A R C H E П а ч а т а к № 4 (33) - 2004
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


4-2004
" да Зьместу "

 



аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі

 


аналітыка

  МІКОЛА ПАЧКАЕЎ

Вокладка ARCHE 4-2004.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)
   Эўропа на ўсход ад    Эўропы
   Віленская Анталёгія
   Чэскі Альбом
   Pax Americana
   Туманнасьці
   беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Мікола Пачкаеў
Лукашэнка ў вачох Захаду: пасьля дзесяцігодзьдзя ля ўлады

УСТУП

Калі дзесяць гадоў таму Лукашэнка прыйшоў да ўлады, Беларусь была для Захаду адной з найменш вядомых т. зв. новых незалежных дзяржаваў – а пра яе новага кіраўніка і ўвогуле нічога не было чуваць. Сёньня на Захадзе любы, хто хоць бы нешта ведае пра Беларусь, пры згадцы аб нашай краіне найперш прыгадае «дыктатара Лукашэнку». Мэта гэтага нарысу – адлюстраваць паўсталы на Захадзе спэктар ацэнак палітычнай асобы кіраўніка Рэспублікі Беларусі па выніках дзесяцігодзьдзя ягонага панаваньня. Трэба зазначыць, што з прычыны самой сутнасьці аўтарытарнага рэжыму для заходніх назіральнікаў цяжка не атаясамліваць палітычную асобу прэзыдэнта РБ зь дзяржаўнай структурай, якую ён ачольвае.

Уяўленьне аб надзвычай адыёзнай вядомасьці, якую Аляксандар Лукашэнка трывала займеў у заходняй прэсе, можна атрымаць нават з кароткага пералічэньня азначэньняў, якія звычайна ўжываюцца да ягонай асобы ў брытанскіх газэтах «The Times» і «The Daily Telegraph»: «апошні дыктатар савецкага ўзору ў Эўропе», «найбольш аўтакратычны лідэр у Эўропе», «апошні дыктатар у Эўропе, чыя краіна зрабілася выспай савецкай стагнацыі», «зацяты камуніст, які ўладарыць у апошняй савецкай дыктатуры ў Эўропе»… Гэткія акрэсьленьні асобы Лукашэнкі – да таго ж, «ворага прэсы» – сталіся агульнай і звычайнай зьявай у друку па абодва бакі Атлянтыкі. На працягу дзесяцігодзьдзя імя Лукашэнкі фігуравала ў навінах зь Беларусі пераважна ў сувязі з рэпрэсіямі супраць прэсы, тэрарызаваньнем дзеячоў апазыцыі, выбарчымі фарсамі ды рознымі ашаламляльнымі для заходніх назіральнікаў палітычнымі ўчынкамі і выказваньнямі.

Але А. Лукашэнка далёка не адразу здабыў такую адмоўную міжнародную рэпутацыю. Ніхто на Захадзе спачатку не шукаў звадаў з новым кіраўніком Беларусі, як і ніхто не сьпяшаўся «дэманізаваць» ягоную асобу, а некаторыя нават і пасьля шматлікіх скандальных крокаў беларускага прэзыдэнта ўва ўнутранай і замежнай палітыцы ставіліся да яго вельмі некрытычна. Пра заходнюю цярплівасьць сьведчыць і такі амаль анэкдатычны выпадак. Пэўны дыплямат адной невялікай заходнеэўрапейскай краіны, якая ў часе свайго прэзыдэнцтва ў Эўразьвязе мелася заняцца «праблемай Беларусі» і шукала да яе новых падыходаў, дыскутуючы на канфэрэнцыі, вылучыў прапанову, што, маўляў, паколькі Эўропа цешыцца са сваёй разнастайнасьці – то і Лукашэнку трэба не адштурхоўваць, але ў рэчышчы эўрапейскай талерантнасьці ды права на адрознасьць прыняць у агульнаэўрапейскую сям’ю. Вядома, навіны пра нялюдзкае абыходжаньне рэжыму Лукашэнкі з палітычнымі апанэнтамі ды незалежнай прэсай, а таксама кампрамэтуючыя міжнародныя сувязі даволі хутка заслужылі яму крытычныя камэнтары ў заходніх СМІ; аднак у шырэйшых колах, якія займаюцца палітычнай ацэнкай, спэктар стаўленьня да асобы Лукашэнкі яшчэ нядаўна вызначаўся істотна большай неадназначнасьцю.

СУЦЯШЭНЬНЕ САЦЫЯЛІСТАЎ

Пэўныя інтэлектуальна-палітычныя колы, асабліва ў «старых» краінах Эўразьвязу, схіляліся да досыць лагоднага – а часам папросту некрытычнага – стаўленьня да Лукашэнкі. Гэткае яго ўспрыманьне грунтавалася пераважна на іх ідэалягічнай прыхільнасьці да пэўных элемэнтаў таго, што – у вэрсіі беларускага рэжыму – складала ягоную палітыку, а менавіта – да сацыяльна-эканамічнай «мадэлі» і пазыцыі супраць пашырэньня NATO.

Зрэшты, пачатковая дзейнасьць беларускага прэзыдэнта выклікала больш-менш прыязнае стаўленьне даволі шырокага спэктру эўрапейскіх левых. Праявы гэтага можна было ўбачыць у выказваньнях некаторых эўрапейскіх палітыкаў сярэдзіны і нават другой паловы 1990-х, у публікацыях шэрагу недзяржаўных арганізацыяў ды, часам, у акадэмічнай літаратуры. Гэткія дадатныя выказваньні сталіся, аднак, значна радзейшымі пасьля 1997 году з прычыны выразнага пагаршэньня ў Беларусі сытуацыі з правамі чалавека, канфлікту рэжыму зь міжнароднымі прафсаюзнымі арганізацыямі ды часта цытаванай у заходняй прэсе сэнтэнцыі Лукашэнкі пра станоўчыя бакі дзейнасьці Гітлера.

На фоне глыбокай дэмаралізацыі заходняй левай палітычнай думкі ў выніку каляпсу мадэлі сацыялістычнага грамадзтва ў Сярэдне-Ўсходняй Эўропе ды СССР постаць Лукашэнкі выклікала зь яе боку прыхільную цікаўнасьць – як да дзяржаўнага кіраўніка «неэлітнага» паходжаньня, прыведзенага да ўлады галасамі шырокіх масаў насельніцтва, які ледзьве не адзін афіцыйна паўстаў супраць экспансіі капіталізму ды пашырэньня NATO на постсацыялістычную прастору. Гэтым колам Лукашэнка ўяўляўся жывым доказам таго, што капітуляцыя сацыялізму перад «сіламі капіталу» не была гістарычна непазьбежная і што пры наяўнасьці адпаведнай палітычнай волі моцны лідэр можа захоўваць або нават і аднаўляць элемэнты сацыялістычнага ладу ў адной асобна ўзятай краіне ды супрацьстаяць ціску NATO – гэтага ваенна-палітычнага блёку капіталізму.

Найбольшую прыхільнасьць у левых заходніх колах здабылі Лукашэнку ягоныя (рэальныя ці ўяўныя) заслугі ў недапушчэньні эканамічнай няроўнасьці і росту сацыяльнага расслаеньня паміж багатымі й беднымі, а таксама заслугі ў забесьпячэньні сацыяльнай бясьпекі для насельніцтва Беларусі. Такія аспэкты віталіся ў публікацыях, напрыклад, нямецкага «Таварыства за абарону грамадзкіх і чалавечых правоў». Але, мусіць, самымі крайнімі формамі ўхваленьня дзейнасьці Лукашэнкі праславілася на Захадзе недзяржаўная арганізацыя «Брытанская Гельсынская група па правох чалавека». Яе прадстаўнікі на працягу колькіх гадоў узносілі хваласьпеў Лукашэнку з нагоды захаваньня ім сваёй краіны ад «найгоршых спусташэньняў», ад якіх у выніку капіталістычных рэформаў пацярпелі суседнія зь Беларусяй дзяржавы. За Лукашэнкам прызнавалася заслуга захаваньня Беларусі па-за кантролем сьвету капіталу, што, маўляў, і сталася галоўнай прычынаю варажнечы ды ціску на яго з боку NATO, пашырэньне якога ў Сярэдняй і Ўсходняй Эўропе, паводле прадстаўнікоў гэтай недзяржаўнай арганізацыі, прыводзіцца ў рух «заходнімі эканамічнымі інтарэсамі»1.

  нарадзіўся ў Менску. Скончыў факультэт міжнародных дачыненьняў БДУ ў 1996, магістратуру факультэту палітычных навук Цэнтральна-Эўрапейскага ўнівэрсытэту (Будапэшт) у 1997, магістратуру Кембрыдзкага ўнівэрсытэту ў 1998. Дактарант Кембрыдзкага ўнівэрсытэту, працуе ў галіне міжнароднай палітычнай эканоміі. Апошняя публікацыя («Diligite veritatem et pacem!» – Гісторыя «славянскага» лютэранства й гістарычны кантэкст Вялікага Княства Літоўскага») была ў «Спадчыне» (№1/2003).
   
Даволі некрытычныя – хаця й больш асьцярожныя – ацэнкі палітычнай асобы кіраўніка Беларусі з увагі на згаданую сацыяльную дамінанту ў ягонай палітыцы можна было сустрэць і ў акадэмічнай літаратуры. Дыскусія там зводзілася звычайна да таго, што Лукашэнка, які дзейнічае згодна з сапраўднымі сацыяльна-эканамічнымі інтарэсамі насельніцтва і асабліва пільнуе інтарэсаў найслабейшых сацыяльных групаў, карыстаецца рэальнай падтрымкай масаў насельніцтва Беларусі. А таму, маўляў, ня варта занадта зважаць на тое, што праявы гэтай сапраўднай народнай падтрымкі – мандат якой Лукашэнка як палітык акурат рэалізуе – у Беларусі ня цалкам адпавядаюць звыклым для Захаду формам і інстытуцыйным нормам, якія таксама няма падставаў абсалютызаваць.

СУМНАЯ АНАЛІТЫКА

Тым ня менш, погляды такога кшталту паступова сыходзілі на маргінэс у меру таго, як улада Лукашэнкі набывала рысы рэжыму ня проста аўтарытарнага, але й жорстка рэпрэсіўнага – у тым ліку й да інтарэсаў працоўных. Сёньня на Захадзе фактычна агульнапрыняты погляд, што адказнасьць за ўнутрыдзяржаўную рэпрэсіўную палітыку, а таксама за складаныя дачыненьні Беларусі з заходнімі краінамі нясе асабіста Лукашэнка. У сучаснай паліталягічнай і аналітычнай літаратуры цяжка знайсьці спачувальныя ацэнкі палітычнай асобы беларускага прэзыдэнта.

Істотная доля датычных Беларусі публікацыяў робіцца на Захадзе праваабарончымі арганізацыямі. Усе ўплывовыя заходнія арганізацыі ў галіне абароны правоў чалавека выдаюць звычайна засяроджаныя на канкрэтных інцыдэнтах аналітычныя матэрыялы, нязьменна надзвычай крытычныя да Лукашэнкі. У якасьці ілюстрацыі погляду праваабаронцы зь вялікім досьведам працы працытуем Малкольма Хокса, які падсумоўвае вынікі панаваньня Лукашэнкі: «Пад аўтарытарным кіраваньнем прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі Беларусь ператварылася ў дзяржаву, дзе панаваньне закону і павага да чалавечых правоў былі адкінутыя ў мэтах здушэньня іншадумства і парушэньня фундамэнтальных чалавечых правоў»2.

  1 Laughland, John. The Prague racket: Nato is now a device to exert control and extract cash. Those who resist, like Belarus, are punished. The Guardian, November 22, 2002.
   
Як прыклад ацэнак аналітыка з досьведам працы ў дзяржаўных установах можна прывесьці меркаваньні Тэрэзы Думасі, былой супрацоўніцы брытанскага Міністэрства замежных справаў. Як яна зазначае, з пачаткам прэзыдэнцтва А. Лукашэнкі наладжаныя раней дачыненьні з Эўрапейскім Зьвязам сталі «занепадаць». Гэтак, «маштаб супрацоўніцтва паміж Беларусяй і ЭЗ цяпер мінімальны, а дыялёг – складаны». Як тлумачыць аўтарка, «гэты заняпад у дачыненьнях выкліканы не інтэграцыяй з Расеяй», прычынаю яго сталіся «хутчэй унутраныя антыдэмакратычныя падзеі ў Беларусі, якія крытыкаваў Захад, ды выразна антызаходні характар замежнай палітыкі Лукашэнкі». Добрыя дачыненьні з Захадам, як вынікае далей, фактычна сталіся ахвяраю цяперашняй беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі, бо «Лукашэнка ставіцца з падазронасьцю да заходніх фінансавых установаў… [вонкавую дапамогу] ён успрымае як заходняе «ўмяшальніцтва» ўва ўнутраныя справы Беларусі». Таксама Лукашэнка ў прапагандысцкіх мэтах перабольшвае ваенную «пагрозу» з боку Захаду3 – што, натуральна, не магло паспрыяць далейшай прыязнасьці з ЭЗ.

  2 Hawkes, Malcolm (2002) «Republic of Belarus: an Elegant Dictatorship?» in: Ann Lewis, ed.: «The EU and Belarus: Between Moscow and Brussels». P. 86.
   
Падобныя ацэнкі выказваюцца і іншымі эўрапейскімі аналітыкамі. Роб ван дэ Ватэр і Ян Марынус Віерсма, пішучы пра дачыненьні Беларусі з Эўрапейскім Парлямэнтам, зазначаюць, што «рэжым прэзыдэнта Лукашэнкі стаўся парыяй сярод дэмакратычных нацыяў і інстытуцыяў Эўропы»4. Але найбольш жорсткія азначэньні Лукашэнкі паходзяць з ЗША: напрыклад, дзяржсакратар Колін Паўэл ахарактарызаваў беларускага кіраўніка як «самотнага ізгоя ў Эўропе».

  3 Dumasy, Teresa (2003) «Belarus’s relations with the European Union: a Western Perspective», in: Elena A. Koresteleva, Colin W. Lawson and Rosalind J. Marsh, eds: «Contemporary Belarus: Between Democracy and Dictatorship». P. 179–184.
   
Нарэшце, і ў акадэмічнай літаратуры крытычная ацэнка кіраўніка Беларусі цяпер стала практычна агульнапрынятай. У якасьці прыкладу можна разгледзець ацэнкі прафэсара гісторыі ўнівэрсытэту Альбэрты (Канада) Дэвіда Марплза, аўтара вялікай колькасьці публікацыяў, прысьвечаных найноўшай гісторыі і бягучай палітыцы Беларусі. Найбольш «лагодная» тэза, якую знаходзім у ягонай пазалеташняй публікацыі, – што пры параўнаньні рэжыму Лукашэнкі зь сярэднеазіяцкімі рэжымамі першы можа выйграваць:

Напэўна, рэжым Лукашэнкі трэба разглядаць у постсавецкім ракурсе. Яго лягчэй параўнаць з рэжымамі, якія існуюць у Сярэдняй Азіі, чымся ў іншых эўрапейскіх былых савецкіх рэспубліках, адно ён [беларускі рэжым] нашмат менш карумпаваны, чым рэжымы ў такіх краінах, як Узбэкістан і Казахстан5.

  4 Water, Rob van de, and Wiersma, Jan Marinus (2002) «The European Union and Belarus: a View from the European Parliament» in: Ann Lewis, ed.: «The EU and Belarus: Between Moscow and Brussels».
   
Агляд характарыстык, дадзеных дзейнасьці Лукашэнкі тым самым аўтарам сёлета, выяўляе тэндэнцыю да іх пагаршэньня: «Галоўная рыса прэзыдэнцтва Лукашэнкі – гэта папулізм, здольнасьць падабацца пэўным сэктарам электарату – сялянству, старэйшаму пакаленьню і вайскоўцам». Як палітычная асоба Лукашэнка атрымаў азначэньне чалавека «дробязьлівага і помсьлівага», «апантанага ўладаю» і гатовага ахвяраваць амаль усім, каб застацца на пасаде. Таму цяжка, падсумоўвае аўтар, вызначыць найвышэйшую мэту ягонага лідэрства.

Замежнапалітычная дзейнасьць Лукашэнкі таксама заслугоўвае мала пахвалы. З аднаго боку, Лукашэнку пасуюць такія азначэньні, як «прыхільнік міжнародных аўтсайдэраў», асабліва зрынутых дыктатараў накшталт Слабадана Мілошавіча або Садама Хусэйна. З другога боку, Лукашэнка сам стварыў сытуацыю, калі яго далейшае знаходжаньне ля ўлады сталася залежным пераважна ад Расеі. Выснова прафэсара Марплза: «Цяжка перабольшыць тую шкоду, якую прэзыдэнцтва Лукашэнкі нанесла беларускаму дзяржавабудаўніцтву».

ФІДЭЛЬ, ЯКІ НЕ АДБЫЎСЯ?

Сёньня цяжка сказаць, ці можа імідж Лукашэнкі на Захадзе падлягаць «рэабілітацыі». Вядома, на Захадзе знойдуцца тыя, хто зноў узяўся б сьцьвярджаць, што Лукашэнка нічым прынцыпова ня горшы за заходніх палітыкаў: маўляў, і прэзыдэнт Ніксан незаконна падслухоўваў сваіх апанэнтаў, дэ Голь быў аўтарытарным кіраўніком, а цяперашні прэзыдэнт Дж. Буш прыйшоў да ўлады ў выніку сумнеўнага падліку галасоў. Аднак нікога зь іх не вінавацілі ў забойствах сваіх палітычных супернікаў. Таму, калі толькі Лукашэнка ня знойдзе спосабу пераканаўча давесьці сваю недатычнасьць да вядомых зьнікненьняў, немагчыма ўявіць, як можа быць папраўлена яго маральна-палітычная рэпутацыя ў вачох заходняй палітычнай супольнасьці – ня важна якой ступені «левізны» або прагматычнага цынізму.

Аналізуючы вынікі дзесяцігодзьдзя яго прэзыдэнцтва, добра паразважаць пра пэўны «змарнаваны патэнцыял», які пры больш разумным абыходжаньні мог бы быць скарыстаны Лукашэнкам на заходняй палітычнай сцэне. А менавіта, беручы пад увагу сымпатыі да Лукашэнкі з боку заходняй лявіцы, можна запытацца: ці мог бы Лукашэнка – як кіраўнік адзінай у Эўропе краіны, што афіцыйна абвяшчае сваім сацыяльна-эканамічным ладам «рынкавы сацыялізм», – стацца сымбалічнай фігураю рэгіянальнага ці нават усеэўрапейскага левага руху, сымбалем «левай альтэрнатывы» капіталізму, падобна да Фідэля Кастра?

Як ведаем, гэтага не адбылося, але не з прычыны адмоўнага заходняга ўспрыманьня Лукашэнкі. Так, тэзы недапушчэньня сацыяльна-эканамічнага расслаеньня, прыярытэт сацыяльнага перад нацыянальным, супрацьстаяньне сілам капіталу ды пашырэньню NATO знаходзяць у эўрапейскіх колах левай арыентацыі прыхільнасьць. Аднак Лукашэнка, у той самы час, не сугучны, напрыклад, з такім важным складнікам ідэалёгіі сучаснага левага руху, як антыглябалізм. Далей, ягоная апазыцыя да NATO зусім ня тоесная пазыцыі антываеннага руху, што важна для «лявіцы». У дадатак, уціск свабодных прафсаюзаў і тым самым абмежаваньне правоў людзей працы адносна працадаўцы таксама ставіць пад пытаньне шчырасьць «сацыяльнай сутнасьці» ягонай мадэлі.

Гэта паказвае на прынцыповую прычыну змарнаваньня Лукашэнкам сымпатыяў эўрапейскіх левых. З свайго боку, Захад мае справу з разнастайнымі фігурамі – ад афрыканскіх да лацінаамэрыканскіх і азіяцкіх, прычым даволі рознай палітычнай рэпутацыі, – і ён ня стаў бы гэтак адрынаць Лукашэнку ані за ягоную «сацыялістычнасьць», ані за прарасейскасьць. Але лёгка заўважыць своеасаблівы парадокс: як крытыкі, так і прыхільнікі Лукашэнкі на Захадзе называлі і ўспрымалі яго як зьяву «in Europe» (напрыклад, «апошняга дыктатара ў Эўропе»), тым часам як сам ён не разглядае сябе элемэнтам менавіта гэтага кантэксту, а ў сваім сьветаўспрыманьні належыць да зусім іншай прасторы. Эўрапейскія левыя, можа, і ня супраць былі б вітаць Лукашэнку як рэгіянальнага лідэра «сацыялістычнай альтэрнатывы» – толькі сам Лукашэнка не ўважае Эўропу «сваёй» палітычнай прасторай. Ён ня бачыць сябе ў такім дачыненьні: ён засяроджаны на былой савецкай прасторы і ня робіць ніякіх спробаў шукаць палітычнага капіталу ў Эўропе.

Дзеля справядлівасьці варта дадаць, што, нават актыўна прэтэндуючы на ролю рэгіянальнага лідэра «сацыялістычнай альтэрнатывы», наўрад ці было б магчыма захаваць такую «сацыяльную» мадэль без самаізяляцыі ад яе «капіталістычнага» асяродзьдзя і без рэпрэсіўных захадаў знутры (што, зрэшты, праўда і ў выпадку рэжыму Фідэля Кастра) ды без апоры на рэсурсы аднабаковых дачыненьняў з Расеяй звонку. Аднак разгляд «змарнаваных магчымасьцяў» пры пошуку больш дадатнага іміджу для Лукашэнкі ў Эўропе дае нагоду яскрава вылучыць важную супярэчнасьць паміж заходнім поглядам на беларускага кіраўніка і ягоным уласным палітычным самаўспрыманьнем. Як зазначана вышэй, праф. Марплз настойвае на разглядзе прэзыдэнцтва Лукашэнкі менавіта ў постсавецкім кантэксьце, прычым сярод краін, якія да Эўропы маюць малое дачыненьне (Узбэкістан, Казахстан). Тым часам важная прычына асаблівай крытычнасьці да Лукашэнкі з боку бальшыні заходніх камэнтатараў грунтуецца на ўяўленьні пра яго як пра зьяву ў сёньняшняй Эўропе – у кантэксьце якой такі рэжым выглядае сапраўды вельмі пачварна. З другога боку, сталыя скаргі прадстаўнікоў РБ на «двайныя стандарты» ў заходніх ацэнках Лукашэнкі, відавочна, сьведчаць таксама пра тое, што сам лідэр менскага рэжыму бачыць сябе ў зусім іншай палітычнай прасторы – у кантэксьце, якому ўласьцівыя зусім іншыя нормы і прынцыпы, – а таму напал заходняй крытыкі яму шчыра падаецца несправядлівым. Бяда ў тым, што, ізаляваўшыся ад Захаду і сапраўды пазбавіўшы яго эфэктыўных спосабаў уплыву, Лукашэнка выракся і спосабаў якога-колечы адваротнага ўплыву на Эўропу.

ПАЖАДАНА ЎВАЖАЦЬ НЯІСНЫМ

Хоць, магчыма, ня ўсе на Захадзе сярод левых страцілі надзею знайсьці глыбіню і пэрспэктыву ў беларускім кіраўніку, бальшыня назіральнікаў, відавочна, прыйшла ўжо да адназначнай высновы, што фэномэн Лукашэнкі проста ня варты таго, каб надалей прысьвячаць яму шмат увагі.

Па-першае, Захад практычна зьняверыўся ў пэрспэктыве наладзіць з рэжымам Лукашэнкі канструктыўныя дачыненьні. Гэты погляд грунтуецца на досьведзе 10 гадоў, які сьведчыць пра немагчымасьць памысна мець справу зь беларускім кіраўніком.

Адным з аспэктаў тут можна назваць адназначны нэгатыўны досьвед у адносінах Захаду з Лукашэнкам, што – з гледзішча Захаду – мусіць сьведчыць пра пасьлядоўную незацікаўленасьць кіраўніка РБ у паляпшэньні ўзаемадачыненьняў. Сапраўды, пасьля 10 гадоў знаходжаньня Лукашэнкі пры ўладзе, здаецца, ніхто на Захадзе цяпер не сумняецца ў ягоных асабістых палітычных здольнасьцях, сьведчаньнем якіх зьяўляецца стварэньне даволі стабільнай палітычнай і сацыяльна-эканамічнай мадэлі (хай сабе й збудаванай на палітычным уціску ды эканамічным гвалце пры падтрымцы з Крамля) у мэтах падмацаваньня сваёй улады. Беручы пад увагу гэткую стабільнасьць, можна нават дапусьціць, што – прынамсі на ранейшых этапах – многія прагматычныя заходнія палітыкі былі б схільныя «заплюшчыць вочы» на ўсялякія «своеасаблівасьці» рэжыму, калі б толькі з Лукашэнкам атрымалася мець партнэрскія дачыненьні. Але ўсе спробы эўрапейскіх структураў заахвоціць Лукашэнку да ўзаемных «малых крокаў», да нармалізацыі адносінаў не сустрэлі дадатнай рэакцыі. Зрэшты, як зазначаюць эўрапейскія назіральнікі, ня толькі ЭЗ меў праблемы з рэжымам Лукашэнкі. Дзейнасьць Кансультацыйна-наглядальнай групы АБСЭ, адмыслова створанай для сталага маніторынгу і кантактаў, кансультаваньня ў канкрэтных аспэктах, для працы «на месцы», з увагай на мясцовыя акалічнасьці, таксама не дасягнула чаканага плёну. Нават брытанскі сацыялістычны палітык Тэры Дэвіс – на працягу доўгага часу ўплывовы прыхільнік «неканфліктных» паводзінаў Захаду адносна менскага рэжыму – урэшце прызнаў, што спробы дыялёгу з Лукашэнкам сапраўды «выдыхнуліся». Агулам, для заходніх назіральнікаў адназначна выглядае, што ў беларускай сытуацыі «ўдзел міжнароднай супольнасьці даў мала ў сэнсе канкрэтных вынікаў»6.

  5 Marples, David R. (2002) «The Last European Dictatorship?» in: Ann Lewis, ed.: «The EU and Belarus: Between Moscow and Brussels».
   
Яшчэ адным аспэктам таго, чаму Захад займеў такое стаўленьне да рэжыму, ёсьць расчараваньне ў самой здольнасьці Лукашэнкі да выпраўленьня дачыненьняў з Захадам, пачынаючы з належнага ўсьведамленьня ім такой неабходнасьці. Як прызнае большасьць заходніх камэнтатараў, пэўныя адметнасьці самой асобы Лукашэнкі сталіся адной з галоўных прычынаў ператварэньня Беларусі ў найбольш «праблемную» краіну ў рэгіёне. Варта згадаць, што на Захадзе добра вядомыя распаўсюджаныя меркаваньні, нібыта Лукашэнка мае спэцыфічны тэмпэрамэнт. У прыватнасьці, праф. Марплз згадвае, што ў беларускіх апазыцыйных колах прэзыдэнта часам прэзэнтуюць «як чалавека з сур’ёзным псыхічным разладам». Натуральна, канадзкі аўтар толькі й можа зазначыць, што «гэта ня тая галіна, у якой гісторык або палітоляг стане ахвотна рабіць дапушчэньні». Захад на практыцы ўжо пераканаўся, што Лукашэнка здольны на вельмі непрадказальныя крокі, але Захад не ўспрымае іх як паводзіны вар’ята, які не здае сабе справы з таго, што робіць. Як добра падсумаваў адзін заходні назіральнік, якому даводзілася мець з афіцыйным Менскам сталыя і шчыльныя стасункі на працягу доўгага часу, прэзыдэнт РБ у сапраўднасьці ня ёсьць асобай, якая дзейнічае па-вар’яцку: ён дзейнічае пасьлядоўна і на падставе непахіснага ўнутранага перакананьня ў поўнай слушнасьці таго, што робіць. Гэты аспэкт, маўляў, пазбаўляе Захад магчымасьці дасягнуць плёну ў дачыненьнях з кіраўніком Беларусі.

Зрэшты, «пошук кампрамісу» ды дасягненьне «ўзаемапрымальнае ўгоды» – гэта фундамэнтальныя мэты для «рынкавага» мысьленьня (як у эканоміцы, так і ў палітыцы), а тым часам у камэнтарах заходніх назіральнікаў заўважаецца ўсьведамленьне таго, што для беларускага кіраўніка гэтыя паняцьці даволі чужыя. Як зазначыла Тэрэза Думасі, «у вачох некаторых заходніх камэнтатараў Лукашэнка ня мае ані жаданьня, ані здольнасьці да зьменаў».

Трэцяя прычына зьмяншэньня на Захадзе ўвагі да Лукашэнкі – гэта прагматычная магчымасьць бясьпечна яго ігнараваць. Пасьля сыходу Мілошавіча Лукашэнка апынуўся ў становішчы адзінага такога непрыемнага для Захаду выключэньня ў цэлай Эўропе. З гэтага вынікае, што Лукашэнка разглядаецца не як лідэр або прыкмета нейкай новай небясьпечнай тэндэнцыі ці пэрспэктывы, а толькі як «перажытак»: як чытаем у праф. Марплза, «Лукашэнка – гэта анахранізм». У такой якасьці, прагматычна разважаючы, ягонаму хаця й непрыемнаму, але «перажыткаваму» існаваньню можна дазволіць сабе не надаваць шмат увагі.

Яшчэ адна падстава для простага ігнараваньня Лукашэнкі – гэта ягоная міжнародная нязначнасьць. У яго не засталося хаўрусьнікаў, а ў саюзе з Расеяй Лукашэнка асуджаны на ролю меншага партнэра. У «саюзе» Расея часам можа зь ім у нейкай ступені лічыцца, але ён ня станецца ініцыятарам «саюзных» захадаў у міжнароднай палітыцы. А нават і па-за кантэкстам «саюзу» на Захадзе вядома, што многія пытаньні можна вырашыць непасрэдна з Масквой «цераз галаву» нясхільнага да кампрамісаў менскага рэжыму. Такім чынам, Захад глядзіць цяпер на зьяву Лукашэнкі зусім безь цікавасьці і дакладна бяз страху, а толькі як на пэўную нязручнасьць: «Сп. Лукашэнка – гэта непрыемная асоба, якая не асабліва важная. У адрозьненьне ад іншых ізгоеў, ён уяўляе для Захаду не пагрозу, а толькі абразу»7.

  6 Hawkes, Malcolm (2002) «Republic of Belarus: an Elegant Dictatorship?» in: Ann Lewis ed.: «The EU and Belarus: Between Moscow and Brussels». P. 86.
   

ПАМІЖ КРАІНАЙ І ЛУКАШЭНКАМ

Як было згадана напачатку, з прычыны самой сутнасьці аўтарытарызму, для Захаду досыць цяжка падзяляць палітычную асобу Лукашэнкі, зьяву ягонага прэзыдэнцтва і тую структуру дзяржаўнай улады, на чале якой ён знаходзіцца. Паводле словаў праф. Марплза, сёньня Рэспубліка Беларусь – гэта «дзяржава, якая сфармавалася на ўзор і падабенства свайго прэзыдэнта – зь ягонымі слабасьцямі, асаблівасьцямі, яго ўласьцівым вяскоўцу поглядам на жыцьцё». Такім чынам, асоба кіраўніка РБ непазьбежна займае цэнтральнае месца ў заходніх разважаньнях пра той характар, які Рэспубліка Беларусь набыла цягам апошніх 10 гадоў.

З выкладзенага вышэй мусіць быць відавочна, чаму прычыны праблемаў Беларусі, якая «сталася карыкатурнай аўтакратыяй»8, многія назіральнікі схільныя бачыць у асобе Лукашэнкі і што такі падыход, з заходняга пункту гледжаньня, зусім небеспадстаўны. Першае наступства гэтага відавочнае: пэрсаналісцкі характар палітычнага рэжыму ў Беларусі вядзе да таго, што ўся краіна ў сваіх вонкавых дачыненьнях сталася закладніцай пэўнай асобы; характар кіраўніка як «ізгоя» міжнароднай супольнасьці надае выгляд міжнароднага ізгоя і самой апанаванай Лукашэнкам краіне.

  7 «The bully of Belarus», Guardian, September 11, 2001.
   
Можна, вядома, спрачацца, ці такі погляд на беларускую сытуацыю аналітычна плённы, бо ён здымае «адказнасьць» за тое, што адбылося і адбываецца ў краіне, з адміністрацыйнага апарату ўлады, а таксама зь некалькіх мільёнаў выбарцаў, якія дагэтуль ухваляюць палітыку Лукашэнкі, задаволеныя яго кіраваньнем і, урэшце, уважаюць, што ягонае знаходжаньне ля ўлады найлепш ці, прынамсі, дастаткова добра адпавядае іх асабістым інтарэсам. А менавіта, такі засяроджаны на асобе Лукашэнкі падыход пакідае ў цені той факт, што гэтыя мільёны больш-менш сьвядома аддалі ўладу таму, хто апэляваў да вузкіх сацыяльных інтарэсаў гэтай часткі насельніцтва краіны. Тым часам увага да гэтай акалічнасьці вядзе да высновы, што справа заахвочваньня беларусаў да іншых – прыязных да Захаду – палітычных альтэрнатываў запатрабавала б актыўнага стварэньня кантраснай з рэжымам Лукашэнкі пэрспэктывы будучыні, якую прыземленае беларускае жыхарства ўспрыняло б як безумоўна прывабнейшую, чым лукашэнкаўскі ідэал гарантаванага пражыцьцёвага мінімуму, вядомы як «чарка і шкварка». Пры гэтым наданьне такой альтэрнатыве рэальнай верагоднасьці ў вачох беларускіх людзей запатрабавала б з боку Захаду прыняцьця пэўных палітычных абавязкаў наконт будучыні Беларусі, да фармуляваньня якіх эўрапейскія структуры дагэтуль заставаліся няздатнымі. Праўда, у сьвеце пасьля «11.09» ды ў Эўропе пасьля пашырэньня Эўразьвязу стан рэчаў і дынаміка, у тым ліку эўрапейскай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі, можа зьмяніцца – напрыклад, у выпадку, калі зьявіцца непасрэднае палітычнае зацікаўленьне ў гэтай справе з боку ЗША.

  8 «Belarus: a Caricature of Autocracy – Civil Society Caught in a Stranglehold»: www.omct.org, 11/9/2001.
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 4 (33) – 2004

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/1/17