| |
Шукайце нас у падпольлі
Часопіс «ARCHE» спачатку папярэдзілі (Міністэрства інфармацыі), а пасьля пачалі душыць. «Белкніга» загадала спыніць продаж усім менскім найважнейшым кнігарням, што прадаюць беларускамоўную літаратуру: «Кнігарні пісьменьніка», «Падпісным выданьням», «Ведам»... А апярэдзіла ўсіх у гэтым лакаўце наймудрэйшая «Акадэмкніга». Без тлумачэньня прычынаў дамовы на распаўсюд «ARCHE» разарвалі рэспубліканскі «Белсаюздрук» і «Менгарсаюздрук». Пакуль няма адпаведнага ліста зь «Белпошты» аб спыненьні падпіскі на часопіс і выключэньні яго з падпіснога каталёгу, але найхутчэй і гэта нас не абміне. Ясна, чаму гэта ўсё, – праз адпаведны загад зьверху, які надышоў, найхутчэй, з Адміністрацыі прэзыдэнта. Ясна і за што: за нумар, прысьвечаны вынікам 10-гадовага прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. Пакараньне ўзорнае: кнігарням і шапікам забаронена прадаваць ня толькі гэты апошні нумар часопісу – яны вярнулі ўсе ранейшыя нумары. Калі «ARCHE» не разумее намёкаў – выгнаньня з Дому друку, папярэджаньняў Міністэрства інфармацыі пасьля нумароў, дзе аналізаваліся «дзяржаўная ідэалёгія» і кадравая палітыка, – трэба правучыць яго канкрэтна.Па часопісе нанесены жорсткі ўдар: 85 % асобнікаў часопісу прадавалася празь сеткі й крамы, якія цяпер сталі недаступнымі. Як выжыць у такой сытуацыі? Як даходзіць да спажыўца, як ня вырадзіцца ў адно з шматлікіх бясьпечных для ўладаў выданьняў, што не прадаюцца нідзе за межамі ўласнай Рэдакцыі? І ці слушна зрабіла Рэдакцыя, выдаўшы Лукашэнкаўскі нумар «ARCHE», надрукаваўшы эсэ і артыкулы Валера Булгакава, Андрэя Казакевіча, Вольфа Рубінчыка, Славоя Жыжака, Валянціна Акудовіча, Сяргея Шыдлоўскага, Макса Шчура, Алеся Аркуша, Пётры Рудкоўскага, Міколы Пачкаева, Алены Гапавай і апытаньні палітыкаў і дзеячоў культуры? Мо лепш было легчы на падлогу і прыціхнуць, перачакаць, пераседзець гэтыя халодныя для беларускае культуры дзесяцігодзьдзі? Перад здачай нумару ў друк Рэдакцыя «ARCHE» абмяркоўвала гэтыя пытаньні, разглядаючы варыянты «друкаваць – не друкаваць» і «надрукаваўшы, прадаваць адкрыта – не прадаваць». Вырашылі дзейнічаць у адпаведнасьці з прынцыпамі інтэлектуальнай сумленнасьці і культурнай нармальнасьці. Адмовіцца ад іх, пайсьці на ідэалягічную самацэнзуру або гуляць у хованкі было б прызнаць іхныя правілы гульні, далучыцца да палка тых, хто думае адно, гаворыць другое, а робіць трэцяе. «ARCHE» засноўваўся як «іншы», непадобны да «Прыпяцяў» і «Сталасьцяў» часопіс, што закладаў новы лібэральны дыскурс. Прынцыпова непадкантрольны. Прынцыпова закрыты для палітканьюнктуры, прапаганды. «ARCHE» стаў першым рэгулярным недзяржаўным беларускамоўным часопісам постсавецкага часу. Як такі, ён мае пэўныя абавязкі перад інтэлектуальнай гісторыяй. Спыняць выданьне ня будзем да апошняга, мяняць прынцыпы ня будзем ніколі. Ня садзяць за тое, што пішам па-беларуску, дзякуй і за гэта. Адказу на пытаньне, як цяпер даходзіць да чытача, мы да канца пакуль ня маем. Мы гатовыя прыяжджаць на сустрэчы з чытачамі ў любы куток Беларусі і прывозіць з сабою выданьні «ARCHE». Мы зьвяртаемся да інтэлектуалаў і актывістаў нацыянальнага руху: закладайце міні-сыстэмы распаўсюду незалежных выданьняў у кожнай вашай мясьціне. Калі часопіс «ARCHE» будзе забаронены, мы вынайдзем іншыя формы культурнай працы з захаваньнем ранейшых інтэлектуальных прынцыпаў. Шукайце нас у прыватных распаўсюднікаў. 05.11.2004 Андрэй Дынько
|