| |
Уладзіслаў Белавусаў
Троху пра зьмены ў Лукалэндзе
Contemporary Change in Belarus.
Baltic and East European Studies 2. Södertörns högskola, 2004.Англамоўны зборнік «Сучасныя зьмены ў Беларусі», у які ўвайшлі даклады, агучаныя падчас сэмінару ў «Балцка-Ўсходнеэўрапейскай школе» швэдзкага ўнівэрсытэту Садэрторнз, можа служыць добрай ілюстрацыяй росту цікавасьці да Беларусі ў сьвеце. Чатыры аўтары рэпрэзэнтуюць чатыры акадэмічныя бэкграўнды – канадзкі (Дэвід Марплз), швэдзкі (Барбара Торнквіст-Плева), беларускі (швэдзка-беларускі кампаратывіст Андрэй Катлярчук) ды польскі/цэнтральнаэўрапейскі (выпускніца Цэнтральнаэўрапейскага ўнівэрсытэту ў Будапэшце Ганна Бжазоўска); чатыры аб’екты аналізу – інстытуты ўлады, беларуска-расейскі зьвяз у кантэксьце няскончанае нацыятворчасьці, гістарыяграфічны канфлікт вакол дзяржаватворнага міту ды вытокі геапалітычнае арыентацыі Беларусі. Зборнік распачынаецца артыкулам прафэсара гісторыі ўнівэрсытэту канадзкага гораду Альбэрту, «славіста ад паліталёгіі» Дэвіда Марплза. Аўтар нясьпешна ўводзіць чытача ў суворую палітычную рэчаіснасьць Лукалэнду апісаньнем «нечаканай» трансфармацыі БССР у незалежную дзяржаву, хуткай паразы кволых парасткаў дэмакратыі на тутэйшых абшарах ды ўтрываленьня «апошняга квазіаўтарытарнага рэжыму Эўропы». Апошняму паспрыяла, калі верыць Марплзу, стратэгічная памылка апазыцыі, якая адразу пасьля перамогі А. Лукашэнкі на выбарах 1994 году абвесьціла стодзённы мараторый на крытыку новаабранага прэзыдэнта – тэрмін, за які ён манапалізаваў дзяржаўныя СМІ і пачаў дыскрэдытацыю нацыянальнай сымболікі. Паводле вэрсіі Марплза, у гэты час галоўным ворагам Лукашэнкі быў Пазьняк, а рэфэрэндум 1995 году сымбалічна прамаркіраваў перамогу ўлады над лягерам незалежнікаў. Пераходзячы да рэфэрэндуму 1996 году, аўтар слушна адзначае зусім непрыглядную ролю ў ім Расеі. Прыезд Віктара Чарнамырдзіна ў Менск у лістападзе 1996-га як пасярэдніка перакуліў балянс сілаў на беларускай палітсцэне, якая, у традыцыйнай трактоўцы Марплза, была прадстаўлена двума галоўнымі акторамі – прэзыдэнтам (балбатлівым капрызным папулістам, сымпатыкам адыёзных рэжымаў) ды апазыцыяй (БНФ, АГП ды камуністамі). Сацыял-дэмакраты й іншыя дэмакратычна арыентаваныя дэпутацкія групы ў гэты сьпіс чамусьці ня трапілі. Спэцыяльна адзначаецца, што людзі ў правінцыі ніколі асабліва не задумваліся над розьніцай паміж рознымі палітычнымі сіламі і не разумелі сутнасьці антыўрадавых пратэстаў. У той жа час нічога не гаворыцца пра прычыны іх нізкае палітычнай сьвядомасьці, напрыклад пра маніпуляцыі манапалізаванага тэле- ды радыёвяшчаньня, дваістую ролю расейскіх СМІ і перасьлед незалежнае прэсы. Пасьля Марплз коратка апісвае трансфармацыю ролі менскай місіі АБСЭ пад кіраўніцтвам Г. Г. Віка «ад распаўсюдніцы дэмакратыі да дарадцы апазыцыі» і пераходзіць да стасункаў з Расеяй. На яго думку, пасьля выказваньня Пуціна пра «мухі і катлеты» Лукашэнка, гэты «бізун нацыянальна-сьвядомых беларусаў», перайшоў да нязвыклай ролі абаронцы нацыянальных інтарэсаў Беларусі. Дасьледнік таксама заклікае разьвітацца з хімэрай «расейскага дэмакратызавальнага ўплыву» на Беларусь. Нягледзячы на рэвэрансы ў бок Амэрыкі, Расея афіцыйна прызнала, што выбары 2001 году адпавядалі дэмакратычным стандартам, і вітала пераабраньне А. Лукашэнкі на другі тэрмін. З улікам фігуры аўтара, які кансультуе ў пытаньні Ўкраіны і Беларусі ўрады ЗША і Канады, выступае з палітычнымі аналізамі ў Палаце прадстаўнікоў, Белым доме, унівэрсытэтах Гарварду і Стэнфарду, такую пазыцыю трэба прызнаць важкай. Заканчваецца тэкст шкадаваньнямі пра адсутнасьць трывалага інтарэсу Захаду (за выняткам Нямеччыны) да нашай краіны і нараканьнямі на разбуральныя тэндэнцыі ў лягеры апазыцыі ды адсутнасьць у ім папулярнага лідэра (у процівагу папулярнаму ўкраінскаму дэмпалітыку Віктару Юшчанку). Намесьніца дырэктара швэдзкага Цэнтру эўрапеістыкі, выкладчыца ўнівэрсытэту Люнду Барбара Торнквіст-Плева аб’ектам дасьледаваньня ўзяла беларуска-расейскі зьвяз, які разгледзела праз прызму праблематыкі фармаваньня нацыянальнае ідэнтычнасьці беларусаў. Яна аналізуе два паралельныя шляхі палітычнае эвалюцыі краіны з 1994 году – «шлях да дыктатуры» і «шлях да зьвязу з Расеяй». Высновы пра відавочную ўзаемасувязь паўстаюць самі сабой: ташкенцкія пагадненьні аб калектыўнай бясьпецы і рэфэрэндум 1995 году, інтэграцыйная дамова ў красавіку 1996 і блаславеньне патрыярха Аляксія ІІ (які чамусьці называецца Аляксіем ІІІ), крамлёўскія фобіі адносна пашырэньня NАТО ды раскансэрвацыя расейскіх вайсковых базаў на захадзе Беларусі, адкрытая падтрымка шэрагам папулярных у Беларусі расейскіх мэдыяў Лукашэнкі й непатапляльнасьць яго рэжыму. На думку дасьледніцы, трэба гаварыць пра вырашальнае значэньне стану беларускае ідэнтычнасьці для разуменьня спэцыфічнага характару беларускага разьвіцьця. Калі параўноўваць сытуацыю ў Беларусі зь літоўскай ці ўкраінскай, кідаецца ў вочы, што слабасьць грамадзянскае супольнасьці, адсутнасьць дэмакратычных традыцыяў альбо эканамічная залежнасьць ад Расеі ня могуць наўпрост растлумачыць падзеі ў Беларусі 90-х гадоў. У аналізе беларускае ідэнтычнасьці сьцьвярджаецца, што протаганісты беларускае ідэнтычнасьці (Каліноўскі, Багушэвіч, Ластоўскі, Купала) не адчувалі выразнай беларускай дзяржаўнай традыцыі і выразнай этнічнай супольнасьці, каб збудаваць зь яе нацыю (у якасьці аргумэнту прыводзіцца крыўска-беларуская дылема з саманазвай, але пры гэтым ніякім чынам ня згадваюцца праекты «ліцьвінства», «русінства», «вялікалітоўства»); што да XIX стагодзьдзя не выпадае гаварыць ня толькі пра беларускую нацыянальную ідэнтычнасьць, але й пра беларускую этнічную ідэнтычнасьць (праўда, а ці выпадае наагул гаварыць пра нацыянальную ідэнтычнасьць да XIX ст.?); што дамадэрная этнічная ідэнтычнасьць беларусаў – «руская», у сэнсе супольнасьці з тагачаснымі расейцамі ды ўкраінцамі, і ўзьнікла яна ўва ўсходніх славянаў у Кіеўскай Русі, якая існавала з IX ст. да 1240 г. (яе маркеры, адпаведна, праваслаўе ды царкоўнаславянская як супольная пісьмовая мова). «Пачуцьцё рускасьці зьбераглося... і пасьля літоўскае заваёвы Беларусі з Украінай, а потым і ў Рэчы Паспалітай», зразумела, «польска-літоўскай дзяржаве». Далей ідзе традыцыйнае апісаньне ўзьнікненьня русінскай ідэнтычнасьці, якая мацавалася пісьмовай рускай мовай і ўніяцкай царквой. Антырасейскія паўстаньні 1830 ды 1863 гадоў прэзэнтуюцца як польскія, праўда, «з удзелам русінскай шляхты». Пасьля іх задушэньня адна яе частка атаясаміла сябе з пальшчызнай, другая – з расейшчынай, а трэцяя «пад уплывам рамантызму ды зьяўленьня нацыянальных ідэалёгіяў суседніх народаў» сфармулявала «новую беларускую нацыянальную ідэалёгію». Падчас фармаваньня нацыянальных элітаў выявіліся супярэчнасьці паміж каталікамі (якія першымі ўсьвядомілі сваю асаблівую, адрозную ад расейскай, ідэнтычнасьць) ды праваслаўнымі (якім было цяжэй эмансыпавацца ад расейскасьці). У 90-я г. XIX ст. беларуская эліта паўтарыла шлях эліт суседніх нацыяў, зрабіўшы мову галоўным элемэнтам ідэнтычнасьці. Гэтым яны зрабілі памылку, бо «беларуская мова ніколі не ўспрымалася як выразны маркер адрознасьці паміж беларусамі ды суседнімі народамі. Беларусы насялялі абшары, дзе выкарыстоўвалася шмат славянскіх гаворак. На такіх тэрыторыях цяжка правесьці адрозьненьні паміж рознымі мовамі». Сярод прычынаў цяжкога прасоўваньня літаратурнай мовы згадваюцца супярэчнасьці ўнутры элітаў, падабенства з расейскай ды польскай, жорсткая завязанасьць каталіцтва і праваслаўя на пальшчызну ды расейшчыну, а таксама няўменьне наладзіць простую камунікацыю паміж нацыянальнай элітай і масамі. Схематычна, але дастаткова падрабязна апісваюцца беларусізацыя 1920-х гадоў ды карані сёньняшняе моўнае сытуацыі. Торнквіст-Плева ўважае за памылку пасавецкае вяртаньне да мадэлі нацыяналізму канца XIX ст., бо саветы ўжо пасьпелі прышчапіць беларусам падвойную ідэнтычнасьць – «эмацыйную самаідэнтыфікацыю больш чым з адной культурай». Адпаведна, вынікі рэфэрэндуму 1995 году давялі, што этналінгвістычная канцэпцыя беларускае нацыі «анахранічная і нежыцьцяздольная». (Пытаньне гэтага рэфэрэндуму заслугоўвае асаблівага камэнтару практычна ўва ўсіх замежных аўтараў зборніку, і мы вернемся да яго ніжэй.) Крытыка нацыянальных элітаў заканчваецца канстатацыяй «неабходнасьці пошуку сымбаляў, здольных выконваць адрозьнівальную ды аб’яднальную функцыю» ў беларускім грамадзтве, зь якімі масы могуць сябе ідэнтыфікаваць – што неабходна для іх палітычнай мабілізацыі. Інакш кажучы, «трэба стварыць такую палітычную праграму, якая пераканае беларусаў, што, зьбярогшы незалежнасьць, яны выйграюць палітычна і эканамічна», нават за кошт білінгвізму і бінацыянальнай ідэнтычнасьці. У наступным артыкуле імпануе акурат спосаб падачы фактаў: вялікая колькасьць інтэрвіюераў падзяляецца паводле двух базавых крытэраў – мовы і прафэсіі. Фактар мовы, які часта недаацэньваюць замежныя дасьледнікі, у сёньняшняй Беларусі бывае больш характэрным ідэнтыфікатарам палітычных прыхільнасьцяў, чым сацыяльны статус, гадавы даход, пол, сэксуальная арыентацыя. Ганна Бжазоўска вывучала міжнародныя адносіны і літаратуразнаўства, таму яе дасьледаваньне сумяшчае ідэі, узятыя з розных тэарэтычных абсягаў. Яны і ўвасобіліся ў артыкуле, «які спрабуе зразумець міжнародную арыентацыю Беларусі». Цэнтральным паняткам у вызначэньні дыскурсу «ўлада – апазыцыя» паўстае «здаровы розум», альбо, дакладней, канфлікт вакол яго: «першы праект (Лукашэнкаўскі наратыў) падтрымліваецца народам, бо не закранае істотных пунктаў яго жыцьцёвага досьведу, у той час як другі (апазыцыйны, ці, больш дакладна, наратыў нацыянальна-лібэральнай эліты) не ўкладаецца ў рамкі здаровага розуму». У 1994 годзе да ўлады прыйшоў «выпадковы чалавек», які, аднак, цешыўся папулярнасьцю ў вялікай часткі выбарцаў. Пасьля Бжазоўска дублюе словы Торнквіст-Плевы: «Рэфэрэндум у траўні 1995 году быў, згодна з назіральнікамі, выйграны Лукашэнкам без усялякіх падтасовак і суправаджаўся вялікай ступеньню грамадзкага энтузіязму». Гэта вельмі дзіўнае сьцьверджаньне. Адразу пасьля рэфэрэндуму 1995 году міжнародныя назіральнікі выказвалі іншыя погляды. Дэлегацыя Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ заявіла, што ён «не адпавядаў усім міжнародным нормам вольнага й справядлівага галасаваньня». Адмысловую заяву зрабіў і Дзярждэпартамэнт ЗША, выказаўшы шкадаваньне з таго, «якім чынам і ў якой абстаноўцы кіраўніцтва Беларусі правяло выбары і рэфэрэндум». Пры абмеркаваньні паняцьця «народ» у традыцыйным беларускім разуменьні і яго канфэсійнай прыроды аўтарка цалкам сур’ёзна абапіраецца на разважаньні нейкага «A. T., паэта, беларускамоўнага, верасень 2001 г., Менск», якія ў адваротным перакладзе гучаць так: ...праваслаўе нашмат лепшае [за каталіцтва й пратэстантызм]. Таму што яно вучыць быць заўсёды задаволеным, але гэта можа здацца ня дужа натуральным, таму што чалавек заўсёды прагне барацьбы... дзеля лепшых умоваў, напрыклад. І ўсё ж праваслаўе абяцае Табе бясьпеку, меней праблемаў у жыцьці. На думку Бжазоўскай, параза беларускіх інтэлектуалаў у дыялёгу «эліта – народ» тлумачыцца ўласьцівым масавай сьвядомасьці адмоўным стаўленьнем да інтэлігентаў – выхадцаў зь вёскі, што пасьля гарадзкога навучаньня выракаліся роднага на карысьць пальшчызны альбо расейшчыны. Спэцыфіка стаўленьня расчараванай «эліты» да «народу» ў тым; «што нідзе так не адчуваецца адсутнасьць усялякае павагі да вёскі, як у Беларусі. Балтыйскія нацыі, напрыклад, рабілі з фальклёру сьвятыню і, калі надышлі часы пратэсту, вярнуліся да яго як сродку нацыянальнай інтэграцыі. Фольк-фэсты сталіся формаю рэвалюцыі. Падобным жа чынам ува Ўкраіне міт пра казаччыну – так бы мовіць, шляхту сялянскага паходжаньня – заахвочваў прагу волі». На аснове гэтае спэцыфікі акрэсьліваюцца «ўладныя ідэалы» беларусаў: каб-з-народу-але-не-інтэлігент і да т. п. У аналізе кампанэнтаў сучаснае беларускае «народнае» ідэнтычнасьці Бжазоўска вылучае «савецкасьць», «спадчыну вайны» (гэты фэномэн тлумачыцца афіцыйна легітымізаваным «ператварэньнем беларуса ўпершыню з суб’екта гісторыі ў героя»), «талерантнасьць». З гэтых кампанэнтаў выводзяцца чыньнікі замежнапалітычнае арыентацыі беларусаў – гіпэртрафаванае ўспрыняцьце пагрозы (поле для маніпуляцыяў шляхам артыкуляцыі траўмаў зь недалёкага мінулага), народны лідэр – моцная рука, антыамэрыканізм, жаданьне «спакою й парадку на зямлі», субстытут клясавай пагрозы (насьцярожанасьць да рынкавых рэформаў у суседзяў). Падрабязна разглядаецца мэханізм прыўлашчваньня ўладамі фактаў, падзеяў і гістарычных асобаў у выгадным для сябе ракурсе (напрыклад, роля К. Каліноўскага ці сакралізацыя гістрорыі БССР). Вось жа, маніпулюючы «здаровым розумам масаў, Лукашэнка разгарнуў замежнапалітычную арыентацыю Беларусі ў выключна ўсходнім кірунку». Заканчвае свой артыкул Бжазоўска на аптымістычны лад: за апошнія гады ў Беларусі вырасла новае пакаленьне, якое зусім іншымі вачыма глядзіць на замежную палітыку. Да таго ж, сам «замежнапалітычны дыскурс Лукашэнкі… будзе паступова інкарпараваць новыя элемэнты, зьмяняючыся да непазнавальнасьці ў будучыні». Нарэшце, аўтар артыкулу «Традыцыя беларускай дзяржаўнасьці: спрэчкі пра мінулае Беларусі» ў асаблівай прэзэнтацыі чытачу ня мае патрэбы. Андрэй Катлярчук пры дапамозе паралельнага аналізу афіцыйных і незалежніцкіх трактовак адных і тых жа гістарычных працэсаў тлумачыць асаблівасьці сёньняшняе ідэалягічнае барацьбы. Варта асабліва адзначыць вялікую колькасьць прыведзеных інтэрнэт-спасылак. Для замежніка, што грунтоўна адкрывае для сябе «краіну Беларусь», гэта, безумоўна, вельмі каштоўная крыніца. І пра дробязь, якую мы ўважаем істотнай. Ува ўсіх аўтараў (акрамя А. Катлярчука) напісаньне беларускіх уласных імёнаў вельмі непасьлядоўнае: яно скача ад беларускай лацінкі да нейкіх сумнеўных спосабаў трансьлітараваць імёны і прозьвішчы на слых. Разам апынаюцца K. Kalinovski i F. Bahusevic, Lukashenka i Masherov, Paznyak i Suskevic, etc. У той жа час назва Беларусі і яе тытульнай нацыі прэзэнтуюцца вельмі пасьлядоўна: Belarus, Belarusian. Годзе пашыраць неразьбярыху!
|
|
нарадзіўся ў 1984 годзе ў Гомелі. Навучаецца на аддзяленьні міжнароднага права факультэту міжнародных стасункаў БДУ.
|