Калі аднойчы будзе пісацца гісторыя зацяглай, «памяркоўнай», маруднай і ўсё яшчэ ня скончанай беларускай буржуазнай «рэвалюцыі», Лукашэнка зойме ў ёй ролю маленькага, халерычнага, славахцівага Напалеона Банапарта са Шклова – рэстаўратара «старога рэжыму» й рэабілітатара ранейшых парадкаў. Нікім іншым, як гэткім Банапартам, Лукашэнка быць і ня мог – праз сваё савецкае выхаваньне, адукацыю ў духу «вялікадзяржаўніцкага» шавінізму, а таксама шматгадовую практыку саўгаснага кіраўніцтва, падчас якой будучы прэзыдэнт, вельмі магчыма, меў усе падставы лічыць сябе самым вялікім разумнікам у радыюсе 20–30 кілямэтраў. Дадамо да гэтага шырокія плечы й цяжкія кулакі – і вобраз фальклёрнага героя, народнага заступніка, асілка, якому «на родзе напісана» стацца царом, гатовы.
Насамрэч, каб прайсьці шлях ад старшыні да прэзыдэнта, трэба верыць ува ўласнае наканаваньне. Верыў у яго, натуральна, і Напалеон. Шырока вядомы камэнтары Напалеона да мак’явэліеўскага «Манарха»: зь іх вынікае, што Напалеон быў няздольны бачыць у гэтым творы нічога, апрача створанага за трыста год да яго «прарочага» апраўданьня сваіх будучых плянаў. Ён бачыў у ім толькі тое, што хацеў бачыць. Таму нельга адмаўляць Напалеону ў наяўнасьці волі й пэўнай візіі – зусім наадварот. І чым больш шалёнай была гэтая візія, тым больш было й волі (як і колькасьці ахвяраў) для ейнай рэалізацыі. На жаль (на шчасьце? – хто ведае), гістарычныя акалічнасьці былі спрыяльныя: краіна патанала ў хаосе рэвалюцыі.
Ці быў Напалеон рэвалюцыянэрам? Не, у глыбіні душы ён ніколі ім ня быў, бо ня меў досыць розуму, каб зразумець саму ідэю рэвалюцыі. Ён быў толькі рэвалюцыйным генэралам (які быў павышаны ў генэралы за жорсткасьць і нечульлівасьць да чужых пакутаў), што скарыстаў сваё становішча для рэалізацыі сваіх мэтаў, – гэтаксама Лукашэнка быў спачатку толькі дэпутатам, які сваёй рыторыкай дамогся таго, што яму далі пасаду паводле ягоных амбіцыяў: ён узначаліў антыкарупцыйную камісію. Неўзабаве Напалеон стаўся консулам, таксама дзеля таго, каб «навесьці парадак» у сплюндраванай краіне, тым часам як Лукашэнка – «дэмакратычна абраным» прэзыдэнтам, што кляўся народу РБ у вернасьці на Канстытуцыі й пад бел-чырвона-белым сьцягам. Нарэшце, Напалеон зрабіўся манархам, які кіраваў «ад імя» Рэвалюцыі – тым часам як Лукашэнка пасьля свайго абраньня замяніў Канстытуцыю й сьцяг «лепшымі», больш адпаведнымі ягонаму сьветапогляду, а сам стаўся «ўсенародна абраным» бестэрміновым дыктатарам, які прыкрываецца інтарэсамі народу і пры гэтым /…/ сваіх апанэнтаў і замінае працаваць свабоднаму друку, незалежным адвакатам, прадпрымальнікам і ўсім астатнім, хто не падзяляе ягоных перакананьняў. Як кожны дыктатар, ён належыць да катэгорыі людзей, перакананых у тым, што мэта апраўдвае сродкі. Той, хто ў гэтым сумняецца, – вораг нумар адзін.
Зрэшты, у 1994 годзе ніхто ня мог сабе ўявіць, што пераабраць першага прэзыдэнта будзе настолькі складана. Апошні шанец выправіць сытуацыю быў страчаны ў лістападзе 1996 году – гэтая дата мне бачыцца сёньня нашмат больш важнай, чымся 10-я ўгодкі прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году. Гэтыя выбары былі не паразай дэмакратычных сілаў, а паразай іхнай палітычнай рэпрэзэнтацыі. Але што зробіш, ужо сам выбар даты ўтрымлівае ў сабе пэўны падыход, пэўную ідэалягічную інтэрпрэтацыю, абавязковым складнікам якой ёсьць дэманізацыя Лукашэнкі й інфантыльнае перанясеньне ўсёй адказнасьці на «Дрэннага», «Іншага», «Ня-Я і кабыла не мая»...
Пры гэтым палітычная роля Лукашэнкі залежыць ня толькі й ня столькі ад ягоных асабістых здольнасьцяў ці палітычных густаў, колькі ад аб’ектыўнага гістарычнага становішча Беларусі. Вядома ж, ягоная асоба ня ёсьць і ня можа быць ні для кога сымпатычнай: менавіта таму ўлада ёсьць для Лукашэнкі сродкам дасягнуць нават не ўсенароднай, а наагул любові. Ёсьць як бы два Лукашэнкі: адзін – актыўны, імпульсіўны, аўтарытарны патрыярх, які ўсё вырашае сам і робіць паводле ўласных уяваў, і другі – пасіўны, датклівы, самалюбны, які чакае ўдзячнасьці й камплімэнтаў за сваю працу, а як тая ня клеіцца, дык заўсёды перакладае віну за сваю няўдачу на іншых. Але трэба ўсё-такі аддаць яму належнае: гэта нечувана моцная асоба, упарты чалавек, якога немагчыма пераканаць нават у відавочным, калі ён не жадае гэтага бачыць альбо трымае на вас нейкую даўнюю злосьць.
Пакінуць пасаду прэзыдэнта такому чалавеку самому вельмі цяжка – Напалеон таксама двойчы вяртаўся да ўлады, а потым да самага свайго заўчаснага канца сумаваў на высьпе Сьвятой Алены. У выпадку Лукашэнкі, аднак, ніякай выспы не прадбачыцца – хутчэй за ўсё яго чакае /…/. Таму ён ведае, што папросту абавязаны перамагчы. Гэта трэба мець на ўвазе ўсім, хто зь ім змагаецца. Мяркую, што весьці адкрытую палітычную барацьбу супраць дыктатара ягонага калібру й спадзявацца перамагчы яго на выбарах – марная рэч. Застаецца спадзявацца на «палацавы пераварот», замежнае ўмяшаньне ці народную рэвалюцыю накшталт грузінскай. Першы варыянт мне здаецца найбольш, апошні – найменш імаверным.
Ёсьць і яшчэ адзін варыянт: Лукашэнка застанецца пры ўладзе, аднак хтосьці павінен будзе займець на яго такі ўплыў, каб прымусіць яго радыкальна й незаўважна зьмяніць ягоныя палітычныя й эканамічныя погляды і з усенароднага Бацькі стацца сапраўдным «бацькам нацыі». Думаю, наўрад ці гэта калі ў каго ўдасца: Лукашэнку дастаткова, што ён ёсьць «бацькам нацыі» ў сваім уласным уяўленьні. Пры гэтым створанай ім нацыі (так званага «электарату») не існуе й ніколі не існавала – яна ёсьць фікцыяй выбарчых фальсыфікацый.
На жаль, у дзяржаўным апараце існуе мноства людзей, якім гэтая гульня вельмі выгадная, – так званая вэртыкаль. Менавіта гэтыя людзі зробяць усё магчымае, каб Лукашэнка любым коштам застаўся пры ўладзе, але пры гэтым застаўся сам сабе гаспадаром і не далучаўся да Расеі. Калі Лукашэнка будзе пераабраны ці скінуты, дык толькі тады, калі ягоная палітыка перастане іх задавальняць. Менавіта з гэтага асяродзьдзя выйдзе магчымы будучы наступнік Лукашэнкі, які забясьпечыць яму беспакаранасьць у абмен на дабравольны сыход з пасады. Гэты «расейскі» варыянт мне здаецца нашмат больш імаверным, чымся тое, што да ўлады цягам наступных 10 гадоў прыйдзе апазыцыя. Такім чынам, хутчэй за ўсё шэрая расейскамоўная эпоха маруднай капіталізацыі й адсутнасьці пэрспэктываў для бальшыні насельніцтва (якая суправаджаецца далёкім і звычайнаму чалавеку няўцямным шумам беларускамоўных дыскусій аб незалежнасьці, беларускасьці, дэмакратыі і іншых узьнёсласьцях) будзе цягнуцца яшчэ даволі доўга. Хіба што толькі беларус сапраўды прачнецца – толькі вось наўрад ці яго абудзіць згаданы далёкі шум.