A R C H E П а ч а т а к № 4 (33) - 2004
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


4-2004
" да Зьместу "

 



аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі

 


апытаньні

   

Вокладка ARCHE 4-2004.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (3'2004)
   ARCHE (2'2004)
   ARCHE (1'2004)
   Эўропа на ўсход ад    Эўропы
   Віленская Анталёгія
   Чэскі Альбом
   Pax Americana
   Туманнасьці
   беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6'2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4'2001)
   Скарына
(3'2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1'2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8'2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6'2000)
   Глёбус
   Скарына
(4'2000)
   Габрэі
   Скарына
(2'2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Часта кажуць, што для замежнікаў Беларусь асацыюецца толькі з Чарнобылем і Лукашэнкам.
Ці згодныя вы з такім сьцьверджаньнем?

Лешак Бальцаровіч, старшыня Нацыянальнага банку Польшчы

На любую краіну часта глядзяць праз прызму найбольш гучных зьяваў, якія ў гэтай краіне ёсьць. Існуюць іншыя, часам значна больш істотныя рэчы, але, калі вакол іх няма розгаласу, яны, на жаль, не заўважаюцца. А не сакрэт, што Лукашэнка - досыць добра вядомая, так бы мовіць, асоба ў сьвеце.

Станіслаў-Мацей Булак-Балаховіч, унук генэрала Станіслава Булак-Балаховіча

На жаль, гэта так. Гэтыя два факты - чарнобыльская трагедыя і Лукашэнка, зь ягоным, я б сказаў, «нецікавым» кіраваньнем - сталі ў пэўным сэнсе сымбалямі Беларусі для сярэдняга паляка. У мяне зусім інакш. Беларусь - гэтам месца, зь якім зьвязаная гісторыя майго роду, там знаходзяцца мясьціны, дзе калісьці ваяваў дзед.

Мар'юш Каміньскі, дэпутат польскага Сойму ад партыі «Закон і справядлівасьць»

На жаль, гэта так. Але што да палякаў, дык тут, як мне падаецца, сытуацыя трохі іншая. Мы - суседзі і маем шмат супольнага ў гісторыі і сучаснасьці, таму сярэдні паляк напэўна ведае пра Беларусь значна больш, чым іншыя замежнікі. Вядома, няшчасьце для беларускага народу, што на сёньняшні дзень на Беларусь глядзяць праз прызму дыктатуры Лукашэнкі і вялікай трагедыі, якой быў выбух у Чарнобылі.

Тадэвуш Канвіцкі, выбітны польскі пісьменьнік, кінарэжысэр, ураджэнец Віленшчыны

Не. Мне падаецца, што шмат хто ў Польшчы думае пра Беларусь не як пра краіну, дзе кіруе Лукашэнка, а як пра краіну, зь якой палякі столькі стагодзьдзяў жылі разам у адзінай супольнай дзяржаве. У такім пекным выглядзе, на маю думку, Беларусь прысутнічае ў сьвядомасьці многіх палякаў. А яшчэ ў нас жа ёсьць вялікая беларуская меншасьць, якая не дазваляе палякам забыцца пра існаваньне беларускай нацыі і культуры.

Браніслаў Камароўскі, былы міністар абароны Польшчы, дэпутат Сойму ад партыі «Грамадзянская плятформа»

Не, не, што вы! Я абсалютна з такім сьцьверджаньнем ня згодны. Напэўна, абодва гэтыя няшчасьці не дадаюць вашай краіне добрага іміджу, але, на шчасьце, палякі значна больш ведаюць пра беларусаў. Мяркую, што, нягледзячы ні на што, у нас значна больш добрых уяўленьняў пра Беларусь. Безумоўна, зь ніводнай з гэтых бедаў - ані з Лукашэнкам, ані з Чарнобылем - палякі сваіх суседзяў-беларусаў не атаясамліваюць.

Катажына Матушэўска, намесьніца старшыні партыі «Унія працы»; супрацоўнічае зь беларускімі недзяржаўнымі арганізацыямі, за што была летась дэпартаваная зь Беларусі

Для сярэдняга паляка - так. Але для мяне Беларусь - гэта перадусім рух супраціву супраць рэжыму Лукашэнкі, Міцкевіч, які нарадзіўся ў Беларусі і таму таксама быў беларусам, прыгожая архітэктура, культурныя, выхаваныя людзі - мае сябры. А з другога боку ёсьць толькі адно - хамства чыноўнікаў лукашэнкаўскай адміністрацыі розных узроўняў.

Тэрэза Скірмунт, дачка Станіслава Скірмунта - расстралянага Чырвонай арміяй у 1939 годзе сваяка прэм'ера БНР Рамана Скірмунта. Жыве ў Варшаве

Так, у Польшчы часта гавораць пра Чарнобыль і Лукашэнку, калі гаворка заходзіць пра Беларусь. Але асабіста для мяне Беларусь атаясамліваецца перадусім з працавітымі і добрымі людзьмі. Людзьмі, якія, на жаль, стагодзьдзямі ня мелі сваёй дзяржаўнасьці. Што да Лукашэнкі, дык гэта справа часовая. Ён для мяне ні ў якім разе ня сымбаль Беларусі.

Прафэсар Эльжбэта Смулкова, першы амбасадар Польшчы ў Беларусі, беларусістка

Фактычна ў Польшчы існуюць два стэрэатыпы што да Беларусі. Адзін - гістарычны, які ўжо паволі аджывае: беларус як бедны вясковец, пазбаўлены нацыянальнай сьвядомасьці чалавек «з крэсаў», дабрадушны цёмны селянін. Другі стэрэатып - гэта погляд на Беларусь праз прызму прэзыдэнтуры Аляксандра Лукашэнкі. Гэта факт, але гэта ня польскі погляд на Беларусь у шырокім сэнсе. Палякі, якія сустрэліся зь Беларусьсю сучаснай, сучаснай перадусім у сэнсе таго часу, што надышоў адразу пасьля распаду СССР, - гэтыя людзі глядзяць на Беларусь як на нашага партнэра, як на эўрапейскую краіну. Краіну пэўных супярэчнасьцяў і такой, я б сказала, цікавай разнастайнасьці поглядаў, веравызнаньняў. Краіны, дзе частка людзей больш прыхільная да Ўсходу, а частка - да Захаду. Для польскай інтэлігенцыі, для шмат каго з польскіх палітыкаў і навукоўцаў Беларусь - гэта эўрапейская краіна, якая мусіць больш голасна пра сябе заявіць - і ў галіне эканомікі, і ў галіне культуры. Для Польшчы Беларусь - гэта сусед, зь якім мы імкнёмся да раўнапраўнага супрацоўніцтва. Аднак часам дасягнуць яго цяжка, і часта ня з нашае віны.

Пётар Стасіньскі, журналіст, намесьнік галоўнага рэдактара «Gazety Wyborczej»

Не, гэта няпраўда. Ці не зусім праўда. Мне падаецца, што ад пачатку 90-х палякі сутыкаюцца зь вялікай колькасьцю беларусаў, напрыклад тых, што прыяжджалі і прыяжджаюць ува ўсходнюю Польшчу пагандаляваць. Тыя палякі, якія гандлявалі зь беларусамі, асабліва на пачатку 90-х, вельмі добра зараблялі, гэтыя грошы займалі значнае месца ў іх бюджэце. Таму беларусы атаясамліваюцца шмат кім зь людзьмі, якія, як і палякі ў 80-я, гатовыя да цяжкасьцяў і рызыкі, каб палепшыць узровень свайго жыцьця. А калі нехта думае пра палітыку, дык, вядома, у першую чаргу ўзьнікае Лукашэнка. Але Беларусь атаясамліваецца таксама і зь перасьледам апазыцыі. Тут трэба падкрэсьліць, што калі Беларусь і атаясамлівацца з Лукашэнкам, то вельмі непрыхільным для самога Лукашэнкі чынам. А Чарнобыль? Не, гэта ў сьвядомасьці палякаў атаясамліваецца хутчэй з Украінай.

Міхал Ягела, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Польшчы, былы віцэ-міністар культуры, пісьменьнік і навуковец

Не, я ня згодны. Але я не найлепшы прыклад «сярэднестатыстычнага» паляка, бо шмат цікаўлюся Беларусьсю і шмат пра вашу краіну ведаю. А калі браць менавіта «сярэднестатыстычнага» паляка, дык Чарнобыль і Лукашэнка, на жаль, сапраўды прысутныя ў ягоным успрыманьні Беларусі. Але тут я б дадаў, што для «сярэднестатыстычнага» паляка Беларусь атаясамліваецца таксама з добрымі, лагоднымі людзьмі, якія маюць цікавую народную культуру.

Апытваў Аляксей Дзікавіцкі

Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 4 (33) - 2004

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/1/12