A R C H E | П а ч а т а к | № 5 (34) - 2004 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
АНДРЭЙ ЯГОРАЎ | |||||
Жабрацтва ідэалогіі Выданні, якія абмяркоўваюцца ў артыкуле: Михеев В. М. Идеология: размышления и выводы. Минск: ОДО «Тонпик», 2004. Основы идеологии белорусского государства: Учеб.-метод. пособие / В.В. Шинкарев, В.А. Вартанова, В.А. Зенченко и др.; под. ред. В.В. Шинкарева. Минск: БГПУ, 2004.
Між тым, на сёння мы можам канстатаваць бяссутнасць і фармальнасць ідэалагічнага праекту: ёсць ідэолагі – няма ідэалогіі. Прынамсі, чагосьці новага, чаго не ведалі раней, ад ідэалогіі беларускай дзяржавы дачакацца не пашчасціла. Ідэалагічныя «фішкі», натуральна, ужо існавалі ды проста былі замацаваныя прэзідэнтам у колькіх прамовах. Праца астатняй ідэалагічнай «машыны» звялася да тыражавання словаў прэзідэнта з дадаткамі лікбезу па сацыяльна-гуманітарных навуках. Натуральна і тое, што інакш і быць не магло. Як «апалагетыка» функцыянаваў у савецкія часы навуковы камунізм, мэтай якога было – даводзіць «слушнасць» палітычнага курсу краіны на шляху да абавязкова светлай будучыні. На гэтае ж, паводле логікі, скіраваны і «наш» ідэалагічны праект. Але ідэалогія беларускай дзяржавы не мае моцнага тэарэтычнага грунту марксізму-ленінізму, зыходзячы з якога можна было абгрунтаваць пастфактум правільнасць таго ці іншага рашэння. У выніку гэта прыводзіць не да рацыянальнага апраўдання праз наяўную ідэалогію, а да паўтарэння – на манер будыйскай мантры – нейкай цытаты з «першакрыніцы». Адсутнасць завершанай ідэалогіі як такой канстатуюць і самі ідэолагі. Возьмем некалькі апошніх тэматычных выданняў. Адзін з творцаў ідэалагічнага праекту (паводле асабістага прызнання, «автор был в гуще событий, когда готовилось известное (март 2003 г.) этапное занятие по идеологии постоянно действующего семинара руководящих работников республики» і «не все материалы вошли в официальные документы семинара, часть осталась за кадром») Валерый Міхееў у кнізе «Ідэалогія: развагі і высновы» ў дачыненні да ідэалогіі беларускай дзяржавы нярэдка выкарыстоўвае мадальныя дзеясловы або будучы час, як да незавершанага праекту: «идеология должна быть...», «платформой государственной идеологии … должны стать...», «нужна новая, понятная людям современная идеология, которая будет воспринята и поддержана не только верхами государства, но и всей нацией». А вось падручнік па асновах ідэалогіі для БДПУ імя Максіма Танка пад рэдакцыяй Васіля Шынкарова: «концепция идеологии и дальнейшего развития белорусской государственности зарождается», «мы переживаем скорее фазу теоретической и практической неопределенности». Усё гэта сведчыць пра праблемнасць рэальнага напаўнення ідэалогіі ўласна ідэямі. Пошук тэарэтычнага грунту, аднак, ідзе, і гэтым цікавая вышэйзгаданая кніга Міхеева. Аўтар шукае нейкія падваліны для беларускай ідэалогіі ў крыніцах расійскага паходжання. Беларусі прысвечана толькі апошняя частка развагаў. У першых жа дзвюх трацінах кнігі аўтар разглядае пераважна праблематыку «обустройства России» і «русской идеи» ў творах розных расійскіх інтэлектуалаў ад Гогаля да Салжаніцына. Цывілізацыйны падыход (аўтар – спецыяліст па філасофіі гісторыі Данілеўскага), які дазваляе аб’ядноўваць першае з другім, дапаўняецца і высокай легітымацыяй: «России и Беларуси… самим Господом Богом суждено не жить друг без друга... У нас с Россией общее информационное и духовное пространство, общая история и общее будущее на пути независимого суверенного развития... Те социальные процессы, которые овладевали Россией, хотим мы того или нет, в той или иной степени затрагивали и затрагивают Беларусь». Беларуская культура ставіцца ў агульны культурны кантэкст расійскай цывілізацыі. Адсюль і само прачытанне беларускай культуры і гісторыі: «У белорусского народа было и остается одно стремление – жить в мире с соседями, занимать «свой пачэсны пасад між народамі». «У нас были и есть свои пророки и просветители: Евфросинья Полоцкая, Франциск Скорина, Янка Купала, Якуб Колас, Владимир Короткевич, Иван Шамякин…». Звернем увагу на выбар прозвішчаў прапанаваных «культурных герояў» – па-першае, незаўважным застаецца значны перыяд ад Скарыны да Коласа, а па-другое, сэнсавая (і ідэалагічная) накіраванасць значна зменіцца, калі мы дадамо да гэтага спісу імёны, напрыклад Каліноўскага і Быкава. Увогуле тэндэнцыя прыпісвання беларускай культуры да культуры расійскай дастаткова пашыраная сярод тых, хто атрымаў вышэйшую гуманітарную адукацыю ў савецкія часы. Просты недахоп ведаў пра сваю гісторыю і краіну, прыніжаны статус мовы, а ў выніку – і сваёй этнічнай групы штурхаў да ідэнтыфікацыі з больш прэстыжнай культурнай групай, якою найчасцей была расійская. Развагі пра «вялікую расійскую культуру» і агульную «славянскую цывілізацыю» – не што іншае, як спроба рацыяналізацыі бессвядомых псіхалагічных уцёкаў ад уласнай этнічнасці, дзе асобе было няўтульна. «Павяртанне» назад, да сваёй групы, праблемнае, бо звязана з псіхалагічным бар’ерам. Адсюль і ірацыянальны жах нацыяналізму: мяне прымусяць стаць тым, кім я ўжо адмовіўся быць. Хаця на рацыянальным узроўні можна выказваць тыя ж нацыяналістычныя ідэі, праўда, праз «прышчэпку» да іншага азначальніка, напрыклад «патрыятызму». Цэласнай, лагічна звязанай і зразумелай ідэалагічнай карціны ў «развагах і вывадах» Міхеева не відаць. Пакуль што ідэалогія беларускай дзяржавы – разнародны набор абстрактных і часам супярэчлівых ідэяў. Асноўныя тэарэтычныя ўстаноўкі, якія, на думку аўтара, трэба пакласці ў аснову ідэалогіі, пазбаўлены канкрэтнага зместу. Большасць такіх тэзісаў настолькі ідэалагічна нейтральныя, што іх можна знайсці ў праграмах апазіцыйных партыяў. Незалежная дзяржава, сацыяльна арыентаваная рынкавая эканоміка, эфектыўнае дзяржаўнае кіраванне ў інтарэсах кожнага грамадзяніна – пад такімі словамі сапраўды можа падпісацца большасць насельніцтва. Дарэчы, з пункту гледжання ідэолагаў, толькі такія ідэі і павінны складаць ідэалогію беларускай дзяржавы, а легітымізаваць адну са складовых частак новай сучаснай ідэалогіі – «Статут маральнасці грамадзяніна» – прапануюць (на поўным сур’ёзе) праз «усенародную раду». У падручніку па асновах ідэалогіі пад рэдакцыяй Шынкарова збольшага мы бачым тое самае, што і ў кнізе Міхеева: канстатацыя агульнапрызнаных ідэяў дэмакратыі, правоў чалавека, неабходнасці пабудовы моцнай і незалежнай дзяржавы. Тая ж банальная гістарыяграфія: раней былі нацыяналісты ды іншыя злыдні, якія хацелі прадаць нас Захаду, прыйшоў Лукашэнка – і стала ўсё добра. Ідэалагічна-ідыятычны дыскурс паляпшэння сацыяльна-эканамічных умоваў жыцця, забеспячэння правоў чалавека, высокай дэмакратычнасці пры ўмове адваротнай рэпрэзентацыі гэтых рэчаў у масавай свядомасці (паводле апытанняў незалежных сацыялагічных цэнтраў) увогуле нагадвае дыялог з наркаманам: «Вось ты сусліка бачыш?» – «Не». – «А ён ёсць!» Калі ў некалькіх словах падвесці агульны вынік, то выйдзе наступнае: ідэалогіі беларускай дзяржавы як пэўнай закончанай, цэласнай і несупярэчлівай сістэмы ідэяў не існуе, на сёння маецца толькі аморфная сукупнасць ідэалагемаў – каркас ідэалогіі, з агульнай тэндэнцыяй канстатавання пазітыўнасці сацыяльна-палітычнага жыцця ў Беларусі і правільнасці дзяржаўнай палітыкі. Звычайны марксісцкі аналіз ідэалогіі інтэрпрэтуе яе як скажоную свядомасць і супрацьпастаўляе ёй наяўнасць нейкай аб’ектыўнай рэчаіснасці, праз апеляцыю да якой можна давесці лжывасць ідэалагічных цверджанняў. Постмарксізм засяродзіў увагу на функцыянаванні ідэалогіі ў сацыяльнай рэчаіснасці, на пытанні неабходнасці ідэалагічнага скажэння для ўстойлівасці гэтай рэчаіснасці. Пры гэтым патрабуецца наяўнасць веры суб’ектаў у праўдзівасць ідэалагічных пастулатаў і фармаванне паводзінаў у адпаведнасці з патрабаваннямі ідэалогіі. Аднак у сучасным свеце функцыянаванне ідэалогіі адбываецца інакш. У кнізе «Ўзвышаны аб’ект ідэалогіі» Славой Жыжак, следам за Петэрам Слатэрдайкам, апісвае феномен «цынічнага розуму». Сутнасць яго палягае ў тым, што цынічны розум не апантаны ідэалогіяй, ён не наіўна падпарадкоўваецца ідэалагічным патрабаванням – наадварот, цынічны розум ведае пра лжывасць ідэалагічных універсаліяў, аб прыватных інтарэсах, што стаяць за імі, але не адмаўляецца ад гэтых універсаліяў. Цынічны розум – дамінанта пры стварэнні ідэалогіі беларускай дзяржавы: «нават яе стваральнікамі больш не маецца на ўвазе, што яна будзе ўспрымацца сур’ёзна, яна набывае маніпулятыўны, абсалютна вонкавы і інструментальны статус, яна кіруецца не каштоўнасцю ісціны, а звычайным пазаідэалагічным гвалтам ці абяцаннем нажывы». Як некалі іранічна заўважыў метадолаг Уладзімір Мацкевіч, асноўная апора рэжыму – простыя настаўнікі, якія, седзячы ў выбарчых камісіях, штораз стабільна фальсіфікуюць вынікі выбараў. Ці можна сцвярджаць, што яны робяць гэта праз веру ў ідэалогію? Зразумела, не. Яны кіруюцца страхам матэрыяльнага пакарання, звальнення і г. д. і таму выконваюць патрабаванне ўлады. Ці кіруецца ідэалагічнымі меркаваннямі той, хто аддае загад «зверху»? Таксама не! Яго матыў – альбо жаданне атрымаць грошы за выкананы план, альбо тыя ж страхі. І які б сегмент грамадства мы ні разгледзелі, мы не знойдзем ідэалагічнай веры як значнага сацыяльнага фактару, бо ідэалогія беларускай дзяржавы не патрабуе сур’ёзнага альбо літаральнага стаўлення да сябе. Інстытуалізацыя ідэалогіі як наяўнага праекту нічога не змяняе ў логіцы функцыянавання рэжыму. Артыкуляванасць яе ў вонкавых крыніцах (сістэме адукацыі, сярод ідэалагічных работнікаў) вялікага значэння не мае. Ідэалагічная рэальнасць так ці інакш функцыянуе на больш глыбокім узроўні, на ўзроўні таго, што Жыжак назваў ідэалагічным фантазмам. Мы можам асэнсоўваць рэальны стан рэчаў, але працягваць дзейнічаць, нібыта не разумеючы гэтага. Сацыяльная рэальнасць падтрымліваецца «пэўным нібыта («Мы паводзім сябе так, нібыта верым ва ўсёмагутнасць бюракратыі, нібыта прэзідэнт увасабляе волю народу…») Як толькі выяўляецца, што гэтая вера страчаная, – распадаецца сама тэкстура сацыяльнага поля». Логіка работы фантазму – гэта логіка трансферту. Пазаідэалагічны прымус, фармальна не легітымізаваны ў вонкавых ідэалагічных крыніцах, надаваў неабходнасць самастойна фармуляваць «логіку» і «новую маральнасць» траўматычнага і бязглуздага закону ці загаду ўлады. Для ўлады няма патрэбы абгрунтоўваць свой загад, бо яна мае на гэта неад’емнае «права». Падпарадкаваныя самі надаюць сэнс загаду, пераадрасоўваючы праз трансферт сваю логіку Іншаму, які пачынае верыць (і ведаць) за іх. Фармальная (вонкава выяўленая) ідэалагічная апалагетыка можа не супадаць з самасфармуляваным трансфертным тлумачэннем, чым будзе падрываць ужо складзеную сістэму сацыяльных адносінаў. На вонкавым узроўні ўсё гэта можа мець рэакцыю поўнага адчужэння ўсіх ідэалагічна-выхаваўчых захадаў: я магу рабіць тое, што хочаш, але я не магу верыць так, як ты хочаш. Поўная ідэнтыфікацыя з ідэалагічнай «ілюзіяй» – просты шлях да вар’яцтва. Цікава, што сістэма ідэалагічнай адукацыі насамрэч дае інструмент для выпрацоўкі крытычнага стаўлення да ідэалогіі беларускай дзяржавы. Ускрываючы механізмы функцыянавання ідэалогіі – няхай сабе й на павярхоўным узроўні, – гэткая адукацыя зніжае яе маніпуляцыйны статус, робіць яе яшчэ больш вонкавай і фармальнай. Крытыка ідэалагічных пазіцыяў «ворагаў» дазваляе развярнуць «зброю» і ў адваротным кірунку. А акцэнтаванне асаблівай ролі і значэння «адзінай моладзевай арганізацыі» раўназначнае вывешванню шыльдачкі «Стоп: прамыўка мазгоў» на дзвярах БРСМ. Фармальны статус ідэалогіі і ідэалагічнай працы яскрава быў відаць на апошніх парламенцкіх выбарах і рэферэндуме, дзе кампанія вялася не на «ідэалагічным фронце», а за простай маніпуляцыйнай схемай навязвання нібыта адзіна магчымага «за». І зноў звернемся да рэцэнзаваных выданняў: Глубокий анализ, обобщение результатов многочисленных социологических исследований и многолетних наблюдений позволяют сделать вывод, что значительная часть белорусов не всегда отождествляет себя с государством. Государственная власть для большинства их как бы внешняя, а не внутренняя потребность. Государство для них – это «они». Белорусы слабо еще воспринимают тезис, что государство – это мы» (Шынкароў, с. 124–125). Моцна сказана і правільна. Толькі яшчэ трэба дадаць, што тым больш беларусы не ставяцца да ідэалогіі беларускай дзяржавы як да сваёй уласнай.
|
палiтоляг, сябар рэдакцыі незарэгістраванага часопісу «Палітычная сфера». |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 5 (34) - 2004 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |