A R C H E | П а ч а т а к | № 5 (34) - 2004 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
||
АНАТОЛЬ ТРАФІМЧЫК | ||||
Паміж Сцылаю і Харыбдаю Сумесную працу Ўладзімера Ладысева і Пятра Брыгадзіна (абазнаным зразумела, што больш першага, чым другога) пра станаўленне дзяржаўнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі ў 1917–1939 гады не аднясеш ні да першых, ні да другіх. Але гэта не значыць, што яна пазбегла ўплываў дня сённяшняга і стала палітычна нейтральнай. Яе амбівалентнасць заключаецца ў імкненні знайсці кансенсус паміж гісторыкамі дзвюх акрэсленых вышэй арыентацый. І гэтае свядомае імкненне прайсці між Сцылаю і Харыбдай прывяло да таго, што праца не можа задаволіць чаканні ні «нацыянальна свядомых», ні саветчыкаў (для першых аўтары не дагаворваюць усёй праўды, а для другіх яны «ерэтыкі» ўжо таму, што замахнуліся на ранейшую праўду). Аўтары, прадбачачы такую сітуацыю, наперад апраўдваюцца: маўляў, «з некаторымі аўтарскімі заключэннямі нехта можа не пагадзіцца. Таму ў кнізе ў якасці дадатку прыведзены дакументы, многія з якіх уводзяцца ў навуковае абарачэнне ўпершыню; на іх аснове можна зрабіць уласную выснову». 40 дакументальных дадаткаў сапраўды ўяўляюць асаблівую каштоўнасць. У першым раздзеле прасочваецца эвалюцыя беларускага нацыянальнага руху ад лютага да кастрычніка 1917 году ў агульнарасійскім кантэксце з акцэнтам на палітыку партыі бальшавікоў (лагічна: яны ж потым перамаглі). Не абмінаюцца ўвагай палітыка двайных стандартаў з боку бальшавікоў у адносінах да нацыянальна-вызваленчага руху беларусаў, якім адмаўлялася ў прадэклараваным У. Леніным праве на самавызначэнне (с. 29–31). Паводле Кнорына – аднаго з кіраўнікоў Кампартыі Беларусі, у 1917 годзе «з беларускім пытаннем у першым перыядзе яго існавання наша партыя (бальшавікоў. – А.Т.) не справілася» (с. 31).
|
гісторык. Выкладае ў новаствораным Баранавіцкім дзяржаўным унівэрсытэце. |
З беларускім рухам бальшавікі наагул не хацелі лічыцца, імкнучыся не выпусціць з Расійскай імперыі Польшчу2. Ленін яшчэ 29 красавіка 1917 году адкрыта заяўляў: «Конечно, теперь насилие царит над Польшей, но чтобы польские националисты рассчитывали на освобождение ее Россией – это измена Интернационалу»3. Але, як добра паказана аўтарамі, беларускі нацыянальны рух убіраўся ў сілу, якая выявіцца неўзабаве.
Першаму раздзелу шкодзіць адсутнасць прэамбулы, якая б дазволіла чытачу зразумець, з якімі набыткамі палітычныя рухі Беларусі падышлі да пертурбацый 1917 году. Падаецца не зусім дакладнай назва другога раздзелу – «Працэс фарміравання дзяржаўнасці Беларусі пасля кастрычніцкіх падзей у Петраградзе» (NB: у адрозненне ад звяржэння царызму захоп улады бальшавікамі рэвалюцыяй не названы!): насамрэч разглядаецца перыяд да сярэдзіны 1919 году. Яго несумненная вартасць бачыцца ў пераканаўчым паказе шырыні і глыбіні разгортвання беларускага нацыянальнага руху, які стаў пад канец 1917 году сапраўды народным і прывёў да склікання І Усебеларускага з’езду, які выявіў, аднак, што незалежніцкія тэндэнцыі беларусаў не сягаюць радыкальнай аўтаноміі ў складзе Расіі. Дый гэта, палічылі бальшавікі, было занадта – і, напіўшыся, разагналі дэмакратычны сход, стаўшы «ворагамі беларушчыны» (Янка Купала). Аднак рабіць адпаведную выснову аўтары не сталі, і бальшавікоў у адзін шэраг з іншымі акупантамі (польскім войскам) не паставілі. Далейшае развіццё падзей – станаўленне і дзейнасць БНР – асвятляецца змястоўна, але не без рэверансаў савецкай гістарыяграфіяй: так, маўляў, «адзіным рэальным гарантам сацыяльных заваёў працоўных выступала ў той час Савецкая Расія» (с. 77–78). Дарэчы, Ленін аддзяленне ад Расіі дапускаў, але толькі фармальна: «Мы за автономию для всех частей, мы за право отделения (а не за отделение всех! <...> В общем, мы против отделения. Но мы стоим за право на отделение. <... > Ничего, абсолютно ничего кроме права на отделение здесь нет и быть не должно»4. Такая вось імперыялістычная дваістасць. Незалежніцкія памкненні, праяўленыя беларускай нацыянальнай элітай у 1918 годзе, мелі пад сабою грунт, тым больш што «29 жніўня 1918 г. савецкі ўрад прыняў падпісаны У. Леніным дэкрэт аб адмове ад дагавораў і актаў, укладзеных урадам былой Расійскай імперыі аб падзеле Рэчы Паспалітай»5. А гэта значыць, расійская інкарпарацыя беларускіх зямель, якія з’яўляліся ядром ВКЛ, de jure ліквідоўвалася, а за іх насельніцтвам прызнавалася права на самавызначэнне – калі б гэтае насельніцтва адмовілася ад ранейшага дзяржаўнага status quo ў выглядзе ВКЛ. Аўтары фактычна прызнаюць, што без БНР не адбылося б абвяшчэння Савецкай Беларусі.
|
1 Гл. таксама на гэтую тэму квазінавуковы (насамрэч публіцыстычны) артыкул П. Петрыкава, які выступіў супраць «фальсификаторов советской историографии»: Петриков П. Т. Основные направления историографии Беларуси конца ХХ – начала ХХІ веков // Сучасныя праблемы гістарыяграфіі гісторыі. Матэрыялы Рэсп. нав.-практ. канферэнцыі 28 лістапада 2003 г. Мінск, 2003. Ч. 2. С. 499–508. Штопраўда, калі паглядзець на праблему ўважлівей, выяўляецца больш шырокі спектр беларускіх гісторыкаў і гістарыяграфіі (у чым, дарэчы, пераконвае і ўзятая для разгляду праца). 2 Думаецца, каб бальшавікам такі ход удаўся, Беларусь, страціўшы статус заходняга фарпосту Расіі, нават фармальна не ўяўляла б цікавасці для іх нацыянальнай палітыкі. Каб краіны суседзяў, у тым ліку і перш за ўсё Польшча, не здолелі замацаваць сваю дзяржаўнасць, наўрад ці бальшавікоў турбавала б і надалей пытанне беларускай дзяржаўнасці. 3 Ленин В. И. Полное собрание сочинений. Т. 31. Москва: Государственное издательство политической литературы. С. 433. 4 Ленин В. И. Полное собрание сочинений. Т. 48. Москва: Государственное издательство политической литературы. С. 233–236. |
Аднак, як слушна паказвае трэці раздзел «Беларуская дзяржаўнасць на савецкай аснове», да фактару БНР пры стварэнні беларускай савецкай рэспублікі дадаваліся прычыны «ваенна-палітычнага характару», бо насамрэч Маскве не хацелася даваць беларусам нават намінальную суверэннасць. Беларуская тэрыторыя фактычна, як res nullius6, стала картай, з дапамогай якой вырашаліся пытанні больш маштабныя. Дзяржаўнае афармленне Беларусі ні ў якім разе не з’яўлялася мэтай для бальшавікоў (дый іх праціўнікаў); больш за тое, ступень улады для беларускага народу і яго нацыянальнай эліты мінімізавалася. Праўда, тут жа аўтары ўжываюць стасоўна чарговага прыходу Чырвонай Арміі такую дэфініцыю, як «вызваленне», хоць «вызваліцелі» ў гэтым раздзеле выглядаюць шчыра несімпатычна.
Кідаецца ў вочы адсутнасць згадкі пра Слуцкі збройны чын 1920 году, без якога працэс, што закончыўся Рыгай у сакавіку 1921 году, выглядае недастаткова асветленым. У той жа час упамінаюцца вайсковыя фармаванні Булак-Булаховіча, нібыта інспіраваныя Пілсудскім. У раздзеле чацвёртым пры даследаванні працэсаў, якія за Саветамі былі ахрышчаны «ўзбуйненнем» БССР, выкарыстоўваецца больш карэктны тэрмін – «вяртанне ўсходніх этнічных беларускіх зямель». Намінальная суверэннасць рэспублікі дазволіла ад самага пачатку казаць пра яе ўніфікацыйнае для беларускіх тэрыторый значэнне; і ў пацверджанне Масква правяла два так званыя ўзбуйненні. Такі ход рабіў Савецкую Беларусь большай і па тэрыторыі, і па колькасці насельніцтва за заходнебеларускія землі ў складзе Польшчы7, – не далучаць жа большую частку да меншай8.
|
5 Гісторыя Беларусі: падруч. у 2 ч. Ч. 2. Люты 1917 – 2002 гг. / Пад рэд. Я. К. Новіка, Г. С. Марцуля. Мінск: Вышэйшая школа, 2003. С. 254. Дарэчы, дзіўна было знайсці такую інфармацыю менавіта ў гэтым падручніку – апалагеце савецкай гістарыяграфіі: на фоне згаданага дэкрэту праяўляецца імперыялістычнае фарысейства бальшавіцкага кіраўніцтва. 6 Рэч без уладальніка, нічыя (лац.). |
Апошні, пяты раздзел «На завяршаючым этапе кансалідацыі беларускай нацыі» – пра аб’яднанне заходняй часткі Беларусі з усходняй. Сама назва яго падаецца крайне няўдалай, бо, як справядліва адзначаюць многія гісторыкі, працэс кансалідацыі беларусаў далёка не завершаны і працягваецца дагэтуль. Раздзел складаецца з двух параграфаў, першы з якіх рэпрэзентуе стан беларускага пытання ў ІІ Рэчы Паспалітай, а другі падае чарговую інтэрпрэтацыю вераснёўскіх падзей. У цэлым яна з’яўляецца новым словам у «афіцыйнай» беларускай гістарыяграфіі, бо адлюстроўвае гвалтоўнасць аб’яднання. Аднак аўтары ў пошуках спакайнейшага фарватэру (зноў паміж Сцылаю і Харыбдай) дапускаюць нацяжкі. Напрыклад, яны не рашыліся на прызнанне недэмакратычнымі выбараў на далучанай тэрыторыі (ці не цень гэта сённяшняга дня?). Ідэя, што «фарміраванне калгасна-саўгаснай сістэмы» «не знайшло водгуку ў заходнебеларускім сялянстве», таксама памылковая. А водгук быў – адмоўны. У разы два перабольшана лічба бюджэтных расходаў на асвету ў 1940 годзе для заходніх абласцей БССР, што пазначылі аўтары9. Нават у высновы пранікла голая рыторыка: «далучэнне заходнебеларускіх зямель да БССР адпавядала інтарэсам большасці насельніцтва краю». Хоць многія факты, у прыватнасці пасляваеннае перасяленне беларусаў у Беларусь, а палякаў у Польшчу, выявілі сапраўднае стаўленне насельніцтва да савецкай улады. Тады пры любой магчымасці сяляне імкнуліся застацца па заходні бок мяжы, нягледзячы, што там існавалі праблемы нацыянальнай нецярпімасці, бандытызму і г. д. Тысячы мігрантаў на захад, якія ў 1944 годзе ўцякалі ад бальшавіцкай улады – тэма таксама амаль нераспрацаваная ў гістарычнай навуцы. Аўтары пачалі аналіз падзей 1939 году ў нейтральных тэрмінах і скончылі маркіраваннем вераснёўскіх падзей вызваленнем. Між тым, аб’яднанне Беларусі ў 1939 годзе супала з пачаткам другой сусветнай вайны. Хіба ж можна лічыць цалкам станоўчай для краіны падзею, з якой пачалася адна з самых разбуральных у гісторыі краіны войнаў? Кароткае заключэнне таксама не пазбегла апрыёрнай канстатацыі, «што менавіта РСФСР дапамагла беларускай нацыі стварыць сваю нацыянальную дзяржаўнасць», хоць аналіз многіх фактаў і дакументаў сведчыць пра адваротную ролю «старэйшага брата». Як філолаг, не магу не звярнуць увагі на перасыпаную русізмамі мову кнігі. Хоць яе аўтары ведаюць, як называлася сталіца Расіі ў час першай сусветнай вайны (Петраград), а як да 1938 году называлася цяперашняя сталіца Беларусі – нібыта не, па-савецку называючы яе Мінскам. Падзеі вакол 1917 году ў беларускай гістарыяграфіі за апошні тузін гадоў атрымалі найпільнейшую ўвагу, і іх ацэнкі сталі больш разнастайнымі і менш палітызаванымі. А вось адносна падзей 1939 году да расстаноўкі тут кропак над «і» яшчэ далёка. Усё гэта і адбілася на працы У. Ладысева і П. Брыгадзіна.
|
7 Напачатку Савецкая Беларусь займала плошчу ў 52,4 тысячы км2. Прадстаўнікі БНР ацэньвалі беларускія тэрыторыі, якія апынуліся пад акупацыяй камуністычнай Расіі, у больш за 206 тысяч км2. У 1939 г. напярэдадні вераснёўскіх падзей БССР ахоплівала 125,9 тысяч км2. 8 Як было сказана ў пункце 3-м сакрэтнага дакументу «В комиссию Политбюро ЦК ВКП(б) по вопросу о расширении границ БССР», «основной решающий аргумент за расширение границ БССР – в ближайшее время – определяется политикой Польши»: меліся звесткі, што Пілсудскі збіраўся правесці шэраг рэформаў адносна нацыянальных меншасцяў, у тым ліку беларусаў. Саветам трэ было ўзмацняць «свой» беларускі («гравітацыйны». – Томаш Стрыек) цэнтр, надаць яму кансалідуючае значэнне, якое затым нельга было б паддаць сумневу. Прыкладна такім самым метадам планавалася ўключыць у склад СССР Фінляндыю, далучыўшы яе да Карэла-Фінскай ССР, якую стварылі 31 сакавіка 1940 г., – аб’яднаць нібыта кроўных братоў аднаго народу, адна палова якога «стагнала пад капіталістычным прыгнётам», другая – будавала светлую будучыню. У 1956 годзе, пасля смерці Сталіна і асуджэння культу асобы, ідэя таго аб’яднання, відаць, канчаткова знікла – і Карэла-Фінская ССР была пераўтворана ў проста Карэльскую АССР. 9 Гл. для параўнання афіцыйны дзяржаўны дакумент тагачасся: Дзяржаўны бюджэт Беларускай ССР на 1940 год. Мінск, 1940. С. 70, 207. |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 5 (34) - 2004 |
|
Ліст у рэдакцыю.
Майстраваньне [mk].
Абнаўленьне [czyk]. |