Краіна сёлета спраўляе дзьве ўрачыстыя даты. Пры канцы лета нашаму першаму прэзыдэнту споўнілася 50 гадоў, а троху раней ён жа адсьвяткаваў 10-годзьдзе сваёй прэзыдэнцкай актыўнасьці. Як у нас любяць гаварыць, гэта вяха для яго самога і для ўсёй нацыі.
На жаль, «афіцыйны» бок абмежаваўся з гэтай нагоды казённымі фармулёўкамі. У сёньняшняй Беларусі публічнае абмеркаваньне асобы й дзейнасьці прэзыдэнта з боку ўлады не дапускаецца. Яго кнігі і прамовы таксама знаходзяцца па-за крытыкай і служаць дырэктывамі да дзеяньня. Забарона набліжацца да «бацькі» падкрэсьліваецца фактам, што ніводнаму чыноўніку не дазволена публічна назваць Лукашэнку Лукашэнкам, а ўсё толькі «прэзыдэнтам» або «кіраўніком дзяржавы».
Мы зрабілі гэты нумар, каб падвесьці вынікі дзесяцігодкі Лукашэнкавага кіраваньня. Каб ажыцьцявіць такую экспэртызу (менавіта экспэртызу, а не канчатковы прысуд), «бацьку» давялося паставіць у цэнтар шырокага абмеркаваньня і зацікаўленага дыялёгу.
Яшчэ адна мэта нумару - тэрапэўтычная, г. зн. зрабіць асобу Лукашэнкі бліжэйшай і больш зразумелай для тых, хто адчувае да яго толькі халоднае адчужэньне і расцэньвае яго паводзіны як пазбаўленыя элемэнтарнай лёгікі. Пад гэтай вокладкай зьмешчана мысьленьне вядомых палітыкаў, інтэлектуалаў, пісьменьнікаў, журналістаў і аналітыкаў, якіх яднае жывое стаўленьне да нашага юбіляра і імкненьне даць рацыянальныя адказы на пытаньне, хто ж такі Лукашэнка.
Дык хто ж такі «бацька»?
Гартай старонкі!