5 лістапада 1952 году айцец Сіповіч напісаў у Генэральную раду Марыянскага закону наступную заяву:
Пасьля доўгай развагі перад Богам, маючы на думцы большую славу Божую i Блаславёнай Дзевы Марыі, а таксама лепшае асягненьне мэтаў нашага закону сярод беларусаў на выгнаньні, менавіта - даць магчымасьць заснаваць законны дом (г. зн. кляштар. - Аўт.) беларускіх айцоў марыянаў (ut possibilitas Domus Religiosae Marianorum Alboruthenorum praeberetur), ніжэйпадпісаны прапануе: набыцьцё, г. зн. купля для Беларускай мicii дому, які знаходзіцца на Голдэн-авэню, Лёндан, № 12 i называецца «Марыян Гаўз», разам з гародам i мэблямі, за цану 8200 фунтаў. Умовы куплі наступныя: сума 4000 фунтаў павінна быць заплачаная на працягу трох гадоў ад часу, калі Галоўная рада дасьць сваю згоду. Пасьля таго як сума 4000 фунтаў будзе сплачаная літоўскім айцам марыянам, тытул уласнасьці «Марыян Гаўз» фармальна пераходзіць да Беларускай мicii. Апошнія 4200 фунтаў павінны быць сплачаныя на працягу наступных трох гадоў разам з 2,5 % ад сумы, якая застаецца да заплаты. Пасьля куплі «Марыян Гаўз», уласнасьць бізантыйска-славянскай капліцы пераходзіць канчаткова да Беларускай мicii.
Думка купіць «Марыян Гаўз» для беларусаў нарадзілася ў айца Сіповіча даволі рана, хоць ён не казаў пра гэта нікому, апроч блізкіх прыяцеляў, якім мог даверыцца. 11 верасьня 1952 году ён пісаў айцу Гарошку: «Трэба выкупіць для Беларускай мicii «Марыян Гаўз». Гэта вельмі важная, але i цяжкая справа». Гэта была сьмелая думка, бо ў тым часе Сіповіч ня меў ніякіх фондаў і даходаў, апрача маленькай дапамогі ад Усходняй кангрэгацыі. Але калі яму нельга было адмовіць у сьмеласьці i ініцыятыве, дык, відаць, не хапіла дасьведчаньня i разважнасьці, каб дакладна абмеркаваць праект i такім чынам пазьбегнуць у будучыні - калі не для сябе, то для сваіх наступнікаў - паважных прыкрасьцяў i канфліктаў.
У вышэйзгаданым лісьце можна вылучыць два сутнасныя пункты:
1) дом купляецца для Беларускай мicii;
2) гэта будзе законны дом (кляштар) беларускіх айцоў-марыянаў, якім даручаная праца Місіі.
Тут адразу кідаецца ў вочы адсутнасьць яснага падзелу між дзьвюма ўстановамі: Беларускай каталіцкай місіяй i Законам айцоў-марыянаў. Місія была заснаваная Кангрэгацыяй для Ўсходніх Цэркваў дзеля пастырскай апекі над беларусамі-каталікамі ў Англіі. Першым яе рэктарам быў айцец Чэслаў Сіповіч, які належаў да Закону айцоў-марыянаў. Але гэта не азначала, што ягоным наступнікам таксама мусіў быць марыянін, як гэта бачылася Сіповічу. I вось тады паўставала пытаньне, хто ўласьнік «Марыян Гаўз»: калі Місія, то марыяне заставаліся без свайго кляштару; калі ж марыяне, дык Місія магла апынуцца на вуліцы. Магчыма, праз гэтую юрыдычную няяснасьць марыянскія ўлады ў Рыме не сьпяшаліся з адказам. Пачакаўшы адзін год, 30 кастрычніка 1953 году Сіповіч паўтарыў сваю просьбу, але ў крыху зьмененай форме:
Я заўсёды цьвердзіў i цьверджу, што сужыцьцё i супрацоўніцтва дзьвюх установаў, менавіта беларускай i расейскай, у адным доме ёсьць практычна немагчымым... Каб разьвязаць гэтае пытаньне, я зрабіў прапанову ўважаць «Марыян Гаўз» як ядро законнага дому беларускіх айцоў-марыянаў (Ad solvendam questionem proposui «Marian House» qua cellularti Domus Religiosae Marianorum Alboruthenorum considerare) i, як такі, купіць яго ад літоўскіх айцоў-марыянаў на працягу чатырох гадоў за цану 8200 фунтаў. Калі будзе на гэта згода, пакорна прашу Генэрала i Галоўную раду даць дазвол на збор грошай.
Гэтым разам яму не прыйшлося доўга чакаць. 31 сьнежня 1953 году ён атрымаў ліст, падпісаны генэралам марыянаў Уладыславам Мрочакам i галоўным сакратаром Янам Сакевічусам:
Каб задаволіць тваю просьбу ад 30 кастрычніка 1953 г., пасьля атрыманьня згоды нашай Рады 25 лістапада 1953 г., мы даем табе дазвол купіць у Лёндане маёмасьць літоўскай правінцыі, што называецца «Марыян Гаўз», з мэтаю заснаваць у будучыні законны дом беларускіх айцоў-марыянаў (ut ibi m futuro Domus Religiosae Marianorum Alboruthenorum fundetur), i дзеля асягненьня гэтай мэты мы даем табе права зьбіраць грошы, пад умоваю, што ўсё будзе згодна з патрабаваньнямі нормаў сьвятых канонаў i нашых канстытуцыяў.
Апошнія два дакумэнты ясна паказваюць, што купля «Марыян Гаўз» мела быць прыватнай справай між беларускімі i літоўскімі марыянамі. Пра Беларускую каталіцкую місію няма нават згадкі.
Атрымаўшы дазвол ад сваіх марыянскіх уладаў, Сіповіч пачаў зь вялікай энэргіяй збор грошай. Пад патранатам арцыбіскупа Ўэстмінстэрскага кардынала Грыфіна быў створаны Фонд Беларускай каталіцкай місіі (па-ангельску - «The Whiteruthenian Catholic Mission Fund»; па-француску - «Le Fond de la Mission Catholique Biélorussienne»). Ганаровы камітэт фонду складаўся з 15 беларусаў i іхніх прыяцеляў з розных краінаў сьвету на чале зь біскупам Баляславам Слосканам. Ад імя фонду былі надрукаваныя падпісныя лісты «дабрадзеяў «Марыян Гаўз» (Benefactors of..., bienfaiteurs de...) для зьбіраньня ахвяраваньняў. На адвароце лістоў падаваліся тлумачальныя тэксты на трох мовах - ангельскай, францускай i беларускай. Вось беларускі тэкст:
Беларуская Каталіцкая Місія, якая вядзе ад 1947 г. душпастырскую, харытатыўную i культурна-грамадзкую працу сярод беларусаў у В. Брытаніі, ня мае дагэтуль собскага прыпынку. Таму з дазволу i багаславенства царкоўных уладаў прыступіла ў гэтым годзе 1954 - асабліва пасьвячаным Найсьвяцейшай Дзеве Марыі - да зборкі грошы на куплю дому, у якім яна сяньня знаходзіцца, a які сваім імем мае славіць Марыю: MARIAN HOUSE. На закуп «Марыян Гаўз» трэба восем тысяч ангельскіх фунтаў. Гэтым зьвяртаемся з гарачай просьбай дапамогі да суродзічаў беларусаў i да ўсіх тых, хто разумее патрэбы беларускага жыцьця на чужыне. Кожнага году ў дзень Унебаўзяцьця Н. Д. Марыі, 15 жніўня, за ўсіх дабрадзеяў «Марыян Гаўз» будзе адпраўлена сьвятая Багаслужба.
Побач з афіцыйнай акцыяй, айцец Сіповіч зьвяртаўся асабіста да некаторых больш вядомых асобаў, просячы іхняй дапамогі. 30 ліпеня 1954 году ён пісаў Амбражэю Ондраку, абату бэнэдыктынскага манастыра ў Ляйлі каля Чыкага:
Ha жаль, да сёньняшняга дня Місія наймае памешканьне. У гэтым годзе, з дазволу маіх старэйшых у Рыме, Яго Эмінэнцыі Кардынала Грыфіна i Біскупа Слоскана, Апостальскага Візытатара для беларусаў, я распачаў падпіску на фонд куплі дому для Беларускай місіі ў Лёндане. Асьмельваюся зьвярнуцца да вас з просьбай...
25 кастрычніка 1954 году айцец Сіповіч пісаў беларускаму сьвятару ў Нямеччыне Ўладзімеру Салаўю:
Вялікі дзякуй за тваю дасюлешнюю дапамогу для Беларускай Каталіцкай Місіі. Несумненна, разьвіцьцё i лёс Місіі блізкія твайму сэрцу, i таму асьмельваюся, пачэсны Ойча, прасіць яшчэ адной ласкі, менавіта каб ты прыйшоў з дапамогаю набыць дом для Місіі (ut adiutorio in emenda domo pro Missione venias). Каб набыць гэты дом, які б задаволіў патрэбы Місіі, трэба 8000 фунтаў. Зборка грошай, пад патранатам Яго Эмінэнцыі Кардынала Грыфіна, арцыбіскупа Ўэстмінстэрскага, ужо пачалася.
Сіповіч прасіў дапамогі ў айца Вэрэнфрыда ван Страатэна, заснавальніка арганізацыі «Дапамога сьвятарам з Усходу» (Oostpriesterhulp). У лісьце ад 31 жніўня 1956 г. ён пісаў:
Наступная і вельмі важная справа - купля ўласнага дому для Беларускай каталіцкай місіі ў Англіі (Die nächste und auch sehr wichtige Sache ist der Ankauf des eigenes Hauses für die Weissruthenische Katholische Mission in London)... Зьвяртаемся да цябе, дарагі Ойча, i празь цябе - да ўсіх дабрадзеяў з просьбай дапамогі... Купля дому для Беларускай каталіцкай місіі ня толькі запэўніць існаваньне Місіі, але будзе служыць як духоўны цэнтар для беларусаў усёй Эўропы.
У адказ Ван Страатэн прыслаў 357 фунтаў, што ў той час было значнай сумай.
Увa ўсіх гэтых просьбах i зваротах адсутнічае якая-колечы згадка пра марыянаў. Таму дабрадзеі былі пад уражаньнем, што дом, на які яны давалі ахвяраваньні, будзе ўласнасьцю Беларускай каталіцкай місіі. Пра сапраўдны стан рэчаў ня ведалі нават самыя блізкія супрацоўнікі айца Сіповіча. Так, 24 сьнежня 1954 году ў «Catholic Herald» быў надрукаваны пад назовам «Лёнданская Місія» ліст старшыні БАКА «Рунь» Язэпа Пазьняка, у якім аўтар, пахваліўшы дзейнасьць Беларускай каталіцкай місіі, якая «часова знаходзіцца ў «Марыян Гаўз», Голдэн-авэню, Лёндон, № 12 (temporarily established at Marian House, Holden Avenue, London N. 12)... пад разумным i заўсёды прысутным у патрэбе, поўным спагады кіраўніцтвам Айца Сіповіча», працягвае: «Каб запэўніць будучыню гэтай карыснай працы, ...патрэбныя фонды, каб набыць «Марыян Гаўз» як сталы цэнтар гэтай Місіі».
Айцец Сіповіч зьвяртаўся таксама непасрэдна з просьбаю дапамагчы да кардыналаў Спэльмана зь Нью-Ёрку, Стрытча з Чыкага i Капэльля з Буэнас-Айрэса. Усе тры лісты, з датаю 31 ліпеня 1954 году, мелі аднолькавы зьмест i пачыналіся такім сказам: «У выніку рэлігійнага перасьледу ў нашай бацькаўшчыне Беларусі, вялікая колькасьць уцекачоў, маіх суродзічаў... пасялілася ў В. Брытаніі». Рэлігійны перасьлед сапраўды існаваў у той час у Беларусі і ўва ўсёй Усходняй Эўропе, дзе пры ўладзе былі камуністы. Аднак ня ён быў прычынаю, чаму бальшыня ўцекачоў пакінула сваю бацькаўшчыну. Таму тое, што казаў Сіповіч, гучала непераканаўча i выглядала на спробу выкарыстаць рэлігійныя пачуцьці асобаў, да якіх ён зьвяртаўся.
У лісьце да кардынала Леркара з Балёніі ад 29 чэрвеня 1955 году Сіповіч, папрасіўшы дапамогі, «каб набыць дом для маёй Місіі», працягваў: «Маю ініцыятыву ўхвалілі i падтрымалі мае непасрэдныя начальнікі, менавіта Яго Эмінэнцыя кардынал Грыфін i Яго Эксцэленцыя біскуп Баляслаў Слоскан». Сіповіч не належаў да Ўэстмінстэрскай дыяцэзіі, i таму кардынал Грыфін ня мог быць ягоным непасрэдным начальнікам: імі былі генэрал марыянаў i сакратар Усходняй кангрэгацыі. Ніводзін зь ix не ўваходзіў у ганаровы камітэт куплі «Марыян Гаўз».
Лісты да кардыналаў не далі чаканых вынікаў i прынесьлі айцу Сіповічу толькі клопат. Кардынал Спэльман зь Нью-Ёрку пераслаў ягоны ліст i лісты ахвярадаўцаў ува Ўсходнюю кангрэгацыю. Гэта была звычайная абачлівасьць з боку кардынала, які, напэўна, атрымліваў шмат падобных просьбаў і, ня ведаючы асабіста Сіповіча, не жадаў, каб ягонае ахвяраваньне трапіла ў неадпаведныя рукі. Айцец Сіповіч не чакаў такога павароту справы. На збор грошай на патрэбы Місіі патрабаваўся дазвол ад Усходняй кангрэгацыі. Сіповіч такога дазволу ня меў, бо, хоць у звароце да ахвярадаўцаў гаварылася пра куплю дому для Беларускай каталіцкай місіі ўсходняга абраду, у сапраўднасьці (пра што не было сказана) ён меў заставацца ўласнасьцю марыянаў. Такім чынам, склалася даволі прыкрая сытуацыя. Відаць, каб пазьбегнуць падобных прыкрасьцяў у будучыні, у сваім лісьце ад 28 жніўня 1954 году да айца Яна Тарасэвіча Сіповіч настойваў, каб беларусы ў Чыкага абавязкова пайшлі да кардынала Стрытча, бо, як ён пісаў, «калі вы ня пойдзеце i ня выясьніце справы, я баюся, што ён мой ліст i просьбу перашле ўва Ўсходнюю кангрэгацыю ў Рым, i тады страціцца шмат часу i паперы на розныя выясьненьні».
Амаль праз тры гады, 15 траўня 1957 году, Сіповіч пісаў да доктара Станіслава Грынкевіча ў зьвязку з прапановай аднаго амэрыканскага сьвятара, Марціна Макдонафа, выстарацца яму дапамогу ў біскупа Філадэльфіі:
Вяртаючыся да справы «Марыян Гаўз»... жадаю... зьвярнуць увагу на некаторыя важныя абставіны. Трэба помніць, што на звычайную душпастырскую працу сярод беларусаў я атрымоўваю дапамогу сталую ад Айца Сьв. праз Усходнюю Кангрэгацыю. Гэтай дапамогі, аднак, мне зусім не выстарчае на куплю дому. Калі аднак a. Марцін МакДонаф жадае пайсьці да біскупа i прасіць аб сталай дапамозе мне, то трэба перш упэўніцца (у дыскрэтнай гутарцы з а. Марцінам), ці той біскуп не пачне наводзіць «спраўкі» адносна маёй Місіі i розных яе запамогаў. Я не баюся нічога, але гэтакія спраўкі звычайна вядуць у Рым, а Рым кажа: «Прысылайце нам грошы, а мы будзем дапамагаць сваім сьвятарам». Гэтак мне ўжо здарылася з кард. Спэльманам, якому паслаў лісту, i тую лісту той пераслаў у Рым. А Рым так i астаўся нясьпешлівым Рымам...
Такім чынам, прыйшлося, хочаш ня хочаш, даваць тлумачэньні для Ўсходняй кангрэгацыі. 30 сьнежня 1954 году айцец Сіповіч пісаў кардыналу Тысэрану:
Было пастаноўлена заснаваць у Лёндане «Новую Друю», але каб зрабіць гэта, трэба перш набыць адпаведны дом. Праблема вырашылася, бо літоўскія айцы (марыяне) прыйшлі нам з дапамогаю i выказалі згоду перадаць маёмасьць «Марыян Гаўз» на выгодных для нас умовах... Дзеля яснасьці справы пасылаю неабходныя дакуманты i прашу пакорна ў Вашай Эмінэнцыі дапамогі ў куплі дому ў залежнасьці ад вашага меркаваньня i шчодрасьці.
Тысэран адказаў 25 лютага 1955 году:
У справе куплі дому для Місіі, паколькі кантракт мае быць унутранай справай між дзьвюма часткамі таго самага Закону (між літоўскімі марыянамі рымскага абраду i беларускімі марыянамі бізантыйскага абраду), гэтая Сьвятая Кангрэгацыя (Усходняя. - Аўт.) ня мае ў гэтым ніякай асаблівай зацікаўленасьці; калі б, з другога боку, набытак быў для Беларускай каталіцкай місіі бізантыйскага абраду ў Англіі sic et simplicker (так, а не інакш), тады і толькі тады гэтая Сьвятая Кангрэгацыя магла б разгледзець магчымасьць зрабіць свой унёсак.
Беларуская грамадзкасьць на Захадзе пасьля Другой сусьветнай вайны складалася галоўным чынам з «новых» эмігрантаў, г. зн. тых, што засталіся на Захадзе як уцекачы, не жадаючы ці ня могучы вяртацца на бацькаўшчыну, якая тады ўваходзіла ў Савецкі Саюз. Большасьць новых эмігрантаў былі маладыя людзі, якія пачыналі сваё новае жыцьцё ў цяжкіх абставінах. Тым ня менш яны вызначаліся глыбокім зразуменьнем i ахвярнасьцю дзеля беларускай справы. У прыватнасьці, яны добра разумелі вартасьць свайго рэлігійнага цэнтру, i таму многія, каталікі i праваслаўныя, шчодра адгукнуліся на заклік дапамагчы набыць «Марыян Гаўз». Калі б, аднак, яны ведалі, што «Марыян Гаўз» меў застацца ўласнасьцю айцоў-марыянаў, іхняя рэакцыя ня розьнілася б вельмі ад рэакцыі кардынала Тысэрана. Для маладзейшага пакаленьня словы «беларускія марыяне» не азначалі нічога. Старэйшыя маглі памятаць лёс Друі...
Большасьці сяброў ганаровага камітэту для куплі «Марыян Гаўз» няма ўжо ў жывых, таму цяжка сказаць, ці яны ведалі пра сапраўдны стан рэчаў. Усё паказвае на тое, што не. Адзін зь сяброў камітэту, доктар Вітаўт Рамук з Чыкага, даслаў 2 сьнежня 1998 году ліст аўтару гэтых радкоў, у якім піша:
У 1953-54 г.г. я жыў у Лёндане... У 1954 г. Айцец Сіповіч спытаўся ў мяне, ці я згадзіўся б быць сябрам камітэту куплі «Марыян Гаўз» як сталага памешканьня для Беларускай каталіцкай місіі ў Англіі. Я згадзіўся з гатовасьцю, бо ідэя ўласнага рэлігійнага цэнтру была вельмі даспадобы мне i іншым беларусам... Таму для мяне быў вялікі шок, калі нядаўна даведаўся, што «Марыян Гаўз» застаўся ўласнасьцю айцоў марыянаў, а не Беларускай каталіцкай місіі ў Англіі. Выглядае, што спачатку мне i іншым не сказалі ўсіх фактаў. Я ўпэўнены, што, калі б мы ведалі праўду, наша рэакцыя на заклік была б зусім іншай. Як католік i беларус я вельмі праняты тым, што я даведаўся. Я заўсёды верыў, што жаданьні ахвярадаўцаў павінны быць выкананымі. Не хачу абвінавачваць нікога, але выглядае, што беларусам не сказалі праўды. Асабіста ў мяне такое адчуваньне, быццам мяне выкарысталі.
Іншыя беларусы мелі яшчэ больш сьціслыя весткі. 12 верасьня 1953 году, яшчэ да атрыманьня дазволу на збор грошай, айцец Сіповіч пісаў А. Касьцюкевічу ў Бафалё ў ЗША:
Цяпер дазвольце мне зьвярнуцца да вас з просьбай. Пасьля доўгіх разважаньняў я пастанавіў выкупіць «Марыян Гаўз» ад літоўцаў... Таму, абгаварыўшы з усімі знаёмымі суродзічамі справу, я адважыўся распачаць зборку грошы на выкуп з мэтай зрабленьня ў ім беларускай бібліятэкі, архіву, мейсца на розныя зборкі. Ужо мне некаторыя беларусы злажылі ахвяры, некаторыя задэкляравалі... Я ведаю, што вы небагатыя i што кожны грош цяжка запрацаваны, але асьмельваюся да вас зьвярнуцца з просьбай аб злажэньні ахвяры на выкуп «Марыян Гаўз» з той надзеяй, што Вы мне дапаможаце i што я Вам у будучыні пастараюся чым-колечы адплаціцца.
З маладых год жыцьцё айца Сіповіча было цесна зьвязанае з Друяй. Ён застаўся да канца ёй верным i эмацыянальна зь ёю зьвязаным. Зь цягам часу значэньне Друі ў рэлігійным жыцьці Беларусі непамерна вырасла ў ягоным уяўленьні. Адсюль i спроба заснаваць «Новую Друю». Наогул, аднак, ён трымаў гэтую сваю мару ў сакрэце i дзяліўся ёю толькі зь нешматлікімі даверанымі асобамі. 27 жніўня 1954 году ён пісаў айцу Міхалу Ўрбановічу, беларускаму марыяніну, які правёў амаль усё свае жыцьцё ў працы сярод літоўцаў i палякаў у Амэрыцы:
«Марыян Гаўз» мае быць Новай Друяй, якая, зруйнаваная i зьбяшчэшчаная бязбожнікамі, на векі будзе ганарыцца, што ў ёй працавалі сьвятыя нашы айцы беларусы: Абрантовіч, Цікота, Германовіч, - якія аддалі жыцьцё i кроў за веру. Я - як той недабітак, - з Божай помаччу хацеў бы традыцыі Друі, маіх дарагіх Айцоў, якія мяне выхоўвалі, захаваць, i таму трэба залажыць дом для марыянаў беларусаў на чужыне.
Зрэдку ідэя «Новай Друі» вельмі асьцярожна згадваецца ў перапісцы зь іншымі беларусамі-каталікамі, напрыклад у лісьце ад 1 кастрычніка 1954 году да доктара Станіслава Грынкевіча ў Кліўленд: «Марыян Гаўз» - гэта Новая Друя. Тут павінны знайсьці прыпынак беларускія архівы, музэй i да т. п. Вельмі цяжка ўрэчаісьніць гэты плян, але пры помачы Божай ёсьць магчыма».
Ахвярадаўцы маюць поўнае права ведаць, куды ідуць іхнія ахвяраваньні, i дамагацца, каб ix скарыстоўвалі на мэту, на якую яны даваліся. Паколькі будучыя дабрадзеі «Марыян Гаўз» нічога ня ведалі пра «Новую Друю», цяжка пазбыцца ўражаньня, што Сіповіч абышоўся вельмі ашчадна з праўдаю.
У 1954 годзе беларускіх марыянаў у «Марыян Гаўз» было двое: айцец Сіповіч (40 год) i брат Мікалай Баговіч (51 год). Спадзявацца на рост у будучыні практычна не прыходзілася. Адзіны кандыдат, Янка Садоўскі, які вучыўся ў Рыме, пакінуў марыянаў у 1953 годзе. Не даводзілася разьлічваць і на прыезд марыянаў з Польшчы, дый усе яны належалі да рымскага (лацінскага) абраду i былі ў немаладым веку. Аднак гэта не зьнеахвочвала Сіповіча. Ён пачаў зьбіраць грошы на «Марыян Гаўз» яшчэ ў 1953-м, да таго як атрымаў дазвол ад сваіх законных уладаў. Так, у чэрвені таго году ён адведаў беларусаў у Ковэнтры, Бірмінгеме, Нью-Ёрку i Ньюпарце i вярнуўся дамоў зь велізарнай сумай... 6 фунтаў. У верасьні таго самага году a. Сіповіч быў у Ірляндыі. Паездку зладзілі сябры «Легіёну Марыі», якія часта прыходзілі ў «Марыян Гаўз». Гэты візыт ня быў пастырскі, бо ў Ірляндыі не было беларусаў. Як спроба сабраць грошы на «Марыян Гаўз» ён скончыўся нічым. Другая паездка ў 1957 годзе атрымалася ня лепшай, хаця a. Сіповіч пазнаёміўся з заснавальнікам «Легіёну Марыі» Франкам Дафам, які даў на «Марыян Гаўз» 2 фунты. Айцец Сіповіч меў таксама аўдыенцыю ў прэзыдэнта Ірляндыі Дэ Валера, але, як толькі ўспомніў аб дапамозе, той адаслаў яго да ірляндзкіх біскупаў. Спроба атрымаць аўдыенцыю ў Дублінскага арцыбіскупа скончылася няўдачай, a генэральны вікарый прыняў яго ветліва, але холадна.
Акцыя збору грошай сур’ёзна распачалася ў другой палове 1954 году. Беларусы i іхнія прыяцелі шчодра адгукнуліся на заклік Сіповіча, i ўжо ў пачатку 1956 году ён здолеў сплаціць літоўцам 1000 фунтаў, а яшчэ праз год аддаў ім другую тысячу. У верасьні 1957 году Сіповіч паехаў на тры месяцы ў Амэрыку. Мэты паездкі не абмяжоўваліся зборам грошай, але ён пра гэта нідзе не забываўся. Вярнуўся ў Лёндан 13 сьнежня, прывёзшы з сабою 6500 даляраў, або больш як 2000 фунтаў паводле тагачаснага абменнага курсу. У лютым 1959 году Сіповіч сплаціў літоўскім марыянам 5200 фунтаў. 8 ліпеня 1959 году літоўскія марыяне пастанавілі: «Паколькі большая частка грошай для літоўскіх айцоў была сплачаная а. Сіповічам МІС (дагэтуль заплачана 5200 фунтаў, застаецца да заплаты 3000 фунтаў), было аднагалосна пастаноўлена перадаць тытул уласнасьці «Марыян Гаўз» беларускім марыянам». Галоўная марыянская рада ў Рыме 21 ліпеня зацьвердзіла пастанову «перадачы тытулу ўласнасьці маёмасьці, што называецца «Марыян Гаўз», ад літоўскай правінцыі да айцоў-марыянаў беларускага паходжаньня».
Такім чынам, набыцьцё «Марыян Гаўз» для Беларускай каталіцкай місіі набліжалася да завяршэньня. Толькі Місія як раней, так i цяпер ня мела нічога. Дом заставаўся ўласнасьцю Закону марыянаў, бо «перадача ўласнасьці» літоўскімі марыянамі беларускім была іхняй чыста ўнутранай справай. За яе заплацілі беларусы з усяго сьвету i іхнія прыяцелі. Праўда, некаторыя падазравалі, што тут нешта не зусім у парадку. 1 чэрвеня 1955 году Сіповіч пісаў Віктару Іваноўскаму ў Лёндан (Канада):
Асобным лістом пасылаю вам лісту на «Марыян Гаўз». Убачыўшы яе, вы зразумееце, сколькі трэба было далажыць стараньняў, каб атрымаць той высокі Патранат Уэстмінстэрскага Кардынала i іншых асоб! Ужо крыху сабраў грошы, але вельмі мне далёка да канца. Буду Вам вельмі ўдзячны, калі знойдзеце спосаб уцягнуць на лісту хаця некалькі ахвярадаўцаў. Верце, даражэнькія, што ўсё гэта робіцца на славу Бога i нашай гаротнай Беларусі.
Відаць, «высокі патранат» не зрабіў вялікага ўражаньня на Іваноўскага, i ён адказаў айцу Сіповічу (ліст бяз даты):
Ha падпісную лісту я ўжо сабраў звыш 21 даляра... Калі грошы вам так пільна не патрэбныя, то я хацеў бы ix затрымаць i выслаць большай сумай, каля 50 даляраў, бо маю надзею, што змагу сабраць досьць парадачную суму тады, калі вы выясьніце праз газэту «Бацькаўшчыну», на каго гэны дом мае быць запісан i г. д. Бачыце, у мяне людзі пытаюць, i нат Др. Рагуля катэгарычна патрабуе шырэйшага выясьненьня. Чы гэты дом будзе належаць для беларусаў каталікоў як цяпер за вашым жыцьцём, так i пасьля вашага адыходу ад рэлігійнага i наогул жыцьця.
Няведама, ці былі яшчэ іншыя лісты падобнага зьместу, але праз год у газэце «Бацькаўшчына» (выходзіла ў Мюнхене) зьявіўся наступны ліст Сіповіча:
На просьбу некаторых беларусаў падаю да агульнага ведама наступнае:
Дом у Лёндане (пры Holden Avenue, № 12), названы «Марыян Гаўз», у якім ад 1948 г. знаходзіцца беларуская каталіцкая капліца, прызначаецца для наступных мэтаў:
1) на памешканьне законьнікаў марыянаў-беларусаў;
2) нa рэлігійнае абслугоўваньне беларусаў-каталікоў у В. Брытаніі;
3) нa бібліятэку, архівы й музэй вылучна беларускага зьместу або зьвязанага зь беларусаведай.
Юрыдычна справа выглядае наступна: галоўная ўлада айцоў марыянаў дала фармальна поўную згоду на куплю «Марыян Гаўз» для вышэй выказаных мэтаў - з тэй, зразумела, умовай, што знойдуцца сродкі на сплату коштаў куплі дому. Няма ніякіх сумлеваў, што «Марыян Гаўз» прызначаецца для беларусаў i за імі назаўсёды застанецца. Сяньня ў Эўропе пражывае 12 беларускіх сьвятароў-марыянаў, i яны ня маюць змогі пакуль што сабрацца i працаваць разам. Але, каб навет i была гэтая магчымасьць, няма дзе зьбірацца, пакуль ня купіцца «Марыян Гаўз». Хто із старэйшых беларусаў прыгадвае манастыр айцоў марыянаў у Друі i іхную працу сярод беларускай моладзі й сялян, той будзе ведаць, што «Марыян Гаўз» мае служьщь тым самым мэтам, хоць i ў іншых - шмат цяжэйшых абставінах выгнаньня. Ад часу, калі ўсе юрыдычныя фармальнасьці былі выясьненыя, пачалася зборка грошай на выкуп «Марыян Гаўз». Дагэтуль было сабрана i выплачана собсьніку дому роўна тысяча фунтаў. Яшчэ трэба сем тысяч фунтаў, якія я павінен сабраць на працягу трох год.
Ліст канчаецца заклікам складаць ахвяраваньні на «Марыян Гаўз».
Гэты ліст выклікае неадназначныя пачуцьці. Кідаецца ў вочы адсутнасьць якой-колечы згадкі пра Беларускую каталіцкую місію, між тым як у падпісным лісьце ахвярадаўцаў на «Марыян Гаўз» няма ні слова пра марыянаў. Прачытаўшы сказ «няма сумлеваў, што «Марыян Гаўз» прызначаецца для беларусаў», хочацца спытацца, чаму наогул павінны былі быць нейкія сумневы. Аўтар таксама замоўчвае, каму належаў дом. З 10 (не 12) марыянаў «у Эўропе» толькі адзін, айцец Сіповіч, быў на Захадзе, усе іншыя - у Польшчы. Двух зь ix, Германовіча i Падзяву, толькі годам раней выпусьцілі зь зьняволеньня ў Савецкім Саюзе. Тры айцы, выселеныя з Друі ў 1938 годзе, - Язэп Дашута, Віталіс Хамёнак i Казімер Смулька, - не надаваліся да працы з прычыны веку i стану здароўя. Дашута пісаў Сіповічу 28 сакавіка 1956 году: «Я яшчэ да працы не надаюся... Пасьля другога завалу сэрца ідзе трудней, але i так ніхто не спадзяваўся, што выжыву». Айцец Германовіч у 1955 годзе «знайшоў а. Смульку ўжо поўным інвалідам i невідушчым». Айцец Віталіс Хамёнак быў найстарэйшы і, мусіць, найздаравейшы з трох. Але i ён пісаў Сіповічу 14 сакавіка 1961 году: «Аб сабе пісаць ня маю нічога новага. Старэю. Дакучае рэўматызм, артрыт, скляроза i печань, але прытрымліваюся ў ядзе i зажываю адпаведныя лякарствы i пры помачы Божай неяк кратаюся i працую».
Былі яшчэ чатыры былыя друйскія клерыкі: Фэлікс Журня, Францішак Апячонак, Баніфат Саруль i Антон Лось - усе, за выняткам аднаго, крыху маладзейшыя за Сіповіча. Усе чатыры канчалі навуку ў Польшчы і сталі сьвятарамі ў 1943-1946-м. Сіповіч думаў, што яны, як i ён, засталіся шчырымі беларусамі i мелі жаданьне працаваць сярод свайго народу. Але насамрэч аказалася іначай. У канцы 1956 году Сіповіч усталяваў сувязь з адным зь ix, Францішкам Апячонкам. 19 лютага 1957 году ён выслаў яму пакет са сьвятымі абразкамі, якія той прасіў, падаючы ix кошт як 10 імшальных інтэнцыяў. 5 сакавіка Апячонак адаслаў пакет назад з кароткім лістом, зразумела, па-польску: «Пакет адсылаю назад... Інтэнцыяў, зразумела, не служу, хіба толькі адну i то на інтэнцыю Ксяндза (г. зн. Сіповіча. - Аўт.), каб Ксёндз быў больш сумленны». Сіповіч адказаў 15 сакавіка лістом, у якім казаў: «Мне вельмі прыкра, што пасьля гэтак доўгага чаканьня нейкай весткі ад сваіх атрымаў гэткі няветлівы ліст». Ha гэта ён атрымаў адказ па-польску ад 8 красавіка: «Калі ідзе пра лучнасьць са сваімі, то мне здаецца, што ўся віна на баку тых, хто за мяжою». Было ясна, што Апячонак i іншыя былыя друйскія клерыкі маглі сказаць, што для ix, як у той прыказцы на чыстай трасянцы, «курыца ня пціца, Польшча не заграніца». У ix не было ані ахвоты, ані разуменьня патрэбы працаваць сярод беларусаў, асабліва на эміграцыі. Адзіным выняткам быў айцец Фэлікс Журня, для якога курыца была «пціцаю».
Айцец Сіповіч пісаў 9 чэрвеня 1956 году Іваноўскаму: «Я ня толькі ня гневаюся, але ўдзячны вам, што мяне падбухторылі напісаць у «Бацькаўшчыну» пра «Марыян Гаўз». Я ўжо гэта зрабіў... Як убачыце з майго выясьненьня, што няма сумневу, што «Марыян Гаўз» астанецца за беларусамі нават па маёй сьмерці».
Ліст у «Бацькаўшчыну» пісаўся ў разьліку на тое, каб супакоіць беларусаў. У сапраўднасьці ён нічога ня выясьніў i выклікаў больш пытаньняў, чым даў адказаў.
Некалькі словаў пра 3000 фунтаў, якія засталіся да заплаты літоўскім марыянам у 1959 годзе. У тым часе прыплыў ахвяраваньняў моцна зьменшыўся (што, пасьля пяці гадоў, зусім зразумела). Доўг пакрываўся зь невялікай гадавой дапамогі для Беларускай каталіцкай місіі ад Усходняй кангрэгацыі. Між іншым, у гадавых грашовых справаздачах беларускіх марыянаў у іхнюю Генэральную раду ў Рым у 1960-х гадах гэтая дапамога значыцца як «Subsidium Sacrae Congregationis Orientalis pro Marian House» (дапамога Сьвятой Усходняй кангрэгацыі для «Марыян Гаўз»). Наступная табліца, складзеная на падставе марыянскіх рахунковых кнігаў (асобных рахунковых кнігаў для Місіі не вялося), паказвае гэта наглядна:
Дапамога Ўсходняй кангрэгацыі (у фунтах) |
Выплата за «Марыян Гаўз» (у фунтах) |
Студзень 1960 |
500 |
25 студзеня 1960 |
500 |
10 сакавіка 1961 |
500 |
10 сакавіка 1961 |
500 |
З красавіка 1962 |
500 |
З красавіка 1962 |
500 |
1 студзеня 1963 |
500 |
1 студзеня 1963 |
500 |
10 лютага 1964 |
500 |
11 лютага 1964 |
333 |
23 студзеня 1965 |
750 |
26 студзеня 1965 |
290 |
9 лютага 1966 |
500 |
9 лютага 1966 |
250 |
Усяго |
3750 |
|
3000 |
Такім чынам, Усходняя кангрэгацыя сталася без свайго ведама i жаданьня дабрадзеем закону марыянаў...
Чэслаў Сіповіч быў чалавекам вялікай сьмеласьці i ініцыятывы, што брала свае вытокі ў ягонай глыбокай веры. Ён быў таксама моцна прывязаны да Закону марыянаў, якому ён шмат заўдзячаў. На жаль, гэтая прывязанасьць, заснаваная на эмоцыях, часта не дазваляла яму зірнуць цьвяроза на некаторыя рэчы i бачыць ix у існым сьвятле. Ягонай марай было заснаваць «Новую Друю», кляштар беларускіх айцоў-марыянаў, якія б «заўсёды» кіравалі Беларускай каталіцкай місіяй у Англіі. Ён нават ня мог дапусьціць думкі, што аднойчы ў «Марыян Гаўз» не застанецца ніводнага беларускага сьвятара-марыяніна. На жаль, тое, чаго ён не чакаў, здарылася, i Місія апынулася ў вельмі цяжкім, каб не сказаць безвыходным, становішчы.