A R C H E | П а ч а т а к | № 5 (34) - 2004 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
ПЁТР РУДКОЎСКІ ОП | |||||
Падмуркі і падпоркі дзяржаўнай ідэалогіі Публікацыі, якія абмяркоўваюцца ў артыкуле:
Основы идеологии белорусского государства. – Минск: Академия Управления при Президенте РБ, 2004. Мельник Владимир Андреевич. Государственная идеология Республики Беларусь: Концептуальные основы. – Минск: ТЕСЕЙ, 2004. Яскевич Ядвига Станиславовна. Основы идеологии белорусского государства: Мировоззренческие ценности и стратегические приоритеты. – Минск: РИВШ БГУ, 2003. Канашевич Надежда Михайловна. Политика. Идеология. Менталитет: Курс лекций. – Могилев: МГУ им. А. А. Кулешова, 2003. Борушко Александр Петрович. О национальной идее. Очерк. – Минск: УП «Технопринт», 2004. Лукашенко Александр Григорьевич. За сильную и процветающую Беларусь! // Советская Белоруссия. 2001. 22 мая. Доклад Президента А. Г. Лукашенко на постоянно действующем семинаре руководящих работников республиканских и местных государственных органов по вопросам совершенствования идеологической работы // Советская Белоруссия. 2003. 28 марта.
для ўсёй сваёй дзяржавы: «Усе павінны быць адным народам, і няхай кожны адрачэцца ад сваіх звычаяў». Першая Кніга Махавеяў 1: 41–42
Падчас агляду падручнікаў па дзяржаўнай ідэалогіі нас будзе цікавіць, наколькі шырокія рамкі палітычнага дыскурсу прадугледжвае беларуская ўлада, наколькі ізаляваны і наколькі адкрыты інтэлектуальны свет аўтараў гэтых работ і, нарэшце, якія магчымасці дыялогу паміж беларускай дзяржаўнай ідэалогіяй і альтэрнатыўнымі канцэпцыямі грамадскага жыцця ў Беларусі. Гэта сапраўды «асновы» ў найбольш поўным сэнсе слова: падручнік выдадзены Акадэміяй кіравання пры прэзідэнце, над зместам яго працавалі 24 навукоўцы (філосафы, сацыёлагі, гісторыкі, палітолагі, юрысты, эканамісты, нават адзін біёлаг) пад агульнай рэдакцыяй Станіслава Князева ды Сяргея Рашэтнікава. Досыць ёмістая (блізу паўтысячы старонак) кніга, выдадзеная самым вялікім з усіх астатніх падручнікаў тыражом (5000 асобнікаў), з’яўляецца неблагой кампенсацыяй занядбанняў, за якія збэсціў Акадэмію прэзідэнт падчас памятнага дакладу 27 сакавіка 2003 г. 1.1. Падручнік падзелены на чатыры раздзелы. Першы раскрывае сам панятак ідэалогіі i яе функцыі, значная частка раздзелу прысвечана «вытокам» і «станаўленню» ідэалогіі беларускай дзяржавы (або дзяржаўнасці), разбіраюцца асноўныя сучасныя ідэалогіі – лібералізм, кансерватызм і сацыял-дэмакратыя. Адмыслова падкрэслена, што канстытуцыя ёсць праўнай асновай ідэалогіі беларускай дзяржаўнасці. У загалоўку першага раздзелу фігуруе выраз «Тэорыя і метадалогія ідэалагічных працэсаў». Калі хтосьці дбае пра метадалогію, значыць, ён прызнае пэўны арганон (набор сродкаў пазнання). Таму можна чакаць, што тэзісы дадзенага дыскурсу прэтэндуюць на адпаведнасць прынцыпам, прынятым у навуцы: г. зн. яны маюць лагічную структуру, прынамсі, апасродкавана абапіраюцца на факты і могуць быць крытыкаваныя (пазбаўленыя дагматызму). Прэтэнзіі на навуковасць яшчэ яскравей выражаны ў прадмове: «Бо ж гэта не нейкае там дзяжурнае, кан’юнктурнае, прапагандысцкае мерапрыемства, а чыста навуковы, сістэмны падыход да ўсведамлення сутнасці ідэалогіі». На жаль, у падручніку не выясняецца, наколькі навуковы падыход можа сумяшчацца з падыходам ідэалагічным, і якое разуменне навукі ўкладальнікі маюць на ўвазе. Але нават калі мы прымем найбольш шырокае разуменне навукі і дамо найбольш прыхільнае азначэнне ідэалогіі, то і тады яны ў значнай ступені будуць выключаць адна адную: навука не выконвае ані мабілізацыйнай функцыі, ані – тым больш – кампенсацыйнай і не скіравана на абарону пэўнага палітычнага курсу. Адзінае, што, здавалася б, можа паядноўваць ідэалогію і навуку, гэта кагнітыўны ўзровень: у ідэалогіі ён утварае зыходны пункт, а для навукі ён з’яўляецца, па сутнасці, сэнсам. Але і тут ёсць прынцыповыя адрозненні: ідэалогія арыентуецца на пазнанне не як на мэту, а толькі як на сродак, адсюль яна тэндэнцыйна і выбарачна адлюстроўвае факты, і – што істотна – выключае крытыцызм, не церпіць іншадумства, характарызуецца, як гаворыцца ў падручніку У. Мельніка, рэпрэсіўнасцю. Тым не менш, не трэба спяшацца з абвінавачаннем аўтараў «Асноў…» у аблудзе. Прыкладна 75 % матэрыялу сапраўды мае навуковы характар («навуковы» не значыць, што можна з усім пагадзіцца; маецца на ўвазе тое, што большасць тэкстаў кнігі маюць інфармацыйна-аргументацыйны характар, і гэта дае падставу для рацыянальнай дыскусіі). Хоць у падручніку не пастаўлена наўпрост пытанне пра суадносіны ідэалогіі і навукі, можна меркаваць, што аўтары не надаюць навуковага статусу афіцыйнаму палітвучэнню. Яны пастулююць толькі навуковы разгляд самой сутнасці ідэалогіі, якая цалкам слушна акрэсліваецца як «квазірэлігія», «своеасаблівыя сімвалы свецкай веры», як субстытут рэлігіяў, якія згубілі грамадскую ролю ў эпоху Асветніцтва. Адкрыта гаворыцца, што «ідэалогіі падпарадкаваны дыктату пэўных мэтаў і палітычных матываў», падтрымліваецца метафорыка Маркса, што ідэалогія – гэта мысленчая «прызма», праз якую грамадскія слаі глядзяць на свет. Аднак у гэтым раздзеле паўстае і шэраг менавіта метадалагічных праблемаў. Па-першае, калі раздзел прысвечаны тэорыі і метадалогіі, то з якой прычыны тут з’явіліся два падраздзелы пра гісторыю беларускай дзяржавы (расказаную тэндэнцыйна), завершаныя апалогіяй саюзу Беларусі і Расеі? Што яна мае супольнага з даследаваннем ці тэорыяй ідэалагічных працэсаў? Падраздзелы гэтыя ўжо ўтвараюць змест ідэалогіі, а не з’яўляюцца яе метадалогіяй ці тэорыяй. Па-другое, першы падраздзел намінальна прысвечаны «ідэалогіі беларускай дзяржавы», а рэальна 80 % матэрыялу датычаць агульных тэарэтычных пытанняў. Да таго ж яго тэматыка ў большай ступені крыжуецца з тэматыкай падраздзелу чацвёртага: абодва займаюцца агульнатэарэтычнымі пытаннямі і спецыфікай беларускай ідэалогіі. Між імі ёсць толькі тое адрозненне, што ў першым раздзеле, напісаным Рашэтнікавам ды Старавойтавай, больш строга і сур’ёзна асвятляецца дадзеная праблематыка, а чацвёрты раздзел (аўтарства Сташкевіча і Матусевіча) – гэта папросту тэндэнцыйная газетная публіцыстыка, дзе амаль адсутнічае аргументацыя, а пераважаюць сугестыўныя прыёмы навязвання пэўнага погляду. З метадалагічнага гледзішча праблематычная і прысутнасць пятага падраздзелу («Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь – праўная аснова ідэалогіі беларускай дзяржаўнасці») у блоку, прысвечаным метадалогіі і тэорыі. Але сам гэты раздзел змяшчае досыць вартасныя зацемы. У загалоўку гаворыцца пра Канстытуцыю як пра аснову ідэалогіі, але пазней аўтар (праф. Рыгор Васілевіч) адважваецца сказаць, што дзейная Канстытуцыя «свабодная ад яўных ідэалагічных «нагрузак» і – падкрэслівае аўтар – у арт. 4 Канстытуцыя замацоўвае прынцып «разнастайнасці палітычных інстытутаў, ідэалогій і поглядаў». Можна спадзявацца, што аўтар гэтага раздзелу, як юрыст, ex professione больш адчувальны да правоў чалавека і прынцыпаў грамадскага суіснавання. 1.2. Другі раздзел прысвечаны «дынаміцы ідэалагічных працэсаў». Тут метадалагічных заганаў менш, бо само загалоўкавае паняцце «дынаміка» менш строгае, у аспекце дынамікі можна разглядаць разнастайныя тэмы. Цалкам слушна на першым месцы абмяркоўваецца «палітычная культура», бо яна, як і ўсякая культура, уяўляе сабой сферу духоўнай мабільнасці і дынамікі. Астатнія тры падраздзелы прысвечаныя СМІ, прафсаюзам ды выбарчым кампаніям, прычым да назвы кожнай з гэтых тэмаў неяк механічна пададавана словазлучэнне «і ідэалагічныя працэсы» – мусіць, каб надаць падручніку больш «ідэалагічны» выгляд, без чаго ён можа ўспрымацца занадта «нейтральным». Нягледзячы на гіперідэалагічныя загалоўкі, у самім тэксце аўтары вырашылі трымаць інтэлектуальны ўзровень і пазбягаць апалагетычна-прапагандысцкай рыторыкі. Трохі парадаксальна, але найменей інтэлектуальнай культуры – у падраздзеле, прысвечаным палітычнай культуры. Тут адным махам асуджаюцца моладзевыя мітынгі і неаднойчы паўтараецца з’едлівы зацем, што грамадскія канцэпцыі, якія канкуруюць з белдзяржідэалогіяй, (і іх носьбіты) «падкормліваюцца» з-за мяжы як ідэйна, так і матэрыяльна (але як жа сам аўтар мог бы чытаць улюбёнага Гегеля, калі б не захацеў «падкарміцца» ідэямі родам з Нямеччыны?). Асабліва пужае заява, што ідэалагічны плюралізм (неабходнасць якога пацвярджаецца многімі іншымі аўтарамі ў гэтым падручніку) – гэта «задача, якая патрабуе вырашэння». Зусім іначай выглядае параграф пяты гэтага ж падраздзелу. Тут захаваны годны навукоўца ўзровень прэзентацыі тэмы, прысвечанай гістарычна-культурнай спадчыне. Раздзелы, прысвечаныя прафсаюзам і выбарчым кампаніям, амаль цалкам маюць фактаграфічны характар, у іх няма ніякага апалагетычнага пафасу. Што праўда, гаворачы пра прафсаюзы, праф. Козік сцвярджае, што да Лукашэнкі быў крызіс прафсаюзаў, а пасля яго прыходу да ўлады аднавіўся іх прэстыж і грамадская роля. Гэта найпраўдападобней даніна палітідэалогіі, хоць не трэба выключаць, што аўтар і сам гэтак інтэрпрэтуе гісторыю прафсаюзаў. Але ён адважваецца зрабіць і крытычную заўвагу, што канстытуцыйнае замацаванне паўнамоцтваў прафесійных саюзаў, якое існуе сёння, патрабуе дасканалення: «Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь не надзяляе прафсаюзы правам заканадаўчай ініцыятывы, што замінае іх паўнавартаснаму ўдзелу ў нормаўтваральным працэсе». У тэксце, прысвечаным СМІ, абрана спецыфічная тактыка. Яго аўтар не абірае самага бяспечнага шляху – бэшчання і маралізатарства датычна беларускіх мас-медыяў, – што найбольш задавольвае ўлады. Наадварот, тэкст заканчваецца выразным націскам на плюралізм, на «прызнанне палітычнай разнастайнасці». Аўтар адмыслова згадвае артыкулы 4 і 5 Канстытуцыі, якія можна лічыць «антыідэалагічнымі». Тым не менш, нярэдка паўстае ўражанне, што аўтар заахвочвае медыі ўзяць удзел у палітычнай агітацыі і прапагандзе белдзяржідэалогіі (нават спрабуе рэабілітаваць такія паняткі, як «прапаганда», «агітацыя», «дэмагогія», указваючы на іх станоўчае этымалагічнае значэнне). Аўтар ахвотна выкарыстоўвае працы заходніх мысляроў, якія, будучы занепакоеныя празмернай уладай СМІ, актыўна крытыкавалі і дэмаскавалі непажаданы феномен «медыякратыі» (П. Вірыльё, П. Бурдзье, Г. С. Джоўэт, В. О’Донэл). Дзмітрыеў быццам бы не заўважае, што даследаванні гэтых заходніх навукоўцаў датычаць рэчаіснасці ў заходніх ды амерыканскім грамадствах, але ніяк не пасуюць да беларускіх рэаліяў, бо беларускія медыі ані не фармуюць самастойна грамадскай думкі, ані не ўплываюць (самастойна) на палітыку. Вырваная з прасторавага кантэксту, крытыка «медыякратыі», якую фармулюе Дзмітрыеў з апорай на заходніх філосафаў, пазбаўлена праўдзівай выясняльнай вартасці. 1.3. Трэці раздзел названы «Дзяржаўныя інстытуты і ідэалагічныя працэсы». Зноў жа, нягледзячы на рытуальную пратэзу «і ідэалагічныя працэсы», раздзел мае пераважна справаздачна-інфармацыйны характар, тут падрабязна апісваюцца функцыі прэзідэнта, парламенту, рады міністраў ды мясцовага кіравання. Бадай адзіным «ідэалагічным месцам» ёсць падраздзел аб прэзідэнту. Перадгісторыя ўвядзення прэзідэнцтва расказана аднабакова ды яшчэ ў трыумфалістычным тоне. Аўтарка навязліва прасоўвае абгрунтаванне, па сутнасці, манархічнага статусу прэзідэнта, увядзенне яго ў ранг «чацвёртай улады», што ўзвышаецца над трыма астатнімі, якія ў сапраўднай рэспубліцы павінны быць аўтаномнымі; яна зусім не ставіць пытання, што рабіць (незалежна, ці гэта будзе Лукашэнка, ці хто-небудзь іншы), калі заўважана будзе карупцыя, маральная дэградацыя ці яшчэ што горшае ў чалавека, які мае аж такую ўладу і можа «канстытуцыйным чынам» ануляваць усякія спробы зняцця яго з пасады. Факт, што шляхетная платонаўская ідэя «справядлівага мудраца-валадара» тысячы разоў была скампрамeтавана ў гісторыі, а чалавецтва ўжо даволі намучылася ад абсалютызмаў усякага роду: асвечаных і неасвечаных, тэакратычных і атэістычных, правых, левых і цэнтрысцкіх, ігнаруецца. Непадкантрольная ўлада – самая няшчасная версія ўлады. 1.4. У чацвёртым раздзеле аўтары палічылі мэтазгодным паінфармаваць студэнтаў пра «дзяржаўную палітыку ў ідэалагічнай сферы». Спачатку тут абгаворваецца загадкавая арганічная еднасць палітыкі, эканомікі і ідэалогіі, затым намнога больш ясна выкладаюцца «інтэграцыйная ідэя» і «светапоглядныя падставы», потым выясняецца сацыяльная функцыя нашай дзяржавы (ад чаго паўстае ўражанне маткі-дабрадзейкі, якая корміць несамастойнае і інфантыльнае грамадства), нарэшце, сярэдне кампетэнтна расказваецца пра ролю цэркваў і рэлігіі, моладзевую палітыку ды інфармацыйную стратэгію; гэтая апошняя тэма да болю прасякнута антыамерыканскай рыторыкай. Варта станоўча згадаць пра падраздзелы, напісаныя рэдактарам Рашэтнікавым і спадарыняй Яскевіч, кнігу якой мы яшчэ разбяром ніжэй. Рашэтнікаў прэзентуе няблага апрацаваную філасофію суіснавання адзінства і шматлікасці. Ён паказвае, у чым палягае баланс паміж агульным і адрозным, паміж сталым і зменлівым. Уважліва разгледжаны стасунак паміж роўнасцю і свабодай (абодва гэтыя паняткі часта нядбайна і спрошчана трактуюцца нават заходнімі сацыяльнымі філосафамі), філасофія права пры гэтым абапертая на ліберальныя ідэі Імануэля Канта: а) чалавеку дазволена ўсё, што не забаронена законам; б) дзяржаве і яе органам забаронена ўсё, што не дазволена законам. У Канта ёсць і яшчэ адна каштоўная антрапалагічная сентэнцыя: «Чалавек свабодны, калі падпарадкоўваецца не другому чалавеку, а закону». У параграфе, прысвечаным «стабільнасці і зменлівасці палітычнай сістэмы», знаходзім пасаж, які выглядае як асцярожны напамін пра сапраўдную дэмакратыю і свабоду: Нам трэба звярнуцца тварам да будучыні, а не да мінулага. Неабходна вызваленне сілаў чалавека з улікам яго рэальнай сутнасці: кожны ж чалавек імкнецца да шчасця, дабрабыту і добраўладкавання сваёй сям’і. (...) Мы мусім адысці ад атамізацыі, нецярпімасці, ад сацыяльнага дзікунства. Бо ж дэмакратыя – гэта не проста ўлада большасці, а выключэнне дыктату супраць меншасці, улік інтарэсаў гэтай меншасці. Антрапалогія, ды яшчэ спалучаная з этыкай персаналізму, чалавекалюбствам ды верай у чалавека, – гэта вялікая рэдкасць у афіцыйнай ідэалогіі, і таму на фоне антрапалагічнага мінімалізму (каб не сказаць – нігілізму) гэткае выказванне асабліва ўзрушае. Аб «светапоглядных падставах» спадарыні Яскевіч будзе яшчэ гаворка пры разборы яе падручніка, тут варта толькі адзначыць, што яна прэзентуе памяркоўна адраджэнскую версію нацыянальнай ідэі, з захаваннем, праўда, лаяльнасці адносна афіцыйных догмаў тыпу славянскага братэрства ці антыамерыканскай устаноўкі. Падагульняючы, варта адзначыць, што падручнік не характарызуецца цвёрдай артадоксіяй. Яго можна назваць падручнікам па грамадазнаўстве з прымешкам палітідэалогіі. У тэкстах гэтай кнігі можна вылучыць два слаі: філасофска-навуковы і ўласна ідэалагічны. Дзякуючы першаму слою (які значна пераважае), студэнты і іншыя чытачы будуць мець магчымасць узбагаціць свае паліталагічныя, філасофскія ды гістарычныя веды, што можа нават спрычыніцца да выпрацоўкі самастойнага крытычнага погляду на сучасную грамадска-палітычную рэчаіснасць у Беларусі. Ідэалагічны слой старанна ўплецены ў навуковы. Ён палягае не толькі ў ін’екцыі прапагандысцкіх тэкстаў, але ў значнай ступені і на сімволіцы. Сам факт напісання «Асноў…» на расейскай мове дае зразумець, што беларускамоўныя беларусы надалей павінны лічыцца «нязначнай меншасцю», якая не бярэцца пад увагу мак’явелісцкімі палітыкамі. Некаторыя тэксты багата насычаны цытатамі з прамоваў прэзідэнта, пару аўтараў (Антонава, Землякоў) у спісе літаратуры прозвішча Лукашэнкі змясцілі не ў алфавітным парадку, а на першым месцы. У бібліяграфіі пры канцы кнігі прамовы прэзідэнта не толькі аднесены да катэгорыі «нарматыўна-прававыя крыніцы», але змешчаны на першым месцы, у той час як Канстытуцыя фігуруе на другім, а Ўсеагульная Дэкларацыя правоў чалавека – на трэцім. Тут семантыка ясная: грамадзяне павінныя верыць у гнасеалагічную іерархію, ці, кажучы словамі самога прэзідэнта, «ідэалагічную вертыкаль»: лідэр валодае поўнай Ісцінай, астатнія – па меры паслухмянасці. Апрача двух слаёў, у падручніку можна вылучыць і дзве тэндэнцыі, якія даюць аб сабе знаць і ўтвараюць чарговую антыномію: «афінская» і «спартанская». Для першай уласціва ліберальна-прававая ўстаноўка, для другой – устаноўка на дысцыплінаванае іерархічнае грамадства і прынцып безумоўнага падпарадкавання. Першая адкрытая на нерэвалюцыйныя рэформы, а другая мае ментальнасць «надзвычайнага становішча», лічыць, што ўсім трэба скансалідавацца вакол лідэра для барацьбы з бачным і нябачным ворагам. Можна заўважыць таксама лёгкае напружанне паміж славянафільска-прарасейскай стыхіяй і памяркоўнай адраджэнскай. Некаторыя аўтары прэзентуюць кансерватыўна-савецкую ментальнасць, але дамінуе рэвізіянісцкая, «перабудовачная» плынь, дарма што на словах перабудова гарбачоўскага перыяду малюецца пераважна ў чорных фарбах. Для большасці аўтараў усё ж уласціва «новае мысленне» і патаемная сімпатыя да еўрапейскіх каштоўнасцяў. Гэта другі паводле накладу (2100 асобнікаў) падручнік. Ён складаецца з пяці раздзелаў, тэматыка якіх мае досыць лагічную паслядоўнасць: у першым раздзеле разбіраецца сутнасць ідэалогіі і яе грамадскае прызначэнне, у другой тэма канкрэтызуецца і ўвага факусуецца на дзяржаўнай ідэалогіі, а затым аўтар засяроджваецца на ідэалогіі беларускай дзяржаўнасці. Апошнія два раздзелы прысвечаны аналізу сацыяльнай арыентацыі нашай дзяржавы і стратэгіі развіцця Беларусі ў сучасных умовах. Мельнік шмат увагі надае тэрміналагічным пытанням: што такое ідэалогія, як яна суадносіцца з утопіяй, ці ёсць розніца паміж нацыянальнай і дзяржаўнай ідэалогіяй і інш. Ідэалогіі тут акрэсліваюцца як «адмысловыя тыпы веравызнанняў і перакананняў людзей». Ім прыпісваюцца наступныя рысы: спекулятыўнасць («не рэчаіснасць спараджае ідэалогію, а, наадварот, ідэалогія – рэчаіснасць»), дагматычнасць («яўныя і ўнутраныя супярэчнасці ідэалогіі, яе разыходжанне з рэчаіснасцю зазвычай не ўлічваюцца»), апалагетычнасць, аўтарытарнасць («ідэалогія не церпіць іншадумства, дысідэнцтва. (...) Праз гэтую ўласцівасць яна ўсюдыісная і ўсёпранікальная, ідэалогія не пакідае выбару, акрамя аднаго: хто не з намі, той супраць нас») і, нарэшце, рэпрэсіўнасць. Аўтар таксама падкрэслівае, што неадлучны кампанент ідэалогіяў – палітычныя міфы, якія «настойліва прышчапляюцца і эксплуатуюцца ў якасці моцнага аргументу для апраўдання існай улады і ажыццяўлянай палітыкі». Апрача таго, «палітычныя ідэалогіі дазваляюць пазбегнуць пачуцця вінаватасці, якое можа авалодаць людзьмі, якія здзяйсняюць пэўныя палітычныя дзеянні». Цытатаў, бадай, дастаткова. Усе названыя Мельнікам прыкметы ідэалогіі даволі красамоўныя і маральнае асуджэнне ідэалогій напрошваецца само сабой. Найбольш пільную ўвагу варта звярнуць на апошнюю рэпліку: «ідэалогіі дазваляюць пазбегнуць пачуцця вінаватасці». Выснова з гэтага такая: ідэалогія вядзе да дэфармацыі чалавечага сумлення. Мы можам прывесці шэраг прыкладаў такой дэфармацыі: фашысты, якія жыўцом спальвалі нявінных людзей, сербы, якія знішчалі баснійцаў альбо праводзілі этнічныя чысткі ў Косаве, амерыканцы, якія здзекаваліся з вязняў у Абу Грэйб, АМАПаўцы, здольныя збіваць мірных дэманстрантаў, калечыць жанчын і дзяцей. Усё гэта было для іх магчымым, бо ідэалогія – тая ці іншая – вырашала праблемы сумлення. Такая непрывабная характарыстыка ідэалогіі, здавалася б, павінна мець у якасці лагічнага наступства тое, што аўтар непрыхільна паставіцца да ўвядзення афіцыйнай ідэалогіі, ці, прынамсі, не пахваліць гэтага. Але кожны чалавек повен неспадзевак: дарма што палітідэалогіі па сваёй сутнасці аўтарытарныя, рэпрэсіўныя і маюць міфагенны характар, Мельнік, быццам мантру, паўтарае праз усю кнігу (па-рознаму фармулюючы), што «супольнасць, арганізаваная ў дзяржаву, заўжды патрабуе дзяржаўнай ідэалогіі». Гэты тэзіс суправаджаецца іншым, больш фундаментальным тэзісам, што «ідэалогія ёсць іманентная свядомасці ўсякага сацыяльнага суб’екта», гэта значыць: таварышы, кожны з нас з’яўляецца ідэолагам і нікуды не дзенешся. Але найбольшы Мельнікаў радыкалізм выяўляецца ў наступных словах: «Разбурэнне дзяржаўнай ідэалогіі азначае разбурэнне і самой дзяржавы». Ад такіх словаў кроў стыне ў жылах: крытычны падыход да ідэалогіі можа быць расцэнены як антыдзяржаўная дзейнасць. Што ж, нялёгкія часы надыходзяць для тых, хто хоча жыць згодна з сумленнем і верыць у маральныя прынцыпы... Калі ўжо Мельнік так адназначна выказаўся за аўтарытарна-рэпрэсіўны прынцып грамадскай арганізацыі, сцвярджаючы неабходнасць і непазбежнасць такога варыянту, то як жа з ідэалагічным плюралізмам, які гарантуюць нам беларуская Канстытуцыя і Дэкларацыя правоў чалавека? Тут па-сапраўднаму гегельянскае вырашэнне праблемы: шматлікасць ідэалогій – так, але толькі ў межах гэтай адзінай ідэалогіі! Мельнік тут надзвычай непасрэдны: усякі ідэйны плюралізм, які не ўпісваецца ў рамкі дзяржідэалогіі, ёсць плюралізм «антынацыянальны, калабарацыянізм і кампрадорства, якія ва ўсіх краінах пераследуюцца законам». Вось і па плюралізме – амэн. Крыху далей аўтар гаворыць пра ЗША, дзе адбываецца быццам бы зрух у кірунку адной ідэалогіі. Тэзіс гэты настолькі інтрыгуе, што хочацца папрасіць, каб аўтар падрабязна апісаў, які змест гэтай ідэалогіі, паводле якога закону пераследуюцца нязгодныя з ёй і як гучыць гэты таемны закон. Усё ж хай будзе дазволена заўважыць, што нават у часы панавання неакансерватыўнага Буша, нават у такі нервовы час, як час вайны ў Іраку, тысячы інтэлектуалаў на чале з Чомскім маглі без страху крытыкаваць ваенную ідэалогію прэзідэнта. Частка рэспубліканцаў, якія, здавалася б, павінны безагаворачна падтрымаць свайго лідэра, выкупілі старонку ў «The New York Times», каб публікаваць крытыку бушаўскай палітыкі, і нават высокапастаўленыя генералы (!) у вольны ад працы час па тэлебачанні выказвалі непапулярныя ў Пентагоне меркаванні. Дык будзем удзячныя Мельніку, калі ён напіша – не трэба пра ўсе краіны, хопіць нават адной еўрапейскай, напрыклад Літвы ці Польшчы, – дзе ёсць акрэсленая дзяржідэалогія, паводле якога закону пераследуюцца нязгодныя і якія канкрэтна факты пацвярджаюць гэты пераслед. Шчыра кажучы, часам паўстае пытанне, ці можна які-небудзь тэзіс Мельніка браць сур’ёзна, бо ў кнізе столькі супярэчнасцяў і некагерэнцыі, што – адаптуючы выказванне Сакрата датычна абвінавачання Мэлетоса – узнікае ўражанне, што аўтар праводзіць інтэлектуальную гульню і хоча праверыць, ці будуць чытачы дастаткова спрытнымі, каб разблытаць тое, што ён наўмысна наблытаў. Так, напрыклад, мы маем сцвярджэнне, што «ідэакратыя» – навязванне дзяржавай адзінай ідэалогіі – гэта недапушчальна, але праз колькі старонак аўтар даводзіць, што ўсе аўтарытэтныя кнігі, радыё, тэлебачанне, прэса павінны перадаваць людзям дзяржідэалогію, нават падчас спартыўных мерапрыемстваў або праз рэкламу! Ён заяўляе аб рэпрэсіўнай сутнасці ідэалогіі, але тут жа абвяшчае, што ідэалогія павінна быць атрыбутам дзяржавы (sic!), якая, у сваю чаргу, ёсць плюралістычнай, і асоба чалавека – найвышэйшая каштоўнасць. Мельнік дашукваецца супярэчнасці ў расейскай Канстытуцыі, якая забараняе ўвядзенне дзяржаўнай ідэалогіі (арт. 7), кажучы, што ўжо сам такі запіс сведчыць аб наяўнасці пэўнай ідэалогіі, але не заўважае, што сам ён аперуе тэрмінам «ідэалогія» ў розных значэннях. Аналагічная праблема і з поглядам на Полацкае княства. На с. 104 ён піша: «Полацкае княства мела ўсе асноўныя прыкметы, уласцівыя дзяржаўным утварэнням», а на с. 119 – «...яўным перабольшаннем ёсць уяўленне Полацкага княства як крыніцы беларускай дзяржаўнасці ці, тым болей, як уласна беларускай дзяржавы». Калі Полацкае княства мела прыкметы, уласцівыя дзяржаўным утварэнням, то для якога сучаснага народу яно павінна быць крыніцай дзяржаўнасці? Для палякаў? расейцаў? украінцаў? Тое, што тады не існаваў беларускі народ у сучасным разуменні, не з’яўляецца падставай адмаўляцца ад полацкай спадчыны, якая адыграла важную ролю для далейшага фармавання беларускага этнасу. Нягледзячы на ўсе гэтыя супярэчнасці і няяснасці, прысутнічае ў гэтай кнізе тэзіс, які пададзены даволі адназначна, – тэзіс аб расейскай1 сутнасці беларуса. Менавіта ў расейскасці, «расейскай ідэі»2 палягае базавая каштоўнасць беларускага народу. Ігнараванне расейскасці азначае «адхіленне беларусаў ад сваёй генетычнай сутнасці». Некаторыя схізматыкі (Ластоўскі, Цвікевіч) спрабавалі змяніць генетычны код, але праўда засталася праўдай: «наш народ з задавальненнем аддае перавагу называнню нашай краіны Беларуссю, а сябе – беларусамі. Тым самым ён прызнае сваю агульнарускасць...» Некаторыя кажуць аб русіфікацыі беларусаў у Расейскай імперыі – што за глупства, ісціна тут такая: «тое, што аўтары падобных сцвярджэнняў называюць русіфікацыяй беларусаў, па сутнасці, было не чым іншым, як вяртаннем беларусаў да сваіх гістарычных каранёў, да сваёй славяна-рускай тоеснасці. (...) Няма сэнсу казаць пра русіфікацыю народу, які паводле свайго азначэння ёсць расейскі (русский)!».
|
каталіцкі філёзаф. Жыве пераважна ў Кракаве. |
Адкуль жа ўзялося гэтае «азначэнне», на што яно абапіраецца? Метад тут такі просты: Мельнік разбівае слова беларусы на складовыя часткі і робіць выснову: «расейцы (русские) – родавая прыналежнасць і наша відавое адрозненне – беларусы. Адначасна гэтая формула ёсць генетычным кодам беларусаў». Увядзенне заалагічных тэрмінаў пры апісанні антрапасферы – гэта прыклад філасофскага шарлатанства. Калі ўжо разглядаць чалавека ў біялагічна-эвалюцыйным аспекце, то трэба ясна адзначыць, што ўсе людзі ўтвараюць адзін-адзіны заалагічны від, і гэта ёсць эмпірычная аснова для ажыццяўлення агульначалавечай еднасці. Абсурдам ёсць стасаванне заалагічных таксонаў для апісання адрозненняў унутры віду homo sapiens. Тое самае датычыцца і выразу «генетычны код». Этнічныя і нацыянальныя адрозненні маюць характар хутчэй культурны, чым псіхалагічны, і яшчэ менш – біялагічны, бо чалавек – гэта істота, у якой сувязь паміж генатыпам і фенатыпам «аслабленая»: той ці іншы генетычны код не перадвызначае псіхалагічнай, ані тым больш культурнай «сутнасці» чалавека ці групы людзей. Феномен homo culturalis якраз у тым і палягае, што чалавек трансцэндэнтуе, узносіцца па-над біялагічнымі дэтэрмінантамі, можа актыўна пераўтвараць той ці іншы культурны матэрыял, уводзіць новыя элементы. Апрача біялагічнага эсенцыялізму ў Мельнікавым «азначэнні» бачны паняццевы рэалізм; ён аперуе архаічнай, прымітыўнай тэорыяй пазнання, дзе няма розніцы паміж аб’ектам, паняццем аб’екта і назвай аб’екта. Згодна з такой логікай можна даказаць, што Мельнік – млынар, бо сама назва на гэта ўказвае, Катляроў (хай даруюць мне людзі, што выкарыстаю іх прозвішчы ў дыдактычных мэтах) павінен працаваць пры катлах, Мясніковіч – быць мясніком, а Замяталін – замятаць... А тое, што кожны з іх выконвае не тое, што заключана ў назве-сутнасці, – гэта непамыснае парушэнне генетычнага коду. З такім разумаваннем ніхто з названых не згодзіцца, а мо’ і пакрыўдуе – і слушна. Але нельга таксама гэткім метадам выводзіць сутнасць беларусаў. Я, напрыклад, адчуваю сімпатыю да балцкіх народаў, і я зусім не самотны ў гэтым адчуванні, але нам да галавы не прыйдзе навязваць Мельніку веру, што беларусы ў «родавым значэнні» ёсць балты, а таму цяпер яны павінны кінуць усё і яднацца з літоўцамі і латышамі (хоць для гэтага не менш было б гістарычных ды этнаграфічных падставаў, чым для інтэграцыі з Расеяй). Няхай усе беларусы любяць расейцаў – гэта выдатна, але ж гэта не падстава навязваць ім шызафрэнічную тоеснасць. Падручнік Мельніка найбольш насычаны ідэалогіяй, найбольш здагматызаваны і найбольш унутрана супярэчлівы. Тут дамінуе спартанская тэндэнцыя і бескампрамісная славяна-расейская ўстаноўка. У філасофскім плане гэта эсенцыяліст, гістарыцыст і таталіст. Адрозненні для яго могуць існаваць толькі ў якасці кампанентаў цэльнасці. Ягонае мысленне характарызуе тыповая для таталістаў нізкая гнасеалагічная свядомасць і амаль адсутнасць аўтакрытыцызму. У рамках свайго эсенцыялізму Мельнік вызнае расейскую сутнасць беларуса, у рамках таталізму – неабходнасць аднолькавага мыслення, а ў рамках гістарыцызму абвяшчае, што «савецкі перыяд стаўся вяршыняй айчыннай гісторыі». Да гэтага яшчэ дадаецца этычна-антрапалагічны нігілізм: Мельнік не верыць у чалавека і чалавечы розум, у яго поглядах адсутнічае канцэпцыя сумлення, ён не прызнае кансалідацыі людзей на маральна-культурнай аснове, схільны супрацьпастаўляць людзей паводле культурнай і рэгіянальнай прыналежнасці, не верыць у культурна-цывілізацыйны дыялог, з’яўляецца прыхільнікам кансерватыўнага і замкнёнага грамадства. Хоць навучальна-метадычны падручнік прафесаркі Ядзвігі Яскевіч выдадзены параўнальна невялікім накладам (1000 асобнікаў), ён можа стацца пэўнай процівагай для спартанска-аўтарытарных версіяў дзяржідэалогіі а-ля Мельнік. Яскевіч таксама даводзіць неабходнасць «кансалідуючай дзяржаўна-нацыянальнай ідэі» і сцвярджае дадатную ролю ідэалогіі ў палітычнай сацыялізацыі асобы, але сутнасным адрозненнем паміж Яскевіч і Мельнікам у трактоўцы ідэалогіі ёсць стаўленне да ідэйнага плюралізму. Спадарыня Яскевіч сцвярджае: «...Станаўленне грамадска значнай прыярытэтнай ідэі не прадугледжвае пераходу да адзінай дзяржаўнай ідэалогіі, бо там, дзе знікае разнастайнасць, плюралізм поглядаў і падыходаў і ўсталёўваецца адзіная справядлівая навуковая ідэалогія, надыходзіць канец дэмакратычным пачаткам і парасткам». У гэтым падручніку адназначна крытыкуецца «ідэалагізацыя палітыкі» і «палітызацыя ідэалогіі». Другім адрозненнем ёсць само разуменне ідэалогіі. Для Мельніка характэрна разуменне ідэалогіі як фактару, які гарантуе інтэлектуальную лаяльнасць, падпарадкаванне розуму палітычнаму веравызнанню, устанаўленне грамадска-культурных табу, кантроль над культурай і чалавечым сумленнем. Гэтае разуменне назавём – «ідэалогія-стабілізатар» (1). Для Яскевіч характэрна разуменне ідэалогіі як руху ідэяў і канцэпцый, якія ва ўмовах плюралізму і свабоды слова, гарантаваных Канстытуцыяй, уплываюць на грамадскую свядомасць і, апасродкавана, на палітычна-эканамічныя працэсы. Гэта можна назваць – «ідэалогія-каталізатар (генератар)» (2). Варта было б апераваць багацейшым лексіконам і для адрознення ідэалогіі 1 ад ідэалогіі 2 называць іх рознымі тэрмінамі. Для 2 мог бы пасаваць тэрмін «(палітычны) дыскурс», «(палітычная) парадыгма», што значыла б: адносна адкрытая (на дыскусію і дыялог) сістэма перакананняў і ідэяў, выражаная ў пісьмовых і вусных тэкстах. «Прапаганда» ў гэтым выпадку ажыццяўлялася б не толькі і не столькі дзеля мабілізацыі масаў, колькі дзеля стварэння магчымасці для крытыкі і карэкцыі з боку іншых – тых, хто інакш глядзіць на праблематыку, што асвятляецца ў тэкстах дадзенага дыскурсу. Размежавальную лінію паміж ідэалогіямі 1 – а-ля Мельнік – і ідэалогіямі 2 – а-ля Яскевіч – трэба праводзіць паводле крытэру грэхапрызнання (фалібілізму): наколькі прыхільнікі дадзенага грамадска-палітычнага выбару дапускаюць магчымасць памылкі і наколькі дапускаюць магчымасць крытычнай ацэнкі іх выбару. Паводле гэтага крытэру ідэалогіі 1 можна залічыць да разраду палітычнага фундаменталізму (які ў крайніх выпадках можа ператварыцца ў фанатызм), ідэалогіі 2 – да палітычнага дыялогу. Першыя раз’ядноўваюць, заключаюць у сябе ўстойлівую дыскрымінацыю, вядуць да сацыяльнай варажнечы ды палітычнага дарвінізму і ніяк не могуць стацца падставай для кансалідацыі. Другія ж спрыяюць дынамічнаму развіццю грамадства, павышаюць узаемны давер і з’яўляюцца прыкладам практычнага ажыццяўлення прынцыпу верхавенства асобы. Падручнік Яскевіч усё ж нясе і невялікую ідэалагічную нагрузку: ёсць у ім стрыманая апалогія сённяшняга палітычнага курсу i апалогія кантраверсійнага рэферэндуму-96, прамовы Лукашэнкі ў бібліяграфіі змешчаныя перад Канстытуцыяй і Ўсеагульнай Дэкларацыяй правоў чалавека і інш. Тым не менш, адсутнічае славяна-руская метафізіка, а гісторыя Беларусі расказана ў аспекце культурных і нацыятворчых працэсаў. Апавядаецца ў кнізе і пра мастацка-культурную самабытнасць Полацкай зямлі, і пра хрысціянскіх асветнікаў, і пра дамінацыю беларускага фактару ў Вялікім Княстве Літоўскім. Дыяметральна іншая, чым у Мельніка, і ацэнка Берасцейскай уніі, адзначана яе роля ў захаванні беларускіх адметнасцяў і народных традыцый. Перыяд знаходжання ў складзе Расейскай імперыі названы перыядам страты самабытнасці і асіміляцыі, а генацыд і дэфармацыя нацыянальнага аблічча беларусаў у савецкі перыяд названы пайменна. Яскрава заўважаецца ў Яскевіч адраджэнская ўстаноўка: яна адмыслова вылучыла ўсе адраджэнні ў беларускай гісторыі, пачынаючы ад «раннехрысціянскага Адраджэння» часоў асветнікаў Еўфрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага, калі пачаўся «першы сінтэз творчых парываў маладога этнасу», праз вялікае агульнаеўрапейскае Адраджэнне часоў Гусоўскага і Скарыны, Адраджэнне пачатку ХХ ст. аж да Адраджэння першай паловы 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Гістарыясофія Яскевіч пазбаўленая гістарыцызму. Характаралогія беларуса, паказаная аўтаркай, не суправаджаецца «філасофіяй наканавання». Хоць культура называецца «генатыпам», у гэта не ўкладваецца дэтэрміністычны сэнс, затое моцна падкрэсліваецца неабходнасць і непазбежнасць «культурных інавацыяў». «Беларускую ідэю» Яскевіч разглядае паводле аналогіі з «расейскай (русской) ідэяй», але гэта ніяк не вядзе да рэдукцыі адной да другой. Тое, што аўтарка выкарыстоўвае ў салаўёўскай версіі «расейскай ідэі», – гэта вера ў еднасць Усходу і Захаду. Спецыфіку беларускай культуры Яскевіч бачыць у яе «памежным» характары. Наша культура сфармавалася на аснове ўзаемадзеяння з культурамі літоўцаў, расейцаў, татараў, яўрэяў і г. д. Даследніца падкрэслівае супольнасць яе пэўных рысаў з расейцамі і ўкраінцамі, напрыклад «калектывізм», але тут жа адзначае, што «грамадства ніколі не набывала ў беларусаў такога прыгнятальнага і глабальнага характару, як у расейцаў, калі служэнню супольнай справе ахвяруюцца ўсе сілы асобы. Беларусам характэрна адчуванне асабістай незалежнасці, аўтаномнасці». Што да палітычнай філасофіі спадарыні Яскевіч, то яна прэзентуе «стратэгію рызыкі». Гэтая канцэпцыя апісана і ў яе адмысловым артыкуле «Стратэгія рызыкі ва ўмовах гістарычнага выбару Беларусі» (Беларускі гістарычны часопіс. 1996. № 2). У некаторых пунктах яна супадае з Поперавай канцэпцыяй «частковай грамадскай інжынерыі» (piecemeal social engineering): абедзвюм уласціва адмова ад кібернетычнай устаноўкі – імкнення ўзяць пад татальны кантроль усе грамадска-культурныя, гаспадарчыя і палітычныя працэсы ў дзяржаве. «Пераход ад мінулага да будучыні, – кажа Яскевіч, – ажыццяўляецца праз дастатковае праяўленне выпадковасці». Пры гэтым «трэба адмовіцца ад пазіцыі безумоўнай маніпуляцыі і поўнага кантролю над сацыяльнымі працэсамі». Гэткая пазіцыя сапраўды перспектыўная з гледзішча палітычнай прагматыкі: ступень свабоды, «веер магчымых выбараў» нейтралізуе бунтаўніцкія і раскольніцкія памкненні. (Магло б не быць столькіх крывавых сутычак міліцыі з дэманстрантамі, калі б ад пачатку быў абраны курс талерантнага абыходжання з апазіцыяй. Тое, што ўлады часта называюць «экстрэмізмам», ёсць у значнай ступені спараджэннем аўтарытарна-рэпрэсіўнай этыкі сённяшняй палітыкі.) Канцэпцыя Яскевіч вартасная яшчэ і тым, што мае пад сабой акрэсленую антрапалогію. Яна грунтуецца на ідэях Марціна Гайдэгера, паводле якога чалавек – гэта «праект», пастаянная «магчымасць», адкрытая «мадальнасць»; чалавек «прасцірае і працягвае час». Адсюль бярэцца і філасофія ўлады: «Няздольнасць суб’екта ўлады забяспечыць згоду без выкарыстання фізічнага гвалту азначае, што ўлада не існуе, а ёсць толькі спроба ўчыніць ціск». Нічога дзіўнага, што шэраг старонак Яскевіч прысвячае «культуры выканання ўлады», а таксама энергічна дэмаскуе таталітарызм, паказваючы яго антычалавечы характар. Вера Рыч, аналізуючы кнігу Я. Яскевіч (разам з выдадзенай у 2001 г. кнігай Альфрэда Майхровіча «Идеология: сущность, назначение, возможности»), выказвае меркаванне, што яна можа стацца «траянскім канём» сённяшняга рэжыму. Падаецца, усё ж, што няма сэнсу драматызаваць разыходжанні паміж «зададзеным» кірункам мыслення і кірункам мыслення многіх выканаўцаў. Кнігу Яскевіч (і іншых прыхільнікаў лібералізацыі) варта ўспрымаць не як траянскага каня, а як сімптом «афінізацыі» Спарты. Можна спадзявацца, што спартанска-кансерватыўны інтэлектуальны лагер будзе слабнуць, а чалавекалюбныя і мудралюбныя Афіны знойдуць шырокі распаўсюд. Такім чынам, запуск дзяржідэалогіі можа стацца прэтэкстам пашырэння рамкаў палітычнага дыскурсу і спрычыніцца да масавага ўсведамлення грамадскіх праблемаў і новых магчымасцяў. Гэты падручнік (наклад 500 асобнікаў), так, як і папярэдні, цяжка назваць ідэалагічным. У ім выкладзены – коратка і зразумела – асноўныя веды з сацыяльнай філасофіі і паліталогіі, даволі многа ўвагі прысвечана псіхалогіі палітыкі і псіхааналітычнаму падыходу ў сацыяльных навуках, чаго бракавала ў папярэдніх падручніках. Рэфлексія аб ментальнасці беларусаў грунтуецца на сацыялагічных даследаваннях, а ў ацэнцы глабальных і рэгіянальных працэсаў найноўшай гісторыі аўтарка абапіралася на У. Салаўёва, М. Бярдзяева, С. Франка, філасофская пазіцыя якіх вартасная спалучэннем высокай адухоўленасці з выдатнай навуковай кампетэнцыяй. Кніга складаецца з сямі лекцыяў, якія прысвечаны палітычнай свядомасці, палітычнай ідэалогіі і псіхалогіі, а таксама тром ідэалогіям: кансерватызму, лібералізму і сацыялізму. Завяршае кнігу тэкст пад загалоўкам «Прыярытэты дзяржаўнай ідэалогіі», які пачынаецца са сцвярджэння, што ў Беларусі яшчэ не склаўся кансенсус што да базавых каштоўнасцяў грамадскага развіцця. Навукова-эмпірычны аналіз, праведзены Канашэвіч, дазваляе ўсвядоміць складанасць і супярэчлівасць беларускага менталітэту. Тут выяўляецца багацце і драматычнасць, веліч і амбіваленцыя нашай культуры. Яе рэканструкцыя пачынаецца ад сцвярджэння пастулату, якога трымаюцца Яскевіч, Екадумаў і шэраг іншых даследнікаў: абумоўлeнасць «сумежжам», цесным суіснаваннем з рознымі народнасцямі, канфесіямі і культурамі. Адсюль бярэцца інтэрферэнцыя нашай культуры, накладанне розных культурных пластоў, і дыфузія культурных формаў. Да гэтага даходзяць «хвалі», культурныя прылівы то з Захаду, то з Усходу. Апрача гэтых рысаў трэба браць пад увагу трайны субстрат беларускай культуры і ментальнасці: дахрысціянскa-славянскі, хрысціянскі і заходне-рацыянальны. Хрысціянства ж, у сваю чаргу, традыцыйна прысутнічала ў пяці разгалінаваннях: праваслаўе, каталіцтва, уніяцтва, пратэстантызм і старавер’е (стараверы, пераследаваныя ў Расеі, знайшлі прытулак у «ліберальнай» Беларусі). «Анатомію» палітычнай свядомасці сённяшняга беларускага грамадства Канашэвіч падае наступным чынам: 1. Свядомасць «савецка-сацыялістычная» – катэгорыя людзей, якія захавалі «ўнутраны камунізм» і імкнуцца «жыць пры сацыялізме пасля яго падзення». Гэтая свядомасць характэрна толькі 30 % насельніцтва, сярод якіх пераважаюць пенсіянеры і людзі з нізкай адукацыяй. 2. Свядомасць ліберальна-дэмакратычная3 і сацыял-дэмакратычная – гэта катэгорыя пераважае: 45 % адносяць сябе да гэтых арыентацый, сярод якіх больш за ўсё прадстаўнікоў новага пакалення ўладнай эліты, студэнтаў і прадпрымальнікаў.
|
1 Для расейскамоўных аўтараў ідэалагічных падручнікаў няма розніцы паміж «рускі» і «расейскі», яны атаясамліваюць гістарызмы «рускі», «Русь» з сучаснымі паняткамі «расейскі», «Расея» і дзякуючы гэтаму могуць сцвярджаць, як Мельнік, што насельнікі ВКЛ, называючы сваю мову «рускай», тым самым сцвярджалі сваю роднасць з «русским», г. зн. расейскім народам. 2 «Русская идея». У некаторых кантэкстах «общерусскость» буду перакладаць «агульнарускасць», не «агульнарасейскасць», прымаючы, што ў гэткіх выпадках аўтары ўсведамляюць, што ўжываюць слова «русский» у шырэйшым значэнні, чым «расейскі». |
3. Няўстойлівая свядомасць – тыя, хто прывязаны да савецка-сацыялістычнай мінуўшчыны, але схільныя таксама дадатна ўспрымаць свабоду, індывідуалізм і ідэйна-палітычны плюралізм.
4. Нацыянал-патрыёты, прыхільнікі народна-кансерватыўнай ідэалогіі. Часткова або цалкам гэтую арыентацыю прызнаюць каля 30 % (часта яны належаць адначасова і да іншых арыентацый нацыянал-лібералы, нацыянал-дэмакраты і г. д.). 5. Права- і леваэкстрэмісцкія рухі, якія маюць маргінальны характар. Беларускае грамадства дыферэнцыяванае таксама паводле іншых прыкметаў: канфесійнай, моўнай, этнічнай, партыйнай, ідэалагічнай і іншай прыналежнасці. Гэта сведчыць пра тое, што формула нацыянальнай ідэі павінна быць адкрытай, а канцэпцыя нацыі – дастаткова шырокай, каб мог праходзіць натуральны працэс дыферэнцыяцыі і кансалідацыі. Адзіная перспектыўная версія кансалідацыі – гэта кансалідацыя шляхам дыялогу, а штучныя, адверхныя спосабы аб’яднаць грамадства шляхам увядзення дзяржаўнай ідэалогіі не маюць сэнсу. Барушкава эсэ адрасавана «прафесіяналам і экспертам», але паколькі я не з’яўляюся ані тым, ані тым, то хай даруе аўтар, што буду па-простаму, неглыбока і халодна рабіць агляд гэтай кніжкі. Барушка ў цэнтры ўвагі ставіць ідэю творчасці, ды і самі разважанні яго хіба аж занадта творчыя. Увесь час аўтар спасылаецца на загадкавую «постнармальную навуку», толькі цяжка сцеміць простаму чалавеку, якой метадалогіяй аперуе гэтая навука, чым яна займаецца і чаму не хоча быць «нармальнай». Цяжка зразумець, што значыць тут прэфікс «пост-», але «пасля-», бадай, не значыць, бо Арыстоцель, які жыў пасля Платона, вызнаваў, паводле Барушкі, «нармальную» навуку, а Платон – постнармальную. Тады, можа, «пост-» азначае адмаўленне, такім чынам, «пост-нармальная» значыць «не-нармальная навука», і з гэтым можна цалкам згадзіцца, яна сапраўды ненармальная. Пад канец кнігі аўтар змясціў ксеракопію ўласнага ліста да прэзідэнта і экзарха, але з якой мэтай – невядома. Каб гэта быў ліст прэзідэнта або экзарха, скіраваны да аўтара, тады, можа, і цікава было б з ім азнаёміцца. Калі ўважліва пачытаць, у тэксце можна знайсці невялікую частку «нармальнага» роздуму і значную частку «постнармальнага». Да нармальнага можна аднесці павучальную рэфлексію над цытатай з вершу Я. Купалы «А хто там ідзе?», над вобразамі з твораў В. Быкава і агляд ранняй гісторыі Полацкага княства. Яшчэ як нармальную можна прыняць арыгінальную інтэрпрэтацыю вобразаў Рагнеды і Еўфрасінні: праз першую хрысціянства прыйшло на беларускія землі (паводле Барушкі, яна натхніла Ўладзіміра на ўвядзенне гэтай рэлігіі), а праз другую – замацавалася. Такім чынам, кажа аўтар, ля вытокаў нашай хрысціянскай эпохі ляжыць жаночы пачатак. Такая інтэрпрэтацыя мае пэўныя падставы, таму беларускі фемінізм можа тут знайсці для сябе добрую крыніцу натхнення. Але далей ужо дае пра сябе знаць «постнармальная навука». Барушка дзеліцца сваімі эзатэрычнымі ведамі наконт свядомасці і працэсаў мыслення князя Ўладзіміра. Высвятляецца, хрысціцель Русі быў такі праніклівы, што «мог прадугледзець з’яўленне ў будучым Тамаша Аквінскага, які жыў праз 200 год пасля яго». Уладзімір шляхам надзвычайнай інтраспекцыі бачыў усю каталіцкую дактрыну – і Падую, і Балонью, і Парыж – і ведаў, што каталіцкая філасофія стане арыстоцелеўскай і наблізіцца такім чынам да старазапаветнай этыкі. І калі Ўладзімір усё гэта прадугледзеў, ён вырашыў: наша вера будзе праваслаўнаю, дзе пануе Платон, Новы запавет, «со-весть, со-знание, со-вет, со-борность, со-чувствие, со-страдание...». Увогуле, у разважаннях Барушкі надта шмат рэлігійнай тэматыкі, але як з гледзішча праваслаўнай, так і каталіцкай тэалогіі ўзнікае нямала засцярог. Не будзем аналізаваць усіх няясных месцаў у Барушкі, звернем увагу толькі на некаторыя. Па-першае, нельга так супрацьпастаўляць Стары запавет Новаму. Радыкальнае супрацьпастаўленне гэтых дзвюх частак Пісання ўласцівае было ерасі гностыкаў (ІІ–ІІІ стст.), а для праваслаўных і каталікоў яны ўтвараюць адну арганічную крыніцу Божага аб’яўлення. Другая заўвага адносіцца да нязграбнай фармулёўкі тыпу: «Праваслаўе, якое сцвярджае (утверждающее) быццё Бога з чалавека (из человека)...». Такое выказванне надзвычай «слізкае», яно можа весці да пераканання, што існаванне Бога залежнае ад чалавека, што Бог – гэта прадукт нашых псіхічных працэсаў, які не мае рэальнага самастойнага існавання. Ясна, што ў такім поглядзе няма нічога агульнага ані з праваслаўнай, ані з каталіцкаю верай. Нават агностык К. Юнг, на якога Барушка любіць спасылацца, рабіў час ад часу зацемы, што архетып Бога, які ён апісвае як частку чалавечай псіхікі, нельга атаясамліваць з той пазапсіхічнай Істотай, якую немагчыма пазнаць і спасцігнуць эмпірычнымі метадамі. Па-трэцяе, варта пазбягаць супрацьпастаўлення «каталіцкая–праваслаўная вера» пры апісанні эпохі хрышчэння Русі, адбытага (афіцыйна) у 988 г. У тыя часы існавала рэлігійная і нават юрысдыкцыйная еднасць паміж лацінскім Захадам і візантыйскім Усходам. Фармальны раскол адбыўся ў 1054 г., а рэальны – пасля 1204 г., калі лаціннікі спустошылі Канстантынопаль, каб сілком навязаць еднасць на сваіх умовах. Таксама нярэдка можна сустрэць тэзіс, што праваслаўе, у адрозненне ад каталіцтва, найбольш захавала з таго, што было ўласціва першым хрысціянам. Мы, хрысціяне, можам да канца свету таўчы адзін аднаго і маніякальна даказваць, хто «праўдзівейшы», але так і не дойдзем да паразумення. Праўдзівыя хрысціяне – гэта тыя праваслаўныя, каталікі, пратэстанты, якія пераадолелі ўласную ганарыстасць і здзяйсняюць місію любові дзеля Хрыста. Варта прывесці яшчэ адзін прыклад ужытку «постнармальнай навукі»: «У момант напісання гэтага радка ўстаноўлена, што пара максімальнай рызыкі памерам 9,8 млрд долараў надышла! Гэта значыць, што, калі б была ў нас нацыянальная ідэя сёння, аб’ём УВП быў бы ў два разы (!) большы». Барушка апантана даводзіць, што наяўнасць і пашырэнне нацыянальнай ідэі (НІ) наўпрост перакладаецца на амерыканскія даляры: чым вышэйшая ступень «прышчэпкі НІ», тым большы УВП і тым болей грошай будзе мець у кішэні беларус! Усё гэта распісваецца мовай матэматыкі і даводзіцца пры дапамозе мудрагелістых раўнанняў. А праграма імгненнага ўзбагачэння краіны распісана аж да 2018 г. У 2018 г. імавернасць «прышчэпкі НІ» будзе роўная 1, а страта магчымасцяў роўная 0. У 2011–2013 гг., на жаль, імавернасць прысваення нацыянальнай ідэі толькі 0,8 і таму мы згубім «3,25 мільярдаў даляраў». Але цяжкія часы ўжо мінуліся: у 2001–2003 гг. мы гублялі аж 9,8 млрд даляраў, і гэта таму, што імавернасць прысваення нацыянальнай ідэі была 0. Гэта можна палічыць прыватнай забавай, якая нікога не зацікавіць, хіба што аматараў эзатэрыкі і магіі. Шукаць філасофскі камень ці чарадзейную палачку беларусы не будуць, але варта зацеміць, што чарадзеі а-ля Барушка носяцца з адмысловай ідэяй – стварыць «маральны эквівалент вайны». Гэта сапраўды можа часткова ўдацца, бо ёсць многа людзей (і справа, і злева), якія мараць аб тым, каб быць апантанымі агульнай ідэяй, кінуцца ў вір ірацыянальнай стыхіі, актывізаваць свой дыянісійскі пачатак і перажыць эйфарыю, энтузіязм, экзальтацыю, стыхійнае групавое ўзрушэнне (менавіта гэтую стыхію, т. зв. «furor germanicus», – паводле псіхалагічнага аналізу Юнга і Фрома – выкарысталі фашысты ў Нямеччыне ў 1930-х гг.). Гэтаму мае служыць «маральны эквівалент вайны». Гэта яшчэ раз пацвярджае неабходнасць інтэлектуальнай мабілізацыі, каб знейтралізаваць аматараў усеагульнага ап’янення ірацыянальнай ідэяй. Б) ДОКЛАД ПРЕЗИДЕНТА А. Г. ЛУКАШЕНКО НА ПОСТОЯННО ДЕЙСТВУЮЩЕМ СЕМИНАРЕ РУКОВОДЯЩИХ РАБОТНИКОВ РЕСПУБЛИКАНСКИХ И МЕСТНЫХ ГОСУДАРСТВЕННЫХ ОРГАНОВ ПО ВОПРОСАМ СОВЕРШЕНСТВОВАНИЯ ИДЕОЛОГИЧЕСКОЙ РАБОТЫ (2003 Г.). Гэтыя дзве прамовы прэзідэнта цытуюцца і рэкамендуюцца ў спісе літаратуры ва ўсіх падручніках ідэалогіі. Першы тэкст у значнай ступені прысвечаны эканоміцы, вонкавай палітыцы і справам бяспекі, а на заканчэнне Лукашэнка выказаўся пра прэзідэнцкія выбары, якія тады набліжаліся. Другі тэкст паводле задумы датычыць праблемы «цвёрдага ідэалагічнага падмурку». Абедзве прамовы характарызуюцца высокай эмацыйнай насычанасцю, ёсць шмат маралізатарскіх уставак, інвектываў ды незразумелай іроніі пры адсутнасці аргументацыі. Найбольш апісальны характар мае «эканамічная частка» першай прамовы, астатнія носяць адно толькі мабілізацыйны характар. «Мы паднялі народ з каленяў» – менавіта ў гэткім праметэйскім ключы паказана эканамічная сітуацыя, а «эфектыўна супрацьстаяць агрэсіі» – гэта асноўны матыў фрагментаў пра вонкавую палітыку і бяспеку. У дакладзе на семінары прэзідэнт падымае такія пытанні, як: што такое ідэалогія, у якой ступені мы прымаем камунізм, кансерватызм ды лібералізм і якое насамрэч нацыянальнае аблічча беларуса. Гэтую частку прэзідэнт называе «тэарэтычнай», але, відавочна, слова «тэорыя» ён разумее надзвычай свабодна, бо яна нічым не нагадвае рацыянальную рэфлексію. Лукашэнка перакананы, што кожная з трох вялікіх «ідэалогіяў»4 – марксізм, кансерватызм і лібералізм – у нечым прымальная для беларусаў. Разгляд гэтых трох канцэпцыяў зводзіцца да некалькіх экспрэсіўных выказванняў, якія крайне дэфармуюць сутнасць кожнай з іх. Што да марксізму, аўтар дакладу кладзе націск на ленінскі марксізм, які ёсць бадай найвялікшай кампраметацыяй таго добрага, што можна знайсці ў Маркса. У ленінізме навуковы падыход заменены на ідэалагічны, а Марксава вера ў абмежаванне грамадскай ролі дзяржавы з перспектывай яе адмірання заменена Леніным на найгоршую версію дзяржаўнага ўсемагуцця – таталітарызм. Ленінізм, дапоўнены пазней сталінізмам, трэба залічыць да разраду дэструктыўнай рэлігійнай секты, якая здабыла дзяржаўную ўладу. |
3 Каб пазбегнуць непаразуменняў, трэба адзначыць, што з ліберальнай дэмакратыяй, пра якую гаворыцца ў культурным свеце, амаль нічога супольнага не маюць дэмагагічна-аўтарытарныя партыі Жырыноўскага і Гайдукевіча, хоць і называюцца «ліберальна-дэмакратычнымі». |
Кансерватызм зведзены ў дакладзе да сцвярджэння яго роднасці з такімі беларускімі рысамі, як «памяркоўнасць» ды «талерантнасць». Тым часам у беларускім кантэксце варта было б асвоіць іншыя кансерватыўныя ідэалы, як падпарадкаванне дзяржавы маралі, павага да народнай самабытнасці, гісторыі, мовы, культуры і рэлігіі, адмова ад іх палітызацыі. Прэзентацыя лібералізму пачынаецца словамі: «Дамінуючай і выключна агрэсіўнай з’яўляецца сёння ідэалогія лібералізму». Насуперак рацыянальнаму парадку – спачатку пазнаць, а потым ацэньваць, – тут адразу пачынаюцца злосныя экспрэсіі на адрас гэтай мысленчай плыні. Характарыстыка лібералізму дадзеная тут у карыкатурным выглядзе: «яскрава выражаны індывідуалізм, бездухоўнасць, гатоўнасць жыць у безупыннай пагоні за набыткам. Ды ўсё хапаць, і тое, што побач, і што далёка ляжыць. Адным словам, сацыяльны дарвінізм, калі моцны паглынае слабога і лічыцца, што так і трэба». Цікава тут было б даведацца: у якіх тэарэтыкаў лібералізму знайшліся гэтыя «каштоўнасці»5?
|
4 Гэтыя «ідэалогіі» лепш называць грамадска-палітычнымі канцэпцыямі. Кожная з іх у сваёй тэарэтычнай форме занадта рацыянальная і адкрытая, каб называцца iдэалогіяй. |
Часта ўзнікае шмат непаразуменняў вакол ідэі ліберальнага індывідуалізму, многім ён асацыюецца з эгаізмам, атамізмам ды этычным нігілізмам. Таму дзеля яснасці ўдакладнім, пра які індывідуалізм ідзе гаворка ў лібералізме: 1) метадалагічны індывідуалізм, які датычыць спосабу пазнання i апісання супольнасцяў: пазнанне супольнасцяў адбываецца праз пазнанне індывідаў, а не наадварот. Адсутнасць метадалагічнага індывідуалізму яскрава відаць у размовах Лукашэнкі з людзьмі: ён легітымуе сваю палітыку не воляй канкрэтных людзей, а воляй народу – калектыўнага, ананімнага, безасабовага суб’екта; 2) эканамічны індывідуалізм – погляд, што чалавек лепш і больш прадуктыўна працуе на ўласнай гаспадарцы, чымся на калектыўнай (гэта ўласцівасць вельмі глыбока ўкарэнена ў прыроду чалавека, і міфы пра быццам бы калектыўную істоту беларуса не маюць сэнсу); 3) першаснасць асобы перад усякага роду структурамі, інстытутамі і традыцыямі. Што да астатніх «каштоўнасцяў», тыпу «бездухоўнасці і хапання таго, што побач», – гэта на практыцы ўласціва ўсякім грамадствам: і кансерватыўным, і сацыялістычным, і ліберальным, з тым толькі адрозненнем, што ва ўмовах лібералізму дзякуючы прынцыпу галоснасці можна адкрыта змагацца з недахопамі і прадухіляць іх, у той час як у кансерватыўных і сацыялістычных гэтыя недахопы маскуюцца і замоўчваюцца. А сацыяльны дарвінізм – гэта прывілеяваная прыкмета аўтарытарных дзяржаваў, калі дзяржава з’яўляецца агрэсіўным манапалістам і не церпіць ніякай канкурэнцыі (прадпрымальнікі павінны баяцца, каб выпадкам не разбагацець). Цікава, што вартымі прысваення прэзідэнт прызнаў якраз тыя рысы лібералізму, якія з’яўляюцца слабасцю гэтага кірунку: «Думаю, няма нічога благога ў жорсткай канкурэнцыі». Калі канкурэнцыя становіцца занадта жорсткай і несправядлівай, напрыклад моцныя прадпрымальнікі выцясняюць слабейшых і паўстаюць магутныя манаполіі, якраз тады неабходна ўмяшанне дзяржавы. Але ў канцы застаецца загадкай, ці можна беларусам любіць лібералізм, ці ўсё ж не, бо прэзідэнт кажа такія словы: «Думаю, гэтая ідэалогія найменш падыходзіць для беларусаў, і нават увогуле не падыходзіць». Ва ўсёй прамове бачна таксама тэндэнцыя задаволіць і кансерватыўных камуністаў, і незалежніцкую частку беларусаў: узвялічваюцца моманты «яднання» з Расеяй, савецкі перыяд гісторыі пастаўлены па-над астатнімі перыядамі, але адначасна выражаецца пачуццё гонару, што «ў Вялікім Княстве Літоўскім афіцыйнаю мовай была беларуская», а Беларусь пасля распаду Саюзу нарэшце здабыла незалежнасць. (Лукашэнка ў гэтай прабеларускасці пасоўваецца аж задалёка: з навуковага гледзішча не зусім апраўдана называнне канцылярскай мовы ВКЛ беларускаю.) Народная метафізіка, такім чынам, не мае злітнай і адназначнай формы, што стварае шанец на існаванне разнастайных версій дзяржаўных ідэалогій, і гэта ў дадзенай сітуацыі паратунак для людзей, што думаюць самастойна. Тым не менш, разнявольвацца няма падставаў: прэзідэнт вельмі заклапочаны тым, «што дзеецца ў ВНУ» і нават у непасрэдна падначаленай яму Акадэміі Кіравання: «Калі не падзяляеш ідэяў, вызнаваных уладай і прэзідэнтам, не ідзі працаваць у дзяржаўную ВНУ. Чаго ты прыходзіш туды і балбочаш, вярзеш немавед што?». Лукашэнка здзіўляецца, што ў іншых краінах «выкладчыкам нават да галавы не прыйдзе крытыкаваць дзяржаўную ўладу ды нацкоўваць на яе АБСЕ». Магчыма, ён дрэнна паінфармаваны, бо крытыка дзяржаўнай улады інтэлектуаламі ды навукоўцамі – заўсёды на парадку дня ў дэмакратычных краінах. У Польшчы, прыкладам, многія выкладчыкі ВНУ і на лекцыях, і на канферэнцыях адкрыта крытыкавалі ідэю ўваходжання Польшчы ў Еўразвяз, хоць гэта была асноўная лінія вонкавапалітычнай ідэалогіі ўраду, прэзідэнта і бальшыні парламенту. Нядаўна некалькі дзесяткаў аўтарытэтных навукоўцаў выступілі з крытыкай прапарцыйнай выбарчай сістэмы ў Польшчы. У адказ на гэта Кваснеўскі не папрасіў іх пакінуць ВНУ і не пачаў перадражніваць «вярзеш немавед што», а склікаў экспертную групу, каб сур’ёзна абмеркаваць іх заўвагі. Гэта праўда, што крытыка ў заходніх краінах мае зазвычай частковы характар і спалучаецца з прынцыповай лаяльнасцю ў дачыненні да дзяржаўнай улады (respective dissent). Але гэта таму, што дзяржаўныя дзеячы шануюць культуру плюралізму і не ўжываюць рэпрэсіяў супраць тых, хто іх крытыкуе. Дзяржава, якая шануе крытыку сваіх апанентаў і велікадушна ставіцца да меншасцяў, натуральным чынам здабывае аўтарытэт і павагу. Дзяржаўнай ідэалогіі ўласцівы ліхаманкавы пошук «нацыянальнай ідэі» ды «цвёрдага апірышча». Для адных гэта палітыка, для другіх – псіхалагічная патрэба, а для трэціх – экзістэнцыяльны выклік. Каб абгрунтаваць неабходнасць і непазбежнасць ідэалогіі, пачалася маніпуляцыя пэўнымі паняткамі, многія ідэолагі перасталі адрозніваць ідэалогію ад светапогляду, ад рэлігіі, іерархіі каштоўнасцяў, навукі, навуковай устаноўкі, грамадска-палітычнай канцэпцыі, дыскурсу – для іх усё гэта ідэалогія, а ўсе людзі нараджаюцца і паміраюць ідэолагамі. Выходзіць, што кожны, хто думае, – ідэолаг. Беларуская ідэалогія маскуе адсутнасць нацыянальнай, метапалітычнай ідэі. Тое, што прапануецца дзяржаўнымі ідэолагамі, зазвычай спавядае толькі частка насельніцтва Беларусі. Цяперашняя версія «ідэі» найбольш адпавядае расейскамоўным людзям з крэольска-спартанскай ментальнасцю, якія пераважна абыякавыя да беларускай культуры. Афірмацыя беларускасці, нярэдка дэклараваная ідэолагамі, не мае тут асаблівага значэння, кожны разумее, што гэта зроблена дзеля «адчапнога». Каб было больш парадаксальна, поруч з ігнараваннем беларускай культуры ідзе містыфікацыя беларускага народу як крыніцы палітычнай улады і легітымізацыі канкрэтных дзеянняў, у тым ліку і пераследу палітычных апанентаў. Многія непрывабныя і заганныя бакі сучаснай палітыкі лёгка апраўдваюцца ідэалагемамі тыпу: «народ адназначна выказаўся... народ пацвердзіў правільнасць курсу... народ даверыў... народ чарговы раз аказаўся мудры...». Народаўладдзе, безумоўна, павінна іграць асноўную ролю ў працэсе прыняцця рашэнняў, але рашэнні народу могуць паддавацца крытыцы, а часам нават асуджацца (варта згадаць смерці Хрыста і Сакрата, якія ў абодвух выпадках былі «святой воляй народу»). Далёка не заўсёды «народ» можа быць крыніцай каштоўнасцяў. Беларуская ідэалогія выклікае і трывогу, і пэўнае спадзяванне. З аднаго боку, яна можа спрычыніцца да ўзмацнення «раскольніцтва». Калі ідэолагі сапраўды зацікаўленыя ў кансалідацыі народу, то няхай сур’ёзна пачытаюць расейскіх філосафаў пачатку ХХ ст. – Бярдзяева, Булгакава, Ізгоева, Струве і інш., – якія ў «Вехах» i «Из глубины» даюць дыягностыку перадрэвалюцыйнай ментальнасці расейцаў, задумваюцца над прычынамі крывавай рэвалюцыі 1905 г. Менавіта рэпрэсіўная тактыка дзяржавы вядзе да фармавання «падпольніцкай» ментальнасці і генеруе рэвалюцыйныя настроі. Палітычны плюралізм і прынцып першынства асобы – гэта не капрыз Захаду, а неабходнасць для мірнага існавання і развіцця якіх-кольвечы грамадстваў. Але магчымы і іншы зыход. Беларуская ідэалогія ніколі не зможа стаць маналітам, ёй, калі яна будзе існаваць, наканавана быць кампраміснай і эклектычнай, а гэта значыць, што кантроль над мысленнем і грамадска-палітычнымі дыскурсамі будзе абцяжараны. Большасць выкладчыкаў, праўдападобна, выкарыстаюць гэтую неакрэсленасць ідэалогіі, каб развіваць вартасныя ідэі і павышаць палітычную культуру студэнтаў. І нават, як ужо падкрэслівалася, гэтая неакрэсленасць можа стацца прэтэкстам пашырэння палітычнага дыскурсу, узняцця пытанняў, якія раней не падымаліся. А калі студэнты зацікавяцца некаторымі працамі, рэкамендаванымі ў спісе літаратуры ідэалагічных падручнікаў, напрыклад Юнгавай псіхалогіяй палітыкі, Попэравай канцэпцыяй адкрытага грамадства, лібералізмам Хаека, то можна лічыць, што «афінізацыя Спарты» непазбежная. Калі інтэлігенцыя і навукоўцы здадуцца, то першае, што пацерпіць, – гэта Праўда. Ідэалогія пачне ўстанаўліваць рэчаіснасць згодна з гегельянскім выслоўем: калі факты пярэчаць тэорыі, тым горш для фактаў. Другое, што пацерпіць, – гэта Свабода. Дзяржідэалогія накіравана на тое, каб пэўная цэльнасць – дзяржава-народ – паглынула чалавечую індывідуальнасць, абвяшчаючы сябе «вышэйшым», «праўдзівым Я» (адаптацыя думкі І. Берліна). Трэцяе, што пацерпіць, – гэта Сумленне. Нават некаторыя людзі «старога гарту» без настальгіі згадваюць пра панаванне савецкай ідэалогіі, кажучы, што яна гадавала канфармістаў і прыстасаванцаў, пазбаўленых якіх-кольвечы ідэяў і маральных прынцыпаў. Ну, і пацерпіць «цярплівы» Народ, бо ягоная дзяржава, апантаная змаганнем з апазіцыяй, не заўважае, што сама сталася апазіцыяй Еўропы, прычым далёка «неканструктыўнай» апазіцыяй, няздольнай да дыялогу і супрацоўніцтва. Варшава, 8 жніўня 2004 г.
|
5 Гіпотэзы «пачатковага стану» Гобса і Лока, якія сапраўды акцэнтуюць эгаізм індывідаў, не могуць успрымацца як падстава ліберальнае этыкі. Згаданыя гіпотэзы – гэта метадалагічны прыём або нават інтэлектуальны эксперымент, створаны, каб выявіць сутнасць больш важнага для лібералізму тэзісу – тэзісу аб «грамадскай дамове». |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 5 (34) - 2004 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |