A R C H E П а ч а т а к № 5 (34) - 2004
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


5-2004
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


крытыка

   

Вокладка ARCHE 5-2004.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Даніла Жукоўскі
Цётка Свабода

Выданні, якія згадваюцца ў аглядзе:

Быкаў на Свабодзе. (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе). – Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2004. – 536 с.: іл.

Дарога праз Курапаты. (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе). – Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2002. – 464 с.: іл.

Верш на Свабоду. (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе). – Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2002. – 464 с.: іл.

Г

эты тэкст трэ’ было б пісаць у ноч з 3 на 4 ліпеня, калі Дзень Рэспублікі / Дзень Незалежнасці намагаецца здаць вахту Independence Day. У Менску святочныя содні ўжо сыходзяць у мінуўшчыну, у далёкай Амерыцы на свята трэба яшчэ чакаць некалькі гадзінаў. Свабода Рэспублікі Беларусь адзначаная, свабода Амерыкі наперадзе, добрая пара зрабіць пярэдых і задумацца, ці ёсць паміж гэтымі паняткамі масток і што гэтыя словы нагадваюць больш – сінонімы ці амонімы.

Кнігі, выдадзеныя для нас амерыканцамі, вядома ж, абараняюць першы, універсалісцкі тэзіс. Айчынная ідэалагічная літаратура, якая даволі шырока асвятляецца ў «ARCHE», старанна гуртуе доказы процілеглага. Але незалежна ад высілкаў беларускага ідэалагічнага генштабу амерыканскія выданні пакідаюць у душы сумненні ў амерыка-беларускай аўтэнтычнасці, і гэта наўрад ці заслугоўвае дакору: змест падобных сумненняў амаль што картэзіянскі: сумняемся – значыць, існуем. Зашыфраваны пратэст супраць наступу на нашу беларускую ўнікальную ідэнтычнасць.

Але чарговы доказ існавання беларусаў – справа пабочная. Разгляданыя кніжкі займаюцца не пытаннем, ці існуюць беларусы, а тым, як яны існуюць.

Радыё «Свабода» выдала аж тры тэматычныя зборнікі перадачаў, паклаўшы, так бы мовіць, галасы на паперу. У выніку адбылася непазбежная метамарфоза: тэксты, першапачаткова прызначаныя для аднаразовага гучання, аператыўнага водгуку на бягучыя падзеі, зрабіліся раздзеламі кніг, сюжэтным стрыжнем якіх па-ранейшаму застаецца каляндар, а змест – гэтак, як і раней, – вычэрпваецца зместам добра знаёмых сталым слухачам тэкстаў-перадачаў. Самае складанае, калі гартаеш гэтыя шматстаронкавыя тамы, – зразумець, што тут дадалося, дзеля чаго яны паўсталі і што, акрамя ўяўлення пра фінансавыя магчымасці адпаведнай установы, можна атрымаць з гэтых кніжак.

ЧАСТКА 1. УСВЕДАМЛЕННЕ НЕАБХОДНАСЦІ

Стракаціць у назвах слова свабода, і памяць паслужліва падсоўвае адпаведную цытату. Калі згадаць усвядомленую неабходнасць, дык неабходнасць з’яўлення разгляданых кніжак усведамляецца як даволі нязначная. Чытанне іх мае даволі аддаленае дачыненне да інтуітыўнага і спрошчанага, але такога мілага кожнаму разумення свабоды: раблю тое, што хачу, а чаго не жадаю – не раблю. Але падчас гэтага нямілага занятку адчуваеш пэўны зрух у свядомасці, і тычыцца ён якраз-такі згаданага кананічнага азначэння.

Свабода ў выглядзе ўсвядомленай неабходнасці падаецца хутчэй сінонімам непазбежнасці, чымся волі. Людзі свабодна ідуць на суботнік, свабодна падпісваюць нявыгадныя ім працоўныя кантракты, свабодна купляюць бясконцыя латарэйкі – будзённыя прыклады ўсвядомленай неабходнасці з жыцця звычайнага дзяржаўнага прадпрыемства.

У кнігах радыё «Свабода» гаворыцца пра іншае. Можна не пісаць вершаў, не дасылаць іх на конкурс, не змагацца за Курапаты, можна (чаму б не?) застацца беларускім савецкім пісьменнікам, лаўрэатам Ленінскай прэміі і г. д. або не мяшацца ў палітыку, спаслаўшыся на ўзрост... У кожным выпадку неабходна рабіць выбар. Калі паўтары тысячы старонак, аплачаныя амерыканскімі падаткаплатнікамі, чаму-небудзь вучаць, дык гэта таму, што свабода там, дзе ў чалавека ёсць выбар. Чым больш людзей заўважаюць і ўсведамляюць наяўнасць альтэрнатывы абранаму імі шляху жыцця, тым больш у грамадстве свабоды. Чым больш у іхніх мазгах усвядомленай неабходнасці – тым свабоды менш.

Адзіная рэч, у існаванні якой немагчыма ўсумніцца, кажуць філосафы, ёсць сумненне. Сумненне ж утрымлівае ўсведамленне альтэрнатывы, выбару – і, адпаведна, неабходнасці яго зрабіць.

Шмат якія творы з разгляданых кніг варта аднесці да прыкладаў не зусім удалага выбару, калі магчымасць, скажам, падаць свой верш на конкурс разглядалася аўтарам хутчэй як голас неабходнасці. Матывы самапрымусу можна знайсці і ў публіцыстычных тэкстах Быкава, найперш у ягоных інтэрвію. Гэтыя ўчынкі, хай сабе шляхетныя, да свабоды могуць мець адно ўскоснае дачыненне. Але як навучыцца жыць без прымусу?

Наўрад ці вычарпальны адказ на гэтае пытанне змесціцца і на пятнаццаці тысячах старонак, тым не менш адзін варыянт адказу на падставе збору вершаваных практыкаванняў на тэму «свабода», публіцыстыкі Быкава ды хронікі змагання за Курапаты ёсць: разглядаць магчымыя варыянты і рабіць свой выбар. Right or wrong, my choice нашмат лепей за right or wrong, my fuehrer.

Тэксты падносяць гэтую навуку не столькі праз свой змест, колькі праз факт з’яўлення ў канкрэтна гэткім выглядзе і акалічнасцях. Скандэнсаваны выбар шматлікіх людзей з немалога шэрагу альтэрнатыў спрычыніўся да таго, каб яны сабраліся разам ды пабачылі свет у «бібліятэцы свабоды», трапілі ў Беларусь. Сустрэліся беларускі і амерыканскі спосаб светабачання, кнігі зафіксавалі іх сумяшчэнне ў часе і прасторы.

Гаварыць пра нейкае ўзаемадзеянне менталітэтаў можна – што ў прынцыпах складання анталогіі «вершу на свабоду», што ў заходніх стандартах журналістыкі, адбітых у матэрыялах карэспандэнтаў RL пра Быкава і Курапаты. (Падзейны складнік амаль суцэльна беларускі.) Казаць пра прыкметы нейкага сінтэзу – можна наўрад ці.

Падаецца, нават выдадзены па-ангельску «Верш на Свабоду» павінен пакінуць у заходняга чытача гэткае ж адчуванне не зусім свайго, якое засталося ў мяне (здавалася б, і слова чужога няма, але выразны след дотыку чужой рукі). Аналіз гэтых слядоў можа быць надта цяжкай і мітрэнжнай справай, але гэта спосаб ацаніць выданні паводле інтэнцыяў выдаўцоў. Паводле іхняга выбару. Асноўны мэсідж чытаецца добра: заўсёды выбірай сам. Застаецца, што праўда, без адказу пытанне, ці не выбера чытач іншую кнігу. Давер (ці абыякавасць) да гэтага – чыста па-амерыканску. А як па-беларуску?..

ЧАСТКА 2. НАША СВАБОДА

          Басяцкі зразумеў. Што ўсё скончана. Толькі не ўтрымаўся, каб не буркнуць:

          — Свабода... Свабода... Кожны раз, як вы яе клікнеце – яна падымае галаву. Не торгайце вы яе. Яна харошая баба. Дайце вы ёй год сто паспаць спакойна, а там хаця канец свету – няхай устае.

          — Яна харошая баба, – сказаў Хрыстос. – Наша баба. А паколькі яна наша баба – не твая, мніх, справа, у які час ночы нам яе будзіць.

          У. Караткевіч. Хрыстос прызямліўся ў Гародні

«Дзеянне» ў разгляданай «трылогіі» разгортваецца дакладна паводле Караткевіча: Васіль Быкаў тлумачыць, чаму нам не досыць свабоды, хлопцы ў Курапатах супрацьстаяць намаганням паслядоўнікаў Басяцкага ўтрымаць свабоду ў стане спячкі, паэтычнымі сродкамі развіваецца ідэя Юрася Братчыка пра тое, што як свабода – наша баба, то можам вырабляць з ёю што заўгодна, дзе заўгодна і калі заўгодна.

Васіль Быкаў паўстае ў разгляданым выданні як свабодалюбца з грамадства з наймагутнейшай традыцыяй несвабоды. Пазіцыя свабодалюбцы ў гэткіх умовах паўсюль і ўсюды – ідэалістычна-спрошчаная: свабода нясе дабро, несвабода ўвасабляе зло.

Васіль Быкаў выступае апосталам гэтай праўды. Асаблівасць ягонай пазіцыі ў тым, што ён не спадзяецца на (хуткі) поспех сваёй місіі і стрымана, каб не сказаць безнадзейна, глядзіць на перспектыву свайго служэння. У ягоных словах шмат дзе гучыць Галілеева e pur si muove. Гэткае адданае служэнне ісціне свабоды дзеля самое ісціны выклікае не меншы водгук у душах, чымся апантанае перакананне ў хуткай перамозе. Адсутнасць паспешлівых прароцтваў уцеляснення ідэалу робіць больш пераканаўчым галоўны тэзіс: magna est veritas et praevalebit.

Эпічны маштаб задаецца самой фігурай Быкава, падкрэсліваецца тым, што кніга змяшчае выступы апошніх гадоў, месяцаў, дзён ягонага жыцця. Яму не супярэчаць і падзеі, якія стваралі нагоду для выказванняў пісьменніка. У выніку кніга атрымалася нязмушана цэльнай і пакідае ўражанне не столькі хронікі, колькі гутаркі з цікавым суразмоўцам.

Гісторыя пра змаганне з наступам на Курапаты выглядае жывым пацвярджэннем найчарнейшых прароцтваў з быкаўскай публіцыстыкі. З іншага боку, гэтае не зусім паспяховае служэнне ісціне пераконвае ў трывушчасці не толькі цёмнага боку (абаронцаў несвабоды), але і светлага. Нягледзячы на знешнюю непрэзентабельнасць апошняга, яго хочацца назваць рыцарскім бокам, хай сабе нават з адценнем донкіхоцтва.

Істотна, што валанцёры – абаронцы Курапатаў ад будаўнічага вандальства – выступаюць публічна, а іхнія супараты прыкрываюцца бюракратычнай ананімнасцю ўлады, маcкарадным касцюмам хуліганаў... З беларускага гледзішча вельмі істотна, што абаронцы светлага сталінскага мінулага імкнуцца заставацца ў цені: мы выдатна памятаем, што гэтак было не заўсёды, і гэткая сітуацыя ёсць невялікай, але сапраўднай перамогай свабоды. Гэтае супрацьпастаўленне не здымаецца, а падкрэсліваецца ананімнасцю некаторых валанцёраў: людзі не хаваюцца, але робяць неабходныя крокі, каб запабегчы непатрэбнай рызыкі.

Зборнік вершаў у параўнанні з гэтым можна было б назваць сапраўдным фэстам пераможцаў – каб толькі ведаць, каго яны перамаглі. Што праўда, шмат у якіх выпадках адказаць на гэтае пытанне лёгка: шматлікія аўтары перамаглі сябе, зрабіўшы крок ад прыватнага жыцця да публічнага. І гэта не так і мала для беларуса.

Святочную атмасферу задае прадмова Аляксандра Лукашука, які згадвае пра музычны сімвал праекту – мелодыю з Вердзіевай оперы «Набука». Высокая атмасфера балю, аднак, хутка саступае месца стракатаму карнавальнаму эгалітарызму, бо побач стаяць вершы старых і маладых, пачаткоўцаў і амаль класікаў, сціплыя і прэтэнцыёзныя, мадэрныя і традыцыйныя, глыбокія і праставатыя, рыфмаваныя і свабодныя. Тое ж стракаценне ў тэматычным полі: ад сачыненняў на зададзеную тэму да вольных паэтычных роздумаў пра ўсё на свеце.

Атмасфера волі яднае, стракатасць паэтычнага матэрыялу ставіць пытанні. Не застаецца сумневаў, што для аўтараў вершу на свабоду свабода як такая – «наша баба». Але ж яна заслугоўвае не толькі захаплення, але і павагі. Яе трэба славіць – але публічна гэта лепей рабіць бліжэй да ўзроўню «Набуку», а не школьнага сачынення. Хай сабе сваю бабу можна будзіць пасярод ночы, але ці не варта запытацца сябе, што ты можаш ёй пры гэтым прапанаваць?

Гэта, відаць, тое месца, дзе амерыканскі і беларускі погляды найбольш істотна разыходзяцца. Дзякуючы заакіянскай схільнасці вітаць свабоднае самавыяўленне ў кожнай магчымай форме, «Верш на Свабоду» пазбег ператварэння ў да болю знаёмы з савецкіх часоў тэматычны зборнік вершаў, захаваў рысы чагосьці большага і больш чалавечага, чымся шэраг выказванняў на зададзеную складальнікам тэму, даў нам магчымасць праз сутыкненне несумяшчальнага з гледзішча літаратуры адчуць за словамі непаўторныя асобы – не аўтараў, а проста людзей, якім тым ці іншым спосабам дарагая свабода.

Беларускае (шмат хто тут скажа – еўрапейскае) разуменне культуры патрабуе ад мастацкага твору большае вытанчанасці і дасканаласці формы. Свабода, кажа ўнутраны эстэт, не дзяўчынка, не дзеўка, яна дарослая жанчына, баба, цётка, і не варта ўслаўляць яе абы-як. Але як толькі мы адкінем гэтае «абы-як», людзі схаваюцца, застануцца адныя аўтары. І будзе нецікава.

Іншая справа, што нам рабіць з амаль пазалітаратурным досведам «Вершу на Свабоду», як уплесці яго ў беларускую сістэму культурных каардынатаў. Зноў, як і першы раздзел гэтай нібы рэцэнзіі, варта закончыць словамі: а як гэта будзе па-беларуску? Адказу шукаць, хутчэй за ўсё, трэба не ў Празе, а ў сабе. Апеты Эмерсанам «давер да сябе» – тыпова амерыканская катэгорыя. То што – няма выбару, як зрабіцца амерыканцам? А дзе ж тады Свабода?

   
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 5 (34) - 2004

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/3/10