадоў, яму спатрэбілася прыпыніць плынь часу, затрымаць яго ў формах і канфігурацыях, якія засталіся ў Беларусі ад савецкай пары. За гэтую затрымку хто толькі яго ні ганбіў. А я вось дык і зусім наадварот – удзячны яму за тое (магчыма, усяго за тое і ўдзячны).
Вышэй ужо казалася, што тая адміністрацыйна-гаспадарчая сістэма, якая нам дасталася пасля распаду СССР, была цалкам прыдатная для незалежнага існавання. Не ставала толькі рэальнага досведу самастойнай улады. Але, калі па вялікім рахунку, дык нам найперш не ставала іншага, а менавіта – разумення беларускім грамадствам сваёй анталагічнай самасці, цэласнага ўяўлення пра тое, хто мы такія ёсць (і ці ёсць мы ўвогуле), скуль тут апынуліся і куды нам праставаць далей. Праўда, гэткае «разуменне» з’явілася было ў нацыянал-дэмакратычнага руху. Аднак досыць хутка высветлілася, што яно было такім толькі для саміх чальцоў гэтага руху (з чаго ён пакрысе і заняпаў).
Адным словам, беларусам яшчэ трэба было зразумець сябе іншымі і ад тых, якімі іх выдумалі камуністы, і ад тых, якімі іх вымудрылі нацыянал-дэмакраты. А для таго каб наноў зразумець, чым (кім) ёсць гэтая дзесяцімільённая сукупнасць людзей (на пачатку незалежнасці паяднаная між сабой адно дзяржаўнымі межамі Рэспублікі Беларусь), неабходны быў час. І Аляксандр Лукашэнка нам яго адшкадаваў – запыніўшы.
З ягонай ласкі (хай сабе і не дзеля нас матываванай) беларусы змаглі спакойна агледзецца навокал, без спеху пакорпацца ў саміх сабе, прачуць сваю затуленасць уласнай дзяржавай (і скразнякі ў яе агароджы). Але самае галоўнае, што за гэты час яны патроху пачалі намацваць саміх сябе, са здзіўленнем адзначаючы, што нехта апрычоны тут, здаецца, сапраўды ёсць.
Праўда, у гэтай вялікай паўзе беларусы і шмат страцілі, найперш у рэфармацыйным, дэмакратычным ды нацыянальным дыскурсах. Толькі скуль каму вядома, колькі б чаго яны па дарозе растрэслі, каб адразу на злом галавы пабеглі ў тую ці іншую рэфармацыю (не надта ўяўляючы, хто і чаго туды бяжыць)?
Альбо вось дэмакратыя. Некаторыя чакаюць яе не раўнуючы як Царства Божага на зямлі… Не, я не супраць. Дэмакратыя, натуральна, лепшая за дыктатуру ўжо хаця б таму, што пры дыктатуры ў цябе на карку сядзіць паганяты з бізуном, а як надарыцца дэмакратыя – дык усяго толькі з пугай.
Наастачу не прамінём згадкай і ніштажэнне ўсяго нацыянальнага. Тут можна суцешыць сябе хіба толькі тым, што сваімі рэпрэсіямі Аляксандр Лукашэнка дапамог «свядомым» беларусам праверыць іх ідэалы на трывушчасць, а іх саміх – на меру ўпартасці ды мужнасці…
* * *Сёння цяжка сказаць, наколькі плённа беларусы скарысталіся дараванай ім паўзай. Напэўна, не вельмі…
Прынамсі, мы дасюль застаёмся нацыяй, якую яшчэ трэба прыдумаць, дакладней, якую мы самі яшчэ мусім прыдумаць як універсалію, прыдатную для супольнага ўжытку кожнаму асобнаму чалавеку.
А пакуль не прыдумалі, нам, на вялікі жаль, ніяк не абысціся без «Лукашэнкі», пад якім бы прозвішчам ён ні быў запісаны ў пашпарце.