A R C H E П а ч а т а к № 4 (33) - 2004
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


4-2004
" да Зьместу "

 



аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі

 


аналітыка

  АЛЕНА ГАПАВА

Вокладка ARCHE 4-2004.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)
   Эўропа на ўсход ад    Эўропы
   Віленская Анталёгія
   Чэскі Альбом
   Pax Americana
   Туманнасьці
   беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Алена Гапава
Што такое «бацька»
і яго бацькоўскі клопат

            И только когда напьюсь,
            Мне снится Советский Союз.

            Група «Ленинград»

На пачатку ліпеня ў Менск прыехала мая ўкраінская каляжанка. «Ты ведаеш, - сказала я, - мне прапанавалі напісаць пра жанчын у сувязі з дзесяцігоддзем кіравання А. Лукашэнкі». - «Цікава, - адказала яна, - мне зрабілі такую ж прапанову ў сувязі з Кучмам». Нам абедзвюм мужчынскі раман з уладай падаецца больш інтрыгоўным, бо гэтае каханне значна мацнейшае за «Фаўста» Гётэ. Але, здаецца, такі ракурс нікога не цікавіць: тое, што робяць мужчыны, бачыцца як натуральнае, а таму механізм іх жадання тлумачэнняў «не патрабуе». Такім чынам, мы пачалі пісаць пра жанчын, кожная пра сваіх. Але праз нейкі час выявілася, што мужчыны ўсё роўна ў нашых тэкстах прысутнічаюць. Можа, паводле Фройда, гэта вылазіць на паверхню лібіда, а можа, вандроўка ў псіхааналіз увогуле залішняя і тут прычыны зусім іншага кшталту.

МЫ ЎСЕ ГЛЯДЗІМ У ПІГМАЛІЁНЫ...

Паводле статыстыкі, жанчыны ставяцца да А. Лукашэнкі лепш за мужчын і складаюць большасць яго выбарцаў. Паводле апытанняў НІСЭПД канца 1990-х, сярод прыхільнікаў прэзідэнта жанчыны складалі 58,3 %, а мужчыны - 41,7 %, паводле звестак агенцыі БелаПАН, падчас выбарчай кампаніі 2001 г. 63 % жанчынаў былі гатовыя прагаласаваць за А. Лукашэнку. Некалькі адсоткаў агульнай тэндэнцыі не мяняюць: яна відавочная і ў шырокіх публічных колах прынятая за адзін з фактаў беларускага жыцця.

Сам А. Л. пра структуру свайго электарату таксама добра ведае і, здаецца, разумее вагу жанчын як ідэалагічнага рэсурсу:

О, женщины – это мои избиратели. Вот говорят, что Лукашенко одни женщины поддерживают. А я говорю: дай Бог, чтоб так было до конца жизни. И страна будет наша – женская. А я буду у вас руководителем партии вашей...1

Жанчыны, згодна з іх рэпрэзентацыяй у савецкім дыскурсе, ёсць спажыўцамі льгот, якія «радзіма» можа ім «даць», а практыкі, праз якія дабрадзействы ўлады для жанчын як мацярок робяцца відавочнымі, складаюць частку ўладнай тэхналогіі. Адчыняючы ў ліпені 2001 г. гінекалагічную клініку ў Менску, прэзідэнт звярнуўся непасрэдна да жанчын як клапатлівы муж і бацька: «Гэта падарунак вам, жанчынам, ад нас, мужчын». Той факт, што жанчыны - таксама працоўныя грамадзяне, чый эканамічны ўклад у будаванне аб’ектаў аховы здароўя прапарцыянальны іх колькасці ў структуры насельніцтва, а праца па біялагічным і культурным узнаўленні грамадства, якую яны робяць у прыватнай сферы, увогуле не аплачваецца, у такой інтэрпрэтацыі цалкам знікае. Жаночая масоўка абрана на ролю «ўдзячнага народу» і выкарыстоўваецца для дэманстрацыі палітыкі «ўсё на карысць чалавека», паколькі кожны рэжым мае патрэбу ў сімвалічнай легітымацыі. А. Л. толькі ўспадкаваў дыскурсійныя механізмы, распрацаваныя яшчэ савецкай ідэалагічнай сістэмай.

Хаця жаночая прыхільнасць да прэзідэнта канстатаваная і прызнаная, яе прычыны як асобная праблема ніколі паслядоўна не аналізаваліся. Прагледзеўшы недзяржаўныя СМІ, можна сустрэць дзве фантазіі, што існуюць у папулярным уяўленні як пэўнае «тлумачэнне» сацыяльнай з’явы, а таксама для выпрацоўкі пэўных жаночых вобразаў, што патрэбныя эліце пры канструяванні сябе праз канструяванне «іншага».

  дырэктарка Цэнтру гендэрных дасьледаваньняў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Летась у Менску пад яе рэдакцыяй выйшаў зборнік «Женщины на краю Европы».
   
Першая «тлумачальная» фантазія грунтуецца на міфе аб сексуальнай моцы як адным са складнікаў прэзідэнцкай харызмы. «Именно женщины, говорят, и сыграли решающую роль при выборах президента Лукашенко. Как призналось одно из доверенных лиц Александра Григорьевича, главным негласным девизом в их борьбе за место президента был: Лукашенко – единственный из кандидатов, который может...»2 - пачалі пісаць журналісты ў сярэдзіне 1990-х. Тады нечаканае для прыхільнікаў рынкава-незалежніцкага кірунку і большасці інтэлігенцыі абранне А. Лукашэнкі прэзідэнтам з вялікім адрывам ад астатніх кандыдатаў стала раўнаважным разбурэнню сімвалічнага парадку, які складваўся з канца 1980-х. Выбух патрабаваў рацыяналізацыі, і праз адсутнасць сацыяльнай тэорыі (бо вульгарна-марксісцкая тады ўжо памерла, а іншай не было) на яе ролю была абрана сексуальная фантазія. Цікава тое, што яна часам выкарыстоўваецца і цяпер: «Потенциал физический влияет на потенциал умственный. Он – настоящий мужчина, поскольку сочетает физические, сексуальные параметры с материальными возможностями. Он мог бы быть культовым секс-символом»3 , - распрацоўвае паліталагічную дактрыну (ці працуе на нейкую іншую мэту?) у газеце, што прэтэндуе на аналітыку, дэпутат і член пастаяннай камісіі ПП НС па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Надзея Цыркун. Хоць на самай справе гэтая фантазія нічога рэальна не тлумачыць, яе з’яўленне цалкам натуральнае, бо яна выконвае іншую функцыю. Справа не ў А. Л., які «можа», а ў тым, што тыя, хто прайграў, вельмі хочуць «магчы» і імкнуцца пэўным чынам канструяваць «жанчыну» і «жаночае жаданне». Рэпрэзентацыяй унутры дыскурсу беларускай апазіцыі «жанчыны» (праз секс) як набору біялагічных і анатамічых характарыстык адбываецца ўжыванне цела «іншага» дзеля адыгрывання ўласнага ўладнага дыскурсу. Спецыяльны нумар «ARCHE» пад назвай «Кабеты» ёсць культурным сведчаннем таго, як адбываецца інтэрпрэтацыя (жаночага) цела ў тэксты. Адзін з цэнтральных артыкулаў нумару «Жанчыны й секс: што, дзе й навошта» пачынаецца фразай: «Полавыя органы ў жанчыны прынята падзяляць на вонкавыя й нутраныя». Далей на дзесяці старонках ідзе скрупулёзнае медыцынскае апісанне, і ў выніку жаночае цела становіцца, паводле словаў Тацяны Клімянковай, нават не сексуальным, а «генітальным». А цяпер уявіце сабе, каб прысвечаны мужчынам (калі б такое ўвогуле можна было ўявіць) нумар інтэлектуальнага часопісу пачынаўся з апісання мужчынскіх рэпрадукцыйных органаў: такога быць не можа, бо мужчына не зводзіцца да сваёй сексуальнай функцыі. Жанчына ж у беларускіх тэкстах зводзіцца рэгулярна і паслядоўна, бо праз гэта будуецца пэўны ўладны (г. зн. палітычны) дыскурс. У артыкуле пра рэферэндум 1996 г. нейкі рупліўца бацькаўшчыны заўважыў: «Сімвалам жа жаночага пачатку (паводле Фрэзера) з глыбокай старажытнасці было кола. Альбо вянок. Таму багіня перамогі Ніка ўзнагароджвала пераможцу на спаборніцтвах лаўравым вянком. Бо жанчына была і застаецца найвялікшай узнагародаю для мужчынаў»4.

  1 А. Лукашэнка. З размовы з жыхарамі мікрараёну Малінаўка г. Менску // Свабода. 1996. 8 кастрычніка.

2 Батька Лукашенко // Комсомольская правда. 1995. 4 жніўня.

3 Интервью с депутатом ПП НС Надеждой Цыркун // Белорусская газета. 2004. 26 ліпеня

   
Што думае сама ўзнагарода аб сваёй прысутнасці ў мужчынскім сексуальным праекце, нікога не цікавіць: яна, як і іншыя рэчы - кола ці вянок, не мае голасу і ўвогуле не можа мець самастойнай жаночай сексуальнай асалоды. Аўтару ж такі этнаграфічны экскурс патрэбны, каб, параўнаўшы беларускую нацыю з жанчынай, потым гуляць са слoвамі «ператрахіваць» і «паімець». Няцяжка здагадацца, хто той, што нацыю «імее».

На самай справе праз сексуалізацыю жаночага вырашаецца праблема ўласнага мужчынскага самаўяўлення і робіцца магчымай рэпрэзентацыя палітычнай пазіцыі часткі мужчын як агульнай «мужчынскай пазіцыі»: жанчыны - гэта тыя, каго «маюць», а мужчыны - тыя, хто «мае». У Жака Лякана ёсць знакаміты тэзіс пра тое, што «жанчына не існуе» ў тым сэнсе, што яна нібыта можа знайсці сваё азначэнне толькі ў Іншым, без якога яна пазбаўлена ідэнтычнасці, адсутнічае, не мае назвы; яна заўсёды ёсць адлюстраваннем Іншага і г. д. Рэпрэзентацыя жанчыны як «месца» ў нечай фантазіі, як кагосьці, хто інакш адсутнічае і цалкам залежыць ад свайго «Пігмаліёна», падымае «агульнага мужчыну» на Пігмаліёнаў п’едэстал. Тады палітычныя паводзіны можна кваліфікаваць не як выбар пэўнай сацыяльнай групы, што вызначаецца супольнымі інтарэсамі (жанчын, што галасуюць супраць А.Л., таксама шмат), а менавіта як мужчынскія, г. зн. «прынцыповыя»: «І я прагаласаваў супраць. Як меншасць. Мужчын, сапраўды, у Беларусі менш, чым жанчын»5 .

  4 Навіны. 1998. № 52.
   
Аўтар «робіцца мужчынам» праз дыскурсійны механізм (няўпэўненасць ва ўласнай мужчынскасці, якую трэба ўвесь час даказваць, ёсць яшчэ адной рысай беларускага дыскурсу, звязанай з уяўленнем сябе праз апазіцыю «каланізатару», але гэтая тэма знаходзіцца па-за рамкамі артыкулу), а сацыяльнае пытанне (чаму значная частка народу паводзіць сябе так?) увогуле знікае. На нашых вачах спрацаваў механізм выключэння жанчыны як «іншага» з «нацыянальнага» палітычнага канструкту і яе ператварэння з чалавека, суб’екта ў аб’ект (сексуальнай) палітыкі. Летам 2001 г. «Народная воля» паперадзе размовы з кандыдатам на пасаду прэзідэнта Беларусі ад «дэмакратычнай апазіцыі» падае наступны пасаж: «Александр Лукашенко - сторонник силовых методов управления страной. Александр Ярошук считает, что страной нужно овладевать нежно и ласково. Но твердо и настойчиво».

Чаму, у рэшце рэшт, усё зводзіцца да «валодання жанчынай» (той, хто выйграе выбары, будзе «мець», «овладевать» ці «ператрахіваць»)? Тая ж Надзея Цыркун працягвае: «И мы по-прежнему наблюдаем за тем, как Лукашенко защищает свою территорию и женщин, как противостоит тому, кто сильнее...»

Згодна з тэорыяй Мішэля Фуко, існуюць два тыпы ўлады, якія ўжываюць два тыпы гвалту - просты і сімвалічны. Сімвалічная ўлада ажыццяўляе ў грамадстве нармалізацыйную функцыю і існуе перш за ўсё як «закон» (не толькі юрыдычны, але як уяўленне пра тое, што лічыцца нормай, а што - паталогіяй, якая версія гісторыі прызнаецца правільнай, якое мастацтва трапляе ў музей і лічыцца «вялікім» і г. д.). Просты ж гвалт спараджаецца абсалютысцкай уладай, аснова якой звязаная з ідэяй даэдыпальнага бацькі. Ён паўстае як «бацька племя», і яго абсалютная ўлада выяўляецца ў валоданні «ўсімі» жанчынамі, а дзеянні не падпарадкоўваюцца ніякаму закону акрамя ўласнага жадання. У гэтай сістэме нельга знайсці прычыну, з якой нехта трапіў у турму: гвалт не мае рацыянальнай асновы і выконвае ролю забеспячэння ўласнага жадання (што, здаецца, і адбываецца ў Беларусі, дзе ніхто не ведае, хто з «важных асобаў» будзе арыштаваны заўтра: гэта можа быць хто заўгодна). Такім чынам, прыцягненне «сексуальнай» версіі ўсё ж мае тлумачальную моц, але не адносна жаночага выбару, а нечага зусім нечаканага. Менавіта - мужчынскага (палітычнага) неўсвядомленага.

Другая фантазія адносна прыроды беларускага электаральнага трэнду грунтуецца на ўяўленні, што жанчына як мадэль палітычнага ўдзелу вылучаецца «ірацыянальнасцю» і лёгка робіцца аб’ектам маніпуляцый. «Женским своеобразием было отмечено выступление г-жи Ольги Абрамовой (белорусское «Яблоко»), которая предложила освободить диалог от политики и считать всех его участников «миротворцами»… - пісала «Наша Свабода». «Аўтсайдэрамі кшталту крэйзанутых бабак-сталіністак» называе прыхільнікаў А. Лукашэнкі нашаніўскі інтэлектуал, што глядзіць навокал левым вокам. «Ды вы паглядзіце, хто за яго галасуе, - кажа адзін з кіраўнікоў БНФ у прыватнай размове (я не называю прозвішча, бо ён не разглядаў выпадковы абмен думкамі як інтэрв’ю для прэсы), - жанчыны ды пенсіянеры. Яны ж усе нічога не разумеюць. Гэта абсалютна нерацыянальныя слаі насельніцтва. Хіба іх можна браць у разлік?»

Праблемаў з гэтай інтэрпрэтацыяй прынамсі дзве. Па-першае, крэйзанутасць залежыць ад таго, хто вызначае «норму», г. зн. мае сімвалічныя рэсурсы дзеля яе артыкуляцыі. Крэйзануты заўсёды той, хто не мае голасу давесці сваю логіку. Па-другое, калі з глузду з’язджаюць людзі аднаго сацыяльнага становішча і аднолькавым чынам, трэба шукаць цалкам матэрыяльную прычыну такой крэйзанутасці.

Яшчэ больш праблематычнае сексуальнае тлумачэнне. Лякан даў узор вельмі цікавай інтэлектуальнай гульні, але я не карыстаюся псіхааналізам для абгрунтавання мадэлі палітычных паводзінаў. Гэтую тэорыю немагчыма даказаць альбо абвергнуць - у яе трэба верыць. Я ж не магу паверыць, каб жанчыны, якія могуць нараджаць, г. зн. даваць жыццё, рабіць самую галоўную на зямлі працу, зайздросцілі нейкаму адростку паміж нагамі (адкуль, паводле Фрэйда, і пачынаюцца іх праблемы). Гэты пасыл падаецца нерацыянальным: лічыцца, што ён народжаны мужчынскім страхам перад жаночай сілай і той уладай, якую гэта ім дае. Я марксістка і мушу шукаць матэрыяльнай прычыны палітычнаму выбару, які робяць жанчыны. Таму хопіць Лякана! Даеш Маркса!

ЖАНЧЫНА І САЦЫЯЛІЗМ
(АМАЛЬ ПАВОДЛЕ БЕБЕЛЯ)

Беларускія «кантраверсіі» апошніх дзесяці гадоў традыцыйна тлумачацца палітолагамі, журналістамі і ўсімі тымі, хто пра гэта піша і гаворыць, як «нацыянальныя»: з нейкай прычыны (якая звычайна вынікае з геаграфічнага становішча Беларусі, г. зн. знаходжання «паміж») беларускія грамадзяне цураюцца нацыянальнай незалежнасці і культуры (мовы, гісторыі і г. д.). Гэтай версіі трымаецца большасць нашых і заходніх даследчыкаў. Некаторыя з іх жывуць з двума ці нават трыма пашпартамі розных краін, пераважную частку жыцця праводзяць у дарозе і вызначаюць сябе грамадзянамі свету, але ў дачыненні да іншых лічаць, што тыя павінны мець акрэсленае нацыянальнае пачуццё як падставу для адной-адзінай і заўсёды пастаяннай ідэнтычнасці. Яны выключаюць для іншых тое, што натуральна для іх саміх, - магчымасць вызначаць сябе праз множныя і зусім не абавязкова нацыянальныя ідэнтычнасці.

Мне ўжо даводзілася пісаць пра тое, што ў постсавецкім свеце дыскурс па нацыянальных пытаннях на самай справе прыкрывае сабой той выбар паміж рынкавай эканомікай (і ліберальнай дэмакратыяй) ды сацыялізмам (і палітычнымі абмежаваннямі), г. зн. паміж двума процілеглымі механізмамі размеркавання рэсурсаў, які стаў прычынаю распаду СССР6. Галоўны працэс, што адбываецца на постсавецкай прасторы, - гэта фармаванне класавай структуры (праз эканамічную няроўнасць, г. зн. праз дзеянне рынку), а нацыянальныя пытанні ў іх розных інкарнацыях - патрабаваннях аўтаноміі ці незалежнасці, спрэчках пра мову, пэўную версію гісторыі альбо тэрыторыі і г. д. - ёсць маніфестацыямі класавага пытання. Савецкі Саюз распаўся не таму, што быў «турмой народаў», а таму, што ў нетрах сацыялістычнай эканомікі выспеў «новы клас», для якога сацыялістычная сістэма размеркавання сталася цеснай, як бочка - князю Гвідону: гэты клас імкнуўся да свабоды, якую дае рынак7.

  5 Там сама.
   
Нацыянальны дыскурс даў выхад класаваму «неспакою»: яго сутнасць не ў нацыянальным пытанні як такім, а ў класавых інтарэсах процілеглых груп, якія былі артыкуляваныя праз яго. Нацыянальныя праекты ў свой час адыгралі ролю ў апраўданні новага сацыяльнага парадку («класавага грамадства»), даўшы паўсталым новым элітам высакародную нацыянальную мэту, таму што нельга павесці народ на барыкады, сказаўшы: «Мы тут будуем эканамічную няроўнасць, далучайцеся да нас». «Нацыянальнае» зрабілася фактарам сацыяльнай мабілізацыі, бо, як зазначае Кетрын Вердэры, «калі сістэма такога тыпу пачынае дэцэнтралізоўвацца і заахвочвае да большай ініцыятыўнасці знізу, адзінымі структурнымі формамі, што маюць досвед і арганізацыйную гісторыю, з’яўляюцца нацыянальнасці»8. Што, вядома, сведчыць не пра адсутнасць нацыянальнага пачуцця ў «зацікаўленых бакоў», а пра тое, што карані нацыянальных праектаў палягаюць у групавых («класавых» альбо карпаратыўных) інтарэсах тых, хто артыкулюе нацыянальную ідэю, г. зн. інтэлектуалаў. Сённяшняя сітуацыя ў Беларусі ёсць насамрэч «класавай барацьбой»: адна група, што мае пэўны набор эканамічных і культурных «актываў», якія (тэарэтычна) могуць мець вялікую цану на рынку, зацікаўлена ў тым, каб змяніць status quo, а процілеглая - у тым, каб яго захаваць.

«Мова» і «гісторыя» ў гэтым процістаянні - толькі сымбалічныя рэсурсы, пэўныя культурныя коды, за якімі стаяць вельмі практычныя рэчы. Калі прааналізаваць мэты, да якіх імкнуцца процілеглыя бакі, відавочна, для палітыкі А. Лукашэнкі - гэта захаванне дзяржавы (і яго як увасаблення ідэі «дзяржава - гэта я») у сферы сацыяльнай палітыкі і ўвогуле кантролю за размеркаваннем рэсурсаў. Манапалізаваўшы бацькоўскі клопат пра народ (жанчыны падыходзяць дзеля гэтага як найлепей), ён імкнецца захаваць цэнтралізаваную рэпрэсіўную сістэму, якая дае яму персанальны і неабмежаваны кантроль над рэсурсамі, - у гэтым ягоны інтарэс у захаванні ўлады. Што ён рабіў і робіць, згодна з тым, як гэта падае дзяржаўны друк? Ён выплачвае заробкі і пенсіі, ён забараніў звальняць працоўных і зачыняць прадпрыемствы, ён настойваў на замарожванні цэнаў (яны ўзрасталі ўсё роўна, але ж ён спрабаваў нешта зрабіць), ён «захаваў» бясплатную медыцыну і сацыялістычную сістэму сацыяльнай абароны. Ён размяркоўвае рэсурсы, і, каб атрымаць хаця б нешта, дастаткова проста мець патрэбу. «Президент дал указание чиновникам увеличить пенсии на 20 процентов с 1 августа», - паведамляе дыктар у тэленавінах. Для прыхільнікаў заходняй эканамічнай рэструктурызацыі гэтыя каштоўнасці выглядаюць антырынкава і недэмакратычна. Для тых, хто за іх галасуе, яны ўвасабляюць сацыяльную справядлівасць - эгалітарную сістэму цэнтралізаванага размеркавання, што дазваляе забяспечваць усіх грамадзян жыццёвымі рэсурсамі.

Апазіцыя ж (неаліберальныя і/ці нацыянальна-арыентаваныя інтэлектуалы) услаўляе нацыянальную незалежнасць, свабоду, правы чалавека, рынак і свабодныя цэны, бо лічыць іх «універсальнымі каштоўнасцямі», з дапамогай якіх мы хутка дасягнём заходняга дабрабыту («Бачыў, як добра жывуць у Еўропе, ідыёт?»). Аб’яднаная грамадзянская партыя піша на сваіх сцягах «Свабода, уласнасць, законнасць», г. зн. амаль тое самае, што 200 гадоў таму французская буржуазія, патрабуючы палітычнай рэпрэзентацыі. Кандыдат у прэзідэнты Ярашук даводзіць: «...Поэтому надо создать привлекательный инвестиционный климат, а он возможен только в случае предоставления субъектам хозяйствования полной экономической свободы».

Такім чынам, наша «нацыянальная» спрэчка проціпастаўляе дзве пазіцыі. З аднаго боку - погляд гарадскіх інтэлектуалаў ды новапаўсталай «буржуазіі» і той сацыяльны парадак, пры якім, як яны лічаць, ім жыць будзе лепей. Дэмакратыя - гэта пра тое, хто будзе сядзець у кабінетах, дзе творыцца ўлада: «У ідэале беларуская моладзевая арганізацыя павінна фармаваць будучую беларускую эліту: гэтыя людзі, сябры арганізацыі, павінны потым стаць дэпутатамі парламенту, міністрамі, дырэктарамі прадпрыемстваў, загадчыкамі школ, рэктарамі ўніверсітэтаў…»9, - прагаворваецца пра свае эканамічныя інтарэсы ўдзельніца моладзевай арганізацыі.

  6 Elena Gapova. On Nation, Gender and Class Formation in Belarus… and Elsewhere in the Post-Soviet World // Nationalities Papers (2002) Vol. 30. No. 4. P. 639-662.

7 Пад класам я маю на ўвазе не стаўленне да сродкаў вытворчасці (як у класічным марксізме), а размеркаванне жыццёвых магчымасцяў праз дзейнасць рынку (веберыянская перспектыва). Класавая стратыфікацыя мае месца тады, калі «жыццёвыя магчымасці, даступныя розным групам насельніцтва, размяркоўваюцца нераўнамерна ў выніку сумарнай дзейнасці індывідуальных эканамічных агентаў, што адрозніваюцца адзін ад аднаго сваімі магчымасцямі на рынку», - піша Tыма Пірайнен. (Towards a New Social Order in Russia. Transforming Structures and Everyday Life. Hanover: Dartmouth University Press, 1997. P. 29.)

8 Katherine Verdery. What Was Socialism, and What Comes Next? Princeton: Princeton University Press, 1996. P. 85.

   
На другім баку - тыя «немаёмныя», што згубілі больш, чым атрымалі ў прыгожым новым свеце, які павінен быў паўстаць пасля 1991 году. Для мільёнаў людзей, зазначае Дэвід Лецін, «калапс Савецкага Саюзу азначаў… катастрафічнае разбурэнне сацыяльнага жыцця, сацыяльнай бяспекі і статусу ў тым новым грамадстве, якое яны наўрад ці маглі зразумець…» Генерал у адстаўцы, старшыня ветэранскай арганізацыі тлумачыць: «Мы галасуем за Савецкі Саюз, бо гэта самае лепшае, што мы бачылі»10.

  9 Наша Ніва. 2000. 26 чэрвеня.
   
НІСЭПД рэгулярна ладзіць апытанне, каб даведацца пра матэрыяльнае становішча, эканамічныя, палітычныя і грамадзянскія погляды тых, хто галасуе за і супраць прэзідэнта. Удзельнікаў спачатку пытаюць: ці галасавалі б вы за Лукашэнку заўтра? Потым дзве групы (тыя, хто адказалі «так» ці «не») адказваюць на больш канкрэтныя пытанні: ці хапае ім грошай на ежу? на адзежу і абутак? ці працуюць яны ў прыватным сектары або ў дзяржаўным? і г. д. Такім чынам атрымліваецца партрэт апанентаў і прыхільнікаў прэзідэнта. Даследаванне выявіла, што пенсіянеры падтрымліваюць А. Л. больш, чым моладзь; жыхары вёскі больш, чым гараджане; жанчыны больш, чым мужчыны; тыя, хто пражывае на ўсходзе краіны, больш, чым заходнікі; працаўнікі дзяржпрадпрыемстваў больш, чым работнікі прыватнага сектару; бедныя больш, чым заможныя. І розніца складае не два ці тры, а 30 і нават 40 адсоткаў. Прэзідэнту вераць тыя, хто аддае перавагу заробку невялікаму, але стабільнаму перад высокім, але негарантаваным; планавай эканоміцы перад рынкавай; рэгуляваным цэнам перад свабоднымі. Яны нават згодныя, как выбар тавараў у краме быў невялікі, але каб хапала грошай іх купляць. Увогуле, яны мараць пра Савецкі Саюз...

Якое дачыненне да ўсяго гэтага маюць жанчыны? Ці ёсць гендэр у гэтых лічбах? Яшчэ колькі: толькі анёлы нябесныя не маюць полу; усе ж астатнія - бізнесоўцы і беспрацоўныя, прастытуткі і міліцыянты, заможныя і бедныя - мужчыны альбо жанчыны. Калі ўважліва паглядзець на лічбы, пашукаць дадатковую статыстыку і правесці некаторыя ментальныя аперацыі, робяцца відавочнымі дзве рэчы. Па-першае, катэгорыі «жанчыны» і «бедныя» ў значнай ступені супадаюць: у пераходнай эканоміцы бедных жанчын больш, чым мужчын. Другое: жанчыны ў большай ступені, чым мужчыны, разлічваюць на дзяржаву як сродак атрымання жыццёвых рэсурсаў.

Згодна са звесткамі Нацыянальнай справаздачы па статусе жанчын, падрыхтаванай для ААН, радыкальнае пагаршэнне эканамічнага статусу пасля 1991 г. закранула жанчын больш, чым мужчын. Напрыклад, у 1996 г. (калі рыхтавалася справаздача) найменшы заробак для мужчын вагаўся паміж 105 і 390 тысячамі беларускіх рублёў, а найвышэйшы - паміж 900 і 13578; суадносныя лічбы для жанчын былі адпаведна паміж 50 і 345 ды 750 і 500011 . Жанчыны складалі 81,4 % беспрацоўных у 1992 г. і 63,8 % у 1996. Сярэдні перыяд беспрацоўя ў жанчын таксама даўжэйшы, чым у мужчын.

  10 Народная воля. 2001. 23 чэрвеня.
   
Фармальна, мацнейшая жаночая беднасць ёсць вынікам горшай жаночай адаптацыі да новай сітуацыі: жанчыны чамусьці не спяшаюцца паводзіць сябе як актыўныя ўдзельнікі рынкавых зносін і не робяць дастатковых крокаў да паляпшэння свайго становішча. Яны рэдка працуюць на некалькіх работах, рэдка распачынаюць свой бізнес альбо мяняюць прафесію12. Журналісты любяць гэта тлумачыць «жаночай псіхалогіяй», адсутнасцю жадання рызыкаваць, нерашучасцю альбо нявер’ем у наяўнасць у сабе неабходных навыкаў. Але ў чым сапраўдная прычына таго «вольнага выбару», праз які мужчыны шукаюць працу, дзе лепей плацяць, а жанчыны - дзе гнуткі працоўны дзень (бо непраўдападобна, каб яны фармулявалі сваю мэту як «хачу працаваць там, дзе мала грошай»)?

  11 Women of Belarus Seen Through the Era // National Report, UNDP. Minsk, 1997. P. 32-33.
   
Рынкавая канкурэнцыя і ліберальная дэмакратыя пабудаваны на ўяўленні пра свабодных, незалежных, аўтаномных агентаў, і лібералізм доўга лічыў такія якасці «ўніверсальнымі». Але яны паўстаюць з пэўнага досведу і магчымасцяў. У жыцці жанчыны амаль ніколі не бываюць такімі ж аўтаномнымі, як мужчыны; яны не свабодныя для канкурэнцыі і рызыкі ў такой самай ступені. Праз сваю (сацыяльна сканструяваную) ролю ў фізічным і культурным узнаўленні, г. зн. у працы, без якой чалавецтва існаваць не можа, праз сваю адказнасць за дзяцей і догляд старых жанчыны не маюць той самай «свабоды», што і мужчыны, для ўдзелу ў рынку. Без гэтай бясплатнай працы дзяржаўны бюджэт выглядаў бы зусім інакш.

Усюды, дзе існуюць сістэмы сацыяльнай бяспекі, жанчыны залежаць ад іх больш, чым мужчыны: яны з’яўляюцца асноўнымі іх спажыўцамі, супрацоўнікамі (гэта дзяржаўны сектар эканомікі, дзе нізкія заробкі, але пэўныя гарантыі), а таксама адказнымі за ўзаемадзеянне сям’і з гэтай сістэмай. Калі не завесці дзіця да доктара, сістэма медыцынскага абслугоўвання не зможа працаваць, а калі вядзеш да доктара - адсутнічаеш на працы. Рынку такі працаўнік нявыгадны, таму што галоўная рынкавая мэта - атрыманне найвышэйшага прыбытку. Калі пасля 1991 г. сістэма сацыяльнай бяспекі пачала разбурацца, жанчыны і старыя - тыя, хто ад гэтай сістэмы залежаў у найбольшай ступені, - імгненна зрабіліся «беднымі». Іх шанцы паспяхова «ўвайсці» ў рынак былі абмежаваны нявыгаднымі стартавымі пазіцыямі. Згодна з некаторымі звесткамі канца 90-х, у Беларусі ўласны бізнес распачалі 9,1 % мужчын і толькі 2,7 % жанчын. Хаця гэтыя лічбы прыблізныя (не ўключаюць ценявога рынку), яны даюць уяўленне пра суадносную колькасць жанчын і мужчын у бізнесе: розніца складае 3,5 разу. Сацыёлаг Эрык Шыраеў у артыкуле пра маёмасную няроўнасць у новай Расіі піша, што «большасць маладых прадпрымальнікаў, банкіраў і гандляроў нерухомасцю… стартавалі ўнутры старога савецкага грамадскага і палітычнага істэблішменту», г. зн. належалі да савецкай, партыйнай альбо камсамольскай наменклатуры, у якой было вельмі мала жанчын. Калі пасля 1991 г. з’явіліся новыя эканамічныя магчымасці, жанчынам, якіх нямала было сканцэнтравана ў ніжэйшых сектарах эканомікі ці на ніжэйшых пазіцыях, вельмі хутка зрабілася зразумела, што ў той гендэрнай структуры, якую выпрацоўвае рынак, у іх вельмі мала шанцаў для вертыкальнай мабільнасці, тым часам як былых сацыяльных гарантыяў таксама больш не існуе.

У дадатак да гэтага, постсавецкі рынак у значнай ступені набывае форму ценявой, альбо нефармальнай, эканомікі. У пераходны перыяд яна служыць пэўным «буферам», які трошкі змякчае ўдары рынку, бо дае магчымасць атрымліваць дадатковыя рэсурсы. Не для ўсіх, аднак, гэты буфер аднолькава добры: «слабыя» (напрыклад, адзінокія жанчыны з дзецьмі) атрымліваюць горшы вынік ад свайго ўкладу ў нефармальную эканоміку (прыбіранне кватэр і г. д.), чым моцныя (спекуляцыі гарэлкай). Сістэма «аб’ектыўна» працуе так, што багатыя робяцца больш багатымі, а бедныя - больш беднымі, але гэтая няроўнасць не трапляе ў статыстыку заработнай платы. Непразрыстаць ценявога рынку дазваляе схаваць існую эксплуатацыю, і ўплываць на сітуацыю можа толькі дзяржава, якая праз падаткі альбо іншыя механізмы можа пераразмяркоўваць рэсурсы.

Мужчыны і жанчыны па-рознаму ставяцца да ролі дзяржавы ў эканоміцы: жанчыны разлічваюць на яе ў значна большай ступені і паводзяць сябе абсалютна рацыянальна, калі галасуюць за праграмы, якія абяцаюць ім як маці (невядома, наколькі рэалістычна) некаторую сацыяльную абарону праз перападзел рэсурсаў. А. Л. зрабіў сацыяльнае забеспячэнне «як у СССР» значнай часткай сваёй унутранай палітыкі і папулісцкай рыторыкі, і пэўныя сацыяльныя каштоўнасці трапілі «ў адзін флакон» з палітычнымі (спосабам арганізацыі дзяржаўнай ўлады):

Женщин в парламенте не должно быть меньше 30–40 процентов. Тогда парламент будет стабильным, спокойным. От женщины всегда исходит доброта. И остальная часть мужиков будет хорошо работать. Поэтому я буду всячески поддерживать тенденцию на большее присутствие в парламенте женской части нашего общества. Попрошу и органы власти на местах поддерживать эти процессы, и мужиков-депутатов, которые окажутся в округе вместе с женщинами, чтобы они, может, даже и уступили, дали возможность женщинам поработать. В Советах женщины должны быть представлены очень широко. Это и фактор стабильности13 .

  12 Там сама. С.36.
   
На гэтую рыторыку шмат хто купляецца: «...президент говорит о желаемом соотношении мужчин и женщин в структурах власти. Если мы выйдем на указанные президентом проценты, то у нас сразу повысится индекс человеческого потенциала»14. На самай справе індэкс чалавечага патэнцыялу павысіўся б толькі тады, калі б павелічэнне колькасці жанчын ва ўладзе было вынікам структурных змен у грамадстве, а не «прызначэння» дэпутатаў зверху.

  13 Послание Президента Республики Беларусь А. Лукашенко Национальному собранию и белорусскому народу.
   
Палітычны выбар ідзе, у рэшце рэшт, праз спосаб размеркавання рэсурсаў (праз адміністрацыйную сістэму ці рынак); але праблема, якая ляжыць у яго падмурку, на самай справе абсалютна глабальная, і чалавецтва не ведае сродкаў яе вырашэння: ёсць толькі нейкія спробы, больш ці менш удалыя.

Той (ці тая), хто «займаецца рэпрадукцыяй», не можа свабодна ўдзельнічаць у рынку і, такім чынам, не мае пэўных магчымасцяў. У ідэале, каб няроўнасць не была ўдзелам людзей аднаго полу, рабіць працу па ўзнаўленні (акрамя чыста біялагічных актаў) павінны людзі незалежна ад полу. Але мужчыны не надта імкнуцца браць «адпачынак для дагляду», бо ён вядзе да страты сацыяльнага статусу, г. зн. дэканструкцыі іх мужнасці. Можна наняць іншую жанчыну даглядаць дзяцей, пакуль першая бярэ ўдзел у капіталістычным спаборніцтве; наймітка ў такім разе павінна быць бяднейшай за першую, г. зн. належаць да іншага класу. Што рабіць гэтай іншай, калі яна захоча нарадзіць дзіця (якое грамадству вельмі патрэбна)? Што кажа пра гэта лібералізм? Статыстыка ж кажа, што «іншая жанчына», што працуе ў доме першай, - нелегальная эмігрантка: філіпінка, мексіканка альбо «руская» (беларуска, украінка, румынка), часта з вышэйшай адукацыяй і нават вучонай ступенню.

Ёсць іншы шлях: аплачаны дэкрэтны адпачынак, амаль бясплатны дзіцячы садок і г. д., але дзеля гэтага трэба вельмі моцна абмежаваць лібералізм. Амаль да сацыялізму. Павялічыць падаткі, а потым іх сабраць. Але для той, што жыве на дзяржаўную дапамогу, роўнасці ўсё роўна няма: яна не ўдзельнічае ў працэсах абмену і, такім чынам, не ёсць аўтаномным, свабодным суб’ектам...

Іншых шляхоў вырашэння праблемы не бывае. А без рэпрадукцыі чалавецтва існаваць не можа. Вось тут яно спатыкнулася: самае простае пытанне аказалася і самым складаным...

ЗАМЕСТ ЗАКЛЮЧЭННЯ: НЕ ШУКАЙЦЕ ЖАНЧЫНЫ

Чаму ж наша апазіцыя столькі год не хоча бачыць гэтай відавочнай «класавай» праўды, часткай якой ёсць «жаночае пытанне»? Чаму лічыць бабку Ганну з калгасу «Новы шлях» крэйзанутай, калі тая хоча гарантаванай пенсіі, якую яна страціла менавіта пры «рынку»? Яна паводзіць сябе абсалютна рацыянальна, калі галасуе за той рэсурс, праз які атрымлівае паляпшэнне свайго становішча. «Еўропа», што здаецца маладым інтэлектуалам сімвалам капіталістычнага дабрабыту і дэмакратыі, увасабляе для яе тое, што знаходзіцца па-за межамі рэальнага: падарожжы туды нават не з’яўляюцца аб’ектам яе жадання, бо даступныя, у яе уяўленні, толькі новым багатырам і толькі таму, што яны робяць гэта за кошт простага люду. Яна мае рацыю...

У Славоя Жыжака ёсць эсэ пра Ота Вайнінгера і яго кнігу «Пол і характар», упершыню надрукаваную ў 1904 г. Як вядома, праз кароткі час пасля яе выхаду ў свет аўтар, зусім яшчэ малады чалавек, забіў сябе. Кніга Вайнінгера прысвечана доказу таго, што жанчына ніколі не кажа праўду і ўвогуле «не існуе». Яна не мае незалежнай ідэнтычнасці, а заўсёды ёсць адлюстраваннем мужчыны, жыве ягонымі інтарэсамі і імкнецца яму спадабацца. Усё яе жыццё накіравана на тое, каб быць побач з мужчынам: без яго яна гіне. Яна ніколі не кажа праўды, нават тады, калі сама верыць, што кажа яе, бо заўсёды кажа тое, што хоча пачуць яе «пігмаліён»: праўда для яе не нешта аб’ектыўнае, а тое, што патрэбна ёй у дадзены момант. Але тут, піша Жыжак, адбылося нечаканае: аўтар зразумеў, што менавіта жанчына якраз існуе, бо мае адну сапраўдную, канчатковую матэрыяльную мэту, якой падпарадкоўвае ўсё свае жыццё. Яна не хлусіць, бо ідзе ў сваім «продажы» да канца: яна ведае, чаго хоча, і ўжывае рацыянальныя сродкі, каб гэта атрымаць. Мужчына ж толькі верыць, што кажа праўду і што яна аб’ектыўная. На самай справе ён яе ўяўляе (пра «адсутнасць» мужчыны пазней пісаў і Лякан).

І вось, як у іншых бывае - «гаманок ці жыццё», так у Вайнінгера выйшла - гэтая з’яўленая яму праўда ці жыццё. Зразумеўшы гэта, ён не змог з той праўдай жыць.

НЕ шукайце жанчыны як тлумачэнне сваіх праблем. Прычына таго, што вас няма, не ў ёй.

  14 Интервью с депутатом…
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 4 (33) – 2004

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/1/16