A R C H E | П а ч а т а к | № 5 (34) - 2004 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
НЕРЫЮС ПРЭКЯВІЧУС | |||||
Нерыюс Прэкявічус
|
Р |
Перш чым аналізаваць прамову, варта ўдакладніць яе непасрэдны кантэкст. Выступ быў зроблены для студэнтаў у памежным з Польшчай горадзе ў паўднёва-заходняй Беларусі. Нават не чытаючы тэксту, можна здагадацца, што ў ім будуць згадкі пра пытанні трансгранічнага супрацоўніцтва, рэгіянальнае развіццё, вышэйшую адукацыю і праблемы моладзі. І насамрэч, усе гэтыя тэмы прысутнічаюць у розных частках прамовы, прычым, згодна з прэзідэнтам, рэгіянальнае развіццё было вызначана ў якасці галоўнай тэмы год таму назад. Аднак адразу ж становіцца ясна, што гэтая тэма адыходзіць на другі план, паколькі А. Лукашэнка робіць яе важнасць умоўнай сваім абяцаннем «обязательно будем говорить». У той жа час пытанне рэферэндуму падаецца як найбольш пякучае, якое мае быць абмеркаванае нават насуперак прэзідэнцкім намерам («начать придется с большой политики», «не поймет, если я промолчу»). Такім чынам, ключавой тэмай выступу становіцца пытанне рэферэндуму. Лукашэнка настолькі часта запярэчвае, што ён не займаецца агітацыяй за рэферэндум («речь не идет об агитации», «не собираюсь вас агитировать», «приехал сюда не просить вас»), што не застаецца ніякіх сумневаў – гэта якраз тое, што ён робіць.
Нягледзячы на заявы А. Лукашэнкі, што ён не падкупае выбарцаў абяцанкамі («не покупал за зарплату, обещаниями и посулами»), частка прамовы напоўнена разнастайнымі авансамі, напрыклад, планамі павышэння стыпендый («увеличим стипендии студентам не на 8 процентов, а, к примеру, на 30 процентов») і ўвядзеннем ільгот («по доплате, если кто-то квартиру снимает»). Прэзідэнт таксама часта нагадвае аўдыторыі пра ўласныя дасягненні («я сделал все для того, чтобы вы попали в вуз»; «здесь начали шевелиться в каждом углу»; «удерживаю своими руками цены на коммунальные услуги»). Найбольш важкім аргументам ёсць сувязь паміж дабрабытам студэнтаў і прэзідэнцкім клопатам («ваша судьба во многом связана с той работой, которую я проводил при поступлении»). Калі слухачы ў гэта павераць, ім давядзецца прызнаць, што Лукашэнкава адстаўка стане для іх асабістай катастрофай. Прэзідэнт адмаўляе, што рэферэндум арганізуецца для ягонай карысці («референдум, в объявлении которого меня обвиняют»), і падае яго як нейтральную магчымасць выявіць волевыяўленне выбаршчыкаў («проводят многие западные государства»; «один из вариантов»). Для А. Лукашэнкі рэферэндум – найлепшы сродак легітымацыі ягонай улады («никакая оппозиция … не могут оценить президента так всеобъемлюще, как на референдуме»). З гэтага вынікае, што поспех на рэферэндуме дазволіць яму праводзіць сваю палітыку нягледзячы на стаўленне да яе апазіцыі («буду работать с удвоенной… энергией»).
Гэта, на наш погляд, якраз і дае зачэпку для тлумачэння гэтага рэферэндуму. Дарма што рэферэндум быў неабходнай умовай для А. Лукашэнкі, каб удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах трэці раз, можа стацца так, што ён зацьміць самі выбары. Пасля таго як былі абвешчаны гэткія вынікі рэферэндуму, больш не будуць здзіўляць любыя падрахункі аб галасах, пададзеных за прэзідэнта. Галоўнае пытанне цяпер не ў выніках, а ва ўнутранай і міжнароднай рэакцыі на іх абвяшчэнне. Калі свабодна праінтэрпрэтаваць словы прэзідэнта – апазіцыя будзе не ў стане аспрэчыць вынікі выбараў пасля гэтага рэферэндуму. Менавіта таму А. Лукашэнка зрабіў усё, каб падрыхтаваць да яго грамадства. У 2003 г. прэзідэнт ажыццявіў істотныя кадравыя перастаноўкі ў сваім акружэнні і абвясціў пра пабудову «беларускай дзяржаўнай ідэалогіі», што мела на мэце сур’ёзна ўзмацніць яго кантроль над бюракратычным апаратам і грамадзянскай супольнасцю. Рэферэндум быў абвешчаны ў час, калі ўвага расейцаў ізноў была прыкута да Чачэніі, у Іраку працягваліся забурэнні, а ў ЗША ішла падрыхтоўка да прэзідэнцкіх выбараў. Гэта зменшыла ўвагу адміністрацый Расіі і ЗША, з боку якіх беларускі рэжым адчувае для сябе найбольшую небяспеку. Да таго ж, для апрацоўкі грамадскай думкі было выкарыстана сёлетняе паляпшэнне эканамічнай кан’юнктуры.
Якімі б ні былі адрозненні ў выбарчых сістэмах, напярэдадні выбараў кожны ўрад імкнецца заручыцца падтрымкай большай, а не меншай колькасці грамадзянаў. Кароткі часавы прамежак паміж абвяшчэннем і правядзеннем рэферэндуму ўскладніў працу апазіцыі. Калі палітыка Расіі на беларускім кірунку не зменіцца, у наступныя два гады беларускія ўлады адно ўмацуюць свае пазіцыі і чарговая перамога прэзідэнта ні для кога не стане неспрадзяванкаю.
У якасці процівагі прывабнаму «праекту ЕС» высоўваюцца ўласныя погляды на ўнутраную і вонкавую палітыку, сутнасць якой, паводле А. Лукашэнкі, у падтрыманні ранейшага стану грамадства («сохранить самобытность белорусского уклада жизни») і ў прарасійскай арыентацыі («заключить союз с Россией»). Ён падмацоўвае гэтыя задачы аргументамі «культурніцкага» плану – Беларусь ёсць праваслаўнай краінай, гістарычна звязанай з Расіяй («для… западной цивилизации… белорусы не являются родными»; «Беларусь никогда не была частью западной культуры»). Адсюль вынікае, што празаходняя арыентацыя з’яўляецца адмаўленнем беларускай ідэнтычнасці («отказ… от той самой беларускасці») і толькі меншасць насельніцтва можа пагадзіцца з такой арыентацыяй. Пазней у сваёй прамове А. Лукашэнка выкажа свой клопат пра гэтую меншасць, выяўляючы сімпатыю да палякаў і талерантнасць да каталікоў («католики – мои избиратели»)1. Зазначу, што культурная блізіня і гістарычныя сувязі ёсць метафарамі, якія лёгка паддаюцца маніпуляванню, таму безапеляцыйныя спасылкі на іх наўрад ці карэктныя. Калі прэзідэнт лічыць, што Беларусь не належыць да заходняй цывілізацыі (якой бы яна ні была), ён ні ў якім разе нічога не адмаўляе. Якраз наадварот – ён падкрэслівае маральную перавагу, паказваючы, колькі давялося перажыць беларусам («вклад нашего народа в спасение континента от фашистского порабощения общеизвестен»). Гэткі комплекс ахвяры рэгулярна эксплуатуюць усходнееўрапейскія палітыкі, якія шукаюць выгадаў ад заходніх донараў, хаця ён, мабыць, лепш спрацоўвае ў дачыненнях з унутранай аўдыторыяй, чым з замежнай.
Прэзідэнт скарыстоўвае псеўдадэмакратычны аргумент, падаючы сваё абранне як паваротны момант, калі беларусы зрабілі канчатковы выбар на карысць інтэграцыі з Расіяй («народ «отрезал» раз и навсегда»). Між тым, я хачу адзначыць, што нават рашэнне, прынятае на рэферэндуме, не можа перашкодзіць грамадзянам прыняць новыя рашэнні. Калі б пытанні вырашаліся «раз і назаўсёды», нарвежцы не маглі б арганізоўваць рэферэндум паводле пытання аб далучэнні да Еўрасаюзу пасля таго, як прапанова была двойчы адхілена (у 1972 і 1994 гг.). З іншага боку, ці можна сказаць, што цяперашнія члены ЕС ніколі не вырашаць некалі яго пакінуць? Нарэшце, аргумент аб «канчатковым рашэнні» можна небяспечна павярнуць так, што няма патрэбы ў далейшых выбарах – нашто, калі аднойчы выбаршчыкі ўжо выказалі сваё меркаванне? Галоўным (і вельмі перабольшаным) довадам супраць празаходняй арыентацыі служыць, аднак, спасылка на эканамічны хаос, які нібыта суправаджае выхад з расійскай зоны ўплыву («отрезали бы… от источников сырья, у нас безработица достигла бы 85 %, и мы отошли бы от того, что было наработано в едином государстве – Советском Союзе»). Прэзідэнт пастаянна дэманструе сваё змешанае стаўленне да Расіі. Яму падабаецца цэнтралізаваная сістэма кіравання ў СССР («основные решения принимались в Кремле – для того, чтобы отдать дань уважения белорусам»), ён амаль шкадуе пра няўвагу Расіі да Беларусі ў пачатку 1990-х гг. («Россия… пыталась влиять на белорусский выбор, но делала это слабо и бессистемно). З іншага боку, A. Лукашэнка настойвае на тым, што балансуе паміж Захадам і Усходам («я никому "не сдал" Беларусь – ни Западу, ни Востоку»), дабіваецца выгадных умоваў для інтэграцыі з Расіяй. Расійская эканоміка характарызуецца як карумпаваная («страшная коррупция»), што ёсць ускосным папрокам на адрас расійскага кіраўніцтва. Паказальна, што А. Лукашэнка часта бэсціць расійскіх алігархаў (бяспечная мішэнь), аднак рэдка наўпрост выказваецца пра расійскую палітыку. Гэткім чынам ён не толькі захоўвае дыстанцыю да Расіі, але і негалосна падтрымлівае нядаўнія рашэнні Ўладзіміра Пуціна. Тая ж амбівалентнасць – у прэзідэнцкіх заўвагах пра моўную палітыку. Пачынаючы са сцвярджэння аб тым, што расійская мова для беларусаў родная («если вы думаете, что русский язык, на котором белорусы разговаривают, это российский язык – заблуждаетесь»), а беларуская – другасная («многие науки просто не имеют терминологии на белорусском языке»), A. Лукашэнка пераходзіць да дэкларавання сваёй любові да беларускай («это не мешало нам изучать, любить нашу беларускую мову»). У маім ранейшым артыкуле ў «ARCHE» я адцеміў, што такая непаслядоўнасць, мабыць, з’яўляецца прагматычным выбарам чалавека, што пакідае ў баку пытанне сваёй ідэнтычнасці ў імя дасягнення іншых мэтаў. Заявы А. Лукашэнкі ў абарону ўласнага рэжыму ствараюць уяўленне пра «беларускую мадэль развіцця». Галоўным клопатам прэзідэнта ёсць «стабільнасць» («не дестабилизировать обстановку»). Адсутнасць на чарговых выбарах ягонай кандыдатуры стварыла б рызыку фатальных збояў у сістэме («там была война»). Стабільнасць павінна быць забяспечана свабодай ад замежнага ўмяшання («как нам жить, мы разберемся сами») і абмежаваннем кантактаў з замежнымі краінамі («пусть беднее, но на своей земле, в своих вузах, для своей страны»). Эканоміка бачыцца перш-наперш аўтаркічнай («мы обеспечили свою продовольственную безопасность»), заснаванай на кантролі над спажываннем («цените то, что есть») і сферай гандлю («все вывезут»). Прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў разглядаецца як катастрофа («экономика не разграблена… она в собственности государства»), а іх цана не звязана з іх рынкавым коштам («хотят взять бесплатно»). Як і ў шмат якіх іншых публічных прамовах, А. Лукашэнка падкрэслівае эканамічны прагрэс у краіне («экономика Беларуси… по своей структуре аналогична структуре экономик таких передовых стран Европы, как Германия, Франция»; «покупаем сырье и сами создаем высокоинтеллектуальный продукт»). Пакідаю гэтыя заявы без каментару, бо прэзентацыя і параўнанне асноўных характарыстык заходнееўрапейскіх эканомік з беларускай эканомікай забрала б шмат часу і месца. Іншай абвешчанай перавагай ёсць нізкі ўзровень вонкавага доўгу адносна ВУП, што менш звязана са здаровым станам беларускай эканомікі, чым з бояззю эканамічнага ўплыву на палітычныя рашэнні («олигархи ногой дверь к президенту не открывают»). Прэзідэнт шчыра прызнае, што рост эканомікі Беларусі мае карані ў павелічэнні попыту на беларускія тавары ў Расіі, але пераконвае, што адбываецца дыверсіфікацыя рынкаў, на якіх гандлююць беларускія вытворцы («Если к 1995 году на страны Западной и Восточной Европы ежегодно приходилось всего 8 процентов нашего экспорта, то в 2003 году мы вывезли почти 40 процентов»). Паводле афіцыйных звестак, якія, бадай, найбліжэйшыя да згаданых прэзідэнтам, у 1995 г. на краіны, што не ўваходзілі ў СНД, прыпадала каля 37 % беларускага экспарту, а ў 2003 г. гэтая лічба вырасла да 45 %. Дыверсіфікацыя беларускага вонкавага гандлю адбылася, але яе тэмпы зусім не такія высокія, як падкрэслена ў прамове. Не Беларусь наблізілася да ЕС, а пашырэнне апошняга зрабіла Беларусь бліжэйшай. Роля транзіту пададзена як асноватворная («практически все сырье, станки, машины, новые технологии идут в Европу и из Европы через Беларусь и север Украины»). Заўважым, што ў гэтай сентэнцыі няма згадак пра Расію. Каб упісаць заяву ў кантэкст, варта нагадаць, што нават пасля апошняга пашырэння на Расію прыпадае 7,6 % імпарту ЕС і 4,4 % экспарту. У свеце ёсць вельмі мала краінаў, якія робяць стаўку на сваю транзітную ролю (напрыклад, Сінгапур і Ганконг). Хоць А. Лукашэнка пагражае Літве («вот переориентируем мы свой экспорт… они потеряют одну треть государственного бюджета»), самі імпарцёры ды экспарцёры вырашаюць, з кім гандляваць і якімі камунікацыямі для гэтага карыстацца. Такія рашэнні абумоўліваюць не толькі геаграфічная адлегласць, а разнастайныя эканамічныя ды палітычныя фактары. На працягу сваёй прамовы А. Лукашэнка выхваляецца сацыяльнымі дасягненнямі («говорить о наших приоритетах, которыми являются экспорт, продовольствие, жилье, и об основных инструментах решения этих задач – здоровье, образование, наука»), а таксама разглядае роўнасць як характэрную рысу беларускага грамадства («нет сверхбогатых и резкого различия доходов»). Прысутнічае намёк на негалосную дамову паміж прэзідэнтам і пажылымі людзьмі («белорусская политическая система ориентирована на старшие поколения»). Палітычная падтрымка («безоговорочной поддержкой, которую в критические моменты оказывают») абменьваецца на эканамічную дапамогу («стараюсь… отработать это доверие»). Паколькі выступ адбыўся ў рэгіянальным універсітэце, няма дзіва, што ў ім закранаюцца і праблемы вёскі. А. Лукашэнка падкрэслівае, што сельская гаспадарка – важны абсяг эканомікі («люди на селе создают много рабочих мест в стране»). Ён ажыўляе старыя савецкія ідэі аб змычцы вёскі і гораду («приблизим жизнь этих людей к городской»), прапануючы стварэнне аграгарадкоў («небольшие агрогородки»; «пять, шесть, десять тысяч гектаров земель»). (Няясна, хто будзе фінансаваць гэты праект.) Здаецца, аднак, што палітыка адыгрывае тут важную ролю: прэзідэнт абараняе ідэю ўкладання грошай нават у найменшыя вёскі («бросать не будем, даже если там живет 5-6 человек»). На яго думку, калі прыватных інвестыцый няма, павінна ўмяшацца дзяржава. Між іншага, цяжка весці размову аб прыватных інвестыцыях, калі прадпрымальнікі трактуюцца так жа, як і дзяржаўная бюракратыя («я хочу, чтобы бизнесмены и чиновники поднимали»). Такім чынам, сельскія раёны ўспрымаюцца як апірышча падтрымкі А. Лукашэнкі, і гэтым тлумачацца яго абяцанні забяспечыць доступ сельскіх жыхароў да сацыяльных дабротаў, паслуг і масавых забаваў. На маю думку, так званы поспех беларускай мадэлі грунтуецца на кансервацыі сістэмы ў часе. Дзяржава можа падпарадкоўваць сабе эканоміку на працягу доўгага часу, але гэта вымагае ізаляцыі ад вонкавага свету і ў рэшце рэшт вядзе да эканамічнай адсталасці. Эканамічны хаос Усходняй Еўропы ў пачатку 1990-х гг. быў выкліканы не арыентацыяй на Захад (як можа падацца з Лукашэнкавай прамовы), а няпэўнасцю ў цэнавай палітыцы і ў адносінах уласнасці. Каб дасягнуць стану раўнавагі, спатрэбіўся час, і давялося перажыць значныя эканамічныя і сацыяльныя страты. Сваю негатыўную ролю адыграў і брак рынкавага досведу ў палітычных элітаў. Тым не менш, большасць посткамуністычных краінаў дасягнулі поспехаў у гаспадарчай трансфармацыі, што цягам часу палепшыць эканамічныя варункі гэтых краінаў. Беларусь гэтыя працэсы амаль не кранулі, і ёй давядзецца іх перажыць. Калі б гаворка ішла аб вялікай краіне, багатай на прыродныя рэсурсы, рэформы можна было б адкласці на няпэўны тэрмін, але, відавочна, Беларусь да такіх краінаў не належыць. Нават здольнасць быць транзітнай дзяржавай не дае ўсёмагутнасці – дзяржавы, што карыстаюцца паслугамі Беларусі для транзіту, будуць гэта рабіць толькі датуль, пакуль іншыя варыянты будуць даражэйшымі. У прамове прэзідэнт гаворыць студэнтам у асноўным тое, што яны нібыта хочуць пачуць. Паколькі ён выступае ва ўніверсітэце з тэхнічнай спецыялізацыяй, А. Лукашэнка паведамляе, што існуе попыт на тэхнічныя спецыяльнасці, у той час як на астатнія попыту часцяком няма. Ён патрабуе знізіць нагрузку за кошт вучэбных курсаў па гуманітарных і грамадскіх дысцыплінах («надо освобождаться от лишних предметов»). Гэткія заявы могуць адлюстроўваць тэхнакратычныя арыентацыі прэзідэнта, а таксама памкненне зберагчы грошы, што выдзяляюцца на адукацыйныя патрэбы («надо уменьшать эти годы»). Іншым сродкам заваёвы даверу ў студэнтаў ёсць дэклараванне падтрымкі навучэнцаў з сельскіх раёнаў («принято решение поддержать сельскую молодежь»). З іншага боку, патэрналісцкая палітыка прадугледжвае абавязковае размеркаванне на працу – «должны быть готовы поехать туда, где вы нужнее». Агульная парада студэнтам – зніжаць свае запыты і чаканні («все жили скромно и экономно»). Лёс ЕГУ – апошняя тэма гэтай часткі выступу Лукашэнкі. Прэзідэнт спрабуе прыхаваць значэнне падзеі, намякаючы, што інфармацыя пра яе цьмяная і супярэчлівая («может быть, до вас дошло, что якобы власти закрыли ЕГУ в Минске») і што дзякуючы гуманным паводзінам ураду спыненне навучальнага працэсу не мела вялікіх наступстваў («это наши белорусские ребята, девчата»; «мы же их не можем выбросить на улицу»). Віна цалкам ускладаецца на кіраўніцтва ЕГУ («власть вынуждена была лишить лицензии»; «стали жертвами взрослых дядек»). Урэшце, А. Лукашэнка спрабуе настроіць брэсцкіх студэнтаў супраць мінскіх («западники в центре Минска готовят… элиту… остальные белорусские вузы… кого готовят – слуг, рабов для этой самой элиты?»). Аднак сутнасць канфлікту можна лепей патлумачыць жаданнем ураду забяспечыць сабе ідэалагічны кантроль над адукацыяй («будущее руководство нашей страны будем готовить сами») і захаваць уніфікаваную сістэму адукацыі («в этом вузе должны готовить студентов так же, как в Бресте и Минске»). Прэзідэнт прызнае, што канфлікт меў даўнюю гісторыю («решение вынашивалось несколько лет»; «их предупреждали»). Таму непасрэдных прычын для пазбаўлення ЕГУ ліцэнзіі не было, за выключэннем, мабыць, звароту ЕГУ да міжнародных інстытуцый. Трэба сказаць, што А. Лукашэнка правільна вызначыў спадзяванні заходніх донараў – «подготовить здесь… новую белорусскую элиту, которая должна была бы со временем привести Беларусь на Запад». Іншае пытанне, ці была яго рэакцыя адэкватнай. Беларуская эканоміка вельмі моцна кантралюецца дзяржавай, гэтаксама як пад кантролем знаходзяцца прызначэнні на дзяржаўную службу. Імавернасць таго, што празаходне адукаваныя выпускнікі ВНУ змянілі б сістэму ці нават праніклі б у яе, малая. Таму рэакцыя прэзідэнта, напэўна, была неадэкватна жорсткай. Прага да ўзмацнення кантролю над сістэмай адукацыі адчуваецца таксама ў жаданні прэзідэнта змусіць студэнтаў завучваць на памяць афіцыйна прапагандаваныя адметнасці беларускай мадэлі («преподавателей попрошу, чтобы они на экзаменах… спросили у студентов, что это за особенности»). Такі падыход да справы спалучае кантроль і над студэнтамі, і над выкладчыкамі, але толку ад яго, напэўна, будзе не болей, чым ад вывучэння т. зв. «навуковага камунізму» ў савецкі час. Ідэалогія можа быць насамрэч эфектыўнай толькі тады, калі існуюць структуры, якія прышчапляюць масам пэўныя ідэалагічныя ўстаноўкі, і асабіста я сур’ёзна сумняюся адносна будучага патэнцыялу «беларускай мадэлі». Калі мы падыходзім да разнастайных статыстычных паказчыкаў, скарыстаных у прамове, мае сэнс нагадаць фразу, прыпісаную брытанскаму прэм’ер-міністру Бенджаміну Дызраэлі: «Ёсць тры віды хлусні: хлусня, вялікая хлусня і статыстыка». Прамова поўніцца недакладнасцямі, якія можна падзяліць на пяць асноўных групаў. У пэўных выпадках прэзідэнт, здаецца, ужывае афіцыйныя дадзеныя, але робіць няправільныя падлікі альбо перабольшвае значэнне ўжытых дадзеных для падмацавання свайго пункту гледжання. Напрыклад, А. Лукашэнка спасылаецца на афіцыйна зарэгістраваныя 2059,9 % інфляцыі ў 1994 г. («более двух тысяч процентов в год») і сцвярджае, што заробкі абясцэньваліся на палову кожны месяц. Аднак калі выводзіць паказчыкі інфляцыі за месяц з лічбы гадавой інфляцыі, трэба ўлічваць яе экспаненцыйны, а не прыбавачны (exponential, not additive) рост2. Таму можна сказаць, што ў 1994 г. кожны месяц нацыянальная валюта траціла прыкладна 22 % сваёй вартасці (хаця такія экстрапаляцыі па сутнасці вельмі падманлівыя). Іншая памылка больш відавочная – рэальны грашовы даход беларусаў у 2003 г. у параўнанні з 1995 г. вырас амаль у тры разы, калі верыць прэзідэнту. Мой асабісты падлік на базе афіцыйных статыстычных звестак дае рост у 2,37 разу, хаця было б больш лагічна браць за кропку адліку 1994 год, у параўнанні з якім даход вырас усяго ў 1,72 разу. Некаторыя іншыя перабольшанні: 90 % беларусаў – праваслаўныя; Беларусь страціла траціну насельніцтва ў гады Другой сусветнай вайны і адна траціна памерла ад ранаў пасля вайны. Ніхто не сумняецца, што праваслаўныя – найбольшая канфесія ў Беларусі ці што Беларусь моцна пацярпела ў Другой сусветнай вайне, але навошта перабольшваць аж да абсурду?
|
1 Фактычна ён ужывае паняцці «каталік» і «паляк» як сінонімы («католики это оценили» ў адным сказе, «упростил переход границы для поляков» у наступным). |
Выкарыстанне няпоўнай інфармацыі вельмі часта вядзе да няправільнага тлумачэння статыстычных звестак. А. Лукашэнка зрабіў дзве спецыфічныя заявы пра беларускія грузы, што праходзяць праз літоўскі порт Клайпеда (5 мільёнаў тон, што забяспечвае нібыта траціну літоўскага нацыянальнага бюджэту). Паводле апошніх афіцыйных звестак адміністрацыі порту, на працягу 6 месяцаў (са студзеня па чэрвень 2004 г.) Клайпеда прыняла 10,5 мільёна тон грузаў, толькі 2,2 мільёна тон з іх былі беларускімі. Важна адзначыць, што Клайпеда – не адзіны порт Літвы. Цягам таго ж часу 4,6 мільёна тон нафтапрадуктаў, вырабленых у Літве, а таксама расійскай сырой нафты, пайшлі на экспарт праз марскі тэрмінал Бутынге. Такім чынам, беларускі транзіт складае 14,6 % агульных грузаў літоўскіх портаў. Гэта нямала, аднак не надзвычайна многа ў параўнанні з дзвюма суседнімі краінамі. Выходзіць, агульная карціна не супадае з той, што намаляваў прэзідэнт у сваёй прамове.
Іншым шляхам маніпуляцыі статыстычнымі звесткамі ў Лукашэнкавым выступе з’яўляецца блытаніна паміж фактычнымі, запланаванымі і пажаданымі паказчыкамі. Добрым прыкладам такой блытаніны служыць гутарка пра сярэднія заробкі («в середине 90-х среднемесячная зарплата – 20–30 долларов США, сегодня 165. К концу года средняя зарплата будет 195 долларов. …В 2005 году мы должны получить 250. …К 2010 году – 750 долларов»). Магчыма, што ў сярэдзіне 1990-х гг. сярэдняя зарплата сапраўды была 20–30 USD, магчыма нават, што яна сягнула 165 USD у сёлетнім верасні, аднак зусім зразумела, што астатнія лічбы ёсць проста прэзідэнцкімі дырэктывамі. Беручы пад увагу колькасць працоўных у Беларусі, сярэдні заробак у 750 USD запатрабаваў бы выдаткаваць на зарплаты 38,8 мільярда USD на год. Толькі адна лічба для параўнання: паводле афіцыйных ацэнак, дзяржаўны бюджэт Беларусі складае прыкладна 6,4 мільярда USD (13,22 трыльёна рублёў). Іншымі словамі, калі б дзяржаўны бюджэт траціўся толькі на выплату заробкаў, да 2010 г. ён мусіў павялічыцца ў 6 разоў (рост 35% за год у рэальных цэнах). Магчыма, што да 2010 г. заробкі і вырастуць больш чым у 4 разы ў рублях, але гэтае павышэнне будзе з’едзена інфляцыяй. У некаторых выпадках прэзідэнт яўна змешвае інфармацыю з розных крыніц. Напрыклад, расказваючы, як яго гутарка з Дж. Сорасам у 1994 г. (?) прывяла да рашэння выдзеліць крэдыт у 300 мільёнаў USD («через несколько недель Беларуси перечислили 300 млн. долларов»), а Беларусь з гэтага крэдыту не ўзяла ні шэлегу («их это очень задело»). У рэальнасці, калі мы звернемся да інфармацыі пра крэдыты, выдзеленыя Беларусі, то ўбачым, што 12 верасня 1995 г. Міжнародны валютны фонд згадзіўся выдаць крэдыт у 293 мільёны USD3 для падтрымкі эканамічнай праграмы беларускага ўраду на 1995/96 гг. Прыкладна 74,6 мільёна USD4 былі скарыстаны фактычна. Крэдыт быў вернуты к 14 верасня 2000 г. Магчыма, што прэзідэнт змяшаў гэтую інфармацыю са звесткамі пра іншыя крэдыты, выдача якіх была ўхвалена МВФ 28 ліпеня 1993 і 31 студзеня 1995 г. Аднак абодва гэтыя крэдыты (209 мільёнаў USD) былі выкарыстаныя, і частка грошай дагэтуль не вернута. Але, нягледзячы на ўсе гэтыя недакладнасці, галоўная праблема гэтай заявы сутнасная: Дж. Сорас не кантралюе МВФ і, акрамя таго, апошні мае дастаткова кліентаў, якія хочуць пазычыць грошы. |
2 Напрыклад, калі паказчык інфляцыі – 20 % за месяц, інфляцыя за два месяцы складзе 44 %, а не 40. |
Урэшце, некаторыя лічбы ствараюць уражанне проста прыдуманых або некарэктна выкарыстаных. Прыкладам можа быць заява аб рэгуляванні эканомікі ЕС («Более 60 процентов норм, регулирующих экономическую жизнь, утверждается Еврокомиссией в Брюсселе»). Папраўдзе, такі падлік немагчымы ў прынцыпе, бо ЕС складаецца з вельмі розных эканомік і даволі цяжка размежаваць эканамічныя і неэканамічныя пытанні. Дый хто возьмецца правяраць неймаверную колькасць юрыдычных дакументаў? З 10 сакавіка 1990 г. да 15 ліпеня 2004 г. адзін літоўскі парламент (Сойм) прыняў 4683 законы, 2645 рашэнняў і 266 іншых нарматыўных актаў. Аналагічным чынам выклікае сумнеў прэзентацыя эканамічнага расслаення ў Беларусі: «Высокооплачиваемая элита – работающие на предприятиях нефтехимии, нефтепереработки… банкиры и так далее – больше 30 процентов общества». Няясна, што ў дадзеным выпадку лічыцца высокай аплатай і незразумела, ці гаворыць прэзідэнт пра заробкі альбо пра даходы хатніх гаспадарак. Напрыклад, ён не залічвае пенсіянераў, якіх у Беларусі больш за 25 %, у катэгорыю асобаў з нізкімі даходамі, хоць якраз тут прыблізны падлік даходаў магчымы. Што датычыць долі беларускіх грузаў у літоўскім нацыянальным бюджэце, мушу прызнацца, што не знайшоў пра яе звестак у літоўскіх крыніцах. Найбліжэйшая да тэмы інфармацыя Міністэрства транспарту і камунікацый Літвы, з якой вынікае, што доля транспартных паслуг у літоўскім ВУП складала 9,5 %. Траціна літоўскага дзяржаўнага бюджэту – прыкладна 6,6 % ад літоўскага ВУП. Калі б заява А. Лукашэнкі была слушнай, 70 % даходаў ад усіх транспартных паслуг мелі б беларускае паходжанне і ўсе гэтыя даходы ішлі б у дзяржаўны бюджэт – а другое дапушчэнне гэткае ж нерэалістычнае, як і першае. Такім чынам, і гэтая заява – чыстая выдумка, якая да таго ж абмінае асноўнае – няма эканамічных узаемадачыненняў, выгадных толькі аднаму боку. Адвольнае ўжыванне статыстычных звестак найлепш праявілася ў словах пра рост ВУП. А. Лукашэнка сцвярджае, што паміж замежнымі экспертамі («Запад») няма згоды ў меркаваннях пра рост беларускай эканомікі ў 2004 г. («говорят, что у нас нет 10 с лишним процентов прироста ВВП, что только чуть больше восьми»). Логіка гэтага аргумента такая: калі слухачы не павераць у максімальную лічбу, ім мусіць запасці ў свядомасць лічба крыху зніжаная. Незразумела, якія заходнія эксперты рабілі ацэнку росту ВУП, але, напрыклад, у верасні МВФ прагназаваў на 2004 г. прырост у 6,4 %. Калі афіцыйныя статыстычныя звесткі гэтак проста вар’ююцца (няма вялікай розніцы паміж 8 і 10 %), хто можа гарантаваць, што яны праўдзівыя? Слабая зацікаўленасць прэзідэнта ў статыстычнай дакладнасці падкрэсліваецца і ў яго звароце да цьмяных крыніцаў. Даволі дзіўна, што прэзідэнт Беларусі атрымлівае інфармацыю пра беларускі транзіт з літоўскага тэлебачання («литовец, выступая по телевидению, сказал»). Тут поўнасцю адсутнічае інфармацыя пра крыніцу: невядомы ні канал, ні час трансляцыі, ні асоба, у якой бралі інтэрв’ю. З выступу А. Лукашэнкі магчыма зрабіць выснову аб некалькіх рысах яго асобы як палітыка. Яго жаданне кантраляваць сваё атачэнне ёсць ключавым для разумення сістэмы кіравання ў сучаснай Беларусі. З гэтым жаданнем звязаны шматлікія заявы, але я спынюся на самай яскравай – «Даже если на меня «вешали» вопросы действительно не мои, я нигде не сказал, что это не мои вопросы». Хоць гэта можа выглядаць як перайманне на сябе большай адказнасці, гэтым падкрэсліваецца найперш кіраўнічая неэфектыўнасць – адзін чалавек не ў стане адэкватна разумець усе другарадныя пытанні і вырашаць іх, нават калі ён гэтага шчыра хоча («сам по телевидению объявлял темы»; «поступили в вуз под жесточайшим контролем президента»). Увага да адной сферы непазбежна адцягвае ўвагу ад іншых сфераў. У выніку сістэма працуе ў рэжыме серыі адвольных кароткатэрміновых кампаній і, калі ўвага пераносіцца на другую кампанію, сфера папярэдняй хутка пакідаецца. Больш за тое, увесь высілак скіроўваецца на дасягненне часовага і відавочнага эфекту – іначай жа нельга сказаць, што кампанія была паспяховай! Аднаразовая карцінка становіцца важнейшай за доўгатэрміновыя вынікі, і падначаленыя могуць папросту пачаць падманваць кіраўніка. Задача гэтая простая, бо асоба, якая лічыць сябе экспертам ва ўсіх галінах, не з’яўляецца экспертам ні ў воднай. Акцэнтаванне інтуіцыі (процістаўленай рацыянальнасці) ёсць іншай патэнцыйна згубнай рысай – «я не фаталист, но, может, что-то из этой области есть»; «хватило какой-то интуиции». Калі такі падыход дапаўняецца прэтэнзіяй на веды, што загадзя лічацца вышэйшымі («я знал жизнь», «я ошибался, правда, по мелочам»), ён вядзе да нежадання не тое што працаваць з новай інфармацыяй, а нават і атрымліваць яе. Такая інфармацыя можа трактавацца з падазрэннем, знешняя экспертыза пачынае ігнаравацца, што стымулюе дылетанцтва ў прыняцці рашэнняў. Падначаленыя могуць нават перастаць забяспечваць кіраўніка новай інфармацыяй – навошта, калі ён пра ўсё ведае сам? У такой сістэме падначаленыя менш схільныя думаць самі і дылетанцкія рашэнні ўласцівы ўсім дзяржаўным службоўцам. Прэзідэнт падкрэслівае таксама валюнтарысцкі фактар у палітыцы – «если кто-то «внизу»… не срабатывает, значит, не те кадры были подобраны»; «не потому, что неправильно был определен курс, а потому, что там есть некие кадровые и организационные причины». Насамрэч такі погляд звязаны з адмаўленнем ад рацыянальнасці – калі выкананне рашэння было беспаспяховым, само рашэнне ўсё роўна трэба прызнаць добрым, а віну перакінуць на выканаўцаў. У такім разе выпраўленне рашэнняў становіцца вельмі складанай справай і памылкі «ўнізе» могуць працягвацца доўга, ведучы да марнавання часу і рэсурсаў. Працэс рэкрутавання кіраўнікоў у такой сістэме становіцца вельмі залежным ад выпадку: здольны адміністратар можа страціць сваю пасаду з прычыны кепскіх рашэнняў, прынятых яго начальнікамі. Урэшце, падначаленыя не зацікаўленыя ў прыняцці аптымальных рашэнняў, і лаяльнае выкананне любога рашэння становіцца галоўнай цнотай. А. Лукашэнка малюе свой вобраз ружовымі фарбамі – «могу… поспорить в своей преданности, надежности в работе и в служении своему народу». Ён падкрэслівае сваю сумленнасць («не украду и не вывезу из страны»), сціпласць («подталкивают: давайте дом ваш… будет как музей… я не иду на это») і працаздольнасць («тяжелый, изнурительный труд»). Прэзідэнцкая вера ў сваю місію («если не он, то кто») і непагрэшнасць («за главу государства говорят его дела») настолькі настойлівая, што вядзе да адмаўлення рэчаіснасці («меня на Западе не «долбят»… еще отмахиваюсь, если очень надоедают»). Адносіны з грамадзянамі абмаляваны ў асабістых, патэрналісцкіх танах («Лукашенко и другие дадут»). Згаданыя рысы кіраўніка замінаюць прызнанню легітымнасці апазіцыі. Больш за іншае скажуць уласныя словы прэзідэнта пра апазіцыю: «обучены и проплачены»; «кто привёл бы Беларусь к послушанию». Калі гаворыцца пра мэты апазіцыі: «наша оппозиция собиралась «БелАЗ» закрыть»; «то, что в Беларуси отрасли… остались в собственности государства – это кость в горле как для западников, так и их подручных в Беларуси. И олигархов российских». З гэтага слухач павінен зразумець, што апазіцыя звязана з замежнымі ворагамі і мае намер разбурыць беларускую эканоміку. У найлепшым выпадку апазіцыйныя погляды тлумачацца недахопам досведу («Хотелось какой-то свободы, ведь молодыми были людьми»). Нецярпімасць да любой апазіцыі праяўляецца таксама і ў стылі зносінаў з аўдыторыяй. Заклік да адкрытай дыскусіі («с вами откровенно, честно поговорить») хутка ператвараецца ў патрабаванне згадзіцца з кансенсусам у пытанні аб падтрымцы прэзідэнта («естественно, подавляющее большинство… поддерживающие») і нават у схаваныя пагрозы («что, надо быть оппозиционером, чтобы попасть к президенту на встречу»). А. Лукашэнка адкрыта прызнае аўтарытарныя аспекты свайго рэжыму («с элементами авторитаризма»), так што ён не бачыць патрэбы адмаўляцца і ад аўтарытарных тэхнік кіравання. Апраўданне для апошніх ён знаходзіць у беларускім заканадаўстве і ў надзвычайным «пераходным» стане («такая у нас Конституция и законы в этот переходный период»). Тлумачэнне даволі цікавае, бо гэтае заканадаўства было прынята па ініцыятыве прэзідэнтам і, паводле яго меркаванняў, пераходны перыяд доўжыцца ў Рэспубліцы Беларусь вось ужо 13 гадоў. Пераклаў з англійскай Вольф Рубінчык
|
3 Больш дакладна, 196,3 мільёна SDR. |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 5 (34) - 2004 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |