A R C H E П а ч а т а к № 4 (33) - 2004
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


4-2004
" да Зьместу "

 



аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі

 


аналітыка

  ДАНІЛА ЖУКОЎСКІ

Вокладка ARCHE 4-2004.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)
   Эўропа на ўсход ад    Эўропы
   Віленская Анталёгія
   Чэскі Альбом
   Pax Americana
   Туманнасьці
   беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Даніла Жукоўскі
«Зразумела» i «понятно»

          …мы толькi зрэдзьчас спатыкаемся з iмi – настолькi, што нават Джэбел, вельмі дасведчаны астранаўт, праходзячы побач з адным з iх, не патрапiў пазнаць, хто гэта. Хочаце ведаць чаму?
          Чаму?
          Бо сумяшчальныя чыннiкi камунiкацыi надзвычай слабыя.

          С. Дыланi. «Вавiлон-17»

«Усё становiцца зразумела i понятно», – двойчы з вуснаў вядомых і аўтарытэтных журналiстаў я чуў гэты адметны выраз1. З лапiдарнасцю Мiкалая Дземянцея мэтры пяра і мікрафона сфармулявалі тое, што ўвесь час жыве ў падсвядомасцi: «зразумела» i «понятно» – розныя рэчы. Слова не верабей. Жывая гаворка, у адрозненне ад запісу, які можна прачытаць і выправіць (хаця можна і не выпраўляць дзеля нязмушанасці і натуральнасці), іншы раз выяўляе старанна прыхаваныя з’явы.

І справа тут не толькі ў асабістай культуры людзей, якія прафесійна штодня працуюць са словам. Пры ўсёй нашай, намі ж апетай, двухмоўнасцi мы слаба ўсведамляем, як моцна злучаныя мова і светаўспрыманне. З пэўнай мераю палемiчнае завостранасцi можна сцвярджаць, што ў братнiх моваў болей адрозненняў, чым падабенства.

Тут не толькi банальныя спасылкi на «калхознасць» беларускае цi яе ўяўную немiлагучнасць. У Максiма Багдановiча ёсць вершы ў двух варыянтах: па-беларуску i па-расійску. Літаратуразнаўцы, гэтак жа як і простыя чытачы, адзначаюць адрозненне эмацыйнага фону, сухую стрыманасць ягоных расійскамоўных вершаў у параўнаннi з беларускiмi. Яшчэ большы кантраст – памiж перанасычаным эмацыйнымi фарбамi тэкстам I.Абдзiраловiча «Адвечным шляхам» i халодна-iнтэлектуальным перакладам, колісь надрукаваным у «Нёмане»: літаральна нібы дакладны, ён нагадвае арыгiнал гэтаксама, як рахунак за камунальныя паслугi – любоўнае пасланне.

Вінаватае не нядбальства перакладчыкаў, а рознасць моваў як з’яў сацыяльных, надзейна схаваная пад бясспрэчным лінгвістычным падабенствам. (Тое ж з украінскаю: што ў арыгiнале гучыць сакавiта i натуральна, у расійскім перакладзе або губляе сакавiтасць, або трацiць усю натуральнасць.) Сёння ахвотна перабольшваюць блiзкасць нашых моваў (i менталiтэтаў) i прымяншаюць іх рознасць. Увадначас непазбежна прымяншаецца вага i складанасць праблемы ўзаемаразумення. Ці з’яўляецца разыходжанне паміж «зразумелым» і «понятным» праблемай, вартай увагі беларускамоўнай грамады, або гэта можна да часу ігнараваць?

На мой погляд, адказ можа быць толькі адзін: ля вытокаў пагардлiвага стаўлення да праяваў беларускага разумення красы, якасцi, дыхту ды адмаўлення палiтычных правоў беларускае нацыi з аднаго боку і цяжкасцяў пераказу беларускага светапогляду сродкамі «братняй славянскай мовы-сястры» з другога ляжыць адна прычына.

ЧАМУ ПЕРАВАЖАЕ PREACHING TO THE CONVERTED

Відаць, ці не ўсім больш-менш культурным жыхарам Беларусі не даспадобы «моўны апартэiд» з лозунгам «пра гiсторыю i культуру – па-беларуску». Акрамя вiдавочнага прынiжэння мовы, прапагандысцкi імпэт тэкстаў збольшага губляецца марна: шырокае кола патэнцыйных чытачоў спыняецца беларускаю моваю тэксту, выдатна разумеючы, што тут толькi пра мову, культуру ды гiсторыю. Таго ж, для каго мова не ёсць перашкодаю, ужо паводле азначэння пераконваць у слушнасцi падвалiнаў беларускае нацыянальнае iдэалогii не трэба.

Гады перабудовы не прайшлi для беларусазнаўства бясплённа. За дзесяць год убачыла свет досыць матэрыялаў, каб iх мог скарыстаць кожны ахвотны. Тое, што сёння можна сустрэць у неспецыяльных выданнях, ёсць на 99 % паўтарэннем. Абсалютнай большасцi тых, хто чытае па-беларуску, не трэба невядома ў каторы раз нагадваць школьныя звесткi пра бiтву пад Грунвальдам. У той самы час гэткiя звесткi, пададзеныя ў прывабнай форме, будуць па-ранейшаму навiною для значнае часткi тых, хто чытае толькi па-расійску. Толькі хто іх падасць гэтым упартым «чужынцам» і «манкуртам»?

У Беларусі, здаецца, не склаўся тып грамадскага дзеяча, які прапагандаваў бы беларушчыну па-расійску і для расійцаў2. Не магу прыгадаць таксама й нечага падобнага да твораў Кіплінга, не скіраваных, натуральна ж, на «агітацыю за Індыю», але прасякнутых непадробным светлым пачуццём да краіны і людзей, якое з гістарычнай перспектывы выявілася больш важкім за каланіялісцкія міфы, свядома прапагандаваныя «жалезным Рэдзьярдам».

  сталы аўтар «ARCHE».
























1 Канстанцін Скуратовіч і Павел Шарамет. Але наўрад ці спіс павінен абмяжоўвацца гэтымі двума. Яны толькі «прагаварыліся».
   
Адсутнасць расійскамоўнае прапаганды беларушчыны з боку свядомых беларускамоўных колаў можа быць растлумачаная іхняй памылкай і трываннем рэшткаў каланіяльных забабонаў, пра што крыху ніжэй. Адсутнасць, ці надзвычай малая інтэнсіўнасць, беларусафільскай дзейнасці з боку тых, хто застаўся на баку «понятного», мусiць мець іншыя каранi.

Адкiнем у думках тэксты, скiраваныя выключна на індактрынацыю, уцягванне ў кола беларускасцi. Адкiнем тое, што служыць выключна мэтам вывучэння мовы й лiтаратуры ў школе i ВНУ. Асобна адставім класiкаў, падмурак нацыянальнае культуры (і школьнае праграмы). Адкладзём літаратурныя помнікі, цікавыя адно спецыялістам. Што засталося? Што ёсць на сёння дзейнай, жывой беларускай культурай, рэальным сведчаннем паўнакроўнага жыцця нацыi? Што ёсць такога, пра што можна напісаць неюбілейны матэрыял, падаць як гарачую падзею? Перакласці на расійскую мову і выдаць вялікім накладам?

Замала ў нас цiкавага, каб падтрымлiваць больш-менш значнае кола беларусафiлаў. У безданi, якая падзяляе «зразумела» i «понятно», вiнаватыя ў значнай ступенi мы самi. Занадта бо ўтульна асталявалicя ў адведзенай нам рэзервацыі, як тыя амерыканскія індзейцы ці аўстралійскія абарыгены.

Паслядоўна выключаючы з разгляду ўсё, што ўяўляе сабою хоць нейкую рэальную канкурэнцыю, мы стварылі сваю адмысловую іерархію. А дзеянні свае тлумачылі тым, што канкурэнты не лічацца, бо не карыстаюцца беларускай мовай. Але ж яны «карыстаюцца» беларускай аўдыторыяй!

Адсутнасць адпаведнай якасці твораў па-беларуску – што арыгінальных, што перакладных, – выкліканая прыгнётам і непасрэднымі шматгадовымі рэпрэсіямі, можа быць апраўданнем адставанняў, але ні ў якім выпадку не падставаю для паменшаных патрабаванняў да саміх сябе. Насуперак здароваму сэнсу, саматужныя стандарты мы паціху абсалютызавалі, пачалі патрабаваць прызнання іх навакольным светам. Калі ж свет не пагаджаецца з нашым спісам выдатнікаў, мы абвяшчаем, што ён памыляецца, і яшчэ больш замыкаемся ў сваім коле.

І каб жа гэта было ўсё! Накінуты каланізатарамі комплекс нацыянальнай непаўнавартасці набыў у незалежнай Беларусі нечаканую форму: звычка бачыць «усходніх братоў» як звышлюдзей, носьбітаў непараўнальна вышэйшай культуры сёння шмат каму з беларусаў не дае ўцяміць, што чалавек русіфікаваны можа папросту не разумець нас у тых аспектах, дзе мы выяўляемся як носьбіты адрознай культуры.

Пераадолеўшы (што праўда, не зусім – іначай адкуль тая прыхільнасць да зніжак самім сабе) першы каланізатарскі міф – пра слабасць і непаўнавартасць уласнае культуры і яе немінучую смерць, мы пакуль не пераадолелі іншага – пра надзвычайныя ўласцівасці культуры расійскай. Між тым самі расійцы часам наракаюць, што іхняя культура не стварыла сродкаў для раўнапраўнага дыялогу з былымі «меншымі братамі». Расейская культура і расійскае грамадства – не наш клопат, чаго нельга сказаць пра нашых суайчыннікаў, незалежна ад іхняе нацыянальнае прыналежнасці і культурнае арыентацыі.

«Сумяшчальныя чыннікі камунікацыі надзвычай слабыя», – гераіня «Вавілона-17» Рыдра Вонг мела на ўвазе іншапланетнікаў, негуманоідаў. Аўтар, Сэмюэль Дылані, спрабаваў гэткім чынам адлюстраваць чалавечыя праблемы ўзаемаразумення ў сябе на радзіме. Але яму, хутчэй за ўсё, нават не снілася сітуацыя, якая мае месца ў нас. Бо ўсё гэта, як здаецца, не мела б такога значэння, калі б мяжа паміж «зразумела» і «понятно» ішла ўздоўж дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, а не праз душу ці не кожнага насельніка краіны.

ПАСЯБРУЙМА З ЛЮСТРАМ

Барацьба за беларусізацыю, за паўсюднае ўсталяванне «зразумелага» павінна спалучацца са змаганнем за набліжэнне да яго «понятного». Бо першае без другога можа быць ажыццёўлена толькі з ужываннем гвалту – дзяржаўнага прымусу, дзяржаўных грошай і дзяржаўнага апарату, а гэта не толькі невыканальна, але й непрымальна, бо сумяшчаецца адно з недэмакратычнымі мадэлямі грамадскага ўладкавання.

«Усур’ёз і надоўга» можна планаваць толькі беларусізацыю з поўнае згоды большасці грамадства. Адсутнасць згоды на гэта азначае слабасць расійскамоўнага беларусафільства. Расійскамоўныя ставяцца да беларускай культуры па-рознаму: абыякава, спачувальна-паблажліва, варожа, – але ніколі не зацікаўлена.

Мусiць стацца «понятным», што пашырэнне ў грамадстве беларускай культуры анi ў якiм разе не будзе збядненнем цi абмежаваннем, але толькi ўзбагачэннем культурнай палiтры iндывiда. Мусiць стацца «зразумелым», што сёння ўзровень развiцця беларускай культуры гэткi, што яна нiяк не можа імгненна і паўнацэнна заступiць паноўную, заснаваную на расійскай мове, культуру – нават пры наяўнасці адпаведнае палітычнае волі кіраўніцтва Беларусі.

Беларушчына дастаткова жывая, каб паступова набiраць сiлу, але за неабходныя для таго ўмовы трэба змагацца i змагацца, бо iх няма.

Траўнік беларускай культуры не настолькі пышны, каб жывіць святарных кароваў. Каб недахопы асобных аўтараў не ўспрымалiся аўдыторыяй як недахопы культуры, да якой яны належаць, неабходна, каб яны носьбітамі гэтай культуры былi асэнсаваныя як недахопы тых аўтараў. Тут шлях рэабiлiтацыi «зразумелага» да «понятного». У адваротным выпадку культура губляе свой высокі статус атрыбуту нацыі, робіцца субкультураю.

Беларускасць у форме субкультуры апошнім часам даволі часта выконвае ролю сродку асабістага самавыяўлення індывіда, формы бунту асобы супраць абмежаванняў паноўнай культуры. Мэты гэткага руху выразна супярэчаць прыярытэтам нацыянальнага будаўніцтва: носьбіты субкультуры не прэтэндуюць на ахоп усяго грамадства – толькі на прызнанне за імі, адрознымі, «права грамадзянства» ў паноўным культурным асяроддзі.

Ужыванне ў нацыянальна свядомым асяроддзі сусветных стандартаў якасці будзе штодня сцвярджаць дзейнасць гэтага асяроддзя менавіта як форму нацыянальнага будаўніцтва. Дамагацца падтрымкі ад шырокіх колаў немагчыма без пераасэнсавання такое каштоўнасцi, як унiкальнасць беларускае нацыi. Па-першае, патрабуе ўдакладнення ступень гэтае ўнiкальнасьцi, а па-другое, сярод адрозненняў варта вызначыць тыя, што анiяк не надаюць беларусам гонару i, выяўляючы нашу ўнікальнасць, з’яўляюцца не каштоўнасцю, а ўсяго прыкметай нацыянальнай няспеласці.

Грунтоўны перагляд нашай скарбонкі палепшыць стаўленне навакольных: калектыўны «свядомы« беларус радзей будзе паводзіцца гэтак, нiбы кожная праява ягонае адрознасцi самакаштоўная. Тады тыя, якiм толькі «понятно», будуць ставiцца да пэўных асаблiвасцяў суседа па пад’ездзе з большай павагай, а сёй-той дойдзе нават да разумення, што ў экзатычнасцi беларускамоўнага знаёмца ёсць i ягоная вiна.

Першасная, немаўлячая форма нацыяналізму – сімвалічнае прысваенне сабе ўсяго добрага. Прыкладна тры чвэрці малых латышак (полек, чэшак і г.д.) у рэлігійных класах перакананыя, што Маці Божая – латышка (полька, чэшка і г.д.). Протанацыяналізм сілкуецца ці не стопрацэнтнай хлуснёй, але й гэта ідзе на карысць нацыянальнаму пачуццю, лучыць яго з іншымі ідэаламі.

Супрацьлеглая тэндэнцыя – выкарыстанне нацыянальнага пачуцця дзеля апраўдання хібаў і недапрацовак. Для мацавання нацыянальнага пачуцця яна шкодная, а для пашырэння яго сярод людзей неперакананых – згубная3. Праз невялікую хібіну, праз неістотную для сутнасці вялікай ідэі непатрабавальнасць да сваіх адбываецца вялізная дыскрэдытацыя. Тут мы маем змаганне за аўдыторыю – яе ўвагу, суперажыванне, разуменне, неабыякавасць, прыхільнасць, давер. І толькі потым – за больш моцныя пачуцці. Шмат якiя беларускiя грамадскiя iнiцыятывы не проста не вытрымлiваюць выпрабавання «пониманием» – яны выразна не разлiчаныя на гэта. Між тым, імкненне не чуць мату на кожным рагу зразумець значна лягчэй, чым неабходнасць рэформы правапiсу беларускае мовы. Справа за тым, каб перакiнуць масток памiж адным i другiм.

  2 Пазіцыя «Белорусской деловой газеты» тут выглядае тым выключэннем, якое адно падмацоўвае правіла.
   

У АБАРОНУ МОВЫ

Сiстэма iдэяў заўсёды грунтуецца на пастулатах (прыгадаем амерыканскую Дэкларацыю Незалежнасцi: we hold these truths self-evident…). Рознiца памiж «зразумела» i «понятно» выяўляецца ў тым, што вiдавочнае для «зразумелага» не з’яўляецца гэткiм для «понятного».

Сутыкненне з «понятным» – найсур’ёзнейшы выклiк для носьбіта «зразумелага» – змушае пераасэнсаваць тое, што ён прызвычаiўся быў лiчыць безумоўна абгрунтаваным. Не кажу пра «слабых верай» – гэтае практыкаванне можа ўвогуле яе пазбавiць. Моцныя (толькi яны й могуць быць лiдэрамi ў грамадскiм працэсе) выйдуць з яго з каштоўным досведам i – калi Бог дасць – з новымi прыхiльнiкамi.

Варта адзначыць, што мастацкiя творы маюць спецыфічную здольнасць абгрунтоўваць памянёныя пастулаты – адно не лагiчнымi, а ўласцівымі мастацтву сродкамi – і гэта надае мастацтву надзвычайную вагу ў нацыянальных справах: у той час як рухавіком гэтага працэсу ёсць насамперш інтарэсы эканамічнага парадку, кансалідацыя грамадства толькі на эканамічным грунце наўрад ці магчымая. На маё глыбокае перакананне, «слоўнік цяжказразумелых выразаў для беларуска-расейскага ўзаемаразумення» павінен складацца перш за ўсё з мастацкіх твораў.

Сукупнасць вiдавочных праўдаў беларускай нацыянальнай iдэi досыць добра вядомая:

— родная мова,
— самабытная культура,
— слаўная гісторыя,
— незалежная дзяржава.

Але гэта толькi адзiн – светлы – бок беларускай iдэi. Цёмны бок утвараюць разуменне, што беларуская нацыя далёкая ад дасягнення сваiх мэтаў, адчуванне хранічнае малалiкасцi шэрагаў свядомых змагароў ды наяўнасць шматлікага натоўпу тых, хто паводле этнічнае прыкметы падлягае навяртанню. Мо таму сталым прыярытэтам зрабілася асветнiцтва дзеля першаснае індактрынацыі. Ёсць праблема працягласцi змагання, якое расцягнулася сама меней на стагоддзе з гакам i дасюль не прынесла чаканага вынiку ў выглядзе стабiльнае незалежнае дзяржавы – найвышэйшай на сёння формы самаарганiзацыi нацыi. У вынiку асветнiцка-мiсiянерская лiнiя з iнструментальнай, часовай сталася сутнаснай, сталаю рысаю беларускай нацыянальнай iдэi. Цень перапоўз на светлы бок.

У мусульманскiм Пiсаннi шмат разоў гучыць перасцярога: не дадавайце Алаху таварышаў. У нас гэты прынцып парушаны – што з боку афіцыёзу, што з боку актывістаў нацыянальнага руху.

Абавязак любiць мову блытаюць з абавязкам любiць канкрэтную лiтаратуру i канкрэтных лiтаратараў.

Абавязак шанаваць гiсторыю – з абавязкам верыць у канкрэтныя гiстарычныя мiфы.

Абавязак ганарыцца сваёй культурай – з абавязкам захапляцца фальклорна-эстраднаю выцяжкай з яе.

Абавязак мацаваць сваю дзяржаву – з абавязкам верыць у палiтычныя фантазii асобных палiтыкаў.

Гэта вынік якраз-такі адноснае малалікасці культурных каштоўнасцяў ды прагматычна-місіянерскага падыходу да іх ужывання: індактрынацыя ў беларускім нацыянальным руху лічыцца важнейшаю за далейшае паўнацэннае існаванне свядомага індывіда. Адчуўшы сваю беларускасць, культурны чалавек, які не абраў лёсу творцы, апынаецца перад выбарам: пагадзіцца на існаванне ў небагатым асяроддзі ці спрабаваць спалучыць нованабытае «зразумелае» са звычным «понятным». Але «зразумелае» лічыць гэтае спалучэнне заганаю: дух школьнага настаўніка, якім прасякнуты ўвесь беларускі рух, не пагаджаецца з суседствам. Настаўнік заўсёды ведае, што правільна толькі тое, чаму ён вучыць, адданы свайму прадмету, і не даруе здрады нават у дробязях.

Калі ж гаварыць пра творцаў, то слабасць беларускае культуры стварае для іх моцную спакусу атаясамiць сябе з найвышэйшымi нацыянальнымi абстракцыямi. Мова, бедная, спакутаваная, прыгнечаная беларуская мова валодае чароўнай уласцiвасцю рабіць кампілятара пачынальнікам, эпігона – наватарам, шарагоўца – першым (бо адзіным). Небяспечная ўласцівасць, выкліканая дзесяцігоддзямі рэпрэсій, уцечкі мазгоў і аслабленых стандартаў.

Звычайны чалавек даволi ясна разумее рознiцу памiж любоўю да роднага слова i захапленнем творамi канкрэтнага аўтара. Адчувае несупадзенне маштабу тутэйшых філосафаў ды палітолагаў і Арыстоцеля з Платонам. (Карціць згадаць некаторыя імёны, але нельга – іншыя могуць набраць пераканання, што іх гэта не тычыцца.) СМI, асабліва літаратурныя выданні, у агітацыйным запале імкнуцца накiнуць процiлеглае бачанне (іншым разам, дарэчы, насуперак жаданням уздыманых на п’едэстал). У вынiку шмат хто з чытачоў, давяраючы ўласнаму пачуццю здаровага сэнсу, адварочваецца – прэч ад «зразумелага» ў бок «понятного». Просты i эфектыўны механiзм. Тыя ж, хто ўсё-такi застаецца, часцяком пазбаўляюцца волi да прапаганды беларушчыны, не жадаючы трапляць у смешнае становішча са сваімі дамарослымі Сакратамі.

Перад, так бы мовiць, здаровымi сiламi беларускай грамады стаiць пачэсная задача: пазбавiць беларускую мову яе цудоўнай уласцiвасцi дарыць нiмб i карону кожнаму шараговаму працаўнiку ейнае нiвы. І прагну зазначыць, што зрабіць гэта адносна проста.

Недахоп літаратурнай крытыкі, пра які часцяком згадваюць сёння, сведчыць якраз пра тое, што мы гатовыя адмовіцца ад разгляду беларускага мастацтва як мастацтва заведама ніжэйшага гатунку, якому патрабуецца зніжка (падобна як пры ацэнцы першага сачынення школьніка малодшых класаў). Фактычна, спажывец ад гэтага ўжо адмовіўся. Адзіная праблема – малаватая база параўнання.

SINE QUA NON

Згадваецца апокрыф пра колішні Вярхоўны Савет, дзе расійскамоўны дэпутат пакрыўдзіўся на беларускамоўнага за фразу «няма ўмоў». Абраннік народу абурыўся публічна: «Как это – нет умов!» Як і ў выпадку з журналістамі, вуснамі каламбурыста гаворыць ісціна: умы ёсць, умоў – няма.

Праблема нязгоды «зразумелага» і «понятного» не ў тым, што беларускамоўным «усяго толькі» не стае шэдэўраў, якімі яны маглі б ганарыцца. Зазірніце ў СМІ: мяркуючы па іх, нас тлумам акаляюць геніяльныя творцы, праніклівыя палітыкі, таленавітыя навукоўцы і высокапрафесійныя менеджэры. Адзінае, чаго не хапае гэтым абраннікам лёсу, – гэта прызнанне і адпаведныя маштабу іхняга таленту рэсурсы, якія ўдзячны беларускі народ абавязаны перадаць у іхнія рукі дзеля свае ж карысці.

Марна спадзявацца на моц геніяльных твораў, пакуль грамадства не ў стане адрозніць іх ад графаманаў. Марна чакаць выратавання ад мудрага й адданага народу палітыка, пакуль грамадства не адчувае розніцы паміж патрыятызмам і фашызмам, імкненнем да справядлівасці і дэмагогіяй. А каб абудзілася здольнасць адрознення, трэба не толькі якасць, але таксама колькасць і разнастайнасць.

Трэба перакладаць сусветную літаратуру на беларускую мову, бо толькі гэта здольнае стварыць варты даверу базіс. Трэба пакончыць з традыцыяй разглядаць вартасці беларускіх твораў праз прызму клопату не пакрыўдзіць аўтара, які ахвяраваў свой талент на няўдзячны алтар Беларушчыны. Перш чым ганараваць сейбіта «разумнага, добрага, вечнага», трэба агледзець ураджай з ягонай валокі і зважыць яго гірамі са штампам сусветнага стандарту. А свае – самаробныя, падточаныя і з дзіркамі – выкінуць на сметнік.

Нельга патрабаваць ад чалавека пералічыць адценні блакіту, калі яго ўсё жыццё ўсе навокал вучылі толькі таму, што ёсць святло і цемра. Нельга чакаць упартага пошуку свайго ў беларускім культурным асяроддзі, калі чалавеку ўвесь час тлумачаць, што тут усё – найвышэйшай якасці, а ён адчувае, што гэта не адпавядае рэчаіснасці. Бядак вымушаны або паверыць, або адрынуць. Нібы гэта сімвал веры нейкае рэлігіі.

Беларускасць – не рэлігія, і, менавіта каб падкрэсліць гэта, я ўжыў тут выразы «зразумелае» і «понятное», пазбаўленыя сакральнага флёру. Абмяжоўваючы двухбальнаю сістэмай («добра» ці «выдатна») шкалу ацэнак уласнае дзейнасці, беларуская грамада накідвае гэткі спосаб паводзінаў навакольнаму асяроддзю, але там шкала атрымлівае крыху іншы выгляд: «здавальняюча–нездавальняюча». Будаваць на гэткай глебе?

Калі мы самі ў сваім асяроддзі навучымся карыстацца калі не дзесяцібальнаю, то хаця б пяцібальнаю сістэмай адзнак, тады старонняй асобе будзе прасцей класіфікаваць праявы беларускасці, дапасоўваючы гэта да сваіх зацікаўленняў. Яна зможа лягчэй вызначыць тое, што ёй падабаецца. У яе з’явіцца шанс высочваць цікавае без прыкрасцяў і расчараванняў. Значыць, варты ўвагі беларускі твор атрымае дадатковыя шансы быць заўважаным і адзначаным шырэйшай аўдыторыяй, а бязглуздзіца будзе названая сваім імем да таго, як стане нагодаю для кпінаў нядобразычліўцаў. Іншымі словамі, з’явіцца мноства шансаў для прыязнага дыялогу паміж «зразумелым» і «понятным».

Тады мо расейскамоўны сусед па пад’ездзе, убачыўшы ў нашых руках беларускамоўнае выданне, пачуўшы беларускае слова або дазнаўшыся пра невядомага яму беларускага творцу, задасць нарэшце сабе гэтае няпростае пытанне: «Чаму мы толькі зрэдзьчас сустракаемся з імі?»

  3 Пісьменнік напісаў сярэдне, але ж ён патрыёт, і будзем лічыць твор добрым (або выдатным ці нават геніяльным)… Некаторыя паважаныя – без двукоссяў! – дзеячы БНФ за пятнаццаць год – без двукоссяў! – змагання не навучыліся гладка гаварыць па-беларуску, аўтарытэтны ў нацыянальна арыентаваных колах дзяяч сёння вярзе ex catedra адно, а заўтра нешта зусім процілеглае… Прыкладаў нашмат больш, чым хацелася б.
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 4 (33) – 2004

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/1/17