A R C H E П а ч а т а к № 4 (33) - 2004
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


4-2004
" да Зьместу "

 



аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі

 


крытыка

  АНДРЭЙ КАЗАКЕВІЧ

Вокладка ARCHE 4-2004.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (3'2004)
   ARCHE (2'2004)
   ARCHE (1'2004)
   Эўропа на ўсход ад    Эўропы
   Віленская Анталёгія
   Чэскі Альбом
   Pax Americana
   Туманнасьці
   беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6'2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4'2001)
   Скарына
(3'2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1'2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8'2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6'2000)
   Глёбус
   Скарына
(4'2000)
   Габрэі
   Скарына
(2'2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Андрэй Казакевіч
Беларуская сістэма: марфалогія, фізіялогія, генеалогія

          У каралеўстве Арльскім, епіскапстве Валянс, ёсць высокая вежа, якую называюць вежаю епіскапа Валянтэна, вежа гэтая ўночы не прымае вартавых. Калі нейкага вартавога прызначаць сцерагчы вежу ўночы, раніцай яго абавязкова знойдуць у даліне, што ля падножжа вежы. У даліну вартавыя переносяцца без пашкоджанняў, ніхто з іх не баіцца ўпасці, не баіцца, што яго аднясуць невядома куды, не адчувае, што яго нясуць, і не адчувае ўдару аб зямлю.

          Гервасій Тыльберыйскі. Цуды Дофіне. ХІІІ ст.

Выданне, якое абмяркоўваецца ў артыкуле:

А.Г. Лукашенко. Исторический выбор Беларуси. Лекции, прочитанные в высших учебных заведениях г. Минска. Минск: Академия управления при Президенте Республики Беларусь, 2003.

ЗАМЕСТ УВОДЗІНАЎ

Калі я быў студэнтам, для мяне, як і для маіх калегаў, невырашальнае метадалагічнае і практычнае пытанне было ў тым, чаму Беларусь была непапулярным аб'ектам даследавання, а рэжым, нягледзячы на жорсткую крытыку, не зазнаў канцэптуалізацыі. Як ён можа існаваць без ідэнтычнасці? З нейкай незразумелай прычыны Беларусь (беларуская сітуацыя) практычна не станавілася аб'ектам рэфлексіі ні ў межах акадэмічнай супольнасці, ні ў межах медыйнага поля. Воля да самаразумення ніколі, здаецца, не была адметнаю рысаю беларускага грамадства, а цікавасць да Беларусі амаль выключна трактавалася як праява «нацыяналістычных» настрояў. Сітуацыя пачала кардынальна мяняцца на зломе тысячагоддзяў, і з 2000-2001 году мы сапраўды можам казаць пра надыход іншай інтэлектуальнай і палітычнай сітуацыі. Колькасць даследаванняў, рэфлексій і аналітыкі беларускае сітуацыі значна ўзрасла. Павялічылася і колькасць замежных даследаванняў. Дастаткова прыгадаць, што за перыяд 1990-99 гадоў не выйшла ніводнае манаграфіі ці зборніка, які б быў прысвечаны выбарчым кампаніям – прэзідэнцкай 1994-га, парламенцкім 1990-га і 1995-га, мясцовым 1990-га, 1995-га і 1999-га. Затое пра парламенцкія выбары 2000-га вядома прынамсі адно выданне, пра прэзідэнцкія 2001-га – два, пра мясцовыя 2003-га – чатыры. Тэндэнцыя відавочная. Чамусьці толькі ў гэтыя гады пачалося стымуляванне даследавання Беларусі і таксама ўзрасла колькасць адпаведных дысертацый, нібыта Беларусь стала незалежнаю толькі ў 2000 годзе. Здаецца, толькі зусім нядаўна з'явілася адчуванне, што Беларусь ужо мае сучасную гісторыю, генеалогію і досвед, што гэта нешта большае, чым побытавая рэальнасць і тэрыторыя. Высвятленне прычынаў і перадумоваў гэтых працэсаў патрабуе асобнага даследавання, таму толькі пазначым гэты вельмі важны факт. Менавіта недзе з 2000-2001 года пачынаецца канцэптуалізацыя і самаапісанне рэжыму, якое ў 2003-м выліваецца ў спробы стварэння «ідэалогіі беларускай дзяржавы».

  палітоляг, рэдактар незарэгістраванага часопісу «Палітычная сфера». Апошняя публікацыя ў «ARCHE» – аналіз «Вялікае Княства Літоўскае як ідэалягічная рэальнасьць» (5/2003).
   
Вонкавае апісанне Беларусі звычайна зводзіцца да дастаткова дзіўных і нават наіўных схемаў. Для заходняй «аналітыкі» Беларусь – практычна заўседы «чорная дзірка», якая суправаджаецца эпітэтамі «неразвітая», «аграрная» і г. д. Не так даўно, чытаючы рэкамендацыі для замежнікаў, якія павінны былі наведаць Беларусь у межах каляпалітычнага праекту, сустрэў фразу: «Беларусь – малацывілізаваная краіна; Інтэрнет і мабільная сувязь з'явіліся тут толькі два гады таму». Такія ўяўленні тыповыя, на жаль, не толькі для каля-, але і для рэальных палітыкаў (як не згадаць славутага Л. Вульфа з яго «Inventing Eastern Europe»1 ). Для ўласна суседзяў мы альбо «метастазы сталінізму», альбо «страчаны савецкі рай», а ўкраінец М. Рабчук звязаў беларускі рэжым з кур'ёзным савецка-крэольскім нацыяналізмам. Натуральна, што сваёй палітычнай і культурнай напоўненасцю Беларусь не саступае большасці краінаў Еўропы, беларускі рэжым не мае ніякага дачынення да «метастазаў сталінізму» ні паводле сваёй логікі, ні паводле генеалогіі, ні паводле палітычнае практыкі, а беларускі савецкі нацыяналізм не больш кур'ёзны за ўкраінскае «маларасійства». Вонкавае апісанне падаецца дзіўным, але больш дзіўны нізкі – да апошняга часу – узровень самаапісання, якое звычайна зводзіцца да інтэрпрэтацыі Беларусі як анамаліі альбо апраўдання (нармалізацыі) яе «спецыфічнага» развіцця.

Самаапісанне рэжыму 2002-2003 гадоў (найбольш яўна адлюстраванае ў корпусе тэкстаў «ідэалогіі беларускае дзяржавы» – падручнікі, праграма курсу для ВНУ, артыкулы, прамовы) – шмат у чым адказ на апісанне, якое ажыццяўляецца іншымі. Залежнасць корпусу самаапісання ад вонкавых «крытычных» дыскурсаў вельмі значная. Гэта, на маю думку, ёсць яшчэ адным сведчаннем таго, што самаапісанне – працэдура да пэўнай ступені вымушаная. «Беларуская мадэль» у пошуку самацэнтраванасці будуе сваю сутнасць на апазіцыях (мы – яны), што прыводзіць яе да перманентнага «памежнага» стану.

Апісанне рэжыму апазіцыйнай паліталогіяй у 2001-2003 гадах таксама зазнала змены. Павялічылася колькасць выданняў, прысвечаных рэжыму і А. Лукашэнку персанальна, з якіх дастаткова згадаць політэхналагічнае «Нашествие» і «Случайный президент» з прэтэнзіяй на сістэмнасць. Крыху павялічваецца ўвага да аналізу ўладных структураў, паступова страчвае сваё значэнне «рэвалюцыйная парадыгма», якая вызнала аналіз феномену сучаснага рэжыму як a priori паталагічнага ды недаўгавечнага, што спалучалася з табуяваннем шэрагу тэмаў (кшталту фінансавання) і некрытычным стаўленнем да ўласнай пазіцыі.

Напэўна, можна канстатаваць надыход новай інтэлектуальнай сітуацыі – паступовы пераход ад «барацьбы» да «крытыкі» («апалагетыкі»), і гэта сімптаматычна, асабліва з улікам таго, што сама палітычная сітуацыя змянілася нязначна. Назіраецца імкненне да нармалізацыі даследчых і ідэалагічных дыскурсаў, а гэта значыць, што сацыяльныя змены, выкліканыя існаваннем сучаснага рэжыму, носяць дастаткова глыбокі культурны характар.

I. Лукашэнка і рэвалюцыя

Свядомасць 1994 году – гэта свядомасць крызісу, адчуванне якога пранікае ва ўсе сферы грамадства. Нават у пасланні Канстытуцыйнага суду за 1994 год, дакуменце, які паводле азначэння не павінен утрымліваць палітычных, а тым больш эканамічных ацэнак, адчуваецца дух заняпаду:

Рэспубліка Беларусь ... знаходзіцца сёння на адным з самых цяжкіх этапаў свайго развіцця. Нягледзячы на захады, якія прымае ўлада для выхаду з крызісу, эканамічная сітуацыя застаецца цяжкай. Падае ўзровень жыцця большасці насельніцтва. Высокімі тэмпамі расце злачыннасць... 2

  1 «Вынаходзячы Ўсходнюю Еўропу» – вядомая кніга, прысвечаная ўзнікненню вобразу «Ўсходняя Еўропа» ў еўрапейскай культуры эпохі Асветніцтва.
   
З гэтага ўрыўку відаць агульны настрой, які сістэмна зыходзіў з газет, тэлебачання, палітычных партый і нават дзяржаўных органаў, адлюстроўваючы своеасаблівы «Zeitgeist».

Цяпер зрабілася нават модна настальгічна ўзгадваць пачатак 90-х як «залаты час» эканамічнай свабоды, нацыянальнага «адраджэння» і дэмакратыі, але перш за ўсё гэта быў час крызісу, які патрабаваў рэвалюцыі, рашучых і радыкальных пераўтварэнняў. Рэвалюцыя з'яўляецца, перш за ўсё, палітычнай акцыяй (і толькі потым эканамічнай і культурнай), таму свой «рэвалюцыйны праект» мелі практычна ўсе палітычныя сілы таго часу. Кожны з такіх праектаў – «адраджэнне», «аднаўленне СССР», «радыкальныя ліберальныя рэформы» – галоўным сваім ворагам бачыў «існую рэальнасць», «парадак», «стан», працяты крызісам, сацыяльнымі хваробамі, інфляцыяй і беспрацоўем. Стан, што знаходзіў сваю апору ў «бюракратыі», «наменклатуры», «дзяржаўнай машыне», якая персаніфікавала карумпаванасць і несправядлівасць.

Галоўным рэзервам любой рэвалюцыі з'яўляюцца народныя масы. Апеляцыя да «народу/нацыі» і шчырая ўпэўненасць у тым, што ён падтрымае, была характэрная ў роўнай ступені як для БНФ і камуністаў, так і для альтэрнатыўных палітычных праектаў, адным з якіх і стаў А. Лукашэнка.

Бюракратыя. Логіка рэвалюцыі патрабуе асаблівага стаўлення да «бюракратыі». Дзяржаўны апарат – сродак эксплуатацыі, прастора карупцыі і неэфектыўнасці – варты толькі нянавісці. Сімвалічная дыстанцыя паміж «наменклатурай» і А. Лукашэнкам падкрэсліваецца і да гэтага часу, апошні спрабуе заняць пазіцыю над уладаю, што ў значнай ступені ўдаецца як у інфармацыйным полі праз СМІ3, так і юрыдычна: у адпаведнасці са зменамі ў Канстытуцыю 1996 году прэзідэнт фармальна перастаў узначальваць выканаўчую ўладу і набыў статус «кіраўніка дзяржавы».

  2Дыскурс Канстытуцыйнага суду цяпер зусім іншы і закранае выключна юрыдычныя пытанні.
   
Пасля перамогі апарат дзяржавы становіцца адзіным сродкам утрымання сітуацыі, але дыстанцыя паміж першай асобай і «вертыкаллю» захоўваецца, мяжа паміж «я» і «яны» ніколі не знікала, што дазваляе ў значнай ступені здымаць адказнасць за дзеянні ўраду і іншых выканаўцаў «даручэнняў» прэзідэнта.

Ворагі. Рэвалюцыйны настрой новае ўлады 1994-1996 гадоў быў скіраваны таксама супраць праекту нацыянальнага «адраджэння» і «рэформаў» і арыентаваўся на «ўзнаўленне» палітычнай і культурнай спадчыны савецкага мінулага. Праект «адраджэння» вынішчаўся настолькі жорстка, наколькі гэта было магчыма (ён быў практычна цалкам выціснуты з палітычнага поля і ў значнай ступені – з культурнага). Гэты праект успрымаўся як галоўная крыніца нестабільнасці 1996 году і пазнейшага часу, да таго ж падаўленне «вулічнага супрацьстаяння» арганічна спрыяла назапашванню палітычнага капіталу для экспансіі ў Расію. Толькі пачынаючы недзе з 2000 году на першае месца «ідэйнага» і палітычнага ворага выходзіць праект «ліберальных рэформаў»4.

  3Дастаткова прыгадаць перыядычныя селектарныя нарады, дзе адбываецца сімвалічны гвалт над бюракратыяй і рознымі дзяржаўнымі службамі.
   
Экспансія. «Надыходзіць такі момант, калі тэрыторыя, якую занялі партызанскія атрады, робіцца цеснаю, яны пранікаюць у раёны, дзе сутыкаюцца з буйнымі сіламі праціўніка. Тады атрады аб'ядноўваюцца, ствараючы маналітны фронт, і пераходзяць да пазіцыйнай вайны, якую звычайна вядзе рэгулярная армія» (Чэ Гевара). Маналітны фронт для новага рэжыму, які імкнуўся да экспансіі, склаўся на ўсходзе. «Рэвалюцыйны пафас» захоплівае ідэалагічную інфраструктуру рэжыму, дзе пачынае дамінаваць панславізм, розныя варыянты панрусізму, неаславянафільства (з элементамі камуністычнай рыторыкі) і г. д. Адміністрацыя прэзідэнта апякуецца рознымі расійскімі нацыяналістычнымі групамі (у прыватнасці, радыкальным СС «Белая Русь»), а Расійскае нацыянальнае адзінства (РНЕ) толькі што не займаецца персанальнай аховаю прэзідэнта (ці нават займаецца).

У другой палове 90-х радыкальныя расійскія камуністы/нацыяналісты (як, напрыклад, Ампілаў) былі гатовыя проста-такі «памерці як салдаты» за рэжым Лукашэнкі, які ўвасабляў магчымасць зламаць створаную «заходнімі імперыялістамі» логіку развіцця падзей у свеце. Рэвалюцыйны праект А. Лукашэнкі разглядаўся менавіта як сімвал такога злому, а сам ён – як персона, якая выявіла волю да таго, каб не гуляць паводле звыклых палітычных правілаў, што раней маглі сабе дазволіць толькі лідэры непрызнаных дзяржаваў кшталту Прыднястроўя.

II. Пасля рэвалюцыі

Рэвалюцыйны настрой не можа захоўвацца доўга, калі не падмацоўваецца рэальнымі палітычнымі дасягненнямі, злом адбываецца недзе ў 1999-2000 гадах. Стратэгія экспансіі, кіраванай уласнай палітычнай місіяй (якая мела толькі частковы поспех у падпісанні шэрагу дамоваў, мемарандумаў ды пратаколаў з Расіяй), змяняецца стратэгіяй самазахавання і адаптацыі да неспрыяльнага і варожага асяроддзя. Імперская свядомасць, працятая палітычным «нонканфармізмам», прадчуваннем апакаліпсісу і падзеннем глабальнага (ці, прынамсі, рэгіянальнага) парадку, выціскаецца тактыкай кантэкстуалізацыі і лакалізацыі рэжыму. Пошук свайго месца змяняецца яго агароджваннем. На змену дыскурсу экспансіі прыходзіць дыскурс кантэкстуалізацыі, а рыторыцы «рэвалюцыі» – фразеалогія «традыцыі». Унутраны вораг саступае месца вонкаваму, і нават апазіцыя перастае ўспрымацца як групы «дэструктыўных элементаў» ды нацыяналістаў і ператвараецца ў «купку марыянетак, кіраваных Захадам», што далёка не адно і тое ж.

Новая сітуацыя спрыяла сістэмнай каланізацыі рэжымам палітычнай, інфармацыйнай, сацыяльнай і нават культурнай прасторы, якая ўсё больш пачынала адпавядаць структурам беларускай улады. Усю першую палову 90-х палітычная і культурная «партызанка» магла цалкам захоўваць сваю незалежнасць і сацыяльную значнасць. Безліч інтэлектуальных, літаратурных, палітычных і грамадскіх ініцыятываў узнікалі, жылі і паміралі ў паралельным «афіцыйнаму» свеце таго, што называлі «незалежнай беларускай супольнасцю», «апазіцыяй» і г. д. Дастаткова згадаць існаванне пасля рэферэндуму 1996 году паралельных заканадаўчых і выканаўчых органаў: Вярхоўны Савет ХІІІ склікання, Нацыянальны выканаўчы камітэт, а былі яшчэ часопісы, газеты, нефармальныя суполкі.

Паступова, аднак, «незалежная прастора» каланізуецца сацыяльнымі практыкамі новага рэжыму і звужаецца да мінімуму. Пасля 2001 году «інстытуцыялізацыя» (уключэнне ў існуючыя структуры) увогуле робіцца стратэгічнай мэтай практычна ўсіх палітычных і культурных праектаў, што значыла не толькі аднаўленне супрацоўніцтва з дзяржаўнымі інстытуцыямі, але і вяртанне ў іх (калі гэта было магчымым) для атрымання большай прасторы для дзейнасці, у тым ліку для кар'ернага росту.

«Незалежная беларуская супольнасць» распусцілася, «апазіцыйныя» палітолагі, філосафы, літаратары, юрысты ды эканамісты сталі імкнуцца быць проста кваліфікаванымі палітолагамі, філосафамі, літаратарамі, юрыстамі ды эканамістамі, без жорсткае палітычнае арыентацыі. Зноў стала важна мець права выступаць ад імя «структураў» (калі эканаміст, то ад імя Інстытуту эканомікі, калі юрыст, то ад калегіі адвакатаў ці БДУ і г. д.) ды падпарадкоўвацца правілам карпаратыўнай гульні.

Адпаведна змяніліся і сродкі палітычнае барацьбы – масавыя акцыі пратэсту («супраціву») 1996-99 гадоў саступілі месца цалкам сістэмнай практыцы ўдзелу ў выбарчых кампаніях5 . Настала тое, што можна назваць «смерцю ідэяў». Ідэі канчаткова саступілі месца тэхніцы/тэхналогіям. Палітычныя суб'екты ўсё больш увагі надаюць абмеркаванню тэхналогій, а абмеркаванне ідэяў, нават у «ідэйных» партыях, даўно стала другасным. Яшчэ 4-5 гадоў таму сітуацыя была зусім іншая. Цяпер сама перамога над рэжымам успрымаецца выключна як тэхналагічны/тэхнакратычны пераварот пры актыўным удзеле замежнапалітычнага фактару. Ці не значыць гэта, што ідэя гэтага рэжыму (як сукупнасць сацыяльных практык) збольшага прынятая ўдзельнікамі палітычнай гульні?

  4Пачынае ўжывацца фразеалогія «ліберальнага тэрору», «глабалізацыі» і інш.
   
Арыентацыя на стварэнне паралельных грамадскіх структураў ператварылася, паводле выразу функцыянера АБСЕ, у «пашырэнне формаў супрацоўніцтва з афіцыйнымі ўладамі» і пошуку там прымальных кантактаў. Нават сярод апазіцыйных палітыкаў цяпер больш модна ганарыцца тым, што маеш «знаёмых у Радзе Міністраў», чым уласна створанай НДА ці змаганнем з рэжымам з канца 80-х.

Больш за тое, былі каланізаваныя, здавалася б, найбольш актыўныя праціўнікі рэжыму. У другой палове 90-х радыкальныя нацыянальныя арганізацыі выяўлялі сваю шчырую нянавісць да прадстаўнікоў улады і асабліва праваахоўных органаў (якія сімвалізавалі «ворага/акупантаў»). Сёння служба ў войску ці МУС для сяброў такіх арганізацыяў лічыцца карыснай і толькі падвышае аўтарытэт у межах арганізацыі.

Сістэма ўлады, створаная ў 1994-1997 гадах, здолела інтэграваць значную частку «нелаяльнай» палітычнай і культурнай прасторы. Рэйтынг прэзідэнта можа падаць, але захоўваецца вялікая маса людзей, якія падтрымліваюць рэжым як сукупнасць зразумелых і звыклых сацыяльных практык.

Імкненне да аўтаноміі ад рэжыму не вытрымала ціску часу і змянілася жаданнем пранікнуць у «сістэму». Гэта ўспрымаецца як адзіны сродак пазбегнуць сацыяльнай і палітычнай маргіналізацыі.

Усё вартае ўвагі патрабуе інстытуцыяналізацыі – друкавання ў дзяржаўных выданнях, прысутнасці ў СМІ, працы ў «інстытутах», «органах», «цэнтрах». Стасункі з НДА ўсё часцей выклікаюць агіду (ці адчуванне несур'ёзнасці), а сама «незалежная» сістэма НДА канчаткова пачала асацыявацца не са свабодаю, але з маргінальнасцю і бессэнсоўным марнаваннем грошай.

Нельга сказаць, што інкарпарацыя адбылася ў выніку рэпрэсій ці ціску, пераважна гэта вынік ізаляцыі і, як наступства, маргіналізацыі паралельных практык, якія былі няздольныя забяспечыць самарэалізацыю і сацыяльную легітымнасць па-за межамі вузкага кола «ангажаваных».

III. «Усходнееўрапейская альтэрнатыва» і «global world»

Яшчэ ў 60-я гады Еўропа была кангламератам разнародных палітычных праектаў. Гішпанія знаходзілася пад кіраваннем Франка, які не прымаў да канца правілаў еўрапейскай палітычнай гульні. Партугалія стварала ў межах сваёй імперыі шматрасавую «луза-трапіканскую цывілізацыю» і сацыяльна-палітычную сістэму на прынцыпах карпаратывізму. Усходняя і Цэнтральная Еўропа ўтваралі адзіны «савецкі блок», «другі свет», які супрацьстаяў «першаму свету» як сістэме. Свой асаблівы шлях пэўны час спрабавалі абвясціць Грэцыя і Югаславія, нарэшце, камуністычная Албанія праводзіла палітыку ізаляцыі ад Еўропы, надаючы вялікую ўвагу радыкальнаму супрацоўніцтву з Кітаем. Францыя, Італія, Заходняя Нямеччына і Вялікабрытанія толькі пачыналі фармаваць інтэграцыйны цэнтр будучага ЕС.

Еўрапейская прастора (дакладней, прастора таго, што цяпер прынята называць «Вялікай Еўропай») была месцам развіцця дастатковай колькасці розных – непадобных – палітычных праектаў.

Аднак з пачатку 70-х гэтыя аўтаномныя палітычныя праекты паступова саступаюць месца «цэнтральнаму» праекту еўрапейскай інтэграцыі, ужо праз 20 гадоў (у канцы 80-х – пачатку 90-х) гэты праект атрымлівае татальную перамогу. Палітычны ландшафт робіцца як ніколі раней аднастайным. Усе «альтэрнатыўныя» рэжымы зазналі калапс.

З падзеннем «сістэмы сацыялізму» ў 1989-91 гадах Еўропа стала адзіным палітычных праектам, які захапіў думкі большасці насельніцтва і элітаў, значна пашырыўшы свой уплыў на Ўсход і стаўшы палітычнай і культурнай мэтай новай усходнееўрапейскай палітыкі, аб'ектам жаданняў і чаканняў.

Узнікненне маналітнага еўрапейскага ландшафту паставіла ўсе магчымыя «альтэрнатывы» (як правыя, так і левыя) у пазіцыю анклаваў, апазіцыйных (часам маргінальных) палітычных партый, інтэлектуальных групаў, інстытуцыяў і, часам, краінаў. Гэтыя варыянты супраціву мелі зусім розную прыроду і аснову, але выкарыстоўвалі падобную стратэгію выпрацоўкі ўласных правілаў гульні і парушэння прынцыпаў паліткарэктнасці ў міжнародных дачыненнях рэгіёну. Такія анклавы, маючы савецкі ці нацыянальны грунт, выступалі і выступаюць як апазіцыя да палітычнага ліберальнага праекту глабалізацыі, але звычайна не ставяць сябе па-за еўрапейскім кантэкстам.

Трыумф «Вялікай Еўропы», такім чынам, не быў поўным і пакінуў пасля сябе анклавы нестабільнасці ў пытанні геапалітычнага выбару, найбольш трывалымі з якіх сталі Cербія і Беларусь (хоць можна было б дадаць Харватыю, Боснію ды Прыднястроўе). Пачуццё салідарнасці з Сербіяй (да 2000 году) беларускі рэжым меў не столькі праз яе прыналежнасць да славянскага свету, колькі дзякуючы яе «нестандартнаму» рэжыму. У 2000 годзе рэжым С. Мілошавіча ў Сербіі паў, хоць да палітычнай стабілізацыі ў гэтай краіне яшчэ далёка. Беларусь засталася, здаецца, адзінай краінай, якая не толькі не пакінула сваёй выбранай палітычнай стратэгіі, але і ўзмацніла «альтэрнатыўныя» элементы ў сваёй ідэалогіі, «пабудаванай не на замежных аднатыпных праектах, а з апорай на гістарычны досвед нашага народу»6.

  5Сімвалічнай вяхой тут можна лічыць кампанію парламенцкіх выбараў у 2000 г.
   
Беларусь дазваляе сабе парушаць многія правілы эканомікі і палітыкі, якія былі прызнаныя за аксіёмы для рэгіёну, і сваім уласным досведам сцвярджае адзін з лозунгаў антыглабалістаў – «свет можа быць іншым» (што, праўда, не значыць лепшым). У гэтым беларускі рэжым, калі б меў дастаткова добры PR і не пазіцыянаваў бы сябе як не зусім еўрапейскі, мог бы стаць прыцягальным сімвалам для еўрапейскае палітычнае альтэрнатывы – як правай, так і левай7. Беларускія ўлады могуць дазволіць сабе казаць тое, пра што іншыя краіны рэгіёну маўчаць, – адкрыта выступаць супраць ідэі «залатога мільярда» і аднапалярнага свету. Гаварыць пра амерыканізацыю як пагрозу для ўсіх краінаў і, больш за тое, сур'ёзна абмяркоўваць тэму «ліберальнага тэрору» ў сучасным свеце, называць ЗША ці Нямеччыну «сучаснымі імперыямі». Нездарма некаторыя афіцыйныя асобы Еўропы з захапленнем заявілі пра неабходнасць супрацоўніцтва з Беларуссю, пасля таго як афіцыйныя ўлады краіны выступілі з радыкальным асуджэннем аперацыі ЗША ў Іраку. Іншыя краіны Еўропы не маглі сабе такога дазволіць8. Але пазначаны прыклад – хутчэй выключэнне. Паводле сваёй замежнапалітычный рэпрэзентацыі Беларусь працягвае заставацца нікому не зразумелай «шэрай зонай», ці «чорнай дзіркай», нікому не цікавай тэрыторыяй, якую цалкам можна аддаць пад «пратэктарат» Расіі9.

Менавіта ў такім кантэксце развіваецца вельмі своеасаблівы ідэалагічны настрой. Панрусізм і панславізм другой паловы 90-х як праект радыкальнага адмаўлення еўрапейскае цывілізацыі паступова адыходзіць у нябыт, пакідаючы свае рэшткі толькі ў гістарычным дыскурсе. Усё большае значэнне набывае апеляцыя да беларускага народу (Бабосаў нават прапанаваў лічыць «беларускасць» асноваю ідэалогіі, што, аднак, не было прынята), традыцыі, дзяржаўнасці. Усходнеславянская цывілізацыя замяняецца ўсходнееўрапейскай, для якой Беларусь і павінна выконваць сваю культурную і каштоўнасную місію10.

Колькі беларускі анклаў можа трываць – сказаць цяжка. Многія краіны (Партугалія, Гішпанія і г. д.) захоўвалі свае асаблівыя палітычныя сістэмы з практыкамі карпаратывізму да смерці сваіх сімвалічных цэнтраў – Франка і Салазара. Падаецца, што такія сістэмы (пакуль захоўваецца сімвалічны цэнтр) могуць існаваць даволі доўга, калі выключыць вонкавую інтэрвенцыю.

IV. Беларуская мадэль развіцця

          Я не хачу пераконваць вас у тым, што гэта абсалютна правільны курс, я лічу, што ён правільны, улічваючы ўсе абставіны.

          А. Лукашэнка

«Беларуская мадэль», «беларускі шлях», «выбар», «сістэма» – лінгвістычныя сродкі самаапісання беларускай сістэмы, якія павінны перадаць аўтаномнасць, самацэнтраванасць і альтэрнатыўнасць тутэйшай эканамічнай і палітычнай рэальнасці. Гэтая праца будуецца вакол вялікай колькасці апазіцый, выстаўленых, як падаецца, на супрацьпастаўленні «ўласнай мадэлі» і «вонкавага стандарту», «шляху» і «загаду», «выбару» і «прымусу». Першае ўяўляе сабой нешта натуральнае, арганічнае, годнае і свабоднае, другое ж – механічнае, прымусовае ды канфармісцкае. Працэс такой канцэптуалізацыі, аднак, пакуль нельга лічыць завершаным.

Феномен «кантэкстуалізацыі» мыслення ўлады (прывязванне да праблемаў «тутэйшага быцця», апісанне сваёй асаблівасці, пошук свайго цэнтру «тут» і фармуляванне ментальных межаў не толькі на захадзе, але і на ўсходзе), на жаль, быў практычна не заўважаны і не адрэфлексаваны палітызаванай супольнасцю. А тым часам само вынясенне пытання пра «беларускую мадэль развіцця» значыць нешта большае, чым змена рыторыкі, а менавіта – што ў рэжыму з'яўляецца гісторыя, дакладней, генеалогія, у тым ліку і інтэлектуальная11.

  6Асноўнымі элементамі ідэалогіі вызначаюцца: Канстытуцыя, беларуская палітычная мадэль, беларуская эканамічная мадэль, ідэалагічная дактрына/нацыянальная ідэя.

7Такі імідж да пэўнай ступені быў створаны на постсавецкай прасторы, дзе Беларусь (асабліва сярод рознага кшталту неакамуністычных рухаў) успрымаецца як краіна захаванага сацыялізму. Што тычыцца астатняга свету, то – на шчасце ці на жаль – Беларусь не мела і не мае практычна ніякай вядомасці за заходняй мяжой.

8Беларусь можа казаць тое, пра што астатнія могуць толькі маўчаць.

9Для разумення гэтага дастаткова пачытаць Бжазінскага ці паназіраць за працай структураў кшталту мясцовага ІRІ.

10Бо Беларусь не настолькі распусная, як суседзі, і здолела захаваць сваю сутнасць.

   
Апісанне «беларускай мадэлі развіцця» патрабуе дэлегітымізацыі эканамічнай тэорыі, таму крытычнае стаўленне да ліберальных «тэарэтычных схемаў» (якія вызначаюцца як «прафанацыя» і «прымітыўная прапаганда») выглядае вельмі арганічна на фоне дыскусій пра анамальнасць, няправільнасць і немагчымасць існавання беларускае эканомікі з пункту гледжання ліберальнай эканамічнай ідэалогіі12, што спалучаецца з сімвалічным дыскутаваннем з МВФ, які персаніфікуе ў лепшым выпадку бяздумную, у горшым – наўмысна разбуральную эканамічную палітыку. Гэта не дазваляе «адрывацца ад нашай «грэшнай зямлі», забываць пра тыя першапачатковыя ўмовы, якія «абмяжоўваюць нашыя магчымасці».

Кантэкст, нацыянальныя і эканамічныя асаблівасці, спецыфічныя ўмовы развіцця «беларускай мадэлі» з'яўляюцца прычынай таго, што нас некарэктна параўноўваць з Захадам і іншымі «імперыямі» – бо мы толькі пачынаем складвацца як дзяржава. Безумоўна, мы мелі не вельмі спрыяльныя стартавыя ўмовы развіцця. Лакальнае адмяняе ўніверсальнае і ставіць свой досвед вышэй за ўніверсальныя схемы, што дае магчымасці для эканамічнай альтэрнатывы. Натуральна, што ў такой рыторыцы няцяжка знайсці палітычную аснову (апраўданне status quo), але гэтае ўсведамленне не робіць прапанаваныя з замежжа тэарэтычныя схемы выключна «навуковымі».

Сутыкненне існавання беларускага рэжыму з «логікай» эканамічнай тэорыі ў тым сэнсе, як яе падавала мясцовая «эканамічная навука», заслугоўвае асаблівага разгляду, таму мы не будзем спыняцца на ім падрабязна. Зазначу толькі, што першы апакаліпсіс чакалі яшчэ ў 1995 годзе, а потым – як эканамісты-практыкі, так і ліберальныя тэарэтыкі – бясконца пераносілі яго на паўгоду, пакуль вера ў магчымы «крызіс» (якая, нягледзячы на «навуковую» рыторыку, была цалкам ірацыянальнай) не згасла.

V. Самаразуменне і эвалюцыя сістэмы

          Паверце, у нас унікальная краіна, я да прэзідэнцтва далёка не ўсё ведаў пра яе ўнікальнасць.

          А. Лукашэнка

У падваліны «беларускай мадэлі» пакладзена яшчэ адна апазіцыя, якая павінна выяўляць яе выразную адрознасць ад усіх краінаў Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы. «Крызіс», «радыкальныя трансфармацыі», «шокавая тэрапія», «абвальная прыватызацыя» як неад'емная частка палітычнага і эканамічнага ландшафту рэгіёну супрацьпастаўляецца «стабільнасці», «удасканальванню», «асцярожнасці і акуратнасці». Замест слова «рэформа» – цэнтральнага панятку ліберальнага эканамічнага праекту для Ўсходняй Еўропы, які «скампраметаваў сябе ў пачатку 90-х гадоў», прапануецца ўжываць «удасканальванне». «Удасканальванне» рэпрэзентуе праект мадэрнізацыі, супрацьлеглы праекту «рэформаў» («катастрафічнаму шляху абвальных рэформаў») паводле плану МВФ, ЕБРР, рэкамендацый «заходніх» экспертаў і аналітыкаў, «непрымальных для беларускага народу».

Развіццё павінна быць пераймальным, без «кардынальнае ломкі» існай сістэмы і «рэвалюцыйных эксперыментаў», павінна ўлічваць «менталітэт беларускага народа, яго гісторыю і традыцыі». Развіццё не павінна грунтавацца на нечым «чужым», неўкарэненым у эканамічную і сацыяльную рэальнасць, нават калі яно «навукова» абгрунтавана і легітымізавана «сусветным досведам». Натуральна, што для ўлады «сусветны досвед» не значыць «універсальны» і прыдатны для беларускай рэальнасці. Дарэчы, гэтая пазіцыя мае пэўную рацыю.

Трэба «стаць на плечы» генерацыі, якая стварыла існае грамадства. «Мы ішлі і ідзём ад таго, што ў нас ёсць... мы нічога не ламалі, не раскідвалі і не знішчалі». «Мы выбралі эвалюцыйны шлях развіцця».

Навідавоку тэндэнцыя да адаптацыі «сістэмай» лексікі і Weltanschauung еўрапейскага кансерватызму. На адным з семінараў для кіраўнічага корпусу ў красавіку 2003 году элементы ідэалогіі кансерватызму былі вызначаны як «традыцыйна характэрныя для беларусаў», што і «сёння не трацяць сваёй актуальнасці». Гэта можна лічыць яшчэ адным сродкам канцэптуалізацыі палітычнага і эканамічнага status quo.

Сістэма, створаная ў выніку «кансерватыўнае» палітыкі, павінна мець не толькі асаблівасці ў стратэгіі свайго развіцця, але і адпаведную структуру. Адметнымі рысамі беларускай мадэлі (у адпаведнасці з самаапісаннем) выступаюць адсутнасць алігархічных кланаў, што забяспечваецца стварэннем моцна цэнтралізаванай улады. З гэтым, збольшага, можна пагадзіцца, асабліва калі ўлічваць сітуацыю ў суседніх краінах. Трэба згадаць, што ў Беларусі і да фармавання сучаснага рэжыму не склалася алігархічная сістэма. Трэба таксама браць пад увагу працэсы ценявой прыватызацыі, якая адбываецца цяпер.

Адсутнасць крыміналу ва ўладзе і нізкі ўзровень карупцыі. Ва ўмовах канцэнтрацыі ўлады палітычныя праекты як традыцыйнага, так і новага крыміналітэту немагчымыя. Манаполію на ўладу маюць дзяржаўныя службоўцы, дырэктары дзяржаўных прадпрыемстваў і зрэдку «бізнес», калі мае надзейны бюракратычны «дах».

«Наша мадэль не прывяла да масавага беспрацоўя і збяднення людзей». У прынцыпе, узровень беспрацоўя ў Беларусі ніжэйшы за 2-3 %, што ёсць нізкім паказчыкам для Еўропы і пэўным сацыяльным дасягненнем. Хаця наколькі гэта эканамічна эфектыўна – пытанне адкрытае.

Сярод іншых прыкметаў беларускай мадэлі звычайна называецца прадухіленне дэіндустрыялізацыі, нізкі ўзровень замежнай запазычанасці, адносна высокі ўзровень сацыяльнае абароны13.

  11З'яўленне ў 1994 ці 1998 годзе кнігі кшталту «Беларуская мадэль развіцця» нават уявіць цяжка, у той час як цяпер гэта стала ці не тэмаю нумар адзін для дыскурсу ўлады.

12Дастаткова прыгадаць, колькі разоў прагназаваўся калапс і татальны крызіс беларускае эканомікі. Прынамсі, такія прадказанні з'яўляліся яшчэ ў 1995 г.

   

VI. Правілы ўлады

          Нават маючы ўладара, і і дзі не могуць быць параўнанымі з ся, пазбаўленым уладара14.

          Канфуцый. Лунь Юй. Раздз. 3, 5

Палітычныя аналітыкі любяць не толькі капіяваць еўрапейскія тэорыі ды канцэпцыі, але і надаваць палітычнаму полю звыклы для іх тып рацыянальнасці, які рэдка супадае з логікай мыслення рэжыму.

Большасць аналітыкаў няўхільна эвалюцыянуе да fast-thinking, як гэта вызначыў Бурдзье, гэта значыць да простага выкладання таго, што ад іх чакаюць газеты альбо «чытачы», спраўджваючы перакананні і чаканні. Гэта, адпаведна, азначае дыктат моды і банальных фразаў у вызначэнні палітычнае сітуацыі, што спалучаецца з некрытычным стаўленнем да сваёй пазіцыі і абавязковай (сама)цэнзурай. Сапраўды, аналітык практычна не можа абмяркоўваць шэраг табуяваных тэмаў, напрыклад фінансаванне палітычных структураў, хоць гэта можа цалкам прадвызначаць развіццё палітычнае сітуацыі. Абыходзячы табуяваныя тэмы, ён можа вельмі доўга разважаць пра менталітэт, каштоўнасці, эканамічныя законы ды «актыўнасць масаў», але не кранаць сутнасці палітычнага працэсу.

Вельмі істотныя рэчы застаюцца па-за ўвагай, і асабліва – уладныя адносіны (правілы ўлады) у Беларусі15, якія вельмі далёкія ад рацыянальнасці, прыпісванай ім «звонку», і ад тыпізаваных у СМІ і свядомасці вобразаў.

  13Прыярытэты для дзяржавы вызначаны папулісцкія – экспарт, жытло і прадуктовыя тавары. Калі пераінтэрпрэтаваць, то прамысловасць, жытло (сацыяльная абарона) і сельская гаспадарка.

14І, дзі – нецывілізаваныя плямёны на поўнач і ўсход ад уласна Кітаю, ся – цывілізаванае насельніцтва Кітаю.

   
Улада – феномен сацыяльнай укарэненасці, які адначасова стымулюе і ўласнае спрашчэнне (апазіцыйная аналітыка) і сакралізацыю (афіцыйная прапаганда) сваіх праяваў. Спрашчэнне занадта простае, а сакралізацыя занадта складаная, каб быць рэальнасцю. Улада – гэта адносіны паміж тым, хто яе мае, і падначаленым. Падначалены актыўна ўплывае на паводзіны гаспадара.

ШТО ТАКОЕ ПРЭЗІДЭНТ

  15Мы дагэтуль не маем ніводнага больш-менш сістэмнага даследавання бюракратычнай сістэмы Беларусі.
   
«Things fall apart; the centre cannot hold; Mere anarchy is loosed upon the world»16 . У адрозненне ад большасці аналітыкаў, палітолагаў ды журналістаў, я не схільны перабольшваць ролю прэзідэнта ў палітычна-бюракратычнай сістэме новага рэжыму. Ён утварае цэнтр, але не столькі цэнтр «рэальнай палітыкі», колькі сімвалічную/арганізацыйную аснову яе легітымнасці, з якой пачынаецца выбудоўванне структуры ўладных дачыненняў. Пытанне пра тое, наколькі прэзідэнт вызначае палітыку дзяржавы, застаецца адкрытым і далёка не рытарычным. Не выклікае сумневу, што ён прымае рашэнні, уплывае на іх выкананне, але ці вызначае ён палітыку? Рашэнні прымаюцца на падставе інфармацыі і аналітыкі, а адзінаю крыніцаю іх для прэзідэнта з'яўляецца «сістэма», якая канструюе інфармацыйную рэальнасць і робіць гэтую аналітыку (часта дэкларуецца, што гэтым перш за ўсё займаюцца КДК і служба бяспекі, але гэтым спіс не заканчваецца). Прарыў да рэальнасці практычна немагчымы ды і непатрэбны. Практыка «сістэмы» самадастатковая. Прэзідэнту можа здавацца, што ён займаецца ўсім, але гэта прыкмета зусім адваротнага, свайго роду «псіхалагічнай інфляцыі» (К. Юнг)17 – пашырэння індывідуальнай свядомасці ды ідэнтычнасці на сацыяльныя інстытуты і функцыі. «Мае грошы», «мая дзяржава», «я сваю краіну»… – дамінаванне падобнай рыторыкі ў выступах прэзідэнта з'яўляецца прыкметай менавіта такога феномену. Псіхалагічная інфляцыя – ні ў якім разе не паталогія, а асаблівы стыль мыслення, які, акрамя шмат чаго іншага, выяўляе пэўную страту пачуцця рэальнасці. Погляды сістэмы робяцца ўласнымі поглядамі, што ў асяроддзі сістэмы непазбежна, і такіх прыкладаў у гісторыі сучаснае Беларусі больш чым дастаткова.

  16«Справы ідуць блага, цэнтру нельга ўтрымаць, мора анархіі расцякаецца па свеце» (Уільям Батлер Ейтс).
   
У адміністрацыйных дачыненнях паступова ўзрастае практыка дэлегавання функцый, спецыялізацыя, агульная «стомленасць» цэнтру і зніжэнне ўвагі да дэталяў, якая ўсё больш замыкаецца на стасунках з невялікім колам інфармацыйных крыніцаў. Галоўнае, што вылучае прэзідэнта ад іншых структураў рэжыму, – адсутнасць страху палітычнай ці нейкай іншай адказнасці, адсутнасць пагрозы «звальнення», «адстаўкі» і г. д., што вельмі моцна ўплывае на дзейнасць усіх астатніх. Гэта дазваляе ігнараваць звыклыя для бюракратычнай сістэмы імкненні ўхіліцца ад персаніфікацыі сваіх функцый і дэцэнтралізацыі адказнасці і займаць сімвалічную «цэнтральную» пазіцыю ў палітычным ладзе.

Тое, што «цэнтр» рэжыму з'яўляецца пераважна сімвалічным цэнтрам, ніякім чынам не значыць, што ён не мае значэння для рэжыму. Месца прэзідэнта ў сістэме вельмі важнае – з яго, як ужо было адзначана, пачынаецца сістэма складаных дачыненняў кіроўнай эліты. Для многіх ён гарант прэферэнцый і палітычных пазіцый. З вялікай ступенню верагоднасці можна казаць, што сам рэжым распадзецца разам з сыходам А. Лукашэнкі з палітычнае сцэны, прынамсі, яго чакаюць значныя трансфармацыі. Такім чынам, гэта «цэнтр», але цэнтр, уплыў якога на логіку і стратэгію развіцця «сістэмы» дастаткова абмежаваны, а гіпертрафаваныя ўяўленні пра яго функцыі (пашыраныя ў масавай свядомасці) выглядаюць дастаткова наіўна.

ПРАВІЛЫ СІСТЭМЫ — БЕЛАРУСКАЯ КАРПАРАЦЫЯ

У сучасным свеце, паводле выразу І. Бабкова, адбываецца паступовае ператварэнне невялікіх дзяржаваў у вялікія «Макдональдсы». Каб забяспечыць сваю будучыню, невялікая дзяржава робіцца карпарацыяй са сваёй карпаратыўнай этыкай (ідэалогіяй), пазнавальным і палітычна легітымным «брэндам» (іміджам), рацыянальнай іерархічнай структурай, карпаратыўнай стратэгіяй (праграмаю развіцця), менеджментам (а не групаю ўласнікаў) і г. д. Можна спрачацца пра тое, наколькі прапанаваная мадэль падыходзіць для ўсіх дзяржаваў, але арганізацыя беларускай улады вельмі падобная да карпарацыі. Гэта стала асабліва відавочна пасля правалу інтэграцыйнага праекту з Расіяй.

Карпарацыя падпарадкавана прынцыпу эфектыўнасці (гэта не абавязкова эканамічная эфектыўнасць), тэхналагічнасці, хуткага рэагавання, выжывання ў «акіяне вонкавай рызыкі». «Палітычныя» адносіны ў ёй вельмі далёкія ад класічнай вертыкальнай схемы, якая робіцца ўсё больш і больш гарызантальнай. Уладу ўсё больш цікавіць «функцыя», а не «свядомасць». У міністэрствах, дэпартаментах і камітэтах ужо цяпер цяжка знайсці людзей, якія сур'ёзна ставяцца, напрыклад, да ідэалогіі рэжыму, што не перашкаджае ім лаяльна выконваць свае абавязкі і служыць сістэме.

Звычайна беларуская дзяржаўная і палітычная машына апісваецца як цэнтралізаваная сістэма з вызначанай іерархіяй месцаў лакалізацыі ўлады. Гэта, аднак, толькі часткова адпавядае праўдзе. Сапраўдная цэнтралізацыя магчымая толькі пры ўмове жорсткай спецыялізацыі функцый падпарадкаваных суб'ектаў – тады роля цэнтру як «каардынатара» ўзрастае максімальна. У Беларусі назіраюцца хутчэй працэсы канцэнтрацыі ўлады дзяржаўным апаратам, але ў межах самой сістэмы ўлада дастаткова дысперсная. Калі выкананне пэўнае функцыі (напрыклад, продаж дзяржаўнай маёмасці на пэўную суму) патрабуе ўзгаднення з прэзідэнтам, гэта значыць не толькі тое, што Савет Міністраў не можа вырашыць гэтае пытанне без «цэнтру», але і тое, што да прыняцця рашэння далучаецца Адміністрацыя прэзідэнта і, магчыма, яшчэ некалькі дзяржаўных органаў. Працэдура атрымліваецца значна менш цэнтралізаванай, чым падаецца, а рашэнне няўстойлівым і неперсаніфікаваным. Такая дэцэнтралізацыя дае таксама вялікія магчымасці для «перагляду» сітуацыі ўжо пасля прыняцця рашэння. Гэта дазваляе ўступіць у гульню новым лабісцкім групам. У выніку дакладны цэнтр знайсці складана праз вялікую колькасць працэдур узгаднення, кансультацый, дублявання функцый і г. д. Існуе толькі вельмі размытае поле, дзе канцэнтруюцца ўсе значныя функцыі і прымаюцца рашэнні, але ў межах гэтага поля любы цэнтр мае адносны характар. Кожны чыноўнік зніжае сваю рызыку, уводзячы працэдуры бясконцай колькасці візаў, замаруджвае прыняцце і выкананне рашэнняў, нават калі гэта адпавядае яго кампетэнцыі. Яшчэ менш падставаў казаць пра ўстойлівую іерархію ўладных цэнтраў у Беларусі, бо стабільнасці тут няма.

Канцэнтрацыя. Вышэй была адзначана адрознасць працэсаў цэнтралізацыі і канцэнтрацыі, паспрабуем спыніцца на феномене канцэнтрацыі больш падрабязна.

Баланс кантролю і эфектыўнасці пабудаваны на прынцыпах канцэнтрацыі розных відаў капіталу – палітычнага, эканамічнага, культурнага і г. д. – у межах аднаго «дзяржаўнага» поля. Логіка канцэнтрацыі прысутнічае практычна ва ўсіх адміністрацыйных рашэннях – ад акцыянавання прадпрыемстваў і скарачэння дзяржаўнай службы на 10 % (канец 2001 г.) да стварэння сістэмы «ідэалагічнае працы». Кожны сацыяльны інстытут павінен выконваць максімальную колькасць дадатковых, «факультатыўных» функцый – ідэалагічных, сацыяльных. Даследчы інстытут павінен захоўваць вобраз «навуковай установы», быць эканамічна прыбытковым прадпрыемствам, весці ідэалагічную працу і выконваць шэраг сацыяльных функцый. Буйная прамысловасць канцэнтруе ў сабе яшчэ значныя функцыі сацыяльнага, палітычнага і эканамічнага кантролю, а цяпер павінна займацца і ідэалагічнай працай. Шмат якія з дзяржаўных інстытуцый адначасова займаюцца і вытворчасцю, і кантролем, і кіраваннем, і падпарадкаваннем. І колькасць такіх функцый расце.

Канцэнтрацыя – да пэўнай ступені працэс, супрацьлеглы цэнтралізацыі, якая будуецца на прынцыпе спецыялізацыі (чым больш вузкая спецыялізацыя, тым большае значэнне цэнтру). Канцэнтрацыя прыводзіць да стварэння неперсаніфікаванай, неспецыялізаванай «сістэмы», што і ўгрунтавана ў беларускую практыку кіравання. Нават такі далікатны палітычны праект, як «ідэалогія беларускай дзяржавы», ад пачатку ажыццяўляецца праз наданне новых ідэалагічных функцый дзяржаўным інстытуцыям, а адзіны метадычны і «навуковы» цэнтр праекту так і не быў створаны (прынамсі пакуль).

Канцэнтрацыя рэсурсаў у межах дзяржаўнага поля і адначасовая дэцэнтралізацыя іх у прасторы досыць высокая. Менавіта таму ў Беларусі не склалася алігархічнай сістэмы. У Беларусі няма «эканамічнай эліты», бо эліта адначасова і палітычная, і эканамічная, і ідэалагічная, і сацыяльная, рэсурсы максімальна дэцэнтралізаваныя і раскіданыя па розных частках сацыяльнага поля. А ў такіх абставінах працэс цэнтралізацыі эканамічнага рэсурсу (звядзенне вялікага эканамічнага рэсурсу да аднаго цэнтру) супярэчыць логіцы сістэмы, а таму выціскаецца за яе межы ці падаўляецца.

Дэканцэнтрацыя магчымая праз прыватызацыю, гэта значыць праз увядзенне ў «сістэму» іншай логікі, іншага тыпу рацыянальнасці. Гэта натуральна выклікае супраціў рэжыму. Напрыклад, калі размова ідзе пра прыбытковае прадпрыемства, інвестыцыі нявыгадныя таму, што дзяржаўная сістэма страціць гэты прыбытак, а разам з ім і магчымасць для пошуку надзвычайнага рэсурсу ў крызіснай сітуацыі. Вынікам з'яўляецца зніжэнне эканамічнай эфектыўнасці, але выбар «сістэмы» цалкам рацыянальны, калі зыходзіць з яе логікі і інтарэсаў. «…Забралі прадпрыемства, скарацілі людзей, зрабілі прадукт, прадалі, забралі грошы». Кантроль страчваецца не толькі над сучаснасцю, але і над будучыняй – магчымасці прагназавання і планавання змяншаюцца незваротна. Інвестыцыі для «карпарацыі» – толькі аднаразовы прыток фінансаў, за што трэба плаціць стратай эканамічнага і, што асабліва важна, сацыяльнага кантролю. Акрамя таго, змена ў складзе акцыянераў непазбежна выкліча патрабаванні ў змене менеджменту, а гэта ўжо пытанне палітычнае.

УЛАДА І СІМВАЛІЧНАЯ ГУЛЬНЯ

Публічны бок улады пабудаваны на сімвалічнай гульні. З аднаго боку, прэзідэнт дыстанцуецца ад «сістэмы» і можа заўсёды дазволіць ачысціць сваю легітымнасць абвінавачаннямі ў бок бюракратыі («я свае абавязкі выконваю, але ВЫ [міністры, старшыні, дырэктары] не даяце рады») і, натуральна, рэгулярнымі сімвалічнымі (селектарныя нарады) і рэальнымі (звальненні ці арышты) рэпрэсіямі. З іншага боку, сістэма настолькі дэперсаніфікаваная, што яна не можа быць за нешта адказнай, а тым больш вінаватай за ўсе рашэнні прэзідэнта. Такая гульня адлюстроўвае логіку рэжыму і асаблівасць яго сацыяльнай рэпрэзентацыі.

Наколькі б эфектнымі ні здаваліся селектарныя нарады, такая праява нянавісці да бюракратыі толькі сімвалічная. На самай справе «людзі сістэмы» не асабліва баяцца А. Лукашэнкі, добра разумеючы, што галоўнае для іх кар'еры – адносіны не з «цэнтрам», а з калегамі ўласнага ўзроўню ці непасрэдным кіраўніцтвам. Персанальныя адносіны з прэзідэнтам, якія мелі сваё значэнне ў першыя гады яго кіравання, паступова дэвальвуюцца. Значэнне мае толькі «кулуарная» барацьба – баяцца трэба сваіх сяброў, калегаў і ворагаў, толькі такія войны могуць прывесці да сапраўды негатыўных наступстваў. Пры нармальным развіцці сітуацыі любое невыкананне даручэнняў прэзідэнта (кшталту паказчыкаў росту на 6 %) заўсёды можна абгрунтаваць і навукова, і практычна. У адваротным выпадку хеўра «кланаў» здольная знішчыць каго заўгодна, наколькі б ён ні быў набліжаны да прэзідэнта («добрыя адносіны» заўсёды можна разбурыць «правільнай інфармацыяй»)18. Логіка развіцця сістэмы робіць функцыянераў усё больш залежнымі адзін ад аднаго, а не ад «абстрактнай» першай асобы.

  17Інфляцыя ў першапачатковым сэнсе - пашырэнне, набрыньванне.
   

VII. Кіраванне і структуры дамінавання

У межах беларускага поля «сістэма» валодае трыма структурамі дамінавання. Прамое дамінаванне, метафарай якога можа быць слова «ўласнасць», найбольш важнае і займае «сістэмаўтваральныя» пазіцыі. «Валоданне» канцэрнамі, прадпрыемствамі, калгасамі і г. д. дазваляе не толькі эканамічна кантраляваць, але і кантраляваць адміністрацыйна, патрабаваць тэрміновых грошай, забяспечваць сацыяльны кантроль у якасці працадаўцы.

Гэта прыватная (унутраная) уласнасць сістэмы на сродкі шчыльнага эканамічнага, культурнага і палітычнага кантролю. Права ўласнасці на сістэмаўтваральныя інстытуцыі мае як эканамічнае і сацыяльнае, так і адміністрацыйнае значэнне. Усе дырэктары буйных заводаў, адукацыйных структураў, СМІ etc. прызначаюцца прэзідэнтам, а само прызначэнне праходзіць кола «ўзгадненняў» у прэзідэнцкай адміністрацыі, Радзе Міністраў і г. д. Займанне пасады старшыні калгасу застаецца не столькі эканамічным, колькі палітычным рашэннем. Права на кіраванне можа зыходзіць толькі з самое сістэмы.

УСКОСНАЕ ДАМІНАВАННЕ – АДНОСІНЫ АРЭНДЫ

Калі дзяржава здольная ўтрымаць кантроль над прадпрыемствам ці галіной эканомікі, яна яго захоўвае. Але не ўсюды прамое дамінаванне дае жаданыя вынікі. Сістэма мае патрэбу ў лакунах, якія б забяспечвалі яе «адваротны» бок. Адносіны лакуны да «сістэмы» маюць характар хутчэй васалітэту, чым прамога падпарадкавання: лаяльнасць мае большае значэнне, чым эканамічная эфектыўнасць; сутнасць дзейнасці – у служэнні «сістэме» (яе канкрэтным звёнам), а не ў структурным падпарадкаванні. Бізнес, які мае адміністрацыйны дах, не падпарадкоўваецца міністэрствам і канцэрнам – ён служыць міністрам і дырэктарам заводаў. Лаяльныя СМІ могуць самастойна фармаваць інфармацыйную палітыку, але пры гэтым мусяць заўсёды спрыяць палітычнай стабільнасці, рэкламаваць толькі ўзгодненых кандыдатаў на мясцовых і агульнанацыянальных выбарах і забяспечваць іх «самастойную» палітычную кар'еру. Прыкладна такія самыя функцыі выконваюць і лаяльныя палітычныя партыі ды грамадскія аб'яднанні, якія ўбудаваныя ў сістэму як персаніфікаваныя праекты, што працуюць не столькі на рэжым, колькі на пэўныя яго цэнтры.

Васальныя структуры атрымліваюць у арэнду частку сацыяльнай і эканамічнай прасторы «сістэмы», за што плацяць, адпаведна, арэндную плату, якая спалучаецца з нефармальнымі выплатамі і карупцыяй. Знаходжанне ў бюракратыі – вельмі часта адзіная магчымасць утрымання бізнесу.

Сістэма нібыта дэкларуе для сваіх функцыянераў вялікія рызыкі (дысцыплінарнае пакаранне, звальненне і г. д.) і ставіць іх у цалкам залежнае і падпарадкаванае становішча. Васальныя структуры маюць за місію зніжэнне гэтае рызыкі – забеспячэнне дадатковых прыбыткаў, працу для родзічаў і знаёмых і г. д.

З іншага боку, такі бізнес цалкам павінен захоўваць сваю лаяльнасць і, галоўнае, ведаць сваё месца – як дадатковага элементу дзяржаўнай сістэмы, які знаходзіцца на ніжэйшай прыступцы палітычнае іерархіі. Да гэтага часу значная частка бюракратыі захоўвае арганічнае пачуццё пагарды да «паганых камерсантаў» і сімвалічна дыстанцуецца ад іх у сваіх сацыяльных практыках19.

  18Прыклад Жураўковай сведчыць, што поўная лаяльнасць і давер з боку прэзідэнта нічога не гарантуюць.
   
Ускосны сектар фармуецца на розных узроўнях, уключаючы і самыя нізкія. Ён мала звязаны з «цэнтрам», прынамсі, пакуль не ўзнікаюць канфлікты з рэгіянальным «дахам». Таму калі «сістэма» выяўляе нават нязначныя прыкметы слабасці, «арандатары» палітычнае легітымнасці пачынаюць дэманстраваць свае правы і нават спрабуюць навязваць свае ўмовы чыноўнікам, якім яны плацяць. Такія спробы пераняць ініцыятыву жорстка падаўляюцца. Гэта логіка сістэмы. Людзі, што зарабляюць грошы і «кормяць» пэўную колькасць звёнаў «сістэмы», пачынаюць траціць пачуцце рэальнасці. Яны пачынаюць адчуваць, што валодаюць сітуацыяй і што не яны павінны плаціць за легітымнасць, а наадварот. Адбываюцца спробы змяніць сістэму дамінавання і зрабіць яе сваёй уласнасцю, што на пэўных лакальных узроўнях можа быць паспяховым. Але звычайна такія намаганні прыцягваюць увагу цэнтру ды іншых кланавых групаў і хутка падаўляюцца. Кантроль таго, хто дае хабар, над тым, хто яго атрымлівае, не можа быць доўгім.

Беларуская ўлада звычайна вельмі насцярожана ставіцца да такога бізнесу і ніколі не прызнае яго часткай сябе. Яна, аднак, стымулюе яго развіццё і ў той жа час моцна абмяжоўвае і кантралюе. «Рэпрэсіі» ў гэтай сферы – звычайная палітычная гульня, вынік выключна кланавае барацьбы ці «галавакружэння ад поспехаў», якое спалучаецца са стратай пачуцця свайго месца. Але, як сказаў бы Ніцшэ, рэпрэсіі – гэта толькі пыл, які ўздымаецца над полем бітвы, а пыл не павінен засціць таго, што адбываецца на самай справе. Спробы рабіць з кожнай ахвяры «палітыка» сімптаматычныя, але не маюць ніякага дачынення да сутнасці гэтых працэсаў.

Адразу зазначым, што ахвочых атрымаць васальны статус і з боку бізнесу, і з боку грамадска-палітычнага сектару значна больш, чым самой той сацыяльнай і эканамічнай прасторы, якая здаецца сістэмай у арэнду, таму ўключэнне ў адносіны васалітэту (ускоснага кіравання) сутыкаецца з канкурэнцыяй і многія суб'екты гэтага поля вымушаны быць лаяльнымі, не атрымліваючы за гэта практычна ніякіх дывідэндаў.

ДРУГАСНЫЯ СТРУКТУРЫ

Не ўсе структуры эканамічнай і грамадскай сферы, аднак, атрымліваюць легітымацыю сістэмы. Прадпрымальнікі20, рознага кшталту грамадскія ініцыятывы без вызначанай палітычнай арыентацыі вымушаны знаходзіцца ў «вольным» стане, мала цікавым для сістэмы.

  19Напрыклад, з матэрыялаў сустрэч Лукашэнкі з рэгіянальным актывам у 2001 г. можна зрабіць выснову, што ад камерсантаў «таксама ёсць карысць», але гэтая карысць не самавідавочная.
   
Другасныя структуры цікавыя для сістэмы толькі як дадатковая (але далёка не асноўная) крыніца даходу, які паступае ў форме падаткаў і «даніны». Дробны бізнес знаходзіцца па-за сістэмай, ён не атрымлівае ў арэнду яе сацыяльнай і эканамічнай прасторы, але запаўняе лакуны і пусткі, збольшага нецікавыя для карпарацыі. Яго сацыяльная база – «часова беспрацоўныя» (палітычна і сацыяльна нязначныя агенты), эканамічная – сферы, дзе «сістэмныя» структуры не здольны эфектыўна кантраляваць сітуацыю. Калі дзяржаўныя структуры выявілі сваю цікавасць да занятай эканамічнай сферы, забраць яе ў бізнесу не будзе праблемай.

Дробны бізнес не асабліва цікавы рэжыму з пункту гледжання сацыяльнага кантролю – страйк гандляроў ніколі не выкліча і дзесятае часткі грамадска-палітычнага рэзанансу, які магла б выклікаць такая акцыя на буйным заводзе. Іншая справа – кантроль эканамічны. Другасным структурам не надаецца дадатковых сацыяльных функцый, якія маюць дзяржаўныя заводы альбо «паддашны» бізнес. Яны выконваюць толькі адну ролю – фіскальную. У адпаведнасці з гэтай логікай пабудавана сістэма нарматыўных актаў і кантрольных органаў.

Звычайна дзяржаву цікавіць не тое, наколькі праца арганізацыі эфектыўная эканамічна, але тое, наколькі гэтую працу можна кантраляваць. Мясцовыя ўлады нясуць адказнасць за «беспарадак і крадзеж» «бізнесу». Бізнес можна разняволіць, але да тае ступені, пакуль ён паддаецца кантролю і дысцыпліне – фіскальнай, сацыяльнай, палітычнай. Калі не будзе дысцыпліны, не будзе мяжы, а не будзе мяжы – будзе бязмежжа («беспредел»), гэта значыць, нестабільнасць, якой «сістэма» не можа дазволіць у прынцыпе.

VIII. Ступені ўлады
(некалькі заўваг пра палітычную сістэму)

  20Тыя, хто не трапіў у першую «прывілеяваную» катэгорыю.
   
Беларуская ўлада «жорсткая»21, канцэнтраваная і ўзважаная, бо «даводзіцца ўлічваць тое, што адбываецца ў нашай краіне і што адбываецца вакол яе». «Без моцнай улады, якая арганізуе ўсе працэсы, мы проста развалімся, як іншыя, у краіне будзе суцэльны крымінал». Такая ўлада самаапісваецца як адзіная магчымасць утрымацца ад распаду, фрагментацыі, крызісу і заняпаду. «Сёння могуць што хочаце казаць пра ўладу, але гэта не п'яная ўлада. Гэта ўлада, якая адказвае, абараняе інтарэсы, вырашае праблемы...» Прэзідэнт (як сімвалічны і арганізацыйны цэнтр гэтай улады) гатовы прызнаць «прысутнасць элементаў аўтарытарызму» ў практыцы свайго кіравання. Аўтарытарная ўлада – рэч неабходная і сітуацыйная, «кожнае грамадства ў такі складаны перыяд вырашала свае праблемы з дапамогай моцнай улады».

Беларуская ўлада пагаджаецца з тым, што яе ўласцівасці – шчыльнасць, вага ды высокі ўзровень канцэнтрацыі. Але ў дыскусіі вымушана даводзіць свой натуральны, негвалтоўны і легітымны характар. Азначэнні «дыктатура», «узурпацыя» адмаўляюцца, і гэта значыць, што палітычная і адміністрацыйная пазіцыя ўлады патрабуе апраўдання і доказу, што «дыктатура – гэта ідэалагічны накат, пустыя словы» і не больш за тое. У вызначэнні сваёй сутнасці ўлада становіцца на пазіцыю апраўдання, гэта значыць, што сувязь з «крытыкамі» не парываецца.

ПРЫНЦЫПЫ

Беларускі рэжым падкрэслівае сваю нарматыўнасць, унутраную цэласнасць і падпарадкаванасць пэўным устойлівым прынцыпам, якія павінны дэманстраваць стабільнасць. Сярод прынцыпаў палітыкі часцей за ўсё называюцца справядлівасць (якая спалучаецца са шчыльным кантролем і патрабавальнасцю), шчырасць («пра факты трэба гаварыць») і нелюбоў да «гвалту» на вуліцах. Апошняму (напэўна, па інерцыі) надаецца асаблівая ўвага – шматкроць падкрэсліваецца, што «вуліца – гэта не палітыка» і ўсё павінна быць «цывілізавана», у рамках дыялогу. Згадкі пра вулічнае супрацьстаянне выконваюць ролю негатыўнага фону, калі размова ідзе пра апазіцыю, «дэструктыўныя сілы» і спробы дэстабілізаваць палітычную сітуацыю. Гэта яшчэ раз пацвярджае вялікую ролю вулічнага супраціву 1996-99 гадоў у развіцці рэжыму і пачатак яго стварэння менавіта ў атмасферы гэтага супраціву, якім бы фатальным і безвыніковым ён цяпер ні здаваўся22.

  21Прэзідэнт час ад часу кажа, што «очень жесткая». «Но власть у нас действительно очень жесткая. Присутствуют даже элементы авторитаризма, я согласен».
   

ІНФРАСТРУКТУРА РЭЖЫМУ

Вызначаючы сваю інфраструктуру – інстытуцыі і арганізацыі, якія фармальна не з'яўляюцца часткай дзяржаўнага апарату, але выконваюць розныя дапаможныя функцыі ў межах «грамадзянскай супольнасці», – улада называе звычайна прафсаюзы, мясцовыя саветы і моладзевыя арганізацыі (БРСМ). Не будзем спыняцца на падрабязным разглядзе кожнай са структураў, адзначым толькі, што такая канфігурацыя склалася толькі ў 2002 годзе, калі быў усталяваны шчыльны кантроль над прафсаюзамі. Мясцовыя саветы заўсёды былі лаяльна-пасіўнымі ў палітычным жыцці. Пасля выбараў 2003 году лаяльнасць захавалася, але з'явілася жаданне зрабіць з іх больш актыўную структуру. Пра рэформу мясцовага кіравання размова, праўда, не ідзе. Атрыманне фінансавай аўтаноміі мясцовых саветаў не мае прынцыповага значэння – яны і так адміністрацыйна залежаць ад «цэнтру», дый склад мясцовых органаў кіравання і самакіравання ў значнай ступені вызначаецца Адміністрацыяй прэзідэнта. Самым галоўным аргументам супраць рэформы называецца дэцэнтралізацыя, што пры наяўнасці дыспрапорцый у рэгіянальным развіцці і наступстваў аварыі на ЧАЭС прывядзе да заняпаду цэлыя раёны («паставіць іх на край пагібелі»). Што тычыцца БРСМ, то штучнае стварэнне агульнай (татальнай) моладзевай структуры пачалося ў 1997 годзе заснаваннем БПСМ. Сучаснае афармленне гэтая структура атрымала ў 2002 годзе шляхам аб'яднання БПСМ і БСМ у адзіную арганізацыю.

Рэжым спецыфічна, у параўнанні з іншымі краінамі рэгіёну, ставіцца да партый. Ніводны лаяльны палітычны праект так і не стаў уплывовым – гэта ўнікальная сітуацыя, якая патрабуе спецыяльнага разгляду па-за межамі гэтага тэксту.

ПАЛІТЫЧНАЯ ДЫСЦЫПЛІНА

          Калісь, помню, пры старым яшчэ мэру Менску, я пачаў прыводзіць у парадак горад. Кажу: гэта трэба зрабіць так. «Гэта, Аляксандру Рыгоравічу, немагчыма!» Я гавару: «Не зробіш – выганю!!!»

          А. Лукашэнка

Калі пад палітыкай разумець адкрытую палітычную гульню, беларуская «сістэма» ад крызісу 1994-1996 гадоў з'яўляецца апалітычнай і маналітнай. Яна агароджвае ўсё поле афіцыйнай палітыкі, і таму розныя формы дырэктыўнага планавання і дысцыплінавання палітычнага жыцця выглядаюць цалкам натуральна і лагічна.

Яшчэ да выбараў адбываецца планаванне складу будучых выбарных органаў і нават адкрыта дэкларуецца план прадстаўніцтва, накшталт дырэктыўнай пастаноўкі задачы пра саракапрацэнтную прысутнасць у мясцовых саветах і парламенце жанчын і моладзі альбо захаванне ў выбарных органах дастатковае колькасці «дасведчаных кадраў» (не менш за 50 %). Такім чынам, кадравая праца ў выбарных органах мала чым адрозніваецца ад прызначэнняў у бюракратычным апараце. Фразы пра планаванне (прадвызначанасць) вынікаў выбараў транслююцца ўладай дастаткова часта, хоць звычайна і дапаўняюцца дэмакратычнай рыторыкай і апеляцыямі да «права». Няма сумневу, што персанальны склад выбарных органаў з нязначнымі выключэннямі вызначаецца ўладай яшчэ да выбараў.

Палітычная дысцыпліна азначае не толькі планаванне складу выбарных і нявыбарных органаў, але і дысцыпліну агентаў рэжыму. Уплеценая ў сеціва фактаў, прыхаваных практык і звычаяў, праца ў «сістэме» вызначае шэраг патрабаванняў, найбольш значныя з якіх – не «ідэйнасць» і «вера» (хоць гэта час ад часу дэкларуецца ўладамі), а розныя ступені лаяльнасці і функцыянальная карыснасць («лаяльны прафесіяналізм»23). Аснова кадравае палітыкі – «адданасць Беларусі, дзяржаве і патрыятызм», «адданасць той палітыцы, якая праводзіцца». Адпаведна, самы цяжкі палітычны грэх – здрада. Здрада – самая небяспечная і нелюбімая праява нелаяльнасці, асабісты досвед якой прэзідэнт сістэматычна падкрэслівае. Натуральна, вялікае значэнне мае дасведчанасць і прафесіяналізм, але «для нашага грамадства важна, каб яны [людзі «сістэмы»] былі сумленнымі. Не былі здраднікамі. А ў нас ёсць і такія. Калі не згодзен з палітыкай, ідзі адкрыта ў апазіцыю. Здраднікаў у камандзе быць не павінна». Менавіта зыходзячы з гэтай логікі, найбольшую пагрозу для ўлады на месцах уяўляе «жулік», які спалучае ў сабе элементы палітычнай нелаяльнасці і крымінальнасці. Непасрэдна для задачаў дысцыплінавання прызначаны нарматыўныя паказчыкі, праверкі, дырэктывы, рэарганізацыі і звальненні.

  22У свой час гэта сапраўды ўспрымалася як галоўная палітычная пагроза.
   

БІНАРНАЕ СУПРАЦЬПАСТАЎЛЕННЕ ЎЛАДА/АПАЗІЦЫЯ

Для ўлады палітычнае поле Беларусі выразна падзелена на сектары ў залежнасці ад узроўню лаяльнасці. Нягледзячы на шэраг нюансаў, гэты падзел збольшага зводзіцца да бінарнага супрацьпастаўлення ўлада/апазіцыя. Гэтае супрацьпастаўленне пранізвае палітычную рыторыку ўлады і значна ўплывае на яе структуру, у якую апазіцыя ўпісваецца як маса, якая мысліць паводле схемы «прэзідэнт – дрэнны, народ – «быдла», краіна – «задворкі Еўропы».

Апазіцыйнасць набывае анталагічныя рысы нелаяльнасці, нестабільнасці, дэструктыўнасці і арыентацыі на Захад. Успрыняцце апазіцыі як Іншага падкрэсліваецца нават ужываннем іншае мовы. У прыватнасці, большасць выпадкаў ужывання беларускіх словаў і фразаў у прамовах прэзідэнта звязана з перадачай словаў апазіцыі, азначэннем апазіцыі («свядомыя», «дэмакраты») і палітычнымі планамі апазіцыі («у Эўропу», «на Захад»). Ужыванне беларускай мовы робіцца палітычным маркерам, які вызначае кантэкст апазіцыйнасці, нягледзячы на падкрэслена лаяльнае стаўленне да беларускай мовы ўвогуле.

Прычына існавання апазіцыі вядомая: гэта альбо недахоп інфармацыі (і, як вынік, неразуменне дзяржаўнай палітыкі)24, альбо «несумленнасць», «карыслівасць» і «непрыстойныя паводзіны» шэрагу палітычных дзеячоў. Любая апазіцыйнасць можа быць знятая альбо тлумачэннем «фактаў праўдзівага стану рэчаў», альбо выкрыццём яе своекарыслівай палітычнай сутнасці. Нібыта для працы ў першым кірунку ствараецца разгалінаваная ідэалагічная інфраструктура беларускай дзяржавы з курсамі ідэалогіі ў ВНУ, ідэалагічнай працай «у калектывах», з агітацыйнымі брыгадамі і дзяржаўнымі СМІ. Для працы з другой катэгорыяй «апазіцыі» існуе канцэнтраваны і жорсткі апарат дзяржавы.

  23Лаяльнасць - гэта, перш за ўсё, лаяльнасць паводзінаў, а не свядомасці. Адданасці «ідэі рэжыму» ніхто не патрабуе, першасным з'яўляецца выкананне функцыі
   

АНКЛАВЫ АПАЗІЦЫЙНАСЦІ

Апазіцыйнасць як фактар нестабільнасці размеркавана ў сацыяльнай прасторы нераўнамерна і, акрамя палітычных партый разам з блізкімі да іх структурамі, канцэнтруецца ў шэрагу сфераў і сацыяльных групаў: адукацыя, культура, «моладзь» і г. д. Сярод такіх анклаваў, у прыватнасці, выступаюць ВНУ і студэнты (генератары і носьбіты самых радыкальных ідэй пераўтварэння грамадства), чыя «незразумелая» апазіцыйнасць не можа задавальняць. Адна з кніг, якія сталі эмпірычнай асновай гэтага тэксту, складаецца з прамоваў прэзідэнта перад студэнтамі, і ВНУ ў іх выступаюць як асаблівы аб'ект уладнага дамінавання. Кантроль лаяльнасці студэнтаў вельмі розны, але, як падаецца, галоўным сродкам выступае «праца» з рэктарамі, якія павінны праводзіць дзяржаўную палітыку ў дзяржаўных ВНУ і забяспечваць вынікі на выбарах (адпаведна, зрыў вынікаў асабліва ставіўся ў віну былому рэктару БДУ). Другі важны сродак – развіццё лаяльных моладзевых арганізацый і ідэалагічная праца. Самі рэктары, натуральна, прыдумваюць больш дзейсныя сродкі забеспячэння лаяльнасці. У прыватнасці, заключэнне дамоваў аб няўдзеле ў апазіцыйных мерапрыемствах у абмен на права не ўдзельнічаць у мерапрыемствах афіцыйных.

Любое выдаткоўванне сродкаў на нелаяльныя групы і структуры з'яўляецца неэфектыўным. Улада адкрыта дэкларуе, што фінансаванне, напрыклад, культурных праектаў магчыма пры ўмове лаяльнасці іх рэалізатараў. Нелаяльныя культурныя практыкі не толькі не могуць стымулявацца, але павінны ўсяляк рэпрэсавацца. Апазіцыйнасць парушае ўнутраную логіку кантролю «сістэмы», павышае яе нестабільнасць, таму негатыўнае стаўленне да такой актыўнасці цалкам лагічнае, як і стратэгія па сацыяльнай ізаляцыі такіх практык. Для легітымацыі «апазіцыйнасці» неабходна, прынамсі, змена структураў размеркавання ўлады, чаго дапусціць, натуральна, нельга.

IX. Ідэнтычнасць – дзяржаўная і нацыянальная

          ...маем часта гэткія прыкрыя выпадкі, што ў ваднэй вёсцы ёсьць беларусы і «тутэйшыя». «Тутэйшыя» лічаць беларусаў партыяй, як, прыкладам, ППС, камуністаў і г.д... У гэтую беларускую «партыю» «тутэйшыя» ня хочуць уступаць!

          М. Шкялёнак. Аб тутэйшых

Беларуская ідэнтычнасць апошнім часам зрабілася прывабным аб'ектам даследавання, якому надаецца дастаткова навуковай і ненавуковай увагі. Гэта рэфлексіўныя тэксты, дзе структура беларускай свядомасці толькі цьмяна пазначаецца супрацьпастаўленнем «заходняга» і «ўсходняга» пачатку, эмпірычныя сацыялагічныя даследаванні «сістэмы каштоўнасцяў», нацыянальнай, культурнай і рэлігійнай прыналежнасці, розныя варыянты аналізу палітычнага (і гістарычнага) выбару і г. д.

  24На гэтым пабудавана логіка ідэалагічнай працы.
   
Практычна ўсе даследаванні, якія ставяць сабе за мэту выяўленне структуры беларускай свядомасці – а такую мэту з розных прычынаў, у тым ліку і палітычных, ставяць далёка не ўсе25, – сутыкаюцца з яе няцэласнасцю. Звычайна аналіз прыводзіць да фармулявання бінарнай апазіцыі дзвюх26 нятоесных і непадобных беларускіх ментальнасцяў, якія супрацьстаяць адна адной як палітычна, так і культурна27. Крытэры падзелу вельмі розныя: стаўленне да рэформаў («прагрэсіўная» і «кансерватыўная» свядомасць), нацыянальных каштоўнасцяў («свядомыя» і «несвядомыя»), субэтнічнага падзелу («ліцвіны» і «русіны»), палітычнае арыентацыі («нацыяналісты-беларусы» і «русафілы-заходнярусы»). Гэтую ж стратэгію бінарнай апазіцыі вытрымлівае вылучэнне «слабай» і «моцнай» ідэнтычнасці (Бабкоў), «нацыянальнай» і «данацыянальнай»28, а лепей сказаць, «нацыянальнай» і «тутэйшай». Глыбокі аналіз двух тыпаў беларускай ідэнтычнасці і таго, наколькі пазначаныя апазіцыі адэкватныя беларускай рэчаіснасці, патрабуе спецыяльнага даследавання. Тут мы толькі зазначым падзел паміж беларускімі свядомасцямі як факт і заўважым, што існуючая ўлада транслюе другі ў пералічаных апазіцыях тып ідэнтычнасці: «слабы», «данацыянальны», «тутэйшы», «кансерватыўны», «русафільскі» і г. д.

Прыход да ўлады і дамінаванне такой ідэнтычнасці складала частку рэвалюцыйнага праекту 1994 году, нягледзячы на тое што палітычная рыторыка новай улады напачатку адчувала вельмі моцны ўплыў панславізму (у яго расійскай, панрускай форме) і ідэі аднаўлення СССР. Расійская (савецкая) арыентацыя была сітуацыйнай і звязвалася з неабходнасцю ўтрымаць культурнага і палітычнага донара, які на той час стаў традыцыйным.

Генетычна ўладная свядомасць звязаная не з «заходнерусізмам», які супрацьстаяў спачатку польскаму культурнаму кантэксту, а потым беларускаму нацыянальнаму руху, а з «тутэйшай» самасвядомасцю, найбольш значнымі рысамі якой з'яўляюцца выключна практычнае, а не ідэалагічнае стаўленне да таго, што для астатніх фармуе так званую сістэму нацыянальных каштоўнасцяў (мова, традыцыі, дзяржава, тоеснасць etc.), імкненне пазбегнуць ідэнтыфікацыі, імкненне да захавання нявызначанага культурнага і нацыянальнага стану і, адпаведна, неабходнасць культурнага донара (вонкавага вытворцы «высокай культуры»). Натуральна, што «тутэйшасць» ХІХ ст. перажыла некалькі важных трансфармацый, найбольш важная з якіх – індустрыялізацыя і фармаванне ў складзе БССР беларускай савецкай ідэнтычнасці, тутэйшыя элементы якой стымулявалі палітычную лаяльнасць і культываваліся савецкай уладай. Але такая стратэгія паводзінаў у палітычным і культурным полі застаецца, пры пэўных дапушчэннях, актуальнай.

Тым не менш, апісанне і самаапісанне гэтай «маўклівай», «размытай» і «няпэўнай» ідэнтычнасці, якая лічыла за лепшае заставацца ў цені іншых, пачалося адносна нядаўна. Фармаванне корпусу «ідэалогіі беларускай дзяржавы» – адна з прыкметаў гэтага працэсу.

Уласцівасці ўладнае ідэнтычнасці разнастайныя, але для нас найбольшую цікавасць уяўляюць практыкі ўхілення ад ідэнтыфікацыі шляхам размывання і дэцэнтралізацыі (гэты панятак будзе займаць стрыжнёвае месца ў нашым аналізе) ідэнтычнасці. Улада29 не мае трывалай нацыянальнай ідэнтыфікацыі. Гэта выяўляецца ў сістэматычным нагадванні пра падабенства беларусаў да суседніх народаў. У прыватнасці, сутнасць беларускай мовы ў адпаведнасці з «тутэйшым» падыходам вызначаецца формулай «слова польскае, слова расійскае, слова ўкраінскае», г. зн. нешта несамадастатковае, што не мае цэнтру і этнічнай/нацыянальнай угрунтаванасці.

  25Сацыёлагі звычайна, аналізуючы «масу», кажуць пра «шызафрэнію» грамадскай свядомасці. Ідэалагізаваная аналітыка ІСПД пры адміністрацыі прэзідэнта спрабуе маргіналізаваць і сублімаваць унутраныя непадабенствы, «апазіцыйная аналітыка» імкнецца такія непадабенствы выкрыць.

26Хоць такіх ментальнасцяў можна вылучыць і тры, і чатыры.

27Такая сітуацыя характэрная таксама для шэрагу іншых краінаў рэгіёну - Украіны (маларосы vs украінцы) і Малдовы (малдаване vs румыны).

28Гл., у прыватнасці: Радзік Р. Прычыны слабасці нацыятворчага працэсу беларусаў у ХІХ-ХХ ст. // Беларускі гістарычны агляд. Т. 2. Сш. 2. 1995.

   
Генеалагічна свядомасць улады моцна звязаная з беларускай савецкай ідэнтычнасцю. Яна будавалася ў адпаведнасці з палітычнымі практыкамі індустрыялізацыі, масавай міграцыі ды фармавання «адзінага савецкага народу», у падвалінах якога ляжаў прынцып русацэнтрызму. Натуральна, што значная колькасць рысаў «нармальнай» савецкай ідэнтычнасці знікла разам з паўстаннем новай беларускай дзяржавы, адбываецца і сутнасная трансфармацыя «расійскага цэнтру». Трансфармацыя савецкай ідэнтычнасці мае многа прычынаў, але найбольш важным было змяненне сістэмаў улады і перамяшчэнне палітычнага цэнтру з Масквы ў Менск.

Савецкая свядомасць мела два ўзроўні – саюзны і нацыянальна-лакальны. Расійская мова і расійская культура была ўніверсальнай мовай і культурай «агульнасаюзнага ўзроўню», нацыянальныя культуры, адпаведна, займалі лакальныя нішы на другім узроўні. З распадам СССР, фармаваннем незалежнай дзяржавы і канцэнтрацыі палітычнай улады ў Менску нацыянальна-дзяржаўная ідэнтычнасць непазбежна траціць іерархічнасць і робіцца аднаўзроўневай. Гэта паставіла вельмі важнае практычнае пытанне: «Які змест павінна мець нацыянальнае?» (бо нацыянальнае пераставала быць лакальным). Расійская мова, здаецца, страціла легітымацыю цэнтру, і гэта выклікала дзве супярэчлівыя тэндэнцыі: паварот да беларускасці і спрыянне яе паступовай экспансіі, не толькі ў праекце «адраджэння», але і ў праекце «стварэння дзяржавы», які фармаваўся часткай постсавецкай эліты. Беларусь павінна была стаць нармальнай дзяржавай, а гэта значыць дзяржавай са сваёй мовай, традыцыяй, міфалогіяй. Гэта азначала стварэнне аднаўзроўневай ідэнтычнасці, падобнай да літоўскай альбо польскай.

Супрацьлеглая стратэгія патрабавала ўкладання расійскай мовы і культуры ў межы аднаўзроўневай ідэнтычнасці, гэта значыць, упісання яе ў лакальны кантэкст. Логіка такога працэсу патрабавала пазбаўлення расійскага цэнтру манаполіі на свае культурныя прадукты і фактычнага паступовага разбурэння русацэнтрызму. Адзінай перашкодай на гэтым шляху былі спробы аднаўлення іерархічнай свядомасці за кошт стварэння новага «саюзу», «саюзнай дзяржавы», але збольшага з пачатку гэтага стагоддзя пытанне пра «самастойнасць» і каштоўнасць беларускага цэнтру з'яўляецца, здаецца, вырашаным.

Легітымацыі расійскай мовы для беларусаў рэжым надае вялікае значэнне. Формула легітымацыі падаецца простай – «расійскае ёсць не толькі расійскім». У лекцыях А. Лукашэнкі перад студэнтамі некалькі разоў паўтараецца байка пра тое, як Б. Ельцын хацеў падзякаваць А. Лукашэнку за рэферэндум 1995 году (дакладней, за наданне расійскай мове статусу другой дзяржаўнай). Дзякаваць няма за што, бо «русский язык – это и наш язык», – адказвае прэзідэнт.

«Мы не можам нашу расійскую мову вярнуць Расіі». «Мова, на якой мы гаворым, гэта не толькі расійская, гэта і наша мова». «Мы ў яе ўклалі не менш, чым самі расіяне, сваёй душы, пачуццяў, эмоцый і іншага». Даводзіцца, што расійская мова павінна лічыцца роднаю для беларусаў і быць сапраўднай каштоўнасцю.

Такая рыторыка спалучаецца са спробамі дэкаланізацыі расійскай мовы – «у нас асаблівая расійская мова, асаблівы беларускі акцэнт, і мы гэтай мовы не пакінем». Расійская мова ў Беларусі набывае нацыянальна беларускія рысы30. «Чыстая расійская мова адрозніваецца ад тае, на якой мы з вамі атрымліваем адукацыю і гаворым». Гэта мова нашага народу, які доўгі час жыў не «паміж Масквой і Варшавай», а «ў Расійскай імперыі і савецкай дзяржаве», што, адпаведна, дае правы на культурную спадчыну. Асаблівасці расійскай мовы ў Беларусі, такім чынам, выкарыстоўваюцца як сродак давесці яе «роднасць» для народу і «ўкарэненасць» у беларускі культурны ландшафт ды паказаць яе нацыянальны (нерасійскі) характар. Такія спробы можна ўспрымаць з іроніяй, але гэта важная тэндэнцыя сучаснага развіцця Беларусі, якая з цягам часу будзе ўзмацняцца.

  29Нацыянальная ідэнтычнасць улады - гэта ідэнтычнасць, якая грунтуецца на пэўным разуменні «нацыянальнага» і транслюецца, паводле выразу Альтусэра, у ідэалагічны апарат дзяржавы - сістэму адукацыі, палітычныя структуры, СМІ і г.д.
   
«Прыватызацыя» расійскай мовы выглядае дзіўна (і нават наіўна), калі адбываюцца спробы гістарычнай легітымацыі расійскай мовы і культуры. Сцвярджаецца, што Ф. Скарына пісаў «па-руску», хоць добра вядома, што ў тэрмін «рускі» ён укладаў зусім не «русский» ці «маскоўскі» змест.

Беларуская мова ідэнтыфікуецца ўладай як нешта «роднае» і «натуральнае» – матчына мова. Яна – не прадмет для разважанняў і, натуральна, не інструмент шырокага ўжывання. На гэтай мове не абавязкова гаварыць ці пісаць, яе проста трэба ведаць31. Натуральнасць і роднасць павінна быць ціхай і не мець прэтэнзій на сацыяльную экспансію, павіна быць «утаймаваным іншым»32 , схаваным у целе ўласнае ідэнтычнасці.

  30Такое імкненне «беларусізаваць» расійскую мову цалкам падобнае да працэдур «дэкаланізацыі» ангельскай мовы ў былых калоніях Брытаніі.
   
У такім статусе праблемаў з беларускай мовай няма, у сэнсе, яна не ёсць праблемай. Ніхто не забараняе ёй карыстацца, можна нават падтрымліваць розныя культурныя і сацыяльныя анклавы, дзе яна можа быць цалкам легітымнай (беларуская літаратура, гісторыя, краязнаўства і г. д.), але калі паўстае пытанне павышэння сацыяльнага статусу (пашырэння прасторы), стаўленне да яе мяняецца радыкальна.

Палітычная аргументацыя «супраць мовы» сфармавалася ў пачатку 90-х і з тых часоў мала змянілася: «гвалтоўнае ўвядзенне мовы прыводзіць да сацыяльнай напружанасці». «Гвалтоўнае ўвядзенне мовы» стала адной з прычынаў паразы «тых людзей, якія былі пры ўладзе на пачатку 90-х».

Палітыка ўлады, накіраваная на тое, каб стрымаць распаўсюджванне беларускай мовы, мае пераважна сацыяльна-палітычную аргументацыю і фармулюецца ў кантэксце апраўдання. Можна казаць пра наяўнасць пэўнага палітычнага «комплексу беларускай мовы», калі выцісканне яе са штодзённага ўжытку патрабуе для палітычных суб'ектаў вельмі асцярожнай аргументацыі, а таксама «апраўдання» і дэманстрацыі сімвалічнай прыхільнасці да яе. Гэта сведчыць пра тое, што ідэнтычнасць улады не пазбаўлена ўплываў дыскурсу «адраджэння», якое адводзіла мове цэнтральнае месца ў нацыі. Але, здаецца, гэта адзіны прыклад такога ўздзеяння.

Лакалізацыя расійскай мовы і існаванне беларускай у моцна абмежаваных сацыяльных рамках робіць лінгвістычны элемент ідэнтычнасці, якую транслюе ўлада, дэцэнтралізаваным і да канца не вызначаным. Жаданне пазбегнуць вызначэння патрабуе, аднак, дэлегітымацыі не толькі «нацыянальнай мовы» як прыкметы беларускага этнасу, але і дэканструкцыі меркаванняў «пра адзінае паходжанне сучасных беларусаў».

Паказальным тут з'яўляецца сістэматычнае выкарыстанне (у прыватнасці, прэзідэнтам у лекцыях перад студэнтамі) метафары маштабнага «кровазмяшэння» і апісання Беларусі як «melting pot» Усходняй Еўропы. Натуральна, вобраз Беларусі як «плавільнага катла» мае мала супольнага з працэсамі рэальнага этнагенезу, але з'яўляецца важным элементам палітычнай рыторыкі рэжыму. Палітычныя мэты метафары «melting pot» відавочныя: яны адлюстроўваюць асноватворныя структуры нацыянальнай ідэнтыфікацыі ўлады. «У нас кроў настолькі перамяшаная...», «мы, беларусы, таму такія хітрыя і разумныя, што беларус – гэта букет крывей». Згадваецца, што Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая і Савецкі Саюз развіваліся як шматнацыянальныя дзяржавы. Такое разуменне прыроды беларускага супярэчыць нават канцэпту савецкай нацыі, якая прызнавала асобнае этнічнае паходжанне беларусаў.

«Сярод рысаў беларускага характару выступае... інтэрнацыяналізм, а не нацыяналізм». «Калі мы стваралі наш гімн... я сказаў: зрабіце так, каб наш гімн гучаў як гімн народу-інтэрнацыяналіста»33 . Каб убачыць ідэнтычнасць улады, слова «інтэрнацыяналізм» тут трэба разумець не ў савецкай традыцыі – традыцыі роўнасці/салідарнасці народаў, – а як практыкі нацыі-паміж (інтэр-нацыі, між-нацыі) , як стан легітымнай нявызначанасці і жаданне пазбегнуць глыбокай і абавязковай нацыянальнай ідэнтыфікацыі. Традыцыйныя для Ўсходняй і Цэнтральнай Еўропы цэнтры нацыянальнай ідэнтычнасці – мова і супольнае паходжанне – сублімуюцца палітычнымі практыкамі рэжыму. Разам з разбурэннем савецкай свядомасці на першае месца, як і раней у гісторыі, выходзяць практыкі «тутэйшасці», да-нацыянальнага ці між-нацыянальнага, якія спалучаюцца з традыцыйным імкненнем пазбегнуць вызначэння зместу сваёй ідэнтычнасці, артыкуляваннем «неасаблівасці» і «падобнасці» нацыянальна беларускага да іншага.

  31Мова, такім чынам, з'яўляецца не столькі сродкам камунікацыі, колькі нацыянальным сімвалам.

32Падрабязней гл.: Казакевіч А. Пра калонію. Палітычная сфера, № 1/2001.

   
Для між-нацыі сітуацыя дзвюхмоўя, дакладней бязмоўя (у сэнсе існавання без нацыянальнае мовы), больш натуральная, як і нігілістычнае стаўленне да кожнай з нацыянальных моваў, якія паводле азначэння не могуць быць самакаштоўнымі для «тутэйшай» самасвядомасці.

Інтэр-нацыянальная метафара створана і для адказу на больш важнае з палітычнага пункту гледжання пытанне: «Чым мы – расійцы і беларусы – адрозніваемся?» Канцэнтраваны адказ улады будзе – практычна нічым. У выніку «аб'ектыўных прычынаў, перш за ўсё эканамічных (??? – Аўт. ), і традыцый мы практычна адзін народ». Слова «практычна» тут цэнтральнае: практычна нічым – значыць, нічым не адрозніваемся, што б мела практычнае значэнне (эканамічнае, палітычнае etc.). Слова практычна нясе асаблівы сэнсавы цяжар для ідэнтычнасці, адсылаючы да бясконцых нюансаў некарыснага і нецікавага непадабенства34. «Нармальная расійскасць» беларускага рэжыму ўсё больш сутыкаецца з ненармальнай палітычнай, эканамічнай і культурнай расійскасцю Расіі, што часам выклікае шчырае неразуменне і яшчэ большае адчужэнне. Дыстанцыя паміж расійскімі «русскими» і беларускімі «рускімі» непазбежна павялічваецца, ставячы пад пытанне ўсё больш і больш метафарычную «агульнасць».

  33Такім гэты гімн і выйшаў - максімальна аморфным і невыразным. Прынамсі, з прапанаваных версій гімну выбралі тую, якая найменш падыходзіла для яго статусу.
   

ДЗЯРЖАВА

Дзяржава – адзіны «цэнтр», існаванне якога прызнаецца і насаджаецца рэжымам. Астатнія магчымыя пункты канцэнтрацыі свядомасці і ўлады – нацыя, мова, культура і г. д. – паслядоўна дэлегітымуюцца палітычнымі і культурнымі практыкамі рэжыму. У адрозненне ад «беларускай дзяржавы», яе незалежнасці ды суверэнітэту, беларуская нацыя ўяўляе дастаткова цьмяную каштоўнасць для ідэалогіі беларускага рэжыму.

Калі нацыянальная (у сэнсе нацыянальна-культурная) ідэнтычнасць «беларускай мадэлі» скіравана да максімальнай нявызначанасці, то дзяржаўная самасвядомасць выяўляецца адкрыта. І хоць адзінае разуменне дзяржаўнай традыцыі адсутнічае, каштоўнасць «суверэнітэту і незалежнасці» «нашага супольнага дому Беларусі» ўсяляк падкрэсліваецца і не ставіцца пад пытанне. У нас «павінна быць незалежная дзяржава», «мы павінны развівацца незалежна». Незалежнасць звычайна транслюецца ўладаю як бясспрэчная каштоўнасць, галоўны сродак забеспячэння дзяржаўных, нацыянальных і народных інтарэсаў.

Такая «дзяржаўніцкая» рыторыка – з'ява адносна новая, найбольш адкрыта сфармуляваная пасля 2000-2001 гадах, калі праект інтэграцыі з Расіяй пачынае ўстойліва губляць свой палітычны капітал. Раней, у сярэдзіне 90-х, само слова «незалежнасць» (якое, здавалася, гучала занадта «нацыяналістычна») сублімавалася і замянялася на больш паліткарэктнае «суверэнітэт». Беларусь – «суверэнная рэспубліка». Гэта выклікала ўстойлівыя асацыяцыі з савецкай дзяржаўнай традыцыяй і БССР35 . Цяпер слова «незалежнасць» выходзіць на першы план і займае ўсё большае значэнне, нават для дыскурсу «ідэалогіі беларускай дзяржавы» (тое, што В. Булгакаў і Ю. Чавусаў назвалі «папулісцкім нацыяналізмам»).

  34Менавіта ў такім кантэксце расійскую мову можна называць «інструментам нашых ведаў». Які інструмент, такія і веды.
   
Праект інтэграцыі з Расіяй захоўвае сваю актуальнасць, але набывае іншае гучанне. Гэта абавязкова раўнапраўны Саюз дзвюх незалежных і суверэнных дзяржаваў. «У нас, у беларусаў, менталітэт іншы: для расійцаў не страшна, каб кіраваў іншаземец (што ў гісторыі краіны шмат разоў было)» (с. 78). «Ім не страшна, а мы павінны захаваць сваю зямлю», «мы гатовыя падзяліцца суверэнітэтам, але на роўных, каб і Расія рабіла тое ж». «Толькі праца на роўных – ніякай «інкарпарацыі Беларусі».

Дапускаюцца і больш паказальныя выказванні. Калі раўнапраўя не будзе, «будзем, сціснуўшы зубы, трываць, будзем працаваць, як яно ёсць». Тут нават існаванне без Саюзу не выглядае як катастрофа, што яшчэ 3-4 гады таму значыла адступленне ад дзяржаўнай палітыкі. Магчыма, гэта толькі рыторыка, але тое, што рыторыка стала менавіта такой, сведчыць пра многае.

Такім чынам, «слабая» ідэнтычнасць улады мае адно «моцнае» выключэнне – беларуская дзяржава. Калі на самых ранніх этапах эвалюцыі рэжыму дзяржаўнасць разглядалася толькі як сродак для дасягнення мэтаў, пастаўленых рэвалюцыяй 1994 (у тым ліку і пранікнення на расійскі палітычны рынак), то цяпер гэта адзіная прастора існавання рэжыму. Цяпер беларуская дзяржава набыла вялікае палітычнае значэнне, і недзе пасля 2001 году пачалася выразная ідэнтыфікацыя ўлады з ёй і паступовая міфалагізацыя ды ўзвядзенне ў сістэму «трывалых каштоўнасцяў», калі ў нашым кантэксце пра такія можна весці размову.

Імкненне пазбегнуць нацыянальнай і культурнай ідэнтыфікацыі з'яўляецца адной з прыкметаў сучаснага свету, калі выбар самасвядомасці робіцца праблемным, а межы звыклай ідэнтычнасці – размытымі. Тым не менш, для Беларусі гэты феномен мае не столькі новы, колькі традыцыйны характар, добра апісаны яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Культурныя практыкі накіраваныя на максімальнае расцярушванне ідэнтычнасці і пазбаўленне яе выразнага цэнтру, на месца якога можа прэтэндаваць толькі дзяржава.

Часам тыя, хто шчыра любіць беларускую культуру і мову, вельмі холадна, абыякава ставяцца да беларускай дзяржавы. З іншага боку, часцяком людзі, адданыя ідэі незалежнае Беларусі, не разумеюць, навошта «чапляцца за калхозную, напалову мёртвую мову». Можна было б назваць гэтую ідэнтычнасць «гібрыднай» альбо, з лёгкай рукі У. Абушэнкі, «крэольскай», калі б не недаравальная нявызначанасць гэтых паняткаў для беларускага кантэксту. Гібрыднасць патрабуе вызначэння двух «чыстых» першапачатковых тыпаў, якія потым утварылі нейкую «сумесь», «сінтэз» і г. д. «Крэольскасць» патрабуе пошуку цэнтру, перыферыі і міграцыйнага руху. І першае, і другое пры ўважлівым даследаванні сутыкаецца са значнымі канцэптуальнымі цяжкасцямі.

НАЦЫЯНАЛЬНАЯ/ДЗЯРЖАЎНАЯ СІМВОЛІКА

Спрэчка пра сімволіку яшчэ здольная выклікаць эмоцыі, але яе сацыяльная энергетыка, здаецца, згасла. «Сам па сабе бел-чырвона-белы сцяг не вінаваты», ён больш не з'яўляецца сімвалам пагрозы і палітычнае альтэрнатывы.

У 1995 г., калі Ціцянкоў драў на сувеніры бела-чырвона-белы сцяг на будынку Адміністрацыі прэзідэнта, ён вынішчаў рэшткі палітычнага праекту «адраджэння», які, здавалася, увасабляў асноўную пагрозу дэстабілізацыі для новага рэжыму. Калі моладзь у 1995-96 гадах паліла чырвона-зялёныя сцягі, зрывала іх са слупоў падчас дэманстрацый і здымала з афіцыйных будынкаў, гэта быў таксама палітычны чын супрацьстаяння рэжыму і «акупацыі». Паступова, аднак, новая сімволіка пачала ўспрымацца не як сімвал акупацыі, а як няправільны беларускі сімвал, які перастаў мець канкрэтнае палітычнае значэнне, тым больш што ўжо цэлая генерацыя вырасла, ведаючы толькі яго.

Новая сімволіка становіцца часткай ідэнтыфікацыі, сродкам рэпрэзентацыі не толькі і не столькі рэжыму, колькі Беларусі. Гэтае стаўленне можна параўнаць з стаўленнем да сімволікі БССР, якая магла ўспрымацца як «няправільная», але адначасова была важным элементам нацыянальнага самаадрознівання. Усё негатыўнае стаўленне было накіравана супраць СССР, а не савецкае Беларусі (бо гэта ўсё-такі Беларусь).

Чырвона-зялёны сцяг цяпер – гэта «няправільны» беларускі сімвал. Няправільны, але беларускі, і ўсё менш савецкі.

Бел-чырвона-белы сцяг таксама «не вінаваты». Гэта азначае не яго легітымацыю, але дастаткова спакойнае ўспрыманне. Здаецца, для ўлады ён усё больш траціць палітычнае і набывае пераважна гістарычнае значэнне. Нават вяртанне нацыянальных сімвалаў не выглядае вар'яцтвам ці здрадаю: «Можа быць, калі-небудзь мы вернемся да гэтага пытання, але не цяпер», – кажа прэзідэнт, усяляк адмаўляючы сваё асабіста негатыўнае стаўленне да нацыянальнага сцягу.

Улада легітымуе новую («савецкую, як яе некаторыя называюць») сімволіку праз «народ» і «закон».

«Калі мяняць сімволіку, з якой нашы папярэднікі жылі, працавалі і ваявалі, то мы павінны былі параіцца з народам. Я даў магчымасць людзям вызначыцца» – правёў рэферэндум. Цяпер усе павінны паважаць гэтую сімволіку, таму што гэта закон, як гэта рабіў і сам прэзідэнт у 1994 годзе, цалуючы бел-чырвона-белы сцяг падчас інаўгурацыі. Пра перавод аргументацыі ў «прававую» сферу дадаткова сведчыць зніжэнне палітычнай і эмацыйнай напоўненасці «спрэчкі пра сімвалы».

X. Генеалогія рэжыму

          У 1995 годзе... усё ляжала ў руінах.

          А. Лукашэнка

Нягледзячы на падобную рыторыку, мы не можам казаць пра прамую пераемнасць савецкага рэжыму і рэжыму сучаснага. Гэта, я думаю, відавочна для ўсіх, акрамя вонкавых/замежных аналітыкаў, якія прызвычаіліся ўсё падводзіць пад уласныя зручныя схемы. Рэвалюцыя сярэдзіны 90-х не стала ні «вяртаннем імёнаў», ні «вяртаннем да маці»36 . Для стварэння ўласнае генеалогіі рэжым значна часцей выкарыстоўвае супрацьпастаўленне з «хаосам пачатку 90-х» – менавіта з гэтага «хаосу» ён і паўстаў.

  35Існавала нават пэўная апазіцыя словаў «незалежнасць» і «суверэнітэт». «Незалежнасць» суадносілася з нацыянальнай традыцыяй разумення дзяржаўнасці (ад БНР), «суверэнітэт» - з савецкай (БССР).
   
У кантэксце настолькі характэрнага ідэалагічнага ўніверсуму вобраз «пачатку 90-х» паўстае як вобраз сістэмаўтваральны, ад якога пачынаецца сапраўднае «нармальнае» фармаванне беларускай дзяржавы. Рэжым сапраўды выводзіць сваю генеалогію з 1994-1996 гадоў і, натуральна, не мае ніякага жадання хоць неяк атаясамліваць сябе з першымі гадамі незалежнасці. Прэзідэнт дакладна вызначае ўзрост «нашай дзяржавы» – 8 гадоў (1995, год першага рэферэндуму і фармавання «вертыкалі ўлады»). «Толькі 8 гадоў, як мы пачалі фармаваць сваю дзяржаву» (с. 11, 41). З логікі ідэалагічных схемаў, 1990-1994 гады – вір разбурэння, этнічнай варажнечы, эканамічнага калапсу, палітычнай анархіі і здрадніцтва. Эпоха «дэмакратыі», «незалежнасці» (абавязкова ў двукоссях, бо размова тут не можа ісці пра сапраўдную дэмакратыю і незалежнасць, якую персаніфікуе рэжым) – здрадніцкі план, ператвораны ў начное трызненне. Звычайная пазіцыя прадстаўнікоў сістэмы: так, менавіта так адбывалася ў тыя часы, але я (мы) не маем да гэтага дачынення, «апазіцыя» (гэта значыць «тыя-хто-цяпер-у-апазіцыі») – яны ў гэтым вінаватыя, мы былі апошнім бастыёнам «нармальнага розуму» супраць «рэфарматарскага», «нацыяналістычнага», «ліберальнага» etc. шаленства. Дарма што тады шмат хто з апарату займаў пасады дый цяпер прыгадвае гэты час як «залаты век», калі можна было многае.

«Думаю, многія памятаюць, якая разруха была ў сярэдзіне 90-х, на жаль, не толькі ў матэрыяльнай базе, але і перш за ўсё ў галовах, ладзе жыцця» (?! – А.К. ). «Таму мне многа што дазволена, і вы не маеце права на мяне крыўдаваць». Такая сінтаксічная канструкцыя пачынае будаваць спецыфічную логіку мыслення, якая выходзіць далёка за межы спрэчак пра тое, што было на самай справе, і складае падмурак стратэгіі кіравання. Здзіўляе, наколькі моцная яшчэ апеляцыя да дэмакратычнай улады перыяду 1991-1994 гадоў. Тэрмін існавання сучаснага рэжыму ў тры разы перавышае час «дэмакратыі», але апеляцыя да гэтага дастаткова аддаленага перыяду мае ў дыскурсе ўлады вельмі вялікае значэнне.

Вось некалькі найбольш важных бінарных апазіцый, на якіх сучасны рэжым будуе сваю генеалогію:

— распрадаць, спыніць буйныя прадпрыемствы, аддаць уладу крыміналу і карупцыі альбо навесці парадак ва ўсіх структурах дзяржаўнага кіравання;

— пакінуць без дзяржаўнай падтрымкі адукацыю, навуку, медыцыну альбо захаваць моцную дзяржаўную палітыку;

— пакінуць парламенцкую анархію альбо выбудаваць эфектыўную вертыкаль кіравання з персанальнай адказнасцю;

— пайсці ў нацыяналістычным кірунку альбо забяспечыць сацыяльна-палітычную стабільнасць.

Такія апазіцыі сустракаюцца скрозь па тэксце выступаў прэзідэнта нават перад студэнтамі і могуць быць важным сімптомам.

Акт паўстання новага рэжыму легітымуецца не толькі станам «хаосу», але і «народнай падтрымкай». Народ нібыта самастойна выявіў сваю прыхільнасць да новага ладу і новае канстытуцыі на рэферэндуме. Больш за тое, вырашэнне канстытуцыйнай крызы на карысць прэзідэнта «было адзіным сродкам пазбегнуць гвалту», бо «ўжо некаторыя зброяй «ляскалі» ды на сілавыя захады правакавалі».

Карпаратыўнага адзінства новы рэжым не меў, як і не меў прэзідэнт уласнай каманды праз адсутнасць досведу бюракратычнай і апаратнай працы. Улады для прыходу «новай», амбіцыйнай бюракратыі было дастаткова, але «нешта яго ўтрымала ад памылак». Цяпер рэжым лічыць сваім гонарам, што ён не стаў «рэзаць па жывому і мяняць усю ўладу», «там было шмат таленавітых, гадамі шліфаваўся досвед. Гэтае ядро засталося і перш за ўсё ў эканоміцы». Частка «новых людзей» збегла з ураду, астатнія заняліся ідэалогіяй, кадрамі і правам. Тыя, хто не павінны былі «быць пры ўладзе», праз сваю «здрадлівасць і несумленнасць» (гэта тычылася і старой, і новай эліты), сталі «дэструктыўнай апазіцыяй».

«...Потым быў рэферэндум. Потым мы боўталіся, неяк выкараскваючыся, выкарыстоўваючы старыя кадры, ... тады была праблема і мы яе вырашылі». Прыкладна так выглядае кароткае самаапісанне беларускім рэжымам уласнае генеалогіі.

Такім чынам, сваю генеалогію рэжым пачынае недзе ў 1994-95 гадах. Рыторыка ўлады сістэматычна падкрэслівае, што Беларусь толькі пачала складвацца як дзяржава. «Мы, як і іншыя краіны СНД, не мелі традыцый дзяржаўнасці. У савецкія часы мы былі «ўскраінай», «правінцыяй» і, натуральна, не мелі таго, што павінна мець дзяржава».

У адрозненне ад большасці краінаў рэгіёну, якія рознымі шляхамі спрабуюць паглыбіць сваю гісторыю, беларускім уладам гэтага не трэба (уся рыторыка пра «традыцыю беларускага народу», «карані» і г. д. мае абстрактны, а не канкрэтна гістарычны змест, дакладней, гэты змест наўмысна агістарычны). Што яшчэ больш важна (асабліва для вонкавага назіральніка): рэжым не выводзіць сваёй генеалогіі з савецкай сістэмы, хоць і падкрэслівае сваю сімвалічную лаяльнасць да яе досведу. Новы рэжым - гэта ўтаймаванне паслясавецкага хаосу, а не жыццё mos maiprum37 савецкага палітычнага і эканамічнага ладу, як гэта часта (і, на маю думку, зусім беспадстаўна) апісваюць СМІ, а таксама расійскія і заходнія аналітыкі.

  36Кансерватыўныя версіі рэвалюцый. «Вяртанне імёнаў» - сацыяльны праект Канфуцыя, «вяртанне да маці» - так называліся рэформы ў шумерскай цывілізацыі.
   

XI. Гісторыя і яе будучыня

          Калі б нехта хацеў даказаць, што гісторыя – гэта толькі лялька ў руках тых, што з ёю гуляе, то ён мог бы ўзяць у якасці прыкладу Беларусь і Украіну.

          Даніэль Бавуа. Спрэчкі гісторыкаў Францыі, Расіі і Польшчы вакол Украіны-Русі

          Вы можаце мяне папракнуць, што я ў гісторыі шукаю апраўданне гэтаму курсу, але калі гісторыя дае такое апраўданне і я яго знаходжу, дык што ў гэтым благога?

          А. Лукашэнка

Гісторыя з'яўляецца важным элементам нацыянальнай тоеснасці: «Назапашаны народам гістарычны досвед павінен творча выкарыстоўвацца для ўзмацнення нашай маладой дзяржаўнасці, для вырашэння задач мінулага і сучаснага». «Беларусь – краіна паводле гістарычных мерак маладая, але наш народ мае шматвекавую гісторыю». Бітва за гісторыю, дакладней, за гістарычную памяць у Беларусі налічвае ўжо некалькі стагоддзяў, нават у сучаснай Беларусі такая барацьба мае сваю насычаную падзеямі гісторыю, дастаткова ўзгадаць, колькі разоў перапісваліся падручнікі гісторыі за апошнія 13-14 гадоў.

Палітычныя сілы ставіліся і ставяцца да гісторыі вельмі ўважліва, шукаючы тут не толькі сродак фармавання масавай свядомасці, але і крыніцу «сакральнага» для грамадства. Інтэрпрэтацыя гісторыі ў дыскурсе ўлады зазнала апошнім часам пэўныя змены, але пераважна яны тычацца рознай расстаноўкі акцэнтаў, а не карэннага перагляду.

Дамінантнай да гэтага часу застаецца канцэпцыя трыадзінага рускага народу і агульнарускага паходжання нашай дзяржаўнасці38 . Канцэпцыі пра агульнарускую народнасць, мову, самасвядомасць, дзяржаву («заснаваную на моцнай княскай уладзе») успрымаюцца як аксіёмы. Гэта нават служыць наіўнай аргументацыяй на карысць гістарычных вытокаў дзвюхмоўя ў Беларусі. Больш за тое, сцвярджаецца, нібыта і Ф. Скарына пісаў «па-руску», а «руская мова» была кніжнаю для насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага, хоць агульнавядома, што тая «руская мова» была далёка не «русская мова» ў сучасным разуменні.

  37Лац. «паводле звычаю продкаў».
   
Інтэграцыі гістарычнай і культурнай спадчыны ВКЛ у гістарычны канон улады так і не адбываецца, хоць пэўны прагрэс у гэтым працэсе заўважны. Рускія землі ўчынілі «зацятае супраціўленне» пашырэнню ВКЛ, а Полацкае ды Віцебскае княствы неаднаразова бунтавалі супраць уладаў княства. ВКЛ – дзяржава збольшага чужая, і яе нельга лічыць уласна беларускай, хоць можна лічыць да пэўнай ступені беларускай. Прыкладна такія формулы вызначаюць статус ВКЛ у гістарычным каноне афіцыйнай улады. Асаблівая ўвага надаецца сцверджанню праваслаўнай ідэнтычнасці, свайго роду міфу пра «асаблівую вернасць беларусаў праваслаўю», якое «захоўвалася і ўзмацнялася на працягу стагоддзяў», што нельга лічыць гістарычнай праўдаю (дастаткова ўзгадаць два стагоддзі дамінавання Уніі).

Натуральна, што далучэнне да Расіі было пазітыўным фактам (беларускі народ выратавалі ад шляхецкай анархіі), а паўстанні супраць Расіі – толькі рухам «чужой па духу» для беларускага народу шляхты.

БНР – не дзяржава, а БССР – калыска беларускае незалежнасці. Рэпрэсіі 30-х гадоў беларусаў практычна не закранулі, «бо ў Беларусі былі добрыя кіраўнікі, якія... заўсёды абаранялі народ».

Культывуецца шэраг іншых гістарычных міфаў: беларусы ніколі не былі заваёўнікамі, заўсёды арыентаваліся на прынцыпы сацыяльный справядлівасці. Акрамя таго, увесь гістарычны шлях нашага народу адзначаны стваральнай дзейнасцю. Усё гэта спалучаецца з рытуальным выкрыццём «гістарычных фальсіфікацый» ідэалагічных ворагаў, іх таемных сімпатый да фашызму, русафобіі і паланафільства.

Вось такім чынам пераняты савецкі гістарычны корпус з некаторымі «дадаткамі» незалежнасці ды суверэнітэту. Хоць гэта і мае нечаканы «патрыятычны» разварот кшталту: «Мяне глыбока абурае і як гісторыка, і як кіраўніка дзяржавы, калі Беларусь атаясамліваецца то з Вялікім Княствам Літоўскім, то з Польшчай, то з Расіяй. Мы павінны ганарыцца тым, што стварыў і чым быў слаўны наш беларускі народ, а не ягоныя гістарычныя суседзі», – дзе праступае імкненне ачысціць беларускую годнасць ад вонкавых напластаванняў. Хоць і тут прыняцця спадчыны ВКЛ не адбываецца.

Збольшага беларускі рэжым шукае сваю сутнасць не ў гістарычнай традыцыі, а ў сучаснасці і перш за ўсё ў палітычных і сацыяльных практыках апошніх 8-10 гадоў. Беларускі рэжым пазіцыянуе сябе як сістэму з кароткай генеалогіяй, што можна лічыць цалкам палітычна апраўданым.

Як бы ні склалася будучыня Беларусі, не факт, што яна стане гісторыяй.

XII. Без заканчэння

  38У адным з падручнікаў ідэалогіі ідзе размова нават пра «общерусские корни» беларускай дзяржаўнасці - гэта ўжо зусім вар'яцтва.
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 4 (33) – 2004

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/1/12