A R C H E П а ч а т а к № 4 (33) - 2004
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


4-2004
" да Зьместу "

 



аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі

 


эсэістыка

  АЛЕСЬ АРКУШ

Вокладка ARCHE 4-2004.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (3'2004)
   ARCHE (2'2004)
   ARCHE (1'2004)
   Эўропа на ўсход ад    Эўропы
   Віленская Анталёгія
   Чэскі Альбом
   Pax Americana
   Туманнасьці
   беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6'2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4'2001)
   Скарына
(3'2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1'2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8'2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6'2000)
   Глёбус
   Скарына
(4'2000)
   Габрэі
   Скарына
(2'2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Алесь Аркуш
Будаўнік эгіпэцкіх пірамідаў

Чым быў знакаміты 1994 год для мяне асабіста?

Гартаю стары ўласны дзёньнік, запісы ў якім абрываюцца лютым 1995-га. Зь ягоных старонак павявае мінуластагодзьдзевай даўніной. Год, у якім быў абраны першы прэзыдэнт Беларусі, выдаўся для мяне цікавым, зьмястоўным і плённым. 18 лютага пастаўскі паэт Алесь Касьцень прывёз з Паставаў у Полацак наклад першага нумару часопісу «Калосьсе». Нумар быў памножаны ў пастаўскай друкарні і выглядаў вельмі сьціпла. Але мы былі радыя і такому. Прынамсі, гэта быў крок наперад у параўнаньні з альманахам «Ксэракс беларускі». У 94-м яшчэ працуе ў Полацку прыватная мастацкая галерэя «Рыса» (яе стварылі два мастакі – Сяргей Цімохаў з Аляксандрам Канавалавым – і мастацтвазнаўца Ларыса Лысенка). 4 сакавіка ў «Рысе» адбылася прэзэнтацыя новай выставы, сярод яе аўтараў і мая жонка Тацяна. 25 сакавіка – у Полацку ў былой Цёплай царкве Брацкай школы, у якой цяпер месьціцца Музэй беларускага кнігадрукаваньня, адкрыўся музэй Сімяона Полацкага. Менавіта ў гэтай залі ладзяцца штогадовыя ўручэньні літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес». На банкеце з нагоды адкрыцьця новага музэю я апынуўся за сталом побач з расейскай літаратуразнаўцай Лолай Званаровай. Маскоўскай госьці распавёў пра тэвээлаўскую фронду і падараваў нашыя саматужныя выданьні. У 94-м я жыў яшчэ ў Наваполацку. Дахаты з банкету нас з Тацянай завёз тагачасны мэр Нафтаграду дэмакрат Аляксандар Ніякоўскі. Ужо тады пазыцыі яго пахіснуліся. За «сімяонаўскім» сталом Ніякоўскі таямніча і глыбаказначна сказаў мне, што цяпер трэба «замацоўвацца» на пазыцыі сацыял-дэмакратыі. Празь нейкі час ён ціха, незаўважна пакіне наваполацкі «белы дом» – палітык зь яго не атрымаўся. 16 красавіка ў віцебскай галерэі Алеся Пушкіна наладзілі тэвээлаўскую літаратурную імпрэзу «Новая ініцыятыва». Падчас нашых паэтычных выступаў Пушкін рабіў замалёўкі-накіды да карціны, якую намалюе і прывязе на лістападаўскую тэвээлаўскую канфэрэнцыю ў Наваполацак. 8 траўня ў галерэі «Рыса» гучна адзначалі першыя ўгодкі ТВЛ. Прыяжджалі Лявон Вольскі, Кася Камоцкая, Юрась Барысевіч. Увечары ўсе сабраліся на полацкай кватэры Сяргея Цімохава. 20 траўня здаў у полацкую друкарню другую кнігу Юрыя Гуменюка «Твар Тутанхамона». Кошт друку – паўмільёна рублёў. 6 жніўня выбраліся ў вандроўку па мясьцінах Яна Баршчэўскага, гэта менавіта тая вандроўка, падчас якой, згодна зь сьведчаньнямі Пятра Васючэнкі, была зварана юшка з цмока. 12 лістапада прымалі Алеся Разанава ў Наваполацкім цэнтры нацыянальнай культуры, госьць апавядаў пра канцэпцыю новай «Крыніцы», пра ўсходнюю філязофію, якой захапляецца, пра сваю новую кнігу «Дзьверы», якую выдаў у Беластоку разам з Надзеяй Артымовіч. 19–20 лістапада ў Наваполацку адбылася першая тэвээлаўская канфэрэнцыя. Сярод гасьцей – украінцы Ўладзімер Цыбулька, Сяргей Жадан, Ігар Бондар-Цярэшчанка, расейцы Герман Лукомнікаў, Дзьмітры Кузьмін, Мікалай Байтаў, альбанец – культурны аташэ альбанскай амбасады ў Маскве Лігор Цулуфэ. Было шмат цікавых спрэчак, пра асобныя зь іх згадвае ў папярэднім нумары «ARCHE» ўдзельнік канфэрэнцыі Юрась Пацюпа.

Гэта мой культурны кантэкст 1994-га.

У маім дзёньніку ані слова пра абраньне прэзыдэнтам Лукашэнкі. У адрозьненьне ад культурных падзеяў 94-га, палітычныя згадваюцца аскепкава, фрагмэнтарна. Добра памятаю, што ўгаворваў асобных сваіх крэўных, якія адмаўляліся галасаваць за Пазьняка, аддаць галасы хаця б за Шушкевіча. Было шмат спрэчак. Асабліва горача я спрачаўся з бацькам. Ён падтрымліваў Лукашэнку. У кожны свой прыезд у Жодзіна я абавязкова, часам задужа эмацыйна, дыскутаваў з татам. На якіх пазыцыях стаялі? Я казаў, што мусім будаваць незалежную краіну, дзеля гэтага трэба мець адпаведнага прэзыдэнта. Казаў пра інтэграцыю з Эўропай, пра эўрапейскія інвэстыцыі, пра перавагі самастойнасьці. Бацька казаў, што трэба не дапусьціць развалу таго, што маем. Ён ня быў фанатычным сымпатыкам Лукашэнкі, але лічыў, што з прапанаваных кандыдатаў найлепшым з горшага ёсьць А.Л.

Па шчырасьці, я быў упэўнены, што Пазьняк ня мае шанцаў. Аднак калі б Пазьняк выйшаў у другі тур разам з Кебічам, дык шанец зьяўляўся. На гэта і была надзея.

У другі тур выйшаў Лукашэнка.

Памятаю, ля ўваходу на адзін з выбарчых участкаў у Наваполацку пабачыў згорбленую, сівую бабулю, якая, ледзь перастаўляючы ногі, ішла галасаваць. Нехта зь людзкой гурмы гучна спытаў, за каго бабуля зьбіраецца аддаць голас. «Ой, сынку, за Лукашыка, бачыла яго ў целявізары, панравіўся дужа, справядлівы». Людзі гучна засьмяяліся. Нехта падтрымаў: «Правільна, бабуля». А мне падумалася, што прозьвішча «Лукашэнка» складанае для беларускага вымаўленьня.

Сёньня я працягваю спрачацца-дыскутаваць з бацькам па палітычных пытаньнях. Ён мне даводзіць, што меў рацыю адносна Лукашэнкі. Заводы працуюць, дзяржаўную маёмасьць розныя дзялкі не расьцягнулі, сякі-такі парадак у краіне ёсьць. Я кажу пра рэпрэсіўныя мэтады, якімі той парадак усталёўваецца, пра неэфэктыўнасьць такой эканомікі, пра дзяржаўны гвалт над асобай. Кажу пра закрытыя беларускія клясы, пра занядбаньне нацыянальнай культуры, пра разьяднанасьць нацыянальнай эліты, пра «недадзяржаўнасьць» Беларусі.

Некаторыя спрэчкі я бацьку прайграў. Некалі я казаў пра немінучы крызыс гарадзкога транспарту ў беларускіх местах. Маўляў, хутка нашы аўтобусы-тралейбусы зусім дойдуць да ручкі, а купляць новыя за мяжой няма за што. Неўзабаве МАЗ пачаў выпускаць свае аўтобусы, якія ўсё часьцей сустрэнеш на полацкіх і жодзінскіх вуліцах.

Адзін мой знаёмы кажа, што Беларусь павінна прайсьці пэрыяд таталітарызму. Толькі з дапамогаю пугі, калі няма адпаведных рэсурсаў, можна пабудаваць эгіпэцкія піраміды. Пры дэмакратыі мы гэткіх посьпехаў ня мелі б (Палац Рэспублікі, менскі чыгуначны вакзал, нацыянальная бібліятэка, лядовыя палацы і г.д.).

Памятаю, прачытаў у літоўскай газэце інфармацыю пра тое, што прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус пазычыў у цырыманіяльнай службы аўтамабіль, бо прэзыдэнцкі зламаўся, а на новы ў дзяржаўным бюджэце не закладзены сродкі. Неймаверная сытуацыя для Беларусі, дзе прэзыдэнт можа мяняць самалёты, ня тое што аўтамабілі.

А яшчэ адзін мой знаёмы кажа, што, можа, нам і пашанцавала з А.Л., бо адваяваць у Лукашэнкі Беларусь усё ж прасьцей, чым у расейскіх або заходніх багатыроў, калі б тыя тут сур’ёзна атабарыліся.

Шкада, аднак, галерэі «Рыса» і часопісу «Калосьсе»: гэтыя праекты не знайшлі падтрымкі на Полаччыне – ані ў мясцовай улады, ані ў бізнэсоўцаў і кіраўнікоў прадпрыемстваў нафтахіміі. Сёньняшні беларускі парадак абыходзіцца і бязь іх.

чэрвень 2004

  нарадзіўся ў 1960 годзе ў Жодзіне. Паэт, эсэіст, выдавец. Скончыў інстытут народнай гаспадаркі. Аўтар словаў гімну Полацку.
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 4 (33) – 2004

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/1/15