| |
Том Стапард
Догаў Гамлет,
Кагутаў Макбэт
УВОДЗІНЫ
оска, якая падзяляе «Догавага Гамлета» і «Кагутавага Макбэта», адначасова аб’ядноўвае дзьве ўзаемазалежныя п’есы: першую ўвогуле цяжка назваць п’есай без другой, а другую немагчыма выконваць бязь першай. «Догаў Гамлет» – гэта аб’яднаньне ў адну дзьвюх п’есаў, напісаных для Эда Бэрмана й «Узаемадзеяньня», а менавіта: «Дог – нашая хатняя жывёла», якая адчыняла «Амаль вольны тэатар» у Соха ў сьнежні 1971-га, і «15-хвілінны Гамлет Догавай трупы», якая была напісаная (ці, хутчэй, апрацаваная) для выкананьня на двухпавярховым аўтобусе. Вытокі «Догавага Гамлета» трэба шукаць у адным з разьдзелаў філязофскіх дасьледаваньняў Вітгенштайна. Уявіце сабе наступную сцэну. Чалавек будуе памост з кавалкаў драўніны рознай формы й памеру. Іх кідае яму па адным другі чалавек – як толькі першы папросіць. Назіральнік можа заўважыць, што кожным разам, як першы чалавек выкрыквае: «Ліштва!» – яму кідаюць доўгі пляскаты кавалак. Калі ён крычыць: «Плашка!» – яму кідаюць кавалак іншай формы. І гэтак паўтараецца некалькі разоў. Потым выкрыкваецца: «Блёк!» – і ляціць кавалак яшчэ адной формы. Нарэшце, за выкрыкам: «Брусок!» – кавалак яшчэ аднаго кшталту. Назіральнік, магчыма, зробіць выснову, што названыя словы адпавядаюць розным формам і памерам матэрыялу. Але гэта не адзінае магчымае тлумачэньне. Дапусьцім, напрыклад, што той, хто кідае кавалкі, загадзя ведае, якія зь іх і ў якой пасьлядоўнасьці неабходныя будаўніку. У гэткім выпадку будаўніку няма патрэбы называць неабходныя кавалкі – ён можа проста даць знак, што гатовы прыняць наступны кавалак. Такім чынам, выкрыкі можна патлумачыць як:
Ліштва = Гатова Блёк = Наступны
Плашка = Парадак Брусок = Дзякуй У гэтым выпадку назіральнік памыліўся б у сваіх меркаваньнях, але той факт, што ён, з аднаго боку, і будаўнікі – з другога, карыстаюцца дзьвюма рознымі мовамі, не абавязкова павінен быць відавочным абодвум бакам. Больш за тое, цалкам магчыма, што абодва будаўнікі таксама гавораць на розных мовах, і калі б іхнае жыцьцё складалася толькі з будаваньня памостаў гэткім чынам, у іх не было б нагоды высьветліць, што кожны зь іх карыстаецца мовай, невядомай другому. Гэткі шчасьлівы стан рэчаў цягнуўся б, вядома ж, толькі датуль, пакуль, дзякуючы чыстай выпадковасьці, выказваньні абодвух людзей мелі б сэнс (нават не аднолькавы) для кожнага зь іх. Мяне прываблівала магчымасьць напісаць п’есу, якая б навучыла гледачоў той мове, на якой яна напісаная. Дадзены тэкст – сьціплая спроба зрабіць гэта. А магчыма – і большае. «Кагутаў Макбэт» прысьвячаецца чэхаславацкаму драматургу Паўлу Кагоўту. За апошнія дзесяць гадоў «нармалізацыі», якая надышла за падзеньнем Дубчака, тысячы чэхаў і славакаў былі пазбаўленыя магчымасьці займацца сваёй справай. Сярод іх – шматлікія пісьменьнікі й акторы. Падчас кароткага наведваньня Прагі ў 1977-м я пазнаёміўся з Кагоўтам і Паўлам Ландоўскім – вядомым акторам, якому на многія гады забаранілі працаваць празь няміласьць уладаў. (Гэта Ландоўскі кіраваў машынай у лёсавызначальны дзень у студзені 1977-га, калі паліцыя спыніла яго й ягоных сяброў і сканфіскавала першыя экзэмпляры дакумэнту, вядомага як Хартыя-77). Неяк вечарам Ландоўскі правёў мяне за кулісы аднаго з тэатраў, дзе ён выканаў калісьці лепшыя з сваіх роляў. На той час паказваўся нейкі спэктакль, і цяжка апісаць гэнае пачуцьцё глыбокага расчараваньня, якое адчуў Ландоўскі. Праз год Кагоўт напісаў мне: Як ты ведаеш, у апошнія гады шмат каму з чэскіх людзей тэатру забаронена ў ім працаваць. Але як чалавек, які ня можа жыць без тэатру, я шукаў магчымасьцяў займацца тэатральнай дзейнасьцю, нягледзячы на абставіны. І цяпер я рады паведаміць табе, што празь некалькі дзён, пасьля васьмі тыдняў рэпэтыцыяў, адчыняецца «Тэатар у гасьцёўні» – і ня чым-небудзь, а «Макбэтам». Што такое «Тэатар у гасьцёўні»? Група па выкліку. Кожны, хто хоча ўбачыць дома «Макбэта» з двума вялікімі й забароненымі чэскімі акторамі – Паўлам Ландоўскім і Ўластай Храмоставай, можа запрасіць сваіх сяброў і паклікаць нас. І прыйдуць пяць чалавек з адной валізай. Павал Ландоўскі й Уласта Храмостава граюць Макбэта й лэдзі Макбэт. Вядомы й забаронены малады сьпявак Уласьціміл Траснак сьпявае МАЛКАЛМа й выконвае музыку. Адна маладая дзяўчына, якая не змагла вывучаць тэатральнае мастацтва, – Тарэза Кагоўтава, воляю лёсу мая дачка, – грае малыя ролі й чытае рэмаркі. І апошні чалавек (гэта я!) чытае й крыху грае астатнія ролі, ад імя свайго вялікага калегі. Я думаю, што яму няма чаго хвалявацца, бо прызначэньне й пэрспэктывы п’есы – ня толькі выйсьце з нашай сытуацыі, але й цікавая тэатральная падзея. Я, натуральна, адаптаваў п’есу, але я ўпэўнены, што гэта, тым ня менш, «Макбэт»! Ліст быў напісаны ў чэрвені, а ў жніўні была зробленая прыпіска: «Макбэт» цяпер ставіцца ў праскіх кватэрах». «Кагутаў Макбэт» быў натхнёны гэнымі падзеямі. Аднак Кагут – гэта не Кагоўт, і гэты змушана скарочаны «Макбэт» не прэтэндуе на адпаведнасьць файнай сямідзесяціпяціхвіліннай вэрсіі Кагоўту. Том Стопард Жнівень 1980
Догаў Гамлет
* * *
«Догаў Гамлет» прысьвячаецца прафэсару Догу й Догавай трупе ўзаемадзеяньня.
* * *
АСОБЫ:
БЭЙКЕР АБЭЛЬ ЧАРЛІ ІЗІ ДОГ ДАМА ФОКС МАЖОР МІСIC ДОГ ШЭКСЬПІР ГАМЛЕТ ГАРАЦЫЁ КЛАЎДЗІ ГЕРТРУДА ПАЛОНІ АФЭЛІЯ ЛАЭРТ ЗДАНЬ БЭРНАРДА ФРАНЦЫСКА МАРЦЭЛ ДАЛАКОП ОЗРЫК ФАРЦІНБРАС
* * *
Першае сцэнічнае выкананьне «Догава Гамлету, Кагутава Макбэту» было зьдзейсьненае ў Цэнтры мастацтваў унівэрсытэту Ўорвіка, Ковэнтры, 21 траўня 1979 году Брытанска-амэрыканскай тэатральнай кампаніяй (BARC – British American Repetory Company). Склад кампаніі быў наступным:
Джон Чаліс Элісан Фрэйзэр Бэн Готліб Пітэр Грэйер Дэвіс Хол Люіс Хаслар Рут Хант Стэнлі Макгі Стывэн Д. Ньюман Джон Строб Элан Томпсан Сара Вэнэйбл Жыльбэрт Вэрнан
Сцэнаграфія – Норман Коўтс Рэжысура – Эд Бэрман
П’еса выконвалася на працягу сэзону ў Акадэмічным тэатры, Лёндан. Першы паказ – 30 ліпеня 1979 году.
* * * Пераклад з Догавай мовы падаецца ў дужках там, дзе гэта лічыцца неабходным.
Пустая сцэна.
БЭЙКЕР (за кулісамі). Цэгла! /*Сюды!/ (Зь левай кулісы ў правую ляціць футбольны мяч. Бэйкер падхоплівае мяч.) Брусок. /*Дзякуй./
АБЭЛЬ за кулісамі, кідае ранец зьлева на сцэну.
АБЭЛЬ уваходзіць на сцэну. Гэта школьнік у шэрых флянэлевых шортах, жакеце, школьнай фуражцы й г. д. Нясе ранец. Ён кідае ранец пасярод сцэны й падбірае першы ранец, які ставіць побач з сваім. АБЭЛЬ выходзіць направа й вяртаецца зь мікрафонам і стойкай, якую ставіць на сцэну. На мікрафоне ёсьць пераключальнік.
АБЭЛЬ (у мікрафон). Сьняданак, сьняданак… сонца-шчаўе-раса… /*Праверка, праверка… раз-два-тры…/ (Ён разумее, што мікрафон адключаны. Колькі разоў шчоўкае пераключальнікам, а затым ізноў гаворыць у мікрафон.) Сонца-шчаўе-раса-патэльня-вугольле…/*Раз-два-тры-чатыры-пяць… / (Мікрафон усё роўна не працуе. Абэль кліча некага за сцэнай.) Пікша сьвятар! /*Мікрафон не працуе!/
Паўза. З таго ж боку ўваходзіць БЭЙКЕР. Ён таксама школьнік, апрануты адпаведна. БЭЙКЕР. Га? /*Га?/ АБЭЛЬ. Пікша сьвятар! БЭЙКЕР. Пікша? АБЭЛЬ. Сьвятар.
БЭЙКЕР ідзе да мікрафона. Пасярод дарогі кідае ранец.БЭЙКЕР. Сонца-шчаўе-раса. (Мікрафон не працуе. Бэйкер лаецца.) Равары!
БЭЙКЕР ідзе назад за сцэну. У калёнках нешта патрэсквае.АБЭЛЬ. Плашка? /*Парадак?/ БЭЙКЕР (крычыць з-за сцэны, невыразна). Плашка! АБЭЛЬ (у мікрафон). Сонца, шчаўе, раса, вугольле, патэльня.
Мікрафон працуе. АБЭЛЬ паказвае вялікі палец і крычыць БЭЙКЕРУ. АБЭЛЬ. Плашка! /*Парадак!/
За сьпінай АБЭЛЯ, падскокваючы, уваходзіць задам-наперад яшчэ адзін школьнік – ЧАРЛІ. Ён гуляе з кімсьці нябачным у мячык. На ЧАРЛІ сукенка, але на ім таксама школьныя шорты, чаравікі, шкарпэткі. Ён без парыка.
ЧАРЛІ. Цэгла! Цэгла! /*Сюды! Сюды!/
З-за кулісаў яму кідаюць мяч. АБЭЛЬ адбірае мяч у ЧАРЛІ.
АБЭЛЬ. Брусок! /*Дзякуй!/ ГОЛАС (за сцэнай). Цэгла! /*Сюды!/
ЧАРЛІ спрабуе ўзяць мяч, але АБЭЛЬ не аддае.ЧАРЛІ. Спадар! /*Вырадак!/ (Абэль кідае мяч нябачнаму чалавеку за кулісамі, але ня Чарлі.) Рамонкавы спадар! /*Подлы вырадак!/ АБЭЛЬ. Паўднё! /*Заткніся!/ ЧАРЛІ (вельмі засмучана). Ванільны спадар! /*Агідны вырадак!/ АБЭЛЬ (паказвае Чарлі дулю). Паўднё! (Абэль пачынае падскокваць і крычыць за кулісы, каб яму кінулі мяч.) Цэгла! /*Сюды!/
Мяч ляціць да АБЭЛЯ праз галаву ЧАРЛІ. ДОГ, дырэктар у катэдралцы й мантыі, уваходзіць з супрацьлеглага боку. Калі АБЭЛЬ ловіць мяч, ДОГ адбірае яго.ДОГ. Брусок! /*Дзякуй!/ Мір! /*Цурбан!/ (Дае Абэлю поўху й зьбіраецца выходзіць зь мячом у руках.) АБЭЛЬ (з павагай да Дога). Крэтын, прэч? /*Колькі часу, сэр?/ ДОГ (паварочваецца). Га? АБЭЛЬ. Крэтын, лыч сьвіны, прэч? /*Вы не падкажаце, колькі часу, сэр?/
ДОГ дастае гадзіньнік з кішэні ў камізэльцы й глядзіць на яго.
ДОГ. Росныя пранцы. /*Палова на чацьвертую./ АБЭЛЬ. Брусок, прэч. /*Дзякуй, сэр./ ДОГ. Дагары нагамі арцішок амаль Лемінгтонскі курорт? /*Вы ня бачылі грузавік зь Лемінгтонскага курорту?/ АБЭЛЬ. Арцішок, прэч? /*Грузавік, сэр?/ ЧАРЛІ. Зь Лемінгтонскага курорту, прэч? /*Зь Лемінгтонскага курорту, сэр?/ ДОГ. Дагары нагамі? /*Вы ня бачылі яго?/ АБЭЛЬ (матае галавой). Гніда, прэч. /*Не, сэр./ ЧАРЛІ (матае галавой). Гніда, прэч. /*Не, сэр./ ДОГ (зноў сыходзіць). Ц-с-с. Ц-с-с. /* Ц-с-с. Ц-с-с./ Бессэнсоўна. /* Добрага вам дня./ АБЭЛЬ і ЧАРЛІ. Бессэнсоўна, прэч. /* Добрага дня, сэр./
ДОГ выходзіць зь мячом. Уваходзіць БЭЙКЕР. Ён глядзіць на свой наручны гадзіньнік.
БЭЙКЕР. Росныя пранцы. /*Палова на чацьвертую./
Пасярод сцэны цяпер тры ранцы. БЭЙКЕР падыходзіць да аднаго зь іх і дастае пакет з бутэрбродамі. Гэта ж робяць і АБЭЛЬ з ЧАРЛІ. Усе тры хлопцы сядаюць і пачынаюць разглядаць свае бутэрброды. АБЭЛЬ (глядзіць на свае бутэрброды). Пеліканава банкруцтва. /*Плаўлены сырок./ (Пытаецца ў Бэйкера.) Нават пабег? /*Што ў цябе?/ БЭЙКЕР (глядзіць на свае бутэрброды). Мальва ружовая. /* Кумпяк./ АБЭЛЬ (пытаецца ў Чарлі). Нават пабег? /*Што ў цябе?/ ЧАРЛІ (глядзіць на свае бутэрброды). Мышыная нара. /*Яйка./ АБЭЛЬ (да Чарлі). Пахаваеш сонечнае пеліканава банкруцтва шчыра мышыную нару? /* Памяняеш адзін з плаўленым сырком на адзін зь яйкам?/ ЧАРЛІ (дабрадушна паціскае плячыма). Плашка. /* Добра./
АБЭЛЬ і ЧАРЛІ абменьваюцца палавінкамі бутэрбродаў.БЭЙКЕР (да Абэля). Пахаваеш ружовую мальву шчыра сонечнае пеліканава банкруцтва? АБЭЛЬ. Ружовую мальву? Гніда! БЭЙКЕР. Спадар! АБЭЛЬ. Паўднё! БЭЙКЕР (абмахваючыся фуражкай). Паўднё! Фу, роварныя багажнікі наўрад ці масьленая зьнямога скончыцца. /*Камэнтар наконт гарачыні./ ЧАРЛІ (пагаджаецца зь ім). Зьнямога скончыцца, відаць, як масла лягічна вынікае. АБЭЛЬ. Рацыя. /* Трэба солі./ ЧАРЛІ. Га? АБЭЛЬ (працягвае руку). Рацыя.
ЧАРЛІ дастае з свайго ранцу сальнічку. ЧАРЛІ перадае АБЭЛЮ соль.АБЭЛЬ. Брусок. /*Дзякуй./ (Пасыпае сольлю бутэрброд і прапаноўвае соль Бэйкеру.) Рацыя? /*Трэба солі?/ БЭЙКЕР (бярэ соль). Брусок. /*Дзякуй./ (Пасыпае бутэрброды й ставіць салонку каля сябе.) ЧАРЛІ (працягваючы да Бэйкера руку). Цэгла. /*Сюды./
БЭЙКЕР перадае ЧАРЛІ ягоную сальнічку. Яны ядуць бутэрброды.
Наступная частка тлумачыцца гэткім чынам. АБЭЛЬ і БЭЙКЕР, якія павінны неўзабаве ўдзельнічаць у школьным спэктаклі, пастаўленым у арыгінале – на звычайнай мове, пачынаюць паўтараць свае словы.АБЭЛЬ (нечакана). Хто там? БЭЙКЕР. Не, ты мне адкажы спачатку. АБЭЛЬ. Няхай жыве кароль! Ідзі ўжо спаць. БЭЙКЕР. Вялікі дзякуй за дазвол ваш добры. АБЭЛЬ (устае). Ну што, ізноў зьяўляўся гэты самы? БЭЙКЕР (становіцца каля Абэля). Маўчы! Глядзі, ён зноў ідзе сюды. АБЭЛЬ. Якраз такі, як наш кароль-нябожчык!
Яны зусім ня граюць роляў. Проста невыразна мармычаць словы.
БЭЙКЕР. Я небам заклінаю, гавары! АБЭЛЬ. Ён тут! (Паказвае ў левы бок сцэны.) БЭЙКЕР. Ён там! (Паказвае ў правы бок сцэны. Іхныя рукі няўклюдна перакрыжоўваюцца.) АБЭЛЬ. Яно сышло. БЭЙКЕР. Але глядзі – мядовы плашч… (Зьбіўся. Паўза.) АБЭЛЬ (спрабуе дапамагчы яму). Апрануты – брыдзе…
АБЭЛЬ і БЭЙКЕР не заўсёды правільна будуюць сказы.
БЭЙКЕР (трасе галавой і ціха лаецца сабе пад нос). Равары! (Дастае з кішэні п’есу. Праглядае яе й знаходзіць, дзе зьбіўся.) Сьвітанак! Сьвітанак… …ў ружовы плашч апрануты, брыдзе праз росы ад усходняга ўзгорку. АБЭЛЬ. Трэба паведаміць, што бачылі мы сёньня ўночы… (Паказвае на Гамлета, трымаючы руку на ўзроўні поясу.) маладому Гамлету… Плашка? /*Парадак?/ Блёк. /*Наступны./ БЭЙКЕР (матае галавой і сядае). Гніда! /*Не!/
ЧАРЛІ бяз дай прычыны пачынае сьпяваць «My Way». Ён ня ведае ўсіх словаў у трэцім радку. БЭЙКЕР далучаецца да яго на чацьвертым радку, амаль сугучна.ЧАРЛІ (сьпявае). Наймі віншуй дзяржаўны жахлівы кірмашовы пляц. Вось гад аэрадром абходзіць і на мяжы знаходзіць чакаляд. Мурын ізноў ла-ла-ла-ла ды моцна крыкнуў яйка… І дыназаўр паверыў задаволіў яйка…
АБЭЛЬ плюецца з трубачкі малінай у якасьці ацэнкі таго, што адбываецца. Калі песьня заціхае, чуваць, як пад’яжджае грузавік. Усе тры хлопцы ўстаюць, адкладаюць убок паперу ад бутэрбродаў і ўсё астатняе й чакальна глядзяць у бок грузавіка.
БЭЙКЕР. Арцішок. /*Грузавік./ (Ідзе наперад, выглядвае за кулісы й экспрэсіўнымі жэстамі пачынае паказваць грузавіку – які, відавочна, рухаецца заднім ходам, – куды ехаць.) Цьвятная капуста… Цьвятная капуста… наўрад ці… Онікс наўрад ці… /*Улева… улева… правей… правей да мяне./ Насоўка… насоўка… Плашка! /*Проста… Проста… Парадак!/
Чуваць, як кіроўца грузавіка, ІЗІ, зачыняе кабіну. Ён зьяўляецца на сцэне. На ім белая роба й кепка з тканіны. Ён нясе скручаны чырвоны дыван і скрынку зь сьцяжкамі. Ён кладзе ўсё гэта на зямлю.
ІЗІ. Бакстанскія – блёкі й астатняе. АБЭЛЬ. Га? ІЗІ. Служба дастаўкі Бакстана зь Лемінгтонскага курорту. У мяне груз блёкаў і астатняга. Мне спатрэбіцца крыху дапамогі.
Паўза. Хлопцы глядзяць на яго зьбянтэжана, зьбітыя з панталыку.АБЭЛЬ. Га? ІЗІ. Мне спатрэбіцца крыху дапамогі, бо я адзін. Мне давялося ўбачыць, як у навальніцу майго напарніка ўдарыла маланкай. На А-412, каля Рыкманзворту. Дзіўнае здарэньне. Гром сярод яснага неба. Зыгзагнула проста па прадзіраўленай мысе ягонага процівагазу ў выглядзе Мікі Маўса. Ён вёз пяць гэткіх на дзіцячае сьвята бактэрыялягічных дасьледаваньняў. Толькі пачаў адчуваць адпаведны настрой – і тут на табе: сезам! Гэткі наэлектрызаваны момант. Ягоны нос выглядаў потым, хутчэй, як у Дональда Дака, а вушы – гэтак, быццам яны выскачылі з тостэра. Ён крычаў, як зязюля ў гадзіньніку, калі яна абвяшчае 12-ю гадзіну. (Пераказвае гісторыю з значным імпэтам, але, да ягонага расчараваньня, яна ня робіць належнага ўражаньня, бо, канечне ж, яе ніхто не разумее.) Ну добра, хлопцы. Куды вы хочаце, каб я іх паклаў?
Ізноў доўгая паўза. БЭЙКЕР робіць крок да ІЗІ, задаволены сабой праз тое, што яму ў галаву прыйшла выдатная ідэя.БЭЙКЕР. Я небам заклінаю, гавары!
Паўза.ІЗІ. А ты хто гэткі будзеш? БЭЙКЕР (заахвочваючы). Ўільям Шэксьпір. ІЗІ (да Абэля). Ён крэтын? БЭЙКЕР (глядзіць на наручны гадзіньнік). Росная таксоўка. ІЗІ. Я гэтак і думаў. (Глядзіць на Чарлі.) Вы ўсе тут крыху дзівакі, так? Дзе ваш начальнік?
Жвава ўваходзіць ДОГ.
ДОГ. Бессэнсоўна! /*Добры дзень!/ ХЛОПЦЫ. Бессэнсоўна, прэч! /*Добры дзень, сэр!/ ІЗІ. Добры дзень, спадар. /*На Догавай мове гэта значыць «Замоўкні, вырадак»./ ДОГ (пагрозьліва хапае Ізі за штрыфелі). Марцыпанавы гадзіньнік! /*Асьцярожней!/ (Выцягвае аркуш паперы з накрысам канструкцыі, якая мусіць быць пабудаваная на сцэне. Гэта даволі вялікі аркуш, і на ім можна разгледзець прыступкі й сьцены, якія трэба будзе пабудаваць. Дог коратка разглядае аркуш, потым пачынае расстаўляць хлопцаў.) Абэль… АБЭЛЬ. Плашка, прэч. /*Так, сэр./ ДОГ (паказвае на грузавік). Крышыць пантон. АБЭЛЬ. Плашка, прэч. (Абэль ідзе да грузавіка.) ДОГ. Бэйкер… (Бэйкер зьвяртае на яго ўвагу.) Цэгла. /*Сюды./ (Ставіць Бэйкера каля кулісы побач з грузавіком.) БЭЙКЕР. Плашка, прэч. ДОГ. Брусок. /*Дзякуй./ (Да Чарлі.) Чарлі. ЧАРЛІ. Плашка, прэч. ДОГ. Цэгла. (Ставіць Чарлі гэтак, што Чарлі, Бэйкер і грузавік – на адной лініі. Ізі стаіць каля Чарлі там, дзе мусяць быць пабудаваныя прыступкі.) Ліштва? /*Гатовыя?/ БЭЙКЕР і ЧАРЛІ. Ліштва, прэч. /*Гатовыя, сэр./ ДОГ (крычыць Абэлю). Ліштва? АБЭЛЬ (з-за сцэны). Ліштва, прэч.
ДОГ дае аркуш ІЗІ, які асьцярожна яго разглядае. ІЗІ кладзе накрыс у кішэню.ДОГ (гучна крычыць Абэлю – літаральна гарлае
). Ліштва!
ІЗІ адчувае зьдзіўленьне й палёгку, бо да БЭЙКЕРА ляціць ліштва, каторую той падхоплівае й перадае ЧАРЛІ, які перадае яе ІЗІ, які кладзе яе на сцэну. ДОГ усьміхаецца. Падбадзёрліва глядзіць на ІЗІ.
ІЗІ (няўпэўнена крычыць). Ліштва! (Ён зноў адчувае зьдзіўленьне й палёгку, бо новая ліштва ляціць з-за кулісаў і перадаецца Ізі, як і папярэдняя. Ён кладзе яе.) Ліштва!
Ляціць трэцяя ліштва й гэтаксама разьмяшчаецца. Задаволены ДОГ выходзіць. Заўвага: ІЗІ зьбіраецца пабудаваць памост, выкарыстоўваючы «ліштвы», «плашкі», «блёкі» й «брускі», гэткім чынам, што памост будзе мець прыступкі, якія знаходзяцца ў задняй частцы сцэны.
ІЗІ (крычыць з упэўненасьцю). Ліштва!
Замест плянкі яму кідаюць блёк. Калі той далятае да ІЗІ, ён кідае яго назад ЧАРЛІ, які перадае яго назад БЭЙКЕРУ, а той паварочваецца й кладзе яго на падлогу ў задняй частцы сцэны. Пакуль БЭЙКЕР там знаходзіцца, ІЗІ зноў паўтарае свой загад.
ІЗІ. Ліштва!
Другі блёк ляціць проста ЧАРЛІ ў рукі. ЧАРЛІ перадае яго ІЗІ, які вяртае яго ЧАРЛІ, а той нясе блёк у заднюю частку сцэны, каб пакласьці да першага на падлогу.
ІЗІ (крычыць з усёй моцы). Ліштва!
Проста да ІЗІ ляціць ліштва, і ён удзячна кладзе яе на падлогу побач з папярэднімі трыма. ІЗІ яшчэ раз разглядае накрыс і потым кладзе яго ў кішэню.
ІЗІ (зноў моцна крычыць). Плашка!
БЭЙКЕР і ЧАРЛІ зноў занялі свае месцы. На сцэну ляціць плашка, падхопліваецца БЭЙКЕРАМ, перадаецца ЧАРЛІ, потым перадаецца ІЗІ, які кладзе яе на ліштвы.
ІЗІ (моцна крычыць). Плашка!
Ляціць другая плашка й перадаецца ІЗІ, які кладзе яе. Гэткім жа чынам ІЗІ атрымлівае трэцюю плашку. Для ягонай канструкцыі яму неабходныя чатыры.
ІЗІ (моцна крычыць). Плашка!
Да БЭЙКЕРА ляціць блёк, перадаецца ЧАРЛІ, перадаецца ІЗІ, які нецярпліва перадае яго назад БЭЙКЕРУ, БЭЙКЕР адносіць блёк у заднюю частку сцэны. ІЗІ (моцна крычыць). Плашка!
Ляціць яшчэ адзін блёк, проста да ЧАРЛІ, які перадае яго ІЗІ, які перадае яго назад ЧАРЛІ, а той ідзе зь ім у заднюю частку сцэны й кладзе яго на падлогу. ІЗІ. Плашка! АБЭЛЬ (уваходзіць, усьміхаючыся). Плашка? ІЗІ. Гніда! АБЭЛЬ. Гніда? ІЗІ. Прэч! Плашка!
АБЭЛЬ выходзіць і праз момант яшчэ адзін блёк ляціць да ІЗІ, які падхоплівае яго, разьюшана кідае ў БЭЙКЕРА й ЧАРЛІ, якія ловяць яго й кладуць на падлогу. ІЗІ выходзіць за кулісы. З свайго ранца ЧАРЛІ дастае маленькае радыё, якое затым уключае. Яму пашчасьціла, і ён злавіў сваю любімую песьню на сярэдзіне першага куплету, які мы ўжо чулі. ЧАРЛІ сьпявае.
ІЗІ (з-за сцэны). Бессэнсоўна. АБЭЛЬ (ветліва, за сцэнай). Бессэнсоўна, прэч.
Чуваць плюху аплявухі й пранізьлівы крык АБЭЛЯ. ІЗІ ўваходзіць з плашкай у руках. Уваходзіць ДОГ з падносам бутаньерак. Ён ставіць паднос на падлогу й бярэ скрынку зь сьцяжкамі.
ДОГ (крычыць за сцэну Абэлю). Абэль! АБЭЛЬ. Плашка, прэч. ДОГ. Цэгла.
Уваходзіць АБЭЛЬ, трымаючыся за вуха й пакрыўджана гледзячы на ІЗІ. ДОГ пачынае раздаваць сьцяжкі. Ён пачынае з АБЭЛЯ, які атрымлівае сьцяжок і ідзе за сцэну. ДОГ дае сьцяжкі БЭЙКЕРУ, ЧАРЛІ й сяму-таму з публікі. Пры гэтым ён падлічвае сьцяжкі, каторыя раздае.
ДОГ. Сонца, шчаўе, раса, вугольле, патэльня, шкарпэтка, лёгкі, яскравы, ніякі, бочка, што, боўдзіла…
ІЗІ, які ўжо паклаў плашку й назірае за ДОГАМ, робіць крок да яго.
ІЗІ. Што? ДОГ (прымае гэта за папраўку). Боўдзіла. ІЗІ. Што?! ДОГ. Боўдзіла! ІЗІ. Што?! ДОГ (раздражнёна пералічвае ўслых, каб пераканацца, што меў рацыю). Сонца, шчаўе, раса, вугольле, патэльня, шкарпэтка, лёгкі, яскравы, ніякі, бочка, што, боўдзіла… ІЗІ. О-о! ДОГ (змучана). Мір!
ДОГ пераключае ўвагу на бутаньеркі. ІЗІ чакае, што яму таксама дадуць адну.
ДОГ (да Ізі). Гніда! (Дае бутаньерку Чарлі.) ЧАРЛІ. Брусок, прэч. ДОГ. Блёк. /*Наступны./
БЭЙКЕР выходзіць наперад і атрымлівае сваю бутаньерку.
БЭЙКЕР. Брусок, прэч. ДОГ (кліча Абэля). Блёк! Абэль!
АБЭЛЬ выходзіць на сцэну й атрымлівае сваю бутаньерку. Ён пакрыўджана трымаецца за вуха й глядзіць на ІЗІ.
АБЭЛЬ. Брусок, прэч. (Ідзе назад да грузавіка.)
ДОГ чакальна глядзіць на ІЗІ.
ДОГ. Плашка? /*Парадак?/ ІЗІ. Блёк. ДОГ. Плашка. ІЗІ. Блёк. ДОГ. Плашка.
Ён відавочна чакае, што ІЗІ працягне працу. ІЗІ пераглядае накрыс, зноў кладзе яго ў кішэню й нэрвова крычыць АБЭЛЮ.
ІЗІ. Блёк!
Ён зьдзіўляецца й адчувае палёгку, бо ляціць блёк. Да гэтага часу ЧАРЛІ, які вінавата выключыў радыё, як толькі зьявіўся ДОГ, пасьпеў заняць сваё месца, гэтаксама й БЭЙКЕР. Блёк перадаецца па ланцугу да ІЗІ, які кладзе яго на плашкі.
ІЗІ (выкрыквае). Блёк!
Яшчэ адзін блёк перадаецца гэткім жа шляхам. Задаволены ДОГ сыходзіць.
ІЗІ (выкрыквае). Блёк!
На сцэну шпурляецца плашка. БЭЙКЕР падхоплівае яе й перадае ЧАРЛІ, які, аднак, прадчувае рэакцыю ІЗІ, і нясе плашку ў заднюю частку сцэны, каб пакласьці да блёкаў на падлогу.
ІЗІ (гучна выкрыквае). Блёк!
Шпурляецца яшчэ адна плашка, і БЭЙКЕР зь няменшай кемлівасьцю адносіць яе ў заднюю частку сцэны. ІЗІ ваяўніча выходзіць да АБЭЛЯ.ЧАРЛІ. Ён што, крэтын? БЭЙКЕР. Ён што, крэтын? Раса – таксоўка – варэньне. /* «Варэньне» азначае задавальненьне й адабрэньне./ ІЗІ (за сцэнай). Несусьветны дурань! АБЭЛЬ. Прэч?
Пасьля гэтага АБЭЛЬ ізноў крычыць ад болю. ЧАРЛІ зноў уключае радыё. Па радыё піпчыць знаёмы сыгнал часу. БЭЙКЕР зьвярае свой гадзіньнік.Голас з РАДЫЁ. Праверце мармытаць наўрад знадворку. /*Перадаём футбольныя вынікі./
ЧАРЛІ дастае з ранца купон з стаўкамі й пачынае зьвяраць іх. Інтанацыя мовы, якая ліецца з радыё, – даволі пазнавальная. З гэткай інтанацыяй абвяшчаюць перамогі на сваім полі, на полі праціўніка й вынікі лятарэяў. Вось пераклад лічбаў: Нуль = даволі 3 = раса 1 = сонца 4 = вугольле 2 = шчаўе 5 = патэльня. Акрамя таго, «Гадзіньнік» і «Супрацьтуманная фара» адпавядаюць «Сіты» й «Юнайтэд». Такім чынам, вынік «Пікша Гадзіньнік – Пікша Супрацьтуманная фара – даволі:раса» будзе паведамляцца інтанацыяй, адпаведнай, скажам, «Манчэстар «Сіты» – «Манчэстар «Юнайтэд» – 0:3, перамога на полі праціўніка». Радыё пачынае абвестку з словаў «Прадаўгаватае сонца» з інтанацыяй «Дывізія – адзін».
Голас з РАДЫЁ. Прадаўгаватае – Трушок – сонца:даволі, Кромка – Стаянка таксовак – шчаўе:шчаўе, Дыван Гадзіньнік – Труба Гадзіньнік – даволі:шчаўе, Сумка – Пікша Гадзіньнік – шчаўе:даволі, Пікша Супрацьтуманная фара – Цуд – раса:даволі, Пікніковая…
ЧАРЛІ пры гэтым прысьвіствае: перамога на полі праціўніка 5:0. Тым часам ізноў уваходзіць ІЗІ з высокім стосам блёкаў. За ім кульгае АБЭЛЬ з падобным стосам. ІЗІ ставіць свае блёкі на зямлю. Ён заўважае радыё й тое, што ЧАРЛІ зьвярае стаўкі. ІЗІ выцягвае свой купон з стаўкамі й аловак, але потым усьведамляе, што нічога ня можа разабраць з таго, што гаворыцца па радыё.
ІЗІ (агаломшана). Вы ня супраць, калі я ў вас нешта запытаю? На якой вы хвалі?
Тым часам БЭЙКЕР пачаў складаць акуратную сьценку з блёкаў і плашак, якія былі прынесеныя дагэтуль. Цяпер відаць, што на некаторых блёках напісаныя розныя літары. ІЗІ адкладае свой купон з стаўкамі й дадае блёкаў да прыступак. АБЕЛЬ кідае свой стос блёкаў каля БЭЙКЕРА й кульгае назад за сцэну, да грузавіка. Уваходзіць ДОГ.
ДОГ (да Ізі). Ідыёцкі падхалім. /*Чырвоны дыван./ ІЗІ (хапае Дога за штрыфелі). Асьцярожней!
ДОГ зьдзіўлена вызваляецца.ДОГ (да Ізі). Паўднё – ідыёцкі падхалім? БЭЙКЕР (да Дога). Цэгла, прэч. /*Сюды, сэр./ ДОГ. Ах, брусок.
БЭЙКЕР паказвае на дыван. ДОГ разгортвае чырвоны дыван так, што атрымліваецца дарожка ад мікрафона да кулісаў. Як толькі ДОГ увайшоў, ЧАРЛІ адключыў радыё, і цяпер БЭЙКЕР ізноў далучаецца да яго, каб разам будаваць сьцяну. ІЗІ ўжо скончыў прыступкі. Зробленая й сьцяна. БЭЙКЕРА й ЧАРЛІ не відаць, бо яны будавалі сьцяну, стоячы за ёю, і цяпер схаваныя за ёю. Такім чынам, відаць толькі ІЗІ, які стаіць перад сьцяной. Ён яшчэ не заўважыў літар, якія складаюць:
ІЗІ дастае з кішэні накрыс і зноў вывучае яго. ДОГ заўважае сьцяну. Ён глядзіць на ІЗІ. ІЗІ глядзіць на сьцяну, потым – на ДОГА. Ён усьміхаецца. ДОГ зьлёгку б’е ІЗІ па шчацэ. ІЗІ адкрывае рот, каб выказаць пратэст. ДОГ моцна б’е яго кулаком па другой шчацэ, і ІЗІ ляціць празь сьцяну, якая ад гэтага развальваецца. ДОГ бярэ аркуш паперы з кішэні ІЗІ й уважліва разглядае яго. ІЗІ падымаецца з падлогі. ЧАРЛІ й БЭЙКЕР ізноў займаюць свае пазыцыі. ДОГ аддае ІЗІ паперу.
ІЗІ. Слухайце, што ў вас за гульні? ДОГ. Брусок. /*Дзякуй./ ІЗІ. Га? ДОГ. Брусок. (Затым ён крычыць Абэлю.) Брусок! Абэль!
Да БЭЙКЕРА ляціць брусок, перадаецца ЧАРЛІ, перадаецца ІЗІ, які кладзе яго, куды трэба.ДОГ (да Чарлі й Бэйкера). Плашка? ІЗІ. Брусок. ДОГ. Плашка. ЧАРЛІ і БЭЙКЕР. Брусок, прэч! ІЗІ (злосна). Прэч!
ДОГУ гэта прыемна й ён усьміхаецца.
ІЗІ цалкам разгублены. Задаволены ДОГ выходзіць.
ІЗІ. Брусок!
Яшчэ адзін брусок гэтак жа трапляе на месца.ІЗІ. Брусок!
Павольна ляціць плашка, і ЧАРЛІ з БЭЙКЕРАМ разам падхопліваюць яе. У тую ж хвіліну яны нясуць яе ў заднюю частку сцэны й кладуць на падлогу ў падмурак новай сьцяны. Яны пачынаюць будаваць сьцяну наноў. Тым часам ІЗІ выходзіць да АБЭЛЯ, і, як толькі ён апынаецца за сцэнай, чуваць моцны ўдар кулаком і крык АБЭЛЯ. Уваходзіць, кульгаючы, АБЭЛЬ, які трымаецца за вуха й пацірае сьпіну.ІЗІ (за сцэнай). Брусок!
Праз АБЭЛЕВУ галаву павольна ляціць брусок. Засьпеты зьнянацку АБЭЛЬ хапае брусок і кладзе яго на прыступкі. Гэта паўтараецца зноў і зноў, пакуль БЭЙКЕР і ЧАРЛІ будуюць наноў сьцяну. АБЭЛЬ, аднак, робіць з брускоў вежу, замест таго каб класьці новы ўзровень. Пасьля сямі брускоў, як радасны сабачка, уваходзіць ІЗІ, бачыць брусковую вежу, якая пагражае зрынуцца, і ледзь пасьпявае прадухіліць яе падзеньне. Тым часам БЭЙКЕР і ЧАРЛІ схаваліся зь віду, бо зноў пабудавалі сьцяну, на якой цяпер напісана:
Уваходзіць ДОГ. Ён нясе маленькі столік з срэбнымі прызамі, прыкрытымі аксамітнай матэрыяй. Ён падыходзіць да мікрафона й правярае яго.ДОГ. Сонца, шчаўе, раса…
Мікрафон не працуе. ДОГ (да Бэйкера). Пікша сьвятар. БЭЙКЕР. Пікша, прэч? ДОГ. Сьвятар.
БЭЙКЕР ідзе да мікрафона й уключае яго.ДОГ. Сонца, шчаўе, раса… Кеды. /*Выдатна./
Мікрафон працуе. Тым часам ІЗІ належным чынам паклаў брускі, якія ўтвараюць пляцоўку над прыступкамі. Аднак яму не хапае аднаго бруска. АБЭЛЬ ідзе назад да грузавіка.ІЗІ. Бруска не хапае. ДОГ (да Ізі). Цэглы? ІЗІ. Бруска! ДОГ. Цэглы. ІЗІ. Бруска!
З грузавіка павольна ляціць брусок, ІЗІ падхоплівае яго – і прыступкі гатовыя. ДОГ паварочваецца, каб выйсьці, бачыць новую сьцяну з надпісам і глядзіць на ІЗІ. ІЗІ глядзіць на сьцяну. Затым – на ДОГА.
ІЗІ. Мір!
ДОГ куляе яго ўдарам празь сьцяну, якая развальваецца. ДОГ выходзіць. ЧАРЛІ й БЭЙКЕР пачынаюць зьбіраць кампанэнты сьцяны.
ІЗІ (крычыць наўздагон Догу). Паршывец! /*Кветкі!/
ЧАРЛІ, БЭЙКЕР і ІЗІ стаяць няроўным ланцужком уздоўж дывана. ДОГ зараз жа зьяўляецца з букетам, загорнутым у цэляфан і перавязаным чырвонай стужкай. Важна, каб букет кідаўся ў вочы, бо ён зьяўляецца ў другой частцы п’есы. ДОГ дае букет ЧАРЛІ. Грае маршавая музыка. ЧАРЛІ перадае букет БЭЙКЕРУ, які дае яго ІЗІ. ІЗІ торкае букет ДОГУ ў рукі, як той выходзіць. Разьюшаны ДОГ вяртаецца й аддае кветкі назад ІЗІ, які дае іх АБЭЛЮ, як той уваходзіць. АБЭЛЬ аддае іх ЧАРЛІ, той губляе іх, калі будуе наноў сьцяну. ІЗІ выходзіць і вяртаецца з насьцілам для пляцоўкі. ЧАРЛІ й БЭЙКЕР, да якіх цяпер далучыўся АБЭЛЬ, будуюць наноў сьцяну, затым дастаюць з кішэняў свае маленькія сьцяжкі й пачынаюць махаць імі. Няшчасны ІЗІ далучаецца да іх. Уваходзіць ДАМА, за ёю з ухмылкай ідзе ДОГ. Грае музыка, трапечуцца сьцяжкі. ДАМА падыходзіць да мікрафона. Музыка сьціхае, і ДАМА зьбіраецца сказаць прамову, напісаную на акуратнай паштоўцы, якую ДАМА трымае ў руцэ, апранутай у пальчатку.
ДАМА (мілым голасам). Неахайныя падлюгі, паршыўцы, цяжкія падлеткі, шалёнікі й чысьцёхі… (Кшталту: «Вашая Сьветласьць, спадары й спадарыні, хлопчыкі й дзяўчынкі…») Сумны факт, малалетні вылюдак скуголіць, рыгае, харкаецца, ягоны начны гаршчок сьмярдзіць; дурні вырастаюць і крадуць; сьмярдзючыя шкарпэткі, мокрыя саплівыя насоўкі, азартныя гульні, даўгі; другасортныя кнігі, мацюкі, дваровая багна, мастурбацыя, пранцы, прышчы, падлюгі, вісячыя замкі, напрошваюцца, каб ім далі ў карак ці скруцілі рукі, недатумкі; трапляюць у пастарунак, рабуюць, жлукцяць кока-колу, зьдзяйсьняюць налёты на банкі. …Калі шчыра, не магу лупцаваць дзяцей. Mens sana in corpore sano.
Аплядысмэнты. ДАМА сыходзіць з плятформы пры дапамозе ДОГА. Яны становяцца каля століка. ДОГ здымае аксаміт, і мы бачым школьныя ўзнагароды.
ДОГ (паказвае школьныя прызы й чытае). Чапяла ў варэньні, узышло сонца – Фокс Мажор.
ФОКС выходзіць з публікі, зь левага боку, узыходзіць па прыступках на сцэну й забірае свой прыз. Ён паціскае руку ДАМЕ, якая сьвеціцца ад шчасьця.
ФОКС. Брусок, печ. /*Дзякуй, мадам./ (Сыходзіць уніз да публікі, але ўправа.) ДОГ. Як грымзала прымат што, узышло сонца – Фокс Мажор.
ФОКС, які ўсё яшчэ знаходзіцца каля пярэдніх крэслаў, паварочваецца й нязграбна праціскаецца паміж двума радамі.
ФОКС (пераступаючы празь людзкія ногі, перапрашальна ўскрыквае). «Жалязьзё» /*Прабачце./ (Выходзіць на сцэну й забірае гэты прыз, як і папярэдні.) ДОГ. Карункавыя манжэты пусты крыж… Шалёныя ранішнія прабежкі… Адстаўка пудзеляў… Дынныя ногі арачныя ліхтары… Штамп за раскачваньне тазам… У чорную сажу піргні нас… Справядліва чэлесы падвойваюцца… Неўтаймавана элегантны… Шпунт… Фокс Мажор. (Дог увесь час ставіць гэтыя прызы на аксаміт, якім яны былі раней прыкрытыя і які ён паклаў на памост, пабудаваны Ізі.)
ФОКС ускрыквае ад радасьці, калі чуе сваё імя, і сьпяшаецца на сцэну, як і раней, але бярэ столік, які цяпер ужо амаль пусты, і выходзіць трыюмфальна ў левую кулісу. Падчас прэзэнтацыі АБЭЛЬ, БЭЙКЕР і ЧАРЛІ махаюць сьцяжкамі кожны раз, як ФОКС узыходзіць на сцэну, але на тварах у іх незадаволенасьць і нудота.
ДОГ. Практычна… Гелмет шкарпэткі на ноч Даніі. /*А цяпер… Гамлет, прынц Дацкі./ МІСІC ДОГ (папраўляе яго). Гамлет… ДОГ. Гамлет шкарпэткі на ноч Даніі, сьнежны чалавек Шэксьпір. (Да Місіс Дог.) Паршывец? МІСІC ДОГ. Паршывец… паршывец… паршывец? /*Кветкі?/ (Яна глядзіць на школьнікаў, якія ня ведаюць, дзе што. Місіс Дог адварочваецца ад іх і дае Даме сваю бутаньерку, зь лёгкім рэвэрансам. Да Дамы.) Грыжа, гнілыя ныркі, сьмярдзючыя нарывы, шчыра гангрэна пад пахамі прарываюцца лічынкамі мясных мух… ДАМА (з імпэтам і шармам). Хай спруцянее клюб багатыроў!
Музыка. ДОГ, МІСІC ДОГ і ДАМА выходзяць уздоўж сьцяны. ДАМА заўважае надпіс на сьцяне, дзе гаворыцца:
Яна агаломшаная, але храбра працягвае выходзіць. ДОГ кідае гняўлівыя позіркі на ІЗІ. Як толькі ДАМА й МІСІC ДОГ сыходзяць з сцэны, ДОГ разварочваецца й маршыруе назад да ІЗІ. ІЗІ глядзіць на ДОГА. ДОГ глядзіць на сьцяну. ІЗІ пакорліва кідаецца празь сьцяну, каторая разбураецца. ДОГ выходзіць. ІЗІ ўстае.
ІЗІ (разьюшана крычыць наўздагон Догу). Мех з друхлом! Тыфозны ёлупень!
АБЭЛЬ, БЭЙКЕР і ЧАРЛІ таксама пакрыўджаныя на ДОГА, і ўсе іхныя наступныя словы, як і словы ІЗІ, – гэта абразы ў адрас ДОГА, хаця неабавязкова выкрыкнутыя наўздагон.БЭЙКЕР. Мір! Айва гараж! ІЗІ. Крывадушны сутэнэр і падхалім! ЧАРЛІ. Рамонкавы спадар! ІЗІ. Садыст! Фашыст! АБЭЛЬ. Рыбкі! Паўднё! ІЗІ. Надакучлівы вырадак! Вар’ят! АБЭЛЬ. Авакадна-замкавая канапа Дог! ІЗІ. Я павыпускаю яму вантробы! Не сысьці мне з гэтага месца, калі я гэтага не зраблю! АБЭЛЬ (да Ізі пра Дога). Авакадна-замкавы сігарны дым. ІЗІ (да Абэля). Праўда! Не сысьці мне з гэтага месца! Дам яму пад задніцу! БЭЙКЕР (да Ізі). Айвовы таросісты лёд! ІЗІ (да Бэйкера). Праўда! ЧАРЛІ. Рамонкавы спадар! БЭЙКЕР. Плашка прэч, гніда прэч. ІЗІ. Тры мяхі з друхлом! Шалёны выскачка-неданосак! ЧАРЛІ. Рамонкавая ваніль! ІЗІ. Спадар! Айвовая багна! Каб ягоную машыну пранцы ўзялі за ягоны мір – так што дапамажы мне, Дог, пабачыш авакада! Плашка. БЭЙКЕР. Ідыёцкі падхалім. ІЗІ. Плашка. Крэтын, лыч сьвіны? БЭЙКЕР. Крэтын, лыч сьвіны? Вугольле: боўдзіла. /*4:10./ ІЗІ. Што? БЭЙКЕР. Боўдзіла. ІЗІ. Брусок.
Увесь гэты час АБЭЛЬ, БЭЙКЕР і ЧАРЛІ наноў будавалі сьцяну, а ІЗІ скручваў чырвоны дыван. Цяпер ІЗІ пачынае зьбіраць усе сьцяжкі, пачынаючы зь сьцяжкоў АБЭЛЯ, БЭЙКЕРА й ЧАРЛІ, пакіданых з агідай на падлогу. Ён забірае сьцяжкі ў публікі й адначасова падлічвае іх, пры гэтым ён дзякуе кожнаму, кажучы: «Брусок».
ІЗІ. Сонца, шчаўе, раса, вугольле, патэльня, шкарпэтка, лёгкі, яскравы, ніякі, ночка, што, боўдзіла!
АБЭЛЬ, БЭЙКЕР і ЧАРЛІ толькі што скончылі будаваць сьцяну й схаваныя за ёю. ІЗІ ідзе да выйсьця, калі мы чуем…
БЭЙКЕР (з-за занавеса паказвае на мікрафон). Пікша.
ІЗІ вяртаецца й забірае з сабой мікрафон. Перш, чым выйсьці…
ІЗІ. Гамлет шкарпэткі на ноч Даніі. Сьнежны чалавек Шэксьпір.
На сьцяне напісана:
Мяняецца асьвятленьне, і чуваць фанфары. Уваходзіць ДОГ, апрануты для ўдзелу ў «15-хвілінным Гамлеце». Ён ідзе да памосту, зь якога кажа пралёг да «Гамлета», і затым выходзіць. Пасьля гэтага сьцяна й прыступкі выкарыстоўваюцца ў якасьці сьценаў і крапасных валоў Эльсынору. На заднім пляне, на сцэне, зьлева й справа па шырме. На левай шырме ўверсе – карніз, пры дапамозе якога з-за шырмы выкідаюцца выразаныя сонца, месяц ці карона.
На пярэднім пляне сцэны начэпленая на стрыжань дзвюхмерная выразаная магіла АФЭЛІІ.
ПРАЛЁГ
Уваходзіць ШЭКСЬПІР, кланяецца.ШЭКСЬПІР. Вялікі дзякуй за дазвол ваш добры. Такі парадак. І хоць я тутэйшы, І мог бы прызвычаіцца – аднак Яго лепш адмяніць, чым захаваць. Што ж. Будзе так. Гніль завялася ў Дацкім каралеўстве. Пытаньне: быць альбо ня быць? Што лепей? У небе й на зямлі ёсьць болей рэчаў, Чым сьніцца філязофіі тваёй. Ёсьць нехта, хто канчае нашы справы Па-свойму, не зважаючы на нас. У вар’яцтве гэтым ёсьць свая пасьлядоўнасьць. Я жорсткім стаў, але хацеў быць добрым. Трымаць іх, як люстэрка перад прыродай. Хутчэй здавацца сумным, чым сярдзітым.
ДАМА, якая сядзіць сярод публікі, крычыць: «Варэньне!»
Дама зашмат абяцае. Кот мяўкае, і Дог глядзіць у лес!
ШЭКСЬПІР кланяецца й выходзіць. Канец пралёгу.
Зубчастыя сьцены замку. Грымоты й вецер. Уваходзяць два вартаўнікі: БЭРНАРДА/МАРЦЭЛ і ФРАНЦЫСКА/ГАРАЦЫЁ. Вартаўнікоў граюць АБЭЛЬ і БЭЙКЕР адпаведна. Яны апранутыя, як для тыповай Шэксьпіраўскай п’есы – праўда, на іх кароткія нагавіцы. Вартаўнікі на пляцоўцы.БЭРНАРДА. Хто тут? ФАНЦЫСКА. Адказвай першы; стой і адзавіся. БЭРНАРДА. Няхай жыве кароль! Ідзі ўжо спаць. ФАНЦЫСКА. Вялікі дзякуй за дазвол ваш добры. БЭРНАРДА. Ну што, ізноў зьяўляўся гэты самы? ФРАНЦЫСКА. Маўчы! Глядзі, ён зноў ідзе сюды! БЭРНАРДА. Якраз такі, як наш кароль-нябожчык. ФРАНЦЫСКА. Я небам заклінаю, гавары! БЭРНАРДА (паказвае й глядзіць у левы бок сцэны). Ён тут! ФРАНЦЫСКА (паказвае й глядзіць у правы бок сцэны). Ён тут! БЭРНАРДА (глядзіць управа). Пайшоў. ФРАНЦЫСКА: А вось і золак у плашчы пурпурным Выходзіць на расістыя ўзвышшы.
На словах «А вось і золак» выразанае сонца пералятае празь левую шырму й апускаецца на яе.БЭРНАРДА. Патрэбна, каб прынц Гамлет знаў пра тое, Што бачылі мы ўночы…
Выходзяць. Канец сцэны.
Каралеўскі пакой у замку. Празь левую шырму перакідваецца выразаная карона. Фанфары. Уваходзяць КЛАЎДЗІ і ГЕРТРУДА, якую грае МІСІC ДОГ. КЛАЎДЗІ. Хаця нябожчык Гамлет, любы брат наш, Пакінуў нас нядаўна…
Уваходзіць ГАМЛЕТ, якога грае ФОКС МАЖОР. Мы нашую сястру і каралеву Ўзялі за жонку. А ты, сваяк мой Гамлет, любы сыне?.. ГАМЛЕТ. Амаль сваяк, але зусім ня сын.
КЛАЎДЗІ і ГЕРТРУДА выходзяць. О, растаўчы б крутое гэта цела, Разьбіць ушчэнт, рассыпаць, як расу! Двух месяцаў, як ён памёр, няма, Той, хто любіў так моцна і аддана! Падступнасьць – вось тваё імя, жанчына! Пайшла за майго дзядзьку, брата бацькі. Бо тое, што з памінак засталося, Даесьці трэба – вось табе і шлюб.
Карона ляціць уніз. Убягае ГАРАЦЫЁ. ГАРАЦЫЁ. Сягоньня ўночы бацька ваш прыходзіў, Прынц, на пляцоўцы, там, дзе мы вартуем. ГАМЛЕТ. Дзіўна, вельмі дзіўна. Узброен, кажаце? ГАРАЦЫЁ. Узброен, прынц… Хутчэй здаваўся сумным, чым сярдзітым. ГАМЛЕТ. Дух бацькі ў зброі! гэта не к дабру. Тут нешта ёсьць. Не дачакацца ночы.
Выскоквае месяц. Выходзяць на парапет. Канец сцэны.
Зубчастыя сьцены замку. Шум пагулянкі, гарматных стрэлаў, фаервэркаў. ГАРАЦЫЁ
й ГАМЛЕТ зьяўляюцца на пляцоўцы, пабудаванай ІЗІ.ГАМЛЕТ. Кароль банкет спраўляе на ўсю ноч. Такі парадак, і хоць я тутэйшы, Я мог бы прызвычаіцца – аднак Яго лепш адмяніць, чым захаваць.
Гудзе вецер.ГАРАЦЫЁ. Глядзіце, прынц, глядзіце, вунь ідзе.
ЗДАНЬ уваходзіць па сьцяне, пабудаванай з блёкаў.ГАМЛЕТ. Ратуйце нас, о сэрафімы неба! Гніль завялася ў Дацкім каралеўстве! Здань бедная. ЗДАНЬ. Я твайго бацькі дух. Адпомсьці за ягоную душу Й нялюдзкае і подлае забойства. ГАМЛЕТ. Забойства? ЗДАНЬ. Ведай, сын мой: люты змей, Што атруціў мяне, надзеў маю карону. ГАМЛЕТ. Мая душа, ты прадчувала! Дзядзька! (Здань выходзіць. Гамлет – да Гарацыё.) У небе й на зямлі ёсьць болей рэчаў, Чым сьніцца філязофіі тваёй. (Гарацыё выходзіць.) На нейкі час прыкінуся вар’ятам. Век вывіхнуўся. О, пракляты лёс, Навошта ты мяне сюды прынёс Лячыць хваробы часу!
ГАМЛЕТ выходзіць. Месяц зьнікае.
Пакой у замку. Зьяўляецца карона. Фанфары, за імі гучаць флейта й клявэсін. Уваходзіць ПАЛОНІ. Падбягае АФЭЛІЯ. АФЭЛІЮ грае, натуральна, ЧАРЛІ.ПАЛОНІ. А ты чаго, Афэлія? У чым справа? АФЭЛІЯ. Я, татачка, хусьцінку вышывала, Ў пакоіку сядзела; раптам – стук; І вось прынц Гамлет – без капелюша Камзэлька нарасхліст, сам белы-белы. Трасецца, уздрыгвае, блукаюць вочы, Ён жаласны, разгублены такі Ўбег і стаў. ПАЛОНІ. Шалёны ад каханьня? Вар’яцтва Гамлета прычыну я знайшоў! (Уваходзіць Гамлет, Афэлія выходзіць.) Вось ён ідзе, маркотны, і чытае. Што гэта Вы чытаеце, мой прынц? ГАМЛЕТ. Словы, словы, словы. ПАЛОНІ. У гэтым вар’яцтве ёсьць свая пасьлядоўнасьць. ГАМЛЕТ. Я вар’ят толькі пры норд-норд-вэсьце: калі вецер дзьме з поўдня, я адрозьніваю сокала ад бусла. (Закрывае кнігу, б’ючы ёю Палонію ў грудзі.) ПАЛОНІ. Да нас прыехалі акторы, мой прынц. (Выходзіць.) ГАМЛЕТ. Тады мы заўтра п’есу паглядзім. Я чуў, калісь ў тэатры ліхадзеі Бывалі так мастацкаю ігрою Узрушаныя часам, што нарэшце Публічна прызнаваліся ў злачынствах. Дык вось няхай акторы перад дзядзькам Пакажуць што-небудзь, што б нагадала Яму забойства брата. Пагляжу, Калі ён дрогне – ясна будзе ўсё. Паставім п’есу: пастка і пятля, – І выявім сумленьне караля. (Паўза.) Пытаньне: быць альбо ня быць? (Прыстаўляе да сэрца кінжал, выцягнены з рукава. Уваходзяць Клаўдзі і Афэлія.) Што лепей? АФЭЛІЯ. Мой прынц! ГАМЛЕТ. У манастыр!
АФЭЛІЯ й ГАМЛЕТ выходзяць.КЛАЎДЗІ. Тут не каханьне – іншая хвароба. Аднак ён не вар’ят. Яго туга Наседжвае штось іншае, таму Ён безадкладна ў Англію паедзе.
КЛАЎДЗІ выходзіць. Канец сцэны.
Заля ў замку. Фанфары. Уваходзяць ГАМЛЕТ, АФЭЛІЯ, МАРЦЭЛ з ГАРАЦЫЁ (жартуючы), КЛАЎДЗІ і ГЕРТРУДА. Лялечныя акторы зьяўляюцца над левай шырмай.ГАМЛЕТ (да лялечных актораў). Прамаўляйце свае словы, малю вас, бойка, як я вам наказаў. Няхай будуць яны люстэркам перад прыродай.
Усе сядаюць, каб паглядзець гульню лялечных актораў. Музыка як у батлейцы.ГАМЛЕТ (да Гертруды). Мая каралева, як Вам падабаецца п’еса? ГЕРТРУДА. Як па мне, дама зашмат абяцае. ГАМЛЕТ. Ён атручвае яго ў ягоным уласным садзе. Зараз вы ўбачыце, як забойца дамагаецца каханьня Ганзагавай жонкі. (Клаўдзі устае.) Кароль устае. (Спыняецца музыка. Усчынаецца гуд галасоў.) Што, спужаўся халастога стрэлу?
КЛАЎДЗІ выходзіць.УСЕ. Спыніце спэктакль!
Лялькі зьнікаюць, зьнікае карона.ГАМЛЕТ. Сьвятла! Сьвятла! Сьвятла! Даю тысячу фунтаў, здань мела рацыю!
Выходзяць усе, акрамя ПАЛОНІЯ.ПАЛОНІ (стоячы ўбаку).
Да маці ён пайшоў. За дываном ёсьць месца, Дзе я схаваюся – там чутна будзе ўсё.
Канец сцэны.
Пакой каралевы. ПАЛОНІ стаіць за правай шырмай. З-за шырмы ён перавешвае полаг. Грае лютня. Уваходзяць ГАМЛЕТ і ГЕРТРУДА.ГАМЛЕТ. Ну, маці, што мне скажаш? ГЕРТРУДА. Гамлет, ты моцна пакрыўдзіў свайго бацьку. ГАМЛЕТ. Маці, ты моцна пакрыўдзіла майго бацьку. (Хапае яе.) ГЕРТРУДА. Што ты надумаў, Гамлет? Ты хочаш загубіць мяне? Ратуйце! ПАЛОНІ (за габэленам). Гэй! Гэй! Ратуйце! ГАМЛЕТ. Ага, пацук! (Заколвае Палонія.) Даю дукат, забіты! ГЕРТРУДА. О божа, што ты нарабіў? ГАМЛЕТ. Я сам ня ведаю. ГЕРТРУДА. А божа, ён вар’ят! ГАМЛЕТ. Я жорсткім стаў, але хацеў быць добрым. Дабранач, маці.
ГАМЛЕТ выходзіць і цягне за сабой ПАЛОНІЯ. ГЕРТРУДА выходзіць, рыдаючы. Полаг уцягваецца назад за шырму. Канец сцэны.
Іншы пакой у замку. Фанфары. Вывешваецца карона. Уваходзяць КЛАЎДЗІ і ГАМЛЕТ.КЛАЎДЗІ. Што скажаш, Гамлет, дзе Палоні? ГАМЛЕТ. На вячэры. (Няўклюдна хавае шпагу.) КЛАЎДЗІ. Мы вырашылі як мага хутчэй Дзеля твайго спакою, мілы Гамлет, Цябе адсюль справадзіць. Дык рыхтуйся, Бо Англія вам рукі прасьцірае. (Гамлет выходзіць.) О Англія! Калі шануеш ты Маю прыхільнасьць і маю магутнасьць – Уважыш ты дзяржаўны наш загад. Адзначана ў лісьце – мы прапануем Сьмерць Гамлета. І ты зрабі нам гэта.
КЛАЎДЗІ выходзіць. Карона зьнікае. Канец сцэны.
У моры. Марская музыка. Над левай шырмай зьяўляецца ветразь. На памост узыходзіць ГАМЛЕТ і раскачваецца, як на карабельным мосьціку. Ён выцірае сьлёзы, і яму робіцца дрэнна праз марскую хваробу. Марская музыка сьціхае. ГАМЛЕТ выходзіць, трымаючы руку каля роту.
Яшчэ адзін пакой у замку. Фанфары. Уваходзяць КЛАЎДЗІ і ЛАЭРТ. ЛАЭРТ. Дзе бацька мой? КЛАЎДЗІ. Памёр.
Уваходзіць АФЭЛІЯ ў вар’яцкім трансе. Сьпявае й трымае ў руцэ букет кветак, загорнуты ў цэляфан і перавязаны чырвонай стужкай. Грае лютня.АФЭЛІЯ. У труне ляжыць ён непакрыты, (Пасьля першага радка яна дае кветку Лаэрту.) Гэй люлі-люлі, гэй люлі! (Пасьля другога радка яна б’е букетам Лаэрту па жываце. Гэта, вядома ж, гэны букет, якога не знайшлі пасьля прамовы.) Сьлёзы горкія над ім пралітыя…
Пасярод трэцяга радка яна зьнікае за левай шырмай і спыняецца там. КЛАЎДЗІ і ЛАЭРТ узіраюцца ў той бок, дзе яна зьнікла, а яна перабягае за імі на другі бок.ЛАЭРТ. Агонь, спалі мяне – о, любая сястра, (Афэлія падае на зямлю. Яна падхоплівае кветку, кінутую з-за правай шырмы.) Каб мела розум ты і гаварыла: Адпомсьці, брат, – лягчэй бы мне было. Пара мне разьлічыцца! КЛАЎДЗІ. Так, пара. Крыўдзіцель не ўцячэ ад тапара.
КЛАЎДЗІ і ЛАЭРТ выходзяць. АФЭЛІЯ сядае, каб дацягнуцца да надмагільнай памяткі, якую яна падцягвае ўніз, і хаваецца за ёю. Звон зьвініць чатыры разы.
Канец сцэны.
Цьвінтар. Уваходзяць ДАЛАКОП і ГАМЛЕТ.ГАМЛЕТ. І двух дзён мы не былі ў моры, як вельмі ваяўнічыя піраты пагналіся за намі. Калі яны пайшлі на абардаж, я пераскочыў да іх. У адно імгненьне адчапіліся яны ад нашага карабля; і я адзін быў паланёны. Яны да мяне ставіліся як высакародныя разбойнікі. ДАЛАКОП. Хто будуе трывалей за муляра, карабельніка ды цесьлю? ГАМЛЕТ. Трунар. Ягоныя дамавіны павінны трымацца ажно да Суднага дня. (Далакоп дае Гамлету чэрап.) Чый гэна? ДАЛАКОП. Гэты самы чэрап, сэр, належаў Ёрыку, каралеўскаму блазну. ГАМЛЕТ. Шкада, бедны Ёрык. (Аддае чэрап далакопу.) Але цішэй – ідзе Лаэрт. (Адыходзіць убок.)
Уваходзіць ЛАЭРТ.ЛАЭРТ. Які яшчэ абрад? Бярыце дамавіну, апускайце, – Няхай жа з хараства і чысьціні Фіялкі ўзыдуць! Знай, бяздушны поп, Мая сястра сярод анёлаў будзе, Калі ты сам узвыеш у смале. ГАМЛЕТ (хаваецца за цагляным памостам). Чароўная Афэлія?!.. ЛАЭРТ. Пракляты тройчы! Не, зямлі ня рушце, Хачу ў апошні раз цябе абняць. ГАМЛЕТ (выходзіць на месца дзеяньня). Чый гэта сум так пышна выяўляўся? Я – Гамлет, Дацкі прынц! ЛАЭРТ. Няхай цябе ухопіць д’ябал!
Усчынаецца бойка.ГАМЛЕТ. Прэч рукі! КЛАЎДЗІ і ГЕРТРУДА раздымаюць іх. КЛАЎДЗІ і ГЕРТРУДА. Гамлет! Гамлет! ГАМЛЕТ. Ды я кахаў Афэлію. Скажы мне, Што ты гатоў зрабіць дзеля яе? ГЕРТРУДА. Лаэрт, ня слухай – ён вар’ят! Выходзяць КЛАЎДЗІ, ГЕРТРУДА, ЛАЭРТ. ГАМЛЕТ. Кот мяўкае, а воўк глядзіць у лес!
Выходзяць. Канец сцэны.
Заля ў замку. Фанфары, перакідваецца карона. Уваходзіць ГАМЛЕТ.ГАМЛЕТ. Ёсьць нехта, хто канчае нашыя справы па-свойму, не зважаючы на нас. Але ты не ўяўляеш, як у мяне на сэрцы цяжка. Ды ўсё адно. Што нам прадчуваньні? У падзеньні вераб’я ёсьць воля лёсу. Калі адбудзецца цяпер, ня здарыцца пасьля. Ня здарыцца пасьля – адбудзецца цяпер. А не адбудзецца цяпер, усё роўна калі-небудзь ды здарыцца. Быць напагатове – вось і ўсё. (Уваходзяць Лаэрт з Озрыкам, якія нясуць шпагі. За імі Клаўдзі і Гертруда з кубкамі.) Пачнём, сэр! ЛАЭРТ. Пачнём, мой прынц.
Фанфары. Яны скрыжоўваюць шпагі й б’юцца.ГАМЛЕТ. Ёсьць. ЛАЭРТ. Не. ГАМЛЕТ. На суд? ОЗРЫК. Удар, удар выразны. КЛАЎДЗІ. Чакайце, вып’ем. Гамлет, жэмчуг – твой. Здаровы будзь! (Кідае перліну ў кубак.) Нясіце кубак прынцу. ГЕРТРУДА. За посьпех сына каралева п’е! КЛАЎДЗІ. Ня пі, Гертруда! ГЕРТРУДА. Я вып’ю. ЛАЭРТ. А зараз я крану яго! Гэй, сьцеражыся!
Яны кідаюцца адзін да аднаго й б’юцца.КЛАЎДЗІ. Яны забыліся. Яны ў крыві. Разьняць.
ОЗРЫК і КЛАЎДЗІ раздымаюць іх.ЛАЭРТ. Я паміраю за сваю нявернасьць. (Падае.) ГЕРТРУДА. Пітво! Пітво! Мяне атрутай напаілі. (Памірае.) ГАМЛЕТ. Злачынства! Здрада! Гэй! Шукайце, дзе яна!
Уваходзіць ФАРЦІНБРАС.ЛАЭРТ. Яна тут, Гамлет. Гамлет, ты забіты. І я ляжу тут, не ўздымуся болей. Кароль. Кароль віноўнік. ГАМЛЕТ. І тут? Дык давяршай, атручаная шпага… (Забівае Клаўдзія.)
Карона зьнікае.ЛАЭРТ. Даруй жа мне, як я табе дарую, высакародны Га… м… (Памірае.) ГАМЛЕТ. Усьлед іду я! Не прыйдзецца мне чуць навін ангельскіх. Далей – маўчаньне. (Памірае.) ГАРАЦЫЁ. Сьпі, мой добры прынц. І скон няхай твой адпяюць анёлы. (Паварочваецца й глядзіць у бок, супрацьлеглы публіцы.) Ідзіце, даць залп салдатам загадайце.
З-за сцэны чуваць чатыры залпы. Усе ўстаюць. Кланяюцца й выходзяць. Канец.
ВЫКАНАНЬНЕ НА БІС
Знакі «біс» зьяўляюцца над абедзьвюма шырмамі. Фанфары. Перакідваецца карона. Уваходзяць КЛАЎДЗІ і ГЕРТРУДА.КЛАЎДЗІ. Мы нашую сястру і каралеву (Уваходзіць Гамлет.) Ўзялі за жонку.
Карона зьнікае.ГАМЛЕТ. Да гэткага дайсьці!
КЛАЎДЗІ і ГЕРТРУДА выходзяць. Шуміць вецер. Зьяўляецца месяц. Па версе ўваходзіць ГАРАЦЫЁ.ГАРАЦЫЁ. Сягоньня ноччу бацька ваш прыходзіў, Прынц… ГАМЛЕТ. Ратуйце нас, о сэрафімы неба! (Кажучы астатнія словы, бяжыць за кулісы.) Гніль завялася ў Дацкім каралеўстве!
Па версе ўваходзіць здань.ЗДАНЬ. Я твайго бацькі дух. Ведай, сын мой: люты зьмей, (Па версе ўваходзіць Гамлет.) Што атруціў мяне, надзеў маю карону. ГАМЛЕТ. Мая душа! Ты прадчувала! На нейкі час прыкінуся вар’ятам.
Выскоквае месяц. Выходзяць. Кароткія фанфары. Бегам па нізе ўваходзіць ПАЛОНІ. Выскоквае карона.ПАЛОНІ. Вунь ён ідзе, маркотны, і чытае.
ПАЛОНІ выбягае. Уваходзіць ГАМЛЕТ.ГАМЛЕТ. Я чуў, калісьці у тэатры ліхадзеі Бывалі так мастацкаю ігрою Узрушаныя моцна… (Уваходзяць Клаўдзі, Гертруда , Афэлія; Марцэл і Гарацыё ўваходзяць жартуючы. Усе сядаюць, каб паглядзець уяўную п’есу. Над шырмай зьяўляюцца лялькі.) Калі той дрогне – ясна будзе ўсё. (Музыка як у батлейцы. Клаўдзі ўстае.) Кароль устаў! УСЕ. Спыніць спэктакль!
Усе выходзяць, акрамя ГЕРТРУДЫ й ГАМЛЕТА. Выскоквае карона.ГАМЛЕТ. Даю тысячу фунтаў, здань мела рацыю! (Уваходзіць Палоні, ідзе за габэлен. Кароткія фанфары.) Маці, ты моцна пакрыўдзіла майго бацьку. ГЕРТРУДА. Ратуйце! ПАЛОНІ. Гэй, гэй, ратуйце! ГАМЛЕТ (заколвае Палонія). Даю дукат, забіты!
Мёртвы ПАЛОНІ валіцца за кулісы. ГЕРТРУДА й ГАМЛЕТ выходзяць. Кароткія фанфары. Уваходзіць КЛАЎДЗІ, за ім – ГАМЛЕТ.КЛАЎДЗІ. Дзеля твайго спакою, мілы Гамлет, Цябе адсюль справадзіць. (Гамлет выходзіць.) Зрабі нам гэта, Англія.
КЛАЎДЗІ выходзіць. Уваходзіць АФЭЛІЯ, валіцца на падлогу. Устае й падцягвае магільную памятку, каб накрыцца ёю. Звон зьвініць два разы. Уваходзяць ДАЛАКОП і ГАМЛЕТ.ГАМЛЕТ. Піраты пагналіся за намі. І я адзін быў паланёны. (Бярэ ў Далакопа чэрап.) Шкада, бедны Ёрык. Але цішэй. (Аддае чэрап Далакопу.) Я – Гамлет, Дацкі прынц!
ДАЛАКОП выходзіць. Уваходзіць ЛАЭРТ.ЛАЭРТ. Няхай цябе ўхопіць д’ябал!
Яны пачынаюць біцца, потым кідаюць. Уваходзіць і становіцца паміж імі ОЗРЫК са шпагамі. Яны скрыжоўваюць шпагі. Выскоквае карона. Уваходзяць КЛАЎДЗІ і ГЕРТРУДА з кубкамі.ГАМЛЕТ. Пачнём, сэр!
ЛАЭРТ і ГАМЛЕТ б’юцца.ОЗРЫК. Удар, удар выразны. КЛАЎДЗІ. Нясіце кубак прынцу. Ня пі, Гертруда! ГЕРТРУДА. Мяне атрутай напаілі! (Памірае.) ЛАЭРТ. Гамлет, ты забіты! (Памірае.) ГАМЛЕТ. Дык давяршай, атручаная шпага. (Забівае Клаўдзія. Карона зьнікае.) Далей – маўчаньне. (Памірае.)
Два залпы за кулісамі. Канец.
Усе акторы ўстаюць, каб пакланіцца публіцы. Тым часам уваходзіць, сьвістаючы, ІЗІ, здымае накрыўку з прыступак, бярэ брусок і ідзе зь ім за кулісы. Акторы сыходзяць.ІЗІ (кажа да публікі). Брусок. (Выходзіць за кулісы.)
Кагутаў Макбэт
«Кагутаў Макбэт» прысьвячаецца
чэхаславацкаму драматургу Паўлу Когаўту.
* * *
АСОБЫ:
МАКБЭТ ЛЭДЗІ МАКБЭТ БЭНКА МАКДАФ РОС ДАНКАН МАЛКАЛМ ПЕРШАЯ ВЕДЗЬМА ДРУГАЯ ВЕДЗЬМА ТРЭЦЯЯ ВЕДЗЬМА ПЕРШЫ ЗАБОЙЦА ДРУГІ ЗАБОЙЦА ЛЕНАКС ГАНЕЦ КАГУТ ІНСПЭКТАР ГАСПАДЫНЯ ІЗІ ТРЫ ПАЛІЦЭЙСКІЯ ГОСЬЦІ, ГАЛАСЫ, ГОЛАС ДЗІЦЯЦІ.
* * * Скарочаны «Макбэт» не разьлічаны на нейкую пэўную колькасьць актораў. Лепш за ўсё было б выконваць п’есу, калі ўсе акторы граюць збольшага па адной ролі. Але яна таксама можа выконвацца зь мінімум трыма акторамі й дзьвюма акторкамі. У чэскіх пастаноўках Когаўт разьмяркоўваў ролі наступным чынам (я ня выкарыстаў ДОНАЛБЭЙНА, ПАРАНЕНАГА КАПІТАНА, ЖОНКУ МАКДАФА й ДРУГОГА ГАНЦА): Першы актор: МАКБЭТ Другі актор: ДАНКАН, БЭНКА, МАКДАФ, ПЕРШЫ ЗАБОЙЦА, ГАНЕЦ Трэці актор: РОС, МАЛКАЛМ, ДРУГІ ЗАБОЙЦА, ТРЭЦЯЯ ВЕДЗЬМА Першая акторка: ДРУГАЯ ВЕДЗЬМА, СЛУЖКА Другая акторка: ЛЭДЗІ МАКБЭТ, ПЕРШАЯ ВЕДЗЬМА
* * *
Дзея адбываецца ў гасьцёўні адной кватэры. Грымоты й маланка. ТРЫ ВЕДЗЬМЫ ў цьмяным асьвятленьні.ПЕРШАЯ ВЕДЗЬМА. Калі сустрэнемся мы зноў У час залевы й перуноў? ДРУГАЯ ВЕДЗЬМА. Калі заціхне сумятня Й крывёй насыціцца гайня. ТРЭЦЯЯ ВЕДЗЬМА. Дык значыць – на зыходзе дня. ПЕРШАЯ ВЕДЗЬМА. А дзе? ДРУГАЯ ВЕДЗЬМА. На верасоўі гэтым. ТРЭЦЯЯ ВЕДЗЬМА. Тут мы сустрэнемся з Макбэтам. РАЗАМ. Дабро ў мане, у праўдзе зман, Ляцім жа ў морак і туман!
Гучаць чатыры барабанныя ўдары.ТРЭЦЯЯ ВЕДЗЬМА. Барабан! Барабан! Новы йдзе да нас тыран!
Уваходзяць МАКБЭТ і БЭНКА.МАКБЭТ. Ганебны дзень, аднак і справядлівы. БЭНКА. Да Форасу далёка? Гэта хто? Такія ссохлыя і ў строях дзікіх? Не выдаюць на жыхароў зямлі, Хаця й стаяць на ёй. МАКБЭТ. Адказвайце, як здольныя на гэта! Хто вы?
Ведзьмы абкружаюць МАКБЭТА.ПЕРШАЯ ВЕДЗЬМА. Хвала табе, Макбэт, Гляміскі тан! ДРУГАЯ ВЕДЗЬМА. Хвала табе, Макбэт, Каўдорскі тан! ТРЭЦЯЯ ВЕДЗЬМА. Хвала Макбэту, новаму манарху! БЭНКА. Прарочце мне – таму, хто не благае У вас спагады й злосьці не баіцца! ТРЭЦЯЯ ВЕДЗЬМА. Ты – продак каралёў, ды – не кароль. Хвала, хвала, хвала, Макбэт і Бэнка! ПЕРШАЯ ВЕДЗЬМА. Хвала вам, Бэнка і Макбэт! МАКБЭТ. Яшчэ, вяшчухі сквапныя, яшчэ! БЭНКА. Куды яны падзеліся?
Загараецца сьвятло, і робіцца бачнай гасьцёўня.МАКБЭТ. Ў паветра. Ах, лепш бы засталіся! БЭНКА. Ці сапраўды было, пра што гаворым, Ці мы надыхаліся багуну, Што паланіў наш розум канчаткова? МАКБЭТ. Твае нашчадкі будуць каралямі. БЭНКА. Ты будзеш каралём. МАКБЭТ. Яшчэ яны вярзьлі – Каўдорскім танам? БЭНКА. Так, слова ў слова. (Уваходзіць Рос.) Хто тут? РОС. Кароль шчасьлівы быў пачуць навіны Пра посьпехі твае, Макбэт. Мяне ж Даслаў з падзякай ад яго імя. Ды як задатак міласьцяў вялікіх Цябе Каўдорскім танам ён абвесьціў. БЭНКА. Што? Д’ябал нам сказаў сьвятую праўду? МАКБЭТ. Але Каўдорскі тан яшчэ жывы. Нашто мне скрадзеная апранаха? РОС. Хто танам быў, яшчэ жывы; ды здрадзіў І выкрыты, і здраду сам прызнаў.
РОС аддае МАКБЭТУ ланцуг і пячатку Каўдора.МАКБЭТ (убок). Гляміс, Каўдорскі тан. Прароцтва адбылося. Вось пралёг Да п’есы з каралеўскім антуражам – Вялікі дзякуй, джэнтэльмэны, вам. РОС. Хвала, Каўдор магутны!
РОС і БЭНКА выходзяць.МАКБЭТ (убок). Вы мне ў душу не зазірайце, зоркі, Там чорнага жаданьня прывід горкі.
МАКБЭТ выходзіць. Барабаны.Уваходзіць ЛЭДЗІ МАКБЭТ. Яна чытае ліст.ЛЭДЗІ МАКБЭТ (чытае ўголас). «Калі я застыў нерухома ад зьдзіўленьня, прыйшлі пасланцы караля й віталі мяне як «Каўдорскага тана» – тытулам, якім раней прывіталі мяне багіні лёсу, а далей жа зьвярнуліся яны да мяне гэтак: «Слава наступнаму каралю». Я падумаў, што варта паведаміць табе пра гэта, мая дарагая спадарожніца ў вялікасьці, каб не пазбавіць цябе законнай радасьці ад таго, што ты ня будзеш ведаць, якая вялікасьць цябе чакае». Ты танам стаў Гляміса і Каўдора І пойдзеш далей, як наканавана. Ды сумняюся я ў тваёй натуры: Ты сырадоем дабрыні прапах, Ня здольны крочыць напрасткі да мэты. Хутчэй дадому! Плынь атрутных словаў Залью табе я ў вушы. Языком Зруйную перашкоды, што стаяць Паміж табой і залатой каронай, Якою лёс цябе каранаваў. (Уваходзіць Першы Ганец.) Якія весткі? ГАНЕЦ. Увечары сюды кароль прыедзе. ЛЭДЗІ МАКБЭТ. Ты што, здурнеў? Хіба твой гаспадар ня зь ім? ГАНЕЦ. Адзін з ганцоў прымчаў раней, чым ён. ЛЭДЗІ МАКБЭТ. Ён добрую прынёс нам навіну. (Першы Ганец выходзіць.) Ужо груган хрыпаты напрарочыў Прыезд фатальны Данкана сюды. О, духі цемры, прагныя забойства, Жаноцкасьць павысмоктвайце зь мяне, Кроў атруціце лютасьцю халоднай. (Уваходзіць Макбэт.) Вялікі тан Гляміскі і Каўдорскі! Стакроць вялікшы тытулам наступным!
Яны абдымаюцца.МАКБЭТ. Кароль да нас увечары прыедзе. ЛЭДЗІ МАКБЭТ. Калі зьяжджае? МАКБЭТ. Думае, што заўтра. ЛЭДЗІ МАКБЭТ. Каб заўтра гэтаму ня ўбачыць сонца! Здавайся кветкай, сам жа будзь зьмяёй. (За сцэнай чуваць галасы.) Сустрэчу мы павінны рыхтаваць Сваім гасьцям. МАКБЭТ. Пазьней мы пагаворым. (Выходзіць у дзьверы з правага боку сцэны.)
Зьяўляецца ДАНКАН з БЭНКА й РОСАМ, а таксама двума няпрошанымі гасьцямі ў паліцэйскай форме. Апошнія пачынаюць аглядаць актораў і публіку, высьвечваючы іх кішэннымі ліхтарыкамі, а потым зьнікаюць за кулісамі.ДАНКАН. У добрым і прыемным месцы замак. Так лёгка дыхаць, сьвежае паветра. (Лэдзі Макбэт выходзіць, каб сустрэць яго.) А вось і гаспадыня. (Лэдзі Макбэт робіць рэвэранс.) А дзе Каўдорскі тан? МАКБЭТ (уваходзіць, з парога). Да Вашых я паслугаў. (Робіць крок наперад і кланяецца.) ДАНКАН (да Лэдзі Макбэт). О найшляхетнейшая гаспадыня. Мы – госьць Ваш сёньня. Дайце нам руку.
ЛЭДЗІ МАКБЭТ выводзіць яго ў суправаджэньні РОСА й БЭНКА. МАКБЭТ застаецца.МАКБЭТ. Вось каб – удар, і скончылася справа… Кароль тут у падвойнае бясьпецы. Па-першае, ягоны родзіч я ды падначалены – ужо хапае, каб не рабіць таго, што я зьбіраўся. Затым, ён госьць, і я як гаспадар павінен берагчы яго пэрсону – Ня кідацца з кінжалам на яго. Няма чым распаліць свае намеры, Мо толькі славалюбства, што мяне Самога ж і прыдушыць. (Уваходзіць Лэдзі Макбэт.) Навіны ёсьць? Ці клікаў ён мяне? ЛЭДЗІ МАКБЭТ. Канечне, клікаў. МАКБЭТ. Нам бы лепш спыніцца. ЛЭДЗІ МАКБЭТ. І баязьліўцамі сябе лічыць? Каб «Не магу» перамагло над «Мог бы», Як палахлівы кот, што хоча рыбкі, Але баіцца лапкі намачыць? А ты ўсю сьмеласьць укладзі ў свой меч – І не прайгаеш. Разам пераможам Нябогу-Данкана, калі засьне.
Набліжаецца БЭНКА.МАКБЭТ (крычыць за сцэну). Хто там? (Падыходзіць да акна. За ім – Лэдзі Макбэт.) БЭНКА (праз вакно). Свае. Што, сэр, яшчэ вы не сьпіцё? Кароль у ложку ўжо. Я ўчора ноччу Сасьніў праўдзівых тых сясьцёр-вяшчухаў. МАКБЭТ. Я ўжо забыў пра іх. Ну, то дабранач. БЭНКА. Вялікі дзякуй, сэр. І вам таксама.
МАКБЭТ зачыняе аканіцы.МАКБЭТ. Што тут, перада мной, – няўжо кінжал? І мне ў руку кладзецца рукаяцьце. Рукой не адчуваю, бачу сэрцам. (Чуваць звон.) Пайду зраблю я справу. Кліча звон. Ня слухай, Данкан, гэта звон хаўтурны, Што ў рай ці ў пекла кліча за сабой.
МАКБЭТ выходзіць. Чуваць, як крычыць сава, траскочуць цвыркуны. Уваходзіць ЛЭДЗІ МАКБЭТ з кубкам у руцэ.ЛЭДЗІ МАКБЭТ. Яны п’янеюць – я раблюся сьмелай; Адчыненыя дзьверы, вартавыя Абжэрліся й паснулі ўсе на службе, Бо я ў пітво ім зельля падмяшала, (Гукі савы й цвыркуноў.) кінжалы іх паклала на вачах. Калі б у сьне ня быў такі падобны Да майго бацькі, то сама б забіла. (Уваходзіць Макбэт з двума акрываўленымі кінжаламі.) Мой муж! МАКБЭТ. Зрабіў я справу. Чула шум? ЛЭДЗІ МАКБЭТ. Я чула толькі цвыркуна й саву.
Чуваць, як да дому набліжаецца паліцэйская сырэна. Пакуль прамаўляецца наступны дыялёг, машына пад’яжджае, і грукаюць дзьверцы.МАКБЭТ. Той рагатаў у сне, а той: «Забойства!» Адзін: «Ратунку!», – а другі: «Амін!» (Сырэна сьціхае.) Мо бачылі мяне з рукамі ката? ЛЭДЗІ МАКБЭТ. Да сэрца не бяры. Ня трэба надта Табе раздумваць пра такія справы, Бо так і звар’яцець нядоўга. МАКБЭТ. Мне чуўся голас: «Болей не засьнеш! Макбэт забіў свой сон!» (Рэзкі грукат у дзьверы.) Што там за грукат? (Ізноў рэзкі грукат у дзьверы.) Навошта кожны стук мяне пужае? ЛЭДЗІ МАКБЭТ. Больш за цябе запляміла я рукі Й саромлюся за сэрца чысьціню. Хадзем у наш пакой. МАКБЭТ. Каб Данкана ты грукатам сваім (Рэзкі грукат у дзьверы.) Мог пабудзіць!
Яны выходзяць. Грукат за сцэнай працягваецца. За сцэнай адчыняюцца й зачыняюцца дзьверы. Дзьверы ў пакой адчыняюцца, і ў пусты пакой уваходзіць ІНСПЭКТАР. Выдае, што ён зьдзіўлены тым, дзе апынуўся. Ён гаворыць з удаванай саркастычнай ветлівасьцю.ІНСПЭКТАР. Ах, прабачце. Гэта Нацыянальны тэатар?
З боку публікі набліжаецца жанчына – ГАСПАДЫНЯ.ГАСПАДЫНЯ. Не. ІНСПЭКТАР. Не? Чакайце хвілінку… Магчыма, я памыліўся. Гэта Нацыянальная акадэмія драматычнага мастацтва, ці, на савецкі манер, НАДраМа? Не? Я цалкам разгублены. У мяне, відаць, недзе правады пазаблытваліся. (Ён прахаджваецца па пакоі, паглядаючы на столю і сьцены.) Праверка, праверка – раз, два, тры… (Зьвяртаючыся да столі. Іншымі словамі, у пакоі маюцца жучкі для падслухоўваньня.) А можа, гэта прытулак Багемскай опэры? ГАСПАДЫНЯ. Гэта мой дом. ІНСПЭКТАР (зьдзіўлена). Вы тут жывяце? ГАСПАДЫНЯ. Так. ІНСПЭКТАР. Вам не здаецца, што гэта не зусім зручна, калі ў цябе па ўсёй хаце – галасы ганарлівых эксгібіцыяністаў – і гэта ўсяго толькі публіка? Я хачу сказаць, каму хочацца, каб вечар за вечарам у тваю кватэру набіваўся натоўп з модных грыпозьнікаў, якія хрыпяць: «Я думаю, гэтым разам у яго атрымалася горш, чым апошнім», – ды яшчэ адвольна карыстаюцца тваёй прыбіральняй? Ня кажучы ўжо пра тое, што мусіш аддавацца на міласьць якога-небудзь Тома, Дзіка ці Бэртольта, якія ня могуць унівэрсалізаваць нашае цяжкае становішча й не пашкодзіць тваёй мэблі. Не разумею, чаму вы мірыцеся з гэтым. У вас жа ёсьць асабістыя правы. (Вынюхваючы, ён падымае начайнік і знаходзіць тэлефон.) У Вас нават і тэлефон ёсьць. Я бачу, вы не за рысай беднасьці. Чым вы займаецеся? ГАСПАДЫНЯ. Я мастачка. ІНСПЭКТАР (радасна). Што ж, яшчэ адна памылка з майго боку. Гэты тэлефон працуе? (Зноў да столі.) Шэсьцьдзесят сем – восемдзесят адзін – адзінадцаць. (Кладзе слухаўку на месца.) Так, калі б вы хаця б крыху ганарыліся сваім домам, вы б не займалі гэтак пакорліва стаячае месца ў сваёй жа гасьцёўні. (Тэлефон звоніць у ягоных руках. Ён здымае слухаўку.) Шэсьцьдзесят сем – восемдзесят адзін – адзінаццаць? Чуваць цудоўна. Каго вам трэба? (Ён азіраецца навокал.) Тут ёсьць Чайка? (У слухаўку.) Якая Чайка? Прыём скончаны? (Ён адводзіць слухаўку ад вуха й хмурыцца, гледзячы на яе.) Нават не разьвітаўся. Куды толькі падзелася старасьветная ветлівасьць у гэтай краіне? (Стаўляе тэлефон на месца, якраз як Макбэт і Лэдзі Макбэт уваходзяць у пакой.) А ты хто, лыч сьвіны? «МАКБЭТ». Ландоўскі. ІНСПЭКТАР. Актор? «МАКБЭТ». Прыбіраньнік на бойлеры. ІНСПЭКТАР. Гэта ён. Я ваш вялікі паклоньнік, каб вы ведалі. Я гадамі сачу за вашай кар’ерай. «МАКБЭТ». А я ўжо гадамі не працую. ІНСПЭКТАР. Пра што гэта вы? Я бачыў вас у мінулым сэзоне. І жонка мая са мной была… «МАКБЭТ». Гэта ня мог быць я. ІНСПЭКТАР. Гэта былі вы. Вы выдатна глядзеліся. І гучалі таксама. Дзе вы былі мінулым годам? «МАКБЭТ». Я прадаваў газэты ў... ІНСПЭКТАР (пераможна). У газэтным кіёску каля канцавога прыпынку трамвая. І гэта было непаўторна! Я сказаў сваёй жонцы: «Гэта Ландоўскі, актор, ну хіба ён не цудоўны?!» Які характар! Цудоўны голас. «Вашая газэта!» – проста адсюль (б’е сябе кулаком у грудзі), і ніякага напружаньня, кожны гук вымаўляецца выразна. …Так-так-так. Значыць, цяпер вы падмятаеце падлогу, га? Я памятаю вас з самага пачатку. Памятаю, як вы працавалі начным вартаўніком на будаўніцтве, і як яшчэ раней вы былі грузчыкам у моргу, і як да таго вы былі гузікавым майстрам у «Пэр Гюньце»... Сапраўды, Павал, вы зрабілі сабе нейкую дзіўную кар’еру. Ясна, гэта не мая справа, але вы самі ведаеце, чаго хочаце? На маю думку, публіка цалкам зьбянтэжаная вашымі намерамі. Няўжо вы гэтак уяўлялі сабе свой шлях, калі ўсё гэтак сьмела пачыналася столькі гадоў таму? Я памятаю вас у вашай першай ролі. Вы былі ганцом – нешта пра пошту, здаецца, ці як?.. «МАКБЭТ». «Антоні і Клеапатра». ІНСПЭКТАР. Рацыя! Бачыце, я й сам цалкам заблытаўся. Скажыце, Павал, чаму вы пакінулі сцэну? Вы ж былі зоркай! Я бачыў вашага Гамлета, вашага Стэнлі Кавальскага, я бачыў вашага Рамэа зь як яе там – цудоўная дзяўчына, цікава, што зь ёю здарылася? О, мой Божа, не кажыце мне! – можна мне ваш аўтограф? Гэта не для мяне, а для маёй дачкі… «ЛЭДЗІ МАКБЭТ». Думаю, ня варта. Калі я апошнім разам нешта падпісала, дык потым сядзела бяз працы два гады. ІНСПЭКТАР. Слухайце, ня трэба вінаваціць нас, калі вам не даюць роляў. Можа, вы ўжо надакучылі публіцы. «ЛЭДЗІ МАКБЭТ». Я працавала ў рэстарацыі на гэны час. ІНСПЭКТАР (спакойна). Вось бачыце. У публікі дзіўнае стаўленьне да ўсяго гэтага. Яны ня хочуць прыбірацца, наймаць нянек толькі дзеля таго, каб высьветліць, што заплацілі немалыя грошы за Геду Габлер у выкананьні афіцыянткі. Я пачынаю разумець, чаму кола вашых гледачоў абмяжоўваецца вашымі знаёмымі. (Да публікі.) Заставацца на месцах! Я маю на ўвазе, гэта прымушае таўчыся на месцы, ці ня праўда? Сёньня ўвечары Макбэта будзе выконваць спадар Ландоўскі, які ў мінулым сэзоне карыстаўся вялікім посьпехам у газэтным кіёску на канцавым прыпынку трамвая, а нядаўна быў заўважаным за мыцьцём падлогі ў бойлернай нумар 3. Роля лэдзі Макбэт – у спрытных ручках Веры з «Бруднай лыжкі». Пасьля гэткага будзе цяжкая ноч.
Словы «цяжкая ноч» гучаць як знак, што час выходзіць МАКДАФУ.
Уваходзіць МАКДАФ.МАКДАФ. О, жах! О, жах! Падступнае забойства! ІНСПЭКТАР. А ў цябе што здарылася, сонейка? Толькі не кажы мне, што ты знайшоў труп – я прыйшоў сюды, каб разьвеяцца, а не для таго, каб мне нагадвалі пра маю будзёншчыну. Чаму б табе ня выйсьці й не зайсьці зноў? Я сыду з дарогі. Гэтае месца вольнае? ГАСПАДЫНЯ. Баюся, спэктакль закрыты для чужых людзей.
Уваходзяць «РОС», «БЭНКА», «МАЛКАЛМ», але ня граюць.ІНСПЭКТАР. Спадзяюся, вы памыляецеся. Інакш гэта значыла б, што вы граеце без нагляду! Вы не паверыце, але я згодны выправіць гэта й застацца з вамі… Так! Прабачце, што перапыніў. (Ён сядае.)
Паўза.ІНСПЭКТАР. Як толькі будзеце гатовыя.
ГАСПАДЫНЯ выходзіць. Акторы працягваюць нерухома стаяць на сцэне, чакаючы рэакцыі «МАКБЭТА». ІНСПЭКТАР устае з свайго месца й падыходзіць да «МАКБЭТА».ІНСПЭКТАР (да «Макбэта»). Цяпер слухай, ты, дурнаваты вырадак, лепш кінь прыдумляць, што ёсьць нейкі незвычайны «Макбэт», якога вы граеце, калі мяне няма побач, і нейкі іншы «Макбэт», якога нават няварта выконваць, калі я ёсьць паблізу. У вас ёсьць толькі адзін «Макбэт». Бо я замаўляю тут музыку, і іншай няма. Гэта тое, што мы называем аднапартыйнай сыстэмай. Я – вяршкі ў вашай каве, цукар у вашай гарбаце, ветрык, які абдувае вам шыі. Так што давайце ўзгадаем пра стары акторскі гарт, бо калі я буду вымушаны сысьці з вашага спэктаклю, то я забяру вас з сабой. (Ён вяртаецца на сваё месца й дабрадушна кажа публіцы.) Прабачце, калі ласка, што замінаю вам.
Ён сядае. «МАКБЭТ» усё яшчэ ня хоча граць. Тады «РОС» бярэ на сябе ініцыятыву. Ён ціха размаўляе з «БЭНКА», пасьля чаго той выходзіць, каб увайсьці зноў. «ЛЭДЗІ МАКБЭТ» заходзіць за левую шырму.РОС. Кароль зьяжджае сёньня?
Паўза.МАКБЭТ. Так. Ён так прызначыў.
Граюць хутка й нядбайна. РОС. Ноч неспакойнаю была. МАКБЭТ. Так, была цяжкая ноч.
Як і раней, уваходзіць МАКДАФ. МАКДАФ. О, жах! О, жах! Каварнае забойства! Забойца па-блюзьнерску ў Божы храм Няпрошаны ўварваўся й скраў жыцьцё! МАКБЭТ. Пра што ты кажаш? І чыё жыцьцё? Ці не Яго Вялікасьці? БЭНКА. Трывога! Забойства! Здрада! ЛЭДЗІ МАКБЭТ. Здарылася што? Скажыце мне! Скажыце! МАКДАФ. Спадарыня, ваш далікатны слых, Баюся я, нязвыклы да такога, Што маю тут сказаць.
Звон б’е трывогу. Забіты наш магутны валадар. ЛЭДЗІ МАКБЭТ. Якое гора! Дый у нашым доме! РОС. Дзе б ні было, усё ж занадта жорстка. МАКБЭТ (уваходзіць з акрываўленымі кінжаламі). Калі б памёр я за гадзіну да Забойства – то памёр бы я шчасьлівы. Няма нічога вартага ў жыцьці – Адныя цацкі. Велічнасьць памерла. Віно жыцьця дапітае – асадак Застаўся мутны.
Уваходзіць МАЛКАЛМ.МАЛКАЛМ. Няшчасьце нейкае? МАКБЭТ. З табою. Толькі лепш бы ты ня ведаў, Што здарылася! МАКДАФ. Бацька твой забіты. МАЛКАЛМ. Забіты кім? МАКБЭТ. Здаецца, гэта слугі: І твары іх, і рукі ўсе ў крыві, Як вострыя кінжалы, што знайшлі мы На ложку і, прызнаюся, з шаленства Я іх забіў. МАЛКАЛМ. Нашто вы іх забілі? ЛЭДЗІ МАКБЭТ (страчвае прытомнасьць). Дапамажэце! МАКБЭТ. Памажыце лэдзі! МАКДАФ. Паклапаціцеся пра лэдзі!
ЛЭДЗІ МАКБЭТ выносяць.МАКБЭТ. Давайце хутка апранем дасьпехі Й сустрэнемся ў галоўнай залі.
Усе выходзяць, акрамя МАЛКАЛМА.МАЛКАЛМ. Падробленую выказаць спагаду Няцяжка. Трэ мне ў Англіі схавацца: Страла забойцы шчэ не дасягнула Сваёй мішэні. Нам надзейна лепей Стралы пазьбегчы той. Хутчэй на коней! (Выходзіць.) МАКДАФ. І Доналбэйн, і Малкалм, што па праву Кароны спадкаемцы, зьбеглі ўпотай, І запасочаньне на іх кладзецца. РОС. А значыць, каралём быць, найхутчэй, Макбэту? МАКДАФ. Ён ім ужо абвешчаны й паехаў Каранавацца ў Скоўн.
Фанфары. Яны сыходзяць з сцэны. МАКБЭТ стаіць у мантыі над шырмай і сам сябе карануе. ІНСПЭКТАР пляскае ў далоні й выходзіць у кола сьвятла.ІНСПЭКТАР. Вельмі добра. Вельмі добра. І як прыемна паглядзець нарэшце п’есу з шчасьлівым канцом.
Астатнія акторы выходзяць на сцэну пры агульным асьвятленьні.ІНСПЭКТАР (да «Лэдзі Макбэт»). Дарагая, гэта было цудоўна. «ЛЭДЗІ МАКБЭТ». Я вам не дарагая. ІНСПЭКТАР. Я ведаю. І цудоўна гэта таксама не было, але з ваўкамі жыць – па-воўчы выць. Насамрэч, я думаю, па радыё вы лепш гучыце. «ЛЭДЗІ МАКБЭТ». Я ніколі не выступала на радыё. ІНСПЭКТАР. Я слухаў вас па сваім радыё. (Зьвяртаецца да публікі.) Калі ласка, не пакідайце памяшканьне. Вы можаце карыстацца прыбіральняй, але дзьверы пакідайце адчыненымі. (Да «Макбэта».) Надзвычайна! Неверагодна! Цалкам так сабе! «МАКБЭТ». Не плявузгайце! ІНСПЭКТАР. Слухайце, калі я голасна не сьмяяўся, гэта ня значыць, што мне не спадабалася. (Да Гаспадыні.) А вы кім былі? ГАСПАДЫНЯ. Я ня ўдзельнічала. ІНСПЭКТАР. Вы ўдзельнічалі, дагэтуль. Мне цалкам зразумела, што вашая кватэра выкарыстоўваецца, каб забаўляць мужчын. А ў нас ёсьць законы на гэты конт, каб вы ведалі. ГАСПАДЫНЯ. Я спадзяюся, вы не «Макбэта» маеце на ўвазе. ІНСПЭКТАР. А хто цяпер скажа, што мелася на ўвазе? Словы могуць быць вам і сябрам, і ворагам, у залежнасьці ад таго, хто шые справу, так што сачыце за тым, што кажаце. (Ён праводзіць пальцам па мэблі.) Вы толькі паглядзіце! Які бруд! Калі гэта ня дом распусты, то тады ня ведаю, што гэта такое. А я ведаю, што гэта такое, бо я назіраў за гэтым месцам, каб вы ведалі. ГАСПАДЫНЯ. Я ведаю. ІНСПЭКТАР. Усё-ткі яны выдалі сябе? ГАСПАДЫНЯ. Галоўным чынам іхная форма й тое, што яны стаялі паабапал дзьвярэй. ІНСПЭКТАР. Мая маленькая каманда. Борыс і Морыс. ГАСПАДЫНЯ. Адзін зь іх правяраў ува ўсіх дакумэнты, а другі запісваў імёны. ІНСПЭКТАР. Так, адзін зь іх умее чытаць, а другі – пісаць. Таму мы й ходзім паўсюль утрох: я мушу не спускаць вока з гэтых чортавых інтэлектуалаў. «МАКДАФ». Слухайце, якой вам халеры трэба? ІНСПЭКТАР. Я хачу ведаць, хто сёньня прысутнічае. (Ён праглядае нейкі сьпіс у сваім нататніку й кідае позіркі на публіку.) ГАСПАДЫНЯ. Усе яны – мае асабістыя сябры. ІНСПЭКТАР. Што ж, давайце паглядзім, хто тут у нас. (Гледзячы ў сьпіс.) Тры кацельных машыністы. Два рабочыя, прыяцель кіроўцы «рафіка», брамнікі, дворнікі, садоўнік на паўстаўкі, мастак-афармляльнік, пакаёўка, два афіцыянты, шабашнік… Здаецца, вы вырашылі праблему далучэньня працоўнай клясы да тэатру. Калі тут няма ніякай пасткі, то я запішу вас у валькірыі рэвалюцыі. Я хацеў сказаць, контррэвалюцыі. Не, маню, – нармалізацыі. Так, я ведаю. А хто гэты хлопец ад сахі з мазолістымі рукамі?
ІНСПЭКТАР скіроўвае ліхтарык на розных людзей сярод публікі.ГАСПАДЫНЯ (гледзячы на публіку). Гісторык сярэднявечча… прафэсар філязофіі… мастак… ІНСПЭКТАР. Афармляльнік? ГАСПАДЫНЯ. Не… лектар… студэнт… студэнт… адвакат… міністар аховы здароўя часовага ўраду. ІНСПЭКТАР. А цяпер ён хто? ГАСПАДЫНЯ. Часова беспрацоўны. ІНСПЭКТАР. Так, што ж, павінен сказаць, калёна танкаў – вялікі ўраўняльнік. А як наконт адваката? ГАСПАДЫНЯ. Ён цяпер падмятае вуліцы. ІНСПЭКТАР. Бачыце, адныя падняліся, іншыя апусьціліся. Прыродны балянс. Што ж, вось што я вам скажу. Я не хачу змарнаваць увесь дзень на запісы паказаньняў. Ня вартая аўчынка вырабу, бо дадуць вам сама болей тры гады. Да таго ж, наколькі мне вядома, вам апошнім часам кругом не шанцуе: седзяцё бяз працы, дзеці правальваюць іспыты, лістоў не прыносяць, правы кіроўцы адабралі, пашпартаў не аддаюць – і нічога на паперы. Як быццам бы сыстэма задумала нешта сваё. Гэткім чынам, чаму б вам ёй не дапамагчы? А я дапамагу вам. Я сапраўды рады, што засьпеў вас, перш чым вы скончылі. Калі дазволіце мне адну невялічкую заўвагу… Шэксьпір, ці старызна Вільлі, як мы клічам яго ў органах, не падабаецца майму шэфу, бо занадта папулярны сярод народу, ці быдла, як мы клічам яго ў органах. Справа ў тым, што калі ўзяць гэткага ўнівэрсальнага аўтара на ўсе часы, як Шэксьпір, то зьяўляецца моцнае ўражаньне, што ён плюе ў вочы гледачу, хаця й гаворыць пра Вэрону – бадзяючыся каля мужчынскай прыбіральні. Разумееце, што я маю на ўвазе? Незнарок, вядома. Ён ня ведаў, што робіць гэта; прынамсі, мы ня можам давесьці, што ведаў, і менавіта таму мой шэф гэтак перадузята да яго ставіцца. Шэф кажа, што вам лепш было б устаць і сказаць: «У гэтай краіне няма свабоды». І тады не было б ніякіх таямніцаў, і мы б ведалі, хто з намі, а хто супраць нас. Вы зьбіраеце сваіх хлопцаў, мы зьбіраем сваіх хлопцаў, а калі ўсё сканчаецца, адзін з нас – ва ўладзе, а вы – у турме. Гэта свабода ў дзеяньні. Але што нам не падабаецца, дык гэта калі столькі людзей нешта цямняць і кажуць, што яны проста Юлі Цэзар, ці Карыялян, ці Макбэт. Але тады мы мусім абыходзіцца зь імі гэтак жа, як і з тымі, хто называецца Напалеонам. Зразумела? «МАКБЭТ». Мы падпарадкоўваемся законам і нічога больш у вас ня просім. ІНСПЭКТАР. Законам? Ландоўскі, дык Крымінальны кодэкс выгравіяваны ў мяне на сьвістку, і ў ім шмат чаго напісана пра вас. Параграф 98, зьвяржэньне: кожны, хто варожа дзейнічае ў дачыненьні да дзяржавы… Параграф 100, падбухторваньне: кожны, хто варожа дзейнічае ў дачыненьні да дзяржавы… Я мог бы засадзіць вас толькі за тое, што вы працягваеце граць – а за арганізаваныя дзеяньні тэрмін удвая большы. І я мог бы прышыць гэта нават Рабінзону Круза зь ягоным прыяцелем, якім бы днём ён ні называўся. Так што не кажыце мне пра законы. «МАКБЭТ». Мы знаходзімся пад аховай Канстытуцыі… ІНСПЭКТАР. Мой божа, і мы завём іх інтэлектуаламі. Асабіста я не магу чытаць гэтую лухту. Ніхто гэтак не размаўляе, і няма чаго чакаць, што нехта будзе сябе гэтак жа паводзіць. Наколькі я гэта разумею, сапраўднае жыцьцё не падпарадкоўваецца гэнаму афіцыёзу. У рэшце рэшт, для напісаных словаў гэта занадта па-чалавечы, гэта – мэтафара, гэтак бывае толькі ў кіно. Колькі гадоў таму вы як сыр у масьле купаліся, але калі вас пусьцілі ў гарод, вы паабяцалі забіць казла, а самі пачалі секчы сук, на якім сядзелі. Таму вам і перакрылі кісларод, і вы цяпер у поўнай дупе… Гэта толькі голыя факты, калі казаць мэтафарычна. Я апісваю, што з вамі здарылася, гэтак, каб усім было зразумела.
БЭНКА, які ёсьць КАГУТАМ, вые па-сабачаму, гаўкае, потым кідаецца на карачкі й замаўкае.ІНСПЭКТАР. Сядзець! Вось так, мой хлопчык. Як яго завуць? «МАКБЭТ». Кагут. ІНСПЭКТАР. Паразыт грамадзтва й паклёпнік на дзяржаву? КАГУТ. Пісьменьнік. ІНСПЭКТАР. Так, гэта ён. Ведаеце, вы вельмі папулярны ў турме. Мы нават думаем максымальна наблізіць вас да вашых чытачоў – на пару гадочкаў. Калі б вы належалі да нейкай пэўнай школы, то – на чатыры, але не бяда: я мог бы прышыць гэта нават шымпанзэ з кубікамі-альфабэтам. (Усьміхаецца.) Вы не маглі б зрабіць якую-небудзь заяву? КАГУТ. «Цяпер твае: Гляміс, Каўдор, карона, – Што ведзьмы абяцалі…» ІНСПЭКТАР. Папрашу вас, калі ласка, не чапаць сямью маёй жонкі. КАГУТ. «І баюся, Што шляхам зману ты дамогся мэты...» ІНСПЭКТАР. Дабро ў мане, у праўдзе зман? А, гэта дзьве ведзьмы. Трэба яшчэ адну – й можна працягваць п’есу з гэтага месца. КАГУТ. «Ды сказана – ня будзе спадкаемцаў Тваёй кароны між тваіх дзяцей». ІНСПЭКТАР. Кагут, калі вы думаеце, што можаце паставіць калёсы перад кабылай і чухаць сабе па законах подласьці, цытуючы мне ў твар белыя вершы, баюся, вам прыйдзецца сутыкнуцца з тым, што называецца паэтычным правасудзьдзем. Гэта значыць, калі мы будзем вымушаныя адправіць вас на дыбу, не дзівіцеся, калі дасьцё дубу. Вы ведаеце гэтак жа добра, як і я, што ваш спэктакль цалкам супярэчыць духу нармалізацыі. Калі чысьцяць канюшні, Кагут, навоз выкідаецца ў канаву, а не назад у стойла. (Да ўдзельнікаў і публікі.) Ведаеце, я лічу, што ўва ўсім вінаватыя спорт і рэлігія. Алімпійскія гульні сям, візыт Папы там, і раптам вы ўжо дазваляеце сабе разам з сваёй свабодай розныя вольнасьці: аматарскія спэктаклі, арганізаваныя сходы, рознага кшталту камітэты. Паслухайце, я арыштаваў больш камітэтаў, (да «Бэнка») чым адведзена гадоў у Вашым сабачым жыцьці. Я арыштаваў «Камітэт па абароне несправядліва перасьледаваных» за тое, што яны сказалі, быццам я несправядліва перасьледваў камітэт «За свабоду слова». А іх я арыштаваў за тое, што яны казалі, што ў нас гэткай свабоды няма. Таму, калі я палічу, што з вашых паводзінаў можа скарыстаць «Ліга па абароне сабак», то вы адчуеце ўсе наступствы гэтага на сваёй скуры. І мне напляваць, калі маскоўскае «Дынама» грае ў Эўрапейскім чэмпіянаце ў Ватыкане. («Бэнка» рыкае.) Што зь ім? «МАКБЭТ». Ён больш не пачуваецца чалавекам. ІНСПЭКТАР. Праўда? Слухайце, паміж намі… і гэтымі трыма сьценамі й асабліва стольлю… Брахаць не на той пень падпадае пад антыдзяржаўную агітацыю. Я не дазволю яму запляміць нашую сыстэму, ня кажучы ўжо пра тратуары, толькі таму, што ў яго крызыс асобы. «МАКБЭТ». Вашай сыстэме не зашкодзіць некалькі антыцелаў, калі вы баіцеся рызыкі заражэньня якой-небудзь непадкантрольнай ідэяй. Першая ж зь іх паразіць вашую сыстэму, бы тая іншародная бацыла. Узгадайце апошні раз. ІНСПЭКТАР. Так, з таго часу шмат вады пралілося праз Крымінальны кодэкс. Усё цудоўна нармалізуецца. Я спадзяюся, і гэтая кватэра празь пяць хвілінаў будзе нармалізаванай. Га? Добры цюцька. Так, цікава, якое там надвор’е… (Рухаецца.) Калі ласка, выходзьце па чарзе. І пры выхадзе не абзываць паліцэйскага. (Тэлефонны званок. Ён бярэ слухаўку, слухае, кладзе яе на месца.) Воблачна. Магчымы дождж. Ён выходзіць. Чуваць, як з уключанай сырэнай ад’яжджае паліцэйская машына. КАГУТ. Няхай ён пральецца!
Спэктакль працягваецца ад першай сцэны трэцяга акту. Усе выходзяць, акрамя КАГУТА.БЭНКА. Цяпер твае – Гляміс, Каўдор, карона, – што ведзьмы абяцалі; і баюся, Што шляхам зману ты дамогся мэты. Ды сказана – ня будзе спадкаемцаў Тваёй кароны між тваіх дзяцей. Я ж буду продкам многіх каралёў. Калі і гэта праўда, дык чаму б І мне на лепшае не спадзявацца… Але цішэй – даволі. МАКБЭТ. Сёньня будзе Ўрачыстая бяседа, на якую Вас шчыра запрашаю я. Вы ўдзень паедзеце? БЭНКА. О так, мілорд. МАКБЭТ. Не прапусьціце ж нашае бяседы. БЭНКА. Мілорд, не прапушчу. (Бэнка выходзіць.) МАКБЭТ. Я люта Бэнка баюся, велічнасьць яго натуры наводзіць часам вусьціш на мяне. Бо нават ведзьмаў ён тады прыструніў, Як тыя каралём мяне назвалі, Ды змусіў і яму сказаць прароцтва. І тыя прадказалі: будзе ён Шматлікіх каралёў славутых продкам. Маю ж карону ў спадчыну ніхто Ня возьме, бо мой скіпэтар няплодны, І выдзярэ яго рука чужая – Ня сынавая. Калі гэта так, То вынікае – дзеля Бэнка я Грэх на душу узяў – Данкана забіў. Дык слухай, лёс, цябе я выклікаю На бойку дый у ёй перамагу. (Макбэт адсоўвае шырму й бачыць двух Забойцаў.) Здаецца, з вамі ўчора размаўляў я? ПЕРШЫ ЗАБОЙЦА. Так, Вашая вялікасьць. МАКБЭТ. Што ж, скажыце, Ці добра вы падумалі пра тое, Што я вам апавёў? Ці зразумелі, Што гэта ён – крыніца вашых бедаў, Ён, а ня я, як вы раней лічылі? ПЕРШЫ ЗАБОЙЦА. Вядома ж. Растлумачылі вы ўсё нам. МАКБЭТ. Так, растлумачыў. І вы што – сьвятыя, Каб за таго маліцца, хто ў магілу Вас ледзь ня зьвёў і з торбамі пусьціў? ДРУГІ ЗАБОЙЦА. Мой гаспадар, я з тых, каму абрыдла Несправядлівасьць сьвету, і гатовы На ўсё я, каб адпомсьціць. ПЕРШЫ ЗАБОЙЦА. Я таксама, Ад недасяжнасьці багацьця так Стаміўся, што жыцьцё на кон пастаўлю, Каб гэта выправіць альбо памерці. МАКБЭТ. Вы ведаеце, што ваш вораг – Бэнка. ЗАБОЙЦЫ. Так, сапраўды, мілорд. МАКБЭТ. І мой таксама. І я забіць яго, канечне, мог бы Ў адкрытую і загадаць учынак Мой ухваліць. Але разумней будзе Зрабіць інакш. ДРУГІ ЗАБОЙЦА. Мілорд, мы ўсё гатовы Зрабіць, як загадаеце. ПЕРШЫ ЗАБОЙЦА. Мілорд, Мы поўныя рашучасьці.
Чуваць, як знадворку пад’яжджае грузавік ІЗІ. Забойцы падыходзяць да акна й адчыняюць аканьніцы.
МАКБЭТ выходзіць.МАКБЭТ (убок). Я Бэнка падпісаў прысуд; калі Яго душы наканавана неба, Яна туды да вечару пасьпее.
Забойцы робяць засаду на БЭНКА. Каля вакна зьяўляецца ІЗІ.ІЗІ. Бакстанз… Амаль Лемінгтонскі курорт.
ЗАБОЙЦЫ зьдзіўляюцца зьяўленьню ІЗІ. ІЗІ адыходзіць ад акна, і яны высоўваюцца, каб паглядзець, куды ён пайшоў, але тым часам ІЗІ ўваходзіць у пакой.ІЗІ. Скікаюць пірагі. ПЕРШЫ ЗАБОЙЦА. Хто загадаў табе да нас прысьці? ІЗІ. Бакстанз.
Паўза.ДРУГІ ЗАБОЙЦА (з апаскай). Што ж, мы табе павінны давяраць, Бо ён дакладна аддае загады. ІЗІ. Га? ПЕРШЫ ЗАБОЙЦА. Дык станавіся з намі. Дагарае На захадзе прамень сьвятла, і вершнік Запозьнены прышпорвае каня, Каб на заезны двор пасьпець у час, І блізка той, каго мы тут чакаем.
Паўза.ІЗІ. Га? БЭНКА (за кулісамі). Сьвятла нясі! Хутчэй! ДРУГІ ЗАБОЙЦА. Так, гэта ён.
У акне зьяўляецца БЭНКА.ПЕРШЫ ЗАБОЙЦА. Стрымаем слова! БЭНКА. Будзе дождж уночы. ПЕРШЫ ЗАБОЙЦА. Няхай жа ён пральецца!
Абодва ЗАБОЙЦЫ кідаюцца на БЭНКА.БЭНКА. Здрада! Здрада!
БЭНКА ўцякае за кулісы, і ЗАБОЙЦЫ гоняцца за ім. ІЗІ застаецца й выглядае разгубленым. Ізноў з публікі выходзіць ГАСПАДЫНЯ.ІЗІ. Бакстанз… скікаюць пірагі… амаль Лемінгтонскі курорт…
ГАСПАДЫНЯ выводзіць ІЗІ за кулісы. Сьвятло й музыка да балю ў замку Макбэта. Уваходзіць МАКБЭТ разам з ЛЭДЗІ МАКБЭТ і гасьцямі.МАКБЭТ. Сядайце адпаведна рангу й чыну – Мы прывітаем першых і апошніх. ГОСЬЦІ. Мы вельмі ўдзячныя. МАКБЭТ. Сам сяду я сярод гасьцей як сьціплы гаспадар.
ГОСЬЦІ прынесьлі з сабой свае ўласныя крэслы й кубкі. Гэтаксама й ЛЭДЗІ МАКБЭТ. Разам з ІЗІ ўваходзіць ПЕРШЫ ЗАБОЙЦА, але яны застаюцца з боку сцэны.МАКБЭТ. Вам ад душы пацешыцца жадаю. Мы вып’ем кругавую. (Заўважае Першага Забойцу й падыходзіць да яго.) У цябе на твары кроў! ПЕРШЫ ЗАБОЙЦА. Ну так, кроў Бэнка гэта. МАКБЭТ. Адправілі яго вы на той сьвет? ПЕРШЫ ЗАБОЙЦА. Так, горла перарэзалі, мілорд. Я сам. Рукою ўласнаю. МАКБЭТ. За гэта Вам дзякую. Цяпер ідзіце! Заўтра Мы зноў сустрэнемся.
ПЕРШЫ ЗАБОЙЦА выходзіць. За ім – ІЗІ. Падчас размовы ІЗІ мітусіцца па краі сцэны, спрабуючы зьвярнуць да сябе ўвагу. Уваход і выхад ІЗІ супадаюць зь зьяўленьнем і зьнікненьнем здані БЭНКА, якую ніхто ня бачыць, акрамя МАКБЭТА. МАКБЭТ намагаецца не зьвяртаць на яе ўвагі.ЛЭДЗІ МАКБЭТ. Мой доблесны спадар, Забыліся вы тост гасьцям прамовіць. МАКБЭТ. Каханая мая, як добра мне Ты нагадала! Вашае здароўе! Каб смачна вам і елася й пілося! РОС. А можа б, вам прысесьці з намі, вашаць? МАКБЭТ. Была б у нас краса ўсяе краіны, Калі б да нас і Бэнка завітаў. РОС. Няхай яго адсутнасьць дакорам будзе абяцаньням Бэнка. Нас, вашая вялікасьць, ушануйце Прысутнасьцю сваёю. Вось і месца.
ІЗІ ўваходзіць на сцэну праз правыя дзьверы.МАКБЭТ. Дзе? РОС. Вось, мілорд. Што вашую вялікасьць узрушыла? МАКБЭТ. Хто гэта з вас зрабіў? РОС. Ды што, мілорд? МАКБЭТ. Не, ты не давядзеш, Што я забойца. На мяне ня трэба Сабак навешваць. РОС. Госьці, уставайце. Яго вялікасьці, здаецца, дрэнна. ЛЭДЗІ МАКБЭТ. Прашу сядаць, шаноўнае спадарства. Бывае час ад часу так зь мілордам. І вокам не пасьпееце міргнуць, Як будзе ён здаровы. (Яна падыходзіць да Макбэта.) Які зь цябе мужчына? МАКБЭТ. О, харобры! Глядзець на сьвет, як я цяпер, ня змог бы Сам д’ябал. ЛЭДЗІ МАКБЭТ. О, такі адказ разумны! Дык што ты крывішся? Пасьля ўсяго, Што зроблена, так пяліцца на крэсла!
У акне зьяўляецца ІЗІ.МАКБЭТ. Прашу цябе, зірні туды! Глядзі! Глядзі! О!
Ён паказвае на ІЗІ, але той ужо страціў цярпеньне й зьнікае, як толькі ЛЭДЗІ МАКБЭТ паварочваецца.ЛЭДЗІ МАКБЭТ. Ты што, зусім здурнеў? МАКБЭТ. Мне зь месца не сысьці, яго я бачыў. І гэта горай за само забойства. ЛЭДЗІ МАКБЭТ. Мой гаспадар шаноўны, Бяз вас сумуюць дарагія госьці. МАКБЭТ. Ну так, ізноў забыўся. (Узгадвае нешта.) Ня трэба, мае госьцейкі, дзівіцца. Я маю незвычайную хваробу, Але, хто звык, увагі не зьвяртае. Усім здароўя! Дайце мне віна. Ды келіх да краёў! Яго я вып’ю За сябра Бэнка – я па ім сумую. Шкада, яго няма. Дык за яго Мы вып’ем і за вас. І ўсім ўсяго! ГОСЬЦІ. Сьвятая справа нам за гэта выпіць!
Аднак ІЗІ зноў паўтарае сваю спробу й зьяўляецца МАКБЭТУ, стоячы за правай шырмай.МАКБЭТ. Прэч з маіх вачэй! (Ізі зьнікае зь ягоных вачэй.) Няхай жа, здань, зямля цябе схавае! Мазгі ўжо выцеклі з тваіх касьцей, І кроў астыла! ЛЭДЗІ МАКБЭТ. Прыміце гэта, дарагія пэры, За звыклае здарэньне – не бяды. На жаль, псуецца радасьць ад сустрэчы.
ІЗІ зноў зьяўляецца ў акне.МАКБЭТ. Сыдзі, жахлівы цень! Зьдзек прывідны, прэч! Зьнікні! (Зачыняе аканьніцы. Ён ізноў ачуняў.) Як ён сышоў, дык адчуваю зноў Сябе я чалавекам. Не ўставайце. ЛЭДЗІ МАКБЭТ (убок, да Макбэта). Вы сьвята сапсавалі ўсё, а добра Так пачалося. Вы ж перакруцілі Ўсё з ног на галаву. (Да гасьцей.) Усім дабранач. Вас, госьці, я прашу: сыходзьце разам, Без цырымоній.
Госьці ўстаюць і выходзяць.РОС. Зычу добрай ночы. Хай акрыяе Вашая вялікасьць! ЛЭДЗІ МАКБЭТ. Усім маё сардэчнае дабранач!
Сьвятло згасае.МАКБЭТ. Крыві ён прагне. Кажуць, кроў за кроў. У казаньнях і дрэвы размаўлялі, І ссоўваліся зь месца камяні. Пайду да ведзьмаў, нат праз гэты грэх Гатовы я дазнацца праўды горкай.
Грымоты й маланка. ТРЫ ВЕДЗЬМЫ.ВЕДЗЬМЫ. Чары, вусьціш і бяда! Грэй, агонь, кіпі, вада! ПЕРШАЯ ВЕДЗЬМА. Калі пальчыкі сьвярбяць, Час нам грэшніка страчаць.
Уваходзіць МАКБЭТ.МАКБЭТ. Што, злосныя паўночныя стварэньні? Чым вы тут заняліся? ВЕДЗЬМЫ. Безназоўным. МАКБЭТ. Я заклінаю гэтай чорнай сілай, Якой слугуеце, адказ знайдзёце, Як хочаце, – ды толькі дайце знаць… ПЕРШАЯ ВЕДЗЬМА. Скажы, ты з нашых вусен хочаш чуць Ці ад гаспадароў? МАКБЭТ. Паклічце іх! Дазвольце іх убачыць.
Чуваць толькі галасы зданяў з Шэксьпіраўскай п’есы. Узмоцненыя галасы гучаць з розных бакоў глядацкай залі. Відавочна, што МАКБЭТ бачыць здані. Грымоты.ПЕРШЫ ГОЛАС. Адно Макдафа бойся ты ў жыцьці, Што ў Файфе танам! А мяне пусьці... МАКБЭТ. Хто б ты ні быў, ды за прароцтва дзякуй. Ты адгадаў мой страх. ДРУГІ ГОЛАС. Макбэт, Макбэт, Макбэт! МАКБЭТ. Трыма б я слухаў Вушамі, каб былі. ДГУГІ ГОЛАС. Будзь сьмелы і рашучы ў барацьбе, Людзей ня бойся. Не заб’е цябе Народжаны жанчынай. МАКБЭТ. Дык няхай Макдаф жыве. Нашто яго баяцца? (Грымоты. Ведзьмы выходзяць.) А гэта хто, падобны да дзіцяці, З каронай залатой на галаве? ДЗІЦЯЧЫ ГОЛАС. Б’юць ворагі, кадзяць паслугачы – Ты не зважай, да мэты ідучы. Ты неадольны, покуль не палез На ўзгорак Дансынан Бірнамскі лес. МАКБЭТ. Таму ня быць. Ніхто яшчэ ня стрэў, Каб па зямлі хадзіла войска дрэў. Ды толькі сэрца б’ецца ад жаданьня Адно дазнацца… ВЕДЗЬМЫ (за сцэнай). Болей не пытайся. Жудой яго ахутай, здань, І ценем уначы растань! МАКБЭТ. Хто гэта? Прэч! Я гэты змрочны час Пазначу чорным у календары. Хто там? Заходзьце.
Уваходзіць ЛЕНАКС.ЛЕНАКС. Чаго жадае Вашая вялікасьць? МАКБЭТ. Ты бачыў ведзьмаў? ЛЕНАКС. Не, мілорд, ня бачыў.
За акном праходзіць ІЗІ.МАКБЭТ. Хто там прайшоў? ЛЕНАКС. Там некалькі ганцоў. Яны прывезьлі весткі пра Макдафа, Што ўцёк у Англію. МАКБЭТ. Макдаф уцёк?
Нясьмела ўваходзіць ІЗІ.ІЗІ. Бессэнсоўна… бессэнсоўна… Бакстанз… скікаюць пірагі… арцішок амаль Лемінгтонскі курорт… /*Добры дзень… добры дзень… Бакстанскія блёкі й гэты грузавік зь Лемінгтонскага курорту./ МАКБЭТ. Што?
Агульнае сьвятло. Астатнія, акрамя МАЛКОЛМА й МАКДАФА, выходзяць празь цікаўнасьць. МАКБЭТ (да Гаспадыні). Што гэта за чорт? ГАСПАДЫНЯ (да Ізі). Хто вы? ІЗІ (паказвае сваю пляншэтку). Бакстанз скікаюць пірагі. ГАСПАДЫНЯ. Я ня буду нічога падпісваць. ІЗІ. Коўдры да пасрэднасьці калі сэзон працягнецца, затым разэтка ляснула як у літаўры лёгка А-412 мякка Рыкмазворт – лёд скаваў ваду жахліва, жарнула – забрызгала паквартальных трэнэраў як Мікімаўсавую сапелку – кубак – відавочна карантын для цацак толькі калі бактэрыялягічныя камізэлькі раструшчацца труба – шмыргаюць тады паштовую скрынку, але сэзам!!! Нават плятформы – фарсун дзядзька Дональд Дак тым ня менш мятныя часопісы! /*Пераклад гл. на с. 215./
Паўза.МАКБЭТ. Га?
ІЗІ дастае размоўнік і пачынае яго гартаць.ІЗІ (пераможна). О!
ІЗІ перадае ГАСПАДЫНІ размоўнік і паказвае, што трэба прачытаць. Яна ўважліва чытае.ГАСПАДЫНЯ. Ён кажа, ягонага фарэйтара забіла маланкай. ІЗІ. Паліца для капелюшоў цымбалы зязюля сьвіное выйсьце боўдзіла! МАКБЭТ. Што? ІЗІ. Зязюля сьвіное выйсьце што. (Качае галавой у знак згоды.) Пірагі скікаюць як сьлед Бакстанз.
ГАСПАДЫНЯ хутка гартае кнігу.ГАСПАДЫНЯ. Пірагі скікаюць. ІЗІ. Пірагі скікаюць. ГАСПАДЫНЯ. Лесаматэрыялы й драўніна. ІЗІ. Лесаматэрыялы й драўніна – як сьлед Бакстанз. ГАСПАДЫНЯ. Мне вельмі шкада… ІЗІ. Так. Лесаматэрыялы й драўніна – як сьлед Бакстанз. Мне вельмі шкада. (Ён адчыняе аканьніцы, і мы бачым ягоны грузавік.) Шчыкалатка гэтак арцішок – амаль Лемінгтонскі курорт. ЛЕНАКС. О! У яго там грузавік. ГАСПАДЫНЯ. Грузавік, гружоны лесаматэрыяламі й драўнінай. ІЗІ. Мне вельмі шкада. ГАСПАДЫНЯ. Ня трэба прасіць прабачэньня. ІЗІ. Ня трэба прасіць прабачэньня. ЛЕНАКС. А! Дык вы гавораце па-наску! ІЗІ. А! Дык вы гавораце па-наску! МАКБЭТ. Не – мы гаворым па-наску бяз «дык». ЛЕНАКС. Ён што, крэтын? ІЗІ. Патэльня-палка-раса.
Усе выходзяць. Уваходзяць МАЛКАЛМ і МАКДАФ.МАЛКАЛМ. Давайце знойдзем мы куток зацішны, дзе можна гора выплакаць да дна. МАКДАФ. Давайце лепш трымаць мячы мацней, Абараняць свой занядбаны край, Дзе кожны дзень удовы лямантуюць, І крыўды новыя – як поўха небу, Якая над Шатляндыяй гучыць гаротным рэхам. МАЛКАЛМ. Мы таго тырана, чыё імя нам сёньня рэжа слых, сумленным уяўлялі. МАКДАФ. Няхай крывёй сьцякае бедны край!
Чуваць, як на адлегласьці гучыць паліцэйская сырэна.МАЛКАЛМ. Крывёю і сьлязьмі сьцякае край. І новых ранаў кожны дзень прыносіць. МАКДАФ. Шатляндыя, гаротная краіна, З тыранам, што памазаны крывёй, Ці ўбачыш лепшы дзень?.. Хто йдзе сюды?
Сырэна сьціхае.МАЛКАЛМ. Зямляк, здаецца, ды не пазнаю.
Паліцэйская машына з выцьцём едзе назад. Уваходзіць ІНСПЭКТАР.МАКДАФ. Стаіць яшчэ Шатляндыя на месцы? ІНСПЭКТАР. Ага. Ноч чудесная. Сьвеціць месіц, сьвеціць, ясны, как вашыя галовы. Недавумкі з апілкамі ў башке. Вы думаеця, я ўчара радзілся? (Далей гаворыць без акцэнту. Да публікі.) Усім заставацца на месцах. Прыбіральняй карыстацца забаронена… (Уваходзіць Кагут.) Кагут, даражэнькі. А дзе ж сам МакЛандоўскі?
Уваходзіць ІЗІ. За ім – ГАСПАДЫНЯ.ІЗІ. Бессэнсоўна, прэч! / *Добры дзень, сэр./ ІНСПЭКТАР. Ты хто, лыч сьвіны? (Кідаецца на Ізі.) ІЗІ (вішчыць і глядзіць на свой гадзіньнік). Пранцы… кароль! / *Дваццаць на… ой! / Марцыпанавы гадзіньнік! / *Асьцярожней!/ ІНСПЭКТАР. Што? ГАСПАДЫНЯ. Ён вас не разумее. ІНСПЭКТАР. На якой гэта мове ён размаўляе? ГАСПАДЫНЯ. На дадзены момант мы ня ведаем, мова гэта ці клінічны выпадак. ІЗІ (засмучона). Айва гараж! (Працягвае пляншэтку.) Пірагі скікаюць. Бакстанз амаль Лемінгтонскі курорт. ГАСПАДЫНЯ. Ён займаецца дастаўкай драўніны й хоча, каб хто-небудзь расьпісаўся за груз. ІНСПЭКТАР. Драўніны? ГАСПАДЫНЯ. У яго там дзьвюхтонны арцішок. ІНСПЭКТАР. Што??? ГАСПАДЫНЯ. Я хачу сказаць, грузавік. КАГУТ (ляпае Ізі па плячы). Бессэнсоўна. / *Добры дзень./ ІЗІ (адсутна). Бессэнсоўна. (Потым бачыць, хто гэта.) Кагут! Геранькі? / *Як маешся?/ КАГУТ. Кеды. Геранькі? /*Файна. А самі?/ ІЗІ. Кеды. КАГУТ. Дагары нагамі пірагі скікаюць? / *Прывёз блёкі?/ ІЗІ. Плашка. /*Так./ КАГУТ. Амаль Лемінгтонскі курорт? / *Зь Лемінгтонскага курорту?/ ІЗІ. Плашка, прэч. Нават арцішок. / *Так, сэр. У мяне грузавік./ КАГУТ. Брусок. / *Дзякуй./ (Бярэ папку й падпісвае паперу.) ІЗІ. Брусок, прэч. / *Дзякуй, сэр./ ІНСПЭКТАР. Хвіліначку. Пра якую трасцу вы размаўляеце? КАГУТ. Паўднё, спадар! ІНСПЭКТАР. Паўднё. Хто ваш сябар? ГАСПАДЫНЯ. Чалавек зь пірагамі-скакунамі. ІНСПЭКТАР. Чаму ж ён сам гэта ня скажа? КАГУТ. Ён размаўляе толькі на Догавай мове. ІНСПЭКТАР. Што? КАГУТ. Догавай. ІНСПЭКТАР. Догавай? КАГУТ. Хіба вы пра гэткую ня чулі? ІНСПЭКТАР. А дзе вы ёй наўчыліся? КАГУТ. Ёй ня вучацца – яе пераймаюць.
ІЗІ заўважае «МАЛКАЛМА».ІЗІ. Бессэнсоўна. /*Добры дзень./ «МАЛКАЛМ». Бессэнсоўна… Геранькі? ІЗІ. Кеды. Геранькі? «МАЛКАЛМ». Кеды… брусок… ІЗІ (да Кагута). Коўдры да пасрэднасьці, калі розум працягнецца, затым разэтка ляснула як у літаўры лёгка А-412 мякка Рыкмазворт. «МАЛКАЛМ». Рыкманзворт. «МАКДАФ» («Малкалму», ідучы да дзьвярэй). Трэба яму дапамагчы. ІЗІ. Плашка. «МАЛКАЛМ» (выходзячы). …зь пірагамі-скакунамі. ІЗІ. Лёд скаваў ваду жахліва, жарнула. КАГУТ. Ягонага напарніка забіла маланкай. ГАСПАДЫНЯ. Сезам! ІЗІ. Плашка. КАГУТ (працягвае Ізі накрысы). Альбатрос. /*Накрысы./ (Да Ізі.) Ізі! Цэгла… ІЗІ. Плашка, прэч. КАГУТ. Цэгла. (Ён стаўляе Ізі, каб будаваць прыступкі.) ІЗІ. Цэгла? /*Тут?/ КАГУТ. Пірагі скікаюць. Цэгла. ІЗІ. Брусок, прэч. КАГУТ і ГАСПАДЫНЯ. Кеды. /*Выдатна./ ІНСПЭКТАР. Дазвольце мне нагадаць вам, што ў вас тут павінен быў усталявацца пэрыяд нармалізацыі. ГАСПАДЫНЯ. Будзьце ласкавым, пакіньце сцэну. Зараз пачнецца пяты акт. ІНСПЭКТАР. Няўжо? Мушу вас папярэдзіць, што ўсё сказанае вамі будзе запісана й выкарыстана супраць вас падчас судовага працэсу. ГАСПАДЫНЯ. Равары! Ліштва? /*Гатовыя?/ (Да Інспэктара.) Плашка. Кеды!
КАГУТ і ГАСПАДЫНЯ выходзяць. ІНСПЭКТАР і ІЗІ застаюцца.ІНСПЭКТАР. Якія кеды? ІЗІ. Што, прэч? /*Адзінаццаць, сэр?/ ІНСПЭКТАР. Кеды! ІЗІ. Плашка, прэч. ІНСПЭКТАР (здаецца). Бессэнсоўна… ІЗІ (з энтузіязмам). Бессэнсоўна, прэч! /*Добры дзень, сэр./ ІНСПЭКТАР. Правільна – так і ёсьць! (Да столі.) Прыём! (Да публікі.) Рукі за галаву – пляцай манас пэр капіта… нікс туалетто!
Звоніць тэлефон. Слухаўку здымае ІЗІ й перадае яе ІНСПЭКТАРУ.ІЗІ. Чайка. ІНСПЭКТАР (у слухаўку). Вы ўсё запісалі? Наколькі вам зразумела? Варожыя дзеяньні ў дачыненьні да Рэспублікі. Дзесяць гадоў мінімум. Мне патрэбнае кожнае слова.
Уваходзіць ЛЭДЗІ МАКБЭТ з запаленай сьвечкай.ЛЭДЗІ МАКБЭТ. Гэй вы, рамонкавыя эльфы! Гэй, цьфу на вас! Шчаўе, сонца, шкодзяць загароджы Для каровы! Маленькія паўліны! Гарачыя шатляндцы, прэч, гарачыя! Камін раскіданы, з варэньнем эмігруем?
Звоніць тэлефон. ІНСПЭКТАР здымае слухаўку.ІНСПЭКТАР (пасьля паўзы). А якой халеры мне ведаць? Але калі гэта не свабода слова, то тады я ня ведаю, што гэта. (Кладзе слухаўку.) ЛЭДЗІ МАКБЭТ (быццам мыючы рукі). На іх пякельнай блытаніны попел. Аўтобусныя рэйсы справядліва ў Арабію старыя імы. Крапіўніцай манашка – ой-ёй-ёй. /*Крывёй дагэтуль пахне. Ўсе водары Арабіі ня змогуць Зрабіць духмяней гэтую маленькую руку…/ (Выходзіць.) ІНСПЭКТАР (да Ізі). Яна ўсё прыдумляе па ходзе дзеяньня. Вы, можа, думаеце, што я…
Але ІЗІ ажно сьвеціцца ад таго, што пазнаў п’есу.ІЗІ. А-а… «Макбэт!»
Гарматныя стрэлы. Дым. На крапасной сьцяне зьяўляецца ўзброены МАКБЭТ.МАКБЭТ. Толькі радно – ніякіх швадароў! – кінасэанс аконца. Гэтак Бірнамскія скікаюць пірагі ў Дансынан папойка! …Хвост голуба габой Малкалм? Сварліва шыба ў раме! /*Больш вестак не прынось. Няхай лятуць. Бірнамскі лес ня прыйдзе ў Дансынан. Я не баюся: што мне Малкалм гэты? Хіба ён не народжаны жанчынай?/
Звоніць тэлефон. ІНСПЭКТАР хапае слухаўку.ІНСПЭКТАР (у слухаўку). Што? Не – «Сварліва шыба ў раме», я думаю… Будзьце паблізу. МАКБЭТ. Капыты балянс ягоны мясьціны крычалі карамелька! Бірнамская калыска скікаюць пірагі Дансынана бэлька! /*Праклён ня страшны, покуль не палез На ўзгорак Дансынан Бірнамскі лес!/
Адчыняецца задні борт грузавіка, і мы бачым там МАЛКАЛМА й астатніх. Яны выгружаюць будаўнічыя матэрыялы. ІНСПЭКТАР заўважае гэта. ІНСПЭКТАР (крычыць па рацыі). Паклічце шэфа. Паклічце шэфа!
Адзін-два чалавекі, напрыклад, РОС і ЛЕНАКС, злазяць з грузавіка й утвараюць жывы ланцуг, каб перадаваць блёкі, плашкі й астатняе ад МАКДАФА, які стаіць на грузавіку, да ІЗІ, які будуе прыступкі.МАЛКАЛМ (да Макдафа, які разам зь ім стаіць на грузавіку). Зубчастыя пірагі-скакуны хутка пакажам? /*Што там за лес наперадзе?/ ІНСПЭКТАР (па рацыі). Вас зразумеў. Зебра, прыём! МАКДАФ. Бірнам грэх пірагі скікаюць, прэч. /*Бірнамскі, сэр./ ІНСПЭКТАР. Зялёны Чарлі-анёлак пятнаццаты, прыём скончаны. МАЛКАЛМ. На дзяржаўным узроўні палае гарэшнік абылганы… /*Няхай салдаты зрубяць па галіне…/ ІНСПЭКТАР. Ізі Дог! ІЗІ (да Інспэктара). Плашка, прэч? МАЛКАЛМ. Засмажце цыбулі адрачэньне! /*І сьпераду нясуць!/
МАКДАФ яшчэ з адным чалавекам саскокваюць з грузавіка. Блёкі перадаюцца па ланцугу да ІЗІ, які будуе прыступкі. За кулісамі енчыць і крычыць ЛЭДЗІ МАКБЭТ.
Уваходзіць ГАНЕЦ.ГАНЕЦ. Прэч! Зьбіты з панталыку маргарын! /*Мілорд, памерла каралева./ МАКБЭТ. Даміно, эт даміно, эт даміно, Кола гісторыі намазаць тлушчам патрабуе Кляча ляванда бурапенных плаўнікоў… /*Мы кожны дзень гаворым: «Заўтра, заўтра» – І так ідзем нясьпешнаю хадой Да самае апошняе старонкі У летапісе нашага жыцьця./ ІНСПЭКТАР (у слухаўку). Так, бос! Я думаю, усё больш-менш пад кантролем, бос…
Ён маніць. Будуюцца прыступкі, МАКБЭТ працягвае свой маналёг на Догавай мове;
чуваць гукі барабанаў й гарматныя стрэлы… МАКДАФ. Мытная пошліна на танкі, та-ра-ра-ра! /*Няхай цяпер за нас гавораць трубы!/
Гучаць трубы. Да МАКБЭТА сьпяшаецца ГАНЕЦ. ГАНЕЦ. Зьбянтэжаная прэч! /*Вашая вялікасьць!/ МАКБЭТ. Мытная пошліна! /*Кажы./ ГАНЕЦ. Помнік невядомаму салдату Сплаціць Бірнаму, які пануе, Пірагі скікаюць добраахвотна. /*Як я стаяў на варце й назіраў За ўзгоркам, падалося мне, што лес На нас пайшоў./ МАКБЭТ. Айва марозіва ў брыкетах! /*Манюка, рабская душа!/
ГАНЕЦ выходзіць.Падчас папярэдняга дзеяньня ІЗІ выкрыквае назвы будаўнічых матэрыялаў і атрымлівае іх у правільным парадку: чатыры ліштвы, тры плашкі, пяць блёкаў і дзевяць брускоў. Ён мімаволі карыстаецца звычайнай мовай. Тым часам МАКДАФ сутыкаецца твар да твару з МАКБЭТАМ.МАКДАФ. Сьпіраль, ровар трохколавы, сьпіраль! /*Стой, сабака, стой!/ МАКБЭТ. Бэлькі Бірнам скікаюць і пірагі кульгаюць Дансынан, Смажаніна коўдра пастрыгаваная сварліва Гніда шыба ў раме, дзіўным чынам прадаўгаватае! Розная брыдота грыміць бы камэргер. Лягла ў аснову згубы забарона масла для смажаніны. Разьюшаны Макдаф ды лістападаўскія кіны! /*Хаця Бірнам прыйшоў да Дансынану, А ты ня быў народжаны жанчынай, Я шчэ трымаю шчыт! Памры, Макдаф! Праклён таму, хто першым загалосіць І літасьці папросіць… ІНСПЭКТАР (перапыняе). Добра! Досыць!
ІНСПЭКТАР караскаецца на ўжо пабудаваную плятформу.ІНСПЭКТАР. Дзякуй. Дзякуй! Дзякуй! Неахайныя падлюгі! Сьмярдзючыя паршыўцы, круцялі! Лічыце, што вас ужо засадзілі, шатляндзкая салдатня! Мяне нудзіць ад панкаў. Я адплачу вам гэнай жа манетэй. Паскручваю вам шыі. Зраблю з вас адбіўныя. Пасаджу вас, шчанюкоў, пад замок і падтасую факты. Задушу на карню вашыя сутэнэрскія памкненьні. КАГУТ (пляскае). Кеды. Варэньне. Паршывец?
Агульныя аплядысмэнты.ІЗІ. Цяжкі падлетак, прэч. ІНСПЭКТАР. Борыс! Морыс!
Паліцэйскія ўваходзяць і становяцца, каб прымаць плашкі, якія ім кідаюць празь дзьверы.МАКДАФ. Сьпіраль, ровар трохколавы, сьпіраль! ІНСПЭКТАР. Плашка!
Цяпер падаюцца шэрыя плашкі, іх падхопліваюць БОРЫС і МОРЫС і будуюць зь іх сьцяну ўздоўж авансцэны. Гэтым часам МАКБЭТ з МАКДАФАМ б’юцца й МАКБЭТ гіне. Звоніць тэлефон. ІЗІ здымае слухаўку.ІЗІ. Ах, бессэнсоўна, прэч!
Пакуль ІЗІ размаўляе па тэлефоне, ІНСПЭКТАР кіруе будоўляй сьцяны. МАЛКАЛМ узыходзіць на плятформу, здымае карону з МАКБЭТА й ускладае яе сабе на галаву.МАЛКАЛМ. Вартая сьмеху гніда крэтын паскудная сьвіньня. ІЗІ. Крэтын фашыст сьвіньня як першая гадзіна. Плашка? МАЛКАЛМ. Перавагу аддаю пасьля карысным прагным эт фактотум курапаткам. ІЗІ. Шпікі. Жандары – быдла! МАЛКАЛМ. Цэнтар іншасказальны, калі газонакасілкі ружовыя кусты. ІЗІ. Доўбня. Цэгла як надта ліштвы. Плашка. МАЛКАЛМ. Літасьцівае слабіцельнае. /*Мёртвы мясьнік./ ІЗІ. Рыбкі вырадак. Загрэю па азадку, дапамажы мне Дог. Не сысьці мне з гэтага месца, калі не загрэю. Нармалізацыя. МАЛКАЛМ. Віва гістэрыка прыпаркі насавыя. ІЗІ. Варажба, варажба, зьнямога, гора ды бяда. МАЛКАЛМ. Алябастар злавесны й сьмярдзючы, коўдра паўднём Краты камінныя завыце стрэльбы соваў у Скоўн скакнём. /*Што ж, дзякую, сябры, вам за спагаду Й чакаю ў Скоўне, дзе прыму я ўладу!/ Фанфары. ІЗІ (перакрыквае фанфары). Чары, чары… Чары, чары. Чары, вусьціш і бяда! Не. Шэксьпір. (Маўчаньне.) Што ж, гэта быў нейкі дзіўнаваты тыдзень. Але я павінен вярнуцца да аўторка.
Пераклала з ангельскае Марыя Салаўёва паводле: Tom Stoppard. The Real Hounds and Other Plays. New York, 1993. Пры перакладзе п’есы выкарыстаны пераклад «Гамлета» Юркі Гаўрука. Пераклад «Макбэта» зроблены з удзелам Андрэя Хадановіча. У рэдагаваньні тэксту браў удзел Андрэй Курэйчык.
|
|
(нар. у 1937 г. у чэхаславацкім горадзе Зьлін) – брытанскі драматург і тэатральны крытык. Адна зь яго апошніх п’есаў – «The Invention of Love» (1997).
|