A R C H E П а ч а т а к № 5 (34) - 2004
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


5-2004
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


эсэістыка

  СЯРГЕЙ НОСАЎ

Вокладка ARCHE 5-2004.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Сяргей Носаў
Ты памятаеш, як усё пачыналася*

        Таго, хто ў маладосьці ня быў рэвалюцыянэрам, у старасьці нельга прызначаць нават начальнікам пажарнай каманды.

        Ўінстан Чэрчыль

УВОДЗІНЫ

«Г

эта ж палітычная арганізацыя!» – усклікнула паджылая паня з тэленачальства, калі Тацяна Дабрынеўская з Моладзевай рэдакцыі тэлебачаньня вырашыла запрасіць маладых сяброў клюбу «Сучасьнік» на перадачу, прысьвечаную нефармалам. «Але камсамол таксама палітычная арганізацыя!» – адцяла Тацяна.

Гэта быў першы выхад палітклюбу «Сучасьнік» у шырокае грамадзтва. Пачалося ўсё з знаёмства на абмеркаваньнях у кінаклюбe «Профіль» (што расшыфроўвалася як «Праблемны фільм»), першай ластаўцы перабудовачных дыскусіяў у Менску. Ішоў 1986 год. Потым, на 5-гадовым юбілеі АДПБ, Валер Карбалевіч уздыме тост за дэмакратаў першай хвалі, што разьбілася аб камяні. Так, няма Ігара Герменчука, Генадзя Карпенкі, цяжка хворы Аляксандар Тамковіч, далёка Навумчык, Пазьняк і г. д.

Ня будзем пералічваць усіх; драма ў тым, што Лукашэнка адправіў у сьцёк цэлую генэрацыю, якая вырасла ў Беларусі, пачынаючы зь перабудовы і першых гадоў незалежнасьці. Зь імі паступілі так, як Брэжнеў – з шэсьцьдзясятнікамі пасьля разгрому «праскай вясны». Ды яны і ёсьць, уласна, «шэсьцьдзясятнікамі», толькі зь беларускай душой (то бок з папраўкай на беларускасьць), якую некаторыя лічаць душком і мараць вытруціць. Пра іх пагутарым асобна.

АГП – гэта, па сутнасьці, АДПБ, а папярэднікам АДПБ шмат у чым быў «Сучасьнік», клюб лібэральнай інтэлігенцыі, які моцна адрозьніваўся ад іншых «нефармалаў». «Тутэйшыя» складаліся з нацыянальна-пісьменьніцкай інтэлігенцыі, а «Талака» – з моладзі, арыентаванай на беларускае адраджэньне. Наагул, тады ўсё (за выняткам «Сучасьніка») мысьлілася толькі пад сьцягам нацыянальнага адраджэньня.

КАДРЫ ВЫРАШАЮЦЬ УСЁ

Мы вырашылі стварыць клюб для абмеркаваньня палітычных, эканамічных пытаньняў, якія тады сталі надзвычай пякучыя. Леў Крывіцкі, імкнучыся стварыць «мазгавы цэнтар», прыцягваў грамадазнаўцаў. Зь Беларускага інстытуту мэханізацыі сельскай гаспадаркі (цяпер БАТУ), дзе ён працаваў, – Валера Карбалевіча, дацэнта Віктара Чарнова, Ільяса Хусаінава. «Сучасьнік» наагул быў арганізацыяй грамадазнаўцаў. Там я атрымаў пачатковую палітэканамічную адукацыю. Я хадзіў у «Сучасьнік» на «канцэрты эканамістаў», паводле тадышняга выразу Жванецкага.

Карбалевіч і Чарноў цяпер вядучыя палітолягі АГП. Карбалевіч – удзельнік расейска-беларускіх слуханьняў на ўзроўні парлямэнту, вядучы аналітык Беларускай службы радыё «Свабода».

З Інстытуту культуры прыйшоў Яўген Анішчанка, з БДУ – Алег Цітоў і іншыя. Раман Якаўлеўскі, здаецца, прыцягнуў Сяргея Процьку. Плюс Дзіма Зільбер, будучы ізраільскі журналіст, Пашка Сіманоўскі, будучы ізраільскі фотажурналіст, Сяргей Корзун. Зільбер вучыўся на гістфаку БДУ з Паўлам Шараметам. Пра Зьмітра Емяльянава, Сяржука Няхамеса, Зьмітра Шараверу будзе ніжэй. Зьбіраліся спачатку на кватэры Крывіцкага, потым былі памяшканьні ў танцавальнай залі «Вільня» і ў Доме палітасьветы.

Грамадазнаўцы рыхтавалі даклады. Напрыклад, праграма аднаго зь вечароў выглядала так: Павал Данейка і Ўладзімер Усоскі разабралі Маркса на складовыя часткі, а Крывіцкі і ягоны напарнік Чарноў адстойвалі старога, робячы зь яго крытыка савецкай сыстэмы. У «Сучасьнік» уваходзіў Генадзь Уласаў, ён выйшаў пасьля з дэмакратаў у лідэры патрыятычнага таварыства «Русь». Ён не адзін такі. Емяльянаў пазьней уваходзіў у ЦК БПСМ.

ПАПЛЕЧНІКІ КРЫВІЦКАГА ПА ДЫСЫДЭНЦКІМ РУХУ БЕЛАРУСІ

«Сучасьнік» быў у пэўнай ступені пераемнікам дысыдэнцкага руху. Леў Крывіцкі – монстар дысыдэнцтва Беларусі, які ведаў Кіма Хадзеева, Вячаслава Зайцава (апошні за прапаганду праваслаўя 14 гадоў правёў у зьняволеньні і псыхбальніцах).

Дарэчы, ідэю палеакантакту Эрых Дэнікен, паводле Крывіцкага, пазычыў, калі не сказаць больш, у Зайцава. А потым мы хадзілі ў кінатэатар дакумэнтальнага кіно «Навіны дня» (цяпер у гэтым памяшканьні месьціцца Малая сцэна Купалаўскага) і з разяўленым ротам глядзелі заакіянскую стужку Дэнікена «Ўспамін пра будучыню». Як гэта адбылося? Амэрыканец прыляцеў, каб выслухаць дысыдэнта, якога ў Менску ніхто слухаць не жадаў і лічылі, як Цыялкоўскага, гарадзкім вар’ятам. Яны сядзелі некалькі дзён у маскоўскім гатэлі з дыктафонам, потым Дэнікен паляцеў назад. Ён зрабіў на гэтым свой бізнэс – квазінавуку. Уфалёгія ў злучэньні з доказамі таго, што найвялікшыя дасягненьні цывілізацый старадаўнасьці не маглі адбыцца без дапамогі больш высакаразьвітай цывілізацыі, унесьлі несумненны ўклад у культуру. Ідэя была настолькі прыгожай, што спарадзіла цэлы напрамак у гістарычнай фантастыцы.

У 1984 годзе да Крывіцкага на працу прыйшлі капітан і палкоўнік КДБ, пагражаючы адправіць яго ў мардоўскія лягеры на падставе перахопленай перапіскі зь Леанідам Лайвандам з Клайпеды: маўляў, Леў Вульфавіч стварае цэлую антысавецкую сетку. Крывіцкі даў органам падпіску аб тым, што наўперад ня будзе ў перапісцы выкладаць антысавецкія ідэі. Яго рэгулярна выклікалі ў вядомы будынак праз уваход на вуліцы Ўрыцкага. Увесну 1985-га перасталі.

Ягоны сябар Арык Цэйтлін у застойныя часы быў лідэрам мясцовых сіяністаў. З дысыдэнтаў – Эдуард Буданіцкі, які ў 70-я гады выкрываў перад рабочымі Сталіна, за што быў адпраўлены ў псыхушку. Пазьней пра яго пісала «Газета Андрея Климова».

ЭКСТРЭМІСТЫ Ў ЛЯГЕРЫ ПАЛІТНЕФАРМАЛАЎ

Быў і такі экстрэміст, як Валеры Савянкоў, які расьпісваў сьцены гаркаму як сьцены ў прыбіральні, сябар Алеся Пушкіна, што выставіў тады каля Тэатральна-мастацкага інстытуту плякат «Жыве Беларусь без жыдоў і камуністаў!». Пазьней Савянкоў стаў Савянковасам, дзеячом беларускай дыяспары ў Вільні. Ён рэкамэндаваў сваіх памочнікаў наступным чынам: «Начальнік службы бясьпекі Першамайскага раёну!» Але ён, на думку Крывіцкага, справу рабіў. Хадзіў па ўсіх паліттусоўках і будзіў. А ў Доме літаратара «Тутэйшыя» яму адказвалі: «Пачакай…»

Пазьняк пры мне сказаў Савянкову: «Пачытайце «Кліма Самгіна». Там паказаная тая гаварыльня, якая стаяла сярод расейскай інтэлігенцыі пачатку ХХ стагодзьдзя. Цяпер тое самае». Вельмі дакладная ацэнка.

Трэба адзначыць, што Пазьняк заўсёды вельмі дакладны. Шэф-дызайнэр цяперашняга «Новага часу», а да таго «Нашай свабоды» Андрэй Дзегцяроў казаў мне, што бачыў на працягу аднаго дня двух розных Пазьнякоў. «Гэта Жырыноўскі. Ён пралічвае аўдыторыю. На мітынгу гэта псыхапат, які пырскае сьлінай на тры мэтры ў сваіх паплечнікаў. У Чырвоным касьцёле на сустрэчы з інтэлігенцыяй паўставаў акуратны, дакладны чалавек. Нават калі яго абражалі, ён культурна і, галоўнае, дакладна адказваў». Пазьняк тады быў старшынём «Мартыралёгу Беларусі», а БНФ стварыў на грунце «Талакi».

ПОГЛЯДЫ КРЫВІЦКАГА

Арганізацыю вырашылі, з ідэі Крывіцкага і «ў гонар традыцыяў расейскай інтэлігенцыі», назваць «Сучасьнікам». Крывіцкі быў зацыклены на «рэвалюцыянэрах-дэмакратах» як папярэдніках бальшавікоў і ўсё мысьліў паводле іх прыкладу. Пастаянна цытаваў нам Леніна. «Жандарм пытае: «Як жа вы супраць сьцяны, малады чалавек?» – «Сьцяна, ды гнілая, ткні пальцам, і разваліцца», – адказваў Ільіч». Карацей, кепскі Сталін, добры Ленін – слабасьць шэсьцьдзясятніцкай інтэлігенцыі. А пачынаў Леў Уладзімеравіч разам з Аронам Цэйтліным як «марксіст-ленінец» (так пазначалі свой антысталінізм трацкісты, марачы пра «сапраўдны сацыялізм»). Цэйтлін, калі стаў у Ізраілі заможным чалавекам, перадаў Крывіцкаму ліст з адмовай ад марксізму. Гэта крыху сапсавала іхныя адносіны.

У часы «Сучасьніка» ў Крывіцкага толькі й мовы было пра «сапраўдны сацыялізм, народны сацыялізм». Цытаваў «вялікую тройку»: Маркса, Энгельса, Леніна. Не ўхваляў празаходніх дысыдэнтаў, марачы па-трацкісцку зваліць кепскі лад і там. Штосьці было ў ім ад габрэяў ленінскай гвардыі.

Кожнай генэрацыі ўласьцівы свае абмежаваньні і памылкі, кожны – чалавек свайго часу. Як казаў Леў, у тым, што «праская вясна» і «парыская вясна» 1968-га супалі, быў нейкі вышэйшы знак. «Гэта паказала, што абодва сьветы ў крызісе». Многія шэсьцьдзясятнікі пра гэта марылі. У Эрыха Фрома можна прачытаць цэлыя кавалкі такога кшталту, і нездарма. У 1962 годзе Фром стварыў Сацыялістычную партыю ЗША. Гэта была не сацыял-дэмакратычная партыя паводле сваёй ідэалёгіі! Фром заходняе грамадзтва адмаўляў наагул, называў хворым. Ролю сацыял-партнэрства выконвала ў ЗША Дэмакратычная партыя, што была традыцыйна лявейшая за рэспубліканцаў.

З Грыцанавым для яго першага ў Беларусі «Філязофскага слоўніка» мы абмяркоўвалі артыкул пра трацкізм. Але Грыцанаў справядліва патрабаваў нежурналісцкага падыходу. «Артыкул для навуковага слоўніка павінен ня ставіць пытаньні, а закрываць». Артыкул я ў выніку не напісаў, але мне хапіла трацкістаў у жыцьці. А калі ня стала Зільбера і залібэраліўся Крывіцкі, зьявіліся хлопчыкі з «Чырвонага жонду», якія заяўлялі на моладзевым форуме ў IBB аб імкненьні да сусьветнай рэвалюцыі. У тыя часы матэрыялу для «Навінак» было багата.

АКТЫВАВАНАЯ ІНТЭЛІГЕНЦЫЯ

Палітыка была тады ў модзе. Гэтая мода на першы плян выводзіла інтэлект. Выкладчык ліцэю пры кансэрваторыі Генадзь Кагановіч, які зь сяброўства з Крывіцкім наведваў «Сучасьнік», выпісваў усе дзясяткі часопісаў, што выходзілі тады ў Маскве і Ленінградзе. Тоўстыя сур’ёзныя выданьні зьяўляліся валадарамі дум.

У лютым 1987-га ў Белсаўпрафе зьявіліся «Філязофскія чацьвяргі», арганізаваныя маладым выкладчыкам катэдры філязофіі БДУ Аляксандрам Грыцанавым, і чальцоў «Сучасьніка» паболела. Дзецішча Грыцанава, які імкнуўся весьці асьветную працу ў галіне філязофіі, прыкрываў ягоны сябар, тадышні сакратар гаркаму па ідэалёгіі Пятро Краўчанка. Пасьля кожнай абвесткі ў «Вечернем Минске» з тэмай чарговага вечару тэлефон у гаркаме разрываўся. Па такой тэме, як «Адольф Гітлер – клінічны выпадак нэкрафіліі» вэтэраны наагул паднялі скандал. Краўчанка кожны раз атрымліваў нагонку з ЦК і трываў гэта.

Грыцанаў потым соваўся ў АДПБ, выдаў у БДУ шэраг прагрэсіўных падручнікаў у сваёй галіне, першы ў РБ філязофскі слоўнік. Да таго як яго пасадзілі за краты, быў адным зь вядучых палітаглядальнікаў «Белорусской газеты». Ён, як Фядута, ведаў палітыку і ўладу знутры, праз кішэчнік. І праз тое крыху іх ненавідзеў, нянавісьцю інтэлігента, вымушанага кланяцца ўладзе, каб мець магчымасьць рабіць сваю справу і прыстойна жыць. У ягоным паслужным сьпісе па гэтай частцы былі Вышэйшая партыйная школа і лектарства ад імя ЦК КПБ. Доўгі час быў кандыдатам у члены КПСС і ўступіў у яе толькі падчас перабудовы. Грыцанаў шукаў не партыйнай пасады, а магчымасьці далучыцца да эліты, якая ў таталітарнай сыстэме можа быць толькі каля ўлады. Гэтага не жадаюць разумець тыя, хто ня бачыць цяпер прагрэсіўнай ролі Паўла Якубовіча. Што да Грыцанава, выйшаўшы з-за кратаў, ён ня згубіцца, ягоны інтэлект і прадпрымальная натура заўсёды знойдуць ужытак. Дый за кратамі ўжо не ўпершыню, ведае, як і ва ўсім, хады-выхады.

Краўчанка быў не адзіным яго добрым прыяцелем з гэтага шэрагу. У мэнталітэце Аляксандра Аляксеевіча прысутнічала такая саслоўнасьць. Лукашэнку ён недалюбліваў не як антыдэмакрата, а як плябея.

Пасьля нуды застойных гадоў сяму-таму карцела гарачанькага. «Чацьвяргі», дарэчы, арганізавалі першую сустрэчу Філарэта зь міранамі (у красавіку 1988-га, да 1000-годзьдзя Хросту Русі). У «Сучасьнік» увайшоў прафэсар Валер Няфёдаў (сёньня ён ужо не жыве), аўтар кнігі гутарак зь Філарэтам, што стала падручнай сярод беларускага духавенства. Сьпярша ён хадзіў на «Талаку», але яму там не спадабалася. Няфёдаў быў славянафілам, выдаў шэраг кніг пра Буніна. У пачатку 90-х надрукаваў у «Во славу Родины» артыкул «Тут русский дух, тут Русью пахнет». Так, не арыентаваная на беларускае адраджэньне інтэлігенцыя сьцягвалася ў «Сучасьнік». Я сьвядома пайшоў на каструбаватасьць стылю. Звычайна пішуць накшталт: «нацыянальна арыентаваная інтэлігенцыя», забываючы пра славянафілаў, якія таксама лічаць сябе «тутэйшымі» і, трэба зацеміць, па-свойму нязгодныя з рэжымам.

«Яны касмапаліты», – казаў пра «Сучасьнік» Няхамес. Лідэры «Талакі» Вячорка, Івашкевіч і іншыя бачылі ў «Сучасьніку» інтэлектуальны зародак патэнцыйнага беларускага Інтэрфронту.

ЯШЧЭ АДЗІН НАПРАМАК ПАЛІТЫЧНАЙ ДУМКІ БЕЛАРУСІ

Крывіцкі ўваходзіў у клюб аматараў фантастыкі «Сусьвет», створаны маім выкладчыкам па Інстытуце культуры Станіславам Саладоўнікавым. Як ацэньваў Крывіцкі, у савецкія гады гэта было адзінае месца, дзе можна было дыскутаваць, уносіць сьвежую думку. Але пачаліся часы перабудовы, якая разьяднала апазыцыю, і, сустрэўшыся на вечарыне часопісу «Наш современник» у Менску, Саладоўнікаў і Леў Вульфавіч апынуліся, вобразна кажучы, па розныя бакі барыкадаў. Станіслаў Васілевіч хадзіў у таварыства «Айчына». Яно зьбіралася таксама ў Доме палітасьветы і стала свайго роду папярэднікам «Славянскага сабору».

Уладзімер Бягун абараніў кандыдацкую таксама шмат у чым дзякуючы перабудове, – ён езьдзіў у Ленінград чытаць лекцыі самой «Памяці»! Гэта даказвае, што тут, у Беларусі, гэта ўзгадавана на больш высокім інтэлектуальным гноі.

Віктар Чыкін, пазьней лідэр камуна-патрыятычнага Народнага руху Беларусі, трапіў тады ў гаркам. Цяпер Чыкін, ён жа Нікольскі (вельмі вядомае прозьвішча), – рэдактар газэты «7 дней», органу БелТА, выданьня, што ўварочвае такія выражызмы, як «адраджэньне эўразійскай велічы».

Так, тыя таксама былі дысыдэнтамі. Шафарэвіч сядзеў за кратамі і быў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі, а Емяльянава, аўтара кнігі «Дэсіянізацыя», Бібліі сучаснага расейскага нацыянал-радыкалізму, пасадзілі ў вар’ятню. Ён, як і Шафарэвіч, не з галечы пайшоў у дысыдэнты – працаваў перакладчыкам у Суслава.

На «Філязофскіх чацьвяргах» наладзілі сустрэчу з публіцыстамі «Политического собеседника». Атрымала вядомасьць вядучы публіцыст «Политсобеседника» Тацяна Бумажкова, пазьней яна рэдагавала «Славянские ведомости», зачыненыя Кебічам на патрабаваньне габрэйскай грамадзкасьці. «Што вы зрабілі? – сказаў тады аўтарам скаргаў Крывіцкі. – Нам цяпер няма пра што пісаць!» Мае сукурсьнікі па Інстытуце культуры Ігар Сахараў і Алег Ляўковіч, дзеля прыколу апрануўшы шынэлі, зьявіліся на мітынгу «Славянскага сабору». «Пакуль ёсьць юнакі ў шынэлях!..» – лямантаваў беснаваты аратар, пабачыўшы іх. Ім падарылі «Славянские ведомости».

РАМАН ВАСІЛЕВІЧ, АЛЬБО НАШ БАРБАРОСА

Рамана Якаўлеўскага, які працаваў у аддзеле забесьпячэньня БДУ, калегі пыталіся – што там, на «чацьвяргах»?

– А чаго ж самі не ідзяце?

– Вас там спэцыяльна зьбіраюць, каб адправіць пасьля ў Курапаты.

«Комплекс 37-га году», – камэнтаваў Раман. Сам ён вёў свой адлік ад іншай даты: «Я нарадзіўся ў 1953-м годзе. Сусед кажа: «Такія сьмелыя маглі зьявіцца толькі пасьля сьмерці Сталіна». Раман славіўся сваёй чорнай, як смоль, барадой. «Раман, што гэта такое, барада?» – заўважала начальства. «У вас у партбілеце барадаты!» – адказваў наш бунтаўнік. «Але ён жа стары…» – спрабавала запярэчыць кіраўніцтва. «Старасьць вызначаецца ня гэтым», – намякаў Раман на старэчую нямогласьць. «Раман, ідзі!» – адмахвалася начальства.

Раман Якаўлеўскі і Аляксандар Галькевіч згуртаваліся такім самым чынам, як студэнт філфаку БДУ, будучы шэф-рэдактар «Музыкальной газеты» і часопісу для падлеткаў-мэляманаў «Уши» Сашка Зеленер і Дзіма Зільбер, што сышліся на любові да тоўстых часопісаў. Якаўлеўскі і Галькевіч сталі зьбіраць свой гурток на кватэры Рамана. «Альтэрнатыва-2», называў іх Крывіцкі. Пра першую і непаўторную «Альтэрнатыву» ніжэй.

Пачалася мода на недзяржаўныя газэты. У тыя часы яны, вядома, афіцыйна выходзіць не маглі. Кожная група хацела мець свае выданьні. Гэтыя газэты куплялі нават з чыстай цікавасьці. Нефармальная прэса была пераходным этапам ад самвыдату да недзяржаўнага, апазыцыйнага друку. Раман абвясьціў знаёмым з пракуратуры: «Ну што мы будзем у хованкі гуляцца? Выпускаю нумар – нясу вам». З таго часу набыў зь іх боку ўдзячных чытачоў. Тады ў бок апазыцыі дзьмуў спадарожны вецер. Газэта называлася «Гражданин»; пазьней такую назву мела газэта АГП. Гэта нагадвае выпадак з гісторыяй газэтнай назвы «Правда».

«АЛЬТЭРНАТЫВА» ЎСЯМУ, У ТЫМ ЛІКУ «СУЧАСЬНІКУ»

У траўні 1988-га на першым мітынгу ў Курапатах , прысьвечаным памяці ахвяраў рэпрэсій, да мікрафона прабіўся Дзіма Зільбер, які быў шалёным прыхільнікам Троцкага.

Ускараскаўшыся на пень, ён заявіў, што арганізацыя «Менская альтэрнатыва» запрашае праз два тыдні на больш рашучы мітынг каля Опэрнага тэатру.

У дзень мітынгу, пазначаны ва ўлётках і ў курапацкай прамове Зільбера, парк перад тэатрам Опэры і балету быў паўнюткі людзьмі ў штацкім, а крыху ўбаку – з «газікамі». Чакалі тых, хто залезе на які-небудзь пастамэнт і пачне. Зьляканыя ўлады наладзілі ў парку прабег, прыгналі музыкаў у нацыянальных строях.

Калі «Сучасьніку» далі памяшканьне ў танцзалі кінатэатру «Вільня», кампанія Емяльянава «Моладзь, за мной!» адышла ўбок. «Менская альтэрнатыва» была моладзевай групоўкай у «Сучасьніку» і так і ня вылучылася ў асобную арганізацыю, хаця адразу ж стала займацца самастойнымі праектамі. Маладосьці ўласьцівы радыкалізм. Емяльянаў і кампанія ціснулі на Крывіцкага, каб арганізаваць дэманстрацыю.

Дзіма Емяльянаў паходзіў зь сям’і партработніка, глыбока грэбаваў усім савецкім. Ён не здымаў італьянскіх акуляраў зь фірмовым бяльмом на шкле. Зьміцер Шаравера быў сынам работніка гарвыканкаму. Хутка яны пачалі ладзіць свае асобныя сходы ў аўторкі ў парку Янкі Купалы. Хто пачынаў у «Альтэрнатыве»? Сяржук Няхамес, кіраўнік роварнага клюбу «Пагоня» (назва адпавядала сутнасьці), пазьней паліграфіст. Прыйшоўшы на зборку «ля Панікоўскага» (скульптура «Хлопчык зь лебедзем»), ён затараторыў сваім таненькім галаском: «Камунякi – каты! Трэба iсьцi на пляцы…» Ён з пачуцьцём рубануў паветра рукой, і зь ягонай штаніны вываліўся завостраны кухонны нож. Ён азірнуўся і схаваў нож за шкарпэтку.

Юру Ганчара, пазьней аднаго зь дзеячоў Партыі аматараў піва, зрабілі старшынём. Гэтая моладзь, яшчэ не абламаная жыцьцём у постсавецкай дзяржаве, заляпіла транспарт улёткамі. Да майго сябра даходзілі размовы, што ёсьць такая «Альтэрнатыва», якая робіць усё, што адбываецца.

Дзіцячая рэдакцыя запрасіла альтэрнатыўных на тэлебачаньне. Запіс прызналі добрым і таму ня сьцёрлі, паклаўшы на паліцу. Емяльянаў і Няхамес езьдзілі ў Вільню, дзе выступілі на стотысячным мітынгу «Саюдзісу». Былі сустрэтыя бурнымі воплескамі. Кроў і віно ўдарылі ў голаў, вяртаньне адзначылі банкетам з бойкай і спробай згвалтаваньня.

У новай групоўцы было сем сяброў і некалькі кандыдатаў у сябры. Тады ўвесь час казалі: «Стварылася новая суполка!» Маладыя «бесы» зьбіраліся ў парку Янкі Купалы і здавалі справу ў сваім вузкім коле аб зробленай працы.

Хутка ўлады выпусьцілі цыркуляр па нефармалах, які адразу ж трапіў у іх асяродзьдзе і з задавальненьнем там чытаўся. Палітбамонд дзякуючы гэтаму даведаўся адзін пра аднаго і расцаніў як прызнаньне. У зводцы пералічвалася ўсё, што мела дачыненьне да «адраджэньня», у тым ліку школьныя «беларускамоўныя» клюбы. Гэта дапамагло ім наладзіць кантакты, і да таго ж гэта цешыла як прызнаньне з боку ўлады. Хіба не да гэтага заўсёды імкнуліся расейскія дысыдэнты? Яны жадалі размаўляць з уладай наўпрост, мець зь ёй блізкія стасункі – і самым вартым гэта ўдавалася.

ЗАРАДЖЭНЬНЕ ПРЫВАТНАЙ УЛАСНАСЬЦІ

Палітыка была стартавай пляцоўкай для бізнэсу. Крывіцкаму прыйшло запрашэньне з Галяндыі ні многа ні мала як лідэру апазыцыйнай партыі. Ён не любіў далёка езьдзіць і аддаў яго Дзіму Шараверу. Той прарваўся ў Галяндыю і з гэтага пачаў выдавецкі бізнэс. Валодзя Сац, які езьдзіў па ўсіх зборах нефармалаў як спэцыяліст па наладжваньні сувязяў, пасьля выкарыстаў набыты досьвед у бізнэсе. Цяпер ён сябар Партыі Свабоды. Многім, вельмі многім бізнэсмэнам дапамог раскруціцца «Сучасьнік». Гэта і Сяргей Корзун, і Сяржук Няхамес, і Віктар Процька. Усе – выдаўцы.

«СУЧАСЬНІК» НАБЫЎ УСЕСАЮЗНУЮ ВЯДОМАСЬЦЬ

Дарэчы, пра зьезды нефармалаў. У «Сучасьнік» прыяжджалі прадстаўнікі Дэмакратычнага саюзу, Віктар Дуброўскі з Горадні, які стварыў там у 80-х аддзяленьне «Салідарнасьці». Ён служыў падчас страйкаў жніўня 1980-га ў Польшчы і проста ў савецкай вайсковай форме прыйшоў у «Салідарнасьць», дзе зьвярнуўся па-польску і з гонарам абвясьціў, што ён з Горадні. Быў прыняты з захапленьнем.

КАНЕЦ «СУЧАСЬНІКА» І НЕФАРМАЛЬНАСЬЦІ

«Сучасьнік» памёр ад родаў. У вялікай залі Дому палітасьветы (цяпер канцэртная заля «Менск») ім ініцыяваўся сход грамадзкасьці, які прыняў зварот да творчых саюзаў стварыць Народны Фронт. Так быў запачаткаваны БНФ. На наступны сход клюбу прывезьлі прыблізна па пяцьдзясят перадавых рабочых вядучых менскіх заводаў з ідэалягічным авангардам у выглядзе Ўладзімера Бегуна, клясыка барацьбы з масонствам. Бягун прыслаў Крывіцкаму на трыбуну запіску: «У залі сядзіць чалавек, якога вы толькі што назвалі псыхічна неўраўнаважаным». Міліцыя перакрыла ўваход у будынак, ля якога сабралася процьма ахвотных. Першы сакратар гаркаму Галко сказаў Крывіцкаму: «Улічыце, у залі ёсьць савецкая ўлада…» «Сучасьнік» выкінулі з Дому палітасьветы. Пачалася газэтная кампанія.

«Саўбелія» і «Вечерний Минск» перадрукоўвалі адна ў другой артыкул, дзе абыгрывалася імя па бацьку Крывіцкага – Вульфавіч. Крывіцкі трапіў нават у «Правду», менскі карэспандэнт якой пракаціў нефармалаў. «Политический собеседник» перажываў час сваёй адыёзнай папулярнасьці. Часопіс падкрэсьліваў, што калега Крывіцкага па дысыдэнцкім руху Арон Цэйтлін зьехаў не куды-небудзь, а ў Ізраіль. У ход відавочна ішлі матэрыялы КДБ. Пайшлі дзіўныя званкі па тэлефоне.

Акрамя скандалу ў друку пачаліся звальненьні з працы. Крывіцкага звольнілі з БІМСГ, у Карбалевіча і іншых былі праблемы на працы. Грамадазнаўцаў выклікалі ў парткам, дзе патрабавалі даць падпіску пра няўдзел у «Сучасьніку». Уладзімер Някляеў, рэдактар «Крыніцы» – можна сказаць, амаль «апазыцыйнага» выданьня, – намесьнікам якога быў Якубовіч, што палемізаваў на яе старонках з «Политсобеседником», казаў мне, што калі дастану гэтыя падпісныя лісты, ён іх надрукуе. Мяне адлічылі з Інстытуту культуры, а пасьля ўскладаньня БНФам 7 лістапада 1990 году Леніну вянка з калючага дроту па наводцы выклікалі ў пракуратуру. Тады туды ішлі масавыя выклікі. Аднавіўся я ў МІК ужо ў жніўні 1991-га.

У 1988–1990 гадох Крывіцкі et cetera зрабілі першую спробу стварыць сацыял-дэмакратычную партыю Беларусі. Крывіцкі насіў значку лейбарыстаў – чырвоную ружу ў кулаку. Пасьля ён эвалюцыянаваў управа і стаў сябрам АГП. На рэфэрэндум і парлямэнцкія выбары 17 кастрычніка 2004-га ён увайшоў у Першамайскую выбарчую камісію ад АГП.

У 1990 годзе Гарбачоў адмовіўся ад прынцыпу аднапартыйнасьці і тэрмін «нефармальныя аб’яднаньні» адносна да палітарганізацый састарэў. Было прынятае «Часовае палажэньне аб парадку рэгістрацыі палітычных партый і грамадзкіх арганізацый», якое ў Беларусі дзейнічала да 1995 году, пакуль Вярхоўны Савет не прыняў закону «Аб палітычных партыях і грамадзкіх арганізацыях», дзе планку ліку сяброў партыі паднялі ад 100 да 500.

У Расеі першай з ініцыятывы КДБ была створана ЛДПСС, а ў Беларусі ў тым жа 1990-м узьнікла першая апазыцыйная партыя – Партыя народнай згоды, якую ўзначаліў Генадзь Карпенка, а ў аргкамітэт па стварэньні ўваходзіў Аляксандар Лукашэнка. Як распавядаў мне Ігар Гермянчук, у тыя часы Зянон Пазьняк прапаноўваў яго ў ценявы кабінэт, створаны БНФ, міністрам сельскай гаспадаркі – як прагрэсіўнага дырэктара саўгасу.

ПАСЛОЎЕ І РЭЗЮМЭ

Часы дыскусійных клюбаў мінулі, але проста дзіўна, як той час перагукаецца зь цяперашнім. Нібыта і не было першай паловы 90-х, росквіту ваймарскай беларускай дэмакратыі.

  менскі журналіст.



* Радок зь песьні А. Макарэвіча.
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 5 (34) - 2004

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/3/10