| |
Ігар Бабкоў
Катакомбы cogito
Doch ist es hailsamer fuer das Denken, wenn es im Befremdlichen wandert, statt sich im Verstandlichen einzurichten.M. Heidegger
ы ў люстраным пакоі, у якім розум бачыць бясконцую гульню сваіх уласных адбіткаў. Ілюзорнасьць выявы тысячакротна памнажаецца на непрытомнасьць камэнтара. У сьвеце няма анічога, што можна было б назваць рэальным. Зазірнуць па той бок люстэрка немажліва, не разьбіўшы люстэрка. Зазірнуць па той бок люстэрка ўвогуле немагчыма. Там можна толькі апынуцца. Калі мы гаворым, што «там» анталягічна Іншае, што мы маем на ўвазе?...... Крызыс формы. Задуха. Думка ня можа ані ў чым затрымацца. З аднаго боку – акадэмічны дыскурс, які ўлучаны ў машыну «вытворчасьці веды». Зь іншага – інтэлектуальная крытыка, якая ўлучаная ў практыкі дэканструкцыі наяўнага абнаўленьня карціны сьвету. Думка вяртаецца да мэдытацыі, да прапаэзіі, да фрагмэнту, да бязмэтнага і безабароннага блуканьня «сярод рэчаў». Думка вучыцца быць даверлівай. ...... Жыць у цені цішыні ўласнай сьвядомасьці. Быць сьведкам таго, што там адбываецца. Сьведчыць. ...... Клінамэны – асыстэмная думка, якая адцяняе анталягічную й эпістэмалягічную непрытомнасьць сучаснага нармалізаванага суб’екта Вялікай Заходняй Эпістэмалёгіі. У эпікурэйцаў клінамэн – панятак, што апісвае адхіленьне атаму ад сваёй найпростае траекторыі. Клінамэны – выклік прычыннасьці, самыя загадкавыя і самыя свабодныя героі гісторыі мысьленьня. ...... Прычыннасьць у навуцы: мы думаем, што калі мы пусьцілі з адхону шар і вымяраем яго хуткасьць, мы дасьледуем «законы прыроды». Але ж гэта МЫ пусьцілі шар з адхону. Магчыма, шар, пушчаны з адхону Богам, не зьбіраецца паслухмяна каціцца ўніз, а... наадварот, узьлятае ў неба? ...... Магчыма, мае рацыю Разанаў, і сапраўдная задача мысьленьня палягае на тым, каб «рабіць словы істотнымі». Але як яны стаюцца такімі? У якім месцы? І ці так ужо ім самім гэтага хочацца? Магчыма, думкі ападаюць з чалавека, як лістота з дрэва. Павольна апускаюцца побач, у цёплы і ўтульны цень. Каля каранёў. Альбо наадварот, падхопленыя раптоўным ветрам, імкнуцца за далягляд... ...... Кундэра ў «Мастацтве раману» выказвае думку, што розьніца між філёзафам і літаратарам палягае на тым, што філёзаф імкнецца давесьці пэўную думку пра экзыстэнцыю і сьвет як цэлае сродкамі мысьленьня, а літаратар прапаноўвае думку як «анталягічную гіпотэзу» й запрашае на прагляд: як яна працуе на прасторы раману, апавяданьня альбо верша.
Раман сатканы зь нітак прычыннасьці, экзыстэнцыя аблытаная імі. Клінамэны – гэта калі прычыннасьць дае збой, героі робяць учынкі ня з тых матывацый, якія ім дазволены псыхалёгіяй... ...... Мы выйшлі ў сьвет і знайшлі яго невыносным. ...... Настае эпоха, у параўнаньні зь якой савецкі таталітарызм здаецца мілай забаўкай. Час, калі людзі ня могуць нават памерці – бо яны яшчэ і не нараджаліся. ...... Амаль адначасова: жаданьне бунту, пратэсту, адчайнае і безнадзейнае апошняе вайны з той фальшывай і вабнай «нармальнасьцю», у якой мы апынуліся. І ў той жа час разуменьне, што гэтая нармальнасьць здатная ператравіць які-колечы пратэст, увесьці ў «прымальнае» і ўрэшце прадаць усялякі бунт. І ў лепшым выпадку помнікам такога выхаду на паверхню стаецца зьяўленьне яшчэ аднаго пэрсанажа... які з камічнай неабходнасьцю займае сваё (?) месца на паверхні сьвету. ...... Сучасная філязофія ўжо не базуецца на рэспэктабэльным акадэмізьме, на «школах», якія дамінавалі ў другой палове XIX стагодзьдзя. Ужо няма прэтэнзіяў на веду і кумулятыўнасьць. Сучасная філязофія функцыянуе як сыстэма «высокае моды» мысьленьня, інтэгруючы ў сябе элемэнты шоў, поп-культуры, дзе акторамі выступаюць «ідэі», а рэжысёрамі – аўтары. На самым версе функцыянуе сыстэма «акадэмічных зорак» – высокааплатных аўтараў філязофскіх бэстсэлераў, задача якіх ствараць увесь час «новае» (у сыстэме моды гэта адпавядае топ-дызайнэрам). Пад іх ладзяцца канфэрэнцыі, выдаюцца зборнікі, пад іх працуе машына мультыплікацыі (памнажэньня дыскурсу). У выніку: сучасная філязофія ёсьць машынай па вытворчасьці дыскурсу, машынай, якая ўлучае ў сябе ўсе спробы бунту.
Бедны Дэрыда. Ён так марыў пра дэканструкцыю. ...... Ідэалёгіі і ідэі, дыскурсы і контрадыскурсы, сыстэмы і тэорыі – усё гэта даўно ўтылізаванае і функцыянуе на паверхні ў лёгіцы абмену. ...... Дух застаўся ў катакомбах. Бо ён ня можа «абменьвацца» і не падлягае «ацэнцы». ...... Мысьленьне – скальпэль, які расьцінае закарэлую халодную паверхню сьвету. Паэзія – наркотык, які дазваляе забыцца і ня бачыць яго крывавай кульці. ...... Катакомбы... у небе, чаму б і не? Сярод аблокаў нябачныя штольні, у якіх здабываюцца бязважкія скарбы. Схавацца ў небе, сярод пустэчы, там, дзе нічога няма. Тунэлі, лябірынты, эмоцыі, самадастатковыя фрагмэнты словаў, што адарваліся ад зямлі і існуюць самастойна... альхімік Ластоўскі, аматар паветранай хады Жылка... ...... Мэтафізыка сёньня – усё тое, што ня можа быць рэпрэзэнтавана, адкладзена ў знак і арганізавана ў дыскурс, але пры гэтым вырываецца за межы рэдукцыі да маўклівага аб’екту рэальнасьці (фізыкі). Усё тое, што «маўчыць» на нашым сёньняшнім узроўні легітымнае веды, тое, што застаецца «паміж», у цьмянай прасторы непрысутнасьці, вырванае зь неіснаваньня (нішто). Тэмы і аб’екты традыцыйнае мэтафізыкі ўсё больш і больш інкарпаруюцца ў фізыку. Прычыны ўсё больш і больш кантралююцца, вытворваюцца. Застаюцца такія рэчы, як «духі, анёлы, Бог і інтэлігенцыі» (як прадмет натуральнае тэалёгіі). Трэба прызнаць, што і яны сёньня завісьлі ў паўпрысутнасьці. ...... Філязофія распачалася як крытыка доксы ў імя эпістэмы. Распачалася на Атэнскім кірмашы, у сытуацыі, калі адарванасьць ад традыцыі, гэтага нябачнага каркасу доксы, сталася відавочнай – і невыцерпнай. Мы дасюль так і ня выйшлі з гэтага кірмашу. ...... Філязофія доўгі час была крытыкай доксы ў імя эпістэмы. У гэтай крытыцы яна сама брала на сябе ролю эпістэмы. Так было да таго часу, пакуль месца эпістэмы канчаткова не замацавалася за навукай. Ад гэтага новага часу філязофія стаецца крытыкай эпістэмы ў імя гнозысу. ...... Толькі на мяжы думкі і ня-думкі можна мысьліць сьвядомасьць. Знайсьці сябе ў сьвядомасьці. ...... Сьвет як паверхня. ...... Пошукі апошняе паверхні, на якой мы маглі б затрымацца. Лад жыцьця, спосаб думак, якія нам прапаноўвае кожная эпоха і якія мы лічым «нармальнымі», нас часам стамляе, і тады мы шукаем ратунку ў ненармальнасьці. Але ненармальнасьць палягае на той жа самай паверхні: ненармальнасьць не ратуе. ...... Пункт анталягічнае затрымкі, апошняя паверхня – альбо бясконцы палёт у прадоньне. ...... Усё жыцьцё Клакоцкі змагаўся з «рэальнасьцю», у якую ня верыў, якую выкрываў. Ня дзіва, што ўрэшце ён запісаў на палёх «Голасу ў пушчы» Генрыка Жавускага: «Літва сёньня – самае нерэальнае месца ў сьвеце». ...... Усе цывілізацыі так альбо інакш вымушаныя былі даваць сабе рады зь непазьбежнымі зьменамі – узьлётамі і падзеньнямі, затрымкамі і пераходамі, праваламі, энтрапіяй... Усе так альбо інакш шукалі магчымасьць захаваць раўнавагу, застацца, намацаць штосьці нязьменнае. І толькі эўрапейская мадэрнасьць імкнецца «асядлаць хвалю», зьмяняцца хутчэй за самі зьмены. ...... Слова «прагрэс» выклікала ў Клакоцкага гістэрычны сьмех. ...... Сьвет – астывае. ...... Веда, якая паўстае ў пэўным кантэксьце, у пэўны момант гісторыі, няспынна астывае, натуралізуецца, ператвараючыся такім чынам у міт. У выніку гэтага веда запаўняе сабой усю прастору, стаецца карцінай сьвету, доксай. Максымальна натуралізаваная сыстэма веды прадстаўляе сябе як культура. Крытыка веды, такім чынам, стаецца крытыкай культуры і наадварот, крытыка культуры немагчыма сёньня бяз крытыкі веды. Крытыка веды – гэта дэстабілізацыя міту, дэканструкцыя наяўнага. Крытыка веды – перш за ўсё крытыка словаў, канцэптаў, сыстэмаў значэньняў. Задача такой крытыкі – узнаўленьне ў нашай сьвядомасьці таго, што мы ня ведаем. Мы існуем на мяжы веды і няведы, і задача ня ў тым, каб максымальна выцясьніць адно другім, а ў тым, каб застацца на мяжы, утрымацца. Мысьленьне магчыма толькі на мяжы. Гэтая мяжа мае анталягічны характар. Стан існаваньня на мяжы сьвету: анталягічны непакой. ...... Літаратура таксама няспынна астывае і абсалютную большасьць сучаснае літпрадукцыі складаюць «халодныя» формы, паўфабрыкаты, гатовыя да ўжываньня, расфасаваныя доксай, пазбаўленыя энэргіі. Папрок у няплоднасьці сёньня – гэта, па сутнасьці, папрок у адмове ад саўдзелу ў гэтай фабрыцы літмакдоналдзаў. Іншы бок гэткае плоднасьці – гэтыя рэчы пераважна аднаразовыя – яны прызначаныя для хуткага спажываньня і вымываюцца з культурнай памяці амаль што адразу. ...... Так няшмат трэба, каб зьбіць чалавека зь ягонай упэўненасьці, што жыцьцё ведае, што робіць, калі вымыкае чалавека з таго месца, у якім ён знаходзіўся «да нараджэньня». Чалавек ня ў стане затрымацца ў «сваім» часе, ён сплывае ў нікуды. Нашая эпоха прыняла гэтае сплываньне як кон і назвала яго «апошняй свабодай». ...... Жыцьцё – дасканалы лябірынт сацыяльных адбіткаў, празь які мы праходзім хутчэй па інэрцыі, чым у пошуках Мінатаўра. ...... Заціснуты між дзьвюма няведамі: таго, што было да майго нараджэньня, я ня памятаю (кім я быў да нараджэньня?), таго, кім я стануся пасьля сьмерці, я ня ведаю. Адсюль: няпамяць і няведа – самыя істотныя рэчы (паняткі? словы?) майго жыцьця, яго межы і яго форма. ...... Кітайская традыцыя ня ведае страху сьмерці, пераляканага трымценьня перад нябытам, здранцьвелай засяроджанасьці на Нішто ці на Нічым, адсутнасьці. Гэтая традыцыя, якая «акультурыла» нябыт, навучылася існаваць на мяжы быцьця і нябыту, прымаць пустату Нябёсаў як анталягічную гарантыю Быцьця, якое патрабуе пераменаў і глядзіцца ў гэтыя перамены, як у люстэрка. ...... Мы – барбары на руінах сьвету. Мы адчайна спрабуем адгадаць значэньні знакаў, што калісьці мелі сэнс. Пра што яны? Да каго зьвернутыя? ...... Беларусь варта было б прыдумаць, каб на гэтых прасторах можна было б штосьці любіць. ...... Вялікія нацыі пераконваюць саміх сябе, што яны ў стане запанаваць над татальнасьцю самога быцьця – і над часам. Малыя – пакутуюць ад уласнае нерэальнасьці. ...... Малым культурам дадзена адчуваньне крохкасьці і лятучасьці сьвету. Разуменьне таго, што ўсяго гэтага магло б і ня быць, альбо яно магло быць іншым. Брутальная ўпэўненасьць у сваім Я – што можа быць больш чужым для гэтай далікатнай паўпрысутнасьці? ...... Беларусь – краіна без культурнага алібі. ...... Супольнасьць, якая ня верыць у рэальнасьць самой сябе. Нацыя на разломе між быцьцём і нябытам. Менавіта на такім разломе надзвычай ясна ўсьведамляецца галюцынагенны характар таго, што завецца «рэчаіснасьцю». Часам здаецца, што адчайныя спробы прысьніць супольны сон пад назвай Беларусь таму й не ўдаюцца, што ня хочацца пакідаць гэты разлом, гэтую мяжу. Ня хочацца быць «як усе». ...... Беларускае мысьленьне можа сыходзіць альбо з ідэі чыстае мяжы, чыстае адрознасьці, альбо з ідэі тутэйшасьці як факту сымбалічнае адмены ўсіх межаў, якія стаюцца празрыстымі і растаюць у паветры... ...... Тое, што сёньня завецца Заходнім канонам; – гэта значыць, тэкстава, дыскурсіўна і інстытуцыйна замацаваныя нормы, каштоўнасьці і набыткі Заходняга сьвету, – уступіла ў паласу праблематызацыі і самапраблематызацыі. Што істотна – Заходні канон стаўся праблемай ня толькі для Іншага (альбо для Іншых), але таксама і для самога сябе. У часы савецкага камунізму, калі заходнія каштоўнасьці былі пастаўлены пад пытаньне ў ладнай частцы сьвету, сытуацыя была не такой складанай. Сёньня атака на Заходні канон ідзе па трох накірунках: – кантынэнтальна-акадэмічная традыцыя (Ніцшэ, Гайдэгер, Дэрыда), постмадэрнізм і дэканструкцыя, – радыкальны мультыкультуралізм у ЗША, – посткаляніяльны крытыцызм, які інстытуцыйна расьцярушаны па ўсёй прасторы сьвету. Да гэтага можна дадаць праект дэканструкцыі Захаду, які зыходзіць з эўрапейскіх пэрыфэрыяў. Парадаксальна – у той час, калі постсавецкія інтэлектуалы спадзяваліся пабачыць унівэрсальны і адзіны сьвет, яны знайшлі няспынную культурную вайну ўсіх супроць усіх. ...... Беларусь – прастора анталягічнага непакою. Калі і ёсьць нейкая мэтафізычная задача, дык, магчыма, гэта інтэлектуальная партызанка. У пэрспэктыве – ініцыятарка разнастайных «бунтаў», эпістэмалягічнай нязгоды. Бо што яшчэ можна вярнуць сьвету, які так імкнецца давесьці, што «цябе няма». Эпістэмалёгія супраціву – гэта перадусім аналіз вытворчасьці веды, дэнатуралізацыя веды пра нас саміх, якая прадукуецца «недзе там» і прапануецца тут як форма, якая мусіць аформіць наш уласны досьвед. ...... Эўрапейская філязофія працятая «палітыкай адказнасьці» перад унівэрсальным, усеагульным, належным. Яны адчуваюць сябе ў цэнтры, адказнымі за Захад. Мы знаходзімся на мяжы, і супадаем ня столькі зь іхнай «адказнасьцю», колькі з сваёй пытальнасьцю. ...... У нас зь Міцкевічам ня толькі супольная зямля, але – і гэта больш істотна – супольнае неба.
|
|
філёзаф. Летась выдаў кніжку «Філязофія Яна Сьнядэцкага».
|