Мысьлячая частка нашага грамадзтва знаходзіцца ў патомнай апазыцыі да тыраніі. Гэтая сьвятая нянавісьць, нібы атрыбут улады, пераходзіла ад генсека да генсека, пакуль яе цалкам не ўзурпаваў Аляксандар Лукашэнка. Ужо дзесяць год мысьлячая частка нашага грамадзтва засынае і прачынаецца зь ягоным імем на вуснах.
Беларусь – краіна рэваншу «шасьцідзясятнікаў». Яна падаравала савецкай інтэлігенцыі шанец на «аксамітны» – маральны – супраціў. Інтэлігенцыя гэты шанец выкарыстала. Усё адбылося: біяграфіі адліліся ў лёсы, паэты падаліся ў выгнаньне, надрукаваліся чорна-белыя фотаальбомы, склаліся хартыі, у драматычнай цішы на пераломе стагодзьдзяў было прагаворана гістарычнае «ня зломіш».
Што ж будзе пасьля Лукашэнкі? Удакладнім пытаньне: што будзе пасьля Лукашэнкі з інтэлігенцыяй? А што было пасьля Леніна, Сталіна, Хрушчова, Брэжнева, Андропава, Чарненкі, Гарбачова? Ці нехта дзякуючы зьмене першай асобы ў дзяржаве памаладзеў, ці стаў больш здаровым або разумным?
Эўразьвяз і надалей ня будзе экспартаваць у Беларусь «правільных» грамадзянаў, Расея застанецца самым вялікім нашым суседам, а Літва ня зробіцца «маці-радзімай» для праваслаўных беларускіх патрыётаў.
Рана ці позна Лукашэнка зьнікне з гістарычнай сцэны, магчыма – хто ведае? – разам зь ім, пазбыўшыся аб’екту нянавісьці, сыдзе і савецкая інтэлігенцыя – палітычныя аналітыкі, што займаюцца псыхааналізам, журналісты, якія цкуюць «жлобскую нацыю», гісторыкі, якія складаюць манаграфіі-фэнтэзі на падставе літоўскіх хронік? – гэты новы нечуваны тып людзей, мысьлячым органам якіх зьяўляецца сэрца.
Беларускаму прэзыдэнту супрацьстаіць «ліцьвінская» апазыцыя. Яна не нясе альтэрнатывы традыцыйнай сьвядомасьці. Эфэкт у сутыкненьні гэтых двух сусьветаў той самы, які быў бы, калі б, напрыклад, на ангельскіх выбарах кансэрватарам ці лейбарыстам надумалі супрацьстаяць эльфы ці оркі.
Якім нехарошым ні быў бы Лукашэнка, ён суадносны сыстэме каардынат беларускай рэальнасьці. Каштоўнасьці ж адраджэнскіх палітыкаў «ліцьвінскага» толку ўспрымаюцца на ўзроўні фэнтэзі. Замест пошуку кансалідуючых сымбаляў інтэлектуалы павялічваюць расколіну, адкідаючы, умоўна кажучы, «полацкую», задужа «бізантыйскую» спадчыну на карысьць спадчыны «віленскай». Але за будучага прэзыдэнта Беларусі будуць галасаваць менавіта палачане, а не віленчукі.
Сацыёлягі нядаўна ўсьцешылі сэнсацыяй: значная частка беларусаў за эўрапейскі шлях. Але чым паўстае для беларусаў «цывілізаваны Захад» – краем трыюмфу правоў чалавека ці радзімаю мыла «Пальмаліў», якое перамагло перхаць? Што перашкаджае інтэграцыі Беларусі з Эўропай – Лукашэнка ці, напрыклад, пагалоўнае няведаньне замежных моваў і нежаданьне іх ведаць? Чаго больш у нашым непрыманьні першага прэзыдэнта – ідэйнай прынцыповасьці ці абражанага эстэтычнага пачуцьця? Хто больш вінаваты ў шэрасьці нашай палітычнай сцэны – дрымучасьць эліт ці крыза беларускае кінаіндустрыі, якая ня ў стане прадукаваць айчынных Рэйганаў ды Шварцэнэгераў? Зрэшты, мець кіраўніка ад зямлі ў сучасным тэатралізаваным сьвеце могуць дазволіць сабе цяпер акрамя Беларусі хіба толькі Злучаныя Штаты Амэрыкі, што прагаласавалі за каўбойскія боты кандыдата з Тэхашчыны. Мы самабытныя, мы ўпоперак мэйнстрыму.
Роля Аляксандра Лукашэнкі ў гісторыі Беларусі, то бок у падручніку гісторыі Беларусі, ня вызначана. Цана пытаньня – беларуская незалежнасьць, а дакладней – дылема: быць ці ня быць беларускаму падручніку гісторыі. Калі падручнікі ў найбліжэйшыя 20 гадоў у Беларусі будуць пісацца, Лукашэнка мае шанец заняць месца ў шэрагу крызысных мэнэджэраў эўрапейскіх нацый – Кромвэля, Бісмарка, Франка... У адваротным выпадку ня факт, што ён пройдзе гістарычны кастынг на ролю нават другараднага д’ябла расейскай гістарыяграфіі, кшталту Мазэпаў-Хмяльніцкіх.
Наша мінулае ўва ўладзе гісторыкаў, будучыня належыць Галівуду, і толькі гэты момант – наш. Трэба проста вымыкнуць тэлевізар.