A R C H E П а ч а т а к № 5 (34) - 2004
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


5-2004
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


літаратура

   

Вокладка ARCHE 5-2004.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Крыс Братэн
Царква


К

іно, проста нейкая камэдыя – так я спрабую на гэта глядзець, хоць для іх усё дужа сур’ёзна. Вы толькі гляньце на таго старога з сардэчным электрастымулятарам – як уважліва ён разглядае касэту «Дупаломы-3». Тлусьценны хлопец у плашчы нават вокам не міргне, пытаючыся, ці маем мы «Ненажэрных». А вунь ізноў тыя два браты: ім заўжды падавай штосьці кшталту «Алесі ў краіне ланцугоў» ці «Схопленых ззаду» – абы там белых дзевак катавалі. Нават ад назвы нашай установы хоць ты сьмейся, калі б не было так млосна, – кнігарня для дарослых «Афрадыта».

Уваходзіць Дзіна, наша прыбіральшчыца. Клятчасты пакет у яе руцэ сьведчыць, што вячэра будзе з суседняе піцэрыі. Мы зь Дзінай дамовіліся, што па дарозе на працу яна купляе пад’есьці на дваіх. За вячэры заўсёды плачу я. Дзіне гадоў 60 – добрая жанчына, якую жыцьцё ня надта шкадавала. Ад яе сышоў муж; яна згадвала яго пару разоў, відавочна хвалюючыся. Маўляў, ён шмат вандруе – Атлянтык Сіты, Бэрмудзкія выспы, – а яна вось працуе ў такім месцы. Але досыць, не мая гэта справа.

— Сьвятар сёньня тут, – кажа Дзіна, калі мы сядаем за маленькі столік і адчыняем плястыкавыя скрынкі.

— Адкуль ты ведаеш?

— Бачыла машыну ягоную ля крамы.

— Во як.

— Так, аднойчы я пайшла выліць ваду, калі ён з крамы выходзіў. Хацела пабачыць, ці ён на «Мэрсэдэсе». Бальшыня сьвятароў езьдзіць на «Мэрсэдэсах» ці, прынамсі, на «Кадылаках».

— Ага.

— Але ў яго толькі просьценькая шэрая «Акура», хоць гэта нічога й ня значыць...

Сьвятар. Я проста маю адну тэорыйку наконт аднаго мужыка. Белы, прыкладна маіх гадоў – трохі за 40, – прыходзіць да нас некалькі разоў на год. Ён нечым непадобны да іншых. Яго твар, хада, позірк сьведчаць пра нейкую нутраную барацьбу. «Мо Вам чым дапамагчы?» – пытаюся я штораз, калі ён падыходзіць да касы. Ён увесь час адказвае прыкладна так: «Што б Вы маглі параіць?» Тады я пытаюся: «А што Вам даспадобы?» – і ён адразу ж змаўкае. Відаць, што ён ніколі не набярэцца сьмеласьці расказаць пра свае густы. Таму я пытаюся, ці падабаецца яму тая ці іншая «цёлка», і ён ідзе з касэтай у кабінку.

— Дзе ён? – пытаецца Дзіна, углядаючыся ў маніторы па-над прылаўкам. Яна з тых людзей, што нічога ня бачаць на экране. Уладальнік «Афрадыты» усталяваў камэры сачэньня пасьля таго, як з адным з кліентаў здарыўся інфаркт і ніхто не заўважыў, пакуль Дзіна не пайшла прыбіраць.

— Вунь там, ніжні экран зьлева.

— Ён робіць гэта?

Я паглядзеў на абрыс у блакітным сьвятле кабінкі. Прыватная кабінка для відэапрагляду; сьвятар заўсёды выбірае яе.

— Не-а. Ён пакуль што проста глядзіць фільм.

— А-а, – Дзінін голас гучыць расчаравана, нават сумна. Яна сапраўды лічыць гэтага мужыка сьвятаром. – Добра, – кажа яна, адсоўваючы ўбок скрынку з рэшткамі лазаньі. – Час папрацаваць.

Я назіраю, як Дзіна йдзе да каморкі, бярэ швабру, вядро, бутэльку мыйнай вадкасьці і гумовыя пальчаткі.

Заўважыўшы яе, наведнікі саромеюцца. Яны не чакалі ўбачыць тут жанчыну. Потым яны яшчэ й здагадваюцца, што яна тут робіць. Як быццам іхныя маці прыйшлі прыбіраць за імі. Нейкі момант у іх на тварах зьяўляецца вінаватасьць і адначасова спроба апраўдацца, але вось усё зьнікае – і яны вяртаюцца да таго, дзеля чаго прыйшлі.

Я сачу за маніторам, на якім Дзіна ўваходзіць у цёмную залю для прагляду парнафільмаў. Галовы ў асьветленых кабінках варушацца ад рыпеньня Дзінінага вядра на маленькіх колах. Мне падабаецца ўяўляць сабе іх думкі, калі яны чуюць гэтае рыпеньне, амаль віскат. Мо гэта паліцыя прыехала сканфіскаваць незаконныя матэрыялы? Ці хуткая дапамога забірае нейкага старога, у якога ня вытрымала сэрца? Дзіна спыняецца каля першай пустой кабінкі, аглядае яе і пачынае прыбіраць.

Пайшоў самы напружаны час – ад адзінаццатай да гадзіны ночы. Тузін хлапцоў разглядаюць часопісы і відэакасэты, а каля прылаўку ўтвараецца чарга. Усё напісана ў іх на тварах. Маладыя хлопцы ў пакамечаных джынсах. Ад іх яшчэ пахне адэкалёнам – сёньняшнія спатканьні зь дзяўчатамі скончыліся ня так, як яны спадзяваліся. Ашалелыя «камандзіровачныя», гальштукі ў іх павылазілі з-пад пінжакоў па дарозе з матэлю праз дарогу. І сталыя кліенты – збольшага пажылыя мужыкі, бляклыя і трухлявыя, нібы грыбы. Жанчын няма, хоць часам і загляне якая прастытутка ды падміргне мне, паважна шпацыруючы па залі. Але ім тут не шанцуе. Ня тая кліентура.

Мяне трохі турбуе, што я не магу сачыць за Дзінай. Мы зь ёй неяк пасябравалі. Недзе зь месяц, пакуль ёй рамантавалі старэнькі «Опэль», я штораніцы падвозіў яе дадому. Пра што яна толькі ні апавядала ў тыя шарыя ранішнія гадзіны, калі большасьць народу толькі зьбіраецца на працу. Пра свайго сабаку. Пра кратоў у сваім двары. Пра падарожжа ў Лас-Вэгас яшчэ ў 60-я. Я паркаваўся каля Дзінінага дому, і штораз пачынаўся аднолькавы невялічкі рытуал. Дзіна не хацела й чуць, каб я зьехаў, не пакаштаваўшы ейнага печыва. Ня тое каб мне было цяжка – я ж бачыў, як ёй самотна жывецца. Але штораз я думаў, як дзіўна і падазрона гэта выглядае – нэгр заходзіць у хату да белай жанчыны ў такі час. Дом у яе быў рыхтык як можна было чакаць: паўсюль парцалянавыя ягняткі, кацяняткі ды малюнкі Ісуса пад лямпадкамі. Тыповы «цацачны» сабака такса скакаў на яе ў калідоры. Мы йшлі на кухню есьці печыва ды піць шэры з маленькіх кілішкаў, на якіх ля абадочкаў быў намаляваны вінаград. Дзіна пякла вельмі смачнае печыва, і да таго ж было нешта прывабнае ў цяплыні кухні, утульнай і пахкай, пасьля ночы ў нашай «кнігарні». Мы размаўлялі пра сёе ды тое, найчасьцей пра тыя часы, што Дзіна правяла ў падарожжах з мужам-фокусьнікам. Яна казала, што была ў маладосьці прыгожай і заўжды падазравала, што яе ногі прываблівалі мужыкоў на шоў больш за мужавы фокусы. Чарадзей з мужа быў слабенькі. Ён кінуў Дзіну, калі той споўнілася 40. Калі я неяк прызнаўся Дзіне, што сядзеў у турме, яна толькі моўчкі кіўнула.

Мне здаецца, што нам абоім не стае тых ранішніх пасядзелак, хоць мы пра гэта ня кажам. Мы зь ёй сябры, але ў пэўных межах, як два ўдаўцы, што не жадаюць забывацца пра ўласнае гора. Але ўсё роўна я за яе хвалююся. Ня тое каб яе тут асабліва турбавалі – адзін толькі раз быў выпадак. Я так і не даведаўся, што ж дакладна адбылося. Дзіна мне сказала толькі: «Там нейкі хлапец прычапіўся да мяне ў мужчынскай прыбіральні». Я запытаўся, як той выглядаў і ў што быў апрануты. Пасьля выцягнуў з-пад прылаўка пісталет і пайшоў туды.

У прыбіральні было пуста, таму я выйшаў у залю і пачаў адмыкаць кабінкі сваім ключом, адну за адной. Мае габарыты ўражваюць большасьць людзей. Я амаль два мэтры ростам і важу больш за 110 кіляў; некалі я займаўся амэрыканскім футболам ледзь не прафэсійна, пакуль ня трапіў за краты. Але калі я адамкнуў кабінку гэтага хлопца, ён пэўна нават не заўважыў, які я здаравенны мужык; ён убачыў толькі чарнамазага. Выгляд у пацана быў брыдкі: твар нібы пацучыны – востры ды выцягнуты, і блізка пасаджаныя чорныя вочы. Можаце казаць, калі хочаце, што нельга ацэньваць чалавека па выглядзе – аднак гэтую птушку можна было разгадаць зь першага погляду. Я загадаў яму вымятацца.

— За што гэта? – прахрыпеў хлопец; тым часам на экране нейкая «цёлка» з ашклянелымі вачыма станавілася ракам.

— Скажам так, ты мне не падабаешся.

— Вы чулі? – завіскацеў ён так, нібы чакаў, што мужыкі з суседніх кабінак, якіх цяпер цікавіць толькі адно, прыбягуць яму на дапамогу. – Адчапіцеся, я нічога вашай прыбіральшчыцы не рабіў.

— Ты, відаць, не зразумеў. Я не прашу цябе сысьці, я кажу, каб ты вымятаўся.

— А што ўвогуле тут робіць белая жанчына? Вам трэба знайсьці некага з вашых чорных.

Я трымаў пісталет. Гэтая даўбня не разумела, што пісталет быў для ягонай бясьпекі. Салодкая радасьць. Гэта было як кароста – калі ты стрымліваешся гадзінамі, а потым прыходзіць такая палёгка, такая жывёльная асалода, і толькі потым ты заўважаеш, што парваў сабе скуру.

За маёй сьпінай зьявілася Дзіна. Я пачуў яе голас нібы здалёк:

— Эд, ня слухай гэтага дурня. Ён проста дурань.

Сьвет вакол мяне зрабіўся суцэльнай плямай, за выняткам жывёльнага твару з агіднай усьмешкай. Я нібы вісеў над глыбокай студняй, ведаючы, што аддаў бы ўсё, усё, каб даць выйсьце сваёй нянавісьці.

Раптам нібы нейкі агеньчык згас у гэтых агідных чорных вачох. Хлопец схіліў галаву, прашмыгнуў міма мяне і зьнік.

Дзіна вяртаецца ў залю а першай гадзіне ночы. Кліенты збочваюць, нібы ідзе нейкая каралева. Ужо час зрабіць перапынак. Дзіна любіць час ад часу выпаліць добрую цыгарэту. Ёй хапае адной ці дзьвюх на ноч. Яна глядзіць удалечыню, смакуючы кожную зацяжку. У нас ёсьць маленькі чайнічак, у якім я кіпячу ваду, каб зрабіць кавы.

— Я ўжо ўсё парабіла, – кажа Дзіна, – акрамя прыватнай кабінкі. Сьвятар яшчэ там?

— Так, там яшчэ.

— Робіць гэта?

Я гляджу на манітор. Так, кажу я ёй.

— Праўда? Зноўку моліцца? – Яна павольна прыціскае цыгарэту да попельніцы – старая кабета, паглыбленая ў думкі. – Цікава, аб чым ён моліцца.

— Мо просіць, каб Бог яму дапамог.

— Што дапамог?

— Каб больш сюды не прыходзіць.

Дзіна глядзіць у акно пустым позіркам.

— Я не разумею.

— Ты калі-небудзь глядзела такі фільм, Дзіна?

— Не, Эд, – шэпча яна. – Папраўдзе, мяне ад іх на ваніты цягне.

— Гэта сапраўды бруд. Усе ведаюць, калі іх глядзяць, што робяць нешта, чаго рабіць нельга. Але гэта й вабіць людзей. У некаторых такія фільмы націскаюць на патрэбныя кнопкі.

Дзіна нічога ня кажа, моўчкі абдумваючы мае словы.

— Вазьмі, напрыклад, такога, як наш сьвятар. Яму цяжка. Ён разумны чалавек, ён усё ведае пра гэтыя фільмы. Напэўна ён нават ведае, чым такія рэчы яго прыцягваюць. Аднак гэта нічога не зьмяняе. Яны робяць зь ім тое, што і зь іншымі. Але разумееш, нават калі ён глядзіць, ён ня можа забыцца, які гэта бруд, якая пахабень ды прыніжэньне. І калі агіда пераважвае, ён глядзіць на сьцяну і пытаецца, што ж яго прымушае прыходзіць сюды. Але адказу не бывае. Таму ён моліцца.

— Яшчэ моліцца?

Я пераводжу погляд на манітор: «Не, ён ужо зноўку глядзіць».

— Ён сёньня забавіўся.

— Ён заплаціў за тры фільмы.

Дзіна ўздыхае.

— Сумна гэта ўсё-такі, – кажа яна.

Каля прылаўку ўжо ўтварылася невялічкая чарга. Кліенты ветліва чакаюць, гледзячы ўбок, пакуль мы размаўляем; звычайныя шэрыя твары зьліваюцца са сьценамі. Стары ў баваўняным гарнітуры вяртае касэту пад назвай «Гарэзьлівыя мэдсёстры», калі раптам Дзіна рэзка пытаецца:

— Эд, як ты думаеш, працаваць у такім месцы – ня грэх?

Кліенты стаяць нерухома, нібы статуі, робячы выгляд, што нічога ня чулі. Вельмі няёмкае становішча. Але гледзячы на Дзіну, я бачу, што яе па-сапраўднаму хвалюе гэтае пытаньне.

— Ня ведаю, – ціха адказваю я. – Але калі нават і грэх, дык невялікі.

Недзе а другой гадзіне Дзіна вымывае галоўную залю ды зьяжджае дадому. Пасьля другой кліентаў ужо няшмат. Да таго ж, большасьць зь іх іншага кшталту. Галоўныя падзеі адбываюцца ў агульнай залі. Рухі кліентаў. Фігуры на нейкі момант зьяўляюцца на экране, расплываюцца і зьнікаюць у цемры па-за аглядам камэраў. Брудныя справы. Нават праз манітор адчуваеш сябе так, нібы запэцкаўся.

Але адначасна мяне апаноўвае нейкая асалода – кажуць, што тое самае адчувае наркаман, калі бачыць шпрыц, ці алькаголік, які глядзіць на шэраг пляшак у бары. Асалода празь іншых. Захапленьне ад таго, што зло поруч, што да яго можна дакрануцца. Надыходзіць начная гадзіна, калі мы зь сябрукамі некалі выходзілі на справы. За свае выбрыкі я зарабіў мянушку «Шалёны», і калі ўжо мае карашы такое казалі, дык гэта аб нечым сьведчыць. Мне падабалася, калі людзі адмаўляліся аддаваць грошы. Радасьць нібы цякла праз мае косткі, і, пакуль я малаціў кулакамі, твар маёй ахвяры быццам зьнікаў, ці зьнікаў я сам. Думкі спыняліся ўсе, усе пачуцьці спыняліся, і кропля за кропляй мной авалодвала пустэча, халодная і стэрыльная, як зьмерзлыя памыі пад арктычным сьнегам. Я хацеў адчуваць гэта зноўку і зноўку. У параўнаньні з гэтым, сэкс быў нечым бляклым і другасным. Часам мне рабілася брыдка ад успамінаў, але ненадоўга; хутка я зноў прагнуў гэтай пустэчы так, як іншыя прагнуць жанчыны.

Я пражыў так большую частку маладосьці – натуральна, калі быў на волі. Чаму? Ня ведаю, тут няма простага адказу. Я мурын, але мае бацькі былі ня бедныя. Як кажуць, «сярэдняя кляса». Бацька быў дырэктарам школы, маці працавала ў банку. Усе мае браты ды сёстры паступілі ў каледжы. Мне здаецца, – не, ня трэба хавацца за хлусьлівую сьціпласьць – я ведаю, што розумам мяне Бог не абдзяліў. Але я заўсёды меў нешта, чаго не было ў іншых. Нейкую загану, сапсаваны ген, нейкае ліха, што кіравала маёй рукой, калі я ў чацьвертай клясе выцяў суседзкага хлопчыка па плячы бэйсбольнай бітай. Бабуля, пачуўшы пра мае чарговыя паскудзтвы, звычайна казала, гледзячы на мяне: «Д’ябал, мусіць, ганарыцца сваёй працай».

Я ня згодны з тымі, хто лічыць турму жартам, «курортам». Што б там ні казалі, тэлевізар, більярд і трохразовае харчаваньне ня робяць зь вязьніцы «Гілтану». Але ў турме можна навучыцца. Шмат для каго з нас гэта быў адзіны шлях набыць веды ў базавых дысцыплінах: сум, самота, сьмерць. Свой урок я атрымаў у выглядзе сталёвай заточкі. Пацан, якога я амаль ня ведаў, кінуўся на мяне падчас гульні ў карты. Калі ён скончыў, я быў падобны да дзіравай накрыўкі для слоікаў, у якіх мы ў дзяцінстве трымалі вужы ды яшчаркі. Дваццаць сем дзірак. Я памятаю, як выплываў з уласнага цела ў апэрацыйным пакоі. І калі я пабачыў лекараў і мэдсёстраў, што сабраліся вакол майго цела, шчыруючы над ім з усіх сілаў, я, памятаю, падумаў: «Чаму? Якая ім розьніца?» Я не кажу, што тое быў момант нейкага там рэлігійнага прасьвятленьня. Проста мяне неяк узрушыла, што ўсе гэтыя людзі так адчайна змагаліся за маё нікчэмнае жыцьцё.

У краму ўваходзіць парачка наманікюраных гомікаў. Яны праглядаюць часопісы, гыгыкаюць ды робяць выгляд, нібы саромеюцца непрыстойных малюнкаў. Пасьля накіроўваюцца да кабінак. Не люблю гомікаў. Я згодны, права іхнае – жыць, як ім падабаецца. Прызнаю – у філязофскім сэнсе, – што ў мяне адсталыя погляды, практычна забабоны. Але я стаўлюся да іх з пагардай. Гэта ўсё з турмы; там я пабачыў, як такія вось маніпулююць мужыкамі, мной у тым ліку. На волі лёгка казаць: «Ну, я б так ніколі не зрабіў», але, калі малады мужык пасядзіць шэсьць ці сем гадоў без жанчыны, якія толькі пачварныя мроі ня зьявяцца ў галаве. Натуральна, гэта ўсё гармоны, інстынктыўныя поклічы да працягу роду – так можна на ўсё гэта глядзець. І пэдзікі гэта разумелі, карысталіся з гэтага. Тут была крыніца іх улады. Але ўсё роўна яны ніколі ня ведалі свайго месца паміж іншымі. Мы любілі малаціць іх проста так, дзеля сьмеху.

Я назіраю за парачкай на маніторы. Яны ўваходзяць у кабінку побач зь сьвятаром. Адзін зь іх сядае другому на калені, яны пераключаюць каналы, шукаючы «блакітны» фільм. Так яны сядзяць у сьвятле экрану нейкі час; потым пачынаюцца пацалункі, пагладжваньні ды кручэньне. Я ведаю, што трэба адвярнуцца, але пад маёй злосьцю ды агідай прачынаецца нешта іншае – прага, кароста – што прыцягвае мяне да экрану. Штука вось у чым: на кожных дзьвярах ёсьць надпіс, што ў кабінку можна заходзіць толькі па адным. Я маю поўнае права пайсьці ды выкінуць гэтых гомікаў. І вось яно абуджаецца, старое пачуцьцё, цёплыя і павольныя сыгналы залозаў, нібы расьліна, кранутая сонцам пасьля зімовага сну...

Але тут варушыцца сьвятар. Ён пэўна таксама іх чуе. Ён аглядаецца, пасьля раптам задзірае галаву і заўважае камэру. Ён глядзіць на яе спакойна, быццам у люстэрка. Ён нібы чакаў гэтага. І вось, замест таго каб зьбегчы, ён толькі нахінае галаву і прыціскае далоні да твару пад міргаценьне экрану. Маліся за нас. Маліся за нас усіх.

З ангельскай пераклаў Аляксей Знаткевіч

  Гэтае апавяданьне амэрыканскага пісьменьніка Крыса Братэна выйграла літаратурны конкурс тыднёвіка «Spectator» (ЗША) у 1999 годзе.
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 5 (34) - 2004

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/3/10