A R C H E | П а ч а т а к | № 5 (34) - 2004 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
ФРАНЦ СІЎКО | |||||
Асымэтрыя Аповед
Вада пад мостам дыхала парай, але самой вады не было відаць. Толькі ў адным месцы, якраз там, дзе два тыдні таму ўсё і здарылася, зеўрала няўмольнаю стыласьцю цёмна-шэрая пляма віру. З моста, з амаль пятнаццацімэтровае вышыні, яна нагадвала прадоньне студні. Пара раз-пораз ахутвала і гэтую страхавітую пляму – праўда, ненадоўга, на якое імгненьне, бо тае ж хвіліны, падхопленая ветрыкам, расьсейвалася ўсьцяж парослага альхоўем спуску. Спадар Бортнік прыхінуўся грудзьмі да парапэта, каб як сьлед угледзецца ў ваду, і зноў, як і надоечы, пачуў крокі. Дзявочая постаць таропка ступіла на мост з процілеглага берагу, нерухомаю зданьню застыла над вадой. Лера? Гэта была яна. Пастава, вопратка, звычка глядзець з-пад рукі, перанятая ў Нэлі, – усё было даччынае, знаёмае да драбніцаў. Дрыжыкі хваляю прабеглі па ягоным целе, сьсяродзіліся дзесьці понізу каленяў. Ён склаў далоні ў пярэплаціну, каб гукнуць дзяўчыну, ды не пасьпеў: з пагорка зноў пачуліся крокі. Двое мужчынаў імкліва спусьціліся да моста, спыніліся ў якой сотні мэтраў ад Леры. Яна, аднак, не зрэагавала на зьяўленьне староньніх, як стаяла, учапіўшыся далонямі ў парапэт, так і засталася стаяць. Адзін з мужчынаў падышоў зусім блізка да яе, нешта сказаў. Яна нічога не адказала. Тады мужчына пасунуўся яшчэ бліжэй, абхапіў дзяўчыну за стан і моцна, ажно тая войкнула, сьціснуў у абдымках. «Дык вось як усё было», – падумаў спадар Бортнік і ўздыхнуў. Адвярнуўся, каб ня бачыць, што будзе далей, стаіўшыся ў вусьцішным маўчаньні пры калёне зь ліхтаром. А калі праз хвіліну зноў павярнуўся да тых траіх на другім беразе, яны ўжо зноў разышліся. Мужчыны шыбавалі краем моста да месца, адкуль ён цікаваў, а дзяўчына, спусьціўшы рукі долу, засяроджана вадзіла паглядам па паверхні вады. Раптам яна перахінулася цераз парапэт, склала паперадзе сябе рукі, як гэта робяць плыўцы, і рынулася стоць галавой у вір. Вада ўзбуджана гайданулася пад цяжарам яе цела, пырснула на кустоўе дробным асымэтрычным веерам літараў і лічбаў. Спадар Бортнік матлянуў галавою, каб прагнаць насланьнё, аднак літары ўсё плылі і плылі перад вачмі, і чым далей, тым гусьцейшым рабіўся іх бясконцы шыхт. Так доўжылася колькі хвілінаў, аж покуль рэклямны ролік ня выбухнуў на экране ўпацелымі торсамі ды фляконамі дэзадарантаў і не вярнуў ягоную растузаную мроямі сьвядомасьць да рэальнасьці. Рэальнасьць была гэткая ж бязладная і няўцямная, як і тыя мроі. І ён, не жадаючы патураць ёй, машынальна памкнуўся рукою да пульта тэлевізара. І зноў спазьніўся: літары-гіпнатызёры павыпаўзалі з кута, паплылі ўпоперак пукатага, бы перакормленая рэптылія, экрану. Спачатку літары, за імі – выведзеныя тлустым шрыфтам, лічбы. Шэсьць лічбаў, падзеленых на пары кароткімі, больш падобнымі да кропак, рыскамі. Дзяўчына шукае працу. Нумар тэлефона. Дзяўчына шукае... Нумар... Дзяўчына... Нумар быў нібыта знаёмы. Ён напружыўся, каб успомніць, дзе бачыў яго, але ня даў рады: у галаве ўсё зблыталася. Тым часам літары, а за імі і лічбы, сплылі. Але праз хвіліну, ледзь скончыўся ролік, зьявіліся зноў – быццам наўмысна, каб яго пазлаваць ды яшчэ больш растузаць. Дзе ён усё-ткі іх бачыў? Можа, у нататніку? Спадар Бортнік сунуў руку ў шуфляду шафкі, натыкаючыся пальцамі то на нажніцы, то на шпулькі зь ніткамі, то яшчэ на нейкую драбязу, дастаў з-пад ісподу важкі, з зашчапкай упоперак абгорткі нататнік. Разгарнуў яго – і адразу натрапіў вачмі на нумар з экрану – шасьцізначны, той, які дачка самаручна ўпісала ў нататнік у дзень, калі сыходзіла з дому на прыватную кватэру. За ўвесь гэты час ён так ніводнага разу і не патэлефанаваў ёй, не надаралася нагоды. Спачатку Лера раз на тыдзень наведвалася дахаты, каб узяць што-нішто з вопраткі ці абутку, – гэтага ім абаім было даволі, аж з каптуром. Затым і такія стасункі сышлі на нішто. Зрэшты, ні ён, ні яна ў больш цесных ня мелі патрэбы... А можа, яму толькі здавалася, што ня мелі? Вунь жа як яно ўсё павярнулася... Каб жа ж ведаць загадзя, што гэтак скончыцца... З таго часу, як занемагла Нэля, паміж бацькам і дачкой ужо ніколі не ўзьнікала ранейшага ўзаемаразуменьня і шчырае зацікаўленасьці справамі адно аднаго. Ад самага пачатку ён падазраваў, што Лера вінаваціць у матчынае хваробе яго. Гэта быў акурат той час, калі ягоныя любошчы з Тамарай сягнулі піку, і пэўна да дачкі што-небудзь пра іх дайшло. Праз каго? Ды хаця б праз Нэлю: дзеці заўжды вельмі чуйныя да настрою бацькоў. А што Нэля ледзь не ад самага пачатку ўсё ведала пра ягоную каханку, ён, спадар Бортнік, зразумеў значна пазьней, калі жонка трапіла ў лякарню. Так што калі ведала пра здраду Нэля – ведала і Лера. Хоць, папраўдзе, зь ёю, як і з самой Нэляй, на гэтую тэму гамонкі не было. Зрэшты, прыкметаў нейкага супраціву ягоным паводзінам з боку дачкі – таксама. Толькі аднойчы, калі трываць жончыны прыступы зрабілася невыносна і ён, скарыстаўшы сякія-такія сувязі, дамогся для Нэлі месца ў прэстыжнае лякарні, Лера адкрыта выказала сваю нязгоду. Тады яму ўдалося пераканаць яе, што так будзе лепш для ўсіх, і найперш – для маці, і яна нібыта пагадзілася. Нібыта – бо адносіны між імі ад таго дня пакрысе сапсаваліся ўшчэнт. Усё, што ён рабіў і што яна раней ухваляла, цяпер яе раздражняла і выклікала відавочнае непрыманьне. Скончылася тым, што яна сышла з дому. Апошняю кропляй, што падтачыла іхнія адносіны, стала – сьмеху варта – Лерына нежаданьне вучыцца. Ён даводзіў пра неабходнасьць мець належную адукацыю і ўжо амаль пераканаў яе, але ў апошні момант яна занатурылася і не пайшла на іспыты ва ўнівэрсытэт. Тады ён і завёў тую гамонку пра працу. Лера пакрыўдзілася, сказала, што знойдзе сабе занятак безь ягонае дапамогі і наагул сыдзе з дому. Ён пагадзіўся – з разьлікам, вядома, што вельмі хутка яна зразумее сваю памылку і вернецца. У кватэры, якую дачка зьняла ў складкі зь нейкаю дзеўкай, ён быў аднойчы, у дзень пераезду, калі дапамагаў перавозіць клункі. Тады Лера і ўпісала нумар тэлефона ў некалі агульны, а цяпер толькі ягоны нататнік. Хто б мог падумаць, што давядзецца пабачыць той нумар на экране тэлевізара. Сапраўды, ён не тэлефанаваў ёй, але яна аднаго разу такі патэлефанавала, амаль праз два месяцы зацятага маўчаньня. Холадна папыталася пра ягонае асабістае жыцьцё, паведаміла (менавіта так – паведаміла), што вось-вось знойдзе сталую працу. А яшчэ сказала, што хацела б разам зь ім наведаць Нэлю ў лякарні. Размова была нечаканая і сухая, як восеньская бліскавіца. А праз тыдзень пасьля яе Леру знайшлі ў віры пад мостам. У аддзеле вышуку, куды яго паклікалі ў той самы дзень, схіляюцца да высновы, што гэта – самагубства. Яму такое прыпушчэньне служкаў Фэміды ад самага пачатку падалося дзікім і неверагодным. І ён вырашыў пагутарыць па тэлефоне зь Лерынай дзеўкай – супольніцай па кватэры. Тая прызналася, што справы і ў яе, і ў Леры былі дрэнь: абедзьве перабіваліся выпадковымі заробкамі ў нейкім начным бары. Што гэта былі за заробкі, ён, каб не вярэдзіць лішне душу, высьвятляць ня стаў, і так збольшага было зразумела. Але сама навіна яго ашаломіла. Ягоная дачка зарабляла на пражыцьцё ў нейкім бары?! Ашаломленасьць зьмянілася адчуваньнем вінаватасьці – упершыню, бадай, за ўсе апошнія гады. Ды, звыклы да завядзёнкі ўва ўсім гнуць сваю лінію, ён гэтаму адчуваньню вырашыў не паддавацца. Самагубства! А можа, зусім і не! Вунь колькі бадзяецца поначы рознага быдлячча, ад якога чаго заўгодна можна чакаць... Літары на экране працягвалі свой няўмольны карагод. Адны і тыя ж, адным і тым жа навязьлівым рэфрэнам: дзяўчына шукае, нумар, дзяўчына шукае... Ён дачакаўся, калі зьявіцца нумар рэклямнае службы, хуценька запісаў яго на паперчыну. Затым, двойчы змыліўшыся ад хваляваньня, набраў яго. – Вы з абвесткай? Ведаеце нашыя тарыфы? – дзявочы голас гучаў лагодна і пачціва. – Калі так – дыктуйце тэкст. – Я наконт той, што ідзе на вашым канале, – як мага стражэй сказаў ён. – Чалавека няма ў жывых, а ягоная абвестка без супынку круціцца. Што гэта за парадак! Тэрмінова спыніце! – Мы ня маем права спыняць без дазволу замоўцы, – таксама строга, але па-ранейшаму пачціва запярэчыла дзяўчына. – Ці вы і ёсьць замоўца? – Ня я – мая дачка. – То няхай яна сама і патэлефануе. А лепш, калі зойдзе з квітком... – Яна два тыдні таму памерла. – Як гэта? – дзяўчына сумелася, змоўкла. Яму нават падалося – паклала слухаўку, але праз хвіліну голас яе загучаў зноў. – Як прозьвішча? – Маё? – цяпер ужо сумеўся ён. – Вашае дачкі. Ён сказаў прозьвішча, і яна зашамацела нейкімі паперамі. Шамаценьне доўжылася хвіліны тры, і нарэшце яна зноў азвалася: – Лера Бортнік? Не, гэтая абвестка аплачаная іншым чалавекам. – Кім жа? – Гэтага я ня маю права вам сказаць. – Як гэта – ня маеце? Нумар тэлефона маёй дачкі, а вы ня можаце сказаць, хто замовіў абвестку? – Прабачце, не магу. Не крыўдуйце, – яна вытрымала, мусіць, са спачуваньня да ягонага няшчасьця, невялікую, усяго на нейкае імгненьне, паўзу і паклала слухаўку. Цяпер адзінае, што яму заставалася, – патэлефанаваць на тую кватэру. Ён хуценька, быццам баючыся страціць запал, зь якім узяўся за справу, набраў нумар. Слухаўку зьнялі хутка, нібы знарок чакалі пры апараце. «Лерын бацька?» – дзеўка расчаравана хмыкнула і пасьпяшалася надаць голасу адценьне адчужанае абыякавасьці. Так, абвестку яны далі ўдзьвюх зь Лерай, яна не зьняла яе пасьля няшчасьця, бо сапраўды шукае працу. Калі ён жадае забраць Лерыны рэчы, можа прыехаць на кватэру ў любы час, хоць цяпер, ёй чужога ня трэба. Дарэчы, кошт абвесткі яна сплачвала адна, бо Лера якраз сядзела тады бяз грошай. Таму, калі ў яго і наконт гэтага ёсьць які сумнеў, яна можа паказаць квіток. Надзіва, практычнасьць дзяўчыны яго ня толькі не абурыла – наадварот, чамусьці ўсьцешыла. Маладая – а гэткая ўчэпістая! Ня тое што Лера – сьпешчанае дзіця, кроку ня ўмела ступіць без бацькоўскае апекі. Але ж во – ступіла... Ад згадкі пра дачку ў мінулым часе патыхнула злавеснасьцю і дакорам: ці пра тое сьлед яму, бацьку, цяпер думаць? Можа, сапраўды лепш паехаць па Лерыны рэчы, раптам на месцы пашэнціць вывудзіць зь дзеўкі яшчэ якія зьвесткі? Рук, казаў той, не падкладзеш, дык хоць, можа, боль трохі адпусьціць. Ён падняўся з канапы, трымаючыся за скроні – надта ж балела, ажно расколвалася, галава, – і паплёўся ў ванны пакой мыцца. Зачапіўся мімаходзь паглядам за цыфэрблят ходзікаў у вітальні і сьцепануўся ад зьдзіўленьня: адзінаццаць гадзінаў, а адчуваньне такое, быццам ужо ноч. Дзеўка чакала яго, бо валіза зь Лерынымі рэчамі стаяла спакаваная пры дзьвярох, і дзьверы адчыніліся ўвобміг, ледзь ён пасьпеў дакрануцца да кнопкі званка. – Жадаеце паглядзець, ці не засталося чаго з рэчаў? Ён прайшоў у адзін з двух пакойчыкаў, сьлізгануў паглядам па выцьвілае шпалерыне, па дыванку пры ложку, перавёў позірк на стол. Усё акуратна прыбрана, так, як ён заўжды патрабаваў ад дачкі. З абведзенага чорнае тушшу ці не двухгадовае даўніны здымку на падвоканьні паласнула па зрэнках пара сумнаватых Лерыных вачэй. Ён памкнуўся да акна, каб узяць здымак, але дзеўка спыніла яго. – Ня трэба, хай застанецца мне на памяць. Мы зь Лерай, хоць і не заўсёды адна адну разумелі, няблага бавілі час разам. У вас, пэўна, іншыя фоткі ёсьць, а ў мяне адна – гэтая. – Ну, хай сабе, – пагадзіўся ён і знарок павольна адышоўся ад акна. Просьба дзеўкі расчуліла яго, і цяпер яму патрэбны быў час, каб прыкілзаць эмоцыі. – Можаце паглядзець тут, – сказала яна і адчыніла дзьверцы шафы. – Нічога не засталося, усё я спакавала ў валізу. – Мяне гэта не турбуе, – не зірнуўшы нават у бок шафы, сказаў ён. – Калі хочаце ўзяць што-небудзь зь Лерынага – вазьміце. Хоць і ўсю валізу... Але адкажыце на адно пытаньне... – На якое? – Што за праца была ў вас? Ну, у вас зь Лерай... – Праца як праца. Дапамагалі дзядзькам пазбавіцца самоты, за грошы, вядома... Разумееце? – Не зусім. Вы што – спалі зь імі? – голас спадара Бортніка здрадліва затрымцеў. – Так? – Так. Праўда, не заўсёды. Надараліся выпадкі, калі абыходзілася драбязой. Пагаварыць там, пасьпяваць ці яшчэ што... Не з прыемных занятак, ды што зробіш... Ён хацеў спытаць, ці часта даводзілася ім усё тое рабіць, але не наважыўся з боязі натыкнуцца на хлусьню і памкнуўся перавесьці размову на іншае, што найбольш вярэдзіла душу ўвесь гэты час: – Лера... яна што-небудзь казала вам пра мяне? – Сёе-тое... А тое, што думала пра вас, і бяз словаў няцяжка было здагадацца. Пра вас і пра маці, гэта дакладна. – Думала? Адкуль вы ведаеце? – дыялёг даваўся яму цяжка, вельмі цяжка. – Я не такая бессардэчная і дурная, як вам, мабыць, здаецца. – І што яна думала? Дзеўка пастаяла колькі хвілінаў моўчкі, моўчкі кранула здымак на падвоканьні. – Яна казала, што чалавек павінен жыць дзеля сябе і дзеля сваіх блізкіх. – Гэта фраза з Талстоя... У дзявятай клясе я, памятаю, дапамагаў ёй пісаць сачыненьне на такую тэму. – Ня ведаю, не чытала Талстоя. Чытаньне не для мяне. – Што яшчэ яна казала? – Што вы змалку прывучалі яе да парадку. Што любы непарадак і асымэтрыя ў вас, а праз вас і ў яе выклікаюць агіду. Мяне ж дык якраз яны прывабліваюць, таму мы часта сварыліся. Нават у той дзень, калі яна скокнула... прабачце, калі яна... – Вы думаеце, яна сама гэта зрабіла? – Не сумняваюся. Нашыя знаёмцы, вядома, ня надта сабе, але яны на такое няздатныя, я ведаю. Так што, хутчэй за ўсё, яна сама... Я б такога ніколі не магла вычварыць. – Чаму? – Яшчэ чаго! Бацька кінуў нас з маці, калі мне было шэсьць гадоў. Потым маці пасадзілі... Я не дзеля таго выбівалася адна з усяго гэтага гаўна, каб... А вы... вы не вінавацьце сябе. – Яна падышла зусім блізка, трымаючыся адною рукою за рог стала, і раптам пацалавала яго ў шчаку. – Што гэта вы? – спытаў ён зьбянтэжана і адступіў убок. – Так, падумала, што вам гэта будзе прыемна. Замест Леры... Абвестку я здыму заўтра. Яшчэ тры дні яна мае трываць, але як ужо такая справа... Надзіва, такое рашэньне дзяўчыны ня выклікала ў яго вялікае радасьці. Нечакана для сябе ён пасунуўся да яе, паклаў правую руку ёй на клуб. Цела яе здрыганулася, бы ад удару, хіснулася ў глыб пакою. – Перастаньце! – Прабачце, – панура сказаў ён і падхапіў валізу. Але тут жа паставіў яе на месца. – Ня ведаю, як гэта выйшла. Прабачце... – Зацяжкая? Можа, дапамагчы? – дзеўка спачувальна глядзела на яго. Яе нежаданьне гаварыць на казытлівую тэму дадало яму ўпэўненасьці. – Ня трэба. Хай застаецца пакуль што ў вас. Можа, пазьней калі забяру. – Як хочаце. Мяне зваць Ірынаю. Ён выйшаў з кватэры і, не азіраючыся, хоць чуў, што дзеўка выйшла сьледам за ім на пляцоўку, пасунуўся ўлегцы да прыпынку. Намер паехаць у лякарню да Нэлі высьпеў у яго нечакана, калі было ўжо добра апоўдні. Адзіным, што замінала тае ж хвіліны сесьці ў аўто, быў сумнеў, ці мінуўся ў жонкі пазаўчорашні прыступ, пра які надоечы паведаміў па тэлефоне доктар. І як не, то ці ня здарыцца так, як здарылася аднойчы, калі пры канцы размовы, якая датуль нагадвала дыялёг двух глухіх, яна ні села ні пала ўпершыню ўспомніла пра Тамару. Адчуваньне прыкрасьці тым разам так доўга квяліла яго, што ён некалькі тыдняў не наважваўся паехаць да Нэлі зноў. Але, можа, цяпер усё будзе іначай? Зрэшты, можна загадзя патэлефанаваць доктару і даведацца, як яна сябе адчувае. А яшчэ яго турбавала, ці дайшло да Нэлі што-небудзь пра дачку. Вядома, сьвет цесны, ледзь здарыцца што, як усе пра тое ведаюць. Няма сумневу, рана ці позна і ёй увядзе ўсё ў вушы які-небудзь зычлівец. Хай сабе, абы не цяпер. Чым пазьней дойдзе да яе навіна, тым лепш будзе і ёй, і яму. Цяпер жа, калі зьявілася, хоць і зусім кволая, надзея на выздараўленьне, лішні стрэс ім зусім без патрэбы. Ён набраў нумар доктара, злуючыся на гарачыню, якую адчуў толькі цяпер, і, уключыўшы кандыцыянэр, што вокамгненна напоўніў пакой шапаткім пошумам, прыклаў слухаўку да вуха. Доктар зьдзіўлена алёкнуў два разы, хутка-хутка забалбатаў пра крызу, што, здаецца, дзякаваць Богу, учора мінулася, пра непярэліўкі зь лекамі, пра нейкую нечаканую праверку, што вось ужо трэці дзень трасе ўсю ўстанову і яго асабіста, ды ён, на шчасьце... Што на шчасьце – ён так і не зразумеў, але што Нэля адчувае сябе няблага, ён пад канец размовы ўсё ж дацеміўся. Жонка захварэла раптоўна, як знарок – пасьля адной іх сутычкі дзелянейкае драбязы (што Нэля ўжо тады ведала пра ягоную здраду, ён здагадаўся значна пазьней). Драбязы – для яе, бо для яго дробязяў не існуе. Усё, чым жыве, чым дыхае сям’я, для яго ніколі не было драбязою. Многія тыцкалі гэтым у вочы, ды яму тое не абыходзіла. Рэпутацыя пэданта яго не бянтэжыла і не палохала: хіба гэта блага, калі ведаеш дакладна, чаго хочаш, і патрабуеш гэткага ж веданьня ад іншых? Спачатку яму падалося, што ўся тая хваробіна – звычайная жаночая гістэрыка. Але калі пабялелі Нэліны вочы і сьліна раптам выступіла па куточках скусанага зубамі рота, ён спалохаўся. Выклікаў «хуткую», і тая завезла Нэлю ў лякарню. Хвароба працякала цяжка, суправаджалася праваламі памяці. Абсанс, або зблытанасьць памяці – так сказаў доктар, і нічога іншага не заставалася, як яму паверыць. Нэля схуднела, была то занадта нэрвовая, то, наадварот, занадта апатычная. Апатычная – зазвычай калі памяць вярталася да яе, і тады Нэля была як Нэля – ранейшая ўсьмешлівая кабета, якую ён ведаў зь юнацтва, трошкі рэзкая, але дасьціпная, з асабліваю інтуіцыяй. Прасьвятленьні здараліся нячаста, але сёньня быў, відаць, адзін з такіх выпадкаў. Гэта спадар Бортнік адразу зразумеў, як толькі ўбачыў жонку. – Прывёз кепскую навіну? – спытала яна і акінула яго праніклівым паглядам. – Так? Пытаньне засьпела яго зьнянацку, і ён, зьбянтэжаны, моўчкі сеў побач з Нэляй. – Не камплексуй занадта, – працягвала яна. – Я бачыла абвестку па тэлевізары... Праца па абвестцы – гэта вельмі кепска. Ты падказаў ёй такое? Гэта небясьпечна, вельмі небясьпечна. Ці мала на якога злыдуха можна ўзьбіцца... Вунь колькі жанчын трапляе ў рабскае сіло! Ты павінен што-небудзь зрабіць. Скажы ёй, каб кінула гэтую справу. – Яна гаварыла лягічна і пераканаўча, але ўсё адно адчувалася – паводле ледзь улоўнага трымценьня голасу, – што і лягічнасьць гэтая, і пераканаўчасьць часовыя. – Чаму Ляруня не прыехала? Той раз абяцала. Думка, што яна нічога ня ведае пра сьмерць дачкі, дадала яму ўпэўненасьці. – Ты ж ведаеш, мы цяпер рэдка бачымся, – сказаў ён першае, што прыйшло ў голаў. – Яна твая дачка, не забывайся, – сказала Нэля дакорліва і паклала сваю руку на ягоную. – Твая і мая. – Твая і мая, – падтакнуў ён і лагодна дадаў: – Нашая. Ягоныя словы неяк дзіўна паўзьдзейнічалі на Нэлю. Яна пазяхнула, па-старэчы ссутулілася і тут жа – галава на ягоным плячы – заснула. А можа, адно ўдавала, што заснула? Бо як толькі ўвайшла мэдсястра, каб паклікаць яе на нейкую працэдуру, увобміг падхапілася і, быццам усьцешаная мажлівасьцю як хутчэй разьвітацца зь ім, весела пашыбавала прэч. – Калі не дачакаешся, крыўдаваць ня буду, – сказала з усьмешкай, і ў голасе яе зноў, падалося яму, прагучала жаданьне, каб так яно і сталася. Ён у самоце пасядзеў некалькі хвілінаў на канапе, аглядаючы пакой. Пакойчык, аж занадта просты для жанчыны такога складу, як Нэля, цяпер, калі яна пайшла, выглядаў зусім пустым і непрытульным. І яму падумалася, што вось гэткім, напэўна, уявіцца ён чарговаму тубыльцу, калі яе, Нэлю, выпішуць адсюль. Калі, вядома, наагул выпішуць: дэпрэсія – рэч непрадказальная. І яшчэ адно казытала сьвядомасьць: чаму яна гэтак холадна зь ім абышлася? Магла б і папрасіць дачакацца. Можа, знарок так зрабіла, каб прымусіць яго пахвалявацца? Можа, сказаць ёй пра Леру, яна маці і мае права ведаць... Напэўна, гэта будзе правільна. Ці, можа, спачатку параіцца з доктарам, каб крый Бог не нарабіць бяды? Ён выйшаў у калідор, стараючыся не зьвяртаць на сябе ўвагу хворых, што панура чакалі сваёй чаргі ля працэдурнага пакою, і пасунуўся да кабінэта доктара. Доктара на месцы не было. Ён патузаў для пэўнасьці шыкоўную ручку дзьвярэй, што ніяк не пасавала да ўбогага калідорнага інтэр’еру, і паціху пайшоў далей. Людзі з чаргі, абуджаныя ягонымі няпэўнымі крокамі, паўздымалі галовы, нібы прыцэньваючыся, што за пацыент зь яго будзе, і зноў застылі ў здранцьвелым чаканьні. Дзьверы працэдурнага пакою расчыніліся, і доктар, той самы, якога ён шукаў, выйшаў у калідор. Сьледам за ім выйшла Нэля. Ён памкнуўся да жонкі, каб загаварыць, але яна адхіснулася ад яго, мармычучы штосьці неўразумелае, кінулася наўцёкі. Вочы яе, чвэрць гадзіны таму лагодныя і ціхмяныя, адсьвечвалі хваравітым бліскам, дыханьне было перарывістае, няроўнае. Яна дабегла да пераходу ў другі бальнічны адсек, не разьлічыўшы хуткасьці, моцна выцялася бокам аб выступ сьцяны, павалілася на падлогу. Яны з доктарам пасьпяшаліся да яе, каб памагчы падняцца, але яна сама ўсхапілася, гістэрычна закрычала: – Не хачу! Не! Мэдсястра, адзіная, хто, мусіць, даваў усім тут рады ў гэткія крытычныя моманты, таксама высьлізнула з пакою, абхапіла няшчасную за плечы і павяла ў палату. – Вам лепш пайсьці, – вінавата ўсьміхнуўся доктар і нырнуў у дзьверы сьледам за Нэляй і сястрой. Чарга, узрушаная на хвіліну надзвычайным здарэньнем, праводзіла яго цікаўнымі і, як падалося яму (а можа, толькі падалося?), непрыхільнымі позіркамі. У кватэры гуляў скразьняк ад кандыцыянэра, гэта ўзлавала яго. Пакінуць на гэтулькі часу нявыключаным прыбор – так і да жабрацтва можна дайсьці, вунь колькі, пэўна, нашчоўкаў лічыльнік. Хацелася піць. У лядоўні, аднак, нічога не было, апроч «біфіды». Ён надрэзаў пакет, наліў пітва ў кубак, паставіў на пліту, каб сагрэлася. Затым перайшоў у спальню, машынальна ўключыў тэлевізар, утаропіўся вачмі ў экран. Рэклямы, на дзіва, сёньня не было, і гэта супакоіла яго. Затое даймала смага. Ён памкнуўся да дзьвярэй, каб ізноў пайсьці ў кухню, як у гэты момант на экране зьявілася рэкляма. Сплюшчаны між жаданьнем спатоліць смагу і конча ўбачыць, што далей будзе ў тэлевізары, спадар Бортнік уладкаваўся на канапе, не зважаючы на гарачыню, што запанавала ў пакоі, як толькі ён выключыў кандыцыянэр, пачаў пільна ўзірацца ў неахайныя, падобныя адзін да аднаго тэксты абвестак. Але ўсё было ня тое, чаго ён употайкі чакаў. І толькі калі ён ужо амаль прыснуў, скурчыўшыся ў куце канапы, штосьці падобнае да ўчорашняга роліку мільгнула ўрэшце на экране, разанула па вачох аляпаватасьцю літараў. Ён страсянуўся ўсім целам, раскідваючы рукамі плот зь літараў і лічбаў, што чапляліся за вопратку і дзерлі скуру, а затым з асалодаю рынуўся наперад, да моста, з адчайным жаданьнем нарэшце пачуць знаёмыя крокі. І пачуў. Жанчына імкліва спусьцілася да моста, хаваючы твар у каўнер палітона, збочыла ў хмызы, прыхінулася плячмі да камля вербалозіны. «Тамара!» Тонкая рука, гэтым разам, аднак, не Тамарына, а Ірыніна (ён пазнаў яе па бранзалеце) высунулася з хмызоў, павабіла яго да сябе. «Ірына!» – зноў гукнуў ён і стрымгалоў рынуўся бегчы да таго берагу. Але не пасьпеў дамчацца і да сярэдзіны, як мост незадаволена рыпнуў, нібы наўмысна хочучы перашкодзіць дапяць да дзяўчыны, выгнуўся вужакаю, шпурнуў яго вобзем. Ёлкі густы смурод, няведама скуль узяўшыся, ахінуў ягонае цела, палез жывасілам у вочы, нос, скуру. Ён дацягнуўся далонямі да бліжэйшае прэнціны парапэта, празь сілу падняўся... У пакоі было шэра ад дыму. Ён падхапіўся з канапы, ачмурэлы ад смуроду, пакіраваў у кухню. Вобмацкам (за дымам нічога не было відаць) выключыў пліту, сашмаргнуў з газьніцы ў мыйку абгарэлы кубак, кінуўся расчыняць фортку. Вецер уварваўся ў памяшканьне, вольна пагойсаў па падстольлі, пазьбіваў дым у рваныя клубы, загуляў па нагох. Усё яшчэ хацелася піць. Спадар Бортнік набраў з крана ў шклянку вады, колькімі глыткамі асушыў яе да дна. Затым прычыніў, каб не напусьціць у кватэру сьцюжы, фортку, вярнуўся ў спальню. Рэкляма ўсё яшчэ ішла на экране, але даччыной і Ірынінай абвесткі спаміж іншых не было. «Дзякаваць Богу», – падумаў ён і зноў скурчыўся на канапе. Літары, дражнячыся, зь яшчэ большым імпэтам замільгацелі на экране. Крок, яшчэ крок, яшчэ... «Пэўна, тыя двое», – падумаў ён і азірнуўся. На сьцежцы, што вілася ад пагорка да моста, не было ні душы. Ён ізноў азірнуўся – цяпер ужо туды, дзе мінулым разам бачыў Леру. Дачка стаяла на мосьце, выпрастаўшы рукі, і адчужана, бязь ценю страху на твары глядзела на дзьве мужчынскія постаці, што таропка спускаліся да ракі ад трамвайнага прыпынку.
|
нарадзіўся ў 1953 г. у вёсцы Вята на Мёршчыне. Піша прозу і публіцыстыку. Апошняя публікацыя – апавяданьне «Бацечка Зэн» (Дзеяслоў. 2004. № 9). |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 5 (34) - 2004 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |