Прапануючы пераклад «Імшы за места Арас», я наважыўся падаць тутака і некаторыя думкі, што ўсплывалі падчас працы над ім. Не зьбіраюся, аднак, рабіць дэталёвага разгляду, якога, быць можа, і патрабуе творчасьць Анджэя Шчыпёрскага, але толькі хачу зьвярнуць увагу чытача на некаторыя моманты, якія б дапамаглі гэты раман зразумець і адчуць ягоную сваістасьць. Таму абмяжоўваюся толькі кароткімі нататкамі.
«Імша за места Арас» не належыць да «гістарычных раманаў» у традыцыйным разуменьні гэтага панятку. Галоўным у кнізе зьяўляецца не сюжэт, а развагі аўтара, на гэты сюжэт накладзеныя. Аднак, разам з тым, гістарычная канва, хоць і адыгрывае ў рамане другасную ролю, ня ёсьць адно толькі выкветнай аздобаю. Яна зьяўляецца адпаведна вырабленым фонам, які дазваляе Шчыпёрскаму стварыць «матэрыяльную базу» для апісаньня ідэйных канфліктаў і дае яму магчымасьць урэчаісьніць уласныя аўтарскія думкі і пастановы.
Дзеяньне адбываецца ў вольным месьце Арасе, што ў Брабанце, у 50–60-я гады ХV стагодзьдзя. Брабант, падобна да іншых флямандзкіх земляў, у той час уваходзіў у склад Герцагства Бургундзкага, якое перажывала нядоўгі пэрыяд свайго росквіту. Герцагствам кіраваў сын Яна Бясстрашнага Філіп Добры, які знаходзіўся ў васальнай залежнасьці ад францускай кароны, а духоўную ўладу справаваў біcкуп утрэхцкі. Што ж да апісванага прамежку часу, дык да яго трэба прыгледзецца крыху больш уважна. XV стагодзьдзе ў Цэнтральнай Эўропе – гэта час пералому і трансфармацыі, час сутыкненьня сьветапоглядаў і іх змаганьня. Некаторыя дасьледнікі называюць гэты пэрыяд высокім сярэднявеччам; іншыя ж гавораць пра Рэнэсанс (зрэшты, Шано дашукваўся вытокаў Адраджэньня ўжо нават у ХІІ стагодзьдзі). Дагэтуль вядуцца дэбаты, бо ў гісторыі не існуе рэзкіх «водападзелаў» між эпохамі; аднак бясспрэчна, што час іх сустрэчы, час барацьбы іх культурных зьместаў і зьяўляецца найболей цікавым ды патэнцыйна плённым для літаратара – бо стварае ўмовы для паказу чалавечае душы ўва ўсёй аголенасьці ейнага змаганьня за сваю праўду. І, апісваючы гэтае змаганьне, Шчыпёрскі малюе вобраз, дакладны ў апісаньні як штодзённага жыцьця, так і сьветапоглядных плыняў ды канфліктаў таго часу. Трэба зазначыць, што спраўляецца ён са сваёй задачай умела. Бывае, праўда, і ён дапускае анахранізмы або недакладнасьці (як, напрыклад, індычны паштэт у якасьці стравы флямандзкіх месьцічаў за трыццаць зь лішкам год да адкрыцьця Амэрыкі, адкуль індык і трапіў у Эўропу, ці ўласна заканчэньне араскага «паляваньня на вядзьмарак» біскупам Давідам – а ня герцагам Філіпам Добрым, як было насамрэч). Аднак падобныя недакладнасьці сустракаюцца ня вельмі часта і для чытача-негісторыка, бадай, незаўважныя; вартасьці ж раману – відавочныя. Таму хацелася б крыху спыніццца на адметных характарыстыках гэтае кнігі.
МОВА І СТЫЛЬСпачатку крыху прыгледзімся да стылістычных сродкаў, выкарыстаных у рамане. Шчыпёрскаму ўдалося стварыць задуманы эфэкт: мова раману ўлучае рысы гутарковага стылю, але разам з тым выглядае як архаічная. Першая мэта дасягаецца дзякуючы некалькім прыёмам. Найгалаўнейшы зь іх – спэцыфічная будова сказаў: парадак слоў тут інвэрсійны, не характэрны для «кніжнай» мовы. У штодзённай гаворцы чалавек ня надта турбуецца пра форму выказанае думкі – хутчэй ён зьвяртае ўвагу на зьмест. Таму ў вуснай мове сказы набываюць пэўную шурпатасьць. Лёгкі налёт такое «няправільнасьці», адумысна захаваны аўтарам, характарызуе мову раману. Той жа мэце мусяць служаць і паясьняльныя ўстаўкі, якія ствараюць уражаньне, што суразмоўца падчас маўленьня, усьведаміўшы патрэбу паданьня дадатковае інфармацыі, адхіляецца ад асноўнае тэмы: «У суконьніка імем Гервазі, якога клікалі Дамаскіным – бо калісьці ў Сырыі бываў і меў шырокія сувязі сярод тамтэйшага купецтва, – паў конь».
Іншым прыёмам, якім карыстаецца Шчыпёрскі, зьяўляецца ўжываньне няпоўных сказаў. У размове мы, сьпяшаючыся хутчэй сказаць, нярэдка прапускаем паасобныя словы і нават цэлыя словазлучэньні; мове мастацкага твору гэты сродак надае рысы вуснага аповеду (напрыклад: «У міргатлівым сьвятле лямпы я бачыў ягоны твар – вельмі азызлы).
Звароты («Мае панове!») ды размоўная лексыка і выразы («баёды», «Клянуся Богам жывым!», «даў цягу») таксама ствараюць уражаньне вуснага аповеду. Пісьменьнік часам ужывае і сэнсавыя паўторы слоў, якія былі б стылістычнай памылкай, але ў дадзеным выпадку выкарыстаны адумыслова: «Цесьлі ды суконьнікі маўчалі, але Альбэр, аднак, не хацеў маўчаць».
Калі гаварыць пра архаізацыю мовы, дык тут Шчыпёрскі зьвяртаецца да падобных жа сродкаў – галоўным чынам, да адпаведнага парадку слоў і пэўнай лексыкі. Перш за ўсё, гэтаму мае служыць пастаноўка азначэньня пасьля азначанага назоўніка. Калі ў беларускай мове выкарыстаньне падобнага прыёму – нярэдкая зьява, дык у польскай, для якой такі парадак слоў увогуле характэрны, яго ўжываньне дзеля стварэньня эфэкту старасьвецкасьці патрабуе неабыякога ўмельства.
Дзеля аднаўленьня духу часу аўтар неаднаразова зьвяртаецца да састарэлых і царкоўных слоў ды выразаў («Госпада нашага Ісуса Хрыста»), а таксама спасылаецца на рэаліі тагачаснага жыцьця (напрыклад, брама Сьвятога Эгідыя). Хоць тут, на маю думку, не заўсёды ўдала. Напрыклад, традыцыйная для сярэднявечных тэкстаў інвакацыя «Ў імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духу. Амэн», часта ўжываная Шчыпёрскім, безумоўна гістарызуе мову, прыўносячы ў аповед водар мінуўшчыны, але разам з тым і надае яму адценьне пісьмовасьці – бо падобныя інвакацыі ўласьцівыя ня столькі маўленьню, колькі мове літаратуры і справаводзтва. Апрача таго, злацінізаваныя формы назваў гарадоў, якія Шчыпёрскі часам ужывае ў рамане (напрыклад, Сьпіра), зноў жа, скасоўваюць эфэкт апавядальнасьці.
СЫМБОЛІКАТэкст раману наскрозь прасякнуты алюзіямі, і Катарбінскі, пішучы пра «Імшу за места Арас», што «ўсё тут зьяўляецца сымбалем», меў вялікую рацыю. Сымболіка раману шматплянавая, і ўсе гэтыя пляны-ўзроўні цесна пераплецены між сабой – нават у адной сцэне ці аўтарскай рэфлексіі.
Першы ўзровень – гэта сымболіка паасобных эпізодаў ды фрагмэнтаў. Можна сьцьвярджаць, што прысутнічае яна ці не на кожнай старонцы. Ужо першая сцэна раману – няўдалая спроба ўцёкаў Яна зь места – зьвязвае пачатак з канцом і зьяўляецца алегорыяй самае дзеі: гэта шляхетныя намеры, зьведзеныя ў нівеч. Шчыпёрскі выбудоўвае ланцужок эпізодаў, і кожнае яго зьвяно адсылае да Сьвятога Пісьма, тэалёгіі, філязофіі ці інш.
Намалюем пункцір зь некалькіх найбольш яскравых алюзіяў. Вось зьяўленьне Яну Пілата, Пётры і Хрыста пасьля падзеньня Шастэля з каня на паляваньні. Пётра – апостал, які тройчы зрокся Хрыста; гэта вобраз Шастэля. Пілат умыў рукі, адмовіўшыся настаяць на сваім, – і выдаў Хрыста жыдам; так і Ян адмаўляецца ад умяшальніцтва. Хрыстос жа, на адрознасьць ад Пілата, – судзьдзя справядлівы і ўсёведны. Ён прысутны пры ўсім, ён бачыць кожны чын чалавека – і ўсё разумее. Нездарма ў другі раз Яну зьявяцца толькі Пілат з Хрыстом: тут няма Шастэля. Затое цяпер больш відочнае процістаўленьне Хрыста Пілату: адзін не збаяўся пайсьці на крыж дзеля сваіх перакананьняў, тады як другі паддаўся жаданьню большасьці – і ўкрыжаваў Бога. Хрыстос – гэта выбар боскасьці, дабра, а Пілат – д’яблаваньня, зла. Тэма гэтага выбару шматкроць гучыць у рамане.
А вось сцэна пасяджэньня Рады: тут сымболіка слоў Яна «д’ябал у ратушы» відавочная – бо сапраўды д’ябал запанаваў у душах тых, што засядаюць у ратушы і чыняць суд, прыкрываючыся (ці шчыра верачы) змаганьнем у імя Бога.
Брыдкая хвароба, што спатыкае Альбэра напрыканцы дзеі і прыводзіць яго да цяжкой сьмерці, – вось Божая адплата за пакутныя сьмерці іншых (зноў жа: сымбалічныя словы прамоўленыя дамініканам: «Стары моцна сьмярдзіць»). Можна падмануць людзей; можна нават падмануць сябе – але нельга падмануць Бога. Пасьля пошасьці, пасьля вычварэньняў, пакліканых адмовай Альбэра даць разграшэньне звыроднай матцы, ён «вяршыў суды лагодна і справядліва, нібы баючыся зноўку абудзіць гнеў Божы»; ён пастарэў і змаркотнеў – але атрыманае навукі хапіла ненадоўга; наадварот, здаецца, тое, што адбылося, з часам толькі яшчэ болей умацавала яго ў ягоных уявах. Ён разгортвае сваю дзейнасьць зь яшчэ большым размахам – і ўрэшце Бог вяршыць апошні суд.
Завяршальная сцэна раману – ад’езд Яна з Арасу – падсумоўваецца (падобна, зрэшты, як і лёгіка ўсяго сюжэту) ягоным гуканьнем, зьвернутым нібы да сябе самога: «Дурніца! Ня будзь цацкаю супраціўных вятроў...»
Другі ўзровень – гэта сымболіка імёнаў і характараў. Іх няшмат у рамане. Тры галоўныя дзейныя асобы – Ян, Альбэр, Давід. Колькі другасных, але таксама важных – Фар’я дэ Сакс, Шастэль, пекар Мэгун, суконьнік Іванэ… Сымбалічную нагрузку, перш за ўсё, нясуць тут імёны галоўных постацяў. На адрозьненьне ад іншых сустраканых у кнізе – стылізаваных пад франка-флямандзкія, якія пакліканы стварыць нацыянальна-храналягічны фон, – гэтыя імёны зьяўляюцца, так бы мовіць, «унівэрсалісцкімі», што яшчэ болей падкрэсьлівае іх сымбалізм.
Альбэр. Альбэр – гэта алюзія да імя сярэднявечнага дамініканскага манаха, тэоляга і прыродазнаўца Альбэрта з Кёльну, які быў яшчэ і настаўнікам Тамаша з Аквіну. Але гэта падабенства, так бы мовіць, вонкавае, «фармальнае». Паводле характару апісваны ў рамане сьвятар – хутчэй Саванароля, чым Альбэрт Вялікі (і, мусіць, нездарма аднойчы ў тэксьце названы «італійскім прыблудам»). Падобна да Саванаролі, ён выступае супраць царкоўнае гіерархіі (біскупа Давіда), больш давярае ўласным думаньням, чым вучэньню Царквы, і гатовы ўсё, што палічыць д’ябальскай спакусай, зьнішчыць у ачышчальным полымі.
Разважаньні яго шмат у чым слушныя, але, імкнучыся накінуць іх іншым, ён урэшце прыходзіць да адмаўленьня падставовых хрысьціянскіх прынцыпаў – у прыватнасьці, свабоды выбару. У выніку ягоная пабожнасьць прымае вычварныя формы, і, верачы, што вядзе людзей у рай, ён прыводзіць іх да пекла.
Тыранія Альбэра горшая за Давідаву – бо, калі біскуп распаўсюджвае сваю ўладу ў матэрыяльным сьвеце, Альбэр прагне паланіць душы; калі Давід сам зазначае, што можа часам націснуць, а часам – даць назад, дык Альбэр ідзе да вызначанае мэты, не зважаючы ані на якія ахвяры. Характэрным у гэтым сэнсе здаецца выпадак пакараньня звыроднае маткі. Фармальна Альбэр нібыта мае рацыю: апошні суд належыць Богу; але як хрысьціянін і як сьвятар ён мусіў бы праявіць міласэрнасьць. Жаданьне паставіць на сваім, пыхлівасьць сваёй абазнанасьцю ў духоўных справах вядзе яго фактычна да запярэчаньня сутнасьці хрысьціянства. Называючы месьцічаў вылюдкамі за тое, што яны хацелі аддаць гэтую кабету на катаваньні, ён аказваецца яшчэ большым вылюдкам, бо асуджае яе на пакуты значна страшнейшыя: для яе катаваньні – нішто перад страхам пекла. А што найгоршае, ён сваім прыкладам разбэшчвае месьцічаў, бо ставіць сябе па-над тым, што яны прывыклі лічыць боскімі законамі, і паказвае, што тыя законы не зьяўляюцца непераступнымі. Ён, хто меў быць узорам цнотаў, першы падае прыклад у д’яблаваньні.
Ён перакананы, што знайшоў шлях да Бога. Носьбіт паўднёвага тэмпэрамэнту, Альбэр патрапіў апанаваць свае жарсьці (апрача пыхі, якой не заўважае), сублімуючы іх у адно – прагу збаўленьня. Ня бачачы ў жыхарох Арасу – спакойных і цьвярозых «паўночніках» – падобнага гарачага памкненьня, ён імкнецца распаліць у іх найгоршыя інстынкты, каб пасьля перайначыць у скруху і жадобу шуканьня Бога – балазе, падзеі часоў пошасьці падалі ўзор. Таму дзеля веры ў свае мроі Альбэр сьвядома йдзе да ўсеагульнае разьні. Ужо на Радзе ў першыя дні перасьледаваньня жыдоў ён выкладае праграму-максымум: «Напэўна, было б варта спаліць места Арас у полымі пакутаў, каб яно йзноў стала сабою», – і ніхто з прысутных нават не падазрае, што гэта далёка не мэтафара. Ягоныя словы заўсёды гучаць нібыта вельмі лягічна; праблема толькі ў тым, што папраўдзе Альбэр зусім ня хоча, каб места стала сабой, – ён хоча, каб места стала ім.
Для Шчыпёрскага гэта тып тэоляга-схаляста, які прысьвяціў жыцьцё духовым пошукам Бога і думае, што знайшоў Яго, нават не падазраючы, як моцна памыляецца.
Давід. Толькі адна асоба з трох галоўных зьяўляецца рэальнай – гэта біскуп утрэхцкі Давід. Аднак гістарычнасьць постаці зусім не замінае несьці ёй такую ж сымбалічную нагрузку, як і дзьвюм астатнім. Давід – гэта імя старазапаветнага цара, пры якім старажытнагабрэйская дзяржава дасягнула росквіту. Падобна да цара Давіда, Божага памазанца, біскуп утрэхцкі ў рамане злучае ў сваёй асобе падвойную ўладу – сьвецкую і духоўную – і гэтак жа, як ён, імкнецца да дабрабыту сваіх падданых. Падобна да цара, біскуп зьяўляецца мудрым і магутным уладаром, але – зноў жа, як і цар, – мае слабасьць да жанок.
Давід – цьвярозы кіраўнік. Ён усьведамляе, што ягоны ўласны дабрабыт беспасярэдне залежыць ад дабрабыту ягоных падданых, а супакой – ад іхнага супакою. Дзеля дасягненьня пастаўленых мэтаў ён здатны на забойства і падступства, але мэты звычайна ён выбірае шляхетныя. Ён патрабуе ад Альбэра сабраць зь месьцічаў 60 дукатаў – на погляд таго, шалёныя грошы! – але прызначае іх на добрагаспадараньне Арасу. Каб ня даць распаўсюдзіцца пошасьці на іншыя мясцовасьці Брабанту, ён выстаўляе варту вакол мескіх муроў, асуджаючы арасцаў на амаль пэўную сьмерць ад голаду і заразы, – але адначасова, не шкадуючы ўласнае скарбніцы, робіць усё, каб дапамагчы ім выжыць. Ягоны прагматычны эгаізм заўсёды аказваецца збаўленчым. Ён сапраўды любіць людзей, але ў сваіх дачыненьнях зь імі – на адрознасьць ад Альбэра – кіруецца не эмоцыямі, а ўсьведамленьнем рэальных патрэбаў.
Для Шчыпёрскага Давід – гэта тып мак’явэлеўскага ўладара (такая трактоўка падмацоўваецца самой польскай мовай: у польскім перакладзе знакаміты трактат Мак’явэлі выйшаў пад назваю «Ksi???», што сугучна найменьню тытула герцага).
Ян. Гэтае імя нясе падвойны сэнс. У Сьвятым Пісьме так завуць апостала і эвангеліста, вучня, «якога Ісус любіў» (Ян 13: 23), сьведку слоў і чыноў Хрыста. І ў рамане Ян – вучань і сьведка. Ён вучань, якога Альбэр бачыць прадаўжальнікам сваёй справы. І таксама ён сьведка: хоць Ян здаецца заангажаваным у падзеі, што віруюць у Арасе, аднак гэта толькі ілюзія. Ён – не плывец, а адно назіральнік шторму на моры: грозныя хвалі падзеяў разьбіваюцца ля ягоных ног і найбольшае, што яму пагражае, – гэта быць аблітым салёнымі пырскамі. У небясьпечны момант нябачная рука заўсёды ўздыме яго па-над залевай, бо ён – сьведка Божага Наканаваньня. Ён заўсёды хоча быць «чыстым», і – у ягоных вачох – яму гэта ўдаецца.
Ян – сын свайго пераломнага часу: адной нагой ён стаіць у сярэднявеччы, другой – у рэнэсансе. Прыдворных лекараў герцага ён называе «гайнёй дармаедаў і ганарліўцаў» і кажа, што яны «атручвалі ягоны (герцагаў. – Аўт.) высокі розум баёдамі», але ў галіне тэалёгіі часам выказвае думкі, за якія нават і крыху пазьней можна было трапіць на вогнішча.
Хоць ён кажа, што «прыехаў у Арас, калі быў вельмі маладым чалавекам, які яшчэ ня скончыў школ, ня ведаў ні пісьма, ані добрых манераў», аднак яго цяжка западозрыць у неадукаванасьці, бо ягоная мова перасыпаная рэмінісцэнцыямі ды мэтафарамі, запазычанымі як зь Бібліі, так і з клясычнае літаратуры: «…акрухі, што ўпалі з нашага стала…» (параўн. Мц 15: 27: «Але і й сабакі ядуць крошкі, якія падаюць з стала гаспадароў іх») і «я – адзін зь сяброў герцага… але я вам адкрыта кажу – бо любоў да праўды мне даражэйшая за ўсё, – што ня варта выклікаць біскупа» (параўн. Арыстотэлева: «Плятон мне сябар, але праўда даражэйшая»). Ці, можа, гэта плён вучэньня пад кіраўніцтвам Альбэра ў Арасе?
Для Шчыпёрскага гэты герой прадстаўляе «звычайнага», «сярэдняга» чалавека. Ян – гэта вобраз кожнага з нас.
Апошні ўзровень – найбольш агульны і, так бы мовіць, «палітычны». Тут сымболіка вельмі празрыстая. Увесь раман уяўляецца як адна суцэльная алюзія да «PRL’u» – сацыялістычнай Польшчы. Узгадкі пра ідэалістычнага дзеда-рыцара – спамін пра паўстанцаў 1794, 1831 і 1863 гадоў, а пошасьць – гэта жахі другой сусьветнай вайны. Ян тут выступае сымбалем інтэлігенцыі, якая нібыта і дапушчана да справаваньня палітыкі, але de facto адно ўхваляе рашэньні, інсьпіраваныя Альбэрам. Але хто ж тады Альбэр, які, тузаючы за нябачныя нітачкі эмоцыяў, рэалізуе свае згубныя ідэі? Гэтая постаць у рамане дапускае разнастайныя інтэрпрэтацыі. Нехта захоча ўбачыць у ім Сталіна, іншы ж – завадатара антысавецкіх хваляваньняў. Думаю, што сам Шчыпёрскі закладаў якраз другі варыянт – асабліва калі зважыць на час распачацьця працы над раманам – верасень 1968 году. Прыезд Давіда ў Арас тады можна было б зьвязаць з абраньнем Герака на пасаду 1-га сакратара ЦК ПАРП – калі б гэтае абраньне не адбылося месяцам пазьней пасьля заканчэньня раману. Хутчэй, аўтар бачыць у гэтым прыезьдзе прыход у Чэхаславаччыну савецкіх танкаў.
На гэтым узроўні адчуваюцца паралелі з «Скутым розумам» Мілаша. Магчыма, што Шчыпёрскі пісаў пад яго ўплывам ці ў дыскусіі зь ім. Ягоны галоўны герой робіць, аднак, выбар прынцыпова адрозны ад таго, які робіць сам Мілаш, – ён падпарадкоўваецца меркаваньню бальшыні, хоць і ўсьведамляе, што гэта – ад д’ябла. Здаецца, «Імша за места Арас» мусіла зьявіцца свайго роду апалёгіяй інтэлігенцыі – апраўданкай перад уладамі за вальнадумства 1968 году. Аднак, як кожная таленавітая рэч, яна не прывязаная да канкрэтнага часу і падзеяў, а яе сымболіка ўнівэрсальная. Так, напрыклад, для савецкага і постсавецкага чытача яна хутчэй выступае як тлумачэньне таго, што змушае чалавека пагаджацца зь непрымальнай ідэалёгіяй. «Імша за места Арас» успрымаецца як працяг «Скутага розуму» – толькі ў іншым жанры.
ПСЫХАЛЯГІЗМ ДЗЕІ
Ляйтматыў аповесьці – паўтаральнасьць рэплік, здарэньняў, выпадкаў. Жуда пошасьці знаходзіць новае ўвасабленьне ў пагромах і разьні, а бязбожнае пакараньне звыроднае маткі – у судзе над жыдом Цэлюсам. Фар’я дэ Сакс засьведчвае сваю шляхетнасьць пры падзеле пароўну харчоў і ўзыходзячы на стос, а Яну двойчы даецца магчымасьць зрабіць слушны выбар – і ён двойчы яе марнуе. Для Шчыпёрскага падвойнасьць нясе нейкі містычны сэнс, што ўплывае як на вонкавую, так і на ўнутраную структуру раману. Нават псыхалягічна-маральных лініяў у рамане дзьве. Першая – гэта дасьледзіны пыхі і тых наступстваў, да якіх можа давесьці яе неўтаймаваньне. Другая – роздум над тым, што ж змушае людзей адмаўляцца ад свабоды і ўласнадумнасьці.
Паводле айцоў царквы, «пыха – гэта корань усялякага зла». Але пыха можа быць рознай. Гэта можа быць пыха Давіда – ганарлівасьць шляхетнаўроджанага, які займае высокае становішча ў грамадзтве. Яна, хоць не без выдаткаў, але вядзе да ўсьведамленьня свайго месца ў сусьвеце і, тым самым, да прызнаньня сваіх абавязкаў. Але можа быць і пыха Альбэра – пыха, якая засьцінае розум, пыха, якая зьнявольвае і вядзе да граху. Альбэр перакананы ў сваёй духовай выключнасьці, няўхільна верыць у сваю місію. Ян кажа, што «нават над хрушчамі ён схіляўся, апантаны сваім пасланьніцтвам». Гэта выклікае раздвоенасьць ягоных слоў і чыноў. Ён так прагне змагацца за збаўленьне душаў, што перастае бачыць людзей. Ён цытуе сьв. Францішка, але насуперак апошняму ня хоча заўважаць ладу і прыгажосьці створанага сьвету, знаходзячы паўсюль адно д’ябальскія пасткі. Ён адмаўляе розуму ў магчымасьці пазнаньня Бога – і ў той жа час прывячае дамініканаў, прынцыпова інтэлектуальны ордэн, дый сам стала займаецца моўнай эквілібрыстыкай у прагненьні настаяць на сваім. Альбэраў максымалізм ператварае ягоныя развагі ў абсурд, а ўрэшце прыводзіць да такога ультранаміналізму, які апраўдвае кожны чын: «Ня тое важна, чым рэч зьяўляецца, але тое, якое яна найменьне носіць. Усё есьць тым, чым ёсьць яго найменьне». Ён ставіць сябе па той бок дабра і зла, прысабечыўшы кампэтэнцыі Бога.
Альбэр любіць пашану і ўзьвялічваньне. Калі Давід з схаванай насьмешкай тытулюе яго «Вашай Вяльможнасьцю», ён ня бачыць іроніі і румянее з задавальненьня, што дзеўка пры сватох. Улады ён прагне ня толькі духоўнай, але й сьвецкай: «ніколі не адмаўляе сабе ў раскошы правіць суд». У нежаданьні даць адпушчэньне грахоў звыроднай матцы і ў допыце жыда Цэлюса – асалода ад сваёй вышэйшасьці ды валоданьня лёсамі. А апагей гэтае асалоды – усеагульная разьня ў Арасе. Калі Альбэра хавалі, людзі казалі: «Вось адышоў пан, які памыляўся, але верыў». Толькі ці ў Бога так моцна верыў Альбэр? Бадай, ён пакланяўся сваёй пысе.
Ня меншым за пыху грахом зьяўляецца і брак уласнадумнасьці. Янава нерашучасьць і боязь кпінаў з боку Давіда, а яшчэ болей – жаданьне падабацца Альбэру прывялі да няшчасьцяў, якіх можна было пазьбегнуць, калі б толькі ён знайшоў у сабе сілы змагацца з прышчэпленымі Альбэрам стэрэатыпамі, калі б адважыўся прыняць на сябе адказнасьць за выбар. Бо ж нібыта гэтага Ян прагнуў усё жыцьцё, дэкляруючы сваё права на незалежнасьць. І вось добры Бог даў яму тое, аб чым ён марыў. Аднак, як аказалася, Янава пастава была ня чым іншым, як толькі позай, як толькі юнацкім жаданьнем выглядаць гэткім жа самадастатковым, як старэйшыя сябры (прыкладам, Шастэль). Як толькі надараецца магчымасьць самастойнага прыняцьця рашэньня, Ян адразу ж бяжыць раіцца да Альбэра. Але гэта яшчэ ня згуба – і пытаньне перад ім урэшце становіцца рубам, Бог і д’ябал змагаюцца за ягоную душу. «Я вырваў Аўрамавы карані зь ягонай уласнай зямлі, каб ён ня меў іншае зямлі, апроч зямлі Божай» – кажа Бог. «Яне! Пасяліся ў месьце, якому імя Ян» – падбівае д’ябал. У рэшце рэшт ён прымае бок д’ябла, бо сваё ацаленьне даражэйшае за праўду ды самастойнасьць: «Здраднікам будзе той, хто ўласнае цела выдасьць на здабычу полымю». Але Ян так і не прызнае, што гэта слабасьць. Пазьней Ян скажа пра Пётру дэ Муае, што «быў гэта вельмі шляхетны чалавек, хоць і слабы духам...». Ён ня будзе заўважаць, што перш за ўсё сам заслугоўвае на такое азначэньне; што ў свой час сам не асьмеліўся ўступіцца за сябра – Фар’ю дэ Сакса. Ён будзе ганьбіць радных, вінавацячы іх у аднадумнасьці: «І ніхто зь іх нават не падумаў, што няма ў сьвеце больш тыранічнае тыраніі, чым аднадумнасьць, і няма цямнейшае цемры, чым аднадумнасьць, і няма дурнейшае дурноты, чым аднадумнасьць!» – не жадаючы памятаць, што акурат у ахвяру гэтай жа аднадумнасьці ён сам некалькі дзён раней склаў уласную незалежнасьць. Тады пра сябе ён казаў: «І я не грашыў абсалютна. Цнота вернасьці ня можа абярнуцца супроць збаўленьня», – што ж, сябе мы заўсёды судзім менш сувора, чым іншых.
Цягам усяго жыцьця Ян імкнецца ня столькі быць, колькі здавацца. Ягоная мэта – ня годна чыніць, але годна выглядаць. Таму адной з асноўных ідэяў ягонае філязофіі робіцца ідэя апраўданьня: «Чалавечая натура, па сутнасьці, вельмі простая. Яна няўстанна і з трывогай шукае знакаў, якія могуць стаць апірышчам для сумленьня. На чым жа, урэшце, грунтуецца нашае жыцьцё, як не на прагненьні апраўдаць кожны свой учынак». Калі мусіш шукаць апірышча для сумленьня – значыць, жывеш ня ў згодзе з апошнім. Калі жывеш ня ў згодзе з сумленьнем – значыць, ідзеш ня божым шляхам.
Уласнае волі Яну стае толькі на тое, каб насуперак Альбэру кахацца з выляжанкамі; але ці ж гэта заслуга ўласнадумнасьці? Хутчэй – проста нязначнае свавольле. Ян баіцца адказнасьці і нават пасьля ўсяго, што здарылася, пасьля свайго ўяўнага бунту (невялікая бо справа нагаварыць дзёрзкасьцяў таму, хто цябе любіць, хай ён сабе і герцаг!) кажа: «Мае панове! Толькі часткова адчуваю я віну за тое, што Бог спаслаў на места Арас. Я быў Ягонай прыладай і верыў у Ягоную справядлівасьць». Што ж, Госпад Бог літасьцівы, ён абараняе тых, хто даверыўся яму, але праблема не разьвязаная: адказнасьць на сябе ня ўзятая. Значыць, падобныя сытуацыі будуць адбывацца і потым – не ў Арасе, дык у Бруге; ня ў Бруге, дык у Ліле. Так ці йнакш, а давядзецца справу дарабіць.
Раман пісаўся ў Польшчы ў канцы 1960-х, але варта яго перачытаць цяпер. Ці й сёньня ты пагодзішся з д’яблаваньнем, Яне?
АНДЖЭЙ ШЧЫПЁРСКІ. Імша за места Арас.