A R C H E П а ч а т а к № 4 (33) - 2004
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


4-2004
" да Зьместу "

 



аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі

 


анкетаваньне

   

Вокладка ARCHE 4-2004.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (3'2004)
   ARCHE (2'2004)
   ARCHE (1'2004)
   Эўропа на ўсход ад    Эўропы
   Віленская Анталёгія
   Чэскі Альбом
   Pax Americana
   Туманнасьці
   беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6'2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4'2001)
   Скарына
(3'2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1'2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8'2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6'2000)
   Глёбус
   Скарына
(4'2000)
   Габрэі
   Скарына
(2'2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Чаму я галасаваў «за»
Аляксандра Лукашэнку
(ці «супраць»)

Міхась Баўтовіч, краязнаўца, Полацак

На пачатку кампаніі прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году я, як сябра ініцыятыўнае групы, зьбіраў подпісы за кандыдата ў прэзыдэнты Пазьняка. Пазьней, у часе галасаваньня, быў назіральнікам на адным з выбарчых участкаў Полацку.

У часе збору подпісаў часьцяком даводзілася палемізаваць зь людзьмі, і гэта значна замаруджвала сам працэс. Полацак уяўляў тады - а ў нейкай ступені застаецца і цяпер - калі не «чырвоны пас» (скарыстоўваючы расейскую тэрміналёгію), дык, пэўна, «чырвоную стужку» на шапцы краіны - накшталт той, якую насіў некалі дзед Талаш. Таму і сёньня ў горадзе з усіх партыйных суполак самая шматлікая, хаця і ня самая дынамічная, суполка ПКБ. Гэта тлумачыцца вялікай колькасьцю вайсковых гарнізонаў, што былі тутака за савецкім часам, і чыгуначным вузлом, пэрсанал для якога пасьля вайны амаль цалкам быў імпартаваны з Расеі. Ня дзіва, што на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году ў Полацку ў першым туры другое месца пасьля прэм'ера Кебіча заняў лідэр ПКБ Васіль Новікаў. Замыкаў тройку лідэраў правадыр «прыніжаных і зьняважаных» Аляксандар Лукашэнка.

Што да атмасфэры на самім выбарчым участку, дык, паводле яшчэ савецкае завядзёнкі, чальцы камісіі намагаліся ўпіхнуць выбарцам як мага больш бюлетэняў і не пытацца пра пашпарты. Я быў адзіным назіральнікам, які пужаў іх адказнасьцю. Таму мае прапановы ўважліва разглядаліся. Лукашэнку ўсе чальцы камісіі сур'ёзна не ўспрымалі. Яны хінуліся да Кебіча, і мне даводзілася сачыць, каб не зрабілі штось на карысьць дзейнага прэм'ера.

З тых выбараў запомніўся адзін кур'ёзны выпадак. Паехаў разам з чальцамі камісіі і скрыняй да старых і нямоглых, што пажадалі прагаласаваць дома. Заходзім да аднаго вэтэрана вайны. Яму выдаюць бюлетэнь і апавядаюць пра таямніцу галасаваньня. А дзед публічна абвяшчае, што будзе галасаваць за Шушкевіча. Я пытаю яго: «Чаму?» Той адказвае: «Бо Кебіч сволач, а Лукашэнка, з увагі на прозьвішча, хахол, а іх я не цярплю, бо сам рускі з Курску». - «А як жа ваша прозьвішча, дзядуля?» На што той з гонарам адказвае: «Тараненка!» Мы ледзь не расьсьмяяліся.

Памятаю яшчэ, на ўчастак забег адзін з фанаў Аляксандра Рыгоравіча, няголены, пасьля ўчарашняга. Узяўшы бюлетэнь, прагаласаваў і, матляючы над галавой кулаком, з воклічам «Лукашэнка пераможа!» выбег з залі. Прысутныя трохі пасьмяяліся, а дарма.

Другі тур прайшоў спакойна, я сачыў выключна за захаваньнем законнасьці, бо ня быў прыхільнікам ніводнага з прэтэндэнтаў. На свой участак галасаваць не пайшоў. Дастаткова было паглядзець тэледэбаты, у часе якіх будучы прэзыдэнт на пытаньне візаві, як ён здолее запусьціць заводы, адказаў ляканічна: «А вось так».

Чальцы камісіі былі ўпэўненыя, што Кебіч пераможа. У Полацку так і сталася: перамог Кебіч і савецкі кансэрватызм. Але па Беларусі верх узяў электаральны радыкалізм, вынікі якога аднолькава адчуваюць на сваіх плячох і яго прыхільнікі, і яго апанэнты.

Нэлі Бекус, філёзаф, Амстэрдам

Для ўсіх, хто памятае Савецкі Саюз, не сакрэт, што сама ідэя галасаваньня ў савецкі час здавалася вылегчанай: усім было вядома, што ўладныя колы добра ды надзейна «заізаляваныя» і «абраньнікі народу» былі зусім не ягонымі абраньнікамі.

На фоне гэтага савецкага досьведу «выбараў без усялякага выбару», які тады ўсё яшчэ навісаў над Беларусьсю, паводзіны беларускага народу ўлетку 1994 году выглядаюць радыкальна антысавецкімі. «Голас беларуса» ў нейкі момант «убачыў сябе» ў рыторыцы цяперашняга прэзыдэнта, і само празь сябе галасаваньне за яго можна было назваць менавіта спробай вярнуць выбарам страчаны сэнс - сэнс магчымай самаідэнтыфікацыі з тым, хто гаворыць ад твайго імя. Інакш кажучы, гэта была па-свойму адчайная спроба ўсталяваць адсутную ў савецкім досьведзе сувязь у ланцужку пераадрасоўкі сьветаразуменьня простага чалавека ўладзе. (Пра тое, што прэзыдэнт усяго толькі ўлада «выканаўчая», а ніякая не заканадаўчая, і тады, і тым больш цяпер мала хто згадвае).

Аднак у сытуацыі, калі зусім адсутнічае досьвед выбару, лёгіка, што кіруе жаданьнем «выбраць каго хачу» нечакана выбудавалася па аналёгіі з «раблю што хачу». Мне здаецца, што вельмі значная частка беларускага электарату трактавала свой выбар менавіта так. У гэтым неўтаймоўным жаданьні нарэшце зрабіць «ня тое, чаго ад мяне чакаюць», было штосьці ад электаральнага хуліганства. Некаторыя беларусы, як дзеці, вырашылі аднойчы ўзяць дый не зрабіць урокаў, зададзеных існай уладай, і тым самым адправіць яе ў адстаўку. Думаю, што і мне не была чужой гэтая стратэгія «ад супраціўнага» на тых першых у гісторыі краіны рэальных выбарах. Але ў ролі таго, хто будзе прамаўляць ад «майго імя», называючы мяне «сваім электаратам», мне бачыўся палітык больш дасьведчаны ўва ўменьні весьці палітычны дыялёг і знаходзіць кампрамісы.

Міхал Залескі, аналітык, Менск

Не галасаваў я ні за каго. Як належыць анархістаму, забраў свой бюлетэнь дахаты.

Андрэй Кіштымаў, навуковец, Менск

Мой адказ можа быць кароткім і простым: я не галасаваў і не галасую з часу першых прэзыдэнцкіх выбараў. Але і такі адказ, мусіць, вымагае тлумачэньняў.

Па-першае, яшчэ ў 1994 годзе я аказаўся выбарцам бяз выбару: ні ў водным туры ніводная з кандыдатураў мяне не задавальняла. У маім разуменьні нікому з гэтых людзей проста нельга было даверыць кіраўніцтва краінай. А кандыдат з прозьвішчам «супраць» ні тады, ні цяпер не ўваходзіць у лік маіх знаёмых. Я ўвогуле не давяраю незнаёмым.

Па-другое, у мяне было і застаецца цьвёрдае перакананьне, што новая Беларусь мусіць быць не прэзыдэнцкай, а парлямэнцкай рэспублікай. Менавіта так народы найбольш пасьпяхова разьвітваюцца з таталітарным мінулым. Хочаце прыклад? Калі ласка: Нямеччына, Японія. А ўзяць постсавецкую прастору. Чым мацнейшая прэзыдэнцкая ўлада, тым горш ідуць справы. Краіны Балтыі ўжо ў аб'яднанай Эўропе. А пры сярэднеазіяцкіх «бацьках народаў» народы маюць сірочы выгляд.

Дарэчы, менавіта парлямэнцкая рэспубліка стварыла б, проста вымусіла б стварыць у Беларусі сапраўдную шматпартыйнасьць. Лепшай школы дэмакратыі чалавецтва пакуль не прыдумала. Аднак у Беларусі вырашылі пайсьці іншым шляхам, і ў гэтай рашучасьці і левыя і правыя, і нацыянальныя і інтэрнацыянальныя ўпершыню зьліліся ў адзіным парыве. Занадта сьвежая яшчэ была памяць пра ўсёмагутных генсекаў, занадта вялікая была спакуса для ўсяго спэктру наяўных на той час беларускіх палітычных сіл скарыстаць гэты рычаг у сваіх інтарэсах. У выніку яго скарыстаў усяго адзін чалавек, і ў інтарэсах сваіх уласных.

Па-трэцяе, мяне не задавальняе выбарчая сыстэма, якая цяпер існуе. І ня толькі празь яе палажэньні, так бы мовіць, працэдурнага характару: парадак вылучэньня кандыдатаў, фармаваньня выбарчых камісіяў, датэрміновае галасаваньне. Я ўвогуле праціўнік усеагульнага выбарчага права. Яно мусіць мець цэнзавы характар. Які павінен быць цэнз або цэнзы - гэта асобная размова. Але толькі пры такім стане рэчаў грамадзянін будзе змагацца за сваё права быць выбарцам і па-сапраўднаму гэтае права цаніць. Цана голасу ўзрасьце, і значна. Прычым і для таго, хто гэты голас будзе мець, і для таго, хто за гэты голас будзе змагацца.

А як жа дэмакратыя? Як быць з правамі, усеагульнымі і сьвятымі? Дэмакратыю гэта толькі ўмацуе. Бо дорага тое, што атрымліваеш, прыклаўшы пэўныя намаганьні, а ня тое, што атрымліваеш аўтаматычна, па дасягненьні n-най колькасьці гадоў. Ня будзем забываць, што ўсе цяперашнія дзяржавы - узоры клясычнай дэмакратыі ў абавязковым парадку прайшлі праз пэрыяд цэнзавай дэмакратыі. Мы ж захацелі, ня скончыўшы яшчэ й пачатковых клясаў дэмакратыі, паводзіць сябе як выпускнікі дэмакратычных унівэрсытэтаў.

Ну, і апошняе. У маім разуменьні, выбары - справа дзяржаўная. Калі дзяржава мяне, як свайго грамадзяніна, на выбары кліча, значыць, цяпер я дзяржаве патрэбны. Аднак людзі ідуць на выбары тады, калі давяраюць сваёй дзяржаве. А я дзяржаве пад назвай РБ не давяраю. І гэта лёгка растлумачыць. Я проста ня ведаю ніводнага кроку мне насустрач, які зрабіла б гэтая дзяржава. У мяне няма даверу да яе фінансаў, дзе грошы сарамліва называюцца разьліковымі білетамі, яе міжнароднай палітыкі, якая не павялічвае колькасьць дзяржаваў, куды я мог бы паехаць бязь візы, яе чыноўнікаў, бо ніводная сустрэча зь імі не прымусіла мяне паверыць, што гэта мой слуга. Пра тое, як ажыцьцяўляецца дзяржаўнае кіраваньне эканомікай, культурай, адукацыяй, аховай здароўя, ня кажучы ўжо пра кіраваньне досыць нядрэнна знаёмай мне сфэрай навукі, магчыма, ёсьць розныя меркаваньні. Аднак калі мы адсячом галасы тых, хто ажыцьцяўляе гэтае кіраваньне, то ў агульным хоры пераможных нотаў чуваць ня будзе. Я ж хачу быць патрэбным сваёй дзяржаве ня толькі раз за некалькі гадоў у якасьці шруба ў гіганцкай машыне галасаваньня.

Мая «негаласавальная» пазыцыя застаецца нязьменнай і сёньня. Выбары бяз выбару і паводле такіх правілаў мне без патрэбы. Кандыдатура «супраць» - таксама ня выбар. Дакладней, гэта выбар ня мой, а тых, хто мяне бяз выбару пакінуў.

Уладзімер Кунцэвіч, дэмакратычны актывіст, Наваполацак

Прэзыдэнцкія выбары 94-га былі беларускімі й дэмакратычнымі. Праўда, падкрэсьлю, пакуль апошнімі дэмакратычнымі.

За часам тых выбараў упершыню кандыдаты вылучаліся шляхам збору подпісаў. Гэта было яшчэ нязвыкла, як зьбіральнікам подпісаў, так і грамадзянам, якім прапаноўвалася падпісацца. Ніхто дакладна ня ведаў, як трэба правільна весьці гаворку з чалавекам, што адчыніў табе дзьверы, каб залагодзіць яго падпісацца за твайго кандыдата, колькі трэба размаўляць з чалавекам, каб не змарнаваць шмат часу, а з другога боку - не прапусьціць патэнцыйнага прыхільніка. Часам людзі не разумелі, чаму яны павінны за некага падпісвацца, бо прозьвішчы патэнцыйных кандыдатаў былі ўжо вядомыя. Многія на той час яшчэ ня бачылі розьніцы паміж рэгістрацыяй ініцыятыўных групаў і рэгістрацыяй кандыдатаў. Шмат хто пытаўся, ці можна падпісвацца за некалькіх кандыдатаў, бо пакуль яшчэ ня вызначыўся ў прыхільнасьцях.

Я, як кіраўнік наваполацкай Рады БНФ, удзельнічаў у зборы подпісаў за Зянона Пазьняка. Амаль кожны вечар наша каманда абмяркоўвала вынікі чарговага паходу па подпісы. Усімі намі тады была адназначна заўважана адна цікавая тэндэнцыя. Многія нашыя землякі, да якіх мы заходзілі, гатовыя былі падпісацца адразу за двух прэтэндэнтаў: за Пазьняка і Лукашэнку. Пазьней я чуў шмат розных меркаваньняў з гэтае нагоды, але думаю, што проста, нягледзячы на вельмі істотную розьніцу паміж гэтымі людзьмі ды іх пазыцыямі, якраз яны абодва атаясамліваліся зь сіламі, што супрацьстаялі ўладзе. А аўтарытэт улады ў асобе Кебіча з розных прычынаў быў падарваны. Народ імкнуўся да пераменаў. Толькі вартасьці гэтых пераменаў яшчэ не былі выразна й зразумела сфармуляваныя палітычнымі элітамі й данесеныя да грамадзянаў.

Даводзілася кантактаваць і з прадстаўнікамі іншых ініцыятыўных групаў, акрамя кебічаўскай, бо «прыхільнікі» тагачаснага прэм'ера зьбіралі подпісы крыху іншым спосабам - яны не хадзілі па кватэрах, а зьбіралі подпісы на прадпрыемствах. Кіраўніцтва проста загадвала падначаленым прыйсьці на працу з пашпартамі й расьпісацца ў адпаведным радку. Таму подпісаў, сабраных за Кебіча, было больш за ўсё.

Найбольш часта сустракаліся мы з калегамі зь Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, што зьбіралі тады подпісы за Шушкевіча. Хаця ён ужо быў не пры пасадзе, яго ўсё яшчэ атаясамлівалі з уладай, а пэўная частка грамадзянаў лічыла яго паўнамоцтвы тоеснымі з паўнамоцтвамі Машэрава і Малафеева. Для мяне тады стала зразумела, што нашыя людзі вельмі цьмяна разумеюць і ведаюць структуру і паўнамоцтвы ўлады. Розьніцу паміж парлямэнтам і ўрадам, гарвыканкамам і гаркамам партыі даводзілася тлумачыць ледзь ня кожнаму трэцяму. Вось тут і думай, ці можа такое грамадзтва рабіць сьвядомы выбар, калі для яго што сьпікер парлямэнту, што прэзыдэнт атаясамліваюцца толькі з найвялікшым начальствам.

У час агітацыйнай кампаніі асабіста мне ўдалося пераканацца, што закон пачынаў дзейнічаць. Недзе тыдні за два да выбараў, ідучы ля тагачаснага цэнтральнага наваполацкага офісу «Беларусбанку», я заўважыў на яго вокнах вялікі каляровы плякат з партрэтам прэм'ера Кебіча. У афіцыйнай паперы зь пералікам месцаў, дзе дазволена вывешваць матэрыялы выбарчай агітацыі, будынак «Беларусбанку» ня згадваўся. Ня доўга думаючы, я скіраваўся да кіраўніка ўстановы. Ім аказалася досыць мілавідная жанчына з выразнай «каманднай» выпраўкай. Наша размова доўжылася хвілінаў дзесяць. Я вельмі карэктна, але настойліва запатрабаваў свайго, а для падмацаваньня сваёй рашучасьці сказаў, што калі каляровы плякат ня будзе зьняты, то напішу адпаведную скаргу ў гарадзкую выбарчую камісію ды пракуратуру. Гэта мела ўзьдзеяньне. Кебіча прапанавалі зьняць мне самому, але я сказаў, што мне чужога ня трэба.

Пасьля майго заходу ў «Беларусбанк» партрэты Кебіча цягам гадзіны былі зьнятыя па ўсім горадзе, нават з тых месцаў, дзе іх можна было пакінуць.

У гэты ж час я пабываў на дзьвюх сустрэчах кандыдатаў у прэзыдэнты з выбарцамі. Яны адбываліся ў адзін дзень, толькі зь невялічкай разьбежкай у часе.

Першая праходзіла ў Палацы будаўнікоў. На ёй выступаў камуніст Васіль Новікаў. Нічога цікавага й значнага на ёй не гаварылася. Поўная заля народу слухала вядомыя мне тэзы з інстытуцкага курсу навуковага камунізму. Я нават не дачакаў завяршэньня мерапрыемства.

Другая сустрэча ладзілася ў актавай залі Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. А выступаў на ёй змагар з карупцыяй Аляксандар Лукашэнка. На гэтай сустрэчы заля была запоўненая толькі напалову, хоць у ёй прысутнічалі выкладчыкі ды студэнты. Раптам у ёй пагасла сьвятло. Трэба было бачыць, зь якой хуткасьцю Лукашэнка літаральна кінуўся з трыбуны ды схаваўся за кулісамі. Вярнуўся за трыбуну ён толькі пасьля ўключэньня сьвятла. У яго быў палатняна-белы, зь відавочнымі прыкметамі спалоху твар.

...Дзень выбараў падыходзіў да завяршэньня. Настаў самы цікавы момант - падлік галасоў. Паступова стосікі бюлетэняў расклаліся ў адпаведнасьці з набранымі галасамі. Усе сябры камісіі ня верылі сваім вачам. Некаторыя нават кінуліся тэлефанаваць на іншыя ўчасткі - там сытуацыя была тая ж. Першым быў Лукашэнка, другім Кебіч, трэцім Пазьняк, далей, адпаведна, Шушкевіч, Дубко й Новікаў (два апошнія атрымалі лічаныя галасы). На тварах сяброў гарадзкой выбарчай камісіі, сфармаванай у асноўным з намэнклятуры, лёгка чытаўся страх і разгубленасьць. У пакоі, дзе яна месьцілася, быў уключаны тэлевізар. Трансьляваўся футбольны матч чэмпіянату сьвету. Нехта з выканкамаўцаў запытаў: «Хто перамагае?» - «Перамагае Лукашэнка», - вырвалася ў мяне.

Ігар Лялькоў, гісторык, энтузіяст эўраінтэграцыі Беларусі, Менск

Лягчэй за ўсё адказаць на пытаньне, чаму я не галасаваў за Лукашэнку ў 1994-м, адной фразай: з той самай прычыны, зь якой я не галасаваў за яго і ў 2001 годзе і ня буду галасаваць ніколі, бо жыцьцёвыя і палітычныя погляды гэтага чалавека мне заўсёды былі глыбока антыпатычныя. Мне сапраўды цяжка зразумець людзей, якія 10 год таму былі на ягоным баку, а цяпер даводзяць, што тады яны шчыра памыляліся. Не хацеў бы нікога пакрыўдзіць, але выснову магу зрабіць толькі адну: альбо ў гэтых людзей ня ўсё ў парадку з галавой, альбо яны проста хлусяць. Бо, у адрозьненьне ад «маладых ваўкоў», якія калісьці хацелі выкарыстаць «калгаснага гарлапана» ў якасьці «бульдозэра» для расчысткі свайго ўласнага «шляху ўгору», Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка ніколі не хаваў свайго «сапраўднага аблічча».

Ідучы 23 чэрвеня 1994 году на выбарчы ўчастак, любы зацікаўлены выбарца мог згадаць публікацыі СМІ пра нашага героя. Упершыню ў цэнтры ўвагі мэдыяў ён апынуўся ўсяго толькі 3 гады таму, калі на прыклад (а можа, і пры дапамозе) расейскага генэрала Руцкоя зь ягонымі «Камуністамі за дэмакратыю» спрабаваў стварыць у Вярхоўным Савеце БССР фракцыю «Дэмакратычныя рэформы», мэтай якой было зьвярнуць увагу Масквы на новыя, пэрспэктыўныя, учора толькі з камсамолу кадры, якім «не дае ходу» закасьцянелае кіраўніцтва КПБ. Той старт Лукашэнкі да ўлады стаўся фальстартам, бо прасоўваньне пэрспэктыўнага маладога аграрніка па лініі «абноўленай КПСС» было спынена яе развалам. Разам зь ёю, і таксама часова, перастаў прыцягваць увагу журналістаў і будучы прэзыдэнт. Яго ўдзел у 1992 - пачатку 1993 году ў стварэньні Партыі народнай згоды або ягоная актыўнасьць у пракебічаўскім Народным руху Беларусі засталіся прэсай амаль незаўважанымі. Таму ў чэрвені 1994 году мала хто памятаў першае зьяўленьне героя перад шырокай публікай і прымаў яго ў разьлік. Затое ягонага вяртаньня на старонкі газэт і ў тэле- ды радыёэтэр мог не заўважыць хіба толькі чалавек, які зусім не цікавіўся палітыкай. Той жа, хто меў вочы і вушы, меў усе магчымасьці ўбачыць, пачуць і ацаніць. Давайце ж паспрабуем прыгадаць, як гэта было.

У красавіку 1993 году Лукашэнка горача падтрымлівае далучэньне нашай краіны да Дамовы аб калектыўнай бясьпецы краінаў СНД і апынаецца ў першых шэрагах тых праўрадавых дэпутатаў Вярхоўнага Савету, якія, паводле ацэнак тагачаснай дэмакратычнай грамадзкасьці, «за магчымасьць захаваць свае месцы прыносяць у ахвяру сувэрэнітэт Беларусі». Улетку таго ж году ён вылучаецца сваёй актыўнасьцю ў групе дэпутатаў, якія намагаюцца зьняць з пасады старшыні ВС Станіслава Шушкевіча. Дарэчы, вельмі трапна і вельмі празорліва ахарактарызаваў тады гэтую групу адзін з будучых галоўных «певуноў» лукашэнкавага рэжыму Павал Якубовіч:

Дынамічная і не жадаючая больш чакаць гвардыя нэакамуністаў, маладых людзей, якія ў свой час ужо пакаштавалі на ўзроўні райкамаў смаку ўлады, паправілі ў каламутныя часы фінансавы стан і не прызнаюць ніякай тактыкі, апрача адзінай: абвастрыць становішча, скінуць Шушкевіча і паступова перайсьці да адхіленьня Кебіча (Якубович П. Вискули в Москве. Вторая серия? // Народная газета, 13.07.1993).

Шырокае асьвятленьне ў прэсе атрымала й падзея, што адбылася 16 жніўня 1993 году, калі Лукашэнка разам зь яшчэ трыма дэпутатамі з пракебічаўскай фракцыі «Беларусь» ажыцьцявіў маланкавы візыт у Маскву да старшыні ВС Расеі Руслана Хасбулатава, які акурат тады быў адной з галоўных дзейных асобаў антыельцынскай апазыцыі, абяцаючы яму фарсаваньне працэсаў эканамічна-палітычна-вайсковага аб'яднаньня Беларусі з Расеяй узамен за новыя расейскія крэдыты. Самы хіба хвосткі камэнтар з гэтай нагоды на старонках друкаванага органу Вярхоўнага Савету гучаў так:

Намэнклятурна-камуністычная дэпутацкая група «Беларусь» гатовая замест бела-чырвона-белага ўзьняць здрадніцкі белы сьцяг. Актывіст гэтае групы таварыш Лукашэнка марыць правесьці сумеснае паседжаньне двух Вярхоўных Саветаў - Беларусі й Расеі. Немагчыма нявольніку жыць па-за калёніяй, так і цягне стацца крамлёўскай падсьцілкай. (Гусак С. Камо грядеши? // Народная газета. 25-27.09.1993.)

«Зоркавым момантам» для Аляксандра Лукашэнкі таго, дапрэзыдэнцкага пэрыяду стаўся ягоны выступ з трыбуны парлямэнту 15 сьнежня 1993 году са справаздачай Часовай камісіі ВС па вывучэньні дзейнасьці камэрцыйных структураў пры органах улады і кіраваньня, якую ён тады ўзначальваў. Менавіта з гэтага трансьляванага на ўсю краіну па тэлебачаньні і цалкам надрукаванага ў многіх газэтах выступу і распачалася прэзыдэнцкая кампанія гэтага саўгаснага дырэктара. Але тады, узімку 1993-га, многія тагачасныя Лукашэнкавы калегі ня ўбачылі ў тым выступе нічога асаблівага. Напрыклад, дэпутат Уладзімер Новік ацаніў яго так:

Я спадзяваўся, што ў гэтым дакладзе атрымаю інфармацыю, колькі камэрцыйных структураў створана пры органах улады і кіраваньня, які абарот прайшоў у сродках, якія аб'ёмы работ выкананыя гэтымі структурамі, якую карысьць атрымала ад гэтага Рэспубліка Беларусь. І, безумоўна, на падставе такіх аналітычных зьвестак мы з вамі маглі б прыняць нейкае рашэньне альбо зрабіць высновы. Але, на вялікі жаль, гутарка пайшла зусім аб іншым.

А пайшла яна ў гэтым «лёсавызначальным» дакладзе вось аб чым:

Камісія лічыць, што ўжо на этапе станаўленьня яе задача была звужаная... «Блаславіўшы» нас толькі на вывучэньне камэрцыйных структураў пры органах улады і кіраваньня, вы, паважаныя дэпутаты, цудоўна разумелі, што аб'ектыўна праблема карупцыі значна шырэйшая. Таму не крыўдуйце: нам даводзілася выходзіць за абмежавальныя рамкі... У сувязі з супрацьдзеяньнем працы камісіі з боку адказных асобаў і перадусім Старшыні Вярхоўнага Савету, якое ўвесь час нарастала, а таксама адсутнасьцю ўсялякай дапамогі з боку КДБ, мы былі вымушаныя пайсьці на ўласныя расьсьледаваньні. На працягу жніўня-верасьня 1993 г. былі створаныя сем апэратыўных, рэвізорскіх і аналітычных групаў зь ліку работнікаў пракуратуры, МУС, адмыслова падабраных для гэтай справы юрыстаў, фінансістаў і эканамістаў.

Якія ж факты абнародавала гэтая процьма сур'ёзных людзей, сярод якіх былі такія вядомыя ў недалёкай будучыні асобы, як Захаранка, Сьнягір, Капітан, Корбут, Сазонаў, Малумаў, Карпіевіч? Старшыня Часовай камісіі апавядаў пра незаконныя выплаты на дзяцей і на харчаваньне міністру замежных справаў П. Краўчанку і ягонаму намесьніку В. Астапенку, пра тое, што Менгарвыканкам выступіў заснавальнікам 19 камэрцыйных структураў, што ў назіральныя рады камэрцыйных банкаў уваходзілі дзяржслужбоўцы (з дазволу адпаведных выканаўчых органаў улады), што былы ўжо на той момант старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Габрусеў актыўна садзейнічаў пераводу дзяржмаёмасьці ў недзяржаўную, што ВС хацеў атрымаць канфіскаваны на карысьць дзяржавы аўтамабіль «Форд», які ўрад выдзеліў гімнасту Шчэрбу («Давялося нашай камісіі дзейнічаць сілавымі мэтадамі. Шчэрба езьдзіць на «Фордзе...»), што заключаюцца рызыкоўныя кантракты беларускіх прадпрыемстваў з замежнымі фірмамі, у выніку якіх беларусы недаатрымліваюць прыбытак, што камэрцыйныя банкі часам выдаюць вялікія і танныя крэдыты некаторым прыватным асобам... Найлепшае ж рэзюмэ працы камісіі даў, на маю думку, у сваім выступе на тым самым паседжаньні ВС Станіслаў Багданкевіч: «Вы можаце сабраць зьвесткі, якія абнародаваў я са сваім апаратам, Пракуратура, Кантрольная палата. Я ж скажу: што менавіта абнародавалі вы, я ня ведаю; тое, пра што вы казалі, мне вядома». Але ж ня ў тым, каб абнародаваць штосьці новае, быў сэнс дзейнасьці Лукашэнкавай камісіі! Сапраўдныя яе мэты ўжо тады можна было «вылічыць» зь некаторых іншых фрагмэнтаў дакладу, напрыклад такіх:

Мы разумеем, што пытаньне пра зямлю - часткова па-за межамі кампэтэнцыі нашай камісіі. Аднак абысьці яго ніяк не было магчыма, бо да нас літаральна хлынула лявіна зваротаў ад народных дэпутатаў розных узроўняў, ад рабочых і сялянаў, ад жыхароў вёскі й гараджанаў. Яны скардзіліся на беззаконьне, якое твораць чыноўнікі пры выдзяленьні зямельных надзелаў пад дамы і лецішчы. Пры гэтым да нас людзі йшлі як да апошняй інстанцыі - паабабіваўшы парогі паўсюль, аж да Вярхоўнага Савету і яго кіраўніцтва, але так і не знайшоўшы справядлівасьці.

І апафэозам выступу - дэмагагічная заява, кшталту тых шматлікіх, да якіх мы ўжо прызвычаіліся за апошнія 10 год:

Шмат хто з прысутных чакаў буйных і малых выбухаў, скандальных гісторыяў, кампрамату на адказных асобаў. Што ж, камісія мае і гэта. Я гатовы даць вам гэткую інфармацыю, але па-за рамкамі дакладу камісіі.

І калі «прэзыдэнцкая гонка» ўжо стартавала, я думаю, мала каго зьдзівіла інфармацыя, якая зьявілася на старонках «Свабоды»:

Лукашэнкаўцы (Ганчар, Булахаў і інш.) сустракаліся, як нам вядома, з прадпрымальнікамі і прасілі падтрымаць іх «некалькімі мільярдамі рублёў». Аднак асоба Лукашэнкі выклікала энтузіязм толькі ў пэўнай часткі прадпрымальнікаў, а менавіта - у «камсамольцаў» (былых функцыянэраў ЛКСМБ, якія пасьпелі зарабіць добрыя грошы яшчэ ў камуністычныя часы і цяпер маюць багатыя фірмы). Камсамольцы паабяцалі падкінуць на кампанію Лукашэнкі «трохі грошай» (Панкратовіч П. Прэзыдэнцкая гонка стартавала // Свабода. 19-25.04.1994).

Наколькі быў натуральным гэткі альянс, настолькі ж ненатуральным было б для мяне за яго галасаваць на выбарах. Ненатуральным гэта было б і для Васіля Быкава, які за месяц да выбараў ацэньваў будучага прэзыдэнта так:

Разгадка «фэномэну Лукашэнкі» вельмі простая: ягоны зычны, абураны голас. Голас цалкам мітынговы, гэта значыць, зьвернуты болей да эмоцыяў слухачоў, чым да іхнае лёгікі. А эмоцыі слухача-народу ў наш час вядома чым захопленыя - абурэньнем на ўладу, якая ня служыць, а крадзе. І няма на яе ніякай управы. Лукашэнка выступіў у якасьці абаронцы народнае праўды, мэсіі, якога людзі чакалі, і выказаў усё так проста, зразумела ды з такім напалам, што людзі гатовыя былі схапіцца за кольле, каб тут жа рушыць за праведнікам... Лукашэнка набыў зіхоткі німб над галавой і паверыў у сваю выключнасьць. Усё тое дало яму права запрэтэндаваць на беларускае прэзыдэнцтва, зь якім ён наўрад ці ведае што рабіць. Хіба паехаць у Маскву на дамову аб парадку здачы Беларусі на больш-менш ганаровых умовах.

Як у ваду глядзеў дзядзька Васіль! Не прайшло і тыдня з дня публікацыі ягонага інтэрвію, а з трыбуны расейскай Дзяржаўнай думы ўжо даносіўся знаёмы голас:

Мы ў Беларусі не стамляемся паўтараць, што ніколі ня зможам «абысьціся» без Расеі... Праз нашую тэрыторыю праходзяць асноўныя камунікацыі, у тым ліку і энэргетычныя, якія зьвязваюць Расею з Эўропай, на нашай зямлі служаць дзясяткі тысяч расейскіх вайскоўцаў, урэшце, сотні тысяч расейцаў зьяўляюцца грамадзянамі Беларусі і мы ніколі не дазволім іх прыціскаць паводле нацыянальнай прыкметы. Ёсьць і мільёны іншых прычынаў, якія прымушаюць мяне як дэпутата лічыць аднаўленьне брацкіх сувязяў з Расеяй асноўнай чалавечай і палітычнай задачай... Веру, што толькі тут [у Думе], на ўзроўні палітыкаў-заканатворцаў, можна знайсьці мэханізмы, якія дазволяць стварыць умовы для рэальнага пераадоленьня праблемаў, якія не даюць разьвівацца нашым міждзяржаўным адносінам. Я маю на ўвазе і сапраўднае, глыбока прадуманае аб'яднаньне грашовых сыстэмаў, пытаньні мытных збораў, пытаньні грамадзянства, а таксама іншыя праблемы... Гэтага хочуць, паверце мне, не палітыкі, гэтага хочуць і народы. Заяўляю гэта без усялякага рэфэрэндуму... Прапаную тром парлямэнтам, я маю на ўвазе і братні ўкраінскі, неадкладна стварыць афіцыйныя дэпутацкія групы для правядзеньня перамоваў аб выпрацоўцы мэханізму аб'яднаньня братніх рэспублік! Спадзяюся, што гэта падтрымаюць прэзыдэнт і ўрад Расеі.

Наўрад ці хто са сьвядомых выбарцаў у дзень галасаваньня ня меў на ўвазе гэтых Лукашэнкавых плянаў. Дый славутая гісторыя са «стрэлам пад Лёзнам» магла пераканаць на карысьць Лукашэнкі адно тых, хто вельмі хацеў быць перакананым. Затое яна шмат гаварыла пра маральныя якасьці людзей з Лукашэнкавай каманды. Шматзначным выглядала і абвяржэньне, якое ў гэтай сувязі прагучала з вуснаў аднаго зь іх, Дзьмітрыя Булахава, «аб тым, што быццам ён, Булахаў, разам зь Віктарам Ганчаром прасілі высокія пасады ўва ўрадзе і, атрымаўшы адмоўны адказ, быццам бы паабяцалі зрабіць нешта гучнае».

Аднак калі б нават усе вышэйпералічаныя фактары мною ня ўлічваліся, канчаткова пераканаць мяне не галасаваць за Аляксандра Лукашэнку магла сама ягоная перадвыбарная праграма. Нагадаю некаторыя прынцыповыя моманты зь яе:

Мэты. Абноўленая дзяржаўная ўлада павінна забясьпечыць: 1) прыярытэтнае вырашэньне праблемаў эканомікі ды сацыяльнай сфэры - спыненьне росту цэнаў і зьбядненьня насельніцтва... 2) барацьба з карупцыяй, разьбіцьцё мафіёзных структураў, якія кіруюць у дзяржаве. 3) аднаўленьне на раўнапраўнай і ўзаемавыгаднай аснове бяздарна зьнішчаных сувязяў зь дзяржавамі, што раней уваходзілі ў склад СССР, перш за ўсё з Расеяй і Ўкраінай...

Як дасягнуць гэтых мэтаў? ...Стабілізацыя цэнаў будзе ажыцьцяўляцца... усталяваньнем дзяржаўнага кантролю за цэнаўтварэньнем, каб выключыць рост прыбытку за кошт падвышэньня цэнаў; даваньнем права кантролю за цэнамі на спажывецкія тавары і паслугі грамадзкім арганізацыям ды іх падтрымкай з боку дзяржавы...

Аднаўленьне кіравальнасьці эканомікай... Будзе ўведзены рэжым простага кіраваньня дзяржаўнымі прадпрыемствамі...

Прыярытэты галіновага характару... Прэзыдэнт будзе выступаць супраць развалу сыстэмы калгасаў і саўгасаў...

Навука, культура і адукацыя... Прэзыдэнт забясьпечыць рэальную магчымасьць кожнаму грамадзяніну Рэспублікі Беларусі думаць і гаварыць на той мове, на якой ён выхаваны...

Вонкавая палітыка... Дзяржаўнасьць Беларусі - не разьменная манета, але і не абраз... Дамагчыся аднаўленьня на раўнапраўнай і ўзаемавыгаднай аснове бяздарна зьнішчаных сувязяў зь дзяржавамі, якія раней уваходзілі ў склад СССР, перш за ўсё з Расеяй і Ўкраінай, найважнейшы вонкавапалітычны прыярытэт прэзыдэнта. Прэзыдэнт ініцыюе і будзе разьвіваць працэсы аб'яднаньня дзяржаваў, якія раней уваходзілі ў склад СССР, і будзе выступаць супраць любых дзеяньняў, што бураць гэтае адзінства.

Дарэчы, да падобных высноваў прыйшоў тады ня толькі я, але й людзі, ад якіх у значнай ступені залежаў дабрабыт краіны. Вось што з гэтай нагоды пісала прэса:

Прэс-служба Саюзу прадпрымальнікаў Беларусі распаўсюдзіла зварот да кандыдатаў у прэзыдэнты Аляксандра Дубка, Аляксандра Лукашэнкі ды Васіля Новікава. Ім прапаноўваецца зьняць свае кандыдатуры, бо праграмы, якія яны падалі, «ня маюць рэальнага абгрунтаваньня шляхоў выхаду з эканамічнага крызысу і не дапамагаюць зьняцьцю сацыяльна-палітычнай напружанасьці ў рэспубліцы».

Як вядома, Лукашэнка да гэтай парады не прыслухаўся. Тое, што было далей, усім нам добра вядома... Прычыны таго, чаму ўсё атрымалася менавіта так, а не інакш, можна тлумачыць навукова, як гэта зрабілі Дзьмітры Фурман і Алег Бухавец у 1996 годзе:

«Сярэднебеларуская» сьвядомасьць у 1994 годзе - гэта сьвядомасьць людзей змучаных, азлобленых, якія нікому не давяраюць. Яны ня так кепска жылі пры савецкай уладзе і цалкам прымалі яе асноўныя ідэалягічныя каштоўнасьці, хаця, натуральна, нейкі сацыяльны пратэст, нейкая зайздрасьць што да верхавіны захоўваліся заўсёды. Але падчас перабудовы, і асабліва пасьля 1991 году, простыя людзі апынуліся ў нейкім незразумелым для іх віры падзеяў, калі ім навязваюць (і нават не заўсёды зразумела, хто дакладна) новыя, нязвыклыя формы жыцьця, прычым жывуць яны ўсё горш, а эліта - усё лепш. Ясна, што ў такой сытуацыі сацыяльны пратэст павінен быў рэзка ўзмацніцца. Аднак ніякай ідэалёгіі, здольнай акумуляваць і кудысьці скіраваць гэты пратэст, не існавала... У такой атмасфэры зусім натуральнае імкненьне схапіцца за якія-небудзь простыя, базавыя каштоўнасьці - шчырасьць і парадак. І Лукашэнка патрапіў у фокус гэтых народных чаканьняў.

Але, па-мойму, найлепей пра гэта напісала спартовая газэта «Прессбол», прычым яшчэ да таго, як аб'ект гэтага тэксту пачаў афіцыйна прэтэндаваць на ролю першай асобы ў дзяржаве:

Аляксандар Лукашэнка - чалавек зь беззаганнай рэпутацыяй і тварам старшыні калгасу, які можа выпіць тры пляшкі самагонкі, але абмежаваўся адной, - у роўнай ступені мае права лічыць сябе далакопам ці героем нашага часу. Зрэшты, адно не выключае другога. Такі час (РБ. Январь-94. ПоГРИБение // Прессбол. 1-8.02.1994).

Андрэй Мельнiкаў, пісьменьнік і бард, Гомель

На выбарах 1994-га ў першым туры я галасаваў супраць, бо быў ляяльным сябрам БНФ i даверанай асобай БНФаўскага кандыдата, меў спадзеў, што той выйдзе ў другi тур. У другiм туры я ўдзелу не прымаў, бо вынiк быў зразумелы.

На выбарах 2001-га я галасаваў супраць, бо лiчыў адмоўнымi, абразьлiвымi, шкоднымi для сябе, дарагiх мне людзей i маёй Беларусi пэўныя выказваньнi, учынкi i палiтычныя хады ППРБ. Галасаваць «за» было б супраць майго сумленьня.

Дзьмітры Плакс, драматург, Стакгольм

Мэмуары пра дзевяноста чацьвёрты год пісаць яшчэ нібыта зарана. Наогул, мэмуары - жанр нялёгкі і даволі дзіўны. (Выдатны савецкі празаік Давід Дар лічыў мэмуары роднаснымі нэкрафіліі.) Але дзесяць год прайшло. Пара.

Дзевяноста чацьвёрты быў у многіх сэнсах, як гаварылі на партыйных зьездах - «годам вырашальным». І для краіны, і асабіста для мяне. І калі адкінуць усё, што ня мае дачыненьня да асноўнай тэмы гэтых вельмі кароткіх запісак, то, як ні дзіўна, застануцца тыя ж двое: краіна і я…

Я маю на ўвазе, што мае тагачасныя адносіны да краіны абмяжоўваліся амаль што выключна адно толькі выкананьнем грамадзянскага абавязку - галасаваньнем.

І тут я павінен прызнацца, што грамадзянін быў я кепскі. Ад наведаньня выбарчага ўчастку маладушна ўхіліўся.

Ды і як было не ўхіліцца, калі кандыдаты на гэтую «вялікую пасаду» выклікалі, мякка кажучы, неадназначныя пачуцьці (прынамсі ў мяне - за ўсю краіну тут казаць не наважуся).

Палітыкай я не цікавіўся і, як і належыць гнілому паўінтэлігенту, зьвяртаў нейкую ўвагу толькі на таго кандыдата, які мог скласьці хаця б чатыры словы ў сказ і зьвязна вымавіць хаця б чатыры пункты сваёй праграмы на тых дзьвюх мовах, якімі карыстаецца большасьць беларускага насельніцтва. А такіх кандыдатаў, трэба сказаць, было ня надта шмат...

Ну добра, асабістыя якасьці ды інтэлектуальны ўзровень патэнцыйных прэзыдэнтаў - гэта справа цёмная, але нават іх вонкавы выгляд пакідаў жадаць лепшага. Гледзячы на аднаго зь іх, мой стары знаёмы сказаў (цытую на мове арыгіналу): «Для полного шарма не хватает лишь лёгкого косоглазия». Што тут дадаць?..

Дзесяць год прайшло. Тэрмін. Жыцьцё - і маё, і краіны - зьмянілася, здаецца, беспаваротна. Ці залежыць гэта ад майго маладушнага ўчынку, я, слова гонару, ня ведаю...

Андрусь Храпавіцкі, паэт, Глыбокае

Што я магу сказаць пра выбары 1994-га? Тады я яшчэ ня меў права галасаваць, але сёе-тое памятаю. Памятаю, як прыяжджаў Лябедзька і агітаваў за Лукашэнку, як мясцовыя жыхары шыкалі на майго бацьку, калі той задаваў пытаньні пра мову і дэмакратыю. Помню, як прыяжджаў Пазьняк і пасьля ягонага выступу на нашым малочна-кансэрвавым камбінаце адбыўся масавы запіс у Фронт, а ў першым туры Зянон ледзь не перамог Кебіча (у некаторых вёсках нават перамог)... І тым ня менш да ўлады прыйшоў той, каму і дзесяці год панаваньня мала.

На апошніх прэзыдэнцкіх выбарах я быў назіральнікам у г. п. Падсьвільле. Запомнілася, як са скрыняй мы аб'яжджалі мясцовых пэнсіянэраў. Каб хоць адзін прагаласаваў супраць ППРБ!

Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 4 (33) - 2004

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/1/12