A R C H E | П а ч а т а к | № 5 (34) - 2004 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
АЛЯКСЕЙ БАЦЮКОЎ | |||||
Праўда і няпраўда гісторыі
Гістарычная навука мае сваю акрэсьленую гісторыю. Афармленьне і замацаваньне яе навуковага статусу вялося ад пачатку ХІХ ст., у час агульнай хвалі пераўтварэньня цэласных сыстэмаў ведаў у канкрэтныя навуковыя дысцыпліны. Гэты працэс, ініцыяваны пазытывістамі, меў на мэце вызваліць навуку ад старасьвецкіх мэтафізычных і тэалягічных забабонаў. Зь цягам часу гісторыя аформілася ў «пазытыўную» навуку, якая апісвала мінуўшчыну з карысьцю для сучасьніка. Прычым гэтая карысьць палягала ў тым, што дадзеная навука распрацоўвала гісторыю народаў, падводзячы гэтым падмурак пад тагачасныя нацыянальныя дзяржавы і імпэрыі. Нацыі, якія атрымлівалі дзяржаўнасьць з спазьненьнем, вымушаныя былі ўжо адваёўваць уласную гісторыю ў суседзяў, што часта прыводзіла да наўмысных скажэньняў мінулага. Для беларусаў гэты працэс меў два асноўныя этапы – 20-я і 90-я гады ХХ ст.1. Цяпер, у 2000-я, мы мусім крытычна яго ацаніць, бо маем ужо характэрную карціну. Доўгі і заблытаны шлях гісторыкаў па пошуку ўнівэрсальнай і станоўчай мэтадалёгіі гістарычнага дасьледаваньня прывёў іх да пэўнага фіяска: як ні круці, але гісторык шукае ў цямрэчы вякоў зусім ня нешта аб’ектыўнае (рэч, падзею, зьяву) – ён цалкам заняты пошукам значэньня (рэчы, падзеі, зьявы)2 . А дакладней, гэтае значэньне ён альбо атрымлівае ў спадчыну ад іншых гісторыкаў – пры адсутнасьці фантазіі, – альбо вынаходзіць саматугам. Гэты факт вядзе да нэгатыўнай, але непазьбежнай высновы: аб’ектыўная сутнасьць гістарычна аддаленых фэномэнаў неспасьцігальная. Але ў чым тады задача гісторыкаў? Для постмадэрністаў тут усё ясна: гісторык – ня большы навуковец, чым бэлетрыст.
|
філёзаф. Піша мастацкую прозу і філязафічныя рэфлексіі. Жыве ў Магілёве. |
Постмадэрністы ўважаюць, што сёньняшняя гістарычная навука няўмольна набліжаецца да літаратуры, бо дыскурс гісторыка – «усё яшчэ апавяданьне», і, значыць, «на іхныя працы распаўсюджваюцца фундамэнтальныя прынцыпы ўсякага апавяданьня»3. Выходзіць, цалкам залежны ад уласных перакананьняў, адукацыі, інтарэсаў і г. д. гісторык выступае ў якасьці літаратара, што імкнецца зацікавіць чытача сваёю вэрсіяй гісторыі альбо сваім жвавым разважаньнем, здольнасьцю тонка падаць матэрыял, нарэшце, густоўнаю падборкай ілюстрацыяў ці гістарычных анэкдотаў. І, выходзіць, посьпех яго высілкаў добра прасочваецца паводле камэрцыйнага посьпеху ягоных кніг. У Беларусі камэрцыйны посьпех кніжак гістарычнай скіраванасьці прасачыць складана, бо асноўная колькасьць такой літаратуры, прызначанай для масавага чытача, прадаецца на амаль некантраляваных кніжных развалах і найчасьцей мае мала супольнага з навукай і зь беларускай нацыянальнай ідэяй. Нашмат лягчэй прасачыць посьпех арыгінальных беларускіх канцэпцый нацыянальнай гісторыі 1) паводле іх распаўсюджаньня ў сфэры грамадзкай супольнасьці ці 2) паводле іх уплыву на акадэмічныя навуковыя колы.
Першым у шэрагу стваральнікаў постсавецкай канцэпцыі беларускай гісторыі быў Мікола Ермаловіч. Цяжка пераацаніць ягоны ўнёсак як у працэс ломкі савецкіх ідэалягічных стэрэатыпаў, так і ў працэс якасна новай ідэалягізацыі ВКЛ-аўскай спадчыны. Сярод усіх яго працаў мы тут вылучым галоўную, на наш погляд, работу – «Па сьлядах аднаго міфа», – выхад якой выклікаў пераварот у нашай гістарычнай навуцы. Нават пры ігнараваньні археалягічнага матэрыялу, пры слабой даказальнасьці асноўных тэарэтычных палажэньняў кнігі, нарэшце, пры відавочнай сумнеўнасьці некаторых высноваў, Ермаловіч не выступае ўсё ж як ненавукоўца, наадварот, ягоным найвялікшым навуковым унёскам сталася наданьне вядомым фактам новых значэньняў. Догма аб паняволеньні літоўцамі беларусаў у часе стварэньня ВКЛ стаяла на такім самым хісткім навуковым падмурку, што й беларусацэнтрысцкая тэорыя Ермаловіча, але падтрымлівалася яна хутчэй за кошт ідэалягічных падпорак, прыцягненых спачатку расейскімі імпэрскімі, а затым савецкімі гісторыкамі з мэтай вывядзеньня вызвольнай ролі маскоўцаў у гісторыі беларусаў. Гэтак і тэорыя Ермаловіча актуальная не за кошт гістарычнай, а за кошт ідэалягічнай навізны. Ермаловіч ператварыў беларусаў з гледачоў у дзеячоў гістарычнай сцэны. Мэтастазы расейскай дагматыкі адносна сярэднявечнай гісторыі Беларусі цяпер праяўляюцца выключна ў прафанацыйных выданьнях, якія ня маюць дачыненьня ні да гісторыі, ні да навукі наагул. Найяскравейшым прыкладам падобнай прафанацыі гісторыі можна назваць брашуру магілёўскага прафэсара, доктара тэхнічных навук Р. Ігнацішчава, з паэтычнай назвай «Разберёмся: родной ли белорусу русский язык? Родной!» (Магілёў, 1994 г.), саматугам раскіданую аўтарам па родным горадзе і нават перавыдадзеную ў 1999 г. На падставе словаў Ф. Скарыны аб «рускай» мове як роднай, без уліку шматзначнасьці слова «рускі» ў разгляданы пэрыяд, прафэсар робіць далекасяжныя высновы: «Язык Ф. Скорины (называемый сторонниками аднамовья «старабеларускай мовай», «матчынай мовай») ближе к современному русскому языку, чым да сучаснай беларускай мовы и таварыству беларускай мовы імя Францыска Скарыны можно рекомендовать открыть у себя 2-е отделение – товарищество современного русского языка имени Франциска Скорины»4 (артаграфія арыгіналу захаваная. – Аўт.).
|
1 Гістарычная навука пэрыяду БССР ня можа тут намі ўлічвацца, бо працавала яна не на карысьць народу, а на карысьць ураду.
2 Филюшкин А. И. «Постмодернистский вызов» и его влияние на современную теорию исторической науки // Топос, 2000, № 3. С. 69. 3 Тамсама. С. 68. |
У брашуры, выдадзенай хутчэй як палітычны памфлет з гістарычнымі спасылкамі (што праўда, здольнымі прывесьці да самагубства гісторыка-прафэсіянала), добра прасочваецца асноўная функцыя гістарычнага факту – стаяць на абароне пэўных палітычных інтарэсаў. У разгляданым выпадку гэта было зьвязана з імкненьнем умацаваць пазыцыі расейскай мовы, істотна пахіснутыя ў першыя гады незалежнасьці.
Гісторык як апавядальнік – хто гэта, як не Ўладзімер Арлоў? Калі Ермаловіч патрос чубы навукоўцам, то на долю сп. Арлова выпала давесьці масам новую праўду аб гісторыі краю новым беларусам, выхаваным на самым досьвітку незалежнасьці. Грамадзянін новай краіны прагнуў цікавага, ён прагнуў казак пра нашэсьці дэманаў на горад – калыску беларускай дзяржаўнасьці; пра бібліятэкі й скарбы, схаваныя ў катакомбах. Ён прагнуў разам з аўтарам пагардліва і гнеўна скрывіцца зь неадукаванасьці шараговага масквіча, які называе Полацак «древним русским городком», а Скарыну – вучнем расейскага першадрукара Івана Фёдарава. Чытач прагнуў таямніц і атрымаў іх. «Таямніцы полацкай гісторыі», некалькі разоў перавыдадзеныя, разьляцеліся вокамгненна, стаўшы ці ня першым навукова-папулярным гістарычным бэстсэлерам і ці не найлепшым камэрцыйным праектам у гісторыі беларускай бэлетрыстыкі. Вонкава пісьменьнік вядзе аповед менавіта пра свой родны горад, але ў мінуўшчыне Полацку, прачытанай і інтэрпрэтаванай Арловым, як у кроплі адбіваецца гісторыя большая, гісторыя нацыі, сэрцам і душой якой становіцца горад на Дзьвіне. Калі б нейкі сёньняшні Напалеон разважаў над плянам захопу Беларусі, прачытаўшы гэтую кнігу, ён без ваганьняў рушыў бы на Полацак, сьцярожка абмінаючы маленькія рачулкі пад Воршай. Вонкава пры такім аповедзе гістарычнае апавяданьне драбнее, звужаецца да канкрэтнай мясцовасьці, але па сутнасьці сам гістарычны дыскурс глыбее, хінецца да ўсюдыіснасьці. Незалежная Беларусь патрабавала новай, страшнай праўды пра самую болевую кропку ўрадавых ідэалягічных пабудоваў – пра ўзаемадачыненьні з Расеяй. Такая праўда існавала і толькі чакала сваіх дасьледчыкаў. Незалежная Беларусь патрабавала тэарэтычных падставаў для адстойваньня незалежнасьці ад расейскіх «братэрскіх» абдымкаў. І ў мінулым яна мела добрыя прыклады барацьбы супраць іх. «Невядомая вайна» Г. Сагановіча, як пазначаў сам аўтар, ставіла на мэце «паказаць рэальнае аблічча» вайны 1654–1667 гг., вайны, гісторыя якой была ці ня самай сфальсыфікаванай. Але ж гэта ўсё вялося акурат пра Незалежную Беларусь. Беларусь Афіцыйная ідэі Беларусі Незалежнай успрымае цяжка, з напругай, калі ўспрымае наагул. Беларусь Афіцыйная, эканамічна ды ідэалягічна «павязаная» з Расеяй, ня мае патрэбы ў такой гісторыі, якая прыводзіла б да высноваў аб сумнеўнасьці тых ідэалягем, што складаюць падмурак цяперашніх беларуска-расейскіх адносінаў. Возьмем, напрыклад, сучасныя інтэрпрэтацыі такой праблемнай тэмы эўрапейскай гісторыі, як прыняцьце ў Рэчы Паспалітай Канстытуцыі 3 траўня 1791 году і далейшае ўключэньне беларускіх зямель у склад Расейскай імпэрыі. Акцэнты тут расставіць можна па-рознаму. Калі б, скажам, пасьля прыняцьця Канстытуцыі адбылося ператварэньне Рэчы Паспалітай ува ўнітарную дзяржаву, гэта прывяло б зь цягам часу да поўнага зьнікненьня беларускага этнасу, тады як падзелы гэтай дзяржавы мелі ў гэтым сэнсе адваротны эфэкт. Значыць, уваходжаньне беларускіх зямель у склад Расеі стала падзеяй, якая дазволіла захавацца беларускаму этнасу. Калі прыняцьце Канстытуцыі 3 траўня пры далейшым захаваньні Рэчы Паспалітай ня мела б ніякіх ні асаблівых станоўчых, ні адмоўных наступстваў для беларускага этнасу, значыць, гэтая падзея магла быць ацэненая цалкам нэўтральна. Урэшце, калі дапусьціць, што захаваньне Рэчы Паспалітай з Канстытуцыяй 3 траўня, якая абвяшчала надзвычай прагрэсіўныя правы і свабоды ў краіне, прывяло б да кансалідацыі беларускай этнічнай супольнасьці ў нацыю і далей дало б падмурак для станаўленьня ўласна беларускай дзяржаўнасьці, то тады апошнія падзелы Рэчы Паспалітай мелі б выключна адмоўнае значэньне. Але вядома, што гісторыя ня ведае ўмоўнага ладу, а значыць, любая прагностыка падобнага кшталту патрэбная не дзеля абстрактнага тэарэтызаваньня на тэму гістарычных падзеяў, а дзеля фармаваньня ў сучаснага чалавека пазыцыі адносна той падзеі. Шматзначнасьць прагностыкі мусіць сьведчыць аб сумнеўнасьці любога канкрэтнага і канчатковага азначэньня разгляданай падзеі. Хаця сёньняшнія падручнікі з гісторыі якраз і маюць больш-менш акрэсьленыя пазыцыі, гэтыя пазыцыі дыктуюцца, хутчэй, сёньняшнімі перакананьнямі іх аўтараў, чым аб’ектыўнай характарыстыкай падзеяў. Так, у першую чаргу ў падручніках зазначаецца, што ў выніку прыняцьця Канстытуцыі «перастаў існаваць гістарычны падзел Рэчы Паспалітай на ВКЛ і Карону», што адбылося поўнае зьліцьцё ВКЛ з Польшчай5 . Спыняючыся на гэтым, папулярны падручнік для ВНУ дазваляе чытачу дадумаць наступствы такога зьліцьця: дамінаваньне палякаў і цэнтралізатарскіх настрояў з паступовым аслабленьнем пазыцыяў той беларускай шляхты, якая адстойвала ідэю незалежнасьці ВКЛ.
|
4 Игнатищев Р. М. Учись видеть ложь. 1000 мудринок. Могилев, 1999. С. 37–55 |
У той жа час іншы падручнік характарызуе гэтую падзею іначай: самастойнасьць ВКЛ была значна абмежаваная, але на патрабаваньне літвінскіх паслоў сойм прыняў спэцыяльны дакумэнт аб «узаемнай гарантыі» ВКЛ і Польшчы, у якім агаворваліся ўмовы раўнапраўнага ўдзелу літвінаў разам з палякамі ў кіраваньні дзяржавай6 . «Захоп Рэчы Паспалітай быў гвалтоўным актам у дачыненьні да дзяржавы, якая ўваходзіла ў пэрыяд свайго гаспадарчага і грамадзкага рэфармаваньня»7 . «Беларусь зрабілася калёніяй»8. «Далучэньне да Расеі дало імпульс паскарэньню працэсу капіталістычнага разьвіцьця на Беларусі... садзейнічала кансалідацыі беларускага народу»9. Нярэдкія й выпадкі, калі аўтары падручнікаў бяруць кірунак на «загладжваньне вострых вуглоў», беспраблемную перадачу праблемнага гістарычнага матэрыялу, тлумачачы гэта прагай аб’ектыўнасьці. На жаль, такое ўхіленьне мае мала супольнага з аб’ектыўнасьцю ўва ўмовах, калі аб’ектыўнасьць недасягальная прынцыпова. Яно, хутчэй, ператвараецца ў імкненьне адмовіцца ад уласнай суб’ектыўнасьці і ўласных перакананьняў. У выніку гісторык прамінае мяжу, што аддзяляе яго ад храніста, пры той акалічнасьці, што старадаўні храніст мог сабе дазволіць і эмацыйныя камэнтары да сухіх датаў. У выніку губляецца ці не найважнейшая функцыя гісторыка – вучыць мінуўшчыне дзеля будучыні. Губляецца таксама вартасьць гістарычнага факту, ягоная каштоўнасьць для нас сёньняшніх. Урадоўцы шточасу падкрэсьліваюць актуальнасьць пабудовы дзяржаўнай ідэалёгіі. Але ў гатовым выглядзе ўлады яе яшчэ ня маюць. Выразнага ідэалягічнага стрыжня (простай і дасьціпнай «сюжэтнай лініі» гісторыі этнасу, што прасочвалася б у любую эпоху) не існуе. Простыя і дасьціпныя лёзунгі «Свабода, роўнасьць, братэрства», «Панаваньне арыйскай расы», «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся» зразумелыя адразу. Прапанаваная беларускімі ідэолягамі ідэалягема «Моцная і квітнеючая Беларусь» тушуецца ў параўнаньні з папярэднімі і нярэдка выклікае сарамлівыя ўсьмешкі ў саміх ідэолягаў, зьдзіўленых ад сваёй жа дзёрзкасьці. Да таго ж, яе немагчыма прыстасаваць да мінуўшчыны і яна пазбаўленая галоўнай функцыі ідэалягемы – накіраванасьці ў будучыню, праекцыі ў заўтра (Беларусь моцная і квітнеючая цяпер, – значыць, можна скласьці рукі). Замацаваная сёньня ў падручніках канцэпцыя беларускай гісторыі не дае асаблівага «месца для разгону» – часьцей за ўсё факты падаюцца шматзначна, з улікам любых магчымых інтэрпрэтацыяў. Але для ідэалёгіі інтэрпрэтацыя патрэбная адна і канкрэтная. На дапамогу ў такім выпадку можа прыйсьці хіба вяртаньне старых гістарычных мітаў і догмаў. Найлепшы прыклад такога вяртаньня – сумнавядомая кніжка з гісторыі Беларусі Я. Трашчанка. Ня маючы патрэбы разьбіраць тут памылкі і хібы магілёўскага гісторыка, зьвернемся да асноватворнай ідэі ўсёй канцэпцыі Трашчанка. Пры тым, што аўтар гэтых радкоў цягам некалькіх гадоў быў вымушаны слухаць лекцыі Якава Іванавіча ў магілёўскім дзяржунівэрсытэце, задача падаецца вырашальнай. Зыходны пункт разважаньняў Трашчанка – несумнеўная этнічная цэльнасьць усходніх славянаў цягам усёй іх гісторыі. Прычым адзіным усходнеславянскі этнас гісторык уяўляе аж ад самага сьвітанку гісторыі яго дзяржаўнасьці. Усе гістарычныя калізіі і трансфармацыі ўсходніх славянаў, што прывялі да ўзьнікненьня трох нацыяў і трох самастойных дзяржаваў, бачацца Трашчанку выпадковымі ці часовымі. Як сучасныя беларусы, расейцы і ўкраінцы, так і іх продкі першага тысячагодзьдзя н. э. зьяўляюцца для магілёўскага гісторыка адзіным племем, разадраным на кавалкі падступнымі суседзямі з мэтай іх аслабленьня і заваяваньня. Пазыцыя ня новая, аднак для сучаснай гістарыяграфіі несумнеўна новым ёсьць поўнае ігнараваньне гістарычнай рэчаіснасьці і выключная непавага да паняцьця гістарычнай дыстанцыі, што аддзяляе нас ад часоў Кіеўскай Русі. Родава-грамадавае грамадзтва тысячагадовай даўніны ня мае нічога супольнага з нацыяй эпохі капіталізму, а значыць, не павінна і ацэньвацца адпаведна. Сучасная навука больш-менш упэўнена прасочвае, што грамадзтва тае эпохі ядналася паводле родавай прыкметы (пры гэтым прыкметамі роднасьці, свойскасьці валодалі хіба прадстаўнікі самых блізкіх грамадаў, а ніяк не далёкія насельнікі Кіева, Ноўгараду, Тмутаракані), паводле рэлігійнай адзнакі (аднак пры гэтым праваслаўныя баўгары ня сталі расейцамі), паводле агульнай васальнай залежнасьці ад аднаго князя ці княскага роду (такі этап у гісторыі ўсходніх славянаў часоў Кіеўскай Русі не налічваў і стагодзьдзя, а значыць, наўрад ці мог забясьпечыць фармаваньне адзінага этнасу), паводле мовы (колькі дыялектаў на адным толькі Палесьсі цяпер? А колькі было іх на абшарах Усходняй Эўропы тысячагодзьдзе таму? Адзіную старажытнарускую мову дакладней будзе назваць старажытнабаўгарскай паводле паходжаньня – і выконвала яна тыя ж функцыі, што лаціна ў Эўропе Заходняй), нарэшце, паводле тэрытарыяльнай прыкметы (непралазныя лясы, балоты – прыродных бар’ераў паміж усходнеславянскімі этнасамі хапала). Мяркуючы, што гістарычны працэс быў кіраваным, падуладным волі канкрэтных асобаў, Трашчанок ігнаруе яго аб’ектыўныя заканамернасьці, і падчас ацэнкі тых ці іншых падзеяў няўмольна выносіць за дужкі ўсе фактары, якія ўплывалі на здабыцьцё беларусамі і ўкраінцамі дзяржаўнай незалежнасьці. Падобная канцэпцыя беларускай гісторыі – гэта ня толькі рэстаўрацыя расейскай каляніяльнай ідэалёгіі, гэта непрыхаваны намёк на гістарычную апраўданасьць такога геапалітычнага прывіду, як Саюз Расеі і Беларусі, адкрытага й для ўкраінцаў, вядома. Трашчанкоўскія выкладкі добра пасуюць да ідэалёгіі саюзнай дзяржавы, аднак яе лёс асуджаны. Гістарычная мінуўшчына тады мае значэньне, калі яна суадносіцца з сучаснасьцю. У іншым выпадку яна ператвараецца ў неактуальную экзотыку. Моцнае і незалежнае Друцкае княства – цікавы прыклад фэадальнай раздробненасьці на беларускіх землях. Моцнае і незалежнае Полацкае княства – калыска беларускай дзяржаўнасьці для адных гісторыкаў і павучальны прыклад фэадальнай раздробненасьці на рускіх землях – для іншых. У 1548 годзе войскі Івана Жахлівага далучылі Вялікі Ноўгарад да Маскоўскага княства, спыніўшы тым самым працэс фармаваньня на гэтых землях самастойнай народнасьці. Калі б ня гэтае далучэньне, сёньня, магчыма, Усходняя Эўропа была б багатая чатырма славянскімі нацыямі. Аднак, ізноў жа, гісторыя ня мае ўмоўнага ладу, і ноўгарадзкі этнас – ня больш чым гістарычная экзотыка. Беларуская мінуўшчына – выдатнае поле для экспэрымэнтаў, прыдатнае для ўзаемасупярэчлівых ідэалягічных парадыгмаў. Так, была бітва пад Воршай, і было паўстаньне Каліноўскага, але ж былі і лісты магілёўскага, полацкага, мсьціслаўскага і г. д. праваслаўнага сялянства расейскаму цару з просьбай узяць іх землі пад сваю сьвятарную ўладу. Прага сумясьціць усе падобныя болевыя кропкі нашай гісторыі ў адзіны дыскурс найчасьцей прыводзіць дасьледніка або да пазыцыянаваньня на франтах гэтага дыскурсу, або да адмаўленьня ад уласнай ініцыятыўнай пазыцыі, неабходнай для сацыяльна значнай і нацыятворчай працы. У такой сытуацыі сучаснасьць як мерка для выдзяленьня сапраўднага ў царстве няіснага, як рыса гарызонту, што праступае з туману, непазьбежна навязвае дасьледніка прыярытэты, не даруючы, аднак, поўнай творчай свабоды ў кожным выпадку. Сучаснасьць жа супярэчлівая ня менш, чым мінуўшчына.
|
5 Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч. 1. Мн., 1994. C. 237; Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч. 1 / Пад рэд. Я. К. Новіка, Г. С. Марцуля. Мн., 1998. С. 231. 6 Гісторыя Беларусі / А. Л. Абэцэдарская і інш. – Пад рэд. А. Г. Каханоўскага. Мн., 1997. С. 168. 7 Тамсама. 8 Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі (862–1918): Падзеі. Даты. Ілюстрацыі. Вільня, 1999. С. 160. 9 Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч. 1 / Пад рэд. Я. К. Новіка, Г. С. Марцуля. Мн., 1998. С. 303.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 5 (34) - 2004 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |